Лісты ў Хельсінкі [Рыгор Барадулін] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

6 жнівеня 1999 г.

ЛІСТ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ


За каўнер небасьхілу
Змрок сьцюдзёна цячэ.
Рэшткі дня цэдзіць сад
Празь зялёнае сіта.
Маладая суседка
Ахрапье сячэ.
Дыспут вечны сабакі
Вядуць дваравіта.
Цені прашчураў смутна
Снуюць нада мной.
Я вярнуўся ў сябе
Маладога, былога.
I яшчэ год адзін
Павярнуўся сьпіной
Да мяне.
I пакарацела дарога...
9 жнівеня 1999 г.

ЛІСТ ПЯТНАЦЦАТЫ


Звужаецца радзіма ды паціху
Перамяшчаецца ў тваю душу,
Як маці зь вёскі на зіму да сына
У горад, дзе ўжо рупіцца ня трэба
Пра дровы, пра ваду.
I год ад году
Зьмяркаюцца і вечарэюць межы
Ўспамінаў ранішніх,
Пакуль аднойчы
Радзіма абмяжуецца грудком,
Які травой ахвотна зарастае...
12 жнівеня 1999 г.

ЛІСТ ШАСНАЦЦАТЫ


Лагода восеньская пазная
Разьліта ціха і задуменна.
Туга
Палетак свой дажынае.
Сябе травою ў снах
Бачыць сена.
Як стол жалобны,
Усё наўкольле.
Успомніць лета
Якраз нагода.
Маўчыць прырода.
I як ніколі
Гадоў сваіх незваротных
Шкода...
29 жнівеня 1999 г.

ЛІСТЫ ЗЬ МЕНСКУ

ЛІСТ ПЕРШЫ


I думкі, і ўспаміны ёсьць,
Якія
Забыцца хочацца, а немагчыма.
I прывядзе язык дапытны ў Кіеў
Альбо ў вастрог
З шырокімі плячыма.
З-за кратаў думкі вырвуцца на волю.
Сябе ўспаміны ўспомняць адмыслова.
Душа ахвотна дасьць прытулак болю.
I да пары маўчаць згадзіцца слова.
Ня раскладзеш развагі па паліцах,
Бяздапаможныя драты і ліны,
Каб у катоўнях памяці, ў цямніцах
Трымаць надзейна
Думкі і ўспаміны...
28 жнівеня 1998 г.

ЛІСТ ДРУГІ


Час возьмецца хрумстаць салому,
Калі мурог даскубе.
Ніхто не патрэбен нікому,
Апроч самога сябе.
Патрэбен,
Каб з ціхай журбою
Адно зразумець-такі,
Што людзі ўсе
Спаміж сабою —
Халодныя сваякі...
9 верасьня 1998 г.

ЛІСТ ТРЭЙЦІ


Спартанцы зьбіраліся на вайну —
Вайстрылі мечы,
Прымервалі латы.
З усімі стаў у шарэнгу адну
Спартанец нягеглы,
Падслепаваты.
— Куды ты, нашто ты
Такі на вайне? —
Спытаўся нехта.
Нябога прызнаўся:
— Як іншай карысьці няма —
Аб мяне
Варожы затупіцца меч
Прынамсі...
I ў дні,
Калі душы падпальвае змрок,
Калі цяжарнее
Жахам калосьсе,
Прымаюць сьмерць
I паэт, і прарок,
Каб меней
У ворага куль засталося!
27 верасьня 1998 г.

ЛІСТ ЧАЦЬВЕРТЫ


Усіх пакараньняў
Ня зьлічаць вякі.
I людзі ня зьлічаць самі.
Дзе грэх, як пух,
Дзе, як камень цяжкі?
Дзе вязьні зь ціхімі галасамі?
Пьяніць
Нявіннай віны віно.
Гняце немата
Стараны нялюдзімай.
Цяжэйшае ўсё ж
Пакараньне адно —
Пакараньне Радзімай...
28 верасьня 1998 г.

ЛІСТ ПЯТЫ


Трымалі агонь у жалезнай клетцы,
А ён вырываўся на волю хутчэй
I, клопатам неабцяжараны,
Ўлегцы
Гуляў у прадоньні вачэй і начэй.
Агонь тушылі, агонь душылі,
Агонь лавілі,
А ён выжываў.
А ён абвіваўся ў рэха ля шыі
I за падстрэшшамі віжаваў.
Агонь ніколі ня ўмеў вініцца
I сыпаў ж а р
У далоні хлусьні.
...I ўсе разлады і таямніцы
Палілі самі сябе на агні...
20 лістапада 1998 г.

ЛІСТ ШОСТЫ


У душы мае свой закутак
I туды ня пускае нікога