Босая зорка (fb2)


Настройки текста:



Рыгор Барадулін Босая зорка

Паэзія


Падрыхтаванае на падставе: Барадулін, P. Босая зорка. Паэзія. - Мн. : «Маст, літ.», 2001. - 148 с.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

КСТЫ


Гасподзь! Затрымацца дазволь
На гэтай грэшнай зямлі.
Зрабі ласкавейшы мой боль.
Душы раўнавагу пашлі.
Праз ноч,
Што жыццём нараклі,
Я йшоў на Тваё святло.
Гублялася сцежка ў быллі,
Ды ў сэрцы світанне жыло.
Гасподзь! Прагані мой страх,
Што следам ідзе за мной.
Я, з праху зямнога прах,
Вінюся зямной віной.
Пачую Цябе і глухі.
Аддзячыць хачу стакроць.
Правіны мае і грахі
Даруй, літасцівы Гасподзь...
*
Ойча праведны, памажы
Быць пакорным Тваім іспытам.
Адвядзі мяне ад мяжы
Між жыццём і спаміж нябытам.
Павядзі мяне па жыцці,
Па трыпутніку і ажыне,
Памажы мне сцежку знайсці,
Што не кіне мяне на чужыне.
Памажы мне застацца сабой —
Быць з душою сваёй у згодзе,
Жыць і радасцю і журбой
У тваёй трывалай гасподзе.
Колькі дзён ты мне ні дасі, —
Буду ўдзячны і заўтра й сёння,
На зямлі і на небясі
Шчыра ўкленчу святой іконе.
*
Божа, паспагадай усім, —
І магутнаму, і слабому,
І відушчаму, і сляпому,
Каб у згодзе жылося ім.
Божа, паспагадай усім, —
Каб вайной не йшоў
Брат на брата,
Каб ржавела сякера ў ката,
Каб вячэраю пахнуў дым.
Божа, паспагадай усім —
Каб цяплелі пагляды людзкія,
Каб у старца не кралі кія,
Нічыіх не кралi радзім.
Да любові, да чысціні,
Да святла, да святога ўлоння,
Усявышні, i заўтра i сёння
Заблуканыя душы вярні!

ВОЧЫ


А з прышласці ў прошласць
Праз нас, праз вякі
Глядзяць
Недасяжныя вочы Хрыстовы.
Нібыта пытаючы досьведна:
Хто вы,
Ці людзі, мае сваякі.
Ці ваўкі?
І зоркі згараць,
Дасмыляць смалякі.
Замоўкнуць
І зноў разгаворацца словы,
Ды будуць глыбініцца
Вочы Хрыстовы,
Нябесна ратуючы нас і вякі.

ШЛЯХАМ ЗЕРНЯ


Ці шляхам зерня ў свет
Прыйшоў Хрыстос,
Ці зерне
Шлях Хрыстовы паўтарыла.
Хлеб духу й хлеб штодня
Святая сіла
Багаславіла іменем нябёс.
Духоўны хлеб
З надзённым сваякі.
Як луста араллі і луста хмары.
Маўчаць душы абложныя абшары,
Дзе змрок глядзіць
У сонца з-пад рукі.

ГОД ЦІ...


З сямі тых дзён,
Што Госпад свет тварыў,
Дзень кожны доўжыўся
Год ці стагоддзе.
І свет,
Нібыта ўзбегшы на абрыў,
Крычаў сабе самому:
Глухнуць годзе!
І свет наважыўся
Дагнаць свой цень
І зразумець
У ранішняй прыгодзе:
Дзень Судны,
Першы і апошні дзень,
Ён будзе доўжыцца
Год ці стагоддзі?

РАПТАМ БЫ...


Раптам бы
Закахаўся Хрыстос.
Што б тады сталася
З небам i долам?
Трэба было адвярнуцца анёлам,
Каб не сурочыць расчуленых слёз.
Мусіла быцца якою яна,
Каб не прагнала
Думку пра сына
І ў аблачын на пялюшкі прасіла
Трошкі кужэльнага палатна?
Чуў.
Як ад жарсці заходзіўся дол.
Неба цяплела здагадкай пачутай.
Пэўна, на шлюб
Толькі з босай пакутай
I атрымаў Ён ад Бацькі дазвол...

НЕ ЎПЕРШЫНЮ...


Я смутак свой паслаў у сваты
Сасватаць хоць бы цішыню
I зразумеў не ўпершыню:
Агню без цемры цемнавата,
Ня цёмна цемры без агню...

ХТО?


Хто старэйшы, думка ці слова,
Хто шчырэйшы з ix?
Даць адказ,
Можа, зможа чарнагаловы
Змрок спрадвечча, што доўга гас,
Покуль вёў са святлом змаганне.
Смута к слова гукаў,
І гук
Узышоў на нябеснай паляне.
Слова выпала ў Бога з рук.
Думка ўспыхнула невыпадкова
I святлу дадала святла.
Бог спачатку задумаў слова.
Сведкай гэтаму думка была.

СВІТАЛЬНЫ


Рака крыві ў збялелых берагах.
Крывіцкае крыві за Край забраны —
Світальны
Бел-чырвона-белы сцяг, —
Як той, што таймаваў Хрыстовы раны,
Акраец палатна, які данёс
Пакуты за людзей жывога Бога.
Каб уваскрэснуць зноў,
Пагас Хрыстос.
І каб жыла над смерцю перамога,
Хрыстос пакінуў нам надзеі ўзмах,
На лютых сівярах неагрубелы.
Яго i паўтарацьме вечна
Сцяг,
Сцяг нашай волі
Бел-чырвона-белы!

У ГЕФСІМАНСКІМ САДЗЕ


Каб дзе антонаўка, каб сапяжанка.
У Гефсіманскім садзе сталасць дрэў.
Смуга й зямля,
Як цёплая ляжанка,
Каб смутак плечы сцёртыя сагрэў.
Натое сад i гадаваў
Садоўнік,
Каб тут аземіў думку
Бог жывы,
Каб і паломнік —
Смутку паслядоўнік —
Пачуў літанне смяглае травы.
У Гефсіманскім наквець адшумела,
А ў садзе
Недзе каля Ціханят
Антонаўкі ды сапяжанкі смела
У кулачках трымаюць
Страх зярнят...

ПРАКЛЁН


Гневу святога віноўніца,
Вылучаная кстом,
Сохне дагэтуль смакоўніца,
Выклятая Хрыстом.
Смагу прагнаць не здолела
І не дала пладоў.
Долу ёй легчы доліла,
Каб не злічыць гадоў.
Хто запытаецца ў вечніцы,
Што за грахі ў яе,
Што яна гэтак нявечыцца —
Сохне, а не гніе.

БЛАСЛАВЁНЫ СПАДМАН


Хрыста ўкрыжоўвалі,
І цыган
Прапанаваў і сваю паслугу.
І кінуў на дол
Неразлучную пyгу,
І ўзяў цвікі для пякучых ран.
I вочы заплюшчыла цішыня.
Цыган прыставіў цвік
I з размаху
На даланю пасадзіў авадня
Замест цвіка —
Насуперак страху.
I абараніў хоць адну руку,
Хрыстову руку
Ад болю зямнога.
І валачомнаму жабраку
He папрасілася ў Бога нічога
I ў свет падаўся
Самотны цыган,
Непрытулены,
Як апостал, босы.
I гэта быў
Ca мы шчыры спадман,
Які на вякі
Блаславілі нябёсы.

ДОЎЖЫЦЦА...


Дзень скарацеў,
Як і цень мой зямны.
Ноч падаўжэла, як вечная тая,
Што землялюбаў халодна вітае
Позіркам,
Дзе не чуваць гаманы.
Б'ецца на цурачкі сподзеў,
Я к збан.
Роспач глядзіць, як змяя-верацея
З зябкай замовы, дзе боль карацее.
Доўжыцца,
Доўжыцца,
Доўжыцца зман...

КАПЛІЦА


Вада на тое й тоіцца, каб ліцца,
Рыпіць ля крушні скруха:
Сон не руш...
Узгадвае пра капішча капліца —
Начлег часовы пералётных душ.
Душы хутчэй бы з зорамі пыліцца,
Ды глухне шлях ад зманнай гаманы.
І кеміць, як халодны грэх,
Капліца:
Цяжэйшы пыл нябесны ці зямны?..
Мычыць у небе зорная цяліца.
Цямнее крыж.
Як воран-чарнакрыл.
I крылаў дачакаецца капліца,
Каб паляцець i ёй за небасхіл...

ІСЦІМЕ...


Ажно маладзеюць сцены старыя,
Лягчэе з адвечнай скрухай кулёк.
Трымае сына
Дзева Марыя.
А ў немаўляці ў руцэ —
Васілёк.
У ціхай свячыцы святая праца,
Што свенціць свет
Незямным святлом.
Святло разгарыцца,
Каб мог спрачацца
Наш дух вячысты
З вачыстым злом.
Полымнакрыла б'ецца трывога
Нікім неспалоханым матыльком.
Душа беларуская йсціме
Да Бога
З нябеснаю свечкаю
З васільком.
Лондан, 1998

АНЁЛ, ЯКІ НА ЛЮТНІ ГРАЕ...


Ён будзе мроіцца тады,
Анёл, які на лютні грае,
Калі забытыя сляды
Згадае сцежка маладая.
Калi гады, нібы дзяды,
На прызбу стомы сядуць з краю,
Ён будзе мроіцца тады,
Анёл, які на лютні грае.
Калі не позірку бяды,
А зноў душа паверыць раю,
Ён будзе мроіцца тады,
Анёл, які на лютні грае.

BAPABA


Натоўп. гарачы на расправу.
На помач не падасць i кста,
Сцяною стане за Вараву
I падпіхне на крыж Хрыста.
Натоўпу боль чужы нясвежы,
Для цёмнай злосці мала джал.
Хацежы замінаюць межы.
Руйнуе ўсё аслеплы шал.
Чым болей глотак, болей права.
З грахамі доўга едзе воз.
У кожным з нас жыве Варава.
І рэдкім госцем —
Пан Хрыстос.

ТОЛЬКІ...


Босая сцежка да храма
Ногі грахамі мые.
Родная толькі мама.
Родные ўсе —
Чужыя!

НЯМА КАЛІ


Няма калі Богу хварэць —
Адзін на такую гасподу.
Бадай аратай-гаспадар
Яго зразумее дагоду.
Няма калі Богу старэць,
Бо чорт маладзее з гадамі.
Світанак — ахвярны святар
Разбудзіць ды паспагадае.
Няма калі дбаць пра сябе
Ды выгадаць нешта ў дзяльбе —
Абы перапала тварыне
Жывое Яго мілаты.
Хай Богу хоць сон залаты
Прысніцца ў нябеснай адрыне...

IN MEMORIA


Над Беларуссю
Сонца марудна ўстае.
I спяшаецца за навалай навала.
Адам Міцкевіч паліць
Беларускія вершы свае,
Каб напісаў ix Янка Купала...

ПАЎТАРАЦЬМЕ...


— Не хачу рыбыніча разуваці!
Голас крывічанкі
З надвячорка стагоддзяў
Чуецца i ў новае нашай хаце,
У якую таксама
Прышэлец заходзіў
Не раз
I, як заход,
Непрыкметна гас.
Гэтак ужо задуманы свет:
Каму палацы,
Каму палаці.
Беларусь паўтарацьме
За Рагнедаю ўслед:
— Не хачу рабыніча разуваці!..

МАЦІ Й ХЛЕБ


Вада з балота можа стаць святой.
Растуць спакойна дрэвы на іконы.
I пацалунак безграхоўны той,
Якім цалуем маці й хлеб надзённы.

НА СЁМУХУ


На Сёмуху мама на свет прыйшла,
На угодную Богу Тройцу.
Свет даў у пасаг
Маме локаць святла
I лес падшукаў закройцу.
Закройца глянуў:
Дый на хвартух
Пасагу ўсяго не хапае.
З-пад шустрых нажніцаў
Ластавак-шчабятух
Хусцінка выйшла скупая.
Хусцінка, выкраеная са святла,
I грэла й свяціла ў змроку.
Да Сёмухі з ёй гаспадыня пайшла,
Каб выцерці вочы прароку...

ПЕРАД АПОШНІМ


Ты жывеш,
Пакуль шалёным птахам
У тваёй душы
На ўсё размашша
Б'ецца страх
Перад апошнім страхам,
За якім, відаць,
Адно бястрашша...

СВЯТАСЦЬ


Здаецца падчас, што й паганскіх багоў
Як першапраходцаў, як чорнарабочых
Госпад паслаў да зямных берагоў,
Да працы зусім незямное ахвочых.
Яны пабылі — дрэвы ды камяні,
Вятры з перунамі — багамі.
І слову служылі, й глухой цішыні,
І першае святасці дапамагалі.
Ад дрэў радаводу багоў нават пні
Сякера веры секла з размаху.
Але дагэтуль ix карані
Варушацца ў цемры нашага страху...

ЦІШЫНЯ


І Бог задумаўся ў цішыні,
Схаваўшы за пазухай неспакой.
I неба ад зямной мітусні
Засланіла яго вышынёй...

ШТО ЁСЦЬ...


Народ, як лёд, —
То растае.
То з халадамі нарастае.
І галасы журбы свае
Пакінуць хоча на расстанне.
Гісторыя, як азярод,
Дзе ветрацца снапы стагоддзяў.
І зерне падае на урод
Ці на няўрод
У рот страхоццяў.
Капае кожны свой гарод.
Дужэйшая за сілу стома.
Ды што такое ёсць народ,
Напэўна, й Богу невядома...

АДВОДЗІЦЬ...


Агню
Свайго першага дыму шкада.
Сябе даганяе сцяжына блукання.
Душа беларуская —
Вечная каня,
Якая адводзіць бяду ад гнязда...

ПАШТОЎКА


Будуць часам ідалы раструшчаны.
Свет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце Беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў!
19 чэрвеня 1999

НА СХІЛЕ


Як мне, малому, хацелася ў свет!
Як мне хацелася вырвацца з хаты.
Я задзіраў галаву, каб хвастаты
Бачыць хоць след
Незнаёмых камет.
Бачыў святло я, ды не разумеў,
Што пакідаюць неба каметы,
Не даляцеўшы да пэўнае мэты.
Што іх дапальвае,
Ласка ці гнеў?
Хутка і я ўжо гады дапалю,
Не падступіўшыся да небакраю.
I галаву сваю не задзіраю,
Болей хілю,
Каб запомніць зямлю...

ЗЯЛЁНАЕ МОРА


Гадоў малечых зялёнае мора,
Зялёнае ад неакрэсленай мары,
Зялёнае ад зялёнага сена,
Якім быў сяннік напханы.
Бывала й цёплым зялёнае мора,
Калі прачынаўся «марак»,
У якога
Пытаўся раніцай голас ласкавы:
— Як спалася,
Ці суха ўсталася?
І каб не лавілася рыбка ў пасцелі,
Малому давалі адломак кілбаскі,
Прытым з завязкаю
З ніткі суровай.
Зялёнае мора i ў лузе й на ўзлеску.
А потым жаўцела зялёнае мора
Ад збажыны ды кляновага лісця.
І ўрэшце белым рабілася мора
Ад снежных выдмаў на лузе й на ўзлеску
І на галаве дзьмухаўцовападобнай.
Але заставалася мара зялёнай,
Як перадзамаразкавая атава,
Як вочы ў ката,
Пра якога аднойчы
Сказала мая лапатлівая ўнучка:
У ката Мірона чорнага, быццам
Вочы зялёныя, як агуркі.
Са школы ведаем пра хларафіл,
А што пра зялёнае мора ведаем?
Пакуль нам зялёным
Бачыцца небасхіл,
Датуль мы яшчэ неўзімелыя
Летуем.

АПОШНЯЯ РАДНЯ


Вочы кажуць, што ўжо не тут,
Там яна,
Дзе ні смутку, ні страху.
Цень свой цяжка кінула ў кут,
Як даношаную апранаху.
Што там бачыцца ейным вачам?
Дзе прытулку душа шукае?
Мулка памяці.
Зябка плячам.
Чэзне. Гасне. Змаўкае. Знікае.
Колькі з вечнасці тых імглін
Ёй адведзена на развітанне?
Ветах, як падгарэлы блін,
Гаспадыні ў вакно світае...

РАДАЎНІЦА


Радаўніца...
Радавацца ці не таму,
Што радоўку тлумную адбываеш,
Што паклоны апошнія адбіваеш
Гасцяванню зямному свайму.
Радаўніца...
Рада ніца чало
Нахінуцца да ціхага ўзгорка,
Дзе палын прачынаецца горка,
Каб самоту ўбакі павяло.
Радаўніца...
Радавод даўніну
Цёмнымі апаўе каранямі.
Цень забытай душы акрыяе,
Абапершыся на труну.

ПРЫХАДЖАНЕ


У апаганены касцёл
Прыйшлі зялёныя паганцы —
Дзядоўнік, крапіва, а сот.
І не падумалі вагацца —
Так і ўраслі ў свянцоны дол.
І множацца сабе штогод
Ці прыхаджане, ці прыгнанцы.
Храм стыне з босай галавой
Пад чарапіцаю хмурынак.
Мітрэнга ў марнасці муроў
Знайшла апуджаны прыпынак.
Зарос трывогаю спакой.
Ірдзеюць, як Хрыстова кроў,
На сценах гронкі арабінак.

ЯК АСОТ...


Як а сот, я ў зямлю сваю
Так урос
І калюча й балюча,
Каб не дацца вырваць прыблудам.
Як мароз,
Я пяшчоту сваю таю.
Аблачына ўздымае,
Як круча,
Свенціць иудам
Над брудам.
Над хлудам...

HE


Вада з вадою не зліваецца,
Ліецца кожная сама.
Бяда бядою даганяецца,
Спяшаюцца, дзе іх няма.
Выгодзе веснавой выходзячы,
Вада ўцякае ў халады.
Бяда, з вады сухой выходзячы,
Губляе мокрыя сляды.
Бяда да шчасця хітра лашчыцца,
Бядзе сябе самой шкада.
Калі вадзе жывой заплачацца.
Не ўчуе мёртвая вада...

KPOM


Як навалачкі на ладушках старых,
Праношваюцца на небе хмары.
З абломкаў храмаў старых
Узводзяцца новыя храмы.
З аблокаў аглухлых крыг
Разводдзе бярэ ахвяры.
На вёрсты мераюць крык,
Цярпенне важаць на грамы...

СТАРЭЕ ДЗЕНЬ...


Душа прагоркне ў палыне.
Сон абначуе за барамі.
А голас мамін будзе мне
Гучаць,
Нібы малітва ў храме.
Маўчыць, як цень, мой страх.
І вір
Смяецца сінімі губамі.
Старэе дзень.
І рыдаль жвір
Не сыпле ў рот бяззубай яме.
Яшчэ пярун сябе кляне.
І рана зачыняцца браме.
А голас мамін ува мне
Гучыць, як у забытым храме...

ЗМЕІ АГНЮ


Галоўнае — не азірнуцца,
Каб прысак не разварушыць,
Да вогнішча не прыгарнуцца,
Што змеямі агню кішыць.
Агонь спаліў мае аблокі,
Хмурынкі хмарамі зрабіў.
Мой спапяліў спакой далёкі
І ў небе позірк мой згубіў...

БЫЦЬ!


Быць Беларусам —
Гэта значыць,
Свайго ні гуку не забыць,
Усё чужое перайначыць,
Каб Беларусі вечнай быць!
Быць Беларусам —
Гэта значыць,
Вясёла з сумнай долі кпіць.
Да Бога сцежку верай значыць,
Нагбом з карца надзеі піць.
Быць Беларусам —
Гэта значыць,
За родны Край згараць на дым,
Па-беларуску чуць i бачыць
На гэтым свеце i на тым.

САГА


Трамвай піша сагу.
Маўчыць знямога.
Нервовыя рэйкі
Дрыжаць за аўтара.
Настрой пытае
Сябе самога:
Выходзіць
На гэтым прыпынку
Ці заўтра?

НА ПАРУКАХ У НАСТАЛЬГІІ


Я даўнiм стаў, як вальс,
Што быў сыграны
Аднойчы некім i не для мяне.
І сажалак зялёныя экраны
Hi мой адчай, ні сум не скалыхне.
Я ўзяты настальгіяй на парукі,
Дзе тыя рукі, ўдзячныя мальбе?
Мелодыя забылася, і гукі
Пайшлі ў нябыт,
Каб там знайсці сябе.
Ці ўзнагароджаны, ці пакараны
Тым успамінам, што жыве i ў сне?
Я стомлены, як вальс,
Што быў сыграны
Аднойчы некім.
Ды не для мяне...

НЕПАЧУТЫ


Ён прадбачыў, прадказваў, прарочыў.
Ён душою крычаў. Ён маўчаў.
Ён з дарогі на сцежку не збочыў.
Ён глухім дараваў, выбачаў.
Пілнаваўся святых запаведаў:
Не рабуй!
Не няволь!
Не мані!
І гукаў прачынацца, і ведаў,
Што ў адказ палятуць камяні.
Здрада й подласць за ім цікавала,
І нянавісць ішла крок у крок.
І на ўсё ў гэтым свеце прыстала
Паглядзеў
Непачуты прарок.

БЕЛАРУСЬ — ТЫ МОЙ СОН ВЯЛІКОДНЫ


Беларусь — ты мой сон вялікодны.
Сон, што сніцца анёлам вясной.
Зрок і слых мой табою галодны,
Дух жыве мой табою адной.
Гэта ведае неба ды мама —
Без цябе не бывае мяне.
I душа жыць не можа без храма,
Цяжка ёй у чужой старане.
Адусюль да цябе я імкнуся
Быць у шчасці з табой i ў бядзе.
Чысцінёю тваёй прычашчуся,
Сорам твой на мяне хай па дзе.

ПРЫЦЕМКАВАЕ


Калі сцямнеецца ў душы i ў хаце,
Прыходзяць вершы, як пазныя госці,
I маняцца застацца на начлег.
Я ix прашу:
Мой сум закалыхайце,
Маёй жа мне пазычце весялосці,
Якою грэўся яблыневы снег...
Саджу на чысты кут i нетаропка
За чаркай звечарэлага ўспаміну,
Як дома колісь, з імі гаманю.
Парой гамонку перапыніць кропка.
Сказ нецярпліва выпрастае спіну.
I рупіць рыфме ўкрыўдзіць цішыню...

ХАЦЯ Б...


Калі мая трывога спала,
Калі калоссе налілося
Тугой?
Сказаць я не бяруся.
Як нарадзіцца не прыпала,
Хаця б памерці давялося
У беларускай Беларусі...

САМOTHЫ ВОЎК


Былі ваўчыныя вяселлі.
Руя халодная была.
Сябры траплялі ў пасткі,
Пселі.
На голад не хапала зла.
І неаднойчы быў жанаты.
Не звык i плесціся ў хвасце.
Былі ваўчыцы й ваўчаняты.
Канала здобыч на хрыбце.
Гаспадару зірнуць у вочы,
Чыіх авец перацягаў,
Не дазваляе гонар воўчы.
Дасюль чуваць сабачы гаў.
Поўсць пасівіў нахабны іней.
Сцяжкоў чырвоных крык замоўк.
І ў полі волю гаспадыняй
Адну прызнаў
Самотны воўк...

АДПУСЦІ...


Падраслі ў Каліпсо сыны —
Гэта ад Адысея яны.
Плачуць вінаградныя лозы.
Дый салодкія іхнія слёзы
Не салодзяць горкай віны.
І мінае ўжо сёмы год.
Ані радуе ўтульны грот.
Каліпсо ўся ў празрыстым, срэбным.
(Дома ўсё даражэйшае ў зрэбным.)
Сум паўзе.
Як у цемры крот.
Чымся хвалі чужыя пасці,
Лепей на радзіму паўзці.
Ад самоты й гара лысее.
— Каліпсо, адпусці Адысея, —
Зеўс загадвае, —
Адпусці!
Ці сандалі з гранітных пліт,
Ці марудна ладзіцца плыт.
Ці ў дарогу грузяць замнога.
Што ж так стрымлівае сівога
Адысея
Спакойны міт?

ВОЧЫ ВАДЫ


Вочы вады,
Як вочы вады,
Не разгледзіш зналопу, з наскоку.
Вада
Не абмінае хлуды,
Сцежку сцежачы ўпуду ды уроку.
Вáда
Выцягне звады з вады
I з маны рызманы асцярогі.
Як свае не ўпілнуеш сляды,
Завядзе да бяды ў расцяробы.
Волас у ведзьмара з барады
Бервяном
Здасца прыцемным лядам.
Зашаптаныя вучаць брады -
З вадай не сустракацца паглядам.

НЯВОГЛЯДДЗЮ


Застолле шумнае гуло,
І ў шуме тым жыццё мільгнула,
І лёгкім поміргам міргнула —
І маладога павяло.
І завяло ў ружовы змрок.
І ап'яніла й паланіла,
І знікла ранішняя сіла,
І сум сустрэўся як знарок.
Ідуць вясёла халады.
Час развітацца з даўнім шумам,
Пачціва павітацца з сумам
На ўсе астатнія гады.

ЖАДАННЕ


Нябыт абыякава ўсё праглыне.
Я цешыцца
Марнай надзеяй гатовы,
Што нехта захоча
Сказаць пра мяне:
Ён быў на паслугах
У матчынай мовы.

КАБ ТОЛЬКІ...


А нашае жыццё
З святла i змроку.
Перапялёса лес
Пляце кашы.
Каб толькі ў змрок
Ступіць i ў неўзнароку
Змаглі забараніць
Сваёй душы.
А на святле,
Бязлітасным i шчырым,
У Бога ўсе мы
Як на далані.
І рунню маладой,
І вечным жвірам
Жывуць не намі
Лічаныя дні...

ДАГЭТУЛЬ...


Дагэтуль
У снах я з аброву лячу,
Дагэтуль
Мне чуецца чаўкат дзічыны.
Праз гэтулькі год
Мне стаяць уваччу
Азяблыя вочы ў дзяўчыны.
Не ведаю, як,
А сагрэць ix хачу...

БАЯЎСЯ


Я прыйшоў да цябе праз неглядзь
Калючых вачэй,
Дападаў праз аблогі,
Дзе тупелi нарогі.
Я прайшоў у табе адлегласць
У трыста начэй
I аднаго баяўся —
Убачыць канец дарогі...

ЯШЧЭ РАЗ...


Барыс Пастарнак
Помняцца першыя словы твае,
Словы апошнія я не ўзгадаю.
Так, як смуга неўзнаку растае,
Ціха расталі,
Пайшлі за гадамі.
Мне не дагнаць ix.
Словы й гады
Рушыць у прочкі надумалі самі.
Дні дагарэлі,
Як дровы з грады.
Сподзеў вазіў
Гэты дровы вазамі.
Болей не грэў нас
З песні камін.
Здаўся на яблынях наквеццю
Шэрас.
І, адыходзячы ў мой успамін,
Мусіла ты
Азірнуцца яшчэ раз...

РАБІНАВАЯ НОЧ


...Пустка лушчы...
...Пастка пашчы...
...Малюнак маланак...
...Варыяцыя вар'яцтва...
...Муры мары...
...Страха страху...
...Крокі крыку...

А ЯК ЖЫВЕЦЦА...


А багатая душа не скупая
Ні на шчырасць,
Ні на неспакой.
І ніхто у яе не запытае:
Як жывецца табе самой?
А багатая душа маладая,
Бо старэць ёй няма калi.
А багатая душа галадае —
Не пякуць ёй хлеб на зямлі.
І багатая,
А па-жабрацку
Ходзіць з торбай пустою адна,
Каб было куды зорам сабрацца.
Толькі торба не мае дна...

ГЛУХІЯ ПАСТУХІ


Ідуць праклёны не на лес сухі.
Каб пляскаць радасці,
Не хопіць ладкаў.
Нам аддаюцца нашыя грахі
Праз нашых
Неўсвядомленых нашчадкаў.
У старасці глухія пастухі.
I самапасам ходзяць
Думак статкі.
I самі па сабе
Жывуць грахі.
I нас не хочуць заўважаць
Нашчадкі...

ПРА ШТО ДУМАЕ КАМЕНЬ


Неба кідае думкі не на абразу,
Ды ад жаху згарэць у зямной мітусні
Камянеюць нябесныя думкі адразу,
Перакідваючыся ў камяні.
І, задумаўшыся, не варухнуцца вякамі
Камяні —
Незразумелыя мысляры,
Ix маланкі гарачымі грэюць рукамі,
I напрошваецца туман у сябры.
Ім спакою стае, як лагоднага моху.
Толькі более іхняй маўклівай радні.
На зямлі, што як падчарка небава,
Могуць
Вольна думаць
Бадай што адны камяні...

НЯЎСЦЕРП


А часу нецярпіцца як хутчэй
Украсці ў века маладосць
І прыгажосць у маладосці.
Ажно маланкі бліскаюць з вачэй.
Час, ён у гэтым свеце
Толькі госць.
Яму няўцям, што сам
Старэе ад зайздросці...

ЧАКАЕ ВЕРШНІКА...


Пад зялёнай бярэзінай
Белы конь
Адпачывае ад хамута i плуга.
Чарэмха цвіце.
Пахне раніцай з луга.
Зямля халодная,
Як нябожчыкава далонь.
Небасхілу
Б'ецца крыніца ў скронь.
Нервы ў травы напятыя туга.
Ра чулка дрыжыць,
Як блакітная пуга.
Чакае вершніка
Белы конь...

З ДАСВЕЦЦЯ...


Спалілі воск Дзідалавы грахі.
Не сонца абяскрыліла Ікара.
За лабірынт, да літасці глухі,
За аднакрэўніка нагнала кара.
Зірк цяжка адарваць ад хмарных крыг.
Яшчэ й да неба не прывыкла шыя.
З дасвецця вечнасці віну старых
Парыўна выкупляюць маладыя...

РЫЗЫКУЮ


Злом нявечаны, любосцю пешчаны,
Гадаваны цнотай і абразаю,
Гэты свет
Мне Богам запавешчаны,
За яго, пакуль жыву, адказваю.
Не набыў я нáбыці для спадчыны,
І не маю куфра кутавекага.
Гэты свет,
Вачмі маімі ўбачаны,
Рызыкую пакідаць на некага.
Як запалкі ад малога некалі.
Ад мяне памалу ўсё прымаецца.
Страшна разлучыць з маёй апекаю
Гэты свет,
Што за мяне трымаецца...

ВІДАЦЬ...


Відаць, мне цяжка будзе памірацца,
Бо неяк лёгка да жыцця прывык,
І змоўкне смех —
Мой кеплівы дарадца,
І здзівіцца з сябе самога крык.
Я цішыні пакрыўджуся на стому,
Кіўну на развітанне гамане.
Ды як я буду паміраць, нікому
Ўсё гэта нецікава.
Як i мне...

ДЫМ


Хоць дым умее гаварыць,
Не скажа, што яму гарыць.
Агонь глядзіць вачмі рудымі.
Дым спавівае небакрай,
Да рогу ў пекла,
Сцежку ў рай.
Цяплей дрыжыцца
Зорцы ў дыме.
Жыццё гарыць, а дым жыве
І ў ногі сцелецца траве.
І пагарэльца мроі прыме,
Хто мог пераканацца ў тым,
Што ўсё на гэтым свеце —
Дым.
І не відаць нічога ў дыме.

ДА ПАРТРЭТА МАРКА ШАГАЛА


І засланяецца ён вачыма
Яшчэ блакітнымі,
Каб нікому
Убачыць было немагчыма
Маркоту ягоную й стому.
Сканчаецца справа зямная...
Не дбае мастак пра надзелы...
Самога сябе ўспамінае,
Самотны,
Як космас ссівелы...

МАЛАДОЕ BIHO


Маладое віно
Хмеліць па-маладому.
Маладое віно
Маладое душой.
Маладое віно
Не даводзіць дадому -
Спаць да дня пакідае
На падушцы чужой.
Маладое віно
Цвеліць па-маладому,
Пазлачаначка-чарачка
Светлае дно.
Не даверыць нікому
Салодкую стому —
Толькі ёй i яму —
Маладое віно!

ДЗВЕ САМОТЫ


Смірэць звыкаюцца залёты.
След паўтарыць не хоча след.
Дзве незалежныя самоты
Шануюць свой нейтралітэт.
Глушэюць памяці сумёты.
Радзеюць радасці лясы.
Дзве незабытыя самоты
Былыя чуюць галасы.
Ружова бачацца закоты.
Сцяжына туліцца наўсточ.
Дзве вечаровыя самоты
Лагодна падаюцца ў ноч...

НАДПІС


Хоць эпітафію маладосці
Пісаць нязвыкла,
Ды я пішу.
Світальныя леты —
Залётныя госці,
Перад зімавеем сагрэйце душу!
...Сваімі лічылі гарышчаў салоны.
...Куляў
І куляўся з бяседных лаў.
...Пал загараўся,
Што куль саломы.
...Лічыў,
Што Пегаса я падкаваў.
...Кахаў шалёных,
Быў сам шалёны.
...I Бахуса ў бараду цалаваў.
P.S.
Я разумею, што маладосці
І ў эпітафіі цесна,
І ў тосце...

ВЫЛУЧНА БЕЛАРУСКІ


Вылучна беларускі сапраўдны
Ён, звычай,
Звечны святымі святамі,
Каб са жніва
Пакінуць на Дзяды
Галодным птушкам
Каласкі з зярнятамі.
Каб памянулі птушкі заадно
Высокіх продкаў.
Звонку звонка зябнучы.
Змяркання маразянае віно
Не хоча вылівацца
Ў прагнасць зяп начы.
Сухі дзядоўнік, як ахвярны дуб,
Бражджьшь дуддзём.
Апанаваны шэранню.
І чуб дзядоўніку мароз даскуб.
А на Дзяды
I змрок куццёй вячэрае.
Запяўшы хмараў шэрае радно,
Нябесны гаспадар сузор'е вешае.
Не птушкі прыляцелі пад вакно,
А душы прашчураў —
Вястункі вешчыя...

РЭКВІЕМ


На Палессі буслы не заводзяць сям'i.
На Палессі буслы бабылямі.
Цені счахлыя ходзяць
Па стахлым куп'і.
Чарнабыльнік пыхліва буяе.
Ветраком
Адхрысціцца ад наслання
Спрабавала былая сядзіба.
Толькі аблачанятка, як бусляня,
Праплыло над ёй чырванацыба...

СЦЮДЗЁНА


Сябры ў прыцішаным чаўне
Плывуць памалу ў праайчыну.
Што будуць сніць
У вечным сне
Пад дахам цёмнага спачыну?
Чакаць умее
Гэны край.
Развітваючыся, дарэчы
Замест рахманага «бывай»
Сказаць сцюдзёна:
«Да сустрэчы...»

ДУМАЮЦЬ...


Смяецца рэхам цішыня.
Рачулка журыцца прытокамі.
Маўчыць вірамі глыбіня.
Нябёсы думаюць аблокамі.

КАЛI АПОШНІ...


Калі апошні беларус
Апошні дзякуй небу скажа,
Туга на сэрца Богу ляжа
I ўсцешыцца прыблудны хлус.
Бог i спахопіцца тады,
Што цягавітых не хапае.
На ласку й так зямля скупая,
I свет такі немалады.
Заселіць Беларусь наноў
Бог беларусамі такімі,
Што будуць на сваёй радзіме
Панамі без чужых паноў.
Край продкаў родны нездарма.
Душа без мовы — сіратою.
I вольны помніцьме пра тое,
Што шыі мулка ад ярма...

ВЫГНАНЕЦ


Ён толькі зрэдку ў забытым сне
Ды ў думках ласых бывае дома.
Чужое ўсё ў чужой старане.
Адно што родная толькі стома.
Здаецца смехам ягоны плач.
Па свеце гоніць дакораў зграя.
I вочы выцалуе крумкач.
Як роднага,
Прыме зямля сырая.

УЗАЕМНАСЦЬ


Свая ў жыцця з нябытам камерцыя.
Ратуе свет сябе творчай працаю.
Паэму інтымную дапісвае радыяцыя
Прыдворная паэтэса ў смерці.

ЖЫВУ...


Толькі ў сне я жыву цяпер,
Там бяда бядзе спачувае,
Там радня мая ўся жывая,
Незнявераны мой давер.
Шкадаванню там мейсца ёсць,
Там няблага ў застоллі грэцца.
Там вяртаюцца, каб сустрэцца,
I маленства, i маладосць.
Пасівелыя груганы
Там мяняюць пер'е на цені,
Што забылі свае найменні,
Каб прыходзіць маўкліва ў сны...

БЫЎ ЯБЛЫК...


У першасвеце на пачатку самым
З далоні шчырасці піла пчала.
Быў райскі сад,
I быў я ў ім Адамам,
Ты, адпаведна, Еваю была.
Меў смеласць страх,
І сорам быў пры сіле.
Быў дзень, як год,
І ноч, як дзень, была.
Мы забаронны яблык надкусілі
І падаліся ў госці да святла.
Аціхлася лісцёвая залева,
Сцямнелі пад вачмі віроў кругі.
Цяпер я не Адам i ты не Ева.
A доўг расце.
Быў яблык дарагі...

БОСАЯ ЗОРКА


Зорка босая йшла па зямлі.
Я хацеў ёй купіць чаравічкі.
Толькі як згаварыцца,
Калі
У яе незямныя прывычкі.
Зорка босая йшла па расе,
І сляды яе не астывалі.
І вятры слугавалі красе.
Халады ад яе адставалі.
Зорка босая йшла нацянькі,
Бо спазніцца баялася дужа.
Дзе ступала, цвілі васількі,
Дзе стаяла, ўсміхалася ружа.
Зорка босая йшла ў тумане
Кладкай зыбкай над хітрай вадою.
Зорка босая йшла да мяне.
Каб аднойчы назвацца табою.

АКРАМЯ...


І калі ў нас нічога не будзе,
Акрамя вады i агню,
Я напоўню пяшчотай грудзі,
Небасхіл да сябе прысланю.
I цябе да сябе прыхіну я,
Як галінку агонь малады.
Дождж тады
Да цябе прыраўную,
Што стулае ў твае сляды.
Мроя ў радасным перапудзе
Свой згадае забыты след.
I кал i ў нас нічога не будзе,
Будзе ў нас як сусед
Сусвет...

КАЛЫШЫ...


«Я табе сяброўка і сястра.
Я табе ўжо болей не каханка...» —
Пазваніла мне накаванка.
Пасвятлела позняя пара.
Праз гады спаткаў мой смутак
Тую,
Што вяла мяне праз пекла ў рай.
Як ты забыццю ні патурай.
Ад сябе самога не ўратуе.
Гэта ужо як быццам калыханка,
Ад якой бадай што спаць пара.
Калышы, сяброўка i сястра,
Ашукай, як шчырая цыганка...

РАМАНС


Я Вас чакаў з вясны да сівізны.
Як вечны вязень раніцу чакае.
І Вы прыходзілі парою ў сны.
Далёкая, як зорка трапяткая.
Я Вас шукаў як не на ўсёй зямлі,
І ў кожнай маладой неразгаданай
Вы, ўзнёслая, былі і не былі,
Плылі ракой, разводдзем разгайданай.
Я Вас гукаў, i голас мой змаўкаў
Перад красой, нябачанай вякамі.
Ішоў за Вамі ценем, —
Цень знікаў,
І словы захаплення замаўкалі.
Я жыў чаканнем i цяпер жыву
Надзеяй, што сустрэну хоць зімою.
Хілю заснежаную галаву
І дзякую за веснавую мрою...

ПАЭМА


Мне цябе не стае
Тае...

АДМЕТНАСЦЬ


Восень смелая ў непаўторных.
Позняя ў самавітых зіма,
Лета шчырае ў незабытых,
У адзіных вясна здагадлівая.
Час гады меле ўпрытайкі ў жорнах.
Млынару супачыну няма.
Мліва сее на частых сітах
Старасць
Ды на сябе паглядвае...

ГОЛА...


Дрэву перасаджанаму гола
У чужой маркоце й цішыні.
Хай галіны й зашумяць вясёла,
Сумна дол свой
Помняць карані...

УСЁ, АПРОЧ...


Прыядаецца ўсё,
Апроч
Лусты жытняй
Ды бульбы сопкай.
Радасць скача апошняй стопкай
Перад тым, як кульнуцца ў ноч.
Праядаецца ўсё,
Апроч
Імені свайго i ўспамінаў.
Той, хто засветла свет пакінуў,
Рэху не згадае:
Кроч!
Прыглядаецца ўсё,
Апроч
Неба ды аблічча матулі.
Хто згубіўся ў агульным гуле,
Хай пілнуецца родных воч...

БЕЛЫЯ СЛЁЗЫ


На нічыйных гарадзкіх дварах,
Быццам сны ў разбураным Сезаме,
Па сваіх былых гаспадарах
Вішні плачуць
Белымі слязамі...

СПАГАДА


Кат звяртаўся да сваёй ахвяры,
Ha спагаду маючы надзею:
— Гэта я пакутую ад кары,
Я — ахвяра,
Вер мне, дабрадзею.
Потны, слізкі ад крывавай працы,
Болей сам, здаецца, дыхаў страхам.
І цікаўнасць дыхала на пляцы,
І сачыла за скупым узмахам.
Кат. відаць, спазняўся на вячэру.
Кат спяшаўся да сям'i, дадому.
І няшчасны папрасіў сякеру —
Галаву адсек сабе самому!

ПАДСПУДНАЕ


Вандроўнаму часу спіну балесна
Горбяць аблокаў летуценныя клумкі.
Каб з клетак мозгу выпусціць думкі,
У небе ад птушак зрабілася б цесна.

ШТО?


Абняла агонь несутрымны
Так Венера Мілоская —
Аж
Абязручыла,
I наўсцяж
Паплылі закаханыя гімны.
У часіну людзкога прыбою
Кожны хоча быць на плыву.
Ніка страціла галаву,
Дажынаючы поле бою.
Льга, відаць,
Запытацца у Бога,
Што вядзе жыццё па жыцці,
Ці мілосць бязрукая,
Ці
Безгаловая перамога?

ДА СЛОВА


Да слова бруд не прыстае,
Бо слова незямнога кшталту.
Яму нябеснасці стае.
Каб быць
Непадуладным гвалту.
Ствараем слова, ці яно
Нас, недаствораных, стварае,
Так золь дабельвае радно,
І гоіць боль зямля сырая.
І колькі часу ні сплыло б,
Назвацца хоча ўсё нанова.
І думка свой гарачы лоб
Халодзіць даланёю слова.

ЗЯЛЁНАЕ


I сёння, i заўтра, й калісьці
Шумецьме, шумела, шуміць
Зялёнае смелае лісце,
Каб шумам самоту стаміць.
Шукаючы з цемрыва выйсця,
Шумецьме. шумела, шуміць
Зялёнае плённае лісце,
Каб позірк пакуце прыцьміць.
Чакаючы восені прыйсця,
Шумецьме. шумела, шуміць
Зялёнае, соннае лісце.
А цень нецярпення грыміць...

АДЗІН


Няма да каго прыхінуцца душою,
Нікога наўкол няма,
Душа свая часам здаецца чужою,
Не чуе сябе сама.
Спадаюць дні,
Быццам з дрэва сучча.
СПлываюць ільдзіны дзён i гадзін.
Адзін прыходзіш на свет калючы
І адыходзіш — адзін.

KAЛІ Ў ВУШАЧЫ НАЧАВАЎ НАПАЛЕОН...


Калі ў Вушачы начаваў Напалеон,
Ноч ліпеньская ў асалодзе млела.
Спакой трывогу браў
У свой палон.
Вушачка-рэчка ў туманах мялела.
Раскручваў жорны часу
Мулкі млён.
І выдумлялі вецер ветракі.
І ратуша драўляная старэла.
І ў неба на кашулі васількі
Да раніцы ўсміхаліся нясмела.
І сон ішоў з Парыжа нацямкі.
Да імператара патрапіць
Хоць бы ў сон
Паненкі мроілі, ажно не спалі.
Мілосць здавён —
I эшафот i трон.
I жарсць падумак смелых
Кралі кралi,
Калі ў Вушачы начаваў Напалеон...

ВЯРТАЮЧЫСЯ...


З вушацкае песні
Пад досвітак вяртаюся з карчмы,
З карчмы жыцця,
Hi п'яны, ні цвярозы.
Яшчэ ў душы
Віюць гняздзечка крозы,
А ў галаве не цішацца грамы.
На панібрата піў са мною час.
Плыла вясёла чарачка, як хмарка.
I доля —
Захмялелая карч марка —
Мне налівала ўкоптур i не раз.
Было,
Што зблізку бачыў салаўя,
Ды болей дзён
Пражыў пад крумкачамі.
Не дасыпалі сны мае начамі,
Каб у карчме
На ўсё забыўся я...

АРЭЦ


Цёплы клопат мяне бядзіць.
Як патрапіць у песню,
Дзе
Сіў арол сядзіць.
На ваду глядзіць,
Веташок плыве па вадзе.
Дзірваны ўзараў
Той арол-арэц
Сівых аблачын,
Туманоў.
Перуну прайграў
З вышынёй гулец.
Пагубляў арол
З сініх сноў
Сыноў.
У таго арла
Клопату па гарла,
А сцюдзёны клопат.
Як лёд.
Пасівець арлу
Памагла імгла.
Веташок на сход,
А туга на ўзлёт...

УНІЯТКА


У вачох начлежыцца зара,
Вечная кунежыцца загадка.
Мудрай паслухмянасці сястра.
Апякунка шчырасці — ўніятка.
Незямное робіцца зямным,
I чужое просіцца ў вышыні.
Клопатаў надзённых цёмны дым
У маршчынах небасхілу стыне.
З плыткай далані маладзічка
Светла нашчыцца замілаванне.
Уніятка — вернасці дачка
Усміхнецца —
Свет раднейшы стане...

ВЯРТАЕЦЦА...


На Беларусь вяртаецца Бог.
Беларусы ўспомнілі,
Што яны беларусы.
Трыпутнік аблудны
На раздарожжы пасох.
Бязвернікі ўжо не пнуцца ў Ісусы.
На Беларусь вяртаецца Бог.
Вера абражаная рунее.
За саломінку променя
Хапаецца лёх.
Наваселіцца
Ў душы знелюдзелай надзея.
Ступакамі кайнасці
Стоптваецца парог
Невідочнага незямнога палаца.
На Беларусь вяртаецца Бог,
Не спяшаючыся вяртацца...

БІБЛЕЙСКІЯ БАЛАДЫ


Ной
І першы крумкач вылятаў з каўчэгу
Зірнуць. ці паменеў патоп,
А пасля
Галубка, бялейшая пер'ем ад снегу.
Л я цела глядзець,
Ці падсохла зямля.
Усё, што крыляла, паўзло, капыцела,
Бы ў хісткай калысцы,
У каўчэгу жыло.
Душа пакідаць не спяшалася цела.
Усмешка да часу таіла святло.
І Ной быў падпаскам
У Бога самога
Ці першым царом у дзяржаве жыцця,
Дзе крыўдзіць ніхто
Не жадаў анікога,
І гад быў рахманы, як тое дзіця.
Трымаўся каўчэг
На хрыбціне ў патопа.
Драмала дабро
Ля нявіннага зла.
Яшчэ маладая была Еўропа,
I Азія смуглай яшчэ не была.
Абсяг захлынаўся
Ў нахлыне i ў гуле.
I хваля вучылася глыбы глушыць.
Усё дапатопнае воды глынулі,
Каб пасляпатопнаму
Зноўку грашыць.
Калі з зялёнай галінкай алівы
Галубка вярнулася ў цесны каўчэг,
Смялеў Ной маўклівы,
Святлеў свет цярплівы
I час не спыняў свой імклівы бег.
Сорак год
I вадзіў сорак год Maсей
Па пустэльні народ свой цярпліва.
I загадваў змроку: лысей,
Прыручыўшы за дзівам дзіва.
На чарэнь пустэльні расой
Ападала з нябёсаў манна.
Спавіваў вінаграднай лазой
Смяглы прыпар тугу старанна.
Перапёлкі густой чарадой
На вячэру самі ляцелі.
I расло пад цяжкой ступой
Ад нясцерпнае стомы зелле.
I Масей у скале скупой
Посахам высякаў крыніцу.
Дым ахвярны, як супакой,
Мусіў Богу прыемна віцца.
I ў Егіпет хацеў не раз
Знецярпелы народ вярнуцца.
Рабскія ланцугі якраз
Не даюць душы развінуцца.
I Масей сорак год блукаў,
Каб знявер'е ступіла кіпці,
Каб апошні ў пустэльні сканаў
Той, хто помніў рабства ў Егіпце.
Кайнасць
Ціхі Авель авечак пас,
Каін, брат яго, земляробіў.
Кожны Богу свой дар прыпас
I паклонам зямным аздобіў.
Бог прыняў ад Авеля дар,
Авеля прыхінуў,
А ў брата
Не прыняў дар Усеўладар.
Каін i запытаў вінавата:
— Мой чаму не прыняты дар?
Я прынёс, што зямля ўрадзіла.
— Калі чыніш дабро, дык твар, —
Бог сказаў, — не ўнурай паныла.
Як не чыніш дабро, ў дзвярох
Грэх ляжыць.
Да яго цябе цягне.
Каін крыўду змагчы не змог
I завяз у помслівай багне.
Цёплым полем браты ішлі.
I ляжаў там закляты камень.
Каін камень падняў з зямлі,
I забіў свайго брата Каін.
Бог пытае:
— Дзе брат твой знік?
— Я не ведаю, — Каін кажа, —
Хіба ж брату я вартаўнік?
Гэта ўжо не мая прапажа.
Бог сказаў:
— Чую голас крыві.
Што з зямлі да Мяне гукае.
Валацугай цяпер жыві
I выгнаннікам з небакраю.
І дасюль на Месяцы ўсе
Бачаць цень чалавека гарбаты.
Гэта брата за плеччу нясе
Каін,
Богам навек пракляты.
Мусіць ён да сканчэння дзён,
Хілы раб свайго сэрца злога,
Несці братазабойчы праклён,
Бо прылашчыў крыўду на Бога.
Спакуса
У сад Эдэмскі пасяліў Гасподзь
Адама голага й заўважыў ціха:
— Усё тваё.
А дно не падыходзь
Да дрэва ведання дабра i ліха.
З Адамам Ева голая была.
Слоў сораму не вымаўлялі вусны.
Цяпла ставала i было святла.
Але аднекуль выпаўз
Гад спакусны.
I надкусілі яблык сакаўны —
I сплыў туман з вачэй.
Не стала казкі.
I ўбачылі, што голыя яны.
Сплялі з лістоў фіговых папяразкі.
Бог выкляў гада, загадаў яму ж
Пыл тлусты есці i хадзіць на бруху.
I Еву вырак:
—Панам будзе муж.
У скрусе нараджацьмеш.
Слухаць скруху.
Жывіцца будзеш палявой травой, —
Сказаў Адаму, —
I карміцца з працы.
З зямлі ты ўзяты, станеш зноў зямлёй.
Ты пыл i пылам мусіш паўтарацца.
Бог выгнаў грэшнікаў з Эдэма вон,
Адзеў ix у адзежу скураную.
I кожны чалавек да скону дзён
Хітруе, спакушаецца, раўнуе.
Дык хто наслаў спакусу.
Гад ці Бог?
Хто Еву хітрым надзяліў імпэтам?
Калі б Адам спакусу перамог,
Ці мы былі б цяпер
На свеце гэтым?
Паломніца
Паломніца-зорка над імі ішла,
Вяла каралёў пакланіцца.
А зорка была з незямнога святла,
Як зерне з Гасподняй сяўніцы.
Яна ў Бітлеем каралёў прывяла.
I ў яслях Дзіцятка ляжала.
Хвала суцішала дыханне вала.
Спакора каня падкавала.
Хацелі пакінуць сябе валуны.
I ў цемры не гнулася выя.
У яслях світаў Нараджэнец зямны,
Над Сынам вачэла Марыя.
І скарбы паклалі Яму каралі —
І золата, й міра. й кадзіла.
І, ўкленчыўшы,
Іншай дарогай пайшлі.
Там іншая зорка хадзіла.
Укленчыць Дзіцятку прыйшлі пастух
Прапахлыя сонцам. вятрамі.
І ціха стаялі зямныя грахі.
І чуткі слязу выціралі.
Лес цёмны людзкі
Зарастаў i хлудзеў.
I зоркі ўзгараліся й гаслі.
Цярпліва спагадлівы Бацька
Глядзеў
На свет змаладзелы.
На яслі...
Тайная вячэра
Хто прадасць Яго,
Ведаў Хрыстос,
Ведаў, i за якую плату.
Ведаў, што нецярпелася кату,
Што спяшаўся здзейсніцца лёс.
— I адзін з вас здрадзіць мяне,
Ён сказаў.
І вучні маўчалі.
І падказаў:
Хто са мной мачае
Ў місе зараз руку ўцямне.
— Ці не я, Раббі? —
Юда спытаў.
— Ты.
Пасля паламіў букатку:
— Ешце цела маё даастатку,
Піце кроў,
Што за ўсіх аддаў.
Недзе заскавытаў скавыш.
І закончылася вячэра.
Маладая мужнела вера.
Выйшаў з хаты
Свой несці крыж...
Просьба
На ўсіх хапала сляпых цвікоў
I не хапіла відушчага жалю.
Апоплеч Хрыста
З абодвух бакоў
Двух разбойнікаў укрыжавалі.
I, жэрабя кідаючы,
Хутчэй
Вопратку падзялілі жаўнеры.
I аблачынка ў Хрыста з вачэй
Піла слязіны балючай веры.
І падавалі воцат Яму,
Каб смагу прагнаў,
І кпілі:
Усіх ратаваў Ён,
Тады чаму
Сябе ўратаваць
Не ў Ягонай сіле?
Адзін з разбойнікаў
І папрасіў Яго,
Дабываючы сваю прыжыццёвую кару:
— Як прыйдзеш да Гаспадарства Свайго,
Успомні мяне. Спадару.
І пачуў:
— Кажу табе сапраўды,
Сёння будзеш са мной у раю.
Абыякава йшлі гады,
Гналі перад сабою людзкую зграю.
Змяркаўся ціха ў разбойніка зрок.
Свае аблогі імгла займала.
Да пекла шлях
З крумкачыны крок,
Да раю —
Жыцця зямнога замала...
Перамога
Не стылі доўга на крыжы цвікі.
Ісуса пахавалі на гародзе,
Каб узышоў у чалавечым родзе
Нанова Дух Ягоны на вякі.
І спавілі Яго, як немаўля.
І прывалілі каменем пячору.
І грузна камень лёг на грудзі гору,
Якім запаланілася зямля.
Калі да ўсходу сонца да труны
Прыйшлі
Марыя Магдалена й Маці,
З сабою ўзяўшы пахнасці ды масці,
Труну пустую ўбачылі яны.
I, камень адкаціўшы ад дзвярэй.
На ім сядзеў анёл.
Як бліскавіца,
Ён быў.
Дарма шукалі маладзіцы
Ісуса, не шкадуючы вачэй.
Анёл сказаў ім:
— Уваскрос Хрыстос!
Ідзеце й вучням
Гэта ўсё скажэце.
I паспяшалася світанне ў свеце.
I небу дзячліва ўсміхнуўся лес.
Дабро квітнела й камянела зло.
Як камень той,
Што глух каля пячоры.
Душа жадала звыкнуць да пакоры.
Жыццё сляпую смерць
Перамагло!

ЯРМО


Нелітасцю
Вяжа снапы вязьмо.
Не ласкай
Гнецца кашэль з лучыны.
Жаданае толькі адно ярмо
Ярмо Айчыны...

МОВА


Вяроўка, з ласкі звітая,
На якой
Ты можаш засіліць
Падступны смутак,
Разгубленаю рукой
Завязаўшы нямую пятлю.
Вяроўка, звітая з чысціні,
Якой
Залыгацьмеш чароды чутак,
Заганяючы ix у спакой
Непрыкаеным словам
«Люблю».

УСЁ ЖЫЦЦЁ...


Усё жыццё чакаць сябе такога,
Якога некалі прыдумаў сам.
Сваю журбу пазычыўшы лясам,
Не бачыць, як спяшаецца дарога.
Усё жыццё гукаць сябе былога,
Які аднойчы ўжо адчуў свой страх,
Ды, спанталычыўшыся на вятрах,
Пайшоўтуды, дзе грэлася знямога.
Усё жыццё шукаць сябе самога.
Які згубіўся недзе ў небыцці.
I ўцяміўшы, чаму маўчыць аблога.
За небакрай,
Як сам туман, ісці...

КАЛI ЦЯБЕ НЯМА...


Калi цябе няма,
Здаецца, усё не гэтак
Наўкол, i на душы, i ў небясі.
Маіх кароткіх дзён
Такі кароткі ветах
Падказвае: прасі яе, прасі.
Прасі яе даўжэй
Застацца ў прыпамінах
І ў снах хоць
Затрымацца як даўжэй.
А ты спяшаешся,
Нявінная ў правінах,
І я малю: набліжся, пабліжэй.
Далёкі бераг
Рэчкі першае сустрэчы,
I пад ільдом расстання
Бʹецца плынь.
I ў рыфму просяцца твае,
Твае, вядома, плечы.
Наіўны гэты верш на ix накінь.
Маю надзею —
Сагрэе...

ДВАЙНІЦА


Змяя —
Двайніца бліскавіцы,
Што пакахала зябкі змрок.
І гром,
Як малады прарок,
Даў блаславіцца і абвіцца,
Я к ля каханка, маладзіцы
Ля дрэва існасці.
Таму
Змяя і ўдзячная яму
І не зайздросціць бліскавіцы.

СУПАДАЮЦЬ


Тчэ чаўнок падвешанай калыскі
Часу суравое палатно.
Страх дрыжыць,
Якраз як хвост у пліскі,
Змераўшы ў рацэ нябыту дно.
Цемру тчэ чаўнок чаўна Харона,
Сцюжу скрухі тчэ чаўнок труны.
Супадаюць ценьмі крыж i крона
Дрэва бытнасці.
З яго чаўны.

ЦЁПЛАЕ ВЯСЛО


Крыло —
Як цёплае вясло
Нябёсам за святло служыла,
Хмурыны мокрыя сушыла,
Плыло i следам цень вяло.
Крыло шляхі вятроў мяло,
Пакуль аднойчы не абныла.
I пуставокае сіло
У неба бельміцца бяскрыла.

ШУКАЕ...


А бабка ходзіць,
Размаўляе з травамі,
Перапрашаючы, што ix ірве.
I называе йменнямі ласкавымі,
Хаваючы спагаду ў рукаве.
Пра нешта
Травы шэпчуцца з вядзьмаркаю.
Ix выслухаць хапае цішыні.
Яна плыве
З нябёсаў збеглай хмаркаю.
Я на й свае шукае карані.

КАБ ШАНАВАЎ...


Твой воблік — твой абраз, твая ікона,
З якой табе пабыць дазволіў Бог,
Каб ні перарабіць, ні збыць не мог,
Каб шанаваў штоночна i штодзённа.
У вечнасці, якая тлом зашклёна,
Папросішся пераступіць парог,
I забярэ тваю ікону лёх,
Ані зірнуўшы ўслед табе сцюдзёна.
Нясі з падзякай небу свой абраз,
Каб у лампадах воч агонь не згас,
Пакуль твой цень зямля цярпліва носіць.
Калі цябе, як сноп з палёў жуды,
Прытуліць з непрасохлых дошак восець,
Ікону возьме нехта малады.

НЕ МАЕ


Калі агонь патух
I вугалёў даволі,
Свабодны толькі дух.
Душа не мае волі.

ПАРАДА


Не шукай сваіх сярод чужых,
Роднымі не зробяцца чужыя.
I чужая йголка не прышые
Латку радасці да сноў былых.
Не губляй сваіх сярод чужых.
Згуба не вяртаецца дадому.
Ворагу, як i сабе самому,
Пажадай, каб гнеў.
Як дождж, аціх.
Марнай мрояй не трудзі свой слых,
Што гукнеш чужых —
I ты пачуты.
Хоць бы стала моцы на пакуты
Адшукаць чужых сярод сваіх...

ВЕРНАСЦЬ


Колькі ні смяяліся з варомы,
З голасу картавага не кпілі,
Падаў ейны цень
На лбы й на троны.
Седалам былі сукі i шпілі.
Свой убор да пер'іны варона
Ад часін паганскіх захавала.
Што ж за ёй дагэтуль падазрона
Сочыць чалавечая навала?
Хто вароне гнёзды разбурае,
Хто крадзе галюткіх варанятак,
Хто дурной варону называе,
Беспрабудна ходзячы ў вар'ятах?

ЧАС ВЫПАЎЗАННЯ ЗМЕЙ


Ведаюць час, калi
Выпаўсці з цемры варта,
Зябкія вугалі,
Страху сляпая варта.
Ведаюць, як i дзе
Выпусціць лепей джала.
Лютасць змяю вядзе,
Смеласці трэба мала.
Толькі абвіцца умей
Шчыра каля спажывы.
Час выпаўзання змей
Ціхі,
Таму й жахлівы.

І ЎГАВАРЫ...


Каб душа не збіралася ўпрочкі,
Залагодзь яе i ўгавары
Пацярпець яшчэ трошкі,
Дачакацца пары.
Як расчуліцца — паспагадае.
Шчыра просьбу сваю паўтары.
Бо душа маладая,
Ты, як вецер, стары...

ПРЫЗІМАК


Возера
Сярпом маладога лядку
Дажынае апошнія травы.
Бярозы надсмакаваныя туманом
Шурпацяцца неўзнаку.
Човен.
Зачэплены за сук каравы,
Глыбіню ўхаладзелую чуе дном...

НА НОВАЕ ТЫСЯЧАГОДДЗЕ


Мой смех i страх,
Працягнуты ў вякі,
Мае Каляды i мае Вялічка,
Мой цёплы сум,
Мой клопат гаманкі,
Мой ручаёк з крывіцкае ракі,
Расці смялей, унучка Дамінічка!
P. S.
Ca шчасцем сябраваць табе з рукі.

НЕ КОЖНЫ...


Хто ў легендзе жыве,
А хто кватаруе,
Плоцячы дорага за арэнду.
Не кожны ўмее легенду старую
На новую абмяняць легенду.

ЗВАНЮ...


Набіраю знаёмы нумар,
У кватэру званю.
З якое выехаў сябра.
І бьецца званок мой
Аб голую цішыню.
Як матылёк азяблы...

ПЁТРА


І прачыстае слова
Шалёную ведзьму карае.
Вывіваецца недзе ведзьма
На запаленым тут агні.
І на шыі з пякельнага жару каралі.
І смала закіпае ў кожнае далані,
І, як тымі гадзюкамі,
Разветранымі валасамі
Пнецца ў злосці прыпасці
Да збеглай зямлі.
Звар'яцелымі ведзьмінымі галасамі
Перахрыпла крычаць балючыя вугалі.
Увабраўшы ў сябе
Ўсе насланыя ёю хваробы,
Вугалёк, дагараючы,
Робіцца, як валун, цяжкі.
I да ведзьмы ейныя ўсе падробы
Вяртаюцца,
Ведзьму раздзіраючы на кузлакі.
Вугальком тым прабіць
Можна шыбу глухую
У вакнс, дзе заклён
Вяроўчыны цемрадзі ўе.
Слова хоча маўчаць,
I само ўжо шкадуе,
Што даверыла некаму таямніцы свае...

ПЁТРАЎ СОН


І расчынілася дамавіна.
Бабуля ў ёй маладзець пачала.
I сукня чорная, як аблачына,
Вядзьмарку зграбную абвалакла.
І ўнук убраўся ў белае белле,
Сатканае з ранішніх туманоў.
Галіны здранцвелыя адубелі —
Арэлі ахрыплыя цёмных сноў.
...I ўнук паходню ў руцэ трымае —
Гарачую зорку высока нясе.
Знікае ў незнань дарога крывая.
I стыне раса на нябеснай страсе.
На той дарозе,
Што недзе ўнізе,
Растуць плячыстыя валуны.
I краю крывіцкаму
Ў сонечнай рызе
Паклоны шчыра бюць перуны.
Ахоўцамі наскіх багоў паганскіх
Ступаюць следам
Дванаццаць ваўкоў.
І зорцы вятры не даюць пагаснуць.
І ўсё зразумела гамоніць вакол.

МЕСТАЧКОВЫ ЭЦЮД


Парнікі, лехі, соткі, срачэўні.
Трупякі непабітых дроў.
З-за курэй перабіліся пеўні.
I сабака шукае сяброў.
Як пячатка, дно паўлітроўкі.
Азалелы, галодны падзол.
I брыдзе з пацубэлкам вяроўкі,
Быццам з гальштукам модным,
Казёл...

ТАБЕ


А мне зусім не ў галаве,
Хто з нас каго перажыве,
Мой верны кот Міроне.
Што мае быць, не праміне,
Сядзіш ты на плячы ў мяне.
Як цар на хісткім троне.
Нам варыцца ў вадным катле.
Ты чорны, як адчай, але
З бялюткім падбародкам.
Ты любіш слухаць цішыню.
Лепш за мяне пяеш курню
Нахабнахвостым коткам.
Ты ў марцаванні не слабак.
Ты цвеліш, як i я, сабак
I не бяжыш наўцёкі.
Табе на славу напляваць,
Абы свой кус упаляваць,
Мой лірык соннавокі.
Нам сырадою не стае.
1 ўсе галовы гнем свае
Ніжэй над плыткім сподкам.
Хто здоўжыць век — тае лухты,
Я з белай барадой ці ты
З бялюткім падбародкам...

ПАЗЫКА Ў ГЁТЭ


А на вяршынях некрануты
Спакой.
I вершаліны ахінуты
Глухой смугой.
I, непачуты, ты адзін.
Птушыны шчэбет дагарае.
Чакай, не за гарамі
I твой спачын.

З АДАМА МІЦКЕВІЧА


Глоткі, якія крычаць за народ,
Збрыдзяць нарэшце народу.
Твары, якія цешаць народ,
Палічыць народ за шкоду.
Рукі, што цягнуцца за народ,
Народ адсячэ па локаць.
Імёнамі, што палюбіў народ,
Будуць народ палохаць.
Стоміцца тлум i ацішыцца шум,
Скогат сваё адбудзе.
Спадчыну ціха возьмуць сабе
Цёмныя людзі...

ПАВОДЛЕ ТАНІНА ГУЭРА


Мой дом. паселены ў гарах,
Залез на вышыню такую,
Што бачу
Хмараў белы страх
I нават
Кашаль Богаў чую...
*
Ці вецер гэта дапетрыў,
Ці мне ў галаву прыйшло, —
Што птушкі глядзяць праз паветра,
Як сумны яздак
Праз шкло...
*
Я не знахабнею
Сказаць валам,
Што трактар больш выгодны,
Чым яны.
Ды на вяроўцы
Не сваёй віны
Іду пакорліва на бойню
Сам...

УДОЎКА Й ЦНАТЛІЎКА


Марка едзе па зямлі, нібы па раю,
Марка едзе ды наўкола пазірае.
Як вясновыя дзве яблынькі пабачыў,
Супыніў каня ды ўраз свой шлях з'іначыў.
А пад яблынькамі ўдоўка ды цнатліўка,
Соўка-ўдоўка ды цнатліўка-палахліўка.
Абдымае Марка ўдоўку маладую,
А салодка ў вусны спелыя цалуе.
I цнатліўка-палахліўка маладая
У хлапца перашалелага пытае:
— Ты чаго ўдаву-траву цалуеш, Марка?
Паглядзі, як зорка, я, яна як хмарка.
Адказаў дзяўчыне Марка ў светлым суме:
— Ты не будзь такой дурненькаю, красуня.
Лепей золата, няхай сабе й праткнутае,
Чымся срэбра маладое некранутае...

АХВЯРЫНКІ


Арол застаецца арлом
I з адным крылом.
*
Ведаюць i стары й малады —
Усе дарогі вядуць на клады.
*
Самая шчодрая рука
Толькі ў жабрака.
*
Кожны зводзіць
Сваю Вавілонскую вежу
*
У дакор бязмежжу.
Сваю праталіну знойдзе грак.
У ветра кожнага свой вятрак.
*
Могуць вымераць карані
Глыбіню вышыні.
Цішыня глыбіні
Можа выслухаць карані.
*
Старасць — гэта маладосць,
Якая
Сябе гукае.
*
Горы давяраюцца спінам.
Магілы — знакі прыпынку
У канспекце жыцця няспынным.
*
Юда атрымаць рады
Трыццаць срэбранікаў
Па курсу здрады.
*
У сэрцы ці ўзімку, ці ўвесну
Богу й маці не цесна.
*
Рака быцця ў нябыт уцякае —
Ад жыцця ўцякае.
*
Няволя цвеліць ахвоту.
Цяжэй за ўсё трымаць у сабе
Злосць i пяшчоту.
*
Так ад пачатку сталася:
Унукі — гербавыя пячаткі
На атэстаце нашае старасці.
*
Мулкая дужа
Клетка сям'i,
Збітая з рэбраў мужа.
*
На погарб апусціцца цяжкай птушкай
Камень,
Каб стаць апошняй падушкай.
*
А ці смяюцца дзеці
Не ў нашым свеце?
*
Бог задумаў птаства. відаць,
Каб пра неба душы нагадаць.
*
Журба не забывае родны край,
А весялосці й на чужыне рай.
*
Лужына — акіяну радня,
Ад якой адмовілася глыбіня.
*
Выскачыў рух у цішыні з пакою,
Каб зарасці асакою спакою.
*
У суцяшэння
Чужая кішэня.
*
Думу не давярай суму.
I цішыні — не мані.
*
Як душа абрастае лускою.
Чысцяць яе не цяжкой рукою.
*
Галінка трымае расу на вісу —
Баіцца абразіць зямлёй красу.
*
Ступай шырэй, каб паменеў
Твой шлях у краіну ценяў.
*
Ён працінае за ўсё людей —
Пасівелы боль за дзяцей.
*
У цемрыве гліны
Зялёна шумяць карані.—
I шум на зямлі паўтараюць галіны.
*
На святыя Каляды
I ў зорак далёкіх
Цяплеюць пагляды.
*
Падвешвае лес калыску бяссонную
Кожнаму
За цёплую зорку ягоную.
*
Маладыя толькі
Сонца й мама.
Радасць яшчэ маладая таксама.
*
Быццам чорнаму буслу,
Душы
Просіцца затаіцца ў глушы.
*
Развітаные —
Мабыць, што й апошні
Раз вітанне.
*
На балі жыцця надзея чужая
Лес на белы вальс запрашае.
*
I як з жыццём ні хітрыш. —
Яно на табе ставіць крыж.
*
Глухому кажуху на вуха
Пра скруху шэпча завіруха.
*
Траянскай пароды коні
Цукар бяруць
З далоні.
*
Старасць — гэта калі
Чужыя усе на зямлі.
*
Слава —самы ружовы сон
Маладых, захмялелых дзён.
*
Вясёлая праца —
За вецер трымацца.
*
Улада —
Здрадлівая прылада.
Улада —
І дябальская прынада.
*
Жыццё —
Пазычаны ў вечнасці час
Для нас.
*
Сумленне, як ласку матчыну.
Не купіш i ў складчыну.
*
Мама —
Пасярэдніца між Богам i сынам —
Дзеліцца небам i хлебам адзіным.
*
Слова — усяго абнова.
Душа крылатая ў слова.
*
Растаюць паціху на дне душы
Крыўдаў калючыя ледзяшы.
*
Чалавекі, як ліхтары —
У кожнага
Свечка душы ўнутры.
*
Рыжы паўсюды рыжы —
I ў Полацку i ў Парыжы.
*
Не затрымаецца й на пагосце
Душа — залётная госця.
*
Ступаць аднолькава тузе
Ці па лязу, ці па слязе.
*
А ў каго запытацца наапаслед,
I чаго ты прыходзіў
На гэты свет?
*
Зямное жыццё — для душы астрог.
Панаваць над душой
Вольны толькі Бог.
*
Бог апошнім падзеліцца ў кожнай долі
I пра гэта не напомніць ніколі.
*
Hi ў зялёны гушчар, ні ў карчы
Ад самога сябе не ўцячы.
*
На юбілеі паслухай ва ўсёй пекнаце
Toe, што ўжо не пачуеш,
Лежачы на куце.
*
Ахвяру й ката хавае
Аднолькава
Памяць жывая.
*
Спярша пад табою гаворыць зямля,
Яна ж над табой
I пашэпча пасля.
*
Вочы — люстэрка душы
На жыццёвым свяце.
Калі запінаюць люстэрка -
Вусцішна ў хаце...
*
Ні за бяседным сталом, ні ў труне —
Самім сабой чалавек
Застаецца ў сне.
*
Сподзеву няма ўжо на спатолю,
I жыццё трымаецца на болю.
*
Белую аблачынку вішні,
Здаецца, выдыхнуў Звышні.
*
Я да скону заручаны з той стараною,
Дзе мама, як зорка,
Стаіць нада мною...
*
Рáсы перамяшаліся, як лясы.
Я за чысціню расы!
*
Пакуль не наб'е сабе добры гуз,
Беларус не ўзгадае,
Што ён — беларус.

Оглавление

  • Рыгор Барадулін Босая зорка
  • КСТЫ
  • ВОЧЫ
  • ШЛЯХАМ ЗЕРНЯ
  • ГОД ЦІ...
  • РАПТАМ БЫ...
  • НЕ ЎПЕРШЫНЮ...
  • ХТО?
  • СВІТАЛЬНЫ
  • У ГЕФСІМАНСКІМ САДЗЕ
  • ПРАКЛЁН
  • БЛАСЛАВЁНЫ СПАДМАН
  • ДОЎЖЫЦЦА...
  • КАПЛІЦА
  • ІСЦІМЕ...
  • АНЁЛ, ЯКІ НА ЛЮТНІ ГРАЕ...
  • BAPABA
  • ТОЛЬКІ...
  • НЯМА КАЛІ
  • IN MEMORIA
  • ПАЎТАРАЦЬМЕ...
  • МАЦІ Й ХЛЕБ
  • НА СЁМУХУ
  • ПЕРАД АПОШНІМ
  • СВЯТАСЦЬ
  • ЦІШЫНЯ
  • ШТО ЁСЦЬ...
  • АДВОДЗІЦЬ...
  • ПАШТОЎКА
  • НА СХІЛЕ
  • ЗЯЛЁНАЕ МОРА
  • АПОШНЯЯ РАДНЯ
  • РАДАЎНІЦА
  • ПРЫХАДЖАНЕ
  • ЯК АСОТ...
  • HE
  • KPOM
  • СТАРЭЕ ДЗЕНЬ...
  • ЗМЕІ АГНЮ
  • БЫЦЬ!
  • САГА
  • НА ПАРУКАХ У НАСТАЛЬГІІ
  • НЕПАЧУТЫ
  • БЕЛАРУСЬ — ТЫ МОЙ СОН ВЯЛІКОДНЫ
  • ПРЫЦЕМКАВАЕ
  • ХАЦЯ Б...
  • САМOTHЫ ВОЎК
  • АДПУСЦІ...
  • ВОЧЫ ВАДЫ
  • НЯВОГЛЯДДЗЮ
  • ЖАДАННЕ
  • КАБ ТОЛЬКІ...
  • ДАГЭТУЛЬ...
  • БАЯЎСЯ
  • ЯШЧЭ РАЗ...
  • РАБІНАВАЯ НОЧ
  • А ЯК ЖЫВЕЦЦА...
  • ГЛУХІЯ ПАСТУХІ
  • ПРА ШТО ДУМАЕ КАМЕНЬ
  • НЯЎСЦЕРП
  • ЧАКАЕ ВЕРШНІКА...
  • З ДАСВЕЦЦЯ...
  • РЫЗЫКУЮ
  • ВІДАЦЬ...
  • ДЫМ
  • ДА ПАРТРЭТА МАРКА ШАГАЛА
  • МАЛАДОЕ BIHO
  • ДЗВЕ САМОТЫ
  • НАДПІС
  • ВЫЛУЧНА БЕЛАРУСКІ
  • РЭКВІЕМ
  • СЦЮДЗЁНА
  • ДУМАЮЦЬ...
  • КАЛI АПОШНІ...
  • ВЫГНАНЕЦ
  • УЗАЕМНАСЦЬ
  • ЖЫВУ...
  • БЫЎ ЯБЛЫК...
  • БОСАЯ ЗОРКА
  • АКРАМЯ...
  • КАЛЫШЫ...
  • РАМАНС
  • ПАЭМА
  • АДМЕТНАСЦЬ
  • ГОЛА...
  • УСЁ, АПРОЧ...
  • БЕЛЫЯ СЛЁЗЫ
  • СПАГАДА
  • ПАДСПУДНАЕ
  • ШТО?
  • ДА СЛОВА
  • ЗЯЛЁНАЕ
  • АДЗІН
  • KAЛІ Ў ВУШАЧЫ НАЧАВАЎ НАПАЛЕОН...
  • ВЯРТАЮЧЫСЯ...
  • АРЭЦ
  • УНІЯТКА
  • ВЯРТАЕЦЦА...
  • БІБЛЕЙСКІЯ БАЛАДЫ
  • ЯРМО
  • МОВА
  • УСЁ ЖЫЦЦЁ...
  • КАЛI ЦЯБЕ НЯМА...
  • ДВАЙНІЦА
  • СУПАДАЮЦЬ
  • ЦЁПЛАЕ ВЯСЛО
  • ШУКАЕ...
  • КАБ ШАНАВАЎ...
  • НЕ МАЕ
  • ПАРАДА
  • ВЕРНАСЦЬ
  • ЧАС ВЫПАЎЗАННЯ ЗМЕЙ
  • І ЎГАВАРЫ...
  • ПРЫЗІМАК
  • НА НОВАЕ ТЫСЯЧАГОДДЗЕ
  • НЕ КОЖНЫ...
  • ЗВАНЮ...
  • ПЁТРА
  • ПЁТРАЎ СОН
  • МЕСТАЧКОВЫ ЭЦЮД
  • ТАБЕ
  • ПАЗЫКА Ў ГЁТЭ
  • З АДАМА МІЦКЕВІЧА
  • ПАВОДЛЕ ТАНІНА ГУЭРА
  • УДОЎКА Й ЦНАТЛІЎКА
  • АХВЯРЫНКІ