Лісты ў Хельсінкі [Рыгор Барадулін] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Рыгор Барадулін ЛІСТЫ Ў ХЕЛЬСІНКІ


Падрыхтаванае на падставе: Рыгор Барадулін, Лісты ў Хельсінкі — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2000. — 84 с.


Рэдактар: М. Наталіч


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

Гэта ў 1979 годзе сядзім на парозе бацькоўскае хаты Васіля Выкава, што ў вёсцы Бычкі, адкуль пайшоў ён у сьвет пакуты й славы.

З нашай Вушаччыны й стольнага Менску пісаў я Васілю лісты ў Хельсінкі — у змушаны вырай майго высокага сябра.

Малюнкі Васіля Выкава — самавіты водгалас на вершалісты.

Рыгор Барадулін

Кажуць, эпісталярны жапр цяпер не ў модзе. Ліставаньне, якое цягам стагодзьдзяў было ці не адзіным сродкам зносінаў між людзьмі, саступае новым, электронным сродкам. Слова папяровае ўсё часцей мяняецца на візуальны вобраз — болей багаты і даступны для ўспрыманьня. I калі што трымаецца старых людзкіх звычак, дык гэта паэзія. Думка і пачуцьцё ўпарта ня хочуць зьнікаць з традыцыйных, гутэнбергаўскіх радкоў, надта яны паядналіся ў чалавечай сьвядомасьці і пакуль што трымаюцца адзін аднаго.

Так, паэзія ня можа абысьціся без напісанага (выдрукаванага) радка, таму Рыгор Барадулін паўтара гады пісаў вершаваныя лісты ў Фінляндыю. Вядома, што ростань абвастрае пачуцьці — да каханай, сябра або Радзімы — і часам нараджае шэдэўры вершаванай паэтычнай думкі. У гэтай невялічкай кніжцы безьліч самых сур'ёзных думак і самай высокай паэзіі чалавечага існаваньня. Натуральна, што празаік у гэтым сэнсе ня можа спаборнічаць звыклымі сродкамі і абраў ня надта традыцыйны спосаб дыялогу — выяўленчы. Атрымалася ня дужа гарманічна і стылёва (можа, нават дызгарманічна), але часам і ў дызгармоніі ёсьць свой лад і прывабнасьць. Зрэшты, пра тое ўжо меркаваць не аўтарам, — хай памяркуе чытач, калі такі патрапіцца на нашым пакуль яшчэ не зусім абязлюдзелым чытацкім шляху.

Васіль Быкаў

люты 2000 г.  

ЛІСТЫ З ВУШАЧЫ

ЛІСТ ПЕРШЫ


Дажджы й дажджы,
I хмары, і самота,
I глухата
З усходу да заходу.
А ў сэрца ўпотай
Просіцца пяшчота,
I смутак цягне,
Як мядзьведзь калоду,
Дзе пчолы рупнасьці
Яшчэ жывыя.
Яшчэ імгненьне —
I душа завые...
3 ліпепя 1998 г.

ЛІСТ ДРУГІ


Сякера, малаток ды абцугі —
Прывычнае музычнае начыньне.
Высокая мэлёдыя тугі
У незабытным краі
Ціха стыне.
Сякера ўсё злуецца на сукі,
Што ўкамянелі зоркамі ў бярвеньні.
Крамяняцца рудыя смалякі.
Праменьню трэскі падстаўляюць жмені.
I малаток —
Няўрымсьлівы пастух —
У хлеў
Жалезны статак заганяе.
Ды прыпявяе стыла: стук-пастук.
Чакае з цемрай хмара праліўная.
I клопату хапае абцугам,
Ня хоча прачынацца цьвік пагнуты,
I дрэвы, верныя сваім багам,
Маўчаць,
Дрывамі стаўшы ад пакуты...
8 ліпеня 1998 г.

ЛІСТ ТРЭЙЦІ


Край перакуленых нябёсаў —
Гэта там,
Дзе першы гром
Куляецца на лугавіне,
Дзе ў сівяроў і ў падарожных
Позірк сіні,
Дзе рэчка нанач
Нешта шэпча чаратам.
Край перакуленых нябёсаў —
Гэта там,
Дзе стынуць
Чарамі вітальнымі вазёры.
Зь іх вечнасьць пье нагбом,
Адзьдзьмухваючы зоры.
Дзе на жагнаньне зьвесьціся
Суцешна кстам.
Край перакуленых нябёсаў —
Гэта там,
Дзе родна туляцца
Магіла пры магіле,
Куды самім вярнуцца
Хочацца на схіле
Нам...
12 ліпепя 1998 г.

ЛІСТ ЧАЦЬВЕРТЫ


Сум — нацыяналіст.
Душа — касмапалітка.
Радзіма — незачыненая хата.
Шпачыны шчыры сьвіст
I туманкова сьвітка
Блуканцу нагадаецца зацята.
З усіх дарог адна
Жаданая — дадому —
I ў багацея, і ў нябогі-старца.
Чакае ўсіх яна.
Ня дай Гасподзь нікому
Бяз дарагой дарогі той застацца...
8 жнівеня 1998 г.

ЛІСТ ПЯТЫ


Іспас,
Што яблычным імем завецца.
Прапахлі яблыкамі крыжы.
Шапчу сваёй палахлівай вейцы:
Ня калышы слязу, ня дрыжы.
Сьлязою яблык дрыжыць на галіне.
Раса дрыжыць на смутнай траве.
Хмурынка лёгкая на