Пра тое, як я... [13 несур'ёзных апавяданняў] [Леанід Дранько-Майсюк] (fb2) читать постранично, страница - 31


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

і апярэдзіўшы астатніх вайскоўцаў, першая на схіл пагорка ўзышла,— і тая знерухомела, пачуўшы лідэра Левых.

— Курсанты, сядайце! — запрасіў ён. Моладзь баявітая па-дзіцячы пачырванела і памкнулася было прысесці, але ўсё ж не зрабіла гэтага,— бацькоў-камандзіраў пасаромелася.

Першы гаспадар мястэчка баяўся лідэра Левых. Ён увогуле баяўся людзей, якія размаўлялі па-беларуску і ўмелі прамаўляць словы, на паперку не напісаныя.

Яму далажылі пра схіл пагорка, на якім мітынгоўцы сышліся і які ўжо часткова курсантамі акружаны. Ён зірнуў на карту і алоўкам чырвоным вакол пагорка варожага намаляваў абараначак. Намацаў пад габардзінам цёплым «Курс кароткі», паразважаў, на карту гледзячы: мясціна крутая, тэхніку гнаць не варта, а па-пяхотнаму трэба вывесці некалькі рот, шчыльней абкласці аб'ект (г. зн. пагорак) і ціскануць.

Яму захацелася на свае вочы ўбачыць канец баталіі слаўны.

I ён убачыў.

— Што рабіць з лідэрам Левых? — спыталіся ў яго.

— А што, вы яго ўжо спаймалі?

— Не яшчэ,— адказалі разгублена.

— Ну, дык лавіце і праз суд вышліце яго ў РСФСР. Толькі праз суд!

Левых са схіла пагналі.

Левыя і тут не ўпарціліся. Уцякалі хто як мог, угінаючы плечы і галовы ад кулакоў ды паленцаў гумовых. Разам з Левымі беглі абывацелі і ўцякаў я. Уцякаў у гурце тых, што заўсёды пасярэдзіне.

Ні кулаком, ні паленцам мяне не зачапілі. Мне, наогул, пашанцавала. Я ўспароўся проста на радыятар местачкомаўкі чорнае, з якос якраз першы гаспадар местачкома вылазіў. Да мяне прыпознена ахоўнікі кінуліся, але я, ратуючыся, апярэдзіў іх, смела да гаспадара першага падступіў. Я паказаў на Левых, што, уцякаючы, рассыпаліся вакол, і цвёр-да прамовіў:

— Таварыш генерал, Левыя ні слова не разумеюць па-руску. Вазьміце мяне за перакладчыка, лягчэй у вас работа пойдзе.

Не ведаю, ці добра я зрабіў, абазваўшы першага гаспадара местачкома генералам, але тое, што прапанаваў свае паслугі філалагічныя, займела свой выбрык станоўчы. Мяне прапусцілі праз шчыты празрыстыя і шаломы непрамакальныя,— прапусцілі, не пакамечылі, а назаўтра нават запрасілі ў пакой высокі. Так, так,— сам першы гаспадар местачкома, запомніўшы мяне, зрабіў ласку, да сябе паклікаў.

— Мы ведаем,— сказаў першы гаспадар местачкома,— што вам падабаюцца Левыя, але й з намі, Правымі, вы сварыцца не хочаце. Мы ведаем, што вы заўсёды пасярэдзіне, што б ні было. Гэта вельмі добра. Учора вы прасіліся на работу, але перакладчыкаў з мовы беларускае ў нас шмат. Мы вам работу другую прапануем, вельмі важнуюдля мястэчка нашага. Мы вас папросім арганізаваць Партыю Пасярэдзіне. Так-так, Партыю Пасярэдзіне. Пэ Пэ скарочана. Вам, як лідэру партыі новай, дэкляруем усё — і местачкомаўку чорную з тэлефонам, і пакой высокі ў любым, дзе захочаце, будынку мястэчка. Галоўнае, каб мы ў гэты час трагічны былі разам.

— Дзякую,— прашаптаў я ўзрушана,— я падумаю.

— Добра,— сказаў гаспадар местачкома,— толькі з адказам не спяшайцеся, падумайце хвілін пяць.

У пакой высокі ўвайшоў збеглы начны вартаўнік пракуратураўскі:

— Таварыш першы гаспадар, лідэр Левых злоўлены.

— Судзіце яго,— загадаў першы гаспадар местачкома.

— Ужо засудзілі,— прамовіў збеглы вартаўнік пракуратураўскі.

— Тады высылайце ў РСФСР!

— Ужо выслалі, таварыш першы гаспадар местачкома.

— Збеглы вартаўнік начны пракуратураўскі задаволена выслізнуў з пакоя высокага.

— Забыўся папярэдзіць вас,— ласкава загаварыў да мяне першы гаспадар местачкома,— на людзях вы і ўся партыя ваша будзеце дзейнічаць незалежна ад нас, Правых. На сваіх мітынгах і ў сваіх газетах будзеце безаглядна спрачацца з намі, крытыкаваць нас, нават лаяць. Але ў нейкі момант, каб ворагі нашыя не здагадаліся, што мы саюзнікі, і каб зусім іх заблытаць, нам давядзецца вас арыштаваць, як лідэра легальна варожай нам партыі. Давядзецца судзіць вас і выслаць...

— У РСФСР?! — напалохаўся я.

— Ды што вы! — усклікнуў першы гаспадар местачкома.— Сваіх мы ў РСФСР не высылаем. У адваротным кірунку паедзеце. Ну, скажам, у бок якога-небудзь каралеўства соннага. Бельгій-скага, напрыклад, або Шведскага.

7 ліпеня 1989 – 14 красавіка 1991