Абсяг [Рыгор Барадулін] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ў маладой вадзе.
Не глядзі зняверыста,
Пазірай задзірыста.
Будзе рыбе нерасту
I надзеі – вырасту!

* * *


Пах вечаровага жытла
На цішыні настоен.
Схіл паўтарае
Хіб вала.
Спакойны вол настрою.
Ён абагнаў загоны дня
І зараз на папасе.
Жаданы выган — цішыня
Прымае ўсіх па часе.
І двор, і кол —
Пасецца вол,
Спакою вол рахманы.
І свет, здаецца, ўвесь —
Наўкол.
І вышыня — ля хмары.
І саганок, і таганок
Змрок свойтае паволі.
І толькі
Стомы ціхі крок
Яшчэ пыліць у полі...

Прыцягненне Віцебскай зямлі


Мы дамоў вяртаемся,
Генадзь,
Дзе б сцяжыны нашы ні кружылі.
Лепей на зямлі бацькоў
Канаць,
Чым раскашавацца на чужыне.
Смутак раптам гляне з-пад рукі —
Засклыгочуць нервы
І рысоры,
Смутак —
Быццам вёска Петрачкі
Па дарозе на твае Расоны.
Доўга слаць яшчэ нам
Лён турбот,
Бачыць праз бяроз адліжных
Строі
З верацёнамі ялін
Завод,
Што прапах вятрамі
I кастрою.
Нашыя правіны
Замалі,
Край бацькоў,
Світальнаю зарою.
Прыцягненне
Віцебскай зямлі
Мы адчуем
Пад зямлёй сырою.

* * *


Бацькаўшчына,
Дзедзіна,
Вырай смутку — спадчына,
Доляю адведзена,
Злом пералапачана.
Дзён сівое прадзіва
Ніткаю суроваю
На сцяжыну прадзеда
Памяць выкіроўвае.
Пойдзеш той сцяжынаю,
Як рачулкай плытнаю,—
Родны край з чужынаю
Ані пераблытаеш!

* * *


На сцэне «Лявоніхі» тупат спорны,
На сцэне полька канае ў гуле,
На сцэне ўборы маёй матулі
І песня яе —
Каларыт фальклорны.
І ў век нейлонавы,
Век маторны
Хачу, каб песню маёй матулі
І ўнукі ўнукаў маіх пачулі
Нe толькі са сцэны,
А ў хаце — блізкую —
Над ціхай калыскаю,
Над поўнай міскаю.

* * *


Позірк вымгліу туман стамлёны,
Скроні выбеліла асака.
Задрамаць не даюць страмёны
Хмарагрывага рысака.
Як завецца ён —
Лёсам,
Таланам
Ці адчаем маім?
Але
Толькі мчаць бы на ім,
Раззлаваным,
Дзень вітаць у крутым сядле.
Апантана жыццю адданы,
Мушу ўсё я прачуць спаўна,
Каб Яго Няўмольнасць
Загнаны
Час
Адчула мая спіна...

* * *


Запыталка-дражнілка
Былая,
Малая...
Пытаць навучыла
Бабуля Малання:
— Варона-старажона,
Ці была ты імасць?
— Была-была!..
Адказ немудроны.
Спытаць магчымасць
Была —
Сплыла...
Да бульбы варонай
Закраса — брусніцы.
Сарокай,
Варонай
Маленства прысніцца.
Маленства прысніцца,
Туга праясніцца.
За прасніцай мама —
Баліць паясніца.
Мне соладка спіцца,
Мяцеляцца спіцы.
Гудзе калаўрот —
Юных год
Калясніца...
Каб зноў тых
На год
Сто нагод
Падражніцца:
— Варона-старажона,
Ці была ты імасць?..
Лёд зялёны, сцюдзёны,
Кладку памяці вымасць
З нябіткага шкла.
Была...

Перад халадамі


Каб лісток —
Галýтай
Восень перастоіць.
Сек імжакай лютай
Сівер, як трастою.
Роспачлівы выбух
Белага застолля
У азёрных шыбах
Стоена застогне.
Маладая скруха
Перагаладае.
Вусцішна і глуха
Перад халадамі...

Партызанская маці


Не працэджан хмар сырадой.
Ці не купіны закурэлі?
Ступні