Сярод лесу, сярод поля [Генрых Вацлававіч Далідовіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Генрых Далідовіч СЯРОД ЛЕСУ, СЯРОД ПОЛЯ

Апавяданне-імправізацыя. Лісткі запісных кніжак


Падрыхтаванае на падставе: Генрых Далідовіч, Сярод лесу, сярод поля: Апавяданне-імправізацыя. Лісткі запісных кніжак — Мінск: Кнігазбор, 2007. — 92 с.


© OCR: Камунікат.org, 2011

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011 

ПРА АЎТАРА


Генрых Далідовіч нарадзіўся 1 чэрвеня 1946 года i 15 гадоў жыў на хутары Амшарок, што быў паблізу сенняшняй вёскі Янковічы Стаўбцоўскага раёна. Гэта паспрыяла яму змалку спазнаваць палі, сенажаці i лес Налібацкай пушчы, жыццё хутаранцаў i вяскоўцаў i па-свойму суадносіць усвядомленае з іншым светам - спачатку блізкім, усябеларускім, а потым i з вялікім.

Скончыў Дзераўнянскую дзесяцігодку (1963), філфак Белдзярж-універсітэта (1968), служыў у арміі i настаўнічаў на Барысаўшчыне (1968-1973), працаваў у аддзеле прозы часопіса «Полымя» (1973-1979), намеснікам галоўнага рэдактара (1979-1991) i галоўным рэдактарам (1991-2002) часопіса «Маладосць». З 2003 года намеснік галоўнага рэдактара «Краязнаўчай газеты».

Першае апавяданне надрукаваў у 1966-ым у стаўбцоўскай раённай газеце «Прамень», першая кніга прозы «Дажджы над вёскай» пабачыла свет у 1974-ым (за яе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі). Кнігі апавяданняў i аповесцей «Цяпло на першацвет», «Маладыя гады», «На новы парог», «Жар кахання» i інш. прысвечаныя адлюстраванню дзіцячых хутарска-вясковых уражанняў, побыту i турбот сучасных вяскоўцаў i гараджан, настаўніцкай працы, светлых чалавечых пачуццяў, кахання. Аўтар трылогіі «Гаспадар-камень», «Пабуджаныя», «Свой дом», дзе асэнсаваны перыпетыі ўтварэння беларускай дзяр-жаўнасці ў 1917-1919 гадах, раманаў «Заходнікі» (заходнебеларуская рэчаіснасць 1940-1950 гадоў; Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь за 1996 год), «Кліч роднага звона» (пра станаўленне прыкладна ў 1246-ым Вялікага княства Літоўскага са сталіцай у цяперашнім Навагрудку), літаратурна-гістарычнага эсэ «БНР. БССР» (2002) i інш. Многія творы перакладзеныя на мовы свету. 

СЯРОД ЛЕСУ, СЯРОД ПОЛЯ

ВЯСНА

Апавяданне-імправізацыя


Генікаў дзед, Уладзіслаў Дойлід, услед за сваімі прадзедамі жыў у вёсцы, у Янкавінах, дзе за Радзівіламі, на ўскрайку, у Глінішчы, капалі гпіну i была майстэрня для шклозаводзіка ў суседніх Налібаках. Янкавіны з незапомных часоў аселі на выкарчаваным i выпаленым вялікім прагале паміж лесу Налібацкай пушчы, пасля, «пры паляках» (пасля 1921 года) іхнюю адзіную досыць працяглую, больш за вярсту, вуліцу забрукавалі, каб абладзіць больш чым за шэсцьдзесят вёрст гасцінец з Кляцішча, пушчанскай глыбіні, у Стоўбцы, да чыгункі. А па ёй быў праезд у царскую i савецкую Маскву, у царскую, потым «буржуазна-польскую», затым «народную» Варшаву.

Калі пасля першай сусветнай, грамадзянскай i савецка-польскай войнаў, урэшце за Рыжскім мірам ды вяртаннем з бежанства з расійскіх глыбінь той Уладзіслаў ажаніўся, адлучыўся ад бацькоў i з маладой жонкаю пры такой-сякой падрукоўцы польскіх улад перабраўся на хутар Амшарок. Недалёка ад вёскі, за вярсты дзве (а польскія ўлады спрыялі аддзяліцца таму, каб «шчаслівец» высільваўся, абрабляў сваім потам паслялесавае поле, каб ужo абробленае перадаць асаднікам – найперш тым прыезджым з Польшчы, хто дабіўся «цуду на Вісле»: «адбіў савецкі наступ на Варшаву i Еўропу, каб у той учыніць «сусветную рэвалюцыю» i ix абальшавічыць»).

У першую сусветную вайну царскія войскі янкавінскі люд пагналі ўглыб Раcii, у другую, у блакаду ў жніўні 1943-га, немцы i дапаможныя ім славяне з суседніх да Беларусі краёў вёску i хутары папалілі, учыніўшы «санітарную зону» для партызан: яны, як тады казалі, атабарыліся ў пушчы.

Пазней, калі фронт пакаціўся на Захад i гэтыя мясціны на нейкі час сталі безуладныя, вольныя, Генікаў бацька-бежанец першы вярнуўся дамоў з маладзенькай жонкаю, але сумеўся сяліцца на дзедаўшчыне – на папялішчы ў пустэльнай, адзічэлай, па начах нават прывіднай вёсцы, падаўся, як раней i ягоныя бацькі, на хутар, у Амшарок. Там зладзіў зямлянку – выкапаў яміну, абклаў яе падвалінамі, абставіў жэрдкамі, абкрыў ix галлём, кавалкамі з цёмназямлістага дзірвана. З ацалелай цэглы былой печы зляпіў грубачку з плітой, змайстраваў з плашак стол, ляжак, на ім матрац з сенам – вось першы іхні, Дойлідаўскі, хутаранскі «палац», што спрыяў выцерпець гора, выжыць i па-свойму непаўторна цешыцца маладосцю. У тым «хутарскім хораме» i нарадзіўся Генік – першае дзіця ў адроджаных яго бацькамі Янкавінах i іхніх хутарах. Ягоныя дзве сястры i два браты пабачылі свет ужо не ў землякопцы, a ў цывілізацыі – побач, у хатцы (пад адной саламянай страхой з хлевам, гумном i дрывотняй), а самая малодшая сястрычка – ужо зусім сучасна-культурная, нарадзілася ў вёсцы, пры электрычнасці). Зямлянка, калі пакінулі яе, доўгі час заставалася як склеп-спрат, пакуль не абсунулася сама па сабе. Урэшце яе, каб не падалі туды i не калечыліся дзеці, зраўняў з зямлёй бацька,