Выбар [Ніл Гілевіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ніл Гілевіч ВЫБАР


Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, Выбар, — Мінск: Беларусь, 1993. — 248 с. (Плошча Свабоды).


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

І.

АДРАДЖЭННЕ БЕЗ ВЫПРАБАВАННЯЎ? НАІЎНАСЦЬ!..


«Літаратура і мастацтва» за 18 лістапада 1988г.

Праходзяць дні і тыдні — не праходзіць пачуццё сораму. Сораму за тое, што папярэднічала 30-му дню кастрычніка і што тады адбылося.

Напачатку было сорамна за арганізаваную ў друку атаку супраць творчай і навуковай інтэлігенцыі Беларусі — атаку неразумную, вульгарную, злобную і асабліва небяспечную тым, што яна бласлаўлялася іменем рабочага класа. Супраць інтэлігенцыі, якая ў нас — плоць ад плоці і косць ад косці народа, у якой не было і няма іншых жаданняў, апрача аднаго: паспрыяць таму, каб жыццё ў краіне стала ва ўсіх адносінах лепшым і, канешне ж, каб забяспечыць сапраўды дэмакратычныя варункі для развіцця беларускай нацыянальнай культуры і нашай роднай мовы. Апошняе асабліва важна, таму што без сваёй культуры і без уласнай мовы нацыя перастае быць сабою, а мы ўсё-такі хочам на гэтай зямлі, на гэтай рознагалосай і рознакаляровай планеце заставацца нацыяй. Зробленыя супроць беларускай інтэлігенцыі публічныя выпады ў друку і на розных форумах (канферэнцыях, нарадах, сходах), арганізаваны паход супроць яе разумных грамадскіх ініцыятыў — сёння, на чацвёртым годзе перабудовы, — гэта самае горшае, што магло быць прыдумана ў кіраўнічых вярхах. І, канешне ж, сведчанне цяжкіх шляхоў перабудовы.

Працягам і вынікам гэтых вялікіх высілкаў афіцыйных улад сталі падзеі, якія мелі месца напярэдадні 30 кастрычніка і ў самы дзень 30-га, у нядзелю. Здарылася непапраўнае: на нашай святой, паленай-перапаленай пажарамі, мытай-перамытай крывёю народа зямлі забаранілі правядзенне старажытнага народнага абраду «дзяды» — з жалобным мітынгам, прысвечаным ушанаванню памяці ахвяр сталінізму і ўсіх, хто аддаў жыццё за светлую долю Бацькаўшчыны. Матывы забароны былі такія смехатворныя, што выглядалі проста здзекам і над здаровай логікай і, перш за ўсё, над пачуццямі людзей. І многія мінчане, у тым ліку навукоўцы, мастакі, літаратары, пайшлі ў нядзелю на Усходнія могілкі, каб хоць ускласці кветкі на магілы «дзядоў» (раз мітынг забаронены) ды пастаяць каля іх моўчкі. Зрэшты, можна вельмі шмат сказаць і маўчаннем. Але пастаяць так і памаўчаць ім не давялося: зборнымі сіламі міліцыі горада яны былі разагнаны; асобных вядомых дзеячаў мастацтва і літаратуры, як злачынцаў, заштурхалі, закручваючы рукі, у міліцэйскія машыны, адвезлі ў аддзяленні і пратрымалі там па некалькі гадзін.

Так прайшлі сёлета «дзяды» ў сталіцы Беларусі — старажытным Мінску.

Чаму ж не будзе на душы і цяжка, і сорамна, і сумна!.. Самае сумнае, што гэта здарылася на зямлі, дзе на кожным кроку магілы. І дзе тысячы магіл не проста недагледжаны, а ў дзікім запусценні. І дзе абуджэнне ў людзей пачуцця пашаны да памяці продкаў, а гэта значыць — выхаванне ў моладзі гістарычнай (чытай — патрыятычнай) самасвядомасці, — адна з архіактуальных ідэалагічных задач партыі і ўсяго грамадства. Маладыя людзі няйначай адчулі покліч і загад-патрабаванне самога часу — і пацягнуліся душой да гісторыі свайго народа, да яго памяці, іначай сказаць — да сапраўднай вялікай культуры — паколькі культуры «бяспамятнай» не бывае. Тыя, што ішлі 30 кастрычніка да Усходніх могілак, — гэта, агулам узята, лепшыя, палітычна свядомыя сілы нашай сучаснай моладзі (пра выключэнні, пра балбесаў ці правакатараў, што прымазваюцца да добрых людзей, — гаварыць не будзем). Гэта якраз на іх можна і трэба абаперціся ў выхаваўчай рабоце, у тым ліку — у намаганні грамадства затрымаць развіццё такіх небяспечных негатыўных з'яў, як наркаманія, прастытуцыя, жорсткасць і хуліганства, балдзенне ад рокавай «чумы» і інш. Але, як бачым, для некаторых чыноўнікаў усё гэта менш небяспечнае, менш страшнае, чым рост гістарычнай і нацыянальнай самасвядомасці маладых людзей. Калі б не так — яны б горача падтрымалі ідэю штогадовага правядзення калектыўных грамадскіх «дзядоў» з абавязковым мітынгам-рэквіемам, дзе можна сказаць шчырыя словы пра свае чалавечыя і грамадзянскія абавязкі перад памяццю продкаў.

Гэтага, аднак, не адбылося. Адбылося штосьці іншае — прыкрае, непрыгожае, ганебнае... І вельмі ж неразумнае! Уяўляю маладога міліцыянера, нядаўняга школьніка, які цягне ў машыну таленавітага пісьменніка Уладзіміра Арлова і таленавітага мастака Аляксея Марачкіна... Ды яму б разжыцца на кнігу гэтага пісьменніка, уважліва прачытаць яе ды задумацца над прачытаным, ды яшчэ і аўтограф папрасіць на памяць!.. Ды яму б схадзіць і паглядзець цудоўныя карціны гэтага мастака, набрацца ад іх святла, дабрыні і радасці, узвысіцца пачуццём і думкай, акрыліцца душою!.. На жаль, на жаль!.. Кніг Арлова ён яшчэ не чытаў, карцін Марачкіна яшчэ не бачыў, а ў машыну гэтых таленавітых творцаў ужо цягнуў... Як злачынцаў. А пасля будзем