На новы парог [Генрых Вацлававіч Далідовіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Генрых Далідовіч На новы парог

Падрыхтаванае на падставе: Далідовіч Генрых, На новы парог. Аповесці, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. — 272 с., іл.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

ДЫРЭКТАР [1] Аповесць

1...


— Што ты яшчэ хочаш, сынок? — спытала Ларыса, запыніўшыся каля стала.

— Напітку,— адказаў Віктар.

— Яго зараз прынясе тата,— прамовіла і, каб не думаць пра мужа, зноў зірнула на торт. Сама ж спякла! Дзеля сённяшняга дня!

Торт — высокі, з рудаватымі бакамі і з беллю наверсе, з арэхавымі кветачкамі і з чырванаватаю, з крэму, лічбаю «10» — узвышаўся на белай крышталёвай падстаўцы і вельмі хораша ўпрыгожваў святочны стол.

«Дзесяць нашаму сыну! — зноў, каторы ўжо раз за апошнія дні, здзівілася, паківала ад узрушэння галавою.— Адкуль, адкуль узяліся так раптоўна гэтыя гады?»

Здаецца, зусім жа нядаўна, толькі пазаўчора, ну, самае вялікае летась-пазалетась, яна і Павел скончылі універсітэт і — маладзенькія, танклявыя, як падлеткі, сарамлівыя — прыехалі сюды з невялікімі чамаданчыкамі, але з вялікімі марамі, надзеямі. Папрацавалі з год, яна і надалей тут засталася, а ён пайшоў у армію. Вярнуўся — зноў пачалі настаўнічаць разам, пажаніліся. Заявіўся Віктар. Прынёс ён ім шмат клопатаў, бяссонных начэй, слёз, але і звычайнай, глыбокай чалавечай радасці, шчасця. Апошні час, калі сын падрос, вылюдзеў, ім палягчэла, жыццё ўвайшло ў сваю, усталяваную, каляіну, але раптам пабеглі-паімчаліся гады за гадамі. І вось сын падлетак ужо, а ім з Паўлам — о, божа! — па трыццаць пяць! Сярэдні ўзрост чалавека, як кажуць! На дарозе да старасці... Старасць? Якая старасць?! Дык колькі ж тады даецца чалавеку маладосці?

Ларыса перавяла позірк на сына: ён стаяў паблізу. Худзенькі, нешырокі ў плячах, але высокі, ёй па плячук. Мужчынка!

«І прыгожанькі, дзякуй богу! — зарадавалася яе мацярынскае сэрца.— Густыя чарнявыя валасы, высокі лоб, крышку раскосыя, як і ў мяне, вочы, кірпаценькі, як і ў Паўла, нос...»

Не вытрывала, усміхнулася. І сын усміхнуўся, можа, і адчуваючы, пра што яна, маці, цяпер думае: гэтыя дні толькі і была гаворка ў хаце пра яго «юбілей», пра тое, як хутка ён, Віктар, падрос. Пагладзіла яго па галаве. Ён, нібы і напраўду ўжо зусім дарослы, засаромеўся ды пацепнуў плячыма: ну што ты, мама! Хіба я яшчэ маленькі? Няўжо ты зараз, як раней, год-два таму, падхопіш на рукі і падкінеш угору?! Я ж сёлета пайшоў ужо ў чацвёрты клас!

Адышлася. З нейкім чуллівым жаночым смуткам і са шкадаваннем: губляе-губляе над сынам тую ўладу, тое зачараванне, што мела раней. Яна і яшчэ хоча апекаваць яго як маленькага, а ён прагне волі, стараецца ўсё рабіць сам. Ён ужо, як заўважала не раз, з усмешкаю пазірае, калі яна часам забудзецца, што ён не малы, падыдзе да Паўла і па-маладому прытуліцца... У апошні час яна пачала ўжо асцерагацца, стрымлівацца ад такіх парываў і аж спалохалася: а над кім ёй цяпер мець апеку? Над Паўлам страціла яе ўжо даўнавата, ён вызваліўся ад яе неяк зусім непрыкметна. Можа, і таму, што яна ў свой час усю ўвагу аддала сыну — сядзела год з ім дома, пасля сама вадзіла ў яслі і ў сад, у школу, ды і цяпер ён вучыцца, жыве толькі пад яе назіркам. Паўлу на гэта не было і цяпер няма часу, ён заўсёды мала дома і стыкаецца. Больш бывае ў школе, у сельсавеце, у саўгасе ці ў раёне. Адным словам, яна з трывогаю пачала адчуваць: застаецца нібы адна. Адна ў гэтым вялікім свеце. Ці так і трэба, што кожны — муж, жонка, дзеці — хоча жыць сам па сабе? Яны хіба звязаны толькі нейкімі нябачнымі ніцямі? Якія тыя ніці? Ці моцныя яны? Здаецца, гэтыя пытанні вельмі простыя, але адказаць на іх даволі цяжка.

Ларыса памкнулася да іншага, Паўлавага рабочага стала. Да ручніка, талерак, лепшых — толькі для вялікага свята — мельхіёравых відэльцаў, нажоў і крышталёвых чарак. Па дарозе кінула позірк на вялікае люстэрка — зірнуць на сябе. Яе часта вось так, ні з таго ні з сяго, цягне падысці да люстэрка, зірнуць на сябе нібы збоку, агледзець і лепш зразумець. Бо нават па сваіх вачах, па позірку, здаецца, лепш уведваеш сваю душу. Цяпер, пазіраючы ў люстэрка, аж запынілася, прыклала руку да грудзей: адтуль, з глыбіні, пазірала на яе ўжо сталая жанчына. З даволі прыкметнымі маршчынамі на высокім ілбе, у куточку вачэй, з сур'ёзным, засяроджаным, нават сумнаватым позіркам. І яшчэ тая жанчына была багатая на цела, са схільнасцю да ранняй паўнаты.

«Няўжо гэта я такая?» — здзівілася.

Не вытрывала, здаецца, чужога позірку той малазнаёмай жанчыны, адвярнулася. Яшчэ ж зусім нядаўна, здаецца, з гэтага люстэрка пазірала на яе юная, вясёлая, без ніводнай маршчынкі дзяўчына.

— Ну, чаму не ідзе дадому тата? — ужо ў каторы раз за вечар запытаў сын.

— Відаць, сход зацягваецца...— ужо выціраючы ручніком талерку, ціха адказала.

— Няхай бы сёння тата быў дома...

— Яму няможна, сынок, парушаць дысцыпліну... Пачакаем яшчэ. На, расстаўляй талеркі, кладзі відэльцы і нажы...

Віктар узяў ад яе пасуду і пайшоў да стала, моўчкі расставіў. Вярнуўся па відэльцы і нажы. Малайчына, ужо даўнавата памагае ёй ва ўсім пры доме. Больш, чым бацька.

— Кожны дзень тата некуды ўсё ходзіць...— не вытрываў, паскардзіўся.— Мала і дома бывае... А калі і бывае, дык чытае ці піша. Падыдзі, папытайся пра што, дык адразу ж адганяе. «Не замінай!»

— Што ж зробіш, сынок,— адказала. Знарочыста бадзёра.— Тата наш вельмі заняты чалавек. Ён ахвяруе не толькі сваім вольным часам, але і...

Стрывала, не вымавіла: «...і намі...»

Сын замаўчаў. Моўчкі раскладаў на стале нажы і відэльцы. А яна ўжо думала: гэта толькі на першы погляд здаецца, што ўсё ў жыцці ідзе само па сабе, а на самай справе ўсё рухаецца па сваіх законах і прычынах. Таму, канечне, ёсць нейкія вялікія прычыны, што Павел змяніўся, адбіўся ад сям'і. Відаць, усё гэта не апраўдаеш толькі тым, што ў яго шмат работы. І яшчэ ёсць нешта — можа, і самае важнае,— што паклала свой след на яго характар, паводзіны. Што тое самае важнае? Дык хіба гэта так лёгка ўведаеш! Бо Павел у апошні час не любіць шмат гаварыць, разважаць, стаў нейкі задумлівы і нібы патайны.

— Усё,— сказаў Віктар.— Я выйду, мама, на двор. Пагляджу: можа, ужо ідзе тата?

— Выйдзі, сынок, зірні,— дазволіла яна.— Апраніся толькі цёпла. Лістапад ужо ж на дварэ.

Запаліла святло: неяк раптоўна сёння сцямнела, згусцілася вячэрняя шэрань. З незадавальненнем зморшчылася: цесна і няўтульна. Паставілі вось у куце, каля акна, шафку з кнігамі, стол, збоку — столік для Паўла, пры перагародцы — ложак, дык, лічы, і не павярнуцца. Шафа і іхні тэлевізар — у гаспадарскім пакоі. У Міланьках, як кватаравалі ў Анці, было нашмат вальней: там мелі за сабою палавіну хаты. А тут толькі невялікі пакойчык. Калі адчынілі тут, у Вішнёўцы, сярэднюю школу, дык, хочаш ці не хочаш, трэба было перабірацца сюды. Каб і самім, і Віктару было блізка да школы. Вось і апынуліся на новай, цеснай і няўтульнай, кватэры.

Сын неўзабаве вярнуўся з двара.

— Нідзе няма таты,— адразу, з парога, паведаміў.— Кантора ўжо зачыненая.

— Значыць, у таты заявіўся нейкі новы клопат...— ціха прамовіла, ледзь стрымалася, каб не пачаць абурацца ці ўсхліпнуць ад крыўды,— Распранайся, сынок, тата зараз прыйдзе. Ён жа добра ведае: у цябе сёння дзень нараджэння...

Сын моўчкі пачаў скідаць летась яшчэ даўгаватае, а сёлета ўжо закароткае яму паліто.

«Некуды пайшоў. З Хаміцам ці з Іванам Карпавічам...— падумала, села на ложак, узяла ў рукі кнігу. Але толькі пазірала на старонку, не чытала.— Хоць сёння павінен быў не пайсці...— Падняла кнігу, каб схаваць ёю вочы, якія раптоўна ад крыўды засланіў нейкі туман.— І чаму ён цяпер такі? Некалі, як ажаніліся, як заявіўся Віктар, не мкнуўся ні да ніякай кампаніі, быў уважлівы. Адпрацуе — і адразу ж дадому. Да яе і сына. А цяпер... Ці гэта я ва ўсім вінаватая? Можа, залішне дала яму патолі?»

Павел вярнуўся позна. Калі і ёй і сыну ўжо надакучыла чакаць, калі яны абое ледзь не пазасыналі.

Яшчэ па яго хадзе ў сенцах, а пасля па гаспадарскай палове хаты Ларыса адчула: не так ідзе, як звычайна. Значыць, падвесяліўся добра сёння.

Зайшоў. Запыніўся і ўсміхнуўся вінавата, пазіраючы то на яе, то на багаты стол. Яна, лежачы, не падняла галавы, прыкінулася: так учыталася, што яго не заўважае. І сын падтрымлівае, ляжыць за ёю каля сцяны і не падымае галавы.

— Ну, прабачце,— усміхнуўся, з пафасам прыклаў руку да грудзіны.— Як пісаў паэт: «Я памыліўся. Я не адмаўляюся. Пакорліва схіляю галаву. Але галоўнае не ў тым, што каюся, а ў тым, што непакорліва жыву».

Яна, хоць і кіпела ўсё на сэрцы і ад яго позняга вяртання, і ад гэтай гарэзнасці, маўчала. Канечне, каб не гаспадары за перагародкаю,— а яны цяпер дзіўна прыціхлі, — яна не змаўчала б, выгаварылася. Са злосці прыкусіла толькі ніжнюю губу.

Ён жа, ужо зніякавеўшы, скінуў куртку, капялюш. Цікуючы краем вока, аж неўзлюбіла: во, і не наклалі вельмі на яго гады ніякіх слядоў. Малады, без залысін і без маршчын, стройны і худаваты. Але тут жа і суцішыла свой гнеў: каму зайздросціць, за што?!

— Вот,— Павел адчыніў сумку, дастаў пляшкі з напіткам, цукеркі і дзіцячы пісталет. Ласункі і пітво паставіў на свой столік, а пісталет затрымаў у руцэ. Націснуў на курок — цацка заляскатала, свецячыся чырвоным святлом.— На,— падышоў, падаў сыну, спадзеючыся ў яго першага дабіцца прымірэння.

Віктар толькі зірнуў на цацку — такія пісталеты яна купляла гады чатыры таму — і не ажывіўся. Ён чакаў нейкага іншага падарунка.

— Эх ты, бацька! — паківала галавою.— Ніякі ты не бацька...

— Ну, я... — Павел хацеў апраўдацца за свой пралік і, здаецца, не ведаў, як гэта зрабіць.— Лепшага я не знайшоў...

— Затое сёння сам зрабіў усё як найлепш...

— Ну, я...

— Добры паказваеш прыклад...

— Дык хіба я ўжо не чалавек? Разумееш, трэба было...— апраўдваўся, дастаючы з кішэні пінжака чорны пудэлак.— А гэта табе!

Пярсцёнак! Тое, што яна хацела ўжо даўно купіць, але ўсё неяк не выпадала прыдбаць. Нарэшце неяк сабраў грошай і купіў сам. Недарэмна, значыць, на тым тыдні, калі абое былі ў горадзе на семінары, дык заманьваў у ювелірны магазін, дапытваўся: «Ну пакажы, які б ты хацела мець пярсцёнак! Ды каб не горшы, а яшчэ і лепшы, чым у Маі Сцяпанаўны і ў Таццяны Сяргееўны, быў!»

Адчыніў пудэлак. На бурачковым аксаміце, яшчэ з цэтлікам, ляжаў жоўты пярсцёнак. Здаецца, з сінім вочкам. А можа, і не з сінім: ад электрычнага святла вочка зазіхацела, пырснула рознымі вясёлымі колерамі. Аж сляпіла вочы.

«Не вазьму адразу...— падумала, адчуваючы аднак, што душа яе ўжо мякчэе.— Не ўсміхнуся доўга. Пакажу: злуюся, крыўджуся. Бо хто на маім месцы не злаваўся б?! Няхай крыху хоць і пра мяне думае...»

Павел маўчаў. Трымаў перад ёю расчынены пудэлак, чакаючы, калі яна хоць па-сапраўднаму зірне на яго. Бачачы, што не пазірае і не бярэ, паклаў перад ёю.

— Ну, віншую вас з такім слаўным днём,— ціха прамовіў, нагнуўся і дакрануўся вуснамі да яе шыі.— Будзьце здаровыя! Нязлосныя! Прыгожыя і вясёлыя!

— Не падлашчвайся надта! — злёгку адштурхнула яго ад сябе.— Не думай, што...— і, нібы сярдзіта зірнуўшы на мужа-гуляку, адчула: колькі ні злуйся, а ўсё роўна, рана ці позна, трэба падымацца, скідаць з сябе халат (ён быў паверсе святочнай сукенкі) і садзіцца за стол.

— Усё-ўсё! — пажвавеў Павел, бачачы яе падатлівасць. Пачаў супакойваць: — Больш так не будзе. Вось пабачыш. Папраўлюся, буду лепшы. Такі, як ты хочаш...


2...


Назаўтра раненька ішлі ў школу ўтраіх. Затое пасля, калі скончацца ўрокі, будуць вяртацца дадому па аднаму.

На дварэ было і не цёмна і не светла — шары восеньскі ранак. Наваколле завалаклі ні то туман, ні то імжа; неба было нізкае, вільготнае, перанасычанае волкасцю; вокны вішнёўскіх хат цяпліліся шчодрым святлом.

Віктар — з сумкаю за плячыма — ішоў паперадзе. За ім завіхаліся яны, Ларыса і Павел. З партфелямі, поўнымі кніг і сшыткаў.

Ларыса трымала яго пад руку. Такая ўжо ў яе звычка. Хоць тут, у вёсцы, так амаль ніхто з сямейных не ходзіць (бывае, муж ідзе першы, а жонка трусіць далёка ззаду), але да іх прывыклі, і ніхто ўжо не пасміхаецца, што яны ходзяць «пад ручку».

— Не ўнурвай галаву,— і сёння паўшчувала яна.— Ідзеш, як... Калі ўжо навучышся хадзіць так, як трэба?!

— Ну і не люблю задзіраць галаву...— адказаў. І сёння з раніцы пачыналася ў іх размова, што была нібы звычайная, лішняя нават, але што на самай справе шмат гаварыла пра яе і яго характар.— Так і цягне ісці і пазіраць долу.

— Адвыкай. Ты ж ужо не хлапчук... Бываеш жа ў горадзе, дык сам бачыш: важны хто ці не важны, але кожны ідзе як гусак і строга на ўсіх пазірае. Дык і думаеш: ого, гэта не абы-які чалавек!

— Добра-добра,— лагодна прамовіў.— Буду і я вучыцца набіваць сабе цану...

Замаўчала. Пакрыўдзілася, зразумеўшы, што пакеплівае з яе. Моўчкі па тупкай пасля нядаўняга дажджу пясчанай вуліцы падышлі да канторы. Мінулі.

Павел павярнуў галаву: у акне крайняга пакоя, што выходзіла на двор, гарэла святло.

«На рабоце ўжо Іван Карпавіч...— падумаў.— Раней за ўсіх. Як і заўсёды. Але цікава: адышоў за ноч? Стары воўк, а такі крыўдлівы, ранімы. Скажы хоць слоўца насуперак — дык чырванее, аж калоціцца ад злосці... А сам любіць і калоць у вочы, і лаяць, і крычаць без дай прычыны...»

— Відаць, зноў учора схапіліся на сходзе з Пакрылам за чубы, калі гэтак пазіраеш на яго вокны? — запытала Ларыса.

— Ды крыху...— усміхнуўся.

— Ох! — уздыхнула.— Глядзі: з'есць ён цябе! Ды так, што і не заўважыш. Сам ведаеш, колькі ў яго важных знаёмых. Хіба мала ўжо цябе перасцерагаў? Хіба не скардзіўся ў раёне? І недарэмна. Бо чаго ты лезеш у яго работу? Няўжо сваёй табе мала! Вунь Хаміца маўчыць, ліслівіць, а ты... Хіба не разумееш: язык мой — вораг мой?..

Нічога не адказаў. Ларыса, хоць і разумная жанчына, але ўсё роўна ўсяго не разумее. Моўчкі мінулі масток, за ім павярнулі направа, да вулкі Самадум. Сюдою, напрасткі, было бліжэй да школы.

З самадумскай вуліцы і ў ранішняй шэрані прыемна кінуўся ў вочы адтуль, з поля, двухпавярховы дом. Гэта была іхняя, для настаўнікаў, будыніна. Першая за ўсю гісторыю тутэйшай школы, бо яшчэ і дагэтуль прыезджыя пастаўнікі жывуць на прыватных кватэрах.

Дом гэты пакуль што адзінокі тут, у полі, але з часам, як кажуць, ён будзе стаяць на вялікай вуліцы: пазней саўгас павінен пабудаваць яшчэ шмат цагляных дамоў, і ў іх перабяруцца людзі з тутэйшых малых вёсачак. Вішнёўка некалі стане вёскай будучыні, вясковым гарадком. Яе лёс чамусьці аказаўся шчаслівейшы за лёс іншых вёсак.

Вось і падышлі да гэтага яшчэ маўклівага будынка.

— Як пяройдзем сюды жыць, дык зусім блізенька будзе хадзіць у школу! — парушыла маўчанне Ларыса.— Ты нейкі спакойны, здаецца, а я дык чакаю-чакаю і ніяк дачакацца не магу таго дня, калі мы сюды перабяромся! Дванаццаць гадоў жывём на прыватных кватэрах! І вось — свой куток! Аж не верыцца... Няўжо, няўжо мы хутка будзем самі сабе гаспадарамі?

Павел усміхнуўся: і ён з нецярпеннем чакаў той часіны, калі яны развітаюцца са сваім кватаранткам і нарэшце займеюць пастаянны свой прытулак. Толькі ён пра гэта мала гаварыў. Нават і з Ларысаю. І не таму, што не меў цярпення чакаць, яшчэ жыць у чужых людзей ці не любіў выказваць сваіх эмоцый. Не. Яшчэ было адно, большае, што прынесла яму шмат клопатаў, адабрала шмат сіл, здароўя, цярпення, але і дало сапраўднае шчасце, зацьміўшы іншую, хоць і не малую, радасць. Гэта — новая школа, якую нядаўна тут пабудавалі.

Калі мінулі дом для настаўнікаў, дык яна, школа, і паўстала перад імі ва ўсёй красе: белы двухпавярховы будынак літараю «П». З мноствам акон, светлая, прасторная, прыгожая. Колькі ні пазірай на яе, не стоміцца вока, не нарадуецца душа. Можа, і таму, што ў яе было ўкладзена шмат і яго працы. Бо нямала ён папаездзіў у раён, у Мінск, сам дабіваўся матэрыялаў, фарбаў, абсталявання... А колькі прасіў, падганяў будаўнікоў, каб хутчэй і лепш будавалі! Лічы, сам быў і за прараба, і за рабочага, і за вартаўніка! Колькі разоў клікаў настаўнікаў, бацькоў, дзяцей на суботнікі і нядзельнікі! Можа, шмат каму і надакучыў сваімі просьбамі, бо ад яго каторыя ўжо хаваліся, баяліся трапіць яму на вочы, ведаючы: сустрэне — абавязкова папросіць памагчы. Хоць у нейкай дробязі. Але такі клопат! Затое ёсць новая школа. З добрай актавай і спартыўнай заламі, з бібліятэкай, з вялікімі пакоямі і кабінетамі, са сталоўкай. Вучыцеся, дзеці, а настаўнікі працуйце на здароўе! Што ні кажы, шчасце — і вялікае шчасце,— калі зможаш дбаць не толькі пра сябе, але пастарацца зрабіць нешта добрае і для людзей.

Паволі святлела. Вышэла, лягчэла неба; папоўз морак з поля да недалёкага маладога лесу. Адчувалася сонца, што павінна было ўдзень прабіцца праз тоўшчу хмар. Праўда, дзень, як і тыя, ранейшыя, не меўся быць надта светлы, сонечны, цёплы, бо зямля, паветра ўжо астылі.

Падышлі да агароджы. Яе, агароджы, праўда, яшчэ амаль не было. Стаялі толькі белыя цэментаваныя слупы і да іх былі прыбіты жэрдкі — тое, што паспелі пакуль што зрабіць настаўнікі, дзеці і іхнія бацькі. Віктар пабег. Яны ж, бацькі, ішлі далей моўчкі, пазіраючы, як сын спяшаўся да майстэрні, да школьнага шафёра, Васіля Пятровіча, які збіраўся ехаць у іншыя вёскі па дзяцей. Віктар любіў праехаць з ім у кабіне — меў вялікую цягу да машын, трактароў.

У калідоры школы гарэла святло. Там былі тэхнічкі, гаспадарнік Семяновіч.

— Хоць бы з раз прыйшлі, Павел Мікалаевіч, пазней за ўсіх настаўнікаў,— адказаўшы на прывітанне, усміхнуўся ў вус пажылы Семяновіч.

— Няможна. Па статуту,— з усмешкаю адказаў Васілец — Ну, як тут? Усё ў парадку?

— Усё,— адказалі ў адзін голас маладая і пажылая тэхнічкі.

Павел і Ларыса падаліся на другі паверх. Ідучы па калідоры, Павел уключаў святло. Радаваўся: столі беленькія, сцены зеленаватыя, яшчэ не абабітыя, падлога свежая, зіхоткая. Вее ўтульнасцю, зусім не тое, што было ў старэнькай міланьскай васьмігодцы.

Яго кабінет быў у левым крыле школы, каля бібліятэкі. Настаўніцкая і завучаўскія пакоі былі ў правым.

— Ну, будзь,— сказаў Павел Ларысе, паварочваючы «да сябе», у свой кабінет: Ларыса, як і астатнія, распраналася, была на перапынках толькі ў настаўніцкай. Раней і ён, саромеючыся свайго дырэктарскага кабінета, лічы, увесь час быў там, з настаўнікамі, а сёлета пачаў прывыкаць да адасобленасці. Тут, у сваім кабінеце, можна было спакойна пачытаць, папісаць, пагаварыць з наведвальнікам; сюды, не маючы зацішку і ўтульнасці дома, прыходзіў па вечарах, у нядзелі, позна сядзеў і рабіў тое, што не ішло ў адклад. Ды, сказаць шчыра, і цешыла, што мае асабісты пакой. Відаць, і ў яго натуры праразалася ўжо нейкая начальніцкая прыхамаць.

Кабінет быў шыкоўны. Новыя, з паліраваным рудаватым верхам доўгія сталы літараю «Т», новенькія крэслы пад ім і абапал светла-зялёных сцен тэлевізар, канапа. Справа, у кутку, высокае лімоннае дрэва, каля яго журнальны столік, два нізкія мяккія крэслы. Акно — адно, але шырознае і высокае — завешана дарагою фіранкаю. На падаконніку Ларыса паставіла вазонаў з кветкамі. На сценах — карціны.

Распрануўшыся, пайшоў да свайго стала. Сеў. Зірнуў на крышку пацёртае ўжо сшыткамі, кнігамі, запонкамі ад манжэтаў кашулі шкло, на кадоўбчык з усякімі самапіскамі і алоўкамі, на кіпку часопісаў і кніг, на сіненькі тэлефон з белым, звітым у спіраль дротам. Нібы прывыкшы да знаёмых рэчаў, падсунуў бліжэй да сябе тоўсты разгорнуты блакнот — на блакітнай разлінеенай старонцы яшчэ раней было запісана тое, што трэба яму зрабіць. Вось яго клопат на сёння:

1) Далей пісаць даклад для педсавета;

2) Схадзіць на ўрок беларускай мовы ў восьмы клас і на ўрок прыродазнаўства ў чацвёрты;

3) Праверыць планы самаадукацыі ў настаўнікаў мовы і літаратуры;

4) Камсамольскі сход у дзесятых класах. Выступіць. Пагаварыць, каб лепш авалодвалі прафесіямі шафёраў і трактарыстаў;

5) Акаловіч. «Інтымная» размова;

6) Пазваніць у раён. Пра новае абсталяванне для інтэрната;

7) Майстэрня (як паляпшаецца работа), поле і гарод (падрыхтоўка да зімы), сталоўка (як харчуюцца дзеці);

8) Справаздача для райана. Пра ўдзел школы ў выстаўках, конкурсах, у спорце;

9) Сустрэча ў 19.00 у сельсавеце з выбаршчыкамі;

10) Прыкінуць тэзісы выступлення на саўгасным сходзе.

«Вось колькі чаго на сёння! І ўсё трэба зрабіць! І так кожны дзень, кожны месяц. Адно толькі і ведаю: праца ды праца! Як пабудавалі, абсталявалі гэтую школу, у навучанні перайшлі на новыя праграмы, звыкліся крыху, дык здавалася: неўзабаве павінна палягчэць, быць больш вольнага часу. Ажно ні на кропельку не палягчэла. Бо вось заявіўся новы вялікі клопат — навучальна-вытворчы камбінат... Хочаш ці не хочаш, а трэба зрабіць усё так, як трэба! І ці апошні гэта вялікі клопат?!»

— Ну, хопіць уздыхаць і адчайвацца!— сказаў уголас.— За работу!

Адчыніў шуфляду, дастаў чыстыя і спісаныя ўжо лісты. Паклаў перад сабою, прачытаў, што пісаў раней. «Злавіў» думку і «павёў» яе далей. Пачаў пісаць. Захапіўшыся, забыўся пра ўсё на свеце. Пры добрым настроі ды калі яшчэ нешта трэба было хутка і мусова зрабіць, ён умеў, як кажуць, сціснуцца ў кулак, папрацаваць усмак, што пасля ўсе толькі здзіўляліся: калі ён паспеў усё так абдумаць, напісаць?

Калі праз пэўны час падняў галаву, пачуў: у школе заявіўся знаёмы гул. Чуліся настаўніцкія, дзяціныя галасы. Звыклы, дарагі сэрцу шум! Школьнае жыццё! Бо якая ж гэта школа без здзіўлення, без смеху і весялосці?!

Зноў угнуў галаву, папісаў яшчэ з паўстаронкі — пачуўся ўжо рэзкі званок. На «трохвілінку» — падрыхтавацца да першага ўрока.

Можна было і не выходзіць з кабінета. Завуч, Лілія Іосіфаўна, як і заўсёды, павінна была ўсё добра дагледзець. І планы ў настаўнікаў праверыць, і прасачыць, як дзеці рыхтуюцца да ўрокаў. Ён прывучаў сябе не кідацца на ўсё, што толькі трапляе пад руку, стараўся перакласці каторыя клопаты і на завучаў, настаўнікаў. Калі сам будзеш толькі рабіць усё, дык урэшце і стомішся, і іншых адвучыш ад сур'ёзнай работы. Але цяпер рашыў усё ж выйсці, зірнуць, хто з якім настроем прыйшоў сёння ў школу.

Падняўся, пайшоў з кабінета.

Гул па калідорах улягаўся: дзеці разыходзіліся па класах. Да іх ужо ішлі настаўнікі.

У клас кабінета біялогіі спяшалася Ірына Васільеўна — маладая, але мажная жанчына. Яна заўсёды робіць усё хутка, здаецца, амаль не думаючы, але, бадай, нічога не дарабляе да канца. Зашмат у яе спеху, мітусні, збянтэжанасці.

— Добры дзень, Павел Мікалаевіч,— першая павіталася. І сёння чагосьці разгубілася, аж спалохалася. Запынілася, цяжкавата задыхала і ні то з віною, ні то з бояззю пазірала яму ў вочы — густыя яе бровы насунуліся, вейкі раз-пораз нервова міргалі, вусны нібы штосьці мармыталі.

— Здарылася што, Ірына Васільеўна? — насцярожыўся.

— Не, не!— хутка адказала.— Прабачце...— і паспяшалася ў клас.

Ён жа паціснуў ад здзіўлення плячыма: што з настаўніцаю? Можа, здарылася нешта непрыемнае дома? Ці саромеецца за ўчарашні свой урок батанікі, дзе ён быў і не знайшоў, за што пахваліць? Няўжо яе пакрыўдзіў? Здаецца ж, гаварыў спакойна, без зняваг. Ці гэта толькі яму аднаму думаецца, што ўсё было добра, а на самай справе не зусім добра?

Ірына Васільеўна зайшла ў клас. Але там не ўсталявалася цішыня: не вельмі «біялагічку» слухаюцца дзеці. Шум стаяў і ў суседнім кабінеце фізікі. Значыць, там яшчэ не было Таццяны Сяргееўны.

Васілец павярнуўся і, задумаўшыся, пакрочыў па калідоры да настаўніцкай. Можа, нехта іншы ведае, што сёння здарылася ў Ірыны Васільеўны, скажа, параіць, як той памагчы.

З настаўніцкай вымкнулася Таццяна Сяргееўна. І дзесяць гадоў назад, і цяпер адметная ад усіх настаўніц-равесніц. Тыя, лічы, усе некалі танклявыя, стройныя, жыццялюбныя, цяпер папаўнелі, пацяжэлі і нібы страцілі нейкія высокія парывы, сталі цвярозыя, прадбачлівыя, нават мудрыя, з павышаным пачуццём уласнай годнасці. Таццяна Сяргееўна ж і цяпер стройная, як дзяўчынка, гарэзная, нават па-юначаму дзёрзкая, зусім не абачлівая, не хітрая, бескарысная, не зваблівая да жыццёвых выгод. Яна і цяпер, у сталыя гады, жыве з летуценнаю фантазіяю, з пошукамі ідэала, хоць на словах часамі можа і выказваць да ўсяго абыякавасць, нават апатыю. Ніхто, да слова, не можа зразумець, чаму яна не выходзіць замуж. Жаніхоў жа і цяпер уецца каля яе цэлы тузін. І тутэйшых, вясковых, і гарадскіх.

Услед за Таццянай Сяргееўнай выйшаў Акаловіч — малады настаўнік літаратуры. Ён працуе ў школе першы год. Здаецца, закахаўся ў Таццяну Сяргееўну, здаецца, і яна не супраць, што ён лашчыць яе тамлівымі патайнымі позіркамі, без дай прычыны трапляе ёй на вочы, чырванее, бянтэжыцца, калі яна загаворыць з ім. Акаловіч — відны хлопец. Высокі, з ахапкам русявых валасоў, з блакітнымі вачыма. Разумны, востры на язык. Чым болей сарамлівы з Таццянай Сяргееўнай, тым зласнейшы з астатнімі. Ужо скардзіліся яму: Акаловіч непачцівы да старэйшых. Да жанчын-настаўніц, апрача Таццяны Сяргееўны, найперш.

Таццяна Сяргееўна спачатку чакала Акаловіча, каб, відаць, прайсціся крыху разам з ім па калідоры, але, убачыўшы Паўла, пакінула таго, паспяшалася яму насустрач. З усмешкаю на паўраскрытых паўнаватых вуснах і ў чарнаватых вачах. Уся нібы цыганка. Чорныя валасы, чорныя дужкі броваў, у чорных ботах, чорным гольфе, паверсе якога быў шэры пінжак, шэрая спадніца. Як і заўсёды, модніца.

— Мароз-ваявода абходзіць уладанні свае...— усміхнулася, падаючы маленькую мяккую руку і з нейкай незразумелай адданасцю пазіраючы ў вочы.

Заўсёды не толькі жартуе, але і пакеплівае з яго. Іншыя равеснікі, здаецца, амаль ужо забыліся, што яны некалі разам пачыналі працаваць, адносяцца да яго пачціва, як да свайго кіраўніка, а вось Таццяна Сяргееўна не зважае ні на якую субардынацыю. Яна і адзін на адзін, і пры ўсіх называе яго проста: Паша, Пашка, Паўлік. Можа і папікнуць за нешта, сказаць усю праўду. І не толькі яму. Але і кожнаму школьнаму інспектару. За гэта, крышку зайздросцячы, яе недалюбліваюць астатнія настаўніцы. Ды яшчэ за тое, што Таццяна Сяргееўна пасміхоўваецца з іх, што яны лісліўцы, што занадта хутка «абабіліся».

Цяпер Павел нічога не сказаў, толькі, вызваліўшы руку, паківаў пальцам: ну, маўляў, даскачашся некалі ты ў мяне, вясёлая красуня!

— Ну што ж рабіць, Паўлік, калі я цябе люблю! — прамовіла какетліва.— А хто каго любіць, той таго і чубіць...

Акаловіч, пачуўшы гэта, суха паздароўкаўся з ім і шмыгнуў ад іх, аж, здаецца, вецер засвістаў.

Нейкі міг Павел і Таццяна Сяргееўна, усміхаючыся, пазіралі адно аднаму ў вочы. З павагаю, з пяшчотаю.

— Малайчына ты, Таня,— сказаў ён.

— За што, Паўлік?

— За тое, што не маркоцішся, не стогнеш шмат, заўсёды гарэзная, вясёлая...

— Думаеш, я толькі такая? — звузіла цыганскія вочы.

— Здаецца...

— Я не толькі такая, Павел Мікалаевіч...— уздыхнула, і ён здзівіўся, як на яе прыгожы твар кладзецца нейкі цень і твар нібы раптоўна старэе.— Я зусім іншая. Але раз вы ўсе лічыце, што я такая, дык я такая і буду...— Усміхнулася. І той цень нечакана знік, яна зноў стала маладая, бесклапотная.— Так?

— Будзь...

— Добра, Паўлік,— усміхнулася.— Буду такая, якой вы мяне ведаеце. Усякія сумоты і гаркоты, як ты кажаш, пакіну толькі пры сабе... Нашто яны вам? У вас і без іх клопатаў, перажыванняў хапае...

І пайшла. Лёгка, жвава.

Ну і жанчына! Загадка! Усе пра яе, мусіць, маюць няправільную думку. Бо лічаць, што яна легкадумная, а яна, здаецца, зусім іншая. Не хітрая, а мудрая, надзвычай жаноцкая і не саромеецца ніколі паказаць сваю гэтую жаноцкасць.

— О, кабетка! — нечакана вывеў яго з задумення Сліжаў голас.— Можа, і адна такая на наш раён!

Павел азірнуўся: побач стаяў таўсцюк Сліж. Не чутно было, калі ён выйшаў з настаўніцкай, калі наблізіўся сюды. Стаіць во і таксама пазірае ўслед Таццяне Сяргееўне.

— Але як ні заляцаюся, ніякага толку...— сказаў з жалем.— Каб ты пазаляцаўся, дык яна адразу б...

— Эх ты, вішнёўскі донжуан! Зірні ты на сябе! — перапыніў яго Васілец, паказваючы, што ў таго на кашулі расшпіліўся ніжні гузік.— Хіба ж у такой форме можна ісці да дзяцей, думаць пра нейкае выхаванне?!

— Што ж рабіць? — Сліж надта не збянтэжыўся, зашпіліў гузік.— Сам бачыш: паўнею і паўнею! Каб не падцяжкі,— адхінуў крысо пінжака, адцягнуў і адпусціў гумавую шлейку,— дык і штаны не трымаліся б...

— Малады, а такі таўстун. Хадзіць, бегаць трэба, дык будзеш стройны.

— Не, дарагі, бег я не паважаю. Я люблю выпіць, добра з'есці, паспаць. Без дай прычыны нерваў не рву. Адным словам, не думаю пра ўвесь свет, як вы...

— Таму і атлусцеў так.

— Такой бяды,— махнуў рукою Сліж,— Вы будзьце худыя, як царкоўныя блохі, а я буду мужчына ў целе...— усміхнуўся.— Ну, а ты? Жывы? Цэлы?

— Хіба не бачыш? — усё зразумеўшы, крышку дзёрзка адказаў Павел. Першы рушыў, каб павесці з сабой і Сліжа. Той будзе доўга прастарэкваць, абы не ісці на ўрок. Абодва пачалі спускацца на першы паверх.

— Жывы-то жывы,— хіхікнуў Сліж.— Але бачыў учора: папала на арэхі! Я ж запыніўся насупраць вашага акна, падгледзеў. Зайшоў ты ў хату, нешта сыну даў — не бярэ, нешта Ларысе даў — і тая не бярэ, не пазірае нават...

— Хіба ж прыстойна табе, настаўніку, падцікоўваць у чужыя вокны?

— Можа, і непрыстойна. Але ж цікава: як твой шэф жыве? Мая Ніна, абы затрымаўся трохі, на іншую жанчыну зірнуў ласкава, дык коршакам кідаецца! Уся вёска пра ўсё тады ведае... А вы жывяце ціха, спакойна, ніхто нічога пра ваша сямейнае жыццё не ведае. Дык вось і цягне пазнаць вашу таямніцу... Ці вы сапраўды жывяце мірна, дружна, ці хітра тоіцеся?

— Уладзімір Пятровіч! Уладзімір Пятровіч! — паківаў галавою Васілец.— Да чаго ты ўжо дайшоў!..

Пайшлі па калідоры першага паверха. Звярнулі налева. З класаў чуліся ўжо настаўніцкія галасы. Вось хрыпла загаварыў Вяртун, вось звонкім строгім голасам пачала гаварыць Ларыса.

— Гавары ўсё, што думаеш,— сказаў Сліж.— Я не крыўджуся. Бо я не помслівы, не злы чалавек, як вы ўсе думаеце. Я толькі, можа, цікаўны. Хачу ўсё пра ўсіх ведаць. Як хоча кожны маленькі смяротны чалавек усё знаць пра вялікіх...

— Ужо амаль паўхвіліны ўрока...— суха прамовіў Павел.

— Не хвалюйся,— махнуў рукою Сліж.— Абы сала было, а дзеці будуць...— але, бачачы, што Павел і сёння не падтрымаў ні яго «філасофскіх» жыцейскіх размоў, ні жартаў, з неахвотаю, уздыхаючы, падаўся ў клас. Колькі ні працуе чалавек у школе, ніяк не можа палюбіць сваёй працы. Робіць, як кажуць, з-пад кія. Нібы не разумее, што з такой абыякавасцю нельга быць настаўнікам, нельга ісці да дзяцей. Але колькі ўсе ні папікаюць — не мяняецца чалавек. Яшчэ наадварот, з узростам хітрэе, больш умела тоіць сваю абыякавасць да работы, працуе абы з рук збыць.

Пачуліся галасы і Маі Сцяпанаўны і новага пажылога настаўніка гісторыі, другога завуча школы. Але тут, на калідоры першага паверха, Васілец не затрымаўся: Сліж сапсаваў яму настрой, выбіў з раўнавагі. Той каго хочаш змучыць, знервуе. Маленькі чалавек! Затое не з маленькімі подласцямі... Можа, і наўмысна лезе ў душу, каб нацешыцца. Яму, здаецца, вялікая радасць, калі некаму кепска.

Павел, апусціўшы галаву, у задуменні пайшоў наверх.

Пачуў: нехта яго ціха паклікаў. Раз-другі. Падняў галаву: праходзіць міма свайго першага намесніка, Ліліі Іосіфаўны. Тая, высокая, тонкая, нібы сухі цыбук, прыхінула да ўпалых грудзей хударлявыя рукі з вялікімі сінімі жыламі, пазірала з недаўменнем. Як і заўсёды, апранута ва ўсё дарагое, але нібы безгустоўнае. Сіні гольф яшчэ больш падкрэслівае бледнасць на твары, густую сетку чырвоных і сініх жылак на шчоках, чорная спадніца — танклявасць стану, нястройнасць ног. Нават яе «мудрая» прычоска, жоўтыя дужкі акуляраў чамусьці не вельмі падыходзяць ёй.

— Прабачце,— усміхнуўся.— Задумаўся...

— Што-небудзь здарылася? — запытала, стараючыся ўсё ўгадаць па яго твары.

— Не, усё добра,— усміхнуўся.— Але спачатку добры дзень, Лілія Іосіфаўна!

— Прабачце, Павел Мікалаевіч,— зачырванелася, залыпала густымі вейкамі. Яна, бадай, адна настаўніца тут, якая не ўжывае ніякіх фарбаў, не вышчыпвае бровы і вейкі.— Я забылася. Я думала... Я на другім уроку пайду да Таццяны Сяргееўны на фізіку...

— Добра, добра,— усміхнуўся Васілец. Паказаў рукою: хадзем на другі паверх.

Лілія Іосіфаўна з ахвотаю пайшла побач. Хвалюючыся. Як маладая дзяўчынка. Хоць гэтай (яшчэ незамужняй) дзяўчынцы ўжо каля сарака гадоў. Калі і не больш. Ужо столькі (колькі ён дырэктарам) працуе завучам, стараецца, робіць усё шчыра, сумленна, ад душы, але не можа, баіцца шмат узяць на свае плечы. Калі нешта і добрае ці звышдобрае прыдумае, дык усё роўна прыйдзе параіцца. Вельмі ж ужо асцерагаецца, хоць бы чаго такога непажаданага не выйшла. І сціплая. Вельмі саромеецца, што яе партрэт на раённай Дошцы гонару. Адным словам, у школе няма больш бездапаможных, чым яна. Для работы, для чужых людзей зробіць усё, што можа, а вось падбаць пра сябе, шчасліва ўжокаваць свой лёс не ўмее. Таму, можа, дагэтуль і замуж яшчэ не выйшла.

На другім паверсе разышліся. Ён вярнуўся ў свой кабінет. Зноў сеў за стол, зірнуў на тое, што зусім нядаўна напісаў. Закрэсліў апошні сказ, пачаў пісаць новы.

Але яго думкі перапыніў тэлефон. Рэзкім званком. Значыць, званіў нехта тутэйшы.

— Здароў табе! — пачуўся ў трубцы мяккі голас старшыні сельсавета, Хаміцы. Здаецца, Васілец пачуў не толькі вясёлы голас, але заадно і ўбачыў Хаміцу — паўнашчокага, ружовенькага, лысага, з маленькімі хітрымі вочкамі таўстуна ў бліскучым на локцях і на грудзіне пінжаку і выцертых чорных штанах.

— Добры дзень, Іван Міхайлавіч,— спакойна адказаў Васілец.

— Жывы? — хіхікнуў той.

— Жывы, як чуеце.

— Дала прачуханцаў жонка?

— Ды не пахваліла. Я ж вам гаварыў, прасіўся, а вы... Маўляў, выдумляю, што ў сына дзень нараджэння, уцякаю ад кампаніі...

— І мне мая дала. Хі-хі-хі...— засмяяўся Хаміца.— Але такой бяды. Будзем жывыя. Ці гэта нам упершыну, ці ў апошні раз? Ці толькі прачуханцы ад жонкі? А вот Іван Карпавіч сёння пануры... Заходзіў да мяне, скардзіўся на цябе. Здорава ты яго ўчора перад усім людам чыкнуў...

— Хіба несправядліва? У раённай газеце хваліцца, што ўсю бульбу, буракі выбраў, а на самай справе яшчэ ладны кавалак не выбраны...

— Справядліва, але... Перад усімі!

— Не перад чужымі ж! Перад сваімі. Ці мы ўжо не ўмеем, баімся адно аднаму гаварыць праўду?

— Ды яно так,— уздыхнуў Хаціма.— Я-то надта не перажываю, калі ты і мяне рэжаш. А вот Стары перажывае. Зжаўцеў за ноч, як гарбуз. Не можа прывыкнуць да крытыкі... Каб некаму іншаму, дык не дараваў бы, а цябе асцерагаецца. Ведае ж: і ты маеш добрыя сувязі ў раёне. Вядомы чалавек, што ні кажы. Ну, ладна! Працуй, не буду замінаць.— І паклаў трубку.

Павел гэтаксама паклаў, пацёр далонню лоб.

«Збіў толькі з панталыку сваім званком,— зморшчыўся, узлаваўся на Хаміцу.— І сам усё ведае, але маўчыць. Маўляў, ён сябра Пакрылу. А сябры павінны адзін за аднаго гарой стаяць! Але ці сябар табе той, хто не можа сказаць табе праўду? Ды, па-другое, чаго баяцца той праўды, крытыкі? Жыццё ж ёсць жыццё. Усё ў ім ёсць. І горкае, і салодкае...»

Зноў зірнуў на паперы і, перапыніўшыся, не мог прыдумаць: што ж пісаць далей.

«Ага, пра мысліцельную дзейнасць вучняў ды пра іх уменне працаваць самастойна... Але — ух! — і мова ж у нас, у настаўнікаў! Адны канцылярызмы! А мы ж павінны ўмець і самі па-дзелавому і хораша гаварыць, і вучыць гэтак дзяцей мысліць... Як гэта сказаць проста, але жыва?»

Толькі задумаўся, як яго думкі перапыніў ціхенькі стук у дзверы. Нібы недзе мыш шкрэбнула за шпалерамі.

— Заходзьце, калі ласка,— запрасіў.

Дзверы прачыніліся. Яму ж раптоўна, нібы з перапалоху, льнула кроў да галавы: крадучыся, на насочках праз вузкі праём уціснулася Мая Сцяпанаўна. Здаецца, была прыгажэйшая, чым учора. Можа, і ад таго, што апранула сёння новы, сіні, касцюм, новыя, чорныя, туфлі. Невысокая, самая меншая па росце з усіх настаўніц, у меру паўнаватая, крамяная, чорныя, жывыя, нібы кіпень, вочы,— сапраўды, без перабольшвання, нібы кіпень! — чорненькія вузенькія броўкі, роўна і тонка разліты чырваню, высокія грудзі, спрытныя ногі, пакатыя плечы,— адным словам, маленькая прынцэса, як ён часамі называў яе. Цяпер яшчэ і ашаламляючая. Можа, і ад таго, што наўмысна была аголеная шыя — расшпілены верхні гузік пінжачка. У разрэзе відаць яе паўнаватая, але вабная шыя, лагчынка між грудзей.

— Дык калі ласка? — спытала, не зачыняючы за сабою дзвярэй.

Ён, лагаднеючы, наліваючыся цяплом, пазіраў на яе і ад збянтэжанасці не здагадваўся падхапіцца, выйсці з-за стала. Яна ж заскочыла на хвілінку, бо не зачыняе за сабой дзвярэй. Хацела ўжо нешта сказаць яму, але павярнулася, азірнулася і, рэзка выскачыўшы, знікла. Як і не было яе тут. Чуваць было: хутка пацокала абцасамі па калідоры.

Ён падняўся, падышоў да дзвярэй — ці зачыніць іх, ці зірнуць у калідор. Зноў пачуў крокі. Напружыўся: вяртаецца Мая Сцяпанаўна? Выцікнуў з дзвярэй: сюды — таксама хутка — ішла Ларыса. Тую лёгкасць, што хвіліну назад падхапіла яго з крэсла, нібы рукою зняло. Ён адскочыў ад дзвярэй і тут жа падакараў сябе: а навошта зрабіў гэта?

Зайшоўшы, Ларыса здзівілася, аж усміхнулася:

— Чаго ты ўспуджаны такі? Маеш выгляд, нібы цябе злавілі з палюбоўніцаю!

Ён маўчаў. Не мог нічога адказаць. Здаецца, адняло мову і язык праглынуў. Жарты дык жарты! Сапраўды: не ў брыво, а ў вока! Але тут жа сцяміў: калі так жартуе, то не бачыла, што тут нядаўна была Мая Сцяпанаўна. Значыць, ён дарэмна гэтак разгубіўся, не саўладаў з сабою.

— Хаджу, думаю...— адводзячы позірк, прамовіў усё ж дрыготкім голасам,— Ніяк не магу закончыць даклад...

— Думай-думай...— усміхнулася, адчыніла яго шафку і нешта — ці то шарыкавую ручку, ці то шпені да яе — узяла і, ужо таксама адводзячы позірк, тут жа падалася з пакоя.

«Ці заўважыла ўсё ж нешта? — апякла думка.— Можа, прыкмеціла на калідоры Маю Сцяпанаўну? Бо нейкая ж надта хітрая была ў яе ўсмешка...»

Падышоў, зачыніў дзверы. Прайшоўся сапраўды некалькі разоў туды-назад па пакоі. Пагадаў: Ларыса зайшла сюды ўсё ж знянацку, ненаўмысна, сапраўды па патрэбе ці наўмысна? Можа, здагадваецца ўжо пра ўсё, сочыць? Не, што ён думае. Яна не такая, каб... Грэх вялікі пра яе так дрэнна думаць! Ці ён яе ідэалізуе? Кажуць жа, кожная жанчына — найперш жанчына. І ўсё жаночае ў ёй ва ўсёй сіле.

Адчуў: агнём загарэліся шчокі, забалела патыліца. Ужо не ў першы раз, дарэчы, ён адчувае падобны боль у галаве. Увесь гэты год час ад часу бываюць у яго такія пакуты. Няўжо гэта ад стомы, ад эмоцый? Але ж ці стамляцца, нервавацца ў яго гады? Ён жа яшчэ, канечне, зусім малады. Адчувае: у яго цяпер шмат сілы, добры настрой, вялікае жаданне працаваць, усяго сябе аддаць школе, дзецям. І ён, пасталеўшы, шмат чаму ўжо навучыўшыся ў жыцці, здаецца, сам пачынае станавіцца на ногі, рабіць усё так, як трэба. Бо раней, канечне ж, столькі ўсяго не ведаў, лічы, ішоў навобмацак, меў у сваім набытку нямала памылак, хоць не заўсёды ў час заўважаў, што памылкі ёсць памылкі. Толькі з часам іх бачыў. А цяпер... Але што цяпер?! Мая Сцяпанаўна...

Паварочаў галавою, здзіўляючыся: ну, напраўду, чаго так ные патыліца, шыя? Няўжо застудзіў галаву? Ці гэты боль ад перамены надвор'я, ад змяненняў на Сонцы? Кажуць, яно апошні час актыўнае, бурлівае, нездароўчае для людзей.

Зноў перапыніў думкі тэлефон. Падаўся да яго, падпяў трубку. Сігналы былі глухаватыя, значыць, званілі з горада.

— Вішнеўская сярэдняя школа? — пачуўся мужчынскі строгі голас.— Мне дырэктара. Вы дырэктар? Добры дзень. Вам звоняць з міліцыі. Лейтэнант... Нам трэба звесткі: што робіцца ў школе па прававому выхаванню падрастаючага пакалення... Да таго панядзелка...

— Добра,— адказаў Васілец.— Будуць такія звесткі.

І, як толькі паклаў трубку, адразу ж, каб не забыцца пра абяцанне, запісаў сабе ў сшытак: 11) Класным кіраўнікам, завучам. Звесткі пра прававое выхаванне. Праз два дні.

Толькі ўтульней усеўся, хацеў пазбыцца ўсякіх непажаданых думак і зноў пачаць пісаць, як зноў заверашчаў тэлефон.

— Слухаю. Васілец,— суха прамовіў, падняўшы трубку.

— Добры дзень, таварыш Васілец. Звоняць вам з райкома камсамола. Нам трэба звесткі пра інтэрнацыянальнае выхаванне вучняў...

— На кожным уроку ёсць патрыятычнае і інтэрнацыянальнае выхаванне...— усміхнуўся.— Дарога да нас добрая, школа ад раёна не далёка — прыязджайце, паглядзіце, паслухайце ўсё самі, калі ласка...

— Не, няма часу. Напішыце нам пра ўсё сёння і заўтра вышліце. Добра?

— Што ж рабіць,— прытворна ўздыхнуў.— Калі трэба, дык трэба.

Паклаўшы трубку, з хвіліну пачакаў: а раптам яшчэ хто пазвоніць, яшчэ чаго захоча. Усе звычайна любяць званіць з раніцы. У першыя гады, калі ён толькі стаў дырэктарам, дык не было адбою ад школьных інспектараў, усякіх іншых правяральшчыкаў, лезлі ўсюды, куды можна было толькі лезці, а цяпер вось, лічы, перасталі ездзіць. Затое няма адбою ад іхніх званкоў.

«НТР! — паківаў галавою, пазіраючы па тэлефон.— Адключыць цябе, дружа, ці што? Маўчыш? Ну і маўчы, не замінай працаваць».

Запісаў у сшытак: 12) Кл. кіраўнікам, завучам. Звесткі пра інтэрнацыянальнае выхаванне. Заўтра выслаць.

Зірнуў на сваю недапісаную старонку. Прачытаў. Закрэсліў апошняе слова, задумаўся: як напісаць лепш, ясней?

І на табе: зноў званок. Раз-другі... шосты.

Мусіў падняць трубку.

— Тут? Ну і добра, братачка! — пачуўся жартаўлівы голас загадчыка райана, Рыжова.— Спачатку: здароў табе! Ну, як настрой? Не чую! Добры? Значыць, памірыўся ўжо з Ларысаю Іванаўнай? Даравала, што позна ўчора затрымаўся, не ўважыў сямейнае свята? Ці падарункі сваё зрабілі? Ці сардэчнае пакаянне? Ну, чаго маўчыш? Думаеш: нічога не ведаю? Усё знаю, братачка...

— Не толькі ўсё, але і звыш усяго...

— Яшчэ б! Самыя свежыя звесткі. Як толькі зайшоў на працу, дык адразу і зазваніў тэлефон, усё расказаў...

— Ну і слухайце на здароўе...

— Пакрыўдзіўся, ці што? — пасур'ёзнеў Рыжоў.— На мяне? За што? Я ж мог бы табе нічога і не казаць, запісваць усё на лісткі і складаць іх у асобную папачку. Бо званкі гэтыя бываюць амаль кожны дзень. Нехта расказвае мне пра кожны твой крок, пра кожнае тваё слова...

«Хто? — пацёр лоб далоняй Павел.— Хаміца? Іван Карпавіч? Сліж? Ці хто іншы, хто мае дома тэлефон?»

— Я перасцерагаю: ведай, каго маеш каля боку... «Сябру!» «Вялікага, братачка, сябру!» Яго ўжо і я, братачка, асцерагаюся... Ды ладна. Я званю не дзеля гэтага. З гэтым ты сам разбярэшся. Больш будзеш думаць пра свае размовы, пра ўчынкі. Я хачу пагаварыць пра іншае. Даўнавата ты ўжо, даражэнькі Павел Мікалаевіч, варышся ў сваім соку. Ці не час ужо крыху асвяжыцца? Чуеш?

— Ды чую...— уздыхнуў Васілец.— Зноў хочаце нейкі семінар у нас правесці?

— Малайчына, братачка! Здагадлівы! — усміхнуўся Рыжоў.— Вы, як ведаю, няблага наладзілі работу навучальна-вытворчага камбіната. Словам, добра ідзяце ў нагу з часам, у справе працоўнага навучання дзяцей...

— Арсен Лявонавіч, будзьце літасцівыя...— перапыніў яго Васілец.— Колькі ж...

— Ды дай ты, змей хітры, мнедагаварыць,— перапыніў яго ў сваю чаргу Рыжоў.— Ведаю, што ты зараз запяеш. Ты, маўляў, і так часта праводзіш усякія семінары...

— А хіба няпраўда? Толькі што правялі нараду па лепшаму выкладанню мовы і літаратуры...

— А перад гэтым, увесну, быў семінар па навучальных кабінетах... Ды які быў семінар! Усе аж жахнуліся ад здзіўлення. Твой папярэднік баяўся гэтых кабінетаў, як чорт крыжа, а ты...

— А цяпер я, Арсен Лявонавіч, думаю, што найлепшыя навучальныя кабінеты — лес, рэчка, поле. Урок. І нішто, ніякія нагляднасці, тэхнічныя сродкі, не заменяць жывога слова настаўніка...

— Ну-ну! Не свавольнічай! Такая цяпер мода у педагогіцы. Заявіцца іншая, новая — дык гэтай будзе па шыі...

— Вось і бяда, што мы надта ахвочыя да мод...

— Ну-ну, кажу! Я не чую, ты не гаварыў. Давай пра самае галоўнае: трэба, вельмі трэба, даражэнькі Павел Мікалаевіч, правесці добры семінар па навучальна-вытворчым камбінаце... І для цябе, і для нас трэба. Разумееш?

— Ды не забывайце вы, Арсен Лявонавіч, і іншыя школы! Нашто іх крыўдзіць няўвагаю?

— Ну, не будзь такі занудлівы, як усе старыя дырэктары. Не вучыся быць далей ад усякіх клопатаў, пошукаў, не прывыкай да лагоднага, ціхенькага жыцця. Рана яшчэ.

— Замучыце вы мяне...— уздыхнуў Васілец.— У першыя гады білі, што я парушаю правілы педагогікі, займаюся «адсябяцінай...»

— Было, было, братачка...— усміхнуўся Рыжоў.— Сам ведаеш: педагогіка — бабуля строгая, часамі нават і кансерватыўная. Складзе нехта правілы выхавання, і мы выхоўваем па іх, не зважаючы, што жыццё ідзе паперад, усё мяняецца. Далдонім і далдонім з году ў год адно і тое ж. Бывае, бывае... Але ж ты творчы работнік, ты дабіўся ўжо права і на сваё слова.

— Паддаю, выходзіць, сам сабе работы. Каб не стараўся, дык вы так не чапляліся б...

— Кінь, кінь, братачка, такія думкі. Скажу табе яшчэ па сакрэце: абяцаў сам загадчык аблана быць на семінары. Так што, калі сябе добра пакажаш, дык... Час табе ўжо ні, думаю, людскую пашану мець, і заслужанага, і ордэн які...

— Спакушаеце?

— Трошкі. Але болей маю на ўвазе іншае, даражэнькі Павел Мікалаевіч. Што іменна — павінен і сам здагадацца... А заадно і перасцерагаю: знясілішся, залянуешся — на некага спраўнейшага пачнём накладаць гэтыя ношкі. Яму будзе ўся ўвага, уся слава. А цябе тады пакінем у спакоі, каб цягнуўся паціху да пенсіі. Ці і заменім: ёсць жа здольныя маладыя...

— Самі вы, Арсен Лявонавіч, змей!

— А як ты думаў! Каб не быў хітры, дык на гэтым месцы столькі не праседзеў бы. А так вось пяты год трымаюся. Мае папярэднікі былі па менш... Ну, будзь. Суцішвайся і рыхтуйся. Праз паўмесяца якога... Прыязджай, пагамонім яшчэ, усё абмазгуем.

І паклаў трубку. І Васілец апусціў. З хвіліну сядзеў моўчкі, не могучы апамятацца. Зваліўся на плечы новы цяжар, вялікі клопат. Потым схіліўся, запісаў: 13) Семінар па павучальна-вытворчым камбінаце. Пачаць рыхтавацца. З сённяшняга ж дня!

«Яшчэ ўчора думаў: вось пражыву гэты дзень, адпрацую, вытрываю — заўтра будзе нашмат лягчэй...— падумаў.— Аж во сёння з самага ранку столькі ўжо клопатаў, работы, перажыванняў! А яшчэ ж увесь дзень наперадзе! І гэтак, мусіць, будзе кожны дзень, тыдзень, месяц, год! І гэтак, мусіць, будзе ўсё жыццё!»


3...


Мая Сцяпанаўна адчувала: яна, як ні намагаецца, не можа зразумець Таццяны Сяргееўны. Бо тая, здаецца, ніколі з ёю — і не толькі з ёю — пра сур'ёзнае не гаворыць. Слухаеш яе, размаўляеш — не разбярэш: калі яна жартуе, пакеплівае, пасміхоўваецца, а калі гаворыць праўду. Лягчэй было б зразумець, каб тая лічыла сябе самай разумнай, інтэлігентнай, інтэлектуальнай, а ўсіх астатніх толькі ганіла, дык не, яна і сябе зневажае, іранізуе над сабою ўдосталь. Мая Сцяпанаўна зайздросціла такому ўменню калегі па рабоце, але заадно і недалюблівала тую. За жарты, кепікі, за сваё няўменне гэтак умець жартаваць з самой сябе. Яе самалюбства змушала мець пра сябе толькі добрую думку, крыўдаваць, злаваць і нават помсціць, калі нехта закранаў яго. Яна, бадай, як ніхто, любіла кампліменты. І ўсе ведалі гэта. Стараліся быць з ёю ветлівыя, прыязныя, што яна часамі не магла разабрацца: дзе што шчырае, а дзе што штучнае ці фальшывае. Ды сказаць ад душы, яна не вельмі і разбіралася: упівалася ўвагаю, кампліментамі і, як здавалася ёй, перавагаю над іншымі жанчынамі.

Цяпер Мая Сцяпанаўна поўнілася злосцю, пазіраючы на нечаканых гасцей — Таццяну Сяргееўну і Лілію Іосіфаўну. Прыйшлі сюды, у інтэрнат,— у былую, Міланьскую, школу,— пад вечар і сядзяць сабе каторую гадзіну, прастарэкваюць, нібы ім тут вячоркі. Ішлі б у клуб ці да некага ў госці, урэшце ўдваіх сышліся б на кватэры Таццяны Сяргееўны ці Ліліі Іосіфаўны ды бавілі б свой час, дык не, замінаюць ёй. Ім, незамужнім, можа, і сумна адным, але ж ёй шмат работы, няма калі з імі весці інтэлектуальныя размовы. Злавалася яшчэ і таму, што абманвае нават сябе. Бо не хацела, каб яны былі тут, не толькі таму, што ў яе шмат клопатаў. Была яшчэ адна прычына, чаму яна цяпер, познім ужо вечарам, хацела быць толькі адна. Але той прычыны яна не магла назваць ім. Гэта была яе вялікая тайна.

Нарэшце Таццяна Сяргееўна, скончыўшы з іроніяю расказваць пра фільм, што бачыла ўчора па тэлебачанні, устала са старой абабітай чорнаю скураю канапы і падалася да парога, да люстэрка.

— Збіраецеся дадому? — спакойна ды стрымана, але на самай справе з радаснаю надзеяю запытала Мая Сцяпанаўна, хуценька падхапілася з канапы і села за стол. Маўляў, хопіць, нагаварыліся, цяпер яна будзе ўжо чытаць і пісаць.

— Замінаем? — не азіраючыся, з усмешкаю пазіраючы на самую сябе ў люстэрку, пытаннем на пытанне адказала Таццяна Сяргееўна.— Хочацца выгнаць нас, адзінокіх, няшчасных, адгэтуль?

— От выдумляеш абы-што...— мармытнула Мая Сцяпанаўна.— Падабаецца тут вам — сядзіце на здароўе...

Таццяна Сяргееўна рэзка павярнулася, стрэльнула іранічным позіркам чорных цыганскіх вачэй, нібы пранізваючы яе нутро наскрозь. Мая Сцяпанаўна адчула: чырванее, бянтэжыцца. «Лісіца! — падумала,— Душою адчувае ўсё...»

— Дома сумна. Там адно і тое ж: тэлевізар ды тэлевізар! — Таццяна Сяргееўна зноў павярнулася да люстэрка, счысціла з куточкаў вуснаў камячкі фарбы, агледзела свае белыя, што часнок, роўныя, з вялікім свістуном наперадзе зубы, пасля зноў абярнулася: — А ці не падобная я, дзяўчаты, на Алу Пугачову?

— Ты чорная, а яна не чорная...— суцішваючыся, адказала Мая Сцяпанаўна.— А пра іншае няма чаго казаць...

— Ды ты... — усміхнулася Таццяна Сяргееўна.— Зірні, зірні яшчэ так на мяне! Ліля, пабач, калі ласка: колькі ў яе позірку нянавісці да мяне! І за што ты мяне так не любіш, маленькая прынцэса?

Мая Сцяпанаўна залыпала толькі вейкамі і не магла ёй варта адказаць. Аспрэчваць, даказваць іншае не трэба было, а вось удалы жартаўлівы адказ не знаходзіўся.

— Я ўжо злая, а яна яшчэ зласнейшая,— наступала Таццяна Сяргееўна.— І за што толькі маюць да яе такую ласку мужчыны?!

— Табе гэтага не зразумець! — толькі цяпер здагадалася, як варта адказаць, Мая Сцяпанаўна.— Цябе ўсе баяцца. А мяне не баяцца. Нават і з маёй злосцю. Таму ты і дагэтуль адзінокая. Адна сына гадуеш. Уцякаеш куды вочы глядзяць са сваёй кватэры...

Твар Таццяны Сяргееўны перасмыкнуўся, на яго ўсплыў глыбокі цяжкі цень, аж нешта нядобрае варухнулася ў душы Маі Сцяпанаўны балючаю віною, вочы раптоўна паглыбелі, нібы зацягнуліся туманом. Але госця ўсё ж усміхнулася. Адышлася ад люстэрка, зноў села на канапу і не зводзіла з яе дапытлівага (не крыўдлівага, а дапытлівага!) позірку, і паволі цяжкі цень спаўзаў з яе твару, чорныя вочы пачыналі зіхацець. Толькі нібы выпадкова яна прыклала руку да левай грудзіны, пацерла там, але бачачы, што назіраюць за яе рукою, апусціла рукі на вастраватыя калені.

«Ці не слабое ў яе ўжо сэрца? — нейкае спачуванне варухнулася ў душы Маі Сцяпанаўны. Але не глыбокае, не шчырае.— Але што тут дзіўнага? У каго яно будзе здаровае, моцнае, калі гэтак буйна, нястрымна, нават шалёна жыць!»

Лілія Іосіфаўна, прыхінуўшыся ў куток канапы, накрыўшы худыя плечы цёплаю хусткаю, амаль увесь вечар маўчала, са сполахам ды са здзіўленнем пазірала толькі нейкімі блеклымі, выцвілымі вачыма з-пад шкельцаў. Цяпер, здаецца, аж анямела ад той глыбіні неразумення, незычлівасці, жарсткаватай праўды, якія толькі што выявіла Мая Сцяпанаўна.

— Свет ёсць свет...— першая азвалася ў гэтай няёмкай цішыні Таццяна Сяргееўна.— Мы некага не разумеем — нас нехта не разумее, мы крыўдзім — нас крыўдзяць. Як ні цяжка, але трэба ўціхамірваць сваю гардыню. Усё ж некалі добра казалі: перад пагібеллю ідзе гордасць, перад падзеннем — фанабэрыя. Фанабэрыю можна адолець, а вось сваю гордасць — цяжка... Зашмат гневу... Трэба вучыцца: разумны, ціхі і справядлівы адказ адводзіць гнеў, а зневажальнае, несправядлівае слова ўзбуджвае лютасць...

Мая Сцяпанаўна змаўчала. Ды што адкажаш. Каго — яе ці самую сябе — Таццяна Сяргееўна больш дакарала? Яна гатова была ўжо адступіць, забраць свае ранейшыя словы назад, ды не ведала, як гэта зрабіць. А папрасіць прабачэння не мела сілы.

— Можа, я і памылілася,— прамовіла Таццяна Сяргееўна, адкінулася, легла плячыма на спінку канапы.— Відаць, і мне трэба было ў свой час выходзіць замуж. І не было б цяпер ні ад кога папрокаў, што я абы-якая, і тутэйшыя маладыя жонкі не баяліся б за сваіх мужоў, і я сама была б спакайнейшая. Як ты думаеш, Лілія Іосіфаўна? Усё ж, відаць, што ні кажы, а жанчына павінна быць жанчынаю, гаспадыняю, маці? Як ні бойся гэтага, ні ўцякай ад яго, а ўсё роўна рана ці позна цябе будзе цягнуць да яго, вабіць! Без сям'і, без прытулку ты ўсё ж не чалавек! Непаўнацэнны чалавек! Хоць, як відаць, не кожны шчаслівы і ў сям'і, бо нібы хоча ўцячы ад яе, знайсці нешта лепшае... Каторых сям'я стамляе, укручваючы ў вір аднастайнасці, тлуму, будзённасці, усякіх клопатаў. Часамі муж і жонка жывуць разам, лічы, толькі дзеля дзяцей...

Лілія Іосіфаўна паціснула толькі плячыма, сарамліва ўсміхнулася: у каго ты пытаеш? Хіба я нешта ў гэтым ведаю? Ты хоць дзіця маеш, хоць крыху ведаеш, што такое быць маці, гаспадыняю, а я і гэтай, як кажуць, не зусім зайздроснай долі не ведаю!

— Ох...— уздыхнула Таццяна Сяргееўна, паківала галавою.— Праўду сказаў паэт: «Як мала пройдзена дарог і як многа зроблена памылак!»

Паднялася, пачала хадзіць па пакоі — былой настаўніцкай Міланьскай васьмігодкі. Некалі гэтая настаўніцкая, здаецца, была прасторная, утульная, а цяпер, калі ўжо мелі сапраўды вялікую, светлую настаўніцкую ў Вішнеўскай школе, дык гэты пакой неяк раптоўна змізарнеў, стаў маленькі.

— Многае ў жыцці на адлегласці бачыцца зусім інакш...— прамовіла нібы сама сабе.— Чамусьці з кожным годам мацнее пачуццё сораму за тое, як жывеш, што робіш...

«Ага! — аж пацешылася ў душы Мая Сцяпанаўна.— Не такая ты ўжо спакойненькая, бесклапотная, шчаслівая, якой хочаш заўсёды здацца...»

— Вось хто жыве як райская птушачка...— кіўнула Таццяна Сяргееўна на яе, Маю Сцяпанаўну.— Здаецца, ніводнага пытальніка на лбе... Ні ў што глыбока не ўваходзіць, пырхае як матылёк з кветачкі на кветачку. Заўсёды свежая, вясёлая, бесклапотная. Ва ўсю спажывае свёкраву пенсію...

— А ты? — дзёрзка запытала Мая Сцяпанаўна.— Не спажывала ва ўсю бацькаву зарплату, калі той быў жывы?

Таццяна Сяргееўна запынілася, зноў села на канапу. Зноў па яе твар усплыў панылы цень. Яна цяжка пераносіла бацькаву смерць. Бо бацьку яна вельмі любіла. Нашмат мацней, чым маці. Бо тая некалі мала глядзела і яе, і мужа, больш глядзела за сабою, знаходзячы ўцехі з іншымі мужчынамі. Цяпер ужо Таццяна Сяргееўна нічога не адказала, замаўчала. Бо, канечне ж, адчувала ў нечым і сваю віну перад бацькам.

Мая Сцяпанаўна сёння амаль увесь дзень была дзёрзкая. І ў школе, і дома са свякрухай. Тая хацела, каб яна пад вечар памагла перабіраць грыбы, а яна адмовілася. Не хацела шмат траціць часу, а гэтаксама пэцкаць рукі. Як яна магла прыйсці не з беленькімі пальчыкамі, не з нафарбаванымі пазногцямі сюды, ведаючы, што сёння яе рукі будзе трымаць у сваіх ён, яе каханы? Таму яна не дакранулася да грыбоў, прастаяла-пратапталася каля люстэрка, зрабіла прыгожую прычоску, перамерала шмат сукенак, касцюмаў, нарэшце, выбрала вось гэтую блакітную, з белым каўнерыкам, і — пад незадаволеную буркатню свекрыві — пайшла сюды. Грыбы засталіся перабіраць свёкар і свякроў — пенсіянеры, муж, сын. У інтэрнаце, дзе яна працавала выхавацелькаю, пачала супакойвацца, знаходзіць свой звычайны бадзёры настрой, але нечакана прынёс вецер гэтых Таццяну Сяргееўну і Лілію Іосіфаўну. Таццяна Сяргееўна зноў выбіла яе з раўнавагі.

Мая Сцяпанаўна зірнула на гадзіннік: вось-вось павінен заявіцца тут ён. І заявіцца, канечне. Бо не можа паабяцаць і не прыйсці па сустрэчу. А яны, гэтыя госці, не збіраюцца ісці дадому. Значыць, сустрэча сёння не ўдасца. Адчувала: гэтыя думкі не толькі маркоцяць яе, але вядуць і да адчаю, да нуды. Такі ўжо быў у яе характар: калі нешта надумала, дык і тут жа хацела тое мець.

— Што вы, дзяўчаты, скажаце пра Акаловіча? — нечакана ні з таго ні з сяго запытала Таццяна Сяргееўна. З твару яе зноў знік цень, але ўжо не знікла стомленасць, пакута.

— Дзіця яшчэ...— бадай, упершыню за вечар абазвалася Лілія Іосіфаўна.

— Яршыстае і непачцівае хлапчаня...— дадала Мая Сцяпанаўна знарочыста рэзка.

— Дарэмна вы так,— заступілася Таццяна Сяргееўна.— Вы ж выхавацелі, людзі самай гуманнай прафесіі, дык не будзьце гэтакія строгія і злосныя. Ён жа зусім яшчэ малады. А маладыя ўсе ў нечым падобныя. І нас жа некалі, калі мы пачыналі тут працаваць, папракалі ў яршыстасці, непачцівасці... Акаловіч — сучасны. Інтэлектуальны, востры на язык, смелы. Але і вельмі душэўны... Ну, а тое, што ён часамі іранізуе над Васільцом, дык гэта па маладосці...

— Васілец яшчэ вельмі цярплівы...— нібы між іншым сказала Мая Сцяпанаўна.— Іншы на яго месцы такіх зняваг не сцярпеў бы...

— А якія ж тут знявагі? — здзівілася Таццяна Сяргееўна.— Давайце будзем шчырыя: крыху ўжо заносіць на паваротах нашага Васільца... Любіць, ох, як ужо любіць славу... Нядаўна ж толькі праводзілі семінар, а цяпер — новы семінар... Ужо не для раёна, а для ўсёй вобласці... Па навучальна-вытворчым камбінаце. Як сказаў ён пра гэта, дык вы ўсе, хоць гэты клопат найперш будзе на вашых плячах, маўчалі, а шчыры Акаловіч не змоўчаў: ну і любіце вы, Павел Мікалаевіч, пакрасавацца перад начальствам! Сліж захіхікаў, усе разгублена маўчаць, а Васільцоў абаіх аж у жар ад нечаканай такой шпількі кінула...

— А што ж тут разумнае сказаў твой любімец? — запытала Мая Сцяпанаўна ўжо спакойна, але з іроніяю.— Не сам жа Васілец папрасіў, а райана змусіла правесці гэты семінар. А райана папрасіла іменна нас правесці гэты семінар таму, што школа наша маладая яшчэ, але ўжо вопытная, моцная... Акаловіч твой выскачыў якраз недарэчы, паказаў яшчэ раз, што ён проста неразумны, няцямлівы хлапчук...

— Лішне надзярзіў, канечне, Акаловіч...— падтрымала яе і Лілія Іосіфаўна.— Толькі аднаму Сліжу гэта і спадабалася.

— Ну і мы перабольшваем ужо: Павел Мікалаевіч, Павел Мікалаевіч! Павел Мікалаевіч так сказаў! А гэты Павел Мікалаевіч лічыць сябе ўжо новым Сухамлінскім...

— Не грашы, Таццяна Сяргееўна...— можа, ужо і залішне запальчыва заступілася Мая Сцяпанаўна.— Аўтарытэт Паўла Мікалаевіча пакуль што ні яму, ні нам усім не шкодзіць. А наадварот... Усе мы працуем спакойна, з упэўненасцю, з веданнем, што наша праца і заўважаецца, і цэніцца...

— Канечне...— пацвердзіла і Лілія Іосіфаўна.— Хіба ў нас не таварысцкі клімат, не дэмакратыя? Хіба не на навуковай аснове ідзе навучальная і выхаваўчая работа? Няўжо не высокі аўтарытэт нашай школы ў раёне?

— Ясна,— з іроніяю ўсміхнулася Таццяна Сяргееўна.— Вы ўсе закаханыя слепа ў нашага шэфа. Нават сваю працу гатовы прыпісаць яму... Ваша любоў перадаецца ўжо і мне. Як я не змушаю сябе быць супраць Васільца, а ўсё нешта вабіць сімпатызаваць яму. Застаецца толькі пераканаць майго юнага любімца, каб і ён перастаў сваволіць, рабіць падкопы пад аўтарытэты...

— Дык усё гэта залежыць толькі ад цябе? — прыжмурыла вочы Мая Сцяпанаўна.

— Бадай,— хітра прыжмурыла вочы і Таццяна Сяргееўна.— А ты што — не верыш, што трыццаціпяцігадовая жанчына можа запаланіць душу дваццацідвухгадовага юнака? Што ён яе можа пакахаць, дзеля яе пайсці на ўсякую рызыку? Што ён урэшце, кахаючы, можа зусім змяніцца, з дзёрзкага, калючага, стаць мяккім, чулым, спагадлівым? Ты недаацэньваеш ролю жанчыны, кахання?

Мая Сцяпанаўна аж здзівілася: тая жартуе ці гаворыць праўду? Няўжо яна, знаючыся, а пасля адхіліўшы такіх сталых і сур'ёзных хлопцаў,— галоўнае, сталых і забяспечаных хлопцаў! — мае глыбокія намеры да гэтага сімпатычнага, але зусім яшчэ, як кажуць, неаперанага юнака? Няўжо, па-другое, не баіцца такой розніцы ў іхніх гадах?

Таццяна Сяргееўна, пазіраючы на яе, толькі ўсміхалася — сапраўды вельмі хітра і гарэзна. Ці ад сваіх глыбокіх задум, ці ад таго ўражання, якое яна зрабіла на прадбачлівую Маю Сцяпанаўну.

Невядома, колькі яны маўчалі б, колькі цягнулася б гэтая вытрымка недаўмення і гарэзнасці, каб на дварэ не пачуліся крокі.

«Ён! — здагадалася Мая Сцяпанаўна. Ёй вельмі хацелася, як і заўсёды, адхінуць на акне фіранку, усміхнуцца, але цяпер праз сілу стрымалася, праз сілу засталася нібы абыякавай да чалавека, што ішоў сюды.— І, на жаль, дарэмна».

— На прощальное свидание спешит любовник молодой...— усміхнулася Таццяна Сяргееўна.

Мая Сцяпанаўна кінула на яе разгублены позірк: што, ты ўсё ведаеш ужо? Але тая глыбока затаіла ўсмешку, нагнула галаву і закурвала. Што ёй адказаць? Загневацца? За што? За намёк? Але ж тая можа адказаць: а я не пра цябе падумала, я падумала пра сябе ці вось пра Лілію Іосіфаўну. Дык і выдасі ўсё, што на душы. Таму трэба лепш змаўчаць. Тым больш што наперадзе новыя выпрабаванні. Усе ж цяпер будуць надта пільна сачыць і за ёю, і за госцем.

У пакой зайшоў Васілец. Ступіў і, здаецца, разгубіўся, не чакаючы ўбачыць тут Таццяну Сяргееўну і Лілію Іосіфаўну. Сцягнуў мокрую брылёўку, расшпіліў гузік на балоневай зялёнай куртцы, але тут жа і зашпіліў яго, з разгубленасцю зірнуў на яе: што такое? Мая Сцяпанаўна апусціла галаву, раптоўна тоўпячыся сарамліваю цеплынёю, падумала: бачыў жа святло ў акне — дык мог бы зазірнуць, убачыць, хто тут, і не зайсці. Дамаўляліся ж: яна рана выключыць святло, ён пастукае ў шыбіну тры разы — яна адчыніць дзверы. Парушыў дамову, зайшоў — выявіў, як малады, свой стан.

— Шанцуе сёння нашай Маі Сцяпанаўне на начальства...— апярэдзіла ўсіх, азвалася першая Таццяна Сяргееўна.— Толькі што праінспектавалі яе мы з Ліліяй Іосіфаўнай, а тут яшчэ і сам дырэктар заявіўся...

Васілец, супакоіўшыся, усміхнуўся, зрушыўся з месца і сеў на канапе. Пасярод настаўніц. Таццяна Сяргееўна, пыхкаючы дымам, не зводзіла з яго пільнага іранічнага позірку.

— Што ж зробіш, такая мая служба,— адказаў Васілец. З жартам.— Трэба правяраць і работнікаў, і правяраючых.

— Сапраўды цяжкая твая доля, Паша,— прамовіла Таццяна Сяргееўна,— Няма табе спакою ні ўдзень, ні ўвечар. Усё работа ды работа. І калі ты толькі жывеш для сябе, для сям'і?

Мая Сцяпанаўна заўважыла: па шчоках Васільцовых разліўся густы чырванец. Не вытрымлівае ён глыбокіх усмешак ды намёкаў Таццяны Сяргееўны. Ды хіба лёгка ў такой сітуацыі? Не, нялёгка.

— Усё добра, шэф,— ужо нібы сур'ёзна сказала Таццяна Сяргееўна.— Дзеці добра накормленыя, усе здаровыя. Парабілі ўрокі, адпачылі, пагулялі — цяпер спяць. У Маі Сцяпанаўны,— усё ж не вытрывала, усміхнулася,— настрой бадзёры, як і заўсёды, мы з Ліліяй Іосіфаўнай гэтаксама не думаем маркоціцца... А прыйшоў ты, Паша, дарэчы. Трэба ісці дадому, а на дварэ цёмна, страшна. Дык вось і падвядзеш. Ты ж не супраць, праўда? Бо адчуваеш: трэба ж клапаціцца за лёс, жыццё сваіх падапечных?

Сказала і, схіліўшы галаву, больш пазірала на яе, Маю Сцяпанаўну. Як яна ўсё гэта слухае? А яна старалася ўсміхацца, хоць на душы было не да смеху.

— А там, можа, хоць з раз заманю і на кватэру... Дырэктар жа павінен ведаць, якія ўмовы жыцця ў яго настаўнікаў...

— Ды трэба калі зайсці...— у тон ёй адказаў і Васілец.

Праз паўгадзіны, калі Васілец сабраўся ісці дадому, на дварэ зноў пачуліся крокі. Цяпер ужо Мая Сцяпанаўна смела адхінула фіранку і зірнула на двор. Хто ж там? Муж? Свякроў? Не. Да асветленага ганка спяшаўся таўсматы Сліж. Здзівілася: чаго гэтага нясе штосьці насупраць ночы?

Сліж запыніўся на ганку, прыпаў, цікнуў у незавешанае акно. Усміхнуўся, бліснуўшы мноствам залатых зубоў. Мая Сцяпанаўна апусціла фіранку — Сліжаў яхідны твар схаваўся.

— Што гэта сёння за нашэсце нашых мужчын? — здзівілася Таццяна Сяргееўна.— Зусім не разумею, якія ж інспектарскія функцыі прывялі сюды вось гэтага тыпуса?

Сліж зайшоў. Хітра заўсміхаўся.

— Ці не нарада ў вас? — зірнуў кожнаму ў вочы, стараючыся адчуць, пра што тут маглі дагэтуль гаварыць.— Скончылася ўжо? Добра. Тады я, значыць, у час паспеў, каб падабраць і завесці суседа дадому...

— Адкуль ты ведаеш, што я тут? — аж разгубіўся Васілец.— Я ж позна сядзеў у школе, а потым, во зусім нядаўна, рашыў падысці сюды, зірнуць, што робіцца ў інтэрнаце. І пайшоў не праз вёску, каля тваіх акон, а напрасткі, праз поле.

— Хі-хі-хі...— прыплюшчыў вочкі Сліж.— У мяне інтуіцыя разведчыка. Быў на Самадуме, бачу: ёсць святло ў тваім кабінеце. Значыць, працуеш. Потым бачу: патухла. Значыць, ты выйшаў. Я падаўся насустрач. А цябе няма... Дык я ў машыну і сюды...

— Ці не сочыш ты за мною?

— Цікаўлюся крышку...

— Адпачываў бы, тэлевізар глядзеў бы ці кніжку лепш пачытаў...— Павел устаў, начапіў брылёўку,— Ці ты летапіс які пішаш? Ці оду пра мяне?

— Ды магу напісаць...

— Ну што ж, паехалі дадому, шпіён. Будзьце здаровыя, дзяўчаты.

Зірнуў, запыніў позірк на ёй, Маі Сцяпанаўне. Са шкадаваннем і, здаецца, са здзіўленнем: на што ты, маўляў, сабрала сёння тут госці, вячоркі? Яна ж квола ўсміхнулася, з пяшчотаю пазіраючы яму ў вочы, і нават, выкарыстаўшы міг, па-змоўніцку падміргнула. Падбадзёрыла. Дарма, што сёння так выйшла, заўтра ці паслязаўтра ўсё выйдзе іначай.

Васілец пайшоў.

— А вы, Таццяна Сяргееўна? — запытаў Сліж,— Хадзем, я вас першую падвязу...

— Дзякую, Уладзімір Пятровіч,— уздыхнула, не ўзрадавалася тая.— Я, відаць, не буду сёння дома начаваць. Застануся тут, калі Мая Сцяпанаўна будзе не супраць. А вы ўжо і далей падхалімнічайце перад начальствам, ведайце ўсе яго задумы, апярэджвайце, сцяліцеся лістам...

Сліж быў Сліж. Не збянтэжыўся, не разгубіўся. Усміхнуўся, падняў палец угору:

— Начальства, жызня мая, ёсць начальства! Яго трэба любіць. Не варта часта трапляць на вочы, але і не трэба намнога аддаляцца. Карысна заўсёды быць пад яго рукою...


4...


І сёння Ларыса вярталася дахаты адна.

Сып ужо быў дома, а Павел застаўся яшчэ на рабоце. Яго чакай к ночы, не раней. Вернецца стомлены, сярдзіты — адразу ж сядзе за пісьмовы стол ці ляжа ў пасцель. Зможаш пагаварыць з ім толькі заўтра раненька, калі будзеш разам ісці ў школу.

Хоць і спяшалася дадому, дзе яшчэ было для яе шмат работы, не вытрывала, забегла ў настаўніцкі дом. Учора тут былі закончаны самыя апошнія, малярскія, работы. Паслязаўтра — мясцком, на якім будуць дзяліць кватэры.

Зайшла ў першы пад'езд. Як і ў гарадскіх дамах, вісяць во новенькія паштовыя жалезныя скрынкі, пахне бетонам, мелам, фарбаю. З хваляваннем падышла да першых справа дзвярэй — да трохпакаёвай кватэры. Дзверы яе, як і ўсіх астатніх кватэр, былі яшчэ не абабітыя, толькі злёгку пафарбаваныя ў ліловы колер. Крэйдаю прыгожа выведзена лічба «І».

«Наша! — соладка таўханулася сэрца.— Неўзабаве мы будзем самастойныя людзі, самі сабе гаспадары! Будзем жыць у прасторнай, светлай сучаснай кватэры!»

Піхнула незамкнёныя дзверы, нагнулася, памацала пальцам падлогу. Фарба, здаецца, ужо зацвярдзела. Заўтра, бадай, ужо можна будзе памыць падлогу і хадзіць па ёй. Любуючыся, аднак, агледзела: падлога тут, у калідоры, не зусім шчыльная. Відаць, рассохлася, бо між асобнымі дошкамі ёсць даволі прыкметныя шчыліны. Перавяла позірк на сцены, пафарбаваныя ў блакітны колер, на белую столь. Здаецца, столь не зусім роўная. Надта кідаецца ў вочы след ад схаванай пад штукатурку электрычнай праводкі. Цікава: а якая ж кватэра на другім паверсе?

Жаночая цікаўнасць павяла яе вышэй, да яшчэ адной трохпакаёвай кватэры ў гэтым пад'ездзе.

Паднялася. Па шырокай, многаступенчатай лесвіцы. Піхнула дзверы пад нумарам «5». Тут падлога, таксама светла-рудаватага колеру, была шчыльная. І слядоў ад схаванай праводкі на сцяне і на столі не было. Можа, гэтыя агрэхі — шчыліны ў падлозе, сляды ад праводкі — былі і дробяззю, можа, не варта было на гэта зважаць, але Ларысе ўсё роўна падумалася, што гэтая кватэра лепшая. Пазірала ўсярэдзіну — і ёй болей ды болей усё тут падабалася: і колеры ва ўсіх пакоях, і добрая асветленасць, і столь, і падлога. Нічога не скажаш, цудоўная кватэра. Не толькі прасторная ды светлая, але і добраўпарадкаваная — з халоднаю і цёплаю вадою, з газам, з ваннаю. Усё як і ў горадзе. Нават яшчэ і лепш, чым там. Бо гэты дом не на шумнай вуліцы ці паблізу дымнага завода, а ў полі, каля самага лесу. Ды яшчэ цячэ паблізу рэчка. Здаецца, няма лепшага нідзе месца, як тут. Гэтыя мясціны — бадай, курортны куток.

Пачула: нехта ляпнуў дзвярыма, зайшоў у пад'езд. Тупае па лесвіцы. Зірнула ўніз: падымаецца сюды Сліж. Не хацела, каб бачыў яе тут, не хацела гэтай сустрэчы. Дала сваёй цікаўнасцю спрыяльную зачэпку для Сліжа пакепліваць, распускаць усякія нядобрыя чуткі. Але што зробіш. Спакусіла цікаўнасць — цікаўнасць і пакарае.

— Любуецеся?— усміхнуўся Сліж. Падышоў, аддыхваючыся, стаў побач.

— Не,— збянтэжылася.— Проста так...

— Проста так нічога не бывае...— глыбакадумна прамовіў Сліж, пільна маленькімі, заплытымі ад лішняй паўнаты, вочкамі пасвідраваў яе.— Гэтая кватэра больш спадабалася, чым тая, што на першым паверсе?

Яна, саромеючыся, са здзіўленнем зірнула на яго: адкуль ён ведае?

— Ды бачу. Па вас, Ларыса Іванаўна, бачу,— прамовіў, уздыхнуў. Цяжка. Як па нейкай страце.— Шкода мне ўступаць другі паверх, гэтую кватэрку, якую даўно ўжо я сабе аблюбаваў, але дзе дзенешся! Хочаце вы — няхай будзе ваша. Бярыце. На першым паверсе гэтаксама неблагая. Я адчуваў: Павел Мікалаевіч не будзе надта ні ўва што ўваходзіць, што мы выдзелім, тое і возьме, але вы... Вы жанчына. А жанчына ёсць жанчына... Адным словам, уступаю. Але паслуга за паслугу. За такую сваю ўступку я маю да вас, Ларыса Іванаўна, просьбу. Прашу мне памагчы.

— Які з мяне памагатар! — усміхнулася.— Я радавы, як і вы, настаўнік, радавы член мясцкома.

— Вы ж яшчэ дырэктарава жонка! — прыплюшчыў вочкі, абапёрся аб вушак.— Гэта не пасада, але вялікая ўлада. Вось і пагаварыце далікатна з Паўлам Мікалаевічам, каб ён звольніў Семяновіча і іншага чалавека ўзяў на яго месца...

— Нашто? — здзівілася яна.— Хіба Семяновіч кепска працуе?

— Я не пра тое...— Сліж закусіў губу.— Але пагаворым шчыра. Вы даўно ўжо ведаеце: дрэнны я настаўнік. Ва ўсім. І не ведаю таго, што трэба ведаць настаўніку, і не паводжуся так, як трэба паводзіцца. Я не дурны, я мог бы быць іншы, нават такі адданы школе, як Павел Мікалаевіч ці Лілія Іосіфаўна. Але я не быў такі і не буду. Я не маю ніякай ахвоты да сваёй працы. Я нават пакутую, што я настаўнік. Мне здаецца, што сёння настаўніцкая прафесія адна з самых цяжкіх, пачэсных, але і не прэстыжных. І тут, у вёсцы, таксама. Я ўжо не раз гаварыў, зноў паўтару: цяпер больш паважаюць магазіншчыцу, лесніка, шафёра і трактарыста, брыгадзіра, чым настаўніка. Бо тыя людзі дзелавыя, ад іх можна нешта ўзяць. А што возьмеш ад настаўніка? Вучыць нашых дзяцей — ну, няхай і вучыць! Некалі ён быў самы адукаваны на вёсцы, маяк, светач, дык тады і ішлі да яго. То каб ліст напісаў, то каб пра навіны ў свеце расказаў. Зараз адукаваных хапае... Дык хто цяпер ідзе ў настаўнікі? Лічы, адны жанчыны. Настаўніцкая прафесія стала нібы жаночаю. А таму, кажу, і не зусім прэстыжнаю. Трапіў я па недаразуменню ў школу — дык цяпер і саромлюся, пакутую... Нібы і не мужчына я...

— Перабольшваеце вы, Уладзімір Пятровіч, як і заўсёды...— сказала Ларыса.

— Не перабольшваю. Не думайце, я ўсё разумею. Адчуваю: ваш Павел Мікалаевіч задаволены. Бо ён дырэктар, кіраўнік. Ён мае ўладу, славу. Але ж усе не могуць быць дырэктарамі, завучамі. Бо такіх пасад мала. Значыць, усе астатнія павінны ўвесь свой век працаваць без павышэння па службе. Можа, хто і згодзен на гэта, можа, хто і ўлюбёны ў сваю працу, не зважае на ўсякія жыццёвыя калізіі, на кар'еру, але я, кажу, пакутую. Адчуваю: не магу ўсё сваё жыццё вадзіцца з дзеткамі, корпацца ў іхніх сшытках, як крот у зямлі, быць радавым і радавым членам калектыву, бачыць, што на мяне ніхто не зважае ў вёсцы...

Ларыса ўсміхнулася, кіўнула ад здзіўлення галавою.

— Скажаце: нашто ўсё гэта? Пасады, слава, павага? — ухмыльнуўся Сліж,— Можна, маўляў, пражыць і без гэтага. Можна. Але нялёгка жыць, калі адчуваеш: ты маленькі чалавек. Нічога не значыш. Бяспраўны. Скажаце: я тое-сёе маю. Плату, машыну, кватэру, сувязі. Але ці меў бы я што, каб мая Ніна не працавала ў магазіне? Не, не меў бы. З-за яе толькі да мяне цягнуцца. Каб не яна, каб не магазін, дык на мяне ніхто і не зважаў бы. Ні ў лазню, ні на гулянку не запрасіў бы. Як цяпер вось не запрашаюць Лілію Іосіфаўну ці Акаловіча... У мяне іншая жылка моцная — арганізатарская, дзелавая. Я з радасцю пакінуў бы настаўніцкую няўдзячную работу і змяніў бы яе на іншую. Стаў бы, да слова, гаспадарнікам ці, як сказаць больш салідны, намеснікам дырэктара школы па гаспадарчай частцы. Намеснікам! — падняў уверх палец.

Ларыса аж выпрасталася, падняла на лоб бровы: жартуе?

— Праўду кажу. І запаветную,— бачачы яе здзіўленне, усміхнуўся Сліж.— Гатоў хоць сёння змяніць сваю прафесію.

— Думаеце, у рабоце гаспадарніка знойдзеце большае задавальненне?

— Канечне! — падняў галаву Сліж.— На першы погляд, праца гаспадарніка сціплая. Але ж у яго руках машына, трактар, выдатны гарод, сад, кветнік.— Прыплюшчыў вочкі.— А хіба гэта мала? Хіба няма тут дзе разгарнуцца? — Прыблізіўся, зашаптаў.— Ды пры мне ўсё гэта дасць вялікі даход. І школе, і... Пры мне, даю слова, вы на сваёй уласнай машыне скора будзеце ездзіць... Ну, каб не перарываўся педагагічны стаж, магу ўзяць гадзін пяць-шэсць. Ну, як?

Адчула: не, сапраўды не жартуе. Усё абдумаў. І даўно ўжо. І сёння гаворыць праўду: кепскі ён настаўнік, спраўны даставала і прадавала. Найменш цяпер думае пра школу, больш спраўляе свае асабістыя клопаты — кожны дзень, лічы, нешта некаму то дастае, то прадае, то штосьці ў кагосьці купляе. Ва ўсякім разе, лепш ведае, што робіцца ў тутэйшым магазіне, чым тое, што адбываецца ў школе. І гэта яшчэ не ўсё. Сліж яшчэ і нейкі ўсясільны. Забяруць у якога шафёра за парушэнні правы — той ідзе да Сліжа. Зловяць каго на браканьерстве — зноў той ідзе да Сліжа. І Сліж усіх выратоўвае, усім памагае. За вялікую плату, кажуць.

— Адным словам, вы, Уладзімір Пятровіч, задумалі стаць нейкім школьным бізнесменам?

— У добрым сэнсе гэтага слова.

— А вы падумалі, што скажа на гэта райана? Настаўнік з вышэйшай адукацыяй — і раптам гаспадарнік!

— Намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы! — усміхаючыся, паправіў Сліж.— Павел Мікалаевіч скажа адно слова — і райана з усім пагодзіцца. А я, як і два завучы, змагу заходзіць у кабінет вашага шаноўнага Паўла Мікалаевіча ў любы час. Намеснік ёсць намеснік! Ён бліжэй да кіраўніка, чым кожны настаўнік, і сам, лічы, кіраўнік... І пры гальштуку, пры капелюшы буду хадзіць. Не ўзяў некалі Павел Мікалаевіч мяне за завуча, аддаў перавагу жанчыне, Ліліі Іосіфаўне, дык няхай цяпер зверне на мяне належную ўвагу. Яшчэ раз скажу: школе ад гэтага горш не будзе. Пры мне ўсё — майстэрня, гарод, сад, кветнік, сталоўка, інтэрнат, машына, трактар — будзе як трэба. У мяне процьма ўсюды сяброў, такія сувязі, якіх у вас не было і не будзе. Я ўсё магу дастаць. Ад іголкі да машыны. Вось і вам мог бы цяпер замежную мэблю, самы новы халадзільнік, каляровы тэлевізар знайсці, але ж вы заўсёды не хочаце маёй помачы, будзеце браць шырпатрэб. А я такія сабе гарнітурчыкі прывязу, што ўсе аж ахнуць... А вы будзьце сабе на здароўе сціплыя! Які толк з вашай сціпласці? Дзівакі вы, дзівакі! Гэткі і ў Міланьскай школе гарод, сад мелі, тут такая школа пад назіркам Паўла Мікалаевіча будавалася, такія сумы праз яго рукі праходзілі — можна ж было нажыцца дык нажыцца! А вы? Павел Мікалаевіч у просценькім касцюмчыку як хадзіў пяць гадоў назад, дык і цяпер ходзіць, вы толькі адзін залаты пярсцёнак маеце. І то вунь аж калі прыдбалі! А мая Ніна сем — і не такіх, а нашмат даражэйшых! — пярсцёнкаў мае, не саромеецца смяяцца на поўны рот! Бо ў яе залатых зубоў палавіну! Адным словам, не ўмееце жыць... Вось неўзабаве будзе ў школе важны семінар. Наедзе шмат важных людзей. Семінар, канечне, трэба добра правесці. На ўзроўні, як кажуць. Але ж трэба і пра іншае падумаць. Пра добры абед. Вы ж дасце яго ў школьнай сталоўцы. Капуста, катлеткі, пюрэ, кампот... Не раз жа ўжо так было... А хіба так трэба? Не, даражэнькія. Трэба, кажу, і пыл добра ў вочы пусціць, і людзей прыняць як след. Прыедуць жа яны і з вобласці і з раёна. Усе цяпер стамляюцца на рабоце, дома, дык кожны думае: з'езджу ў вёску, падыхаю свежым паветрам, адпачну... І трэба падбаць, каб людзі добры настрой мелі і з выдатным настроем адгэтуль паехалі, каб гэтую сваю паездку праз гады ўспаміналі. А што трэба для гэтага зрабіць? Мала! Рыбалачку, паляванне, стол добры наладзіць ды і ў сумку кожнаму, што трэба, варта даць. Лaсяцінкі, рыбкі, грыбкоў, сальца і мясца. Цяпер усе любяць натуральнае, вясковае... Вось тады і помніць будуць, тады і аддзякуюць. І словам добрым, і ўзнагародай Паўлу Мікалаевічу... А вы... Наіўныя вы яшчэ людзі...

— Сапраўды, вы зрабілі некалі памылку, што сталі педагогам...— паківала галавою Ларыса.— З вашымі здольнасцямі... трэба не ў школе быць...

— Я ж і сам кажу...— ухмыльнуўся Сліж.— У іншым месцы я разгарнуўся б! Каб я мог быць там, дзе хачу, дык вы паглядзелі б, як Сліж жыў бы! — Уздыхнуў.— Ды, на жаль, я задаволены сабою, але не задаволены сваім становішчам!

Збянтэжыўшыся, Ларыса зірнула на яго раз-другі: усё ж жартуе ці не? Ён заўсёды такі. Здаецца, ніколі не гаворыць праўды, таго, пра што думае. Век хаваецца за жарты, кепікі. Сліж, глыбока затаіўшы ўсмешку, таксама пільна пазіраў, нібы гадаючы, якое зрабіў уражанне, пра што яна цяпер думае.

«Усё ж загадкавая істота чалавек! — падумала. — Прывыкнеш да яго, маеш уражанне, думку, а яны, як убачыш аднойчы, не зусім глыбокія... Бо чалавек зусім іншы, не такі, як ты пра яго думаеш... Вось і Сліжа я недаацэньвала. Думала: ён прасцячок. А ён не прасцячок. Ён... Ды што пра каго казаць! Тут цяжка самую сябе зразумець! Лічыш: ты і прыгожая, і стройная, і разумная, і самая добрая на свеце. Доўга-доўга, бывае, жывеш з такім адчуваннем. Пакуль у адзін — ды хіба ў адзін! — момант ні выявіш: ты іншая. Бо ў цябе ёсць, аказваецца, і злосць, і крыўда, і зайздрасць, і незычлівасць... Можна, праўда, гэтага нібы не заўважаць, па-ранейшаму лічыць сябе анёлам, але ўсё роўна ад збянтэжання і пакут у душы нідзе не дзенешся...»

— Дык як, Ларыса Іванаўна? — вывеў яе з одуму Сліж.— Паможаце? Для агульнага ж дабрабыту!

— Я і не ведаю, што вам сказаць,— паціснула плячыма.— Бо сказаць шчыра, не знаю: дзе, на якім месцы вы будзеце менш ці больш карысны...

«На першым паверсе дастанецца кватэра дык на першым...— думала пасля, калі спускалася па лесвіцы ўніз.— На другім дык на другім... Няхай будзе ўсё так, як вырашыць мясцком. Са Сліжам, праўду гаварыў Павел, не трэба мець ніякага хаўрусу. Бо і заўважыць не паспееш, як уцягне, ублытае ў нейкую сваю павуціну. Бо ніколі чалавек не думае пра работу, пра людзей, пра штосьці высакароднае, а заўсёды нешта пляце і пляце сваё, што не разумееш, не прымаеш душою...»

У хваёвым лесе было зацішна. Скупа, але даволі ясна і цёпла свяціла сонца, азалочвала рэдкае жоўтае лісце на адзінокіх бярозах, зеляноту, рыжае шыгалле — вакол панаваў развітальны смутак з летам, з цяплом і з яснасцю, з павялай красою. Душа поўнілася ад высокага напружання гэтага адчування і, здаецца, не хацела набываць новы стан, разумець, што неўзабаве будзе холадна, мокра, можа, нават і снежна — лес гэты стане ўжо не зацішны, лагодны, а пануры і глухі.

Ларыса тупала, пільна пазірала на шыгалле, шэры пясок — зноў, пасля пацяплення, выплылі зеляніцы, таўстухі, і яна зноў прыйшла па грыбы. Вось застракацела ад зелені ў вачах. Сядзіць вялікая сям'я зеляніц. Нагнулася, пачала далікатна зразаць і класці ў пакоўную карзіну. Зеляніцы былі крамяныя, нават аж цвёрдыя, і здаровыя. Зірнула ўбок: сядзіць, чыкае нажом паўзялёнкі і сын.

«Ну і Сліж! — вірыліся ўсё пра адно ў галаве думкі.— Што ён надумаў?! І як толькі ён трапіў у школу? Няўжо памыліўся? Няўжо тады думаў: у школе, бадай, сама лягчэй працаваць. Фізічнай працы, лічы, ніякай, і грошы неблагія... Але не верыцца, каб ён мог памыліцца... Ён жа загадзя ўсё абдумае-перадумае, узважыць-пераважыць, а тады ўжо на нешта асмеліцца... І чаму ён да мяне першай падышоў, загаварыў? Няўжо думае, што не Павел, а я кірую школаю? Ці, можа, і іншае што меў на ўвазе? Бо каторы ўжо час, здаецца, нібы фліртуе са мною. То кампліменты гаворыць, то ў вочы з усмешкаю зазірае, то на ўсякія інтымныя размовы падбівае... Павел не зважае на гэта, а вось Таццяна Сяргееўна ўжо колькі разоў жартавала: «Штосьці ў вас са Сліжам ёсць!» І ён, здаецца, стараецца гэта нібы пацвердзіць перад усімі... Дык трэба мне далей трымацца ад гэтага Сліжа, а то яшчэ... Толькі гэтага мне і не хапала!..»

Думаючы пра Сліжа, і назбірала поўную карзіну грыбоў.

Вярнуліся з сынам дадому.

І сёння Павел прыйшоў дадому позна. Тады, калі яна з сынам перабрала ўжо грыбы, вымыла іх, палову зварыла. А ў каструлях — на керагазе ў сенцах — варыліся ўжо астатнія.

Павел, нібы не спадзяючыся ўбачыць яе тут, у сенцах, застыў. На яго твары, здаецца, была і лёгкасць, на вуснах блукала шчаслівая ўсмешка, а разам з тым у вачах была стомленасць, а пад вачыма глыбіліся цемнаватыя ўпадзіны.

— Ты ўжо і начаваў бы ў школе,— папікнула, седзячы на столачку і памешваючы апалонікам грыбы ў вялікай зялёнай каструлі.— На што табе дом, сям'я? Пад'еў у школьнай сталоўцы, паспаў на капане ў сваім кабінеце — і зноў за школьную работу! Даў урокі ці схадзіў на нечыя — зноў у свой кабінет. Да стала і капаны.

Стаяў, прыхінуўшыся да вушака, нічога не адказваў. І гэтая яго спакойнасць, як і раней, зазлавала, выбіла з раўнавагі: маўчыць наўмысна. Ведае, што трэба паслухаць, даць, каб яна выгаварылася. Выгаварыцца — паспакайнее ці адумаецца, пачне сама сябе дакараць за сваё незадавальненне і сваю буркатню. Каб ён апраўдваўся ці сярдзіта адказваў на яе папрокі — дык яна хутка і не выгаварылася б, і не адумалася б, а распаліла б спрэчку. Але ён заўсёды спрытна збівае яе ваяўнічы запал, крыўды, папіканні. І спрэчкі не бывае. З аднаго боку гэта, можа, і добра, а з другога — і дрэнна: усё ж некалі ёй трэба і сказаць яму ўсё, што думае ці хоча, і перамагчы яго. Цяжка змірыцца, што іменна ён узяў над ёю верх. Як, можа, цяжка змірыцца ў гэтай сітуацыі і кожнай жанчыне.

— Усё? — спытаў. Без крыўды і без усмешкі. Нібы з іроніяю.

— Не, не ўсё! — рэзка адказала.— Адкажы нарэшце: хто я табе? Жонка? Наймічка? Сужыцелька? Твая гаспадыня?

— Бурклівая жанчына...— усміхнуўся.— І чым больш сталееш, тым больш зласнееш...

— А ты? — ужо мала думала, дала волю эмоцыям.— Хто ты? Які ты? Ты сем'янін? Муж? Бацька? Якую ты мне вызначыў ролю? Кім я станаўлюся? Зірні: якія ў мяне рукі!!!

— А хто цябе змушае збіраць, да слова, гэтыя грыбы?

— А зімою ты іх не з'ясі? Як і не з'ясі чарніцы, брусніцы, журавіны, маліну?

— Ну, дык і не наракай...— насупіўся.— Бо і мне гэта надакучвае...

— Надакучвае? — зразумела яна яго словы па-свойму.— Я табе ўжо надакучваю? Сын надакучвае? Дык кідай тады нас...

— Ну, ціха...— прашаптаў.— Крычыш, што і там,— кіўнуў на хату,— усё чуваць...

— Не магу,— прыклала руку да грудзей,— павер, не магу я ўжо так далей жыць. Стамляюся, выбіваюся з сіл ад работы ў школе і дома, ад адзіноты, сваіх думак... Я ж табе ўжо нібы і не патрэбная. Нашто я табе трэба? Бялізну памыць, есці зварыць ды пагаманіць з табою пра тваю работу... А я ж яшчэ не старая, каб толькі так жыць. Я хачу іншага...

Змаўчаў. Толькі прыкусіў ніжнюю губу. Зірнуў на яе нібы са здзіўленнем, нібы з рашучым асуджэннем. Маўляў, што ты ад мяне хочаш? Як мне жыць іначай? Хіба я бачу што лепшае, апрача работы, клопатаў?

Адчула: калі і яна цяпер замаўчыць, дык загавораць ужо не хутка. Можа, і праз некалькі дзён. Было ўжо ў апошні час такое не раз. Часамі і з-за нейкай дробязі. Ці, можа, гэта толькі здаецца, што з-за дробязі. Бо яна сама сабе не прызнаецца, з-за чаго так хвалюецца, не мае спакою, чэпіцца да Паўла, пакутуе. Яна раўнавала. Усё лета раўнавала Паўла да Маі Сцяпанаўны. Праўда, пра Паўлаву нявернасць нічога не чула, але штосьці непакоіла яе, насцярожвала: змяніўся ён да яе, ахаладзеў. Яна яму ўжо нібы не жонка, а сястра. Чаму? Не кахае больш? Ці яна не кахае? Не. Дык у чым жа прычына? Дык вось гэтую прычыну яна і бачыла ў іншай жанчыне, у Маі Сцяпанаўне. Душою адчувала: тая кахае Паўла. І, можа, апошні час і з узаемнасцю. Ужо адно тое, што ў апошні час Мая Сцяпанаўна і прыгожа апранаецца, і заўсёды вясёлая, расцвіла, як маладая кветка пасля дажджу, бянтэжыцца перад ёю, насцярожвае. Сапраўды, чаму ў той такі росквіт? Без палкага кахання ён быць не можа. Яна ж жанчына, ведае: калі ў жанчыны на сэрцы лёгка, дык і на твары яе весялосць, лёгкасць, краса тады.

— Даклад сёння закончыў...— Павел перавёў гутарку.— Дадому прынёс. Пачытай, мо што падкажаш...

— Дзе мне там да навукі! — пачала ўжо крыху адступаць і Ларыса.— Я ўжо стала спецыялістам па варэнню, па саленню, а не па тым, чым ты займаешся. Хоць і ў сваёй справе, здаецца, кепскі я спецыяліст. Людзі здзіўляюцца: мы з табой столькі працуем ужо, столькі ўсяго праходзіць праз нашы рукі, а мы ніяк не станем на ногі, жывём ад зарплаты да зарплаты... Я толькі ў трыццаць пяць гадоў залаты пярсцёнак купіла!.. Дык вось я і думаю: а можа, дарэмна так ашчаджаюся, абыякава адношуся да сябе, не сачу са сабою. Мая Сцяпанаўна на нікога не зважае, глядзіць толькі самую сябе. Што ні дзень, лічы, дык штосьці новае мае. То сукенку, то боты ці туфлі, то блузку, то спадніцу. Да хатняй работы рук не прыкладае. Заўсёды з манікюрам, з прычоскаю. Дык яна і маладая, і свежая. Усе любуюцца, хваляць не нахваляцца: ах, Мая Сцяпанаўна, гады вас не бяруць! А ў яе дагэтуль, як кажуць, на лбе яшчэ ні аднаго пытальніка няма...

Маўчаў.

— А я...— уздыхнула, замыліла вуснамі.— Я, відаць, дурная. Старэю без пары ў рабоце і ў клопатах. Не для сябе жыву, а для некага. То для цябе з сынам, то для школы. Не раз і злуюся, каюся, а перайначыць сябе не магу...

— Ты цуд! — нахіліўся, хацеў пацалаваць яе ў шчаку.— І лепшай за цябе няма тут жанчыны.

Але яна, адчуваючы гуллівасць, не далася.Адхілілася.

— Не пакеплівай, калі ласка,— нібы паскардзілася.— Бо, можа, цяпер і няма ці мала такіх прасцячак, як я. Сёння многія нашмат хітрэйшыя. Не хочуць быць ні цярплівыя, ні пакорлівыя, ні загружаныя ўсякімі абавязкамі ды клопатамі. Сёння, здаецца, многія пакутуюць якраз ад іншага. Ад самаўзвышэння, ганарлівасці, самапавагі. Бо многія ж надта цяпер гордыя, больш думаюць пра свае правы, чым пра абавязкі, крыўдлівыя і на самую маленькую заўвагу...

— Ці не зласнееш ты з узростам? — усміхнуўся Павел.— Ці не становішся нейкай строгай педагагічнай дамай?

— З узростам я пачала больш разумець. Усё больш і больш ненавіджу балбатуноў, ганарліўцаў, хвалькоў, хапуг, лгуноў, прыстасаванцаў і ўсё больш паважаю людзей сціплых, шчырых, працавітых, хоць яны часта, на жаль, і не маюць таго, чаго дабіваюцца іншыя... І не будуць ніколі мець. Бо не ўмеюць ці не хочуць, бачаць сэнс жьіцця ў зусім іншым. Хоць,— уздыхнула,— скажам, хіба якой Ліліі Іосіфаўне лёгка з яе сумленнасцю і праўдзівасцю? Хіба яна шчаслівая?

— А хто ведае: шчаслівы ён ці не шчаслівы? — запытаў ён.— Ці хто знае добра: дзе шукаць тое шчасце? Да яго, як і да ўсяго астатняга, відаць жа, трэба ісці навобмацак. Ні на хвіліну не спыняючыся, не даючы сабе суцяшэння. Суцешыўся, задаволіўся малым — наўрад ці ўбачыш тады вялікае... Не раз толькі разгубліваешся: чаго хацець, а ад чаго адмаўляцца? Што самае важнае, а што дробязнае? Што табе па сілах, а што для цябе непасільны цяжар? Урэшце прыходзіш да пытання, якое задае сабе і іншым, відаць, ва ўсе вякі чалавецтва: як жыць? Дзеля чаго? Якое тваё назначэнне: мізэрненькае ці вялікае?

Цяпер ужо Ларыса змаўчала. Загаварыў яе Павел, звёў яе думкі на іншае — воддаль ад яе ўласнага болю. Моўчкі пачала рыхтавацца здымаць каструлю з керагаза і зліваць з яе ваду.

Калі яна праз паўгадзіны ўпарадкавала грыбы і вярнулася ў іхні пакойчык, дык убачыла: сын ужо спаў на раскладушцы, а Павел, седзячы каля настольнай лямпы, яшчэ чытаў. Відаць, рыхтаваўся да заўтрашніх урокаў. Дырэктар жа, ніхто ў школе не праверыць: рыхтуецца ён да ўрокаў ці не, але вось заўсёды не толькі чытае тое, што трэба і не трэба па праграме, але і піша планы, хоць некаторым настаўнікам дазволіў планы не пісаць, а рабіць толькі для сябе такія-сякія накіды.

Ларыса, узяўшы з шафкі патрэбныя кнігі і сшыткі, таксама прымасцілася за гэтым сталом. У яе было яшчэ шмат работы, якую адкладаць нават назаўтра няможна. Бо заўтра будзе ўжо шмат новай, мусовай.

Леглі спаць за апоўнач, калі Вішнёўка ўжо сцішылася, схавалася ў цемені.

Ляжалі побач. Ларыса — па звычцы — з краю ложка, Павел — каля сцяны. Гэтая звычка захавалася з тых часоў, калі Віктар быў яшчэ маленькі, спаў паблізу, у калысцы, і ёй прыходзілася да яго па некалькі разоў за ноч падымацца ды падыходзіць.

Было позна, але сон не ішоў. Ні да яе, ні да яго. Раней, калі былі маладзейшыя, засыналі хутка, ледзь толькі галовы апускаліся на падушкі. Цяпер жа абое падоўгу ляжалі, баючыся паварушыцца ды парушыць спакой адно аднаму.

— Ну, чаму ты такі, Паўлік? — павярнулася да яго, запытала Ларыса.

Ён ведаў, што яна мае на ўвазе, але ўсё роўна запытаў:

— Які?

— Абы-які.

Змаўчаў. Потым і ён павярнуўся да яе, пачаў лёгка гладзіць далоняй па яе галаве. Некалі яна вельмі любіла засынаць пад яго такія пяшчоты.

Цяпер яна злавіла яго руку, затрымала.

— Ты разлюбіў мяне? — ціха запытала.— Ну, скажы праўду: я сапраўды стала нецікавая, бурклівая, невабная?

— Вось гаворыш абы-што...

— Ну, чаму ты тады так змяніўся? Цяпер ты ніколі ж першы не падыдзеш да мяне, не прытулішся. А як я падыду, дык ты ці хочаш уцячы ад мяне, ці ледзь церпіш, што я ля цябе... Як нялюбая я ўжо, лішняя... А я так жыць не хачу, чуеш? Я ж яшчэ не старая. Калі мне будзе шэсцьдзесят гадоў, дык мне, можа, будзе ўсё роўна: падыдзеш ты да мяне ці не, пацалуеш ці забудзешся... Я хачу, каб мы з табою не толькі ад цямна да цямна працавалі, толькі ўсё для некага і нечага стараліся, але хачу, каб неяк найшлі і для сябе, як і іншыя жывуць. Мне хочацца, можа, і маленькага, як кажуць, шчасця. Але шчасця. Мне надакучыла кожны год марнаваць свае летнія канікулы, аддаваць іх зноў школе, мяне цягне некуды далёка, на Поўнач ці на Поўдзень, з'ездзіць з табою, пабыць удваіх. Пахадзіць, пазагараць, пакупацца, пабыць у тэатры, кіно, у рэстаране. Крыху выпіць, каб лёгка закружылася галава, і патанцаваць. Мы ж з табою, лічы, ніколі не танцавалі... Ці я, па-твойму, эгаістка, фантазёрка ці мяшчанка?

— Ты жанчына...

— Я чалавек, найперш. І нішто чалавечае мне не чужое. Як і табе, думаю. Як і кожнаму.

— Ты думаеш: мы лёгка можам яшчэ змяніць свой лад жыцця? Хіба не бачыш: некалі Таццяна Сяргееўна хацела жыць толькі так, як ты хочаш, а нічога з гэтага не выйшла?! Пазбірала-пазбірала ўсе ўцехі ад жыцця і ўрэшце стамілася. Цяпер усё больш і больш зазямляецца, жыве, як і ўсе мы, грэшныя. Самае галоўнае сваё бачыць у сваёй рабоце.

— Таццяна Сяргееўна Таццянаю Сяргееўнаю. Я не хачу так жыць, як жыла яна. Я маю на ўвазе зусім іншае. Яна хацела мець усе ўцехі, а я думаю толькі пра «маленькія» радасці... Бо я адчуваю: жыццё не бывае з адных уцех. Уцехі ўрэшце стамляюць, расчароўваюць, спусташаюць...

«Жывём колькі ўжо разам, а я добра і не ведаў, што ў яе на душы...— падумаў Павел.— Маўчала ці не гаварыла пра ўсё гэта дасюль, дык я лічыў: усім задаволеная. Радая. Шчаслівая. Аж не... А я? І я хачу не заземленага, а нейкага незвычайнага жыцця. Але, як кажуць, вышэй сябе не скочыш. Бо такая доля, што хочаш ці не хочаш, а вымушаны быць прывязаны да Вішнёўкі, школы, сям'і, да работы. Колькі ні рабі, няма ёй ні канца ні краю. А душа бунтуе... Думаў: вось каханне з Маяю Сцяпанаўнаю павінна ўсё змяніць у маім жыцці. Ажывіць, падняць, узвысіць, напоўніць іншым святлом. Але ці толькі акрыляе? Здаецца, наадварот, яшчэ больш стамляе, заблытвае. Вось і сёння. Сустрэліся, зведалі шчаслівыя хвіліны — я думаў: што мне яшчэ трэба?! Я шчаслівы чалавек. А цяпер не ведаю: ці шчасце ўсё тое? Бо шчаслівы я, нешчаслівая Ларыса...»

— Ну, пра што ты думаеш? — перапыніла яго думкі.

— Ды развярэдзіла душу.

— Здаецца, не зусім так жывём. Не так, як я марыла раней. Хоць і не зусім ведаю, як трэба жыць іначай. Я адно толькі знаю: я люблю цябе, а ты мяне ўжо не. Ну, прызнайся: разлюбіў?

— Не.

— Што — не? Кахаеш? Разлюбіў?

— Ну, кажу ж, не.

— Ну цябе! — прамовіла з крыўдаю, адвярнулася.— Ці і ніколі не кахаў, ці сапраўды разлюбіў. Сапраўднае каханне, можа, яшчэ дрэмле ў табе. Можа, будзе для нейкай іншай...


5...


— Ой, дзеці! — зморшчылася, пацерла нібы набухлыя скроні пальцамі Таццяна Сяргееўна.— Ну ў цябе і дзеткі!

Спачатку яна старалася не зважаць на смех, крыкі, енк дзяцей Ірыны Васільеўны, расказвала навіны, але неўзабаве не вытрывала гармідару, стамілася. Гаспадыня заўважала яе незадавальненне, стому, колькі разоў усчувала і старэйшага, гадоў дзевяці, і сярэдняга, гадоў шасці, і самага малога, гадоў трох, сыноў, але тыя, захапіўшыся гулямі, бегатнёй па хаце, не слухаліся, чынілі сваё.

— Маці настаўніца, выхавацелька, а дзеці такія непаслухмяныя...— паківала галавою Таццяна Сяргееўна,— Як ты толькі і вытрымліваеш жыць у такой гамане? У школе шум, дома шум... Я, вярнуўшыся са школы, люблю цішыню, адзіноту. У цішыні і адзіноце я адпачываю, супакойваюся, думаю ці нават і нешта раблю.

— У цябе адно, у мяне зусім іншае...— уздыхнула Ірына Васільеўна, седзячы побач на канапе.— Я не магу дазволіць сабе тое, што ты дазваляеш... Па-першае, у цябе адзін, а ў мяне трое. Па-другое, няма калі іх выхоўваць. Хто выхоўвае чужых дзяцей, той не мае часу на сваіх. А, па-трэцяе, яны ж малыя. Калі ім пагарэзаваць, павесяліцца, як не цяпер!..

— І я свайго мала выхоўвала. Ён, лічы, заўсёды сам па сабе. Але мой зусім іншы.

— Твой — спартанец... А мае — ап'янелыя ад волі...

Таццяна Сяргееўна ўздыхнула, узяла з чорнай скураной сумачкі, якую трымала на каленях, цыгарэты. Закурыла. Пусціла ўверх, закідаючы галаву, дым.

— Можа, я і кепская маці...— прамовіла, пазіраючы ў белую, мазаную мелам столь.— Відаць, шмат чаго не разумею, калі не так паводжуся. Але я лічыла і цяпер лічу: дзяцей трэба выхоўваць у строгасці. Гулі гулямі, а прывучаць да няпростага жыцця трэба змалку. Няхай вучацца сур'ёзнасці, вынослівасці, учэпістасці. А, па-другое, бязбацькавічы, бадай, і самі сталейшыя, больш разважлівыя, чым іхнія аднагодкі, што маюць і маці і бацьку...

— І я пра гэта хацела сказаць... Твой Юрка змалку спартанец. Мае старэйшыя гадаваліся пры бабе і дзеду, мелі вольніцу вольную, а твой з годзіка пайшоў у людзі. Яслі, сад, пасля школьны інтэрнат...— сказала Ірына Васільеўна, цяжка паднялася з канапы, пазбірала параскіданыя дзецьмі на падлозе газеты, кнігі, цацкі. Паклала на канапу. Паправіла пакрывалы на ложках. Зноў села побач.— Ён прывык да чужых людзей, да адзіноты, да нейкага занятку. Маіх часамі трэба прасіць ці змусіць, каб памаглі мне, а твой сам шукае сабе работу. Ці чытае, ці майструе нешта, ці ходзіць па двары і размаўляе сам з сабою. І сам за сабою сочыць. Заўсёды чысценькі, акуратны, не дзярэ гэтак адзення ці абутку, як мае. Мае не сочаць за сабою. Ім абы нагуляцца. У гулях сваіх яны безразважлівыя... Са свёкрамі мне было лягчэй. Я толькі жыла дзеля школы. Гаспадарку пынілі яны самі. А цяпер усё — і гаспадарка, і дзеці — на маіх плячах. Кожны дзень на світанку падхопліваюся, даю каровы, палю ў печы, ухаджаюся, кармлю яго, дзяцей, меншых вяду ў сад. З сада — бягом у школу. Са школы вяртаюся — забіраю меншых з сада, прыбягаю дадому — і зноў да печы, да хлява, у гарод... Да ўрокаў рыхтуюся позна ўжо, калі ўсе спяць... І так кожны божы дзень.

— А я скажу табе: ты сама вінаватая, што ўсё ўзяла толькі на свае плечы,— пыхкаючы дымам, прамовіла Таццяна Сяргееўна.— Абое з Пецем працуеце, дык трэба і абаім, пароўну, дзяліць гаспадарскую работу...

— Ён рана ідзе з дому і позна вяртаецца... Яшчэ раней, калі быў шафёрам, дык памагаў. А як стаў брыгадзірам, дык адбіўся ад дому...

— А, па-другое, мая мілая, я табе зноў скажу: на што табе гэтакая вялікая гаспадарка? Ну, карова, цялушка, ну, авечкі, куры, гусі, двое свіней няхай будуць. Але ж у цябе не двое свіней, а пяцёра, не адна карова, а дзве. І яшчэ плойма трусоў, нутрый... Ты ж божага свету з-за іх не бачыш. Зірні ты на сябе, на свае рукі... Ты ж падарвалася ад работы, састарэлася без пары. На настаўніцу не падобная...

— Трэба ж неяк жыць...— апраўдвалася Ірына Васільеўна, скрыжавала рукі на высокіх грудзях.— Сям'я, як бачыш, не маленькая. Многа ўсяго трэба. Дык вот і маем вялікую гаспадарку. Тое — сабе, тое — на продаж. Ды і новую хату трэба ж ставіць. Якая гэтая хата? Яе яшчэ задоўга да вайны ставіў свёкраў бацька! Адна парахня! А каб пабудавацца, сама ведаеш, вялікія трэба расходы!

— Дзівакі! — паківала галавою Таццяна Сяргееўна. Адкінулася плячыма на спінку канапы, закінула нагу на нагу.— Нашто вам свой асабняк? Нашто вялікія клопаты, расходы? Пакуль яшчэ не позна, мілая, прасі кватэру ў настаўніцкім доме. Перабярэшся туды, будзеш жыць з усімі гарадскімі выгодамі, звядзеш вялікую гаспадарку — дык хоць крыху акрыяеш, душою і целам ажывеш. Свет божы ўбачыш.

— Асабняк, як ты кажаш, ёсць асабняк! — з іроніяю ўсміхнулася з яе парады Ірына Васільеўна.— Ён і сам прастарнейшы будзе, і з дрэва, а не з цэглы, і каля яго можна будзе добры хлеў, добрае гумно паставіць, і склеп свой зрабіць. І соткі, і гарод будуць паблізу. Усё сваё будзе. А гарадскія выгоды ў вашым доме змусяць і жыць па-гарадскому. За сетачку — і ў магазін. Зарплату атрымаў — зарплату аддаў. Задаволены ці незадаволены — сядзі ў шпаковеньцы!

— Ох і ўкаранелая ж ты сялянка! — усміхнулася Таццяна Сяргееўна. — Самая традыцыйная з традыцыйных. Такіх настаўнікаў цяпер ужо ў вёсках мала. Лічаныя, можа, чалавекі... А як жа я, Лілія Іосіфаўна ды Васільцы без ніякай гаспадаркі жывём? Шмат не маем, але ж і апранутыя, і абутыя. Малако, мяса, садавіну ды гародніну ў саўгасе выпісваем. І не па вялікай цане. А табе, думаеш, усё — малако, мяса, гародніна — дарэмна даецца? Не, недарэмна. Бо ты шмат працуеш, шмат трацішся. Колькі сена здабываеш, бульбы садзіш, мукі купляеш! Мы ўсё лета вольныя, адпачываем, я, да слова, за апошнія гады ўвесь наш Поўдзень аб'ездзіла, а ты ўсё лета ці ў гародзе сядзіш, ці на лузе з граблямі пацееш...

— Што ж зробіш, калі я такая нарадзілася...— уздыхнула Ірына Васільеўна.— Вы можаце, а я не магу сябе перайначыць... Я хачу, каб усё сваё было, каб запасік сякі-такі быў. І пра дзяцей думаю... Такой бяды, што старэю. Не век жа быць маладой! Як ні хітруй, а ад старасці не ўцячэш.

Сказала так, але адчула: супярэчыць сама сабо. Бо ў апошні час задумвалася часта: ёй жa яшчэ толькі трыццаць гадоў, а яна ўжо нібы зусім пажылая. Здаецца, нашмат старэйшая за Маю Сцяпанаўну, хоць з тою яны і аднагодкі. Ведала: пайшла на спад яна іменна ў апошні год. І, бадай, не з-за цяжкай працы, як лічылі ўсе. Можа, найбольш з-за перажыванняў, пра якія ніхто не ведаў. А перажыванні тыя прычапіліся да яе з-за мужа, з-за Пеці. Ён не ўдаўся ў працавітага, сціплага, уважлівага да жонкі, добрага бацьку, а стаў гультаяваты, хітры, ласы да чужых жонак. Ёй і раней ужо гаварылі, што ён здраджвае, але яна спачатку не верыла. А пасля сама ўсё ўбачыла. Папракала, плакала, пагражала забраць дзяцей і сысці з дому — адным словам, некалькі тыдняў у хаце быў гармідар з гармідараў,— але нічога ад гэтага не змянілася, Пеця выпрасіў дараванне, пакляўся, што будзе верны ёй, але неўзабаве парушыў сваё слова. Сышоўся з паштальёнкай Верай, а цяпер ходзіць да разводніцы бухгалтаркі Тамары. Яна зноў плакала, папракала — ён цяпер ужо злаваўся, лаяўся, абражаў, а то нават, бывала, пускаў у ход і рукі. І да дзяцей зчужэў. Як звар'яцеў. Каб мець у хаце спакой, не смяшыць вёску — як-ніяк яна ўсё ж не простая жанчына, а настаўніца! — у апошнія часы маўчала, нібы не зважала на яго гульбішчы. Гуляй сабе на злом галавы, калі цябе на гэта пацягнула. Страціла да яго, здаецца, ўсякае каханне, павагу. Хоць гэтае змірэнне і дорага каштавала ёй.

— Дзеткі,— папрасіла Ірына Васільеўна ціхім голасам,— ды цішэй вы трошкі! Сядзьце, кніжку пачытайце. Не бегайце гэтак, не крычыце.— Паднялася, падышла да старой шафы і ўзяла таблеткі. Дастала адразу дзве і ўкінула ў рот. Паскардзілася госці: — Замучыць мяне, Танечка, мая галава. Яшчэ ў школе так-сяк трываю, хоць і стамляюся дазвання за ўрокі, а дома не магу вытрываць болю. Глытаю таблетку за таблеткаю — не памагае...

— Нервы, мая мілая...— цмокнула Таццяна Сяргееўна, тушачы цыгарэту і тут жа дастаючы новую.— Пакуль не позна, паедзь у санаторый і палячыся. Папрасі: Васілец паможа дастаць пуцёўку.

— Як я куды, Танечка, паеду? — горка ўсміхнулася Ірына Васільеўна.— На каго ж я пакіну дзяцей, гаспадарку? Ды на некалькі тыдняў! Увесь час бываю дома, як ты кажаш, калупаюся і калупаюся пры хаце — здаецца, усё добра, а выберуся на які дзень у горад, вярнуся, дык не пазнаць: мая гэта хата ці не?! І дзеці, і бацька нічога не глядзяць...

— А ты рызыкні. Не будзь такая абыякавая да свайго здароўя. Хай і Пеця больш думае пра сям'ю. А то надта ж ты яго распесціла. Гоп на матацыкл — і ходу з дому. Катаецца па свежым паветры, з жанчынамі жартуе, гарэлачку п'е — адным словам, жыве як кароль. А вось як папаскача каля печы з гаршкамі, папаходзіць каля хлява, папанаглядае за дзецьмі, дык, можа, тады больш спачуваць табе будзе. І памагаць. Дабіся: няхай ён цябе болей шкадуе, а не ты яго! Ты ж настаўніца, жанчына з вышэйшай адукацыяй, гонар яму зрабіла, што за яго такога замуж пайшла.

— Хіба маю я час ганарыцца, эксперыменты ўсякія праводзіць?!

— Май! Я змяніла б яго! Змусіла б наважаць!

— То ты. А я не змяню. Бо я не ўмею ні ганарыцца, ні перакладаць цяжар на нечыя плечы. Люблю ўсё сама рабіць. Думала: мне майго здароўя на ўсе сто гадоў хопіць...

— Прабач, недальнабачная ты...

— Якая ёсць, такая і ёсць...

— Некалі твой Пятрусь быў вельмі ж сціплы, сарамлівы хлопчык,— зноў закурваючы, прамовіла Таццяна Сяргееўна.— Ніколі не падумала б некалі, што ён можа гэтак змяніцца. Як былі з табою дзяўчатамі, жылі на адной кватэры, прыйдзе ён да цябе, дык аж гарыць ад чырвані, прамаўчыць увесь вечар. А калі я, бывала, зірну на яго з усмешкай, дык ён зусім траціць дар мовы. А цяпер! Дзе і дзелася тая нясмеласць, сціпласць!

Таццяна Сяргееўна ўсяго не дагаварыла. За апошнія гады Пеця панахабнеў. Ужо колькі разоў і сёлета, як праводзіў яе з хаты, дык спрабаваў у сенцах, у цемнаце, і прытуліць, і шаптаць абы-што.

«Жаласлівая я стала...— курачы, падумала Таццяна Сяргееўна.— Раней спакойна, нават раўнадушна на чужое жыццё глядзела, больш пра сябе думала, а цяпер усім спачуваю, перажываю за іншых...»

— Хоць і ўсе мы змяніліся...— сказала ўголас.— Помніш, якія мы некалі, гадоў трынаццаць-чатырнаццаць таму назад, былі? Як толькі сюды, у Міланькі, настаўнічаць прыехалі? Усе маладзенькія, юныя, свежыя, апантаныя, сціплыя. Роўныя, як малады лес. Лічы, усе на адзін твар. Толькі, можа, я з усіх вас адметная была. Як ядловец сярод хвайняку. Дык усе, і старыя і маладыя, ніяк не хацелі, не маглі прыняць мяне за сваю. А цяпер?! Цяпер мы, аднагодкі, зусім розныя. Адны за гэты час выцягнуліся, сталі высокія, стройныя, прыгожыя, іншыя растуць павольней, некаторыя ўкамліліся, найшлі ўшыркі. А той-сёй чамусьці і нейкі беспрытульны...— задумалася на міг, усміхнулася сама сабе. Але, зірнуўшы на гаспадыню, зноў ажывілася.— Што? Наводжу сваімі ўспамінамі на маркоту? Нa сум па маладых гадах? Прабач. Ёсць, ёсць такі грэх: паўспамінаць, паўздыхаць... Гады, відаць, ва ўсім вінаватыя... А маркоціцца, сумаваць не варта. Трэба, як кажуць людзі, жыць з ахвотаю, з радасцю. Вясёлае сэрца весяліць, малодзіць твар, душу, а пры сардэчных журбе, скрусе ды смутку дух нудзее. Чалавек без пары старэе... Праўда, гэтак лёгка, без ніякіх клопатаў, можа, і не трэба жыць, як жыве наша Мая Сцяпанаўна...

— Я яе не разумею...— шчыра прызналася Ірына Васільеўна.— Жыве як хоча...

— Што так, то так. Жыве і не ведае ніякіх абавязкаў. Усё, што трэба, бярэ ад жыцця. Но хапала сваіх грошай на адзенне, абутак, усякія паездкі — патрабавала ў свёкраў. Не далі свёкры — змусіла мужа пакінуць працу ў школе і паехаць на Поўнач у заробкі. Засталася без мужа — не тужыць. Наадварот. Завяла сабе палюбоўніка... І цяпер, як бачыш, цвіце...

Ірына Васільеўна аж разгубілася: што ты кажаш? Няўжо Мая Сцяпанаўна пайшла і на такі ўчынак?

— Ну, што ты на мяне так пазіраеш? — усміхнулася Таццяна Сяргееўна.— Не верыш? Ці думаеш, што выдумляю? Не, нічога не выдумляю. Адна ты, можа, гэтага і не ведаеш...

— З кім жа яна гуляе? — прыклаўшы руку да сэрца, запытала Ірына Васільеўна.

Таццяна Сяргееўна і не думала выдаваць тайны: навошта лішнія размовы?! І не паспела нічога сказаць — ні аджартавацца, ні перавесці гутарку на іншае: пачуўся нечаканы стук у шыбіну. Ірына Васільеўна, ужо страціўшы цікавасць, першая з нейкай бояззю, з дрэнным прадчуваннем падхапілася з канапы і кінулася да акна.

Прыпала да шыбіны і пазірала на ўжо цёмны двор. Таццяна Сяргееўна, гэтаксама ўстаўшы, уключыла святло, падышла да гаспадыні: тую клікала пальцам туды, на двор, суседка.

Ірына Васільеўна імтанулася з хаты. Канечне ж, кабета прынесла ёй нейкую трывожную навіну. Таццяна Сяргееўна, загадаўшы, каб гаспадыніны дзеці навялі ў хаце парадак, падалася паціху ўслед. Ісці дадому. І ўжо там, у цішыні, вільготнай змрочнасці, пачула:

— ...у Тамары... Пілі ўдваіх, а цяпер патушылі святло...

Кабета змоўкла: у святле, што падала з акон, убачыла яе, Таццяну Сяргееўну. Адчуўшы гэта, азірнулася і Ірына Васільеўна. О, божа! І пры невялікім святле было відаць: твар яе белы-белы. І жах на ім. Нават ён нібы скрыўлены. Ад нервовай грымасы, ад адчаю.

— Толькі ж вы, Ірыначка Васільеўна, маўчыце, не кажыце, што я сказала...— папрасіла пажылая суседка.

Ірына Васільеўна маўчала. У разгубленасці і бездапаможнасці. Суседка, кіўнуўшы галавою Таццяне Сяргееўне, паспяшалася знікнуць з двара.

— Прабач, я выпадкова ўсё падслухала...— прамовіла Таццяна Сяргееўна.— Значыць, усё ведаю. Хадзем туды!

— Куды? — усхліпнула тая.

— Да іх! Пара ўжо і яе і яго правучыць! Колькі яшчэ яны будуць падрываць табе здароўе?!

— Хіба ж нам да твару шумець, лаяцца?!!

— Можа, і не да твару. Не ведаю. Але цвёрда знаю: заўсёды да твару — умець пастаяць самому за сябе! За сям'ю! За справядлівасць! За каханне сваё ўрэшце!

Ірына Васільеўна рушыла з двара. Ішла ні то спатыкаючыся, ні то не бачачы свету: відаць, ужо слёзы засцілалі ёй вочы і апошнія сілы пакідалі яе. Таццяна Сяргееўна ўзяла яе пад руку, адчула: тая ўздрыгвае, аж калоцяцца рукі.

За дварышчам згусцілася цемень. Здаецца, нібы нават і зусім раптоўна. Неба было нізкае, вільготнае, густое, цяжкае, змрочныя былі голыя сады, мокрыя платы, вуліца. Сёння была адна з самых цёмных начэй у гэтую глухую восеньскую часіну.

За Карпекамі — у іх не было чамусьці святла — Ірына Васільеўна ткнулася да ствала высокай ліпы, абняла яго.

— Не пайду я нікуды, Танечка...— заплакала.— Няхай ён, калі... Хай яго зямля не носіць...

— Трэба ісці, Ірачка! — яна зноў узяла яе пад руку.— Вучыся быць не толькі працавітай, сціплай, але і смелай! Праўда ёсць праўда. Але і яе часта трэба абараняць. Нават і з кулакамі, як кажуць...

— Ну чаму, чаму ён такі? — выдыхнула з болем Ірына Васільеўна. Здаецца, паскардзілася не толькі ёй, але і ўсяму свету.— Чаму ёсць гэтая здрада? Чаму верыш чалавеку, кахаеш, а ён... а ён... Каб ведала загадзя такое, дык ніколі не выходзіла б замуж! Ні за яго, ні за кога!

— Ну, супакойся, мілая. Не траць развагі.

— Якая тут табе развага?! Я ж нават табе, Танечка, нічога толкам не казала, усё толькі на сваё сэрца брала, а ён даўно ўжо... Ён... Як табе сказаць? Ён жа такі, што яму кожны дзень жанчына трэба. Спачатку я... Дзяцей во колькі, а колькі я праз яго яшчэ ў бальніцы была... Дык пачала пазбягаць яго. Ён жартаваў-жартаваў, што іншага маю, што халодная, а пасля пачаў нібы і не зважаць на мяне... Думала: ну, і добра... Аж ён з іншымі загуляў... Яшчэ з таго часу, як у бальніцы быў. Як аднаго году лёгкія лячыў... Ляжыць ён там месяц, другі, пяты, а я кожны тыдзень ці адна, ці з дзецьмі імчуся да яго, поўную сумку ўсякіх прысмакаў валаку. Абы ён хутчэй паправіўся. А ён і праўда не толькі пагладчэў у бальніцы, але і затаўсцеў. Ледзь вочкі відаць... Вот раз прыехала, зайшла, а яго няма ў палаце. Выйшла, стаю ў калідоры, чакаю. І чую, два мужчыны між сабою ціха гавораць: «Добрая ў яго маладзіца,— кажа адзін,— гэтак глядзіць яго, а ён во адплачвае як...» — «Ён жа і цяпер з Нінаю ў яе баковачцы»,— кажа другі. Як пачула я гэта — дык і памлелі ў мяне ногі. Выйшла я з-за калоны і кажу гэтым мужчынам: «Пакажыце, дзе тая баковачка». Зніякавелі абодва, але хутка апамяталіся, пачалі ўпірацца: яны не пра майго Пецю, а зусім пра іншага чалавека гаварылі. Але я настояла. Паказалі. Загрукала — адчынілі. І праўда: кабета маладая, і ён там. Абое чырвоныя, зыркаюць, як зладзеі. І дурню ясна: запарвала я іх на гарачым учынку. Дала я са злосці і яму, і ёй па аплявусе ды пайшла да галоўнага і кажу: выпісвайце гэткага хворага, няма чаго яму тут вылежвацца, правіцца і распуснічаць... Той супакойваць мяне пачаў, паабяцаў, што «прыме меры...» Праўда, неўзабаве і выпісалі яго. Вярнуўся дадому — не толькі змяніўся, але нібы і звар'яцеў. І мяне, і дзяцей зненавідзеў. Усё яму дома стала не падабацца, усё яго нервуе. Цвярозы маўчыць ці апальвае лютым позіркам, вып'е — чэпіцца... І, ведаеш...— заплакала.— Уночы збягае... Каб не зарыпець дзвярыма (знае, што я чуйна сплю), дык не ідзе праз іх, а акно ціхенька адчыніць, вылезе і бяжыць да яе во, да гэтай вешалкі, як яе тут называюць... Зарплату не ўсю дома пакідае, чвэртку і на яе траціць...

— Дык хадзем. Абавязкова хадзем! — Таццяна Сяргееўна адарвала яе ад дрэва, павяла ў ноч.— Трэба не пакідаць без кары такія выбрыкі.

Бухгалтарка Тамара жыла адна: яе адзіная дачка — ад першага мужа — была ў дзеда і бабы. Дачка, што ўсе чулі, і не называла яе мамаю, а называла так сваю бабулю.

У Тамарынай хаце сапраўды не было святла. Высіўся гмах, цьмяна шарэліся шыбы ў вокнах.

У дзверцы сенцаў загрукала яна, Таццяна Сяргееўна. Часта і моцна. Доўга ніякага адказу на гэты грук не было. Тады яна падышла і забарабаніла ў шыбіну бліжэйшага акна. Зноў цішыня і маўчанне былі ў адказ.

— Давай паб'ём шыбы! — загарэлася яна.— Не будзем зважаць, што мы настаўніцы...

— Не! Што ты, Танька! — спалохалася Ірына Васільеўна.— Нам і няможна, а, па-другое, яго тут, можа, і няма...

Нарэшце на далейшы грук з сянец пачуўся Тамарын незадаволены і нібы сонны голас:

— Ну, хто там поначы?

— Адчыняй, адчыняй, мілая! — нібы ласкава, а на самай справе з'ездліва прамовіла Таццяна Сяргееўна.— Пагамонім крыху. Пра жыццё-быццё. Пра каханне. Пра чужых мужоў.

Маўчанне. Потым, здаецца, у сенцах пачуўся шэпт. Паміж жанчынай і мужчынам. Неўзабаве хтосьці патупацеў у хату. Яшчэ праз хвіліну расчынілася акно ў гародчык.

Яны абедзве, не змаўляючыся, кінуліся да блізкага гародчыку: з акна вылазіў мужчына. Здаецца, у адным споднім, трымаючы верхняе адзенне пад пахаю. Таццяна Сяргееўна хуценька выхапіла запалкі, адчыніла карабок і, запаліўшы запалку, ткнула яе да галовак астатніх запалак. Тыя зашыпелі і праз міг успыхнулі яркім полымем.

Пры святле было відаць: бяжыць па пажухлых кветках Пеця. Да плота. Сапраўды трымае пад пахаю верхняе адзенне. Учапіўся, сігануў цераз частакол. Але штосьці белае — мусіць, майка — зачапілася за частаколіну. Вярнуўся, нервова схапіў майку.

— Кот ты, кот-валацуга! — паздзекавалася з яго Таццяна Сяргееўна.— Подлае ты стварэнне!

Пеця, не адказаўшы, нырнуў у цемень.

Таццяна Сяргееўна кінула долу карабок, і ён паволі дагараў. Святло знікала, яго рашуча зноў захоплівала густая, цяпер усёмагутная цемра.

— Адчыняй, адчыняй, мілая! — Таццяна Сяргееўна загрукала ў шыбіну.— Прымі ад нас плату! Чаго маўчыш? Баішся? Бойся, мілая. Калі ты яшчэ хоць раз пусціш яго ў сваю хату, дык мы табе не толькі вокны выб'ем, але і з дымам пусцім цябе да неба! Чуеш ты, вешалка?! — гаварыла знарочыста злосна.— Гэта маё слова. А ты ведаеш: я рашучая! Я не дазволю, каб вы гэтак здзекаваліся з Ірыны Васільеўны!

Тамара не адказвала. Нібы яе і не было ў хаце.

— А давай правучым! — загарэлася Таццяна Сяргееўна.— Паб'ём на першы раз вокны.

— Ці трэба смяшыць вёску? — ледзь прытомна азвалася Ірына Васільеўна.— А, па-другое, ці ўстрашыш ты яе такою караю? Калі яна ўрадзілася крывою, дык крывою і памрэ...

Потым Таццяна Сяргееўна завяла сяброўку дадому. Пасядзела яшчэ з ёю. Хацела і супакоіць крыху, і дачакацца Пецевага вяртання. Але той дадому не заявіўся. Яна павучыла, што ёй рабіць, і пайшла на сваю кватэру.

Не дайшоўшы крокаў трыста да сваёй кватэры, убачыла: каля варот Дзямідавай хаты нехта стаіць, курыць. Канечне ж, ён. Кватарант. Акаловіч.

Падышла. Стала насупраць. Калі зацягнуўся і ўспыхнула цыгарэта, дык аж здзівілася: і ўночы відаць, што рыжы. І валасы, і твар, і рукі.

— Ну што, даражэнькі? — пагарэзавала.— Любуецеся ноччу? Марыце пра подзвігі ў жыцці?

— Якія тут подзвігі?! Найбольшыя ў мяне, мусіць, подзвігі — навучыць, каб Пеця Савіч з пятага ці Ганна Карпека з шостага пісалі сачыненне на тройку, ці во не завыць воўкам ад суму і не пабегчы куды вочы глядзяць?!

Яна разумела стан душы маладога хлопца. Але яна была не з тых, хто непасрэдна спачувае, угаворвае трымацца з усіх сіл. У яе была іншая жыццёвая тактыка — іронія і самаіронія. Нават і цяпер, калі столькі папакутавала за Ірыну Васільеўну, яшчэ мела сілы жартаваць, кпіць.

— Дык вы, даражэнькі, на краі адчаю?

— А вам што — весела? Вы ж таксама адна.

— Не, даражэнькі. Я не адна. У мяне ёсць сын, сябры.

— Ну, а ў мяне няма ні сына, ні сяброў...

— Кепска, канечне. Вы — як той Чабурашка сінтэтычны. Ні бацькі, ні маці, ні клопатаў, ні сэнсу жыцця...

— Насміхаецеся! — пакрыўдзіўся.

— Насміхаюся. Бо не разумею, чаго ныць. Трапіў у такую добрую школу, адразу атрымаў кватэру. Мы, старэйшыя, ледзь не пятнаццаць гадоў чакалі гэтага...

— Ды вы — пакутнікі! — паіранізаваў і Акаловіч.— Бо вы, як і ўсё ваша пакаленне, што заявілася адразу пасля вайны, нарадзілася ў халодных зямлянках, таксама пакаленне выключнае. Вы недаядалі, зведалі шмат перамен, пераацэнак вартасцей, але... нішто вас не разгубіла, і вы цяпер пачынаеце несці галоўную службу ў жыцці.

— Я ўжо, даражэнькі, добрая язва, але вы, выходзіць, яшчэ большая! Хоць дарэмна так язвіцё з нас. Вы, маладзейшыя, усё ж не зведалі таго, што зведалі яшчэ і мы. Але ведайце: мы — адно з самых адукаваных пакаленняў. Нас, праўда, доўга нашы старэйшыя калегі недаацэньвалі, трымалі ў «маладых». Але вось тут, у Вішнёўцы, мы ўжо сталі на ногі, заявілі пра сябе. І перш за ўсё ў асобе нашага Васільца. Умацоўваецца ён — умацоўваемся і мы. Расце наш аўтарытэт — расце і яго аўтарытэт.

— Ды забралі ўжо ўсю ўладу ў свае рукі! — прамовіў Акаловіч, патушыў цыгарэту.— Упіваецеся сваім становішчам! І не думаеце таксама доўга не падпускаць да сябе маладзейшых. Маўляў, пасля вас яшчэ і няма таленавітай моладзі, няма роўні вам. Праўда, з дзесятак год вы зможаце паганарыцца, але ў вашым жа гонары будзе ўжо і пасаромлена. Бо гонар, таптанне на месцы — першая прыкмета зараджэння кансерватызму, спаду. І першая прыкмета, што трэба супраць вас паўставаць. Дзеля новага прагрэсу. Дзеля абнаўлення. Скажаце: я перабольшваю? А што тады было сёння на нашым педсавеце? Я не пра Васільцоў даклад. Даклад добры, дзелавы. Я пра іншае. Пра будучы семінар. Як пачалі гаварыць пра яго, дзяліць, хто які дасць урок, хто які падрыхтуе даклад, дык і рашылі: самае адказнае будуць рабіць толькі старэйшыя. Пра мяне грэшнага нават і не ўспомнілі. Як мяне і няма ў школе. Ці я якая няздара. З аднаго боку мне гэта і някепска: менш клопатаў! Але і крыўдна: мне яшчэ не вераць. Хоць і я мог падрыхтаваць які даклад... Дык нашто тады рабіць такія заклікі маладым: нічога не бойцеся, будзьце актыўныя, дзярзайце, пакуль маладыя! А то і папікаюць: вы не дзярзаеце, вы пасіўныя, вы не такія, як Карчагін, не такія, як мы былі ў маладосці! Па-першае, сапраўды часы цяпер іншыя. Цяпер трэба дзярзаць не ў ваенных бітвах ці іншых буйных падзеях, а ў побыце, калі можна так сказаць. А, па-другое, хіба ў гэтым побыце нас заўсёды дапускаюць да перадавой? Не заўсёды. Вы яшчэ, маўляў, маладыя, пачакайце свайго, тут месца старэйшым! А дзе ж правяраць сябе, калі не на перадавой?

— Даражэнкі, семінар — ды яшчэ абласны — будзе ў нас, можа, у першы і ў апошні раз за ўсю нашу настаўніцкую працу. Дык і трэба кінуць усе лепшыя сілы, каб паказаць людзям усё, на што мы здатныя. Бо потым будуць шмат гаварыць пра нас, і трэба, каб гаварылі добра. А вы яшчэ нявопытны, толькі пару месяцаў працуеце, можаце нарабіць ляпсусаў, што ценем лягуць на ўсіх нас, на нашу школу...

— Вы не жартуеце?

— Не.

— І вы такая...— уздыхнуў з расчараваннем.

— Якая? — усміхнулася яна.

— Як і ўсе... А я думаў: вы вельмі крытычная...

— Чаму вы так думалі?

— Ну, усе згаджаюцца заўсёды з Васільцом, нават часамі без дай прычыны падтакваюць яму, а вы заўсёды маеце сваю думку. Заспрачаецеся, запярэчыце, пажартуеце...

— Вы мяне тады яшчэ зусім не разумееце, даражэнькі! Каб вы болей ведалі, дык скажу: я самая, можа, вялікая Васільцова прыхільніца...

— Вось дзіва...

— Ніякага дзіва тут няма. Магу тое-сёе і патлумачыць. Я добра бачу: ты зайздросціш Васільцу. За яго розум, дзелавітасць, кампетэнтнасць. І заадно недалюбліваеш. Як і яшчэ той-сёй у нас. У свой час недалюблівала, нават ненавідзела Васільца і я: у той час, калі ён паволі выдзяляўся сярод нас, аднагодкаў, узвышаўся і станавіўся на галаву вышэй за нас. Пасля я палюбіла яго. Бо я зразумела прыроду сваёй нянавісці. Калі ты ненавідзіш зло, дык гэтая нянавісць святая. Яна — рычаг дабрыні, прагрэсу. Але ж бывае, як я ўведала, і іншая нянавісць. З-за зайздрасці. Ты, бывае, зайздросціш розуму, старанню, таленту іншага чалавека. Хочаш быць такі, як і ён, хочаш мець тое, што і ён. Але па нейкіх прычынах табе гэта не ўдаецца. І ты тады ненавідзіш... Гэта — паганая нянавісць. Яна з'ядае, як ipжa, табе душу, атручвае атмасферу, жыццё іншым. Адным словам, зайздросціць, можа, і трэба, але не варта праз меру ненавідзець...

— А чаго вы тады?..

— Жартую, пакепліваю, спрачаюся з ім? — усміхнулася.— Бо такі я ўжо чалавек. А, па-другое, скажыце: вы заўважылі, каб Васілец быў супраць гэтага? Каб ён помсціў мне? Хіба са мной ён не раіцца?

— Цяжка вас тады зразумець...— уздыхнуў.— Праўду, мусіць, кажуць: што ні чалавек — дык таямніца...

— Даражэнькі Аляксей Іванавіч,— яна ляпнула яго па плечуку.— Не перажывайце, што вы яшчэ кепскі псіхолаг. Я болей за вас пражыла, але таксама не ўсё яшчэ разумею. Не толькі ў іншых, але і ў сабе. Мы, відаць, на тое і жывем, каб усё сваё жыццё адгадваць нейкую мудрую, але і зусім простую загадку...

Акаловіч замаўчаў. Яна ж адчувала, калі ёй яшчэ застацца тут, дык трэба будзе пачаць гаварыць усё спачатку ці шмат разважаць. Але хопіць на сёння таго, што яна ўжо мае. Можа, варта тое-сёе і недагаварыць. Тады будзеш цікавейшая, больш станеш вабіць.

— Бывайце, даражэнькі. Не маркоцьцеся. Вы яшчэ зусім юны, і ўсё-ўсё ў вас яшчэ наперадзе. Больш, чым у нас... А жыццё вывучайце. Рана ці позна гэта трэба ўмець рабіць. Калі будзе надта цяжка, заходзьце да мяне. Я люблю пагаманіць пра жыццё-быццё. Толькі не бойцеся, што я ужо старая. Я магу яшчэ быць і цікавай...

Таццяна Сяргееўна падалася не дадому, а да школьнага інтэрната.

Інтэрнацкія вокны былі ўжо цёмныя; дзеці спалі; святло гарэла толькі ў пакоі для выхавацеляў.

Ціха ўзышоўшы на ганак, Таццяна Сяргееўна наблізілася да акна, каб зірнуць: хто ж у пакоі? Дрэннага, непрыстойнага намеру яна не мела. Калі тут будуць Іван Сямёнавіч, Вольга Піліпаўна — а яны калі-нікалі прыходзяць падмяніць нявестку,— дык яна не будзе іх турбаваць, завернецца і пойдзе назад. Як і тады, калі сама Мая Сцяпанаўна будзе тут не адна. Дзякуй богу, цяпер у пакоі, накінуўшы на плечы паліто, сядзела і чытала толькі Мая Сцяпанаўна.

Таццяна Сяргееўна гарэзна пабарабаніла ў шыбіну. Мая Сцяпанаўна, падхапіўшыся, падбегла сюды. Зірнула здзіўленымі вачыма, пазнала — і, здаецца, уздыхнула, прыклаўшы руку да грудзей. Паківала пальцам. З пагрозаю. Пасля пайшла з пакоя — адчыняць ёй дзверы.

— Не спіцца адной? — усміхнулася, калі адамкнула.

— Не спіцца...— пажартавала і Таццяна Сяргееўна, зайшла ў паўасветлены калідор інтэрната.— І на цябе, бачу, няма сну. Ці чакаеш каго?

— Зноў ты за сваё! — нібы пакрыўдзілася Мая Сцяпанаўна.— Скажы ты ўжо, нарэшце, ясна: з кім, па-твойму, я тут сустракаюся? З тутэйшым маладым аграномам? Са Сліжом? З Акаловічам? З Васільцом? Ну, з кім?

— Не ведаю...— паціснула плячыма.— Але, па-мойму, з некім спатыкаешся. Бо прыгожая. Вясёлая. Свежая. Жывучы з нялюбым, нельга ж быць такой...

Гэты камплімент Маі Сцяпанаўне вельмі спадабаўся. Папраўляючы на плячах паліто, яна ўсміхнулася з задавальненнем:

— Значыць, можна...

— Навучы, як гэта рабіць...

— Ого! Гэта сакрэт! Кожная жанчына хоча хоць нечым, але выдзеліцца...

— Дык не скажаш сакрэту?

— Не.

— Эгаістка! — прытворна пакрыўдзілася Таццяна Сяргееўна. Але здзівілася: жартуе, пакеплівае, але чамусьці зайздросціць гэтай какетцы.

У свой час яна, Таццяна Сяргееўна, спрабавала схіліць на свой бок Васільца. Але ён не паддаўся. Ні халасцяком, ні сямейным чалавекам. А вось гэтая маленькая прынцэса здолела таго прывабіць. І чым! Ні розумам, ні паставаю, ні выключнаю красою! Чымсьці невядомым, здаецца. Спачатку яна не магла зразумець як Мая Сцяпанаўна запаланіла Васільца. Пасля, здаецца, адчула. Жаночым чуццём.

Кожная жанчына можа шмат дабіцца — прыгожа апрануцца, абуцца, мець добрую прычоску, хаду, стан, манеры,— але не кожная ўмее яшчэ змяніць тое, што прырода дала нібы навек.

Мая Сцяпанаўна, здаецца, і тут здолела многага дамагчыся. Нават унушэннем.

Любы чалавек нешта сабе ўнушае. Жанчына — бадай, найбольш. Вось Лілія Іосіфаўна ўнушае сабе, што яна высозная, тонкая, худая, непрыгожая, яна саромеецца свайго цела, аблічча, сціскаецца, як вожык, пад нечым позіркам, баіцца глянуць кожнаму ў вочы, сціскае калені, калі сядзіць, сударгава хавае далоньмі свае маленькія грудзі — усё з-за страху выклікаць у некага непрыязнь. Гэта дарэшты адбівае ад яе прывабнасць. Ды ёй і лепш быць незаўважанай, чым быць на вачах; яна адмовілася ад свайго шчасця, страціўшы ў яго веру. Стараюцца здацца больш мініяцюрнымі, слабейшымі, чым ёсць на самай справе Ірына Васільеўна і Ларыса Іванаўна, яны таксама не поўнасцю даюць магчымасць свайму целу распусціцца, расцвісці, зважаючы больш за чысціню сваёй душы, чым на росквіт свайго цела. Гэта ў нейкай меры можна сказаць і пра яе, Таццяну Сяргееўну, хоць, трэба паўтарыць, толькі ў нейкай меры. А вось Мая Сцяпанаўна цалкам дала сабе волю, унушае сабе, што яна самая разумная, стройная, прыгожая, вабная, не саромеецца паказаць усіх сваіх жаночых вабнасцей (яна, да слова, адна з усіх жанчын-настаўніц носіць глыбока дэкальтаваныя сукенкі) — і гэта добра пасуе ёй, прыцягальным святлом зыходзіць ад яе, як магнітам вабіць мужчын. Яна ўпіваецца сваім росквітам, не адчуваючы, што ў росквіце — першая прыкмета і блізкага ўгасання. Будучы старэйшай, яна, Таццяна Сяргееўна, гэта добра ўжо ведае, адчувае. Перайсці цераз гэтую мяжу для кожнай жанчыны — вялікае выпрабаванне.

— Ну, як тут мой Юра? — раптоўна перавяла гамонку пра іншае Таццяна Сяргееўна. Здаецца, ёй вельмі было патрэбна цяпер на фоне маладой, пышнай Маі Сцяпанаўны праявіць свой мацярынскі клопат.

— Спіць.

— Іменна: спіць?

— Можа, і не спіць яшчэ...— здаецца, абыякава адказала Мая Сцяпанаўна.— Можа, яшчэ і варочаецца з боку на бок. Ён у цябе дзівак. Усе хутка засынаюць, а ён можа доўга ляжаць і пазіраць у столь. Ды задумліва, як стары які. Ці заплюшчыць вочы і стоіцца, што спіць...

— Пакліч яго, калі ласка...

Мая Сцяпанаўна са здзіўленнем зірнула на яе і, нічога не прамовіўшы, пайшла ў пакой, дзе спалі Юравы равеснікі.

«Табе не ясна, а мне ясна, чаму ён такі...— падумала Таццяна Сяргееўна, адчуваючы пэўную сваю даўнюю віну,— Бязбацькавіч... З годзіка — у яслях, у садзіку... Цяпер у школе, у інтэрнаце... Век у строгасці, у дысцыпліне... Раней часта дапытваўся: дзе тата? Спачатку маніла яму, што загінуў, а потым прызналася: не будзе, сынок, у цябе бацькі. Ён не хацеў і не хоча цябе. У яго свая сям'я...»

Адчула: шчыміць за сына сэрца. З кожным годам усё больш і больш, з адчуваннем вялікай віны за грахі сваёй маладосці. За іх, выходзіць, сыну цяжэй, чым ёй. Але не. Калі сыну цяжка, дык ёй удвая.

Не вытрывала, закурыла. Каб пазбавіцца ад хвалявання.

Вось са спальнага пакоя выйшаў у паўзмрачнаваты калідор сын. У трыко і ў тапачках. Высокенькі, лічы, ёй па вочы ўжо. Толькі тонкі і худзенькі. Падобны на яе, а не на бацьку. Можа, і сама прырода паклапацілася, каб яны, маці з сынам, змаглі хутчэй забыць таго, выпадковага ў іх жыцці, мужчыну.

Юрка падыходзіў да яе, здаецца, з асцярогаю і з запытаннем: чаго выклікае поначы маці? Няўжо будзе за нешта лаяць? Яна ж, адчуваючы яго гэтую трывогу, патушыла цыгарэту, каўтнула нейкі горкі камяк. Ёй захацелася прытуліць сына, пагладзіць яго па галаве, але яна ніколі не дазваляла сабе гэткай слабасці, лічачы, што дзіця трэба выхоўваць у строгасці. Дык стрымалася ад пяшчоты і цяпер.

— Збірайся, сын. Пераначуеш сёння дома.

Ён неяк надта ж па-сталаму зазірнуў ёй у вочы, быццам зазіраючы ёй у душу, пасля ўсміхнуўся, хуценька шмыгнуў назад, у спальны пакой.

Пабег, знік, а ёй заслалі вочы слёзы. І зашчымела-зашчымела сэрца. Хуценька адвярнулася, нібы шукаючы, куды можна выкінуць цыгарэту, а на самай справе хавала ад Маі Сцяпанаўны твар. Каб нічога не гаварыць, падалася да вешалак — па сынаву куртку і будзёнаўскую вушанку. І, як толькі Юрка выйшаў у штанах, у світарчыку, падала яму верхняе адзенне, стрымліваючыся, каб не прыгарнуць яго да сябе.

— Ці не боязна адной? — загарэзавала ўжо не яна, а Мая Сцяпанаўна.

— А хіба сын — мне не падтрымка? — адказала Таццяна Сяргееўна, развіталася і пайшла са школьнага інтэрната.

— Чаму ты яшчэ, сынок, не спаў? — запытала ў Юркі, калі ўжо ішлі па дварэ.

— Я думаў...

— Пра што? Пра школу? Пра палёты ў космас?

— Пра цябе, мама...

— Пра мяне? — здзівілася, адчула, што сэрца зноў балюча заштурхалася.— Што ж ты пра мяне думаў?

— Можа, ты і сёння плачаш...

— А хіба я калі плачу? — нібы здзівілася, неўпрыкмет выціраючы пальцамі слёзы пад вачыма.— Выдумаў жа ты нешта...

— Не выдумаў... Плачаш...

— Я не буду больш плакаць...— абняла яго за плечы, прытуліла.— Ты ж мужчына, будзеш мяне аберагаць, падтрымліваць?

— Ага...— прамовіў і, расчулены, пачаў ласкава шчабятаць, як верабейка, відаць, даўно ўжо засумаваўшы вось па такой даверлівай гутарцы з ёю, з маці.


6...


Васілец ужо хвілін з дзесяць сядзеў у настаўніцкай. Чакаў Ірыну Васільеўну.

Тая пакуль што яшчэ не прыходзіла. Спазнялася. Як і заўсёды. Хоць добра ведала: сёння ёй трэба прыйсці раней. Бо сёння ён як дырэктар меўся паглядзець яе рабочыя планы, а пасля схадзіць да яе на ўрок батанікі. Яе праца даўнавата ўжо яго трывожыць. Можа, яна і не зусім слабая, бо яшчэ горш, да слова, працуе Сліж, але і не зусім удалая, моцная.

Вось зайшоў Сліж.

— Вітанне калегам! — усміхнуўся. Вясёлы гарэзны.

Скінуў чорнае скураное паліто, паважна накінуў на вешалку і павесіў у шафу. З сумкаю падаўся сюды, да стала. Сумка была пакоўная. Дык, мусіць, кожны здзівіўся: няўжо Сліж нарэшце пачаў насіць з сабою памногу кніг, сшыткаў? Дагэтуль жа паходжваў з тоненькаю папачкаю.

— Па позірках бачу: зацікавіліся маёю сумкаю...— ставячы сумку на стол, заўсміхаўся Сліж.— І недарэмна. Тут сапраўды нешта ёсць. Дары з майго саду.

Адшпіліўшы сумку, дастаў з яе тры вялікія жаўтаватыя грушы, паклаў іх перад ім, Васільцом. Па дзве крыху меншыя грушы паклаў перад завучамі — каля Ліліі Іосіфаўны і Апанаса Апанасавіча. Ларысе, Таццяне Сяргееўне, Маі Сцяпанаўне, Вертуну даў па грушы, а перад Акаловічам і новай маладой піянерважатай насыпаў па жмені дробных, але паляжалых ужо ў сене, паспелых дзічак.

І ўсё гэта ён зрабіў так хутка, што ўсе, назіраючы, не маглі ўцяміць: што ён вытварае? Жартуе? Пацвельваецца? Ці робіць сур'ёзна?

Ніхто і не дакрануўся да Сліжвых дароў. Усе зыркалі адно на аднаго, чакаючы, хто ж першы абзавецца і як абзавецца? Першы не вытрымаў, падхапіўся запальчывы Акаловіч.

— Дзякую! — працадзіў ён здзекліва.— Размеркаванне вашае, Уладзімір Пятровіч, больш чым мудрае і педагагічнае! Вы свайго роду вялікі талент! Такі карысны выкапень, якія, можа, і рэдка бываюць! — выпаліў залпам і шуснуў з настаўніцкай на калідор.

Сліж з недаўменнем паціснуў плячыма, намагаючыся абразіць маладога калегу.

— Ну і характар! — паківаў галавою.— Я такіх нервовых яшчэ не бачыў! Ніякай ні падзякі, ніпавагі...

Не змаўляючыся, усе дружна выбухнулі рогатам. Сліж паазіраўся: а з каго ж смяюцца?

— Вельмі ж непачцівы! — прамовіў, каб пакінуць за сабою апошняе слова, зашпіліў сумку, што стала тонкая, пустая, адышоўся, гопнуўся каля Вертуна на канапу.— Частуйцеся, калегі. Са свайго саду. Натуральнае. Смачнае.

— Жартаўнік ты, Уладзімір Пятровіч! — прамовіў Васілец, адсунуў ад сябе грушы на сярэдзіну стала.— Даў нам задачку, выпрабаванне. Але нас босых на лёд не ўзгоніш. Мы — за калектыўнасць.

Усміхаючыся ды ківаючы галовамі, паклалі пасярэдзіне стала свае грушы і астатнія. Атрымалася ладная горка Сліжавых дароў.

— Я ж...— замармытаў Сліж, але даказаць не паспеў: адчыніліся дзверы настаўніцкай, і спехам сюды ўвайшла Ірына Васільеўна. У ссунутай на патыліцу пуховай хустцы, у расшпіленым па верхні гузік зімовым паліто, з гаспадарчаю сумкаю. Расчырванелая. Відаць, ад хуткай хады. На правай шчацэ чарнелася пляміна ад сажы.

— Добры дзень...— перавяла дыханне, усміхнулася з няёмкасцю. — Крыху запазнілася... Выбачайце... Так ужо бегла, так ужо бегла...

Усе дабрадушна заўсміхаліся. Цікавае было відовішча:

Ірына Васільеўна — можа, і пад дзевяноста кілаграмаў вагою — «так ужо бегла!»

— Прабачце, Павел Мікалаевіч...— мітусліва гаварыла Ірына Васільеўна.— Я ведала, што вы будзеце чакаць мяне, але... Выйшла так...— Адчыніла гаспадарчую сумку, пакорпалася там сярод розных рэчаў і дастала тоўсты сіні сшытак.— Вось мае планы. Паглядзіце, калі ласка, а я за гэты час распрануся.

— Калі ласка,— адказаў Васілец і, не трацячы часу, пачаў гартаць сшытак, шукаючы канспект сённяшняга ўрока батанікі.

У настаўніцкай сцішэла. Відаць, усе замаўчалі, каб ён мог засяродзіцца. Але не. Неспадзявана пачулася нечае нібы стоенае хіхіканне. За ім пырснулі смехам і яшчэ некалькі чалавек.

Васілец падняў галаву: што там? Зноў новая прыгода? Убачыў: вельмі весела Сліжу і Вертуну. Перавёў позірк на Ірыну Васільеўну. І сумеўся. Шмат ужо за сваю настаўніцкую працу пабачыў у школе цудаў і дзівосаў, але такога яшчэ не было. Ірына Васільеўна стаяла ў ботах, у спадніцы, але без... блузы. Вешала паліто і не заўважала, у якім яна цяпер уборы. Пасля з разгубленасцю зазірнула кожнаму ў вочы, гадаючы, чаго заявіўся смех. Здаецца, здагадалася: яна — прычына ўзнікшай весялосці.

Апусціла галаву. Віскнула. Закрыла шыю, шлейкі ад станіка рукамі. Пазней крыху, апамятаўшыся, хуценька нацягнула па сябе паліто, спрабавала зашпіліць гузікі, але не магла. Поўныя шчокі яе, вушы заліла чырвань.

— Прабачце...— ціха прамовіла,— Спяшалася... не заўважыла...

— Вось гэта дык...— спрабаваў пажартаваць Сліж, адвесці ўвагу ад сябе, перакінуць яе на няўдачлівую Ірыну Васільеўну.

— Усяк у жыцці бывае...— не даў яму разгаварыцца, перапыніў Васілец.— І проза, і паэзія, і гумар... Аднак я не думаю, што трэба запыняць на такіх выпадковых здарэннях шмат увагі...

— Канечне,— падтрымала яго Таццяна Сяргееўна.— Гэта — ад спеху, заклапочанасці ды няўважлівасці... Так што, калі ласка, Уладзімір Пятровіч, будзьце і інтэлігентам, і мужчынам...

Зазвінеў званок. Усе падаліся да паліц з класнымі журналамі.

Праз хвіліну ў пакоі засталіся толькі Ірына Васільеўна ды Васілец.

— Прабачце, Павел Мікалаевіч,— прыклаўшы руку да грудзей, папрасіла разгубленая настаўніца.— Я ведаю: гэта смешна... недарэчна... Я кідаю цень на школу... Не так, як трэба, працую... Але разумееце...— міжволі на яе вочы наплылі слёзы.— Нават сама не ведаю, чаму ў мяне так выходзіць. Ва ўсіх усё так як трэба, а ў мяне...

— Супакойцеся, калі ласка,— сказаў Васілец.— Я веру: хутка ў вас усё зменіцца на лепшае. Вы ж здольная, працавітая. З вопытам прыйдзе і сталасць... Цяпер падыдзіце да гаража і папрасіце шафёра, каб ён вас хуценька падкінуў дадому...

— Дзякую, Павел Мікалаевіч,— усміхнулася Ірына Васільеўна.— Вы цярплівы... вы добры чалавек...— і хутка падалася з настаўніцкай.

На калідоры Васільца чакаў Сліж.

— Сорам! — прамовіў, але Васілец зноў перапыніў яго.

— Прабач,— сказаў,— Не трэба... Раз не выпадае схадзіць на ўрок Ірыны Васільеўны, то схаджу на твой. Будзь ласкаў, пакажы план па матэматыцы. Хоць на хаду зірну.

Сліж закруціўся, усміхнуўся з віною. Пасля падаўся да канапы, да сваёй сумкі. Доўга корпаўся ў ёй, хоць там, здаецца, нічога і не было.

— Ды без планаў я сёння...— як толькі ўсе выйшлі з настаўніцкай, прызнаўся.— Разумееш, учора трэба было падскочыць у раён. Была дзелавая сустрэча. Затрымаўся...

— А сёння прынёс грушы, каб усыпіць нашу пільнасць, паддобрыцца?

— Ну, кінь ты! Шчыра... А табе больш даў, бо ты большага, чым астатнія, і варты. Ты...

— Перастань, калі ласка! — зморшчыўся Васілец,— Я пра адно, а ты... Цябе вось нельга дапускаць да ўрокаў. Ты ж не падрыхтаваўся.

— Ды хіба я маладзёнак, першы год у школе працую? Ты ж дазволіў многім не пісаць планаў. Мог бы ўжо і мне дазволіць не займацца гэтай фармальнасцю...

— Я табе ў соты раз яшчэ паўтару,— строга прамовіў Васілец.— Я нікому не дазваляў не рыхтавацца да ўрокаў, працаваць напаўсілы ці зусім фармальна. Вопытным сумленным настаўнікам я дазволіў пісаць планы не па нашай схеме, а так, як яны хочуць самі. Але ў той жа час я ведаю, як і праверыць іх: рыхтуюцца яны да ўрокаў ці не. А табе я не рабіў ніякай скідкі, бо ведаю, што ты за работнік...

— Бярэш ты мяне на змор...— нібы паскардзіўся Сліж.— Каторы ўжо год запар. Я да цябе і так і гэтак з душою, а ты... Як канцылярыст... А хіба мы не можам сябраваць? Можам. Я ж заўсёды запрашаю цябе і на паляванне, і на рыбалку, каб ты адпачыў, збярог здароўе — не ідзеш... Ніна хоча вам памагчы дастаць нешта дэфіцытнае — адмаўляецеся...

— Не, дарагі. Гэта ты мяне каторы ўжо год зморваеш...— уздыхнуў Васілец.— Ты адзін утрая больш сапсаваў мне здароўя, чым усе астатнія...

— Я ж гаварыў: вызваль ты мяне, богам цябе прашу, ад гэтай няўдзячнай, знясільваючай настаўніцкай работы, пастаў гаспадарнікам. Любіце вы сваю працу — працуйце на здароўе. Рвіце сабе нервы, старэйце без пары, сейце разумнае, добрае, вечнае. А я не хачу. Я хачу сеяць і збіраць сваё. Канкрэтнае.

— Ідзі! З заўтрашняга ж дня! — нечакана для сябе і для Сліжа згадзіўся Васілец.— Напраўду і школе, і настаўнікам, і табе будзе лепш. Тут я асуджаны на доўгую і цярплівую тузаніну з табою. А на новай рабоце я змагу спрытней цябе падлавіць і прыціснуць за гнюсныя ўчынкі. Адну, дзве, тры вымовы — і далоў з работы! А то і пад суд аддам! Бо на настаўніцкай рабоце ты як шчупак у вадзе...

Сліж упіўся позіркам, аж вытрашчыў вочы.

— Эйш, які хітры! — цмокнуў.— Сапраўды, жызня мая, там лягчэй падпільнуеш. Я неяк пра гэта да канца і не падумаў. Тады нікуды я не пайду, буду і далей настаўнікам... Тут можна надта і не намагацца, але добра пускаць пыл у вочы... Веды не ўзважыш, а нешта канкрэтнае можна ўзважыць...

— Я і пра гэта думаў ужо, дарагі ты мой і любімы,— сказаў Васілец.— Будзеш і далей гультаяваць, хітраваць, ганьбіць маральнае аблічча педагога — даб'юся ў райана, у аблана ці нават і ў міністэрстве, каб склікалі аўтарытэтную камісію і паэкзаменавалі цябе, паглядзелі: прыдатны ты да нашай работы ці не? Не спадзявайся, адным словам, што ўсё жыццё сваё лёгенька пражывеш...

Сліж яшчэ больш вырачыў на яго вочы, сцяў губы. Маўчаў. Здаецца, ненавідзеў цяпер яго, як ніколі дагэтуль.

— А некалі мы сябры былі...— нібы зноў пакрыўдзіўся.— На пачатку...

— Можа, і былі. А можа, і не былі...— прамовіў Васілец.— Бо сапраўдная дружба, здаецца, трымаецца не на мане, няшчырасці, нядбальстве, хітрыках ды каверзах, а на нечым большым... А вось таго большага між намі даўно ўжо няма. І сам ведаеш: хто таму віною...

Сліж заплямкаў тоўстымі губамі і болей ні абяліў, ні ачарніў. Толькі прыкусіў ніжнюю губу. Нібы ў нейкай пагрозе.

«З сённяшняга дня яшчэ больш з ім непрыяцелі...— падумаў Васілец.— Значыць, яшчэ больш і помсціць будзе...»

Дзень выдаўся імглісты, сыры: нізка над зямлёю вісела цяжкае ад вільгаці ці ўжо і ад снегу сіва-шэрае неба. Сонца не было відаць, толькі сям-там сярод хмар высветліваліся невялікія палосы.

І поле было сырое, змрачнаватае, цяжкае. Але не маўклівае: гудзеў трактар, чуліся дзяціныя галасы.

Васілец стаяў тут, на краі былога бураковага поля, і пазіраў, як поўз, цягнучы плугі, старэнькі, падрыхтаваны ўжо да спісання ў тутэйшым саўгасе «Беларус», як за ім цугам шыбавалі вучні. У кабіне трактара, побач з саўгасным механікам, сядзеў адзін з вучняў. Даедзе трактар да краю — шчаслівы «трактарыст» вылезе, а на яго месца сядзе іншы шчаслівец. Хоць усе гатовыя катацца, трымаючыся за руль, і цэлы дзень.

Васілец стаяў і думаў пра НВК — навучальна-вытворчы камбінат,— што павінен даць выпускнікам прафесіі шафёраў, трактарыстаў, прывіць любоў да працы. Спачатку, калі гэты НВК быў яшчэ толькі ў ідэі, ён мала верыў, што ад усяго гэтага будзе нейкая карысць. Нават не толькі мала верыў — засмучаўся: сёй-той з райана раіў «перагледзець» школьныя праграмы, «выкінуць пабочнае» і вызваленыя ўрокі аддаць для НВК. Сёй-той лічыў: «пабочнымі» з'яўляюцца ўрокі мовы і літаратуры. І пайшло, і пакацілася: скараціць урокі мовы! Нібы ўжо і без яе можна абысціся!

Ён нямала спрачаўся ў райана, ездзіў у аблана, пісаў у міністэрства, даказваючы, што ўрокаў мовы і літаратуры няможна скарачаць, трэба для НВК шукаць нейкі іншы, дадатковы час. Напачатку незалюбілі за яго такую настойлівасць ды самастойную думку, спрабавалі нават папікаць у сякіх-такіх грахах — найперш у неразуменні і непадтрымцы таго, што можа і павінен даць НВК,— але пасля тыя папрокі адпалі самі па сабе. НВК усталяваўся, быў ужо каторы год, і Васілец, як і астатнія настаўнікі, убачылі: НВК — добрая задума. Дзеці любяць тэхніку, любяць працаваць, у іх з'яўляецца і мацуецца гонар за працу, за зямлю, мацнее характар, жаданне лепш вучыцца. Адным словам, яны нават хутчэй сталеюць. Хоць яму як дырэктару па-ранейшаму шмат клопатаў з гэтым НВК. Як, відаць, і ўсім, хто іх мае. Пра гэтыя клопаты, канечне, будзе шмат гаварыцца на хуткім семінары...

Трактар усё гудзеў; мяняліся «трактарысты», астатнія ішлі ўслед гуртам, нецярпліва чакаючы сваёй чаргі сесці за руль.

«Усё ж замнога ва ўсім гэтым нібы гульні... — падумаў.— Дырэктар саўгаса баіцца даць нам новы трактар, добрае поле, сур'ёзную работу. Самае вялікае з ахвотаю дае ўзараць поле пад зябліва... Канечне ж, было б нашмат лепш, каб дзеці самі не толькі аралі, сеялі, але каб і жалі, звозілі дабро з поля, каб палучалі за сваю працу плату! Пры гэтым была б і большая адказнасць, вучоба, быў бы і большы гонар за сваю працу і заробленую капейку! Але Іван Карпавіч не давярае. Нехаця адвёў невялікае поле — бярыце, гуляйце...»

Бачыў: трактар спыніўся. З яго вылез механік. Значыць, усё, канец працы. Усе пададуцца ў Вішнёўку. У школу. На разбор, як кажуць.

Сюды, да яго, накіравалася Ірына Васільеўна. Як і пазаўчора, ўчора, збянтэжаная. Усё не можа забыцца пра той смешны выпадак. Вось і цяпер не магла зірнуць у вочы.

— Папрацавалі? — усміхнуўся ён, першы заводзячы гутарку. Зірнуў на яе — у гумовіках і балоневай зялёнай куртцы.

— Крыху,— адказала.— Хоць маглі б папрацаваць і добра. Каб трактар спраўнейшы быў.

— Што ж, тут ужо мая віна. Пастараюся абавязкова дастаць новы трактар. І, можа, не толькі адзін трактар. А і яшчэ тое-сёе з тэхнікі.

Бачыў: яна і слухае, і не слухае.

— Вы яшчэ хацелі мне нешта сказаць, Ірына Васільеўна?

— Хацела...— падняла вочы, усміхнулася. Але неяк сумна, маркотна.— Пра асабістае... Я хацела... Ну, папрасіць вас...

— Калі ласка.

Не вытрывала, адвяла вочы.

— Не! Пасля неяк... І, можа, я спачатку скажу ўсё Ларысе Іванаўне. А яна няхай вам скажа. Добра?

Ён паціснуў плячыма: калі ласка!

— Прабачце,— прамовіла і шпарка-шпарка пайшла да дзяцей, якія ўжо ўслед за трактарам рушылі да школы.

Васілец адчуў: хацела сказаць нешта важнае, сваё. Набалелае. Але не сказала. Чаму? Пасаромелася? Не даверыла? Але што ён гадае? Ён жа павінен усё ведаць пра сваіх падначаленых! Першы мусіць памагчы, калі каму цяжка! Але і ён часамі больш думае пра школу, сталоўку, майстэрню, пра вось гэтыя поле ды трактары, чым пра калег па рабоце, пра людзей. Ходзяць на работу — ну і добра! Але ж, канечне, гэтага мала. Усе ж яны жывыя людзі, са сваімі радасцямі і смуткамі, шчасцем і трывогамі, клопатамі і бедамі...

Недалюбліваючы сябе за неглыбокае ўменне разумець людскія душы, пайшоў уздоўж ворыва. Да пагонкі-сыпанкі. «Кіраўнік! — папікаў сябе.— Умееш толькі патрабаваць ад падначаленых, бачыць у іх найперш цяглавую сілу. Думаеш пра кожнага па яго ўроках, выступленнях на педсаветах, а пра асабістае жыццё калег знаеш зусім мала... Але, па-другое, ці можна лезці некаму ў душу? Ці этычна? Ці не пакрыўдзіш гэтым чалавека?»

Ідучы па пагонцы, адчуў: даганяе легкавік. Саступіў убок. Светла-блакітная «Волга» таксама збочыла, запынілася наперадзе. Адчыніліся дзверцы. Не выйшаў, а толькі высунуў сюды, на дарогу, кірзавікі Іван Карпавіч. Зірнуў спадылба, з-пад бухматай рыжай брылёўкі. Здаецца, падпіты. Значыць, будзе гутарлівы.

— Ну, што тут выцікоўваеш? — запытаў з іроніяй.

— Ды гляджу на асенняе поле...— падышоўшы, адказаў Васілец.— Але спачатку, можа, павітаемся, як добрыя людзі, а пасля ўжо будзем лаяцца?

Той прыжмурыў пабляклыя ад гадоў вочы, пільна зірнуў. Твар у гэтую хвіліну асабліва быў жоўта-белы, пад вачыма чарнеліся глыбокія ўпадзіны.

— Ну здароў, калі не жартуеш! — Іван Карпавіч вылез з машыны, падаў руку. І, не выпускаючы рукі, паяхіднічаў: — Ну, кажы, прынцыповы таварыш, дзе якія заўважыў агрэхі? Гавары тут — не на сходзе. Не рві апошнія нервы... Ведаю ж: усё бачыш, усё знаеш. Уночы не раз прачнуся і думаю: дзе яшчэ што не зроблена, за што зноў будзе бэсціць пры людзях наш прынцыповы тутэйшы грамадскі дзеяч?!

— Я нібы пудзіла для вас!

— Ды надакучыў ужо добра! — нібы сур'ёзна, а на самай справе з ладнай доляй жарту прамовіў дырэктар саўгаса.— Зашмат сабе ўсяго дазваляеш... Без вялікай патрэбы лезеш у маю работу...

— Ёсць сігнал, Іван Карпавіч: на Міланьскай свінаферме непаладкі...

— Ужо і да жывёлагадоўлі дабраўся? — усклікнуў той.— Ну, звядзеш ты мяне са свету без пары, малец...

— Я ж...

— Ды ведаю-ведаю, што хочаш сказаць! Ты прынцыповы! Не можаш маўчаць... Гаворыш вось мне, пасля скажаш на парткоме, пазней, калі не паправімся,— у раёне...

— А хіба гэта не прынцыпова? — усміхнуўся Васілец.— Ці справе ад гэтага горш?

— Пра ўсё думаеш, толькі не пра мяне. А хіба мне лёгка даюцца твае публічныя пстрычкі, дакоры вышэйшага начальства? Ды ў такія гады! Каб ты ведаў, не магу ўжо без таблетак заснуць. А ціск, знаеш, які ў мяне! Катастрафічны! Але што табе! Ты найбольш пра свой аўтарытэт дбаеш. Але пачакай-пачакай! Хутка і я цябе на нечым падлаўлю, змушу паскакаць на гарачай патэльні! Хоць і не хачу надта гэтага. Бо, ведай, прынцыповы таварыш: любіў цябе як сына... Некалі, помню, заявіўся ты тут... Маладзенькі, культурны, разумны... Помніш: зайшоў ты аднойчы са Сліжам пасля сходу да мяне. Пасядзелі, пагаманілі — упадабаў я цябе. Думаю: малец што трэба! Мілы хлопчык! Які ты... вожык! Ды дзе вожык! Тыгр! Людаед!

— Ці можна, Іван Карпавіч, усё жыццё быць хлопчыкам? Ды яшчэ мілым!

Той змаўчаў. Васілец паўглядаўся ў яго, убачыў: стары Пакрыла ўжо. Мажны звыш меры, хворы. Сапраўды трэба больш шанаваць яго нервы. Не гаварыць без патрэбы яму горкія словы. Бо ён жа ўрэшце не лайдак, марнатравец ці злодзей. Ён сумленны, дбайны чалавек. Хоць часам, бывае, нешта і недагледзіць.

— І ў нас у школе, Іван Карпавіч, ёсць мілы хлопчык. Адчуваю: сербану я хутка з ім ліха!

— Баішся і ты моладзі? — усміхнуўся Пакрыла.— Значыць, ты ўжо сталы. І не толькі сталы, але... Спачатку, пакуль сам малады — выступаеш ад свайго імя і імя маладых, ідзеш з імі побач, абапіраешся на іх. Потым, стаўшы на ногі, хочаш ісці сваёю сцежкаю. Адрываешся ад астатніх. Але тут цябе і чакае небяспека. Равеснікам гэта не зусім падабаецца, яны пачынаюць цябе падсякаць. Маладзейшыя ж увогуле, папрыглядаўшыся ды расчараваўшыся, стараюцца пахіснуць, сцвердзіць сваё. Ты трымаешся, даеш здачы, а то, бывае, і помсціш. Бо не хочаш саступаць дарогу, аддаваць уладу. Улада — рэч згубная. Пакаштаваў яе — будзеш прагнуць яе больш і больш... Хацеў бы я паглядзець, як ты неўзабаве будзеш прымаць прынцыповасць таго мілага хлопчыка, пра якога гаворыш! Крытыкаваць іншых — адно, слухаць крытыку самому — зусім другое...

— Ну, а ўсё ж, што вы замыслілі супраць мяне?

— Баішся?

— Не баюся. Але хацелася б ведаць, дзе што недагледзеў.

— Не, браток! Я цябе ўпотай шпільну. Адпомшчу раз, але за ўсё разам.

— Ну што ж, справа ваша...

— Пакрыўдзіўся? — пакпіў Пакрыла.— Эх, ты, прынцыповы таварыш! Умей валодаць сабою! Ты ж кіраўнік! Ладна, калі ты такі крыўдлівы, дык скажу. Вось на вашым семінары хачу пагаварыць пра ваш міжшкольны навучальна-вытворчы камбінат. Уляплю дык уляплю табе за яго! Фактамі! Цэлы тузін іх сабраў. Па паперцы, якую падрыхтаваў, чытаць буду.

— Ясна. Лупцануць ёсць за што.

— Яшчэ б! — хмыкнуў Іван Карпавіч.— Памагаў-памагаў я вам будавацца, абсталёўваць кабінеты, класы, даваў тэхніку (хоць і не надта новую, праўда), а ці шмат я маю ад цябе карысці? Не, не шмат. Колькі ты даеш мне ў год шафёраў, трактарыстаў, токараў, слесараў? Пару чалавек, не больш. І якіх? Утрая слабейшых, чым выпускаюць прафтэхвучылішчы. Так што вы ім, вучылішчам, не супернікі, хоць і прысвойваеце разрады. Бо якая цана тым вашым разрадам? Яны, відаць, толькі дзеля таго, каб вам добра адчытацца перад сваім начальствам: во як мы працуем!

— У вас, Іван Карпавіч, толькі спажывецкі падыход! Вы зусім не думаеце пра іншае. Можа, і пра больш высокае. Мы ж прывіваем сваім выхаванцам любоў да працы, да зямлі...

— Не зводзь, не зводзь, дарагі, мяне ў вобласць абстрактнага! Тая любоў павінна быць у крыві вясковага чалавека... Мне трэба кадры. Маладыя, падрыхтаваныя. Каб садзіць іх і на машыну, і на трактар, і на камбайн... І многа спецыялістаў трэба. А ты іх мне даеш? Аднаго-двух, кажу ж, не больш. Астатнія едуць у горад... Хоць і тых, аднаго-двух, трэба яшчэ давучваць...

— Што ж, выступіце, скажыце тое, што думаеце,— прамовіў Васілец.— Мы таксама бачым: трэба глыбей падумаць пра гэтыя НВК. Нам адным цяжка падрыхтаваць вам добрыя кадры, бо мы не маем дзеля гэтага ні часу, ні ўмоў. Можа, трэба нам разам з прафтэхвучылішчамі раёна скласці адны праграмы, можа, трэба пасля выпуску пасылаць яшчэ нашых выхаванцаў у вучылішчы на перападрыхтоўку па скарочанай праграме. Ёсць шмат і іншых клопатаў. Вось, да слова, трэба ясней вызначыць статус, структуру, правы і абавязкі НВК, каб не было лішняй стыхійнасці. Ці вось фінансы. Мы можам араць, сеяць, малаціць, словам, даваць вам, саўгасу, прадукцыю, але заключаць гаспадарча-разліковыя дагаворы не маем права. А чаму? Чаму няможна і вучням заплаціць за іхнюю работу, паказаць цану іхняй працы? І гэта яшчэ не ўсё. Бо і аплата майстроў вытворчага навучання невялікая, і штаты маленькія. Лічы, усе «прыкамандзіраваныя». А самі ведаеце, вашы інжынеры, майстры глядзяць на ўсё гэта як на нейкую гульню, моляцца-просяцца: адчапіцеся вы ад мяне, у мяне вунь колькі сваёй работы... Вось... Так што, Іван Карпавіч, ёсць пра што пагаварыць. І вам, і нам. І будучаму раённаму каардынацыйнаму савету.

— А я то цешыўся: дам дык дам табе! Выходзіць,— уздыхнуў,— марная мая надзея! — махнуў рукою, паклыпаў у кабіну, сеў.— Ладна, хадзі сюды! Пагрэемся крыху. Ты малады, гарачы, дык табе і гэтая золь ніпачым, а я, стары, зусім акалеў. Не хочаш за сваё мілае хлапчукоўства, дык давай тады за сапраўдных мужчын...

Васілец сеў на заднім сядзенні. Бачыў: Пакрыла дастаў пляшку каньяку, адкаркоўвае.

— Што ж, будзь такі, які ёсць...— бубнеў сабе пад нос,— Бо не так ужо і шмат гэткіх... Я разумею. А вось Хаміца наш гэтага не кумекае...

Толькі Васілец хацеў сказаць, што ў яго яшчэ сёння будзе ўрок, гутарка з Ірынай Васільеўнай і таму ён не можа ўзяць чаркі, як пачуў вуркатанне машыны. Азірнуўся: коцяцца Сліжавы «Жыгулі».

— Во дзе Шэрлак Холмс! — хаваючы пляшку, усміхнуўся Іван Карпавіч.— Пільнасць і нюх на выпіўку выключны!

— Бярыце вы яго ў саўгас гаспадарнікам,— пажартаваў Васілец.— Незаменны даставала!

— Не, дарагі! — заківаў галавою Іван Карпавіч,— Няхай ужо гэты дар прыроды будзе пры табе! Лепш ты мяне адкрыта крытыкуй, лепш буду ведаць, што ты думаеш, чым ён будзе паходжваць каля мяне з усмешачкамі, трымаць фігу ў кішэні і, як кот, тайком ад мяне смятану лізаць ці да абрыву штурхаць...

Сліж пад'ехаў, стаў. Вылез з машыны і павалюхаў сюды.

— І без мяне? — запытаў, акідваючы ўсіх учэпістым позіркам. І лісліва, нібы не маючы злосці, быццам найлепшы прыяцель, зазіраў Васільцу ў вочы.


* * *

— Люблю, чуеш, міленькі, вельмі люблю! — шаптала Мая Сцяпанаўна, цалуючы і ў шчокі, і ў вусны. Пасля замаўчала, ні то ўздыхала, ні то ціха стагнала, здаецца, страціўшы ўсялякую развагу.

Пазней — можа, і праз колькі хвілін, можа, і праз цэлую вечнасць — доўга ляжалі моўчкі. Нібы страціўшы не толькі развагу, але і дар мовы. Здаецца, вярталіся на зямлю здалёку, з нейкага малазнаёмага свету, дзе нядаўна яны ляталі, быццам птахі, адчуваючы, як ад іх паволі адкочваецца бурлівая страсная хваля, хоць кожная жылачка па-ранейшаму поўніцца глыбокім пачуццём кахання, валодання, блізкасці.

Як і раней, першы апамятаўся ён. Як і раней, ад прадчування небяспекі.

— Позна ўжо, Маечка...— прамовіў.— Хадзем...

— Пабудзем яшчэ крышку разам...— папрасіла,— Я не хачу ісці ў ноч, быць адна. Я хачу яшчэ палашчыцца каля цябе. Каб ты ведаў, як я чакаю гэтай сустрэчы!

— А хіба мала мы бачымся? Кожны ж дзень бачым адно аднаго...

— Усе роўна мала. Бо што — на рабоце?! Там ты не мой, а ўсіхны. Там ты баішся, каб я да цябе ні наблізілася ці ні зірнула ласкава. Зусім баішся, калі я сярод урока прыбягу да цябе ў кабінет, каб пацалаваць...

— Часамі ўжо залішне неасцярожныя мы...

— Эх ты, рэаліст мой! — прытулілася.— Які ты цвярозы, разважлівы. Я дык не асцерагаюся, не баюся. Я гатова ўдзень, пры людзях бегчы за табою куды хочаш. Абы быць з табою. Я гэтыя гады толькі і адчула, што такое жыць, кахаць. Здаецца, не хаджу па зямлі, а лётаю на крыллях. Высока-высока.

— Калі я рэаліст,— усміхнуўся Васілец,— то ты рамантык! Адарваная ад рэальнага жыцця летуценніца.

— Такой бяды. Хоць і я пачынаю ўжо разважаць. Баюся: а ці доўга буду такая шчаслівая? Ці не пакінеш ты мяне калі-небудзь? Хочаш, я табе аддзячу за тваё каханне? — прашаптала.— Хочаш?

— Якая ж мне яшчэ трэба аддзяка? — запытаў.— Большай аддзякі, здаецца, ужо быць і не можа.

— Дазволь, Паўлік, я нараджу ад цябе хлопчыка! Нарадзіць ад любімага чалавека дзіця — найвялікшае шчасце...

«Што яна ўздумала? — здзівіўся.— Думае ці не? Дзіця... Ад мяне... Не ад мужа ж...»

— Дзеля цябе, мілы, я гатова на ўсё. Толькі ты скажы — і ўсё будзе так, як ты хочаш. Майму Андрэйку ўжо больш за дзесяць, хутка я канчаю завочна інстытут, дык і магу ўжо нарадзіць другое дзіця. Я не хачу мець яго ад Васіля. Я яго не кахала ніколі і цяпер не кахаю. Ён мне зусім чужы. Я цябе кахаю. Ты мне самы родны. Дык і давай будзем навек моцна звязаныя... Чуеш? Ну, не маўчы, скажы што...

— Не трэба гэтага, Мая...— ціха адказаў ён.

— Чаму, мілы? — яна прыўзнялася і ў цемені старалася зірнуць, убачыць яго вочы.— Думаеш, разбуру тады тваю сям'ю, адаб'ю цябе? Нe, не бойся. Разбурваць тваёй сям'і не буду. Мне хопіць таго, што я цябе ўжо і так ад яе забрала. Бо не магла не забраць. Хоць, можа, некалі і буду пакараная за свой вялікі грэх...

— Не трэба гэтага...— паўтарыў Васілец.— Цяжка нам тады будзе жыць. Надта мне. Будзе маё дзіця — і не са мною! Захварэе, трапіць у бяду — а мне што? Бегчы, памагаць? Не зважаць? Не, не змагу я, Мая, насіць такі цяжар на душы...

— А я ў цябе тады і пытацца больш не буду...— усміхнулася.— Захачу — і будзе ўсё па-мойму...

— Я прашу цябе: не трэба. Калі ты кахаеш, дык пашкадуй.

— Які рэаліст! — папікнула з капрызнасцю. І нават з крыўдаю.— Я дзеля цябе гатова на ўсе цяжкасці, а ты...

Замаўчаў. Адчуў: баліць патыліца. Шугае і шугае там кроў хвалямі. Няўжо ад таго, што расхваляваўся?

Зразумеў: настае ў яго жыцці, можа, і самая важная часіна. Пасля сённяшняй гэтай сустрэчы і размовы з Маяй Сцяпанаўнай нешта павінна змяніцца. Можа, пойдзе іхняе каханне на спад, можа, зусім скончыцца. Бадай, з-за яго. Ён, здаецца, не можа туды падняцца, куды кліча яго няўрымслівая Мая Сцяпанаўна. Бо яна пасягае ўжо не толькі на яго душу ці сэрца. На большае. Праўда, ён, можа, і пайшоў бы за ёю, каб яму былі зусім абыякавыя жонка, сын.

Цяпер, як і раней, апанаваў ім одум: што змусіла і змушае яго сыходзіцца, кахацца з Маяй Сцяпанаўнай? Якая сіла перамагла яго? Чаму яна аказалася мацнейшая за развагу, за стрыманасць і вернасць? Бо іменна ж нейкая вышэйшая воля змусіла яго пайсці насустрач Маі Сцяпанаўне, а не нейкая прыхамаць, заляцанне.

І з чаго пачалося ўсё? З сарамлівых позіркаў, нейкай дзіўнай радасці ад сумеснай работы, ад адчування, што побач з табою знаходзіцца такая свежая, прыгожая, вясёлая жанчына. Але тое тайнае захапленне цягнулася доўга, бо ён здольваў стрымаць сябе. Аж да пазалеташніх гасцей, на якія ён трапіў без Ларысы, а яна без Васіля...

— Маечка, час разыходзіцца...— зноў устрывожыўся ён.

І, ужо не чакаючы яе слова, падхапіўся першы. Памалу паднялася і яна, таксама пачала апранацца. Зусім не бянтэжачыся, як ён, а смела, нібы жонка.

Неўзабаве ціха, каб не шумець, выйшлі з яго кабінета, прайшлі на дыбачках па доўгім цёмным калідоры і спусціліся па запасным ходзе да дзвярэй.

Пасля, прытуліўшыся, ішлі па дварэ, уздоўж рэчкі-канаўкі да міланьскай дарогі.

— Не праводзь сёння,— каля развілкі яна затрымалася.— Давай развітаемся тут,— і першая прыпала да яго вуснаў. Адарвалася.— Баляць мілыя?

— Не адчуваю,— усміхнуўся.— Баляць ці не.

Моцна абняліся і заціхлі ў доўгім пацалунку. І тут іх асляпіла святло.

Яны спалохана адскочыліся адно ад аднаго, стараліся пазіраць на гэтае неспадзяванае святло: адкуль яно? Дагэтуль не было чуваць паблізу ні машыны, ні матацыкла. Але вось пачулася гудзенне. Ад машыны. А яшчэ праз хвіліну гэтая машына пачала набліжацца да іх.

«Уцячы? — мільганула ў Васільцовай галаве.— Але куды? Вакол жа толькі поле! Не, не трэба палохацца, быць хлапчуком... Што будзе, тое будзе! Можна і апраўдацца, што выпадкова спаткаліся. Хоць цяжка апраўдацца, чаму цалаваліся...»

Ён адвярнуўся. Адвярнулася, падняўшы каўнер паліто, і Мая Сцяпанаўна.

— Думаеш, хто? — ціха прамовіла,— Сліж! І прытым наўмысна пільнаваў, сачыў!

Машына, высвечваючы іх, здаецца, наскрозь, параўнялася, паволі мінула іх. Услед за ёю зноў паўзла цемень.

— Яго машына...— прамовіў.— Сапраўды стаяў на дарозе. І, відаць, доўга. Цяпер ужо, высачыўшы, папомсціцца...


7...


Мінуў тыдзень.

Лілію Іосіфаўну пабудзілі. Нехта зайшоў у пакой і ўключыў электрычнасць.

Яна з цяжкасцю расплюшчыла вочы: стаіць паблізу жанчына. Адышоўшы ад сну, пазнала: Мая Сцяпанаўна, былая яе сяброўка вось па гэтай кватэры.

Госця ўсміхалася. Была ў чарнаватым ці не норкавым футры, у пакетным чырвоным берэціку, з чырвоным шалікам, канцы якога звісалі ледзь не да кален. Свежая, чырванаватая. Ад здароўя і маладой сілы.

— Ужо спіш? — здзівілася Мая Сцяпанаўна.— Рана ж яшчэ. Дзевяць гадзін вечара.

Лілія Іосіфаўна нехаця вылезла з-пад цёплай коўдры, накінула на сваё худое цела халат. Абмацала на падаконніку акуляры, начапіла іх на твар.

— Так ты ўсё на свеце праспіш...

— Такой бяды,— махнула рукою Лілія Іосіфаўна.— Ды што я магу цяпер, калі мне ўжо за сорак, праспаць? Ужо ўсё само па сабе прайшло...

Мая Сцяпанаўна прыпадняла крысо футра, села паблізу на крэсле, паклала нагу на нагу.

— З усіх жанчын, што я сустракала, ты, бадай, самая самакрытычная,— прамовіла, пагойдваючы верхняю стройнай нагой у элегантным чорным боціку,— І самая самаахвярная...

Лілія Іосіфаўна зноў махнула рукою: ат, ёсць пра што гаварыць. Запытала:

— Што там цяпер на дварэ? Не пайшоў яшчэ снег?

— Не.

— Павінен хутка пайсці. Бо так ужо сцюдзёна, што аж... Ці таму мне холадна, што я ўжо старая? Табе ж, відаць, не холадна? Горача!

— Затое ты спакойная. А я... вось зноў пасварылася са старымі...

— І чаго вы каторы ўжо год спрачаецеся? — здзівілася Лілія Іосіфаўна.— Чаго вам не хапае? Такі дом, гарод, сад! Такія дастаткі! Свёкры-пенсіянеры ўсё робяць пры доме... Жывеш як царэўна!

— Усяго хапае,— адказала Мая Сцяпанаўна.— Але не адным жа рублём жыве чалавек... Я хачу перабрацца ў Вішнёўку, у настаўніцкі дом, а ні Васіль, ні старыя не хочуць...

— Дзівачка! І чаго ты туды рвешся? Хіба там будуць табе такія выгоды? Там ты павінна будзеш быць не толькі настаўніцаю, але і гаспадыняю. А ведаеш, колькі ў гаспадыні клопатаў? Хіба не бачыш гэта па Ірыне Васільеўне?!

— Затое буду сама сабе гаспадыня, а не кватарантка ў багатых гаспадароў...

— Песцішся ты, дарагая, ад выгод...

— Волі, незалежнасці хачу... Птушцы ў клетцы цёпла, уежна, але цесна... А жыццё адно... Жыццёвых радасцей, уцех, што так хочацца, вельмі мала, і яны самі не ідуць у рукі... За іх трэба біцца...

— Гэта ўжо нейкая філасофія...

— А як ты думала! У кожнага ёсць філасофія. І часамі яна, можа, і не супадае з філасофіяй іншага. Але ёсць мірнае суіснаванне, прыцірка адной жыццёвай філасофіі да іншых жыццёвых філасофій. Хоць урэшце само жыццё са сваёй логікай і без ніякай логікі мацней за ўсякую філасофію. А жыццё кліча мяне ў Вішнёўку...

— Ну цябе! — абедзвюма рукамі паціраючы твар, прамовіла Лілія Іосіфаўна.— Не тлумі галавы. Яна і так сёння затлумленая. Гэтакі семінар адбылі! Прынялі загадчыка аблана, райана, столькіх інспектараў, дырэктараў школ, настаўнікаў, майстроў! Урокі, поле, гутаркі, абед! Не ведаю, як Васілец, а я зусім змучылася перад усімі бегаючы, за ўсё хвалюючыся...

— Затое чакай узнагароды: сам жа загадчык аблана сказаў, што задаволены і школаю, і сённяшнім семінарам! Атрымаеш медаль ці званне заслужанай настаўніцы.

— Што — я! Я была толькі выканаўцам, а мазгавым цэнтрам усяго быў Павел Мікалаевіч.

— І ён нешта атрымае. Бачыла ж, як на развітанне начальства ціснула яму рукі, дзякавала. Хоць, можа, найбольш цаніце не сваё ўмельства, а маё старанне. Хіба я дрэнны стол памагла падрыхтаваць, хіба не вясёлая была на застоллі? Чула ж, як слухалі мае песні?!

— Ты сёння была на вышыні... Усіх зачаравала...

— Дзеля вас жа старалася...

— Не веру, што ўсё скончылася і скончылася так няблага...— уздыхнула Лілія Іосіфаўна.— Я за два дні прадавала ўжо дрыжыкі. Сёння, як ні зірну, Васілец спакойны, усміхаецца, а я... Я ніколі не магла б быць дырэктарам...

Мая Сцяпанаўна прамаўчала. Усміхалася. Яна, відаць, думала пра іншае. Пра сваё. Пра тое, якое зрабіла на ўсіх прыемнае ўражанне. На самае высокае начальства ў тым ліку.

— Дык добра я спявала? — запытала тая.

— Як ніколі... Усе не зводзілі з цябе вачэй. І чужыя, і нашы.

— А заўважыла ты, як балюча перажывала мой поспех Ларыса Іванаўна? Яна, здаецца, і раней за ўсіх пайшла дадому!

— Ну...— паціснула плячыма Лілія Іосіфаўна,— Чаму перажывала? Можа, і не перажывала.

— Не абараняй. Я добра бачыла: раўнавала яна. Зайздросціла.

— Чаго ж яна будзе раўнаваць, зайздросціць? — здзівілася Лілія Іосіфаўна.— Яе ж Павел Мікалаевіч не дае ніякіх падстаў да рэўнасці...

Мая Сцяпанаўна пільна зірнула на яе. Нібы зазіраючы ў душу, вывучаючы: праўду кажа ці хітруе? Пасля ўсміхнулася неяк надта хітра — лічы, аднымі вачыма. З нейкаю перавагаю.

— Думала: сапсуе ўсё свята Вяртун...— Мая Сцяпанаўна перавяла гамонку на іншае.— Ён і на ўрокі, і ў поле хадзіў, і на гутарку застаўся, і выступаў са сваімі парадамі дзеля аднаго... Каб трапіць на вячэру. На вячэры спачатку мірна сядзеў, толькі ўлягаў з майстрамі да зелля. Падвесяліўся — пачаў зыркаць у той бок, дзе сядзела начальства. Я, як убачыла гэта, душою адчула: Вяртун пакажа сябе! І крыўды свае ўспомніць, і прэтэнзій насыпле! Таму наўмысна яшчэ старалася шмат спяваць, каб не змог Вяртун перахапіць ніць гамонкі. Бачу толькі: Васілец ківае Сліжу. Маўляў, завязі Вертуна дадому. Але той нібы нічога не разумее. Не толькі не спрабуе вывесці Вертуна, але яшчэ падлівае і падлівае ў таго чарку. Потым, як выйшлі ўсе на двор, падаліся да аўтобусаў, убачылі: Вяртун каля плота ляжыць. Спіць. Ясна ж: Сліж яго туды ўклаў. Наўмысна. Каб сапсаваць уражанне ад семінара. Я ж бачыла: стаяў нападалёку і з вялікім задавальненнем пасміхоўваўся ў кулак. Загадчык аблана запытаў: «Хто гэта?» Васілец збянтэжыўся, а Рыжоў тоўк яго локцем у бок, апярэдзіў: «Ды гэта іхні гаспадарнік».

— А я не бачыла ўсяго гэтага...

— Бо ты далёка ад начальства была...— усміхнулася Мая Сцяпанаўна.— Зрабіла вялікую памылку: пасаромелася падысці і па-добраму развітацца. Каб запомнілі, мелі на ўвазе... А я падышла, развіталася... І каб ты бачыла, як мне рукі ціснулі, як хацелі са мною пацалавацца...

Аж Васілец зараўн... ну, аж здзівіўся, што я такое ашаламляючае ўражанне на ўсіх зрабіла...

— Да ты і самаму святому душу забунтуеш...

— Так ужо і самаму святому! — задаволена не згадзілася госця-какетка.— Ёсць тыя, хто, можа, і ўстоіць супраць маіх чараў...

— Спакушальніца!

— Можа, і грэшна ўсё гэта, Лілька. Але ці не большы грэх жыць без такога грэху?

Лілія Іосіфаўна з недаўменнем залыпала вейкамі: жартуе ці праўду кажа гэтая маленькая прынцэса?

Вяртун назаўтра — ледзь развіднела — стаяў ужо каля кватэры, дзе апошнія кватаранцкія дні дажываў Васілец.

З хваляваннем падышоў да дзвярэй. Падняў руку, каб пастукаць, але апусціў яе. Не хапіла смеласці.

Розныя пачуцці меў Вяртун да Васільца. І паважаў, і пабойваўся, і зайздросціў, ды жадаў непрыемнасцей. У свой час Вяртун быў завучам, марыў, што пазней, калі Іван Сямёнавіч пойдзе на пенсію, стане і дырэктарам тутэйшай школы. Але Васільцова заяўленне разбурыла ўсе яго надзеі. Той, нашмат маладзейшы, лічы, сын па гадах, замяніў яго на завучаўскай пасадзе, а пасля стаў і дырэктарам. Вяртун лічыў сябе няўдачнікам у жыцці, таму і паводзіў сябе ў апошнія гады не зусім адпаведна да свайго сталага ўзросту.

Адчуў: успацеў. Выцер хустачкаю, лічы, спрэс ужо лысую галаву, далоні.

«І чаму я ўчора застаўся на тую вячэру?! — у каторы ўжо раз за сённяшняе ранне дакараў сябе.— Чаму не перамог спакусы, не пайшоў далей ад грэху — дадому?! Нешта так і цягнула застацца... А пасля, будучы нібы без памяці, абы-што вытвараў... Звольняць яшчэ, калі сам загадчык аблана ўсё бачыў! За два гады да пенсіі!»

Нарэшце асмеліўся, набраўся духу і пастукаў у дзверы. Неўзабаве пачуліся і крокі.

— Хто там? — пачуўся Васільцоў яшчэ слабы сонны голас.

— Я, Павел Мікалаевіч...— прамовіў хрыпла.

Васілец выйшаў, прыплюшчыў вочы ад яркага святла, што гарэла на гаспадаровай палавіне. Падаў руку. Вяртун хутка працягнуў сваю, паціснуў, бянтэжачыся, што яго далонь ужо зноў вільготная ад поту. Вунь Васілец, здаецца, аж з незадавальненнем адхапіў руку, правёў далонню раз-другі па сваёй майцы.

— Не спіцца вам, Міхась Рыгоравіч! — прамовіў.

— Што мне рабіць, Павел Мікалаевіч? — ціха запытаў Вяртун.— Хмара ж грозная навісла нада мною!

— А па чыёй віне? Па маёй?

— Ды во па гэтай...— костачкамі пальцаў пастукаў па высокім лбе.— Па дурной маёй... Лысай... Ненавіснай...

Крышку з хітрынкаю нагаворваў на сябе. Каб той не папікаў, каб пашкадаваў яго.

— Дык што вы хочаце ад мяне?

— Заступіцеся, Павел Мікалаевіч,— Вяртун прыклаў руку да грудзіны.— Хоць, можа, ужо і ў дзесяты раз. Памажыце старому бэйбусу. Не дайце асаромецца перад дзецьмі, унукамі! Як я ім, усім людзям, у вочы зірну, калі цяпер звольняць... А Рыжоў цяпер можа звольніць... Ён жа той раз дараваў, але папярэдзіў, што ў апошні раз...

Васілец прамаўчаў. Відаць, хацеў спачатку падакараць, але Вяртун сваёю гамонкаю збіў яго з панталыку. Каб не даць яму апамятацца, Вяртун пачаў яшчэ папракаць сам сябе:

— Я ведаю: не да твару чалавеку маіх гадоў, нашай прафесіі мае ўчынкі. Я ведаю: саромлю школу, вас усіх. Але не магу сябе перайначыць. Сотню разоў заракаўся: не вазьму больш у рот і кроплі. Патрываю дзень, другі, тыдзень — і больш не магу вытрываць... Вазьму крыху — хочацца больш. Вазьму шмат — нічога не помню, што вытвараю... Загубіла яна мне жыццё... Кар'еру... Лёс... А сям'і маёй, думаеце, добра? Ужо адно, што я, лічы, ніякага аўтарытэту не маю...— схапіў Васільца за рукі,— Памажыце, Павел Мікалаевіч! У апошні раз! Як толькі прыйдзеце на працу, пазваніце Рыжову, папрасіце, каб ён не звальняў, дазволіў дацягнуць да пенсіі... Бо ён мяне больш не паслухае, хоць бы я і на калені перад ім стаў...

— Пазваню...— зноў адбіраючы рукі, прамовіў Васілец,— Дзеля вашай добрай жонкі, дзяцей, унукаў...

— Дзякую...— зарадаваўся.— Век не забуду вашай дабрыні... Вы не думайце, што я крыўджуся на вас. Не. Я вас шчыра паважаю. Бо вы... самы варты з нас! Вы...

— Не трэба, Рыгоравіч...— збянтэжыўся Васілец.— Нашто гэта?!

— Выбачайце, я хацеў, як лепш...— крыху збянтэжыўся і Вяртун. І, бачачы Васільцову падатлівасць, асмеліўся і на яшчэ адно, пра што думаў.— Можа, Павел Мікалаевіч, маеце што дома... Хоць бы крышку далі... Ведаеце, як мне цяпер цяжка...

— Рыгоравіч! — павысіў голас Васілец.

— Усё, усё! — Вяртун не даў яму дагаварыць, падняў рукі, замахаў імі.— Бягу, бягу адгэтуль!


8...


— Ты верыш, што мы ўжо нарэшце маем сваю кватэру? — запытала Ларыса, як маладзенькае гарэзнае дзяўчо падхапіла яго пад пахі і закружыла вакол сябе.— Ці разумееш: мы самастойныя людзі?!

Дробненым зазвінелі тут, у зале, шыбы ад кніжнай секцыі, чаркі ды графіны ў пасуднай шафцы. Павел запыніўся, стрымаў Ларысу.

— Згубіла развагу жанчына ад радасці!

— А хіба не радасць у нас? Вось,— адышлася, села на канапу,— хачу пасяджу, паляжу, тэлевізар каляровы пагляджу. Магу гасцей паклікаць, пабаляваць, павесяліцца... Што захачу, тое і зраблю... Сама сабе гаспадыня, не трэба ж ні ў кога пытацца дазволу, прасіць...

Падхапілася, узяла яго за руку, вывела ў калідорчык, а з яго — у крайні, ад лесу, пакой.

— Спальня! Асобная! — шчасліва прамовіла.— Драўляныя ложкі, стол, таршэр! — Вывела з пакоя зноў у калідорчык, а з яго — у яшчэ адзін прасторны пакой.— Вось сыну свой кут! Канапка, стол, шафка на кнігі! Любата! Як усе добрыя людзі зажылі!

— Так ужо і зажылі! — наўмысна і нібы абыякава ўсміхнуўся Васілец.— Нейкіх тры пакойчыкі, сорак два метры... У людзей ёсць чатырох-пяціпакаёвыя кватэры па метраў сто...

— Нам хопіць і гэтага! — сказала Ларыса і павяла яго на кухню. Вялікую, светлую.— Вось пліта, газ, халадзільнік, цёплая і халодная вада! Цуд! Там ванная! Калі хочаш мый бялізну, купайся! Я не ведаю, чаму ты такі спакойны! Я дык ніяк не магу паверыць, што мы маем такія выгоды... Ці гэта таму, што я жанчына? А жанчыне галоўнае, каб дома было ўсё добра. Каб усюды парадачак быў, чысціня. І ў мяне будзе чысціня. Нідзе ні пылінкі, ні смяцінкі не ўбачыш! Цяпер нам толькі і жыць!

Прытулілася. Пацалавала ў губы. Ён стрымана адказаў.

— Ну і чалавек! — пакрыўдзілася.— Халодны як лёд. Зямны рэаліст. Ці, прызнайся, надакучыла я табе ўжо?

— Крыху...— усміхнуўся.— Баюся: станеш яшчэ мяшчанкай!

— Не стала дагэтуль, дык не стану і цяпер...

— Раней было адно, цяпер іншае... Выпрабаванне на сціпласць вытрымала выдатна, а вось ці вытрымаеш выпрабаванне на дабрабыт, выгоды?

— А ты?

— І я таксама... Ці не замкнёмся мы душою і сэрцам у гэтай кватэры? Ці не станем жыць толькі дзеля сябе?

— Не выдумляй,— адказала.— Я ведаю: ты заўсёды рвешся з дому. Ад мяне, ад сына. Ад сям'і. Мы табе нібы заўсёды замінаем. Ты вось і цяпер, відаць, думаеш: адышлася б ты, няўрымслівая, ад мяне, пакінула б у спакоі!

— Цяпер жа ёсць куды ўцячы адно ад аднаго! — пажартаваў,— Кожны мае ж па пакоі.

— Прызнайся: надакучыла я табе?

— Я ж кажу: крыху...

— Надакучыла. І моцна,— уздыхнула.— Я ж бачу. Вось і ўчора, на наваселлі, з усімі жартаваў, танцаваў — такі быў з чужымі людзьмі задаволены, шчаслівы! А пра мяне нібы забыўся... Толькі адзін раз дзеля адчэпкі на танец запрасіў... Упіваўся ўвагаю: усе ж, лічы, падхалімнічалі. «За ваша здароўе, за вашы поспехі, Павел Мікалаевіч!» «Ах, які вы цудоўны! Вы наш Сухамлінскі!» А ты і рад, аж цвіў, аж, здаецца, гатоў быў і на неба паляцець. Хоць трэба меру мець. Адчуваць: ты ўсё ж Васілец...

— Ты сур'ёзна гэта? — здзівіўся.

— А не пачаў ты зазнавацца? Уяўляць, што ты незаменны.

— А ты не завельмі прыдзіраешся да мяне?

— Не завельмі...

Адчуў: незадаволена ім. Адчуваў: апошнім часам не зусім разумее яе. Надта тады, калі ў яе бываюць часіны раптоўных перамен настрою: калі на змену весялосці нечакана прыходзіць сум, на месца крыўды — злосць. Некалі, у першыя гады пасля вяселля, ён перажываў, дапытваўся, чаму такая перамена, улагоджваў, клянучыся, што кахае, а цяпер, бывае, не ўлагоджвае, не зважае на яе настрой ці крыўдзіцца, сыходзіць з дому. Пасля з дзень ці два яны не размаўляюць, злуюцца. І звычайна мірацца па яе жаданню. Вось, можа, такія яго паводзіны ёй і не падабаюцца.

— Я сама вінаватая, што ты не зважаеш на мяне,— Ларыса гаварыла далей.— Бо сама мала на сябе зважаю. Хто я? Звычайная настаўніца, звычайная жанчына. Не красуня. Што мне трэба? Сукенку адну, адны туфлі, пару панчох у год. Ды пярсцёнак у дзесяць гадоў... Добра, маўляў, і гэтак. Я ж не Мая Сцяпанаўна, красуня, што найперш дбае пра сябе. У яе найбольшыя мары пра новыя ўборы, каб быць самай прыгожай, моднай, каб падабацца... І ўсе аж млеюць за ёю...

«Ведае ці не ведае пра нашы адносіны з Маяй Сцяпанаўнай? — аж разгубіўся.— Можа, сказаў пра тое, што бачыў, Сліж?»

— А хіба я не магу гэтак сачыць за сабою, дбаць пра новыя ўборы? Магу. Абы не шкадавала цябе. Твайго здароўя, тваіх сіл. Магу ж патрабаваць: давай-давай грошы, купляй тое і тое! Няма столькі? А мне якая бяда! Едзь, як Васіль, на БАМ, зарабляй! Ці сам есці вары, бялізну мый, прыбірай у хаце, а не чытай кнігі, павышай свой узровень! Бяры на сябе такі цяжар, а я буду кніжкі чытаць, ездзіць у горад прычоскі рабіць, шыць у атэлье модныя ўборы!

Маўчаў. Даваў, каб выгаварылася. І яна гаварыла, гаварыла. Палохала, што не будзе столькі працаваць дома, будзе такой, як Таццяна Сяргееўна ці Мая Сцяпанаўна.

— Ну, што ты маўчыш? — ледзь не заплакала нарэшце.— Ці табе гэта ўсё роўна? Мой боль, мая крыўда, мае пакуты... Тое ўрэшце, як нам жыць далей...

Адчуў прыкрасць. Усё ж ён нядобры чалавек. Добра ўжо вывучыў Ларысін характар і карыстаецца яе дабрынёю. Ведае: пагамоніць-пагамоніць ці і пазлуецца, а пасля адыдзе, зноў будзе ўпарта цягнуць свой цяжар, шанаваць яго і сына. А ён... Ён вунь што яшчэ робіць! Вунь у чым яшчэ вінаваты перад ёю!

— Цікава...— прамовіў.— Пачалі за здароўе, а канчаем за супакой...

— Што ж тут цікавага! — абурылася.— Гэта ўсе думаюць, што мы шчаслівая сям'я, а на самай справе не такія мы ўжоўдалыя, шчаслівыя!

— А хто ж шчаслівы? У чым яно, шчасце?

Не адказала. Падалася да пліты: там — з-пад накрыўкі каструлі — зашыпела пара, пацякла вада на агонь. Запахла капустаю. Ларыса паменшыла агонь, зняла накрыўку і памяшала ў каструлі вялікаю драўлянаю лыжкаю. Рабіла гэта памалу, засяроджана: думала, канечне.

— Ты, можа, і шчаслівы...— прамовіла без радасці.— А я не бачу, не ведаю таго шчасця... Хоць, можа, Ірына Васільеўна яшчэ больш нешчаслівейшая. Вось і ўчора ўсе весяліліся, а яна, бедная, праплакала ўвесь вечар, расказваючы мне пра такое сваё жыццё...

— А што ў яе кепскае?

— Ды хіба забыўся? Я ж табе ўчора яшчэ казала...— прамовіла і не пазірала на яго.— Пеця здраджвае ёй...

— А! — толькі прамовіў ён, адчуваючы, як да шчок хлынула цяплынь. І больш нічога не сказаў. Бо што скажаш? І не апраўдаеш, і не папракнеш. Бо не маеш права папікнуць.

— Падарваў ёй змоладу валацуга здароўе...— сказала, па-ранейшаму не пазіраючы на яго. Ён жа з бездапаможнасцю пазіраў і, здаецца, замест былой танклявай Ларысы бачыў нейкую незнаёмую цётку.— Была яна такая здаровая дзяўчына, кроў з малаком, як кажуць, а цяпер зусім хворая... Калі ён і далей будзе такое вытвараць, дык звядзе яе, маладую, са свету без пары...

Ён маўчаў.

— Памажы ёй...— зірнула на міг, прамовіла з хваляваннем.

— Як?

— Пагавары з ім, паўшчувай. Невыносна ж жыць, калі любіш чалавека, маеш ад яго дзяцей, а ён здраджвае... Усё ж рушыцца. Нішто, ні работа, ні дом, ні жыццё, тады не міла...

Уздыхнула. З вялікім хваляваннем. Так яна паводзіцца, калі хоча сказаць нешта вельмі важнае, што надта хвалюе яе.

«Ну! — зайшлося яго сэрца,— Яшчэ некалькі яе слоў — і жыццё наша, сям'я можа рушыць у новы бок!..»

— Цябе Пеця павінен паслухаць...— яна адвяла аднак бяду, прамовіла дрыготкім голасам, відаць, з цяжкасцю наладжваючыхся на такую вось гамонку.— Дык пагавары: няхай кіне сваё валацужніцтва, глядзіць жонку, дзяцей... Не паслухае — можа, выклічце на партком, прыстрашце... Пашкадуй Ірыну Васільеўну, сваю ж падначаленую. Хіба не бачыш, што робіцца цяпер з ёю?!

Ноччу Васілец пачуў: Ларыса плача.

Адчуваў: гэтыя слёзы з-за іхняга такога халоднага сённяшняга прымірэння, што і не было па-добраму прымірэння, а ўсяго толькі згодлівае маўчанне.

Паляжаўшы крыху, не вытрымаў прыкідвацца, што ўжо спіць. Перайшоў са свайго ложка да яе. Лёг побач. Яна адсунулася, але адвярнулася.

— Ты чаго?

Не адказала.

— Ларыса,— дакрануўся да яе пляча,— Што з табою?

— А табе не ўсё роўна?

— Вось гаворыш абы-што...

— Я заўсёды гавару абы-што... Бо і сама ўжо абы-што... Гэта я раней думала: ты ўвесь аддаўся рабоце, дык табе няма часу зважаць на мяне... А апошнія месяцы бачу: не, табе няма ахвоты, цягі. Ты ўжо, можа, і не кахаеш... Я табе ўжо нібы чужая. Ці нібы сястра, патрэбная жанчына (гаспадыня, домработніца), але...

— Ну, нашто ты так думаеш? — запытаў, але тут жа і адчуў: запытанне яго недарэчнае.

— Нашто? — стомлена, з болем перапытала.— Хіба не бачыш: цяжка, цяжка мне?! Стамілася я ўжо несці нейкі вялікі цяжар!.. Не па сіле ён мне...

Ён не асмеліўся смела запытаць пра той цяжар. Бо баяўся пачуць горкую праўду. А яна таксама не асмелілася сказаць яе. Але абое, мусіць, адчувалі: гэтая недамоўка аднак доўга, бясконца цягнуцца не можа. Рана ці позна яна павінна выплеснуць на паверхню.


9...


Таццяна Сяргееўна з пяшчотаю прыгарнулася да Акаловіча.

— Які ты малады, свежы, юнача! — прашаптала.— Ты ж яшчэ зусім дзіця.

Ён, саромеючыся, пагладзіў яе па валасах, па шыі. Збянтэжыўся за тое, за што не трэба бянтэжыцца,— за сваю маладосць.

Пачалося ў іх каханне яшчэ там, у Міланьках. Яна запрасіла яго прыйсці да яе ў госці — прыйшоў. Сядзелі, размаўлялі пра жыццё-быццё, пра школу і тутэйшых настаўнікаў, людзей, пра літаратуру і мастацтва, кіно. Пасля пачаў прыходзіць сам. Без запрашэння. Яна выходзіла яго праводзіць. Ля брамы затрымліваліся, стаялі яшчэ доўга. У адзін з такіх цёмных і халодных вечароў далі волю пацалункам.

Яна адчула: зноў закахалася. Пасля ранейшых раманаў, расчараванняў думала: яна згублены для жыцця, для кахання чалавек, бо ўсё, здавалася, перагарэла ўжо ў яе душы, страціла ўсякі святы арэол. Аж не, гэты юнак зноў абудзіў у ёй штосьці святое.

Першае іх збліжэнне было няўдалае. З-за Акаловічавай маладосці. Ён засаромеўся, адчаіўся, але яна, сталая, далікатна і па-жаночаму мудра суцешыла яго, накіравала ўсё на лад. Пры гэтым яшчэ пастаралася, каб Акаловіч уявіў сябе пераможцам. І ён, як і кожны мужчына, зарадаваўся, цалкам трапіў у яе палон.

І вось новая сустрэча. Ужо тут, на яго вішнёўскай кватэры. Цяпер яны ляжалі на яго адзінокай канапе ў велікаватым, але яшчэ зусім не абстаўленым халасцяцкім пакоі.

— Якая ты прыгожая! — зноў паўтарыў Акаловіч.— І мілая. У мяне нават не хапае слоў, каб сказаць, якая ты чароўная!

— Смяешся, юнача? Са старой жанчыны?!

— Ты маладая. Табе дасі не болей...

— Не, юнача,— перапыніла.— Я ўжо старая. Каб ты быў не такі юны, па-маладому слепаваты, дык ты ўбачыў бы ўсё...

— Не гавары так, Таня! — папрасіў з маладою мальбою.— Мне нядобра, калі ты так нагаворваеш на сябе. Тады я думаю: я малы яшчэ. Зялёны. Няўдалы. А я ж ужо сталы. Мне дваццаць тры. У мае гады ўжо можна быць бацькам.

— Можна...— згадзілася. А потым прыўзнялася, усміхнулася. Далікатна пацалавала яго ў вусны.— Але ты ніколі не саромейся за сваю маладосць. У чалавека маладосць — можа, і самае цудоўнае з усяго, што ён мае. І мае, як аказваецца, вельмі нядоўга... Мне часамі аж страшна, сорамна: нашто я, старая ліса, спакусіла цябе?

— Не гавары так, Таня,— ён стараўся называць яе на «ты», Таняй, каб нібы параўняцца з ёю,— Ты мяне не спакушала. Я сам... І я рад, што сустрэў цябе... Нейкіх дзесяць гадоў розніцы нічога не значаць...

— Не нейкіх дзесяць гадоў, юпача, а аж дзесяць з добрым гакам! Вось тут вялікую ролю мае гэтае слоўца «аж!».

Ён схіліў яе, а пасля пачаў цалаваць. Яна заплюшчыла вочы, абвіла яго шыю сваімі танкаватымі рукамі.

— Ты зводзіш мяне з розуму, юнача! — прашаптала ў прыемнай знямозе.— Ты, здаецца, забіраеш мяне ўсю-ўсю... І я зноў вельмі хачу жыць, кахаць...

Ён маўчаў, цалаваў, а яна, нібы прадчуваючы небяспеку, нібы гэта яе апошняе каханне, здаецца, з апошнімі парывамі ўпівалася каханнем, гарэла ў полымі пяшчоты.

— Ты слаўны, і я люблю цябе,— сказала пазней, калі ён, сцішаны, маўклівы, ляжаў побач.— Ці ты, мілы, хочаш памаўчаць?

Ведала: некаторыя, надта не маладыя мужчыны, любяць пасля такіх хвілін памаўчаць ці нават і забыцца, заснуць моцным сном. Не адчуваюць ці не зважаюць, што гэтым вельмі крыўдзяць жанчыну.

— Не,— адказаў,— Я не хачу маўчаць. Я хачу пагаварыць.

— І што ты мне скажаш? Цяпер?

— Што я цябе вельмі-вельмі кахаю,— паклаў галаву ёй на плячук,— І я твой муж, праўда?

— Табе гэтага хочацца?

— Вельмі.

— Але я ад цябе нічога не патрабую...

— Затое я ад цябе ўсё патрабую. Хутка ў нас, Таня, будзе сын, так?

Яна змаўчала. Усміхнулася з іроніяю.

— Праўда?

— Ты вельмі гэтага хочаш?

— Вельмі.

— А ці трэба, юнача, табе так завязваць сабе свет?

— Чаму? — па-маладому пакрыўдзіўся.— Я лічу: ты мне ўжо жонка. І я хачу сына.

— Падобнага на цябе?

— Канечне.

— Не спяшайся. Я ж кажу, нічога ад цябе не патрабую. Тым больш што магу неўзабаве і надакучыць.

— Ніколі!

— Ты малады яшчэ. Пазіраеш на жыццё не так, як мы, сталейшыя. Ты аслеплены. Але ты хутка ўбачыш: у мяне і каля вачэй, і на лбе ўжо шмат маршчын. І гэтым,— прыціснула яго галаву да грудзей,— я ўжо не маладая... Хіба раней яны былі такія? Раней у мяне былі вельмі спрытныя, тугія грудзі! І сама я ўся была стройная, спрытная, лёгкая!

— Ты і цяпер такая!

— Не я, юнача, а хутка мой сын будзе такі!

— Я ўсынаўлю яго. Потым у нас будзе яшчэ адзін хлопчык. І яшчэ дзяўчынка.

— І я абсыплюся дзецьмі з усіх бакоў? Я? Тая, што некалі баялася сям'і, хатняй работы? Што была прыхільніца вольнага кахання, вольнага жыцця? Што ты хочаш з мяне зрабіць?

— Сапраўдную жанчыну, жонку, маці...

— Ох, юнача! Збіваеш ты мяне з панталыку. Змушаеш думаць, дакараць сябе за ранейшае жыццё... Я яшчэ і нядаўна жыла і думала: трэба быць маладою, прыгожаю.

Гэта значыць, найперш сачыць за сабою. Шанаваць сваё цела. Але ж цела ёсць цела! Яно, што ні рабі, усё роўна старэе, брыдчэе! Дык, выходзіць, трэба найбольш сачыць не за ім, а за сваёю душою. Душу можна ўвесь свой век мець маладую, светлую, высакародную, прыгожую! А дзеля гэтага трэба жыць молада, светла, высакародна, прыгожа! А я грашыла. Я больш глядзела цела, чым душу. Але вось парадокс: наша Лілія Іосіфаўна заўсёды глядзела больш сваю душу, трымала яе ў чысціні, але ці шчаслівая яна? Выходзіць жа, і я, і яна абедзве нешчаслівыя! Але раз я старэйшая, больш ужо ведаю, дык дазволь табе сказаць праўду: нам не трэба злучаць свой лёс. Ты юны, а я, паўтару: ужо, лічы, бабулька. Сёння, яшчэ гадоў пяць — сем, мы зможам пражыць у любові і згодзе, у задавальненні. Праз дзесяць гадоў табе будзе трыццаць тры, ты будзеш сама мужчына ў сіле, а мне ўжо споўніцца сорак пяць... А што такое жанчына ў сорак пяць? У пяцьдзесят? У пяцьдзесят пяць? Ты не толькі разлюбіш, але пачнеш ненавідзець мяне. Я ведаю такі прыклад. Адзін мой знаёмы ўзяў жонку старэйшую на пятнаццаць гадоў. Пажылі крыху, займелі дзяцей. Вось яму трыццаць пяць, а ёй пяцьдзесят. Спраўляем яе юбілей. Сядзяць разам — малады мужчына і бабуля. Я кажу яму: «Добрая твая жонка. Клапатлівая маці, выдатная гаспадыня». Ён горка ўсміхнуўся, уздыхнуў, пасля нагнуўся і зашаптаў мне ў вуха: «А! Хай бы памерла ўжо...» Вось так, юнача. Баюся я гэтага... Дык і не будзем больш гаварыць пра гэта. Так? Я, колькі ты захочаш, пабуду табе каханкаю. Так?

— Не! — адказаў рашуча.— Я ад цябе не адступлюся. Чуеш?!

— Добра, добра! — усміхнулася, ускалмаціла яму густыя валасы. — Пажывём — пабачым. А цяпер я паслужу табе. Бо хачу паслужыць мужчыне. Буду варыць табе есці, прыбіраць у тваім пакоі, мыць бялізну. Згодзен?

— Не. Я сам буду гэта ўсё рабіць.

— Дазволь, мілы, мне адчуць тое, што я раней не адчувала. Я ўсё ж жанчына. А жанчына, як ні круці, створана ўсё ж для сям'і... Прызнайся толькі: ты не лічыш мяне распусніцай?

Акаловіч пачаў клясціся, што лічыць яе самай-самай прыгожай, мілай, добрай жанчынай на свеце.


10...


Васілец быў у класе, на ўроку беларускай літаратуры, і ўбачыў: да школьнага плота падкацілася і запынілася: знаёмая «Волга». Загадчыка райана.

Ён стаў насупраць акна, уважліва пазіраў: хто ж выйдзе з машыны? Несвядома затрывожыўся, душою адчуваючы нейкую прыкрую непрыемнасць. Няўжо прыехалі ўшчуваць, караць Вертуна? Ён жа ўсё ўладзіў, упрасіў Рыжова яшчэ раз дараваць.

Свядома хваляваўся ад нечаканых візітаў начальства ў першыя гады настаўніцкай працы, завучаўства і дырэктарства, калі яшчэ не ведаў, ці ўсё ён робіць добра, так як трэба. Потым, пасталеўшы, звыкся, пасмялеў, перастаў баяцца неспадзяваных і чаканых інспекцый. Ды і ў апошнія гады прыязджала начальства не толькі правяраць, але і паглядзець, паслухаць, што і як яны тут робяць, параіцца, папрасіць, каб яны наладзілі які семінар.

Але цяпер нешта не спадабаўся гэты візіт. Толькі што быў у школе семінар па НВК, было шмат начальства, людзей, сур'ёзнай гамонкі, дык пасля гэтага звычайна надоўга пакідаюць у спакоі, каб падумаў, пачаў працаваць па-новаму. А тут на табе — зноў з візітам!

З машыны адзін за адным вылезлі інспектар аблана Дубкоў («гроза» для ўсіх настаўнікаў), загадчык райана Рыжоў і старшыня мясцкома работнікаў асветы Кірыковіч.

Паволі ішлі па лёгка зацярушанай снегам сцежцы, жмурыліся ад даволі яркага сёння сонца. Дубкоў, тонкі і худы, тупаў апусціўшы галаву. Быў у старым, вельмі знаёмым рыжым паліто і ў такім жа даўнім капелюшы. Як заўсёды, і сёння, здаецца, вунь таксама строгі і недаступны. Пабудзе ў школе мала, але ўсё выпудзіць, высачыць, усё скажа ў вочы. Завядзеш у сталоўку, папалуднуе — і, як ні адгаворвай, заплаціць грошы. Дадому ні да нікога з настаўнікаў, як ні кліч, не пойдзе. Хоча быць незалежны.

Рыжоў і Кірыковіч — маладзейшыя, па гадоў сорак пяць — крочылі ў новых кажушках-дублёнках, у аднолькавых андатравых шапках. Рыжоў — высокі, стройны, рыжы. Кірыловіч — маленькі, тоўсты, нібы цабэрак. Здаецца, без шыі. Нібы галава адразу сядзіць на плячах.

Васілец не пайшоў сустракаць гасцей. Няхай ідуць у настаўніцкую. Там той-сёй ёсць — адны не будуць. Але заканчваў урок з хваляваннем. Хоць і не ведаў, што з ім сёння робіцца, чаму так страчвае самавалоданне.

Калі зайшоў у настаўніцкую, госці ўжо сядзелі на канапе, размаўлялі з настаўнікамі. Здаецца, мелі добры настрой. Але калі ўбачылі яго, заціхлі, нібы разгубіліся.

«Па маю душу прыехалі!» — рашыў Васілец.

Дубкоў правёў далонню па вялікай жоўтай лысіне, паправіў акуляры з пазалочанымі дужкамі; Рыжоў згусціў рыжыя бровы, апусціў іх на вочы, Кірыковіч яшчэ крыху паўсміхаўся, амаль заплюшчваючы маленькія, як і ў Сліжа, вочкі, а потым, як згледзеў, што спахмурнелі яго калегі, дык і ён раптоўна напусціў на сябе грозны выгляд, пазіраў на яго, на Васільца, як на злачынцу.

Ён жа, стараючыся захоўваць годнасць, моўчкі падаў па чарзе гасцям руку, сеў таксама на канапе. Наўмысна каля Кірыковіча. Той аж скрывіўся, пацепнуўся. Адвярнуўся, задраў уверх тоўсты, прыплюснуты да верхняй губы нос.

Ён усміхнуўся сам сабе. Але ўбачыў: Ларыса зірнула з падазрэннем на Кірыковіча.

— Ну які настрой пасля семінара, Павел Мікалаевіч? — высунуў з-за Рыжова галаву і запытаў Дубкоў. Твар яго цяпер быў яшчэ больш шурпаты, відаць, пабіты воспаю.— Сам загадчык аблана цікавіўся.

— Рабочы.

— Паддалі вам клопатаў, работы?

— Ды не зменшылі...

— Рыхтуецца запіска па аблана, так што прагрымім сваім навучальна-вытворчым камбінатам на ўсю вобласць. І са сваімі поспехамі, і са сваімі недахопамі...

Кірыковіч зыркаў то на Дубкова, то на Васільца і не ведаў: ці хваляць Васільца, ці ганяць? Потым угледзеўся на Рыжова: як той рэагуе. Але той, здаецца, ніяк не рэагаваў. Быў нейкі дзіўны. Нібы сонны. Адкінуўся на спінку канапы, уставіўся позіркам недзе ў кут настаўніцкай.

Калі неўзабаве амаль усе пайшлі зноў на ўрокі, Рыжоў падняўся, пахадзіў па пакоі.

— Мы па тваю душу, братачка,— прамовіў, стомлена зірнуўшы на яго.

— Прашу ў мой кабінет,— усміхнуўся Васілец, падняўся.— Па душу дык па душу!

Калі ўжо госці былі ў яго кабінеце, рассаджваліся, калі ён зачыняў за сабою дзверы, на міг зірнуў долу і аж анямеў: за парогам ляжала жаночая чорная заколка. Відаць, Маі Сцяпанаўны. Мусіць, згубіла яе ўчора, калі спатыкаліся тут. Неўпрыкмет падфутболіў яе нагою.

Дубкоў сеў за яго стол, Рыжоў гопнуўся на канапу.

Кірыковіч з хвіліну пастаяў, нібы выбіраючы, дзе запыніцца, а потым сеў паблізу Рыжова. Васілец прысеў за сталом, дзе звычайна на педсаветах, нарадах сядзіць завуч, Лілія Іосіфаўна.

— Я недарэмна там, у настаўніцкай, запытаў у вас, Павел Мікалаевіч, пра настрой! — нібы жартаваў, нібы іранізаваў Дубкоў.— Хацеў пачуць ваш адказ, адгадку, дзеля якой мы ўсе і прыехалі сёння сюды.

— А ў чым жа загадка? — усміхнуўся Васілец.— Не так часта бывае, каб інспектар аблана прыязджаў у далёкую ад вобласці школу, каб убачыць настрой дырэктара!

Кірыковіч гнеўна зірнуў на яго: як ты гаворыш? Ты ж занадта дзёрзкі!

— Вы адказалі, што настрой у вас рабочы. Гэта значыць, добры, сапраўдны, такі, як трэба. А ці так гэта? Ці не закружылася часам у вас, Павел Мікалаевіч, ад поспехаў галава?

— Можа, крыху і павяло не ў той бок...— пажартаваў Васілец.

— Калі павяло, дык дрэнна. Скажу шчыра: я веру ў цябе, у тваю шчаслівую зорку. Як убачыў цябе ў той год, калі ты прыехаў сюды настаўнічаць, як пабыў першы раз на тваіх уроках, дык і не забываю! Радуюся: ты добры педагог. Ты мой любімец супраць маёй волі. Каюся: ні да нікога так не прывязаўся, як да цябе...

У Кірыковіча аж папаўзлі чорныя бровы на лоб: бач ты! Вунь што! І ён ужо зірнуў на Васільца з павагаю.

— Ды не сцяліце, таварыш Дубкоў, саломкі,— усміхнуўся Васілец,— валіце адразу на дол. Калі зможаце, канечне, паваліць!

— Ну што ж,— прыкусіў ніжнюю бяскроўную губу Дубкоў,— трымайся! — пасунуў руку ва ўнутраную кішэню шэрага выцертага пінжака, дастаў складзены ў некалькі столак ліст паперы.— Вось яна, тая загадка! Ананімка! На цябе, дружа! Ад імя калектыву Вішнёўскай сярэдняй школы...

Васілец не збаяўся той ананімкі. Але яму стала вельмі непрыемна.

— Вось яны,— Дубкоў кіўнуў на Рыжова і Кірыковіча,— запхнулі копію гэтага эпісталярнага шэдэўра пад сукно, а я рашыў усё ж праверыць яе. А можа, і праўда ў ёй? Калі праўда, тады пра цябе ў мяне, у нас, у аблана, будзе зусім іншая думка! Супрацьлеглая! Дык прызнавайся: шчыры і сумленны ты чалавек ці ашуканец, хапуга, дэспат?

— Лёгкія задаіцё пытанні! — паківаў галавою Васілец,— Каб на іх адказаць, дык, можа, і ўсяго майго дагэтуляшняга жыцця мала. Трэба яшчэ пажыць ды пажыць.

— Тлумачу,— Дубкоў разгарнуў ліст, уткнуўся ў яго. — «Недысцыплінаванасць. Прыходзіць у школу, калі захоча. Часта прапускае ўрокі, ездзіць без дай прычыны ў раён. Дзеля сваіх асабістых мэт. Дзесятага спазніўся на першы ўрок на тры хвіліны, адзінаццатага на дзве хвіліны раней часу скончыў урок. Падае дрэнны прыклад настаўнікам, дзецям, хоць і патрабуе ад іх дысцыпліны...» Што на гэта скажаш? — зірнуў спадылба,— Га, парушальнік!

— Каля вас, на стале, мой дзённік,— пазіраючы яму ў вочы, прамовіў Васілец,— Там усё запісана. Калі прыйшоў у школу, калі пайшоў з яе, куды, калі і чаго ездзіў. Усё гэта можна зверыць з паказаннямі настаўнікаў, з графікам нарад таварыша Рыжова... А ці напісаў ананімшчык, што я, лічы, кожны дзень сяджу ў школе да апоўначы і працую?

— Пра апоўнач і ноч, дружа, пасля... Другі пункт...— апусціў галаву Дубкоў.— «Узяў сабе самую лепшую кватэру ў настаўніцкім доме...»

— Кватэры дзяліў не я, а мясцком... У старшыні, у Сліжа, павінен быць пратакол паседжання. Я на тым паседжанні не быў. Я толькі пасля пазнаёміўся з рашэннем мясцкома.

— Трэці пункт...— не падняў галавы Дубкоў.— «Растрата школьнай маёмасці. Узяў сабе са школы вядро, дзве мяцёлкі, савок, малаток...»

Васілец усміхнуўся, заківаў галавою: ну і ну! Зладзейства дык зладзейства! На мільён рублёў! Але ж нехта ведае, што ўсё гэта ў яго сапраўды ёсць: на тым тыдні Ларыса была ў горадзе і купіла тыя тавары ў гаспадарчым магазіне.

— Чацвёрты пункт...— не чакаючы яго адказу, прадоўжыў Дубкоў.— «Палюбоўніца. Каханне з настаўніцай Маяй Сцяпанаўнай. Але гэта не сапраўднае каханне, а выкарыстанне свайго службовага становішча. Прымус...»

Васільцу аж заняло дыханне. Шыбнула гарачыня ў твар.

— Пяты пункт. Апошні,— прамовіў Дубкоў.— «Няўважлівы да калег, грубы з усімі, здзекуешся з маладога настаўніка Акаловіча, патуральнік антымаральных учынкаў Вертуна...» Вось так, Павел Мікалаевіч. Што ты на ўсё гэта скажаш?

— Усё ясна,— падняў галаву, распраміў плечы Васілец.— Нехта хоча даказаць, што я не маю права быць дырэктарам. Я не буду апраўдвацца. Правярайце. Але гатовы адказаць на ўсе гэтыя і іншыя вашы пытанні, паказаць усе адпаведныя дакументы. Хоць, прызнаюся, мне прыкра. Ад дробязнасці і нікчэмнасці ананімшчыка.

— Што ж, давай правяраць,— кіўнуў Дубкоў Рыжову.

— Ды гэта ж усё лухта! Выедзенага яйка няварта! — зморшчыўся той.— Сапраўды дробязны і нікчэмны паклёп! Замест таго каб пайсці выпіць і пагаварыць па-людску з Паўлам Мікалаевічам, дык мы павінны правяраць нейкі пасквіль.

— Мне трэба не вашы эмоцыі, а факты...— сказаў Дубкоў.— Мы ўсе ж на семінары чулі, як загадчык аблана сказаў, што час ужо даваць Паўлу Мікалаевічу званне заслужанага настаўніка. Дык вось трэба даказаць: праўда гэта ці лухта, святы гэты Павел Мікалаевіч ці грэшны!

— Ну, давайце правяраць: анёл ён ці д'ябал! — уздыхнуў Рыжоў, падняўся, пацягнуўся.— Давайце ўтвараць нездаровы ажыятаж у школе, у вёсцы...

— Я пайду паклічу нашых завучаў, старшыню мясцкома, гаспадарніка,— падняўся і Васілец.— Падрыхтую ўсе адпаведныя дакументы.

І пайшоў з кабінета.

Чамусьці захацелася пайсці спачатку да Сліжа. Сказаць яму пра гэтую ананімку і зірнуць у вочы. Убачыць: што ж будзе ў яго тых вачах? Спачуванне? Радасць?

Падышоў да дзвярэй класа. Адчыніў дзверы і кіўнуў: хадзі, Уладзімір Пятровіч, сюды.

Сліж хуценька, завельмі порстка падышоў. Пазіраў пільна. Але маленькія вочкі бегалі-бегалі, хацелі нібы ўбачыць усю яго душу.

— Дай дзецям самастойнае заданне, а сам вазьмі свае прафсаюзныя паперы і ідзі ў мой кабінет.

— А што такое? — нібы здзівіўся той.

— Там усё ўведаеш.

— Праверка?

— Кажу ж, ідзі туды, там табе ўсё скажуць.

— Значыць, табе непрыемнасці...— здаецца, паспачуваў, але чамусьці ўсміхнуўся Сліж (па твары пайшла нейкая радасная асветленая хваля). Пасля нібы спахапіўся, насупіў бровы.— Але не перажывай! Не дадзім у крыўду. Заступімся. Усе гарою станем.

— А чаму ты думаеш: непрыемнасці будуць для мяне? — Васілец не зводзіў позірку з яго вачэй.— Можа, непрыемнасці чакаюць якраз цябе?

Сліж быццам усміхнуўся. Ні то з разгубленасцю, ні то з бояззю. Хіба што яму пагражае? Няўжо Васілец нешта ведае, але не гаворыць? Які Сліж весялун, іраніст, абыякавы да святога чалавек, такі ж і палахлівец.

Васілец жа нічога больш не сказаў, падаўся да класа, дзе вяла ўрок Лілія Іосіфаўна. Адчуваў: Сліж стаіць усё яшчэ на калідоры, пазірае ўслед. Ён распраміў плечы, вышэй падняў галаву. Наўмысна. Дзеля дэманстрацыі. Азірнуўся: Сліж, прыгорбіўшыся, нібы апамятаўся, шмыгнуў у клас.

«Падазрона ён сябе паводзіць...— падумаў Васілец.— Нібы ўжо ведае, чаго прыехалі высокія госці, і быццам злараднічае...»

Лілія Іосіфаўна, як паклікаў і папрасіў падысці да гасцей, зусім разгубілася.

— Павел Мікалаевіч,— прашаптала, калі апамяталася,— што ад мяне трэба? Можа, што-небудзь узяць на сябе? Толькі вы скажыце...

— Нічога вам не трэба браць на сябе,— супакоіў.— Ідзіце туды. І будзьце спакойныя, дзелавыя. Вось што трэба цяпер ад вас.

Пасля ён пайшоў на першы паверх. Трэба было зайсці да Маі Сцяпанаўны. Вось яе трэба было папярэдзіць. Каб ад нечаканасці ці ад разгубленасці не нагаварыла абы-чаго, не абмовілася.

— Ну што, міленькі? — як толькі зачыніла за сабою дзверы, схапіла яго за рукі.— Ты засумаваў па мне?

Мякчэючы душою, зірнуў з пяшчотаю на яе свежы твар, на прыгожую шыю.

Яна азірнулася: ці ёсць хто на калідоры.

— Мая,— прамовіў ён, стараючыся апярэдзіць, перасцерагчы яе ад залішне смелых учынкаў,— у нас камісія. Прыехалі правяраць ананімку. І адзін з пунктаў ананімкі пра нас з табою...

— І ты спалохаўся? — здзівілася.

— Не спалохаўся, але і не трэба быць залішне смелым...

— І не варта баяцца...— паціснула яго рукі, прыхінула іх да сваіх грудзей.— Ніхто нічога не дакажа. А напісаў, канечне ж, Сліж. Помніш, ён аднойчы высачыў, асвяціў фарамі... Я яму перад усімі аплявуху дам!

— Што ты! — усклікнуў, асцерагаючыся, што яна сапраўды можа зрабіць такое.— Хто ж ведае: Сліж напісаў ці не Сліж?

— Ладна,— усміхнулася.— Будзем глядзець па абставінах. Толькі ты не падай духам, міленькі. Думаю ж, сёння зноў сустрэнемся, абмяркуем тую ананімку...— падцягнулася, пацалавала яго ў вусны.

Ён толькі кіўнуў ад здзіўлення галавою.

— Загубіш ты мяне некалі...— адхіліў, прамовіў:— Ніякай у цябе асцярогі...

— Загубіць не загублю, але з пасады тваёй памагу зняць...— пажартавала.— Баішся? Ці пасада даражэй за мяне? Ці дзеля ўлады можаш адмовіцца ад той, што цябе так кахае?

— Ну, я пайшоў. Далей ад грэху.

І падаўся ў настаўніцкую.

На перапынку ад яго не адыходзілася Ларыса. Як толькі засталіся ўдваіх, запытала:

— Ды скажы мне толкам, што камісія правярае? Выклікае па аднаму то завучаў, то настаўнікаў, то гаспадарніка і тэхнічак... Адчуваю: цябе правяраюць... Але па якой прычыне?

Васілец цяпер стаяў каля акна. Дагэтуль, на перапынку, то жартаваў з калегамі, то выходзіў з настаўніцкай да дзяцей і зноў вяртаўся — стараўся забыцца пра камісію і, па-другое, хацеў, каб на камісію не зважалі і астатнія, не хваляваліся. Але, відаць, дрэнна прыкідваўся. Відаць, бачылі ўсе: хвалюецца.

Каб Ларыса лішне не думала абы-чаго, сказаў, чаму ў школе камісія.

— Сур'ёзная ананімка? — затрывожылася яна.

— Ды дробязі...

— Хто ж мог напісаць? — яна прыклала руку да грудзей, аж пабялела.— Няўжо Сліж? Ці Акаловіч? А можа, Іван Карпавіч?

— Не траць развагі,— схмурыўся ён.— Гэтак можна кінуць крыўдны цень і на самых сумленных людзей...

— Не хочаш са мною падзяліцца непрыемнасцямі...— па-свойму зразумела яго словы,— Раней ты заўсёды са мною раіўся, нічога не ўтойваў...

Ён зірнуў на яе з незадавальненнем. Яна і гэта зразумела па-свойму. Прытулілася.

— Я ж болей думаю пра цябе, чым пра сябе... Можа, і дробязі, а я хвалююся... Бо ты для мяне ўсё. Дрэнна табе — мне ўдвая кепска... Ну, не хмурся. Схадзі на чый урок, пасядзі, адцягні ўвагу на іншае...

Ён нічога не адказаў. Не паспеў: раптоўна адчыніліся дзверы настаўніцкай. Яны абое, як падлеткі, адскочылі адно ад аднаго, азірнуліся: сюды ішоў Акаловіч.

— Прабачце,— збянтэжыўся ён. Стаў у парозе. Высокі, нейкі за апошні час пасталелы, памякчэлы,— Гэта праўда, Павел Мікалаевіч?

— Што? — усміхнуўся ён.

— Што вас здымаюць з пасады? Выключаюць?.. Пераводзяць у іншую школу радавым настаўнікам?

— Адно праўда,— наўмысна строга сказаў Васілец,— што і вы, Аляксей Іванавіч, і Ларыса Іванаўна павінны быць цяпер на ўроку, а вы абое тут чамусьці, парушаеце працоўную дысцыпліну...

— Павел Мікалаевіч,— Акаловіч падышоў, прыклаў руку да грудзіны.— Кажуць, Сліж пусціў чутку, што я напісаў на вас ананімку, што праз мяне для вас будзе такое пакаранне... І цяпер каторыя стараюцца са мной не сутыкацца, не размаўляюць... Але гэта паклёп. Я нічога на вас не пісаў... Я не мог гэта зрабіць, хоць часамі... ну, даваў вам заўвагі...

— Не хвалюйцеся так і не выбівайцеся з раўнавагі,— спакайней прамовіў Васілец.— Не зважайце на ўсякія непрыемныя чуткі. Іх хтосьці наўмысна распускае. Яны ж не пражывуць доўга, Хутка лопнуць, як мыльныя бурбалкі... Ваша спакойная праца — найлепшая мне падтрымка...

Ларыса першая, а за ёю і Акаловіч падаліся з пакоя.

Камісія — а з ёю і Лілія Іосіфаўна, Сліж, гаспадарнік, Васілец — сабраліся ў кабінеце. Ужо ўвечар, калі нізка апусцілася чырвонае халоднае сонца.

За дырэктарскі стол зноў сеў Дубкоў. Цягавіты яшчэ дзед. Цэлы дзень быў на нагах, тлуміў галаву, корпаўся ўсюды і, колькі ні клікалі і Рыжоў, і Васілец, не пайшоў у сталоўку палуднаваць. Грыз толькі свой цукар і піў — шклянку за шклянкаю — ваду з графіна.

— Падрахуем сваю работу,— сказаў ён цяпер.— Мы ўважліва праверылі ананімку. І ўбачылі: у ёй выдумка, паклёп. Як ні цяжка, але трэба прызнацца: відаць, і ў вашым дружным і добрым гурце ёсць паганец, нядобразычлівец. Што ж, у сям'і не без вырадку, як кажуць... Першы пункт ананімкі. «Недысцыплінаванасць» Паўла Мікалаевіча. Пісьмовыя дакументы, вусныя і пісьмовыя паказанні настаўнікаў супярэчаць гэтаму, даказваюць: Васілец — вельмі дысцыплінаваны чалавек. Другі пункт,— гаварыў і перабіраў паперы ў папцы,— «захоп» Васільцом лепшай кватэры ў настаўніцкім доме. Па-першае, мы паглядзелі ўсе кватэры і ўбачылі: Васільцова кватэра не самая лепшая, такая ж кватэра, да слова, і ў таварыша Сліжа. Па-другое, усе члены мясцкома пісьмова пацвердзілі, што кватэры дзялілі толькі члены мясцкома, Васілец на гэтай дзяльбе не быў. Праўда, чамусьці старшыня мясцкома, таварыш Сліж, і да сённяшняга дня яшчэ не аформіў пратакола таго паседжання. Маўляў, забыўся. Я думаю: таварыш Кірыковіч так гэтага не пакіне без увагі, прыме нейкія меры, каб не было такой абыякавасці ў рабоце старшыні мясцкома таварыша Сліжа...

— Прымем, абавязкова прымем...— прамовіў Кірыновіч і апаліў Сліжа гнеўным позіркам.— Гэта ж абураючы факт!

— Трэці пункт,— Дубкоў узяў цэлую кіпку папер, змацаваных сашчэпкаю.— «Крадзеж» школьнай маёмасці. Вось копіі актаў, ведамасцей, накладных. З іх відаць: школьныя вёдры, саўкі, рыдлёўкі, сякеры, мётлы — усё, што нібы прысвоіў Васілец, на месцы. Нічога не ўкрадзена, не паламана. Праўда, некаторыя мяккія мяцёлкі, саўкі стаяць у кладоўцы без ужытку. Тэхнічкі, як мы ўбачылі, лічаць: мяккімі мяцёлкамі цяжка падмятаць вялікі двор. Дык яны самі зрабілі добрыя венікі з бярозы, а таксама па іх просьбах тутэйшы каваль зрабіў ім трывалыя жалезныя саўкі. А грамадзянін ананімшчык палічыў, што тыя мяккія мяцёлкі, пластмасавыя саўкі прысвоіў сабе дырэктар школы...— паклаў налева кіпку папер. Потым нічога не ўзяў і не падняў галавы.— Чацвёрты пункт: «каханне» Васільца з Маяю Сцяпанаўнай, «выкарыстанне службовага становішча ў гэтых мэтах». Нічым гэты факт не пацвярджаецца... Ніхто нічога не ведае, не бачыў... Пяты пункт: «няўважлівасць» Васільца да лёсаў падначаленых, «здзек» з маладога настаўніка Акаловіча. Ніхто — і сам Акаловіч — таксама не пацвярджае і гэтага. Наадварот, усе кажуць зусім іншае... Вось іхнія паказанні... Вось і ўсё па пяці пунктах. Такім чынам, ананімка фальшывая...

— А шосты пункт? — падаў голас Сліж.

Дубкоў рэзка падняў галаву, зірнуў на Сліжа строга і неяк стомлена, нібы не верачы ў толькі што пачутае. Зірнулі нібы са здзіўленнем Рыжоў і Кірыновіч.

— Адкуль вы, таварыш Сліж, ведаеце, што ёсць яшчэ і шосты пункт? — ціха запытаў Дубкоў, падпёр кулакамі падбародак і напусціў бровы на вочы.

— Ну...— збянтэжыўся, азірнуўся туды-сюды Сліж.— Вы ж гаварылі... Ну, што шэсць пунктаў у пісьме... у ананімцы...

— Няпраўда, даражэнькі! — Дубкоў рэзка паклаў рукі на стол, пастукаў злёгку кулакамі,— Я такога не гаварыў. Нікому. Ні Рыжову, ні Кірыковічу, ні Васільцу, ні вам усім астатнім. І ў копіі ананімкі пяць «абвінаваўчых» пунктаў. Але вы, таварыш Сліж, ці тэлепат, ці... словам, вы маеце рацыю: у ананімцы сапраўды не пяць, а шэсць пунктаў... Мы там у сябе наўмысна рашылі ўсяго тут не паказваць, так сказаць, задумалі хітрую пастачку — а раптам хто, той, што мае да ўсяго гэтага дачыненне, і трапіць у яе!!!

Дубкоў заціх. У пакоі запанавала гнятлівая цішыня. Усе ці то з недаўменнем, ці то са здзіўленнем пазіралі і на Дубкова, і на Сліжа. А потым усе, не змаўляючыся, усміхнуліся. Скіравалі позіркі на аднаго Сліжа. Той раптоўна зачырванеўся — здаецца, толькі дакраніся да яго поўных шчок шпількаю — і з іх пырсне кроў. Апусціў галаву, цёр-цёр далонню лоб, бровы. Відаць, напружваў розум, гадаў, як выблытацца з гэтай недарэчнай сітуацыі.

— Цяпер магу назваць вам, таварышы, і той шосты злашчасны пункт,— нібы не зважаючы на Сліжову разгубленасць, прамовіў Дубкоў.— Маўляў, Васілец «зашыкоўна» абставіў свой кабінет, «звышмеры» дбае пра свой дабрабыт. Адным словам, яго трэба здымаць з работы... Хоць, скажыце, хіба не прыемна самому дырэктару, усім нам сядзець у такім утульным пакоі? Няўжо і цяпер, у наш час, трэба замест канапы, крэслаў мець лавы, зэдлікі? Не, відаць, усё ж не трэба. Век лаў, зэдлікаў, лапцей, латанага-пералатанага адзення, дзякуй богу, мінуўся, адышоў у нябыт, у гісторыю. Ці не так, таварыш Сліж?

Усе ўжо дружна не ўсміхнуліся — зарагаталі. Сліж уміг узняў галаву, акінуў усіх нейкім надта ж бездапаможным позіркам. Толькі адзін Васілец не смяяўся. І не таму, што быў спакойны, радасны ад сваёй перамогі. Не. Яму было прыкра. І ў адчуванні гэтай прыкрасці тухла яго перамога. Ён думаў: а яму ж трэба працаваць і далей. З усімі сваімі добрымі намерамі і з грахамі. Побач з добрымі людзьмі і з ананімшчыкам.

Сліж цяжка падняўся. Апусціў на стол рукі з тоўстымі пальцамі. Пальцы трымцелі.

— Таварышы...— ціха прамовіў, умольна пазіраючы на Дубкова.— Вы, здаецца, думаеце: я напісаў ананімку... Мне здалося, што сам таварыш Дубкоў сказаў: у ананімцы шэсць пунктаў... Я скардзіцца буду... Не дазволю ганьбіць маё імя...

— А хто ж тут, даражэнькі, хоць слоўца кінуў, што вы іменна паклёпнік, зласлівец, крывадушнік, адным словам, ананімшчык? — яшчэ цішэй і спакайней запытаў Дубкоў.— Ніхто гэтага не сказаў. Але мы верым: выявім хутка зламысніка, хоць ён і прыслаў ананімку, надрукаваную на машынцы. У машынцы кепска прыладжана літара «з»...

«Наша машынка...— са шкадаваннем падумаў Васілец.— Значыць, сапраўды наш чалавек карыстаўся ёю...»

— Я браў машынку...— апраўдваўся Сліж,— Але дзеля іншых патрэб... Выпускалі з дзецьмі матэматычную газету... А лішняга не друкаваў... А машынкаю мог пакарыстацца і любы... Так што... Я нават думаю, што...

— Не трэба, таварыш Сліж! — перапыніў яго Дубкоў.— Не спяшайцеся ніколі папракаць чалавека ў тым, у чым ён, можа, і не вінаваты...


11...


— Ты не хочаш пабыць са мною, сынок? — з журбою запытала Ларыса, бачачы, што Віктар, як толькі пад'еў, мітусіцца па пакоях, нібы нешта шукае ці не ведае, за што зачапіцца вокам, рукамі, раз за разам пазірае ў вокны. А за імі, на дварэ, чуваць вясёлыя крыкі, смех. На сажалцы, дзе вясковыя дзеці гулялі ў хакей,— Хочаш туды, да іх?

— Я крышку пагуляю...— вінавата ўсміхнуўся сын, бянтэжачыся, што яна, маці, адгадала яго запаветныя думкі, але не вытрымаў, зноў з зайздрасцю зірнуў у акно, на сяброў.

— Пабудзь са мною, сынок,— папрасіла.— Таты, як і заўсёды, няма дома, ты таксама сыдзеш, а мне зноў быць адной! Мне ж так сумна. Адзінока.

Віктар завагаўся. Ён рос, гадаваўся з маці, пад яе наглядам вучыўся, выхоўваўся, адным словам, прывык да яе больш, чым да бацькі, але ён, канечне, не разумеў цяперашняга стану матчынай душы, яму хацелася волі, бегатні, гуляў. І яна больш яго не стрымлівала.

Як ён апрануўся, пабег на зімовы марозны, але сонечны двор, Ларыса засталася адна ў кватэры. І не ведала: што ж рабіць у гэтых пакоях? Ісці на кухню і кухарыць, стараючыся нешта незвычайнае і смачнае прыгатаваць на вячэру, каб тое спадабалася і мужу, і сыну? Але сёння душа не цягнула на кухню. Прыгатуе свежае, а тым можа і не спадабаецца. Ці тыя могуць і не ацаніць яе старання. Ды і часу шмат забірае пліта. Нешта ўвечар перакусяць, пап'юць чаю — і будзе добра. А яна цяпер прыляжа і пачытае. Вось перапіску Дастаеўскага з жонкаю. Цікава ж, як жылі, кахаліся вялікія людзі. Лілія Іосіфаўна — а тая дала ёй сёння гэтую кнігу — казала, што каханне тое было вельмі высакароднае.

Зайшла ва ўтульную залу, села на канапу. Разгарнула кнігу. Было нязвычна ад такога прастору і цішыні.

«Сапраўды я адзінокая...— падумалася пра сваё.— Павел ужо даўно адбіўся ад дому, а цяпер вось усё больш адыходзіць і Віктар. Я цягнуся да іх, жыву іхнімі клопатамі, а яны... Ці яны, мужчыны, эгаісты, ці не разумеюць таго, што магла б зразумець жанчына... Дачка...»

Злавіла сябе на думцы: ужо часта думае пра дачку, якую магла б мець. І сёння адчула: хоча яе. Хоча яшчэ адно дзіця. Здаецца, з ім, з яшчэ адным чалавекам у сям'і, зусім бы змянілася яе жыццё. І муж, і сын змяніліся б, былі б болей дома, з ёю, а не кожны сам па сабе. Відаць, яна сама вінаватая ва ўсім, што здарылася. Павел некалі, як Віктару было толькі два гады, угаворваў: давай купім яшчэ і дзяўчынку! Але яна тады не згадзілася. Трэба пачакаць, падгадаваць Віктара, стаць на ногі, а тады ўжо можна будзе падумаць і пра тое. Але вось падняўся Віктар, яны сталі на ногі, а нешта не ўсё выходзіць, як некалі думалася. Цяпер асцерагаецца дзіцяці Павел. Хоць нішто так не збліжае мужа і жонку як немаўля...

Адгарнула старонку, паспрабавала чытаць, увайсці ў нечы таямнічы, але жыццёвы свет. Але не паспела прачытаць і паўстаронкі, як пачуўся званок у дзверы. Няўжо так рана вярнуўся з работы Павел. Дзіва!

Папраўляючы на сабе халат, пайшла да дзвярэй. Адчыніла. І адразу ж расчаравалася: за парогам стаяў сусед па пад'ездзе, Сліж. У хатнім убранні. У тапачках, у трыко. Валасы на галаве густа змазаныя і залізаныя набок.

— Можна? — усміхнуўся, бліснуўшы залатымі зубамі.

Што ж зробіш, саступіла. Можа, зайшоў чалавек па патрэбе. Хоць чалавек гэты — надакучлівы госць. Прыходзіць, лічы, штодня, падоўгу сядзіць, тлуміць галаву ўсякімі байкамі, паддобрываецца, нібы залізвае нейкую віну. І гэтае яго паддобрыванне вельмі ж непрыемнае.

— Адна? — запытаў, зачыніў за сабою дзверы.— Сумуеш?

— Ды няма часу сумаваць,— адказала, першая ідучы ў залу.— Работы ўсякай шмат.

— А я сумую...— прамовіў, зайшоўшы за ёю.— Ніна мая ў магазіне яшчэ, дзеці гуляюць на сажалцы, а я адзін... Па тэлевізары нічога талковага яшчэ няма, кнігі якой чытаць не хочацца... Як убачыў, што твой Віцька пабег на сажалку, дык падумаў: зайду да цябе.

Яна сумелася, не вытрывала яго позірку: учэпіста акідаў яе паглядам з ног да галавы, нібы нейкі тавар. Пасля зазыркаў на шыю і грудзі пад халатам. Села на канапе, абцягнула халат, закрыла калені.

— Можа, згуляем у карты? — запытаў, гопнуўся таксама на канапу. Дастаў з кішэні трыко калоду новенькіх карт.

Чула: ён вялікі аматар да карт. І спрытны гуляка, ашуканец і махляр.

— Не,— адказала.— Я не гуляю ў карты. Бо лічу: гэта марная трата часу. А, па-другое, настаўніку не да твару такія гульні.

— Дык што, настаўнік не чалавек? Усё чалавечае яму чужое?

— Не чужое. Але ён не мае права на ўсё, на што маюць права іншыя.

— Дык, можа, вып'ем па чарачцы? У мяне ёсць выдатны кан'як.

— Ці не здзекуешся ты з мяне? — здзівілася.— Кампаньёна сабе знайшоў!

— А хіба ты дрэнны кампаньён?

Змаўчала. У непрыняцці яго жартаў ці кепікаў.

— Не сучасная ты,— наступаў, вёў сваё.— Занадта традыцыйная, строгая, аскетычная. Мала ў табе жывасці, жыццялюбнасці. Трэба табе браць прыклад з Маі Сцяпанаўны ды з Таццяны Сяргееўны. Вось гэта жывыя людзі! Вось гэта жанчыны!

— Усе ж не могуць быць аднолькавыя. У кожнага свой характар, свет, погляд на жыццё, сваё апраўданне і непрыняцце сваіх учынкаў. Іначай усе былі б не асобы, а безаблічныя аднатыпы.

— Усё ж ты занадта абачлівая, асцярожная, шчырая, сумленная. Вось Таццяна Сяргееўна... Зусім іначай жыла і жыве! Ні ў чым не стрымлівае, не скоўвае сябе, не абмяжоўвае ўсякімі абавязкамі. Гуляла колькі хацела, усё ўзяла ад жыцця — цяпер выходзіць замуж за маладога!

— Можа, няпраўда гэта...

— Праўда,— настояў Сліж.— Яна і Акаловіч — ужо цяпер муж ды жонка...

— Відаць, выдумкі...

— Якія выдумкі! — зморшчыўся Сліж.— Праўда. Сам бачыў. Выпадкова, але падгледзеў.

— Гэта ж амаральна!

— От выдумала! — перапыніў Сліж.— «Амаральна! Не амаральна!» Яна пра гэта не думае. Думае пра іншае. І малайчына! Бо жыццё ёсць жыццё. Адно. І маладосць адна. І ёй будзе што пасля, у старасці, успомніць! А што ўспомніць Лілія Іосіфаўна, якая была звыш меры маральная, усё сваё жыццё, можа, ні з кім і не пацалавалася нават? Што ўспомніш ты, верная жонка?

— Нехта сваё, а мы сваё ўспомнім! — спакойна адказала.— І хто ведае, хто ўспомніць сваё жыццё з прыемнасцю, а хто з прыкрасцю?!

— На Вялікім Судзе? — усміхнуўся Сліж,— Казкі ўсё тое! Бяры, хапай, што трапляе пад руку, і радуйся! Нашто дакараць сябе? За цябе нехта іншы зробіць лепш... Я вот здзіўляюся толькі: і адкуль бяруцца такія, як ты? Маладыя, прыгожыя, а такія няўважлівыя да сябе, самаахвярныя. Хоць вы, каб захацелі, любому маглі б закружыць галаву, жыць ваўсю...— запнуўся, усміхнуўся. Недагаварыў усяго. Пасунуў руку ў кішэньку трыко, дастаў адтуль складзены лісток паперы.— Верыш: я пачаў пісаць вершы і прысвячаць іх табе?

«Ну і перакваліфікацыя! — хацела ўсклікнуць.— Ад ананімак да вершаў! Ад бруднага рэалізму да непрыстойнай лірыкі!»

— Хочаш: пачытаю?

— Не трэба,— сказала.— Ахвота табе, сталаму мужчыне, гарэзаваць, сваволіць!

— Якое свавольства! — падсунуўся.— Ты... Ну, не ўмею прыгожа гаварыць, але ты баба што трэба! У вачах маіх стаіш! Снішся! Колькі думаю пра цябе...

— Якое блазенства! — сказала з абурэннем.— І не ў першы раз ужо, дарэчы. Я ўжо мушу Паўлу сказаць пра гэта. Каб заступіўся.

— А ўсё ж паслухай вершы. У іх усё, што думаю пра цябе.

— Вершы свае пашлі ў рэдакцыю якую,— абарвала.

— Не гарачыся! — нібы папрасіў.— Паслухай. Ты ж настаўніца літаратуры, тонкая душа, як кажуць, павінна зразумець усю глыбіню маёй душы. Я ж не выдумляю. Пішу пра тое, што думаю. Ды бачу: цяжка і табе. Працуеш шмат і ў школе, і дома. Але адна ўсё ды адна. Як удава. Марнееш без часу... Па суседству ж жыву, усё заўважаю...

— На жаль...— адказала.— Бо ніхто так не лезе ў чужое жыццё, як ты...

Не вытрывала пазіраць яму ў нахабныя вочкі, адвярнулася. Ён жа скарыстаў гэты момант, яшчэ падсунуўся, абхапіў яе за плечы. Ды так сціснуў, што не магла і скрануцца. Цёрся шчакою аб яе шчаку, шукаючы вуснаў.

Яе аж кінула ў жар: вось што значылі яго жартачкі, кампліменты! За каго ж ён тады яе лічыць!

Сабрала ўсе сілы, піхнула яго ў грудзі. Адваліўся, як сноп.

— Ты што? — падхапілася.— Звар'яцеў?

— Звар'яцеў...— прамовіў ціха.— І даўно ўжо. Кажу ж: у вачах маіх стаіш...

— Дык я выб'ю гэтыя вочы! — загарачылася, гаварыла, надта не выбіраючы слоў.— Выкалю! І каб нагі тваёй тут болей не было...

— Не гані... Мы ж маладыя... Суседзі... Ну, хіба цябе Павел любіць?

— Вон з кватэры! — абарвала.

— Не спапяляй так позіркам! Адумайся! Супакойся! Я табе зараз на ўсё адкрыю вочы. Усё скажу. Я ўсё ведаю. Ты думаеш: Павел табе верны? Толькі твой? Не, міленькая. Не толькі твой. Ён здраджвае табе. І даўно ўжо. З Маяю Сцяпанаўнаю...

Адчула: абарвалася ўсё ўсярэдзіне. Памлелі ногі. Няўжо сапраўды недарэмныя яе падазрэнні? Няўжо Павел здольны на такое?

Сліж жа, бачачы яе разгубленасць, падхапіўся, ашаломліваў яе:

— Жыццё ўсіх ломіць! І гэткіх, як твой Павел, таксама. Бо ніхто не ўстоіць супраць спакус... Я сам бачыў, як яны нядаўна выходзілі позна са школы, цалаваліся. Я іх асвяціў машынаю...

«А можа, ён маніць? — вярнулася да яе развага.— Наўмысна паклёпнічае, каб завесці мяне ў зман... А я...»

— Ён і цяпер недзе з ёю...

— А ты ідзі, напішы яшчэ адну ананімку...

— Я пісаў ці не пісаў — трэба яшчэ даказаць... Але калі хочаш, я магу даказаць шмат таго, чаго не даказала камісія. Хочаш, праз два тыдні я табе і фотаздымкі пакажу, і магнітафонную ленту дам паслухаць, дзе твой мужычок будзе выведзены на чыстую ваду? Суткамі праляжу пад канапаю ў яго кабінеце ці на вышках у міланьскім інтэрнаце, але ўсё падгледжу, сфатаграфую, запішу! Хочаш мець доказы яго нявернасці?

— Божа мой! — ціха прамовіла, паківала галавою Ларыса.— Я шмат ужо ведала пра цябе. Але не знала, што ты можаш так нізка ўпасці...

— Дзіўная! Сляпая! — занегадаваў.— Я пра адно, яна пра другое... Беражы сябе! Беражы!!! І дзеля каго! Дзеля таго, хто сябе не беражэ, здраджвае табе!!! І чаму ты такая? Чаму ты яму верыш? Чаму маўчыш? Не скандаліш? Не скардзішся ў райана?

— О, божа! — уздыхнула. Заплюшчыла на хвіліну вочы, пацерла лоб, палымяныя шчокі.— І такі тып — наш калега! Той, хто павінен выхоўваць! Не ўбачыла б сама — ніколі не паверыла б, што ёсць такія «выхавацелі»!

— Ладна! Толькі без натацый! — абарваў.— Кім хочаш, тым мяне і лічы. Я сам сабе гаспадар. Я лепш пражывусваё, чым вы, сумленныя, справядлівыя, шчырыя, прынцыповыя! Хоць такая, старамодная, толькі ты! Ды твая сяброўка Лілія Іосіфаўна. Твой мужычок іншы. Патайны. На словах ён адно гаворыць, а на справе робіць іначай. Маскіроўшчык. Бо разумны, хітры. Бо так і трэба... Толькі так можна добра жыць...

— Я ўсё ўсім пра цябе раскажу...

— Не раю! — усміхнуўся. Яхідна, са здзекам,— Бо не здолееш мяне асаромець. Ты скажаш: я меўся даць табе здымкі і ленты? А я скажу: ты сама прасіла мяне пра гэта. Скажаш: прыставаў да цябе, мужа ганьбіў? Я скажу; ты сама свайго Паўла зневажала, сама заклікала мяне дадому, спакушала... Магу сказаць і больш: ты жывеш са мною... Так чэпішся, што я ўжо і не ведаю, як ад цябе адчапіцца...

У Ларысы аж перахапіла дыханне. Ад разгубленасці, гневу яна не магла вымавіць і слова. Сліж жа задаволена пасміхаўся, што здолеў гэтак выбіць яе з раўнавагі.

— Вон! Вон з кватэры! — нарэшце змагла даць волю пагардзе, злосці,— І каб больш ніколі-ніколі нагі тут тваёй не было!

— Святая, кажаш, чэсненькая? — злараднічаў.— Ведаю я вас такіх! Каб купіў пярсцёнак, футра ці яшчэ што дарагое і моднае, запрасіў у машыну — дык на край свету паехалі б! І пра годнасць сваю, пра вернасць забыліся б!

Рашыла: больш не варта спрачацца. Абмінула, рашуча пакрочыла ў калідор, сама адчыніла дзверы. І моўчкі ды гнеўна паказала рукою: вон! вон! вон!

Пайшоў. Паволі. З яхіднаю ўсмешачкаю. Рады, што давёў да злосці, змусіў паперажываць, папакутаваць. Ля парога прытрымаўся.

— Ладна,— пагладзіў поўны жывот.— Пагарачыліся. Я тое-сёе сказаў лішне, ты звыш меры зневажала мяне. Я дароўваю табе ўсё. Ты супакойся, падумай. Захочаш мець тыя доказы — гавары. Будзе цяжка — кліч. Я прыйду. Адзін раз жывём на свеце...

— Зараз жа...— прашаптала. Ён, не даслухаўшы, паспешна пераступіў цераз парог. Відаць, паасцерагаўся нават і яе позірку.

Ларыса зачыніла за ім дзверы. І не мела сіл адысціся. Прыхілілася спіною, заплюшчыла вочы, сціснула далонню лоб: здаецца, скроні аж набухлі ад напружання, ад магутнага прытоку крыві да галавы.

«Няўжо я сама вінаватая, што Сліж дазваляе сабе так паводзіцца? — падумала.— Здаецца ж, ніколі не падала яму для гэтага ніякай зачэпкі... І нікому іншаму не падала. І не падам. Бо люблю толькі Паўла, сына — і ніколі ім не здраджу. Жыву, лічы, толькі для іх. А Павел... Няўжо праўда, што ён здольны на такое? Калі ён спакусіўся на іншую, дык чаму? Дзе і ў чым мая віна? Што я недагледзела? Няўжо я нецікавая, надакучлівая? Няўжо тая цікавейшая? Калі ўсё гэта праўда, дык як тады жыць? Каму верыць? Бо... Ці гэта яго часовая памылка? Але як мне перажыць такія «памылкі»? Мне ж усё роўна баліць: свядома ён здраджвае ці па памылцы! І што мне цяпер рабіць?»

Адхінулася ад дзвярэй. Пасунулася ў залу, як старая кабета ці знямоглы пасля доўгай хваробы чалавек. Да канапы.

— Хопіць мне маўчаць ці рабіць толькі намёкі...— сказала ўголас.— Трэба змагацца. За яго. За сябе. За сям'ю...

У кабінет імкліва зайшла Мая Сцяпанаўна.

На міг затрымалася каля дзвярэй, хітра і са знаёмым гарэзным чаканнем пазіраючы на яго. У яе вялікіх вачах быў вельмі цёмны ў такія хвіліны бляск, на паўраскрытых вуснах блудзіла лёгкая дзёрзкая ўсмешка.

Ён маўчаў. Яна ж хуценька ўжо замкнула дзверы, шпарка падышла да акна і зацягнула адну штору. У пакоі пацямнела. Пакуль думаў, што яна залішне смелая, неабачлівая, яна ўжо імкліва апынулася каля яго, села на калені і абхапіла за шыю, знайшла вуснамі яго вусны.

Усё сплялося ў яго ў адзін клубок: і асцярога, і нястрымная радасць. Адчуў: нялёгка яму будзе разблытаць той клубок. Як толькі ён знойдзе кончык вяровачкі, пачне разблытваць, дык тут жа Мая Сцяпанаўна зноў зашмаргне тужэй клубок.

— Ці ж можна так? — аддыхаўшыся, папракнуў Васілец,— І камісія толькі што была, і Сліж! Сочыць жа!

— Сліжа няма... Паехаў у вёску...

— Усё роўна...

— Прабач! — затуліла яму рот далонькаю.— Не магу я без цябе... Учора столькі чакала ў Міланьках — не прыйшоў... Сёння ні разу на мяне не зірнуў... Чакала-чакала, калі ўсе пойдуць дадому, і вось нарэшце дачакалася... А ты папракаеш! За тое, што я так люблю цябе!

Прамаўчаў, бо зноў прыпала да яго вуснаў, затуманіла яму розум. Нібы несвядома падняўся, некуды павёў яе, трымаючы ў абдымку.

Нават не заўважыў, як яны апынуліся на канапе. Як і заўсёды ўдзень, цанілі кожную хвіліну. Бо не маглі шмат быць разам. Але кожны міг цяпер, як і раней, аддзячваў ім двайным пачуццём, віхрам, бураю страсці. Можа, усё гэта было і ад таго, што Мая Сцяпанаўна была не асцярожлівая — наадварот, безразважлівая, смелая, апантаная, з вялікай любоўю да жыцця. Кахала не стрымана, напалавіну ці дзеля прыліку, а з усёй сваёй энергіяй і самаадданай захопленасцю. Здаецца, самою прыродаю яна была народжана найперш для кахання.

Пасля, калі яны зноў вярнуліся да зямнога жыцця, яна не хацела ісці дадому, лашчылася.

— Дазволь, я пасяджу з табою...— прасіла.— Мне дома сумна.

Не падспешваў сыходзіць. Паспрабуй адштурхні яе: во за паўгадзіны папрыгажэла яшчэ. У вачах і на вуснах ужо не гарэзная, а лагодная ўсмешка, на твары глыбокае задавальненне і ва ўсёй паставе, здаецца, акрыленая лёгкасць. Дык як будзеш азмрачаць яе шчасце?

— Я вельмі шчаслівая, чуеш? — прашаптала, тулячыся да яго пляча.— А ты? Шчаслівы?

— Не ведаю...

— Чаму? — здзівілася.— Ты ўжо не кахаеш мяне? Сустракаешся па прывычцы? Па маёй настойлівасці?

— Разумееш, цяжка адказаць...

— Ты заўсёды стрыманы...— паскардзілася.— А я з усёю душою. Я магу пайсці з табою на край свету. Хоць цяпер. Пакліч — і я пабягу! Дазволь — і я ўсім-усім скажу: я люблю Паўліка. І не баюся, што пасля будзе...

— Нічога добрага...— адказаў.— А будзе наша выкрыццё і ганьбаванне...

— Ты баішся?

— Ды не маю вялікай смеласці...

— Вы, мужчыны, толькі хваліцеся, што вы мужныя, смелыя, гатовыя на подзвігі. Няпраўда гэта. Вы вельмі асцярожныя, разважлівыя. Калі вы і здольны на подзвігі, дык толькі па-нашаму, жаночаму, патрабаванню! Дзеля нас вы яшчэ можаце калі-нікалі на нешта асмеліцца. Не збаяцца нават вымовы... Але я не буду шмат патрабаваць ад цябе, мілы. Я задаволеная і гэтым, малым. Хоць за сваю такую дабрыню магу некалі і страціць цябе...

Абцалавала на развітанне і пайшла. Ён, застаўшыся адзін, аж здзівіўся: сон гэта ці не сон, што яна тут была, што кінула яго ў такое полымя?

Пахадзіў па пакоі. Сёння зноў адчуў: баліць патыліца. Чамусьці пульсуе ў ёй кроў штуршкамі. І ад гэтых штуршкоў — боль.

«Усё ж яна праўду кажа,— падумаў.— Яна кахае напаўсілы, стрымліваючыся, а я не вытрымліваю, стамляюся. Найперш ад сваіх думак, перажыванняў, сумленняў. Відаць, быў бы ўжо і рады, каб Мая Сцяпанаўна спыніла сустрэчы, не кідала мяне ў такі вір пачуццяў. Але яна, як відаць, сама ад мяне не адмовіцца... Так што наперадзе — новыя выпрабаванні...»


12...


— А, Павел Мікалаевіч! — са здзіўленнем зірнуў на яго тэрапеўт Галінавіцкай бальніцы, Мар'яновіч. Па мянушцы Міленькі.— Заходзь, заходзь, міленькі!

Яны былі добра знаёмыя. Праўда, сам Васілец яшчэ ніколі сюды не заходзіў, але кожны год бачыўся з Мар'яновічам і яго калегамі: яны прыязджалі ў Міланькі, а пасля і ў Вішнёўку правяраць здароўе дзяцей.

Мар'яновіч — пажылы, сівы, поўны — пранізваў яго дапытлівым позіркам. Бянтэжачыся, Васілец нязграбна ступіў колькі крокаў, паціснуў вялую ўрачову руку, сеў насупраць таго на крэсла. Адчуў: хвалюецца. Аж калоціцца, як у вучня ці ў студэнта перад выкладчыкам, сэрца. Ведаў: хваляванне гэтае не выпадковае. Яно ад прадчування небяспекі. Той небяспекі, пра якую дагэтуль амаль і не думаў.

— Ну з чым, міленькі, да мяне? — напусціў на вочы: калматыя бровы Мар'яновіч, прыгладзіў пад носам чорна-сівыя вусы.

— Ды са скаргаю...— нібы вінавата ўсміхнуўся Васілец, не ведаючы, як толкам расказаць пра тое, што прывяло яго сюды.

— Са скаргаю? — нібы здзівіўся Мар'яновіч, пацепнуў плячыма ў белым халаце.— У такую завіруху?

Абое зірнулі ў акно: за ім шалеў снегавей. Выў, біў у шыбы, у сцяну ды ў дах вецер, сек шротам снег. Студзень быў мяккі, з малым снегам і нямоцным марозам, найбольш з адлігаю і дажджом, а вось люты раз'юшыўся, захацеў нібы за некалькі дзён даць тое, чаго не дала зіма дагэтуль.

— Ну-с, міленькі, слухаю,— адвёў позірк ад акна Мар'яновіч, пабарабаніў пальцамі па стале.

— Хачу, каб вы паглядзелі... паслухалі мяне...

— Цікава-с, цікава-с... Ніколі не быў — і раптам прыйшоў! Для мяне заўсёды вельмі цікавыя такія, маладыя, пацыенты... Бывае, прыводзіць іх надзвычай сур'ёзнае, бывае, і звычайны асцярожлівы перапалох. На што-с, міленькі, вы скардзіцеся?

— Каторы ўжо час вельмі баліць патыліца,— адказаў Васілец і, каб той паверыў яму, яшчэ і паказаў рукою, дзе адчувае боль,— часамі чую, як часта-часта б'ецца сэрца, паколвае... Стамляюся, сон неважнецкі... Баюся ўжо: а раптам інфаркт!

— Ну, міленькі! — хмыкнуў Мар'яновіч,— Так ужо ў вашыя квітнеючыя гады і інфаркт-с! — упіўся позіркам. Здаецца, на вочы і на ўвесь твар увогуле.— Курыце?

— Не.

— За каўнерык закідаеце?

— Ужываю, не буду таіцца. Але не злоўжываю.

— У радні хто скардзіўся на сардэчныя хваробы? Памёр хто рана?

— Дзяды памерлі ў сорак пяць гадоў. Маці — у пяцьдзесят. Ад інсульту.

— Дык вы-с і надумаліся, што такі здаравіла, кроў з малаком, маеце прадпасылку да гіпертаніі? — з іроніяй усміхнуўся. Нібы з малога.— Так?

— Я не перасцерагаюся так...— збянтэжыўся Васілец, думаючы, што Мар'яновіч лічыць яго перастрахоўшчыкам.— Але на самай справе адчуваю недамаганне...

— Ну што ж, добра, што прыйшлі. Самі.— Мар'яновіч заўважыў яго збянтэжанне, настроіўся на сур'ёзны лад.— Бывае, у наш бурны век той-сёй мае гіпертанію, а пра гэта не ведае. Пасля, у адзін сонечны дзень, раптам брык, і ўсе здзіўляюцца: такі малады яшчэ быў, а памёр ужо! А гэта здараецца не раз і ад таго, што не сачыў за сваім здароўем, не пачаў у час лячыцца. Быў боль у патыліцы, у руках, калола пад лапатку, стамляўся хутка — не зваяваў. Ат, пройдзе ўсё само па сабе, лічыў! Бывае-с, бывае-с усё, міленькі... Таму паслухаем ваша сэрцайка, спытаем, чаго яно забунтавалася?! Зніміце пінжак, міленькі, закашыце рукаво кашулі.

Як Васілец усё гэта зрабіў, Мар'яновіч абгарнуў яго руку вышэй локця халаднаватаю чорнаю падушачкаю, зашпіліў, а пасля пачаў ціснуць на ружовы мячык і пазіраць на шкалу прыбора, што стаяў перад ім.

Праз міг Мар'яновіч са здзіўленнем зірнуў на яго. Пасля яшчэ паціснуў той мячык, уважліва пазіраў на шкалу. Потым змусіў устаць, падняць кашулю і майку, мацаў па яго целе нейкаю, здаецца, круглаю пячаткаю і выслухоўваў. Пазіраў і ў рот, і ў шырока расплюшчаныя вочы.

Калі Васілец прывёў сябе да ладу, зноў сеў на наведвальніцкае крэсла, з хваляваннем чакаў прысуду. Ёсць што? Ці дарэмна прыехаў?

— Як ні сумна, міленькі,— ківаючы ад здзіўлення галавою, ціха прамовіў Мар'яновіч.— У вас павышаны ціск. Праўда, яшчэ не вельмі высокі, але для вашых гадоў усё ж завялікі... У вашым узросце мець такі ціск зарана. Не палохаю, Павел Мікалаевіч, але і не буду таіцца: гэта ўжо ў вас пачатак гіпертаніі...

«Гіпертанія! — і са здзіўленнем, і са сполахам падумаў Васілец.— Чуў: бывае такая хвароба ў іншых. Найчасцей у старых. Але адкуль яна ў мяне? Я ж яшчэ малады...»

Яму было няёмка, але падсвядомы страх большаў. Няўжо і ён пачне хварэць, пакутаваць, а неўзабаве і памрэ? Як памрэ?! Ён жа яшчэ мала жыў, мала што зрабіў. Сама, лічы, на пачатку сталага жыцця, сур'ёзнай работы. Дзе ж ён што недагледзеў? Чым падарваў ужо сабе здароўе? Ці трэба было яму неяк сачыць за сабою, лішне не стамляцца? Але як жыць, калі ўвесь час дбаць толькі пра сваю персону, працаваць напаўсілы?

— Паколькі вы, міленькі, пачынаючы хворы,— перапыніў яго развагі Мар'яновіч,— дык дазвольце вам тое-сёе патлумачыць, каб лішне не бралі абы-чаго да галавы. Праўда, прыйдзецца гаварыць на нашай, медычнай, мове... У аснове гіпертанічнай хваробы ляжыць функцыянальнае парушэнне нервовай сістэмы, што ахоплівае тыя аддзелы мозга галавы, у якіх закладзены цэнтры, што рэгуліруюць сардэчна-сасудзістую дзейнасць...— і далей гаварыў-гаварыў на сваёй прафесійнай мове, што Васілец разумеў яго толькі цераз пятае — дзесятае,— Зразумелі што крыху?

— Ды крыху,— прызнаўся Васілец.

— А прычынай гіпертанічнай хваробы можна лічыць тыя фактары, што траўмуюць нервовую сістэму чалавека,— расказваў далей Мар'яновіч.— Гэта могуць быць вострыя псіхічныя траўмы ці пастаянныя перанапружанні нервовай сістэмы, асабліва з невялікім, нямоцным сном... У апошнія гады стамляліся, кепска спалі ж?

— Ды было...— адказаў.— Будавалі школу, шмат было працы, трывог, хваляванняў... І цяпер нямала ўсякіх перажыванняў, стрэсаў, клопатаў...

— Вось і сабралася нямала адмоўных эмоцый, якія штосьці ўжо крыху і парушылі. На вялікі жаль, цяпер усё часцей назіраецца гіпертанічная хвароба і ў маладых. Відаць, вінаватыя вялікія нервовыя перагрузкі, маларухомы вобраз жыцця, побытавыя неўлодкаванасці, павышаная эмацыянальнасць, крыўдлівасць... Добра, што вы прыйшлі ў час. Будзем лячыцца, міленькі. Бо ўсё яшчэ можна паправіць. Я вас накірую ў раён. Зробіце там электракардыяграму сэрца, рэнтген, здасце кроў на аналізы, праверыце сятчатку вачэй — пасля гэтага назначым вам лячэнне,— гаварыў і заадно запаўняў розныя паперкі,— і завядзём на вас кнігу. Гісторыю вашай хваробы...

«Ну і ну! — слухаў яго і ківаў са згодаю галавою Васілец.— Папаўся, жучка, у панскую ручку! У рукі ўрачоў!»

Праз тыдзень яны зноў сустрэліся.

— Як я і думаў, міленькі, як паказваюць і аналізы,— сказаў Мар'яновіч,— сапраўды маеце пачатак гіпертанічнай хваробы. Гэта ўжо, як і гаварыў, не жарт, але яшчэ і не трагедыя. Вам тэрмінова патрэбны доўгі адпачынак на свежым паветры, гімнастыка, душ. Прыйдзецца менш працаваць, хвалявацца, перажываць, быць болей спакойным.

Васілец усміхнуўся: а як гэтак можна жыць? Працаваць — і не стамляцца, жыць — і не хвалявацца? Што — лайдачыць, быць раўнадушным да ўсяго чалавекам?

— Я разумею вашы ўсмешачкі, міленькі,— прамовіў Мар'яновіч.— Разумею як чалавек чалавека. Сапраўды, вам, дырэктару-с, перадавіку, не да твару ўхіляцца ад работы, ад клопатаў, берагчыся, свае інтарэсы ставіць вышэй за інтарэсы службовыя. Але як урач я вам раю больш спакойнае жыццё, адпачынак, курортнае лячэнне, скажам, у Прыбалтыцы... Не будзеце шанавацца, пачнеце зноў улягаць да работы, стамляцца — хвароба пяройдзе ў другую, а пасля і ў трэцюю стадыю... А тады...— кіўнуў уверх, на белую столь.— Тады можаце трапіць і да бога...

Васілец адвёў ад яго позірк. Едучы сёння сюды, думаў: а можа, мінулы раз Мар'яновіч наўмысна прыпалохваў яго, можа, ён зусім здаровы чалавек. Адпачне крыху летам — і зноў будзе мацак! Аж не! Падарваўся ўжо крыху, узяў нечага звыш сваёй сілы. Дык што — адступаць цяпер? Аддаваць сябе на хітранькі спакой, на суровы суд калег па рабоце, вышэйшых ужо? Працаваць меней, напаўсілы, з ганьбаю і жыць далей ці не зважаць на свае недамаганні, цягнуць шпарчэй свой воз і пражыць няшмат? Бадай, упершыню перад ім такі выбар. І вельмі суровы выбар.

— Думайце, міленькі, думайце,— прамовіў Мар'яновіч.— Самі выбірайце, як вам жыць. Я вам толькі стаўлю дыягназ ды во назначаю лячэнне,— падаў паперку.— А лячыцца, дбаць пра сваё здароўе вы павінны самі...


13...


У гэтую ноч Васілец і сам не мог заснуць, думаў пра тое, што сказаў яму Мар'яновіч, і чуў: Ларыса гэтаксама не спіць. Варочаецца на ложку, уздыхае, зацішваецца, але не засынае. Можа, і дарэмна ўсё ёй расказаў пра свае хваробы. Расхваляваў, растрывожыў яе. Усе гэтыя дні хадзіла вельмі ўражаная, разгубленая, нібы з адчуваннем і нейкай сваёй віны ва ўсёй гэтай гісторыі.

Цяпер, пад апоўнач, панавала цішыня. І на дварэ, дзе ўляглася мяцеліца, і тут, у пакоі. Нават гадзіннік, што цікаў і цікаў, таксама чамусьці ўцішваў ноч. А ноч сёння ўдалася без месяца, густая, цёмная.

— Ты спіш, Паўлік? — запытала Ларыса.

— Не,— прызнаўся.

— Хадзі да мяне,— папрасіла.— Я сёння не магу без цябе заснуць.

Ён адкінуў цёплую коўдру, ступіў крокі чатыры ў халаднаватай цемнаце і трапіў на Ларысін ложак. Яна ўжо чакала яго: прыпадняла коўдру. І як толькі ён лёг побач, накрыла яго, прытулілася. Цёплая, здаецца, лёгкая і вабная.

— Ну, як ты чуешся? — прашаптала. Пацалавала яго ў шчаку. Лёгка і пяшчотна. Як маці сына.

— Добра.

— Баліць патыліца?

— Крыху.

— Я, можа, яшчэ дам калінавага соку ці пустырніку? Выпі.

— Не трэба,— адказаў.— Ды я сам, калі трэба будзе, схаджу на кухню, вып'ю. Хоць, казалі ж, каб шмат не піў ні каліны, ні пустырніку.

— Ну, што ты так раптоўна заняпаў? — запытала з пяшчотаю.— Малады, шустры, бадзёры — і раптам на табе: гіпертанія!

— Якая там гіпертанія! — адказаў наўмысна з незадавальненнем, каб яна не шкадавала яго, як малога.— Звычайнае нервовае ператамленне... Пасачу крыху за сабою, пабуду больш на свежым паветры, і ўсё наладзіцца. І не трэба з гэтага выпадку рабіць трагедыю, усім усё расказваць. Трэба, каб ніхто нічога не ведаў.

— А я баюся за цябе,— прашаптала.— Ты сапраўды шмат працаваў, перасільваў сябе. І цяпер, ведаю, будзеш не менш мець работы. Ты ж заядлы да яе. Прагны.

Прамаўчаў.

— Хоць і я, відаць, у нечым вінаватая. І я псавала табе апошні час нервы...

— На тое ты і жонка...— паспрабаваў аджартавацца.— Хіба гэта сапраўдная жонка, калі не ўшчувае мужа?!

— Я больш не буду злавацца, крыўдаваць, прыдзірацца. Пастараюся не псаваць табе настрою, стварыць табе ўсе ўмовы для працы, для адпачынку. Толькі... Ну, як табе сказаць... Можа б, ты і сам змяніў свой лад жыцця...

— Як?

— Можа, папрасіся ты, каб цябе вызвалілі з дырэктарскай пасады...

— Ты сур'ёзна гэта? — здзівіўся,— Сам?

— Сам. Бо і сам ты адчуваеш: цяжка працаваць дырэктарам. Нашмат цяжэй, чым настаўнікам. Настаўнік адказвае за ўрокі, яшчэ за тое-сёе, а дырэктар адказвае за ўсё. За ўсіх дзяцей, за настаўнікаў, за навучальна-выхаваўчую работу, за ўсю гаспадарку. За ўсё перажывае, адказвае, за ўсё яму трапляе на арэхі. А ты чалавек эмацыянальны, уражлівы, ты залішне шмат чаго, важнага і дробязнага, бярэш на душу, да сэрца. Вось і гарыш. Без часу. Больш за іншых.

— Дык у мяне цяпер два шляхі: або адмовіцца ад цяжкасцей, пачэснага даручэння ці быць прыстасаванцам, не гарэць, а паціху дымець?

— Я ведаю: перайначыць сваё жыццё нялёгка. Але, можа, калі варта, дык і трэба. Ну, не будзеш дырэктарам — можа, не трапіш у дэпутаты, не будзеш сядзець у прэзідыумах, менш пачнуць называць тваё прозвішча, клікаць на ўсякія нарады, адным словам, не будзеш на вачах і на языку. Але затое будзеш спакойны. Даў свае ўрокі — і дадому. Пайшоў у лес ці на рэчку. Не трэба хадзіць на нечыя ўрокі, перанапружвацца, даваць заўвагі настаўнікам, рыхтаваць педсаветы, усякія семінары, мець процьму розных грамадскіх даручэнняў. Урэшце не трэба будзе весці вайну нерваў з нашым Сліжом. Будзеш адказваць сам за сябе, а не за ўсю школу...

— Дык што — трэба, выходзіць, не толькі акопвацца, спыняцца ў росце, касцянець, але і адступаць?

— Такая ж, Паўлік, сітуацыя... Ты ж не вінаваты. Такі твой лёс. Няхай ужо маладзейшыя, здаравейшыя больш бяруць на сябе...

— Не магу я, Ларыса, мець такую пазіцыю...

— Я ж кажу, што гэта цяжкі выбар. Я таксама не за прыстасавальніцтва, але... Я хачу, каб ты жыў, быў здаровы, каб займаўся любімай справай...

— Якая ж яна будзе любімая, мілая, калі я стану халодны, абыякавы, няшчыры?

— Я ведаю: ты мала думаеш пра сябе...— уздыхнула.— Засынаеш і думаеш пра школу... Вось табе і сумленне! Выходзіць, яно на згубу. Самому сабе. Хто яго мае меней, той больш шчаслівы. Сліж вунь іначай, чым ты, жыве. І ён не пакутуе. Наадварот, бадзёры, радасны, здаровы. Такія і ў вайну выжывалі, і пасля вайны жывуць прыпяваючы...

— Хіба жывуць? — запытаў.— Ці толькі існуюць!

— Гэта ты так думаеш, а ён думае іначай. Не зважае, што яго ўсе ненавідзяць. Жыве, існуе і рады! Як той смоўж.

— А я не хачу, каб і мяне ненавідзелі... Хачу жыць так, як хочацца, як умею, як трэба...

— Ды цябе не зменіш...

— Можа, і не дрэнна гэта, Ларыса? Лепш менш пражыць, але так, каб і сабе не сорамна было за сваё жыццё, і іншым.

— Што ж,— прамовіла.— Рашай сам. Хоць я табе раю аблегчыць крыху сваю ношку. У мяне ёсць і яшчэ адна важная размова. Даўно ўжо...— голас яе збіўся ад хвалявання.— Відаць, адчуваеш сам, чаго я бываю часта злосная, крыўдлівая, прычэплівая. Каб ты не толькі адчуваў, але і ведаў усё, дык сёння не буду таіцца. Усё скажу.

Затаіў дыханне: вось прыйшоў пераломны момант. Ён павінен рашыць калі не ўсё, дык нешта вельмі важнае ў іх жыцці.

— Я раўную...— Ларыса гаварыла яшчэ з большым хваляваннем і з напружаннем.— Да Маі Сцяпанаўны... Прызнаюся: хацела пасачыць за вамі, сама ўсё ўбачыць: праўда ці не? Хацела і людзей добра распытаць. Нават пакарыстацца і Сліжвымі паслугамі. Казала ж, абяцаў і здымкі, і магнітафонную ленту даць пра цябе, і твой раман. Цяпер рашыла: не буду ўніжацца. Не буду нават дапытвацца: вінаваты перада мною ці не?!

Ляжаў, слухаў, а сэрца — канечне ж, ад хвалявання,— аж захліпвалася, то, здаецца, падымалася, ціснула на горла, то апускалася, замірала і пасля абзывалася з пякучым болем. Твар палаў.

Адчуваў: не трэба маўчаць. Маўчанне — выкрыццё, сорам, віна, паражэнне. Але што сказаць? Маніць, апраўдвацца? Не. Не трэба. Яна, відаць, усё ведае. Прызнацца, сказаць ёй усю праўду? Відаць, не варта. Можа, яна ўсяго не знае, носіць у душы хоць крыху надзеі, што ўсё тое, пра што яна чула, няпраўда. Дык і не варта, бадай, пазбаўляць яе той надзеі. Бо з праўдаю — справядліваю, горкаю — ім, канечне ж, жыць будзе вельмі цяжка.

— Я рашыла: не трэба мне ўсёй праўды,— сказала,— Бо з ёю мне, можа, будзе цяжка жыць далей. Таму ты мне, калі ласка, нічога не гавары. Не прызнавайся ці не апраўдвайся. Я дала сабе клятву: я цябе нікому не аддам. Ты мой. Толькі мой. Я табе пасвячаю сваё жыццё. Ніхто іншы, можа, на такое і не пойдзе. Бо ніхто іншы, можа, не пакахае цябе за тое, за што кахаю я... Мы пражылі з табою ўжо нямала, і ты добра сам ведаеш, за што я цябе кахаю... Не за тое ж, што ты, напрыклад, дырэктар, прыгожы мужчына... Я кахаю за іншае. За большае.

«Колькі чаго яна перажыла! — жахнуўся, здзіўляючыся глыбіні і высакароднасці яе розуму, самаахвярнасці.— Што было ў яе на душы! А я... Не разумеў добра гэтага, не цаніў...»

— Я надумалася, як цябе зноў вярнуць у сям'ю, моцна прывязаць да нас... Як толькі ты паправішся, я нараджу дзяўчынку. І ты зноў адчуеш сябе бацькам, зноў будзеш наш... Ты ж не супраць, праўда? У свой час ты ж так хацеў мець яшчэ і дзяўчынку!

«Сапраўды, добра прыдумала, як адвабіць мяне ад Маі Сцяпанаўны. І, можа, гэта самая найлепшая задума».

— Віктар наш ужо вялікі,— загаварыла далей спакайней, з развагаю,— Праз гадоў сем закончыць школу і пойдзе ад нас. Ці ў інстытут, ці ў армію. А мы застанёмся толькі ўдваіх. А якое жыццё ўдваіх? Не, трэба нам яшчэ адно дзіця. І добра было б, каб заявілася дзяўчынка. Я яе так хораша апранала б, і яна была б гэтакая харошанькая... Былі б з ёю дома, чакалі б цябе з работы. Ты вяртаешся — яна бяжыць насустрач, выцягвае ручкі і абдымае цябе за шыю, цалуе... Каб ты ведаў, якія дзяўчынкі мілыя! Яны не такія, як хлопчыкі. Яны і маленькія — ужо жанчыны. З усёй жаноцкасцю.

— Я люблю цябе, Ларыса,— ціха і расчулена прамовіў ён.— Дзякуй богу, што ты ёсць і што ты такая і што ты патрэбна мне...

— А я яшчэ болей цябе кахаю...— прыўзнялася, пацалавала яго ў шчаку.— Хоць ты і дрэнны муж... Ніхто так: нікога не кахае, як я цябе... Бо ніхто так не ўмее кахаць. Не можа. Чаму? На тое ёсць вялікі сакрэт. Ведае яго той, хто таксама ўмее кахаць...

Быў позні, адзін з апошніх лютаўскіх вечароў.

Ціснуў лёгкі марозік, церусіў рэдзенькі снег. Неба было цёмнае, без месяца і зорак, таму і на дварэ было нясветла. У Міланьках ярка свяціліся вокны, чулася музыка з тэлевізараў. Ні на вуліцы, ні каля хат — здаецца, ні чалавека.

Можа, на дварэ цяпер стаяў толькі адзін Васілец. Чакаў тут, за інтэрнацкаю сталоўкаю, Маю Сцяпанаўну. А яна сёння чамусьці не спяшалася на сустрэчу. Нібы прадчувала, што наперадзе нялёгкая размова.

Зашчыпаў холад за ногі, прабраў праз паліто спіну — Васілец пачаў тупаць, выцікоўваць раз за разам з-за кута — на інтэрнацкім двары па-ранейшаму толькі нерухома стаялі абсыпаныя снегам дрэвы, кусты, панавала цішыня. Ніхто нідзе не варушыўся. Ці не выпадае Маі Сцяпанаўне зараз прыйсці сюды, ці яна наўмысна выпрабоўвае яго цярплівасць. Не. Вось, здаецца, чуваць крокі. Так, нехта павярнуў сюды з вуліцы, замільгаў сярод дрэў. Жанчына. Мая Сцяпаўна. Ішла сюды, да сталоўкі.

Ён выйшаў са схованкі.

Падышла.

— Прабач, мілы,— прамовіла, прытулілася, пацалавала.— Не было як выйсці раней.

— Паўгадзіны ўжо чакаю...

— Больш жаданая буду...— усміхнулася, закінула рукі яму за шыю.— Так?

Ён не адказаў. Падумаў: смела паводзіцца ўжо з ім. Як жонка. Зусім не саромеецца.

— Змёрз, харошы мой? — схамянулася, адчуўшы яго стрыманасць.— Так? Хадзем тады хутчэй у цяпло. Я хутка цябе сагрэю. Я гарачая.

Узяла яго пад руку і павяла да інтэрната. Узышлі на высокі, абсыпаны снегам ганак. Яна дастала з кішэні футра ключ, адамкнула дзверы.

Ён моўчкі зайшоў у цёмны інтэрнацкі калідор. Сёння, у суботу, ціхі, чужы: сёння ў ім не было дзяцей. Разышліся па вёсках. Мая Сцяпанаўна зачыніла за ім дзверы, зноў пачапіла на іх замок.

Мацаючы калідорную сцяну рукою, мінуў калідор, вобмацкам дайшоў да пакоя выхавацеляў. Сёння чамусьці баяўся і цемнаты, і цішыні — здавалася, вось-вось аднекуль з кута выйдзе і засвеціць ліхтарыкам Сліж, сапсуе і сённяшнюю сустрэчу, і размову, што павінна неўзабаве адбыцца. Вось абмацаў клямку пакоя, адчыніў дзверы. Зайшоў. Тут, у пакоі, было святлей — ад акна. Падышоўшы да яго, адхінуў шторы, адкінуў кручкі і адчыніў акно.

Мая Сцяпанаўна стала на падаконнік, а пасля скокнула яму на грудзі, павісла на шыі.

— Не гарэзуй, як дзіця, дай зачыню акно,— сказаў ён, ссадзіў яе, паставіў на падлогу.

— Сухар! — папікнула яна.— Усюды ў цябе разлік.

Ён не пакрыўдзіўся на яе папрок, зачыніў акно, зацягнуў штору і пайшоў да старой канапы. Сеў. Зняў шапку. Але паліто сёння не скінуў.

— Вельмі акалеў? — запытала, сеўшы яму на калені.

— Ды не...

— А што? Кепскі настрой?

— Ды не бадзёры...— буркнуў, адчуваючы, як яму будзе сёння цяжка гаварыць. Наўмысна і дагэтуль, і цяпер наганяў на сябе незадавальненне і злосць. І, відаць, быў ад гэтага недарэчны.

— Чаму, мой харошы? — прытулілася шчакою да яго шчакі.— Скажы, можа, суцешу.— Адшпіліла верхнія гузікі яго паліто, прасунула руку пад пінжак.— Паспрачаўся з кім? Начальства палаяла? Ці Ларыса?

— Не.

— А ў чым жа прычына? — здзівілася.— Захацеў, мой міленькі, пакапрызіць?

Пацалавала ў вусны. Ён стрымана адказаў.

— Нам сёння трэба, Мая, сур'ёзна пагаварыць...

— Пра што? — запытала з хваляваннем.

— Разумееш...— прамовіў, адчуваючы не толькі хваляванне, але і сорам,— Ну, як табе сказаць...— памаўчаў крыху, адчуваючы, што не хапае патрэбных слоў, а тыя, што прыдумаў раней і меўся сказаць цяпер, зусім не падыходзяць: нейкія яны няшчырыя, чэрствыя, чужыя.— Я не магу так больш...

Яна змаўчала. Уздыхнула. Здаецца, усё зразумела. Што ён сказаў, што меў на ўвазе.

Запанавала цішыня. Няёмкая, гнятлівая.

— Я гэта, мой харошы, ужо адчуваю...— ціха прамовіла праз хвіліну-другую, калі ён ужо не мог выцерпліваць цішыні.— Ведала: прыйдзе вось-вось час, і ты захочаш пакінуць мяне. Здагадваешся, калі пра гэта я адчула?

Ён маўчаў.

— У той вечар, калі я табе сказала, што хачу нарадзіць ад цябе...— сама адказала.— Калі ты не асмеліўся на такое, дык я і зразумела: не адчайны ты. Стрыманы, разважлівы. Сустракаешся са мною і, відаць, асуджаеш сябе за гэта... Для цябе наша каханне і радасць, і вялікая пакута...

Не прамовіў і слова. Слухаў. Яе словы былі для яго як паратунак.

— Я не асуджаю цябе...— з яе вока, здаецца, выплыла слязіна, бо яго шчака стала нечакана вільготная.— Я разумею цябе. Ты ўсё ж кахаў і кахаеш Ларысу. Мною ты толькі захапіўся. На час. Нырнуў у агонь, пагарэў і захацеў выскачыць, бачачы, што гэты агонь табе не патрэбен. У мяне ўсё іначай. Я не кахала і не кахаю свайго Васіля. Я пакахала цябе. Пакахала ўпершыню... Я ж не вінаватая ў гэтым, праўда?

— Я ні ў чым цябе не віню...

Яна ссунулася з яго калень, здаецца, стала перад ім на калені, паклала яму на ногі галаву.

— Як мне ні цяжка, але ідзі, ідзі, мілы. Я не хачу, каб ты пакутаваў. Я хачу, каб табе было добра. Каб ты быў заўсёды вясёлы, бадзёры, здаровы. Толькі ты не забараняй мне кахаць цябе. Без гэтага кахання мне няма чаго жыць на свеце...

Ён не чакаў ад Маі Сцяпанаўны такога. Чакаў дакораў, зневажанняў — не такога. Яна ж збянтэжыла яго. Пасаромела. Адчуў: як не хацеў ні ў чым адступаць, усё ж у тым-сім і адступае. Вось і ад кахання Маі Сцяпанаўны. Пасля, відаць, прыйдзецца адступіць і яшчэ ў нечым. І за гэта, канечне, ён не будзе надта паважаць сябе, лічыць, што робіць усё толькі высакародна. Але як быць? Вось з Маяй Сцяпанаўнай найперш?

— Ты праўду кажаш: я нібы раздвоены...— прызнаўся.— Я мог бы жыць так і далей, хоць Ларыса ўжо і ведае, што ў нас з табою... Але яна... Яна хоча нарадзіць дзяўчынку... Я не магу зноў стаць бацькам і... Зразумей мяне, калі ласка... Бо да Ларысы...

— Ясна,— прашаптала.— Ларыса — мудрая жанчына. Яна разумна і ўмела вяртае цябе ў лона сям'і... І я на яе месцы тое ж зрабіла б... Каб кахала, лічыла мужа самым дарагім на свеце чалавекам. А Ларыса цябе кахае...

Прамаўчаў, адчуваючы да Маі Сцяпанаўны вялікую падзяку і задушэўнасць. Як да роднай сястры. Як да самага лепшага сябра. Чуў: яна плача. Ужо не тоячыся. Наўзрыд.

— Не трэба, Маечка...— папрасіў.— Устань. І не плач.

— Дазволь, мой харошы, выплакаць сваё гора. Я ж адпускаю ад сябе не толькі цябе, я трачу сваё каханне... Я перастану быць шчаслівая, любімая... Я ваявала б за цябе, каб ведала, што ты здаровы, але ты не зусім здаровы. Папраўляйся, гані прэч лішнія эмоцыі, ваганні, пакуты... Забывай мяне... Адвыкай... Толькі адно прашу: маўчы пра наша каханне, нікому пра яго не расказвай і не апаганьвай яго... Бо гэтым зганьбіш нешта святое і ў сваёй душы... Каханне зганьбіш... Абяцаеш? — падняла галаву, узяла яго рукі, прыхінула іх да свайго твару.— Абяцаеш не пасміхоўвацца з мяне такой?

— Абяцаю...— пакляўся ён, па-сяброўску прыхінаючы яе галаву да грудзіны.


14...


Аўтобус хутка імчаўся па заснежанай, але ўкатанай цвёрдай шашы. Мінаў белыя прасторныя палі, цёмна-зялёныя сасоннікі і ельнік, белы, з цёмнымі лапамі бярэзнік. Малыя і вялікія вёскі. Аўтобус імкнуўся ў горад.

Міланьцы, вішнёўцы і іншыя, што падсаджваліся па дарозе на прыпынках, гаманілі і гаманілі, расказваючы пра тутэйшыя падзеі, а Васілец, пазіраючы ў прыпацелае акно — на памаладзелае сакавіцкае блакітнаватае неба, на яркае сонца, на далёкую, па небакраі, смугу — сядзеў моўчкі, задумлены. Нікога, здаецца, не чуў і не бачыў, нібы быў адзін на свеце. Слухаў аўтобусныя колы і ў іх шыпенні, здаецца, чуў: «Куды едзеш? Чаго едзеш? Вярніся, вярніся, вярніся!!!»

Але аўтобус вёз — і ён ехаў. Да сваёй мэты. Вагаўся: сапраўдная тая мэта ці ўяўная?

Шмат разоў ён ездзіў у горад. Па самых розных патрэбах. І атрымліваць павышэнні, парады, ушчуванні, пахвалу, і нечага дабівацца, патрабаваць ад начальства. Але з такім клопатам, які быў сёння, ехаў упершыню.

У горад прыехаў разгублены і стомлены.

Адразу на вакзале сеў на першы нумар гарадскога аўтобуса і паехаў у райана.

У калідоры райана нос у нос сутыкнуўся з Кірыковічам. Той каціўся, нібы гарбуз, з другога паверха на першы і наскочыў на яго. Падняў галаву, заўсміхаўся. Першы падаў руку.

— Маё шанаванне, Павел Мікалаевіч! — загаварыў лісліва, мякенька, аж прытуліўся.— Віншую, ад усёй душы віншую! Цяпер вам ніхто страшны не будзе! Цяпер вы на вышыні! Недасяжныя!

«Чаго гэта ён раптам паласкавеў? Няўжо хто з высокай інстанцыі мяне пахваліў недзе?»

Васілец, адчуваючы да гэтага сталага, але заўсёды без сваёй думкі чалавека даўнюю непрыязнь — а за нядаўнія прыкрыя паводзіны ў камісіі асабліва,— ткнуў яму моўчкі руку, вырваў і падаўся да прыёмнай загадчыка райана. Кірыковіч подбегам задрабязіў за ім услед.

— А за тое выбачайце, Павел Мікалаевіч! — загаварыў.— Увёў у зман паклёпнік! Я ж пра вас заўсёды меў самую лепшую думку...

— Ці не назначаюць мяне загадчыкам райана? — абярнуўшыся, усміхнуўся Васілец.— Ці не буду я вашым начальнікам?

Кірыковіч стаў, замёр. Ці не зразумеў, ці разгубіўся. Адстаў. Не пайшоў далей услед.

У прыёмнай загадчыка райана сядзела некалькі незнаёмых маладых людзей. Чарга. Апошнія гады Васілец прызвычаіўся ўжо не стаяць у чарзе, адразу заходзіць да Рыжова, але сёння павітаўся з усімі наведвальнікамі, з сакратаркаю, спытаў, хто апошні, распрануўся і сеў на вольным крэсле. Сакратарка Ванда, добра знаёмая дзяўчына, зірнула на яго са здзіўленнем. Відаць, гадала: чаму сёння не жартуе з ёю, не ідзе адразу да Рыжова? Каб не распальваць яе цікавасці, падняўся і выйшаў у калідор.

Адышоўся ў самы канец доўгага райвыканкомаўскага калідора, запыніўся каля акна. Пашкадаваў, што не купіў на вакзале свежых газет. Вось пагартаў бы зараз, уведаў навіны і заадно перабіў бы свае неадчэпныя трывожныя думкі.

— Мікалаевіч!— неўзабаве пачуўся голас Рыжова.— Га, Мікалаевіч!

Азірнуўся: Рыжоў стаяў у праёме дзвярэй. Відаць, Ванда зайшла да яго і сказала, што ён, Васілец, тут.

Рыжоў спачатку, здаецца, мерыўся махнуць яму рукою: хадзі сюды! Але не паклікаў. Закрочыў сам. Васілец падаўся насустрач.

Сышліся, парукаліся.

На рыжаватым твары Рыжова была стомленасць, хоць у глыбокіх вачах і на вуснах гуляла гарэзная ўсмешка.

— Не разумею цябе сёння, таварыш! — паціснуў плячыма Рыжоў.— Ці незвычайная сціпласць, ці, наадварот, ганарлівасць!

— Рашыў сёння стаць у чаргу. Вось і ўсё.

— Што з табою, братачка? — здзіўляўся Рыжоў, ускідваючы на лоб калматыя бровы.— Ды ты састарыўся раптам! Быў юнак-юнак — малады, стройны, бадзёры, свежы,— і вось раптам ужо сталы, стомлены дзядзька! Я ўжо бачу на тваім твары рысы старасці...

— Ды не маладзею, канечне...

— Ну, хадзем. Годзе трымаць цябе, нашу зорку, на калідоры,— узяў яго пад локаць Рыжоў.— Прашу, калі ласка, да мяне. Таварышы, — сказаў у прыёмнай наведвальнікам,— прашу прабачыць. У мяне з Паўлам Мікалаевічам сур'ёзная размова.— І як толькі зайшлі ў кабінет, запытаў: — Што здарылася? Захварэў? Стаміўся? Семінар, камісія выбілі з раўнавагі?

Паспрабуй, адкажы на ўсё адразу!

— Ды хапае ўсяго...— прамовіў.— Няма калі і перадыхнуць. Сучасны рытм жыцця бурны.

— Бурны, братачка,— згадзіўся Рыжоў, ідучы да свайго стала.— Бурны. Атамны век. Эпоха касмічных скорасцей... Але і цяпер ёсць увага да педагогікі, да педагогаў. Ці ты незадаволены ўвагаю? Хацеў большага?

Васілец паціснуў плячыма: якая «ўвага»? Чаго хацець «большага»?

— Што — не бачыў сённяшніх газет? — Рыжоў стаў каля свайго стала, узяў складзеную газету.

— Не паспеў яшчэ.

— Не хітрыш?

— Не.

— Дык ты нічога тады яшчэ не ведаеш...— разгарнуў газету.— Вось... Указ. Пра прысваенне табе звання заслужанага настаўніка. Палюбуйся сваім прозвішчам, пацешся! — падаў газету.— У тваёй школе ўжо ведаюць пра гэта. Сам нядаўна званіў. Так што будзеш ехаць назад — бяры з сабою шампанскае, цукеркі. З кветкамі, з аркестрам будуць сустракаць... Ні адзін жа з міланьскіх дырэктараў, настаўнікаў да такой вышыні прызнання не падняўся... А ты яшчэ і народнага можаш адхапіць... Гэта ж зусім магчыма...

Васілец узяў газету, пашукаў вачыма Указ. Жартуе Рыжоў ці не? Можа, каму іншаму з раённых дырэктараў школ ці настаўнікаў прысвоілі такое званне. Убачыў невялікую калонку з подпісамі кіраўнікоў урада, потым хутка прабег вачыма. Праўда гэта ці не? Яго ж прозвішча, імя! Але што там напісана пра яго? Яшчэ раз перачытаў. «За плённую педагагічную і грамадскую дзейнасць...»

«Якая там у мяне плённая дзейнасць? Так сабе, нейкія парывы, пошукі, трывогі, сумненні...»

— Каб не дзень сёння для прыёму, дык пацягнуў бы зараз жа ў рэстаран, запатрабаваў бы самы дарагі кан'як! — усміхаўся Рыжоў.— Запатрабую! У іншы раз. А цяпер патрыумфуй адзін. Не кожны ў такія маладыя гады мае такое вялікае прызнанне. Расці! Далёка ідзі! — падаў руку, моцна паціснуў.— Ну, апамятаўся?

— Яшчэ не...— усміхнуўся Васілец.— Ашаламілі вы мяне.

— Малайчына! Ну, вяртайся з нябёс на грэшную зямлю, мыслі цвяроза. Можаш? Добра. Ну, а з чым прыехаў да мяне? Па якой патрэбе? Прабач, герой, зорка наша, за нахабнасць, але сам бачыў: у прыёмнай людзі. Хоць і не героі, але ўсё ж жывыя людзі.

Васілец адвёў позірк, а потым дастаў з унутранай кішэні пінжака складзены надвая ліст, падаў.

Рыжкоў узяў. Прачытаў. Раз-другі. Нічога не прамовіў, пайшоў і сеў на сваё крэсла за сталом. Рыжыя яго бровы то ўздымаліся на лоб, то апускаліся. Канечне, у незадавальненні. Значыць, будзе зараз гаварыць рэзка і сурова.

— Пакажы мне свае вочы! — ціха прамовіў, пільна зірнуў,— Не хавай, не хавай! Пакажы! Вочы — люстэрка душы. Дык і хачу зазірнуць табе ў душу.

Сёння Васілец не здолеў вытрымаць яго позірку. Можа, і з-за разгубленасці, замяшання, ніякаватасці, што былі ў душы.

— Жартуеш са мною ці не? — запытаў Рыжоў.

— Не... — апускаючы галаву, адказаў Васілец, сеў у крэсла для наведвальнікаў.

— Сам усё гэта напісаў? Жонка нараіла?

— І жонка раіла, і сам...

— Быў ва ўрачоў?

— Быў. Я сам жа не прыдумаў тую гіпертанію.

— Які ў цябе ціск? — вёў нібы допыт Рыжоў.

— Амаль сто пяцьдзесят.

— Безнадзейна хворы! Пры смерці! — пачаў іранізаваць Рыжоў.— Высокі ціск! У мяне, братачка, нашмат большы. Бывае, да ста васьмідзесяці скача...

Васілец са здзіўленнем зірнуў на яго. Няўжо ён, Рыжоў, такі нездароўчы?

— Праўда, Павел Мікалаевіч. Не маню,— адказаў той.— Але я яшчэ не бегаў да свайго начальства, не прасіўся, каб мяне звольнілі з адказнай, нялёгкай пасады і далі спакойненькую работу. Лячуся і працую, працую і лячуся. Альбо ні на нішто не зважаю. Як зусім прыцісне, зваліць з ног — кладуся ў бальніцу... А ты! Спалохаўся! Прыбег! «Звольніце з цяжкай працы, дайце лёгенькую!» Крышку стаміўся, крышку перанерваваўся, яшчэ не навучыўся расслабляцца, адпачываць, абнаўляцца — вось і ўся твая бяда... Калі табе тваё цела дало трывожны знак, то падумай, вучыся жыць крыху іначай... Звальняць цябе ніхто не будзе. Дзе я хоць такога перастрахоўшчыка, як твая міласць, так адразу знайду? Ды цяпер, вясною! А што мне райком тады скажа?! Табе званне — а я цябе далоў з пасады! Не, братачка! Ды мяне самога здымуць за такое. А я не хачу ляцець долу. Сам магу скочыць, а спіхання не хачу...

— Я...— замармытаў Васілец,— Я не хачу быць болей дырэктарам...

— Як гэта — «не хачу»?! — усклікнуў Рыжоў.— Што за размовы! Вось гэта сказаў дык сказаў! Ён не хоча сур'ёзна працаваць! Ён марыць пра ціхае балотца! У такія гады! Не!!! Ты, братачка, мусіш думаць іначай. Так, як трэба! Свае інтарэсы — не самае важнае. Ёсць яшчэ і грамадзянскі абавязак. Разумееш, мілы ты мой, а-ба-вя-зак! Так што кінь гэтыя свае хлапчукоўскія выбрыкі, будзь сталы і мудры! Адпачнеш на пенсіі...

— Ці дажыву да яе?

— Не мне табе гаварыць, не мне цябе вучыць: трэба шанаваць сваё здароўе. Калі ты здаровы, дужы, бадзёры, ты — дар божы. Добры работнік. Але працаваць — добра, шчыра, сумленна — трэба заўсёды. Хворы ты ці здаровы. Каб ні сабе, ні іншым сорамна не было. А для гэтага часамі трэба і перамагчы сябе, нацэліцца нават і на большае, што табе па сіле. Помніш, вялікі Леў Мікалаевіч Талстой пісаў,— дастаў з унутранай кішэні рудаватага пінжака кніжачку, разгарнуў,— «Вечная тревога, труд, борьба, лишения — это необходимые условия, из которых не должен сметь думать выйти хоть на секунду ни один человек... Чтобы жить честно, надо рваться, путаться, биться, ошибаться, начинать и бросать, и опять начинать и опять бросать, и вечно бороться и лишаться. А спокойствие — душевная подлость».— Загарнуў, схаваў кніжачку.— Ну, як сказаў карыфей?

Васілец змаўчаў.

— Вось іменна. Тваё гэтае маўчанне красамоўней за ўсякія словы! — падняў палец Рыжоў.— Не асмельвацца нават думаць, каб уцячы ад трывог, працы, барацьбы, нягод! «Спокойствие — душевная подлость». А мы... Ці не зачаста той-сёй з нас спакойны, абачлівы, ухіляецца ад перажыванняў, змагання за справядлівасць, баіцца нягод; ці не зашмат той-сёй дбае пра свой дабрабыт?! Га, дарагі?

Васілец зноў нічога не адказаў.

— На сваю заяву,— падаў Рыжоў.— Сам парві! Ці пакінь яе ў сваім архіве для сябе, для нашчадкаў, каб ведалі: і ты паддаваўся слабасці... А сёння скончым гэтую непрыемную размову. Так?

Васілец згарнуў заяву, засунуў яе ў кішэню. Настрой яго быў паганы. Было прыкра. Сапраўды, павёўся, як хлапчук. І з Маяю Сцяпанаўнаю, і з Рыжовым. Трапіў нібы ў нейкі кут і не ведае, куды далей ісці.

— Не маркоцься,— лагодна прамовіў Рыжоў.— Не ты адзін вытрымліваеш выпрабаванні, робіш выбар. Мы ўсе праходзілі і праходзім праз гэта. Рана ці позна, як ні ўхіляйся, мусіш сам адказаць сабе на свае ж пытанні... Калі хочаш, лічы: сённяшняй нашай размовы ні для нікога не было... Можа, толькі была яна для нас з табою... Ну, будзь! У мяне яшчэ шмат працы, братачка,— падняўся, падаў руку.— Вышэй галаву. Не абцяжарвай душу пакутаю. Душу заўсёды беражы, сэрца суцяшай, як казалі мудрыя, заўсёды гані прэч журбу ды маркоту, бо яны многіх загубілі, а толку ад іх ніякага... Сумуй, маркоцься часамі, але не шмат... Будзь вясёлы, на тое-сёе глядзі і праз жарт... Тады не будзеш хутка старэць. Будзеш доўга малады. Маладосць жа — найвялікшы дар для чалавека...

Васілец, моўчкі паціснуўшы Рыжову руку, выйшаў з кабінета.

Падаўся на двор. Запыніўся на шырокім ганку, зірнуў угору. Там ззяла яркае сонца, маладым блакітам сінелася высокае, з лёгкімі белымі аблачынкамі неба. І тут, у зацішку, мірна падалі з даху пасмялелыя ўжо кроплі талай вады.

Вясна. Жывы рух, абнаўленне, новае жыццё. У паветры ўжо чуецца новы, жыццядайны, пах. Не толькі з водарам веснавой вады, але і з духам цёплай пладаноснай зямлі, з араматам першай клейкай пяшчотнай зеляноты. Можа, праўда, яшчэ не было гэтых пахаў, можа, яны былі яшчэ схаваныя, але яму здавалася, што яны ўжо ёсць.

Пастаяўшы з хвіліну на высокім ганку, Васілец саступіў з яго. Паспяшаўся зноў у дарогу, па сваіх клопатах. А іх у яго было яшчэ шмат.

1979

НА НОВЫ ПАРОГ Аповесць

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

1. РАНІЦА


Бабчын Скон абдымала ноч. Уцямнелая без месяца і зорак, ціхая ды сцюдзёная. Як і сто, як і больш гадоў назад у такую — маладую летнюю — часіну.

Але вось за ўсходнім небакраем нібы зацяпліўся нейкі нябесны агонь пад чорнаю посцілкаю — там пачала непакоіцца ледзь прыкметная яснасць. Сабралася, устоялася і нечакана пырснула ўверх светлым сяйвом. Неяк раптоўна заявіласянеба, нізкія, ледзь не над самаю зямлёю, густыя расяныя воблакі. Яны нібы са страхам уцякалі, плылі і плылі ў цемень, на поўнач. У наваколлі днела і днела, набірала моц нястрымная дзённая сіла.

Вось цяпер можна было ўбачыць: а на небе былі і зоркі, і месяц. Дагэтуль іх хавалі воблакі. Цяпер, праўда, месяц і рэдкія зоркі былі скупыя на святло, блеклыя, далёкія ды чужыя. Можа, і таму, што былі ўжо непатрэбныя.

Узвіўся з зямлі ў паяснелае неба жаваранак, азваўся, захліпнуўся, пасля абудзіў нерухомае, яшчэ не зусім разднелае наваколле бадзёраю песняю. Здаецца, адразу ж заявіўся ці то ветрык, ці то цяг — варухнулася на бярозах лісце, упалі долу кропелькі расы. І з гэтым падзеннем, а пасля і з першым гукам ды з павесялелым, хутчэйшым цёкам вады ў рэчцы, з першым рэхам у лесе ўсё ажыло. Прыйшло ў рух, можа, яшчэ і не кожнаму бачны. Жыццё, што нібы запынілася на ноч, пайшло-пабегла сваёю каляінаю, па сваім, аднаму яму вядомым крузе.

Неба, лес, рэчка, птушкі і звяры — а без іх Бабчын Скон быў бы не сапраўдны, як і любая іншая вёска на зямлі,— усе яны мігам адчулі гэты зрух, пачалі прачынацца.

Чалавека, старога Гаптара, пабудзіў не жаваранак. А верабей. Лянівец, пачуўшы тую песню, заляпаў крылцамі ў сцяну пад страхою, са сполахам заціўкаў.

Гаптар падхапіўся, як нечага збаяўшыся. Пасядзеў крыху, паморшчыўся, а потым страсянуўся, як мокры конь, узяў штаны: яны ляжалі паблізу, на крэсле. Вываліўся з кішэні складанчык, ляпнуў на падлогу.

Падхапілася на другім ложку жонка. Спусціла долу ногі, пацерла далоньмі заспаны твар. Была ў белай доўгай кашулі, з распушчанымі сівымі валасамі.

— Рана ж яшчэ...— буркнула.

— Рана ці не рана, а калі расплюшчыліся вочы, дык ужо не злепіш іх,— падабраўшы складанчык, адказаў,— Іх во,— кіўнуў на суседні, адгароджаны дошкамі пакой, дзе спалі маладыя, сын і нявестка,— так сказаць, і гарматнымі стрэламі не пабудзіш..

Анця прамаўчала. Ды што адкажаш? Учора і яна позна не магла заснуць, варочалася ды ўздыхала: за апоўнач хіхікалі, валтузіліся сын і нявестка. Але абое яны, старыя, маўчалі: што ты скажаш супраць маладосці?!

— Відаць, на ўнучку, так сказаць...— усміхнуўся, абуваючы гумоўцы,— З гэткага шалу, так сказаць, ды каб нічога не было? Уга!

— Так сказаць, так сказаць! Стары пень...— незалюбіла Анця, ступіла на падлогу і абцягнула сукенку. З-пад яе бялеўся спод кашулі. Закруціла на патыліцы валасы, прыткнула іх грэбенем.— Пляцеш абы-што на сваіх дзяцей!

— Ужо і пажартаваць няможна...

Анця моўчкі насунула на ногі валёнкі і выйшла са спальні. Ён патупаў, зашпіліў кашулю. А потым адхінуў занавеску — хацеў ціха зайсці ў суседні пакой і накрыць унука-любімца: той заўсёды пад раніцу ляжыць голы. І гэтага заўсёды яго маладыя бацькі не бачаць: спяць як пабітыя. Кінуў позірк туды, на іх,— і не пайшоў. Засаромеўся.

Антаніна — без начной кашулі, без станіка, загарэлая, накрыўшы грудзі доўгімі валасамі,— ляжала на спіпе. Каля сцяны. Уладак — без майкі, прыхінуўшы ногі коцам, адкаціўшыся ад жонкі на край канапы,— хроп, лежучы ніцма.

Адпусціў занавеску, пайшоў. На ўнука — а ён спаў непадалёку ад бацькоў на дзіцячым ложку — нават не зірнуў. Пазірай ці не пазірай — усё роўна туды не зойдзеш: яшчэ раптам пабудзіш маладых сваёю тупатнёю. Перарвеш сон — дык як тады ім у вочы паглядзіш?!

Як толькі выйшаў з сянец, запыніўся на ганку. Заўсёды, калі пасля ночы першы раз вымкнешся з хаты на двор ці вось як выйдзеш з лесу на поле, дык так і цягне падняць галаву і ўсё-ўсё ахапіць раптоўна позіркам: дзе і што, як яно ўсё ў свеце?

Ціха. Вунь на ўсходзе трывожна барвавее, нібы настольнік ад разлітага віна, неба. Папразрысцела ўсюды — на плоце, на зеляніне — раса. Нібы і падфарбоўваецца ад барвовага святла. Але раса — аж адчуваецца спіною — яшчэ халодная, сцюдзёная. Ад яе стылая зямля, закляклае ўсё, што стаіць на зямлі. Весела, радуючыся новаму дню, свіснуў на блізкай высокай і стромкай ігрушы шпак; заліліся ўслед за ім песнямі шпакі і ў суседскіх садах; недзе далёка — не на чужога чалавека, а нязлосна, на сваё быдла — цяўкнуў раз-другі сабака — ці не Блінаў; замычэла Гэльчына карова; адны за аднымі зарыпелі па вёсцы хлеўныя вароты. Усё, ужо не так і рана, калі вёска прачнулася. Настаў ужо час клопатаў. На ўвесь светлы дзень. Аж дацямна.

«А вот ці доўга яшчэ так будзе пачынацца тут раніца? — само па сабе падумалася.— Можа, скора ўсё будзе зусім іначай?!»

Адчуў: зноў вярнуўся да таго жыцця, ад якога нібы адышоў за ноч. Апусціў галаву — і вочы самі павялі яго позірк па зямлі, вытаптанай каля ганка і зялёнай, з густою гусінаю лапкаю і лопухам каля плота, па гародчыку, высокіх дубчыках укропу з пышнымі, пульхнымі ад жаўцізны шапачкамі, па прасторным зялёным загуменні. Там — і гэта добра відаць было з ганка — ляжалі шэрыя, ужо даўнейшыя, і белыя, свежыя, трэскі. Але на іх позірк не запыніўся, а зачапіўся на роўна складзеным адно на адным аплазаваным бярвенні. На сынаву хату.

Торгнула сэрца — і ён хутчэй адвёў вочы, ступіў з ганка, павярнуў галаву — на вуліцу. І, здаецца, за брукам, насупраць сваёй хаты, убачыў той новы дом, які ўжо выкалыхаў у думках. Высокі, на шмат акон, накрыты шыферам, з файным комінам і з адмысловаю верандаю. Аж лыпнуў раз-другі, пацёр шурпатай і клейкай ад смалы далонню павекі ды бровы: ці не здзяцінеў? Далібог жа, стаіць вунь новая, з жоўтага аплазаванага дрэва даміна! Нават пазы, мох, квятастыя сукі відаць! Зноў зірнуў: не, няма ніякага дома. Здалося. Як мірсціцца зелянота, рэчка таму, як кажуць, хто ідзе па пустыні і сасмяг ад гарачыні.

«Здаецца, блюзніцца той новы дом, але, можа, усё і надарэмна... Можа, не было яго тут і не будзе ніколі...»

Вочы пазіралі ўжо нібы невідушча — на небасхіл. Дык цяпер быццам самі павялі яго ногі. Па двары. Да хлява. Пасярод, на выцЭментаванай дарожцы, стаяла старая рыжа-белая карова і неяк ні то з дзівам, ні то хітра пазірала на яго; каля каровы сядзела на столачку Анця і даіла — у пустое вядро гучна цыркалі струмені малака; каля столачка і Анціных ног цёрся, па-лісліваму мурлыкаючы, кот.

— Ах ты гультай! — загаманіла на яго Анця. Без злосці. Проста так, каб гаварыць ужо з некім.— Выгуляўся за ноч, прагаладаўся!

За старэнькаю лазенькаю, каля будкі, танцаваў вялізны руды сабака. Вось памкнуўся насустрач, завіляў хвастом.

Ідучы, Гаптар міжволі пасвіў усё вачыма: ці не змянілася тут што за ноч. Здаецца, не. Двор як двор, і за дваром тое ж самае. Новы, з густой жалезнай сеткі і жалезных труб, плот, за ім у градах высокая, густая цыбуля, бацвінне, лапушыстае націнне гуркоў, а каля таго плота — ад суседкі — пасхілялі галіны, абцяжараныя ад вільгаці, кусты агрэсту, парэчак. Справа, за лазенькаю,— вялікі сад. Яблыні, слівы, грушы. Між імі — густая канюшына. За сядзібаю, пад загонку,— бульба. Зялёная, аж вочы лепш бачаць.

Сабака скокнуў, упёрся пярэднімі лапамі ў грудзіну, умольна зірнуў, нібы просячы: спусці ты мяне з ланцуга, гаспадар, дай крышку пабегаць па двары, пагуляць, дазволь памагчы табе падагнаць каровы да статка, а тады ўжо зноў навязвай! Каб Анця, дык загаварыла б да яго, як яна гаворыць, крычыць на курэй, свіней ды і на іх, на ката і сабаку, а ён моўчкі расшпіліў ашыйнік, кінуў яго на будку, падштурхнуў — бяжы сабе, патрасіся. Сабака нібы з падзякаю ткнуўся вільготнаю халоднаю мордаю ў твар, апусціўся на ногі і, нагінаючы галаву, вынюхваючы, пашыбаваў уздоўж плота па двары. Кот, убачыўшы вольным найпершага свайго непрыяцеля, мігам шуснуў на плот, усеўся на слупку.

Дрывотня, хлеў, паднавес — усё было пад адною страхою, было ўжо старое, нізкае, са сточаным шашалем, ад таго і дзіраватым, абсыпаным жоўтаю мукою бярвеннем, накрытае зялёнаю дранкаю, а дзе-нідзе і палосамі толю: гэтыя прыбудовы ставіліся, як і хата, пасля вайны са старога дрэва. Хата — яе рубілі з новага дрэва — яшчэ як хата, моцная, здаровая, да таго, новага, веку дастаіць.

Зайшоўшы ў цёплы, не такі трухлявы знутры хлеў, Гаптар моўчкі спачатку выпусціў з загарадак яшчэ адну, сынаву, маладую, карову, авечак, а пасля ўжо пры парозе з шула прыхапіў лёгкі доўгі, ланцуг з мяккім ашыйнікам — для бычка. Паспрабуй выпусці з хлява, не начапіўшы загадзя раменьчык на шыю, дык так шыбне на двор, што потым зморышся, ловячы яго, каб завесці на выган і навязаць.

Калі выходзіў ужо на двор, слухаючы, як цяжкавата стогнуць у свінушніку мацёра, парсюкі, як турзае, жадаючы пасваволіць, натруджаную руку бычок, дык нібы аж зазлаваў. Ні то на бычка-гарэзу, ні то на сябе. Падумаў: і нашто ім гэты бычок? Дзеля грошай? Але не сказаць, што яны бедныя ці маюць зусім невялікі запас. Каб некалі, за панамі, меў такую гаспадарку, такі дастатак, дык дзедзе, а тут, у Бабчыным Сконе, багацеем лічыўся б, і яна, гэтая гаспадарка, ох як была б трэба. З ёю і лесу, і зямлі купіў бы, і дзяцей павывучваў бы. А цяпер... Цяпер не трэба ні таго лесу, ні той зямлі, і дзеці павывучваліся... Дык каму яна цяпер трэба, такая вялікая гаспадарка? Старэйшы сын у горадзе, ён даўно ўжо адарваўся ад зямлі. Меншаму сыну трэба, Уладаку? Ды якія яны з нявесткаю гаспадары?! Ён возьме сумку харчоў ды з'едзе на два тыдні да свайго экскаватара, а яна раніцай ідзе ў суседнюю вёску на работу і прыходзіць дадому ўвечар. Ён, жывучы ў вёсцы, не ўмее ні кала зачасаць, ні касы пакляпаць, а яна не ведае, дзе і што ў градах расце... І не хочуць вучыцца, прывыкаць да гаспадарскай працы. Яны як тыя кватаранты. Хоць і сёння могуць пабраць валізкі і з хаты ды з вёскі ў свет пайсці...

Ім трэба, старым? Столькі? Не. Але ты, стары, стараешся, каб усё-ўсё ў хаце было, баішся, саромеешся падумаць, што ты, як пан які, мог бы ўжо столькі і не рабіць, адпачыць: пенсіянер жа ўжо даўно. Можа, і мог бы ляжаць ці гуляць, каб змусіў сябе да гэтага...

Ён пастараўся адагнаць ад сябе такія думкі. Ці і сёння з раніцы браць гэта ў галаву? Яшчэ ж дзень, ноч паперадзе. Але ўсё роўна неяк нялёгка было адчуваць, што яны, старыя людзі, застарэліся ўжо, як застарэліся для вёскі сявенькі, сярпы, цапы дый яшчэ шмат чаго, што яго ўнук ужо і ў вочы не бачыў...

Як Анця падаіла і другую карову, выпусціў з двара быдла. Ён, як і кожную раніцу, сабраўся сам падагнаць каровы, авечкі да гурту. Пакуль пройдзеш па вёсцы, дык і ўсіх людзей убачыш, усе свежыя навіны пачуеш. А жонка за гэты час паспее падпаліць у печы, прыгатаваць сняданак сыну і нявестцы. Самі яны, старыя, звычайна снедаюць пазней. Ужо тады, калі падымецца і ўнук.

На той бок вуліцы, на дзірване, скубла ўжо і суседчына карова. Тут жа стаяла і гаспадыня, удава Гэлька. Невысокая, поўненькая, з высокімі грудзямі ды з гладкімі плячыма. У знаёмай сіняй сукенцы і ў белай касынцы, завязанай на патыліцы. Чамусьці сёння касынка насунута ледзь не на вочы. А пад імі — нібы пасінелыя ўпадзіны.

Гэлька неяк няёмка ўсміхнулася, нібы засаромелася яго такога пільнага позірку. Але ўсё роўна ў яе вялікіх вачах, на паўраскрытых вільготных вуснах блукала шчаслівая ўсмешка. На яе твары як напісана было глыбокае задавальненне.

І Гаптар не ўтрываў, усміхнуўся. Адчуў: і яму добра ад чужой шчаслівай жаночай усмешкі.

— Зацвіла ты, кабета! — замест прывітання сказаў ён, кінуўшы позірк на яе дужыя, стройныя ногі. На іх не было ніякага абутку,— Як дзеўка, так сказаць!

— А хіба ж я такая старая ўжо, дзядзька? — смела адказала яна. Але заружавелася, залыпала вейкамі.— Мне ж толькі сёлета яшчэ будзе трыццаць пяць гадоў...

— Каб ад маіх шасцідзесяці дзевяці, так сказаць, адкінуць хоць бы дзевятнаццаць, дык, далібог, не ўтрываў бы, падкаціўся б! — пажартаваў, не могучы стрымаць усмешкі. Прыпыніўся.— А так нехта другі, маладзейшы, уночы ў шыбіну стукае...

Гэлька зачырванелася: адкуль ён што ведае?

«Відаць, праўду гаворыць Блін, што да цябе ляснік Лабуня падходжвае! — падумаў.— Гадоў колькі, як памёр Сцяпан, пакінуў на рукі трое дзяцей, дык хадзіла, апусціўшы галаву, учарнелая... Скажы што — дык адразу ў слёзы... А гэта... Зусім перайначылася...»

— Вы ж, гавораць, век на чужую кабету не зірнулі,— апамяталася, аджартавалася.— Надта цётцы Анці верныя былі. Век шанавалі і любілі толькі яе адну.

— Можа, і дурны быў, так сказаць...— зноў усміхнуўся.— Гэтулькі харошых кабет кругом маркоцілася, сам спрытны быў... І во нічога няма. Ні той кабечай красы, ні сваёй маладосці... А што бачыў? Нічога не бачыў. Адну работу, ад якой і рукі баляць, і спіна баліць. Дык трэба было і ўлюбляцца, пакуль молады быў. Хоць гэта, можа, так сказаць, пад старасць грэла б душу.

Здаецца, усцешылася, што ён так сказаў. З гарэзнасцю ўсміхнулася.

— Ну і дзядзька Юзік! — паківала галавою.— Вот вазьму і па-суседску раскажу ўсё цётцы...

— Далажы, далажы, так сказаць,— усміхнуўся.— Можа, лепш глядзець будзе. А то ўсё бурчыць, так сказаць, і бурчыць, што, можа, не толькі на чужых, але і на яе некалі мала глядзеў...

Зірнуў паўз Гэльку далей — там, за суседчынаю хатаю, стаяла апошняя з гэтага краю хацінка. Старой Стэфусіхі.

Стэфусіха — не мела ж ні каровы, ні якога парасяці — гэтаксама была ўжо, у такі золак, на дварэ. Сядзела пры плоце, на лавачцы. У старой канаплянцы, у чорным паўсачку, у доўгай, да зямлі, спадніцы. Але, як заўсёды, босая. Трымала паперадзе сябе кіёк, абапіраючыся на яго далоньмі. Тонкая, сухая, як старое дрэва.

Раўня ёй, лічы, стогадовай, была і яе сядзіба. Старыя, можа, за сто гадоў, ліпы (адна з іх, летась апаленая маланкаю, была ўжо напалавіну сухая, рыпучая), стары плот, аселая хатка з адным, як савінае вока, акном. Ля Стэфусіхі на лаўцы ляжаў стары рыжы кот.

Гаптар кіўнуў галавою старой — тая яшчэ добра ўсё бачыць і чуе. Стэфусіха кіўнула яму ў адказ.

За Стэфусішынай хатай, пасля велікаватага выгана-дзірвана, стаіць старая канюшня. Даўгаватая, з шасці ці сямі некалішніх гаспадарскіх гумнаў, накрытая ўжо счарнелаю і пагнілаю дранкаю. За астатнія гады вельмі пахілілася, дык яе летась падперлі бярвеннем.

Адвярнуўся, зірнуў на вёску: яна была як па далоні. Стаяла між лесу, на ўзгорку. Но ў адну роўную вуліцу, як суседнія Янковічы ці Пруды, а — паўкругам ці, лепш сказаць, падковаю. Таму і была ўся відаць. Дзе ні стой — кожную хату ўсё роўна ўбачыш.

— Дык падагнаць, красавіца, і тваю карову?

— Падганіце, дзядзька. Я пабягу печ падпальваць.

Зайшоў, махнуў дубцом — каб Гэльчына карова ішла да яго гурту. Пагнаў. Па вуліцы.

Відаць, паказаўся з-пад зямлі краёк сонца: высока ў неба пырснулі чырвона-жоўтыя промні. Паружавела паветра. Шыбы ў вокнах. А гэтаксама і раса па дзірване.

«Цёпла будзе,— падумаў.— Добра будзе расці і жыта, і картофля. І ў градах усё ды трава па лузе».

Мінуў два суцэльна зарослыя селішчы. Толькі сярод лопуху, крапівы шарэюць вяршкі камянёў. Тут некалі, да вайны, жылі яго стрыечныя браты. Цяпер такіх прозвішчаў ужо і няма ў Бабчыным Сконе. Звяліся.

Адгэтуль старая, пачарнелая, з упалым каменнем, яшчэ «польская», брукаванка выгіналася, зварочвала ўправа і падыходзіла да самага жоўтага пясчанага берага рэчкі.

Зверху, з дарогі, ён зірнуў туды, на мелкую, плыткую ваду: там, як у люстэрку, адбівалася шэрае неба, размаляванае ружовымі мазкамі яшчэ нябачнага сонца. І плавалі рудыя — Найдзёнавы — качкі.

Потым вуліца аддалялася ад рэчкі. Зноў — ужо абапал дарогі — былі пакінутыя селішчы. Яшчэ добра не зарослыя: іхнія гаспадары выбраліся ў Налібакі пазалетась. За гэтаю пусткаю стаяў стараваты, але яшчэ моцны Найдзёнаў дом. Крыху далей — хлеў, лазня. Яшчэ воддаль — грыбаварня. Ля яе бялеўся Найдзёнаў легкавік.

«Ужо некуды гойсалі! Ну і дападныя! Калі толькі і спяць яны? Але дачка іх, а мая нявестка, не пайшла па іх. Хітрая, гультаяватая. Залішне спеставаная на дабры...»

Вось рыпнулі вароты — і з іх выйшлі карова, цялё. Потым, штурхаючыся, выскачылі чатыры чорныя авечкі. За імі павольна, як старая гуска, высунулася і гаспадыня, Найдзёніха. Самая тоўстая — мусіць, ад таго, што хворая на сэрца,— у Бабчыным Сконе кабета. Была ў белай хустцы і ў белым фартуху — прынесла сюды гэтую моду са сваёй радзімы, недзе з-пад Рэчыцы.

Разгарэлася ўжо ў печы: з коміна ўзвіўся смалісты дым.

— Дзяньдобры, свацця!

— Здароў, сват!

— Ці не хлеб будзеш сёння пячы, калі гэтак рана падпаліла? — запытаў.

— Ды сабралася,— адказала.— Можа, толькі я адна з усёй вёскі не магу ніяк ад свайго хлеба адвыкнуць. Адна пяку на ўсю акругу.

— Ну пячы. І нам з булачку хоць дай.

— Гэта як заслужыш...— пажартавала. Вясёлая, вострая на язык.

— Падганю вот і тваё быдла, дык і заслужу! А то магу і за бок шчыпнуць.

Махнула рукою. І, бачачы, што з усмешкаю пазірае, паясніла:

— Некалі, можа, і мог бы шчыпнуць. Ды толькі ты не спецыяліст на гэта быў.

— А Найдзён твой?

— І Найдзён твой ці мой такі. Вот у мяне там, дома, дабрэнныя хлопцы былі!..

— Але во ж за Найдзёна паляцела...

— Ды хто ведае, чаму за каго ляціць?!

Яна запынілася, а ён, не ведаючы, што ёй адказаць, патупаў далей.

«Пад старасць, так сказаць, дык во і зусім навучылася гаварыць па-нашаму,— падумаў.— Некалі, як толькі тут заявілася, дык не ведала, што такое «загарак», «ровар», «шклянка», «відэлец». Але і нас па-свойму навучыла: «Салонікі» — вараная картофля, «ёмка» — чапяла. Прывыклі і да другіх яе слоў: пойдам, паедам, дабрэнна, харашэнна...»

За Найдзёнамі па адзін і другі бок вуліцы зноў былі колішнія селішчы. Учарнелыя падмуроўкі, размытая дажджамі гліна, скрозь крапіва, сухадзяроўка. Здзічэлі во, з паламанымі галінамі старыя, прысадзістыя ў камлі сады.

Гаптар, як і заўсёды, пастараўся хутчэй прайсці гэтае месца. Вясковую рану.

За гэтымі старымі селішчамі адзінока стаяла цяпер невялікая, а некалі, як толькі тут стаў калгас, здавалася, вельмі прасторная — на дзве палавіны і з калідорам — даміна. Тут доўга была іхняя пачатковая школа. Сюды ён прыводзіў у першы клас сыноў — Гіполіка і Уладака.

І вось стаіць, лічы, пустая будыніна. Мала стала дзяцей у Бабчыным Сконе. Некалі былі дзве настаўніцы, потым засталася толькі адна, старая і добрая Ірына Вітальеўна, а вось нядаўна, гадоў з пяць ужо, і яе перавялі ў Прудскую васьмігодку — туды пачалі хадзіць і малыя дзеці з Бабчынага Скону.

Школа з год пуставала. А потым у ёй зрабілі склад. Праўда, толькі ў адной палавіне. Тут стаяла яго, пчалярскае, начынне: медагонка, бітоны, мяшок з цукрам, старыя і новыя вуллі, рамкі. Другая палавіна і цяпер была парожняя. У ёй праз пабітыя вокны свістаў вецер, звісала са столі і гайдалася павуцінне.

Зірнуў на школу. Нібы пачуў мелодыю старога, са снараднай гільзы, званка, дзяціны смех. Аж заплюшчыў ад гэтага ўяўлення вочы. Што гэта яму сёння ўжо здаецца! То сынаў дом, то дзеці ў школе! Кінуў позірк на шчыт. Там тырчалі дзве сінія шкляныя галоўкі, звісалі чорныя драты з аголенымі белымі канцамі — яшчэ летась у Бабчыным Сконе было электрычнае святло.

Тады, увесну, па ўсёй дзераўнянска-налібацкай лініі і ў іх выкапалі старыя, нізкія, пагнілыя ў зямлі слупы, што на скорую руку ставіліся недзе ў сярэдзіне пяцідзесятых гадоў, калі з дзераўнянскай МТС з шасці да васьмі гадзін раніцы, а потым з васьмі да дзесяці гадзін вечара ішоў слабенькі ток, свецячыся ў маленькіх лямпачках цьмяным чырвона-жаўтаватым святлом. Потым пайшоў мацнейшы ток, а пазалетась узяліся пусціць яшчэ мацнейшы, «высокага напружання», як гаварылі, дык вось летась, як толькі адтала зямля, тую старую лінію развярнулі — абарвалі тонкія драты, выкапалі старыя слупы. Замест паставілі новыя — высокія, прасмоленыя, з цэментаванымі пасынкамі, нацягнулі тоўстыя драты. Гэта ад Дзераўной да Налібак. А да Бабчынага Скону слупоў не паставілі, хоць ад янкоўскай дарогі да іх — паўтары вярсты, не больш. «Вас няма ў нашых планах»,— сказалі ім электрыкі.

Вось у кожнай хаце ў Бабчыным Сконе засталіся на сценах, на столі драты, звісаюць пасярод пакояў лямпачкі, амаль ва ўсіх стаяць у кутках накрытыя сурвэткамі тэлевізары і радыёпрыёмнікі, стаяць і ляжаць без ужытку пральныя машыны, халадзільнікі, прасы, электрабрытвы, кофемолкі, электрапаяльнікі, пылее ўсё, цямнее, а току, святла няма. А калі прывыклі да выгод, дык без іх і цяжка ўжо.

А як не стала электрычнасці, дык як бяда на іх напала. Узлаваўся на небе гром, пачаў бухаць улетку над імі, пачала біць у дрэвы маланка. І не толькі ў дрэвы. Летась, у жніўні, спаліла і чалавеку хату. І ён мусіў выбрацца адгэтуль — паехаў у Налібакі.

Гаптар пачуў: нехта яго даганяе. Азірнуўся. Пстрыкае-мітусіць, як верабей, маленькімі ножкамі Блін. Іхні конюх. Невысокі, нават зусім малы, у гумовіках і ў суконных штанах, у шэрым — ніжэй калень — пінжаку. Пажылы ўжо — недзе пад шэсцьдзесят, а на вока дасі не больш сарака пяці. На тонкіх вуснах усмешка. Значыць, неўзабаве пажартуе, а то і зманіць.

«Вось дзе парода — ні з кім не зблытаеш! Усе Бліны як на адзін капыл: малыя, як сабачкі, вочы лупатыя, тонкія насы і піяныя губы як вывернутыя. І ўсе адменныя лгуны!»

— Здароў, Так Сказаць!

— Здароў, калі не шуціш! — падаў руку і Гаптар. Зірнуў зверху: Блін не даставаў яму і да пляча.

— Чуў? — не ўсміхнуўся, а вельмі сур'ёзна запытаў Блін.

— Не, не чуў.

— Бяда ж у вёсцы, хай яго халера. Стэфусіха кепнула раніцай.

— А хто ж тады на лаўцы каля яе хаты сядзіць? Яе здань?

Блін выскаліў зубы.

— Тады табе, Так Сказаць, яшчэ адну навіну скажу, але ў што ты зноў не паверыш...— не вельмі збянтэжыўшыся, прамовіў Блін. Пакрочыў побач. Амаль падбягаючы.— Гэта ж толькі што Лабуня паехаў у лясніцтва. І ведаеш чаго? Па янотаў, хай іх халера. У клетцы іх аднекуль здалёку прывалаклі, дык вот панёсся забіраць, што на наш лес выдзелілі...

— Вот так...— схмурыўся Гаптар.— Дурыш мые з раніцы галаву!

— Што ж я табе дуру! — цыркнуў слінай Блін.— Найперш я сабе галаву задурыў. Іду вот і думаю: гэта ж яшчэ нядаўна забедавалі былі ўсе: ваўкі гінуць, без ваўка звер марнее... Біць перасталі і гэтаксама аднекуль сюды былі парачку ў клетцы прывезлі. Перасялілі, так сказаць, як ты кажаш. А цяпер што? Зноў ад іх спакою няма. Развялося да немачы... Дык вот я і думаю: ці не прыйдзецца праз колькі гадоў і янотаў тых біць, каб іх меней стала? Яноты ж, хай на іх халера, птушыныя гнёзды раскідаюць... А вот птушак у нас не пабольшала, а паменшала...

— Вот гэтак і шкодзяць людзі сабе, што, добра не разабраўшыся, усякія эксперыменты робяць...— прамовіў Гаптар.— То прывозяць, то зводзяць... Але ж ты разумны, слоў купляць табе не трэба, дык узяў бы напісаў куды, каб спярша добра падумалі, а потым ужо нешта рабілі... Ці ты толькі тут, на сваім сметніку, смелы? Толькі дзяцей ці нас, старых, умееш высміхоўваць?

— Надта ўжо засмяяў я вас! — суцішваючы крок каля сваёй сядзібы, агрызнуўся Блін.— Усе ж не могуць быць такія маўчуны, як ты. Некаму ж трэба і пасмяшыць вас, пацешыць. А то часам і палячыць вас, зрабіць прывіўку...

Гаптар нічога не адказаў. Не, не пакрыўдзіўся, што Блін пстрыкнуў па носе. Хто чым, а Блін век языком славен. Каб не яго язык-мянташка, дык на яго і не зважалі б. А то ўсе ўсюды яго ведаюць, можа, і больш, чым каго другога з Бабчынага Скону.

Ледзь не так што зрабі, скажы, не так ступі, дык і пекане! І старога, і малога! І свае асцерагаюцца гэтага языка, і чужыя. А надта тыя з Бабчынага Скону, што жылі тут, а потым выехалі ў гарады, у вялікія вёскі. Як заявяцца сюды ў госці і пачнуць хваліцца, дык Блін тады іх проста з'ядае... А вот нядаўна першы пусціў чутку: ляснік Лабуня да ўдавы Гэлькі ходзіць. «Бо Лабуня на худой жонцы мазалі нацёр, дык яму дактары прапісалі мяккую кабету. Вот і лечыцца ён з Гэлькаю...»

З леташняга года Блінаў язык не толькі пацеха для яго, Гаптара. Летась Блін высмеяў яго большага сына, Гіполіка. Дык і затаілася ў яго крыўда: ну з другіх — і са сватоў, і з яго самога — пацешвайся сабе, але з сына-інжынера, лічы, з самага вучонага чалавека з вёскі? Не, гэта ўжо залішне. Ды за што зняважыў? За тое, што той на машыне дадому прыехаў, у белым касцюме, меншаму дзіцяці гаршчочак і белай мяккай паперы ўзяў, што жонка называе яго не Гіполікам, а Ігарам... «Ты во які пан! — чапляўся Блін.— А бацька твой тут без святла жыве... Ці табе гэта ўсё роўна? Вам абы кумпяк ды садавіны ад бацькі ўзяць?!»

Гіполь каторы ўжо час дадому і вачэй не паказвае...

Падышлі, сталі ля Блінавых варот. У Блінавай хаце шмат жыве людзей: старая Блініха, маці, кабета пад восемдзесят гадоў, яе сын, во гэты Блін, яго жонка-пенсіянерка, тры сталыя сыны-халасцякі і дзве сталыя незамужнія дочкі. Самая вялікая на сённяшні дзень у Бабчыным Сконе сям'я — восем чалавек. Сем чалавек жыве ў Найдзёнаў, шэсць — у Лабуні, пяць — у яго, Гаптара, і ў пастуха Даргевіча; Гэлька мае трое дзяцей-сірот; старыя Суніцкія жывуць удваіх; Стэфусіха засталася адна.

Гэтая Блінава хата — не абы-якая хата. Яна першая ў Бабчыным Сконе. Калі адразу пасля вайны Блін ставіў, а потым пачаў і жыць у ёй, дык усе астатнія сядзелі яшчэ ў зямлянках. І калі было холадна зімою ў зямлі, дык прыходзілі да яго грэцца, а дзяцей нават пакідалі і нанач.

Нізкая, з тоўстага неплазаванага бярвення цесцевага колішняга гумна, з падгнілымі падрубамі. Асела, нахілілася ад ветру на вуліцу. Але стаіць, трымае Блінаў род!

Карову і тры белыя авечкі тут выпусціла Блінава жонка. Яшчэ во не гарыць у печы, а ўжо брудная, уся ў сажы.

— Дзяньдобры, Стэфа,— Гаптар падняў уверх руку, не думаючы прыпыняцца. Ведаў: запыніся — дык яна нечага папросіць.

Блініха кіўнула галавою. Замыляла поўнымі вуснамі. І папрасіла:

— Ці ест у вас, Юзаф, соль?

— А як жа жыць без солі? Ест!

— У нас вот выйшла. Трэба пазычыць...

— Дарогу ж ведаеце...— буркнуў, мінуў і пакрочыў далей.

«Пазычыць... Вам пазычыць — гэта, лічы, вам падарыць...»

— А глянь, Стэфка, страха гарыць! — усклікнуў Блін.

— Авой! — ускрыкнула тая. З хвіліну памаўчала, як адабрала ёй мову, а потым уз'юшылася: — А каб табе твой язык адсох! Як жа яна загарыцца, калі я яшчэ і ў печы не паліла?! Каб ён табе выцягнуўся і ў рот не ўлазіў! А каб...

Гаптар, усміхаючыся сабе — што ты возьмеш з Бліна, жыць не можа без гэтага! — зноў падышоў да старых селішч. Іх гаспадары не вярнуліся з Германіі — паехалі адтуль, у сорак пятым, шукаць шчасця ў Амерыку, Англію і ў Аўстралію. Сем'яў з сем. Палавіна з іх навек звялі тут свой род, свае прозвішчы, павезлі іх у чужы свет. Пішуць, праўда, лісты, скардзяцца, жаляцца, як ім сняцца родная рэчачка, лес, узгорачкі...

За гэтымі, ужо ўдзірванелымі, грудкамі шарэлася непадалёку свежаватая падмуроўка — шырокія гладкія камяні. Нібы белыя авечкі. Тут нядаўна быў іхні невялікі магазін. Апошнія гады ён не «даваў» плана — і яго зачынілі. Будыніну раскідалі і перавезлі ў Налібакі, зрабілі там з яе склад. А летась разбурылі, аддалі людзям на дровы і той склад: зрабілі новы. Вялікі, з белай цэглы, з паравым ацяпленнем.

«Колькі чаго было і колькі чаго ўжо няма! Людзей, будынін».

Гаптар пайшоў хутчэй. Каб прамінуць пустку. Зусім здзічэлі без людзей яблыні, грушы, расплёўся вішаннік і бэз, колькі тут нарасло крапівы, асоту, лопуху.

Вось зноў дамы. Стаўленыя адразу пасля вайны — ужо аселыя, з вышчарбленымі вугламі і з зялёнымі, у моху, стрэхамі. Частакол каля іх гэтаксама стары. І неяк ніхто — ні адзін Даргевіч, ні другі, браты,— не думаюць шаляваць свае хаты, паставіць новыя платы. Не відаць, каб гаспадары самі думалі тут яшчэ шмат жыць, каб думалі пакідаць на сваё месца сваіх родных. Ды што пра чужых людзей гаварыць, калі і сам уздумаў ставіць сыну новую хату, але робіць гэта нібы з сорамам. За тое, што ставіць яе іменна тут, у Бабчыным Сконе. Нібы прышывае новую латку на зусім здзіраўленым, сцёртым кажуху.

Справа жыве Адась — каваль, сталяр. Злева — Антон. Спрадвечны пастух.

Адась бяздзетны, жыве толькі з жонкаю. У Антона шасцёра дзяцей. Праўда, цяпер з імі толькі меншыя, малодшыя школьнікі. Старэйшыя — у Налібаках, у горадзе. З Антонам жыве і маці.

За Даргевічамі — вясковы выган. Даўно гуртавы. А некалі, гадоў за дзесяць перад вайною, прычапіўся хатаўскі пан: мой! Калі хочаце мець выган — выкуплівайце! Абгарадзіў, траву пасеяў. Людзі ў суд — суд за пана. Паапускалі ўсе галовы — няма справядлівасці. Дык вось тады ён, Гаптар, хоць і малады яшчэ быў, але ўзяў ды паехаў ціха ў ваяводства, знайшоў старыя паперы — іхняя, Бабчынага Скону, гэта зямля. І суд здаўся. Пан гэтаксама. Яго, Гаптара, за гэта празвалі Адвакатам. А Блін — малады яшчэ, але і тады ўжо языкаты,— бывала, прыстане на вечарынцы: «Няма як жыць за панамі. Ні справядлівасці, ні зямлі, ні звання, што ты чалавек. «Адкуль ты? З Бабчынага Скону? А, з усходніх крэсаў!» Ты ж, Гаптар, умееш з панамі судзіцца, паправуйся, можа, адпусцяць нас да Саветаў. За Рубяжэвічамі, за нейкіх васемнаццаць вёрст, яны ж...»

Гаптар усміхнуўся. Не з сябе. Які з сябе смех: пан адпомсціў яму за новы суд. «Памог» загнаць «на рэзэрвы» [2] аж у Польшчу, пад нямецкую граніцу. Усміхнуўся з Бліна. З яго языка. Блін так тады асмялеў, што не толькі мянціў языком на сваіх людзей, але і гаварыў абы-што на ўладу. Праўда, усе з Бабчынага Скону не баяліся клясці паноў і начальнікаў, надта за вочы, а Блін лез на ражон — і перад настаўнікам, і перад паліцыяй любіў пахрабрыцца: «Скінем лапці і абуем новыя боты!», «Сонца заходзіць на Захадзе, а падымаецца з Усходу!»

Слухалі-слухалі яго, а ў адзін дзень паклікалі ў налібацкі пастарунак [3] ды так усыпалі, што потым з месяц з пасцелі не ўставаў. Пасля, як паноў прагналі, дык Блін хадзіў у раён скардзіцца, даказваць, што ён рэвалюцыянер, «пастрадаў ад старой уласці». І даказаў: яго ўзялі фінагентам у сельсавет. Але доўга там не пабыў: звольнілі. Казалі ўсе тады, што за язык. Праўда, Блін на нікога не крыўдзіўся, маўчаў і цяпер маўчыць пра тое сваё фінагенцтва...

За выганам — астатнія вясковыя хаты. Стары, але яшчэ моцны, вялікі дом лесніка Лабуні і справа, каля рэчкі,— нізкая хатка Суніцкага. Нямога чалавека.

Лабуня жыве з жонкаю, з дзецьмі. Суніцкі — толькі са старою, нелюдзімаю, скрытнаю жонкаю: дочкі раз'ехаліся па ўсім свеце, а сыны палеглі тут, яшчэ ў блакаду. Па-дурному, лічы, палеглі. Ссох Суніцкі на трэску ад гора і пакуты, але ніхто добра не ведае, што ў яго на душы, пра што ён думае: нічога ж нікому не скажа чалавек. Ён хоць на людзі выходзіць, а яго жонка ніколі не паказваецца, толькі і можаш яе ўбачыць у двары...

На выгане цяпер пазвешвалі галовы каровы, скублі. Даргевіч збіраў тут статак.

Гаптар падышоў да яго.

— Здароў, Генерал!

— Здароў, Так Сказаць,— адказаў Антон. З адным вокам і з адною рукою. Інвалід. Скалечыла асколкамі недзе ў Венгрыі. Цяпер во ў гумоўцах, у доўгім брызентавым плашчы, з доўгаю пугаю. Аброслы за ноч густой чорнай шчэццю.— Здароў, здароў, каб жыў сто гадоў! Раніца во, брат, сёння як звон! Чыста, свежа, птушак перазвон. Як сляза, раса. Касі толькі, каса!

— Я табе даўно ўжо гавару: табе трэба не пастухом, а паэтам быць...— усміхнуўся Гаптар. Дастаў цыгарэты. Узяў адну сабе, даў Антону, — Хай бы запісаў ды паслаў бы куды гэтыя свае складанцы!

— Што — я! Вот каб хто за Блінам усё запісаў ды ў кніжку даў! Як ён рэвалюцыянерам пры панах быў ці фінагентам рабіў потым ці як цяпер выступае на сходах!

— Блін Блінам...— закурваючы, прамовіў Гаптар.— А ты паэт! Яшчэ ў партызанскай газеце пячатаўся! Ды якія вершыкі пра дзяўчат, пра матак пісаў! А якія частушкі пра Гітлера ды паліцаяў!..

— На гэта, брат, грамата вялікая трэба! — задыміў і Даргевіч.— Куды мне тут са сваімі чатырма класамі польскай школы! Цягаюся трыццаць гадоў за кароўмі, усё адзін ды адзін, дык і гавару сам з сабою, складаю абы-што, каб сон не браў ды час скарэй ішоў. А Блін, што ні кажы, спецыяліст на слова. Нашай жа граматы, але чорт яго ведае, адкуль ён чаго набраўся! Усё ведае! І востры на язык. Як аса якая! Яго і Сцепановіч, і Дзячкоўскі — усе баяцца. І сам баішся лішне сказаць што пры ім. Бо тут жа падчэпіць, абсмяе. Вот, ведаш жа, на тым тыдні дачку маю серадольшую зусім зганіў. Узлавалася яна, я ўскіпеў, а як падумаць, дык папраўдзе пстрычку даў. Нашто ж сябе гэтак калечыць гэтаю модаю? Бровы жыўцом выдзіраць, ногі крывіць на гэтых платформах!

Гаптар прамаўчаў: праўду кажа Антон. Блін — ядавіты, але справядлівы. Хоць не заўсёды прыемна чуць праўду. Ды калі яшчэ яна, тая праўда, пра тваіх дзяцей. Баліць вельмі.

З-за маладога лесу выехаў краёк жаўтавата-белага сонца — на лес, на выган пала яркае святло, і ад яго зазіхацела рознымі колерамі раса.

Даргевіч паглядзеў-паглядзеў на бліскучую расу адным вокам, але нічога гэтаксама не прамовіў. Ды што казаць? Чым здзіўляцца? Бачаць усё гэта кожны дзень змалку. І не толькі гэта. Але і ўсё, што дзеецца ў прыродзе-маці.

— Ну што чуваць новага? — запытаў Гаптар.

— Ды што тут чуваць! Пераначавалі — і добра. Хіба толькі сны новыя саснілі...

— І што ты сніў?

— Што вада заліла ўвесь гэты выган, нашу вуліцу...

Гаптар прамаўчаў. І яму часта сніцца вада. То яна нешта залівае, то ён у ёй чамусьці топіцца.

— І яшчэ сасніў, што тэлевізар мой па вадзе плыў,— сказаў Даргевіч,— Дык вот сёння рашыўся: прадам яго. У Янковічы.

— Што — грошы трэба?

— Ды няма такой пільнай на іх патрэбы. Але які толк яго трымаць каторы ўжо час? Стаіць у кутку, пылее. Дык сапсуецца яшчэ без ужытку. Паржавее ці яшчэ што...

— А потым новы будзеш купляць? — запытаў Гаптар.— Каляровы ўжо?

— А ты ўсё яшчэ верыш, што ў нас зноў святло будзе? — пытаннем на пытанне адказаў Даргевіч. Усміхнуўся. Як з малога дзіцяці.

— Веру.

— А разумны, сур'ёзны чалавек...— той паківаў галавою. Кінуў цыгарэціну долу, і яна зашыпела ў расе.— Няўжо не бачыш: нікому мы ўжо не ў галаве?!

— Э-э, Генерал! — перапыніў яго Гаптар,— Гэта ты вот, так сказаць, не бачыш: якраз мы цяпер надта ў галаве! Усім.

— Чаго ты храбрышся? — угледзеўся той на яго адным вокам.— Скажаш: выпадкам да нас слупоў не паставілі, дратоў не нацягнулі? Не, брат, гэта наўмысне наш Сцепановіч так робіць. Каб нам тут прыпякло, каб мы паглядзелі, што цяжка тут жыць, і самі ўцяклі адгэтуль...

— Можа, Сцепановіч так і думае,— згадзіўся Гаптар.— Але Сцепаповіч сам усяго не рашае. Ест яшчэ многа каго і вышэй за яго, хто, канечне, і іначай думае пра гэткіх, як мы...

— А калі добра падумаць, дык не такі ўжо ён і нелітасцівы да нас. Што — зноў тут, для васьмі гаспадарак, школу ставіць? Магазін адчыняць? Ты вот сам падумай: каб ты быў на яго месцы, дык ці рабіў бы ўсё гэта?

— Не ўсё...

— Ды мы ўжо, што ні кажы, як сухая галіна на зялёным дрэве. Не шкодзіць, але і плоду не дае. Ну хто мы? Ні то вёска, ні то хутар! Ні чорту палка, ні бабе качарга!

— Вот цяпер я ведаю, чаму ты новага плота не гародзіш, хаты не шалюеш!

— А можа, і лішняя гэта ўжо работа...

— А я ж, во, пакуль жывы, дык пра жывое думаю: хачу сыну новую хату паставіць...

— Як паставіш, тады і хваліся...— прамовіў Даргевіч, а потым не ўтрываў, усміхнуўся: — Тады і я сваю хату пачну шаляваць...

— Няма страху ўперадзе, калі страх ззаду...— адказаў на гэтую ўсмешку Гаптар.— Горш, калі баішся: і ліха не мінеш, і надрыжышся...

— І я табе так скажу... Але ж і не вымудрыш, каб козы былі сытыя і сена было цэлае. Дзе дубы, там і грыбы...

— Я хоць на дзесятак, але больш за цябе пражыў, дык і больш калі не навучаны, то правучаны,— сказаў Гаптар.— Усяго наглядзеўся. Усякага-ўсялякага. Дык і бачу: загарачы, надта таропкі наш Сцепановіч. Не спяклося, не зварылася — а ён ужо на стол валачэ... Не ўмее далёка наперад глядзець. Хоць і павінен быў ужо навучыцца ў свае гады ды за сваю работу. Колькі ўжо чаго са стала назад браў ды насіў у печ даварваць! Як кінуў нас тут на божую волю, так яшчэ і павернецца сюды тварам... Думаю: наша тое пісьмо, што мы ў «Правду» паслалі, паможа і яго ацвярэзіць... Так што не завіхайся прадаваць тэлевізар. Спатрэбіцца яшчэ, вот паглядзіш.

Антон прамаўчаў, абвёў позіркам статак кароў і авечак. Якраз падганялі сюды сваё быдла Бронця і Суніцкі.

— Цяпер такі век, што найперш клапоцяцца пра жывое,— вёў сваё Гаптар.— Усё, што робіцца, робіцца найперш для чалавека. Каб ён яшчэ лепей жыў. Дык вот адгэтуль і мая вера, што ніхто нас у бядзе не кіне... І будзе думаць, як нам памагчы... А ты...— усміхнуўся,— думаеш зусім не па-генеральску!..

— Ды дзе мне з табою, Адвакатам, зраўняцца! Павыслухоўваў усё ды павыпытваў!

— І табе ж ніхто не замінае. Купі, як мая нявестка, транзістар і слухай. Дык і ты ўсё ведаць будзеш. Ну, не буду замінаць, гані сваё войска на луг, а я найду пакалю дровы, пакуль не горача. Бо скора, як пачнецца сенакос, будзе не да дроў. Калі жывыя, то трэба пра жывое і думаць...


2. СТЭФУСІХА


Стэфусіха паднялася з лаўкі: у Бабчыным Сконе пачалі ўжо дыміцца коміны.

«Рупяцца людзі! — падумала з радасцю.— А чаго ж я, старая сава, сяджу? Тыя гады заўсёды я першая запальвала ў печы, па мне глядзелі людзі: пара падпальваць ці не? А цяпер... Зусім ужо я распусцілася...»

І паволі патупала ў хату, абапіраючыся на лёгкі, нягнуткі — выструганы Гаптаром — арэхавы кіёк. Збоку, тручыся аб падол, пацягнуўся кот.

Па зарослым гусінаю лапкаю — а каля платоў і лопухам, дзікаю мятаю — двары хадзілі чорныя і руда-чырвоныя куры — уся яе жывая гаспадарка. Як там пазалетась прапала старая Гуралька, дык болей і не заводзіла каровы, а з пазалеташняга года перастала трымаць і свіней. А курэй, хвалёных у наваколлі нясушак, пакінула. І для сябе, і для людзей. Вось і сёлета ўсе з Бабчынага Скону прасілі, і з Янковіч, Пільніцы, Рудні, з Прудоў, і з Хатавы людзі да яе прыходзілі купіць вялікіх рудых яек. На развод. І нікому не адмовіла. Ніводзін не вярнуўся дадому з пустымі рукамі. Сваім людзям так дала. Ад другіх людзей узяла плату. Але невялікую.

Мільгнуў цень. Падняла галаву: амаль не махаючы крыламі, праляцеў бусел. Апусціўся на вільчык яе хаты, на вялікае, з бараны, галавешак і галінак, гняздо, дзе яшчэ не вылазячы з ямінкі, сядзелі бусляняты.

«Дзіва! — падумала.— Ні ў Налібаках, ні ў Янковічах буслы не водзяцца ўжо гадоў з дзесяць. А ў нас і цяпер водзяцца. Там, як спусцілі балота, няма ні жаб, ні вужоў. Дык нашто ж тады бусел? Бог яго па тое і стварыў, каб ён усякае гадаўё падбіраў...»

Патупала далей.

«Які ўжо нядошлы плот ды якая старая гэтая хата! — паківала сама сабе галавою, тупаючы ўзбоч гародчыка.— Але во ўсё ліпіць. Як і я. І смерці няма. Адна... Як ацалелы колас на полі. Ды не колас, а як асот: ніякай жа ўжо карысці ад мяне. Толькі замінаю людзям. Ужо і малодшыя дзеці забыліся пра мяне, не пішуць пісем. Не вераць, што гэтулькі жыву...»

У вачах ні то затуманілася, ні то яны самі заплюшчыліся — не стала нічога відаць. Але слёз не было. Як і ўжо даўно. Ды якія могуць быць слёзы-сокі ў старога, ссохлага дрэва?

«Дзеці...— сціснулася сэрца,— Як вы там, на свеце? Франука і Анці ўжо няма... Сыну сёлета ўвесну восемдзесят два гады было б, а дачцэ во цяпер, улетку,— восемдзесят. Дзед і баба! А яны для мяне навек будуць маладзенькія...»

Прайшла каля сцяны з маленькім акном. Здаецца, шкло ў ім выцвілае, во, нейкае шэрае і ніколі не звініць. І яно, відаць, састарэлася.

«За свой век колькі хат перажыла!.. Увесь час, здаецца, будаваліся і будаваліся. Першы раз мы ставілі хату яшчэ ў тым веку, калі аддзяліліся ад яго бацькоў, узбіліся на сваю гаспадарку. Тую нашу хату спаліў першы немец. Як сталі за немцамі Саветы, дык далі дзерава на другую хату. Толькі паставілі зруб — прыйшлі палякі. Пагналі на хутар — мусілі раскідаць гэты зруб і перавозіць яго на хутар... Жылі там, пакуль не прыйшоў гэты, другі, немец. Хату спаліў, а нас саміх завёз у Нямеччыну... Вярнуліся са Стэфусем і з меншымі дзецьмі, зрабілі зямлянку, а потым там, на хутары, і паставілі гэтую хату. Адтуль, з хутара, і паехалі ў свет меншыя дзеці, там і памёр Стэфусь. Можа, і падарваўся, увесь век новыя хаты ставячы... Жыла адна. Як сава. Думала: вот памру. Але смерць не брала. А там казаць пачалі: не будзе болей хутароў, трэба перабірацца ў Бабчын Скон. Людзі і пачалі перабірацца, я толькі адна на хутары засталася. «Ты, цётка,— угаворваў малады мужчына з раёна,— нам обшчую карціну порціш: усе ў вёсцы, а ты на хутары. Перабірайся — і мы маем сто працэнтаў...»

Людзі і перавезлі маю хату і паставілі яе тут, дзе жыў Стэфусеў бацька. Дык колькі разоў мы будаваліся? Ужо і злічыць цяжка... А цяпер кажуць людзі: не будзе і Бабчынага Скону, трэба перабірацца ў Налібакі. Але што з хаты застанецца, калі яе зноў раскідаць? Парахня адна. Яе ўжо не перавязеш. Дык тут і застануся. Адна дык адна. Бяда такая. Буду жыць, пакуль не памру. Як тая старая баба...»

Успомніўшы пра вясковую легенду, прыпынілася.

«А, мусіць, была яна, тая баба, бо недарэмна ж з веку ў век перадаецца пра яе гісторыя... Вот і мае дзед і баба гаварылі: перад смерцю яна сказала сваім дзецям: «Я памру, але да вас у снах буду прыходзіць. Вы не бойцеся, як баяцца нябожчыкаў: буду я сніцца вам не на благое, а на добрае. Заадно буду і прарочыць. А яшчэ скажу: хто з вас першы памрэ, той потым мне на змену прыйдзе, будзе жывым прарочыць...» І было так: нябожчыкі і войны ўсе, і пажары, і галады прарочылі. І нябожчыца Блініха казала, што да яе перад смерцю ў сне заявілася Даргевічава бабка, сказала, што яна памрэ. Блініха і памерла, сніцца вось цяпер людзям, нешта раіць, але да мяне, самай старой тут, не прыходзіць, не сніцца. Значыць, яшчэ і не скора памру я. Хоць і прашу, дапрасіцца не магу ў бога смерці... Але ж, мусіць, і бог бачыць: вось цяпер дык і баюся паміраць. Не хачу жыць, нажылася, але не раз баюся: знясуць Бабчын Скон, дык куды і да каго буду я прыходзіць пасля смерці, каму што буду прарочыць, раіць? Пустка ж тут будзе, поле... Будзе мая душа як непрыкаяная...»

Сенцы — без пары ад тоўчанай бульбы, без свіных гаршкоў — былі з чужым, нежылым пахам. І старая вопратка — яна вісела па адзін і другі бок на ўбітых у сценкі цвіках — пахла ўжо цвіллю.

«Шкадавала ўсё выкінуць. Думала: спатрэбіцца на дождж, то ў лес схадзіць, то картофлю выбіраць... Аж не трэба... Людзі і картофлю маю выбіраюць, і грыбоў ды ягад паносяць. Прашу не раз: не насіце, людцы. Дайце мне самой высунуцца з хаты. Яшчэ ж бачу ды хаджу. Вот як злягу, дык тады ўжо хоць кубак вады падайце...»

У хаце было яшчэ змрачнавата. Стэфусіха паставіла ў вілачніку кіёк, адчыніла дзверцы невысокай, яшчэ моцнай, не патрэсканай пліты. У печы ўлетку не паліла. Толькі зімою — каб цёпла было сядзець ды спаць на ляжанцы. Ды ў пліту і менш дроў трэба.

У пліце ляжала ўсякае сухое ламачча. А пад ім — сухая папера. Запаліла запалкаю. Агонь успыхнуў адразу. Водсветы ад яго блішчалі на дзверцах, як і на яе сукенцы. Як памаладзела ўсё ў старой хаце.

На пліце стаялі два гаршкі. Адзін, большы, для цёплай вады — памыць лыжку ды міску. Другі — зварыць што есці. Можа, і макароны. У полудзень з'есць тварагу і малака. А ўвечар мала калі садзіцца за стол. Ці як выйдзе да каго, дык у некага чаго лыжку-другую гарачага возьме. Куды ні зойдзе, усе запрашаюць за стол.

Адышлася, села пры старым століку на лаве. Лава была па некалішнім часе — доўгая, на ўсю хату. Але да стала. І дзяцей жа было шмат, і людзі любілі зайсці, пасядзець ды пагаманіць.

У кутку, за абразам,зумкала муха. Правей накрытага абрусам стала шыкаваўся даўно ўжо засланы і неразбіраны ложак. Высока падымаліся тры падушкі ў белых наўлечках. На іх была вышытая Гаптароваю нявесткаю накідка — пасярод вялікая чырвоная кветка, а па баках — маленькія кветачкі.

Над ложкам — рамкі са здымкамі. У адной — Стэфусь. Малады, на ўвесь рост. Яшчэ як быў у царскіх салдатах. У другой рамцы ўсе яны: бацькі і дзеці. Дзеці яшчэ малыя, адно пад адно.

«Цяпер во ўжо і яны дзяды да бабулі... Як і я... А я не магу ўбачыць: якія ж яны? Здаецца, што яны і засталіся такія — маладыя, здаровыя, дужыя, як і развіталіся».

Каля глухой сцяны стаяў стары драўляны, абабіты па кантах сям-там паржавелаю ўжо бляхаю куфар — адзін на ўвесь Бабчын Скон, можа, нават адзін і на ўсе тутэйшыя вёскі. Летась прыходзілі з Налібак настаўнікі і дзеці, каб яна аддала яго ў школьны музей.

«Гэта ж мая памяць, мой пасаг...— адказала ім.— Купілі яго, калі яшчэ мая бабка дзяўчынаю была. У Германію яго ў гэтую вайну вазілі, назад прывезлі... Як памру, дык тады ўжо забірайце на памяць».

Стэфусіха акінула позіркам пабеленыя мелам перад вялікаднем сцены, столь і печ. Зірнула на падлогу. Старую, але жоўтую, моцную, з вялікімі — нібы ружы — сукамі. Гэта знадворку здаецца: хата гнілая. Але нутро во здаровае, моцнае.

Перасела да пліты. Пазірала на агонь. На жыццё. Адчула: запахла ўжо пад столлю бярозавае вецце. Значыць, падсохла. Яна любіла прынесці ў хату зеляноту. І не толькі зеляноту.

Таму ў яе ў хаце і шмат усякіх пахаў. Іх не кожны вытрымлівае, многія скардзяцца: ад іх баліць галава. А яна прывыкла. Яны для яе як лякарства. Ад усіх хвароб. Усё ў яе ёсць: зёлкі, кветкі, лісце, карэнне, кара. Усё пасушанае, звязанае ў пучкі ці ў мяшочках вісіць каля печы. Забаліць у каго ў вёсцы сэрца — яна дасць настою ландышу, валяр'янкі, забаляць ныркі, печань — дасць хвашчу, драсёну, бруснічніку; не спіцца каму — дасць хмелю; цяжка каму адкашлівацца — дасць хваёвых пупышак; баляць каму сухія мазалі — дасць дубовай кары; нехта хоча памыць галаву і мець мяккія валасы — дасць явару. Можа, і няма такіх хвароб, каб у яе не было ад іх зёлак.

Праз акно ўбачыла: у двор зайшла кабета. Высокая, тонкая. І такая цыбатая, што на ёй фуфайка — як на жэрдачцы. Леснікова жонка. Надумаліся вот самі так людзі — насіць ёй па калейцы малако. Бронця несла ў руках невялікі рудаваты збанок. Стэфусіха здзівілася — звычайна раніцай прыносяць ёй малако дзеці: самі гаспадыні топчуцца ля печаў.

Вось зайшла ў хату.

— Дзяньдобры вам!

— Дзяньдобры і табе, Бронця!

Госця паставіла збанок, села насупраць, на столаку. Зірнула на пліту, на агонь. Чорныя бровы насуплены, у глыбокіх вачах сум, даўгаваты нос завостраны, а тонкія губы сціснутыя.

— Ці не нейкая бяда ў вас? — запытала Стэфусіха.

— Ды ніякай бяды, цётачка,— адказала тая і нібы ўсміхнулася. Але неяк надта з жальбою — аднымі цёмнымі вачыма ды куточкамі блеклых вуснаў.— Усе, дзякуй богу, здаровыя.

— Дык на сэрцы нешта цяжкае маеш...— адчула Стэфусіха.— Бачу ж: нешта грызе цябе.

Бронця памыляла-памыляла вуснамі, а потым не вытрымала — уткнула твар у далонь, усхліпнула.

— А божа ж,— забедавала Стэфусіха.— Дык што ж там у вас? Скажы ж. Можа ж, што параю.

— Нічога вы тут не параіце, цётка,— рукавом фуфайкі выцерла слёзы Бронця, шморгнула носам. Стала нейкая зусім непрыгожая, змарнелая.— Мой Тамаш да вашай суседкі, да Гэлькі, ходзіць...

— А божа ж,— аж уздыхнула ад палёгкі Стэфусіха.— Я думала — што другое. Ты падлавіла сама, што ходзіць?

— Сама-то не бачыла. Але бачу, як ён памагае ёй. Не сабе першаму, а ёй і дроў прывязе, і сена накосіць...

— Яна ж удава, Бронцечка, з дзецьмі малымі засталася,— як павучала Стэфусіха.— Трэба і ёй памагчы. Адна яна не ўтрымае гаспадарку, не падніме дзяцей на ногі.

— Хай бы памагаў. Чаму няшчаснай кабеце, удаве, не памагчы?!— усхліпнула Бронця.— Але ж ён нейкі чужы да сваёй сям'і стаў, а ўсё туды яго цягне нешта... Не такі, як быў. Вот хочацца яму з дому сысці, а як яна ідзе па вуліцы, дык стане каля акна, угледзіцца на яе і вачэй не зводзіць... Каторую пару мы ўжо не спім з ім разам...— заплакала.— Як я старая якая. А я ж бачу: і я не старая, і ён не стары, нам жа толькі па сорак гадоў. Душою чую: да Гэлькі ходзіць, з ёю лашчыцца. І яна ж, паглядзіце вы, якая! Вочы ад людзей хавае, усмешку распусную тоіць... Надзяваецца як! Як дзяўчына! І ён кожнага дня брыецца, адзікалон купіў, налье на далонь і, як пабрыецца, шчокі трэ, шыю трэ...

— Яна ж яшчэ маладзейшая за вас,— заступілася Стэфусіха за Гэльку,— дык і надзяваецца. Можа, і чалавека якога шукае. А што ты кажаш, бытта Тамаша твайго зманьвае, дык я ў гэта не веру. Гэлька не такая баба. У яе надта добрая душа.

— Душа, можа, і добрая,— згадзілася Бронця.— Але ж калі такі агонь па жылах пайшоў ды даў гэты дур у галаву, дык, без мужыка жывучы, і не паглядзіць, што ён чужы муж, бацька дзяцей... Прыліпне. Яны ўсе, гэтыя Навіцкія, такія былі. Сёстры яе, маці... Да ўсіх іх і замужніх, кажуць, і жанатыя, і хлопцы хадзілі. Можа, і чараваць яны ўмеюць, заманьваюць...

— Якія там да гэтага чары?! — усміхнулася Стэфусіха, махнула рукою.— Выдумалі вот людзі... І пра матку яе, можа, і нагаворы былі, а яе Сцяпан са злосці біў, маладую са свету звёў. А хто што пра сясцёр ведае? Яны ж у далёкім горадзе жывуць.

— Свет вялікі, але пра ўсё дачуваюцца людзі.

— Пагавару тады з Гэлькаю...

— Не трэба, цётачка,— папрасіла Бронця.— Яна ж паскардзіцца яму, а ён незалюбіць. Тады ў хаце зусім пекла будзе... Я ўжо сама неяк. Ды ўвазнаю больш...— заплакала.— Хаця — што ўвазнаваць! Мне і сны колькі разоў на гэта сніліся. Вот, помню, і летась быў такі сон. Бытта сяджу я адна дома, абіраю картофлю. І падыходзіць старая Блініха, Аршуля. Павіталася, ключы мне дае. Ды цэлую звязку. Кажа: «Толькі ж ты нікому, дзетачка, не паказвай, а то людзі адбяруць. А ключамі гэтымі ты ўсё адамкнеш, усё знойдзеш...»

Сказала так і прапала. Я прытуліла ключы да грудзей і зіркаю кругом: ці не ўбачыў хто? Аж бачу: Гэлька падкрадаецца. І не паспела я падхапіцца, як яна выхваціла ад мяне тыя ключы і наўцёкі. А потым яшчэ раз Блініха снілася, папікала: нашто ж ты, кажа, дзетачка, ключы Гэльцы аддала? Нешчаслівая ж будзеш, другой шчасце сваё аддасі. І праўда ж. Вот вам і сон. Усё ў руку... Ідзем мы з ім пазаўчора. Гэта ў лесе былі, ламы палілі. Падыходзім да Гэльчынай сядзібы, каб паўз яе на вуліцу выйсці. Бачу ж: лып-лып на яе хату, аж вочы яго па яблыку... І аж бляск у іх нейкі малады, любоўны, што мне ўсё і без слоў ясна стала. А тут яшчэ сабака яе выскачыў. Кінуўся да яго і лашчыцца-лашчыцца аб яго ногі... А яму брыдка, адпіхае-адпіхае сабаку, каб я гэтага не бачыла. А мне... Аж сэрца пад горла падкацілася...— раптоўна залілася слязьмі, і яны ручайком пацяклі па шчоках,— Іду і дарогі не бачу: ужо і сабака за гаспадара яго лічыць? А ён маўчыць, як вады ў рот набраў. І потым маўчаў. Увесь вечар маўчалі...

— Нас тут мала засталося, дык усе нашы сабакі ўжо на сваіх не брэшуць. Брэшуць толькі на чужых, з другіх вёсак, людзей.

Бронця з хвіліну памаўчала, выцерла канцом хусткі шчокі.

— Вы, можа, цётачка, думаеце, што я якая ліхая, чапляюся дарэмна ці чаго дурнога ў галаву набрала? — усхліпнула.— Каб я ведала, што ён млее за чужымі бабскімі спадніцамі, дык мне лягчэй было б. Хай бы ўлягаў, каб на яго якая трасца лягла! Гаравала б ды плакала б употай... Абарваў бы нешта, як злодзей, ды назад, да сям'і, вярнуўся б. Нідзе не дзеўся б. Дык не, ён жа не такі. Ніколі не бачыла, каб да чужых баб вялікае прагненне меў. Другія мелі, а ён не. А ён, цётачка зненавідзеў мяне, палюбіў яе. Як малады які. А гэта ўжо горай... Ён усёю душою, усім сэрцам цяпер да яе, а не да мяне. Яна ўвесь свет яму засланіла...

Цяпер ужо Стэфусіха замаўчала. Што тут скажаш?

— А ўсё ж, цётачка, вы мне памажыце...— падсунулася бліжэй Бронця.— Памагаеце ж вы ўсім — і нашым, і чужым — людзям. Лечыце ад пярэпалахаў, ад лішаю, рожы. Зубы загаворваеце, ад прастуды, ад усякага болю зёлкі, нашаптаную ваду маеце, даіце... Да вас жа людзі едуць і дзяцей маленькіх вязуць... Дык і мне дайце зёлак ці вады якой, каб напаіць яго і адвярнуць ад Гэлькі. Каб не любіў яе...

— Дык няма такіх, Бронцечка, зёлак...— са скрухаю адказала Стэфусіха.— Гэта некалі мы верылі ў такое. Варажылі. Каб каго прыхінуць да сябе... Але тое, што робяць для гэтага, мала памагала і памагае. Тут не зёлкі трэба. Тут краса трэба, ласка. Гэта больш чаруе за ўсякія зёлкі...

— Дык, можа, маеце такія зёлкі, каб папіць іх і паправіцца? Калі баба круглая, гладкая, дык і харошая. А такая вот худая, як я...

— Можа, што баліць у цябе?

— Ды, здаецца, не. І ем добра, і сон раней моцны мела. Але худая, вот і ўсё.

— Я і не ведаю, што табе параіць,— паціснула плячыма Стэфусіха.— Каб што балела, дык нешта знайшла б даць. А так, можа, старайся кожны дзень быць убраная, усё з ласкаю...

— Як убачыла я гэта, дык і насядаю-насядаю на яго: паехалі ў Налібакі. Выбіраюцца ж людзі. І добра жывуць. Але ён мяне і слухаць, цётачка, не хоча. Кажа: нікуды я не паеду. Тут жа мой лес, тут бацька леснікаваў, тут і я да смерці леснікаваць буду. А вот каб паехаў, дык, можа, там адвыкнуў бы ад яе... Ці хай бы яна пераязджала ўжо куды. Хоць на край свету...

Стэфусіха паднялася, пераліла малако ў свой збанок. У Бронцін сыпнула шчопаць солі. Каб вялося малако.

— Вы ж, цётачка, нікому не гаварыце, што я тут казала,— паднялася Бронця, зірнула з мальбою.

— Старая, але ж не здурнела я яшчэ зусім...— супакоіла яе Стэфусіха.— А ты не вер усяму: і языкам чужым, і сэрцу свайму. Як і казала я табе, будзь ласкавейшая з ім, за сабою лепей глядзі. Вот і ўсе будуць нашы, жаночыя, чары. Пра дзяцей сваіх яму часцей гавары, каб думаў больш пра сям'ю... Дык і пераменіцца. Чаго не бывае!.. Гэта ж людзі. Ды ў кожнага свой розум, сэрца... Свае сцежкі... І відныя, і заблытаныя. Ды яшчэ ў маладых!..

— Ну, я пайду, цётачка. Печ гарыць жа. Ён пайшоў у лес, дык дзеці адны ў хаце.

— Ідзі, золатца. Дзякую табе за млечка. Больш сёння не прынось. Хваціць.

Бронця падалася з хаты.

«А і праўду кажа кабета,— Стэфусіха зноў села на лаве.— Змянілася Гэлька. Пахарашэла, павесялела...»


3. ГАПТАР


З тыдзень ужо стаяла гарачыня. Ні разу ні схмурылася неба, ні папырскаў дождж. Хто пра што думаў у гэтыя дні, а Гаптар — найбольш пра пчол.

Хто не меў пчол ці не ведаў, як іх даглядаць, той, можа, і не разумеў пчалярскай работы. Той, можа, і дзівіўся: ну чаго ты тырчыш тут цэлымі днямі, хіба табе няма работы дома? Ці ты хочаш сысці ад сям'і, ад людзей, пабыць сам-насам? Ці ўсе вы, старыя, такія, нейкія надта дзіўныя ў сваёй празе да работы?! Сядзеў бы на пенсіі, адпачываў бы, дык не, ніяк не адгаворыш, не адгоніш ад працы.

Цяпер вось Гаптар стаяў каля будана на саўгасным пчальніку і пазіраў то на высокае блакітнае неба з чародкамі белых воблакаў, то на мігатлівае паветра. Ён сачыў за пчоламі. За іх палётам. І не толькі за гэтым. Але заадно хацеў ведаць усё, што робіцца цяпер у вуллях. Добры пчаляр павінен лепш ведаць вуллі, чым гаспадар сваю гаспадарку: пчала — ці не самая далікатная жывёлінка на свеце. Трохі не дагледзеў яе — загіне.

На вялікай паляне, дзе, аднак, расло нямала бярэзін і алешын, вуллі стаялі ў чатыры рады. Па восем у кожным радзе. Яшчэ нядаўна яны, лічы, хаваліся ў высокай траве. Але як ён у досвіткі і ў познія вечары выкасіў яе, дык старыя і два новыя, пустыя — запасныя — вуллі былі відаць як на далоні.

Над галавою, у блакітнай смузе, зумкалі пчолы. І па зумканні ўжо ён адчуваў: каторая ляціць з поля, каторая выскачыла з вулля. Тая, што вяртаецца, ляціць нізка, абы дабрацца да вулля. А тая, што ўжо стала лёгкаю і зноў вылецела з вулля для новай сваёй карпатлівай работы, не праміне і цікнуць, ці не крадзецца хто да вулля. Але яго пчолы не чапалі, не зважаючы і на тое, што ён кожны год абірае іх.

Заўважыў: неспакойныя пчолы ў першым вуллі справа, каля бярэзіны. Многія вылецяць з вулля, пакружаць вакол і не ляцяць да кветак, а зноў вяртаюцца ў вулей, гудуць. На днях павінен там быць рой: на сотах ёсць матачнікі, у якіх пчолы выводзяць маладых матак. Дык вось і рыхтуюцца выскачыць з плоднай маткай. Няхай выскокваюць — ён падрыхтаваў ужо для іх новы вулей. Хоць за апошнія гады рэдка калі самі раіліся пчолы, ён паспяваў перанесці новую сям'ю ў другі вулей.

Падышоў бліжэй, прысеў: гудуць, ох як гудуць! Не дзіва: іх тут цяпер безліч. Не адзін дзесятак тысяч.

«Калі гэтак гудуць, дык не трэба марудзіць,— падумаў.— Сёння ж увечар, калі зляцяцца і сцішэюць, дык і перанясу рамку з новай маткай у другі вулей».

Апроч гэтага вулля, неўзабаве можа быць яшчэ адна сям'я ў сярэднім радзе.

Уздоўж высокай загароды — каб не зайшлі ні ласі, ні дзікі — пайшоў у канец пчальніка. Там стаяў стары вулей, што найбольш трывожыў яго.

Гэтыя пчолы ніяк не маглі ачуняць. Яны не галадалі, не застудзіліся, яны, відаць, увесну атруціліся. Таму слаба пладзіліся і былі вялыя, сама меней прынеслі ў вулей мёду. Ён напалохаўся і тэлеграмаю на тым тыдні выклікаў спецыяліста па пчолах з Беларускага навукова-даследчага інстытута. Той прыехаў. Паглядзеў і прызнаў, што ў гэтай сям'і нектарны і пылковы таксікоз, прапісаў лячэнне — змяніць вулей, матку і падкормліваць пчол цукровым сіропам з лекамі.

Каля вулля прысеў, зірнуў на ляток: пчолы выпаўзалі з вулля і, амаль не затрымліваючыся, уздымаліся і ляцелі.

«Ну і дзякуй богу! — парадаваўся.— Можа, і пайшло ўсё на лад».

Паназіраў: ляцяць у вуллі і трутні. Значыць, у іх будуць пазней шлюбныя палёты, яны пазней будуць апладняць матак.

«Ну і добра! — парадавалася сэрца.— Уцалелі!»

Пайшоў па-за вуллямі, да іншага, супрацьлеглага, боку загароды. І каля яе пасунуўся назад, да будана.

Калі прамінуў вуллі, пачуў: у валасы на скроні ткнулася пчала. Хоць і пачула яго, пэўна, па паху, але замітусілася, хацела хутчэй вырвацца з валасоў, што абвівалі і трымалі яе.

— Ну ціха-ціха! — сказаў ён ласкава, як дзіцяці.— Не трапячыся, а то яшчэ болей ублытаешся. Буду даставаць, дык магу і не ўшанаваць, адарваць якую лапку ці крылца. Ты і так, бедная, мала жывеш... Ну ціха-ціха!

Але ніяк не мог агрубелымі пальцамі выблытаць пчалу. І шкадаваў яе загубіць. Грэх, вялікі грэх яе губіць. Потым дастаў расчоску і асцярожна вычасаў. Узяў на далонь. Знясіленая пчала не краталася.

— Ну, адпачні, даражэнькая, і ляці ў свой вулей,— сказаў, прысеў і апусціў пчалу на дзяцельнік.


4. САМСОНАЎ І СЦЕПАНОВІЧ


Ужо на схіле дня, калі папалуднаваў і падрамаў крыху ў будане, цішыню парушыла вуркатанне машыны. Яна падкацілася, лічы, да самага будана. З-пад Пільніцы.

Вызірнуў: бела-блакітная «Волга». Аж імжыць каля капота ад гарачыні паветра, гайдаецца антэна. У машыне — двое мужчын. Але надта не пазнаць — лабавое шкло адсвечвае, як люстэрка.

Вылез Сцепановіч. Высокі, худы. У штанах і тэнісцы і, як усе тут мужчыны, у брылёўцы. Потым выйшаў і «шафёр». Самсонаў.

У Гаптара трапятнулася сэрца: не выпадкова заехала сюды тутэйшае і раённае начальства. Пайшоў насустрач. Хваляваўся, але ўсё ж была на душы і радасць: што ні кажы, не чужыя, а добра знаёмыя людзі. Усе разам былі ў адным партызанскім атрадзе. Самсонаў — камандзірам, а яны — радавымі.

— Здароў, пчаляр! — першы падаў руку Самсонаў.— Глядзі ты, які яшчэ дужэц! Чырвоненькі, вочы маладыя! Каб пафарбаваў сівыя скроні, дык і да дзяўчат яшчэ мог бы хадзіць!

Гаптар усміхнуўся, моцна паціснуў руку ў адказ. Бачыў: Самсонаў белы, залішне поўны, стомлены. Тут жа падаў яму руку і Сцепановіч. Моўчкі. Позірк яго вялікіх вачэй быў хмурны. Няйначай, зусім нядаўна яму дасталося за нешта на арэхі ад Самсонава. Ці мала за што можа дастацца дырэктару саўгаса! Такая работа!

— Маладзейшы за цябе, Іосіфавіч, ці не на добрых дзесяць гадоў, во яго,— Самсонаў кіўнуў на Сцепановіча,— аднагодак, але старэй за вас выглядаю! Відаць, ёсць розніца, Іосіфавіч, дзе жыць і працаваць. Ці во ў такім раі, дзе галава кружыцца ад паху кветак, лісця і мёду, ці ў горадзе, дзе галава баліць ад шуму, дыму і мітусні!

— Можа, і ест, Пятровіч...— згадзіўся Гаптар,— Затое...

— Ну што «затое»? — усміхнуўся Самсонаў.— Затое лаяцца во з табою трэба!

— За што, Пятровіч? — зноў усміхнуўся Гаптар,— Хіба я кепска пчаляру? Калі кепска, дык за што тады летась ордэн далі?

— Ох і хітры ж ты! Недарэмна быў у разведцы! — паківаў галавою Самсонаў, скінуў светлы пінжак, паклаў яго долу. І сам сеў на траву. Расслабіў гальштук, адшпіліў верхні гузік белай кашулі, зняў капялюш. На галаве ўжо, лічы, і не было валасоў.— Усё ведае, але і брывом не павядзе...

— Уга, душа ў пятках! — прысаджваючыся крыху насупраць, адказаў ён. А ў цяні ад алешын сеў Сцепановіч.— Але будзе тое, што будзе, а будзе, што суджана!

— Малайцы! — усміхнуўся Самсонаў.— Усе вы тут і былі, і цяпер засталіся вастрасловы! І спаць кладзяцеся, і ўстаяце з гумарам!

— Дай божа жартаваць, абы не калечыць...

— Вакол пальца не абвядзеш! — прамовіў Самсонаў, зірнуў на Сцепановіча, а той угнуў галаву і пачаў перавязваць шнурок у чаравіку.

Самсонаў, як Гаптар адчуваў, павінен быў запытаць: «Ну, як жывеш?» Але цяпер ведаў: так не запытае. Няма як яму так запытаць.

Самсонаў з хвіліну памаўчаў. Можа, і для таго, каб пакінуць жарты і перайсці да сур'ёзнай размовы. Дзеля чаго ён сюды і прыехаў. Але не той ён чалавек, каб пачынаць з самага важнага. Паходзіць, патопчацца яшчэ крыху паблізу, закіне, як кажуць, вудачку, падчэпіць, а тады ўжо скажа тое, што хоча.

— У-у! — уздыхнуў,— Ну і горача! Дыхаць няма чым. І чаму так надвор'е памянялася? Летась усё дождж ліў, згнаіў усё, а сёлета вось каторую пару ўжо сухмень стаіць... Няўжо там,— падняў уверх палец,— раззлавалі некага?

Гаптар наструніўся, уважліва слухаў. Але адказаў спакойна:

— Раззлавалі ці не раззлавалі, але нешта, можа, там і парушылі. Як і зямлю парушылі... Дык і змяніўся водны баланс. І надвор'е...

Аж Сцепановіч падняў галаву, зірнуў на яго: глядзі ты, вучоны!

— Гарыць сёлета жыта,— цмокнуў Самсонаў.— Сёлета столькі не збяром, колькі летась...— Зноў памаўчаў, не чакаючы ні адказу, ні суцяшэння. А потым, думаючы ўжо пра іншае, запытаў: — Ну, а як твае тут выхаванцы?

— Я-то і сёлета меней мёду не дам, як летась,— адказаў Гаптар.— Мае работнікі сваё робяць і болей шануюць дысцыпліну, чым Іванавічавы...

Але Сцепановіч ні абяліў, ні ачарніў. Нават галавы не падняў, абхапіў яе рукамі, пачасаў патыліцу. А потым раптоўна падняў галаву — вялікія зелянкавыя яго вочы бліснулі крыўдаю. Не злосцю, не папрокам, а іменна крыўдаю. Здаецца, гэта ўбачыў і Самсонаў, зірнуў на таго з увагаю і, нібы просячы супакоіцца, прамовіў:

— Курортныя ў вас тут мясціны, хлопцы! Такія вялікія сасновыя і алешнікавыя лясы вакол, рэчка, і ўсё ўдалечыні ад шумных дарог! Я і сам не супраць пасля, на пенсіі, домік тут купіць, прыйсці сюды пчаляром!

«Падступае ўжо, хітрэц...— сам сабе ўсміхнуўся Гаптар.— І Сцепановічу адказаў на яго крыўду, і са мною гутарку заводзіць... Канечне ж, па тым пісьме, што мы ў «Правду» паслалі... Таму і Сцепановіч такі вельмі ж хмурны...»

— У родным краю, Пятровіч, як у раю! — услых сказаў, усміхнуўся Гаптар.— Чым за морам віно піць, лепш з Нёмана вадзіцу...

Вось цяпер і Сцепановіч нібы ўсміхнуўся, нібы зларадна зірнуў на Самсонава.

— Чуеце? — яшчэ і з націскам у голасе перапытаў.— Я не казаў вам пра гэта? Ды вы зірніце на яго... Загадзя ўсё ведае... Чорцікі ў вачах скачуць...

— Здароваму ўсё здорава, Іванавіч,— адказаў Гаптар.— Хваробу не трэба клікаць, сама прыйдзе...

— Дык во пра здароўе і хваробу...— сур'ёзна, звёўшы на пераноссі бровы, прамовіў Самсонаў,— Добра, што аптыміст такі, збіраешся яшчэ доўга жыць. Але скажы ты мне, стары мудрэц, як ты думаеш жыць далей?

— Як? — усміхнуўся Гаптар.— Як жывецца!

— Я сур'ёзна,— сказаў Самсонаў, дастаў хустачку і выцер лысіну,— «Правда» пераслала нам копію вашага пісьма, просіць разабрацца і даць адказ...— Зірнуў. Доўга. Пільна.— Думаем пагаварыць пра гэта на бюро, дык вось я раз быў тут, то і заехаў да цябе...

— Лаяць мяне прыехалі? Бо няпраўду напісалі ці спачатку з вамі, з Іванавічам не пагаварылі?

— Чаму — лаяць? Гаварылі — давай і яшчэ пагаворым...

— Дык тады і пытайце так: не «як» думаеш жыць, а «дзе»? — сказаў Гаптар, гэтаксама пільна зірнуў,— Бо мы іменна пра гэта ў «Правду» пісалі. А пісалі, каб нам памаглі... У чым — самі ведаеце... «Правда» пісала пра такія вёсачкі, як наш Бабчын Скон, і па-разумнаму вучыла, як з імі паводзіцца...

— Вот, вот...— зноў з націскам у голасе прамовіў Сцепановіч.— Чуеце? Не разумее ж вялікай стратэгіі. Пазірае не ў вялікае люстэрка, а ў малое...

— А я вам ізноў скажу, Іванавіч: зашпаркі вы...— спакойна адказаў Гаптар.— Стратэгію разумееце, а тактыку не зусім... Так высока паднялі галаву, так далёка пазіраеце, што каля сябе мала бачыце...

— Не сварыцеся, хлопцы! — як папрасіў Самсонаў.— Давайце спакойна пагаворым. Як сталыя ўжо людзі. Без крыку, без папрокаў. Усе мы адно добра бачым: цяпер у эканамічнай палітыцы — надта ў вёсцы — заяўляецца новая вялікая лінія. Вёска павінна змяніцца, стаць іншаю, сучаснаю. І, можа, ужо не вёскаю... Гэта не нечы капрыз, а патрэба часу...

— А я думаю, Пятровіч,— улучыўшы хвіліну, калі Самсонаў замаўчаў, сказаў Сцепановіч,— што гадоў дваццаць таму, як сцягвалі маленькія хутаркі, дык трэба было заадно знесці і маленькія вёсачкі [4]. Вось і яго Бабчын Скон. Каб у вёсцы было не меней ста двароў. А то каб было і па дзвесце — трыста.

— А ці маглі, Іванавіч? — уставіў сваё слова Гаптар,— Адразу, лічы, пасля вайны! Ды калі цаліну падымалі, спутнікі рабілі!

— Затое цяпер можам,— абарваў яго Сцепановіч.— І калі трэба змяніць вёску, дык трэба! Рашуча! Смела! — гаварыў страсна, як заўсёды.— Калі трэба з 26 тысяч вёсачак зрабіць 3 ці 4 тысячы вялікіх добраўпарадкаваных пасёлкаў, дык трэба! Будучыня апраўдае гэтую рашучасць... Як апраўдала і калектывізацыю...

— Гэта ўсё, можа, і не меншае за калектывізацыю...— задумліва прамовіў Самсонаў.— Ты вось сам падумай, ці ўяўляеш ты добра: як гэта можа вёска знікнуць як вёска, стаць горадам? Як мы зможам жыць без той вёскі, без тых завядзёнак, што ведалі вякамі? Ды яшчэ той, хто ўвесь свой век жыве ў гэтай старой вёсцы?

— А што ён у сваім Бабчыным Сконе, гэты вясковы чалавек, бачыць? За што ён чапляецца? — запытаў Сцепановіч.— Без святла! Без магазіна! Без клуба! Без школы! Ды... Але не перабіраецца ў Налібакі. І чаму? Бо ў яго такі характар, такая псіхалогія: мілы той куток, дзе рэзалі пупок! — аж усміхнуўся.— Прырос, як мох да таго каменя, і...

— А хіба, Іванавіч, не мілы свой куток? І хіба гэта так блага: любіць свой лес, сваю рэчку, сваё поле, свае завядзёнкі, гутарку?

— Не перабівай, я яшчэ не ўсё сказаў,— махнуў худою рукой Сцепановіч.— Я не ганю вашай вёскі, як і другой якой, але вёска век нейкая не перадавая, век з лішняю асцярогаю ідзе да новага, да горада, да незнаёмага і чужога. Вось, калі ласка, вашы, Гаптаровы і Блінавы, «мудросці»: «Нідзе не шукай лепшае спраткі ад свае хаткі», «Хоць еш крапіву ды салому, але пры дому». І яшчэ шмат такога ведаю. У крыві вашай усё гэта сядзіць...

— А вы, Іванавіч, хочаце за адзін дзень нас перайначыць,— усміхнуўся Гаптар.— Ды каго? Нас, старых людзей.

— Вось бачыце, Пятровіч,— павярнуўся да Самсонава, зноў узгарачыўся Сцепановіч.— Я ж кажу: трэба рашуча ўсё гэта рваць. Іначай усё расцягнецца надоўга... У маім жа саўгасе пятнаццаць вёсак! А па плану павінны быць, адны Налібакі, дзе цяпер чатырыста двароў...

— А што вы думаеце зрабіць замест Рудні, Прудоў, Бабчынага Скону? — запытаў у яго Гаптар.— Ці паставіце ім хоць помнікі?

— Якія помнікі? — здзівіўся Сцепановіч.

— Ды гэтым чатырнаццаці вескам-небаракам! Жылі вёскі, так сказаць, вякамі — і раптам узялі і згінулі... Мы ж, жывыя, шануем нябожчыкаў. Жалобны стол робім, помнікі ставім. Каб неяк па-чалавечаму ўшанаваць памяць. А чым вы думаеце ўшанаваць памяць пра нашыя вёскі, у якіх мы, небаракі, нарадзіліся, гадаваліся, жаніліся, дзяцей гадавалі, потам зямлю палівалі, песні спявалі, баранілі ад чужынцаў? Ці вы не думаеце пра гэта? Пра нашу душу? Пра нашу памяць?

Сцепановіч замаўчаў.

— Вось, братка, як! — усміхнуўся Самсонаў.— Трэба нам болей з народам гаварыць, раіцца з ім, як усё зрабіць найлепей.

— Канечне, перамена ідзе вялікая...— памякчэў той.— Вёска зменіцца. Назаўсёды. Хоць, можа, таго-сяго будзе і шкода. Але на ўсё гэта трэба зірнуць іншымі вачыма. З будучыні. І, можа, нават весела. Бо чалавецтва развітваецца са сваім учарашнім, з усмешкаю...

— І вы, Іванавіч, не з горада, а з вёскі,— перахапіў ніць гамонкі Гаптар.— Дык як вы пакінулі сваю вёску, бацькоў? З песнямі і скокамі? Смеючыся? Цяпер і не ўспамінаеце нічога таго? Хацелі б бачыць замест таго груды цэглы, пустку? Здзічэлыя яблыні?

— Ну, ёсць і ў мяне настальгія па сваёй вёсцы, па вёсцы маленства...— яшчэ больш памякчэў Сцепановіч,— Але ж...

— І я яшчэ ўсяго не сказаў,— прамовіў Гаптар,— Вось пра свой Бабчын Скон. Як падумаю пра яго, дык не смяяцца ды скакаць, а плакаць хачу. У тры вайны гарэў, колькі разоў то на хутар, то з хутара ехаў... А ўжо ў гэтую, астатнюю вайну!.. Датла згарэў. Але ж не прапаў. Вярнуліся людзі — і зноў сабе хаты паставілі, завядзёнкі, песні свае пакінулі... І ўсё гэта было на маіх вачах, за адно жыце! А вот цяпер пару слоў пра горад. Вы ж ведаеце большага майго хлопца. Добры хлопец, з галавою. І на заводзе хваляць, і жыве добра. Усё ў яго, так сказаць, пад рукамі: вада цёплая і халодная, святло, газ, нават, выбачайце, і месца, каб апраўляцца. Словам, ён ужо не вернецца сюды... «А з кім ты, сын, жывеш па суседству»? — пытаюся ў яго, калі першы раз прыехаў да яго. Усміхаецца: «Дзесяць гадоў разам жывём, але не ведаю... Здаецца, сусед злева — вучоны, справа — у газеце робіць. А яшчэ адзін, трэці,— на заводзе. Але не ведаю — кім...» — «Як так, сын? Хіба ты адгарадзіўся ад усіх?» — «Ды вот так, бацька! — адказвае.— Тут не прынята адзін да аднаго хадзіць...» Далібог, паверце мне, усміхаецца і як бы з гонарам пра гэта гаворыць. Што чалавек чалавеку чужы... «А я, сынок, і цяпер, так сказаць, усё пра свой Бабчын Скон ведаю: хто здаровы, хто хворы, каму трэба памагчы, а хто і сам абыдзецца. Ведаю, хто колькі скаціны, сотак мае, хто як стараецца жыць. Нехта пра мяне ўсё ведае, паўшчувае, калі што не так... Вот трыццаць год пасля вайны прайшло, а ў нас яшчэ ніхто не развёўся, няма забітых, абкрадзеных... А ў вас ці ў нашых Налібаках... Павер, сын, і нашы, з Бабчынага Скону, людзі ў Налібаках абы-што робяць, як ім тут няможна было, а там усё можна... Аднаго нават пасадзілі...» Выйшлі з ім у горад. Бачу: на аўтобуснай астаноўцы ляжыць зімою на зямлі чалавек. Але ўсе ідуць, і ніхто на яго не зважае. «Падымем яго, сын,— кажу,— а то змерзне».— «Ды п'яніца»,— адказвае ён. Нагнуліся ўсё ж, паглядзелі, а чалавек не п'яны. А інфаркт у яго...

І марудны Самсонаў, і аспакайнелы Сцепановіч не перапынялі, слухалі.

— Можа, я і замнога ўжо гавару, тлумлю вам галовы,— усміхнуўся Гаптар,— але калі слухаеце, дык я яшчэ пра тое-сёе скажу. Вот пра зямлю. І не толькі пра зямлю. На маіх жа вачах усё яно было... Як гаспадарамі былі, а потым першыя гады і ў калхозе, дык тады, лічы, толькі з зямлі ўсе мы, вясковыя, жылі. І зямля тады, так сказаць, добра вучыла ды судзіла. Каля сябе трымала. Любіш яе, уходжваеш, паліваеш потам — дасць табе ўсяго: збожжа, картофлі, гуркоў, капусты... Словам, і сябе пракорміш ды адзенеш, і прыкупіш нешта за яе. Словам, некалі я трымаўся за зямлю рукамі і зубамі. А цяпер змяніўся. Вот часта думаю: нашто мне, лічы, гектар сотак? І трыццаць якіх хапіла б. Заморваю сябе толькі работаю... Я ж магу і за пенсію сваю пражыць... Гэта ж дзіва: цяпер колькі людзей у вёсках капусту, гуркі, памідоры не садзяць, а купляюць! Не прадаюць, а купляюць! Цяпер ужо трэба прасіць вясковага чалавека: не зводзь гарод, соткі, гаспадарку, сабе ўсё сваё май, прадай лішняе! Дык вот, Іванавіч, калі думаць, далёка ўперад заглядваць, дык трэба і пра такое падумаць: а ці ўсё зводзіць у вёсцы вясковае, а ці не прыйдзецца некалі зноў вёску рабіць?

— Чуў? — павярнуўся Самсонаў да Сцепановіча,— Цэлы рад маментаў!

— Думайце, людзі,— прамовіў Гаптар.— Я...— усміхнуўся.— А вот пра сябе яшчэ скажу. Слухаеце-слухаеце вы мяне і, мусіць, гневаецеся: баеш ты, дзед, байкі, вучыш вучоных, насцярожваеш, а вот, мусіць, забываеш: а ўсё ж калі знасіў, садраў старыя боты, дык іх трэба выкідаць і купляць новыя. І не баяцца, што новыя боты будуць напачатку цеснаватыя, цвёрдыя...

— Ну-ну! — падахвоціў Самсонаў,— Сам адкажы на гэта!

— І адкажу,— прамовіў з усмешкаю Гаптар,— чаго ж мне таіцца! Я ж ужо і Іванавічу, і вам пра гэта гаварыў, і ў пісьме тым тое ж пісаў. Я ж не цвердалобы, як бык, бачу: і нам тут не рай, і Іванавічу мы ўжо як камень на дарозе... Нашым маладым, канечне, жыць па-новаму ўжо. І тое новае іх не палохае. А маніць, кліча: маладыя заўсёды першыя да ўсяго новага прагнуць. Дык яны няхай самі і ўсё рашаюць... А вот я ўжо, так сказаць, не такі, я як тое старое выкапанае дрэва, што не зможа прыжыцца на новым месцы... Ды чаго перціся мне куды, пенсіянеру? Праўду кажа Іванавіч: зросся я тут з усім, дык і хачу тут дажыць сваё... Наракайце ці не наракайце, але я вам праўду кажу. А чыстасярдзечнае прызнанне, як кажа Дзячкоўскі, аблягчае калі не пакаранне, дык хоць следства.

— Суцешыў! — хмыкнуў Сцепановіч.— Чэсна прызнаўся! Каб застаўся ў Бабчыным Сконе толькі ты, дык гэта было б яшчэ паўбяды. Але ж, гледзячы на цябе, застанецца тут і Гэлька. А ёй яшчэ нейкіх трыццаць пяць, самая сіла...

— А як яна паедзе? — запытаў Гаптар.— Бо сама, удава, у Налібаках не паставіць хаты. Як не паставіць і наша Стэфусіха. Значыць, вам, Іванавіч, трэба памагаць. І не толькі ім дваім. Але і ўсім такім з астатніх малых вёсак. Можа, з-за гэтага прыйдзецца і машын, трактароў колькі не купіць, новай фермы не ставіць...

— Ну, без гэтага я не магу. Сама на ногі становімся...

— Налібакі — ваша будучыня,— сказаў Самсонаў.— Так ужо рашыла само жыццё. Бачым гэта і мы, адчуваеце гэта і вы, Іосіфавіч. Толькі, можа, мы з ім,— кіўнуў на Сцепановіча,— крыху пагарачыліся, хацелі нешта падспешыць... Таму вось і з вашым Бабчыным Сконам так усё выйшла... Але цяпер бачым: трэба больш думаць, рабіць усё па-гаспадарску. Так што ніхто не кіне вас тут на божую волю... На тым тыдні, у панядзелак, спецыяльна на бюро будзем абмяркоўваць ваш ліст у «Правду». Прыязджай. Паслухай, сам нешта скажаш.

— Прыедзе! — усміхнуўся Сцепановіч,— Дзеля гэтага і ўсе свае ордэны і медалі пачэпіць. Заўсёды калі ідзе чаго дабівацца, дык ідзе пры ўсім іканастасе...

— Калі маю, дык чаму не надзець? Не ўкраў жа. Самі ведаеце, за што ў партызанах, а пазней у саўхозе іх палучыў...

— Вось да слова...— уставіў сваё слова Самсонаў, суцішваючы іх, пераводзячы гамонку ў іншы накірунак.— А чаму, Іосіфавіч, ваша вёска так называецца? І ў партызанах, і цяпер езджу, тут, а вот неяк не прыходзіла ў галаву запытацца...

— Некалі мне дзед расказваў, што даўным-даўно, калі наш край вольны быў, яшчэ ні караля, ні цара не зналі, дык на месцы нашай вёскі толькі паляна была. Ніхто не жыў,— загаварыў Гаптар.— Толькі адны звяры хадзілі... А ў суседніх Янковічах старая баба жыла, бытта вядзьмарка. Ад яе паганых вачэй, як думалі людзі, каровы малака не давалі, коні, свінні не вадзіліся. Дык вот янкоўцы і прагналі яе з вёскі. Яе сыны паставілі ёй хатку на гэтай палянцы. Баба тая жыла тут адна, як сава. А потым, як прыйшоў ёй час, і памерла тут. Вот яе ўнукі і празвалі гэта месца: Бабчын Скон. А сыны, гаварыў дзед, не паладзілі з вёскаю, не даравалі ёй за матку і перабраліся жыць на месца матчынай смерці. Век злаваліся на вёску, век потым і новы род не ладзіў з Янковічамі... І мы ўжо не надта каб ладзілі з янкоўцамі. І кралі адзін у аднаго лес, біліся. Часамі і вёска на вёску... Словам, мае вёска такую легенду...

— Ясна...— прамовіў Самсонаў, уздыхнуў. Узяў пінжак і падняўся.— Словам, маеце векавую гісторыю...

Падняліся і Гаптар са Сцепановічам.

Вечарэла. На дарозе, на легкавіку гусцеў ужо цень. Сонца было далёка і нізка, за лесам, ружова высвечвала толькі верхавіны.

— Ну, будзь здаровы, Адвакат! — усміхнуўся Самсонаў, падаў руку.

— Можа, да мяне заедзем? — запытаў Гаптар.— Усё ж вы госці.

— Я за рулём...— усміхнуўся той.— А па-другое, і ўрачы забаранілі гэта...

— Вот табе і маеш! — махнуў рукою.— І вам, і Іванавічу забаранілі... Сустрэліся партызаны — і чаркі не могуць узяць...

— А ты бярэш яшчэ? — запытаў Самсонаў.

— Ды, дзякуй богу, яшчэ ніхто мне не забараняў...


5. МОЛАДЗЬ


Рабочы аўтобус спыніўся за павароткаю, перад Янкоўскага рачулкаю-канаваю. Якраз насупраць грыба-пачакальні.

Выйшлі тут усе з Бабчынага Скону: Бліны — Ядзя, Ірына, Альфонс і Здзіслаў — і яна, Антаніна. Гаптарова нявестка.

Аўтобус памчаўся далей — павёз у Янковічы, Налібакі, Церабейную ды ў Пруды гэткіх во, як яны, маладых рабочых з БМУ [5]. У БМУ рабілі людзі, лічы, з усяго раёна.

Бліны былі вясёлыя: сёння давалі на рабоце плату.

Дзяўчаты — поўныя, усе ў дзябёлую маці — неслі сумкі з хлебам і булкамі. Бліны-хлопцы — невысокія, шчуплыя, чарнамазыя, усе ў дробнага бацьку — у кішэнях пінжакоў мелі па пляшцы віна. Бліны любяць павесяліцца. Зробяць сёння вечарам у вёсцы танцы. Гуляць будуць яшчэ і заўтра, у суботу, і паслязаўтра, у нядзелю.

Несла пакоўную сумку і Антаніна — узяла тое-сёе з харчоў ў сталоўцы. У загадчыцы-сяброўкі. Сабе, у Гаптарову хату, і сваім бацькам: усё яшчэ — і пасля замужжа — лічыла: у яе дзве родныя хаты. І свёкрава, і бацькава.

Дзяўчаты, а за імі і меншы Блін (з Бліноў яшчэ на рабоце, у сельпо грузчыкам, сярэдні, Міхась) пашыбавалі ў блізкі лес, у Бабчын Скон. Ля Антаніны застаўся адзін Альфонс Блін. Самы старэйшы: яму недзе ўжо гадоў пад сорак. Хоць па росце ды па твары гэтага не дасі — як хлапчук які, падшыванец. Усе Бліны-хлопцы — як падшыванцы. Падобныя адзін па аднаго. Бо лупатыя на вочы і з ніжнімі адтапыранымі, аж відаць ніжні рад зубоў, губамі. Гавораць, гадоў пяць яшчэ таму Альфонс гойсаў па суседніх вёсках, сватаўся і да маладых, і да старэйшых дзяўчат, але ніхто за яго — ды яшчэ ў Бабчын Скон — не пайшоў. А гэтыя гады аціх, як зняверыўся ў сваім шчасці.

— Давай памагу,— сказаў з лагодаю. Як і заўсёды. Колькі робяць разам на будоўлі — ён тынкоўшчыкам, яна мулярам,— век на яе не крыкнуў, не пакрыўдзіў. Нават заступаецца, калі, бывае, да яе прычэпяцца хлопцы. А да яе яны ліпнуць. Толькі ступі каля іх — дык ужо і шчыпаюць за бок, толькі адыдзіся крыху ад усіх — дык ужо нехта з іх тут як тут, лезе абдымацца. Да Блінавых дзяўчат не лезуць, а да яе, замужняй, іх як магнітам якім цягне.

— Памажы,— яна падала яму адну ручку. І яны пайшлі поплеч, панеслі цяжкую сумку.

Наперадзе Бліны заспявалі. Па перадвячэрнім лесе пакацілася яшчэ глухое, прыглушанае дзённымі зыкамі, рэха. Ніжэла мігам сонца. Пакрыху само ружавелася, вычырвоньвала вакол сябе і неба.

— Ну, як настрой? — запытаў Альфонс.

— Ды добры. Круціць жа ў галаве! — адказала з жартам.— Не меней жа за цябе выпіла.

— Можа, яшчэ па кроплі возьмем? Маю...— падняў крысо пінжака, паказаў горлачка пляшкі віна, што выглядала з кішэні.

— Не. Там было з палучкі, за кампанію. А тут ужо другое будзе... Ужо, можна сказаць, і распуста будзе...

— Баішся свайго Уладака?

— Баяцца не баюся, але няхораша будзе: замужняя, а папівае сабе з хлопцам. Ды і Уладак не пойме. Так што падвесялішся яшчэ дома, і я падвесялюся дома...

Альфонс замаўчаў. Можа, нешта балючае і варухнулася ў яго душы: і ён, і яго сярэдні брат сваталіся — яна не пайшла. Выскачыла за Гаптаровага Уладака.

Прайшлі крыху моўчкі. Мінулі цёплы, запылены, зарослы травой маладняк, уступілі ў стары хваёвы лес. Тут ужо — ці то сярод густога чарнічніку, кустоў ядлоўцу, ці то тоўстых камлёў сосен — збіраўся морак. А можа, і ад скупых ценяў: яны клаліся, прыцемніваючы дол, ад высокіх верхавін.

— Пашанцавала твайму Уладаку,— сказаў Альфонс.

— Чым жа гэтак яму пашанцавала ўжо?

Зірнуў з пяшчотаю. Але не вытрымаў яе смелага позірку.

— Толькі дзве вас такіх цяпер і засталося ў Бабчыным Сконе: Гэлька ды ты...

— І якія ж мы? — пацвельвалася. Адчула: прыемна.— З другога цеста якога?

— Самыя харошыя,— адказаў.— Нават самыя красівыя. А гэта... Краса ест краса!

— Самыя красівыя ці некрасівыя — нам ужо, кабетам, усё адно,— усміхнулася,— а ты вот дачакаўся, дахаласцякаваўся, што ніводнай дзяўчыны ў Бабчыным Сконе не засталося. Ні красівай, ні брыдкой. Ці замуж павыходзілі за сваіх, у чужыя вёскі, ці ў горад выехалі. Адны дзеці засталіся.

— Твая праўда,— згадзіўся.— Ніводнай дзяўчыны ў Бабчыным Сконе няма. Толькі нашы Ядзя і Ірына. Каб і хацеў ужо ажаніцца са сваёю, дык няма каго браць. Як і нашым дзяўчатам тут хлопцаў няма: ніводнага ж у Бабчыным Сконе сталага халасцяка... Адны мы, Бліны, халасцякуем...

— Каб ты хацеў ачалавечыцца, дык ажаніўся б ужо даўно,— усміхнулася, гаворачы тое, што ўжо не раз яму гаварыла.— Па-першае, чаго ты так учапіўся за гэты Бабчын Скон? Чапляйся за БМУ ці Налібакі! Там знойдзеш усякіх...— пагарэзнічала.— І маладых, і пажылых, і красівых, і брыдкіх, чапаных і нечапаных... Гэта нашым старым цяжка адарвацца, а нам... Я з радасцю паехала б у БМУ ці ў Налібакі!..

— А я — не.

— Бо дурны, яшчэ па-старому жывеш, як і бацька твой. Калі тут мадзееш, дык бяры Гэльку. Мала што з трыма дзецьмі, але баба што трэба! І табе яшчэ траіх народзіць. Гаварылі ж летась, што будзеце сыходзіцца...

— Скажу табе як на споведзі: летась падмелася прыняць мяне, а сёлета нешта заўпарцілася: «Ты, кажа, хлопец, а я баба... Да мяне прывыкнеш, а вот да маіх дзяцей? Ці станеш ты ім бацькам? Можа, і не станеш. Дык ці варта нам сыходзіцца на бяду». Не пайму я яе...

— Калі ты такі нясмелы, дык і сцягаешся халасцяком. Запішашся ў Адвардаву каманду з Янковіч: таму ж халасцяку недзе пад восемдзесят ужо будзе. Без сям'і, без радні. Адзін, як наша Стэфусіха. Ходзіць ад хаты да хаты, з вёскі ў вёску...

— Відаць...— усміхнуўся Альфонс.— Хіба толькі дзе што выпадкам абарву... Дзе які мужык-целяпень не ўгледзіць. Вот і цябе зараз схаплю на рукі і ў лес занясу...

— Нараўлюся? — усміхнулася задаволеная.

— Ды хіба толькі мне аднаму! Усе яе мужчыны з цябе вачэй не зводзяць. Пакліч — дык любы за табою ўслед пойдзе! У агонь, у балота. На край свету.

— І з дзіцём мяне ўзяў бы? — з гарэзнасцю зірнула.

— Узяў бы.

— Ведама пра што гаворыш! Узяць бы, можа, і не ўзяў бы, а вось пагуляць дык пагуляў бы. Але, ведаеш, са сваім гуляць няёмка. Усё роўна ўведаюць у вёсцы. Ці сам пахвалішся, ці нехта падгледзіць.

— А з чужым? Падгуляла б?

Усміхнулася, нічога не адказала.

— Няўжо ты гэтак Уладаку верная? — па-свойму ён зразумеў яе гэтую ўсмешку.— І на красівага-раскрасівага якога не зірнеш?

— Ну, на красівага-раскрасівага, можа, і зірнула б. Адзін раз. Каб паглядзець, а як жа з ім?! — і засмяялася.— Ці гэтак, як са звычайным, ці лепей? Не толькі вы, мужчыны, на файных кабет кідаецеся, і мы, бабы, не проціў на чужога красівага мужчыну паглядзець.

— Вот ты якая! — як здзівіўся Альфонс.— Але, можа, дарэмна з мяне смяешся. Нядаўна мне наша прабабка Аршуля снілася. Прыйшла і бытта дала мне пярсцёнак. А пярсцёнак жа — гэта, як кажуць, на жаніцьбу...

— Казкі ўсё гэта! — усміхнулася Антаніна.— Тая старая баба і ваша прабабка-прарочніца! Нідзе, ні ў адной вёсцы ў сны не вераць, як мы тут. Лічы, самая вялікая ў нас навіна — гэта тое, хто які сон сасніў...

— Ты вот смяешся,— сказаў Альфонс,— а я вот думаю, што сны і праўдзяць. Жывём, ходзім па зямлі, але трэба калі падняцца і ў неба, зірнуць, што і дзе робіцца, хто ты сам такі, што з табою будзе. А як падымешся? Толькі ў сне...

— А я думаю, што ў нас гэта ад нашай цемнаты. Што не тэлевізар глядзім, а сны свае. Ды прыдумалі сабе: калі прысніцца ваша прабабка, нешта скажа, дык тое і будзе! Наслухаешся, дык і пачынаеш верыць. Яна і мне колькі разоў снілася, усё па лесе да грыбоў-баравікоў падводзіла. Гэта, як кажуць, да дзяцей, да багацця, да радасці...

— А ты нешчаслівая? — здзівіўся Блін.

— Адкуль я ведаю...— пацяпнула плечуком Антаніна.

«Сказала б я табе адно, але не скажу...— падумала, сама сабе ўсміхнулася.— Тое, што жыве ў сэрцы, трывожаць душу. Тое, што нібы забылася, але не забылася».

Прайшлі крыху моўчкі, як абдумваючы сваю смеласць у такой вось гамонцы.

«А лічы восем гадоў прайшло ўжо,— падумалася Антаніне.— З таго лета, як я скончыла дзесяцігодку. У Хатаве. Сабралася паступаць вучыцца ў інстытут на доктара. Паступала. Здала экзамены на чацвёркі. Але гэтага было мала. Не прайшла па конкурсе. Плакала, дурная. На людзі саромелася выйсці. Ды і стары Блін, і сыны яго вочы выядалі: доктарка ды доктарка!

І ў тое лета на практыку — у Лабунеў абход — прыехаў студэнт лесатэхнічнага інстытута, Толік Лукашэвіч. Высокі такі, бялявы, вочы блакітныя-блакітныя, як маладое, па вясне, неба. Стаў у Лабуні на кватэры. І кінуўся да вока. І я яму гэтаксама. Пачаў ён вечарамі прыходзіць да нас, сталі мы з ім позна сядзець на лаўцы каля бэзу. Добра расказваў ён: пра сталіцу, пра тэатры, кіно, кнігі, пра сваю практыку ў лесе... Ужо і не помню, як, калі, але цалавацца мы пачалі. І ў тую ж ноч наскочыла маці: адагнала Толіка, наказала, каб болей не прыходзіў, а мяне, хлішчучы ручніком, патурыла з крыкам у хату: «Дурная! Пагуляе ды паедзе. А ты што рабіць будзеш? Табе ж тут жыць. Усе будуць думаць, што гуляшчая...»

І маці крычала, і я ў адказ крычала, плакала: «Ён добры, ён не такі, як вы гаворыце. Яму тут няма раўні». Ды не памагло, не дала маці нам болей сустракацца. Ды і паехаў ён скора, папісаў крыху і заціх. А я ў тую восень магазін ад Ганны з Пільніцы прыняла.

Уладак пад зіму з войска вярнуўся. Высокі, файны такі. Пачаў хадзіць да мяне. А зімою мы пажаніліся ўжо. Лічы, ні разу добра і не пацалаваліся: не так самі сышліся, а бацькі нашы нас звялі.

А ці любіла я Уладака, ці цяпер люблю? Бог яго ведае. Прывыкла, вот і ўсё. Ужо і не ведаю, як бы з другім жыла... Жывём у дастатку, абое добра зарабляем, праз год які машыну купім. Уладак, лічы, не п'е. Але якое ў нас жыццё? Паасобку ды паасобку. Возьме сумку — і з'ехаў на тыдзень. А то і на два. А я адна ляжу ўночы на няўтульнай, халоднай пасцелі і думаю-гадаю пра жыццё-быццё. І як надумаешся, дык здаецца: не так мы жывём... Нешта трацім многа, паўз нечага праходзім міма... А вот у астатні час чамусьці стаў успамінацца Толік. Як нейкая няспраўджаная, самая дарагая мара... І чым больш жыву, тым больш твар яго забываецца, а тое маладое пачуццё не, наадварот, мацнее, трывожыць, некуды кліча. Як мацнее і нуда па нечым нязнойдзеным...»

Вось мінулі Янкоўскі хваёвы стары лес. За ім — за старою, лічы, зарослаю ўжо мяжою, старым капцом — пачаўся іхні хвойнік. Казалі, некалі тут нямала пралілося крыві: янкоўцыездзілі ўночы красці на латы, кроквы і дровы іхнія сосны, а мужчыны з Бабчынага Скону — янкоўскія. Часта лавілі адны адных, біліся.

За старым лесам пачаўся малады. Густы і яшчэ не ўпарадкаваны. За маладняком была лагчына. Увесну і ўвосень тут заўсёды стаяла процьма вады. Як во і цяпер, у сухое лета. Цэлая возера, як акінуць вокам. Нейкая ржавая, жоўтая. Разлілася і па алешніку, затапіла дарогу.

Вось з-за вады стаў бездарожны гэты шлях. Ні на калёсах, ні на матацыкле ці машыне не праедзеш. Калі хочаш сюды трапіць, дык трэба ехаць у Янковічы, потым за чатыры вярсты ў Налібакі, з Налібак — за тры вярсты ў Пруды, з Прудоў — за тры вярсты сюды, у Бабчын Скон. Калі прыязджае на легкавіку Гіполь з Мінска, дык і робіць такі круг.

А работы тут, кажуць, не так ужо і шмат. Пакласці трубы, каб па іх пацякла вада, насыпаць пяску.

Каля вады запыніліся: трэба было пераскокваць з грудка на грудок, з калоды на калоду. Альфонс узяў ад яе сумку і пайшоў першы. Вось захіляўся на камлюку, саслізнуў і плюхнуўся ў ваду. Па калені. Дык пасля гэтага больш не асцерагаўся, пакрочыў па гразі і вадзе.

Яна здолела пераскочыць, не абпырскацца нават.

— Ты як каза! — пахваліў.— Спраўная!

— Я ўсюды спраўная! — пажартавала.

За лагчынаю пачаўся змешаны лес — рэдкія бярэзіны, алешыны, хвойкі. Тут былі цэлыя плантацыі пруцікаў, багуну. А гэтаксама і журавін. Больш нідзе ў акрузе журавін не было. Разпалесіца цягнулася аж да Лабуневай сядзібы. Да ўзгорка.

Мінулі Лабуневу хату. Насустрач ім — ці не з Хатавы — тупаў конь. Лабунеў. Сам Тамаш сядзеў на лежаку калёс, спусціўшы праз драбінкі ногі ў кірзавых ботах. У выпаленай на сонцы леснікоўскай фуражцы, у расшпіленым на ўсе гузікі пінжаку. З-пад фуражкі звісалі павітыя, як у барана, кудзеркі чорных валасоў.

— Удваіх шпацыруеце? — усміхнуўся, выскаліў буйныя здаровыя зубы.— Падкажу Уладаку — укіну ката ў хату...

Альфонс маўчаў. Як яна заўважыла, ён у апошнія часы з хмурнасцю ды са злосцю, спадыбла пазіраў на Лабуню. Можа, і за Гэльку. Пайшлі ж чуткі, што яны з Лабунем спатыкаюцца ўночы, любяцца.

— Ты сам пра таго ката думай...— адказала яму Антаніна.— Бо ў тваю хату скарэй яго ўкінуць. Як таму Мелехаву...

Лагуня мігам зачырванеўся. І так ружовыя шчокі сталі як памідорыны.

Антаніна з перамогаю ўсміхнулася: гэта яна выдумала, што Тамаш падобен на Мелехава з «Ціхага Дона». Яшчэ калі хадзіла ў школу і чытала гэтую кнігу, дык і ўздумала, што іхні Тамаш падобны на Мелехава. І позірк хмурны, як ястрабіны, і нос гарбаты, і валасы кучаравыя, век пасма з-пад брыля выбіваецца! Праўда, ніхто ў вёсцы так і не пачаў называць Тамаша Мелехавым. Называла жартам толькі яна адна. А вось нядаўна адзін на адзін і пакеплівала: «Ну што, Мелехаў, падходжваеш да Аксінні?!» — «Якая табе яшчэ Аксіння! — адмаўляўся ён.— Пляцеш вот абы-што!»

— Пачакай, пачакай! — Тамаш вось цяпер збянтэжыўся ды адразу і спахапіўся (ведаў, чаму яна называе яго Мелехавым).— Раскажу вот калі, што ты рабіла некалі з тым практыкантам! Дагэтуль не расказваў, бо хацеў, каб ты замуж пайшла, каб жыла добра. А вот цяпер усё раскажу...

— Раскажы, раскажы...— пакеплівала Антаніна.— Пра тое, што было, ды травою зарасло. А я тады распавяду ўсім пра Грышку Мелехава ды пра Аксінню...

Тамаш не спыніўся, праехаў. Але азірнуўся і ўсміхнуўся. Мусіць, гадаў: што ж і яна, і Альфонс ведаюць пра яго? Ды як чуе ўсё гэта Альфонс?

«Каб не Альфонс, я табе не гэта сказала б...» — было ў позірку Антаніны.

Альфонс маўчаў. Антаніне не цярпелася сказаць усё ў вочы, паглядзець: а як будзе паводзіць сябе Блін? Яна любіла часам вось так «пашчыкатаць нервы». Але змаўчала. Толькі ўсміхнулася сама сабе.

Мінулі зялёны выган, хаты Даргевічаў. Блін, махнуўшы ёй рукою, папраставаў у свой пахілены дом, а Антаніна — да бацькоў, да Найдзёнаў.

У прасторнай светлай хаце былі кабеты: маці і братавая. Маці сядзела пры печы на зэдліку і біла масла — махала ўверх-уніз калатушкаю. Пасярод бойкі падымалася шапаткая смятана. Братавая перабірала суніцы — на дварэ, на агеньчыку, ужо стаяў адзін чыгун з варэннем.

Антаніна не віталася: была тут раніцай. Паставіла на столак пры стале сумку, дастала з яе загорнутыя ў белую паперу фарш, кілбасу, булку і бохан чорнага хлеба.

— Вот вам,— сказала, села на столаку, выцягнула стомленыя ногі — у запыленым трыко, у паўкедах.— Можа, што смачненькае засталося з полудня?

Братавая кінула на яе хуткі позірк: канечне, была незадаволеная, што яна ўсё яшчэ не адвыкае ад роднай хаты, часта заходзіць, паводзіць сябе тут як гаспадыня, можа і сама зайсці ў кладоўку, нешта сабе ўзяць. Але нічога не сказала. Адарвала ад папяровага пачка верх і пачала сыпаць у міску, на чырвоныя, як агонь, суніцы, белы цукар.

— Усё з'елі, што варылі. Хіба пакаштуй ужо варэння з хлебам,— адказала маці, змахнула пальцам смятану назад у бойку.— Налі, Маня, у місачку.

Нявестка моўчкі ўзяла з паліцы талерачку, падалася на двор.

— Я яе скора, мусіць, да кіпення давяду?..— усміхнулася Антаніна.— Не наравіцца ёй, што я заходжу. Хочацца ёй самой быць гаспадыняй.

— А табе ў Гаптароў не хочацца? — усміхнулася маці.

— З мяне благая гаспадыня. Я не хачу ўваходзіць у гаспадарку. Хай робіць усё Гаптарыха, як хоча. Памагу ды памаўчу, калі бурчыць за што. Ды грошы паціху збіраю. Сваю і Уладакаву плату на кніжку кладу, а жывём на пенсію ды плату старога. Выберуся куды — дык усё куплю сваё...

— Вот хочацца табе выбірацца! Там ужо не паспіш гэтак, сама будзеш гаспадарку глядзець, мыць, есці варыць, хату прыбіраць...

— Звару, памыю. Хіба не ўмею? — не забаялася Антаніна.— А гаспадаркі ніякай заводзіць не буду.

— Ого, якая мондрая! А дзецям, сабе адкуль млека, сала возьмеш?

— Будзе, абы мы былі. Выпішу, на саўгаснай ферме браць буду.

— Хоць ты і гаворыш вот гэтак, дзеўка, але я табе скажу другое: не паедзеш ты нікуды...— усміхнулася маці,— Гэта ж толькі што свёкар твой з раёна вярнуўся. Сюды заходзіў. Дык казаў: нам электрыку правядуць, дарогу паправяць, аўталаўка будзе прыходзіць...

— Ну і што? Усё роўна гэта не навек, а на год ці на пяць гадоў, усё роўна прыйдзецца рана ці позна перабірацца.

— А вот свёкар твой кажа: будзе тут для вас хату ставіць.

— От! — незалюбіла Антаніна.— Сядзі тут, у глушы! З ласямі ды з ваўкамі!

— Так ужо і з аднымі звярамі! — пакрыўдзілася маці.

— Так жа ўсе пра нас думаюць... «А, з Бабчынага Скону! Ды вы там...» А чым я горшая за другіх? Нічым. Але, калі добра падумаць, нечым і горшая. Маю я вот і крымпленавыя, і яшчэ самыя новыя, модныя сукенкі, касцюмы, маю французскае паліто, аўстрыйскія боты, замшавыя туфлі, залатыя пярсцёнкі! А хіба тут адзенеш, абуеш гэта? Дзеля каго? Куды? А ў Налібаках я адзелася б пані паняю і ў магазін адзін, другі зайшла б, у кантору ці ў клуб. І людзей убачыла б, і сябе паказала б. Была б як і ўсе. Самая модная. Ці вунь пасуды колькі ў нас добрай — сярэбраныя лыжкі, відэльцы, нажы мельхіёравыя, дываны дарагія, а хто іх тут бачыць, дзеля каго гэта дастаеш! Ды і без святла, тэлевізара, праса надакучыла ўжо жыць. Людзі кіно, канцэрты, перадачы ўсякія добрыя глядзяць, усё пра ўвесь свет ведаюць у век атама і космасу, цывілізацыі! А мы? Слухаем, што Блін салжэ! Самая вялікая навіна ў нас, калі прыйдзе пошта, ці ў каго апаросіцца свіння, ацеліцца карова, ці Адась Даргевіч зноў выганіць з хаты жонку, а сам будзе падпальваць хату...— І потым ужо як дала апошні прысуд: — у Налібаках і ў Дзераўной смяюцца ўжо даўно з таго, як мы тут жывём...

Маці ўзрушыла гэтая яе прамова. І вельмі: аж пляміны выступілі на шчоках. Але яна адказала надзіва спакойна:

— Дык едзь хоць на край свету, калі табе гэтак апрацівела ўсё тут...— Угнула галаву і пачала біць масла. Не хацела больш спрачацца.

— Ды на край свету не паехала б, а ў горад які ці хоць бы і ў Налібакі — з радасцю! Але... Што гаварыць! Нервы порціць... Пайду,— уздыхнула. Нібы загладзіла сваё абурэнне.— У вас добра, а дома лепш.

Апошняе — пра дом — сказала ўжо з усмешкай. Маці на гэта не абзыўнулася і словам. Але наўздагон, калі ўжо Антаніна была ля парога, прамовіла:

— Адно я скажу табе, дзеўка: не грашы! Не грашы, такіх бацькоў, а цяпер і такіх свёкраў меўшы! Жывяце на ўсім гатовым, як сыр у масле плаваеце... Свёкры самі і соткі садзяць, выбіраюць і скаціну гадуюць, і вам грошы на машыну памагаюць збіраць, дзіця ваша выгадавалі... А вы як госці ці кватаранты якія. Як маладыя, у Янковічы, у Налібакі на танцы, у кіно ездзіце. Ды вам яшчэ лепш, чым у горадзе... Там трэба ўсё самім рабіць... А вы жывяце ў вёсцы, але адвыклі ад зямлі, ад гаспадарскай работы. Каб некалі, дык табе б сказалі б: ідзі куды хочаш! Але не палучыш ні зямлі, ні пасагу! Дык не пайшла б, пільнавалася б. І бацькоў слухалася б, усё рабіла б, абы не ўгнявіць. А цяпер што — ні зямлі, ні лесу вам не трэба... Нейкія вы цяпер... Не гарадскія, але і не вясковыя ўжо... Адарваліся ад зямлі, але да неба не ўзляцелі. Носіць вас нешта туды-сюды...

— А нас вам, можа, ужо і не зразумець...— запыніўшыся ў парозе, прамовіла Антаніна.— Вы, як пішуць у газетах, традыцыйныя, спрадвечныя сяляне. Дык у вас і думкі яшчэ пра ўсё старое. Не тыя, што ў нас. Бо мы ўжо новыя людзі. Мы ўжо не сяляне. Мы вясковы рабочы клас. Вот. Панятна?

Маці нічога не адказала. Потым, не падымаючы галавы, буркнула:

— Што ж зробіш, калі я ўжо такая дурная! Калі нічога ўжо не панімаю... Жыві па сваім ужо, новым розуме...

— Чым далей у лес, тым болей дроў,— усміхнулася Антаніна і падалася з хаты.

Сустракалі яе Уладак з сынам. Першы, угледзеўшы яе, пабег насустрач сын. Высакаваты. У іх, у бацькоў.

Падбег, скокнуў, абвіў ручкамі шыю.

— Ой, цяжка, Юрка! — паскардзілася яна з радасцю.— Мама ж твая нарабілася, рукі ды спіна баляць. Ды сумка во ў руках.

Сын не саскокваў — і яна пацалавала яго ў шчаку. Адчувала: сын цяжкі, ледзь утрымаць. Значыць, і здаровы, дужы. Яшчэ не ходзіць у школу, толькі налета пойдзе, але ўжо большы за каторых другакласнікаў.

Апусціла сына на зямлю. Ён, пылячы нагамі, пайшоў побач, зазіраў у сумку: што яна прынесла смачнага?

Ля варот стаяў Уладак. Высозны, з шырокімі плячыма, але на твар худаваты, востры, з доўгім носам і вялікімі, крышку запалымі вачыма. З капою чорных валасоў на галаве. Быў у трыко, у басаножках на босую нагу.

— Хоць бы пагаліўся...— папікнула яна. Любіла папікаць, бурчэць. І найбольш на яго, на мужа. На свёкра не бурчэла: паважала і саромелася. А свекрыві пабойвалася: той скажы адно слова, а яна сыпане дзесяць у адказ.

— А хіба што і сёння будзе? — пажартаваў. Грубавата. Што з яго возьмеш! Трэцца каля гэтакіх, як і сам, дык і не ўмее па-людску што сказаць.

— А ты што думаў? — гэтакім жа жартам, наўмысна, адказала і яна.— Думаеш: з'ехаў на два тыдні з дому, прыехаў на дзень, крыху пагладзіў па галаве жонку — і яна задаволеная на месяц будзе?

— Ого! — паківаў галавою.— Я і пасля сённяшняй ночы ледзь жывы...

— Што ж ты тады за мужчына!

— Некалі, як не было яшчэ Юркі...

— То некалі...— паківала галавою.— Тады была я зялёнае дзяўчо... А вот цяпер... Цяпер я баба...

І жартавала, і заадно гаварыла злосна. Здзекавалася з яго. І, як ніколі, з гэтай злосцю і з жартам гаварыла і праўду. Тое, што даўно ўжо цяжкім каменем ляжала на яе душы.

— Я табе... — выпрастаўся ён, узяў ад яе сумку, пайшоў побач.

«Толік зусім не такі! Быў бы далікатны, інтэлігентны... А Уладак... Што з яго возьмеш! І што сама зробіш: звыклася і з усім гэтым...»

— Знайду, знайду сабе і другога...— пагразілася яна.— Бо не думай, што я табе так ужо і веру. Не бывае дома два тыдні, прыедзе, прылашчыцца, а потым і ў той бок не глядзіць... Пэўне, маеш там сабе бабу...

— А мужчыну і можна мець другую. У запісной кніжцы...

— А бабе — другога?

— Бабе — не.

— Дык чым жа яна горшая? Калі любіш толькі аднаго свайго мужыка, дык крыўдзіш астатніх добрых мужчын.

— Ну-ну! — і жартам, і ўсур'ёз усклікнуў.— Выкінь усё з галавы. Кніжак начыталася, дык пляцеш вось абы-што.

— Пры чым кніжкі! Пра сваё гавару. Жыву ж, як удава...

— А што яе мне рабіць? — ужо сур'ёзна запытаў Уладак,— Кідаць экскаватар, застацца тут? Будзем кожны дзень разам, але што ж я тут буду рабіць? Прагнаць Бліна і стаць конюхам ці ісці замест бацькі пчаляром? Ці да вас мулярам, ці цэглу падносіць? Але ж колькі я зараблю? А так я, сама ведаеш, на сваім экскаватары і дзве, і тры сотні, а бывае, і больш: у месяц выганяю...

— А я табе кажу тое, што і трэба,— ужо спакойна, без іроніі прамовіла Антаніна.— Трэба нам выбірацца адгэтуль. Ці ў БМУ, ці ў Налібакі. Там мы і рабіць разам будзем, і жыць. Адны... Без нянек... Паглядзім, а чаго мы самі вартыя. А што меней заробім, дык такой бяды.

Зірнула ў двары ў акно: з кухні пазіралі на іх і на іхнюю гульню свёкры.

Тыя сядзелі каля стала, адно насупраць аднаго. На стале паміж імі ляжала разгорнутая газета. На доўгім свёкравым носе ліпелі старыя, з ніткаю замест дужак акуляры. Свёкар, відаць, чытаў дагэтуль. Уголас. Бо і зноў адвярнуўся, уткнуў твар у газету.

— Вясёлы сёння бацька,— усміхнуўся Уладак.— Будзе канчаць наш дом. Кажа: па вясне і пяройдзеце...

— А ты і рад? — папікнула яна. Нязлосна, ужо змірыўшыся, што давядзецца яшчэ шмат жыць тут.— Уперліся старыя, не пускаюць нас да людзей, бо баяцца вялікай вёскі, як і баяцца адны тут на ўсё сяло застацца...

— І твае ж проціў...

— І мае гэтакія. Думаеш, лепшыя? У старых адно ў галаве...

— Дык і застанёмся, не прападзём. А каб не звёўся Бабчын Скон, дык будзем дбаць пра дзяцей. Каб іх было на ўсю новую вялікую хату. А старыя хай памагаюць гадаваць... Ужо ж, можа, знайшлі дачку?

— Ну і дурны ж! — таўханула ў бок локцем.— І не думай, што я дурная, што буду дзецьмі абсыпацца! Яшчэ адно, самае вялікае, два нараджу — і хваціць. Як і ў горадзе...

— Вот не ва ўсім трэба раўняцца на горад.

— Гавары гэта некаму,— перапыніла,— але толькі не мне...


6. УДАВА ГЭЛЬКА


— Ды не плач ты гэтак, а скажы: дзе табе баліць? — запытала Стэфусіха, седзячы на краі ложка і мацаючы жывот самага меншага Гэльчынага сына, Юзіка.— Тут баліць?

— Баліць,— з плачам адказаў хлопчык.

— А тут?

— І тут баліць.

— Мусіць, трэба, цётачка, бегчы да Бліна, папрасіць каня ды везці дзіця ў Дзераўную, у бальніцу,— сашчапіла рукі Гэлька. Моршчылася, нібы намагаючыся забраць сынаў боль сабе. Абы яму было добра.— Гэта ж так раптоўна схваціла.

— Лобік, скроні не гарачыя — палу няма,— сказала, супакойваючы, Стэфусіха.— Дык і нічога страшнага няма. Так нешта. Можа, што і з'еў благое.

— Усё ж еў, што і заўсёды ядзім. Усё варанае, чыстае.

— Ваду з рэчкі піў? — запытала Стэфусіха, усё мацаючы і мацаючы Юзікаў вузкі і худаваты жывот.

— Не-э.

— Грыбэ ці ягады дзікія ў рот браў?

— Не-э,— моршчыўся, енчыў малы.

— З зялёнай садавіны што еў?

Малы з хвіліну заціх, з асцярогаю, а то і са спалохам зірнуў на маці. Прамаўчаў, а потым зноў зморшчыўся, заплюшчыў вочы і застагнаў.

— Не выцерпеў, яблычкаў пакаштаваў?— усё дапытвалася Стэфусіха.

— Не-э.

— Слівак зялёных?

Малы адплюшчыў вочы, зірнуў на ўсіх з віною.

— Ну, з'еў хоць з адну сліўку? — усміхнулася Стэфусіха.

— Адну толькі...

— Не адну, а многа з'еў,— падказала сястра, Стася. Яна сядзела паблізу, абапёршыся падбародкам на біла жалезнага ложка.

— Не многа...— апраўдваўся Юзік.

— Ну вот і ўся хвароба...— усміхнулася Стэфусіха.— Пабаліць ды пройдзе само па сабе. Няможна ж многа есці зялёнага. Ды і саспелага тэж. Усё трэба ў меру есці. Давай, Гэлька, яму паболей вады. Няхай п'е — дык і аціхне боль.

Гэлька — крыху паспакайнелая — хутка пайшла ў парог хаты, узяла вялікі кубак, зачарпнула вады з вядра — вядро вісела на кручку доўгага дрота. Прынесла. Падала сыну. Той падняўся, абліваючы падбародак, шыю, пачаў піць. Выпіў усё.

— І яшчэ давай,— сказала Стэфусіха,— хай яшчэ пап'е.

— Я больш не хачу.

— Калі хацеў грызці зялёныя слівы, дык цяпер пі ваду. А то замучыць жывот.

Вось так папікнула і адышлася. Села каля стала. Каля яго сядзеў самы большы Гэльчын сын, Казік. Ужо ладны падлетак. Гэтакі файны, як і маці. Чытаў кнігу.

— Не сляпі, сын, вочы,— напаіўшы хворага, цяпер ужо і на яго, старэйшага, зірнула Гэлька.— Цёмна ж ужо. Запалі хоць лямпу,— і, павярнуўшыся да госці, дадала: — Я і не ведаю: добра гэта ці не? Чытае і чытае! І пры святле, і ўпоцемку. Абы ўбачыў кніжку, дык хваціць і не адарвеш... Гэта ўжо ведае Гаптар стары, дык, калі ні едзе ў горад, заўсёды кніжку яму якую прывозіць. І цяпер прывёз.

— Што ж тут благога? — як задзівілася Стэфусіха.— Мае ахвоту, дык няхай чытае. Вучаны ж будзе. Як і Гаптароў Гіполь...

— Дык не ўпоцемку ж чытаць. Так змоладу вочы папсуе,— прамовіла Гэлька, падняла галаву і з дакорам зірнула на электрычную лямпачку, што — запыленая, абпэцканая мухамі — бездапаможна звісала са столі. Потым зірнула на меншага сына: той ацішэў. Падышла, села насупраць госці.

— Да якой клясы твой большы пойдзе? — запытала Стэфусіха.

— Да шостай,— адказала Гэлька.— Дзеўка — да трэцяй, а гэты хворы налета пойдзе ў школу.— Зноў павярнулася да старэйшага, да Казіка: — Ідзіце ўжо спаць, дзеці. Набегаліся ж за дзень, нарабіліся...

«Добрыя яшчэ ў мяне дзеці, няма чаго богу грашыць,— падумала Гэлька.— Казік, лічы, ужо гаспадар. І карове есці дасць, і напоіць, і дровы падзяўбае, і каня запражэ, пабарануе, касіць ды араць вучыцца... І меншыя памагаюць. Грады, соткі полюць, подсціл карове прыносяць, кожны год сабе ягадамі, плывуном, грыбамі на кніжкі ды на апраткі, абутак самі заробяць... І, дзякуй богу, ніколі не бывае, каб у хаце вывелася капейка... Хоць сотня якая, але ест... Заўсёды маю за што хлеб, цукар, соль купіць...»

— Становяцца на ногі і твае дзеці,— прамовіла Стэфусіха, паківала галавою, гледзячы, як укладваюцца малыя, а потым палаяшла падбародак на кулакі, што былі на верху кіёчка.— Кончаць школу — і пойдуць сваімі сцежкамі. Тое далей вучыцца, тое ў войска... А ты адна застанешся... Пастарэеш — і будзеш дажываць сваё адна, як і мы ўсе, старыя бабы.

Гэлька замаўчала. Ды што сказаць? Яна ж не вінаватая, што аўдавела гэтакая маладая. Жыў бы яе Сцяпан, дык, можа, і яшчэ былі б у іх дзеці...

— Дык бяры каго ў прымы. Ты ж яшчэ зусім маладая. Цяжка ж у такія гады ўдавою быць...

Каб не сядзець моўчкі, Гэлька падхапілася, адчыніла шуфляду. Узяць запалкі. Абмацала іх, зашастала.

— Ды не запальвай ты, Гэлечка, лямпы,— як папрасіла Стэфусіха.— Я надурыла ўжо табе галаву, дык пацягнуся дадому. А ты кладзіся спаць: табе ж і заўтра раненька падымацца. Летняя ночка маленькая. Толькі сплюшчыш вочы — ужо і сонца ўстае... А ўлетку гэтак не хочацца рана падымацца. Здаецца, яшчэ хоць бы крышачку паспаў бы! Надта тады, калі ты яшчэ дзяўчына ці маладая кабета...

— Праўду вы кажаце, цётка,— усміхнулася Гэлька. Паслухалася старой, лямпы не запаліла.— не хочацца да ўсходу сонца падымацца. Здаецца, як вы кажаце, хоць бы хвіліначку яшчэ паспаць.

Нарэшце Казік загарнуў кнігу і падаўся да тапчана, што стаяў пры самай печы. Сцягваў на хаду кашулю. Высокі, з шырокімі плячыма.

«Далібог, ужо мужчына! — і зарадавалася, і напалохалася Гэлька.— Праз гадоў пяць-шэсць кавалер, у войска ісці! А я, значыць, як во цяпер Гаптарыха ці Найдзёніха, пастарэю, старой бабай буду. Так нічога маладога, добрага, лічы, і не ўбачыўшы...»

— Вот пакуль дзеці малыя, дык брала б ты, кажу, Гэлечка, гаспадара ў хату,— як угадаўшы яе думкі, сказала Стэфусіха.— І дзяцей паможа на ногі паставіць, і будзе з кім век дажываць.

«Чаму — дажываць? Я ж яшчэ не старая. Я магу яшчэ жыць ды жыць, як і ўсе маладыя людзі! Ці ўжо так і заведзена: калі ты засталася ўдавою, дык ужо табе не жыць самой. Дзяцей на ногі падняць, а самой толькі д а ж ы в а ц ь?»

— Няма ж, цётка, у нас мужчын-удаўцоў,— саромеючыся, адказала яна.— А ў другія ж вёскі я сама не пайду шукаць сабе гаспадара. Ды ці пойдуць сюды з другіх вёсак мужчыны? Тут жа ім ніякай работы няма. Цяпер усе нашы да людзей, да вялікага гурту цягнуцца.

— Добры быў твой мужык-нябожчык...

— Добры...— уздыхнула Гэлька.

— Працавіты быў, і ўдзень, і ўночы ўсё дзяўбае і дзяўбае на дварэ. І мне многа памагаў.

Гэлька маўчала: да горла падкаціўся даўкі камяк.

— Дык, можа, перабіралася б ты ў Налібакі... Там...

— Што вы кажаце, цётка! — махнула рукою Гэлька.— Куды ж я з малымі дзецьмі ў свет паеду? Абы толькі замуж выйсці? Не. Як ужо ест, так хай і будзе. Усё ж лягчэй жыць каля сваіх людзей: той нейкую параду добрую дасць, той паможа.

— А вот нявестка Гаптарова рвецца ў Налібакі...

— Яна не адна ж, а з мужам, дык і... Ды, можа, хоча сама па сабе гаспадыняю быць.

— Летась жа казалі: Блінаў Альфонс хацеў да цябе ў прымы прыстаць...

— Дык ён жа хлопец, цётка. А я хто?

— Была б дзяўчына ў вёсцы, дык узяў бы дзяўчыну. Але ж дзяўчат у нас няма. Вот ён і горнецца да цябе...

«Блін Блінам,— падумала Гэлька.— Здаецца, неблагі хлопец. Я яму, можа, і нараўлюся, але ж ён мне... Вот каб другога каго, па кім сохну ды плачу, калі ён ад мяне пойдзе, дык таго з радасцю ўзяла б... Але ж ён жанаты, жонку, дзяцей мае...»

— А ці сняцца табе якія пярсцёнкі? — запыталася Стэфусіха.

— Не,— унурыла галаву Гэлька.

— А што ж табе сніцца? Што табе Блініха кажа?

— Дык усё яна бытта прыносіць новыя боты, туфлі...

— Боты, туфлі — гэта кавалеры, не муж...

Гэлька замаўчала.

У хаце ўцямнелася. Яна ўжо і не бачыла Стэфусішынага старога твару. І тая, канечне, не бачыла яе вачэй. Слёз у іх. Развярэдзіла старая яе больку. Канечне, таго не хочучы. А якраз наадварот, дабра жадаючы.

— Я ж, Гэлечка, па-старому думаючы, сказала,— апраўдвалася Стэфусіха.— Шкода мне цябе. Маладая, гэтакая файная, а вот гаруеш адна. А колькі таго нашага, бабінага, веку, бабінай маладосці? І не ўбачыш, як усё мінецца! Дык і трэба жыць у маладыя гады па-маладому.

Гэлька маўчала. Потым у цішыні пачула: зазваніў колцам па дроце сабака. Пабег ад хаты да хлява. І зноў стала ціха.

«Ён!» — зайшлося сэрца.

Цікнула ў акно.

«Хоць бы ў хату не зайшоў! Стэфусіха ж тут!»

Зноў зірнула ў акно. І зноў нічога не ўбачыла. І не пачула. Не вытрымала, падхапілася.

— Вы, цётачка, пасядзіце,— сказала нібы чужым голасам,— а я выскачу на двор. Гэта ж, здаецца, я хлеў добра не зачыніла.

— І я пайду ўжо, не буду замінаць табе. Адпачывай, дачушка.

«Якая я грэшніца,— падумала Гэлька.— Ведаю ж: вялікі грэх, што чакаю, прымаю, але не магу сябе перасіліць...»

Гэлька падалася з хаты першая. Дзвярэй не зачыняла. Стэфусіха асцярожна, стукаючы кійком ды абапіраючыся аб сцены, тупала за ёю.

Выйшаўшы на двор, Гэлька аж анямела. Ля плота цямнела яго постаць. Побач падскокваў, лашчыўся сабака.

— Хавайся! Стэфусіха тут, у мяне...

Ён ценем кінуўся да дрывотні. Знік у ёй. Следам кінуўся і сабака, запыніўся, драў лапамі за дзверы.

Выйшла Стэфусіха.

— О, якая парнасць! — сказала.— Будзе ўжо на днях навальніца.

Патупала з двара.

Гэлька, падтрымліваючы яе за локаць, пайшла побач. Адчыніла брамку.

— Ну, будзь здаровая, кабета.

— Спакойнай ночы, цётка.

Тая выйшла на сцежку. Гэлька пачакала з хвіліну, калі старая адыдзецца, схаваецца ў цемені, а потым хуценька пакрочыла па двары да дрывотні. Адпіхнула сабаку, зайшла туды. І адразу трапіла ў абдымкі.

Не спалохалася. Ведала, што гэтак трапіць.

Тамаш, пахнучы лесам, дымам, здаецца, і сухім сенам, прытуліў і гладзіў шурпатаю, як тарка, рукою па плячах, па паясніцы, а потым сціснуў аберуч.

— Ну што? — усміхнулася яна.

— Ды нічога,— адказаў.— Ледзьве дачакаўся вечара.

— Даўно бачыліся?

— Ды даўно. Аж чатыры дні!

Яна не паспела нічога прамовіць, хоць хацела пажартаваць. Чамусьці заўсёды яны ў такія, начныя, сустрэчы жартуюць, гарэзуюць, як маладыя. Даткнуўся калючаю шчакою да яе шчакі. Сухімі губамі знайшоў яе. Пацалаваў. Яна разамкнула вусны і адказала доўгім пацалункам. Абхапіла рукамі за шыю, прыціснулася грудзьмі да яго дужай і цвёрдай, што камень, грудзіны.

Сціснуў, аж не было чым дыхаць. І цалаваў-цалаваў. У шчокі, у шыю. Закружылася галава. Як у п'янай.

Маўчалі. Толькі парывіста, нібы ад доўгага бегу, дыхалі. Ужо, здаецца, не было ў галаве думак, бо гэтая галава не цяміла. Ні пра што. Ні пра кепскае, ні пра добрае. Толькі пякла кроў у жылах ды вабіла непераадольная цяга адно да аднаго.

Ён, мужчына, быў болей разважлівы. Вось павёў яе далей ад дзвярэй. Ці тут, у дрывотні, было напраўду ўжо так цёмна, хоць выкалі вока, ці яна заплюшчвала вочы: яна нічога не бачыла. Толькі адчувала: вось зачапілі па дарозе кошык з зеллем, ткнуліся да невысокай складні сухіх дроў.

Здаецца, падняў яе на руках? Нашто? Каб у яе зусім закружылася галава? Дык яна і так кружыцца. І не толькі яна. Але і ўся яе сядзіба, Бабчын Скон і нават увесь вялікі свет. Яна цяпер толькі адна ў гэтым свеце. І яшчэ Тамаш.

Тамаш апусціў яе на дол. Праз якую хвіліну пачаў зноў цалаваць яе, яна ціха застагнала і, здаецца, узляцела ўвысь, як пылінка, і паплыла-паплыла, нібы знікаючы ў велічнай прасторы.

А пасля было раптоўнае вяртанне ў Бабчын Скон, да сваёй сядзібы. Доўга ляжалі ціха побач. Толькі ён гладзіў рукою яе па галаве.

Вось цяпер адчувалася, што ўсё ж мулка ляжаць на трэсках, што вострая стрэмка коле ў шыю. Паварушылася. Але падымацца не хацелася. Падымецца — і ён пойдзе. Зноў на некалькі дзён. А яна, будзе адна. Дзень-два паходзіць як у сне, са сваім сарамлівым шчасцем, а пасля зноў будзе чакаць увечар, ці не рыпне брамка, ці не пачуецца лёгкі стук пальцам у шыбіну.

— Я ж табе сена прывёз,— азваўся ён.— За гумном конь стаіць.

— Дзякую, Тамашка,— ціха прамовіла яна, ускочыла на ногі і зашпіліла халат.

Ён стаяў зусім паблізу. Высокі, дужы.

Відаць, гэтаксама як і яна, адчуваў і ён, як гараць вусны, баліць ад поціскаў шыя, як супакойваецца бурная, гарачая, нібы з агнём, кроў, як на душы становіцца спакойна, радасна і крышку ўжо сарамліва. За гэтае, патаемнае, шчасце.

— Дык хадзем,— сказаў ён і першы ўжо, як гаспадар, папіхнуў гэтыя дзверы, падаўся на двор, на прыгуменне.

Паблізу шарэліся высакаватыя калёсы з сенам.

Пакуль яна адчыняла дзверы гуменца, ён ужо адвязаў вяроўку, скінуў жэрдку і пачаў пхнуць бліжэй да гумна воз. Падцялежыўшы, упёрся спіной, перакуліў.

Сена запала, лічы, у гумно.

Адагнаў каня, вярнуўся. З сахаром.

— Увапхну ў гумно,— сказаў,— а заўтра сама, ужо за відном, укінеш у загарадку.

Мігам ссунуў сена ў гумно, тое-сёе з растрэсенага падабраў рукамі з зямлі, зачыніў дзверы.

— На тым тыдні яшчэ падвязу гэткаю парою.

— Дзякую табе, Тамашка. Вот і будзе пахнуць сенам у гумне.

— Ды будзе сена,— усміхнуўся.— Дам яшчэ тую, што і летась даваў, дзялку. Там сёлета трава ў твой рост. Папросіш Гаптара, каб выкасіў. Ды яшчэ каго. А цяпер пара мне ўжо ехаць, будзь.

Падышоў, ужо не парывіста, а пяшчотна прытуліў, пацалаваў у шчаку. І яна адказала далікатным пацалункам.

Але калі ён адышоў, падабраў лейцы, гопнуўся на калёсы і ад'ехаўся, адчула гаркату: няхай бы ён нікуды не ехаў, заставаўся тут. Як гаспадар, як яе муж! Яна гэтак бы яго любіла, гэтак добра жылі б з ім! Была б, можа, самая шчаслівая кабета ў Бабчыным Сконе. І не толькі ў вёсцы, але, можа, і на свеце.

Стаяла і слухала, як ляскаюць колы ды тупае конь. Дагэтуль, пакуль чула.


7. ВЕТЭРАНЫ


Блін вярнуўся з канторы саўгаса ўзрушаны.

Якраз — суботаю — усе былі дома. Маці, жонка, дзеці. Хлопцы галіліся, прасаваліся, дочкі круціліся каля люстэркаў — збіраліся на гулянку. Пэўне, у Янковічы: там сёння танцы.

Блін паклаў на стол сетку з хлебам, цукрам, соллю ды з цыгарэтамі, з пляшкамі гарэлкі і віна, сеў на лаве. Зняў брылёўку, выцер далонню потны лоб. Ціхенька задзынкалі медалі на яго грудзіне.

— Пэўне, усе ваўкі ў лесе здохнуць,— усміхнулася жонка, Стэфа. Яна сядзела пры стале і са свекрывёю перабірала шчаўе.— Быў у Налібаках і вярнуўся цвярозы. Дзіва!

— Знайшла дзіва! — ухмыльнуўся.— Я табе зараз, хай яго халера, не такое дзіва скажу...

І замаўчаў.

— Ды гавары ты, бацька, скарэй: што там за дзіва? — не выцерпела большая дачка, Ядзя. Стаяла каля люстэрка — яшчэ бабчынага — і начэсвала круглаю, з жалезнымі зубамі шчоткаю пышныя валасы.— Толькі не мані.

— Вот з панядзелка, хай яго халера, буду ўжо на пенсіі...— з самотаю прамовіў ён.

— А што ты думаў! — ухмыльнулася Ядзя,— Альфонсу нашаму скора ўжо сорак, Міхасю трыццаць пяць, мне трыццаць тры... Мы ўжо не маладыя...

Маці і жонка маўчалі. Здаецца, адчувалі яго настрой: пенсія, што ні гавары,— гэта ўжо старасць...

Ён з самотаю зірнуў: пяцёра сталых дзяцей у хаце. І ўсе яшчэ не апарадкаваныя. Нежанатыя і незамужнія. Без сваёй сям'і, без гаспадаркі.

— Дзіва не ў маёй старасці, хай на яго халера, ды не ў вашых гадах. Гэта ідзе само сабою, яго не зменіш ды назад не павернеш,— прамовіў ён.— Дзіва я на сходзе вот пачуў. Сцепановіч пры ўсіх людзях, пры музыцы даў мне пенсіённую кніжку, даў вот яшчэ загарак,— дастаў з унутранай кішэні «лепшага», суконнага, новага, фрэнча футлярык.— І кажа: дзякуй, Францавіч, за тое, што выганяў адгэтуль немца, што добра рабіў і ў калхозе, саўхозе, а цяпер законна адпачні, няхай падменяць ужо маладзейшыя. «Дзякую, таварыш дырэктар,— кажу,— але я думаю і яшчэ конюхам рабіць».— «Не,— кажа,— мы коней ад вас забіраем... Думалі даўно ўжо забраць, ды рашылі: даць табе дарабіць да пенсіі...» Вот вам і мой сон у руку: прарочыла ж мне бабця, што канюшня згарыць...

Вось цяпер усе як анямелі. Як так? Як вёска можа быць без канюшні, без коней?

— А ты...— як бы хацела папікнуць жонка і змоўкла.— Што ж нашы людзі скажуць?

— Што я? Так ужо, бачыш, даўно рашано. Дык вот пачуў я гэта, хай яго халера, сышоў са сцэны, сяджу ў залі, нічога не панімаю... Спускаецца са сцэны Сцепановіч, садзіцца да мяне і кажа: «Ты не расстрайвайся, Францавіч. Ты вот пайшоў, а праз гады два і я пайду. Прыйшла нам такая пара — саступаць, даваць дарогу маладзейшым. Словам, адваявалі мы сваё. Ведаем: ты яшчэ здаровы, цяглы, дык мы не думаем цябе сплаўляць. Нам рукі рабочыя трэба ды трэба. І мы табе, як ветэрану вайны і працы, пойдзем насустрач: бяры ў нашых Налібаках вялікую, з трох пакояў, кватэру, пераязджай з дзецьмі і жыві. Усім дадзім тут работу. А ты, калі захочаш, будзь у нас конюхам...»

— А што! — ажывілася Ядзя.— Гэта дзела!

— Ціха ты, сарока! — сыкнула на яе маці.— Вам абы хлопцы. Хоць усё роўна замуж не выходзіце, сядзіце на нашых з бацькам плячах...

— Нарадзілі ж вы нейкіх нас няўдалых,— агрызнулася Ядзя, расшпіліла, апусціла долу спадніцу, засталася ў кароткай, ледзь прыкрывала пышныя клубы, сарочцы,— Хлопцы малыя, чорныя, мы, дзяўчаты, дзябёлыя...

— Такія вы выраслі...— сказала маці.

— Паедзем,— сказала меншая дачка, Ірка.— Там святло, газ, магазіны, клуб. Тэлевізар купім. Усё роўна ж рана ці позна, а трэба выбірацца з Бабчынага Скону.

Ад гэтых доччыных слоў да яго шыбанула злосць. Ледзь не падскочыў, меўшы «гарачы» характар, ды не пляснуў па азадку. Стрымаўся. Ведаў: ёй жа не два, не тры гады, а дваццаць пяць. Не пасцябаеш. Ды і стрымала горкая праўда: так, што ні кажы, замінае ўжо ім, маладым, Бабчын Скон.

— А і праўда, едзьце ўсе вы, маладыя,— умяшалася ў гамонку маці.— А тут застануся ўжо я адна.

Ніхто не абзыўнуўся.

— А з бабаю застануся я,— першы парушыў цішыню Альфонс, спаласнуў у слоіку з вадою складзеную брытву і перадаў яе брату, Міхасю.— Бо там і на тры пакоі нас усіх многа будзе.

— Ды не хітры,— усміхнулася Ядзя, ідучы да шафы. Да сукенак.— Скажы, што застанешся дзеля Гэлькі...

Альфонс зачырванеўся.

— І застануся...— агрызнуўся.— А табе баліць гэта?

— Не баліць,— адказала тая.— Па мне хоць да Стэфусіхі прыставай у прымы.

— Не спорце, дзеці. Усе едзьце,— зноў паўтарыла старая.— Усё роўна вам гэтай хаты на ваш век не хваціць. Вам жа яшчэ доўга жыць. А мне і гэтай даволі, дацыльгікаю неяк сваё. Лічы, восемдзесят ужо ж.

— Падпраў валасы на шыі, тата,— падышоў з машынкаю меншы сын, Здзіслаў. Бадай самы дробны з іх усіх, Бліноў.

— Самі, хлопцы, праўце сабе,— махнуў рукою,— Я і не ўмею стрыгчы па-вашаму, ды мне і не да гэтага...

— Калі клічуць, даюць кватэру, дык паедзем,— сказала Ядзя, нацягваючы на сябе сукенку.

Абцягнула яе, крутнулася туды-сюды.

«І харошая дзеўка! — падумаў Блін.— Спраўная. Можа, і з-за іх, дзяцей, трэба пераязджаць. Што ж яны выседзяць тут? А там, у такім гурце, скарэй сабе пару знойдуць...»

— Рашайце. Што вы ўсе скажаце, тое і будзе. Я ўжо за вамі, як нітка пайду за іголкаю...— прамовіў ён і пайшоў з хаты. Без ніякай патрэбы. Каб пабыць аднаму.

На дварэ закурыў.

Вечарэла. Было цёпла, ціха. З нейкаю пяшчотаю зірнуў на сіняе, з белымі воблакамі неба, на лёгкую чырвань на заходнім небакраі, на блізкі стары лес. На рэчку, аслоненую алешынамі і лазою.

«Вы то і без мяне будзеце такія,— падумаў,— а я як вот без вас буду?»

Не ўстояў. Пайшоў. Да вуліцы. А пасля ўздоўж яе — да канюшні. Зноў жа — без ніякай патрэбы. Проста пацягнула туды. Сёння не саромеўся, што ідзе ў святочным касцюме, пры медалях.

«Сёння якраз трэба гэтак прайсці,— падумаў.— Наша ж свята настае. Дык вот і выйду так».

Раней калі ішоў па вёсцы, дык, каго ні бачыў, з кожным жартаваў. З катом, з сабакамі. З людзьмі. Цяпер моўчкі кіўнуў галавою Найдзёнісе — яна ў сваім гародзе шчыпала цыбулю. Адчуваў: запыніцца толькі каля Гаптароў. Каля іх няможна было не стаць і не парадавацца за людзей — там бацька і сын заканчвалі заліваць фундамент.

З аднаго боку ён быў ужо сухі, а з другога, ад выгана, стаяла апалубка.

«Ну і крэпкі яшчэ гэты Гаптар! — падумаў.— Да ўсходу сонца бяжыць з касою на амшары, косіць з расою, потым бяжыць назад, паснедае і да гарачыні лье фундамент. А потым, у спёку самую, бяжыць на пасеку, да пчол, увечар зноў косіць...»

Падышоў.

— О! — усміхнуўся Гаптар, пазіраючы на яго пінжак і на медалі.— Як на парад, так сказаць!

— Дык быў жа на парадзе...— адказаў Блін. Кіўнуў на фундамент.— Сёння і кончыце?

— Кончым,— усміхнуўся Уладак.— На панядзелак ужо цесляроў з Хатавы паклікалі.

— Во якія вы спраўныя!

— Чаго зайздросціш? — усміхнуўся Гаптар, абцёр сухія, з камячкамі ад раствору рукі.— Давай і ты, так сказаць, стаўляй новую хату. А то твая гэтая порхаўка возьме калі ў вецер і рассыплецца.

— Каму ставіць? Мне? Мне і гэтай хваціць. А маім жа блінянятам няма тут ні паненак, ні кавалераў. Калі ставіць, дык ужо ў Налібаках.

— Ну, гэта глядзі ты ўжо сам, так сказаць,— прамовіў Гаптар, любоўна акідваючы позіркам роўненькі верх сырога фундамента.— Тут ты сам сабе гаспадар.

— Ды цяпер і мне тут, хай яго халера, няма чаго рабіць...

— Як гэта — няма чаго рабіць? — здзівіўся Гаптар.— А коні?

— Коней у нас больш не будзе. Забяруць скора.

Гаптар зірнуў з недавер'ем.

— Не зманіў сёння нікому? — Потым усміхнуўся.— Дык бярэ за нутро, так сказаць, каб салгаць?

— Праўду гавару...— сур'ёзна прамовіў Блін.

— Ды ведаем мы тваю праўду...

— Не верыш, але на тым тыдні самі ўсё ўбачыце.

Гаптар яшчэ зірнуў раз — і сеў на сыры фундамент.

Потым падхапіўся — на фундаменце зрабілася ўпадзінка.

— Што ты гаворыш?

— Тое, што чуеш.

Гаптар пацёр раптоўна пацямнелы твар, шыю. Выдыхнуў. Як яму стала душна. Зморшчыўся. На лбе і ля вачэй складкамі леглі глыбокія маршчыны.

«Стары ўжо,— падумаў Блін.— Дармо, што цяглы. Але ўжо зношаны».

Зірнулі абодва туды — на канюшню. Якраз над ёю вісела ўжо чырванаватае сонца. І страха канюшні была заліта чырвоным святлом.

— Такі праўду напрарочыла твая бабка...

— Праўду...

— А з яе ж тут пачынаўся калхоз,— паківаў галавою Гаптар. — Помніш жа: зімою ў пяцьдзесятым годзе прыехалі Адамцавіч і Цвыркін з раёна, правялі сходку. За калхоз. Запісаліся ўсе, апроч Суніцкага. Прадсядацелем мяне выбралі... Дык вот ідзём мы са сходкі дадому, нясу я ў кішэні пячатку, і бярэ мяне за нутро: што я рабіць буду? Як буду такою вялікаю вёскаю, гаспадаркаю кіраваць? Пяцьдзесят хат, каля чатырохсот гектараў зямлі і лесу... Усміхаецца Цвыркін: «Ну вот, Іосіфавіч, новая жызня ў вас пачынаецца. Калякціўная. Пад весну зямлю падзелім — што калхозу, што людзям. А ты за гэты час перапішы: у каго колькі коней, вазоў, плугоў, колькі хто можа збожжа даць... І паглядзі: у каго гумны добрыя. Звезіцё іх і канюшню зробіце...» Ой жа,— наківаў галавою,— так сказаць, потым і гоману было! Сем гаспадарскіх — ды добрых! — гумнаў пайшло на канюшню. У адной палавіне — коні, у другой — каровы...

Як ні раніца ці вечар, дык усе да канюшні: а як жа іхняе быдла накормленае? Конюх з даглядчыкам толькі сваю глядзяць, а іхнюю голадам мораць? Цяпер ужо і смяюцца ўсе, што некалі гэтакія былі...

Потым паднавес на калёсы зрабілі... Пасеялі ў той год пшаніцу, ячмень, авёс, картофлю пасадзілі... І вырасла. Усе аж не верылі, так сказаць. К восені канторку зляпілі, потым як адышлі мы да Пільніцы, дык гэтая канторка пад магазін пайшла... А на другое лета школу дзецям паставілі... Напраўду: новае жыццё, так сказаць, пачалося... А колькі гадоў быў я конюхам!

— Дый я ўжо нямала! — прамовіў Блін.— Паверыць ніяк не магу: машыны машынамі, але якая ж гэта, хай на яго халера, вёска без каня? Маладым, можа, усё роўна: яны і трактарам пасадзяць картофлю, трактарам выкапаюць, а мы ж, старыя, прывыклі плугам кожную баразну закрыць, узараць... Каб ні адной картофліны не парэзаць... Я некалі бедны гаспадар быў, але коней любіў. І цяпер люблю. Ды што гаварыць, хай на яго халера,— махнуў рукою.— Гавары ці не гавары... усё мяняецца!..

Гаптар замаўчаў, Блін пастаяў крыху, гэтаксама памаўчаў і пайшоў адгэтуль.

Мінуўшы Гэльчыну, а потым і Стэфусішыну сядзібу, накіраваўся да канюшні.

Канюшня была доўгая, але нізкая, з пазелянелаю страхою. Нахілілася. Дык во слупы між прасламі падперлі летась бярвеннем. Каб зусім не павалілася.

У невялікія — па два ў кожным прасле — акенцы свяціла чырвонае сонца. Бляск біў у вочы. Як агонь.

Блін у канюшню не пайшоў. Пацягнуўся на луг, што быў непадалёку. Да коней.

Луг быў абгароджаны. Жэрдкамі ў два рады. Здалёку ўбачыў: усе коні на месцы. У вялікай загарадцы. Трое сталых коней, двое жарабят.

Падышоў, абапёрся грудзінаю на верхнюю жэрдку.

«Конікі, мае вы конікі!»

Яны нібы пачулі боль яго душы. Паднялі галовы, зафыркалі.

— Напаю вас зараз, родныя,— сказаў ён, пералез цераз жэрдку.

Падышоў да Сівога — самага старога тут каня. Высокага, рослага. Распутаў, павесіў пута каню на шыю. Тады распутаў астатніх. Здзівіўся: сёння яны не загарэзнічалі — не падбрыкнулі ды не пабеглі да рэчкі. А стоўпіліся і пазіралі на яго. Вось так аднойчы, выйшаўшы з лесу, пазіраў на яго стары лось. Ён тады не вытрымаў таго позірку, сышоў з дарогі і абышоў, адчуваючы нейкі боль у ласёвай душы. І звер, і птушка, калі ім цяжка, ідуць часамі да чалавека, просяць памагчы... Блін і цяпер не вытрымаў позірку нямых жывёл. Пайшоў да рэчкі, коні рушылі за ім.

Калі ён адсунуў жэрдку, коні патупалі па нізкім пясчаным беразе да блізенькай плыткай рэчкі. Сталі, пачалі піць. У вадзе, ружовячы паверхню, калыхалася велікаватае чырвонае сонца.

Ужо ад вады, цяжкія, коні ішлі яшчэ павольней. Але вось, за загарадкаю, уперад вырваліся жарабяты і пабеглі да канюшні. Навыперадкі. Падкідалі азадкі, падымалі ўверх пярэднія ногі, трэслі грывамі, кусаліся, збівалі адно аднаго, усхопліваліся і зноў імчаліся. І Блін не вытрываў, усміхнуўся: маладое ёсць маладое!

Дадому Блін вяртаўся не вуліцаю, а тупкім зялёным берагам рэчкі. Па сцежцы.

Тут, у Бабчыным Сконе, рэчка была няроўная, нават віхлястая, з ямінамі: гадоў дзесяць назад рэчку ў вярхоўі — ад Ніўнага да Янкевіч — спрамілі, а вось далей Янковіч экскаватары чамусьці не пайшлі. Запыніліся. Дык тут і ўцалела такая рэчка, якая была век. Праўда, вады ў ёй усё роўна паменела. Апала яна на роўнядзі, ліжацца, лічы, па самым жоўтым дне, шмат яе сышло з ямін, зніклі віры. Стала плытчэйшаю — усё некуды імчыць і імчыць, не могучы нідзе запыніцца.

Але, дзякуй богу, рэчка ўсё ж не абяднела: сюды пераплыла з вярхоўя ўцалелая рыба. А там, за Янковічамі, мітусяцца цяпер у канаве толькі нейкія маленечкія калючкі.

Дык накінуліся сюды былі рыбаловы. І з суседніх вёсак, і з раёна. Пачалі біць рыбу токам, лавіць сеткаю, кідаць запалы, дык людзі ўсім Бабчыным Сконам адагналі іх. Сказалі: калі хочаце рыбы, дык лавіце толькі вудачкамі. І адваявалі рэчку, адвадзілі браканьераў.

Праўда, і адгэтуль уцяклі яльцы, плоткі і краснапёркі. А можа, яны і зусім звяліся; і далей — у Прудах і ў пушчы — ніхто іх астатнія гады не бачыў і не злавіў.

Блін прыпыніўся. Пад навіссю алешын, ужо ў прыцемку, жаўцеліся пад промнямі вячэрняга сонца акуні — пікіравалі. Вось усё заціхла — пачулі, канечне, яго крокі. Толькі булькала, спяшалася ўперад вада.

Пачуў усплёск. Лічы, насупраць сваёй хаты: там была вялікая яміна, і там любілі купацца дзеці, а то і сталыя. Цяпер, пэўне, купаюцца яго сыны.

Падышоў. Убачыў: купаюцца мужчына і кабета. Ага, Гаптаровы Уладак і Тося. Гарэзуюць, абліваюцца, абдымаюць адно аднаго, адбягаюцца і зноў далонямі б'юць на вадзе, абпырскваюцца. І смяюцца. Маладым, радасным смехам.

Блін стаіўся, паглядзеў на іх. Каб іншым разам, дык мог бы схаваць іхняе адзенне, што ляжала вось тут, спехам скінутае, але цяпер не захацелася гэтак жартаваць.

«Во дзе ўдалая сям'я!» — пазайздросціў.— Добра, на зайздрасць усім жывуць!»

Ціха, каб не перашкодзіць маладым Гаптарам гарэзнічаць, патупаў далей. Крышку адышоўся ад берага, прыгнуўся. І прытрымаў далонню медалі. Каб не звінелі.

Вось так, каля гародаў, мінуў сваю сядзібу. Падышоў да сотак і гарода Адася Даргевіча.

Якраз насупраць была яшчэ адна, самая вялізная, яміна — тут некалі стаяў панскі млын. Млына даўно ўжо няма: яго спалілі ў вайну. Засталіся толькі ўмакрэлае парэзанае слупоўе ды вось гэтая, нашмат абмялелая, яміна. Гэтае месца так і называлася — Яма. Тут не купаліся. І самі, і госці лавілі вудачкаю рыбу. Мясціны былі рыбныя: было дзе — пад берагам, у карчах,— схавацца рыбе, і Адась кідаў сюды вараную бульбу, хлеб, проса.

Далей злева, за Ямаю, быў стары мост. Яшчэ панскі. Па ім спачатку ездзілі на машынах, потым, як мост абсунуўся, на калёсах, а пазней толькі хадзілі. Але вось гадоў сем назад зусім абсунуўся ў рэчку, запрудзіў яе. Дык прыйшлося разабраць яго. Ездзілі ў Янковічы, у Налібакі і адтуль сюды на машынах і на калёсах ужо каля яго, па тупкай плыці. Але год за годам размяшалі бераг, дно рэчкі, дык на машынах і калёсах тут перасталі перабірацца, пачалі, робячы вялікі круг, выязджаць на стаўбцоўска-налібацкую дарогу, паўз Лабуні. Праз лес. А калі сапсавалі і тую дарогу, пачалі тады ездзіць праз Пруды.

Вось так, думаючы, хацеў дайсці да былога моста — да цяперашняй кладкі. І пастаяць на ёй, паглядзець на ваду. Чамусьці заўсёды, калі былотрывожна на душы, любіў прыйсці да кладкі, стаць пасярод і пазіраць, як цячэ вада — роўна плыве па жоўтым жвіры, круціцца, булькоча каля абзелянелых камянёў, з-пад якіх не-не дый выплыве то галоўка, то хвост сліжыка — як маніць за сабою, у далёкі свет, рачную траву. Пазіраў — і супакойваўся.

Але вось убачыў: не дойдзе да кладкі. Уперадзе на яго дарозе сядзіць Адась Даргевіч. Босы. У штанах і ў кашулі. Але відаць, што нядаўна купаўся: мокрыя чорна-сівыя валасы былі гладка зачасаны назад. Цяпер абсыхаў, лавіў рыбу — адну вуду трымаў у руцэ, яшчэ дзве вуды былі ўторкнуты побач у зямлю.

Вось пачуў крокі — павярнуў галаву. На хмурным, цёмным твары ані ажыўлення. Маўчун. Як і нямы. Быццам Суніцкі. Адзін з самых загадкавых людзей у вёсцы. Працавіты, майстра на ўсе рукі — каваль, сталяр, бондар, механік па машынах, матацыклах і радыё, кравец — маўчун і горкі п'яніца. Калі п'яны, дык невыносны. І для жонкі, і для ўсёй вёскі. Запыніць любога, чапляецца, успамінаючы і пазалеташнія грахі, ці невядома чаго плача. «Я табе скажу...— бубніць тады.— Але я нічога табе не скажу... У мяне такая крыўда, але я не скажу табе якая...» І вось так без канца. Не дагаворвае і плача, як бабёр. Нарэшце прагоніць жонку з хаты і ўкладзецца спаць адзін. Можа, каб каму іншаму, дык не даравалі б, абгаворвалі, а яму ўсё даруюць. І жонка ўсё даруе. Нават і тады, калі ёй прыходзіцца і не начаваць дома. Толькі калі-нікалі ўсе здзіўляюцца: ну чаму амаль заўсёды вялікія майстры так гарэлку любяць?!

— Звудзіў што? — падышоўшы, запытаў Блін.

— Ды будзе на юшку,— адказаў Адась, зірнуў на ваду, падхапіўся, асцярожна ўзяў вудзільна, ірвануў уверх. Над вадою заблішчаў ладны акунёк.

Адчапіў, апусціў рыбіну ў зялёнае эмаліраванае вядро, што стаяла па той бок куста, начапіў на кручок чарвяка і зноў, замахнуўшыся, апусціў кручок на яміну, уторкнуў вудзільна ў зямлю.

І больш ні слова. Сеў. Блін апусціўся на зямлю непадалёку. Зірнуў на паплавок — той адразу ж пачаў мітусіцца. З ім дражнілася дробязь.

— Быў у Налібаках,— першы парушыў маўчанне Блін.— Даклад паслухаў, пенсіённую ксёнжку, загарак у дар палучыў...

— Дык пенсіянер ужо, кажаш? — нібы ўсміхнуўся Адась.

Цяпер ужо Блін змаўчаў.

— Што зробіш! — уздыхнуў Адась.— Такая стацця: ад старасці не адкупішся! І нам з Антонам праз пару гадоў ужо трэба будзе ісці на гэтую пенсію. З васьмі нашых хат тады ў шасці гаспадары будуць пенсіянеры...

Абодва памаўчалі. Праз хвіліну Адась зноў марсянуў вудаю — зноў падчапіў ладнага акунька. Але на кручок новага чарвяка не чапляў.

— Хваціць,— прамовіў.— Хадзем шыкавацца да вечара. Зараз і падыдуць хлопцы.

— Хлопцы-пенсіянеры...— усміхнуўся Блін.

— Такая стацця...— паківаў галавою Адась.— Але ўсё роўна сябры-партызаны. А гэта...— і не дагаварыў, замаўчаў.

Маўчаў, калі ўжо ішлі па тупкай сцежцы ўздоўж яго сотак.

За бульбаю, перад прыгуменнем, пахла вуглём. Тут стаяў курганок: у ім Адась і сёлета выпальваў для сваёй кузенькі вугаль. Кузня — старая, у зямлянцы — стаяла непадалёку. Збоку Адасёвай сядзібы.

— Сказаць табе навіну? — запытаў Блін.

— Ну,— буркнуў Адась.

— Коней ад нас забіраюць...

Адась толькі са здзіўленнем зірнуў на яго раз-другі, але нічога не прамовіў. Пазіраў некуды ўвысь, вышэй сваёй сядзібы. Здаецца, толькі чагосьці моршчыўся.

Вось так ён маўчаў, калі забіралі адгэтуль школу, магазін, калі абарвалі тут драты і перасталі даваць сюды электрыку. Усе гулі, а ён як вады ў рот набраў.

— Я ўжо Гаптару казаў: напрарочыла-такі бабка...

— Мне твая бабка ніколі не сніцца...— нарэшце азваўся Адась, але не пра яго навіну.— Баіцца мяне ці...— і зноў не дагаварыў.

Праз дзверы ў дрывотні — у ёй амаль поўна ўжо было бярозавых і сасновых сухіх дроў — увайшлі ў двор.

Непадалёку, паблізу калодзежа, дымелася нізенькая, на два кружкі, пліта. Пахла смажаным салам і варанаю бульбаю.

Ля пліты на невялікім столачку сядзела спіною сюды гаспадыня і пераварочвала нажом сала на патэльні, насупраць, абапёршыся аб частакол, стаяў Адасёў брат, пастух Антон.

Антон быў апрануты па-святочнаму: у хромавых ботах, у новым галіфэ і ў светлым — ці не сынавым — пінжаку. На грудзіне — ордэн і радок медалёў. Адно рукаво пустое. Кішэня галіфэ адтапыраная — там, канечне, пляшка.

«І праўда ж, падобныя браты, як блізняты. Абодва высокія, тонкія. Невялікія, даўгаватыя галовы, вострыя насы».

— Злавілі што? — бліснуўшы на іх адным вокам, запытаў Антон.— Ці вуда была ў руцэ, а рыба засталася ў рацэ?

Адась паставіў каля жонкі вядро.

Антон зазірнуў у яго.

— Дык чаго,— усміхнуўся, з хвіліну падумаў. Каб, мусіць, сказаць далей вершам: — Вядро не пустое, хоць вадою налітое!

Адасёва жонка, Франця, зірнула з лагодаю. На ўсіх. Усміхнулася, хоць нічога не сказала.

«І на мяне не злуе,— падумаў Блін.— А ўчора гэтак крычала! Думаў, вочы выдзера. Дык каб за што! Пасмяяўся, што да яе фінагент падходжвае... Як перастрэла ўчора ды як дала, дык ледзьве жывы ўцёк...»

Пачуўся вясёлы гоман. Блін зірнуў на брукаванку: ішлі ў Янковічы яго сыны і дочкі. Адны з усяго Бабчынага Скону.

Параўняліся.

— Салют ветэранам!

— Слава партызанам!

Жартавалі меншыя сыны. З яго, бацькавым характарам, ахвотаю да кепікаў. Падаліся далей. Запыніўся, завярнуў у двор толькі Альфонс. У выпрасаваных штанах, у тэнісцы, з белаю патыліцаю.

«Не малады ўжо,— падумаў Блін пра сына.— Маршчын вунь на лбе і ля вачэй ужо многа...»

— На, ваяка,— падаў бацьку пляшку гарэлкі.— Віно-то мы апрыходавалі, а гэта тваё... Ну, добрай вам чаркі, партызаны!

Блін узяў ад сына пляшку.

— Не задзірайцеся там,— сказаў,— Без сінякоў, хай на яго халера, вярніцеся.

— А вы гуляць сваё гуляйце, але толькі не плачце...— адказаў жартам Альфонс і пабег даганяць сваіх.

— Вясёлыя ў цябе дзеці! — усміхнуўся Антон.— Мае большыя прыедуць з горада дадому, дык усё нечага квокчуць і квокчуць. Усё ім нечага мала. А твае вясёлыя...

— А чаму не жыць весела? — запытаў Блін.— Не бачу прычыны, як кажа Сцепановіч, жыць без аптымізму!

Адась за гэты час зайшоў у хату, вярнуўся з кружком ды з нажом.

— Пакуль суд ды справа, дык і зварыцца юшка,— усміхнуўся.— Пад чарку добра пойдзе.

Зноў нехта затупаў па сцежцы. Ішоў сюды.

Стары Гаптар. Гэтаксама ўжо ў святочным касцюме, выгалены, пры медалях. Нёс пакуначак, у звязанай за рагі хустцы. Пад пахаю другой рукі — міска.

— Сышліся ўжо? — усміхнуўся.— А Франця яшчэ, так сказаць, і не наварыла нам булёну? Тады, у лесе, заўсёды паспявала. Усё ў час рабіла...

— Не я вінаватая,— усміхнулася ў адказ Франця.— Рыбак наш запазніўся. Я б даўно ўжо тую юшку зварыла.

— Не адгаворвайся,— махнуў рукою Гаптар.— Тады дзяўчынаю была, дык і хацела ўпадабацца. А цяпер хіба будзеш старацца? Дзеля каго?

Франця ўсміхнулася. І ўсе ўсміхнуліся.

«Як радня мы ўсе! — падумаў Блін,— Больш чым радня! Аднымі маразамі марожаныя, аднымі кулямі хрышчоныя, адною радасцю ўсцешаныя!»

Гаптар паставіў каля агню, каля гаспадыні, пакуначак. А потым і міску са старым зацукраваным мёдам.

— Ну ды ладна,— сказаў Гаптар.— Ідзі, кабета, прышыкуйся крыху, медалі свае адзень. А мы ўжо і без цябе дапячэм ды юшку зварым...

— Ды дзе вам ужо да патэльні ды да гаршкоў! — пажартавала Франця.— Гэтак нафуфырыліся!

— Падчапурся, падчапурся! — жартаваў Гаптар.— Адна ж будзеш сярод нас, дык і трэба, каб была як кветка між старых грыбоў!

— Маладую знайшоў! — усмешана адказала Франця,— На пенсіі ж ужо...

— А хіба мы ўжо старыя? — сыпаў і сыпаў сёння жартамі Гаптар,— А твой Адась ды Антон во яшчэ ж не пенсіянеры, маладыя хлопцы! Ды і Блін яшчэ малады. Наўмысля, каб пасталець, на пенсію папрасіўся...

«Зусім інакшая кабета сёння! — здзіўляўся Блін.— Хоць не толькі яна адна інакшая. Усе мы сёння інакшыя...»

Селі ў садзе пад старою яблыняю. На мураве. Вакол разасланага абруса з закуссю і пітвом.

Непадалёку горкаю ляжалі дровы і ўсякае ламачча — падпаліць, калі ўцямнеецца. Нa вогнішча. Каб усё было як і некалі, у тыя далёкія партызанскія ночы.

Адась саставіў каля сябе гранёныя чаркі, паліў у іх з пузатага глячка.

— Такая стацця, хлопцы,— прамовіў ён.— Некалі, калі збіраліся святкаваць дзень вызвалення раёна, дык нас з Бабчынага Скону цэлы ўзвод, лічы, быў... Летась сядзелі тут ушасцярых, сёння ўжо ўпяцёх... А налета? А праз пяць — дзесяць гадоў? Дык і давайце, хлопцы, вып'ем за тых, хто ў сырой зямлі ляжыць, хто па вялікім свеце раз'ехаўся, вып'ем за тое, што мы выжылі тады, што жывём і цяпер... Ды каб быў на зямлі мір! От і ўвесь мой даклад!

Моўчкі стукнуліся, выпілі ўсе да дна. Захукалі, хутка зірнулі на абрус — што ўзяць? Хто ўхапіў шклянку з бярозавым сокам, хто лусту хлеба.

А тады моўчкі пачалі есці.

— Ну і шыбнула ў мазгі! — усміхнуўся Гаптар.

— Трэба часцей піць,— падцяў Блін, хоць гэтаксама мігам ап'янеў.

— Што вы гэтак паслабелі? — закусваючы, прамовіў Адась.— Ноч яшчэ наперадзе!

Усміхаючыся, елі.

— Ну, а цяпер давайце, хлопцы, во за яго, за нашага новага пенсіянера,— сказаў Адась і зноў наліў у шклянкі.

— Мянташыў век языком,— пажартаваў Антон,— але зарабіў пенсію...

— Паглядзім вот, ці ты заробіш нешта за свае сціхі,— агрызнуўся Блін.

— Ты, можа, і першы медаль за свой язык палучыў: што весяліў усіх добра...— насядаў усё з жартам Антон.— Бо спярша ваяка з цябе быў кепскі: ні стрэліць табе добра, ні пацэліць... Да жонкі з задання забег — і то папаўся... Любіў толькі на хазяйственныя аперацыі ездзіць...

— А ты? Цалок быў? — заступілася за Бліна Франця.— Усе вы спачатку стралкі былі! Пакуль вас Самсонаў не навучыў ды само гора не навучыла...

— Ну, дык за пенсіянера! — падняў чарку Адась.

— Смейцеся, смейцеся. Скора і самі ж, хай на яго халера, такую ксёнжку налучыце...— сказаў Блін.— Мала ж ужо засталося...

— Мала не мала, але вы з Гаптаром спісаныя ўжо, а мы з Антонам яшчэ маладыя, можам яшчэ і да дзяўчат ісці: ніхто ж не скажа, што мы пенсіянеры...— разгаварыўся і Адась.— А скажуць: гэта яшчэ хваты! Партызаны!

Выпілі.

— Далібог, пацверазеў...— прызнаўся пасля Гаптар.

— Адкруціла...— усміхнуўся Антон.— Прысаромілі вас, дык паправіліся, памаладзелі...

Першыя гады пасля вайны, як помніць Блін, гэтаксама святкавалі і Дзень Перамогі, і дзень вызвалення раёна. Але вельмі скупа: не было як шыкаваць. Потым, гадоў з сем, неяк і не сыходзіліся, думалі: а колькі ж трэба ўсё святкаваць? У тыя гады і іхні камандзір, Самсонаў, перастаў прыязджаць. Але вось гадоў з дзесяць зноў святкуюць. Сваімі кампаніямі, на раённай маёўцы. І Самсонаў быў некалькі разоў. Праўда, гуляў усё болей з дырэктарам саўгаса, старшынёй сельсавета. А яны, з Бабчынага Скону, пачалі апошнія гады святкаваць дома, невялічкім гуртам, бо на маёўку пачало прыязджаць на легкавіках, матацыклах, аўтобусах мноства людзей — і ветэраны, і іх дзеці, і шмат выпадковага люду, што любіў павесяліцца і правесці свой вольны час на прыродзе.

Паволі пацямнела. Пачала ўжо ледзь бачыцца закусь на абрусе.

— Ну што, хлопцы, запалім касцёр? — запытаў Адась. А потым падняўся, падышоў і падпаліў трэскі.

Заявіўся агеньчык, нясмела лізнуў сухія дровы. Разгараўся. І сад пакрысе асвечваўся водбліскамі. Франця адсунулася ўбок — каб не падаў ад яе цень на абрус.

Агонь запалаў. У садзе стала светла. Неба то навісала, то падымалася — як ніжэла ці ўзвівалася полымя.

Адась вярнуўся на сваё месца. З хвіліну ўсе сядзелі моўчкі, пазіралі на вогнішча. Відаць, усе ўспаміналі нешта даўняе. Са свайго партызанства.

«Здаецца, зноў мы ў лесе, сядзім, як і тады, у тыя гады, каля партызанскага кастра,— падумаў Блін.— Зноў у нас клопат, як выйсці з блакады, як уратаваць свае сем'і ці як разбіць у Налібаках гарнізон і выгнаць карнікаў з Івянца і Баранавіч, што паўзуць навалаю...»

Блін зірнуў на Францю: яна сядзела, схіліўшы галаву і закрыўшы лоб далонню. Мусіць, ціха плакала. Адзін бог ведае, што ўспамінала. Ці як варыла ім булён, мыла бялізну, ці як брала якую торбачку і ішла ў вёскі ў разведку. Ці, можа, успамінала, як аднойчы трапіла ў лапы знаёмых, з суседніх вёсак, паліцэйскіх і як цудам адкараскалася ад іх...

«Ды нішто, канечне, не забылася...— падумаў Блін.— І дзе яно забудзецце!.. Хоць бы во і гэты наш Бабчын Скон...»

Блін заплюшчыў вочы — і тое, што век вярэдзіла і вярэдзіла душу, ажыло...

...Улетку сорак трэцяга партызаны ўжо ведалі: немцы і паліцэйскія паляць не асобныя хаты партызанскіх сем'яў, а цэлыя вёскі. Каля пушчы, каля партызанскіх зон. Мясцінамі паляць не толькі хаты, а разам з будынкамі і людзей. Астатніх пагарэльцаў вывозяць у Германію на катаргу [6].

І вось сувязныя перадалі: спалілі Бабчын Скон. І ён, Блін, не спытаўшы дазволу ў Самсонава, пабег з налібацкага лесу дадому.

Не цяміў: што ён будзе рабіць? Не баяўся, што можа трапіць у пастку. У галаве было адно: што з маці, бацькам, жонкаю ды дзецьмі?

Вымчаў з прудскога лесу і анямеў: чарнеліся абгарэлыя ліпы і бярозы, дзе высокія, дзе абваленыя коміны, а з месцаў былых хат, хлявоў, гумнаў віўся лянівы дым. У нос біў пах гарэлага і чаднага.

«А дзе людзі? — пякла думка.— Няўжо дымяцца і іх костачкі?»

Жах апанаваў яго: першы раз бачыў такое на свае вочы. Няма ўсёй вёскі. Больш пяцідзесяці хат.

Вось Стэфусеў пляц. Чорны плот, голыя, з яблыкамі-агаркамі, яблыні, пажухлая бульба. Чорны высокі комін. Галавешкі, прысак. Дымяць падваліны. Не падыдзеш блізка: смаліць у твар.

Пацягнуўся далей — да сваёй хаты.

Запыніўся: за выганам ходзіць жывая душа. Хлопчык. Але ў вачах нібы туман. Не пазнаць. Здаецца, і дзіця ўбачыла яго, пастаяла з хвіліну, а потым падалося насустрач. Ага, Лабунеў Тамаш.

Сустрэліся, лічы, каля яго хаты. Папялішча.

— Твайго бацьку немцы забілі...— адразу сказаў яму Тамаш. Босы, у картовых портках і ў кужальнай кашулі. І сам карэлы, заплаканы.

Блін аж хіснуўся: нешта шыбнула ў патыліцу, у скроні.

— А дзеці? — несвядома шапнуў.— Дзе дзеці?

— Яны з цёткаю Стэфаю,— адказаў Тамаш.— І з бабаю.

— А дзе ж баба і цётка Стэфа? — запытаў, але не памятаў, пра што ж пытае.

— Яны ў Рудні. Казалі, што Рудню паліць не будуць.

— А дзе ж усе людзі? — зноў спытаў, і ўжо нешта цюкнула ў галаву: не, усе не пабітыя, нехта застаўся і жывы.

— Павезлі ў Стоўбцы,— як стары, адказваў Тамаш. У вялікіх яго вачах быў акамянелы жах.— Цётка Стэфа казала: з раніцы абкружылі вёску, сказалі запрагаць коней і збірацца. А потым сказалі ехаць у Янковічы. Вот вашы і пабеглі вунь туды, як казала цётка Стэфа. А па іх пачалі страляць. Баба і цётка, ўцяклі, а бацьку забілі. Ужо каля лесу...

— А ты?

— А я ж каровы пасвіў у лесе. Прыгнаў, а вёскі ўжо няма... Бегаў-бегаў і наляцеў на цётку Стэфу. Яна кажа, што нашых павезлі, кажа, каб я не бег даганяць. Бо, можа, яшчэ іх нікуды і не павязуць, а возьмуць і паб'юць. Але я бегаў у Янковічы — там нікога няма. І там усё спалілі. Дык цётка Стэфа кажа, каб я ішоў у Рудню, буду з вашымі жыць...

— Хадзем у Рудню... Канечне, будзеш з нашымі. Ці мо ў атрад цябе забяру.

— А ты партызан? — ажывіўся Тамаш.

«Прагаварыўся! Усім жа мае казалі, што мяне забралі немцы на работу. За Івянец. Але цяпер такой бяды...»

— Дык і з-за цябе вёску спалілі? Бо цётка Стэфа казала, што немцы казалі, што з-за партызанаў яны паляць... Каб не кармілі.

— Брэшуць яны, сынок,— ужо ідучы, сказаў Блін.— Уварваліся сюды як разбойнікі і зладзюгі, хай на яго халера. А мы што? Будзем на каленях перад імі поўзаць, пазіраць, што яны нас за людзей не лічаць, сваімі парабкамі зробяць? Не-э. Вот з-за чаго яны паляць...

...Пасля магілак Блін з Тамашом пабрылі да Рудні.

— Ідзі ты першы,— як дайшлі да поля, сказаў яму Блін.— Ты дзіця, дык на цябе ніхто зважаць не будзе. Разведай, як там і што, і пакліч сюды цётку Стэфу...

Тамаш выйшаў з лесу і пайшоў у вёску. Уздоўж жыта, каля бульбы. Да хаты Бліновага цесця.

А праз колькі хвілін ужо бегла сюды Стэфа. Тады яшчэ маладая, лёгкая. Заплаканая, з падпухлымі вуснамі і вачыма.

Дабегла, абшчапіла за шыю. Тыя разы, калі ўночы сустракаліся ўпотай, па-маладому цалавала, лашчыла, а на гэты раз не цалавала, толькі бездапаможна абвісла на ім і плакала.

— Тату ж забілі... Бабчын Скон спалілі...— спрабавала потым і гаварыць.— Людзей павезлі... А па нас стралялі... Бяжым, а кулі толькі каля галавы: ціў ды ціў... Думаю: хай ужо ў мяне, толькі не ў дзяцей... Матцы дык у лытку куля папала, скрывавіла нагу, а тата бег памалу за намі, дык у яго і папалі... Нашу хату гэты рыжы паліцыянт з Пільніцы падпальваў. З маладым немцам... І як мы цяпер жыць будзем? Голыя ж, як бізуны. Ні лыжкі, ні міскі... Таты няма... О божа! Колькі ўжо гэта цягнуцца будзе? Колькі мы будзем яшчэ гараваць?

— Дасць бог, выжывем,— сціснуўшы вусны, прамовіў.— І Бабчын Скон наш яшчэ ўстане, будзе жыць: не раз ён ужо гарэў і паўставаў... А Рыжы са сваімі гаспадарамі заплаціць за гэта... Яшчэ як заплаціць!

— Вот вы, можа, і смяяцца будзеце,— пазней ужо, калі яшчэ выпілі, калі Адась прылёг на бок і заснуў, гаварыў ахмялелы Гаптар,— а найбольшы страх я меў, так сказаць, не ў вайну... Як занялі мы брыгадаю абарону пад вечар трэцяга ліпеня ад Несцеравіч да Церабейнага, каб адрэзаць адыход немцу цераз пушчу на Гродна ці на Брэст, дык я і пачаў прадаваць дрыжыкі. Душа чула: астатнія гэта нашы, партызанскія баі. Дык і страшна было: у вайну выжыў, а перад збавеннем ліха складзеш, можа, галаву...

— І я баяўся...— усміхнуўся Антон.— Ішла з усходу лавінаю Чырвоная Армія, перла перад сабою гэтакую сілу немцаў, якім мы засланілі дарогу. Ведаў жа: немцы будуць старацца прарвацца, будуць біцца да канца. Хацелася выжыць, што ні кажы. Радасць вялікая ўжо была: зямля наша вольнаю станавілася, ужо думкі былі пра касу, пра: плуг...

— А першы ўсё ж спаткаўся з чырвонаармейцамі я! — і цяпер паганарыўся Блін.— Пад полудзень шостага ліпца мы з нашым начальнікам штаба Зубковым і начальнікам разведкі Вярхоўцавым сустрэліся з часцямі, што наступалі, паказалі ім дарогу ў Налібакі...

— Ну, ужо як у Налібаках камандаванне нашай брыгады сустрэлася з камандзірам 348-й стралковай дывізіі і намеснікам камандзіра 35-га артылерыйскага корпуса, дык і я там быў,— пахваліўся і Антон,— Бо мне тады прыйшлося быць у ахове штаба брыгады.

— А я так і не ўбачыў тых, першых, чырвонаармейцаў,— сказаў Гаптар,— быў тады далёка ад дарог, сядзеў у засадзе, смаліў бесперапынку з кулямёта... Убачыў ужо тылавікоў...

Блін падсунуўся да патухлага вогнішча, галінаю падгроб на жар галавешкі — спачатку зацямнелася, а потым пасвятлела: заявіўся агонь.

— Нa свае вочы бачыў, як здзіўляліся вайскоўцы,— адсунуўшыся ад агню, сказаў Блін,— Казалі, спачатку яны думалі: мы тут, у акупацыі, адседжваліся ў лесе ды пілі гарэлку, лазілі бабам пад спадніцы. А як расказалі ім, якую мы тут блакаду выжылі, ды як самі ўбачылі, колькі тут вёсак папалена, колькі людзей адгэтуль звезлі ў Германію, дык ківалі галовамі: як вы тут, хлопцы, і выйшлі, як вы, небаракі, станеце на ногі? Ці адбудуеце вы калі свае вёскі?

— Вайна цягнулася доўга, але канчалася быстра...— сказаў Гаптар,— Можа, як і пачыналася, так сказаць. У сорак першым немец рыўком уперад кідаўся, акружаў, біўся, а потым далей ішоў, абыходзячы гарады і вёскі. Потым яшчэ доўга ішлі лясамі нашы часці, прабіваліся да сваіх. У сорак чацвёртым Чырвоная Армія ўжо рыўкамі кідалася наперад немцу, адразала яму дарогу, брала ў клешчы. Разганяла вялікія сілы і зноў кідалася далёка паперад. А немцы ўсё цягнуліся і цягнуліся малымі сіламі. Галодныя, абарваныя, зусім не тыя, што ехалі на роварах і матацыклетах у сорак першым, іграючы на губных гармоніках...

— Вот і перадавыя часці 348-й дывізіі так ішлі шпарка наперад, што ад яе далёка адсталі тылы,— сказаў Антон.— Дык наша брыгада памагала франтавікам. Як цяпер помню, далі ім чатырыста кіль хлеба, больш за тону мукі, за дзве тоны картофлі, дваццаць чатыры каровы і дваццаць два кані... Памаглі расчысціць дарогу ад Налібак да Шчорсаў, пастроілі масты ў Хатаве, Наліўках, і гэты наш — і яны, крыху адсапнуўшыся, зноў ірвануліся наперад...

— А мы колькі яшчэ малаціліся з немцамі! — прамовіў Гаптар,— яны то прабіваліся з боем праз наш заслон, то... Прыскочыць на мяжу заслона пасланец ад чырвонаармейскіх тылавікоў і скажа з трывогаю, што немцы адбілі ў іх фурманкі з дабром. Дык мы туды... Многа тады іх палажылі, у палон узялі... Больш за шэсцьсот паланілі...

— А помніце, як у Налібаках сеў наш самалёт? — уставіла сваё слова і Франця,— І як яго хацелі ўзяць немцы? Можа, хацелі афіцэры на ім уцячы... Два разы наша рота адбівала іх...

— А ці помніш, ты, нявеста, як партызанскае вяселле табе з Адасём рабілі? — усміхнуўся Гаптар.— Як камісар брыгады табе шлюб даў? Перад самым ад'ездам у Мінск на парад... Першых вас благаславілі на мірнае жыце... Ох і скакалі ж, весяліліся мы тады!

Франця нічога не адказала. Апусціла галаву. Заплакала. Ды што яна магла сказаць? Яна прасіла Адася пачакаць, узяць шлюб у касцёле, зрабіць вяселле ў сваёй вёсцы, калі вернуцца з катаргі людзі, але Адась настояў сысціся там жа, у вызваленых Налібаках. Пасля параду вярнуліся з Адасём, як і ўся іхняя брыгада, у Івянец, дзе неслі гарнізонную службу, а потым падаліся ў свой голы і здзічэлы Бабчын Скон, зрабілі зямлянку — тую, дзе цяпер кузня,— жылі, нарадзіла яна пад вясну сорак пятага года, калі нашы войскі былі ўжо ў Германіі, нежывога хлопчыка. Ледзь сама ўцелала. Але больш бог ім дзяцей не даў.

Адась першыя гады перажываў разам з ёю, а пасля пачаў піць і чапляцца да яе. Іх усе ў вёсцы шкадавалі ў адной меры. І яе, і яго.

І вось, пакуль яны маўчалі, прачнуўся Адась. Нібы ад раптоўнай цішыні. Спачатку, быццам не разумеючы, чаго яны тут, няўцямна паглядзеў на ўсіх, але хутка апамятаўся.

— Вып'ем,— пацягнуўся да глячка.

— Можа, хваціць, Адаська,— выцерла хустачкаю шчокі і каля вачэй, папрасіла Франця.— Можа, ідзі ляж у хаце, адпачні.

— Не-э,— адмовіўся.— Вы гаварылі, цяпер я хачу падаць свой голас,— наліў у шклянкі, запрасіў усіх выпіць. І, ужо не закусваючы, толькі закурваючы, пасля сказаў: — Я хачу сказаць сваё. Але я нічога не скажу...

Апусціў галаву, закрыў далонню вочы.

— Ды скажы ты нарэшце, што ў цябе на душы,— прамовіў Блін, — можа, і лягчэй стане. Колькі ж ты будзеш адзін насіць тую пакуту?

З хвіліну Адась памаўчаў.

— Скажу...— нарэшце сапраўды загаварыў Адась,— Вот у вас кожнага свае клопаты. І вялікія, і малыя. Але ўсё ж вы ўсе шчаслівыя. А я самы з вас няшчасны. Я як той Езус Хрыстус жыву тут, пакутую за нешта...

Пачуўшы гэта, Франця зноў угнула галаву. Звычайна ў такія хвіліны Адась яе папікаў. А адзін на адзін і чапляўся, выганяў з хаты. Яна, можа, і чакала: як ён павядзецца цяпер? І ўсе гэтага чакалі.

— Мала, што я змалку без бацькі гора хлебануў, мала, што бог мне дзяцей не даў, дык ён яшчэ нешта і губіць мяне без пары...— Адась сёння загаварыў іначай, не пра бяздзетную жонку, а пра сябе.— Нешта зусім мяне знішчае. Дык хіба гэта не крыўда? — абвёў усіх туманным позіркам, зморшчыўся ў плаксівай міне. Потым выставіў уперад вялікія мазолістыя, чарнаватыя ад вугалю і жалеза далоні,— Хіба гэта рукі гультая? Не, не гультая. Гэтыя рукі ўмеюць усё рабіць: плугі, сякеры, нажы, калёсы, сані, вокны, дзверы, бочкі, сталы, ложкі, крэслы, шыць боты... Вучыўся я некалі на гэта і думаў: век трэба людзям буду, век буду людзям рабіць карысць! І я рабіў. І няблага. Мы з Данілевічам з Янкевіч лепшыя ў раёне кавалі пасля вайны былі! Усе вёскі ішлі да нас з просьбамі. І мы ўсім рабілі дабро. А каму трэба сёння я, мае нажы, сярпы, сякеры? Дзеля каго я жыву? Дзеля чаго? Каго я магу пра гэта спытаць? Каго? Каб яшчэ дзеці былі, дык...— і заплакаў.— Я самы тут з вас лішні, непатрэбны... І не ведаю: за што я так гарую? За каго такі крыж на мне? Ужо за ўсю вёску гатоў бы адгараваць, дык без толку: скора і вёскі не будзе, не трэба ёй мая ахвяра.... Скажаце: не, не так. Хто гэта скажа? Ну! — і зноў паглядзеў на ўсіх туманна.— Але я маўчу. Але во тут...— пастукаў сябе па левай грудзіне.— Тут душа баліць...

Блін моўчкі пагладзіў яго па вялікай руцэ. Адась злавіў яго маленькую руку, моцна сціснуў. Маўляў, не трэба. Не суцяшай.

Убачыўшы гэта, Франця кіўнула: паспрабуй завесці яго ў хату.

— Хадзем, Адась, ляж на ложак, адпачні,— папрасіў яго Блін.

— Не,— рэзка сказаў той,— я хачу пабыць каля вас. Я не хачу сёння быць адзін...

Дадому, лічы, пад раніцу ўжо, калі на ўсходзе засвятлелася неба, Блін ішоў з Гаптаром. Абняўшыся. Спявалі. «Ой, бярозы ды сосны...» Часта то спатыкаліся, абапіраліся на прыдарожныя бярозы ці на дзікія яблыні, што былі далекавата ад вуліцы. Нейкая сіла штурхала іх то туды то сюды.

Ля Блінавай цёмнай, маленькай хаты сталі.

— Ідзі, Сцяпан, дадому,— сказаў Гаптар, трымаючы Бліна.

— Я цябе правяду,— адказаў Блін, мацней абдымаючы яго за стан.

— Не трэба, Сцяпан, я і сам зайду.

Блін настояў, павёў. Зноў заспявалі. Зноў вуліца была ім цесная: ішлі, здаецца, пасярэдзіне, але раз за разам апыналіся то на адным яе баку, то на другім.

Каля Гаптаровай хаты запыніліся. Абаперліся аб плот. Прытуліліся.

— Ты любіш мяне, Юзік? — запытаў Блін.

— Люблю.

— Не. Ты мяне не любіш. Ты абіжаешся, што я твайго большага хлопца зачапіў... Што ён пра нас не думае... Вы ўсе мяне не любіце за язык.

— Дурань ты,— сказаў Гаптар.— Нічога ты не панімаеш.

— Дык любіш?

— Як брата.

— Дык давай пацалуемся.

Пацалаваліся.

— Хадзі, Сцяпан, возьмем яшчэ па кроплі за дружбу. Колькі там ужо мне жыць засталося! Ды як паедзеш у Налібакі....

— Хваціць вам ужо сёння, ваякі,— нечакана пачуўся паблізу Анцін голас.— Ідзіце спаць. І так заўтра паміраць будзеце.

Яны азірнуліся: за брамкаю стаяла ў доўгай белай кашулі, з накінутай на плечы фуфайкай Анця.

— Анця,— ірвануўся да яе Блін,— ты так не гавары. Я люблю твайго Юзюню. Я і цябе люблю. Добрыя, справядлівыя вы людзі. Дай я пацалую цябе за гэта.

І не чакаў адказу. Пацалаваў яе ў шчаку.

— Ох, якія вы сёння добрыя! — міралюбна ўсміхнулася Анця.— Але і праўда, ідзіце ўжо сёння, мужычыны, спаць. Заўтра спаткаецеся, пахмеліцеся.

— Баба праўду кажа...— згадзіўся Гаптар, ткнуўся да жонкі.— Дай і я цябе пацалую, старая. Добрая ты ў мяне кабета.

— От! — адышлася Анця,— Падурэлі абодва. Гарлапанілі на ўсю вёску, усіх разбудзілі, дык і дзеці не спяць, чуюць усё... Смяяцца будуць... Ну, разыходзьцеся.

— Хадзем, баба, завядзём дадому Сцяпана.

І яна ахвотна паслухалася.

А яны, мужчыны, зноў ішлі абняўшыся і зноў спявалі свае, партызанскія, песні.


8. СЕНАКОС


Па-шчодраму за дзень адгрымела, адсвяціла і адліла першая летняя навальніца. І прырода як бы палягчэла, суцішылася.

Пачысцеў, свежа запах лес — памытымі хвоямі, ядлоўцам, елкаю, мохам ды першаю грыбной плесняю. Забуялі сенажаці: казянюха, асака, сівец і аўсянка. І, як зноў настала празрыстая яснасць, павышэла неба, паблакітнела, заявілася прыемная парнасць, павісла міні небам і зямлёю смуга — можа, і ад круглых, белых, што снег, воблакаў, што ўдзень цягнуліся і цягнуліся па небе, не засцілаючы сонца,— стала відаць: прыйшла часіна сенакосу. Травы выраслі і набраліся сакавітасці.

Раней, гадоў яшчэ сем-восем назад, дачакаўшыся першай навальніцы і цяпла пасля яе, усе мужчыны, што ўмелі касіць, выходзілі на луг і з тыдзень, перасільваючы боль у паясніцы, у руках, махалі косамі. Але цяпер каторы ўжо год не выходзілі. І тыя нямногія, хто застаўся ў Бабчыным Сконе. А запрогшы коней у касілку, выязджаў на луг Блін і спляжваў за пару дзён такія гоні, што цяжка было акінуць вокам.

Злажыў сенажаць за пару дзён Блін і сёлета. Яму памагалі крыху раніцай ды вечарам толькі стары Гаптар, Адась і Суніцкі — выбівалі косамі лапінкі травы ў кустах, дзе цяжка было паварочвацца з касілкаю.

У гэтыя дні амаль усе сталыя людзі з навакольных вёсак на машынах — з харчамі на тыдзень, з косамі і граблямі — ехалі за Налібацкі лес, у Шубін, дзе быў велізарны, падзелены між калгасамі і саўгасамі луг. Там кожны год касілі, сушылі, зграбалі сена і скідалі ў стагі. А потым, ужо узімку, па добрай дарозе, перавозілі гэтае сена ў брыгады — раней коньмі, а цяпер машынамі і трактарамі. І толькі вось з Бабчынага Скону век заставаліся і цяпер засталіся каля дому: тут хапала сена і сабе, і ўсёй брыгадзе.

Гаптар выйшаў са зруба — толькі што, укінуўшы туды астатак прывезенага пяску, разраўняў там яго, патаптаў. На дварэ, адышоўшыся, азірнуўся: зруб стаяў, як лялька. Высокі, бела-жоўты, на шмат акон, ужо налачаны.

«Упарадкуем вось саўгаснае сена, дык і вазьмуся крыць шыферам,— падумаў.— Увосень печ злепім, столь падаб'ю, падлогу пасцялю... За зіму Адась вокны і дубальты зробіць, дык увесну маладыя могуць ісці ў свой дом! Могуць быць самі сабе гаспадары!»

Радуючыся, пайшоў да сваёй старой хаты. Зірнуў на вуліцу: па ёй ішлі ўжо сюды, у гэты канец, гуртам кабеты і дзеці.

Дачакаўшыся жонкі і нявесткі, Гаптар выйшаў на вуліцу: так і ёсць, усе, пра каго думаў, падыходзілі да яго хаты. З другога боку падышла Гэлька з дзецьмі.

«Вот і людзей, выходзіць, у нас нямала! — зарадаваўся Гаптар.— Цэлы гурт! Брыгада! Самі ўсё зробім, ніхто не скажа: які з вас толк!.. А ўвосень самі і картофлю за трактарам падбяром, буракі выкапаем...»

Усе запыніліся каля яго, Гаптаровай брамкі, зірнулі на новы дом. Як на вясковую гордасць.

— Во даміна! — пазайздросціла Блінава жонка.— Аж увесь Бабчын Скон памаладзеў!

Іх чакала каля сваёй хаты і Стэфусіха. Лічы, сёння ўсе, хто жыве ў вёсцы, выйшлі на сенажаць. Толькі жонка Суніцкага засталася дома.

Мінулі канюшню, выган і падышлі да сенажаці. Сталі. Зірнулі на роўныя пракосы.

— Ну, расстаўляй, камандзір,— сказала Адасёва жонка, Франця,— каго куды.

— Што тут расстаўляць,— прамовіў Гаптар.— Вы, кабеты і дзеці, разбівайце во тут, на пляцы, а мы, мужчыны і маладзейшыя,— кіўнуў на Гэльку і нявестку,— пойдзем у кусты, зграбаць і выносіць адтуль сена на прагал. Разбівайце вунь да тых, высокіх, вольхаў. Колькі зможам сёння ссенаваць, у копы паставіць.

Рассыпаліся па выгане: Лабунева жонка з дзецьмі, Анця, Антонава жонка з малымі, Франця, Найдзёніха з унукамі, а ля яе — трое Бліноў, Стэфусіха. Шмат занялі пракосаў.

Гаптар паглядзеў, як робяць людзі. Усе разбівалі добра: рыжаватае, ломкае сена паварочвалася на зямлю, а наверх трапляла зялёным бокам. Як і мае быць. Ззаду за ўсімі корпалася старая Стэфусіха, сагнуўшыся і шуруючы сваім кійком. Гаптар моўчкі пайшоў. За ім падаліся Суніцкі, Адась, Гэлька з Антанінаю.

Раса ўжо высахла; было цёпла, нават парнавата. Налятаў ветрык. Якраз усё для таго, каб добра сохла сена. У кустах жа, у цяні, як туды зайшлі, было яшчэ расяна, халаднавата.

Усе моўчкі паразыходзіліся, пачалі грэбці. Праўда, потым не ўсе маўчалі: былі адна ля адной Гэлька і Антаніна, смяяліся, нешта адна адной расказваючы.

Нехта з дзяцей віскнуў на прагаліне: ці не наступіў на жабу ці вужа? Вось там збегліся ўсе, пачалі таўчы граблямі.

«Цяпер усё ж не той сенакос...— падумаў Гаптар.— А некалі ж, як было шмат маладых, дык чаго толькі не было на лузе! Звінеў луг! Жартавалі, барукаліся мужчыны і хлопцы. Качалі дзяўчат, купаліся. Хлопцы падглядалі за дзяўчатамі, адкрадалі іх адзежу, тыя вішчалі, бегалі за хлопцамі з крапівою... А на Шубін, кажуць, і цяпер едуць і як на работу, і як на свята. Там жывуць у буданах, ловяць рыбу, паляць вогнішчы, дурэюць. Увесь дзень там звіняць песні, смех, жарты. Потым усе вёскі цэлае лета пра той сенакос гавораць...»

Загудзеў матацыкл. Ехаў сюды. Стаў.

Гаптар выйшаў з кустоў, пайшоў насустрач. Ведаў: прыехаў іхні, пільніцкі брыгадзір.

Сустрэліся пасярод лугу.

— Разбіваеце ўжо? — усміхнуўся Сцяпан. Сярэдніх гадоў мужчына, невысокі, поўны, чырвоненькі. У сандалях, картовых штанах і ў тэнісцы, у капелюшы.— Я думаў, што спіце яшчэ, прыйдзецца вас па хатах шукаць ды выправаджаць на работу.

— Здароў табе,— адказаў Гаптар. Ведаў: Сцяпан жартаўнік.— Позна ты надумаўся заказваць на работу. Добрыя брыгадзіры яшчэ б учора наказалі: пагода стала добрая, дык ідзіце, людзі, заўтра разбіваць і грабці.

Парукаліся.

— А што — высахне сёння? — запытаўся Сцяпан.

— Высахне,— адказаў Гаптар.— Калі не на зямлі, дык дасохне ў копах. Назаўтра вунь там,— кіўнуў на высокія вольхі, дзе ўжо мітусілася гарачае паветра,— ссянуем. Паслязаўтра кончым на Гаптаровым раўку. А там паслязаўтра будзем ставіць стагі.

— Дык хто тут брыгадзір: вы ці я? — усміхнуўся Сцяпан.

— Я толькі раблю тое, пра што і ты думаеш...— з усмешкаю адказаў і Гаптар.

Сцяпан нічога не адказаў, стрэльнуў позіркам на кусты: з іх з ахапкам травы выходзіла Гэлька. Гаптар усміхнуўся, зразумеўшы гэты позірк. Сцяпан зачырванеўся. Але абодва маўчалі.

— І ваша нявестка засталася? — запытаў Сцяпан, акідаючы позіркам ужо і Антаніну.

— Засталася.

— Хадзі сюды,— паклікала Сцяпана Антаніна,— памажы троху, згані лішні тлушчык.

— Ды магу,— не збянтэжыўся Сцяпан.— З абедзвюма вамі гатоў...

— Не, дарагі,— не здавалася Антаніна,— з намі дваіма табе не справіцца. Жывот на гэта завялікі ў цябе.

— А ты не бойся, не глядзі па мой жывот...

— Дзеці ж кругом,— папікнуў Гаптар.— А вы...

Але адчуў: вось гэтага і не хапае цяпер. Жартаў. Але не падабалася, што жартуе з чужымі мужчынамі іменна яго нявестка. Няхай бы гарэзнічала Гэлька. Але тая маўчыць. Ведае: што змоўчаць замужняй, дык ёй, удаве, не даруюць. За ўдавою заўсёды пільна сочаць.

— Гэта я вот чаго прыехаў,— збянтэжыўшыся, прамовіў Сцяпан.— Трава сёлета тут ураслася, сена будзе многа, дык, можа, і не хваціць вашай сілы. Кажыце — пазваню дырэктару, дык падашле сюды канторскіх кабет з Налібак.

— Не трэба,— махнуў рукою Гаптар,— і самі справімся. Ну я пайшоў.

«Тыя гады, як быў простым інжынерам, і мой Гіполь прыязджаў на сенакос з жонкаю. А гэтыя гады не прыязджае, едзе з сям'ёю да мора...»

З кустоў насустрач выйшаў Суніцкі. Нёс перад сабою вялізны ахапак зялёнай травы.

Горача во, усе ў лёгкім — кабеты ў светлых сукенках, а яны, мужычыны, у штанах і кашулях — а ён, Суніцкі, у суконным галіфэ, пінжаку. Няголены, аброслы, шапка насунута на вочы. Рослы. Дык як мядзведзь. Аднагодак, але, здаецца, старэй намнога выглядае.

— Са-прэ-еш! — крыкнуў яму Гаптар па складах. Той так лепш разумеў. І паказаў — скідай пінжак.

Суніцкі квола ўсміхнуўся. Усмешка была як хваравітая, вінаватая. Запыніўся, стаіць і пазірае, як па-дзіцячаму рады, што яго запынілі.

— Скідай фрэнч!

Суніцкі махнуў галавою: добра, скіну.

Гаптар усміхнуўся, падміргнуў. І пайшоў у кусты, да сваіх грабель.

«І што на душы ў гэтага нямога? — падумаў.— Адзін бог толькі ведае!.. Адась маўчаў, маўчаў ды хоць на свята выгаварыўся. А гэты век маўчыць. І жонка яго дзікая. Хоць ты вазьмі ды папрасі: напішы ты, чалавек, на паперы, што цябе мучыць, можа, і палягчэе... Хоць пакута вядомая: хаваў у вайну дваіх сыноў у склепе, у ямах, ратаваў, а яны пахварэлі на сухоты і пайшлі на той свет... А дочкі паехалі некуды ў свет і як прапалі... Ці паскручваліся дзе, ці адцураліся нямога бацькі і нелюдзімай маці...»

На чацвёрты дзень пачалі кідаць стагі.

Пакуль Адась Даргевіч то з Гэлькай, то з Антанінай насіў да аднаго месца на насілках копы, Гаптар сек і цягаў алешнік — на адонак.

Непадалёку, крокаў за трыста, адонак рабіў Суніцкі. Яму копы падносілі Лабуня з жонкаю, Блін.

Астатнія — пажылыя кабеты, дзеці — падграбалі сена. Па ўсім лузе. Дзе стаялі копы.

Гаптар прыцягнуў, кінуў пасярод адонка алешыны.

«Здаецца, добра,— падумаў,— не павінна ад зямлі падгніваць: будзе падшывацца вецер...»

Стаў пасярод адонка. З сахаром.

— Ну, кідайце,— усміхнуўся.

«А ці ўдасца гэты стог? — адчуў, аднак, хваляванне.— Хоць і кажуць усе, што лепш за мяне ніхто но ўмее скласці, але... Трэба ўмець і не запусціць які бок, і не звузіць...»

Ён раўняў сахаром па ўсім адонку сена, таптаў. Зірнуў убок: і там ужо стаіць на адонку Суніцкі, і яму шпурляюць людзі сена. Значыць, пачаліся «высцігі» — хто першы складзе стог, чый стог будзе лепшы! Суніцкі справён да работы. Што ні возьме, усё зробіць так, што люба зірнуць.

Гаптар убачыў: людзі загарэлі за гэтыя дні. Твары, шыі, рукі рудыя. Толькі лбы белыя — мужчыны нацягваюць на лбы брылёўкі, а кабеты — хусткі. А як во Антаніна, дык і да пояса рудая, бронзавая: у адным станіку ды ў спартыўных штанах і кедах на босую ногу. Гэлька ў лёгкай белай сукенцы, як падымае ўверх рукі, дык падымаецца і яе сукенка. Тады вышэй калень паказваецца яе тугое белае цела. Гэлька яшчэ даўнейшага сораму кабета. Не тое што Антаніна. Гэта цяперашняя. І да яе такой усе прывыклі. Ніхто не папікае. Усе ж у сукенках, а на яе во, напалавіну голую, не зважаюць. А хай бы і Гэлька была б так, як Антаніна, дык з тыдзень не сышла б з языкоў!

— Во сена! — парадаваўся ўголас.— Здаецца, сам еў бы! Аж галава кружыцца ад паху.

Адась маўчыць. Сорамна. Учора напіўся і выгнаў з хаты сваю Францю. Сёння яна сышла адгэтуль, пайшла да той кампаніі.

— У вас, старога, ды круціцца,— усміхнулася нявестка,— а што пра нас, маладых, гаварыць! П'яніць проста!

Гаптар маўчыць. Душою бачыць: гарыць усё на нявестцы. Ніякая праца яе яшчэ не стамляе. А Уладака няма — з'язджае на два тыдні. Таму не ад добрага настрою яна не спіць вечарамі, выходзіць на двор і сядзіць на лаўцы...

— Цішэй вы крыху кідайце, маладыя кабеты,— забурчэў ён, знемагаючы ад гарачыні, што ідзе і ад сена, і з блакітнага, белаватага неба.

Бачыць і кідальнікам не лёгка. Ва ўсіх на тварах пот. А ў Антаніны блішчыць ён і на спіне, і на грудзіне, аж ліпнуць сянінкі, труха.

— Абыдзі, Адась, і зірні,— папрасіў,— можа, зарваў дзе ці напусціў?

Адась абышоў, прыгледзеўся.

— Добра,— буркнуў. Кінуў сахор і ўзяў вілкі за доўгі чаранок: падаваць трэба ўсё вышэй і вышэй. І кабеты ўзялі даўжэйшыя вілкі, пачалі браць паменей ужо на іх сена.

Гаптар палічыў: колькі падалі ўжо наверх копаў. Каб ведаць, калі завужаць стог.

Вось захісталася ўсё пад ім. Ён, лічы, на самым вільчыку. Мосціць сярэдзіну.

Стаў.

— Дайце граблі,— папрасіў.

Адась падаў. Ён узяў, зверху ўніз агроб, колькі даставаў, а заадно і падраўняў бакі. Апусціў граблі. Яму падалі астатак сена, і ён яго падтаптаў сабе пад ногі. Стаў на калені. Зірнуў убок: Суніцкі яшчэ толькі пачынае вяршыць.

— Давайце апоўзіны.

Адась узяў апоўзіны і доўгімі вілкамі падаў іх наверх. Адны, а потым і другія. Гаптар паклаў іх крыжам, спусціўшы звязаныя дротам палкі долу. Адась моўчкі шпурнуў яму згорнутую вяроўку, не выпускаючы з рук яе канца. Гаптар апусціў вяроўку на другі бок стога і, трымаючыся за яе ды ўпіраючыся ў стог, пачаў спускацца ўніз, адчуваючы, як гайдаецца гэты яшчэ не акрэплы, не застаялы стог.

Злез. Абышоў стог з усіх бакоў. На душы лёгка, радасна: стог як стог.

— Як лялька! — усміхнулася Гэлька.

— Які ж ваш стог! — дражніцца здалёку Лабуня, падаючы апоўзіны Суніцкаму.— Крывабокі. Вот у нас дык стог!

— А хадзем зірнём зблізку,— узгарэлася Антаніна, пацягнула за рукаў Гэльку. Але тая не ідзе: там жа Лабунева жонка.

Пад самы вечар Антаніна і Гэлька паціху сунуліся да рэчкі. Астатнія людзі, мужчыны, кабеты і дзеці, падаліся ўжо дадому — ухаджацца па гаспадарцы.

Луг быў яшчэ шэры, ад пакошы, а мясцінамі пачынаў ужо зелянець. Ад маладой атавы. Сям-там чарнеліся парытыя кратом і раскіданыя касілкаю горкі пяску.

Ледзь заплюшчышся — у вачах сена, сена. Валкі, копы, стагі. І вакол дурманісты пах. Ім, здаецца, запалонена ўсё: прастор, паветра, неба.

За прудскі лес садзілася вялікае, ужо не слепкае сонца. Клаўся цень ад лесу, поўз пакрысе шэры морак.

— Здаецца, больш не магла б і рукою махнуць,— усміхнулася Антаніна,— ні рук не чую, ні спіны. Каб вярнуўся Уладак, дык сёння адвярнулася б ад яго...

Гэлька ўсміхнулася.

— Вот табе...— толькі прамовіла.— Гэта ж сенакос!

Падышлі да рэчкі. Ад яе дыхала свежасцю.

Азірнуліся: нідзе нікога. Ды хто можа дзе быць? Хоць і можа нехта затаіцца. Лабуня ці Альфонс Блін. Грэблі ж таксама, употай абодва зіркалі на Гэльку.

Антаніна пачала распранацца першая. Скінула халат, засталася толькі ў маленькіх белых трусіках і ў белым станіку.

— Ну як я? — усміхнулася Антаніна.

— Файная! — прамовіла Гэлька, неяк з сорамам сцягваючы з сябе сукенку. Саромелася быць і ў белай сарочцы, як і любая вясковая жанчына.— Самая спрытная і харошая ў Бабчыным Сконе.

— А ты! Гавораць жа, мы абедзве такія...

— Я не такая,— адказала Гэлька.— Ты вышэйшая, танчэйшая, дык і спрытнейшая. А я нізшая, таўсцейшая, дык і не такая спрытная. Ды я ўжо і старая.

Антаніна, задаволеная, усміхнулася, скінула з сябе ўсё астатняе. Следам за ёю, саромеючыся, раздзелася і Гэлька.

— Не гавары: і ты маеш добрае цела...— усміхнулася Антаніна.— А каторыя мужчыны больш паўнейшых любяць, чым тонкіх ды худаватых.

Гэлька пайшла да яміны. Усунула нагу, пабоўтала, а потым, сцепаючы плячыма, пайшла ў ваду. Белая-белая, як снег. Не тое што Антаніна, загарэлая ўжо да чарнаты.

Антаніна дагнала яе, піхнула, і яны абедзве з піскам схаваліся ў цёплай вадзе. Вынырнулі. Засмяяліся. Вада, здаецца, мігам адбірала стому, улівала сілу, здароўе, бадзёрасць.

Антаніна гарэзавала — лавіла Гэльку, з жартам тапіла яе пад ваду. Тая ўцякала, смяялася.

Гэлька першая вылезла на бераг. Прысела. Хоць, можа, нікога нідзе няма, але ўсё роўна жаночы сорам прымушаў асцерагацца. Абсыхала.

Выйшла і Антаніна. Ішла спакойна, паказалася ўся як ёсць.

— Ну, цяпер і не адмовілася б, каб вярнуўся Уладак...— пацягнулася, пагладзіла сябе па тугіх грудзях.— Здаецца, як і не было стомы.

— Амаладзіла вада...

— А ты? — усміхнулася Антаніна.

— Што я? — Гэлька мігам азірнулася на яе і гадала-гадала: пра што не дагаварыла суседка?

— Ці будзеш сягоння каго чакаць? — Антаніна хітра ўсміхнулася.

— Вось гаворыш абы-што,— ціха сказала Гэлька, апусціла галаву.— Каго ж мне чакаць?

— Няўжо думаеш — я нічога не ведаю?

Гэлька залілася чырванню. Галавы не падымала. Узяла ў рукі сподняе сваё адзенне.

— Усё ведаю,— усміхнулася Антаніна.— Ночы цёплыя, свёкры, дзіця спаць лягуць, а мне не спіцца. Выйду калі і пасяджу на лаўцы. Дык чую: калёсы да твайго гумна пад'едуць... Але сабака не брэша... Нехта падыдзе, пастукае ў тваё акно, і ты выйдзеш. Усміхаецеся абое... Ці ў хату ідзяце, ці ў гумно... І доўга вас нідзе няма... А потым калёсы ад'едуцца і зноў ціха... Ці во тут сёння на сенакосе. Сышліся вы. І адно на аднаго не зірнеце, не загаворыце. Нават позіркамі стараецеся не сустрэцца. Але ж відаць: наўмысна ўсё гэта. І яшчэ адна кабета ўсё ж бачыла, аж бялела на твары. Таму і яна ні разу не загаварыла... А як выпала вам удваіх у кустах застацца, дык і загаварылі, гэтак адно на аднаго назіралі... І каб я не пайшла, дык, можа, іпацалаваліся б...

Гэлька гарэла ад сораму. І не толькі ад сораму. Але і ад адчування, што яе тайна больш не тайна. Пазірала долу. І маўчала. Здаецца, магла вось-вось заплакаць.

Антаніна мігам усё гэта адчула.

— Ды не бойся, Гэлечка, я нікому нічога не скажу,— супакоіла,— Ты ж маладая. Нічым не горшая за другіх кабет. І ці ты вінаватая, што нешчаслівая? Не. Не вінаватая. Але дзякуй богу, што ўсё яе шчасце зусім не адвярнулася ад цябе...

Антаніна ўжо каялася: нашто сказала пра тое, што ведала? Можа, Гэльцы было б лягчэй ад думкі, што ніхто пра яе тайну не ведае. А цяпер будзе пакутаваць: не пойдуць плёткі па вёсцы, але ж нехта ўжо ўсё ведае.

— Ну, не ўбівайся,— папрасіла Антаніна, прысела побач.— Хочаш, і я табе скажу сваю тайну? Сказаць? Дык ведай: я хаджу дзіцем... Ужо два месяцы... Словам, недарэмна мне сніліся баравікі, а потым усё рыба ды рыба...

— Давай адзявацца,— прамовіла Гэлька, не зважаючы: на яе такую навіну,— у цябе ж свякроў, а мне самой трэба яшчэ ўхадзіцца.

— Ты ўзлавалася?

— Не, чаго я буду злавацца? — адзяваючыся, адказала Гэлька. Але ў вочы не пазірала.

І Антаніна адчула: усё, не будзе ў іх больш такой шчырасці і дружбы, што былі дагэтуль. Гэтая тайна будзе стаяць між імі. Як якая калючка.

— І я, Гэлечка, на тваім месцы точна так зрабіла б...— усё апраўдвалася і суцешвала сяброўку Антаніна,— На свеце ж раз жывём. І не будзем больш маладыя. Я дык не раз падумаю: ну, вот я замужняя, не горшая за другіх, і гэта бачаць мужчыны, хлопцы. Ліпнуць. А я ўсіх іх адганяю... А можа, і не трэба так. А можа, варта было б з кім прыгожым...

— А вот гэтага не трэба...— нарэшце прамовіла Гэлька.— Каб жыў мой Сцяпан, дык я ні на каго чужога не зірнула б... Але... Вот выйшла так... Сама вінаватая... Як здурэла...

— Не адчайвайся,— Антаніна абняла яе, прытуліла да сябе .— Любіш, дык і любі. Бо цяжка жыць без гэтага... І адзін бог табе суддзёю будзе...


9. ТАМАШ ЛАБУНЯ


Тамаш зайшоў у лазню апошні. Зачыніў за сабою дзверы.

Госці ўжо кракталі. На верхняй лаўцы на жываце ляжаў доўгі, худы Сцепановіч. Белы-белы, як смятана. На ўсю галаву, аж да патыліцы, бялелася вялікая лысіна. Валасы былі толькі каля вушэй ды каля загарэлай, рудой, аж чорнай, шыі.

Баючыся духу, на падлозе сядзеў поўны, чырвоны ў твары, з густою капою чорных валасоў Дзячкоўскі. Каля яго стаяў такі ж невысокі, тоўсты Адамцавіч. Ён абедзвюма рукамі трымаў сябе за складкі адвіслага жывата і трос імі.

— Лезь сюды,— усміхнуўся Сцепановіч,— дык, можа, згоніш кілаграм з пяць.

— Мала і ем, а ўсё роўна паўнею...— адказаў з усмешкаю Адамцавіч. — Ці ад таго, што п'ю многа? Можа, па вядру вады ўдзень выпіваю.

— Каб жа толькі вады...— уставіў сваё слова Дзячкоўскі.

— Ты маўчы...— усміхнуўся Адамцавіч.— Я пра цябе больш ведаю, чым ты пра мяне. Даўно ўжо думаю на сесіі паставіць пытанне пра самагонныя апараты...

— Ніякіх службовых размоў! — сказаў зверху Сцепановіч.— Давайце цешыцца гэтым раем! Падкінь, Тамаш, яшчэ духу!

Тамаш зачарпнуў з мядніцы, дзе ў вары моклі бярозавыя венікі, кубак вады, адчыніў у печы дзверцы і лінуў на каменне ваду. І мігам прыгнуўся: з пашчы печачкі дыхнула-свіснула клубам пара. Ударыла ў сцяну насупраць і папаўзла-папаўзла па новай велікаватай, з двума радамі палкоў, з новаю падлогаю лазні, абабегла вакол і шыбнула ў новыя, набрынялыя, а таму і не зусім шчыльныя дзверы. І яны не вытрымалі, адчыніліся.

Тамаш хуценька іх зачыніў, узяў на кручок і яшчэ пляснуў на каменне вады. Раз-другі.

— Ох! — задаволена закрактаў Сцепановіч, круцячыся на палку,— Ну і лазенька! Душагубка! Рай!

Адамцавіч прысеў на падлозе ля Дзячкоўскага.

Тамаш сеў ля Сцепановіча. І праўда пякло. Нібы пякельным агнём.

Адамцавіч і Дзячкоўскі папаўзлі да бочкі з халоднаю вадою. Чэрпалі далонямі, пілі і лілі на твар.

— Ну і праўда ж: душагубка! — застагнаў Дзячкоўскі.— Ні ў кога тут такой няма! Адна на ўсю акругу такая!

— Як па спецзаказу,— прамовіў Сцепановіч.— Чыстая, прасторная, з добрай парай і, можа, галоўнае, без лішніх людзей... Ужо з-за адной гэтай лазні трэба Тамаша тут пакінуць, нават папрасіць, каб нікуды не перабіраўся.

— А Гаптара з пчоламі? — усміхнуўся Адамцавіч.— Адзін тут пчальнік на ўвесь саўгас...

— А Найдзёна з грыбаварняю? — дадаў Дзячкоўскі.— Лічы, круглы год у яго марынаваныя баравічкі, таўстухі, зялёнкі... А якая тут святая вадзіца! Агонь!

— Тут так гаворыце, а ў інакшым месцы інакшае...— усміхнуўся Тамаш.

— Трэба адчыніць дзверы, спусціць чадны дух,— сказаў Адамцавіч і адчыніў дзверы.

Следам за ім у прылазнік выкуліўся і Дзячкоўскі. Адразу пачалі там піць кіслы бярозавік.

Як Тамаш злез з палка і прыгатаваў венікі, усе вярнуліся ў лазню і пачалі парыцца.

Дзячкоўскі і Адамцавіч асмеліліся падняцца толькі на ніжнія палкі, Сцепановіч па-ранейшаму палез на вышэйшы. То кідаўся на жывот, то паварочваўся па спіну, аж енчыў ад гарачыні і задавальнення.

Тамаш, лежачы гэтаксама на верхняй лаўцы, ціха паводзіў венікам па нагах, па жываце. Пачакаў, пакуль уволю папарацца госці, а потым, як яны ўсе ўжо спаўзлі на падлогу, папрасіў:

— Дайце яшчэ, таварышы, духу.

Сцепановіч лінуў вады, зачыніў дзверцы і кінуўся на падлогу.

— Падкіньце яшчэ,— папрасіў Тамаш.

— Не, я больш не магу,— заенчыў Адамцавіч, адчыніў дзверы і шыбнуў з лазні.

За ім кулём імтанулі і астатнія.

Калі спусціўся і Тамаш, выйшаў у прылазнік, убачыў: госці сядзяць на ўслонах і, як рыбы, хапаюць-хапаюць свежае паветра.

— Ну што, ахалодзімся? — усміхнуўся Тамаш.— Гайда да рэчкі!

Услед за ім, як дзеці, вясёлыя, шчаслівыя, пабеглі салідныя госці. Ведалі: пакупаюцца, астынуць, зноў папарацца, а пасля, памаладзелыя, лёгкія, пойдуць у хату, дзе іх ужо будзе чакаць багаты стол.

Задаволеныя госці паехалі дадому.

Бронця ўзялася прыбіраць са стала.

Тамаш узяў цыгарэты і запалкі, падаўся на двор. Адчуваў: Бронця пільна сочыць за ім. Змаўчала, не затрымала, можа, толькі таму, што не ўзяў з сабою пінжака. Што нікуды далёка не пойдзе.

На дварэ ўцемнілася, як хтосьці магутны накрыў увесь Бабчын Скон вялізным гаршком.

Сеў на лаўцы. Закурыў. Зноў заіграў гармонік. Весяляцца, нікому не даюць спаць маладыя Бліны. Але сёння Тамаш не зазлаваў на іх, сёння яму хацелася, каб яны ігралі і ігралі. Нават і сам не ведаў, чаму гэтак хацеў чуць іхнюю музыку...

Пачуў: выйшла на ганак Бронця, лінула ваду ў гародчык. Стаілася. Мусіць, убачыла яго, вярнулася ў хату.

«Эх, Бронця, Бронця! — уздыхнуў.— Адчужаў я ад цябе... Хоць, можа, і ніколі не любіў. Вярнуўся з арміі — трэба жаніцца: бацька слабы, маці хворая... Туды-сюды, на таго-сяго глядзь: каго браць? Надта і не было. Павыбіраліся з вёскі дзяўчаты. Хто замуж пайшоў, хто па работу ў горад паехаў. Лічы, адна Бронця з незамужніх засталася. Не красуня, але і не брыдкая. Схадзіў пару вечароў, пасядзеў з ёю на лаўцы — і пасватаўся... Пайшла... І спачатку добра жылі. Спакойная, працавітая, добра старасць бацькоў дагледзела. Дзеці нарадзіліся... Янак вось ужо ў войску, Ганя ў горадзе, у кулінарным вучылішчы, Гіполь у пятым класе, Ірынцы шэсць гадоў... Хата новая, хлеў, гуменца, лазня, хлеб ёсць і да хлеба, на службе ўсё добра, а вот неспадзявана цяжка стала... Каб не баяўся граху, дык кінуў бы ўсё гэта і пайшоў бы да Гэлькі... З ёю на адной вадзе і хлебе жыў бы. І сам не ведаю чаму... Люблю яе, вот і ўсё. І шчаслівы з ёю. Пакутую без яе... Не магу без яе».

Зноў выйшла на ганак жонка.

— Ну ідзі, зачыняцца ўжо будзем,— сказала. А ў голасе хваляванне, трывога.

— Кладзіся, я зараз,— буркнуў ён,— Схаджу на поплаў, зірну, як там конь...

— Нідзе твой конь не дзенецца...— з незадавальненнем адказала.

Ён прамаўчаў. І яна змоўкла. А потым падалася ў хату.

«Мучу я яе,— пашкадаваў.— Паганец я перад ёю. Але як вырваць са свайго сэрца Гэльку? Можа, і першы раз палюбіў. Ва ўсіх гэта самае першае бывае ў маладыя гады, а да мяне вот цяпер прыйшло...»

Падняўся. Ногі павялі ўзбоч плота, да поплава.

Васька пачуў яго, зафыркаў.

Тамаш прыхіліўся да расянага ўжо шула. Пазіраў у цемень і, канечне, нічога не бачыў. Ды што бачыць? Конь жа тут — дык і ўсё добра. Думаў пра іншае. І пра свет вялікі, і пра сябе. Вось ён адзін тут, але ў яго ёсць душа, сэрца, і ўсё гэта бунтуе, не дае яму спакою.

Зноў заіграў гармонік. І ўночы панёсся па Бабчыным Сконе, па ўсім свеце мяккі Альфонсаў голас:

А дзе ж тая крынічанька,


Што голуб купаўся,


А дзе ж тая дзяўчыначка,


Што з ёю кахаўся?

А ўжо тая крынічанька


Травою зарасла,


А ўжо мая дзяўчыначка


Даўно замуж пайшла.

Ён аж уздрыгнуў ад гэтай пяшчотнай і сумнаватай песні. Адчуў: сумуе і стары халасцяк Альфонс. Можа, і па Гэльцы. Мо і не толькі маркоціцца, мо зараз і пойдзе да яе, будзе дабівацца кахання.

І яму стала страшна: а раптам Гэлька прыхінецца да таго? Будзе таго гэтак моцна абдымаць і горача цалаваць, будзе з ім палаць у безразважлівым забыцці! Не, гэтага не будзе. І Тамаш рушыў. Не дадому, а туды — у край вёскі. Не вуліцаю, а сцежкаю каля рэчкі.

Толькі насупраць Гаптара вытыркнуўся на вуліцу, як анямеў. І тут пачулася музыка. Але не сумная, а вясёлая. З транзістара. Ведаў: сядзіць упоцемку на лаўцы і маркоціцца без мужа Гаптарова нявестка, Антаніна. Але яна яму не трэба, яго сэрца аддадзена другой.

Збочыў. Вось Гэльчын плот. Пачуўшы яго, забегаў, звонячы колцам па дроце, сабака. Як і заўсёды, не брахаў.

Сёння Тамаш не падышоў, не прылашчыў яго. Тут жа, у двары, ціха пастукаў у цьмяную шыбіну.

Ляпнуў кручок, прачынілася палавінка акна.

— Хто там? — ціха запытала Гэлька. Яшчэ не сонным, а звычайным сваім голасам.

— Гэта я, злодзей...

Гэлька расчыніла акно зусім.

Падцягнуўся, улез цераз падаконнік у хату. Ужо сам зачыніў палавінкі акна, узяў на кручок.

— Спалохалася? — усміхнуўся.

— Чаго буду баяцца? — сёння надзіва спакойна адказала. І пайшла да ложка. Села.

Ён пайшоў услед. На дыбачках. Сеў каля яе, моўчкі абняў за цёплыя плечы: была ў догай белай кашулі без рукавоў.

Адчуў: плача.

— Ты чаго? — здзівіўся.

Не адказала.

— Ну, Гэлька, што з табою сёння? Нейкая ты як не свая. Як чужая.

— Я і не ведаю, што табе сказаць...

— Чаму?

— Ды хіба ты сам не бачыш? Людзі ўсё ўжо ведаюць, Бронця твая ўчарнела...

Тамаш зняў руку з яе плечука.

— А што ж рабіць? — ціха запытаў.— Счужэў я да сям'і. Дзяцей люблю, а вот яе... Шкадую толькі... Ляжу з ёю, а ты ў вачах стаіш...

— Прысушыў ты мяне на нашу бяду...— паскардзілася.— І я свету не бачу, людзям у вочы зірнуць не магу...

— Не звёў нас бог некалі, дык звёў цяпер...

— Бог зводзіць, бог і разводзіць...

— Ты? — ён павярнуўся, аж задыхнуўся ад скрухі.— Ты проціў, каб?.. Ну, хочаш, каб у нас болей нічога не было?

— Не я проціў. А доля наша проціў...

— А можа, мне пакінуць яе і да цябе перайсці? А каб не пакутаваць тут усім, дык давай пераедзем у Налібакі...

— Што ты! — напалохалася яна.— І не думай нават пра гэта!

— А вот каб так зрабілі, дык і лепей нам было б. Разводзяцца ж людзі...

— Не, Тамаш,— цвёрда сказала.— Як я пасля гэтага тваім дзецям, усім людзям у вочы зірну? Ды хіба буду шчаслівая, калі буду бачыць чужыя слёзы? Не, не буду. І ты не будзеш. Вот пачула, убачыла, як Бронця пакутуе, дык не магу ўжо... Ды і ніхто ў нас яшчэ не разводзіўся, усе жывуць з тымі, што ім бог даў... Я вот гэтыя дні пра другое думала: не хадзі ты больш да мяне...

— Цяпер цяжка, а тады яшчэ цяжэй будзе...— прамовіў.— Ці гэта так і трэба: жыць і пакутаваць? Ці ніколі не бывае, каб ты быў толькі шчаслівы?

— Я не ведаю. Я ўсяго маю: і шчасця, і няшчасця... Патроху.

— Дзень добры табе, гаспадынька!

— Дзяньдобры, цётка! — адказала Гэлька, пасунулася.— Садзіцеся во разам, паснедайце за кампанію. Дзеці паснедалі ўжо, пабеглі на двор, а я адна засталася.

— Ды давай памагу табе...— усміхнулася Стэфусіха, села побач. Узяла аладку, адарвала край, памачыла ў міску са смятанаю.— Чула навіну?

— Не. А што?

— Блін ішоў ад канюшні, дык казаў, што прыедуць сёння па нашу канюшню.

— Нічога ж не зробіш,— уздыхнула Гэлька,— раз так рашылі, дык так і будзе. Нявыгадна Сцепановічу ўжо ў нас яе трымаць. Страты адны.

— Ты вот спакойная, а мне баліць душа...

— І мне, цётка, баліць. Але я ведаю: нічога не зменіш.

— Блін казаў, што думаў да восені яшчэ парабіць, выбраць картофлю і тады перабірацца ўжо ў Налібакі, а так трэба цяпер... Кварцеру там яму добрую даюць. Аж на тры пакоі. Але іхні Альфонс тут застаецца. З бабаю.

— І я так чула,— сказала Гэлька, апусціла вочы.

— Гэта ж Бронця нядаўна ў мяне была, прыносіла млека. Дык плакала. Пасварыліся яны сёння з Тамашом. Ён, не еўшы, у лес паехаў. А яна плача: смерці ўжо хачу, цётачка... Божа мой, божа, а яна ж баба яшчэ маладая, добрая, і дзеткі ў іх добрыя...

Гэлька аж успыхнула ад сораму. І не толькі ад сораму.

— Яна ж на цябе крыўдуе...— сёння ўжо і ў вочы сказала Стэфусіха.— Наракае, што ты вінаватая...

Гэлька ела і не чула смаку. Здаецца, у рот траплялі толькі салёныя слёзы.

— Я ёй казала: няпраўда, што ты заманьваеш яе Тамаша,— гаварыла Стэфусіха,— але яна не верыць. Кажа: праўда... Я табе, Гэлечка, не суддзя. Але параю: бяры ты ў прымы Блінавага хлопца. І гаспадар будзе, і ніхто на цябе тады нічога благога не падумае і не скажа...


10. БЫВАЙЦЕ, КОНІ!


Вось і заявіўся ў Бабчыным Сконе матацыкл. Аднацыліндровы «ІЖ».

Блін зірнуў у акно. З надзеяю: не, матацыкл тут не запыніцца, памчыцца далей. Туды, куды трэба Сцяпану.

Але матацыкл збочыў з дарогі і ткнуўся ў плот. За Сцяпанавымі плячыма, на шэрым сядле, прымасціўся пільніцкі конюх — рыжы здаравіла Віктар Будзька. Па мянушцы Лупаты. Калі прыехаў яшчэ і Будзька, дык матацыкл напраўду меў дарогу толькі да іхняй вёскі.

Стаялі ля яго, Бліна, і пазіралі ў акно старая маці і жонка. Маўчалі. Як збянтэжыліся.

Сцяпан — у светлых штанах, у тэнісцы і ў белым, рыхтык як і ў пільніцкага настаўніка, капелюшы — убачыў яго, махнуў рукою: хадзі сюды.

— Ідзі ж,— падагнала жонка.— Чакаюць.

— Паспею, не гарыць...— буркнуў са злосцю, хоць ведаў: няма за што злавацца на сваю Стэфу. Але яна змаўчала. Як змоўчвае ўжо каторы час на яго раптоўны гнеў.

Ён, засаромеўшыся, што стаў гэтакі нервовы, даходзіць да шалу за кожнае лішняе слова, адышоўся ад акна і, не могучы ні за нішто зачапіцца рукамі ці вачыма, ні на кога не пазіраючы, пасунуўся на двор.

— Чаго рызіну цягнеш? — сустрэў яго Будзька, гарэзна пасміхаўся, вылупіўшы зіркатыя, па яблыку, вочы.— І чаму без сумкі ідзеш? Няўжо не думаеш частаваць?

Блін нічога не адказаў. Насунуў толькі на вочы брылёўку і спадылба зірнуў на Будзьку. Той — у картовым касцюме, у сандалях на босую нагу, няголены, грузны — усміхаўся, пазіраў ужо, як ястраб на якога вераб'я і па ўсім — па яго іскрыстых вачах, па адтапыраных губах — было відаць: усё яго гэта вельмі цешыць, ён нібы святкуе сваю нейкую перамогу. Але вось не вытрымаў Блінавага хмурнага позірку, заміргаў. І так заўсёды. Які ні нахабны, ні крыклівы, а зірні строга, як бы зазіраючы яму ў душу, дык сціснецца, як вожык пад калючкамі.

Падышоўшы, Блін падаў Сцяпану руку. Той паціснуў нямоцна ў адказ і не змог глядзець у вочы, адвёў позірк убок — ці на блізкі прымлелы сасновы лес, ці на яшчэ бліжэйшыя рэдкія хаты, ці па блакітны, з купкамі беласнежных воблакаў небакрай. Ён хаваў свой позірк.

— Здароў,— буркнуў Блін Будзьку, але рукі не падаў. І, паварочваючыся да Сцяпана, прамовіў: — Дык едзьце, я вас даганю.

— Што-та ты, Блін, надта хмурны! Як неба перад навальніцаю! — пахрабрыўся яшчэ Будзька (парабіў некалі гады са два кладаўшчыком у горадзе, а вось пыхі набраўся на ўсё жыццё, і не толькі пыхі).— І чаго-та ты гэтак засмуціўся? Ці не таму, што на пенсію паперлі?

Блін змаўчаў.

— Але чаго хмурыцца? Гэтакую там пасаду страціў! Конюха! Будзеш ягады, грыбы збіраць, процьма ўсяго ў лесе...— І, бачачы, што і ён, Сцяпан, маўчыць, нібы памякчэў, палагаднеў.— На каго-каго, а на цябе ніколі не падумаў бы, што ты можаш гэтак замаркоціцца! Раней сыпаў жарты як з мяшка. Толькі сустрэнешся, а ў цябе ўжо нешта ў галаве гатовае. Як кальнеш ды кальнеш ці і што такое смешнае спляцеш, што...

Бліна гэта не ўсцешыла і не абурыла. Ён ні абяліў, ні ачарніў.

— Ну я пайшоў...— прамовіў толькі і рушыў уперад, да канюшні.

Сцяпан моўчкі паехаў гэтаксама туды. Абагнаў, напалохаў Найдзёнавых курэй, знік за павароткаю. Пакінуў толькі стужку дыму. Блін тупаў па сцежцы ўздоўж: вуліцы. Не падымаў галавы. Ішоў — як на які суд. Адчуваў: пазіраюць і на яго з тых рэдкіх акон хат, што засталіся ў Бабчыным Сконе.

«І хто прыехаў сёння сюды! — злаваўся.— Лупаты!»

Як ні ішоў памалу, але неўзабаве быў ужо ля канюшні.

Сцяпан і Будзька сядзелі на прызбе і курылі.

— Садзіся, падымі з намі. Сёння, думаю, можна...— зноў заводзіў гамонку Будзька.— і сачыні ўсё ж нешта інцярэснае. Надта люблю слухаць твае складанцы. Ты як арціст той. Раскажы, як ты за панамі рэвалюцыянерам ці потым у сельсавеце фінагентам быў!

— Няма чаго рассядацца...— запыніўшыся, сказаў Блін Сцяпану.— Калі прыехалі, дык і давайце рабіце сваё.

— Ну, калі такі сур'ёзны, дык давай...— першы падхапіўся Будзька, дастаў з кішэні замусоленага, са скручанымі ў трубку лацканамі пінжака складзеную паперку.— Вот што ты должан...

— Я нічога не должан...— абсек яго Блін. Аж хваляю ўдарыла дурная кроў у галаву, што дакументы не ў Сцяпана, а чамусьці ў Будзькі. Што той? Большы начальнік, чым Сцяпан? — пры ўсіх рэвізіях у мяне парадак быў. І цяпер парадак.

— Праверым...— ухмыльнуўся Будзька. Ці цешыцца чалавек, ці не ведае, як паводзіць сябе ў гэты дзень, у гэтыя хвіліны. Усё роўна. Бо жарты і кепікі яго, якімі ён заменьваецца, толькі злуюць.— Вот ваша гаспадарка: трое ўзрослых коней, два жарабяці, чатыры хамуты, тры бараны, чатыры спраўныя вазы, тры плугі і абганяшкі... Так... І яшчэ следуюшчае дробнае імушчаства...

— Усё ест,— адказаў Блін.

— Я праверу...— усміхнуўся Будзька.

— Ды не дурачся, Віктар,— нарэшце ўставіў сваё слова Сцяпан, падняўся з прызбы, цыркнуў слінай. Кінуў долу акурак, затаптаў.— Хіба не бачыш: тупым сярпом пілуеш чалавеку па жылах...

— Што зробіш: прыйшоў яго Бабчынаму Скону канец...— развёў рукамі Будзька.

— Ну, ты гэта!..— ступіў да яго Блін, апаліў гнеўным позіркам. Аж закалаціліся рукі. Але стрымаўся, не ўчапіўся за згорнутыя лацканы пінжака. Супакойваючыся, дадаў ціха: — Рабі сваё дзела...

Здаравіла Будзька нібы звяў. Аж адступіў крок назад. Потым адумаўся, што Блін не зачэпіць, што не падужае — куды яму, на дзве галавы ніжэйшаму, вузкаму ў плячах, падужаць! — дык апамятаўся, і свой раптоўны спалох, і сорам, і апраўданне, і сваю зухаватасць уклаў у голас:

— Ну. чаго ты капыцішся?

«Ведае чаго...— падумаў Блін з пачуццём суцяшэння.— Бо ведае, што ў маіх вачах. Баіцца ён іх заўсёды, бачыць, халера, што ў іх мой суд. І не толькі мой...»

— Ну, хіба я першы выдумаў, што Бабчын Скон — аджылая дзярэўня? — як апраўдаўся Будзька.— Не, не я. Перш за мяне разумныя людзі пра гэта сказалі. Цяпер, як ты пайшоў на пенсію, дык толькі адзін работнік ад вас у нашу брыгаду ходзіць. І то баба. Гэлька ваша. Дык хіба, папраўдзе гэта вёска ўжо?

— І самую горкую праўду, Віктар, можна па-ўсякаму гаварыць,— прамовіў Сцяпан.— А ты...

— Я ведаю, чаго ён на мяне век воўкам глядзіць...— нібы ўжо з крыўдаю сказаў Будзька.— І ён конюх, і я конюх, але не адзінакава жывём... Ён сядзіць у старой хаце, а я ў новай даміне жыву як кароль... Але хто вінаваты? Сам вінаваты. Трэба было не спаць у шапку ці мянціць языком, а... Коні ж пад рукамі былі...

— Кажу табе: рабі сваё дзела...— перапыніў яго Блін,— Не табе ў гэтым разабрацца... Хоць прыйдзе час — адкажаш. І за коней, і за свой дом. І за дзікоў ды ласёў, якія ўпотай б'еш...

І пайшоў у канюшню. Доўгі калідор быў пярэсты ад святла і ад ценяў.

Яшчэ як гаспадар дастаў з кішэні ключ на сырамятным раменьчыку, адамкнуў кладоўку. Зайшоў у яе, акінуў позіркам — найбольш сцяну з убітымі тоўстымі цвікамі. Пад кожным цвіком — чарнільныя подпісы. Клічкі ўсіх коней, якія былі ў Бабчыным Сконе ад пачатку калгаса. Толькі зірнуў, але тут жа паўсталі ў памяці, у вачах усе-ўсе коні. Вунь у самым версе, справа, вісеў некалі хамут запражнога каня, Дэраша, на якім ён яшчэ ў маленстве навучыўся ездзіць верхам, баранаваць і араць; ніжэй і лявей вісеў хамут Гаптаровага рысака, Голуба, на якім бацька падвозіў яго да павета, да Стоўбцаў, калі яго бралі ў польскае войска, крыху збоку вісеў хамут яшчэ аднаго рысака, Даргевічавага Дзеркача, на якім ён ехаў са сваёю Стэфаю да шлюбу (іхні конь прапаў за месяц перад вяселлем), ніжэй і лявей віселі хамуты коней, на якіх у розны час вазілі хрысціць яго дзяцей. Тыя коні былі старыя, людзі аддалі іх сюды, у канюшню, калі тут стаў пасля вайны калгас. Тады тут конюхам быў спачатку Антон Даргевіч, а потым Гаптар. Ён, Блін, прыйшоў пазней. І на яго вачах нарадзіліся, раслі, упрагаліся ў хамуты ўжо новыя, калгасныя, коні, на яго вачах іх забіралі адгэтуль у Налібакі, у Пільніцу і ў Рудню. Цяпер вось засталіся толькі трое сталых і двое жарабят. Ды дзе засталіся... Яму выпала доля быць апошнім конюхам...

Плюснуўшы вачыма ад стомы, адагнаўшы ўспаміны, ён пазнімаў з цвікоў хамуты і панёс іх на калідор. І ўжо там, за кладоўкаю, адчуў: усё, ён тут ужо не гаспадар.

«І не толькі я не гаспадар,— падумаў,— хутка звядуцца конюхі, канюшні і ў вялікіх вёсках. Замест коней будуць маленькія трактарчыкі. Прыйшоў, сеў на гэты трапястунчык і паехаў. Па дровы, па сена. Забаранаваць ці і разараць...»

У кладоўку ўсунуўся Будзька. З паперынаю ў руцэ. Акінуў усё позіркам.

Блін не захацеў пазіраць, як ён там будзе гаспадарыць, узяў лейцы і пакіраваў да свайго любімага каня. Да Сівога. Нямала ён на ім папаездзіў і парабіў, быў на начлегах, у дарозе, і ніколі разумны Сівы не здрадзіў яму. І цяпер пакліч уночы на лузе — ідзе да рук.

Сёння Сівы — рослы, у белыя яблыкі — сустрэў яго з насцярогаю. Не выйшаў насустрач. А толькі павярнуў галаву, зірнуў вялікімі разумнымі вачыма і адвярнуўся. І не даваўся, каб ён накінуў аброць,— падымаў і падымаў высока галаву.

— Ну, чаго сярдзіты, Сівы? — Блін пагладзіў яго па дужай шыі, сказаў ласкава: — Хіба я табе непрыяцель? Я ж не вінаваты, што ты мусіш ісці ў прочкі. Ды і ніхто не вінаваты. Трэба так.

Сівы нібы зразумеў яго, пакорліва нагнуў галаву. Але не зірнуў у вочы, а, спусціўшы мызу, з неахвотаю патупаў за ім.

Блін, прыхапіўшы вупраж, вывеў Сівога на двор, да невялікага паднавеса — там стаялі ацалелыя калёсы. Моўчкі запрог і пад'ехаў да дзвярэй канюшні. Каб пагрузіць на калёсы дабро, што лічылася па акце на ім.

Будзька лаяўся, мацюкаўся каля апошняга стойла: яго не падпускала да сябе Гнядая. Круцілася, намервалася смалянуць заднімі нагамі. Ля яе са спалохам мітусілася жарабя.

Вось такі прыціснула Будзьку да загарадкі. Ён залямантаваў, як кот, мігам ускочыў уверх, на жэрдкі.

— Ты ж конюх, чаго ты на яе кідаешся, як воўк? — папікнуў Блін.— Чаго колеш вушы мацюкамі?

— Я ёй дам ласку! — той лез па загарадцы да калідора.— Я ёй дам псіхі!

Блін зайшоў у стойла.

— Ну, Гнядая, не злуйся,— папрасіў.— Ідзі, ідзі ў большую, светлую канюшню. Там вам і электрыка, і вада ў стойлах будзе. Усе выгоды. Там ты яшчэ і дружка сабе знойдзеш, яшчэ не адно жарабя прывядзеш. Ты ж маладая...

— Гаворыць — як і з чалавекам! — ужо на калідоры паздзекаваўся Будзька.— Не дзіва, што яны ў цябе і капрызныя! Параспускаў...

Гнядая сцішылася ў кутку, нервова стрыгла вушамі і са спалохам пазірала на Будзьку. Блін падышоў, пагладзіў па сытым рыжаватым баку, па прыгожай доўгай шыі. Узяў за грыву. Гнядая паслухмяна патупала за ім.

— Ну і Блін! Панавучваў, каб на чужых брыкаліся! — зноў пусціўся ў няўмелыя жарты Будзька.

Але ён нічога не адказаў, узяў вупраж і павёў Гнядую да паднавеса. Запрог, пад'ехаў да канюшні.

Будзька ўжо цягаў з кладоўкі і клаў ка калёсы бароны. Прынясе, зірне ў паперку, падкрэсліць пракураным пазногцем і зноў па нешта ідзе.

Вось прынёс парожнія мяшкі, вёдры, ліхтар. Вярнуўся, забраў з дзвярэй кладоўкі замок. Хоць ён быў і не саўгасны: Блін купіў яго за свае грошы.

— Цяпер не трэба яе зачыняць...— усміхнуўся Будзька.— Ну вот і ўсё. Усё забраў,— але зноў абвёў позіркам стойлы, калідор.— Дзела зроблена... Цяпер ты, Блін, вольны чалавек... Цяпер усе вы вольныя, ніякіх клопатаў пра вас... Жывіце тут, пакуль вам не прыпячэ, пакуль самі адгэтуль не ўцечаце! Не захацеў, а то вот маглі б прама і тут абмыць такое дзела...

Высунуўся з канюшні.

— Ну што, Сцяпан? — запытаў Будзька.— Што ты скажаш? З яго ж сёння...

— Ладна, Віктар, едзь дадому,— схмурыўся той,— І, можа, не вёскаю... Аб'едзь...

— Што я — злодзей? Не! Ну бывай, пенсіянер,— сказаў Будзька Бліну, але рукі не падаў. Пабаяўся,— Я цяпер ужо і над вамі начальнік! І ты сам, і вы ўсе да мяне будзеце прыходзіць прасіць каня...

— Што ты! — не ўтрываў Блін.— Над усімі начальнікамі начальнік! Над усімі злодзеямі злодзей! Ну ды будзь, Сцяпан,— махнуў рукою і пайшоў да кладоўкі. Каб зачыніць. Каб потым зачыніць і дзверы канюшні. Нашто каб ад скразнякоў рыпелі дзверы, ляскалі, палохалі ўсіх іх ўночы?

Чуў: Будзька крануўся. Але не выходзіў з калідора, не пазіраў услед. Толькі раптоўна прыхінуўся да загарадкі: таўханулася, а пасля хліпнула болем сэрца. Нібы ў яго торкнулі шылам.

«Стары я ўжо, слабы...»

І яшчэ здзівіўся: вось забралі ад вёскі коней, вупраж, калёсы, а ніхто сюды не прыйшоў. Ні першы тутэйшы старшыня калгаса Гаптар, ні першы калгасны конюх Антон Даргевіч, ні астатнія людзі. Раней, калі забіралі школу, магазін, дык усе выходзілі да школы і магазіна, яшчэ нешта гаварылі.

«А чаго цяпер пойдуць? — ужо выходзячы ціха з канюшні і зачыняючы дзверы, падумаў.— Усё роўна коней забралі б. Ці ты прыходзь, ці ты не прыходзь. Ці ты маўчы, ці нешта гавары. Вось усе ведаюць гэта, дык і як адрачоныя, абыякавыя да ўсяго... Можа, і бяссільныя. Перад паваротам новага ветру...»

Адчуваў: усё ж цяпер недзе ўсе выйшлі з хат і пазіраюць на нязвыклы абоз. Пазіраюць — як на пахавальную працэсію, і кожны, канечне, адчувае: шмат таго, што памерла, было і ў іх душы.


11. ПАМЯЦЬ


На выгане Сівы не падыходзіў да гурту, хадзіў і хадзіў каля самай агароджы, як шукаючы якой дзіркі. Але бачыў: слупы новыя, моцныя, дрот нацягнуты туга. Аж у тры рады. Можа, калі-небудзь коні і думалі збегчы адгэтуль: на калючках вісела рознага колеру валоссе. Ці, можа, прасоўвалі між дроту галовы, каб ухапіць за агароджаю, ужо з сенакосу, смачнай травы.

І вось у Сівога замлела сэрца: у гэтым прагале сярэдні дрот правіс ледзь не да ніжняга, і між імі, дратамі, была вялікая праёміна.

Ён стаў, азірнуўся. Будзькі тут ужо няма, пасунуўся вунь у вёску.

Сівы прасунуў галаву, ступіў адною нагою, другою цераз два ніжніх драты і, прыгінаючыся, палез на той бок. Адчуў, як па спіне пацягнуліся верхнія калючкі, балюча ўджалілі. Ён заплюшчыў вочы і прасунуўся на той бок, п'янеючы ад прасторы, волі ды ад таго, што ён зараз кіне гэтую канюшню, гэты стаптаны выган і не пойдзе, а пабяжыць-панясецца дадому, дзе ён нарадзіўся і вырас, пастарэў, пабяжыць да цёплай, утульнай канюшні, да сакавітага лугу, плыннай рэчкі і да Бліна.

Падышоў да старой, заплылай канаўкі. Патаптаўся на беразе: не ведаў жа гэтых мясцін. Адчуў: гэты бераг тупкі. Значыць, будзе тупкі і другі бераг: зялёны вунь, удзірванелы. Наструніўся, а потым скочыў. Здаецца, і вузкая была канаўка, але — ужо стары — не меў ранейшага спрыту, дык і не пераскочыў. Трапіў заднімі нагамі ў ваду і гразь, апырскаўшы сабе жывот халоднай хлёпанкай. Пацягнуўся, выбраўся на бераг, страсянуўся і, ужо не азіраючыся, не зважаючы на боль у жываце, пабег на ўзгорак. Ведаў: дарога ў Бабчын Скон ідзе лявей, але ён не пабег туды, а памчаўся наўскасяк. За ўзгоркам расло жыта, і ён пабег па ім, усё больш і больш хмялеючы.

Бег і адчуваў: яго ўжо заўважылі, кінуліся ў пагоню. І гэта дабаўляла сілы, імпэту, і ён паддаваў хады: трэба зірнуць яшчэ на родныя мясціны! А тады няхай ловіць рыжы конюх, б'е, як і б'е Гнядую! Няхай! Усё гэта можна выцерпець вось з-за гэтага шчаслівага бегу, з-за таго, што ён зараз убачыць. Не баіцца помсты, бо ў душы яго жыве радасць адчайнага парыву.

У лесе запыніўся. Пайшоў паціху. Гулка білася сэрца.

Наперадзе нібы шуснуў агонь. Напружыў свае старыя вочы: што такое? Разгледзеў: бегла рыжая ліса з лісянятамі. Учулі яго, на хвілінку прыпыніліся, зірнулі, а потым вільнулі ўбок і схаваліся за ўзгоркам.

Стары лес радзеў; зазелянеўся наперадзе алешнік. За алешнікам — абгароджаны луг. Там пчалярня. Там ён, Сівы, быў днямі, пакуль Гаптар з жонкаю бралі мёд. Потым вазіў бітоны ў вёску, на склад.

Сівы збочыў, углыбіўся ў алешнік. Тут было мокра. Лічы, балотца. На высокіх купінах раслі кусты лазы, дзікіх парэчак.

Як абышоў пчалярню, павярнуў улева — бліжэй да вёскі. Вось нехта падхапіўся і адскочыўся. Падняў галаву: непадалёку стаіць знаёмы стары лось. За ім далей — прыгожая ласіха і ўжо адужэлае ласяня. Лось пазнаў — перастаў нервова дрыгаць пярэдняю нагою і з пагрозаю настаўляць рогі. Супакоіўся, нават нібы фыркнуў з прывітаннем.

І Сівы фыркнуў: здароў, стары дружа! Бягу вось дадому. З прочак.

Лось пазіраў сумнавата. І Сівы зразумеў гэты позірк: маўляў, бяжы ці не бяжы, але ты, гэтаксама звер, не будзеш вольны, усё роўна цябе зловяць, паставяць у канюшню, зашчэмяць у хамут. Вольнымі можам быць толькі мы, дзікія звяры!

Ужо ў маладым хвойніку ўспароў з ляжанкі сям'ю дзікоў. Першая падхапілася мацёра, за ёю з піскам пабеглі рабенькія парасяты, а за імі, на хвілінку запыніўшыся і агледзеўшыся, хто ж патрывожыў іхні адпачынак, павалюхаў вялізны, чорны ад смалы і балота, дзік-самец.

Канюшня была ўжо непадобная па канюшню. Аднаго канца яе, таго, дзе ляжалі звычайна сена, салома, не было. Там кідалася ў вочы толькі падмуроўка, труха; побач ляжала складзенае бярвенне, абломкі. Другі канец канюшні яшчэ быў такі, як і раней.

Спачатку ён пабаяўся заходзіць у гэты абрубак. Пастаяў, з самотаю паглядзеў, а потым асмеліўся, ступіў цераз падмуроўку і пайшоў да свайго стойла.

Пастаяў з хвіліну, ткнуўся ў яслі — там ужо не пахла травою, а патыхала павуціннем і пылам. І на дне ляжала некалькі белых яек — адбіўшыся ад свайго седала, тут неслася ўжо нейчая курыца, каб потым, можа, і сесці тут, вывесці кураняты.

Адчуў нейчы позірк. Падняў галаву: з гарышча, блішчучы зеленаватымі вачымі, пазіраў на яго са здзіўленнем стары Найдзёнаў кот-валацуга.

...Пасля полудня, калі падрамаў крыху стоячы, пачуў: сюды ідуць людзі. Гамоняць. Здаецца, сярод іх не было Бліна: не чуваць яго жартаўлівага, звонкага голасу.

Вось нехта залез на страху, заляскаў сякераю. Потым злез, усе загаманілі, нібы штосьці цягнучы. І праўда, валаклі: з піскам і з рыпам папаўзла долу палавіна страхі. І ў стойле стала светла-светла. А ён не ведаў, што Блін перабраўся ўжо ў Налібакі і што саўгас аддаў канюшню Бабчынаму Скону на дровы, дык вось цяпер людзі яе і разбуралі.

— Глядзіце! — пачуўся Гэльчын голас.— Сівы стаіць!

І ўсе — мужчыны, кабеты — рушылі да яго. Запыніліся каля стойла і моўчкі пазіралі. І ён глядзеў на іх, адчуваючы, як слязяцца вочы, зацягваюцца павалокаю.

— Тыя не прыйшлі, а Сівы прыйшоў...— прамовіла Гэлька.

— Тыя маладыя, так сказаць, дык ім і лягчэй адвыкнуць...— адказаў Гаптар,— А Сівы стары, Сівы ўжо, так сказаць, да смерці не забудзе гэтай канюшні. Скаціна — надта конь, сабака, кот — разумная.— Паківаў галавою, потым зайшоў у загарадку, пагладзіў яго па шыі. У Сівога капнулі долу слёзы.— Глядзіце, людзі, плача! Далібог, конь плача!..

— А божа ж мой,— усхліпнула і Гэлька.

— Але ж нам трэба, Сівы, раскідаць гумно,— прамовіў Гаптар, узяў яго за грыву. Павёў.— Ідзі назад, так сказаць, у Пільніцу. Там цяпер твой дом. Прывыкай да яго. Старайся ўжо забыцца пра гэтую канюшню...


12. «МАЛАДЫЯ»


У жніўні, калі ўжо мінулася часіна высокага блакітнага неба, калі па ім усё ніжэй і гусцей паплылі шэрыя воблакі, калі парыжэла сена ў стагах і сцукраваліся яблыкі ў садах, Гэлька і Альфонс Блін ішлі дадому з Налібак, з сельсавета.

«Вось і зноў я мужняя! — думала яна.— Блін — мой муж...»

Блін — у новым раскашнаватым касцюме, пры белай кашулі і пры модным гальштуку, у насунутай на лоб брылёўцы нёс у сетцы з паўдзесятка боханаў хлеба, пачкі макаронаў, цукру, пляшку віна. Яна ж несла ў руках гаспадарчую сумку, дзе ляжалі запалкі, дзецям цукеркі, а самаму меншаму і чаравікі. Ужо разам з Блінам выбіралі.

Чамусьці цяпер хацелася Гэльцы пабыць адной. Яна хацела, каб ён застаўся ў Налібаках ці ў Прудах, так і пыталася: «Можа, табе трэба тут застацца?» — але Блін не адставаў, моўчкі ішоў побач. Выпраміў плечы, задраў галаву. Як малады певень.

Цяпер ішлі моўчкі. Нібы саромеліся адно аднаго.

Мінулі хвойнік, падышлі да алешніку, дзе звычайна кормяцца ласі.

Па дарозе, што вяла з Пільніцы, заляскалі калёсы. Можа, ехаў і стары Гаптар. Са сваёй пчалярні. Як ступілі на перакрыжаванне, абое зірнулі туды, улева.

У Гэлькі шыбнула кроў у скроні: сюды спяшаўся гняды Тамашоў конь Васька. Трэба ж так. Як яе доля ўслед ходзіць за ёю і за Тамашом. Але яны не прыпыніліся, пайшлі далей. Адчувалася: абое наструніліся, чакаючы гэтай нечаканай сустрэчы.

Гэлька адчувала на сабе ўчэпісты позірк. Ледзь стрымлівалася, каб не азірнуцца: калёсы, лічы, дагналі ўжо іх. Пакаціліся цішэй. Вось раз'ядналі яе і Бліна.

— Ну, здаровы былі, маладажоны! — нібы бадзёра прывітаў іх Тамаш.

Яна, ні то з усмешкаю, ні то маючыся заплакаць, зірнула на яго: Тамаш сядзеў на сене — яго было па драбіны. Здзівілася: Тамаш быў вельмі п'яны. Яна ніколі не бачыла яго такога. І нейкі цёмны цень быў на твары.

Блін маўчаў, ішоў і ўсё касіў позірк на Тамаша і на яе. Нахмурыўся.

— Ну віншую, зычу вам шчасця!

— Дзякую табе,— не падымаючы вачэй, адказала Гэлька.

— Ды садзіцеся, маладыя, з пашанотаю ў вёску ўвязу! — Тамаш пасунуўся, даючы ім месца.— Ды пачакай ты! — Тамаш схапіў за плячо Бліна. Нацягнуў лейцы, спыніў гнядога. Блін стаў, узяўся рукою за драбіну. Рука дрыжала.— Ну як думаеш жыць, Блін?

Той маўчаў. Кусаў губы.

«Малайчына,— падумала пра Бліна,— не гарачыцца, спакойны».

— А вот і будзем так жыць,— за Бліна адказала яна.— Як і ўсе людзі.

— Глядзі, Блін...— схмурыўшыся, прамовіў Тамаш, седзячы на каленях і, здаецца, з нянавісцю пазіраючы на свайго шчаслівага суперніка.— І ведай: не ты яе ашчаслівіў, а яна цябе...

Блін унурыўся, маўчаў.

«Дурны,— падумала Гэлька пра Тамаша.— Маўчаў бы ці аб'ехаў бы стараною, дык і Блін гэтак не бачыў бы, што ў нас нешта было... А вот нервуецца, гаворыць абы-што, дык Блін усё і бачыць... Пакутуе і будзе пакутаваць потым... І цяжэй нам абаім будзе. Усё роўна рана ці позна трэба было б нам перастаць спатыкацца. І з-за людзей, і з-за Бронці. Зусім жа дайшла яна, зусім з Тамашом расклеілася ў іх жыццё... Свайго шчасця на чужым горы не збудуеш, не здабудзеш... Вось таму я ўжо і не думала, як толькі Блін зноў загаварыў, каб сысціся, дык я адразу ж і згадзілася. Бог ведае, што з гэтага выйдзе, але...»

— Ды нешта ж ужо будзе,— зноў выратавала Гэлька.— Неяк ужо самі будзем разбірацца...

Тамаш, нібы здзівіўся, зірнуў на яе, а потым нечакана хліснуў лейцамі каня па нагах.

Конь са сполахам ірвануўся. Калёсы, уздымаючы пыл з мяккай дарогі, падкідваючыся, заляскаталі, затрэсліся. Усё аддаляючыся і аддаляючыся.

У Гэлькі наплылі на вочы слёзы. І баялася іх выцерці, каб не заўважыў Блін.

Але ён маўчаў, здаецца, не пазіраў на яе. Абое моўчкі рушылі па шырокай тут, каля Бабчынага Скону, і добра выезджанай дарозе.


ЧАСТКА ДРУГАЯ

1. НАВІНЫ


— Машына са слупамі прыехала...— сказала Антаніна.

Яна толькі што была ў вёсцы, у маці, вярнулася і пачала распранацца. Гаптар са здзіўленнем зірнуў на яе — пахарашэлую пасля родаў, папаўнелую. Надта во спрытная ў замшавых ботах з высокімі халяўкамі, у кароценькім кажушку і ў чырвонай шапачцы.

Яна ж нічога болей не сказала, распранулася, пагрэла аб стаяк рукі і пайшла да каляскі, дзе ляжала дачка. Сёння ёй было якраз два месяцы.

— Якія слупы?

— Якія-якія! — адказала з незадавальненнем Антаніна.— Чорныя, вялікія!

— На святло, ці што?

— Ну а на што ж? На святло, канешне.

Усміхнуўся.

— Вот! — падняў уверх палец.— А вы не верылі! — і перакрывіў: «Каму мы трэба! Ніхто пра нас і не падумае!» Падумалі, выходзіць...

Нявестка нічога не адказала.

— Схаджу зірну,— ён не зважаў на нявестчыну стрыманасць, адчуваючы ў душы нібы свята. Здаецца, нават яшчэ большае, чым тады, калі ўпершыню, яшчэ пры МТС, да іх падключылі электрычнасць.

На дварэ было вільготна, сыра — раставаў апошні снег. Поле, дзірваны былі ўжо голыя, нават на іх не валялася леташняй плесені: яна ўжо высахла на сонцы, пабялела. Снег, чорны, цвёрды, ляжаў толькі каля платоў, у разорах.

Зірнуў на сынаву хату. Высокую, крышку за зіму і за пачатак дажджлівай вясны пацямнелую, з забітымі дошкамі вокнамі.

«Каб усё добра, так сказаць, дык ставілі б скора вокны, дзверы. Усё ж ест».

На выгане і праўда грузавік з прычэпам. На ім ляжалі доўгія чорныя слупы.

Вось двое мужчын залезлі наверх, адчапілі ланцугі. Барты-калкі паляцелі ўніз, а ўслед за імі пакацілася і колькі слупоў. Па загадзя падстаўленых наўскасяк да бартоў падпорках.

— Дзядзька Юзік, дзядзька!

Азірнуўся: яго даганяў Альфонс Блін. У ботах, але ў расхрыстаным пінжаку, без вушанкі.

Падбег. У вачах — страх. Ніжняя вывернутая губа падрыгвае.

— Ды што там у вас? — запытаў.

— Ды Гэльцы блага...— адказаў з хваляваннем Альфонс.— Жывот баліць...

— Рабіла нешта сёння, паднімала цяжкае?

— Ну. У склеп лазіла.

— Дык нашто ж ты, гаспадар, пазваляеш такую работу? — папікнуў Гаптар. — Гэта ж табе не жарты... Ідзі пакліч маю бабу, няхай яна па-бабску паглядзіць, а я пагавару з гэтымі шафярамі. Каб падкінулі ў Дзераўную.

Блін пабег да іх, Гаптароў.

А ён хутка пакрочыў па коўзкай вуліцы да выгану, пазіраючы, як скочваюць мужчыны з машыны чорныя слупы.

— Ну здаровы, людзі!

— Здароў, здароў, дзед! — адказалі амаль у адзін голас. Разагнуліся, абтрэслі з чорных рукавіц смалу.

— Дык слупы, кажаце, прывезлі? — усміхнуўся.— Нa святло?

— Нa святло, дзед,— адказаў маладзейшы, гадоў трыццаці, хлопец. Другі быў на гадоў дзесяць старэйшы,— Хоць і зашыкарна для такога хутарка праводзіць электрычнасць!..

— Ох які ты разумны! — кіўнуў галавою Гаптар.— Нябось, сам жывеш пры святле і цяпле, голішся электрабрытваю, прасуешся электрычным прасам?..

— А як жа? Як і паложана.

— Дык а мы што? Проціў электрыкі?

— Сам Самсонаў перад тым, як пераязджыць у вобласць, даў каманду завезці сюды слупы,— уставіў слова старэйшы.

— А што — Самсонаў ужо ў вобласці? — здзівіўся Гаптар.

— З тыдзень ужо. Нa прафсаюзнай рабоце.

— А я і не чуў яшчэ.

— А замест яго паставілі зусім маладога хлопца.

— Разам жа ў партызанах былі...— паківаў Гаптар галавою.— Ну ды што зробіш... Рана ці позна трэба было саступаць дарогу маладзейшым... Ды і хворы чалавек... Хлопцы,— перамяніў гутарку,— суседцы маёй блага, можа, і роды будуць без пары, дык падкіньце па дарозе ў Дзераўную.

— Ну і дзед! — паказаў белыя буйныя зубы малодшы, патузаў рыжымі вусікамі. — Ссівеў, а яшчэ па мужчынскай часці справён...

Гаптар толькі ўсміхнуўся: што ты возьмеш з маладога! Усе яны, гарадскія, любяць пакепліваць з вясковых.

— Ну і дзед!

— Я-то дзед,— усміхнуўся Гаптар.— Калі смяешся з маіх гадоў, дык хадзі пабарукаемся, пагляджу я: ці падужаеш ты гэтага дзеда!

— Ды дзе там! Раз яшчэ да суседкі ходзіш...— малады, здаецца, пабаяўся злезці з машыны, падужацца, але хацеў усё роўна мець верх.— Але глядзі ты! Хутарок, колькі тых хат, а і тут людзі, любяцца, бабы дзяцей раджаюць!

— А як жа ты, малец, думаў! — усміхнуўся Гаптар.— Людзі ўсюды людзі...

— Слухай, дзед,— змяніў гутарку маладзейшы,— ці можна ў вас купіць кажух? Ці аўчын хоць бы?

— Чаму не, можна. Я і сам шэсць аўчын маю.

— Прадай, дзед,— у таго аж заблішчалі вочы.— На дублёнку.

— Ды магу,— усміхнуўся Гаптар. Ён ужо і Гіполю, і яго жонцы даваў аўчыны.— Што гэта вы так кажухі палюбілі? Некалі, бывала, прыедзь у горад у кажуху, дык пацяшаліся з нас, а цяпер проста гатовы садраць гэты кажух з плячэй...

— Натура, дзед...

Гаптар убачыў: ідуць сюды аднавяскоўцы. Суніцкі, Антон Даргевіч. А з яго, засцянковага, боку вядзе сюды Гэльку Альфонс.


...Праз месяц, калі ўжо абсохла зямля, калі вярнулася з бальніцы з дачкою Гэлька, Гаптар і ў гэты вечар падаўся ў вёску, да Даргевіча. На вячоркі. Усю зіму, лічы, па вечарах збіраліся там. Як і некалі, да вайны ці і пасля яе. Пакуль не заявіліся тэлевізары.

Сёння апала ўжо цемната; у чарнаце ночы вёска нібы знікла. Можа і таму, што ні ў кога не свяціліся вокны. Толькі вось у аднаго Антона Даргевіча скупа свяціліся шыбы на кухні — нібы савіныя вочы.

Гаптар зайшоў у двор. З будкі, што была каля дрывотні, выскачыў маленькі сабачка. Падбег, ткнуўся ў ногі.

— Гэткі ты вартаўнік,— папікнуў Гаптар,— па табе можна ўсё з хлява вынесці.

Нібы ў адказ, сабачка загірчэў, аббег і патрусіў па двары да брамкі.

На ганку Гаптар убачыў усіх, хто сядзіць у хаце. Усе заядлыя вячорнікі.

— Можа, не зачыняць дзвярэй? — запытаў, як зайшоў у хату,— Мо няхай выйдзе дым? А то хоць сякеру вешай.

Дым воблакам плаваў пад столлю. І цяпер Суніцкі піпку з самасаду смаліць.

— Пра воўка памоўка, а воўк тут...— усміхнуўся Тамаш Лабуня, дастаючы з кішэні свайго форменнага пінжака цыгарэты. Але больш нічога не сказаў. І астатнія не завіхнуліся сказаць, што пра яго дагэтуль гаварылі.

Гаптар кінуў позірк на свата Найдзёна — той, нібы яму ў гэтую ж хвіліну засвярбела, пацёр калматыя бровы, потым белы высокі лоб, а пасля і вялікую лысіну. Словам, хаваў вочы.

Гаптар прыпыніўся каля Франці, бачачы, што госці паскручвалі гаспадыніны ходнікі, натрэслі пяску. І не толькі накурылі, але і накідалі на падлогу шмат шалупіння ад сланечніку. Толькі Франця во збірала шалупінне ў далонь. Гаспадаровы меншыя дзеці сядзелі з бабаю на печы і цікавалі адтуль сюды. Гаптар падаў ім па яблыку. Яблыкі былі ўжо зморшчаныя, не надта сакавітыя, але ўсё роўна ў такую пару былі як дзіва.

— Дык вы кажаце: у горадзе трэба званіць ці пастукаць у дзверы...— загаварыла гаспадыня, якая сядзела каля печы і абірала бульбу.— Як жыў тут Блін, дык ён меў не раз моду стукаць. От сяджу я аднаго разу гэтак каля печы неяк,нешта раблю і чую: нехта ідзе, а потым і стукае ў дзверы. Хто ж гэта? Ды Блін, канечне, думаю. Ды і кажу: а ты галавою стукні. Адчыняюцца дзверы — і божа! — заходзіць Сцепановіч. Я і абамлела. Ізвінеця, прашуся. І тады ўжо Блін, ці не Блін, ці дзеці свае стукалі, пацяшаліся, дык усім адказвала...

Усміхнуліся. Але Тамаш не-не дый усё зірк ды зірк сюды.

— І з мяне Блін гэтак пацяшаўся,— усміхнулася Франця,— дык і я раз папалася. З Адамцавічам...

— І дзе цябе Адась злавіў?— бліснуў адным вокам гаспадар, Антон.

— Дурны ты! — зачырванелася.— Няма Бліна, дык ты яго выхілю падабраў... Стары, а ў галаве блазнота...

Гаптар чакаў, калі скончацца гэтыя пярэліўкі. Хацеў загаварыць пра самае важнае — пра тое, на калі ім папрасіць у Пільніцы коней. Гной вывозіць. Сёння ж брыгадзір пытаўся ў яго пра гэта, бо «складае графік».

— Дык вы, дзядзька, аказваецца, скрытныя сталі! — вось загаварыў і Тамаш, пазіраючы на яго.

— І што я таю? — усміхнуўся Гаптар.

— Не прызнайцеся ж, што нявестку з сынам у Налібакі адпраўляеце...

— Няхай едуць, калі хочуць,— адказаў з жартам.— Хоць на старасці пажывём з бабаю ў цішыні ды ў спакоі...

— Ніколі не думаў, што вы такі, дзядзька,— сказаў Тамаш,— Употай ад нас пачалі ўсё рабіць... І Найдзён, і вы... Антон толькі што вярнуўся з Налібак, дык там яму сказалі, што ваша нявестка магазін прымае. А Сцепановіч ёй і кватэру дае...

Гаптар зірнуў: жартуе, кепікі строіць? Здаецца, не.

Глянуў на Найдзёна: праўда гэта, сват?

— Кажуць жа во...— той паціснуў плячыма, зноў адвёў позірк. Значыць, нешта ведае, не дагаворвае. Можа, і не хоча ўсё перад усімі гаварыць. Але чаму тады нічога яму не сказаў? Яны ж не чужыя, а свае людзі. Раз усе гэтыя дні Антаніна бегала да іх, дык, пэўне, і нешта гаварылі пра гэта.

— Нічога не ведаю,— прамовіў Гаптар, схмурыўся. Быў і не рады, што прыйшоў сёння сюды.

— Паглядзім яшчэ, як ты сваіх дзяцей тут утрымаеш...— сказала Тамашу гаспадыня. Яе старэйшыя дзеці жылі і працавалі ў Баранавічах, у Мінску. Дык яна нібы і заступалася за яго, Гаптара.

— Што я?! — прамовіў Тамаш.— Я адно кажу: няўжо трэба гэта ўпотайкі рабіць? Ад каго хавацца? Блін, як збіраўся выязджаць, дык не таіўся.

— Кажу ж табе як на споведзі: нічога я не ведаю пра гэтыя пераборы...— сказаў Гаптар.— Думаў скора ўжо вокны, дзверы ў новую хату ставіць. Печніка ў Хатаве апытаў...

— Значыць, без вас усё рашано...— сказаў Тамаш, дастаў з кішэні карты,— Кожнаму свая воля. Давайце, пакуль хапае кампаніі, згуляем «у дурня». А то, можа, скора і не хопіць кампаніі.

Гаптар не пайшоў да стала.

— Я не буду,— прамовіў, а потым яшчэ і зманіў: — Забыў акуляры дома,— і, нібы ў пацвярджэнне, ляпнуў сабе па грудзіне. І засаромеўся: акуляры ляжалі іменна там, у сподняй кішэні пінжака. Селі ўсе астатнія мужчыны. І Суніцкі гэтаксама. Адчуваючы сябе нібы лішнім, Гаптар дзеля прыліку пагаварыў пра тое-сёе з кабетамі і хутка сабраўся дадому.

Анця корпалася на кухні; унучка, распавітая, ляжала ў калысцы, гудзела; Антаніна ляжала на ложку і чытала кнігу. Наўмысна паставіла каля сябе на табурэціку лямпку.

— Слухай, дзеўка,— запыніўся каля яе, прамовіў з хваляваннем,— кажуць, што ты на работу хочаш пайсці...

Антаніна падняла абгорнутую ручніком галаву (нядаўна, відаць, памыла валасы), зірнула на яго нібы са спалохам. Нічога не гаварыла, лэпала рукою каля шыі, нібы стараючыся абмацаць на халаце гузік.

— А хто вам казаў? — ці то ўсміхнулася, ці то старалася схаваць сваю разгубленасць.

— Мала што хто казаў,— прамовіў.— Дык праўда гэта ці не?

— Праўда,— прызналася, апусціла галаву, пачала разглядаць кнігу. Вокладку. Маўчала, але губы яе нібы нешта мармыталі. А на лбе ўсё большала-большала маршчына.

— І чаго ты спяшаешся ад нас уцячы? — пачаў ён здалёку.— Яшчэ ж дзіця зусім малое. І нашай, і тваёй маці зараз, як трэба будзе садзіць картофлю, многа работы будзе, дык яны не могуць паехаць за табою, сесці і сядзець з дзіцем. Вот як пачне хадзіць, па восені якой, дык тады і ідзі сабе на работу...

— Вы ж самі ведаеце: месца ў магазіне, ды ў Налібаках, не часта бывае. Можа, адзін раз у пяць ці ў дзесяць гадоў. А мне ўжо надакучыла на ветры, на холадзе, у дождж рабіць, гэтую цэглу цягаць. Хачу ўжо і ў цяпле парабіць...

Учула іхнюю гамонку Анця: зайшла сюды, стала каля дзвярэй.

— Ты ж хочаш не толькі палучыць там работу, але і перабрацца туды жыць? — ціха запытаў.— Ужо назусім...

Нявестка прамаўчала.

— І тут во святло скора будзе,— пачаў як угаворваць,— зноў будзе светла, зноў будзем тэлевізар глядзець...

— Ну і што? Хіба гэта шмат мяняе што? Самае галоўнае? Не, не мяняе,— прамовіла ціха.— Дык лепш перабрацца, калі і работа добрая знаходзіцца, і кватэру даюць...

— А нашто ж я дом стаўлю? Каму?

— Дом можна прадаць... Толькі абвясціце — купцы як тут будуць.

Анця маўчала-маўчала, а потым прысела на ложку. Здаецца, пабялела. І ён адчуў: слабеюць ногі, цягне прысесці. І трапечацца-трапечацца сэрца. Ды штосьці пульх-пульх у патыліцу.

— Хіба я па тое ставіў зруб, каб прадаваць?

— Ну паверце, я не магу больш так...— Антаніна паднялася, падгарнула пад сябе ногі, накрыла калені халатам.— Ужо каторы год я як удава якая. Ён з'едзе на два тыдні, а я адна... Ні выйсці куды, ні... А там і яму работа будзе. Казаў Сцепановіч, што можа ці машыну, ці трактар даць. Дык будзем кожны дзень бачыцца. І Юрку скора ж у школу... А Алёнка як пачне хадзіць, дык у яслі аддам... Цяпер, на часе, якая бабуля паглядзіць...

Анця па-ранейшаму маўчала. Потым паднялася і цяжка пайшла на кухню.

— А вы і тут жывіце, пакуль магчы будзеце,— нібы хацела суцешыць,— а потым можаце і вы перабрацца. Я ж не адмаўляюся ад вас...

Ён нічога не адказаў. Прыклаў руку да левай грудзіны, падаўся з пакоя. На двор.


2. У ГАСЦЯХ У БЛІНА


Тамаш Лабуня ехаў па кляцішчынскай вуліцы. Ехаў ад канторы тутэйшага лясніцтва. Справіў там свае клопаты, а цяпер кіраваўся да прадуктовага магазіна. Купіць тое-сёе сабе, суседзям.

Сядзеў на старым сене, звесіўшы цераз драбіну ногі ў кірзавых ботах. Увесь час ціснуўся і ціснуўся да плота: насустрач і за ім несліся і несліся машыны, «беларусы». Гэта табе не Бабчын Скон! Стаіць во гул, слупіцца дым, як і ў якім горадзе.

Сваволілі скразнякі. І пры сонцы. Бярозавае вецце пацягнулася кволенькаю маладою зеленню. Нa яблынях ружовілася і бялелася далікатная квецень.

Тамаш устрапянуўся: наперадзе паказаўся стары Блін. Былы аднавясковец. У ботах, суконным галіфэ і ў знаёмым шэрым пінжаку ніжэй калень.

Блін, канечне, здалёку пазнаў яго каня. Запыніўся, пачакаў.

— Ну, здароў табе, налібачанін! — усміхнуўся Тамаш.

Блін па гадах прыходзіўся яму дзядзькам, але ні ён, ні хто іншы маладзейшы ў Бабчыным Сконе не называў Бліна на «вы» ці дзядзькам.

— Здароў,— адказаў Блін, скокнуў і сеў побач.— Схуднеў ты нешта,— здзівіўся.— Вочы запалі, увесь нейкі чорны...

— Вот трава скора падымецца, дык адгуляюся...— жартам адказаў Тамаш. І тут падумаў: «Схуднеў, бо ніякая яда мне ў рот не лезе...»

— Бачу: часта тут бываеш, але ніколі не заедзеш...— перавёў гутарку Блін.— Аднавяскоўцы ж!

— Куды там нам да вас! Мы ёсць мы, а вы ёсць вы... І ты ж як з'ехаў, дык у нас і не паказваешся... Толькі адзін раз быў. На хрэсьбінах...

— Святло ўжо маеце? — перавёў гутарку на іншае Блін.

— Яшчэ не. Але слупы паставілі ўжо, дрот нацягваюць...

— Добра вам...— як пазайздросціў Блін.— Чаго вам лепшага яшчэ хацець!

— Ды пакуль што няма на што скардзіцца... А ў цябе, чуў, многа перамен усякіх?

— Якія там перамены, хай на яго халера! — як з віною ці з сорамам махнуў рукою Блін,— Большая мая, Ядзя, за ўдаўца, на дзеці пайшла. Запісаліся, вечар зрабілі — і пайшла... Угаворвалі мы з бабаю: трэба людзей сваіх паклікаць, брыдка ж... Дык не... Настаяла так...— а потым махнуў рукою.— Няма чаго сказаць...

— А цябе з конюха на даглядчыка цялят перавялі?

— Перавялі...

Пад'ехалі да плошчы. Пасярод яе быў маленькі лужок. Тамаш павярнуў да магазіна. Новага, з белай цэглы, з вялікімі і шырокімі шклянымі вокнамі. Відаць было: у магазіне было шмат люду.

Тамаш збочыў. Да плота. Прывязаў да шула лейцы, кінуў каню сена.

А потым ужо моўчкі пайшлі з Блінам у магазін.

Туды было ледзь уціснуцца. З-за людзей — лічы, адных кабет — не было і відаць прадаўшчыцы.

— Што тут даюць такое? — павітаўшыся, запытаў Тамаш у крайняй маладой дзяўчыны.

— Ды гуркі ў слоіках прывезлі, сала...

— А дзе ж сваё? — усміхнуўся.— Усё паелі?

— А хто цяпер свайго многа робіць! Усё ж у магазіне бывае...

— Гэтак вы і зусім адаб'іцёся ад зямлі, ад вясковай работы...— пажартаваў ёй.— Будзеце як і гарадскія... Толькі шпацыраваць парамі пад ручкі... Пазнаеш толькі па гутарцы: вясковыя.

Блін паціснуўся між людзей і сцяны да прылаўка. Тамаш пайшоў туды, дзе было вольна. Пазіраў на слоікі з салянкаю, кансервы, фанерныя скрынкі з цукрам, рысам, мукою ў кулёчках.

— Куды ты без капейкі? — загаманілі кабеты на Бліна.

— Віна...— у гомане чуўся голас Бліна.— Тосечка, на запісную кніжку...

— Ах вы, п'яніцы! Адно толькі вам наўме! — загалдзелі ў чарзе.— З-за вас, можа, і нашы мужчыны параспускаліся... Ні стыду, ні совесці...

Тамаш слухаў і шкадаваў Бліна: няўжо, звычайна гаваркі, тут змоўчыць, аддасць верх?

— Мы ўсе хазяева нашай зямлі...— адказаў Блін.— Панятна?! Вось так. А выпіць... Твая праўда, хачу. Толькі не для таго, каб сабе вочы заліць, а каб з даўнім суседам пасядзець і пагаварыць...

Цяпер ужо і пярэднія зірнулі на Тамаша, на яго леснікоўскія куртку, фуражку. Калі на Бліна пазіралі з незадавальненнем, дык на яго зірнулі спакойна, з павагаю: лічы, усе тут яго ведалі, і ён, лічы, усіх ведаў. Ён жа не абы-хто, а ляснік! Хоць і не свой, тутэйшы, але ляснік!

А Тамаш, крышку збянтэжыўшыся, але годна, не спяшаючыся, дастаў дзве сеткі, набраў сабе і суседзям з паліц і скрынак хлеба, цукру, солі, рысу, мукі, а потым, несучы напакаваныя сеткі перад сабою, пайшоў да прылаўка. Адтуль ужо выціскаўся з гурту з пляшкамі віна Блін.

— Ох і злыя ж вы! — паківаў Тамаш галавою.— Не дай бог да вас жыць ехаць! Ні ступіць абы-дзе, ні слова сказаць не дасце!

— Надта вас устрашыш! — адказала старая кабета.— Такія вы ўжо баязліўцы!

І адсоўвалася, адпіхала іншых плячыма. Каб прайшоў да прылаўка, дзе яго, усміхаючыся, ужо чакала ў белым халаце і ў белай касынцы Антаніна — Гаптарова нявестка.

— Ды ціха вы, бабы! — прыкрыкнула яна на ўсіх.— Пусціце да прылаўка майго земляка! Здароў табе, Грышка Мелехаў!

— Здарова, калі не шуціш,— адказаў Тамаш.— Ваюеш?

— Я нідзе не прападу! — усміхнулася.— На мяне гэтак не будуць крычаць, як на Бліна. Быстра пастаўлю любога на месца...

— Ды праўда...— пацвердзіла найбольш гаманлівая старя кабета.— Табе адно слова, а ты і дзесяць паспееш выпаліць...

Новая вуліца, новыя дамы былі непадалёку цэнтра саўгаса. Абапал старой дорогі, што вяла ў суседнюю вёску Пруды.

Сюды і пад'ехалі Тамаш з Блінам.

— Глядзі,— Блін паказаў яму рукою направа, на выган,— Бачыш падмурак?

Тамаш зірнуў: напраўду, там ужо бялеўся доўгі і шырокі цэментаваны фундамент.

— Там, кажуць, будзе нейкі завод,— паясніў Блін,— як пазлучаюцца, паз'язджаюцца сюды ўсе, дык і будуць усе рабіць на гэты завод. Кансэрвы з агародніны, сокі...

— Напраўду, горад тут у вас будзе! — толькі прамовіў Тамаш.

Зноў акінуў позіркам вуліцу і падумаў: недзе бачыў ужо гэта. Ага, па тэлевізары. Калі паказваюць новыя вёскі. Шырокая асфальтаваная вуліца, абапал яе яшчэ тонкія і невысокія дрэўцы-дубцы, роўныя, як пад шнур, невысокія, пафарбаваныя платы і ў рады цагляныя двухпавярховыя дамы.

Вось і тут два рады дамоў. На дамах — антэны. Каля плота стаіць легкавік.

— Як у горадзе жывеш! — услых сказаў Тамаш свае думкі.

— Як у горадзе...— згадзіўся Блін і паказаў на крайні дом.— Вунь наш самы белы.

— І на работу блізка...

— Ды блізка. Лічы, праз дарогу...

— Дык добра ўстроіўся! — усміхнуўся Тамаш і зірнуў хітравата: так?

— Ды добра...— адказаў Блін. Сёння быў ён зусім негаваркі. Не жартуе, не кпіць, як змяніўся, пасур'ёзнеў чалавек.

Потым, як ішлі ўжо ў двор, паказаў па невысокую, але доўгую прыбудову:

— Нашы хлеўчыкі... Восем з гэтага боку, восем з таго...

— І на карову, і на свінні, і на сена ды дровы? — усміхнуўся Тамаш.

— Ды на ўсё. Гарадскі праект... Карову то там паставіў і парасё туды ўціснуў, а сена ў стажок скідаў, на картофлю яму сам капаў...

— Колькі ж метраў тыя вашы хлеўчыкі? — па-гаспадарску запытаў Тамаш.

— Ды тры на чатыры...

— М-да...

Хвіліну пастаялі, пайшлі па асфальтаванай дарожцы да крайняга пад'езда. Паміж домам і хлеўчыкамі ляжалі яшчэ груды цэглы, дошкі, стаялі карыты з засохлым цэментам, стаяў яшчэ і невялічкі буданчык, увесь змалёваны рознымі фарбамі.

Пахла фарбаю і цэментам. Здаецца, яшчэ і гуталінам.

— Што ты хочаш: цэгла! — Як угадаўшы яго думкі, сказаў Блін. Дастаў калочак з прабоя, папхнуў тут жа, на першым паверсе, дзверы над нумарам «10».— Заходзь. Праўда, кожны тут ці выйдзе на двор, ці вернецца, дык адразу хлясь на замок дзверы. Але мы яшчэ не замыкаемся.

Зайшлі.

У кухні і ў калідоры было цемнавата: калідор ад кухні адгароджвала шырма.

— Дык, можа, ў цябе і разувацца трэба? — усміхнуўся Тамаш.— Можа, і ты тут у тапачках ходзіш?

— Ды і я пакрыху панею...— схмурнеў Блін,— Дочкі, брат, на што хочаш перавернуць. Але цяпер жа нікога няма, дык хадзі і так.

— А дзе ж баба твая?

— Ды ўборшчыцай у яслі ўстроілася.

— Ого! Дык і ўсе робіце! Вялікія грошы палучаеце! Не тое што там, у нас... Сядзела б на прызбе...

— Паглядзі вот нашы апартаменты...— перавёў гутарку Блін і павёў у пакой.— Заля... Там,— кіўнуў направа,— наша з бабаю спальня, а там,— кінуў налева,— спіць дзяўчына... Хлопцы спяць тут, у залі, на канапе...

Тамаш зайшоў сюды, зірнуў.

— Ого, па-гарадскому жывеш! Толькі вот пакоі прахадныя ўсе,— сказаў,— мая сястра ў Мінску дык усе асобныя мае.— Пастукаў костачкаю правай рукі па выцэментаванай, фарбаванай у салатавы колер сцяне.— У муры сядзіш! Як у крэпасці!

— У муры, брат. Зімою холадна, а во цяпер, улетку, дык і горача...

Па вуліцы прайшла грузавая машына. Аж зазвінелі шыбы.

— Сюдою і ў Пруды, і ў гараж запраўляцца ездзяць...— сказаў Блін.— Ні баба, ні я спаць не можам... Гудуць жа і гудуць... Сам ведаеш, колькі тут машын, трактароў, матацыклаў...

— А як жа ты хацеў! Ты ж у самай вялікай вёсцы нашага боку жывеш! Лічы, у горадзе! А тут жа цівілізацыя, брат!

Блін змаўчаў. А Тамаш пстрыкнуў уключальнікам — зірнуў: а як жа тут святло гарыць?

«Добра!»

А пасля па-гаспадарску агледзеў столь. Відаць, дом асядаў: і на столі, і на сцяне, над дзвярамі, былі трэшчыны.

— Ды гэта не такая ўжо вялікая бяда,— махнуў рукою Блін.— Гэта можна і замазаць. Другое вот, другую трэшчыну не замажаш... Не сплю я начамі... Здаецца, чужы я тут. Ад нечага адарваўся і да нічога яшчэ душою не прыліп. А душа... Душа — гэта такое... Ды што казаць!

— Што ты хочаш! — сказаў Тамаш.— Мая сястра ўжо каля пятнаццаці гадоў жыве ў горадзе, а ніяк не прывыкне. Кажа: і ў вёсцы ўжо жыць не магу, і да горада ніяк не звыкнуся... Не ты адзін такі, бачыш. Сотні тысяч людзей свае вёскі пакінулі, сталі гарадскімі... Як гэта кажуць? Міграцыя, ці што...

— Праўда, Гаптарова нявестка не тужыць,— прамовіў Блін.

— Яна маладая. Як кажуць, сённяшняя. Расла ў век электрыкі і тэлевізараў. Дык у яе думкі будуць інакшыя. У яе няма той повязі з родным, што ты маеш... Яна ў віры гэтай міграцыі...

— Не ведаю, можа, і не трэба казаць...— задуменна сказаў Блін, — Але дзіўлюся, як яна пачала без вока свёкраў жыць. Уладак паедзе на тыдзень, на два, а яна збярэ хлопцаў і дзяўчат і гуляе з імі, аж сцены трасуцца... А то са Сцепановічавым сынам на матацыклеце катаецца... Калі ні зойдзеш у магазін, дык ён там...

Абодва памаўчалі.

— Заседзеўся тут я ў цябе,— як крыху выпілі і яшчэ нагаманіліся, Тамаш зірнуў на гадзіннік, устаў.— Пара дадому.

— Дзякуй, братка, што заехаў,— расчуліўся Блін.— Заязджай. Сам ведаеш: ты мне як сын... З той пары, як я цябе сярод папялішчаў Бабчынага Скону ўбачыў...

— Выбачай, калі дзе што не так было...— расчуліўся і Тамаш.— Злаваў я па-дурному не раз за твой язык, але...

— Ды не будзем, братка, пра гэта. Заязджай. Я тут ні да кога не хаджу, і да мяне ніхто не ходзіць. З дому — на работу, з работы — у дом...


3. УНУК


Гаптар сек галлё, а Юрка падбіраў і складаў каля сцяны дрывотні. Анця тапталася паблізу. Важнай работы ў яе тут не было, але яна ўсё роўна не адыходзілася. Абы быць бліжэй каля ўнука. Засумавала без яго за зіму. Надакучыла адзінота, бо ён, Гаптар, мала дома і стыкаўся: то выходзіў да людзей, то да пчол, то хадзіў на сходы, у магазін у Налібакі. А яна была ўсё дома, пры гаспадарцы.

— Ну, вот і можам ісці на пчальнік,— пасекшы апошнюю галіну, сказаў ён, разгінаючыся.

— Чаго ты туды дзіця пацягнеш? — зазлавала Анця.— Скусаюць яшчэ пчолы.

— Чаго яны будуць кусаць? — буркнуў ён.— Не чапай іх, дык і яны цябе не зачэпяць. Хай пабегае па сваіх сцежках, бо як памром, дык болей сюды не прыедзе. Усё забудзе. А тут жа яго бацькаўшчына...

Анця прамаўчала, нібы дала ўнуку волю выбраць: ці з ёю застацца, ці пайсці з дзедам. Гаптар моўчкі падаўся ў дрывотню — хаваць сякеру. Юрка рушыў за ім.

— Можа, ты з бабаю застаўся б? — ужо за дрывотняю, на загуменні, запытаў ён.— Памог бы ёй двор падмесці, пяску жоўтага прынёс бы.

— Я хачу з табою.

У яго соладка торгнулася сэрца. Хацеў пагладзіць унука па галаве, але стрымаўся.

За загуменнем рушылі па разоры між бульбоўніку. Юрка — босы, у майцы і трусіках, за зіму падрослы — шыбаваў паперадзе, а ён не адставаў ад яго.

«Увесь у бацьку. І пастава, і хада. І той жа так ходзіць: апусціць галаву і махае-махае праваю рукою. І хутка ідзе, як заведзены. Але во дзіва! З сынамі быў я маўклівы. Нават суровы. Мала калі гаварыў з імі, браў на рукі, больш крычаў. Дык Анця аж злавалася: ну за што ты іх не любіш? Але хіба я не любіў дзяцей сваіх? Любіў. Але не ўмеў з імі паводзіцца. Дык вот, можа, і з-за гэтага, як і кожны дзед, цягнуся да ўнука... Як не было яго тут, дык месца сабе знайсці не мог...»

Мінулі зялёнае, асвечанае досыць ужо высакаватым сонцам поле. Вымкнуліся на высокі груд. Яшчэ гэтаксама зялёны — з маладою, свежай травой.

Прайшлі ля навязанага Вольчынага цяляці. Яно ўжо ляжала, паклаўшы галоўку на бачок. Каля яго зумкаў ранні авадзень.

Пайшлі поплеч. Цяпер ён пайшоў павольней. Нешта пад весну надта пачалі млець ногі.

— Дзед, а чаму мы жывём у Налібаках, а ты не?— запытаў Юрка.

— Чаму вы жывяце, дык папытай пра гэта ў маці і ў бацькі,— усміхнуўся Гаптар.

— Мама кажа, што прыехалі, каб лепей жыць.

— Ну дык чаго ты тады пытаешся ў мяне?

— А чаму ты, дзед, не едзеш да нас?

— А мне і тут добра. Стары дуб любіць сваё месца, дзе ён глыбока пусціў карані...

— І я хачу жыць з табою і з бабаю.

— А што ж цябе сюды цягне?

— Там рэчкі няма, лес далёка. Ды мама нікуды з двара і не пускае. Там цябе няма і бабы...

— Затое там школа блізка. І не абы-якая. А дзесяцігодка!

— А я магу адгэтуль у Пруды хадзіць. З Казікам і са Стасікам.

— Іх жа дзядзька Альфонс кожную раніцу вядзе праз лес і кожны вечар спатыкае каля Прудоў. Ды і ў Прудах толькі васьмігодка...

— А ты мяне будзеш падводзіць.

— Стары я ўжо, унук, гэтулькі хадзіць. Ногі баляць. Жыві ўжо лепш у Налібаках, а сюды на канікулы прыязджай. Добра?

— Добра,— ціха адказаў Юрка.

Прайшлі крыху моўчкі.

— Дзед, а адкуль паявіліся неба, рэчка, людзі? — зноў, як і раніцай, прычапіўся Юрка.— Ты казаў: потым раскажаш.

— Запытай лепш у маці ці ў бацькі,— усміхнуўся Гаптар.— Яны ўсё ж дзесяць класаў кончылі. А я і палавіны таго не маю. Ды вучыўся калі!

— Ды яны не хочуць гаварыць, кажуць: адчапіся, няма калі табе казкі расказваць...

— У бацькоў, так сказаць, заўсёды няма часу на дзяцей...

— А ты, дзед, усё ведаеш...

— Каб жа ўсё! Не ўсё, унук. Многа ў чым і я ніяк не разбяруся... Многа ў чым... Ведаю толькі адно: чалавек рана ці позна ўсё ж стараецца ва ўсім разабрацца... І хоча па-свойму свет перабудаваць...

І замоўк.

Юрка гэтаксама маўчаў. Можа, усяго і не зразумеў.

Увайшлі ў алешнік. Ціхі і задумлівы. Нейкі нерэальна зямны. Можа, і ад таго, што дагэтуль незямныя былі думкі — недзе высока луналі.

— Ну што ўнурыўся, унук? — Гаптар прыгарнуў малога да сябе. — Вучыся ў школе і далей яшчэ добра, дык потым, можа, паможаш і мне яшчэ ў тым-сім разабрацца? Добра?

— Добра.

Юрка ішоў, выглядаў, а потым скіраваў задуменны позірк на далекаватую сухую елку — за ёю пачынаўся пільніцкі алешнік.

— А ці ёсць там сёлета, дзед, сарочае гняздо?

— Ест. Толькі цябе вот сёлета не было, дык сарока выседзела малых і ўжо не раз крала і ў нас, і ў Гэлькі яйкі. А тая, старая, варона з ельніку — куранят...

Вось нешта справа ў алешніку хруснула, нібы нехта пераламаў сухую галінку. Зашамацела. А яшчэ праз міг між чорных алехавых ствалоў замільгалі белаватыя ногі.

— Лыска, Лыска! — загукаў Юрка, пабег да ласяняці, у якога была па лбе светлая пляміна.

— Пазнаў?

Унук не адказаў. Пабег уперад.

— Не падбягай блізка! — закалацілася ў яго сэрца. Ведаў: недзе зусім блізка і стары лось, і ласіха.

Ласяня запынілася каля дарогі, выцяпула гарбатую морду. Нібы абнюхвала. А потым, ці не пазнаўшы, ці збаяўшыся, павярнула назад, у лес.

— Лыска, Лыска! — Юрка кінуўся за ім. Але не дагнаў. Вярнуўся на дарогу.

— Ну чаму яно ўцякло? — запытаў ледзь не з плачам.— Я ж яму летась хлеб з рукі даваў! Я не забыўся, а ён забыўся...

— Так і трэба, унук,— паклаў ён руку на худое плячо.— Ён звер і хай жыве па-свойму. Не трэба, каб ён ішоў да людзей. Для дзікага звера гэта блага... Усякія людзі бываюць...

— Ён не забыў мяне?

— Канечне, не. Выскачыў жа насустрач.

— А нашто, дзед, ласі вот?

— Трэба. Каб лес быў не пусты,— уздыхнуў ён.— Каб не было звяроў, птушак, рыб, мошак, жучкоў усякіх, дык як мы жылі б? За што наша вока зачапілася б, чым наша душа парадавалася б? Ды ці жылі б мы так?.. А так як ні цяжка, а зірнеш на неба, на траву, на рэчку, на птушку ці на звера — дык і адлягае на душы... Яно ўсё ў свеце здаўна сплялося: прырода, чалавек, астатняе ўсё жывое... Тое шкодзіць, тое карысць дае. Але ўсё адно без аднаго не можа... Хацеў жа і ты, кажаш, і ўзімку, і ўвесну ў лес, на рэчку схадзіць? Паглядзець, паслухаць?

— Угу.

— Вот твайму стрыечнаму брату, Косціку, не будзе хацецца гэтак. Ён жыве ў горадзе, не бачыў таго, што ты бачыў. Ён да другога прывык. А ты бачыў, і калі адліга пачынаецца, і калі якія птушкі прылятаюць, якая першая кветка зацвітае, калі пачынаюць садзіць цыбулю, калі пачынаюць заяўляцца гуркі, спець яблыкі, калі пачынаюць касіць і жаць... Дык цябе і будзе цягнуць да ўсяго гэтага, без яго ты будзеш як сам не свой...

Унук слухаў, маўчаў.

— Можа, некалі, калі не захочаш адрывацца ад усяго гэтага, дык ляснічым ці аграномам будзеш...— усміхнуўся Гаптар.— Хочаш?

— Хачу,— не задумаўшыся, адказаў Юрка.

— Ну дык і добра. Вучыся і любі ўсё жывое...

І абодва замаўчалі: якраз падыходзілі да пчальніка.


4. НОВАЯ СЯМ'Я


Вось, лічы, і повен збаночак чырвоных суніц. Час ужо бегчы дадому. Карміць дзяцей, Альфонса, даіць карову.

За бярозаваю палянаю пачуўся трэск сухога галля. Значыць, нехта ідзе. Але не падымалася — каб не ўбачылі.

«Можа, зноў, не дай бог, гэты рыжы Будзька? — апякла думка.— Дык зноў будзе прыставаць, як прыстае ў канюшні, калі прыйдзеш папрасіць каня...»

Убачыла мужчыну. Але не Будзьку, а Тамаша Лабуню. Ішоў, прыклаўшы руку да грудзіны. Нешта нёс. Прыгледзелася: вожык на руцэ.

«Змеціў мяне ці не?»

— Не ўгінай, не ўгінай галаву...— прамовіў ён нібы з жартам.— Па касынцы пазнаў...

Страпянулася сэрца: і тады, калі пачалося ўсё ў іх, яны гэтаксама сустрэліся ў лесе, яна была ў гэтай касынцы.

Падхапілася, прытуліла да грудзей збаночак з суніцамі. Пазірала і з сорамам, і са шкадаваннем: худы во, вочы запалі, нос завастрыўся, яшчэ больш падзюбеў. Такі ўжо на твары чорны, як і не з нашага боку чалавек. А як цыган які. Не тое што яна. Яна папаўнела пасля родаў, як кажуць, памаладзела і пафайнела. Ды і сама адчула: новае замужжа пайшло ёй на карысць, налілося яе цела свежаю сілаю. І на душы палягчэла.

Падышоў.

— Ну, дык здарова!

— Здароў, Тамаш,— ціха адказала. І перавяла позірк. На рыжаватага вожыка.

Тамаш, убачыўшы гэта, пагладзіў вожыка па калючай спіне. Той зусім скруціўся ў клубок, зафыркаў.

— Вывеў вось на цябе. Пацягнуўся за ім — і пайшоў...

«Хіба вожык вінаваты? Доля наша зводзіць...»

Зірнуў на яе, не вытрымаў позірку. Зноў — вочы на вожыка. Яна гэтаксама.

— Назбірала крыху? — падняў галаву. Зірнуў з ласкаю, з пяшчотаю.

— Сабрала,— адказала, апусціла збанок, каб убачыў, колькі там суніц,— Многа сёлета, надта многа...

Прысеў, апусціў вожыка на траву. Той з хвіліну паляжаў, нібы не верачы ў сваё вызваленне, а потым распраміўся, высунуў чорны лычык і памалу папоўз у папараць.

Тамаш зняў з галавы леснікоўскую фуражку, выцер рукавом белы, багаты ўжо на маршчыны лоб, прыгладзіў рукою звітыя, непаслухмяныя валасы.

— Ну, як жывеш? — ціха запытаў.

Даўно ўжо стараліся не трапляць адно аднаму на вочы. З хрэсьбінаў.

— Ды жыву...

— Не б'е ён цябе? Не помсціць?

— Не.

Змаўчаў. Зірнуў. Нібы са скаргаю.

— Гэля! — нават не прамовіў, а толькі прашаптаў. Рыўком ступіў, абняў, прытуліў да сябе, дужага, пахкага лесам і дымам.— Здурнеў я... А можа, і не здурнеў, памёр... Без толку хаджу па гэтай зямлі...

Яна маўчала. Што магла сказаць?

Пацалаваў яе ў шчаку. Потым забраў з аслабелых рук збаночак, адставіў яго ўбок, зноў абняў. Пацалаваў у вусны. Моцна-моцна. Як і тады, калі сустракаліся і кахаліся. Яна адказала доўгім пацалункам. Аж павяло туды-сюды галаву.

Здаецца, ён зноў, як і раней, падняў яе на дужых руках і некуды панёс. Над зямлёю, высока-высока ў небе. І яна некуды плыла-плыла. Як пярынка. Як у сне. Пакуль не адчула плячыма грунт. Зямлю.

І тут нібы апамяталася.

— Тамашка, мілы, родны, не трэба...— папрасіла.— Няможна... Паслухай мяне, не крыўдзі...

Ён раптам абмяк, перастаў лашчыць яе. Бездапаможна апусціў на яе плячук галаву. Заціх.

— Тады было інакшае. Тады я была ўдава...— прамовіла.— А цяпер я замужам, мужа маю... Як я яму пасля гэтага ў вочы зірну? Ды дачцэ яго?

Тамаш адкаціўся, упаў ніцма на зямлю. Закрыў далонямі шчокі.

Гэлька села. Хацела дакрануцца да яго галавы, пагладзіць, супакоіць. Стрымалася. Адчула: гэта паддасць яму смеласці — і тады яна не ўстоіць.

Векавечна шапталіся між сабою высокія хвоі. Прырода нібы сачыла за імі.

— Не злуйся, Тамаш... Толькі так трэба...

— Ды што ты мне гаворыш! — без крыўды адказаў ён.— Не малы ж. І сам усё бачу. Але ўсё роўна перасіліць сябе не магу... Іду па лесе — і здаецца мне: вунь ты пайшла. Кінуся, а цябе там няма. Бярозка стаіць. Зірну ўдалячынь: а ты ўжо далей стаіш...

— Адвыкнеш. Я ж во пакрыху прывыкла да яго...

Тамаш застагнаў. Не тое сказала яна. Балюча зрабіла яму.

«Але ж, праўда, усё мяняецца,— падумала.— Як прыйшоў да мяне Альфонс у прымы, дык я і не ведала, дзе дзецца. Зірну на яго — і страх мяне бярэ. Пудзіла нейкае. Маленькі, вочы вялікія, лупатыя, нос востры, ніжняя губа як вывернутая... Стаіць мне ў вачах высокі, файны Тамаш... Спаць ляжам, дык я бога прашу: хоць бы ён мяне не чапаў... Але праўду людзі кажуць: хто прылашчыць, да таго і прыгорнешся. І нямілы стане мілы. Пажылі крыху, і ўбачыла я: спакойны, працавіты, не п'е, дзяцей маіх любіць, глядзіць, бытта сваіх. Мяне шануе, галубіць, як дзяўчыну якую. Дык пакрыху і забыла я Тамаша, прывыкла. А як дачка ў нас нарадзілася, дык і зусім інакшая стала. І не брыдкі ён ужо для мяне. Мужчына як мужчына. Вочы як вочы, губы як губы. І ўжо, бывае, гарэзуем, як маладыя, абдымаю, цалую яго без памяці, ужо не думаю, што абдымаю не яго, а Тамаша... Але ж Тамашу гэтага не скажаш...»

— Скажы ты мне,— нібы ўгадаўшы яе думкі, прамовіў Тамаш, — толькі чэсна скажы: забылася ты пра ўсё тое наша?

— Не...— адказала.

— І яшчэ скажы: любы ён табе ці не?

— Як табе адказаць, дык і не ведаю...

— Толькі чэсна гавары.

— Прывыкаю... Ды і... муж жа ён мне. А калі...— і не дагаварыла.

Хацела сказаць: «А калі маеш сям'ю, дык трэба за яе і трымацца», але пасля ўспомніла — а Тамаш і сямейны ж да яе хадзіў, і яна прымала яго. Вось і прыкусіла язык.

— А што — «калі?» — запытаў ён.

«Усё-ўсенечкае паняў...»

— Тады я была ўдава, дык сама сабе была гаспадыня. А цяпер я сама сабе не гаспадыня...

Памаўчалі. І маўчанне было цяжкае, пакутлівае.

Сеў, пільна зірнуў на яе. І адвёў вочы.

— Ну што ж...— прамовіў.— Дай бог, каб ты была шчаслівая. Як ты ні будзеш паводзіцца са мною, але я табе зычу толькі добрага.

— Дзякую табе, Тамаш,— прашаптала.— І я табе благога не зычу.

— Ну, выбачай...— падняўся і, не зірнуўшы на яе, моўчкі падаўся з бярэзніку. Услед за вожыкам.

Як падышла да сваёй хаты, Гэлька пачула: там вэрхал. Прытулілася да акна. Закрыла далонню левую шчаку: па падлозе поўзаў на каленях і руках Альфонс, а на яго спіне сядзела яе і Сцяпана-нябожчыка дачка, Стася. І Альфонс, і Стася рагаталі. Каля іх паходжваў сярэдні сын, усміхаўся. А большы сын ляжаў на ложку і чытаў кнігу. Найменшая дачка, ужо Блінава, гуляла сама з сабою ў калысцы.

У яе ад замілавання сціснула сэрца.

«Добра, ой як добра, што нічога не было ў нас з Тамашам у лесе! — парадавалася.— І праўда: як бы я цяпер зірнула Альфонсу і дзецям у вочы?»

Пайшла ў хату.

— Падурэлі ўсе! — усміхнулася.

Убачыла: згледзеўшы яе і пачуўшы гэтыя словы, Альфонс аж расцвіў. Як яна бог ведае што ласкавае прамовіла.

Дачка саскочыла з Альфонсавых плячэй, падбегла да яе. Выцягнула рукі — каб абвіць яе за шыю.

— Мамачка! — усклікнула.— Гэта ты прыйшла?

— А хто ж? — лагодна ўсміхнулася Гэлька.— Я, маці-каза. Каза-дзераза. А вы, казляняткі, тут без мяне ўсю хату перавярнулі...

Альфонс падняўся.

— Назбірала што?

«Далібог, мужчына як мужчына,— падумала,— невысокі, аднаго росту са мною, і ў плячах вузкі, але гэта не бяда. Вочы вунь цяплом свецяцца, на губах усмешка. І сэрца добрае...»

— А вы травы нарвалі? — запытала ў дзяцей,— Вады нанасілі паліваць грады?

— Нарвалі...

— Нанасілі...

— Усё зрабілі,— адказаў і Альфонс.

— Малайцы!— пахваліла.— Мыйце рукі і садзіцеся за стол. Палуднаваць будзем.

Пасля полудня Гэлька ўзяла на рукі меншанькую дачку і пайшла ў Налібакі. У магазін.

Паціху і дайшла.

У магазіне цяпер, у рабочы час, нікога з пакупнікоў не было. Сядзела за прылаўкам Антаніна — у белым халаце і ў белай, завязанай на патыліцы, касынцы, здаецца, за гэты час яшчэ пахарашэлая, а насупраць, сагнуўшыся, абапёршыся на локці, нібы стаяў, нібы напаўляжаў Жэня Стэпановіч — высокі, са светлымі валасамі, у светлых, амаль белых, штанах і ў беленькай тэнісцы.

Абое ўсміхаліся. Як яна зайшла, заціхлі. Але ўсё роўна яшчэ ўсмешка была ў іхніх вясёлых вачах. Толькі Жэня пасунуўся да сцяны.

Гэлька падышла, стала якраз насупраць вагаў.

Антаніна нехаця паднялася, і Гэлька здзівілася: чаму яна так адзелася? Адкрытая во высокая шыя. Але гэта яшчэ паўбяды. Адкрытая верхняя палова грудзей. Раней у яе не было такой — з вялікім выразам — сукенкі.

— Ох парода! — цмокнула Антаніна Гэльчынай дачцэ.— І вочы, і нос, і губы Блінавы... Хоць і дробны, але перабіла яго кроў тваю... А ты ж баба як баба! Не такому задрыпанцу, як Блін, раўня...

Гэльцы гэта не спадабалася. І не тое што не спадабалася, а як рэзнула нажом па сэрцы. Ды што яны ўсе — Блін ды Блін! Бліна гэтага, можа, многія ці вартыя!

«На сябе б лепш паглядзела...» — зазлавала ў думках Гэлька, кідаючы позірк на Антанініны грудзі.

— Цукар маеш? — запытала ўголас.— Дай кіль са дзве. На суніцы,— і падала беленькую торбачку, сціскаючы ў далоні грошы.

Антаніна ўзяла торбачку, зірнула ў скрынку. Іх, нахіленых сюды, было некалькі. Стаялі злева. У іх вабілі вока пернікі, усякія цукеркі. Але вось крайняя скрынка, дзе меўся быць цукар, мусіць, была пустая. Антаніна нагнулася, узяла шуфлік, зачэрпнула раз-другі, зашаргацеўшы па дне. Усыпала цукар у мяшочак.

Над гэтымі скрынкамі былі паліцы. На іх ляжалі слупкамі цыгарэты, мыла, стаялі бутэлечкі з адэкалонам, а наверсе — пляшкі з віном і гарэлкаю. Пад кожнаю — цэтлік. На ім былі напісаны назва пітва, цана.

Антаніна выпрасталася, дастала з кішэнькі халата ключы, зірнула на Жэню.

— Схадзі, Жэнька, на склад, прынясі мяшок цукру,— прамовіла і кінула яму ключы.

Ён злавіў і паслухмяна падаўся.

Гэлька аж вырачыла вочы: ты верыш чужому чалавеку, пускаеш яго аднаго на склад?

— Ён чэсны малец,— як адгадаўшы яе думкі, усміхнулася Антаніна.

Гэлька толькі кіўнула ад здзіўлення галавою.

— Я яму веру,— прамовіла Антаніна, потым прыплюшчыла вочы, прашаптала: — Скажы, красівы?

Гэлька ўсміхнулася, паціснула плячыма.

«Што з таго, красівы ці не красівы?! — падумала.— Ты ж замужняя, а ён... Ён жа хлопец».

— Красівы,— сама за яе адказала Антаніна...— І разумны, далікатны, многа кніжак чытаў... Яму тут ва ўсёй нашай акрузе раўні няма... Можа, толькі ў Янковічах, у лесніка, гэтакі большы сын быў. Той, што цяпер у Мінску, у газеты піша. Але той далёка, а ў гэтага не грэх і ўлюбіцца...— і не ўсміхнулася з жартам, а задумліва прыплюшчыла вочы і зірнула некуды ў кут магазіна.— Не грэх...

«Вар'ятка яна...— падумала Гэлька.— Век нейкая вот гэтакая ненармальная... Жыве з нейкімі выдумкамі. І не сталее, розуму не набіраецца... Раней такіх у нас не было!»

— Ты б пусціла яго да сябе ў пасцель?

Гэлька аж адхінулася ад прылаўка: што ты вярзеш?

— Ну, не прыкідвайся святошай,— шэпчучы, наступала Антаніна.— Я ж усё ведаю. Не толькі ж з мужыком сваім спала. І з чужымі ж мужыкамі спала...

— Вот не пляці абы-чаго,— зачырванеўшыся, адказала Гэлька.— Калі жыў Сцянан, дык я ні на кога нават і не зірнула. І каб жыў, дык і век не зірнула б.

— Глупасці! — абарвала яе Антаніна.— Адно я табе скажу: старамодная ты, як Стэфусішын куфар! Зірнула, не зірнула б! А што рабіць, калі сэрца млее, кроў стыне, калі ўбачыш красівага? Калі сніш яго, аж млееш, каб ён прыйшоў і хоць пастаяў бы тут... Ён жа не такі, як мой... Сама ведаеш: Уладак жа чурбак, няголены век, керасінам прапах... А гэта...

Але замаўчала, нагнулася. Задзынкала шклом аб шкло, а потым пад прылаўкам нешта, нібы вада, забулькала.

Паднялася, трымаючы ў руцэ шклянку. У ёй з палову было нібы рудога чаю.

— Выпі,— Антаніна ўсміхнулася.— Колькі той жызні!

І цяпер Гэлька ўбачыла: Антаніна падпітая. І ў вачах млявы бляск, і шчокі ад таго чырванеюць.

«А божа! Што яна робіць?! І людзей не баіцца, сярод белага дня, ды на такой рабоце вось...»

— Не бойся, гэта каньяк... Вазьмі, ты, можа, ніколі яшчэ і не піла такога... Як кажуць мужчыны: выпі каньяк, а потым будзеш піць, як...

— Не, не,— замахала рукою Гэлька.— Як жа я?.. Дзіцяці ж трэба грудзі даваць...

Ляснулі дзверы склада — Антаніна хуценька паставіла шклянку пад прылавак.

Праз хвіліну расчырванелы ад натугі Жэня ўнёс сюды перад сабою мяшок з цукрам.


5. АНТАНІНА


Гаптар прынёс сыну і нявестцы поўную сумку харчоў. Сыр, яйкі, слоікі з малаком і смятанаю. Уладак яшчэ не стаў на работу ў Налібаках і цяпер з'язджае на тыдзень, а то і на два, а Антаніна зрабілася такою паняю, што сама і лянуецца падбегчы ці да іх, ці да сваіх бацькоў і што-небудзь узяць. Прынясеш сам, дык надта і не падзякуе. Яшчэ пабурчыць, што не тое далі.

Ідучы па цэнтральнай вуліцы, убачыў: Антаніна — у белым кароткім халаце і ў белай касынцы — замкнула магазін і накіравалася дадому, да новых цагляных будынкаў. Не запыняў. Няхай ідзе. Пацягнуўся за ёю. Зойдзе на іхнюю кватэру, зірне на ўнучку. Як яна там з нянькаю?

А Антаніна хоць бы азірнулася. Лічы, подбегам шпарыць. Пэўне, спяшаецца да дзіцяці.

Нa другім паверсе запыніўся каля дзвярэй і доўга выціраў свае сандалі. Тады, не стукаючы, папіхнуў дзверы, зайшоў у калідор. Нідзе нікога. Паставіў сумку і зазірнуў у залу: відаць, там і нявестка, і кабета, якая глядзіць дзіця, загаманіліся, дык вось яго і не чуюць.

Не ступіў, толькі адхінуў штору і зазірнуў. І анямеў. Не паверыў сваім вачам. Там напраўду была нявестка, але не з кабетаю, а з хлопцам. Не з Уладакам, а іменна з хлопцам. Уладак высокі, з шырокімі плячыма, чорны, а гэты тонкі, худы, светлавалосы. Стаялі сплёўшыся і цалаваліся. І адкуль узяўся гэты хлопец? Ён жа не ішоў. Значыць, прыйшоў сюды загадзя.

«Што ж гэта такое? Сярод дня... Ды што сярод дня! А калі і ўночы! Усё ж адно... Вунь як цалуецца...»

Адчуў: не тое што каб пацягнуць чым зараз нявестку-распусніцу, але і азвацца не можа. Няма сіл. Гэтакая знявага іхняму роду! Ніколі ж у ім такога не было.

Павярнуўся і як чужымі нагамі пасунуўся з кватэры. Толькі выйшаўшы на калідор, з усяе сілы грукнуў дзвярыма. Спускаючыся, чуў: рыпнулі наверсе маснічыны.

Азірнуўся: на пляцоўцы стаяла ўжо Антаніна. Збянтэжаная, спалоханая. І чамусьці трымала ў руках белую касынку, камячыла яе. Маўчала. І ён не абзыўнуўся. А потым павярнуўся і пайшоў далей сваёю дарогаю.

Яна не пабегла ўслед, не запыніла.

«Можа, вярнуцца і сумку забраць? Буду яе яшчэ выкормліваць, калі яна такое вытварае!»

Але не запыніўся. Бог з ёю, з тою сумкаю. Там жа не толькі для Антаніны, але і для ўнучкі.

На дварэ адчуў: дадому не зойдзе. Зусім памлелі ногі. Баляць так, як ніколі не нылі.

Баяўся хоць крышку пацішыць крок. Ішоў і ішоў. Пакуль не дацягнуўся да маладога хвойніку. Вось тут сышоў са сцежкі, сеў па зялёнай, але пыльнай абочыне. Адчуў: сам ужо не зможа падняцца.

Каб хоць глыточак вады! Сохне, пячэ ў роце. І сэрца млее. Боль б'е аж пад лапатку. Коле, нібы шылам.

І, як на тое, нідзе ні машыны, ні якой фурманкі.

Можа, толькі праз паўгадзіны пачуў: гудзе матацыкл. Едзе з Налібак. Дык ён нямогла падсунуўся, падпоўз да дарогі, лічы, стаў на калені, махнуў рукою: стань, чалавек.

Матацыкліст запыніўся. Малады хлопец. У кашулі, у шлеме. Налібачанін. З яго бацькам, Міхалкам, былі разам у адным атрадзе.

— Падвязі, хлопчык, у Бабчын Скон,— сяк-так падняўся, папрасіў.

Той зірнуў на яго і нічога не прамовіў. Відаць, ён быў вельмі белы. Моўчкі кіўнуў на задняе сядзенне: што ж, садзіцеся.

Праз колькі хвілін і дамчаў у Бабчын Скон.

Гаптар папрасіў яго запыніцца каля сватоў, Найдзёнаў. Падзякаваў, адчыніў брамку і патупаў да сянец. Зірнуў У акно: каля яго сядзела свацця і звязвала ў пучкі зёлкі.

Пастукаў кіпцем у шыбіну, паклікаў: хадзі сюды.

Свацця заявілася на двары хутка. Па-ранейшаму трымаецца сваёй, рэчыцкай, моды — у белым вышываным фартуху і ў белай хустцы.

— Дай чаго выпіць,— папрасіў.

Яна з трывогаю зірнула на яго.

— Ну, сватка, і белы ж ты! Як палатно. Ці не занямог?

Ён прамаўчаў.

Найдзёніха шпарка затрусіла да сянец, неўзабаве вярнулася з кубкам вады.

Ён узяў кубак і не мог паднесці яго да губ: трымцелі, як у п'яніцы, рукі.

— А што ж з табою? — свацця ўспляснула далонямі.— Ды на табе і крывінкі няма!

— Зараз усё раскажу...— прамовіў ён, напружыўся і ўсё ж крыху адпіў з кубка. Як там глытнуў, толькі памачыў вусны ды абліў падбародак.

— Кепскія, свацця, весці, так сказаць...

— Ды кажы ты!— напалохалася Найдзёніха.— З Анцяю што благое?

— Ды не. Я і не ведаю, як табе і казаць...

— Ды гавары ўжо як е...

— Ды Тося, так сказаць, распусцілася...

Чырвань кінулася Найдзёнісе ў твар. Зморшчылася: мусіць, забалела, закалола яе хворае сэрца. Ці быў іншы які боль за дачку.

— Ды як распусцілася? — запытала. І цяпер ужо ў яе закалаціліся поўныя ад хваробы рукі.

— З хлопцамі гуляе...

— А божа ж! — і боль, і здзіўленне, і паняверка вырваліся ў яе разам, за адзін выдых. Памаўчала, падышла, абаперлася аб плот.— Хіба бачыў хто?

— Бачылі...

— А хто ж бачыў? — зачапілася за гэта, як за паратунак, каб збавіцца ад такой непрыемнай для яе, маці, навіны.

— Ды бачылі, кажу...

— Можа, людзі і выдумалі ўсё гэта, сват...— пачала заступацца за сваю дачку.— Яна вясёлая, па мне пайшла, любіць пажартаваць, дык і... Можа, і Блін там такую плётку пусціў...

— Ніхто нічога не выдумаў, свацця,— спакойна прамовіў.— Каб хто сказаў, дык я і не паверыў бы. А то сам, на свае вочы вот нядаўна, так сказаць, убачыў... І не хацеў падгледзець, а выйшла так, падгледзеў... І Анці нічога яшчэ не казаў. Адразу з Налібак — сюды, да цябе. Да маці...

Найдзёніха маўчала-маўчала, а потым раптоўна пабялела і паехала-паехала ўніз, нямогла чапляючыся рукою за частаколіну. І вочы заплюшчыла.

Гаптар хуценька ўцягнуў повен рот вады, а потым пырснуў ёю ў Найдзёнішын твар.

Яна аж скаланулася ад холаду і неўзабаве ўзняла павекі...


6. УЛАДАК


Антаніна была ў магазіне адна. Сядзела за прылаўкам і чытала кнігу — яе прывёз з горада Жэня Сцепановіч. Яна так і прасіла: прывязі, Жэнечка, «добрых кніжак пра каханне».

Чытала, але яе думкі збіваліся. Яна падымала галаву, пазірала ў кут і думала пра сваё.

«Не ведаю, што са мною... Жыву я ці не жыву? Усё як сон. З Жэнем. Як з ім, дык нічога не помню, не ведаю, не думаю, толькі б быць і быць з ім, цешыцца яго красою і яго маладосцю... І пасля, калі адна, не ведаю: што са мною? Нейкая тады як звычайная... Кляну сябе. Надта тады, калі прыбяжыць сюды з Бабчынага Скону маці і пачне хлістаць чым папала і куды папала, пагражаць, што з-за мяне без пары пойдзе на той свет, плакаць, што я далася ім дык далася ў знакі. Тады і бярэ одум: і праўда ж, нашто я ўсё гэта раблю? Вось хоць бы гэтыя пісьмы. Скажы каму, дык ніхто і не паверыць: я пішу лісты Жэню, а ён піша мне. Кладзем іх употай пад Блінаву лаўку, употай бяром і чытаем. Здавалася б, нашто пісьмы? Мы ж і так кожны дзень бачымся, гаворым. Але не. У вочы ўсяго не скажаш. Бо сорамна ўсё гаварыць. А ў пісьмах можна быць вельмі і вельмі ласкавай, пяшчотнай, хочацца пісаць самыя высокія словы пра сваё каханне. Пішучы ліст, ты адзін. Са сваёю душою. Дык і шчыры, смелы, далікатны... Але не зразумець сябе. Пакляну сябе — і ўсё роўна ўночы ўстаю і іду на двор. І ён як чуе, выходзіць... І тады мы абое як павар'яцелыя... Але няўжо гэта распуста, як кажа маці? Якая распуста? Не, гэта нешта іншае...»

Пачула: нехта ідзе ў магазін.

Падняла галаву на дзверы і знерухомела: заходзіць Жэнева маці, Аляксандра Фядотаўна. Тутэйшая настаўніца. У сіняй сукенцы, з ярка нафарбаванымі вуснамі. Поўная, але зграбная. І сімпатычная. Жэня якраз у яе.

— Добры дзень,— павіталася госця. Запыніла крок пасля парога, як не ведаючы, ці падыходзіць да яе блізка, ці не.

«Свякруха!» — горка ўсміхнулася сама сабе Антаніна.

Як убачыла крэсла, што стаяла каля сцяны і прылаўка, падышла, аднесла крэсла ўбок і села. Паклала на калені белую сумку, адчыніла і дастала люстэрка. Але зірнула на сябе толькі на міг. І тут жа ўсё схавала.

— Добры дзень,— адказала Антаніна і паднялася. Як вучаніца. Можа, і па звычцы. Калі яна вучылася ў Прудах, у васьмігодцы, дык там вучыла тады і Аляксандра Фядотаўна.

— Добра, што мы адны...— ціха прамовіла госця. І вельмі спакойна.— Нам трэба, Антаніна Іосіфаўна, з вамі вельмі сур'ёзна пагаварыць...

Антаніна лыпала позіркам па прылаўку, па кнізе, але не тое што літар, а нават і радкоў не бачыла. Яна не падрыхтавалася да такой гамонкі. Ні да прыходу Аляксандры Фядотаўны, ні да яе такога спакойнага тону.

— Мы з Іванавічам толькі што бурна пагаварылі з Жэнем...— сама вельмі хвалюючыся, сказала госця, гэтаксама адводзячы позірк.— І рашылі: мне трэба пагаварыць з вамі як жанчыне з жанчынаю. Мы павінны адна адну зразумець...

Антаніна маўчала.

— Я чытала вашы лісты, што вы пісалі Жэню,— гэтак жа ціха прамовіла Аляксандра Фядотаўна, але ўсё роўна нібы хліснула яе крапівою.— Я ўсё ведаю пра вашы адносіны. Хоць, праўда, не ўсе лісты чытала...

Заціхла, нібы чакала: а што скажа яна, Антаніна?

— Я не маладая ўжо, разумею Жэню, яго захапленне вамі...— зноў загаварыла Аляксандра Фядотаўна.— Ён, канечне, шчыра захапіўся. Вы вельмі прыгожая. У самым росквіце сваіх сіл. А Жэня наш малады зусім, усё вучыўся, як вы ведаеце, толькі сёлета скончыў інстытут. Вучыўся добра, не зважаў на дзяўчат. Але ўсяму свой час. Цяпер прыйшла пара кахання. І ён захапіўся вамі...

— Дык што вы ад мяне хочаце? — нарэшце азвалася Антаніна.

— Каб вы, Антаніна Іосіфаўна, перапынілі ўсякую сувязь з нашым сынам. Не збівалі яго з тропу...

— Я люблю яго...

— Я вам веру,— надзіва спакойна згадзілася госця.— Жэня наш таксама прыгожы. Выхаваны, адукаваны. Але ж... Прабачце, але ж вы не дзяўчына. Вы замужняя. Маці дваіх дзяцей...

— Вось не змагла так думаць...

Цяпер і Аляксандра Фядотаўна змаўчала. Апусціла галаву. Потым зноў дрыготкімі рукамі адчыніла сумачку, пакорпалася, дастала флакончык, выцягнула з яго ватку і на далонь выкінула велікаватую белую таблетку. Узяла яе ў рот. Здаецца, пад язык.

— А што вы свайму мужу скажыце?— запытала з бездапаможнасцю.

— Нічога...

— І што вы думаеце далей рабіць?

— Не ведаю.

— Дык паслухайце мяне, старэйшую. Каханне, канечне, сляпое. Першае. Але... У вас гэта не першае каханне. Дык і не такое ўжо сляпое. Але, думаю, вы і не строілі далёкія разлікі? Не збіраліся кінуць свайго мужа і з дваіма дзецьмі выйсці замуж за нашага Жэню?

— Не, не збіралася...

— Дзякую,— сказала, паднялася Аляксандра Фядотаўна, прытуліла сумку да грудзей. Зірнула з просьбаю і мальбою.— Я вас як маці прашу, Антаніна Іосіфаўна: не псуйце майму сыну светлай будучыні... Я вельмі баюся... ну, каб яму не звязалі рук... А мы... мы пастараемся ўладкаваць яго на работу ў іншую нават вобласць. Адарвецца, захопіцца работаю, спаткае дзяўчыну, пакахае — і... А вы... Вы абяцаеце мне гэта, пра што я вас прашу?

— Я не стану яму насуперак дарогі...

— Дзякуй. А ў яго ўсё гэта пройдзе. Як туман. Як і заўсёды праходзіць у кожнага першае захапленне...— падышла, дастала з сумачкі і падала ёй папяровы згортак.— Гэта вашы пісьмы. Забярыце. Паверце мне, я ўсіх не чытала...

Антаніна не брала.

Аляксандра Фядотаўна патрымала крыху згортак у дрыготкай руцэ, а потым паклала яго на кнігу і рушыла з магазіна.

— Ідзе!— ужо ўвечар прамовіла Антаніна, прыклала руку да грудзей.— Ну, трымайся, сястрыца!

Тут, у магазіне, з ёю быў толькі Жэня. Як пайшла маці, ён усё ж неўзабаве прыбег сюды. Антаніна сустрэла яго, абняла, пацалавала, завяла на склад і — на мяшках з соллю і цукрам — прылашчыла, наплакалася. А потым яны вярнуліся сюды, і яна шмат угаворвала, каб пайшоў адгэтуль, каб яна сустрэлася з мужам адна. Але Жэня не сышоў.

Уладак мільгануўся каля акна. Нейкі сёння зусім высозны, чужы. Можа, і ад таго, што яна не хацела, каб ён вяртаўся.

«Ведае ўжо ўсё ці не ведае?»

— Ну, здаровы былі,— буркнуў Уладак, скінуў з плячэй на прылавак рукзак, абапёрся далоньмі на край прылаўка і зірнуў толькі па адну яе.— Кажаш: умесце?

Яна пільна, нават незвычайна рашуча пазірала яму ў вочы, але маўчала, праваю рукою перабірала ў правай кішэньцы белага халата звязку ключоў.

— Ану выйдзі адгэтуль, юнец! — азірнуўся Уладак на Жэню.— І больш не пападайся мне на вочы. Ну!

Жэня, ужо збялеўшы, патаптаўся на адным месцы. Зірнуў з віною ды з бояззю на Уладака, потым на яе.

— Што, не чуеш?— запытаў Уладак, спіною абапіраючыся на прылавак і грозна скрыжоўваючы на грудзях рукі.— Тады я прачышчу табе вушы.

Нечакана ступіў да яго, згроб у магутную далонь, лічы, усю Жэневу тэніску на грудзіне, тузануў, а потым так штурхнуў, пусціў у парог, што Жэня паляцеў, як сноп, паваліўся, выпэцкваючы свае белыя штаны. А Уладак ступіў за ім.

— Не чапай! — крыкнула Антаніна, юркнула пад перагародку, забегла насустрач.— Бі мяне, а яго не бі!.. Я вінаватая! Я!

Уладак як разгубіўся ад такога заступніцтва.

— Ты? Ты? Ды я цябе, змяю!..— дзікая злосць ільнула да яго, вочы наліліся чырванню.— Заб'ю!

І ўзмахнуў вялікім кулаком.

— Бі! — сказал яна, выпрамілася.

І ён грукнуў ёй кулаком вышэй грудзей, пад шыю, што яе занесла да сцяны. Ляпнулася спіной, патыліцаю. А ў горле нешта перасела, затрымала дыханне. І яна адчула: млее.

А ён хлясь раз-другі па шчоках. Аж у вушах зазвінела.

— Вы ж забіваеце! — як з-пад зямлі, пачула Жэнеў голас. Адплюшчыўшы вочы, убачыла: Жэня схапіў Уладака ззаду за рукі.

Уладак прыгнуўся, учапіўся за Жэневы штаны, пацягнуў іх — штаны заехалі вышэй калень, агалілі шкарпэткі, ногі — і падняў Жэню над сабою, а потым шпурнуў яго ў кут магазіна.

Да яе нечакана вярнулася сіла. Яна асцярожна ўстала, абапіраючыся аб сцяну, зірнула: Жэня шкрабаўся, спрабаваў устаць. З носа, шчакі сачылася кроў.

— Кажу: мяне бі! — Антаніна загарадзіла сабою Жэню.— Ну, бі! — крыкнула.— Але нічога не выб'еш. Бо я цябе не люблю. А яго люблю...

Уладак спыніўся. Збялеў увесь, рукі трасуцца. Не падняў больш на яе рукі. Пазіраў з бездапаможнасцю.

— Ты сам адбіў мяне ад сябе...— ужо не кулакамі, а мацней, словамі, біла яна яго.— Сам дамогся, каб я адвыкла ад цябе... Казала: паедзем куды, будзем жыць і рабіць разам, дык не... Не слухаў... Па два тыдні дома не быў, кідаў мяне тут адну... Вот я і адвыкла... Ну, чаго не б'еш? Бі! Ці дамажыся чым хочаш, каб я цябе зноў палюбіла...

Уладак моўчкі павярнуўся, узяў з прылаўка рукзак і, нічога не гаворачы, пацягнуўся з магазіна.

Выйшаў разгублены.

«Што ж гэта робіцца? — жахнуўся.— Яна, замужняя, удзень, на людзях, з хлопцам гуляе! І, бачыш, як і што мне, мужу, гаворыць! «Мяне бі, а яго не чапай. Я вінаватая, а ён невінаваты... Але нічога не выб'еш. Бо я цябе не люблю... Ты сам адбіў мяне ад сябе... Сам дамогся, каб я адвыкла ад цябе... Па два тыдні дома не быў, кідаў мяне тут адну... Ну, чаго не б'еш? Бі!»

Што казаць, не стрываў, упершыню даў волю рукам пад лютую злосць, але пасля схамянуўся, што не яму, мужчыне ў сіле, біць кабету, хлапчука. Ды чаго даб'ешся кулакамі?! Пагарды, злосці, чужасці. Яна ж, бачыш, яго зусім не баіцца. Больш думае пра свайго каханца, чым пра сябе. І такая самаахвярнасць, рашучасць абязбройвае, выбівае з раўнавагі. Дык, можа, і добра, што здолеў у час сысці, панесці свае крыўды, помсту з сабою. Але пакінуў іх абаіх разам, сыходзіў далей ад іх, шчаслівых, куды неслі ногі, і не ведаў, куды ісці, што рабіць. Бадай, першы раз за свае гады адчуў такое ўзрушэнне. Нават, бадай, быў не толькі ўражаны ды расхваляваны, але і ашаломлены. Ён чуў, на свае вочы бачыў, што і ў вёсцы, і ў горадзе некаторыя жонкі здраджваюць сваім мужам (як і некаторыя мужы знаходзяць уцехі з чужымі жонкамі ці дзяўчатамі), адносіўся да гэтага даволі спакойна, а то нават часамі разам з іншымі і пакепліваў з тых небаракаў мужоў (ці жонак), а вось у тое, што можа быць сам падмануты,— у гэта ніколі не верыў. Праўда, Антаніна прыгожая, да яе заўсёды заляцаліся маладыя мужчыны і хлопцы, але ён лічыў, што яна, Антаніна, кабета разумная, стойкая, заўсёды яму верная. Як і лічыў, што яго міне ўсякае ліха. Бо ў яго не павінна быць ніякага таго ліха. Хто яго, тое ліха, хоча, чакае?! Ды для сябе?!.

Задумаўшыся, мінуў, як кажуць, «канторскую» вуліцу, выйшаў за вёску, за Налібакі. Уперадзе была відаць новая вуліца з новымі цаглянымі дамамі. Цяпер іх асвечвала нізкае ўжо вячэрняе сонца, і яны былі ружавата белыя, нязвыклыя, нібы чужыя. Уладак зірнуў на іх, гэтыя дамы, і падумаў: а чаму ён да іх ідзе? Хіба яны яго прытуляць, паспачуваюць? Хіба там, у сваёй кватэры, на другім паверсе, ён знойдзе спакой, суцяшэнне? У тым кутку, дзе, відаць, Антаніна чакала, сустракала свайго каханца? Не, гэтая кватэра будзе да яго абыякавая. Бо ён у ёй, лічы, не гаспадар, а госць. Яна яго, бачыш, не прытуліла, прынесла яму непрыемнасці, боль, крыўды і, мусіць, выпрабаванні. І тыя выпрабаванні, якіх ён дагэтуль не ведаў.

Задумаўшыся, падышоў да свайго дому. Двор яго быў яшчэ недагледжаны: паблізу ляжала вялізнае, бела-шэрае ад засохлага цэмента, жалезнае карыта, воддаль — груды цэлай і бітай цэглы, кавалкі шыферу, дошкі і аполкі.

Убачыў: у двары Бліны. Старыя. Ён і яна. Падбіраюць цэглу, дошкі ды аполкі, зносяць і складаюць у стройныя штабелі каля хлеўчыкаў. Вось вярнуліся сюды, да карыта, пасталі. Здаецца, са здзіўленнем зірнулі на яго. Блін, востры ж на слова чалавек, колкі, як вожык, на гэты раз змаўчаў (праўда, не жартуе ды не пакеплівае ён ужо даўнавата), не зачапіў.

Уладак кіўнуў ім галавою. Былыя і цяперашнія аднавяскоўцы, трэба было б запыніцца, загаварыць, але цяпер не мог ні падысці, ні перакінуцца словам. І яны, уражаныя, не падаліся насустрач, не запынілі і не зачапілі словам. Лаючы сябе, што нядобра робіць, што непачціва паводзіцца са сваімі людзьмі, Уладак аднак падаўся ў дом, адчуваючы, што Бліны пільна пазіраюць яму ўслед. Можа, і ўсё зразумелі. Па яго хадзе, абліччы, па твары. Бо, відаць, нямала ўжо наслухаліся пра Антаніну і яе паводзіны, як, можа, нямала ўжо чаго і наглядзеліся. Пэўне ж, пра яе і дырэктаравага сына гавораць усе Налібакі. Вёска — малая яна ці вялікая — найперш ёсць вёска. Усё ў яе навідавоку, усё на языку. А такое — грэшнае каханне — тым болей усхвалюе, зацікавіць, выкліча ўсякія размовы, тлумачэнні, а то нават і плёткі.

У кватэры было цёпла, нават горача. Па-першае, цяпер сюды, у вокны, свяціла сонца, а, па-другое, цэгла нагрэлася за дзень і ўстойліва трымала духасць. Уладак ткнуўся на кухню, зайшоў у залу, а пасля ў спальню — шырокі драўляны двухспальны ложак быў разбэрсаны, на падушцы ляжала Антанініна начная сарочка, побач, на крэсле, ляжалі яе сукенкі, спадніцы.

Сёння гэтая неахайнасць яму вельмі не спадабалася, непрыемна ўразіла. Яму стала яшчэ болей балюча: а раптам на гэтай пасцелі раскашаваўся той хлапчук, а раптам і тут Антаніна абдымала, цалавала яго, гарэла ў тым дзівосным агні кахання, у якім яна ўмее гарэць! Няўжо, няўжо той дзівосны агонь ужо не для яго, а для некага?! Ды што — «няўжо? няўжо?» Так яно ўжо і ёсць.

Ён выйшаў са спальні, нават зачыніў дзверы, каб нічога там не бачыць, вярнуўся ў залу і сеў на канапу. Але сеў нязручна: замінаў пляцак, што быў за плячыма. Ён здзівіўся, што не пакінуў гэты пляцак яшчэ там, на кухні, а насіў па кватэры. Здзівіўся, што не заўважаў гэтага. Адхінуўся, скінуў пляцак долу. Цяпер заўважыў, што не пераабуўся, топча вось пыльнымі ботамі чысты дыван, што ляжаў на падлозе. Дыван быў не новы, Антаніна купіла яго ўжо даўно. Але ён дагэтуль не ўжываўся, стаяў там, у Бабчыным Сконе, скручаны і звязаны ў кутку за шафаю. Цяпер вось ляжыць на падлозе, ён, Уладак, топча яго, але асцярогі, шкадавання няма. Што — дыван?! Шматколерная ануча! Не тое стаптана ці топчацца ў яго душы...

З непрыемнасцю ён зірнуў і на новую паліраваную шафу, на тэлевізар ды на сервант з дарагою пасудаю. Сёння чамусьці гэты дабрабыт вельмі прыгнятаў яго, яму да болю хацелася ў драўляную бацькавую хату, да бацькі, маткі, да сына (а ён цяпер, на канікулах, там), дзе яму было заўсёды ўтульна, улежна і ўежна, хораша, спакойна ды міла.

Але пачакай. Ці заўсёды яму было добра? Ці не там усё гэта сённяшняе і пачалося? Можа, не пачалося, а падрыхтоўвалася да сённяшняга? Ці не ён сам вінаваты ў тым, што здарылася? Ці недарэмна ён гнаўся на вялікія грошы, дзеля іх з'язджаў на працу, як кажуць, за свет, пакідаў Антаніну з дзіцем (а пазней і з дваімі дзецьмі) пры бацьках, гэта значыць пры яе свёкрах, наязджаў зрэдку, не зважаў, што яна скардзіцца на нялёгкае жыццё. Думаў: прывозіць добрую плату — яна і радая. Скардзіцца на адзінокасць, самоту — ат, чаго варты жаночыя капрызы!

Чаму, чаму ён у свой час не зважаў на тыя яе скаргі? Чаму ў свой час не пакінуў Бабчын Скон, не паехаў з Антанінаю да людзей, чаму не адмовіўся ад далёкіх паездак ды ад вялікіх грошай, не быў з сям'ёю побач? Хай бы меў меней, але быў бы заўсёды разам. Можа, яна праўду кажа: ён сам змусіў яе адвыкнуць, адбіцца ад яго. Але ж ён хацеў, каб усё было як найлепей. Дык чаму ж тады выйшла найгорш? Чаму Антаніна не зразумела яго? Чым яе той спакусіў? Маладосцю, розумам, далікатным абыходжаннем?

Ён думаў, разважаў, пакутаваў і паволі пачынаў разумець, што ўсё гэта павінна было рана ці позна здарыцца. Можа, і з-за Антанінінага характару. Бо яна заўсёды жыла нібы ні на гэтай зямлі, хацела нечага незвычайнага, лічачы, што яна не жыве, а толькі існуе, а вось жыве нехта іншы і недзе там, далёка ад Бабчынага Скону. Тое, што яна трымалася дагэтуль, гэта было часовае. Вось тут, на новым месцы, усё ў яе і выбухнула, яна кінулася ў іншы свет, у які хацела трапіць. І таму, можа, яе каханне да гэтага хлапчука — каханне ўяўнае, прыдуманае, адухаўлёнае найперш ёю самою.

Ён, Уладак, заўсёды адчуваў: яна, Антаніна, у нечым болей адухаўлёная, чым ён. І не таму, што ён скончыў восем класаў школы і СПТУ, а яна дзесяць класаў.

Яна была адна дачка ў Найдзёнаў, таму была заўсёды дагледжаная, адлучаная ад работы, спешчаная. Аднагодкі яе працуюць, а яна ляжыць у садзе ці каля рэчкі з кніжкаю. Найдзёны ўсім казалі: іхняя дачка скончыць школу і паедзе ў Мінск «вучыцца на доктара». У тое лета, калі ён вярнуўся з арміі, яна і ездзіла паступаць. Але не паступіла. Хацела ўсё роўна з'ехаць у горад, уладкавацца там на любую работу, але Найдзёны яе неяк прытрымалі.

І, можа, не былі рады. Бо ў тое ж лета прыехаў у іхняе лясніцтва практыкант, будучы ляснічы, стаў у Лабуні на кватэру і пачаў заляцацца да іхняй дачкі. Яна быццам учадзела, прыліпла да таго, шустрага, бойкага, бадай, сама бегала за ім. У Бабчыным Сконе пачалі тады пагаворваць, што «Найдзёнава дачка можа прынесці скора ў прыполе».

Калі той практыкант паехаў, Антаніна хадзіла сумная, пісала таму доўгія лісты, казалі, хацела паімчацца за ім услед, але Найдзёны не пусцілі. Былі рады, калі да Антаніны пачаў хадзіць ён. Спачатку яна была зусім абыякавая да яго, казала, што не пойдзе замуж ні за яго, ні за іншага каго, бо на другое лета зноў паедзе паступаць. Пазней, супакоіўшыся ды перастаўшы атрымліваць ад практыканта лісты, падабрэла, пачала адказваць на яго заляцанні ўзаемнасцю. А неўзабаве і замуж за яго выйшла. Выйшаўшы замуж, ужо не збіралася далей вучыцца, хоць часта гаварыла, што і хацела паехаць у горад, і змагла б паступіць ды «мець адукацыю», ды ён «завязаў ёй свет».

Ён не крыўдзіўся, пасміхоўваўся з гэтых яе гамонак, казаў, што ёй добра і тут, у вёсцы, без той вялікай адукацыі, бо ў іх усяго хапае. Аж ёй, бачыш, не ўсяго хапала...

Можа, нават яна не кахала яго. Прывыкла, прызвычаілася, жыла як набяжыць, а вось тут, сустрэўшы таго хлапчука, не вытрывала, дала волю паўзабытым і новым марам, жаданням. Можа, і не спадзяецца на нешта вялікае, доўгае, глыбокае, не гоніцца за жураўлём у небе, але чэпка трымае сініцу ў руцэ...

Ці гэта ўсё, што адбываецца, яму за кару? За Вераніку.. Калі там і што там некалі было — ат, штосьці несур'ёзнае, дзіцячае ці зусім юначае,— але вось і зноў, як і часамі дагэтуль, абзыўнулася востраю віною, сорамам, а то і, бадай, здрадаю. Вераніка — Даргевічава дачка, яго аднагодка. Яны разам канчалі восем класаў у Прудах, ёй ён пісаў лісты з арміі. Казалі, дзеля яго засталася яна пасля дзесяцігодкі ў Бабчыным Сконе, чакала з арміі. Але вярнуўшыся дадому, ён адчуў: не кахае яе і не можа кахаць. Як кажуць, адразу ж яму засланіла свет Антаніна, якая за гэтыя два гады, што ён не бачыў яе, падрасла, расцвіла і стала красуняю. Казалі, Вераніка вельмі перажывала, што ён занядбаў яе і перакінуўся да Антаніны, плакала на іхнім вяселлі і прадракала, што яны, Уладак і Антаніна, шчаслівыя не будуць...

Цяпер Вераніка ў Мінску, працуе ў рэстаране, замужам, мае двое дзяцей. Гавораць, жыве вельмі кепска: яе муж, слесар-сантэхнік, п'яніца, валацуга. Пазалетась Вераніка не вытрымала, кінула горад, работу, кватэру і прыехала з дзецьмі да бацькоў. Але пасля зноў падалася туды: ёй пераказалі, што няўдалага яе мужа пасылаюць на прымусовае лячэнне... Можа, і не вінаваты ён, Уладак, што ў Веранікі такое нялёгкае жыццё, але ўсё роўна калі-нікалі, надта тады, калі чуў новыя непрыемныя навіны з яе жыцця, пакутаваў, лічыў, што нібы іменна ён ва ўсім вінаваты. Хоць якая віна перад чалавекам, якога ты паважаеш, але любіць, кахаць не змог і не зможаш? Тым больш што ў тых салдацкіх лістах ён ёй нічога не дакляроўваў — толькі падаваў нейкую надзею. Ён і падумаць тады не мог, што яна гэтак сур'ёзна, стала ды глыбока ўспрыме тое яго абнадзейванне, тыя яго намёкі, недагаворкі...

Што ж, Веранічышыны словы спраўдзіліся: ён лічыў-лічыў, што шчаслівы, усё ў яго так, як і трэба, і сам ён такі, як трэба, а на самай справе тое ўсё не простае і не лёгкае. За шчасце сваё трэба яшчэ змагацца ды змагацца. Але як? Хай бы хто раней падказаў, дык ён, можа, раней, у свой час, лепш пра ўсё падумаў бы, пастараўся б зрабіць усё, каб сям'я была трывалая. Ці ён не змог бы нічога сцэментаваць, і Антаніна рана ці позна ступіла б на тую сцежку, па якой пайшла цяпер? І ў Бабчыным Сконе, і тут. Бо з ім ёй, мусіць, цяжка. Ёй, відаць, трэба іншы муж. Той, пра якога яна марыць. Праўда, толькі ці спраўджваюцца ўсе мары, ці ўмее чалавек сам не выпусціць з душы свой ідэал?

Уладак пакаяўся, што даў нядаўна ў магазіне волю рукам. Што ён гэтым дабіўся? Пераменіць Антаніну, змусіць кахаць ці змусіць баяцца? Але хіба гэтым пераменіш, заваюеш сэрца і душу? Відаць, не. Але што тады рабіць? Як перамагчы свой боль, крыўды, пакуту? Упрасіць яе кінуць гэтую кватэру, работу ў магазіне, вярнуцца ў Бабчын Скон, забыць здраду, схавацца там і жыць, як жылі раней? Не. Такога ўжо не будзе. Ды і ён не здолее пра ўсё забыцца. Развесціся з ёю, пакінуць двое дзяцей? Па-першае, ніхто ніколі ў іхнім родзе не разводзіўся, а, падругое, як ён зможа жыць без сына і дачкі? Без яе, Антаніны? Ён жа яе кахае. Без яе яму жыццё не жыццё. Без яе яму аж страшна жыць. Бо ён не ведае, да каго можна прыгарнуцца ў жыцці, на каго перанесці сваю ўвагу, ласку, ад каго адчуваць пяшчоту. Колькі і дзе ён не быў на свеце, але ёй, жонцы, не здраджваў...

...Антаніна вярнулася позна.

Можа, і наўмысна недзе заседзелася, хочучы, каб ён ці сышоў некуды, ці заснуў. Ён жа сёння нікуды не пайшоў, сядзеў седзьма на канапе, уталопіўшыся ў сцены.

Яна ўключыла святло на кухні, штосьці паклала там на стале (ці не сумку з харчам), пасля ўключыла святло тут, у зале. Убачыўшы яго, па-ранейшаму не разутага і нераспранутага, разгубілася і аж закрылася дачкою, якую трымала адною рукою пад пахаю. Ці, можа, такім рэзкім рухам схавала сіняк, што чарнеўся пад яе левым вокам.

Ён не ўсхапіўся, не кінуўся да яе ні з пагрозамі, бойкай, ні з крыкам. Бачачы гэта, яна бокам-бокам пайшла каля сцяны. Да спальні. Як толькі адчыніла дзверы, яшчэ раз азірнулася, шмыгнула туды і зашчапілася.

Знікла, а ў яго вачах яна бачылася па-ранейшаму — высакаватая, папаўнелая пасля новых родаў і, здаецца, пахарашэлая. І цяпер ужо яму стала балюча, што нехта паквапіўся на яе красу, заваяваў, захапіў яе, абакраўшы яго неміласэрна. Здаецца, шмат можна выцерпець, перамагчы ўсякія непрыемнасці, але вельмі цяжка ад адчування страты самага дарагога і патрэбнага. І з гэтым болем адчуў: сапраўды, трэба змагацца за Антаніну. Калі страціць яе зусім, дык на самай справе страціць сваё самае дарагое і патрэбнае. А, па-другое, што будзе значыць гэтая страта для дзяцей, для бацькі і маці, цесця і цёшчы, для ўсяго Бабчынага Скону? Праўда, невядома, што скажа цяпер, яна, Антаніна, як пачне паводзіцца...


7. СОН


— Анця! — ціха паклікаў Гаптар жонку.— Анця! Яна пачула, хуценька зайшла сюды. Зірнула з ласкаю, з трывогаю. Бурчэла-бурчэла некалі — і ў маладосці, і ўстарасці,— а як вось злёг, дзе і дзелася тое яе бурчанне...

— Адхіні ты фіранкі і адчыні люфцік...

— Сонца ж...

— Хай будзе і сонца. А то ў цемнаце — як і ў цюрме...— сказаў ён.

Анця хуценька падышла да акна. Адчыніла фортку. Пакой заліўся святлом: усе гэтыя дні стаялі сухія, сонечныя. На збажыну. Каб яна спела і тужэла ў камлі.

— Не вярнулася яшчэ Найдзёніха? — запытаў. Ведаў: гэты тыдзень Уладак не паехаў на работу, ходзіць па Налібаках, п'е, усюды ловіць Антаніну, чэпіцца да яе. А яна, кажуць, і не начуе дома, сышла да чужых людзей. І мала гэтага. Кажуць, Уладак ходзіць да адной разводніцы, начуе ў яе. І яна прымае! Сэрца разрываецца: такі добры, быў хлопец — і на табе! І ён да чужых кабет ходзіць!

— Не, яшчэ няма. Як пайшла туды, да іх, дык як прапала!

— Перашалеюць, так сказаць, ды на тым і сядуць,— ціха прамовіў. Каб супакоіць жонку.— Чаго не бывае ў маладыя гады!

— Пакуль перашалеюць, дык цябе першага на той свет загоняць...— усхліпнула.— Гэта ўсё яна вінаватая! На ёй шкура гарэла... увесь сыр-бой толькі з-за яе загарэўся. Тут нас баялася, а там і закруціла хвастом... А хлопец з рымасці піць пачаў ды...— і не дагаварыла ўсяго пра сына.— Толькі яна вінаватая... Бо яна толькі задніцу сваю і глядзела, абы смачней з'есці, абы лепш надзець...

— Бог яго ведае...— прамовіў ён.— Нешта ж было, так сказаць, прычынаю. Без агню дыму не бывае ж...

І замаўчаў. Пачулася: па вуліцы гудзе-коціцца легкавік. Анця пайшла ў залу, дзе раней на канапе спалі сын і нявестка.

— Доктар прыехаў.

Гаптар і без жончыных слоў адчуў: падкаціў «рафік».

«Нядобра неяк выходзіць,— падумаў,— усе людзі ўбачаць, што едзе бальнічная машына, прыйдуць сюды, адарвуцца ад работы. А не такая я важная персона, так сказаць, каб пра мяне ўся вёска думала, перажывала з-за мяне...»

Анця падалася хуценька на кухню — сустракаць.

Неўзабаве пачуўся стук у дзверы, тупат. А яшчэ праз хвіліну зайшоў сюды тэрапеўт Дзераўнянскай бальніцы Высокі. І праўда высокі, галава вунь ледзь не пад столь. Малады яшчэ, але разумны, не аднаго хворага чалавека падняў з пасцелі, паставіў на ногі. У белым халаце. З невялікім чорным чамаданчыкам у руцэ. Дагэтуль былі ўжо добра знаёмыя: Высокі прыязджаў на сваёй машыне да Тамаша ў лазню, на паляванне, а да яго, Гаптара,— на пчальнік.

— Ну, здарова, баця,— павітаўся, моцна паціснуўшы руку.— Ну, як спалі сёння?

— За дзень той выбраў сон, так сказаць, дык уночы і не хацеў спаць...

Высокі сеў каля яго на ложку, адчыніў свой чамаданчык. Спадыспаду вечка была шкала. Дастаў з ніжняй палавінкі чамаданчыка шэра-чорную падушачку, здаецца, з гумовым провадам і жоўтым мячыкам.

Гаптар сам ужо закасаў рукаво белай кашулі. Высокі абгарнуў яго руку гэтай халаднаватай падушачкай, зашчапіў яе канец і пачаў ціснуць у далоні мячык. Падушачка на руцэ надзімалася, сціскала руку. Высокі перастаў ціснуць мячык і пазіраў на шкалу — пасярод бег уніз чырвоны струмень.

Потым Высокі паўтарыў усё гэта некалькі разоў, неадчэпна пазіраючы на шкалу.

— Яшчэ высокі ціск,— сказаў потым.— Дадзім зараз яшчэ ўкольчык, прапішам мацнейшых лякарстваў...— І як падакараў: — Няможна так хвалявацца, баця... Такі волат, а з нервамі не саўладаў... Значыць, забараняю ўставаць. Спакой, толькі спакой! І ніякіх хваляванняў, трывог... Можаце зацягнуць фіранку і зусім адчыніць акно. Свежае паветра трэба вам не меней яды...

А потым дастаў з кішэні белага халата таблеткі і сказаў па колькі і калі іх браць.

Пачуліся на двары, а потым і ў сенцах, у кухні крокі, а ўслед і галасы. Свата, Найдзёна, Лабуневай жонкі, жонак Даргевічаў, старой Блініхі, Гэлькі.

І, здаецца, разам загаманілі, пытаючыся ў Анці:

— Ну, што сказаў Высокі?

— Як Юзя?

Высокі, складаючы сваё начынне і дастаючы трубачку, каб паслухаць сэрца, міргнуў яму, кіўнуў на дзверы: чуеш?

Гаптар гэтаксама ўсміхнуўся: ды чую!

Удзень Гаптар прыснуў. І адразу сасніў сон.

Здаецца, ён стаяў у зале каля акна і пазіраў у гародчык — на маладую яблыньку. Яблынька гэтая была незвычайная. Райская. На ёй раслі чароўныя буйныя чырвоныя яблыкі. Каб сарваць хоць одно і з'есці, дык ніколі не памёр бы. Але ніхто ніколі гэтых яблыкаў яшчэ не чапаў. Адам і Ева некалі сарвалі — з другой яблыні,— дык бог іх прагнаў з раю.

Гаптар адчуваў: няма моцы адчыніць акно і сарваць яблык, што вісіць, лічы, каля самага акна. Відаць, зямному чалавеку гэта не па сіле.

Перавёў позірк на новы, сёлета ўвесну перасыпаны плот — за ім бялеўся сухі і вычышчаны ветрам брук. Анямеў. Па сцежачцы плялася Блініха-нябожчыца. Згорбленая, як дуга, у знаёмай доўгай, да зямлі, шэрай кужэльнай спадніцы і ў цёплай канаплянцы. Абапіралася на руды кіёк. Той, што ён зрабіў з арэхавага камля. Падняла апушчаную галаву, зірнула ў акно: яе твар быў такі знаёмы, як бачыў яго не сем гадоў назад, калі яна памерла, а толькі ўчора. Нос востры, ніжняя губа, як і ва ўсіх Бліноў, нібы вывернутая. І маршчын-маршчын. Каля вачэй, на лбе, на шыі.

Блініха неяк хутка знікла, зайшла ў двор, заляскала клямкай, затупала і ўміг апынулася ўжо тут. Стала побач.

— Ну дык, Юзаф, збірайся. Я па цябе прыйшла...

Ён зірнуў на яе са здзіўленнем, але нічога не адказаў.

— Ну, чаго маўчыш, Юзаф?— зноў запытала шапялявым голасам.

— А што я вам скажу, цётка Аршуля? — усміхнуўся ён.— Дарэмна вы прыйшлі. Я яшчэ здаровы, не думаю паміраць. Ніколі ў бальніцы не ляжаў. Толькі разы са два з дактарамі знаўся. Першы раз у партызанах, калі параніла. Тады наш фельчар Лаўрыновіч асколак мне з пляча дастаў. А другі раз сам хадзіў у Дзераўную, калі яшчэ старшынёю нашага калхоза быў. Зуб забалеў, дык папрасіў, каб вырвалі. Цяпер гэтаксама не вялікая ў мяне хвароба, паляжу крыху ды і стану на ногі. Я яшчэ як асілак, цётка!

— А смерць, Юзаф, асілка бярэ адразу, знянацку. Валіць, як бура дуб. З коранем. Так што збірайся, падменіш мяне. Будзеш ты ўжо да людзей у сны прыходзіць, раіць ім нешта, перасцерагаць, прарочыць. Я ўжо тады спакойная буду... Але чаго ты так пазіраеш на мяне і ўсміхаешся?

— Гаворыце вы вот так, цётка, як і напраўду там, на тым свеце, яшчэ людскія душы жывуць...

— Я табе, Юзаф, скажу адно. Жывуць ці не жывуць, пра гэта тут, на зямлі, вам не ўведаць. Помніш, некалі, за панамі, увесь час гаварылі: жывіце, людзі, гаруйце, трывайце, і калі выпакутуеце на зямлі, дык душы вашай на небе, у раі будзе і падзяка, і спачын лёгкі на векі вечныя. І людзі гаравалі, чакалі збавення на тым свеце. Цяпер на зямлі ніхто надта не верыць, што прыйдзецца жыць яшчэ і пасля смерці цела. Дык і не думаюць, што будзе потым. Абы цяпер усё было. А думаць пра тое «потым» усё роўна трэба. Бо і на зямлі застаецца пасля чалавека яго душа — памяць... А памяць трэба добрую пасля сябе пакінуць. Каб новыя людзі жылі і вучыліся ўсяму добраму... А Бабчын Скон... Цяжка яму будзе без цябе, але ж ты не вечны...

— А Стэфусіха? — ціха запытаў ён.— Чаму вы яе не забіраеце? Яна ж на трыццаць гадоў старэйшая за мяне...

— Стэфусіха яшчэ будзе жыць доўга,— адказала Блініха.— Так трэба...

— От выдумляеце вы ўсё, цётка Аршуля! — махнуў рукою.— Казанні ўсё гэта, так сказаць: людскія сны, нябожчыкі-прарокі...

— Дык не хочаш, кажаш, паміраць? — запытала яна, са спачуваннем зірнула на яго.— Не хочаш тут памерці, каб тут і душа твая была? Раз хочаш — дык пажыві. Я пачакаю. А то нават магу даць яблык вунь з той яблыні. Ты яго не сарвеш, а я сарву...

І адступіла. Каб пайсці.

— Пачакайце, цётка,— як спалохаўся ён.— Ды нажыўся я ўжо, так сказаць. А па-другое, ніхто ніколі не быў бессмяротны, усе жылі і паміралі. Дык як буду жыць і ведаць, што ніколі не памру, што застануся адзін з усёй радні, выйду з роду? Хай ужо будзе так, як заведзена...

— Ну, дык бывай,— адказала яна.— Добра ты кажаш, Юзаф...

Гаптар махнуў ёй рукою на развітанне — і адразу прачнуўся.

Нейкую хвіліну ляжаў і не варушыўся. А потым прыпадняўся, абапёрся на локці і зірнуў: можа, праўда дзе стаіць старая Блініха? Не, нідзе няма. А можа, дзе сядзіць жонка і гамоніць з якою кабетаю? Не, не чуваць. Дык хто ж тады нядаўна гаварыў?

Прыслухаўся: сакаталі за акном куры, лапаталі крыллем; свісталі ў садзе шпакі; піснулі раз-другі маладыя пеўнікі. Недзе далекавата выла бензапіла — ляснік Тамаш некаму рэзаў дровы.

— Цьфу! — павярнуўся, плюнуў на падлогу.

«І прысніцца ж такое! І сэрца во не баліць, і галава ясная. Дык якая смерць? Устану заўтра і пайду на пчальнік...»

Але адчуў: нешта ўжо зыначылася ў яго душы. Нібы ўлеглася, нацэлілася на вечнасць. Ён ужо нібы не ён. А нейкі старонні чалавек, які пазірае на Бабчын Скон, на сябе збоку.

«Дзякуй богу, здаецца, лад пайшоў у Тамашовай хаце,— падумаў.— І сам ён спакойны, і жонка з дзецьмі павесялелі. Суніцкі з жонкаю... Што ж, яны будуць і далей гэткімі нелюдзімымі. Самі сябе пакаралі... Антон Даргевіч... І тут, і ў другім месцы будзе добра жыць. Цярплівы, трывушчы. Адась... Гэты будзе век пакутаваць: пакрыўдзіла яго доля... Найдзёны... Яны нідзе не прападуць. Старая Блініха... Шануюць яе ўнукі. Абы-што гаварылі пра іх, а яны добрыя хлопцы. Спачатку Альфонс застаўся з ёю, а цяпер вот сярэдні ўнук вярнуўся. Дагледзіць яе старасць. Гэлька... Пакрыўдзіў спачатку яе бог, а потым і зноў даў ёй шчасце... Па-людску з Альфонсам жыве. Стэфусіха... Што ж, жыве доўга, дык няхай жыве. Хай паказвае людзям: во колькі можна жыць і во як трэба жыць! Людзі не пакінуць яе ў бядзе. Пакуль будзе хадзіць, дык будзе сама па сабе жыць, а як зляжа, дык нехта забярэ да сябе. Можа, і Гэлька. А можа, і Тамашова Бронця. Анця мая... Будзе яшчэ, можа, і доўга жыць. Часта бабы болей за сваіх мужыкоў жывуць. Хоць і абаім усяго на іхнім веку хапае, але мужчына ўсё моўчкі бярэ на душу, гарыць, а баба то пакрычыць, то паплача, другой бабе раскажа — і ёй лягчэй... Анця застанецца пры Уладаку. Будзе памагаць дзяцей гадаваць. А Уладак з Тосяю... Памірацца. Гіполь з сям'ёю... Гэты добра будзе жыць, хлопец талковы. Але да яго Анці ехаць не трэба, завяне яна там, як вырванае з зямлі каліва... Пчолы... Вот, можа, з пчоламі, так сказаць, найбольшы клопат. За імі догляд ды догляд трэба, добрае сэрца. Калі да іх прыставіць абы-каго, хто будзе толькі дзеля палучкі рабіць, дык прападуць. Трэба папрасіць Сцепановіча, каб Альфонса пчаляром паставіў. Заходзіў колькі разоў на пчальнік, дык я паглядзеў і па яго вачах убачыў: палюбіць і ён пчалярскую работу... Добра, што Будзьку аштрафавалі і пасадзілі. Трэба, каб справядлівасць верх брала... Унукі... Дай бог, каб вы, дзеткі, вайны не бачылі і не зналі! Калі будзе спакой, дык і вырасцеце, і ў людзі выйдзеце. І, можа, мяне, дзеда, не забудзеце...»


8. РАЗВІТАЛЬНАЯ СУСТРЭЧА


Ціха і асцярожна выйшла Антаніна спачатку са сваёй кватэры, а пасля і з дому.

На ганку прыпынілася і прыціснулася плячыма да цаглянай халаднаватай сцяны: а раптам Уладак, хоць і п'яны, яшчэ не спіць, ідзе за ёю ўслед? Не. Цішыня. Не чуваць, каб рыпнулі на другім паверсе дзверы, не чуваць крокаў ні па калідоры, ні па лесвіцы. Толькі далекавата вось нехта засмяяўся, загаманіў — відаць, з клуба, адкуль вось пачулася і вясёлая музыка. Нямоцная, нават глухаватая, нібы з-пад вады. Сёння ў клубе танцы. Як і ў кожную суботу. Весяліцца свая, а гэтаксама і прыезджая моладзь — яе прыслалі сюды «на веткі» — абкошваць кустоўе, канавы, дзікія лужкі, секчы галінкі.

Чуйна, прыклаўшы руку да грудзей, супакойваючыся, паслухала наваколле і нырнула ў цемнату — у канец іхняй вулачкі. Спачатку шпарка ішла па сваім двары, а пасля, мінуўшы доўгі дом, пашыбавала па вуліцы. Сэрца не суцішвалася, гулка трапяталася: а раптам перахапілі тую паперку, што яна пісала Жэню і паклала пад камень, што ляжыць за складам? Ды не толькі нехта перахапіў, але аддаў яго бацькам! І яны цяпер не толькі не спускаюць з яго вока, трымаюць у хаце, але і горш: прыйдзеш, а там, на месцы сустрэчы, не Жэня, а грозны Сцепановіч з лазінаю! А можа, Жэня паслухаўся бацькоў, адумаўся і сам адмовіўся ад яе і пайшоў у клуб?!

Мінула апошні на гэтай новай вуліцы цагляны дом, дзе свяцілася яшчэ некалькі акон ад тэлевізарнага блакітнага святла, чулася адна і тая ж песня, і выйшла ў поле. За вёску. На прудскую дарогу.

Тут, хоць дарога яшчэ і шарэлася, не злілася з цемнатою, ноч усё ж адразу пагусцела; чорнае, з ледзь бачнымі рэдкімі і далёкімі зорачкамі было неба; спакойна, нібы стаміўшыся за дзень, спачывала зямля, усё яшчэ аддаючы цяпло, пахнучы кветкамі і травамі. Спявалі конікі. І ўсё гэта тут — затушаныя галасы і музыка з вёскі, палявая цішыня, цемната, пахі, гулкае сэрцабіцце — ап'яніла, звяло з рэальнага свету ў нейкі нерэальны — нябачны, чароўны, трапяткі і дарагі для душы. Страх яшчэ не зусім прапаў, але ён быў ужо не на першым месцы, да яго прымяшаліся імпэт шпаркай хады, пачуццё той адзіноты, калі не адчуваеш сябе адзінокаю, а любіш увесь свет, а ён нібы благаслаўляе цябе, калі пачуццё любові і кахання так ужо валодае, што не можаш ні думаць, ні разважаць, ні адмовіцца ад таго, што робіш. Ідзеш, ідзеш насустрач таму, чаго хочаш, і пачынаеш не баяцца, не асуджаеш цяпер, што гэта, можа, і безразважна. Уцякае ж во ад мужа, ад дзяцей, ад свайго добрага імя! Ідзе насустрач не толькі да кахання, але і да пакуты, знявагі, сумненняў! Але такой бяды! Бо найперш ідзе туды, куды цягне душа.

Нарэшце вось і вялікія старажытныя валуны, цёмная сцяна жыта, ад якога і сёння шчодра пахне вільгаццю — абраселым пырнікам, канюшынаю — і своеасаблівым зерневым водарам паспелых ужо каласоў.

Збочыла з дарогі ўправа і ўздоўж жытнёвага поля, па глыбокай і шырокай разоры, пайшла да знаёмай крушні, дзе яна спатыкаецца з Жэнем. І ў цемені вочы ўбачылі: тут ён! Чакае! Відаць вунь белая яго кашуля. Грудзіна. І белыя манжэты на рукавах. Гэта не яго бацька. Той не можа ведаць, што іменна тут яны сустракаюцца.

Свіснуў перапёлкаю. Раз-другі: піць-піль-піць... Як і дамаўляліся.

— Я, родненькі, я,— адказала. Пабегла.

Праз колькі крокаў, адчуваючы, як хвошчуць па нагах вільгатнаватая трава, а па грудзіне жытнёвыя каласы, дабегла, выцягнула рукі і кінулася яму на грудзіну. Абшчапіла за шыю.

— Прыйшоў, родненькі! — шчасліва зашаптала.— Прыйшоў!

Здаецца, у гэтую хвіліну ўсё горкае і цяжкае спала з сэрца: і матчыны папрокі, і нядаўнія Уладакавы абразы ды пагрозы, і свае сумненні, страх, яна аддавалася ва ўжоу свайму пачуццю.

— А я думала: не прыйдзеш. Паедзеш заўтра — і мы навек разлучымся. Нават не развітаемся.

Ён маўчаў. З хваляваннем гарнуў да сябе, гладзіў далоньмі яе спіну.

Яна распрамілася — і іхнія губы сустрэліся.

Пасля моўчкі, не змаўляючыся, узяліся за рукі, прытуліліся як маладзенькія, упершыню закаханыя, і пайшлі па разоры далей ад дарогі. Здаецца, дол плыў пад нагамі, і іх нешта — нібы і нейкае паветранае цячэнне — несла ўсё далей і далей у той іншы, незямны свет. Хваляваліся. Але гэта было не звычайнае хваляванне — такое, якое яны адчувалі, калі ўпершыню, увесну, сустрэліся ў налібацкім магазіне. Яна як прадаўшчыца, і ён як пакупнік. Раней яна ведала яго як хлопчыка, падлетка-студэнта, ён, як казаў, колькі разоў бачыў яе — і гэта былі звычайныя сустрэчы. Выпадковыя. А вось сёлета яна ўбачыла: перад ёю ўжо сталы юнак. Яны абое кінуліся адно аднаму ў вочы з той, новай, сустрэчы. І абое і тады, і пазней, ужо не выпадкова сустракаючыся то ў магазіне, то ў клубе, то на вуліцы, хваляваліся, і тое хваляванне забівала дух, змяняла голас. Позіркі, бура ў душы, жаданне быць адзін на адзін — усё гэта і палохала, і вабіла. І яна, і ён — пасля расказваў ёй пра гэта — бачылі адно аднаго і ўдзень, і ўноч у вачах, лашчылі, цалавалі ў думках, але ніхто не асмельваўся першы пераступіць мяжу, што падзяляла іх: усё ж яна была мужняя, жанчына, маці, а ён быў хлопец. Тады яна рашылася і памагла яму зрабіць той рашучы крок...

А як ён пераступіў мяжу, дык нібы звар'яцеў, пачаў праследаваць яе. Яна, каючыся, спрабавала яшчэ ўтрымацца, не кінуцца ў вір, але ўжо не змагла: ужо цячэнне падхапіла яе, само панесла...

Цяпер было зусім іншае хваляванне, гэта было, можа, не так хваляванне, як радаснае прадчуванне, якое ўзмацнялася з кожным мігам.

Раптоўна ён нагнуўся, падхапіў яе на рукі.

— Не трэба, родненькі! — папрасіла, але ўсё ж абдымаючы яго за шыю.— Я ж не дзяўчынка.

— Для мяне ты дзяўчынка! — прамовіў.— Мая Антанінка!

Яна не адказала, толькі з пяшчотаю пацалавала яго ў шчаку. Адчувала, як ён цяжкавата ідзе, збочвае, падымаецца з разоры і ўваходзіць у жыта, да адзінокай дзікай грушы і астраўка незааранага поля пад ёй,— па іх, нібы даючы сваю згоду на гэтую сустрэчу, лагодна зашамацелі каласы. Вось ён вобмацкам ступіў на астравок.

Жэня апусціў яе на ногі — і яны зноў пачалі цалавацца, лашчыць адно аднаго рукамі.

Здаецца, і яна, і Жэня загарэліся ад нейкага агню, што перадаваўся ад аднаго да другога, што змушаў іх знемагаць і разам з тым даваў такія сілы, што не аслаблялі, а давалі столькі пяшчоты, захаплення, асалоды, што, здавалася, яшчэ адно імгненне — і ўсё на свеце згіне, рухне, іх зусім забярэ ў сваю ўжоу нейкі неспатольны голад, загубіць, як вось змусіў іх страціць раўнавагу і рухнуць долу, нібы на ўвесь зямны шар...

Яны маўчалі, толькі цалаваліся і шапталі адно аднаму не звязаныя паміж сабою словы-прызнанні...

...Вось зноў настала цішыня; зноў паўстаў, заявіў пра сябе навакольны зямны свет: чуваць было, як чуйна вісне, плытка шуміць глыбокае неба, ідзе рух па жыце і як зноў далёка гучыць музыка. Зямная. У клубе. Чуваць, як вурчыць матацыкл, свеціць на верхавінне грушы, у небе — там вісіць на адным месцы і махае крылцамі жаваранак. Відаць, яны яго ўстрывожылі.

— Антанінка,— прашаптаў Жэня.— Я люблю цябе. Вельмі-вельмі.

— Кажы, кажы мне ласкавыя словы,— адказала. То заплюшчвала вочы, слухаючы, як аціхае кроў у целе, то пазірала ў асвечанае зеленаватае голле грушы і неба.— Кажы, як найласкавей!

— Нават і не знаходзяцца словы, каб сказаць тое, што адчуваю, — прамовіў, далікатна гладзячы яе валасы, шыю. Галава яго ляжала на яе грудзях.— Ты і самая прыгожая, і добрая, і ласкавая... Ты і моцная духам, і такая бездапаможная, што мне страшна за цябе... Я хачу падхапіць цябе на рукі і пабегчы ў свет, далёка-далёка, каб мы былі толькі ўдваіх з табою... Адны-адны...

— І не асуджаеш мяне? Не думаеш, што я такая-сякая?

— Не, што ты! — пачаў цалаваць яе ў шчокі, у вусны,— Давай з'едзем адгэтуль і будзем жыць разам. Пажэнімся...

— У мяне ж двое дзяцей ужо...— усміхнулася.— Мяне ты будзеш любіць, а іх?

— І іх палюблю. Вось паглядзіш.

— Не ведаю, не ведаю...— заківала яна галавою.— Кінулася я з табою ў вір, выбілася з раўнавагі, разбураю сям'ю... Але і не каюся. Я да Уладака прывыкла, а цябе кахаю...

— А я ні да кога не прывык. Цяпер толькі ты стаіш мне ў вачах.

— Але не ўсе гэта разумеюць,— сказала яна.— Вось прыбяжыць маці, крычыць: ты такая-сякая! Што ты робіш? Маеш кватэру, мужа, дзяцей, добры дастатак у хаце! Чаго ты яшчэ хочаш? Здаецца ж, жыццё яна пражыла, дык няўжо не разумее: не самае ж валенае, каб у гаршку нешта было... Можна і без вялікіх дастаткаў жыць — без машыны, дываноў, золата... Але цяжка жыць, калі муж заўсёды няголены, непрасаваны, век ласкавага слова не скажа, не прытуліцца, п'е з сябрукамі... Лашчыцца тады, калі яму гэта хочацца. П'яны. І не разумее, што душа мая кіпіць, бунтуе супраць гэтага. Я ж чалавек! Я ж жанчына! Я хачу ласкі, пяшчоты, увагі... Паскардзішся, папракнеш, дык ён яшчэ і незадаволены: «Чаго ты яшчэ хочаш? Я ж табе палучку аддаю! І не абы-якую, а вялікую! А выпіваю з хлопцамі за «левыя». Жывеш так, злуешся і марыш. Пра іншае. Пра тое, як яно ўсё можа быць...


9. НОЧ


Вось і зноў настала часіна жніва. Увесь сённяшні дзень за хатаю на жытнёвым полі гудзелі камбайны, мітусіліся па вуліцы машыны — то імчаліся з Пільніцы на поле, то паважна паўзлі з поля з поўнымі кузавамі жаўтаватага, нібы залатога на сонцы, зерня. І ўсё гэта да болю радавала душу. Хлеб! Новы хлеб!

І як ні ехалі шафёры ціха, як ні былі добра зашпакляваныя барты, але ўсё роўна крыху натрусілася на брук зерня — цэлы дзень з яго не сыходзілі куры з усяго Бабчынага Скону — белыя, чырвоныя, чорныя, рудыя,— збіраліся ў купкі, клявалі згубленае дабро.

Гаптар падклаў некалькі падушак пад галаву, ні то ляжаў, ні то сядзеў, і пазіраў у акно. І радаваўся, што стаіць пагода, што можна зжаць не надта ўрадлівае жыта, хоць цяпер нічога не страціць, і засмучаўся. Усё ж, калі пачалі ўжо жаць, значыць, сыходзіць гарачыня, цяпло, і ўжо ідзе восень. А ён заўсёды сустракаў жніво, адлёт ластавак, жоўтае лісце са смуткам. Нібы неяк і было шкода людской і сваёй працы: пасадзіў, пасеяў, усё расло, гуло — і тут усё пад нож, пустое будзе поле... І яшчэ сёлета быў першы год, калі ён у такую часіну не памагаў людзям, а ляжаў лежма ў хаце. Дык і адчуваў з пакутаю: як гэта цяжка чалавеку без работы!

Быў на полі і Сцепановіч — прымчаўся на «козліку». Гаптар думаў: да яго не заедзе. Крыўдуе, можа, і за той іхні ліст у «Правду», і за тую размову з Саманавым, і за яго, Гаптарова, выступленне ў раёне на бюро, і няёмка яму за сына. Але не. Заехаў. Прынёс і паставіў у куце снопік жыта, пасядзеў, распытаў пра здароўе, нібы між іншым сказаў, што сына перавялі пад Брэст галоўным аграномам, што да яго ездзіла маці, убачыла, што сын пасябраваў там з добраю дзяўчынаю — тамтутэйшаю настаўніцаю. Гаварыў, але ўсё адводзіў вочы, нібы асцерагаўся папрокаў, яго позіркаў. Здаецца, хацеў загаварыць і пра нешта іншае, але не рашыўся... Гаптар і не думаў яго папікаць. Ды за што было папікаць? Усё ж абышлося. Адчуваў толькі няёмкасць. За нявестку. На развітанне толькі папрасіў, каб паставіў Блінавага Альфонса да пчол. Сцепановіч, ужо стоячы, пільна зірнуў, прыплюшчыў са стомленасцю вочы, а пасля сказаў з незадавальненнем: «Не выдумляй. Станавіся на ногі і сам яшчэ пчаляр...» Але развітваўся — праўда, з усмешкаю, з пажаданнем хутчэй стаць на ногі — нібы і з вінаватасцю, нават і за тое, што адклаў нейкую размову туды далей на «лепшы» час...

Увесь светлы дзень пякло сонца, трымалася парнасць. Зацягвалі і зацягвалі блакітнае неба белыя воблакі, тоўпіліся, але не трымаліся падоўгу, гурбамі сплывалі за небакрай. Пад вечар на поўначы пачалі гусціцца цёмныя,змрочныя хмары, пагрозліва сінець.

Пасля, уночы, забліскалі кароткія маланкі-сполахі — далёка і ціха. Выспявала навальніца. Не на раптоўны гром і дождж, а на вялікія грымоты і на зацяглы лівень. Канечне, не ў час. Без патрэбы ў жніво.

Вось ужо і блізка паласнула маланка, асвяціла ўсё ў хаце, хоць ты збірай іголкі, ляснуў гром. Аж зазвінела шкло ў шыбах. Усчаўся вецер, трывожна зашумела голле дрэў — і тут жа па страсе, у сцяну, у вокны з поўначы зацабаніў дождж. Зноў засвяціла бліскавіца — і Гаптар убачыў: дрэвы за акном гнуцца, хіляцца ў адзін бок, так, як хіліцца трава ў рэчцы па цячэнні — ад той сілы, без якой і не было б рэчкі. Зіхаціць, прамяніцца на дрэвах вільготнае лісце.

Гаптар споўз з ложка і падаўся на кухню. Пры святле новай маланкі ўбачыў: падхапілася на суседнім ложку Анця, са страхам зажагналася і нібы са страхам зірнула і на яго, можа, і напраўду страшнага цяпер у белых сподніках. Ды не ўставаў дагэтуль, а тут падхапіўся.

— Ляжы,— супакоіў,— пайду антэну з тэлевізара выцягну.

Пакуль ён крочыў па спальні да дзвярэй і гаварыў, у хаце то высвечвалася, аж да сінізны, нібы загарэліся раптоўна блакітным агнём і ложкі, шафа, і стаяк, сцены, нібы гэтае святло і цябе пранізала наскрозь, то раптоўна ўслед за святлом цяжка падала змрочная цемната, што, здаецца, праглынала ўсё, яго таксама.

— О божа! — уздыхнула Анця, нарэшце спрасоння разабралася, што тут і да чаго.— Ды лажыся, нікуды не ідзі. Я яшчэ звечара тую антэну выцягнула і разетку накрыла.

Не пайшоў. Прысеў тут, на жончынай пасцелі.

— Ой, як смаліць! — жахнулася яна.

Услед за яе словамі аж затрэслася хата ад грому і яго грукату — аж вусцішна было: ці то гіне, ці то нараджаецца новы свет.

— Раз устаў, дык ляж са мною,— як маладая, папрасіла Анця.— А то я адна баюся...

— Дык я яшчэ трэба табе? — усміхнуўся.

— Вот гаворыш абы-што ў такую часіну...— папікнула. Але лагодна.

— Пабушуе ды суціхне,— зноў супакоіў.— Хіба першы раз? Колькі мы з табою навальніц бачылі! Ды якіх!

І задуменна зірнуў у акно насупраць — на вуліцу.

Жыццё вакол Бабчынага Скону і заціхла, і заадно ішло-кацілася далей па сваёй каляіне, па сваім крузе...

...Гаптар доўга сядзеў і пазіраў у акно. Хацеў, каб адпачылі ад лежатні плечы. І яшчэ ён думаў. Пра жыццё, пра сябе. Здзіўляўся: якое жыццё простае і непазнанае.

Вось каторы ўжо раз на ўсё неба засвяціла доўгая і няроўная маланка, як вялізная вогненная вяроўка з палаючымі валаскамі, асляпіла — ад яе і дрэвы, і зямля ў гародчыку здаліся не зялёныя, а цёмныя, зусім нейкія нерэальныя, нібы пазіраў на ўсё гэта нейчымі, не сваімі вачыма.

Калі маланка пачала атухаць, зноў усё вызеленілася, стала такім, якім і было, і ў гэтую хвіліну — гэтаксама на ўжо звычнейшым фоне, пры больш звычнейшым, нібы месячным святле,— кінуўся ў вочы за плотам і за вуліцаю жоўты новы зруб, які ён ставіў тут для сына і нявесткі.

1979-1980

1

«Дырэктар» — апошні, чацвёрты, твор з цыкла аповесцей пра вясковых настаўнікаў. Першыя тры — у кнігах «Цяпло на першацвет» (1976) і «Міланькі» (1980).

(обратно)

2

Маюцца на ўвазе вайсковыя зборы.

(обратно)

3

Паліцэйскі ўчастак.

(обратно)

4

Некалькі слоў пра характар беларускай вёскі: «...наша вёска з прычыны гістарычных умоў у большасці сваёй застаецца пакуль што дробнай. Цяпер 4,3 мільёна сельскіх жыхароў пражывае ў 26 тысячах населеных пунктаў. Пры гэтым у 17,6 працэнта вёсак ёсць усяго да 10 двароў, а ў 46,7 працэнта — ад 11 да 50. 70 працэнтаў усіх вёсак налічваюць не больш чым па 200 жыхароў. На адзін калгас, саўгас прыпадае ў сярэднім 8 вёсак, а ў асобных выпадках — у 3-4 разы больш...» (З газеты «Звязда», 18 лютага 1979 года).

(обратно)

5

Будаўніча-мантажнае ўпраўленне.

(обратно)

6

Маецца па ўвазе карная аперацыя нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені-жніўні 1943 года пад умоўнай назвай «Герман» супраць партызан і мірнага насельніцтва Баранавіцкай вобласці. Для наступлення на партызанскую зону ў раёне Івянецка-Налібацкай пушчы акупанты сканцэнтравалі звыш 50 тысяч салдат і афіцэраў войск СС. 35 дзён ішлі папружаныя баі. Страціўшы больш за 3 тысячы забітымі і параненымі, карнікі мусілі пакінуць пушчу і зняць блакаду. У час аперацыі карнікі бязлітасна распраўляліся з мірным пасельніцтвам, спалілі больш за 150 вёсак, спалілі жывымі, павесілі, вывезлі па катаржныя работы ў Германію некалькі тысяч людзей.

(обратно)

Оглавление

  • Генрых Далідовіч На новы парог
  • ДЫРЭКТАР [1] Аповесць
  •   1...
  •   2...
  •   3...
  •   4...
  •   5...
  •   6...
  •   7...
  •   8...
  •   9...
  •   10...
  •   11...
  •   12...
  •   13...
  •   14...
  • НА НОВЫ ПАРОГ Аповесць
  •   ЧАСТКА ПЕРШАЯ
  •     1. РАНІЦА
  •     2. СТЭФУСІХА
  •     3. ГАПТАР
  •     4. САМСОНАЎ І СЦЕПАНОВІЧ
  •     5. МОЛАДЗЬ
  •     6. УДАВА ГЭЛЬКА
  •     7. ВЕТЭРАНЫ
  •     8. СЕНАКОС
  •     9. ТАМАШ ЛАБУНЯ
  •     10. БЫВАЙЦЕ, КОНІ!
  •     11. ПАМЯЦЬ
  •     12. «МАЛАДЫЯ»
  •   ЧАСТКА ДРУГАЯ
  •     1. НАВІНЫ
  •     2. У ГАСЦЯХ У БЛІНА
  •     3. УНУК
  •     4. НОВАЯ СЯМ'Я
  •     5. АНТАНІНА
  •     6. УЛАДАК
  •     7. СОН
  •     8. РАЗВІТАЛЬНАЯ СУСТРЭЧА
  •     9. НОЧ
  • *** Примечания ***