Парастак радка, галінка верша [Рыгор Барадулін] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

запомнілася адна раніца. Пасвіў на лузе карову. Недаверліва ўзяў кніжку са словам, якое мяне пачынала палохаць, «вершы». Пачаў чытаць:

I калі ў паходнай палатцы прысніцца мне
Светлы гай з залатымі сініцамі,
Плёскат сініх азёр на зары,
Спеў драздоў у смалістым бары,—
Тады гасне туга, адыходзіць самота...
Зусім няма халодна-шаблонных слоў, застылага асартыменту вобразаў. I далей:

Покуль сонца не згасне,
Покуль свецяцца зоры,
Беларусь не з'агіне, будзе жыць Беларусь!
Усё такое блізкае. За родны край загінуў мой бацька.

Зачараваў мяне Пімен Панчанка смеласцю, сакавітасцю, незвычайнасцю звычайнага. Потым Анатоль Вялюгін — дакладным, па-вайсковаму падцягнутым радком. Гэта былі «нехрэстаматыйныя» аўтары, і вучыць на памяць можна было тое, што падабалася, да чаго ляжала душа.

1954 год. У кішэні 200 рублёў (старымі грашыма). Маці прадала цялушку. «Паспрабуй, сынок, можа, і паступіш, каб пасля не крыўдзіўся...»

Універсітэт.

Паседжанні літаб'яднання пры «Чырвонцы». Вучылі адзін аднаго і самі вучыліся. Першы надрукаваны верш.

Універсітэт адкрыў мне новага, вялікага Янку Купалу «нехрэстаматыйнага», яшчэ больш «прысушыў» сэрца да генія роднага слова — Максіма Багдановіча. Дзякуй за гэта Івану Навуменку.

Дзякуй крыштальнаму сумленнем майстру Сяргею Дзяргаю за падтрымку, за прыязнасць, за таварыскасць.

Цаліна...

Маладая пара. Сябры... Раніцай ступаеш босай нагой у бурт пшаніцы, як у родную раку... Праца ў рэдакцыях... Камандзіроўкі на буйнейшыя новабудоўлі рэспублікі. Цікавыя людзі, гутаркі, сустрэчы. Рэпартажы, замалёўкі, вершы...

Паклаўшы руку па сэрца — у пераважнасці сваёй усё гэта насіла камандзіровачна-наездачны характар. Думаю, з цягам часу адстоіцца, адкладзецца, асэнсуецца глыбей.

Кансультуючы ў рэдакцыях (асабліва ў «Советской Белоруссии»), зразумеў усю брапябойную сілу слова «графаман». Іншы раз чуеш — паэтаў хутка заменяць электронныя машыны. Паэтаў — гэта як сказаць, а вось графаманаў трэба. I чым хутчэй, тым лепей і спакайней будзе.

Калі бачу верш, а пад прозвішчам, нібыта ахоўны ярлычок, паметка «рабочы», «калгаснік», «вайсковсц», робіцца не па сабе. Што гэта — інтэлігенцкае паляпванне па плячы, сумненне ў магчымасцях рабочых, калгаснікаў? Даўно час аратых пяром падзяляць па паэтаў і непаэтаў, на сумленных працаўнікоў і халтуршчыкаў.

Няма паэтаў, празаікаў «сталічных» і «правіныяльных» па месцы жыхарства. Ёсць такія толькі па творчых магчымасцях. Калі здараецца пабываць у Гродне ў Васіля Быкава, дык я не чую там дакладнай мінскай рыфмы «тыраж-гараж», чую голас сур'ёзнага пісьменніка, якога хвалюе лёс літаратуры.

Зайздрошчу тым, хто мае магчымасць шмат падарожнічаць...

Люблю Прыбалтыку...

Люблю за высокую яе культуру, за арганічную патрэбу яе ў паэзіі, музыцы, мастацтве, за яе зайздросную павагу да сваёй гісторыі, да сваёй мовы, за вечную маладосць нашай добрай суседкі. Латвію люблю яшчэ і па іншай прычыне — рыжанін Андрэй Гальвіньш (царскія чыноўнікі падстрыглі яго пад Галовіна), механік па млынах, прыстаў некалі ў прымы да Маланні Гайко. Механік па млынах ведаў шэсць замежных моў, унук яго і адной толкам не валодае.

Пісаць пра свае вершы зарана — малады яшчэ. Праўда, маладосць гэтая адносная: Міхаіла Юр'евіча перажыў на тры гады, да ўзросту Аляксандра Сяргеевіча асталося сем год. Стаць імі спадзяваўся, калі меў гадкоў шаснаццаць.

Зборнікаў выйшла больш, чым у Максіма Багдановіча пры яго жыцці. Ды прызнаюся, што з радасцю згадзіўся б мець адзін такі «Вянок».

Да пяцідзесяцігоддзя яшчэ багата часу. Хоць ты нічога не пішы, а старайся захаваць сябе да тых хвілін, калі з вуснаў прамоўцы даведаешся, што ўнёс ты вялікі ўклад у скарбніцу не толькі роднай літаратуры...

Крыху запознена зразумеў залатыя словы А. Рубінштэйна: «Пісанне — асалода, друкаванне — адказнасць».

Дагэтуль не магу забыцца, як на прэзідыуме Саюза пісьменнікаў пастанаўлялі аднаго «и ныне здравствуюшего» паэта не называць болей маладым.

Дай мне бог доўга насіць гэты самы адказны тытул. Малады — не толькі зялёны. Малады — гэта той, ад каго чакаюць шмат (бывае, што так і не дачакаюцца), на каго спадзяюцца, ад каго многага патрабуе самы запатрабавальны малады чытач.

Калі хто атрымлівае якую ўзнагароду, зазвычайна гаворыць: «Гэта ўзнагарода не мне, а ў маёй асобе...»

Я хачу паўтарыць шчыра такую ж фразу. Калі што-небудзь і зраблю, дык гэта дзякуючы роднай мове, матчынай песні, дзякуючы той, ад каго з калыскі чуў непераўзыдзеныя па сваёй ранішняй чысціні, да скону дарагія сэрцу напевы,— маме Акуліне Андрэеўне.

Толькі родная мова можа даць крылы для творчага ўзлёту.

Дзякуй роднаму беларускаму слову. Яно дало мне адчуць радасць сказаць нешта сваё. Няхай гэта нешта сваё — дзіцячае лапатанне, але яно было і будзе заўсёды шчырым. Нельга тымі словамі, якія пачуў ты ўпершыню