Паэтаграфічны раман (fb2)


Настройки текста:



Леанід Дранько-Майсюк ПАЭТАГРАФІЧНЫ РАМАН

Вершы, проза


Падрыхтаванае на падставе: Леанід Дранько-Майсюк, Паэтаграфічны раман: Вершы, проза — Мінск: Беларускае Таварыства “Кніга”, 2002. — 111 с, [10] іл.


Рэдактар: А. У. Лапцёнак


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010 

Уступ

Някляеў — не проста прозвішча, а знак, сімвал, калі хочаце, стыль паводзін.

Ягоная паэзія — заўсёднае паляванне на спакой, а сам ён, між тым, дастаткова ўраўнаважаны.

Я назіраў за ім шмат у якіх сітуацыях, часам зусім нязручных, і заўсёды здзіўляўся ягонай цярплівасці.

Яна, гэтая цярплівасць, перш за ўсё ад разумення: марнасць — вызначальны сэнс жыцця.


* * *

Жыццё — мноства дзен, атручаных сумам.

Сум генетычна разбаўлены ў нашай крыві.

Ратавацца, выводзіць з крыві гэту атруту можна толькі алкаголем, каханнем і паэзіяй...

Алкаголь не страшны, калі кахаеш.

I каханне не ператворыць цябе ў бязвольнага раба, калі дакладна ведаеш сваю глыбіню ў алкаголі.

I паэзія не стане графаманіяй, калі не шкадуеш часу на алкаголь і каханне.

Някляеў першы ў нашай літаратуры зразумеў, як трэба скарыстоўваць гаючую энергію, якая існуе паміж алкаголем, каханнем і паэзіяй, і, пэўна ж, таму сваю маркоту не аддае нікому.

«Ты воблакам плыла...»

Гэта пра каханую — і пра сябе.

Воблака пакідае добры настрой.

Някляеў не модны паэт, модных паэтаў на Беларусі не бывае.

Але яго жадаюць бачыць, чуць, быць з ім разам.

Жанчыны прагнуць ягонай увагі.

Я ўжо казаў пра гэта, але мушу сказаць яшчэ раз: з ім заўсёды можна гаварыць пра жанчын, не называючы іх імёны.


* * *

У асаблівыя моманты настрою ўраўнаважанасць пакідае яго, і тады ён робіцца азартны.

Аднойчы захацеў навучыць мяне гуляць у прэферанс.

Ведаў мае абыякавыя адносіны да карт; ведаў, што я не паддаюся карцёжнай дрэсіроўцы, тым не менш пайшоў на свядомую авантуру.

Схаваўшы сваю незадаволенасць, я мусіў быў згадзіцца і адразу ж... выйграў.

Дык вось, першы мой выйграны даляр (не зароблены, а менавіта выйграны) быў далярам Някляева.

Такое запамінаецца.


* * *

Па начах любіць падымацца на дах свайго дома.

Я ніколі не пытаўся ў яго, што ён бачыць ці хоча ўбачыць з гэтай вышыні, але, нават не пытаючыся, знаю: дарэмны занятак — стаяць на даху.

Нешта істотнае ўбачыць адтуль заўсёды замінаюць сонныя каты Гофмана і патрывожаныя вераб'і Катула.

Аднак жа Гофман Гофманам і Катул Катулам, — прыгожыя метафары абавязкова саступяць метафарам сэнсавым, калі ўспомніць, што ён аўтар аповесці «Вежа» і паэмы «Прошча», у якіх тэма вышыні, ці інакш — тэма адыходу ад будзённасці, гучыць акордам неадольнага наканавагшя.


* * *

Ён не любіць называць сябе паэтам, аднак ён паэт з тым разуменнем сваёй значнасці, якой дастаткова, каб ягонае ільняное прозвішча гучала як сінонім паэзіі.

Праўда, у саму паэзію не верыць — яго не назавеш парнаскім артадоксам.

Зрэшты, не назавеш і адступнікам.

У паэзію вераць Л. Галубовіч і А. Разанаў.

Ен жа накіраваны на высокія персаналіі. Ён верыць у паэтаў.

Невыпадкова ж, як асноўныя словы сваёй малітвы, здушлівым дактылем прамовіў: «Колас, Купала...», а пасля ў песні на ўсю краіну аортным рэфрэнам: «Ян-ка Ку-па-ла...»


* * *

Чарада, натоўп, гурт, статак...

Ён не з чарады, не з натоўпу, не з гурту,— і ніколі не шукаў сабе месца ў статку.

Не, ён не эстэт-сябелюб, — проста не прымае халопства чарады, згубны імпэт натоўпу.

Варта прыгадаць адно здарэнне з яго дзяцінства, каб сябры і ворагі нарэшце зразумелі, чаму ён такі...

У Крэве зімою тануў у возеры хлопчык, — бегаў па першым лёдзе і праваліўся.

Непадалёку нейкія дзядзькі рабілі хату.

Яны і кінуліся ратаваць дзіця.

Кінуліся, як мае быць, гуртам, славянскім «скопом», і ўсе апынуліся ў вадзе.

Слабы лёд не вытрымаў гэтых безаглядных выратоўцаў.

Дзіця, вядома, не ўратавалі, і самі ледзьве не ўтапіліся.

Ці варта казаць, што ўсё абышлося б, дзіця жыло б, калі б у натоўпе знайшоўся хоць адзін разважлівы, які не пусціў бы ўсіх на лёд...

Аднак жа натоўп таму і натоўп, што ў ім разумных, разважлівых не бывае.

Такі ён — горкі і страшны ўрок дзяцінства.


* * *

Някляеў ведае на памяць ці не усе свае вершы і песні і мноства вершаў іншых паэтаў; ведае бясконцую колькасць чужых песень.

Дзякуючы глыбокай памяці, можа працаваць проста з голасу, з дыхання, з настрою.

Яму не патрэбны пісьмовыя дапаможнікі — дзённікі, нататнікі, рабочыя сшыткі.

Ніякіх накідаў, ніякай чарнільнай падрыхтоўкі, амаль ніякіх планаў.

Варыянты шасцідзесятых і блакноты сямідзесятых кінуты ў агонь.

Лішняй паперы не любіць, таму ў ягоным архіве — пустотны хаос цудоўных здагадак.

Новы тэкст заўсёды ў памяці.

Тэкст не выпісваецца, — з'яўляецца.

Паэт прамаўляе і не часта занатоўвае прамоўленае (адсюль і адносна невялікая колькасць выдадзеных кніг) — творыць амаль гэтак жа, як некалі продкі тварылі фальклор.

I не будзе ніякага перабольшання ў тым, калі скажу, што ў Някляева фальклорная памяць.


* * *

Ягоным ворагам дам параду: высілкі вашы дарэмныя, ён не ўмее сварыцца, таму не назаляйце; сябрам скажу: калі хочаце бачыць яго ўдзень — чытайце вершаваную аповесць «Маланка», хочаце сустрэцца ўначы — ўздыміцеся на дах свайго дома; былым сябрам заўважу: ён добры, даруе здраду, аднак жа, вяртаючыся да яго, калі не душу, то хоць рукі свае вымыйце ў крыніцы вашай агульнай маладосці; жанчын, якія яго безнадзейна кахаюць, супакою: у гэтай дзівоснай безнадзейнасці ваша абсалютнае шчасце; малалетнім крытыкам нагадаю: не бывае так, каб шыпшына цвіла і зімою; буйным і дробным начальнікам накірую безразважны заклік: прачытайце (!) кнігу «Прошча» ад першай да апошняй старонкі.


* * *

Ён не стварыў сваёй школы і не мае сваіх вучняў.

Вакхічныя заявы А. Сыса: «Някляеў — мой настаўнік...», «Я — вучань Някляева...» успрымаюцца як застольныя выбрыкі і не болей.

Дык адкуль жа раптам вынікла, што Някляеў — знак, Някляеў — сімвал?

Вынікла з яго паэзіі і з яго самога — з таго, што ён донкіхот з моваю шляхетнага Янкі Купалы.

Вынікла з артыстызму, з той лёгкасці, якую ён таленавіта дэманструе, выходзячы на сцэну; з ягоных багатых імправізацыйных магчымасцей, калі ў любой сітуацыі і «пад сітуацыю» імгненна ўмее здабыць неабходны жарт, яркую рыфмаваную мініяцюру...

У адказе на пытанне адкуль — магчыма і такая антыномія: Някляеў-артыст неадпаведны Някляеву-паэту, артыст перамог паэта.

I калі гэта так, тады зразумела, чаму ён — знак і сімвал.

Бо значны сваёй прысутнасцю і сімвалічны тым, што — Някляеў.


* * *

Характар сатканы з беларуска-рускіх супярэчнасцей, таму яго весялосць самотная, самота ж упэўнена вясёлая.

Ён аднолькава натуральны ў царкве і ў рэстаране, за кухонным сталом і на эстрадзе.

Лірык, майстар верша, аднак не вершы яго найбольшыя здабыткі, а паэмы.

Рамантычная душа, якая ўважліва прачытае «Індыю», абавязкова захоча паводле гэтага шэдэўра напісаць і паставіць балет, стварыць кінаверсію альбо тэатральную сімфаньету.

Ён першы зразумеў, што ў беларускай паэзіі можна існаваць разняволена.

I ён, магчыма, адзіны, хто тэматычна не заўважыў дамінантнае паняцце нашай зацкаванай культуры — Адраджэнне.

У прыкрую хвіліну можа ўсклікнуць: «...якія мы паэты!» — і надоўга змоўкнуць, падуладны нейкаму таемнаму рытму, задаволены тым, што гэты незразумелы рытм існуе сам па сабе і ніякіх слоў не патрабуе.

(«Народная Газета» 11 ліпеня 1996, №172; «Советская Белоруссия» 13 ліпеня 1996, №132)


І.


Ён пазваніў па тэлефоне 30 студзеня 1997 года а палове чацвёртай раніцы.


Зрэшты, не ведаю: калі на гадзінніку 03.30 — гэта ўжо ранак ці ўсё яшчэ ноч, аднак жа добра памятаю (у маім памінальніку ёсць адпаведны запіс!) — званок быў менавіта 30 студзеня 97-га года і якраз у 03.30...

Хтосьці паблажліва зазначыць:

— Пачатак амаль дэтэктыўны. Магчыма.

Для мяне ж — пачатак цалкам паэтычны. Дык вось, пазваніўшы, Ён спытаў:

— Што робіш?

— Перакладаю апалінэраўскага «Эмігранта...»

— Чытай.

I я прачытаў першыя строфы, якія былі ў мяне на тую хвіліну ў чыставым выглядзе:

Ён без капелюша — купецкага вянца
Зайшоў адзін да каралеўскага краўца
I гільяцінным позіркам імгненна
Галовы ссек шыкоўным манекенам
Натоўп не пакідаў свой вавілонскі шлях
Як прывід з прывідам на доле без кахання
I рукі да нябёс і да азёр світання
Парой узлётвалі як белых птушак страх
Я паплыву ў Амерыку на золку
I не вярнуся ўжо назад
Я срэбра зарабіў на вершаваных зёлках
Као вулкам любым прашумеў відушчы сад
Салдата з Індыі вяртае каралева
На біржах слінаю гандлююць залатой
Надзеўшы новы фрак засну і нада мной
Замоўкнуць птушкі з малпамі на дрэвах...

— На біржах слінаю гандлююць залатой... Гэта нішто сабе! — скупа ацаніў Ён маю начную творчасць і тут жа папрасіў, каб я прыйшоў — прыйшоў зараз жа, бо трэба пагаварыць, нават не тое што пагаварыць, а проста пабыць разам і памянуць Сакалова.

Я ведаў, што Уладзімір Сакалоў памёр учора, 29-га, але не ведаў, што з гэтым расійскім паэтам Ён быў блізка знаёмы і меў агульную багемную радасць.

Непераадольная спакуса расказаць пра чужую багемную радасць!

Аднак жа расказваць пра яе, — нават калі зусім далікатна апавядаць, — зноў жа ўсё адно што пляткарыць.

Шчыра прызнаюся, хадзіць у плеткарах не хочацца.

Тым болей, што не яна, гэтая рызыкоўная радасць, сталася тэмаю той ранішня-начной сустрэчы на Ягонай веранднай кухні...

I яшчэ.

Цікавая асаблівасць: Ён, калі ведаў, што йду да Яго, ніколі не чакаў мяне на вуліцы.

А тут — чакаў.

Мусіць, незвычайны час нашай сустрэчы (недзе каля чатырох раніцы) прымусіў гэта зрабіць — тобок, некалькі хвілін пастаяць на Падгорнай, насупраць свайго дома, каля італьянскае амбасады...

— Ці паміналі хоць раз расійскія паэты беларускіх... у такую пару сутак?!

На мой відавочны сарказм Ён усміхнуўся сваім характэрным, мяккім усмехам і (яму аднаму ўласцівым рухам), крыху схіліўшы долу, павярнуў убок галаву; пры гэтым купалаўскія рысы ягонага твару выявілі задаволеную замаркочанасць...

А пасля мы сядзелі моўчкі і пілі.

I адмаўчаўшы, і адпіўшы неабходнае — размаўлялі.

Гаварылі пра старасць і гаварылі пра нашых класікаў.

Найбольш пра тое, што Максім Багдановіч не дажыў да старасці, Янка Купала ўбачыў старасць, Якуб Колас зжыўся з ёю, а Кандрат Крапіва быў старасцю з'едзены...

Не змаўляючыся, прыйшлі да скутку, што самае артыстычнае, самае моцарціянскае — не дажыць...

Ён спытаў:

— Ты ўяўляеш сваю старасць?

Я адказаў:

— Яна будзе, як віно, у якое ўсыпалі соду...

— А мая старасць будзе не падобная старасць...

Я не паказаў свайго недаўмення, бо ўспрыняў сцвярджэнне: «старасць не падобная на старасць» — як фігуру стылістычнага паўтору і не больш таго.

У гэты ж міг на дно маёй памяці, каб захавацца, упала выпадковае чатырохрадкоўе:

...але ў канцы жыцця, як не складаеш вершы,
Тады й жывеш!
Апошні ўздых і ёсць твой верш найлепшы,
Найгеніяльны верш...

А далей мы гаварылі пра хараство, — пра тое, што кожны вобраз хараства, як вучылі вялікія, імгненны, і калі на кожны такі вобраз паглядзець з біблейскае вышыні, то такім парадкам, напэўна ж, магчыма атрымаць формулу мастацкай вечнасці і наблізіцца да разумення: хараство — ключ паэзіі.

Ён згаджаўся: паэзія ў літаратурным выяўленні пачынаецца з першага выпадковага слова, а проза — не; шчасце паэта не ў тым, каб шчасце было, а ў тым, каб яго было не больш за саму паэзію; не трэба шукаць адказ на пытанне — што такое паэзія? — бо ў часе такога несамавітага пошуку паэзія знікае.

I яшчэ Ён згаджаўся, што няма большай прафесійнай асалоды, чам асалода даведвацца пра існаванне невядомых паэтаў.

Аднак жа кпліва глядзеў на мяне, калі я заяўляў: цьмянасць — гэта й ёсць сапраўдны вынік шчасця...

А з адной маёй прыгожай мары, атуленай кухонным алкаголем, дык наогул пасмяяўся.

А мара была такая: жыць у краіне, у якой паэзіі адведзена роля залатога гадзінніка, назаўсёды згубленага ў густой траве цывілізацыі.

— Не, браце, жыць ты будзеш тут і да скону! — з відавочна колкім задавальненнем выразна вымавіў Ён.

Я не пакрыўдзіўся.

Наадварот, адчуў у сабе нязвыкла-шчаслівую меладыйнасць і, знаходзячыся ў палоне ўсё той жа адвольнай летуценнасці; усё адно як праспяваў:

— Ну, калі не там, тот тут, але нязменнае застанецца нязменным...

— Ты пра што гэта?!

— А пра тое, што найвышэйшая праява паэзіі ўсё ж не ў складанні вершаў, а ў стварэнні паэтычных паводзін.

— А-а... Ну-ну... I пра гэта, вядома ж, трэба дбаць штодня,— іранічна выдыхнуў Ён і са сваёй знакамітай стомленасцю ў голасе імправізацыйна дагаварыў за мяне:

— Бо калі мы дапускаем, што існуе культура, скажам, палітычных, эканамічных, урэшце — сексуальных паводзін, дык павінна ж існаваць і культура паэтычных паводзін, прынцып якой: бачыць у субяседніку паэта. Ці не так?! А калі так, калі гэта сапраўды твае думкі, то ты вынайшаў правіла творчага шчасця, вынікам якога насамрэч з'яўляецца — цьмянасць!

На слове «цьмянасць» Ён зрабіў прыкметны акцэнт.

Зразумелая рэч, што наўмысна.

Няхай.

Я засмяяўся:

— Ты амаль угадаў мае думкі, але крыху зблытаў, як кажуць у Давыд-Гарадку, ячнае з пшанічным!

На гэту заўвагу Ён адказаў першым радком з майго перакладу (запомніў жа!):

— Ён без капелюша — купецкага вянца...

— ...Зайшоў адзін да каралеўскага краўца, — падхапіў я і скорагаворкай прачытаў усе чатыры перакладзеныя страфы.

Дзякуй Богу, Ён не стаў гаварыць пра беларускае паходжанне Апалінэра, — тэму для мяне прыкра-банальную, — а даў нечаканую трактоўку гэтым строфам:

— Яны не біяграфічныя, а паэтаграфічныя. Біяграфія — нешта роднае, дзіцячае, а паэтаграфія якраз і ёсць тая залатая сліна, якою гандлююць на біржах!

— Біяграфія — прадмесце паэтаграфіі, — я зірнуў на гадзіннік: было ўжо дзевяць раніцы.

— Біяграфія — прадмесце паэтаграфіі! — задаволена паўтарыў Ён.— Мажліва. I толькі таму, што гэта мажліва, і толькі таму, што ты паглядзеў на гадзіннік, я хацеў бы, шчыра кажу, пажыць у прадмесці тваёй паэтаграфіі, як і прачытаць твае вершы пра мяне...

Я не здзівіўся, пачуўшы гэта.

Я заўсёды быў гатовы пісаць для Яго і пра Яго з той простай прычыны, што сам Ён не толькі стваральнік паэзіі, а яшчэ і прадмет паэзіі.

Ён — тэма...

Мінула тры гады.

У паветры беларускага жыцця паболела металу.

Непаэты канчаткова заявілі пра сябе як пра паэтаў, а паэтам засталося адно — жывіць сябе наркотыкам шляхетнасці.

Я склаў для яго вершы і прыдумаў уласны жыццяпіс — «прадмесце паэтаграфіі».

«Эмігрант...» Апалінэра так і застаўся недаперакладзены.

(«Крыніца», 58, 1-2000)

ІІ


* * *
А хто б не зваў дадому,
Які б не быў кур'ер, —
Пакуль не вер нікому
I нават мне не вер.
А вер Варшаве-панне,
Сцішаючы надрыў...
Варшаву для кахання
Бог сапраўды стварыў.
7 ліпеня 1999
(«Крыніца», 58, 1-2000)

* * *
Калі атручана крыніца,
Душа, выходзячы з бяды,
Нанова хоча нарадзіцца
У Крэве, бо якраз туды
Гасподзь заўсёды мосціць кладку —
Да вечна чыстае вады,
Каб да шчаслівага пачатку
Ты не спыняў сваёй хады.
11 ліпеня 1999
(«Крыніца», 58, 1—2000)

* * *
Застацца на парозе славы
Паблізу будучых пакут,
Прамовіўшы чатыры словы:
«Ojczyzno...» і «Мой родны кут...»
Няхай камусьці будзе лепей;
Улада хай жыве адна, —
Не на паперы, а на небе
Усё распісана да дна...
Вось так шанцуе беларусу
З чужое кварты піць віно,
Каб не ступіць за тую рысу,
Дзе ўжо суцэльнае гаўно.
24 ліпеня 1999
(«Крыніца», 58, 1—2000)

* * *
Трэба цешыцца з таго:
Здрада мае нюх сабачы...
Бог паможа, хоць яго
Сапраўды, ніхто не бачыў.
Еўрапейскае святло
Зможа ўсё, чаго й не зможа;
Будзе так, як і было —
Нам нябачнае паможа.
24 ліпеня 1999
(«Крыніца», 58, 1-2000)

* * *
Ты мне даводзіў: «Досыць вершаў,
Пра ўсё ўжо класікі сказалі...
Занятак знойдзем цікавейшы —
Цягаць валізы на вакзале!
Ці ж мы з табой паэты, браце?!
«Гаспода», «Прошча» — толькі назвы.
На нашым адраджэнскім свяце
Я прытаміўся ў рыфмы бразгаць!..»
Казаць — казаў ды так не думаў
I пад заснежанаю елкай
З купалаўскім відушчым сумам
Мяне ты частаваў гарэлкай.
I думаў, пэўна, пра магчымасць
Пісьма інакшага і рытму,
Як і пра тое, што злачынна
Паэзія трымае брытву;
Што ўсе бяздомнікі ў дарозе
Тужліва мараць аб начлезе;
Што добра п'ецца на марозе
I цёпла ў беларускім снезе.
27 ліпеня 1999
(«Крыніца», 58, 1-2000)

* * *
Ты вернешся, заўважаны туманам,
I ўбачыш Менск інакшы, як у сне...
Гучацьме не аркестр, а знервавана
Гучацьме шкло ў пішчалаўскім акне.
Усцешыцца душа твая павінна,
Застаўшыся спакойнаю душой,
Што Беларусь — цудоўная чужына,
Што Беларусь павінна быць чужой.
1 жніўня 1999
(«Крыніца», 58, 1-2000)

* * *
Сваё апошняе каханне,
Незразумелае такое,
Аддаць магчыма за жаданне
Жыць, як парнасец, у спакоі.
Няма найлепшага нічога
За гэта светлае трызненне,
Калі крыштальная трывога
Цалуе рукі і калені;
Калі збіраешся пакуты
Ад радасцяў былых адрозніць,
Тады не дзенешся нікуды
I будзеш маладосці помсціць;
Калі, як вір, у цемры ночы
Цябе шукае позірк нейчы,
Тады радзімы голас воўчы
Усё адно што чалавечы.
12 верасня 1999
(«Крыніца», 58, 1-2000)

* * *
Усё згадаеш, едучы ў Варшаву,
I ўсё забудзеш, едучы назад,
I слава, непадобная па славу,
Сплыве за беластоцкі далягляд...
Як добра зноў убачыць Камароўку,
Калгасную бразілію нябёс —
Купіць алей і доўгую вяроўку,
Даўжэйшую за самы доўгі лёс.
Ісці, не заўважаючы палацы;
Тануць, не заўважаючы раку, —
Як хораша душу сваю на шпацыр
Выводзіць на сабачым ланцужку.
1 сакавіка 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
Калі Вярсілаў разаб'е ікону,
Тады й пачнецца бальшавізм душы.
Скажы пра гэта Госпаду і трону,
А лепей — уцякай і не кажы;
Чытай Галчыньскага, і ён паможа
З марознай паліцэйскай стараны
Вясёлае наладзіць падарожжа
У файную фарляндыю вясны...
Неверагоднае чароўна цешыць,
А верагоднае — бліжэй да зла,
Цябе журбота дротам апляла,
Як слаўна часам з дроту выгнуць вершык!
10 сакавіка 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
Жыць можна скрозь — у пінсках і баранях,
I ў хельсінках таксама можна жыць,
Калі на вочы цямнага выгнання
Сляза балтыйская бяжыць;
Жыць можна скрозь...
Але найболей трэба
Туды імкнуцца, дзе вада — вада,
Віно — віно, а неба проста неба,
I сэнс бяды не страціла бяда.
7 красавіка 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
Пакут няма. Есць успаміны.
I ў кожны спомін-успамін
Сябры з'яўляюцца пустымі
I здраднымі ўсе як адзін.
I ад такой вялікай чэсці
Не знаеш, як ім дагадзіць:
Ці іх на Іматру павезці?
Ці на парог іх не пусціць?
8 красавіка 2000
( «Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
Мне пра Усходдзе забыць не даюць,
Толькі прачнуся — паведамляюць
Колькі ядуць там і колькі там п'юць,
Колькі страляюць і дзе забіваюць.
Ты, эмігранцкі пільнуючы хлеб,
Жыць навучыўся ў маўклівым палоне;
Кроў твая руская — волга ды стэп —
У беларускай ніяк не патоне.
25 красавіка 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
Да журбы дакранайся, нібы да жалеза;
Языком выцалоўвай марознае шкло,
Разумеючы простае: тое паэзія,
Што ніколі паэзіяй і не было.
Што ні ёсць — усё добра, усё мае рацыю,
I пад каменем кожным гадзючыцца верш...
Ты — паэт камарына-слязлівае нацыі
За здароўе сваё воцат п'еш!
Пі, закладнік сваёй дабрыні з'алкаголенай,
Пі на зайздрасць падонкам, няздарам усім —
Ты застаўся. А ім? Не застацца ніколі ім
Ні паэмай, ні вершам, ні словам жывым;
Пі, усё безназоўнае любячы, помнячы,
Цень Купалы вітаючы прошчай сваёй...
Як цудоўна — паэтам так сумна на поўначы!
Як цудоўна — жалеза лагодзіць журбой!
30 красавіка 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
На Беларусі зоркі,— слёзы Бога...
Яны цякуць у кожную душу.
Ніколі ў гэтых зорак і нічога
Я не прасіў, а сёння папрашу:
Народжаны паэзіяй начною
I створаныя музыкай начной,
Жывіце, зоркі, ярка нада мною,
Да раніцы жывіце нада мной.
I вечнасці надзейныя манеты
Вы не шкадуйце творцам на зямлі,
Каб гэтымі манетамі паэты
Сваё трыванне аплаціць маглі;
Каб здолелі свае прамовіць оды,
Настроіць ліры на высокі лад
У гонар той нябеснае свабоды,
Якою поўны слёзны ваш пагляд.
I каб выгнанніку было нягорка;
I каб яму сярод чужынных зор
Адна свая заўжды свяціла зорка
I клікала сюды, дзе родны двор...
Хаваючыся ў ранішняй магіле,
Вы абяцайце кожнаму і ўсім,
Што вечарам ізноў на небасхіле
Раскінеце бясконцы свой кілім,
2 траўня 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
Цыгарэта супакойвае,
Кропля алкаголю
На вясёлы спеў настройвае,
Пазбаўляе болю.
Можна ратавацца вершамі,
Больш нічым... Жыві ў самоце,
Навакол якой — тутэйшыя,
Людзі на балоце...
24 траўня 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
Хай будзе так, як будзе,
А будзе так, як ёсць,—
Таму шануй адлюддзе,
Шчаслівы ягамосць;
З лянотаю цудоўнай
Ляжы, адпачывай,
Уцяміўшы раптоўна:
Дзе ложак — там і рай.
19 ліпеня 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, №32)

* * *
Маўчанне — адзенне душы.
Ты ведаў пра гэта, мой дружа,
Аднак жа не здолеў, не здужаў
Стаяць пры маўклівым крыжы
I, нібы засохлую ружу,
Ты скінуў маўчанне з душы.
Што будзе далей, пакажы —
Якое цябе частаванне
Чакае ў халодным тумане
На мілай калгаснай мяжы:
I хлеб, і віно, і адхланне?!
Ці камень у крэўскай дзяжы?
Што ведаеш... Не, не кажы.
Я сам усё ведаю гэта —
Дзіцячая доля паэта,
Як стог, патанае ў імжы,
А часам усім белым светам
Заззяе на фінскім нажы.
15 жніўня 2000
(«Літаратура і мастацтва»
27 ліпеня 2001, № 30)

* * *
Пакінь пакінутае назаўсёды
I заставайся з тым, чаго няма,
I пад страхой балотнае гасподы
Душу цвялі жанчынамі дзвюма.
У першай — той, з якою гора — гора,
Жыццё — жыццё з лагоднай просьбай: «До...»
Жыве твая лянівая прастора,
Жыве тваё стараннае нішто...
Яна, — цябе спавіўшы ў разуменні,
Адчуўшы попел у тваёй цвяльбе,—
Перад іконным ценем на калені
Апусціцца і выплача цябе.
Другая ж — паланянка маладосці,
Высокая балючым хараством,
З'яўляецца як меліяда ў госці
I застаецца меліядным сном.
Яе дыханне рызыкай тутэйшай
Гартае крэматорны твой раман
I пакідае на старонцы першай
Касметыкай напоены цюльпан.
А на апошняй, што яшчэ напішаш,
Здаецца мне, паэзія сама
Падказвае з парнаскага надвышша:
«Душу цвялі жанчынамі дзвюма...»
4 верасня 2000
(«Літаратура і мастацтва»
27 ліпеня 2001, № 30)

* * *
У Менску — людна, гнойна, позна;
Тлум у трамвайнай чарадзе.
Нібыта ля млына завозна, —
Няма каня паставіць дзе.
Вось ты й прыехаў... Пакрыёма
Табе адкрылася, васпан,
Што Беларусь і там, і дома
Заўжды — купалаўскі курган.
21 верасня 2000
(«Літаратура і мастацтва»
27 ліпеня 2001, № 30)

* * *
Падае снег
У душы як і ў полі;
Падае снег,
I нікога няма;
Падае снег,
Як не падаў ніколі.
Сам ты — у свеце,
I воля — сама.
Сам ты — у свеце,
У звыклай патолі.
Смерць і жыццё
На дарозе адной.
Падае снег,
Як не падаў ніколі.
З воляй жывеш,
Як з апошняй віной...
Дык жыві — грызі, смакчы
Бурачок ці перчык
I на памяць завучы
Мой палескі вершык:
Робіш нешта — дарабі
I не плюй на прыпек;
Калі весела — не пі,
А як цяжка — выпі.
26 лістапада 2000
(«Літаратура і мастацтва»
27 ліпеня 2001, № 30)

* * *
Даляры памяняць на сон
I спаць, калі магчыма гэта,
Да крыку ранішніх варон
Над беларускамоўным гета.
А немагчыма, дык не спаць;
Купалу згадваць, што ў гатэлі
Край лесвіцы ўбачыў пяць
Сухіх пялёсткаў... Імартэлі...
27 лістапада 2000
(«Літаратура і мастацтва»
27 ліпеня 2001, № 30)

* * *
Маеш тое, што хацеў;
Маеш тое, што жадаў...
Ты ляцеў і — даляцеў;
Падаў ты, але не ўпаў!
Можаш напісаць аб тым,
Як застаўся ты ні з чым,
Бо прывёў з другіх двароў
У свой двор благіх сяброў.
I таксама пра жанчын —
Слова, сказ, абзац адзін,
Што жанчыны і сябры —
Капапляныя дары.
А не хочаш — не пішы,
Захавай спакой душы
I ў міфалагічны сцень
Адпраўляй свой кожны дзень.
Каб узнікнуў сцень такі,
Прачытай на сон радкі:
«Скрыпам выў яловы плот,
Хохлік бегаў ля варот».
26 студзеня 2001
(«Літаратура і мастацтва»
27 ліпеня 2001, № 30)

* * *
Добрага няма нічога,
Кепскага таксама.
Добрае адно — дарога,
I туман, і яма.
Кепскае — дарога тая ж,
Але ў бок зваротны...
У тумане заблукаеш,
Толькі яме родны.
27 студзеня 2001
(«Літаратура і мастацтва»
27 ліпеня 2001, № 30)

* * *
Смецце павінна быць там, дзе смецце.
Зоркі павінны быць там, дзе зоркі, —
А на дасвецці, а на дасвецці
Водар спакою павінен быць горкі...
28 студзеня 2001
(«Літаратура і мастацтва»
27 ліпеня 2001, № 30)

* * *
Яшчэ крыху і больш ужо не трэба...
Дно падзяліла неба напалам,
I ты застаўся ў той прасторы неба,
Дзе свята не пакінута багам.
29 студзеня 2001
(«Літаратура і мастацтва»
27 ліпеня 2001, № 30)

* * *
Смутак агорне — кветкі рві,
Кветак не будзе — траву;
Як выпадае, так і жыві,
I не схіляй галаву.
30 студзеня 2001
(«Літаратура і мастацтва»
16 лістапада 2001, №46)

* * *
Не спяваць, а дакранацца
Голасам да нематы, —
Вось адзінае мастацтва,
На якое здатны ты.
I ў душы, нібыта ў полі,
Відната як пекната,
I становіцца паволі
Роднай мовай немата.
Так і быць яно павінна,
Тут — ніякае бяды,
Цвет люляюць на галінах
Моўчкі майскія сады;
Моўчкі сонца палымнее
На маўклівы крыж дарог...
Беларусь маўчаць умее
Гэтаксама ж, як і Бог.
27 лютага 2001
(«Літаратура і мастацтва»
16 лістапада 2001, №46)

* * *
Вярнуўшыся, не заставайся...
I гэта зразумець ільга,
Калі атручаная вальсам
Канае венскае туга.
«Вярнуўшыся, — кажу табе я,—
Знікай у той жа міг ізноў,
Бо здрадай жывіцца надзея
Чужых і нават гэтых слоў...»
Вяртацца трэба не сабою
Цяперашнім, а маладым,
Што вершаванаю журбою
Умеў пускаць у вочы дым...
Далей, далей — ад успамінаў,
Бліжэй, бліжэй да навіны,
Што мары ўсе твае і спы
Адна ўпрыгожвае лсанчына.
27 лютага 2001
(«Літаратура і мастацтва»
16 лістапада 2001, № 46)

* * *
Сябе даслухаць немагчыма,
Як і застацца без сябе...
Ідзі халоднаю лагчынай,
Лёд ахвяруючы ступе.
Зіма наперадзе. Прастора
Згалелых вішняў і сініц.
Узыдзе сонца, нібы гора, —
Ды перад ім не падай ніц.
Ёсць, ёсць... Калі не ўсё адхланне,
То цень яго, сінічны цень,
Стральцоўскае замілаванне:
Цень-цень, сініца! Добры дзень!..
Ёсць, ёсць.. Адзіная прысутнасць
Тваёй спадарыні, тваёй;
I хараство яе, і мудрасць,
Якімі творыцца спакой.
28 лютага 2001
(«Літаратура і мастацтва»
16 лістапада 2001, №46)

* * *
Простае доўжыцца проста,
Дзейснае доўжыцца дзейсна...
Там, дзе квітнела сяброўства,
Там расквітнела зладзейства.
Цвет у зладзейства чырвоны,
Быццам у дзікай шыпшыны;
Пах у зладзейства кухонны —
З духам магільнае гліны.
Але з найбольшых прыкметаў —
Тая, што дзеля мастацтва
Сумам вялікіх паэтаў
Любіць яно забаўляцца.
З гэтага што вынікае?
Пэўна, нічога благога...
«Злодзей-паэт» вас кахае,
Вы — не кахайце такога.
14 сакавіка 2001
(«Літаратура і мастацтва»
16 лістапада 2001, № 46)

* * *
Калі надумаеш, захочаш...
Не лезь адразу ж у пятлю, —
Зірні сабе самому ў вочы;
Скажы сабе: «Цябе люблю...»
Калі такое не паможа,
То на падлозе паляжы,
I холад вытаптаных дошак
Палёгку дасць тваёй душы.
Калі не дасць — не ярся вельмі,
Цыбулю з бульбаю паеш,
Пасля відзёлкай на патэльні
Вясёленькі надрапай верш:
«Хочаш, браце, мякка спаць
I смактаць каньяку,
Дык умей тады лізаць
У начальства сраку...»
I хоць пакінуты задусе,
I хоць бядоты цераз край, —
Ні там, ні тут, на Беларусі,
Сабе вяроўку не сукай.
8 красавіка 2001
(«Літаратура і мастацтва»
16 лістапада 2001, № 46)

* * *
Здаецца, нічога не будзе
З таго, што ў пясок адплыло, —
Хіба што душа ў перапудзе
Хоць нейкае знойдзе святло.
Яна пасмялее на момант
I тут жа — у родненькі страх
Абрынецца з радасным громам
I крыкам: «Я — дома! Я — дома!
Я зноў у халопскіх кустах!»
28 чэрвепя 2001
(«Літаратура і мастацтва»
16 лістапада 2001, №46)

* * *
А для цябе і ў творчым раі
I ў пекле (сцішна і нязменна!)
Не пашкадуе, не схавае
Сваёй атруты гіпакрэна.
З дзявочых вуснаў — дзіўны верад —
Плыве ў душу кармінны яд...
Вачыма ты глядзеў наперад,
Але душой заўжды назад.
Няма злачынства. Пакаранне
Заўсёды ёсць, як і было.
Стараннай старасці змярканне
Звіло ядвабнае сіло.
На недачытанай старонцы
Пустога вусцішу яснота,
I, нібы жнейка тая ў сонцы,
З тупым сярпом ідзе пустбта.
30 кастрычніка 2001
(«Літаратура і мастацтва»
16 лістапада 2001, №46)

* * *

Адбылося такое — ты толькі што прыехаў, і я чакаў цябе на людным праспекце каля «Іспанскага кутка».

Стаяў у празрыстым змроку вераснёўскага вечара і думаў пра ўсё адначасна.

Мая адметнасць: думаць пра ўсё адначасна.

Пра нешта значнае, што ўяўляецца значным, і пра нешта мізэрнае, што здаецца мізэрным.

А то й зусім — ні пра што.

Дарэчы, думаць «ні пра што» — неабходная ўмова, каб адчуваць сябе паэтам...

Крапаў дожджык, і ў ягоным суцішаным, ледзьве чутным, крапанні ўзнікала аддаленая постаць.

Пацалунак ценю.

Літара паветра.

Кроза памыснаці.

Гэта была дзяўчына, гімназістка.

Знаёмы з ёю, я не знаў пра яе нічога.

Пэўна ведаў хіба што адно — з усіх існых еўрапейскіх местаў найбольш ёй падабалася Прага:

Ты ў Менску, юная пражанка,
У сум скарынаўскі мяне
На цэлы дзень прыводзіш ранкам
I пакідаеш, як у сне.
А вечарам мяне ты будзіш
I кажаш, сеўшы ля акна:
«З табою ў Менску разам будзем,
А ў Празе буду я адна...

Я чытаў гэты рыфмаваны жарцік; чытаў шэптам, каб ніхто не пачуў і не пасмяяўся з мяне.

Мне было няўтульна, нават колка, нібыта маю шыю абвівала шыпшынавая галіна, і я, каб супакоіцца, мусіў быў спадзявацца на тое, што заўтра ўсё ж пракажу:

— Ты слаўная. Іншы напіша для цябе іншыя радкі, большн пранікнёныя і сур'ёзныя, і, магчыма, стане тваім каханым. Ведай, самыя лепшыя мужчыны — паэты...

I ў гэтую ж хвіліну на праспекце Скарыны ўбачыў мілаглядную красуню.

Калеку!

Яна ішла, кульгаючы, проста на мяне. Абязвечаная неферціці.

Адкрыты змест беспараднасці. Надламаная жалейка. Лебедзь на лёдзе...

Я не быў з ёю знаёмы, але ведаў пра яе ўсё (акрамя, вядома, яе любімага еўрапейскага места)!

Я выпусціў з душы нітку празаічнага часу, таму апынуўся ў той турэмнай прасторы, дзе размаўляць ільга толькі на мове пакутнага крыку.

I роўна столькі, колькі доўжыўся гэты крык, я не думаў пра цябе, пра твой нечаканы прыезд...

Прыгажуня кульгавая — хто ты?.. Адкуль?..
У цябе за плячыма адчаю хатуль,
Горб няверы ў душы, як на шыі пятля...
I якая ты зблізку, такая й здаля.
У касе залацістай заціх васілёк,
Нібы лётаць змарыўся начны матылёк,
А на вуснах тваіх — і маўчанне, і боль...
Скрыпка змоўкла, і пахне адно каніфоль.
У вачах — вышыні надалтарнае страх,
Што відочны пры свечках, а не ліхтарах!
У руках — летаргічна пяшчота жыве.
Хто абудзіць яе?!. Хто яе пазаве?!.
Ты па Менску ідзеш — не таму, каб ісці,
Ты па Менску ідзеш, каб збавенне знайсці
I застацца пры ім, і забыцца пры ім,
З прыгажосцю сваёй і калецтвам. сваім...
Знебылася ў бясконцай дзявочай журбе,
I дзявоцтва тваё, як атрута табе,
I дзявочасць твая не на ўцеху, на здзек...
Гэта, пэўна ж, на здзек, калі цнота навекі
Твой жывот — гэта ластаўкі захад і ўсход;
Суламіце на зайздрасць твой лёгкі жывот,
Бо не проста пшаніца — карункавы свет,
I не проста лілеі — балетны букет.
Твае грудзі — маланка з агнямі двума,
Для якое шчаслівага неба няма, —
Толькі дол, толькі змрок... А няроўны твой крок
Ад Нацбанка — сюды, дзе «Іспанскі куток».
«Добры вечар, спадарыня... Дайце руку...
Будзе добра нам тут, у «Іспанскім кутку»...
Ды ў адказ усё тое ж — маўчанне і боль...
Скрыпка змоўкла, і пахне адно каніфоль!

Уласнік рызыкоўных метафар, якія ўжо адвыклі ад звыклае прасодыі; збіральнік тэлефоннага шуму, якім поўная ракавіна стомленных нерваў; уладальнік сыпкае калекцыі журналісцкага пылу, які нават ад маленькае слязіны імгненна ператвараецца ў гразь...

Словам, ты нарэшце з'явіўся, затулены ў нейкі рыжы фінскі балахон.

Твая гаматная (зручная для дарогі!) апранаха сведчыла, што ты яшчэ й вандроўнік, які ўжо даволі надыхаўся страчаным спакоем.

Мы не бачыліся сем доўгіх месяцаў, а гэта ж не сем доўгіх дзён.

Каб не бачыліся нейкі там тыдзень, то, пэўна ж, я тут жа пачаў бы апавядаць пра шчаслівую гімназістку і кульгавую красуню.

I ты таксама ж загаварыў бы аб нечым падобным.

Аднак разлука далася-такі ў знакі: мы доўга не размаўлялі як паэты, таму гаворка наша адразу ж набыла паэтаграфічныя рысы:

...не трэба чытаць тыя кнігі, да старонак якіх прысохлі сцябліны, лісце, пялёсткі, бо такія кнігі пахнуць смерцю маленства...

...лепей за ўсё крыўдзіць саміх сябе, змалку шукаць тое золата, якога няма, і прачынацца там, дзе ніколі мы не жылі...

...дзякуй Богу, што мала пішам, што атрамант наш сухі і што пад нашымі заходне-беларускімі калыскамі ўсё яшчэ пацукі грызуць алфавіт...

3 лютага 2001

(«Літаратура і мастацтва»

27 ліпеня 2001, № 30)

ІІІ.


Месца нараджэння мае большы сэнсавы знак, чым год нараджэння, і таму Віфлеем велічнейшы за год нулявы, а, скажам, Вязынка — за 1882 год.

Месца нараджэння пераважна дамінуе над народжанымі ў яго межах людзьмі.

Зрэдку яно роўнае ім (прыклад: Фларэнцыя і Дантэ).

А часам ягоны маштаб зусім сціплы, і яно тады несувымернае з асобай народжанага: як той жа Віфлеем з Ісусам Хрыстом ці як тая ж Вязынка з Янкам Купалам.

У маім выпадку вяршэнства месца нараджэння відавочнае, бо год майго з'яўлення на свет, 1957-мы, гэтак жа небагата што значыць у параўнанні з Давыд-Гарадком, як небагата што значу і сам я ў параўнанні з тым жа Давыд-Гарадком.


* * *

Так, маё жыццё пачалося на Гарыні ў Гарадку Давыдавым, і не нейкая там запамінальная дата, гістарычная падзея, прыватнае здарэнне ці букет пачуццяў, а менавіта сам Давыд-Гарадок стаў маёй першароднай тэмай.

З дзяцінства геаграфічныя вобразы ўспрымаліся мною як вобразы творчыя, таму пазнейшыя мае тэксты — гэта перш за ўсё вынік шчаслівай геаграфіі.

Трэба сказаць, што Давыд-Гарадок у сваёй абсалютнай прасторы не ўвайшоў у мае кнігі,— і не мог, вядома, увайсці.

Мы любім неба, аднак жа ўсяго неба не бачым.

Але калі ў маіх кнігах і ёсць нешта ад лірычнай цярплівасці (да слова сказаць, не люблю лірычнае буянства!), то цярплівасць гэтая цалкам давыд-гарадоцкая...


* * *

Я гадаваўся паблізу рэк і рачулак, ад якіх мяне, як ад вялікай небяспекі, напачатку абачліва асцерагалі.

Прычына была звычайная — я, адно дзіця ў сям'і, аднойчы ледзьве не ўтапіўся.

Выратавала маці.

Пазней знаёмая цыганка за кошык бульбы наваражыла ёй:

— Любачка, сын твой мусіць баяцца вады...

I вось гадоў да дванаццаці мяне й палохалі гэтай страшнай пачвараю — «Вадой».

Ды я асабліва не палохаўся і нават не засмучаўся, што іншым дзецям дазвалялася бываць каля глыбокай вады, а мне — не давалі там быць.

Не выходзячы за хортку [1], я знайшоў сабе суцяшальны занятак у сваім двары: натхнёна пералічваў найменні давыд-гарадоцкіх рэк.

Я нібыта марыў уголас, марудна вымаўляючы: «Прыпяць, Вятліца, Сешка, Старык, Лукі, Копанец, Рубэлле, Язда, Молака, Касерка, Вірок, Саманюкоў Роў, Бутня, Чартарыя (яна ж — Няволя, і яна ж — Няпраўда).

А яшчэ я шаптаў: «Возера Чаква... Возера Воўчэ...»

Я называў самому сабе імёны жывых і мёртвых рэк і азёраў, і яны, гэтыя імёны, гучалі таямніча і адначасова проста, і самай блізкай па гучанні была, вядома ж, Гарынь...


* * *

Гарынь, — калі падрос і займеў ад бацькоў большую свабоду,— вабіла наймацней.

Плаваць або лавіць рыбу я не любіў; любіў стаяць і с л у х а ц ь.

Стаяць жа на гарынскім беразе і слухаць — асалода найвялікшая.

Асабліва тады, калі цябе ніхто не бачыць, і ты адчуваеш гэта, што цябе ніхто не бачыць.

А раз так, то цябе быццам і няма, а ёсць толькі твой слых, і ёсць паблізу жнівеньскія гароды і неўгамонныя крычкі [2]...

— Учора такая швайка [3] таўканула [4], але каб жа яна галавой налажыла!

Раптоўны гудат пяцісільнай «Стралы» [5] заглушае далейшыя словы засмучанага вудара, і табе ўжо не ўцяміць, што ж такога паганага зрабіла яму гэтая гарынская швайка.

Грыміць ланцуг — нехта збіраецца плысці, адмыкае дуба; раскоціста гупае ясеневы пранік — у бліжэйшым двары на разасланым радне аббіваюць сухую мяцёлу і курортнікі [6]; пад навіссю густога лазняку, драбнаватае лісце якога ўжо кранута восеньскай жоўцю, куры дзяўбуць нерухомага рака; на паверхню вады выскоквае — скідаецца, як кажуць вудары, — ладная рыба; ніяк не можа прыбіцца да берага буслінае пяро.


* * *

Гэтай парою флёксы, бяссмертнікі, астры, сальвія, цынія і петунія ўсё яшчэ прывабныя, а коўрыкі, валошка і шольсія ўжо змарнелі.

I як тут не зразумець, што толькі кветкі — і найперш кветкі над Гарынню — могуць найрадней пераканаць: белае — не зусім белае, а чырвонае — не зусім чырвонае...


* * *

Гэтак жа, як назвы рэк і азерау, мяне краналі і назвы тых кветак (менавіта назвы, а не самі кветкі!), тых красак, што кожнага году квітнелі (і квітнеюць) вакол хаты на нашым пляцы.

Асабліва падабалася ўслед за маці праказваць: кампанула, кларкія, меліса, календула, лемезія, аквілегія, вербена, алісум, малопія, ібірыс, мальва, пірэтрум, гадэцыя, ляўконія, бальзаміна, хрызантэмы, радзіолусы, маёры...

Нібыта загалоўкі вершаў, прачытваў кветкавыя найменні на цікетках [7], і трэба думаць, што якраз цікеткі — гэтыя маляўнічыя драўняныя старонкі — і былі маёй першай самастойна прачытанай кніжкай.


* * *

Калі б я не стаў пісьменнікам, то хутчэй за ўсё стаў бы васняніком — гэта значыць, летам вырошчваў бы, а вясною (па-давыд-гарадоцку: васною, адсюль і назоўнік гэты — васнянік) прадаваў бы насенне кветак і гародніны.

Словам, рабіў бы тое, што робяць амаль усе давыд-гарадчукі.

Але ці быў бы я ўдачлівым гандляром?

Мяркую, што не, бо з маленства ў маёй душы слова перамагала лічбу.

Лічбы ж, асабліва большыя за двухзначныя, наогул апускаюць маю душу на дно неадольнага суму...

Вельмі рана я зразумеў, што само па сабе слова цікавейшае за лічбу, падзею, за любую авантурную прыгоду, а ў суладдзі літар і гукаў тоіцца нейкае іншае жыццё.

Таму назвы рэк, азёраў і кветак, як і гістарычныя назвы давыд-гарадоцкіх мясцін — Радзічы, Мэльнікі, Кодак (гэта мая родная вуліца), Камора, Каралін — уздзейнічалі на мяне магічна, а гучанне асобных слоў — віялка [8], какоры [9], копка [10], крэзэнт [11] — наогул утварала казачную асалоду...


* * *

Штотод з 13 на 14 студзеня, на Шчадрэц, мяне кожны раз па-новаму ўражлівалі Конікі — іхняе ўбранне, маскі і песня пра залатую сасонку; вельмі ўзрушала сама карціна іхняга з'яўлення...

Па ўсіх кутках места амаль адначасова пачынаюць гусці паляўнічыя рогі; пачынаюць іграць гармонікі, працягла бухаць бубны і звінець званочкі.

Яшчэ хвіліна — і набліжаецца тупат маладых, нястрымных ног, і з каляровай завеі (менавіта каляровай, бо мноства фарбаў у момант ажывае ў гэту ноч) вылётваюць яны — Конь, Чорт з дзеркачом, Смерць з драўлянай касою, Бусел з доўгай чырвонай дзюбаю, Мядзведзь, Воўк, Дзед, Баба, Баран, Казёл і Скарбнік.

Гэта й ёсць давыд-гарадоцкія Конікі!

Яны скачуць, робяць прычворы [12], забягаюць у кожны двор і пад вокнамі, што ўпрыгожаны ласіцамі [13] і элекрычным святлом, пяюць:

Там стаяла сосна,
Тонка, высока —
Шчодры вечар.
Тонка, высока,
Рэшатам [14] шырока —
Шчодры вечар.
А на той сасонцы
Залата карыца,
Шчодры вечар.
Залата карыца,
Царская расіца —
Шчодры вечар.
Ой, ды наляцелі
Райскія птушкі —
Шчодры вечар.
Ды тую карыцу
Узялі пазбівалі —
Шчодры вечар...

Далей Конікі спявалі пра маладую Ганьку ці маладую Вольку (звычайна выгуквалася імя дачкі гаспадара дома), якая пазбірала з долу тую залатую кару ў рукавок і панесла яе да бацькоў.

Бацькі ж загадалі йсці да залатара і прасіць яго, каб зрабіў з кары тры залатыя пярсцёнкі — першы пярсцёнак на змаўлянне, другі на вянчанне, а трэці — каб «...на пасадзе сесці, пірага з'есці!..»

Пад канец песні Скарбнік аббіваў з чобатаў снег, гучна тупаючы ў ганак, ішоў у хату па грошы...


* * *

Назвы кветак, рэк, азёраў, вуліц, маляўнічы цікетачны змест і кірмашовы тэатр Конікаў — элізіум майго самавыхавання.

Але найбольш я любіў слухаць.

Схаваўшыся, любіў падслухаць раптоўнае слова, прымаўку, а калі шанцавала — апавяданне.

Часам у такіх вусных апавяданнях жыла тая жыццёвая непрыдуманасць, якая зазвычай даражэй за любое кніжнае вынаходніцтва.


* * *

Усё на тым жа гарынскім беразе аднаго разу пачуў лодачнага майстра, які жаліўся другому майстру — бондару; і не проста пачуў, а, маючы ў кішэні сшытак з алоўкам, спешна занатаваў такую характэрную для Давыд-Гарадка гутарку:

— Васенько мой дарагі,— гаварыў лодачны майстар,— мае ж дубы, як і твае бочкі! Хоць на дзіфіляду [15] з імі едзь! Неўкочын [16] альшанцы [17] мне за колішнію работу дзякавалі... А тут адзін дурань па-свойму падзякаваў (лодачнік назваў прозвішча «дурня»). Так падзякаваў, шчо мне алшо мотошпо стало! Летась я зрабіў яму дуба. Хвацкі дубок выйшаў, хвайны такі, на дзевяць аршынаў!.. Зрабіў і кажу: грошы браць не буду, адробіш канём, узарэш мае соткі. Дык ён і ўзараў! Камлыжын такіх плугам навярнуў, шчо й ціх яго голаў знае! Бульба й да пакроваў не вуйшла б! Мусіў я з жонкай і сынам усё жалязнякамі перакапаць... Награкаліся [18], не дай ты госпадзі божэ... Гэто так ты аддзячыў за тое, шчо я з цябе грошы не ўзяў?! — кажу яму. А ён мне ў вочы: гаўняная твая лодка була!.. Так і сказаў мне, Васенько мой дарагі...

— Плюнь на яго, ты ж майстар, а ён партач! — паважна адказаў Васенько-бондар.

Хвіліну памаўчалі, паплявалі ў ваду.

— А пазалетась каля Шкодзінай кручы я вясло згубіў, — зноў загаварыў лодачны майстар, — сено на маторы вёз, а вясло зверху ляжало. I не згледзеў, як ляснуло. Прыстаў да берага, а вясла няма. Я туды, я сюды. Няма і ўсё тут. Хоць гвалт крычы. Ажно мяне за сэрца ўхапіло, Васенько мой дарагі. Таке вясло хвацке було!

— Хоць на дзіфіляду з ім ідзі? — спытаў, не ўсміхнуўся, бондар...

— Хоць на дзіфіляду! — даверліва згадзіўся майстар.

I зноў загаманіў аб нечым сваім, а праз які момант ледзьве не выкрыкнуў, вядома ж, зусім не дбаючы аб тым, ці будзе стасавацца з раней нагавораным гэты ўсхвалявана-пасеісцкі вокліч:

— А колісь колькі рыбы було, няшчасце яго знае!

— Так, рыбы було свет [19] — падтакнуў Васенько-бондар.

— I ўсяго масушча [20] було!

— Так, було...

— А якія мой бацько чобаты шыў! Хоць на дзіфіляду ў іх ідзі, Васенько мой дарагі...


* * *

Злоўленае апавяданне.

I я вельмі рады, што яно засталося на маёй паперы.

Гэта пасля ўжо, калі вучыўся ў Літаратурным інстытуце, атрымаў прафесійную параду: запісваць трэба амаль усё.

А ў Давыд-Гарадку ніхто мне таго не раіў, неяк сам уцяміў: трэба заўсёды мець пры сабе аловак.

I вось, як нешта ўдала знойдзенае, шчасліва перачытваю: «А якія мой бацько чобаты шыў!» — і ўспамінаю, што мой дзед Мікалай таксама шыў чобаты і аднойчы паказаў мне адну са сваіх шавецкіх прылад:

— Запомні, Лёня, гэта фумель.

— Фумель! — здзівіўся я і на лемантары пад партрэтам Хрушчова (у памяці засталося, што якраз усё так і было) накрэсліў чырвонай малёўкай [21] гэтае загадкавае, а пасля дзедавай навукі — зразумелае слова.

Ад яго ж, дзеда Мікалая, прыйшла ў мае школьныя занатоўкі і такая хатняя мудрасць: шылам у хлеб на поруць!

А ходзячы ўслед за бабай Просяй, як цукерку ў залатой паперцы, падхапіў і не выпусціў:

— Як галава баліць, то й на белай падушцы баліць, а як не баліць, то й на голым услоне здаровая...


* * *

Баба Прося жыла на Альшанскім шляху, і вокны яе хаты якраз выходзілі на Савічыкаў магазін.

У Давыд-Гарадку кожны ведае гэту краму.

Аднойчы мяне паслалі туды па цукар, і ў доўгай «колейцы» [22] з вясёлых вуснаў нейкай гарадчанкі я імгненна запомніў такі вершык:

Сядзіць Пэўко на паліцы [23],
Шые боты, рукавіцы,
Шчо заробіць — тэ прап'е;
Прыйдзе, жоначку наб'е...
Жонка плача, лямантуе:
Хто ж мне дзеткі пагадуе!

Усе ў «колейцы» смяяліся, прасілі цётку чытаць яшчэ.

Не смяяўся адзін я. Я зайздросціў.

О, як мне тады захацелася, трымаючы торбу на цукар, самому скласці нешта падобнае, каб таксама ўсім спадабалася, каб таксама ўсе смяяліся і каб таксама ж усе прасілі мяне чытаць і чытаць яшчэ...

У той жа дзень я засеў за вершы.

Дома так і абвясціў:

— Складаю вершы!

Я сядзеў за сталом, хадзіў вакол стала і зноў сядзеў.

I так амаль да самага змяркання. Ажно бацька не вытрымаў:

— Ну, шчо?!

— Нічого! — шчыра прызнаўся я.

— Пішы, пішы... Таўкач муку пакажа...

Бацька мой, завадовы цясляр і завадовы ж васнянік,— чалавек багаты на цярплівасць і розум.

I, мусіць жа, ягоная навука пра таўкача і муку, навука пахвалы ўсё той жа бясконцай беларускай цярплівасці, мне й дапамагла.

Да ночы, як спаць класціся, я такі агораў радкоў з дваццаць у рыфму.

А назаўтра — яшчэ дваццаць, а паслязаўтра — дык зусім распісаўся.

Недзе праз месяц у школе мяне ўжо клікалі паэтам.

Як тая вясёлая цётка ля Савічыкавай крамы, я ўсё ж дамогся свайго — мае вершы падабаліся, і мяне прасілі іх чытаць і чытаць...


* * *

І чым больш я спісваў вершаванымі радкамі сшыткі, і чым больш слухаў людзей, і чым больш браў на заметку пачутае, і чым больш цешыўся з назваў рэк, азёраў, вуліц, кветак, як і з хараства цікетак і святочнага свавольства Конікаў,— тым мацней мною авалодвала жаданне пакінуць Гарынь, паехаць з Давыд-Гарадка, каб ужо ў чужым свеце вучыцца мастацкаму пісьму.


* * *

Мне пашанцавала.

Майму неадольнаму жаданню паспрыялі настаўнікі Надзея Дзмітрыеўна Васільева, Вера Пятроўна Кузьміч і Міхал Уладзіміравіч Шэлехаў.

Надзея Дзмітрыеўна навучыла мяне літаратурнай беларускай мове, а Вера Пятроўна і Міхал Уладзіміравіч у лютым 1974 года пазнаёмілі з маскоўскай пісьменніцай Лідзіяй Абухавай...

Роднае пераходзіла ў чужое, — мне адкрылася дарога ў Літаратурны інстытут.

I на гэтым скончылася мая біяграфія, — пачалася і па сённяшні дзень доўжыцца паэтаграфія.

Біяграфія заўсёды завяршаецца тады, калі роднае пераходзіць у чужое.

14 студзеня 2000

(«Крыніца», 58, 1-2000)

1

Хортка - веснічкі.

(обратно)

2

Крычкі — малыя рачныя чайкі.

(обратно)

3

Швайка — шчупак.

(обратно)

4

Таўканула — узялася, клюнула.

(обратно)

5

«Страла» — лодачны матор.

(обратно)

6

Мяцёла, курортнікі – давыд-гарадоцкія назвы кветак.

(обратно)

7

Цікеткі — адмысловы жывапіс; маляванне кветак і гарод-ніны на фанерынках з мэтаю рэкламавання кветкавага насення і насення гародніны. Мастакоў, якія ў Давыд-Гарадку займаліся такім жывапісам, называлі цікетачнікамі.

(обратно)

8

Віялка – шуфлік, зроблены з вярбы ці алешыны, для вылівання з лодкі вады.

(обратно)

9

Какоры – дубовыя дугі ў лодцы (аснова), да якіх прыбіваюцца сасновыя дошкі.

(обратно)

10

Копка – маленькае паглыбленне ў печы.

(обратно)

11

Крэзэнт – кухонная шафа.

(обратно)

12

Рабіць прычворы — дурэць, жартаваць.

(обратно)

13

Ласіцы — узоры на шыбах ад марозу.

(обратно)

14

Рэшата — тут у сэнсе: крона дрэва.

(обратно)

15

Дзіфіляда — парад.

(обратно)

16

Неўкочын — не так даўно.

(обратно)

17

Альшанцы — жыхары суседняй з Давыд-Гарадком вёскі Альшаны.

(обратно)

18

Награкацца – вельмі стаміцца.

(обратно)

19

Свет — тут у сэнсе: шмат.

(обратно)

20

Масушча — вельмі шмат.

(обратно)

21

Малёўка — каляровы аловак.

(обратно)

22

«Колейка» — чарга.

(обратно)

23

Мне гэтак і запомнілася: «Сядзіць Пэўко на паліцы», хоць па сэнсу трэба, вядома ж,— «ля паліцы» ці «пад паліцай».

(обратно)

Оглавление

  • Леанід Дранько-Майсюк ПАЭТАГРАФІЧНЫ РАМАН
  • Уступ
  • І.
  • ІІ
  • ІІІ.
  • *** Примечания ***