Адкуль наш род [Уладзімір Арлоў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Уладзімір Арлоў АДКУЛЬ НАШ РОД


Апавяданні з гісторыі Беларусі для малодшых школьнікаў


Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Адкуль наш род: Апавяданні з гісторыі Беларусі для малодшых школьнікаў — Вільня: Наша Будучыня, 2003. — 127 с.


© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2007 

Да юнага сябра


Адкуль наш род?
Ён з даўніны, з вячніны,
Ад крывічоў пачатак свой вядзе.
Нашчадкі Каліноўскага, Скарыны
Са сцежкі веры не сышлі нідзе.
Легенды пушчаў,
Бліскавіц навелы
Пра подзвіг прашчураў
Узносяць спеў.
I сцяг наш крэўны
Бел-чырвона-белы
Нас ад прыблудаў асланіць паспеў.
Мы — беларусы заўтра і сягоння,
Мы — беларусы праз вякі вякоў.
Нястрымная Літоўская Пагоня
Нас кліча бараніць зямлю бацькоў.
Вярыгамі й вясёлкамі спавіты,
Наш род кранае зоры галавой.
Спытай, адкуль ён —
Дужы, панавіты —
I неба дасць адказ высокі свой!

Рыгор Барадулін,

народны паэт Беларусі

Адкуль наш род

Сёння мы пачнём з вамі гутарыць пра гісторыю нашай краіны.

Гісторыя — гэта тое, што было раней. Яна пачынаецца тады,

калі з’яўляецца чалавек.


Першыя жыхары Беларускай зямлі
Першыя жыхары Беларускай зямлі

Першыя людзі прыйшлі на зямлю, якая цяпер называецца Беларуссю, так даўно, што нават цяжка ўявіць,— 100 тысяч гадоў назад.

На тым месцы, дзе жыў чалавек, заўсёды застаюцца нейкія сляды — вугаль ад вогнішча, чарапкі, зброя, косткі ўпаляваных звяроў... Старажытныя паселішчы даследуюць вучоныя-археолагі. На Беларусі яны раскапалі дзве стаянкі людзей, якія жылі за 25 тысяч гадоў да нас.

Тады на нашай зямлі было значна халадней, чым сёння. На поўначы ўзімку і ўлетку ляжаў лёд, а астатні абшар займала тундра. Гэта была бяскрайняя бязлесная раўніна. У тундры вадзіліся мядзведзі, ваўкі, лісы і зайцы, дзікія коні, алені і зубры. Пасвіліся вялікія статкі звяроў, якіх ужо даўно няма, — мамантаў і парослых такой сама густой поўсцю насарогаў.

Нашыя далёкія продкі здабывалі сабе ежу паляваннем. Найлепшай здабычаю лічыўся мамант. Ён даваў шмат мяса і патрэбнай у гаспадарцы косці.


Каменны век
Старажытныя людзі сяліліся на берагах рэк. Яны жылі ў буданах з жэрдак і з мамантавых костак, абцягнутых зверху скурамі. Пасярэдзіне будана ўвесь час гарэў агонь. На ім смажылі мяса, каля яго грэліся і ў доўгія вечары рабілі прылады працы. Вырабляць жалеза людзі яшчэ не ўмелі. Нажы, сякеры, наканечнікі дзідаў былі з каменю. Таму вучоныя назвалі той час каменным векам.

Паступова на зямлі нашых продкаў зрабілася цяплей. Ледавік растаў, і на месцы тундры выраслі густыя лясы. Маманты зніклі, аднак у лясных нетрах хапала іншай зверыны.

Чалавечыя паселішчы трапляліся сярод лясоў рэдка, але з часам людзей стала болей, і яны засялілі ўвесь абшар сённяшняй Беларусі. Людзі навучыліся рабіць лукі, лавіць рыбу гарпунамі, восцямі і касцянымі кручкамі.

Рыбы ў рэках і ў азёрах тады было вельмі багата. Трапляліся такія вялікія самы і шчупакі, што маглі перакуліць човен і самі злавіць няўдалага рыбака.

Нашыя прашчуры ўжо ўмелі ткаць і шыць сабе адзенне не са скураў, а з тканіны. З’явіліся майстры, якія ляпілі з гліны гаршкі, талеркі ды іншы посуд. Людзі прыручылі коней, авечак, козаў і пачалі займацца жывёлагадоўляй. Каменны век скончыўся.


Жалезны век
Цяпер людзі рабілі зброю і прылады працы з металу: спачатку з медзі, потым з больш моцнага сплаву медзі з волавам, які называўся бронзай. А тры тысячы гадоў таму жыхары Беларусі навучыліся здабываць з балотнай руды жалеза. Яно хутка замяніла і камень, і бронзу. Зразумела, чаму тыя часы назвалі жалезным векам.

Жалезнымі прыладамі было зручней працаваць на зямлі, і земляробства зрабілася галоўным заняткам чалавека. Каб падрыхтаваць дзялянку да сяўбы, высякалі кавалак лесу, чакалі, пакуль дрэвы высахнуць, а потым іх спальвалі. Попел быў добрым угнаеннем. Некалькі гадоў такая дзялянка давала неблагі ўраджай.

Тагачасныя людзі сеялі жыта, пшаніцу, ячмень, лён, гарох, боб. А вось смаку бульбы не ведалі. Нам здаецца, што бульба, з якой беларусы ўмеюць гатаваць столькі смачных страваў, расла ў нас заўсёды. Але ў сапраўднасці яе прывезлі з Амерыкі толькі пяць стагоддзяў назад, а ў Беларусі яна з’явілася яшчэ пазней.

За тысячы гадоў вельмі змяніліся не толькі прылады працы, але і чалавечыя сялібы. Яны, як і даўней, стаялі на рачных берагах, ды ўжо былі абкружаныя ровам і валам. Па вале ішоў высокі частакол з бярвення. Гэтак продкі бараніліся ад нападу ворагаў.

Такое паселішча называлася гарадзішчам.

На гарадзішчы стаялі драўляныя будыніны, падобныя на цяперашнія старыя вясковыя хаты. Тут жылі некалькі вялікіх сем’яў — род.

Суседнія роды аб’ядноўваліся ў племя.


Славяне і балты
У жалезным веку жыхарамі Беларусі былі плямёны балтаў. Гэта продкі нашых сучасных суседзяў — латышоў і летувісаў (літоўцаў). Пятнаццаць стагоддзяў таму сюды прыйшлі плямёны славянаў. Яны пасяліліся побач з балтамі, паступова перамяшаліся з імі і зліліся ў адзін народ. Значыцца, латышы і летувісы даводзяцца нам, беларусам, блізкімі родзічамі. Але мы — славяне.

Славяне мелі лепшыя, чым у балтаў, прылады працы. Яны аралі зямлю драўлянымі раламі з жалезнымі наканечнікамі. Ураджай жалі шырокімі вострымі сярпамі. Зерне на муку малолі на каменных жорнах, прыкладна такіх, якія нехта з вас мог яшчэ ўбачыць у бабулі ў вёсцы.

У старажытных беларусаў існаваў такі звычай. Калі хлопчык вырастаў, яго чакала нялёгкае выпрабаванне. Каб мець права называцца мужчынам, ён павінен быў пераплысці хуткую ды глыбокую раку, здабыць на паляванні тура, мядзведзя або зубра, распаліць пад дажджом вогнішча. А яшчэ сапраўдны мужчына мусіў абавязкова ведаць, кім былі ягоныя дзяды, прадзеды і прапрадзеды. Таго, хто не ведаў, часам нават выганялі з сялібы, бо лічылася, што такі бяспамятны чалавек лёгка можа зрабіцца здраднікам.


Старажытныя багі
Людзі ў тым далёкім часе верылі, што побач з імі — на зямлі, у небе і пад зямлёю — жывуць розныя багі. У іх прасілі дапамогі на полі, на рыбнай лоўлі і на паляванні. З багамі трэба было жыць у добрай згодзе. Яны маглі паспрыяць чалавеку, а маглі ўгнявіцца і паслаць неўраджай, хваробу або, напрыклад, засеяць поле каменнем.

Галоўны бог меў некалькі імёнаў, але найчасцей яго называлі Род. Ён гаспадарыў на зямлі і ў небе, кіраваў вятрамі і рухам сонца і зорак. З імем гэтага старажытнага бога ў нашай мове звязана шмат вельмі важных слоў: радзіма, народ, родзіч, продак, нараджэнне, прырода, ураджай, адраджэнне...

Грозным нябесным богам быў Пярун. Яго ўяўлялі волатам з сівымі або вогненна-рудымі валасамі і барадой. У руках ён трымаў лук і стрэлы-маланкі. Гэты бог пасылаў на зямлю навальніцы і дапамагаў воінам перамагчы ворагаў. Ягонае імя таксама засталося ў беларускай мове. Цяпер яно азначае аглушальны ўдар грому.

Продкі верылі ў многіх багоў. Багіню ўраджаю яны ласкава звалі Цёцяй. Бог Вялес клапаціўся пра свойскую жывёлу. Тур наглядаў за дзікімі звярамі і мог дапамагчы паляўнічым. Зюзя марозіў марозам. Майстры кавальскай справы сябравалі з богам агню Жыжалем.

Кавалёў называлі чараўнікамі. Сапраўдным дзівам выглядала тое, як яны ператваралі просты кавалак жалеза ў сякеру, меч ці касу. Пра гэтых майстроў казалі, што яны могуць закаваць у кайданы нячыстую сілу, прыкуць за язык самога Змея Гарыныча.

У тыя далёкія гады бабулі ўжо расказвалі ўнукам казкі пра Гарыныча і пра Кашчэя. Кашчэй толькі прыкідваўся неўміручым. На дне мора ці на востраве пасярод хваляў ляжала скрыня, у скрыні — заяц, у зайцы — качка, у качцы — яйка, а ў яйку — Кашчэева смерць. Змагаючыся з пачвараю, смелы ды спрытны хлапец абавязкова трапляў у госці да Бабы Ягі.

Гэта значыць, што многім беларускім казкам, якія вы, напэўна, добра ведаеце, болей за тысячу гадоў.

Жыхары нашай зямлі верылі, што ў лесе гаспадарыць лясун, у доме — дамавік. Калі ўвечары над зямлёю плыў туман, казалі, што гэта вадзянік расклаў на дне ракі сваё халоднае вогнішча і адганяе зялёнай барадою дым.

Продкі былі перакананыя, што на жытнёвым полі хаваецца Жыцень — маленькі дзядок з даўгой барадою. Жыцень любіў пераносіць каласкі ад лайдакаватых гаспадароў да працавітых. У беларусаў працавітасць цанілася з самых даўніх часоў.


Святы нашых продкаў
Прадзеды ўмелі працаваць, умелі і весяліцца ў святочны дзень. Найвесялейшым святам былі Каляды. Тады па дварах і хатах з песнямі хадзілі калядоўшчыкі.

Яны вадзілі з сабою Бусла, Мядзведзя і Казу. Вядома, гэта былі не сапраўдныя

звяры, а пераапранутыя хлопцы і дзяўчаты. Верхаводзіла сярод іх Каза. Калядоўшчыкі спявалі:

Дзе каза рогам,
Там жыта стогам,
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом...
Гэтае зімовае свята беларусы адзначаюць і цяпер.

Улетку святкавалі Купалле. У Купальскую ноч скакалі праз вогнішча, пускалі па рацэ вянкі. Верылі, быццам гэтая ноч чароўная: з вечара да раніцы дрэвы могуць хадзіць, звяры — размаўляць, а людзі — разумець іхнюю мову. Лічылася, што такой парою найлепей шукаць схаваныя ў зямлі скарбы. Каля таго месца, дзе закапанае багацце, нібыта з’яўляўся блакітны агеньчык. Але здабыць гэты чароўны скарб нялёгка, бо ён загавораны: чым глыбей капаеш, тым глыбей хаваецца.

Нашыя прашчуры адзначалі шмат святаў. Светлым і радасным было гуканне вясны, калі людзі клікалі добрых духаў і прасілі іх ажывіць зямлю пасля зімовага сну. Былі таксама святы маладых усходаў, пачатку і заканчэння жніва.

Каляды і Купалле беларусы святкуюць і цяпер. Юнакі і дзяўчаты ладзяць таксама Гуканне вясны, адраджаюць іншыя прыгожыя звычаі прадзедаў.

Славяне здаўна шанавалі сваіх продкаў, якіх называлі дзядамі. Увесну хадзілі да іх на магілы з ежаю і пітвом, каб падзяліцца радасцю сонечнае цеплыні і зямнога абуджэння. Увосень дзядоў чакалі дома. Уся сям’я сядала за стол з багатым пачастункам, і гаспадар клікаў продкаў на гасціны. Людзі верылі, што болей за смачныя ласункі дзяды любяць паважную гаворку з успамінамі пра іх ды іхнія добрыя справы.

Мудрыя старажытныя святы ўшанавання продкаў захаваліся ў нас дасёння. Вясновы дзень сустрэчы з імі завецца Радаўніца, а восеньскі — Дзяды.

Духоўная энергія нашых прадзедаў не знікае бясследна. Яна жывіць і ўмацоўвае род і ўвесь народ, дапамагае выстаяць у цяжкія часіны. Таму мы заўсёды адчуваем хваляванне каля нашых старадаўніх сабораў і на палях славутых перамог, атрыманых старажытнымі беларусамі над іх ворагамі. Але прыток сілы ад гэтай энергіі адчувае не кожны, а толькі той, хто захаваў памяць пра сваіх продкаў.


Дзе пасяліліся славяне
Кожнае славянскае племя, што пасялілася на нашай зямлі, мела сваю назву. Вакол ракі Сож жылі радзімічы, паміж Прыпяццю і Бярэзінай — дрыгавічы, па Бугу — бужане.

У тых мясцінах, адкуль пачынаюцца Дзвіна, Дняпро і Волга, шырока рассялілася магутнае племя крывічоў. Частка крывічоў пабудавала свае гарадзішчы на берагах Дзвіны, дзе яна зліваецца з рэчкай Палатой.

Ад наймення рэчкі жыхары тых земляў сталі звацца палачанамі. Палата дала імя і нашаму першаму гораду — Полацку.

Полацак такі старажытны, што яго называюць бацькам беларускіх гарадоў.

Але пра гэта мы пагаворым ужо наступным разам.


Пытанні і заданні
1. Калі на нашай зямлі з’явіліся першыя людзі?

2. Паспрабуй намаляваць стаянку старажытнага чалавека.

3. Чым жалезны век адрозніваецца ад каменнага?

4. Што ты даведаўся з апавядання пра славянаў і балтаў?

5. Што павінен быў зрабіць у старажытнасці хлопец, каб яго лічылі сапраўдным мужчынам?

6. Як звалі галоўнага бога, у якога верылі нашыя продкі? Якія словы ў беларускай мове захавалі яго імя?

7. Якія ты ведаеш старажытныя беларускія святы? Раскажы пра іх.

8. Назаві даўнейшыя святы, якія беларусы адзначаюць і ў нашым часе. Як іх святкуюць у тваім горадзе або вёсцы?

9. Як называліся славянскія плямёны, што прыйшлі на нашу зямлю? Дзе яны пасяліліся? 

10. Папрасі сваіх бацькоў расказаць, кім былі іх дзядулі і бабулі, іншыя продкі.

11. Запішы імёны і прозвішчы сваіх родзічаў, а таксама тое, чым яны займаліся ў жыцці.

Рагвалод і Рагнеда


Бацька гарадоў беларускіх
Узрост старажытных гарадоў лічаць з таго года, калі пра горад упершыню паведамляе летапіс.

Летапіс — гэта кніга, у якую адукаваныя людзі запісвалі галоўныя падзеі: калі пачалася вайна, калі здарыўся вялікі пажар, калі быў добры ўраджай, а калі — голад... Гэтых адукаваных людзей звалі летапісцамі. Не думайце, быццам яны пісалі толькі пра тое, што здарылася ўлетку. Словам “лета” тады называлі цэлы год.

Дзякуючы летапісцам, мы ведаем, што Полацак у 862 годзе ўжо быў пабудаваны. Значыцца, яму амаль 1150 гадоў. А вучоныя-археолагі, зрабіўшы ў Полацку раскопкі, высветлілі, што ў сапраўднасці ён значна старажытнейшы. Людзі тут жылі яшчэ тады, калі не было летапісаў. Сваім узростам з Полацкам можа параўнацца хіба што Смаленск.

Уявіце, што на чароўнай машыне часу мы з вамі перанесліся на тысячу гадоў назад.

На месцы сённяшняга Полацка з ягонымі шматпавярховымі будынкамі, шырокімі вуліцамі і плошчамі мы ўбачым на беразе Палаты невялікі параўнальна з сучасным горад. Ён абнесены моцнымі драўлянымі сценамі, абкружаны земляным валам і глыбокім ровам.

Але гэта нам тагачасны Полацак здаецца невялікім. А ў ім жыло ўжо пяць тысяч жыхароў, і ён лічыўся адным з найбуйнейшых гарадоў на славянскіх землях.

Простыя людзі сяліліся вакол гарадскіх умацаванняў, а за моцнымі сценамі жыў князь са сваімі ваярамі — дружыннікамі. Полацкія дружыны хадзілі ў ваенныя паходы вельмі далёка, ажно на Царгорад. Так у той час называўся горад Канстанцінопаль, які цяпер знаходзіцца ў Турцыі. З летапісаў вядома, што пасля ўдалых паходаў Царгорад плаціў палачанам даніну. Сілу Полацка так паважалі, што аднаму замежнаму падарожніку нават здалося, быццам сцены вакол горада не драўляныя, а каменныя.


Наша першая дзяржава
Найстаражытнейшы беларускі горад хацеў жыць вольна і незалежна. Ён стаяў на рацэ Дзвіне, па якой на караблях плылі з Чорнага мора ў Балтыйскае купцы. Яны вялі ў горадзе гандаль рознымі таварамі. Гэта дапамагала Полацку хутка багацець і рабіцца яшчэ мацнейшым. Нездарма тады казалі, што дно ў Дзвіны залатое, а берагі срэбныя.

За тысячу гадоў да нас у Полацку ўладарыў князь Рагвалод. Ягонае імя некаторыя вучоныя тлумачаць як валадар рога. Відаць, бацькі назвалі яго так, марачы, каб сын быў храбрым воінам і спрытным паляўнічым. У тыя часы сігналы на паляванне падавалі з рога.

Уладу князя Рагвалода прызналі навакольныя землі крывічоў.

Гэта значыць, што тады ўжо ўтварылася першая беларуская дзяржава — Полацкае княства.

З падуладных Полацку земляў у сталіцу ішла даніна — мяса і збожжа, мёд і воск, футры звяроў. Калі пагражалі напасці ворагі, сюды адусюль збіраліся ваяры.

Апрача Полацкага княства існавалі таксама Кіеўскае і Ноўгарадскае. У Кіеве кіраваў князь Яраполк, а ў Ноўгарадзе — Уладзімір. Абодва яны імкнуліся сябраваць з моцным Полацкам, а таму кожны хацеў, каб ягонай жонкаю стала дачка полацкага князя — прыгажуня Рагнеда.

Над Палатой магло шумець вяселле з хмельным мёдам і заморскім віном, з песнямі гусляроў і клятвамі на ўзаемную вернасць. Але атрымалася іначай, і тое вяселле людзі назвалі крывавым.


Крывавае вяселле
Спачатку ў Полацак прыехалі сваты з Кіева. Рагвалод паразважаў і вырашыў, што выгадней будзе парадніцца з кіеўскім князем Яраполкам. Рагнедзе споўнілася толькі дванаццаць гадоў, але ў такім узросце князёўна ўжо лічылася нявестай. Выконваючы бацькаву волю, яна пачала рыхтавацца да вяселля і ад’езду ў Кіеў.

І тут у Полацак нечакана заявіліся сваты з Ноўгарада. Князь Рагвалод паклікаў дачку і перад гасцямі запытаўся, ці хоча яна пайсці за Уладзіміра. Ганарлівая Рагнеда адмовілася, ды яшчэ і дадала, што Уладзімір — сын рабыні, а такі жаніх ёй не патрэбны.

Даведаўшыся пра гэта, Уладзімір страшэнна ўгневаўся і з вялікім войскам рушыў на Полацак. Ён збіраўся адпомсціць за крыўду і захапіць крывіцкія землі.

Ворагі напалі раптоўна, і князь Рагвалод не паспеў сабраць сваё войска. У жорсткай сечы нашыя продкі былі разбітыя. Чужынцы спалілі Полацак, забілі Рагвалода і ўсю ягоную сям’ю. Рагнеду князь Уладзімір пад прымусам зрабіў сваёй жонкаю.

Напэўна, якраз у тыя чорныя дні нехта з багатых палачанаў закапаў  вялікі скарб са срэбных манетаў. Ужо нашым часам яго знайшлі, гуляючы на ўзараным полі, полацкія хлапчукі. У скарбе было болей за сем з паловаю тысяч манетаў.

Ці ведаеце вы, што Беларусь па знойдзеных у зямлі старажытных скарбах займае першае месца ў Еўропе, а можа, і ва ўсім свеце? Вось толькі прычына ў гэтага рэкорду сумная. Хаваць сваё багацце людзей прымушалі войны, якія з часоў Уладзіміра і Рагнеды прыходзілі на беларускую зямлю вельмі часта.


Вяртанне на радзіму
Неўзабаве пасля перамогі над палачанамі жорсткі Уладзімір забіў свайго суперніка Яраполка і зрабіўся кіеўскім князем. Рагнеду ён пасяліў у вёсачцы каля Кіева і доўгімі месяцамі не пераведваў ні яе, ні малога сына Ізяслава.

Рагнеда кожны дзень думала пра захопленую ворагамі родную зямлю. Яна ўспамінала, як гарэў Полацак, як плакалі жанчыны і дзеці, якіх гналі ў палон. Аднойчы, калі Уладзімір заснуў, яна ўзяла меч, каб адпомсціць за сваіх бацькоў і братоў. Але князь прачнуўся і перахапіў руку з мечам. Ён хацеў расправіцца з Рагнедай, аднак яе абараніў сын Ізяслаў, хоць яму і было ўсяго сем гадоў.

Багатыя людзі — баяры параілі князю не забіваць Рагнеду, а адправіць яе з Ізяславам назад, на бацькаўшчыну. Летапісцы паведамілі, што для полацкай князёўны і яе сына на загад Уладзіміра пабудавалі горад Ізяслаў. Цяпер ён называецца Заслаўе і знаходзіцца недалёка ад Менска. Заслаўю, як Полацку і Смаленску, болей за тысячу гадоў.

Там і прайшло астатняе жыццё мужнай і непакорлівай Рагнеды. Праз сённяшняе Заслаўе цячэ маленькая рачулка з цікавай назваю — Княгінька. Гэта памяць пра полацкую князёўну.

Пра незвычайнае жыццё Рагнеды напісана шмат вершаў, апавяданняў і нават кніжак. Беларускія мастакі малююць яе партрэты і ствараюць скульптуры. Палачане мараць пра помнік гэтай славутай дачцэ Беларусі, якая ўратавала ад пагібелі полацкі князёўскі род.


Новая вера
У тыя часы, калі жыла Рагнеда, на зямлю нашых продкаў прыйшла новая вера — хрысціянства. Людзі адмаўляліся ад ранейшых багоў і пачыналі маліцца Ісусу Хрысту. Яны верылі, што гэта быў пасланы з нябёсаў сын Божы, якога нарадзіла зямная жанчына Марыя. Ісус Хрыстос вучыў праўдзе і дабрыні.

Вучоныя хрысціянскія святары, якіх запрасілі князі, прывезлі з сабою шмат кніг. На славянскіх землях будаваліся цэрквы. Часта іх узводзілі на тых месцах, дзе калісьці маліліся былым багам. Але нашыя прашчуры яшчэ доўга не маглі забыць іх і спраўлялі свае старажытныя святы. Некалькі стагоддзяў даўнейшая вера існавала побач з новай. Старых багоў не забывалі нават князі.

Прыняцце новай веры прынесла старажытным беларусам павагу суседніх еўрапейскіх народаў, якія ўжо былі хрысціянамі. Болей стала пісьменных людзей. Пры цэрквах адчыняліся школы, дзе дзяцей вучылі чытанню, пісьму і ліку, а таксама спевам.

Побач з цэрквамі будавалі манастыры. Там жылі манахі і манашкі — людзі, якія адмовіліся ад зямных клопатаў, каб служыць Богу. Але яны не толькі маліліся. Пры манастырах былі  школы. Манахі і манашкі збіралі і перапісвалі кнігі, лекавалі хворых.

Першаю манашкай на Беларусі стала Рагнеда. Калі чалавек ішоў у манастыр, яму давалі новае імя. Рагнеду назвалі Настассяй.

А што здарылася з яе сынам Ізяславам, які некалі выратаваў маці ад смерці?

Пра гэта пойдзе гаворка ў наступным апавяданні.


Пытанні і заданні
1. Што такое летапіс?

2. Чаму Полацак называюць бацькам беларускіх гарадоў? Які іншы горад можа параўнацца з ім сваім узростам?

3. Паспрабуй намаляваць старажытны Полацак.

4. Чаму нашыя продкі казалі, што дно ў Дзвіны залатое, а берагі срэбныя?

5. Як называлася першая беларуская дзяржава? Як звалі яе першага князя?

6. Чаму вяселле Уладзіміра і Рагнеды людзі назвалі крывавым?

7. Раскажы, як Рагнеда з сынам вярнуліся на радзіму.

8. У якім горадзе жыла Рагнеда пасля вяртання з Кіева? Дзе знаходзіцца гэты горад?

9. Як называлася новая вера нашых продкаў? Што яна прынесла старажытным беларусам?

10. Што такое манастыр? Раскажы, як жылі манахі і манашкі.

11. Чаму ў Рагнеды з’явілася новае імя?

Ізяслаў і Брачыслаў


Жыццё ў разлуцы
Вы памятаеце, як князь Уладзімір адправіў Рагнеду і малога Ізяслава з Кіева на радзіму?

Для выгнаннікаў пабудавалі горад Ізяслаў, названы так на імя князевіча. Але жорсткі кіеўскі валадар разлучыў маці з сынам. Ізяслава завезлі ў Полацак, і больш Рагнеда яго ніколі не бачыла. Яна вельмі сумавала па сыне, які калісьці ўратаваў яе ад смерці, аднак Уладзімір загадаў не адпускаць Рагнеду ў родны горад.

Тым часам спалены і разрабаваны Полацак ужо ўзняўся з папялішча. На высокім беразе Дзвіны полацкія майстры зноў пабудавалі магутныя драўляныя сцены. За імі стаялі дамы багатых людзей. Там жыў і князь Ізяслаў. Ён таксама надта тужыў па сваёй маці.

З свайго вакна Ізяслаў бачыў, як па шырокай Дзвіне плывуць пад ветразямі прыгожыя купецкія караблі.

Хлопчыку хацелася стаць вольным, як людзі на гэтых караблях, ды прыстаўленыя Уладзімірам слугі мелі загад удзень і ўначы сачыць за Рагнедзіным сынам і ні на крок не адпускаць яго ад сябе.

Князя Уладзіміра ў Полацку так ненавідзелі, што ні знатныя, ні простыя людзі доўга не давалі сваім сынам гэтага імя. Не называлі Уладзімірамі і полацкіх князёў.


Першы беларускі асветнік
Рагнедзін сын рана навучыўся чытаць і пісаць. З дзяцінства ён больш за ўсё любіў бавіць час з кнігамі.

Зрабіўшыся дарослым, князь Ізяслаў пачаў клапаціцца пра тое, каб грамаце вучыліся і іншыя палачане. Пры ім у Полацку з’явілася першая школка. Настаўнікамі ў ёй былі вучоныя манахі, а падручнікамі — царкоўныя кнігі.

Грамату дзеці асвойвалі па царкоўных кнігах. Спачатку трэба было завучыць на памяць азбуку. Літары называліся больш складана, чым цяпер. Вось вы кажаце “а”, “бэ”, “вэ”, “гэ”, а тысячу гадоў назад вашыя раўналеткі ўслед за настаўнікам паўтаралі ўголас: “аз”, “букі”, “ведзі”, “глаголь”. Якраз ад старажытных назваў дзвюх першых літараў і паходзіць слова “азбука”.

Пісаць тагачасныя хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся на пакрытых воскам дошчачках або на бяросце — акуратна знятых з дрэва кавалках бярозавай кары. Літары выводзілі пісђлам — палачкай, адзін канец у якой востры, а другі — тупы і шырокі. Асабліва зручна было пісаць пісалам на васкаваных дошчачках. Калі зробіш памылку, дык можна хуценька загладзіць воск тупым канцом і напісаць правільна.

Князь Ізяслаў пачаў збіраць першую ў Беларусі бібліятэку. Кніг тады было мала і каштавалі яны надта дорага. Друкаваць кнігі людзі яшчэ не ўмелі, і кожную з іх перапісвалі ад рукі. Гэта займала некалькі месяцаў, а часам і гадоў.

Нашыя продкі пісалі не на паперы, а на пергамене, які майстры выраблялі з тонкай цялячай скуры. Чарніла рабілі з адмысловых арэхаў, з адвару дубовай ці альховай кары, з жалезнае ржы. У руках перапісчык трымаў добра завостранае гусінае або лебядзінае пяро. Каб напісаныя радкі хутчэй высыхалі, іх прысыпалі пяском. Гэта была складаная і цяжкая праца, а таму перапісчыкаў вельмі паважалі і цанілі. Цудоўна сказаў пра іх наш паэт Максім Багдановіч:

На чыстым аркушы прад вузенькім вакном,
Прыгожа літары выводзіць ён пяром,
Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радамі
Чырвоную страку; усякімі цвятамі,
Рознакалёрнымі галоўкамі звяроў
I птах нявіданых, спляценнем завіткоў
Ён пакрашае скрозь — даволі ёсць знароўкі —
Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі,
I загалоўкі ўсе,— няма куды спяшыць!
Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць
Пяро гусінае, і гляне: светла сонца
Стаўпамі падае праз вузкае ваконца,
I круціцца у іх прыгожы, лёгкі пыл;
Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл,
Рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі
У небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі,
Як жар гарашчымі, а тут, каля вакна,
Малінаўка пяе і стукае жаўна.
I зноў ён схіліцца, застаўку зноў выводзіць
Няяркім серабром; нячутна дзень праходзіць...
Магчыма, кнігі перапісваў і сам князь Ізяслаў.

Летапісы называюць яго кніжнікам, а мы — асветнікам. Асветнік — гэта чалавек, які дбае, каб ягоны народ быў пісьменны, любіў кніжнае слова, жыў у добрай згодзе.

Полацкі князь Ізяслаў быў першым беларускім асветнікам.


Надзея палачанаў
У князя Ізяслава падрастаў сын Брачыслаў.

Паводле старога звычаю, крывіцкія князі ў тры гады садзілі сыноў на каня, у сем гадоў аддавалі ў навучанне грамаце, а ў дванаццаць бралі на вайну. Ізяслаў паспеў толькі навучыць хлопчыка ездзіць на кані, даў патрымацца за меч ды паслухаў, як жвава малы чытае рукапісную кнігу. Узяць князевіча ў паход ён ужо не змог.

Князь Ізяслаў памёр у маладыя гады. Шмат хто з палачанаў думаў, што яго атруцілі падасланыя Уладзімірам людзі. Магчыма, так і было. У Кіеве баяліся, што Полацкае княства зноў стане свабодным.

Брачыслаў застаўся сіратою. Ён быў адзіным жывым Рагвалодавічам — нашчадкам першага ўладара нашай старажытнай дзяржавы Рагвалода.

Полацак бярог свайго маленькага князя і глядзеў на яго з вялікай надзеяю. Выхоўваць хлопчыка даручылі самым мудрым і паважаным баярам. Яны не шкадавалі сіл на тое, каб Брачыслаў рос дужым і спрытным, разумным і справядлівым, каб больш за ўсё на свеце любіў Полацкую зямлю. Кожны дзень юны князь садзіўся на каня, займаўся практыкаваннямі з мечам, вучыўся кідаць дзіду і страляць з лука.

Палачане марылі, што Брачыслаў разаб’е ворагаў і верне іхняму княству незалежнасць.


Бітва на рацэ Судоме
Князь вырас і стаў добрым палкаводцам і мудрым палітыкам.

У гэтым часе ў Кіеве валадарыў Уладзіміраў сын Яраслаў. Яму дужа не падабалася, што Полацкае княства набірае сілу і ўжо не выконвае ягоных загадаў.

Кіеў задумаў напасці на Полацак. Брачыслаў даведаўся пра гэта ад верных людзей і сабраў баяраў на раду. Палачане вырашылі не чакаць з’яўлення небяспечнага ворага на сваёй зямлі, а самім ісці ў паход на Ноўгарад, які належаў кіеўскаму князю.

Аднаго разу полацкае войска быццам з-пад зямлі вырасла перад магутнымі ноўгарадскімі сценамі і ўзяло горад штурмам. Брачыслаў завалодаў усім суседнім княствам і паставіў там сваіх намеснікаў. Дачуўшыся пра ўдалы паход Брачыслававай дружыны, кіеўскі князь Яраслаў Мудры надта ўстрывожыўся і пачаў збіраць свае палкі.

Па дарозе дадому полацкія ваяры раптам убачылі наперадзе вялікую непрыяцельскую раць. Бітва паміж палачанамі і кіянамі адбылася на беразе ракі Судомы. Кіеўскія летапісцы напісалі, што Яраслаў перамог, а разбіты Брачыслаў нібыта ўцёк у родны горад. Але гэта была няпраўда. Як вельмі часта здаралася ў тыя далёкія часы, летапісец проста хацеў дагадзіць свайму князю.

Пераможцам з сечы на Судоме выйшаў Брачыслаў. А князь Яраслаў не толькі мусіў адступіць, але яшчэ і аддаў палачанам гарады Віцебск і Усвят. Гэтыя гарады стаялі на важным гандлёвым шляху. Цяпер купцы, праязджаючы праз іх, плацілі ўжо не Кіеву, а Полацку.

Бітва на рацэ Судоме была ў 1021 годзе. Пасля яе Полацкае княства зноў зрабілася незалежнай дзяржавай.

Полацкая дружына на чале з Брачыславам яшчэ няраз ваявала з ворагамі і вярталася дахаты з перамогай.

Полацак далучыў да сваіх земляў прыдняпроўскія гарады Воршу і Копысь. На поўначы Беларусі стаіць на беразе возера прыгожы горад Браслаў. У старажытнасці ён зваўся Брачыслаў — у гонар полацкага князя, які заснаваў яго ў часе аднаго з сваіх паходаў.

У той паход разам з бацькам мог хадзіць ужо і Брачыславаў сын Усяслаў. Пазней ён стаў самым славутым і магутным  полацкім князем. Нашыя продкі называлі яго Чарадзеем і складалі пра свайго валадара быліны і паданні, што дайшлі дасёння.

Пра гэтага князя, якога людзі лічылі чараўніком, пойдзе гаворка ў наступным апавяданні.


Пытанні і заданні
1. Раскажы пра жыццё князя Ізяслава ў Полацку.

2. Чаму ў Полацку доўга не любілі імя Уладзімір?

3. Каго называюць асветнікам? Чаму мы лічым князя Ізяслава першым беларускім асветнікам?

4. Раскажы, як вучыліся дзеці ў старажытнай школе.

5. Адкуль пайшло слова “азбука”?

6. Паспрабуй намаляваць старажытнага перапісчыка кніг. Раскажы пра ягоную працу.

7. Вывучы і раскажы на памяць верш Максіма Багдановіча «Перапісчык».

8. Чаму палачане бераглі свайго маленькага князя Брачыслава?

9. У якіх бітвах перамог князь Брачыслаў? 

10. Якія гарады Брачыслаў далучыў да сваёй дзяржавы? Які беларускі горад названы ў яго гонар?

11. Якія ты ведаеш старажытныя беларускія імёны?

Усяслаў Чарадзей


Князь-чараўнік
Князь Усяслаў — не толькі самы славуты з валадароў Полацкай дзяржавы, але і самы загадкавы. Летапісы кажуць, што ён нарадзіўся ад чаравання.

Нашыя продкі верылі, што Усяслаў мог ператварацца ў шэрага ваўка, у яснага сокала або ў тура з залатымі рагамі. У адным старажытным творы, які называецца «Слова пра паход Ігаравы», напісана, што Усяслаў Чарадзей спрачаўся з самім богам сонца Хорсам.

Шмат чаго казалі людзі пра полацкага князя. З Кіева ён нібыта чуў, як у Полацку звоняць званы. Мог прадказаць будучыню. Мог, перакінуўшыся ў ваўка, за адну ноч абабегчы ўсю сваю вялікую дзяржаву.

Усе гэтыя быліны і паданні беларусы склалі таму, што Усяслаў сапраўды быў чалавек незвычайны: мудры, дужы і смелы. Ён часта трапляў у складанае становішча, але заўсёды ўдала выходзіў з яго.


Сафійскі сабор
У летапісах гаворыцца, што князь праліў шмат варожай крыві. Але большую частку свайго доўгага валадарання Усяслаў жыў з суседнімі княствамі ў згодзе і займаўся мірнымі клопатамі. Ён загадаў узвесці ў Полацку Сафійскі сабор. Хтосьці з вас, напэўна, бачыў яго на малюнках і фатаграфіях, а камусьці пашчасціла ўжо быць у Полацку і пабачыць наш славуты храм ва ўсёй ягонай прыгажосці.

Сабор называюць Сафійскім, бо яго збудавалі ў гонар святой Сафіі. У перакладзе з грэцкай мовы гэтае імя азначае “мудрасць”.

Велічны гмах на стромкім беразе Дзвіны будавалі ўсёй грамадой. Гэта быў першы каменны храм у Полацку, а магчыма, і ва ўсёй Беларусі. Ён меў сем купалаў з пазалочанымі крыжамі. Знадворку храмы тады не атынкоўвалі і не бялілі, а таму сцены ў сабора былі не белыя, як сёння, а паласатыя: пласты цэглы і камянёў чаргаваліся з пластамі будаўнічай рошчыны.

Следам за будаўнікамі ў сабор прыйшлі мастакі. Яны размалявалі сцены казачна багатымі колерамі: смарагдава-зялёным, залацістым, чырвоным... З гэтых малюнкаў, што называюцца фрэскамі, глядзелі святыя ва ўрачыстым адзенні.

Падлогу майстры выклалі з рознакаляровых плітак, і яна была падобная на дзівосны кілім. У высокія вузкія вокны лілося сонечнае святло, а са столі галоўнага купала пазіраў з фрэскі сам Ісус Хрыстос.

У Сафійскім саборы не толькі маліліся Богу. Палачане прымалі там замежных паслоў, абвяшчалі вайну і падпісвалі мір, захоўвалі бібліятэку, якую пачаў збіраць яшчэ князь Ізяслаў. Вучоныя манахі старанна выводзілі тут радкі Полацкага летапісу. Пад сценамі сабора гараджане збіраліся на свае агульныя сходы, што называліся вечам. Там вырашаліся галоўныя дзяржаўныя справы. Веча магло нават выгнаць князя і запрасіць іншага.

На землях усходніх славянаў Сафійскія саборы, апрача Полацка, былі яшчэ ў Кіеве і ў Ноўгарадзе — у трох найбольш буйных і магутных гарадах. Полацкі сабор можна назваць сэрцам старажытнай беларускай дзяржавы.

Ворагі Беларусі няраз хацелі разбурыць яго. Сабор давялося некалькі разоў перабудоўваць, і сёння ён зусім не такі, як за князем Усяславам. На пакладзеным у парозе храма вялікім камені старажытныя будаўнікі напісалі свае імёны: Давыд, Тума, Мікула, Копысь... Гэты камень знайшлі археолагі, і ён стаў музейным экспанатам.

Палачане з любоўю называюць Сафійскі сабор проста Сафіяй або Сафійкай, а пісьменнікі параўноўваюць з белым караблём, што плыве ў чыстым блакітным небе над Дзвіною.


Бітва на Нямізе
Усяслаў Чарадзей праславіўся і сваімі ваеннымі подзвігамі. Сабраўшы моцную дружыну, ён перамог войска ноўгарадцаў, загадаў зняць з ноўгарадскай Сафіі званы і прывезці іх у Полацак. Потым Чарадзей зрабіў яшчэ адзін удалы паход на землі, дзе жыла літва.

Поспехі палачанаў страшэнна напалохалі іхніх ворагаў. Трое сыноў Яраслава Мудрага на чале з кіеўскім князем Ізяславам напалі на Менск. Горад быў спалены, усіх мужчынаў пасеклі, а жанчын і дзяцей забралі ў палон.

Усяслаў не мог дазволіць варожай дружыне прарвацца ў глыбіню Полацкай дзяржавы. Два войскі сышліся паблізу Менска на рацэ Нямізе. Цэлы тыдзень яны, ашчацініўшыся дзідамі, стаялі насупраць адно аднаго ў глыбокім снезе, а тады князь Чарадзей падняў над галавою руку з мячом, і закіпела бітва. Звінелі мячы, ламаліся ад смяротных удараў дзіды, застывала на снезе гарачая кроў. Старажытны паэт напісаў пра тую сечу:

Нямігі крывавыя берагі
не збожжам былі засеяны зноў —
засеяны косцьмі рускіх сыноў.
Шмат Усяслававых ваяроў палегла, аднак палачане баранілі радзіму, і гэта прымнажала ім сілы. Яны не пусцілі чужынцаў на нашу зямлю і прымусілі сыноў Яраслава адступіць.

Бітва на Нямізе адбылася ў 1067 годзе. Апавядаючы пра яе, летапісцы ўпершыню прыгадалі ў сваіх запісах Менск. Ад гэтага года сучасная сталіца Беларусі і лічыць свой узрост.


У палоне
Не спадзеючыся перамагчы ў адкрытым баі, ворагі Полацкага княства намерыліся дзейнічаць хітрасцю. Улетку таго самага года два войскі сустрэліся зноў пад горадам Воршай. Усяслаў стаяў з дружынаю на адным баку Дняпра, кіяне — на другім. Кіеўскі князь Ізяслаў запрасіў Чарадзея на перамовы і пакляўся, што не ўчыніць полацкаму валадару ніякай крыўды. На знак свае праўдзівасці ён перад усім войскам пацалаваў крыж.

Тым разам мудры Усяслаў памыліўся. Узяўшы з сабой двух сыноў, ён пераплыў на чоўне раку і без зброі і аховы зайшоў у шацёр да кіеўскага князя. Той крыва ўсміхнуўся і махнуў рукой. З усіх бакоў наляцелі дружыннікі, і палачане ўмомант ляжалі на доле, звязаныя вяроўкамі.

Знатных палоннікаў завезлі ў Кіеў, закавалі ў цяжкія кайданы і кінулі ў земляную турму.

Гэта была халодная і сырая яма, накрытая зверху трыма радамі бярвёнаў, з маленькім вакенцам, праз якое ледзьве тачылася паветра. У вакенца вязням прасоўвалі кавалак хлеба і збанок з вадою.

Усяслаў страшэнна пакутаваў ад знявагі і здзекаў. Ён баяўся, што сыны так і памруць, не ўбачыўшы болей сонца. Але трое палачанаў з роду Рагвалода мужна трывалі голад і холад. Ім дапамагала думка пра Бацькаўшчыну. Князь і ягоныя сыны ведалі, што іх чакаюць у Полацку.

Тым часам на Кіеўскую зямлю напалі качэўнікі-полаўцы. Войска князя Ізяслава было разбітае. У Кіеве пачалося народнае паўстанне. Людзі патрабавалі зброі і коней, каб самім ісці супроць полаўцаў.

Ізяслаў пабаяўся, што перад гэтым кіяне расквітаюцца з ім. Ён уцёк, а паўстанцы вызвалілі Усяслава Чарадзея і абвясцілі яго сваім князем.

Полацкі ўладар не збіраўся надоўга затрымлівацца ў чужым горадзе. Неўзабаве ён вярнуўся дадому і праз некалькі гадоў вызваліў беларускую дзяржаву ад захопнікаў.


Росквіт Полацкай дзяржавы
За Усяславам Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці. Ягоную ўладу прызнавалі Віцебск, Браслаў, Заслаўе, Ворша, Копысь, Менск, Лукомль, Друцак, Лагойск, Барысаў, Крывічгорад, які стаяў на месцы цяперашняй Вільні... Полацку плацілі даніну продкі сучасных латышоў. Парадніцца з Чарадзеем хацелі самыя знакамітыя валадары з іншых дзяржаў. Усяславава дачка стала жонкаю імператара вялікай і багатай краіны Візантыі.

У тагачасным Полацку жыло дзесяць тысяч чалавек. Такіх буйных гарадоў тады на свеце было няшмат, а Масквы, напрыклад, яшчэ зусім не існавала.

Князь з сям’ёй займаў двухпавярховы драўляны хорам са святліцамі і спачывальнямі, з вялікай палатай, дзе магло сесці за стол сто гасцей. У княжых стайнях білі капытамі зямлю сотні коней. У сховішчах было багата харчовых прыпасаў і зброі.

Далёка ў свеце ведалі полацкіх купцоў. Часцей за ўсё яны везлі ў іншыя краіны воск, мёд і футра каштоўных звяроў: собаляў, гарнастаяў, баброў, вавёрак, лісаў... Іншаземныя купцы прадавалі нашым продкам соль, алей, віно, медзь, волава. Такіх грошай, як цяпер, не было, і людзі разлічваліся на рынках срэбнымі зліткамі або вязкамі футраў.


Старажытныя майстры
Шмат хто з гараджанаў займаўся рамяством. Вучоныя-археолагі падлічылі, што ў Полацкім княстве жылі майстры болей чым ста розных спецыяльнасцяў.

Ганчары рабілі з гліны міскі, талеркі, збаны, кубкі і ўсякі іншы посуд. Ткачы

ткалі з ільняных і ваўняных нітак тканіны. Краўцы шылі адзенне, а шаўцы — абутак. Гарбары выраблялі скуры. Ладзейнікі будавалі тагачасныя караблі — ладдзі і стругі. Жарнасекі высякалі з цвёрдага каменю жорны, а з мяккага — вастрыльныя брускі, абразкі ды крыжыкі.

Касцярэзы выразалі з косці грабяні, гузікі і шахматныя фігуркі, бо старажытныя беларусы надта любілі гэтую гульню. Бондары майстравалі бочкі, дзежкі і цэбры. У кузнях працавалі кавалі. Славіліся майстэрствам ювеліры. Яны забяспечвалі жанчын і дзяўчат рознымі  ўпрыгожаннямі — пярсцёнкамі, бранзалетамі, карђлямі. Беларускам здаўна падабалася насіць бурштынавыя пацеркі. Людзі верылі, што гэта спрыяе здароўю і дапамагае ад бяссоння.

Сёй-той, магчыма, думае, што нашыя далёкія прашчуры хадзілі ў лапцях, але гэта не так. Абутак і ў гараджанаў, і ў вяскоўцаў быў тады скураны. Жаночыя і дзіцячыя чаравічкі вышывалі каляровымі ніткамі. Адзенне чалавека залежала ад ягонага багацця. У святочны дзень княгіня выходзіла з хорама ў вышываных золатам чаравічках і ў дзвюх падперазаных залатым поясам сукенках-залататканках — кароткай верхняй і доўгай ніжняй. Белую шыю песцілі шырокія каралі з каштоўных камянёў, а ў валасах ззялі на сонцы залатыя або срэбныя падвескі.

Сярод усіх майстроў князь і дружыннікі асабліва паважалі збройнікаў. Яны выкоўвалі незаменныя на вайне сякеры і мячы, прычым такія вострыя, што імі можна было галіцца. У баі ваяра абараняла ад варожага ўдару кальчуга. Яе рабілі з маленькіх жалезных кольцаў. Уявіце, што толькі на адну кальчугу іх часам патрабавалася ажно 60 тысяч.

Ішла слава пра полацкіх майстроў-лучнікаў. На блізкай адлегласці ад стралы з

жалезным гартаваным наканечнікам не ратавалі ні шчыты, ні кальчуга. Нават праляцеўшы сотню крокаў, такая страла лёгка прабівала дубовую дошку таўшчынёю з палец. Лук даставаў крокаў на 300—350. З ім не толькі ваявалі, але і смела хадзілі паляваць на буйнога звера, а па дарозе часам маглі зрэзаць стралою гусь, качку або чаплю.

Ад назваў старажытных майстроў утварылася шмат прозвішчаў. Калі ў вас ёсць знаёмыя хлопчыкі ці дзяўчынкі з прозвішчамі Ганчар, Ганчарык ці Ганчароў, значыцца, нехта з іхніх прадзедаў быў ганчаром. Няцяжка здагадацца, чым займаліся даўнія родзічы Кавалёў і Кавалёвых, Бондараў і Бондаравых, Шаўцовых, Краўцэвічаў і Жарнасекаў.


Барысаў камень
Прыехаўшы ў Полацак, на высокай гары, дзе стаіць Сафійскі сабор, вы ўбачыце вялізны камень. На ім высечаны шасціканцовы крыж і старадаўні надпіс. Гэта зроблена на загад старэйшага Усяслававага сына князя Барыса. Ідучы на вайну, князь прасіў Бога дапамагчы. Камень так і называюць — Барысаў.

Князь Чарадзей меў яшчэ пяцёра сыноў. Яны кіравалі рознымі гарадамі Полацкага княства, аднак, калі была патрэба, злучалі свае дружыны і разам адстойвалі незалежнасць. Сярод нашчадкаў Усяслава было нямала храбрых ваяроў і таленавітых палкаводцаў. Але найбольшую славу пасля князя Чарадзея прынеслі Беларусі не ваяры.

Гэта зрабіла ягоная ўнучка Еўфрасіння.

Адна старажытная кніга называе Еўфрасінню арлом, які праляцеў па небе ад захаду да ўсходу і, як прамень сонечны, прасвятліў усю зямлю Полацкую. За што ж заслужыла яна такія прыгожыя словы? Пра гэта — наша наступнае апавяданне.


Пытанні і заданні
1. Чаму нашыя продкі назвалі князя Усяслава Чарадзеем?

2. Раскажы пра Сафійскі сабор у Полацку.

3. Якія ўдалыя паходы зрабіў князь Усяслаў?

4. Хто перамог у бітве на рацэ Нямізе?

5. Калі ў летапісе з’явілася першая згадка пра Менск? З якой падзеяй звязаны гэты запіс?

6. Палічы, колькі гадоў беларускай сталіцы споўнілася сёлета?

7. Як князь Усяслаў трапіў у палон?

8. Назаві беларускія гарады, што ўваходзілі ў Полацкае княства.

9. Якіх ты ведаеш старажытных беларускіх майстроў?

10. Чым славіліся полацкія лучнікі?

11. Ці ёсць у цябе знаёмыя, чые прозвішчы ўтварыліся ад назваў старажытных майстроў?

12. Што ты ведаеш пра Барысаў камень? 

Асветніца Еўфрасіння


Дзяцінства князёўны
Дзевяцьсот гадоў назад у сям’і аднаго з Усяслававых сыноў князя Святаслава-

Георгія і княгіні Сафіі нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі старажытным полацкім імем Прадслава.

Князёўна з маленства чула паданні пра свайго дзеда Чарадзея, пра Рагнеду ды іншых славутых продкаў, якія аддана служылі  роднай зямлі. У іх Прадслава вучылася ўсім сэрцам любіць сваю радзіму.

Бацька запрасіў у дом манахаў, і яны хутка навучылі Прадславу пісаць і чытаць. Дзяўчынка вельмі палюбіла кнігі. Настаўнікі не маглі нахваліцца сваёй здольнай выхаванкаю.

У вольны час яна бегала гуляць на бераг Дзвіны. Князёўна ведала шмат песняў, вадзіла разам з раўналеткамі карагоды, пускала па вадзе вянкі ў чароўную купальскую ноч і весялілася наКаляды.

Падросшы, Прадслава часта прыходзіла памаліцца ў Сафійскі сабор. Яна прыглядалася да манашак і манахаў. Княжай дачцэ падабалася іхняе жыццё. У манастыры чалавек адмаўляўся ад штодзённых дробных турботаў. Там захоўвалася шмат мудрых кніг і можна было спакойна займацца навукаю і вучыць іншых.


Юная манашка
У тыя даўнія часы дзяцінства было карацейшае, чым цяпер. Калі дзяўчынцы з княжага роду спаўнялася дванаццаць гадоў, яна ўжо лічылася нявестай і пачынала рыхтавацца да вяселля. Слава аб прыгажосці і розуме Усяслававай унучкі разляцелася далёка ад Полацка, і ў горад зачасцілі сваты.

Бацькі намерыліся аддаць Прадславу замуж за сына аднаго багатага валадара. Княгіня Сафія збірала пасаг, князь Святаслаў падлічваў выгады ад шлюбу. Яны яшчэ не ведалі, што дачка выбрала іншы шлях.

Прадслава, як і некалі Рагнеда, стала манашкаю і атрымала новае імя — Еўфрасіння. У перакладзе з грэцкае мовы гэта значыць “радасць”. Пазней князёўну па родным горадзе назвалі Еўфрасінняй Полацкай.

За манастырскімі сценамі яна змагла цалкам аддацца кніжнай навуцы. Еўфрасіння чытала Біблію, дзе сабраная невычэрпная чалавечая мудрасць, ды іншыя старажытныя кнігі. Адна з іх, напрыклад, звалася «Шасцідзён». У ёй апавядалася, як за шэсць дзён Бог стварыў неба, зямлю, зоркі, расліны, жывых істотаў і чалавека. Еўфрасіння таксама вывучала летапісы, дзе гаварылася пра мінулае розных краінаў. Маладая манашка папрасіла дазволу жыць у Сафійскім саборы, каб быць бліжэй да яго багатай бібліятэкі.


Дзеля свайго народа
Пасяліўшыся ў маленькім пакойчыку-келлі, Еўфрасіння ўзялася перапісваць кнігі. Мы ўжо ведаем, якая гэта была нялёгкая праца. Перапісваннем кніг тады займаліся адны мужчыны. Ужо толькі тое, што за такую цяжкую справу ўзялася жанчына, было подзвігам.

Еўфрасіння пісала і свае творы — малітвы і павучанні, а таксама перакладала з замежных моваў. Частка перапісаных князёўнаю кніг ішла на продаж, а атрыманыя грошы раздавалі бедным.

Яна хацела, каб у Полацкім княстве было як мага больш пісьменных людзей, і марыла пра тое, каб кнігі перапісвалі не адзінкі, а дзесяткі вучоных людзей. Дзеля гэтага князёўна заснавала два новыя манастыры, а пры іх адчыніла кніжныя майстэрні — скрыпторыюмы. Адзін майстар рабіў тут малюнкі, другі — каляровыя вялікія літары, трэці — вокладкі. Калі трэба было перапісаць кнігу хутчэй, яе дзялілі на некалькі частак. Са скрыпторыюмаў кнігі развозілі па ўсёй дзяржаве і ў суседнія землі.

Каб упрыгожваць цэрквы абразамі, Еўфрасіння стварыла мастацкую майстэрню. Яна напісала ліст свайму сваяку візантыйскаму імператару, і ён прыслаў у Полацак надзвычай каштоўны старадаўні абраз. На ім была Багародзіца са сваім сынам Ісусам на руках. З таго часу беларускія мастакі вельмі любяць маляваць Божую Маці.

Усё жыццё Еўфрасіння служыла асвеце свайго народа. У адчыненых ёю школах, апрача чытання, пісьма і лічэння, дзеці вывучалі гісторыю, грэцкую і лацінскую мовы. Найбольш здатных хлопчыкаў і дзяўчынак вучылі складаць вершы. Часта ўрокі праводзіла сама асветніца.

Невядомы адукаваны палачанін, які жыў у адзін час з асветніцаю, напісаў пра яе аповесць, якая так і называецца — «Жыццё Еўфрасінні Полацкай».  З яе можна даведацца, што ў сваіх школах Еўфрасіння вучыла дзяцей слухацца мудрых, любіць не саміх сябе, а іншых, шанаваць бацькоў, паважаць старэйшых, ніколі не хлусіць, а заўсёды казаць толькі праўду.

Ва ўсіх клопатах Еўфрасінні дапамагалі дзве яе сястры, якія таксама зрабіліся манашкамі. Іх звалі Звеніслава і Гардзіслава, а ў манастыры — Еўпраксія і Еўдакія.


Дойлід Iаан
Асветніца збірала вакол сябе таленавітых людзей. Імёны двух з іх дайшлі да нашых дзён. Гэта дойлід Іаан і ювелір Лазар Богша.

Дойлід — тое самае, што і архітэктар. Ён стварае праекты розных будынкаў і сочыць за тым, як гэтыя праекты ператвараюцца ў саборы, палацы ды іншыя пабудовы.

Іаан — самы вядомы са старажытнабеларускіх дойлідаў. У адным з заснаваных Еўфрасінняю манастыроў ён пабудаваў на яе просьбу царкву казачнай прыгажосці. Яе змуравалі надзіва хутка, усяго за трыццаць тыдняў. Гэтая царква завецца Спаса-Еўфрасіннеўскай. Яна і сёння стаіць у Полацку паблізу ракі Палаты і нагадвае казачную белую птушку, што апусцілася з неба на цудоўны зялёны луг.

Усе сцены Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы ўсярэдзіне пакрытыя дзівоснымі фрэскамі. Старажытныя фарбы цудоўна захаваліся. У тыя часіны мастакі рабілі іх самі. З настою паленых яловых шышак атрымлівалася, напрыклад, добрая фіялетавая фарба, а з паленай косці — сіняя са смарагдавым адлівам.

Як лічаць вучоныя, на некаторых фрэсках намаляваныя сама асветніца і ейныя сёстры.


Крыж Лазара Богшы
Славутаму полацкаму ювеліру Богшу Еўфрасіння заказала для новай царквы шасціканцовы крыж. Майстар зрабіў яго з кіпарысавага дрэва, абклаўшы тое па баках залатымі і срэбнымі пласткамі з каштоўнымі камянямі і шматколернымі абразкамі святых.

На крыжы быў зроблены надпіс, які абяцаў страшнае пакаранне таму, хто вынесе гэтую святыню з храма. Але Богшаў твор некалькі разоў забіралі са Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы і вывозілі з Полацка. Апошні раз крыж знік у гады вайны з фашыстамі. Ёсць звесткі, што ён трапіў у Расею і знаходзіцца там у адным з музейных сховішчаў.

Крыж Еўфрасінні Полацкай — наш неацэнны агульнанародны скарб. Цяпер Беларусь шукае яго, каб вярнуць на родную зямлю.


Каб не лілася братняя кроў
Еўфрасіння жыла ў жорсткі, крывавы час. Князі часта ваявалі паміж сабой. У адным з паходаў кіеўскаму валадару ўдалося перамагчы і захапіць полацкіх князёў у палон. Разам з жонкамі і дзецьмі іх адправілі ў высылку ў Візантыю. Сярод выгнаннікаў былі і бацькі асветніцы.

Пераможцы пабаяліся зрабіць палоннай Усяслававу ўнучку, якая насіла манаскае адзенне і была пад абаронаю самога Бога. Еўфрасіння засталася ў Полацку і дапамагала землякам змагацца з ворагамі.

Хутка палачане выгналі чужога кіеўскага князя і запрасілі да сябе роднага брата Еўфрасінні Васільку. Але пасля магутнага Усяслава Чарадзея не было міру і паміж самімі полацкімі князямі. Яны няраз хадзілі адзін на аднаго вайною, праліваючы братнюю кроў.

Асветніца заўсёды прымала нягоды роднай зямлі блізка да сэрца. Яна цярпліва мірыла князёў, пераконвала іх не варагаваць, а мацаваць крывіцкую дзяржаву.


Нябесная заступніца Беларусі
У канцы жыцця Еўфрасіння выправілася ў падарожжа ў Святую Зямлю. Так называлі тыя мясціны, дзе нарадзіўся і вучыў людзей Ісус Хрыстос. Па дарозе полацкую князёўну паўсюль сустракалі з пашанаю. Пра яе самаахвярнае жыццё ведалі ў розных краінах.

У горадзе Ерусаліме падарожніца захварэла і памерла. Пазней яе парэшткі прывезлі на Бацькаўшчыну.

Еўфрасіння Полацкая зрабіла для нашага народа столькі добрага, што людзі назвалі яе святой. Пасля смерці яе пачалі маляваць на абразах і прасіць у яе дапамогі ад ліхіх сілаў.

Нашыя прашчуры верылі, што за вялікія заслугі Бог забраў асветніцу на неба і адтуль яна спрыяе землякам ва ўсіх добрых справах. У Спаса-Еўфрасіннеўскай царкве ў Полацку захавалася келля, дзе святая пражыла свае апошнія гады. Прыйдзе дзень, калі сюды вернецца і святы крыж, які зрабіў Лазар Богша.


Пытанні і заданні
1. Раскажы пра дзяцінства князёўны Прадславы.

2. Чаму яна захацела зрабіцца манашкаю?

3. Якія кнігі чытала Еўфрасіння Полацкая?

4. Што яна зрабіла дзеля асветы свайго народа?

5. Чаму мы памятаем пра дойліда Іаана і ювеліра Лазара Богшу?

6. Раскажы пра Спаса-Еўфрасіннеўскую царкву.

7. Што ты даведаўся пра крыж Еўфрасінні Полацкай?

8. Дзе закончылася зямное жыццё асветніцы Еўфрасінні?

9. Чаму яе назвалі святой?

Смаленскае Княства


Крывiцкi горад на Дняпры
Нашы далёкiя продкi-крывiчы стварылi, апрача Полацкага, яшчэ адно моцнае княства — Смаленскае. Сталiцаю ў ім быў старажытны горад Смаленск. Першыя паведамленнi пра яго летапiсцы зрабiлi ў 862 годзе.

Гэта значыць, што Смаленску амаль 1150 гадоў. Узростам яго можна параўнаць толькі з бацькам беларускіх гарадоў — Полацкам.

Смаленцы збудавалi свой горад на берагах Дняпра. Тут скрыжоўвалiся водныя гандлёвыя шляхi, якiя iшлi па Дняпры, Волзе i Дзвiне. Размешчаны ў такім надзвычай выгодным месцы горад хутка рос і багацеў.

У мiрны час жыхары Смаленска займалiся гандлем i разнастайнымi рамёствамi. Калi ж на іхні горад нападалi ворагi, смаленцы ператваралiся ў мужных i спрытных ваяроў, якія, не шкадуючы жыцця, баранілі родную зямлю.

Паступова Смаленск аб’яднаў навакольныя гарады i землi. У Смаленскае княства ўваходзiлi Ворша, Копысь, Крычаў, Амсцiслаў, Прапошаск (цяпер ён называецца Слаўгарадам), Таропец, Рослаў, Дарагабуж, Ельня.

На захадзе Смаленская зямля межавала з Полацкiм, а на поўднi — з Тураўскiм i Чарнiгаўскiм княствамi.


Князi Расцiслаў i Раман
Сваёй найвышэйшае моцы Смаленскае княства дасягнула пад час уладарання Расцiслава Мсцiславiча. Ён стаў князем у 1127 годзе i кiраваў дзяржавай болей за трыццаць гадоў.

Усходняя мяжа Смаленскага княства  праходзiла тады па сярэднiм цячэннi ракi Масквы.

За князем Расцiславам у Смаленску былi пабудаваныя некалькi каменных храмаў. Найбольш старажытны з iх — царква Пятра i Паўла, якая добра захавалася да нашых дзён.

Князь Расцiслаў добра разумеў, што ягонай краiне трэба адукаваныя людзi. Ён заснаваў у сталiцы сваёй зямлi навучальню, якая давала такiя добрыя веды, што яе называлi акадэмiяй. У Смаленску ды iншых гарадах княства дзецi вучылiся ў школах. Адукаваныя манахi пiсалi i перапiсвалi кнiгi. Пры манастырах былі майстэрні, дзе малявалі абразы.

Пасля Расцiслава княжыў ягоны сын Раман. Ён любiў чытаць i сабраў багатую бiб-лiятэку.

Князь Раман, беручы прыклад з бацькi, адчыняў школы i запрашаў у сваё княства замежных вучоных. Ён аддаваў на асвету столькi сродкаў, што, калi памёр, смаленцы мусiлi збiраць грошы на пахаванне свайго князя.


Клiм Смаляцiч
У Смаленску на пачатку XII стагоддзя нарадзiўся знакаміты асветнік  Клiм Смаляцiч. Ён вучыўся ў Канстанцiнопалi i мог застацца ў гэтым багатым i славутым на ўвесь свет горадзе. Аднак Смаляцiч вярнуўся на Бацькаўшчыну, каб несцi веды свайму народу.

Спачатку ён жыў у адным з манастыроў. Але неўзабаве гэты высокаадукаваны манах, дзякуючы падтрымцы князя, стаў кiеўскiм мiтрапалiтам — кiраўнiком хрысцiянскай царквы на ўсiх тагачасных землях усходнiх славянаў.

Клiм Смаляцiч выдатна ведаў творы Гамэра, Арыстоцеля, Платона ды iншых ста-ражытнагрэцкiх i старажытнарымскiх пiсьменнiкаў i вучоных. Ён i сам быў выдатным пiсьменнiкам i фiлосафам.

Да нас дайшоў, на жаль, толькi адзiн твор Смаляцiча, але i гэтага дастаткова, каб ацанiць яго лiтаратурны талент, дасцiпнасць, вастрыню i глыбiню думкi. Летапiсцы назвалi Клiма Смаляцiча кнiжнiкам i фiлосафам, якiх нашая зямля раней не мела.

Разам з Еўфрасінняй Полацкай і Кірылам Тураўскім ён стаў адным з найадукаванейшых людзей таго часу не толькі на беларускай зямлі, але і ва ўсёй Еўропе.

Клiм быў таксама надзвычай таленавiты настаўнiк. Найбольш вядомым  яго вучнем i паслядоўнiкам стаў Аўрам Смаленскi.


Аўрам Смаленскі
Аўрамавымі бацькамі былі багатыя і знатныя людзі. Пасля іхняй смерці Аўрам раздаў сваю маёмасць манастырам, цэрквам ды бедным людзям, а сам пастрыгся ў манахі.

Жывучы за манастырскімі сценамі, ён сабраў вакол сябе гурток адукаваных і адданых сваёй справе землякоў-кніжнікаў. Аўрам і ягоныя аднадумцы перапісвалі і распаўсюджвалі кнігі.

Вучоны смаленец клапаціўся пра тое, каб яны былі зразумелыя кожнаму пісьменнаму чалавеку. Дзеля гэтага ён тлумачыў незразумелыя словы, упрыгожваў кнігі малюнкамі.

Глыбокія веды дазвалялі Аўраму чытаць напісаныя на грэцкай і лацінскай мовах кнігі старажытных пісьменнікаў і філосафаў. Ён і сам займаўся літаратурнай творчасцю.

Шмат зрабіў Аўрам для росквіту і славы заснаванай князем Расціславам акадэміі. Вучоны рупліва збіраў кнігі для яе бібліятэкі. Ён спрыяў прыезду ў Смаленск адукаваных людзей з іншых земляў.

Слава пра Аўрама разнеслася далёка ад роднага горада. Нашыя прадзеды захаплялiся ягоным красамоўствам ды абразђмі, якія ён маляваў. Аўрам, як i знакамiты Кiрыла Тураўскi, пакiнуў нашчадкам мудрыя  «Словы» i павучанні.

У Аўрама Смаленскага было шмат непрыяцеляў, якія зайздросцілі ягонай адукаванасці і разнастайным талентам. Зайздроснікі падбухторвалі легкаверных гараджанаў кінуць Аўрама ў турму або нават утапіць ці спаліць яго.

Ліхія людзі дамагліся суду над асветнікам. Разам з двума вучнямі яго ўзялі пад варту і трымалі за кратамі. Але ўсе абвінавачанні на судзе рассыпаліся. Князь і вяльможныя смаленцы прызналі вучонага нявінным.

Пасля заканчэння свайго зямнога шляху Аўрам Смаленскі, як і Еўфрасіння Полацкая, быў абвешчаны святым.


Меркур-абаронца
Беларусы шануюць памяць яшчэ аднаго знакамiтага смаленца. Ён жыў прыкладна праз сто гадоў пасля Клiма Смаляцiча, у першай палове XIII стагоддзя.

Тады на славянаў i на iншыя еўрапейскiя народы напалi моцныя бязлiтасныя ворагi — мангола-татары. Яны захапiлi расейскія i ўкраiнскiя княствы i наблiзiлiся да Смаленска.

Напiсаная ў той час «Аповесць пра Меркура Смаленскага» так апавядае пра далейшыя падзеi.

У горадзе жыў чалавек, якi вылучаўся глыбiнёю i шчырасцю сваёй веры. Клікалі яго Меркур.

Калi ў 1239 годзе ў смаленскiм наваколлi з’явiлiся мангольскiя заваёўнiкi, Багародзiца паслала царкоўнага вартаўнiка з весткаю пра гэта да Меркура i загадала яму рыхтавацца да бiтвы.

Меркур памаліўся, надзеў кальчугу, узяў востры меч і развітаўся з родным домам. Ён не ведаў, ці вернецца, бо чужынцаў было значна болей, чым смаленцаў.

Варожае войска спынілася за 25 вёрстаў ад Смаленска перад вялікім балотам, на мясціне, якая называлася Даўгамосцем. Частка мангола-татараў перабралася па дзевяцівярстовай грэблі цераз багну і ўжо была гатовая напасці на горад.

«Аповесць пра Меркура Смаленскага» апавядае, што з дапамогаю Багародзiцы яму ўдалося незаўважна пранiкнуць у стан татараў i забiць мечам самога iхняга ваяводу-волата, а таксама шмат іншых захопнікаў.

Астатнiя татары, прачнуўшыся ўраннi i ўбачыўшы ўсё гэта, перапоўненыя лютасцю рушылi на Смаленск. Каля гарадскiх муроў ворагаў сустрэў Меркур з войскам. Сам герой загiнуў у жорсткай сечы, але чужынцы былi разбiтыя.

Правадыр мангола-татараў хан Бату, даведаўшыся пра перамогу смаленцаў, не наважыўся iсцi на горад i адступiў ад Даўгамосця.

Жыхары Смаленска пахавалi свайго абаронцу Меркура з вялiкай пашанаю. Над дамавiнаю героя павесiлi ягоную зброю — дзiду i шчыт. Царква далучыла Меркура да лiку святых.

Пазней, праз шмат гадоў пасля гэтых падзеяў, мангола-татары яшчэ некалькі разоў спрабавалі паняволіць Смаленскую зямлю. Ды смаленцы, натхнёныя прыкладам Меркура, мужна і самаахвярна баранілі родны горад.

Не дамогшыся поспеху, ворагі спаганялі сваю злосць на навакольных вёсках. Але Смаленск так і застаўся няскораным.

Дзякуючы мужнасцi вядомых i безыменных нашых продкаў беларускiя землi не трапiлi ў мангола-татарскую няволю, як гэта здарылася з расейскімі і ўкраінскімі княствамi.


Пытаннi i заданнi
1. Падлiчы, колькi гадоў Смаленску.

2. Якiя гарады ўваходзiлi ў Смаленскае княства?

3. Што ты даведаўся пра князя Расцiслава i ягонае княжанне?

4. Якую памяць пакiнуў па сабе князь Раман Расцiславiч?

5. За што мы памятаем i шануем Клiма Смаляцiча?

6. Раскажы пра вучня Смаляцiча — Аўрама Смаленскага.

7. Якія пакуты давялося цярпець Аўраму Смаленскаму?

8. Хто такi Меркур Смаленскi? 

9. Раскажы, як ён баранiў родны горад ад ворагаў.

10. Чаму Аўрам i Меркур Смаленскiя абвешчаныя святымi?

11. Чаму беларускія землі не трапілі ў мангола-татарскую няволю?

Тураўская зямля


Князь Тур
Дагэтуль мы з вамі вялі гаворку пра тое, што адбывалася ў Полацкім і Смаленскім  княствах. Але на абшары сучаснай Беларусі існавала яшчэ адно княства, праўда, ужо не такое буйное і магутнае, — Тураўскае.

Яно ўзнікла на землях, дзе пасялілася славянскае племя дрыгавічоў. Першым вядомым нам князем тут быў брат полацкага ўладара Рагвалода. Яго звалі Тур.

“Адкуль узялося такое імя?” — можаце запытацца вы.

У тым часе ў беларускіх лясах яшчэ вадзіліся туры — вялізныя дзікія быкі з чорнай поўсцю і доўгімі, загнутымі наперад рагамі. Тур лічыўся самым дужым зверам, царом пушчаў. Таму продкі назвалі Турам аднаго са сваіх старажытных багоў, што кіраваў жыццём лясных жыхароў і дапамагаў паляўнічым вяртацца дадому са здабычаю.

На беразе ракі Прыпяці, што цячэ на поўдні Беларусі, дрыгавічы пабудавалі сабе сталіцу. На імя князя яна стала звацца Туравам.

Упершыню летапіс кажа пра яго пад 980 годам. Гэта значыць, што Тураў — адзін з найстаражытнейшых гарадоў на беларускай зямлі. Яму, таксама як Полацку, Смаленску, Віцебску і Заслаўю, ужо болей за тысячу гадоў.


Дрыгавіцкая краіна
Цяперашні Тураў — невялікі ціхі пасёлак, а некалі на ягоным месцы шумеў багаты і прыгожы горад. У глыбокай старажытнасці там ужо былі мураваныя цэрквы і манастыры. Там перапісвалі кнігі, малявалі абразы для храмаў, адчынялі школы.

Па адукаванасці і культуры сваіх жыхароў горад на Прыпяці супернічаў з Кіевам. Самая даўняя з вядомых сёння беларускіх рукапісных кніг створаная ў Тураве.

На землях Тураўскага княства выраслі беларускія гарады: Берасце, Пінск, Слуцак, Клецак, Рагачоў, Мазыр, Капыль...

Прыпяць упадае ў Дняпро, і з Турава можна было лёгка трапіць у Кіеў. Прытокі Прыпяці адкрывалі купцам шлях у Полацкае княства, у Польшчу і Прыбалтыку.

Жыхары дрыгавіцкай дзяржавы добра ведалі розныя складаныя рамёствы. Археолагі знаходзяць тут на раскопках пярсцёнкі і бранзалеты, наканечнікі стрэлаў і дзідаў, жалезныя замкі і шахматныя фігуркі, шкляны посуд і алавяныя абразкі з выявамі хрысціянскіх святых.

Багатая Тураўская зямля ляжала зусім блізка ад Кіеўскага княства. Адзін з ягоных валадароў, князь Яраслаў Мудры, пазбавіў дрыгавіцкую дзяржаву незалежнасці і болей чым на сто гадоў далучыў да сваіх уладанняў.

Але тураўцы не скарыліся. Яны змагаліся за тое, каб самім гаспадарыць на сваёй зямлі, а не падпарадкоўвацца чужынцам. Гусляры складалі і спявалі песні пра вольнае жыццё.

 Калі валадарыць у Тураве стаў мудры і мужны князь Юры Яраславіч, дрыгавічы вярнулі сабе незалежнасць.


Беларускі Залатаслоў
Тады, калі ў Полацку пачала служыць народу асветніца Еўфрасіння, у Тураве з’явіўся на свет яшчэ адзін наш выдатны зямляк — Кірыла.

Хлопчык нарадзіўся ў сям’і багатых гараджанаў. Бацькі паклапаціліся, каб ён атрымаў добрую адукацыю. У той час жонкаю тураўскага князя была грэцкая царэўна. З радзімы яна прывезла шмат вучоных прыдворных. Яны сталі настаўнікамі кемлівага хлопчыка.

Кірыла вельмі шчыра верыў у Бога. З самага дзяцінства ён марыў служыць Ісусу Хрысту і славіць ягонае імя ў сваіх кнігах. Дзеля гэтага ён ужо ў юначыя гады пайшоў у манастыр.

Каб нічога не замінала яму чытаць царкоўныя кнігі і пісаць уласныя творы, малады манах загадаў замураваць сябе ў манастырскай вежы.

Тут ягонымі суразмоўнікамі заставаліся толькі кнігі, зоркі на небе і птушкі, што прыляталі на вузкае вакенца. Яно было адзіным шляхам, што звязваў Кірылу з чалавечым светам.  Праз вакенца яму перадавалі сціплую ежу, а таксама пергамен, гусіныя пёры і чарніла для пісьменніцкай працы.

Такім ахвярным жыццём Кірыла заслужыў у гараджанаў і ў самога князя глыбокую пашану. Землякі папрасілі манаха выйсці з вежы і адзінадушна абралі яго епіскапам — галоўным святаром Тураўскай зямлі.

Кірыла быў таленавіты чалавек і не шкадаваў часу і сілаў, каб раскрыць свой талент як мага паўней. Ягоная юначая мара здзейснілася: ён стаў знакамітым пісьменнікам і прамоўцам.

Найбольш уражвалі чытачоў і слухачоў Кірылавы творы, напісаныя ў гонар Вялікадня ды іншых хрысціянскіх святаў. У гэтых творах, якія называліся «Словамі», Кірыла Тураўскі шчыра і натхнёна ўслаўляў хараство чалавека і прыроды, вучыў жыць праўдзіва, з чыстай душой ды любасцю да Бога і людзей.

Калісьці ў Візантыі жыў пісьменнік і прапаведнік Іаан, якому за незвычайны пісьменніцкі талент і красамоўства далі імя Залатаслоў.

Асветніка з Турава сучаснікі называлі другім Залатасловам, а пасля смерці абвясцілі святым.

Кірыла Тураўскі разам з Еўфрасінняй Полацкай, Клімам Смаляцічам і Аўрамам Смаленскім — нашы першыя пісьменнікі. Кірылавы творы перапісвалі і друкавалі

на працягу некалькіх стагоддзяў. Іх і цяпер вывучаюць беларускія школьнікі і студэнты.


Пытанні і заданні
1. Як звалі першага вядомага нам дрыгавіцкага князя? Адкуль пайшло такое імя?

2. Колькі гадоў Тураву? 

3. Якія яшчэ гарады Тураўскага княства ты ведаеш?

4. Раскажы пра жыццё Кірылы Тураўскага.

5. Чаму яго назвалі другім Залатасловам?

6. За што Кірылу Тураўскага абвясцілі святым? 

Князь Валодша і вайна з крыжакамі


Нямецкі манах
Аднойчы разам з замежнымі купцамі ў Полацак прыплыў нямецкі манах Майнгард. Госць быў у падношаным адзенні і трымаўся ціха і сціпла. Ён хацеў сустрэцца з полацкім князем.

Тады ў нашай старажытнай дзяржаве ўладарыў князь Валодша. Немцы пачціва называлі яго каралём Вальдэмарам. У княжым хораме манах папрасіў у караля Вальдэмара дазволу ахрысціць зямлю ліваў — племя, якое плаціла палачанам даніну. Гэтая зямля ляжала там, дзе Дзвіна ўліваецца ў мора. Яе жыхары, як некалі і нашыя прашчуры, былі паганцы і маліліся старым багам у святых гаях і дубровах.

Валодша даў манаху згоду. Ён не хацеў псаваць дачыненняў з багатымі нямецкімі гарадамі, дзе гандлявалі полацкія купцы. А яшчэ ён верыў, што Майнгард — шчыры чалавек і сапраўды хоча служыць Ісусу Хрысту.

Але ў госця і ягоных гаспадароў былі іншыя намеры: Майнгард пабудаваў царкву, а потым прывёз нямецкіх майстроў і паставіў каля мора некалькі моцных замкаў. Прыкрываючыся словамі пра Бога, немцы пачалі адбіраць у ліваў і ў суседніх з імі эстаў зямлю ды іншае багацце.

На дапамогу манахам з Нямеччыны прыбывалі рыцары. Яны нашывалі ў сябе на плашчах крыжы, і таму атрымалі назву крыжакі. Кожнага году іхнія караблі падымаліся па Дзвіне ўсё вышэй. Князь Валодша зразумеў, што падпусціў да сваёй краіны небяспечнага ворага.

З берагоў Варажскага мора ў Полацак прыязджалі паслы ад ліваў і эстаў. Яны расказвалі, што крыжакі рабуюць іх і прымушаюць хадзіць разам з немцамі на вайну. Паслы прасілі дапамогі. Полацкая дзяржава распачала доўгае і цяжкае змаганне з немцамі.


Як ваявалі нашы продкі
Галоўнай вайсковай сілаю тады была конніца з князевых дружыннікаў. За дзень коннае войска праходзіла паўсотні кіламетраў, а калі ваяры ехалі з запасным канём на повадзе, дык улетку ад відна да відна маглі прайсці ўдвая болей.

На ўзбраенні ў дружыны былі дзіды, мячы, лукі, вялікія шчыты, а ў блізкім баі біліся таксама сякерамі і пђліцамі. У паходзе засылалі наперад выведнікаў. Яны мелі заданне захапіць чужога ваяра-“языка” і атрымаць ад яго звесткі пра ворага.

Старажытныя беларусы ведалі шмат вайсковых хітрасцяў. Напрыклад, яны рабілі падманныя ўцёкі з поля бітвы і заваблівалі ворагаў у засаду. Каб увесці непрыяцеля ў зман, уначы ставілі несапраўдны стан. Невялікі аддзел (атрад) раскладаў шмат вогнішчаў, гучна пераклікаючыся, сек дровы, бразгаў зброяй. Ворагі думалі, што тут спынілася на начлег велізарнае войска, а па-праўдзе яно было ўжо далёка.

На берагах рэк і на ўзгорках нашыя прадзеды будавалі “гляднѕ”. Глядзјнь — гэта назіральная вежа. Адтуль вартавы ўдзень і ўначы сачыў, ці не набліжаюцца чужынцы. Калі з’яўлялася небяспека, дазорца запальваў сігнальны агонь, які быў бачны з суседняга глядня. Там таксама падпальвалі нарыхтаваныя сухія дровы. Ланцужок такіх агнёў хутка “дабягаў” да горада, і жыхары бралі ў рукі зброю.

Калі здабыць чужы горад з ходу не ўдавалася, яго абкружалі з усіх бакоў і распачыналі аблогу. Гарадскія ўмацаванні абносілі тынам, за якім хаваліся лучнікі. Пакуль адна страла была ў палёце, лучнік паспяваў паслаць наўздагон яшчэ тры. Пад прыкрыццём стрэлаў ваяры падцягвалі бліжэй балѕсты — машыны для кідання камянёў. Адзін камень для такой машыны з цяжкасцю падымалі два чалавекі, а ляцеў ён далей, чым страла з лука.

Наблізіўшыся да брамаў і сцен, абложнікі завальвалі роў галлём і ссечанымі дрэвамі. У зробленых балістамі праломах кіпеў рукапашны бой. Ваяры лезлі па драбінах угору, а абаронцы кідалі на галовы ворагам бярвёны і каменне, лілі вар і гарачую смалу.

Так ваявалі і дружыны князя Валодшы. Яны даходзілі да мора, дзе ўзвышаліся над наваколлем змрочныя крыжацкія замкі. Валодша заўсёды быў у гушчыні бітвы, побач  са сваімі ваярамі. Аднойчы пушчаны варожаю балістай камень забіў пад князем каня.


Князь Вячка
Крыжакі часта нападалі на падуладныя Полацку паселішчы. На беразе Дзвіны, у землях балтаў, стаяў горад Куканос. Там кіраваў князь Вячка з роду Рагвалодавічаў. Ягоныя аддзелы не давалі нямецкім рыцарам спакою і не пускалі іхнія караблі ў бок Полацка.

Немцы сабралі супраць Вячкі моцнае войска. Сілы былі вельмі няроўныя, а падмога ад Валодшы падысці не паспела. Князь Вячка і дружына не здаліся. Каб не аддаць свой замак захопнікам, яны спалілі яго і адступілі ў ноўгарадскія землі.

Вячка яшчэ доўга ваяваў з немцамі. Аднаго разу ён са сваімі людзьмі прыйшоў дапамагаць эстам, якія абаранялі горад Юр’еў. Ворагі ўварваліся на вуліцы. Усе абаронцы загінулі ў рукапашнай. Склаў галаву ў баі і Вячка.

Цяпер старажытны Юр’еў завецца Тарту. Адну з ягоных прыгожых вулачак эстонцы назвалі імем адважнага беларускага князя.


Усевалад з Герсікі
Мужна змагаўся з крыжакамі яшчэ адзін князь з роду Рагвалодавічаў — Усевалад. Яму належаў горад Герсіка, што стаяў на Дзвіне паміж Полацкам і Куканосам. Усеваладавы дружыннікі часта з’яўляліся пад сценамі пабудаванай немцамі Рыгі. То яны падпаляць чужынскія караблі, то, пераапрануўшыся ў нямецкія даспехі, без бою ўвойдуць у варожы замак і возьмуць багатую здабычу.

Аднойчы на Герсіку раптоўна напала вялікае рыцарскае войска. Князь з дружынаю прабіўся да стругаў і ўратаваўся, але ўсе жанчыны і дзеці трапілі ў палон.

Два дні захопнікі рабавалі Герсіку, выганялі з хлявоў кароў і коней, зносілі на плошчу золата і срэбра. На трэці дзень, утапіўшы царкоўныя званы і пасекшы мячамі абразы, немцы падпалілі горад і пагналі палонных у Рыгу. Прывязаная да калёсаў, басанож ішла ў чужыну і Усеваладава жонка з маленькай дачкою на руках.

Каб вызваліць палонных, князь мусіў паехаць да крыжакоў і паабяцаць, што больш не будзе падымаць зброі супроць немцаў. Але ў душы ён не скарыўся і чакаў зручнага моманту, каб зноў ударыць па ненавісных захопніках.


Апошні паход
Вайна з немцамі доўжылася ўжо трыццаць гадоў. Валодша вырашыў сабраць войска з усёй сваёй дзяржавы і ісці ўніз па Дзвіне на Рыгу, каб разбіць рыцараў і даць Полацкаму княству мір.

Князь адправіў паслоў у землі балтаў і ў суседнія славянскія княствы. Ягоныя пасланцы паехалі ў Герсіку і ў Ноўгарад. Усевалад сустрэў палачанаў з радасцю, а ноўгарадцы ўспомнілі старыя крыўды і ісці ў паход адмовіліся.

Немцам удалося дазнацца пра Валодшавы планы. Пад выглядам купцоў і рамеснікаў крыжакі заслалі на беларускія землі сваіх шпегаў. Яны атрымалі заданне хоць якім спосабам сарваць паход.

У прызначаны дзень у Полацку сабраліся палкі з усёй дзяржавы. Пешыя ваяры павінны былі рухацца далей на плытах і стругах, а вершнікі — дзвінскім берагам. Па дарозе да гэтай сілы збіраліся далучыцца дружыны балтаў, эстаў і князя Усевалада.

Перад выхадам у паход Валодша памаліўся ў Сафійскім саборы. Потым ён падняўся на свой вялікакняскі карабель і павярнуўся тварам да горада.

Бераг быў чырвоны ад шчытоў. Вясновае сонца грала на шаломах у ваяроў. Дружыны стаялі пад шматколернымі сцягамі. Князь глядзеў на іх і думаў, што чужынцам ніколі не ўдасца перамагчы крывіцкую зямлю.

“Слава князю Валодшу! Слава!” — крычалі ваяры. І раптам яны ўбачылі, як іхні валадар пахіснуўся, схапіўся рукамі за карабельную слямгу і пачаў паволі асядаць на дол.

Так загадкава абарвалася жыццё полацкага князя Валодшы. Відаць, яго атруцілі падасланыя немцамі  людзі. Гэта здарылася ў 1216 годзе.

На той раз ворагі дамагліся свайго. Пазбаўленае камандзіра полацкае войска ў паход не пайшло. Але захапіць старажытную беларускую дзяржаву і паставіць яе на калені нямецкія рыцары не змаглі.


Мір Полацка з Ноўгарадам
Праз дваццаць гадоў пасля Валодшавай смерці полацкая князёўна Аляксандра стала жонкаю ноўгарадскага князя. Яго звалі Аляксандрам Яраславічам, а потым, за перамогу над шведамі на рацэ Няве, назвалі Неўскім.

Упершыню за доўгія гады палачане і ноўгарадцы біліся поплеч супраць агульнага ворага. У той бітве здабыў сабе вечную славу беларус Якаў Палачанін. Узброены адным мячом, ён адолеў некалькі дзесяткаў шведскіх рыцараў.

Дружыннікі з Полацка і Віцебска складалі трэцюю частку войска Аляксандра Неўскага ў бітве з нямецкімі захопнікамі на Чудскім возеры. Тую бітву назвалі Лядовым пабоішчам.

Вяртаючыся дадому пасля перамогі, беларускія ваяры часта ўспаміналі каля вечаровых вогнішчаў князя Валодшу. Яны верылі, што той бачыў усё з захмарных высяў і радуецца цяпер разам з імі.


Пытанні і заданні
1. Навошта прыязджаў у Полацак нямецкі манах Майнгард?

2. Хто такія крыжакі? Чаму Полацкая дзяржава пачала з імі вайну?

3. Раскажы, як ваявалі нашыя продкі?

4. Што ты ведаеш пра князёў Вячку і Усевалада?

5. Чаму не адбыўся задуманы князем Валодшам паход на Рыгу?

6. Хто дапамог ноўгарадцам перамагчы шведаў і немцаў? Чаму мы памятаем пра Якава Палачаніна?

Вялікае Княства Літоўскае


Уявіце, што калісьці ўсіх беларусаў звалі ліцвінамі, або літоўцамі. Гэта было ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Прычым не толькі суседнія народы менавалі нас ліцвінамі, а Беларусь — Літвою. I дома, і трапляючы за мяжу, жыхары Вялікага Княства Літоўскага таксама з гонарам казалі пра сябе: “Мы — ліцвіны”.

Шмат хто з беларусаў лічыў сябе ліцвінам і значна пазней, калі Вялікага Княства ўжо не існавала. Літвой называў сваю родную Наваградчыну выдатны паэт Адам Міцкевіч. 

Мужны камандзір беларускіх паўстанцаў Кастусь Каліноўскі таксама зваў радзіму Літвой. Ліцвінамі лічылі сябе яшчэ адзін паўстанцкі правадыр Тадэвуш Касцюшка, беларускі пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ды іншыя нашы славутыя землякі, пра якіх вы даведаецеся з гэтай кнігі пазней. Але раскажам пра ўсё па парадку. 


Новая дзяржава
Як мы ўжо ведаем, з часоў князя Валодшы на палачанаў і суседніх балтаў з захаду нападалі нямецкія рыцары. Яны хацелі авалодаць нашай зямлёй, а яе жыхароў анямечыць, гэта значыць, прымусіць забыць сваю мову і ператварыць у немцаў.

Небяспечны вораг з’явіўся і з другога боку, з усходу. Адтуль насоўваліся мангола-татарскія орды. Татары захапілі Кіеў і шмат якія іншыя ўкраінскія і расейскія гарады.

Разрозненыя беларускія княствы апынуліся паміж двух агнёў. Каб выстаяць у змаганні з чужынцамі, яны пачалі аб’ядноўвацца ў адзіную дзяржаву. Да іх далучаліся і некаторыя балцкія плямёны. Гэтая новая дзяржава называлася Вялікае Княства Літоўскае. Гаворачы пра яе, трэба памятаць, што зямля, якая ў летапісах завецца Літвой, ляжала не там, дзе жывуць сучасныя літоўцы (летувісы), а ў тых мясцінах, дзе пачынаецца рака Нёман, іначай кажучы — на абшары цяперашняй Беларусі.

Першай сталіцаю нашай новай дзяржавы стаў горад Наваградак. Там валадарыў князь Міндоўг. У 1253 годзе ён атрымаў  каралеўскую карону. Міндоўг рабіў паспяховыя паходы на нямецкіх рыцараў і адбіваў татарскія напады. У Наваградку дасюль захаваўся курган, дзе, паводле падання, пахаваны гэты князь. Далёка відаць і руіны ягонага магутнага замка, які няраз неадольна паўставаў на шляху ворага.

Беларусы здолелі абараніцца ад захопнікаў, а вось расейскія землі змагаліся з чужынцамі паасобку і на 250 гадоў трапілі ў мангола-татарскую няволю. Гэта было вялікай бядою суседняга народа. Урэшце расейцы вызваліліся, але атрымалі ад захопнікаў цяжкую спадчыну. Прыгнятальнікі пакінулі маскоўскім князям і царам жорсткія парадкі і прагу авалодаць усім светам. У нашай краіне жыццё ішло зусім іначай.


Гедзімін і Альгерд
Валадароў нашай старажытнай дзяржавы называлі вялікімі князямі або гаспадарамі.

Значна ўмацаваў сваю краіну вялікі князь Гедзімін. Ягоную ўладу прызналі Полацкая, Берасцейская, Тураўская, Віцебская, Менская ды іншыя беларускія землі. Але некаторыя з іх, асабліва Полацкае княства, яшчэ доўга мелі сваіх князёў і трымаліся старадаўніх законаў.

Гаспадар перанёс сталіцу з Наваградка ў Вільню. Там, на высокай гары, ён загадаў пабудаваць мураваны замак. Для ворагаў штурмаваць гэты замак найцяжэй было ўзімку, калі гару палівалі зверху вадою і ўся яна рабілася ледзяная.

Гедзімін мусіў увесь час ваяваць з крыжакамі. Гэта было нялёгка, бо ў немцаў ужо з’явілася агняпальная зброя. Аднойчы, калі Гедзімінава войска ўзяло ў аблогу нямецкую фартэцу, варожая куля прабіла вялікаму князю панцыр, і ён загінуў.

Ягоны сын Альгерд працягваў бацькаву справу. Ён адбіў шэсць вялікіх крыжацкіх нападаў і ўдвая пашырыў межы Княства.

Каля рэчкі Сінія Воды, што ўпадае ў Паўднёвы Буг, дружыны гэтага князя перамаглі злучаныя сілы трох татарскіх ордаў і вызвалілі ад прыгнёту Украіну. Пасля гэтага ўкраінскія землі пакінулі плаціць даніну чужынцам і таксама далучыліся да Вялікага Княства Літоўскага.

Пры Альгердзе нашым продкам упершыню давялося ваяваць з Маскоўскім княствам, якое хацела захапіць Смаленск. Альгерд зрабіў тры паходы на Маскву. Ён даходзіў да самых сценаў гэтага горада і з багатай здабычай вяртаўся дахаты.

Аднойчы Альгердава войска зноў заняло Маскву. Маскоўскі князь Дзмітрый схаваўся за моцнымі мурамі крамля. Але ён быў так напалоханы, што неўзабаве выехаў насустрач нашаму войску з багатымі падарункамі і папрасіў не штурмаваць крэмль. Князь Альгерд згадзіўся ўзяць золата, срэбра, сабаліныя футры ды іншую даніну. На знак сваёй перамогі ён сеў на каня, пад’ехаў да крамля і дакрануўся да яго дзідаю. “Памятай, што дзіда літоўская стаяла пад Масквою”, — сказаў ён на развітанне панураму Дзмітрыю.

Альгерд кіраваў краінаю трыццаць гадоў і паказаў сябе выдатным ваяводам і дальнабачным палітыкам. Ён удала змагаўся за сваю дзяржаву не толькі на вайне, але і на мірных перамовах з суседнімі валадарамі. Рыцар, які прыязджаў у Вільню ў складзе нямецкага пасольства, пісаў пра гаспадара Вялікага Княства так: “У князя велічны пагляд, вочы блакітныя, валасы светла-русыя, росту ён вышэйшага за сярэдні, размаўляе гучным голасам і добра ездзіць на кані”. З летапісаў вядома, што Альгерд быў непераборлівы ў ежы і ніколі не піў віна — адну ваду.

Альгерд цудоўна ведаў нямецкую мову, аднак з крыжацкімі пасламі заўсёды размаўляў праз перакладчыка па-беларуску.

Беларуская мова за Альгердам зрабілася дзяржаўнаю моваю Вялікага Княства. Гэта азначае, што на ёй пісалі законы і княскія загады, яе павінны былі ведаць усе, каго бралі на дзяржаўную службу, незалежна ад таго, якой яны нацыянальнасці.


Князь Андрэй Полацкі
Альгерд меў дванаццаць сыноў. Найстарэйшы з іх, Андрэй, княжыў у Полацку. Пасля бацькавай смерці ён разлічваў атрымаць вялікакняскую карону, аднак гаспадаром Вялікага Княства стаў іншы Альгердаў сын — Ягайла.

Андрэй з дружынаю мусіў пакінуць Полацак. Княжыць туды з Вільні паслалі Скіргайлу. Палачане, як і ўвогуле большасць беларусаў, былі тады праваслаўнымі хрысціянамі. Прыязджаючы кіраваць у крывіцкую сталіцу, князі абавязкова мянялі сваю веру на праваслаўе. Ганарысты Скіргайла вырашыў адступіць ад звычаю і застацца паганцам. Скончылася гэта для яго вельмі сумна.

Угневаныя палачане прывязалі князя задам наперад да старой кабылы-шаўлюжкі і пад свіст і агатуканне пагналі яе да гарадской брамы. На прыдзвінскай зямлі яшчэ і цяпер можна пачуць прымаўку: “Паехаў, як Скіргайла з Полацка”. Так кажуць пра чалавека, які бясслаўна скончыў нейкую справу.

Тым часам Андрэй Полацкі дапамагаў маскоўскаму князю Дзмітрыю ў барацьбе з татарамі. Вы, магчыма, ужо чулі пра Кулікоўскую бітву, дзе расейскія дружыны перамаглі хана Мамая. Правым крылом маскоўскага войска ў той лютай сечы камандаваў Андрэй Полацкі, які прывёў з сабою дзве тысячы полацкіх ратнікаў.

На шостай гадзіне бітвы частка расейцаў не вытрымала і паказала татарам спіну. Хан   ужо з задавальненнем паціраў рукі, аднак правае крыло разам з палачанамі стаяла насмерць і не адступіла. А потым у бітву ўступіў засадны полк, і татары пабеглі.

Сваё доўгае і бурнае жыццё Андрэй Альгердавіч скончыў у баі. Гэта здарылася пад час сечы з татарамі на рацэ Ворскле. Князю ішоў тады 75-ты год.


Як жыла наша краіна
Наша дзяржава была адной з найбуйнейшых краінаў у Еўропе. Тут хутка раслі старыя гарады і будаваліся новыя. Найбольшымі былі Вільня, Полацак, Смаленск, Віцебск, Магілеў, Менск, Пінск, Слуцак, Горадня, Кіеў. Усё новыя і больш складаныя рамёствы асвойвалі беларускія рамеснікі. Купцы вялі выгадны гандаль  шмат з якімі краінамі.

Большасць жыхароў Княства была сялянамі, якія працавалі на зямлі. Але зямля звычайна належала не ім, а вялікаму князю і знатным родам. Самыя вяльможныя і багатыя з іх называліся магнатамі, а астатнія — проста шляхтаю, шляхцічамі.

З магнатаў складалася Рада, з дапамогаю якой гаспадар кіраваў дзяржаваю. Для абмеркавання найбольш важных пытанняў склікалі Сойм. Гэта быў своеасаблівы з’езд дэпутатаў. Усе яны былі шляхцічамі, і выбіраць іх магла толькі шляхта. Гараджане

і сяляне такога права не мелі.

У нашай дзяржаве мірна жылі людзі рознай веры і нацыянальнасці. На гарадскіх пляцах побач маглі стаяць праваслаўная царква, каталіцкі касцёл, сінагога, дзе маліліся габраі, а часам і мячэць, куды хадзілі мусульмане. Мячэці будавалі для сябе беларускія татары — нашчадкі палонных і тыя, што самі захацелі служыць вялікаму князю і пасяліліся на нашай зямлі.

У суседняй Маскоўшчыне такой згоды паміж людзьмі ніколі не было. Чалавека іншай веры там лічылі злачынцам. Яго маглі забіць, спаліць на вогнішчы або прымусіць уцячы з родных мясцінаў. Нават на адзінаверцаў — праваслаўных з іншых краінаў — маскоўцы глядзелі падазрона.

У Вялікім Княстве Літоўскім дзейнічалі значна больш мудрыя і справядлівыя законы. Яны дазвалялі нашым продкам вандраваць па іншых краінах і вучыцца ў замежных універсітэтах. Тысячы юнакоў-ліцвінаў здабывалі веды ў Чэхіі, Польшчы, Нямеччыне,  Італіі, Францыі,  Швейцарыі. Атрымаўшы адукацыю, яны вярталіся на Бацькаўшчыну, каб служыць свайму народу.


Беларускія гербы
Цяпер Беларусь падзяляецца на вобласці, а тады нашая дзяржава дзялілася на ваяводствы. Кожнае ваяводства і ягоныя гарады мелі свае гербы. Герб — гэта знак, які змяшчаюць на сцягах і  пячатках. Разглядаць такія знакі надзіва цікава.

На гербе Менска мы ўбачым маці Ісуса Хрыста — Багародзіцу. Старажытныя менчукі спадзяваліся на яе дапамогу і абарону. На полацкім гербе плыве трохмачтавы карабель пад белымі ветразямі. Гэта сведчыць, што Полацак быў буйным гандлёвым горадам, куды прыязджала па Дзвіне шмат купцоў. Караблі мы бачым і на гербах прыдзвінскіх Дзісны і Друі. Купцы ўзважвалі свае тавары на вагах. Так вагі трапілі на гербы Ашмянаў, Наваградка і Шклова.

Гарады, што стаялі на мяжы краіны, часта мусілі бараніцца ад ворагаў, таму на іхніх гербах можна сустрэць зброю. У Берасця і Пінска гэта, напрыклад, нацягнутыя лукі, у Амсціслава — рука з мячом, а ў Быхава — дзве скрыжаваныя чыгунныя гарматы. Абарончыя вежы паказаныя на гербах Барысава, Камянца і Магілева.

Нярэдка на гербах намаляваныя розныя звяры і птушкі. Знакам старажытнай Горадні стаў алень з залатым крыжам паміж рагамі. На гербе Копыся сядзіць чорны заяц, на гербе Мазыра — арол, а жыхары Ваўкавыска зрабілі сваім знакам ваўчыную галаву. На гербах Ліды, Гарадка, Слуцка і іншых гарадоў вы таксама ўбачыце выявы рэальных і фантастычных жывёл і птушак — ільвоў, крылатых коней, ласёў, арлоў...

Гербы лічыліся сведчаннем незалежнасці. Свой герб, зразумела, быў і ва ўсёй нашай дзяржавы.

Пра яго пойдзе гаворка ў наступным аповядзе.


Пытанні і заданні
1. Чаму разрозненыя беларускія землі пачалі аб’ядноўвацца ў адзіную дзяржаву?

2. Як называлася новая беларуская дзяржава? Які горад быў яе першай сталіцай?

3. Раскажы пра вялікага князя Гедзіміна.

4. Чаму мы лічым князя Альгерда нашым выдатным ваяводам і мудрым палітыкам?

5. Раскажы пра паходы гэтага князя на Маскву.

6. Якія ўспаміны пакінуў пра Альгерда нямецкі пасол?

7.  Якая мова ў Вялікім Княстве Літоўскім была дзяржаўнай? Што гэта значыць?

8. Як узнікла прымаўка “Паехаў, як Скіргайла з Полацка”?

9. Што ты даведаўся пра князя Андрэя Полацкага?

10. Раскажы, як жыла наша тагачасная дзяржава.

11. Што такое герб? Што малявалі на гербах нашыя продкі? 

12. Ці ведаеш ты, які герб у твайго горада? Намалюй гэты герб каляровымі алоўкамі або фарбамі. 

13. Знайдзі са сваім старэйшым сябрам малюнкі беларускіх гербаў. Перамалюй тыя, якія табе найбольш падабаюцца.

14. Калі ты жывеш не ў горадзе, паспрабуй сам прыдумаць для сваёй роднай вёскі ці пасёлка герб.

Нашы герб і сцяг


Куды імчыць «Пагоня»
Вы, пэўна ж, ведаеце, які старажытны герб мае наша краіна?

Правільна, гэта конны рыцар з узнятым над галавою мечам.

А ці вядома вам, што такіх старажытных гербаў, як наш, на свеце не вельмі шмат. Мы, беларусы, ганарымся тым, што нашаму гербу болей за семсот гадоў. Ён узнік неўзабаве пасля таго, як утварылася Вялікае Княства Літоўскае.

Наш герб называецца «Пагоня». Адкуль такая назва? А вось слухайце.

Багатая беларуская зямля з яе гарадамі і вёскамі, з рыбнымі рэкамі і поўнымі зверыны лясамі здаўна прыцягвала прагныя позіркі чужынцаў. Яны хацелі захапіць Беларусь і часта нападалі на яе. 150 разоў урываліся сюды немцы-крыжакі. Каля сотні набегаў зрабілі татарскіяаддзелы. Шмат гора прынеслі нашай Бацькаўшчыне войскі расейскіх цароў, якія лютавалі часам страшней за татараў.

Каб абараніцца і выжыць, беларусы заўсёды былі напагатове. Яшчэ з часоў славутага Усяслава Чарадзея існаваў такі звычай: пасля нападу на паселішча ўсе мужчыны, што маглі трымаць зброю, пешкі ці конна даганялі ворага, каб вызваліць палонных і  паквітацца за забітых.

Гэты народны звычай называўся пагоняй. У Вялікім Княстве Літоўскім ён стаў законам.

У тыя далёкія часы мастакі і пачалі маляваць «Пагоню» — узброенага рыцара на белым кані, што імчыць на бітву за родную зямлю.

Сем з лішнім стагоддзяў таму апісанне «Пагоні» з’явілася ў летапісах. “Чалавек дарослы на кані з мечам, які можа абараніць Бацькаўшчыну сваю”,— старанна выводзіў летапісец, гледзячы на старадаўні малюнак.

У левай руцэ вершнік трымаў шчыт. Трохі пазней на шчыце з’явіўся шасціканцовы крыж. Ён быў падобны да крыжа, што некалі зрабіў для асветніцы Еўфрасінні полацкі майстар Лазар Богша. Крыж гэты беларусы надта шанавалі, а таму ў жорсткай сечы ён дадаваў мужнасці слабейшаму, а моцнага ваяра рабіў яшчэ мацнейшым.

Згодна з законамі дзяржавы, «Пагоню» выразалі на пячатках, што цяпер па ўсёй Беларусі знаходзяць археолагі. Герб упрыгожваў гарадскія брамы і вежы, а таксама сцягі ваяводстваў, на якія дзялілася Вялікае Княства Літоўскае, як цяпер нашая краіна дзеліцца на вобласці.

«Пагоня» была і на гербах некаторых беларускіх гарадоў.


Пра што гавораць колеры
Дзяржаўныя гербы заўсёды каляровыя, прычым кожны колер абавязкова нешта значыць.

Герб старажытнай беларускай дзяржавы выглядаў як чырвоны ці, дакладней, пурпуровы шчыт з белай або срэбнай выяваю рыцара. Шасціканцовы крыж на рыцарскім шчыце быў залатога колеру.

Цяпер паглядзім, што зашыфраванае ў гэтых колерах, пра што яны нам гавораць.

Чырвоны колер нашыя прадзеды лічылі самым высакародным. Ён азначаў агонь, мужнасць, смеласць у бітве. Белы ці срэбны — гэта чысціня, дабро, свабода і незалежнасць. Золата крыжа казала пра жыццё, святло, надзею.

Трэба дадаць, што белы і чырвоны колеры беларусы асабліва любяць. Гэта відаць і ва ўзорах нашых дзівосных ручнікоў, і ў даўнейшым народным адзенні, якое, магчыма, яшчэ насілі вашы дзядулі і бабулі.

У беларускіх казках асілкі едуць бараніць свой народ ад злыдняў абавязкова на белым кані, што пасецца на запаведных лугах.

А цяпер паслухайце, як прыгожа пісаў пра «Пагоню» адзін стары беларускі часопіс: “Белы конь — гэта вобраз сілы, красы і здатнасці, адраджэння і ўваскрэсення да новага жыцця. Ваяка на белым кані азначае перамогу. Белы колер вельмі пашыраны на Беларусі, згэтуль, магчыма, паходзіць і яе назва — белая, чыстая, вольная, як святло сонца”.

Як нарадзіўся беларускі сцяг

Спачатку сцяг Вялікага Княства Літоўскага быў чырвоны з вышытымі на ім «Пагоняй» і Багародзіцаю з яе маленькім сынам Ісусам. Іншыя еўрапейскія краіны тады таксама мелі сцягі з рознымі складанымі выявамі. Але прыкладна пяцьсот гадоў таму сталі з’яўляцца сцягі больш простыя і зручныя. Найчасцей яны ўтвараліся так.

Гербавы малюнак змяшчалі на шчыце. Дык вось колер малюнка рабіўся галоўным колерам сцяга, а колер шчыта — дадатковым. Рыцар «Пагоні», як мы ведаем, быў белы, а шчыт, на якім ён намаляваны, — чырвоны.

Так і ўтварыўся беларускі бел-чырвона-белы сцяг. Ягоныя колеры расшыфроўваюцца гэтаксама, як і колеры герба.

Даўней бел-чырвона-белыя сцяжкі развяваліся на дзідах у ваяроў, якія баранілі незалежнасць нашай краіны.

Калі вы пойдзеце з бацькамі ў царкву, дык убачыце бел-чырвона-белыя стужкі на адзенні ў святароў. Тут белы колер азначае чыстую душу чалавека, а чырвоны кажа пра пакуты і смерць Ісуса Хрыста, які сваёй крывёю пасеяў у людскіх душах слова праўды.


Два стагоддзі забароны
Дзвесце гадоў, з таго часу, як Беларусь захапілі расейскія цары, а потым бальшавікі, «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг былі пад забаронаю.

Захопнікі хацелі, каб мы забылі нашую слаўную гісторыю. Людзей, якія не ведаюць свайго мінулага, лягчэй прыгнятаць і рабаваць. Іх можна прымусіць забыць родную мову. Можна лёгка навучыць шанаваць не сваіх, а чужых герояў.

Быў час, калі за малюнак «Пагоні» бальшавікі маглі на ўсё жыццё кінуць чалавека ў турму або за калючы лагерны дрот.

Але і ў часы прыгнёту беларусы бераглі памяць пра свае сапраўдныя сцяг і герб. Мастакі малявалі нашую святую «Пагоню» на карцінах, паэты пісалі пра яе вершы і паэмы. Смелыя людзі захоўвалі бел-чырвона-белыя сцягі.

У 1991 годзе Беларусь абвясціла ўсяму свету, што яна вярнула сабе незалежнасць.

«Пагоня» і старажытны сцяг зноў зрабіліся дзяржаўнымі адзнакамі. Па іх нашую краіну адрознівалі ад іншых.

Бел-чырвона-белыя сцягі вольна залуналі над Домам урада ў Менску, над кожным беларускім горадам. Нашыя сцягі ўпрыгожвалі вуліцы ў час святаў. Пад імі адбываліся вайсковыя парады. Іх узнімалі ў пасольствах Беларусі за мяжой, на міжнародных спартыўных спаборніцтвах.

Даведаўшыся гісторыю нашага старажытнага сцяга, наступны раз пагаворым пра атрыманыя пад ім выдатныя перамогі.


Пытанні і заданні
1. Колькі гадоў нашаму старажытнаму гербу?

2. Чаму наш герб называюць «Пагоняй»?

3. Пра што гавораць нам колеры «Пагоні»?

4. Як утварыўся беларускі нацыянальны сцяг?

5. Што азначаюць бел-чырвона-белыя стужкі на адзенні ў святароў?

6. Чаму «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг два стагоддзі былі пад забаронаю?

7. Калі яны зноў сталі дзяржаўнымі?

8. Намалюй нашыя старажытныя сцяг і герб.

Вітаўт Вялікі і бітва пад Грунвальдам


Гром вайны
Самым магутным сярод уладароў старажытнай Беларускай дзяржавы быў вялікі князь Вітаўт. Ён пражыў доўгае жыццё, поўнае прыгодаў і небяспекі.

Калі Вітаўт быў яшчэ малады, ворагі запрасілі яго разам з бацькам на мірныя перамовы. Прыехалі яны без войска і без зброі. Вітаўта і ягонага бацьку схапілі, закавалі ў кайданы і пасадзілі ў турму ў моцным Крэўскім замку. Галоўны непрыяцель Вітаўта князь Ягайла падаслаў у замак нанятых забойцаў. Яны задушылі Вітаўтавага бацьку Кейстута, а ягоную верную жонку ўтапілі ў замкавым рове.

Трэба было ратавацца. Аднойчы ў турму да Вітаўта прыйшла жонка са служанкаю. Вартавыя прапусцілі дзвюх жанчын туды і дзвюх назад. Яны не ведалі, што ў адзенні служанкі з турмы выйшаў сам Вітаўт.

У зацятай барацьбе з Ягайлам Вітаўт урэшце перамог і, стаўшы вялікім князем, узяўся ўмацоўваць сваю дзяржаву. Ён далучыў да яе старажытны беларускі горад Смаленск. Тры разы Вітаўт вадзіў войска на Маскву. У тыя часы мяжа паміж нашай краінаю — Вялікім Княствам Літоўскім і Масковіяй праходзіла далёка на ўсходзе — усяго за сто вёрстаў ад Масквы.

Падданыя і іншаземцы з павагаю і страхам называлі Вітаўта Громам вайны. Князь быў мужны ваяр і добры палітык. Любіў падарожнічаць па сваёй краіне. За тры дні ён, начуючы каля лясных вогнішчаў, мог на кані прыехаць з Вільні ў Полацак.

Усе галоўныя пасады ў дзяржаве за Вітаўтам займалі беларусы. Яны кіравалі нават у тых землях, дзе жылі продкі цяперашніх летувісаў. Вы памятаеце, што дзяржаўнай моваю ў Вялікім Княстве Літоўскім была беларуская. На ёй пісаліся княскія загады, законы ды іншыя дзяржаўныя дакументы. Нямецкі пасол, які прыязджаў у сталіцу княства — Вільню, запісаў у сваім дзённіку, што Вітаўт і ўсе прыдворныя гаварылі па-беларуску.


Пад сцягам з «Пагоняй»
Найбольш небяспечным ворагам нашай радзімы быў тады Тэўтонскі ордэн. Так называлася дзяржава, створаная нямецкімі рыцарамі-крыжакамі. Гісторыкі палічылі: крыжакі нападалі на Беларусь 150 разоў. Яны разлічвалі вынішчыць нашых людзей або анямечыць — гэта значыць прымусіць забыць сваю мову ды звычаі і зрабіцца немцамі.

Вітаўт вырашыў перамагчы Тэўтонскі ордэн. Дзеля гэтага ён дамовіўся з польскім каралём Ягайлам злучыць свае сілы супраць агульнай небяспекі. Дзве дзяржавы рыхтаваліся да вялікай вайны. Кавалѕ кавђлі зброю. Рыцары ўдасканальвалі сваё ваярскае майстэрства. У Белавежскай пушчы князеўскія паляўнічыя нарыхтоўвалі харчовыя прыпасы.

Аб’яднаныя сілы Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства сустрэліся з крыжацкім войскам каля вёскі Грунвальд, што перакладаецца з нямецкай мовы як Зялёны Гай.

Вітаўт прывёў на бітву сорак палкоў.

Трыццаць з іх прыйшлі пад баявымі сцягамі з «Пагоняй». Тут былі палкі з Полацка, Вільні, Віцебска, Амсціслава, Горадні, Наваградка, Пінска, Берасця ды іншых беларускіх гарадоў. Кожны полк складаўся з коп’яў. Кап’ём называлася баявая тройца: рыцар, ягоны збраяносец і лучнік.

З двух бакоў на грунвальдскіх пагорках сышлося болей за 200 тысяч ваяроў. Гэта была адна з найбуйнейшых бітваў у гісторыі.


...і закіпела сеча
Сеча пачалася раніцою 15 ліпеня 1410 года. Першай пайшла ў атаку лёгкая конніца Вітаўта. Супраць яе біліся закаваныя з галавы да ног у браню конныя рыцары-тэўтонцы. Пасля гадзіны бою лёгкія аддзелы Вітаўта сталі адыходзіць, завабліваючы немцаў у пагоню.

Асабліва гарачы бой кіпеў там, дзе стаялі смаленскі, амсціслаўскі і аршанскі палкі. Большасць іхніх ваяроў у той дзень загінула, але стрымала шалёны націск крыжакоў і заслужыла неўміручую славу.

Вялікую мужнасць паказалі на Грунвальдскім полі палачане і віленцы. Прыкрываючы адыход таварышаў, кожны з іх біўся супроць пяці тэўтонскіх рыцараў і амаль не меў надзеі ўратавацца. Стаялі насмерць і польскія палкі. Адважна біліся на баку Вітаўта і Ягайлы таксама ўкраінскія, татарскія, чэшскія і малдаўскія дружыны.

Сонца ўжо хілілася да захаду, поле было скрозь заваленае забітымі людзьмі і конямі, а бітва не сціхала. У пыльным паветры тонка спявалі сваю смяротную песню стрэлы. Звінелі, высякаючы іскры, мячы, чуліся перадсмяротныя крыкі і малітвы. У слядах ад конскіх капытоў застывала цёмная кроў.

Немцы яшчэ ніяк не маглі даць веры, што іхняе войска, якое ўранні лічылася непераможным, разбітае.


Разгром тэўтонскіх рыцараў
Кароль Ягайла кінуў у бой свежыя палкі, а Вітаўтава конніца вярнулася на поле бітвы і з новай сілаю абрынулася на разгубленага ворага. Крыжакоў удалося абкружыць.

Жалезныя абцугі аб’яднанага войска сціскаліся ўсё мацней. Нашы ваяры помсцілі за забітых бацькоў і братоў, за забраных крыжакамі ў вечны палон сёстраў і мацярок. Ад магутных удараў мячоў, ад сталёвых дзюбаў стрэл, ад татарскіх арканаў не маглі ўратаваць немцаў ніякія панцыры.

Адзін з Вітаўтавых вояў прабіўся да галоўнага тэўтонскага ваяводы — вялікага магістра Ульрыха і ўсадзіў яму ў горла вострую рагаціну. Убачыўшы смерць свайго правадыра, немцы пачалі адступаць.

А сёмай гадзіне вечара разгром крыжацкага войска быў скончаны. У летапісах гаворыцца пра 40 тысяч забітых і 15 тысяч палонных ворагаў. Былі захопленыя сотні тэўтонскіх сцягоў. Разам з адрэзанымі ў рыцараў бародамі пераможцы вывешвалі іх потым на вежах Вільні і Кракава.

Запомніце: бітва пад Грунвальдам — адна з найважнейшых падзеяў беларускай гісторыі. Перамога выратавала наш народ ад вынішчэння і спыніла нямецкія напады.

Памяць пра Грунвальдскую сечу захоўваецца не толькі ў летапісах і кнігах. На лясной і азёрнай віцебскай зямлі недалёка ад беларускага горада Паставы ёсць вёсачка Грунвальд. Паданне кажа, што яе заснаваў нехта з паплечнікаў князя Вітаўта, што вярнуўся з перамогаю на радзіму.


Украдзеная карона
Пад канец жыцця Вітаўт намерыўся зрабіцца каралём. Пакуль паслы везлі яму з Рыма карону, князь сабраў гасцей з усёй дзяржавы. Кожны дзень яны балявалі і весяліліся.

Летапісцы сцвярджаюць, што запрошаныя жылі ў Вітаўта сем тыдняў. Кожны дзень яны выпівалі па пяцьсот бочак хмельнага мёду і з’ядалі па пяцьсот кароў, па пяцьсот бараноў, па пяцьсот дзікоў, а таксама па сто зуброў і па сто ласёў.

Аднак гэтае вясёлае чаканне скончылася даволі сумна.

Польскае Каралеўства пабойвалася моцнага суседа і не хацела, каб Вітаўт стаў каралём.

Палякі схапілі рымскіх паслоў, адабралі ў іх карону, рассеклі яе напалам і схавалі ў адным са сваіх касцёлаў.

Нягледзячы на гэтую няўдачу, вялікі князь Вітаўт пакінуў пасля сябе велізарную краіну, што раскінулася ад Балтыйскага да Чорнага мора. Гэта была адна з найбуйнейшых краінаў у тагачаснай Еўропе і ва ўсім свеце. Пасля перамогі пад Грунвальдам дзяржава нашых продкаў — Вялікае Княства Літоўскае — набыло вялікую павагу ў сваіх блізкіх і далёкіх суседзяў.


Пытанні і заданні
1. Як звалі самага магутнага з уладароў старажытнай Беларускай дзяржавы?

2. Што вы даведаліся пра гэтага славутага князя?

3. Чаму Вітаўт вырашыў пачаць вайну з Тэўтонскім ордэнам?

4. Калі адбылася Грунвальдская бітва? Раскажы, як яна праходзіла і чым скончылася.

5. Чаму мы называем бітву пад Грунвальдам адной з найважнейшых падзеяў беларускай гісторыі?

6. Хто і чаму ўкраў Вітаўтаву карону?

Францішак Скарына


Дзіцячыя гады
Будучы славуты сын нашага народа нарадзіўся пяцьсот гадоў таму ў старажытным Полацку.

Некалькі стагоддзяў Полацак быў самым буйным і багатым горадам у Вялікім Княстве Літоўскім. Тут жыло шмат майстроў і купцоў, якія гандлявалі таварам у блізкіх і далёкіх краінах. Бацька малога Францішка таксама быў купцом. Яго звалі Лукаш.

Дом Скарынаў стаяў недалёка ад Сафійскага сабора, пабудаванага князем Усяславам Чарадзеем. Зусім побач рэчка Палата злівалася з Дзвіною. Як і ўсе полацкія хлапчукі, Францішак часта прыходзіў на бераг з вудамі, а ў летнюю спёку любіў даць нырца ў чыстую рачную ваду.

У горадзе было багата манастыроў і цэркваў, пры якіх існавалі школы. У адной з іх Францішак навучыўся чытаць і пісаць, даведаўся пра слаўнае мінулае Беларусі. Ён ганарыўся родным горадам і выдатнымі людзьмі, што жылі тут у розныя часіны. Настаўнікі былі вельмі задаволеныя сваім здольным вучнем.

Францішак падрастаў і пачынаў задумвацца пра далейшае жыццё. Ён часта ўспамінаў асветніцу Еўфрасінню. Хлопчык ужо разумеў, што магутнасць роднай зямлі залежыць не толькі ад князёў і іхняга войска, але і ад асветы яе жыхароў. Чым больш будзе людзей адукаваных, тым мацнейшая стане дзяржава.


Кракаўскі універсітэт
Сын Лукаша Скарыны хацеў вучыцца далей. Ад бацькі і ад настаўнікаў ён ведаў, што на захадзе, у буйных еўрапейскіх гарадах, ёсць найвышэйшыя школы, якія называюцца універсітэтамі. Але прымаюць туды адно тых, хто валодае лацінскаю мовай. Гэтую мову тады трэба было ведаць кожнаму адукаванаму чалавеку. На ёй ішлі заняткі ва універсітэтах, на ёй гаварылі і пісалі свае кнігі вучоныя.

Францішак пачаў вучыць лацінскую мову ў полацкіх манахаў-бернардзінцаў. Ён ужо цвёрда наважыўся паступаць у Кракаўскі універсітэт.

Таленавіты юнак без цяжкасцяў стаў студэнтам. Ён, вядома, сумаваў па радзіме, але ў Кракаве вучылася шмат моладзі з Беларусі. Універсітэцкія дакументы расказваюць, што адначасова са Скарынам там займаліся Ян і Паўла з Горадні, Станіслаў з Клецка, Вінцэсь са Слуцка, Мікола з Ашмяны, Марка з Нямігі. З землякамі заўсёды можна было пагаварыць па-беларуску, памарыць пра тое, як яны вернуцца з Польшчы дадому і будуць дзяліцца з суайчыннікамі сваімі ведамі.

Францішак вывучаў арыфметыку, геаграфію, музыку. На лекцыях астраноміі студэнты спасцігалі таямніцы зорнага неба, а на занятках рыторыкі вучыліся майстэрству прыгожа гаварыць. Гэтыя навукі тады зваліся вольнымі мастацтвамі. Лекцыі студэнтам чыталі славутыя прафесары, а ва універсітэцкай бібліятэцы было шмат кніг знакамітых вучоных.

Студэнты жылі ўсе разам у інтэрнаце, які называўся бљрсай. Яны сябравалі паміж сабою, заўсёды дзяліліся і кнігамі, і ежай. Жыццё было небагатае, але вясёлае. Праўда, знаходзіліся ў бурсе і такія, што сачылі за таварышамі і бегалі даносіць на іх універсітэцкаму начальству. Яны дакладвалі, што нехта не пагаджаецца з прафесарам, а нехта парушае правіла і на занятках гаворыць з сябрамі не па-лацінску, а па-свойму. Даносчыкаў называлі люпусамі — ад лацінскага слова “люпус”, што значыць “воўк”.

Люпусаў, зразумела, не любілі і часам каралі. Аднаго з іх, напрыклад, пасадзілі ўначы ў мех і прысудзілі ўтапіць у рацэ. Гэта быў толькі жарт, і даносчыка кінулі ў звычайную лужыну. Але ён так напалохаўся, што, выбраўшыся з меха, падумаў, нібыта ўжо трапіў на той свет.


Падарожжа ў Падую
Пасля вольных мастацтваў Скарына вывучаў у Кракаве медычныя навукі. У тым часе адукаваных лекараў было яшчэ вельмі мала. Калі пачыналася чума, халера ці іншая пошасць, паміралі дзесяткі тысяч людзей.

Францішак хацеў лячыць чалавечыя душы мудрым кніжным словам, а чалавечыя целы — надзейнымі і добрымі лекамі. Ён вырашыў паехаць у італьянскі горад Падую. Там знаходзіўся універсітэт, вядомы сваімі вучонымі-медыкамі.

Увосень далёкага 1512 года ў адным з падуанскіх сабораў сабраліся самыя знакамітыя дактары медыцыны. Старшыня сходу паведаміў, што ў горад прыбыў надзвычай вучоны малады чалавек, які просіць дазволу здаць экзамен па медыцыне.

У Італіі амаль нічога не ведалі пра Беларусь. Яе лічылі нейкай амаль казачнай краінаю. У некаторых тагачасных кніжках цалкам сур’ёзна сцвярджалася, што па вуліцах беларускіх гарадоў гуляюць белыя мядзведзі, а людзі там маюць па адным воку пасярод ілба.

Як ні дзіўна, вачэй у сына купца Лукаша з Полацка было двое, а па-лацінску ён гаварыў не горш за прафесараў Падуанскага універсітэта.

Слугі прынеслі ў залу дзве вазы — чырвоную і зялёную, а таксама шары гэтых колераў. Вучоным трэба было галасаваць. Хто падаваў свой голас за тое, каб дазволіць Скарыну здаць экзамен на званне доктара медыцыны, павінен быў пакласці свой шар у чырвоную вазу, а хто супраць — у зялёную. Усе кінулі свае шары ў чырвоную вазу.

Праз колькі дзён Скарына бліскуча здаў экзамен і першы сярод усходніх славянаў стаў доктарам медычных, або, як тады казалі, лекарскіх, навук. У тым часе ён ужо быў і доктарам вольных мастацтваў.


Кнігі з Пражскай друкарні
Доктар медыцыны мог пайсці прыдворным лекарам да каго-небудзь з уладароў і жыць пад ягонай абаронаю заможна і шчасліва. Але думкі Скарыны былі пра іншае. Так, ён будзе змагацца з хваробамі, што нярэдка спусташаюць на Бацькаўшчыне вёскі і цэлыя гарады. Але яго найбольш непакоіла духоўнае здароўе народа. На ўсход ад Вялікага Княства Літоўскага мацнела ваяўнічая Маскоўская дзяржава, што прагнула захапіць беларускія землі. На захадзе была Польшча, якая таксама разлічвала пазбавіць нашых продкаў незалежнасці.

Скарына разумеў, што наперадзе ў Беларусі цяжкія выпрабаванні. Каб умацаваць дух народа і ягоную веру ў свае сілы, вучоны палачанін пастанавіў даць землякам шмат мудрых кніг на зразумелай кожнаму мове. У многіх еўрапейскіх гарадах ужо існавалі друкарні. Кнігі не трэба было перапісваць. Іх хутка і прыгожа друкавалі на  адмысловых друкарскіх варштатах.

Францішак Скарына пазнаёміўся з дасведчанымі друкарамі і ўзяўся старанна вывучаць іхняе майстэрства. Ён напісаў на Бацькаўшчыну лісты і папрасіў багатых людзей дапамагчы яму грашыма, каб набыць паперу, фарбу ды іншыя патрэбныя рэчы. Пачаць выданне сваіх кніг ён намерыўся ў сталіцы Чэхіі горадзе Празе, сярод блізкага па мове і прыязнага да беларусаў народа.

6 жніўня 1517 года Францішак Скарына выдаў сваю першую кнігу. Яна называлася «Псалтыр». Услед за ёю ён надрукаваў у Празе яшчэ дваццаць дзве кнігі. Усе яны былі часткамі старажытнай кнігі — Бібліі. Скарына сам перакладаў яе на зразумелую беларусам мову.

Да сваіх кніг доктар Францішак пісаў прадмовы і пасляслоўі. Ён тлумачыў, што Біблія — не толькі святая кніга пра Бога, але яшчэ і каштоўны падручнік у самых розных навуках.

У творах, што выходзілі з-пад ягонага пяра, Скарына вучыў землякоў любіць радзіму так аддана, як птушкі любяць свае гнёзды, і бараніць яе, як пчолы бароняць свае вуллі.

Кнігі Францішка Скарыны былі першымі друкаванымі выданнямі не толькі ў беларусаў, але і ў іншых усходнеславянскіх народаў. Таму вучонага палачаніна называюць беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром.

Першая друкаваная кніга ў расейцаў з’явілася амаль на пяцьдзесят гадоў пазней за нашую.


Партрэт першадрукара
Надзвычай цікава разглядаць цудоўныя малюнкі-гравюры Скарынавых кніг. На іх — біблійныя героі, але яны апранутыя так, як апраналіся тым часам беларусы. Сённяшнія гісторыкі вывучаюць па гэтых ілюстрацыях побыт нашых продкаў, іхняе адзенне, тое, як яны працавалі, як будавалі дамы і палацы.

Некаторыя вучоныя лічаць, што Скарына сам рабіў да кніг малюнкі. На адным мы бачым партрэт першадрукара.

Скарына працуе ў кабінеце сярод кніг і навуковых прыладаў. Цішыню і глыбокі роздум вучонага вартуюць скульптуры львоў. Пясочны гадзіннік нагадвае пра тое, што час ляціць вельмі хутка і чалавек не павінен траціць яго на пустыя і нявартыя справы. А вось — пчала. Гэта напамінак, што трэба браць прыклад з яе працавітасці. На партрэце можна знайсці кошыкі для збору лекавых раслінаў, якія Францішак добра ведаў.

Сам першадрукар у доктарскай мантыі і ў барэтцы сядзіць за рабочым столікам. У руках у яго пяро, перад ім — сшытак, а справа — вялікая разгорнутая кніга. Скарына перакладае Біблію.

На гэтым партрэце змешчаны і герб першадрукара — сонца і месяц у час зацьмення. Яго тлумачаць па-рознаму, але можна беспамылкова сказаць, што герб сцвярджае перамогу святла над цемраю, ведаў над невуцтвам, жыцця над смерцю. Якраз гэтаму і прысвяціў Скарына жыццё.


Жыццё, поўнае прыгодаў
Жыццё першадрукара было напоўненае падарожжамі, узлётамі да вышыняў славы і горкімі расчараваннямі.

З Прагі ён вярнуўся на радзіму, у Вялікае Княства Літоўскае, і з дапамогаю заможных землякоў заснаваў друкарню ў Вільні. Францішак Скарына працаваў лекарам, удзельнічаў у складанні законаў дзяржавы.

Сябры, баючыся за жыццё першадрукара, адгаворвалі яго ад задуманай паездкі ў Маскву. Аднак Скарына ўсё ж паехаў туды і прапанаваў тамтэйшым уладарам таксама наладзіць друкаванне кніг. Вялікі князь маскоўскі адмовіўся і загадаў спаліць прывезеныя палачанінам кнігі. Маскоўскія валадары не хацелі, каб у іхняй дзяржаве сярод народа пашыралася кніжная мудрасць. У Маскоўшчыне простыя людзі павінны былі быць цёмнымі і непісьменнымі рабамі.

Шмат бедаў і цяжкасцяў выпала Скарыну і на радзіме. Ён быў смелы чалавек і адступаў ад правілаў выдання Бібліі, што былі зацверджаныя царквою. Гэта лічылася злачынствам, за якое першадрукара маглі не менш як трынаццаць разоў прысудзіць да спалення на вогнішчы.

Скарыну давялося і пасядзець у турме. Туды яго кінулі за братавы даўгі. Даведаўшыся пра гэта, сам вялікі князь Жыгімонт загадаў вызваліць вучонага палачаніна і даў яму вечную ахоўную грамату.

Гэта было прызнаннем вялікіх заслуг доктара Францішка перад народам і дзяржавай.

Апошнія гады жыцця Скарыны прайшлі ў Празе. Там ён працаваў садоўнікам у чэшскага караля і набыў славу добрага лекара.

Апрача кніг, якія захоўваюцца цяпер у розных краінах, наш выдатны зямляк пакінуў пасля сябе шмат таямніцаў. Дагэтуль дакладна невядома, ні калі ён нарадзіўся, ні калі памёр. Невядома, хто стварыў да ягоных кніг цудоўныя гравюры. Вучоныя спрачаюцца пра час яго паступлення ў Кракаўскі універсітэт і нават пра тое, як правільней называць Скарыну — Францішак або Францыск...

Калі вы захочаце стаць гісторыкамі і вывучаць жыццё Скарыны, вас могуць напаткаць важныя навуковыя адкрыцці.


Юбілей асветніка
У 1990 годзе адзначалася 500 гадоў з дня нараджэння выдатнага сына беларускай зямлі. Гэты юбілей святкаваўся ў Беларусі і Летуве, у Латвіі і Амерыцы, у Польшчы і Аўстраліі — паўсюль, дзе жывуць беларусы, дзе ведаюць пра нашага земляка.

Тымі днямі ў Полацку адчынілі Музей беларускага кнігадрукавання. На радзіму першадрукара прыехалі госці з розных гарадоў і краінаў. Сярод іх быў, між іншага, і прапрапра... праўнук асветніка доктар Станіслаў Скарына з Канады. Ён, як і ягоны знакаміты родзіч, надзелены шматлікімі талентамі: гаворыць на сямі мовах, піша музыку і кнігі па медыцыне.

Помнік першадрукару даўно ўпрыгожвае цэнтральную полацкую плошчу. Імя славутага палачаніна ўшанаванае на мемарыяльных дошках у Кракаве, Падуі і Празе. Нядаўна ў сталіцы Чэхіі адчынілі і помнік Скарыну. Неўзабаве велічны бронзавы помнік першадрукару з’явіцца ў Менску. А галоўная вуліца нашай сталіцы ўжо называецца праспектам імя Францішка Скарыны.


Пытанні і заданні
1. Раскажы пра дзяцінства Францішка.

2. Якія навукі будучы асветнік вывучаў у Кракаўскім універсітэце?

3. Навошта Скарына паехаў у Падую?

4. Чаму вучоны палачанін вырашыў заняцца друкаваннем кніг?

5. Калі і дзе выйшла першая беларуская друкаваная кніга? Як яна называлася?

6. Чаму мы лічым Скарыну беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром?

7. Пра што пісаў доктар Францішак у сваіх творах?

8. Што мы бачым на малюнках Скарынавых кніг? Раскажы пра партрэт першадрукара.

9. Якія прыгоды выпалі на долю асветніка?

10. Як нашчадкі шануюць памяць выдатнага сына Беларусі?

Гетман Астрожскі і перамога пад Воршай


Новы вораг
Разбіўшы нямецкіх рыцараў пад Грунвальдам, нашыя прадзеды ўсталявалі мір на сваёй заходняй мяжы. Але неўзабаве ў Вялікага Княства Літоўскага з’явіўся небяспечны вораг на ўсходзе. Гэта была Расейская дзяржава, якую тады называлі Масковіяй або Маскоўшчынай.

Маскоўскія князі аб’ядналі расейскія княствы і пачалі прагна паглядаць на суседнюю краіну. Да гэтага Беларусь ніколі не была пад уладаю Масквы.

Масковія распачала з Вялікім Княствам бясконцыя крывавыя войны. Яе ваяводы часта нападалі на Полацак, Віцебск, Амсціслаў ды іншыя памежныя беларускія паселішчы. Іх абаронцы мужна біліся з ворагамі, частавалі тых з гарадскіх сценаў гарачай смалою і варам. Калі ўзяць горад не ўдавалася, захопнікі палілі навакольныя вёскі, гналі ў палон тысячы мірных жыхароў. Найперш палоннымі рабілі маладых і здаровых людзей — юнакоў і дзяўчат, а таксама добрых майстроў-рамеснікаў.

Як вы ўжо ведаеце, расейскія землі доўгі час былі ў татарскай няволі. Хоць яны і вызваліліся, парадкі ў Масковіі засталіся такія ж дзікія і жорсткія, як і пры татарах. Усе павінны былі слепа выконваць волю вялікага князя і называць сябе ягонымі халопамі — гэта значыць рабамі. Маскоўскія князі ваявалі не ўменнем, а колькасцю, чужую зямлю выпальвалі і ўчынялі над яе жыхарамі нялюдскія расправы. Невыпадкова на малюнках у тагачасных еўрапейскіх кнігах маскоўскія ўладары былі надзвычай падобныя на татарскіх ханаў.


Татарскія набегі
Велізарнай бядою ў тым часе былі для нашай Бацькаўшчыны і набегі ваяўнічых крымскіх татараў. Амаль штогод іхняя конніца ўрывалася на землі Вялікага Княства, рабавала і вяла людзей у рабства. Татары пакідалі за сабою попел пажарышчаў, целы забітых і нязмернае гора жывых.

Але штораз нашыя продкі давалі клятву адпомсціць ворагу і выпраўляліся ў пагоню. У 1506 годзе каля горада Клецка беларускае войска дагнала татарскую арду і разбіла яе ўшчэнт. Чатыры тысячы татараў трапілі ў той дзень у палон, а сорак тысяч жанчын, дзяўчат і дзяцей, палоненых ворагамі, атрымалі свабоду.

Асабліва шмат перамогаў над татарамі здабыў знакаміты беларускі ваявода Канстанцін Астрожскі.


Князь Канстанцін Астрожскі
Род Астрожскіх паходзіў ад князёў, што некалі валадарылі ў старажытным Тураве. Мужчыны з гэтага роду спрадвеку славіліся ваярскім майстэрствам.

Князю Канстанціну ад ранняй маладосці давялося ўдзельнічаць у барацьбе з крымскімі татарамі на землях Беларусі і Украіны. Ворагі вымаўлялі ягонае імя з павагаю і страхам. Аднаго разу Астрожскі захапіў у палон нават самога хана Махмет-Гірэя.

Беларускі ваявода ніколі не выходзіў насустрач татарскім аддзелам, калі яны пачыналі набег. Ён чакаў, пакуль ворагі будуць вяртацца са здабычаю назад. Выведнікі сачылі за імі і паведамлялі Астрожскаму, дзе арда рабаўнікоў спынілася на адпачынак.

Князь загадваў сваім коннікам загадзя нарыхтаваць харч, каб не распальваць уначы вогнішча. У цемры ваяры асцярожна абкружалі татарскі стан. Захопнікі ў гэты час рэзалі бараноў, смажылі мяса, спакойна балявалі і клаліся спаць. А як толькі ўзыходзіла сонца, на сонных татараў віхураю наляталі нашыя ваяры.

Канстанцін Астрожскі ваяваў так удала, што вялікі князь прызначыў яго найвышэйшым гетманам — начальнікам над усімі войскамі дзяржавы. Тады ваяводу было толькі 37 гадоў. Ніхто дагэтуль не атрымліваў гэткай важнай пасады ў такім маладым веку.

Тыя, хто верыў у незвычайны ваярскі талент новага гетмана, не памыліліся. Князь Канстанцін адолеў ворага ў шасцідзесяці трох бітвах.

Астрожскі не толькі бараніў Айчыну са зброяй у руках. Ён будаваў замкі, манастыры і цэрквы, адчыняў на свае грошы школы і шпіталі для хворых. Пра Астрожскага пісалі, што ён быў узорам таго, як трэба жыць і працаваць, каб быць пераможцам.

Найбольшую ж славу прынесла беларускаму гетману перамога над маскоўцамі пад Воршай.


Зноў вайна
Маскоўскі князь Васіль III абвясціў Вялікаму Княству новую вайну. Ягоным ваяводам удалося авалодаць Смаленскам. Крамлёўскаму ўладару здавалася, што ён без цяжкасцяў зойме ўсю Беларусь. Ён нават загадаў сваім падначаленым прыгнаць беларускае войска пугамі, як статак жывёлы, да маскоўскае брамы.

Сеючы на нашай зямлі смерць, ворагі захапілі Крычаў, Амсціслаў, Дуброўну і рваліся да Менска. Насустрач непрыяцелю выступіў гетман Астрожскі.

Маскоўскія ваяводы сабралі ўсю сваю збройную сілу на беразе рэчкі Крапіўны недалёка ад Воршы. У іх было 80 тысяч коннікаў. Гетман вёў з сабою толькі 30 тысяч конных і пешых ваяроў. Ведаючы гэта, чужынцы не сумняваліся, што здабудуць лёгкую перамогу.

Уначы перад бітваю Астрожскі падышоў да Дняпра і пераправіў свае аддзелы на другі бок ракі, дзе, расцягнуўшыся на некалькі вёрстаў, яго чакала расейскае войска. Частка конніцы перайшла раку ўброд. Для астатняга войска нашы майстры хутка навялі масты са звязаных, добра зашпакляваных бочак.

На досвітку 8 верасня 1514 года палкі Канстанціна Астрожскага ўжо стаялі ў баявым парадку насупраць ворага.

Зірнуўшы направа, найвышэйшы гетман бачыў беларускую конніцу. Пасярэдзіне са стрэльбамі-рушніцамі напагатове чакала пяхота, а злева рыхтаваліся да бою польскія конныя дружыны. Пяхоту прыкрывала частка гарматаў. Астатнія свае гарматы князь Астрожскі схаваў у засадзе.


Бітва на рэчцы Крапіўне
Загрымелі баявыя бубны, гучна заспявалі трубы-сурмы з турыных рагоў, і крывавая сеча пачалася.

Ваяры Канстанціна Астрожскага лёгка адбілі першую атаку маскоўскай конніцы. Гетман лётаў на сваім даўганогім жарабцы наперадзе і аддаваў загады. Пасля абмену атакамі маскоўскія ваяводы паспрабавалі абкружыць войска Вялікага Княства, аднак князь Канстанцін адразу разгадаў гэтую задуму.

Нарэшце гетман ускінуў над галавой булаву і павёў сваю конніцу ў рашучы наступ. Вершнікі з налёту ўрэзаліся ў варожыя шыхты і пачалі працаваць шаблямі і дзідамі. Астрожскі, як і раней, быў навідавоку, натхняючы сваіх.

Раптам адбылося нешта нечаканае. Коннікі Вялікага Княства развярнулі коней назад і па камандзе гетмана сталі паспешліва адыходзіць. Маскоўская конніца з радасным крыкам кінулася ў пагоню.

Вершнікі Астрожскага на ўсёй хуткасці несліся да блізкага лесу. І тут гетман зноў узмахнуў булавой. Ягоная конніца крута павярнула на два бакі і паімчала далей, а расейцы апынуліся перад пакінутымі ў засадзе гарматамі.

Артылерысты ўдарылі па разгубленых ворагах трапнымі стрэламі. Тыя ў паніцы кінуліся ўцякаць, але палкі Астрожскага ўжо былі гатовыя да пагоні. Пяць міляў яны гналі і секлі непрыяцеля, спыніўшыся толькі тады, як надышла ноч. Шмат хто з чужынцаў патануў у Дняпры і Крапіўне, загінуў у балотнай дрыгве ды густых  лясах.

У летапісах занатавана, што пад Воршай сустрэлі сваю смерць 40 тысяч захопнікаў. Дзесяць варожых ваяводаў і колькі тысяч ваяроў трапіла ў палон.

Вестку пра страшны разгром свайго войска маскоўскі князь Васіль III пачуў у Смаленску. Ён загадаў павесіць на гарадскіх валах усіх жыхароў, якія хацелі вярнуць свой горад у Вялікае Княства Літоўскае, а сам уцёк у Масковію.

Так развеяліся ягоныя мары пугамі прыгнаць нашае войска пад маскоўскія сцены.

Аршанская бітва засталася ў гісторыі як адна з найбуйнейшых у Еўропе XVI стагоддзя. Пасля паразы царскіх ваяводаў на рэчцы Крапіўне амаль усе захопленыя імі гарады былі вызваленыя.

Даведаўшыся пра падзеі пад Воршай, крымскія татары некалькі гадоў баяліся нападаць на Вялікае Княства Літоўскае.

У гонар сваёй выдатнай перамогі гетман Канстанцін Астрожскі на ўласныя грошы пабудаваў у сталіцы нашай дзяржавы Вільні праваслаўныя храмы святой Тройцы і святога Мікалая, якія захаваліся дасёння.


Памяць пра перамогу
Неўзабаве пасля разгрому захопнікаў нехта з тагачасных мастакоў стварыў карціну «Бітва пад Воршай». Цяпер гэтая карціна знаходзіцца ў Польшчы, у адным з музеяў Варшавы. На ёй можна ўбачыць, як нашае войска перапраўляецца цераз раку Дняпро, як яно рыхтуецца да бітвы і як б’е ворага.

На сваіх доўгіх дзідах беларускія коннікі трымаюць бел-чырвона-белыя сцяжкі. Гэта першы вядомы малюнак нашага нацыянальнага сцяга.

У гонар выдатнай перамогі на рэчцы Крапіўне беларускі народ склаў песню, у якой услаўляў гетмана Астрожскага і ягоных смелых ваяроў. У гэтай песні ёсць такія словы:

Ой, у нядзельку параненька
Ўзышло сонца хмарненька,
Узышло сонца над борам,
Па-над Сялецкім таборам.
А ў таборы трубы йграюць,
Да ваяцкае парады зазываюць,
Сталі рады адбываці,
Адкуль Воршы здабываці:
А ці з поля, а ці з лесу,
А ці з рэчкі невялічкі?
А ні з поля, а ні з лесу
Толькі з рэчкі невялічкі.
А ў нядзельку параненьку
Сталі хлопцы-пяцігорцы
Каля рэчкі на прыгорцы:
Гучаць разам з самапалаў,
З сяміпалых ад запалаў.
Б’юць паўсоткаю з гарматаў.
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці;
А як з Воршы уцякалі,
Рэчку невялічку пракліналі:
“Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,
Як наша слава тутака прапала;
Бадай высыхала да сканчэння свету,
Што нашай славанькі ўжо нету”.
Слава Воршы ўжо не горша.
Слаўся, пан Астрожскі!
Прамінула ўжо амаль пяцьсот гадоў, а памяць пра бітву пад Воршай жыве ў нашым народзе.

У 1992 годзе ў дзень слаўнай перамогі войска Астрожскага над захопнікамі тысячы беларусаў сабраліся ў Менску на плошчы Незалежнасці. Яны далі ўрачыстую вайсковую прысягу мужна і самааддана бараніць Беларускую дзяржаву ад любых яе ворагаў.


Пытанні і заданні
1. Якія новыя ворагі з’явіліся ў нашых продкаў пасля разгрому нямецкіх рыцараў пад Грунвальдам?

2. Раскажы, як Вялікае Княства Літоўскае змагалася з татарамі. Каля якога беларускага горада была разгромленая варожая арда?

3. Што ты ведаеш пра Канстанціна Астрожскага? 

4. Якімі мірнымі справамі займаўся князь Астрожскі?

5. За што гаспадар Вялікага Княства прызначыў яго гетманам?

6. Колькі бітваў выйграў гетман Астрожскі? Дзе і калі ён здабыў самую славутую перамогу?

7. Раскажы пра Аршанскую бітву.

8. Якая вайсковая хітрасць дапамагла нашым прадзедам перамагчы ворагаў на беразе рэчкі Крапіўны?

9. Што адбылося ў дзень бітвы пад Воршай у 1992 годзе на менскай плошчы Незалежнасці?

Мікола Гусоўскі


У беларуса не трэба пытацца, што гэта за звер — зубр. Ты, вядома, таксама няраз бачыў яго і па тэлевізары, і на фотаздымках ды малюнках у сваіх кніжках. А калі табе пашанцавала пабыць на экскурсіі ў Белавежскай пушчы, дык паглядзеў і на жывых лясных волатаў.

У розныя стагоддзі беларускія пісьменнікі часта пісалі пра гэтага магутнага і прыгожага звера. А самы славуты твор, прысвечаны гаспадару нашых пушчаў, стварыў у далёкім XVI стагоддзі паэт Мікола Гусоўскі.


Сын паляўнічага
Звестак пра Міколу Гусоўскага захавалася надзвычай мала. Нарадзіўся ён прыкладна ў той самы час, што і Францішак Скарына, але дзе — невядома. Хутчэй за ўсё месцам нараджэння будучага паэта быў прыдняпроўскі край, дзе прайшло ягонае маленства.

Вучоныя мяркуюць, што Гусоўскі мог з’явіцца на свет у сям’і князеўскага лесніка-палясоўшчыка або паляўнічага. Хлопчыку з ранняга дзяцінства давялося дапамагаць бацьку ў ягоных нялёгкіх клопатах. У юнацтве ён і сам ужо быў добрым паляўнічым. Мікола цудоўна ведаў навакольныя лясы і пушчы, звярыныя сцежкі і звычаі. Узімку ён шпарка хадзіў на кароткіх і шырокіх паляўнічых лыжах-іртах, улетку пераплываў побач з канём раку. Ён выдатна страляў з лука і арбалета.

Юнаку даводзілася тыднямі блукаць па пушчанскіх нетрах. Ён умеў вызначаць шлях па сонцы і зорках, памятаў шмат патрэбных паляўнічаму і падарожніку прыкметаў. Лясныя дрэвы і травы адкрывалі кемліваму хлопцу свае таямніцы. Мікола ведаў, якая расліна можа спатоліць голад або смагу, а якая дапаможа хутка загаіць рану.

Ён часта начаваў каля вогнішча, павячэраўшы печанай на вуголлі дзічынай. Асабліва цанілі тагачасныя беларускія паляўнічыя мяса глушца, бо лічылася, што яно дае сілу і целу, і розуму. Існавала нават такая прымаўка: “Жывіся глушцом — будзеш мудрацом”.


Каралеўскае пасольства
Не менш за паляванне Міколу вабіла навука. Ён вучыўся ў Вільні і ў Кракаве, бліскуча авалодаў там лацінскаю мовай, пачаў пісаць вершы.

Разумнага і таленавітага юнака заўважыў набліжаны да гаспадара дзяржавы чалавек — Эразм Вітэліюс. Ён быў біскупам, гэта значыць вышэйшым каталіцкім святаром, а яшчэ — любіў мастацтва і дапамагаў паэтам.

У 1518 годзе вялікі князь літоўскі і кароль Польшчы Жыгімонт Казіміравіч накіраваў у Італію сваё пасольства. Яго ўзначальваў біскуп Вітэліюс, які ўзяў з сабою на пасад сакратара Міколу Гусоўскага.

Паэт выправіўся ў далёкую дарогу з радасцю. Італія была вядомая сваімі мастакамі і архітэктарамі, вучонымі і пісьменнікамі. Гусоўскі спадзяваўся, што ў італьянскай сталіцы — Рыме дасягне паэтычных вышыняў і здабудзе славу.


Заказ рымскага папы
Пасольства прыбыло ў Італію з вельмі адказным клопатам. У тым часе на землі Вялікага Княства Літоўскага амаль штогод нападалі татары. Паслы павінны былі дамовіцца з рымскім папам пра стварэнне звязу еўрапейскіх краінаў супроць татараў і туркаў. Рымскі папа лічыўся галоўным каталіцкім святаром свету і меў велізарную ўладу.

Тады рымскім папам быў Лявон X. Ён добра ведаў і любіў паэзію ды іншыя мастацтвы. Яшчэ ён быў заўзятым паляўнічым і збіраў чучалы розных рэдкіх звяроў.

Аднаго разу папа разам з паслом Эразмам Вітэліюсам назіраў  бой быкоў у цырку. Пасол загаварыў пра волата беларускіх лясоў, і Лявон Х вельмі зацікавіўся. Ён пажадаў мець у сваіх пакоях чучала зубра, а таксама паэтычны твор пра паляванне на гэтага невядомага ў Італіі звера.

Эразм Вітэліюс перадаў просьбу папы свайму сакратару. Гусоўскі, якога ўжо ведалі як таленавітага паэта і ў Рыме, з ахвотаю згадзіўся. Пісаць на заказ самога папы было вялікім гонарам. Апрача таго, Мікола спадзяваўся, што яго вершы дапамогуць пасольству заваяваць у Лявона Х большую прыхільнасць і той абвесціць крыжовы паход на туркаў ды іхніх хаўруснікаў — татараў.


Песня пра зубра
Мікола Гусоўскі з натхненнем узяўся за пяро. Ён назваў свой твор «Песня пра аблічча і дзікасць зубра, а таксама пра паляванне на яго», або, скарочана, проста — «Песня пра зубра».

Паэт пісаў паэму па-лацінску. Лаціна была тады міжнароднай моваю навукі і мастацтва, яе разумелі адукаваныя людзі ва ўсіх еўрапейскіх краінах.

Аднак мы называем Гусоўскага сваім паэтам, бо ён быў песняром беларускай зямлі. Праз увесь ягоны твор праходзіць шчырая любасць да Бацькаўшчыны, да яе людзей, прыроды і гісторыі.

Вось як паэт апісвае самога ляснога волата:
Лютасцю больш небяспечны, чым люты драпежнік,
Зубр для людзей не страшны: не чапай — не зачэпіць,
Будзе стаяць як укопаны —пастыр на варце,
Не страпянецца, а позіркам пасціць няспынна
I чараду, і сям’ ю ў чарадзе на папасе.
Смелы, і ў гэтым няма яму роўнага звера
Ў свеце жывёльным пушчанскага нашага краю.
Стрэнеш, бывала, такога дазорцу ў дуброве,
Стоішся ў хмызе і дзякуеш Богу — не згледзеў.
Дзе там — не згледзеў!
Ты вокам зміргнуў — заўважае.
Дзесь калчаном шарганеш, на галінку  наступіш —
Быццам працяты стралой, здрыганецца — і ў наступ.
Шчасце, калі пры такой выпадковай сустрэчы
Меч твой не бліснуў на сонцы, кап’ё не заззяла:
Смела ідзі без аглядкі, як быццам не бачыў
Гэтага страху. А ён, утаропіўшы вочы,
Будзе ўсё зіркаць, пакуль не схаваешся ў нетры.
Хто не пабачыў сваімі вачыма — не ўявіць,
Як вар’яцее паранены зубр і рыканнем
Пушчу ў трымценне прыводзіць — аж сыплецца шэрань.
Ярасць і боль абуджаюць у звера шаленства.
Страшна глядзець, як ён чмыхне і позіркам злосным,
Поўным нянавісці, зырыць і ўправа і ўлева.
Хай жа, разявіўшы пашчу, ён выдыхне з хрыпам
Рык глухаваты, гартанны і раптам рванецца
З месца скачкамі насустрач абранай ахвяры —
Кроў ледзянее ад жаху...
Але паэт не толькі апісваў велічнага валадара беларускіх лясоў. Ён усхвалявана і шчыра апавядаў пра родную зямлю, яе перамогі і яе няшчасці.

Мікола Гусоўскі добра ведаў мінулае Вялікага Княства Літоўскага. У «Песні пра зубра» ён з любоўю і захапленнем згадваў  Вітаўта Вялікага. Паэт пісаў пра тое, што князь Вітаўт быў сапраўдным гаспадаром і абаронцам нашай дзяржавы. Падданыя яго паважалі, а ворагі баяліся, як чорт крыжа.

Гусоўскі з абурэннем уздымаў свой голас супраць войнаў і пакутаў простых людзей. Ён заклікаў еўрапейскія народы аб’яднацца, каб разам даць адпор жорсткім заваёўнікам на чале з турэцкім султанам:

Там, дзе арда саранчоў прапаўзе, застануцца
Толькі асмолкі ды печышчы, попел ды косці,
Зграіварон ды чароды сабак адзічэлых.
Бог барані, калі нас перамогуць чужынцы!

Вяртанне
Якраз тады, калі «Песня пра зубра» была гатовая, у Рым прыйшла страшная хвароба — чума. Лекаў ад яе людзі яшчэ не ведалі і тысячамі паміралі ў страшных пакутах. Чума забрала жыццё ў Эразма Вітэліюса, не пашкадавала і самога папу Лявона X.

Застаўшыся без магутных апекуноў, паэт не мог надрукаваць сваю паэму ў Рыме. Ён таксама мог заразіцца чумой і памерці. Але ў хвіліны роспачы яму дапамагалі думкі пра далёкую радзіму і пра свой твор, які не павінен быў загінуць.

Мікола Гусоўскі здолеў уратавацца ад смерці і вярнуўся ў Кракаў. Як найвялікшы скарб вёз ён па небяспечных дарогах рукапіс паэмы.

Польскай каралеваю і вялікай княгіняю тым часам была адукаваная італьянка Бона Сфорца. Дзякуючы яе падтрымцы ў 1523 годзе Гусоўскі выдаў у Кракаўскай друкарні сваю адзіную кнігу, куды ўвайшлі паэма «Песня пра зубра» і напісаныя ў Рыме вершы.

На пачатку кнігі паэт звяртаўся да каралевы з просьбаю ўзяць пад сваю апеку ўсіх таленавітых людзей навукі і мастацтва, каб яны маглі працаваць на карысць дзяржаве, не думаючы пра кавалак хлеба. Гусоўскі разумеў, што ад гэтых людзей таксама вельмі залежыць магутнасць краіны і яе будучыня.

На жаль, уладары не пачулі гэтага закліку. Як часта здараецца, кароль і прыдворныя хутка забыліся пра выдатнага песняра. Апошнія гады Мікола Гусоўскі пражыў у нястачы, пакутуючы ад хваробаў і адзіноты.

Сапраўдная слава прыйшла да яго толькі праз некалькі стагоддзяў. Паэма «Песня пра зубра» сёння перакладзеная на беларускую, польскую, летувіскую, расейскую ды іншыя мовы.

Беларускія мастакі стварылі некалькі партрэтаў знакамітага паэта. У двары Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Менску нядаўна пастаўлены помнік аўтару «Песні пра зубра».

Імем Гусоўскага названая адна з менскіх вуліцаў.

Яго натхнёная  паэма зноў і зноў перавыдаецца. Яе вывучаюць школьнікі, студэнты і вучоныя. Яна дае кожнаму добры ўрок любасці да Бацькаўшчыны.


Пытанні і заданні
1. Што ты ведаеш пра дзяцінства і юнацтва Міколы Гусоўскага?

2. Якая небяспека пагражала тады еўрапейскім краінам?

3. Як паэт апынуўся ў Рыме?

4. Хто заказаў Гусоўскаму паэму пра паляванне на зубра? Чаму паэт згадзіўся на гэтую прапанову?

5. Як называецца галоўны твор Міколы Гусоўскага?

6. Прачытай урывак з «Песні пра зубра» і паспрабуй намаляваць сустрэчу чалавека з гэтым зверам.

7. Якога вялікага князя ўславіў Гусоўскі ў сваім творы?

8. Чаму паэт не змог надрукаваць паэму ў Рыме?

9. Хто дапамог Гусоўскаму выдаць ягоную «Песню»?

10.  Як ушанаваная памяць Міколы Гусоўскага ў нашай краіне?

Полацкая вайна


Цар Iван Грозны
Ты ўжо ведаеш пра бітву пад Воршай, дзе нашыя прадзеды разграмілі ўтрая большае войска ўсходніх заваёўнікаў. Але і пасля гэтага расейскія цары па-ранейшаму называлі беларускую зямлю сваёй і імкнуліся захапіць яе.

У сярэдзіне XVI стагоддзя новую крывавую вайну з Вялікім Княствам Літоўскім пачаў цар Іван Грозны.

Гэта быў чалавек з надта жорсткім сэрцам і дзікім норавам. У дзіцячыя гады ён любіў скідваць з высокіх дахаў катоў і здзекавацца з іншай дробнай жывёлы, а потым пачаў спіхваць з вышыні і таварышаў сваіх гульняў.

Зрабіўшыся царом, Іван з асалодаю мучыў людзей. Ён акружыў сябе кђтамі і даносчыкамі, сек галовы былым сябрам і нават забіў свайго сына.

Аднойчы цару прывезлі з Персіі падарунак — слана. Крамлёўскі ўладар закамандаваў яму апусціцца на калені, але няшчасная жывёліна, не разумеючы расейскае мовы, не паслухалася. Тады Іван загадаў сваім слугам пасекчы слана на дробныя кавалкі.

Нядзіва, што жорсткага маскоўскага цара на захопленых ім землях людзі часцей называлі не Грозным, а Жахлівым або Царом-Сабакам.


Паход на Беларусь
Узімку 1563 года цар Іван ляснымі дарогамі павёў свае палкі на Полацак. Калі верыць маскоўскім пісцам, у захопнікаў было 200 тысяч коннікаў і 60 тысяч пяхотнікаў. Войска мела 200 гарматаў, у тым ліку вогнекідальныя і сценабітныя. Цар бярог коней. Гарматы, порах ды іншыя вайсковыя прыпасы везлі на сабе простыя людзі, якіх у Масковіі называлі “чорнымі”. Самую вялікую з гарматаў цягнулі на змену болей за тысячу чалавек.

Напрыканцы студзеня царская арда спынілася на дзвінскіх берагах. Наперадзе ляжаў Полацак — найбагацейшы горад Вялікага Княства і яго галоўная крэпасць-фартэца з дзевяцівежавым замкам, з дванаццаццю манастырамі і васемнаццаццю цэрквамі. Маскоўскае войска абкружыла горад і пачало яго аблогу. Цераз полацкія сцены паляцелі ядры і агонь. Па небе паплылі чорныя дымныя хмары.

Горад абараняў невялікі ў параўнанні з ворагам гарнізон, але здавацца ён не збіраўся. Беларусы маглі б доўга трымаць аблогу, аднак полацкі ваявода Станіслаў зрабіў памылку. Ён адвёў сваіх людзей у замак і загадаў падпаліць навакольныя вуліцы.

Пад прыкрыццём густога дыму царскія стральцы ўварваліся ў горад і падцягнулі гарматы зусім блізка да замка. Апрача таго, захопнікі падвялі пад сцены падкоп і ўзарвалі там некалькі парахавах бочак. Гарадскія ўмацаванні былі моцна пашкоджаныя. Полацкі замак загарэўся.

Харчовыя запасы канчаліся, надзеяў на падмогу ўжо не было. Пасля сёмага варожага прыступу ваявода Станіслаў вырашыў здавацца.


Царскае слова
Іван Жахлівы паабяцаў, што пакіне кожнаму палачаніну волю і маёмасць. Горад паверыў царскаму слову, аднак верхавод захопнікаў і не думаў трымаць яго. Да палонных вайскоўцаў цар прыставіў моцную ахову і наказаў пяць дзён не даваць ім вады і ежы. Сваёй здабычаю пераможца абвясціў і мірных жыхароў.

Летапісы апавядаюць, што ўсіх полацкіх габраяў — ад старых да маленькіх дзяцей — царскія стральцы ўтапілі ў Дзвіне. Чужынцы панішчылі полацкіх рыцараў, якія адмовіліся служыць цару, а таксама шмат іншага народу.

Пяцьдзесят тысяч палонных палачанаў, звязаных вяроўкамі і абы-як апранутых, пагналі ў Масковію. Людзей не кармілі, і яны сотнямі паміралі на зімовых дарогах ад голаду і марозу.

Дамоў не вярнуўся амаль ніхто.

Паданне кажа, што ў Полацку, калі трэба было прыкласці да царскай граматы пячатку, Іван Жахлівы выганяў усіх прэч, каб не бачылі, як з ягоных рук крапае кроў.

У рукі да маскоўцаў трапіла багатая бібліятэка Сафійскага сабора з цудоўнымі Скарынавымі кнігамі. Царскія людзі разглядалі друкаваныя кнігі са здзіўленнем і страхам, бо ў Масковіі сваіх друкарняў яшчэ не было.

Каб вынішчыць памяць палачанаў пра сваю дзяржаву і былыя вольнасці, царскія слугі палілі ці вывозілі старажытныя граматы. Магчыма, якраз тады загінуў і неацэнны Полацкі летапіс.


Барацьба з чужынцамі
Полацак і прыдзвінскія землі на доўгія шаснаццаць гадоў трапілі ў няволю. Гарэлі беларускія вёскі. Палі зарасталі лесам. Сялянаў гналі ў палон або змушалі цалаваць крыж на вернасць цару і ваяваць супроць братоў.

Вайна працягвалася. Цар загадаў сваім палкам сысціся каля Воршы і, выпальваючы ўсё на сваім шляху, ісці ўглыб Беларусі, на Менск і Наваградак.

Царскі ваявода Пётр Шуйскі выступіў з Полацка з 25-тысячнай раццю. Ён ішоў быццам па сваёй зямлі: дазоры наперад не высылаў, панцыры і зброю вёз на санях і неўзабаве быў за гэта пакараны.

На беразе ракі Вулы паблізу вёскі Іванск па ворагу знянацку ўдарыў гетман Мікалай Радзівіл з беларускай конніцай. Маскавіты не паспелі ні надзець панцыры, ні стаць у баявыя шыхты.

Захопнікаў пераследавалі і дабівалі да глыбокай ночы. Ваярам дапамагалі тамтэйшыя жыхары. Просты селянін з Іванска забіў сякераю самога ваяводу Пятра Шуйскага. Ад дзідаў, шабляў і куляў палегла дзевяць тысяч чужынцаў і столькі ж патанула ў рацэ.


Перамога Сцяпана Батуры
Праз некалькі гадоў вялікім князем літоўскім і каралём польскім быў абраны вугорац (венгр) па нацыянальнасці Іштван Бђтары, якога беларусы называлі Сцяпанам Батљрам. Гэта быў выдатны палітык і таленавіты палкаводзец. Усклаўшы на галаву карону, ён даў урачыстую клятву вярнуць усе заваяваныя маскоўскімі царамі землі.

Войска Батуры падыходзіла да горада па беразе Дзвіны. Каб запалохаць нашых ваяроў, маскоўскія ваяводы пайшлі на новае крывавае злачынства. Палачанаў хапалі на вуліцах, забівалі, прывязвалі да бярвёнаў і пускалі ўніз па рацэ.

Аблога Полацка была неверагодна цяжкая. Штодня ліло з неба, і па войску паўзлі чуткі, што дождж пасылаюць нанятыя царом маскоўскія чараўнікі. У сваім шатры-намёце не мог знайсці сухога месца нават сам кароль. Абозы з харчам вћзлі ў глыбачэзнай гразі, і ў каралеўскім стане запахла голадам.

У Сцяпана Батуры былі ваяры з розных краін, але найбольш стойка трымаліся беларусы. Ім надавала сілы жаданне адпомсціць за сваю абрабаваную, заняволеную зямлю.

Вялікакнязеўскія вяшчальнікі-герольды абвясцілі Батураў указ: хто падпаліць замак так, каб яго ўжо не патушылі, атрымае шчодрую ўзнагароду. Дзесяткі ваяроў узброіліся вязкамі сухой лучыны і падаліся да полацкіх сценаў. Шчасце ўсміхнулася майстру-медніку, які апрача лучыны цягнуў на плячах кацёл з гарачымі вугалямі. Ён падпаліў кутнюю вежу, адкуль агонь перакінуўся на сцены.

Галоўны царскі ваявода паведаміў, што ягоныя стральцы складуць зброю, калі Батура захавае ўсім жыццё. Вялікі князь паабяцаў адпусціць на волю ўсіх, хто захоча вярнуцца дахаты, і дазволіць жыць у Полацку тым, хто пажадае застацца. Іншыя маскоўскія ваяводы паспрабавалі ўзарваць замак, але самі ж іхнія стральцы не дазволілі гэтага.

31 жніўня 1579 года Полацак быў вызвалены.

Пасля вайны горад і ваколіцы так абязлюдзелі, што на адбудову ўмацаванняў бралі сялянаў за дзвесце вёрстаў, ажно з-пад Магілева. Пасля нападу маскоўцаў Полацак ужо ніколі не змог вярнуць сабе былога багацця і велічы.


Пытанні і заданні
1. Што ты ведаеш пра маскоўскага цара Івана Грознага? Чаму яго называлі Жахлівым?

2. Раскажы пра паход цара Івана на Полацак.

3. Як абараняўся горад ад захопнікаў?

4. Што зрабілі царскія ваякі ў захопленым горадзе?

5. Хто перамог у бітве каля Іванска? Раскажы пра яе больш падрабязна.

6. Якую клятву даў Сцяпан Батура, калі стаў вялікім князем?

7. Як Полацак быў вызвалены ад маскоўскіх заваёўнікаў?

Канцлер Леў Сапега


Нашчадак старадаўняга роду
Цяпер мы пагаворым яшчэ пра аднаго з нашых славутых суайчыннікаў, які ўсё сваё жыццё самааддана служыў Бацькаўшчыне — Вялікаму Княству Літоўскаму і здабыў за гэта пашану і ўдзячную памяць народа.

Яго звалі Леў Сапега.

Род князёў Сапегаў быў у Беларусі адным з самых старажытных, і даў ёй багата вядомых людзей. Але найбольш праславіў яго Леў Сапега, які нарадзіўся ў вёсцы Астроўна, што недалёка ад горада Бешанковічы на Віцебшчыне.

Калі хлопчыку споўнілася шэсць гадоў, бацькі завезлі яго ў Нясвіж. Тады там была найлепшая ў Беларусі школа, адчыненая князямі Радзівіламі. Якраз  тым часам вучоны і асветнік Сымон Будны, які працягваў справу Францішка Скарыны, выпусціў у Нясвіжскай друкарні беларускія кнігі. Па адной з іх князевіч Сапега і навучыўся чытаць на роднай мове.

У Нясвіжскім замку, дзе жыў хлопчык, працавала шмат запрошаных Радзівіламі вучоных, вядомых па ўсёй Еўропе. Тут яны пісалі свае творы, выкладалі ў школе, клапаціліся пра багацце Радзівілаўскай бібліятэкі. Гэтыя людзі ведалі старажытныя і сучасныя мовы. Беручы з іх прыклад, Леў Сапега ўжо ў дзяцінстве апрача беларускай мовы выдатна ведаў лацінскую, грэцкую, нямецкую і польскую. Ледзь не кожны дзень здольны да навукі хлопчык праводзіў у замкавай бібліятэцы. Ён чытаў старадаўнія рукапісы і друкаваныя кнігі і хутка назапашваў веды.

У трынаццаць гадоў Леў Сапега ўжо паступіў у знакаміты Ляйпцыгскі універсітэт у Нямеччыне. Там ён захоплена вывучаў гісторыю, філасофію і права — навуку пра законы, па якіх жывуць людзі. Ён ужо марыў пра тое, як будзе служыць роднай зямлі.


На дзяржаўнай службе
З дапамогаю сваіх апекуноў — Радзівілаў — Сапега быў прыняты на службу да караля і вялікага князя Сцяпана Батуры. Гаспадару дзяржавы спадабаўся адукаваны юнак, які старанна выконваў усе даручэнні.

Сапега меў выдатную памяць і бліскуча ведаў законы Вялікага Княства. Ён быў заўсёды ветлівы, сціплы і сумленны. Гледзячы на яго, кароль гаварыў, што Леў Сапега будзе дзяржаўным чалавекам. І ён не памыліўся.

Тым часам, як вы памятаеце, ішла вайна з Масковіяй, што хацела захапіць беларускія землі. Сапега за свае грошы, якія атрымаў у спадчыну ад бацькі, стварыў і ўзброіў цэлы полк, а сам стаў яго камандзірам.

За мужнасць у змаганні з ворагам кароль прызначыў Сапегу на адказную пасаду сакратара Вялікага Княства. З гэтага часу ён змог цалкам заняцца дзяржаўнымі справамі.

З поўдня нашай Бацькаўшчыне пагражалі туркі і крымскія татары. Каб адбіцца ад іх, трэба было падпісаць замірэнне з іншым ворагам — Масковіяй. Леў Сапега выправіўся з пасольствам да расейскага цара і падпісаў мірную дамову на дзесяць гадоў, а таксама вызваліў з царскага палону 900 беларусаў.

Таленавіты палітык і дыпламат атрымліваў усё новыя і больш высокія пасады. Больш за трыццаць гадоў ён быў вялікім канцлерам, гэта значыць другім чалавекам у дзяржаве пасля самога вялікага князя.


Статут Вялікага Княства
Сапега добра разумеў, што краіна магутная тады, калі жыве па мудрых і строгіх законах. Пад яго кіраўніцтвам быў напісаны і ў 1588 годзе прыняты новы Статут Вялікага Княства Літоўскага — кніга, дзе былі сабраныя ўсе законы нашай дзяржавы.

Статут умацоўваў самастойнасць Княства. Ён забараняў іншаземцам купляць тут зямлю. Закон бараніў правы людзей розных рэлігій. Знатны чалавек не меў права беспакарана забіць простага селяніна. За злачынствы супроць жанчын закон караў больш сурова. Кожны вольны чалавек мог без перашкодаў выехаць за мяжу.

Ужо ў тым далёкім часе нашыя прадзеды клапаціліся пра ахову прыроды і яе багаццяў. У Статуце пералічваліся каштоўныя звяры і птушкі, якія знаходзіліся пад абаронаю дзяржавы. Забаранялася паляваць на зубрых, калі ў іх былі малыя дзіцяняты. Той, хто разбурыць сакалінае ці лебядзінае гняздо або заб’е бабра, мусіў заплаціць столькі грошай, колькі каштавалі два ці нават тры валы або кані.

Статут быў напісаны на беларускай мове. Закон яшчэ раз пацвярджаў, што гэтая мова — дзяржаўная. На ёй вялі дыпламатычную перапіску, складалі ўрадавыя дакументы, выступалі на Сойме дэпутаты.

За свае грошы Леў Сапега выдаў Статут у Віленскай друкарні. Адтуль яго развезлі па ўсім Княстве, каб кніга законаў заўсёды знаходзілася пад рукой у таго, каму яна спатрэбіцца. У прадмове да Статута Леў Сапега з вялікім гонарам зазначаў: “Не чужой якой-небудзь мовай, але сваёй уласнай правы свае пісаныя маем і на любую крыўду адпор сваімі законамі дадзім”.

Статут Вялікага Княства Літоўскага быў найлепшым зборам законаў у тагачаснай Еўропе. Яго перакладалі і выдавалі ў іншых краінах. Па запісаных у Статуце законах беларусы жылі некалькі стагоддзяў.

Цікава, што ў старадаўніх беларускіх законах, а таксама ў тагачасных летапісах часта сустракаюцца словы “спадар” і “спадарыня”. Значыцца, яны не прыдуманыя нядаўна, як лічаць некаторыя, а існавалі ў нашай мове здаўна.


Рэч Паспалітая
У тым часе, калі жыў Леў Сапега, нашая Бацькаўшчына — Вялікае Княства Літоўскае — аб’ядналася з Польскім Каралеўствам. Гэта здарылася ў 1569 годзе. Тады якраз ішла вайна з Масковіяй, і Княству патрэбная была дапамога.

Задзіночанне дзвюх дзяржаваў называлася Рэч Паспалітая.

Палякі хацелі стаць гаспадарамі не толькі ў сябе дома, але і на беларускіх землях. Продкі на чале з Львом Сапегам былі супраць гэтага. Статут Вялікага Княства не дазволіў чужаземцам захапіць уладу.

Нашая дзяржава мела свае суды і законы, сваё войска і свае грошы.

Палякам забаранялася тут займаць дзяржаўныя пасады.

Дзяржаўнай мовай у Вялікім Княстве была, як вы ўжо ведаеце, беларуская, а ў Польшчы — лацінская.

Але вялікі князь літоўскі адначасова быў і польскім каралём.

У Рэчы Паспалітай нашыя продкі жылі болей за два стагоддзі.


Вунія
Большасць жыхароў Вялікага Княства трымалася праваслаўнай веры. Праваслаўныя маскоўскія цары, якія марылі захапіць беларускую зямлю, хлусліва абвяшчалі, што яны хочуць абараніць адзінаверцаў.

З польскага боку таксама прагавіта паглядалі на Беларусь. У Польскім Каралеўстве вера была каталіцкая. Польскія ўлады хацелі і ўсіх беларусаў зрабіць каталікамі, каб лягчэй запанаваць над Вялікім Княствам Літоўскім.

Леў Сапега і ўсе, хто адстойваў незалежнасць нашай Бацькаўшчыны, лічылі, што самастойнасць дзяржавы можа ўмацаваць агульная вера.

Найвышэйшыя праваслаўныя святары сабраліся ў Берасці на з’езд. Яны абвясцілі, што захоўваюць у сваіх храмах усе ранейшыя звычаі і абрады, але прызнаюць уладу галоўнага каталіцкага святара — папы рымскага.

Адбылося як бы аб’яднанне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Новую веру назвалі вуніяцкай, бо слова “унія” ў лацінскай мове і азначае — аб’яднанне, звяз.

Вернікаў, якія прызналі гэты звяз, пачалі называць вуніятамі. Галоўным вуніяцкім саборам стаў старажытны полацкі храм святой Сафіі.

У вуніяцкіх храмах, адрозна ад праваслаўных і каталіцкіх, гучала беларуская мова. Святары тлумачылі на ёй Слова Божае. Вернікі спявалі па-беларуску царкоўныя песні. Вуніяты друкавалі на роднай мове кнігі і вучылі на ёй дзяцей у царкоўных і манастырскіх школах.

Паступова новая вера заваёўвала ўсё больш і больш прыхільнікаў. У канцы XVIII стагоддзя вуніятамі ўжо была большасць беларусаў.

Тры з кожных чатырох жыхароў нашай зямлі маліліся Богу ў вуніяцкіх храмах. Таму некаторыя гісторыкі называюць вуніяцтва народнай рэлігіяй беларусаў.

Канцлер Леў Сапега спрыяў узмацненню вуніі. Аднак ён сурова папярэджваў тых святароў, што хацелі загнаць людзей у сваю веру сілай. Сапега пісаў у адным з сваіх лістоў, што за жорсткасць вінаватыя будуць пакараныя і Богам, і людзьмі.


На схіле дзён
Льву Сапегу ішоў ужо сямідзесяты год, калі яму ўручылі булаву вялікага гетмана. Гэта значыла, што ён зрабіўся галоўным ваяводам войска Вялікага Княства Літоўскага.

Час для нашай Бацькаўшчыны быў тады цяжкі. Шведскі кароль пераправіў на 75

караблях свае палкі праз Балтыйскае мора ды рушыў на Вільню і Полацак.

Каб выставіць супраць ворага моцнае войска, Леў Сапега ахвяраваў усе свае грошы і маёмасць. Ягоны сын Ян таксама ўзброіў за свой кошт полк жаўнераў, які адважна біўся з захопнікамі.

Планы шведскага караля далучыць Вялікае Княства Літоўскае да сваіх уладанняў не спраўдзіліся.

Леў Сапега вызначыўся і ў іншых справах. Добрым словам успаміналі яго мастакі, пісьменнікі, друкары. За падтрымку і абарону таленавітых людзей паэты прысвячалі яму вершы. Багата грошай ён аддаваў на пабудову хрысціянскіх храмаў.

Заслуга Сапегі і ў тым, што ён сабраў надзвычай багатую бібліятэку. Ён паклапаціўся пра тое, каб для нашчадкаў былі перапісаныя ўсе галоўныя дакументы Вялікага Княства.

Калі-небудзь у Беларусі абавязкова паставяць помнік гэтаму выдатнаму дзяржаўнаму дзеячу, якога ведала ўся Еўропа.


Пытанні і заданні
1. Раскажы, дзе і як вучыўся Леў Сапега.

2. Як ён трапіў на дзяржаўную службу да вялікага князя і караля?

3. Чым скончылася паездка Сапегі да маскоўскага цара?

4. Раскажы пра законы нашай дзяржавы, сабраныя ў Статуце Вялікага Княства.

5. На якой мове быў напісаны і выдадзены Статут?

6. Чаму Вялікае Княства Літоўскае аб’ядналася з Польшчай? Як называлася задзіночаная дзяржава?

7. Што такое вунія? 

8. Чаму вуніяцтва называюць народнай рэлігіяй беларусаў?

9. Як Леў Сапега дапамог радзіме перамагчы шведскіх захопнікаў?

10. Якія яшчэ заслугі належаць Сапегу?

Вялікі гетман Ян Кароль


У бацькавым палацы
Яну Каралю Хадкевiчу лёс наканаваў стаць адным з найславуцейшых беларускiх палкаводцаў. Калі ён нарадзіўся, iшла надзвычай цяжкая для нашай дзяржавы вайна з Масковiяй. Цар Iван Жахлiвы iмкнуўся захапiць i далучыць да сваiх уладанняў Полацак ды iншыя беларускiя землi да самай Вiльнi.

Бацька Яна Хадкевiча быў на вайсковай i дыпламатычнай службе i нячаста прыязджаў дадому. Янка рос пад наглядам мацi.

Ягонае маленства прайшло недалёка ад Баранавiчаў. Там, на высокiм беразе рэчкi Мышанкi, стаяў бацькаў палац-замак, абведзены стромкiм валам i глыбокiм ровам. Янка любiў гуляць з аднагодкамi ў вайну. Ўжо тады яго прызнавалi за камандзiра. Ён з драўлянай шабляю ў руцэ вадзiў хлапчукоў на штурм замкавага валу. Або загадваў сваiм малым ваярам падрыхтавацца да абароны на другiм баку Мышанкi i першы смела кiдаўся ў ваду.

У вялiкiх палацавых пакоях Янку вабiлi развешаныя на сценах старадаўнiя мячы, шаблi, шчыты, стрэльбы-рушнiцы. Хлопчык мог доўга разглядваць гербы i партрэты сваiх продкаў. Ён ведаў, што Хадкевічы займалi ў нашай дзяржаве высокiя пасады i заслужылі вялікую павагу.

Пад кiраўнiцтвам хатнiх настаўнiкаў Янка рана навучыўся пiсаць i чытаць. Ён з ахвотаю займаўся гiсторыяй i арыфметыкай. Не меншыя здольнасцi i спрыт хлопчык выявiў i ў вайсковай справе. Ён з малых гадоў добра ездзiў на канi. Крыху пазней Янка выдатна авалодаў шабляй i рапiрай, навучыўся трапна страляць з лука i з агняпальнай зброi.


Першыя перамогi
Дзецi з заможных i знатных беларускiх сем’яў у тыя часы абавязкова атрымлiвалi добрую адукацыю. Ян спачатку вучыўся ў Вiльнi — у калегiюме i акадэмii. Потым ён паглыбляў свае веды ў Нямеччыне i ў iтальянскiм горадзе Падуi, дзе некалi Францiшак Скарына стаў доктарам лекарскiх навук.

Хадкевiч атрымаў добрыя веды з гiсторыi, геаграфii, матэматыкi. Ён ведаў лацiнскую мову, на якой можна было паразумецца з жыхарамi ўсiх еўрапейскiх краiнаў.

Хадкевiч старанна вывучаў кнiгi знакамiтых палкаводцаў. У сваёй вандроўцы па Еўропе ён завiтаў на востраў Мальту. Тамтэйшыя рыцары ўдала ваявалi з туркамi. Падарожнік з Беларусі шмат чаму навучыўся ў мальтыйскіх ваяроў.

Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, ён ажанiўся з княгiняй Соф’яй Слуцкай. Яна стала любай i клапатлiвай жонкаю. Хадкевiч часта пiсаў ёй з ваенных паходаў лiсты. Ён  заўсёды называў жонку “адзiнай, каханай i наймiлейшай Зосечкаю”.

Ваярскi талент прынёс Яну першыя поспехi ў ратнай справе. Камандуючы уласным аддзелам коннiцы, ён праявiў адвагу пад час паходу ў паўднёвыя землi Малдовы i Валахii. За атрыманыя там перамогi Хадкевiчу даверылі адказную вайсковую пасаду палявога гетмана.


Шведская вайна
У тым часе Рэч Паспалiтая пачала доўгую вайну са Швецыяй за панаванне на Балтыйскiм моры. Вялiкi князь i кароль Жыгiмонт Ваза прызначыў Хадкевiча намеснiкам вялiкага гетмана i накiраваў у Прыбалтыку.

Нашае войска было параўнаўча са шведскiм невялiкае i горш узброенае. Ранейшыя камандзiры i каралеўскiя чыноўнiкi думалi найперш пра сябе, а не пра сваiх падначаленых. Жаўнеры доўга не атрымлiвалi грошай i часта галадалi. Нярэдка яны мусiлi здабываць сабе ежу рабункамi або наогул уцякалi дахаты. Ян Хадкевiч хутка навёў дысцыплiну. Ён сурова караў парушальнiкаў, але клапацiўся, каб ваяры заўсёды былi накормленыя i апранутыя, каб мелi добрую зброю i сытых коней. Грошы на войска з каралеўскай скарбнiцы прыходзiлi нерэгулярна, i гетман загадаў плацiць жаўнерам заробкi i купляць зброю за свае сродкi. Дзеля гэтага ён нават заклаў за грошы ўласныя маёнткi.

Спачатку нашае войска прымусiла здацца шведскi гарнiзон у эстонскiм горадзе Дэрптце (Тарту). Потым Хадкевiч разбiў прысланы з-за мора свежы шведскi корпус. Яшчэ праз некалькi месяцаў ён разграмiў новы вялiкi аддзел ворага. У той бiтве палегла дзве тысячы шведаў i быў захоплены 21 баявы непрыяцельскi сцяг. Пасля гэтага сойм Рэчы Паспалiтай пастанавiў перадаць Хадкевiчу булаву вялiкага гетмана. Гэта значыць, ён стаў у нашай дзяржаве галоўным камандзiрам усёй армii.


Беларускiя гусары
Улюбёным войскам Яна Караля Хадкевiча былi гусары. Напачатку так называлi лёгкую кавалерыю. Але пазней зброя i рыштунак гусараў зрабiлiся больш цяжкiмi i надзейнымi. Цела i галаву гусараў прыкрывалi панцыры i шаломы-шышакѕ. З ворагам яны бiлiся доўгiмi дзiдамi i шаблямi, а на адлегласцi трапна паражалi працiўнiка з лукаў i пiсталетаў.

На дзiдах у беларускiх гусараў трапяталiся бел-чырвона-белыя сцяжкi. Да гусарскiх панцыраў мацавалiся вялiкiя крылы з пер’ем, якiя наводзiлi на ворага жах. Таму гэтыя воiны мелi яшчэ адну назву — крылатыя вершнiкi. У тыя часы якраз крылатыя вершнiкi прыносiлi нашаму войску найбольшую славу.


Бiтва пад Кiрхгольмам
Беларускiя гусары дапамаглi гетману Хадкевiчу атрымаць найслаўнейшую перамогу над шведамi каля вёскi Кiрхгольм (цяпер Саласпiлс) непадалёку ад Рыгi.

На досвiтку 27 верасня 1605 года там сустрэлiся армiя шведскага караля Карла IX i баявыя палкi нашай дзяржавы. Карл IX меў 7300 ваяроў. Шведская пяхота тады лiчылася найлепшай у свеце, таму i складала большасць непрыяцельскага войска. Хадкевiч прывёў на бiтву 4300 жаўнераў. Нашае войска ледзь не цалкам складалася з беларусаў. Беларусамі былі і амаль усе камандзіры.

Беларусы i шведы доўга стаялi насупроць адзiн аднаго, не пачынаючы бiтвы. Затым гетман загадаў сваёй лёгкай кавалерыi адступаць. Карл IX, паверыўшы ў блiзкую перамогу, кiнуў сваiх жаўнераў у наступ. Ягоная пяхота з гарматамi спусцiлася са зручных пазiцый на ўзвышшы. I тут шведаў нечакана заатакавалi з бакоў беларускiя гусары i лёгкая коннiца. Шведы пачалi ўцякаць, і ў пагоню за iмi кiнулiся беларускiя татары, якiя вартавалi абоз Хадкевiча.

У бiтве палегла 6 тысяч шведаў. Беларусы захапiлi ўсе непрыяцельскiя гарматы i 60 сцягоў. У нашым войску загiнула ўсяго блiзу 100 жаўнераў i некалькi сотняў былi параненыя.

Слава пра Кiрхгольмскую перамогу разнеслася па ўсiм свеце. Вiншаваннi гетману Хадкевiчу прыслалi папа рымскi i большасць еўрапейскiх валадароў.


Вайна з туркамi
На поўднi Рэч Паспалiтая суседзiла з вялiзнай i неспакойнай турэцкай дзяржавай, якая называлася Асманскай iмперыяй. Туркi захапiлi шмат якiя еўрапейскiя краiны. Неўзабаве пачалася вайна Асманскай iмперыi i з Рэччу Паспалітай. Турэцкi султан рыхтаваў вялiкi паход на поўнач. Ён хвалiўся, што разгромiць Рэч Паспалiтую i выйдзе на берагi Балтыйскага мора.

Велiзарная турэцкая армiя, якая налiчвала 150 тысяч ваяроў, рушыла ў бок Малдовы i Украiны. Камандзiрам войска Рэчы Паспалiтай прызначылi Яна Хадкевiча — найлепшага ў дзяржаве палкаводца. Беларускiя палкi iшлi на вайну з-пад нашых старажытных гарадоў — Полацка, Вiльнi, Смаленска ды іншых. Моцным iхнiм хаўруснiкам было ўкраінскае войска запарожскiх казакоў.

Хрысцiянскае i мусульманскае войскi сышлiся на беразе ракi Днястра каля замка Хацiн. Гэты замак яшчэ ў часы князя Вiтаўта збудавалi беларускiя майстры.

Хацiнская бiтва доўжылася не адзiн тыдзень. Найцяжэйшым стаў той дзень, калі туркам удалося захапiць галоўны вал нашых умацаванняў i ўварвацца ў лагер. Казакi-запарожцы выбiлi ворагаў за вал, але султан кiнуў у тое самае месца свежыя сiлы. Тады Хадкевiч выкарыстаў сваiх найбольш надзейных i загартаваных ваяроў. У турэцкiя шэрагi ўрэзалiся палкi беларускiх гусараў. Крылатымi вершнiкамi кiраваў сам гетман. Туркi не вытрымалi магутнага напору беларусаў i пабеглi. Некалькi тысяч ворагаў палеглi ад шабляў, дзiдаў i куляў нашых гусараў.

Султан Асман ужо i не ўспамiнаў пра свой намер захапiць Балтыйскае ўзбярэжжа. Побач з ягоным шатром паныла стаялі пахудзелыя, змерзлыя пад халодным восеньскім дажджом сланы. Нястача цёплай вопраткі і дрэннае харчаванне вельмі аслабілі турэцкае войска.

У цяжкiм становiшчы апынулiся i нашы ваяры. У лагеры было шмат параненых i хворых, канчаўся порах i запасы харчу. Ян Кароль Хадкевiч смяротна захварэў i ўжо не падымаўся з ложка. Аднак на яго апошняй нарадзе з камандзiрамi была прынятая аднадушная пастанова — не адступаць.

Праз колькi дзён гетман Хадкевiч памёр. Вестка пра гэта даляцела да туркаў, i яны кiнулiся на штурм. Але сiлаў у iх ужо не ставала. Неўзабаве памiж туркамi i нашым камандаваннем пачалiся перамовы.

Паводле мiрнай дамовы мяжа Рэчы Паспалiтай з Асманскай iмперыяй не мянялася. Гэта азначала перамогу. Туркi не ведалi, што ў дзень замірэння ў войску Хадкевіча заставалася апошняя бочка пораху.

Пераможцы горка шкадавалi, што з iмi ўжо няма ўлюбёнага камандзiра. “Пан гетман памёр, а з iм вялiкае шчасце Айчыны мiлай”, — з болем запiсаў у тыя днi адзiн з нашых суайчыннікаў.


Пытаннi i заданнi
1. Раскажы пра дзяцiнства Яна Караля Хадкевiча.

2. Дзе вучыўся будучы гетман? Якiя навукi ён вывучаў?

3. Як Ян Кароль Хадкевiч ваяваў са шведамi?

4. Што ты даведаўся пра беларускiх гусараў?

5. Як беларусы атрымалi перамогу пад Кiрхгольмам?

6. Якія планы былі ў турэцкага султана?

7. Якая бiтва вырашыла лёс вайны з туркамi? Раскажы пра гэтую бiтву.

Вынаходнік Казімір Семяновіч


Мiнуўшчына нашай краiны славутая не толькi сваiмi выдатнымi палiтыкамi i ваярамi, асветнiкамi i паэтамi. Сярод нашых далёкiх продкаў былi i знакамітыя вучоныя, вынаходнiкi.  Яны нашмат апярэджвалi свой час. 

Чатыры стагоддзi таму адукаваныя людзi ўсёй Еўропы захаплялiся талентам аднаго з такiх людзей — беларуса Казiмiра Семяновiча.


Патрыёт Вялiкага Княства
Звестак пра гэтага выдатнага чалавека захавалася няшмат. Дакладна невядомыя нi год, нi месца нараджэння Казiмiра Семяновiча. Гiсторыкi мяркуюць, што ён з’явiўся на свет чатырыста гадоў назад, а здарылася гэта ў Вiцебскiм ваяводстве.

Беларусы ў тыя часы называлi сябе лiцвiнамi, гэта значыць жыхарамi Вялiкага Княства Лiтоўскага, якое было беларускай дзяржавай. Лiцвiнам заўсёды з гонарам называў сябе i Казiмiр Семяновiч, прычым рабiў гэта i на радзіме, i жывучы далёка ад Беларусі.

За тысячы кiламетраў ад роднай зямлi ён прачула пiсаў у сваёй кнiзе: “Сэрца клiча туды, дзе жыве мой народ, дзе ў Купальскую ноч на вулiцах гарадоў i на лугах збiраецца мноства людзей, каб каля запаленых вогнiшчаў спраўляць карагоды i вясёлыя танцы”.

Казiмiр паходзiў з шляхецкай сям’i. Найпершым абавязкам нашай шляхты была абарона дзяржавы ад ворагаў.


Абарона Бацькаўшчыны
Пасля навучання ў школе-калегiюме Семяновiчу таксама давялося ўзяць у рукi зброю. Ён удзельнiчаў у войнах Рэчы Паспалiтай з Маскоўскай дзяржавай i з татарамi. У бiтвах Казiмiр быў заўсёды рашучы i мужны, хоць лiчыў войны найбольшай бядой на свеце.

Трапiўшы ў войска, Семяновiч адразу зацiкавiўся артылерыяй — навукай пра гарматы i iхняе баявое выкарыстанне. Артылерысты лiчылiся на вайне галоўнымi. Ад iх майстэрства вельмi часта залежала перамога. У адной з бiтваў з татарамi Казiмiра вельмi ўразiлi дзеяннi непрыяцельскіх піратэхнікаў — майстроў, што займаліся вырабам гаручых сумесяў і сігнальных агнёў. Татарскія піратэхнікі зрабiлi тады густую дымавую заслону i выратавалi сваю коннiцу ад разгрому.

Казiмiр Семяновiч намерыўся прысвяцiць вывучэнню артылерыi і піратэхнікі ўсё сваё жыццё. Дзеля гэтага ён старанна займаўся арыфметыкай, геаметрыяй, механiкай, фiзiкай, хiмiяй ды шмат якiмi iншымi навукамi. Сiлы ў гэтай цяжкай працы дадавала яму, як ён прызнаваўся, шчырае жаданне паслужыць Бацькаўшчыне i сваiм суродзiчам.


Падарожжа ў Галандыю
Каб паглыбiць свае навуковыя веды, Казiмiр Семяновiч выпраўляецца ў далёкую Галандыю. Грошы на падарожжа даў яму сам вялiкi князь i кароль Уладзiслаў IV.

Гаспадар нашай дзяржавы вылучыў Казiмiра сярод астатнiх артылерыстаў. Гэта адбылося дзякуючы яго таленту, розуму i працавiтасцi. Вельмі важна было і тое, што Семяновiч выдатна ведаў замежныя мовы — лацiнскую, грэцкую, нямецкую ды яшчэ некалькi.

Галандыя была тады адной з найбольш перадавых краiнаў у Еўропе. Яна мела багатыя бiблiятэкi i добра развiтую навуку. У Галандыi было моцнае войска з добрай артылерыяй. Семяновiч шмат чытаў, рабiў сотнi старонак выпiсаў i замалёвак, вывучаў дасягненнi галандскiх гарматнiкаў.

Наш вучоны суайчыннiк задумаў напiсаць сваю кнiгу, прысвечаную артылерыi. Ён распачаў доследы з порахам і раскрываў усё новыя таямнiцы гэтага небяспечнага рэчыва.

У Галандыi iшла вайна за незалежнасць ад iспанскага караля. Як спрактыкаваны iнжынер-гарматнiк Семяновiч удзельнiчаў у аблозе розных гарадоў i заслужыў баявы галандскi ордэн. Адначасова ён, часта пад варожымi кулямi, вёў свае навуковыя назiраннi. Галандцы паважалi беларуса Семяновiча не толькi за смеласць, але i за шматлiкiя вынаходкi, якiя паляпшалі баявыя гарматы.


Вялiкае мастацтва артылерыi
Праз два гады вялiкi князь i кароль Уладзiслаў IV прыслаў Семяновiчу загад вярнуцца на радзiму i прызначыў яго на высокую пасаду намеснiка начальнiка каралеўскай артылерыi.

Нягледзячы на нялёгкiя дзяржаўныя клопаты, Казiмiр Семяновiч працягваў працу над сваёй кнiгай пра артылерыю і піратэхніку. Дзеля яе завяршэння ён папрасiў дазволу пакiнуць службу i зноў паехаў у Галандыю.

Кнiга нашага вучонага суайчыннiка была надрукаваная ў 1650 годзе ў горадзе Амстэрдаме. Яна называлася «Вялiкае мастацтва артылерыi». Семяновiч напiсаў яе на лацiнскай мове, якую тады добра ведалi адукаваныя людзi ў кожнай еўрапейскай краiне, у тым лiку i ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм.

У сваёй працы Семяновiч падрабязна пісаў пра гарматы розных відаў. Ён патлумачыў, як правiльна выбраць iхнi калiбр, як атрымаць неабходны сплаў металаў i добры порах. Кнiга мела больш за дзвесце дасканалых малюнкаў, складаных схемаў i таблiцаў.

Асобны i найкаштоўнейшы раздзел «Вялiкага мастацтва артылерыi» быў прысвечаны ракетам. Беларус Казiмiр Семяновiч упершыню ў свеце вынайшаў шматступеневую ракету.

Ён зрабiў таксама шмат вынаходак, якiя і сёння выкарыстоўваюцца ў ракетабудаваннi. За гэтыя заслугі Казіміра Семяновіча справядліва называюць “дзядулем” ракетнай тэхнікі.


Еўрапейская слава
Канец жыцця нашага вынаходнiка ахутаны таямнiцаю. Прыкладна праз год пасля выхаду кнiгi «Вялiкае мастацтва артылерыi» зямны шлях Семяновiча абарваўся. Магчыма, ён загiнуў пад час сваiх небяспечных доследаў. Магчыма, быў забiты нейкімі зайздроснiкамi i супернiкамi, якiя лiчылi, што Казiмiр выдаў iхнiя прафесiйныя сакрэты.

Жыццё вучонага працягвалася ў ягонай кнiзе. Не прамiнула i года, як «Вялiкае мастацтва артылерыi» пераклалi на французскую мову. Потым з’явiлiся пераклады на галандскую, нямецкую, дацкую, англiйскую. Паўтара стагоддзя кнiга Семяновiча была найлепшым у Еўропе падручнiкам артылерыi i ракетабудавання.

Калi вам хто скажа, што шматступеневую ракету вынайшаў расейскi вучоны Канстанцін Цыялкоўскi, — растлумачце, што ў сапраўднасці ўсё было іначай. Больш чым за 250 гадоў да Цыялкоўскага гэта зрабiў выдатны беларускi вынаходнiк Казiмiр Семяновiч.


Пытаннi i заданнi
1. Дзе нарадзіўся Казiмiр Семяновiч?

2. Што ты даведаўся пра ягоны ўдзел ў абароне нашай Бацькаўшчыны?

3. Дзеля чаго Семяновiч паехаў у Галандыю? Чым ён там займаўся?

4. Як называецца кнiга Семяновiча? Дзе i на якой мове яна была надрукаваная?

5. На якiя мовы была перакладзеная кнiга «Вялiкае мастацтва артылерыi»?

6. Чаму Казiмiра Семяновiча называюць “дзядулем” ракетнай тэхнiкi?

Крывавае стагоддзе


Беларусь не паспела загаіць цяжкія раны, пакінутыя вайной з маскоўскім царом Iванам Грозным, як на нашую зямлю зноў абрынулася ваеннае ліхалецце. У войнах прайшло ўсё семнаццатае стагоддзе. 

За гэта яго і называюць крывавым.

Такой цяжкай пары ў гісторыі нашай дзяржавы яшчэ не было. 

Ворагі знішчалі гарады і вёскі, не шкадавалі ні старых, ні малых. 

Але беларусы не здаваліся. Яны мужна баранілі сваю зямлю і яе незалежнасць. 

Царскім ваяводам і гэтым разам не ўдалося паняволіць наш народ.


Змаганне за Смаленск
Расейскія валадары не пакідалі мары захапіць Беларусь. Самым блізкім да Масковіі быў наш старажытны Смаленск. На яго няраз нападалі царскія ваяводы. Смаленск пераходзіў з рук у рукі. Але на пачатку семнаццатага стагоддзя, пасля доўгай вайны з Масковіяй, Смаленшчына была вернутая ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Разам з ёю да нашай дзяржавы адышла Чарнігаўшчына ды іншыя землі з 30 гарадамі.

Аднак мір з усходнімі суседзямі працягваўся, як заўсёды, нядоўга.

У 1632 годзе цар паслаў у наступ на Смаленск 40-тысячнае войска свайго баярына Шэйна. Ворагі ўзялі горад у аблогу і пайшлі далей. Яны захапілі Полацак, Асвею, Друю ды іншыя беларускія гарады. Але жыхары Смаленска мужна бараніліся і не збіраліся здавацца.

На дапамогу смаленцам кароль і вялікі князь Уладзіслаў выслаў моцнае 25-тысячнае войска. Яно абкружыла маскоўскія палкі і прымусіла іх здацца. Пераможцы адпусцілі палонных дадому, пакінуўшы сабе толькі гарматы.

Цар так угневаўся, што загадаў адсекчы баярыну Шэйну галаву.


Новая вайна
Праз дваццаць гадоў цар Аляксей Міхайлавіч зноў адправіў сваё войска на Беларусь. Ён абяцаў беларусам вызваліць іх ад польскага ўціску, а ў сапраўднасці хацеў зусім іншага. Нашыя прадзеды вельмі хутка зразумелі цану царскіх абяцанак.

У межы Вялікага Княства ўварваліся тры велізарныя варожыя арміі. 100-тысячная вайсковая сіла захопнікаў пакідала за сабой спустошаную і абрабаваную зямлю.

Расейскія стральцы спалілі Бабруйск, Глуск, Чавусы, Копысь... Разам з вялікакнязеўскімі жаўнерамі гераічна баранілі свой горад жыхары Амсціслава. За гэта царскі ваявода Трубяцкой аддаў сваім стральцам загад перабіць усіх амсціслаўцаў — ад старых да дзяцей, якія яшчэ не ўмелі хадзіць. У горадзе засталіся толькі здзічэлыя сабакі.

Былі захопленыя Віцебск, Ворша, Дуброўна, Крычаў, Гомель, Рэчыца, Шклоў. Калі горад адмаўляўся здавацца, цар загадваў разбураць яго. Жыхароў, як і ў Амсціславе, забівалі або вялі ў палон.

Калі маскоўскае войска наблізілася да Полацка, большасць яго насельніцтва на чаўнах і наўплаў пераправілася цераз Дзвіну і ратавалася хто як мог. Манахі везлі з сабою абразы і дамавіны з мошчамі святых, бо захопнікі не шкадавалі ні храмаў, ні магілаў.

Накіроўваючы на нашу зямлю ўсё новыя і новыя войскі, цар наказваў ваяводам на сваім шляху ўсё паліць і разбураць, а каб болей панішчыць — назад ісці іншымі мясцінамі. Захаваліся пісаныя ў Маскву граматы ваяводы Трубяцкога, дзе ён паведамляў цару: “Вокруг Слуцка велели мы все выжечь, а идучи дорогою до Слонима, села, и деревни, и хлеб, и сено по обе стороны жгли и людей побивали, и разоряли совсем без остатку, а в Клецке в городе людей побили всех”. Сваімі рабункамі ворагі давялі народ да страшнага голаду.

На захопленай зямлі беларусы ўсё часцей браліся за зброю. Яны стваралі партызанскія аддзелы і не давалі захопнікам спакою ні ўдзень, ні ўначы. Асабліва ўдала народныя мсціўцы дзейнічалі на Амсціслаўшчыне. Аднаго разу на расейцаў напала цэлае сялянскае войска з трох тысяч змагароў.


Магілеўскае паўстанне
Калі царскія ваяводы падышлі да Магілева, яго жыхары вырашылі ўратаваць свой горад ад разбурэння і таму добраахвотна адчынілі перад маскоўцамі браму. Гараджане спадзяваліся, што стральцы, якія былі адной з імі веры, не будуць чыніць ім ніякай крыўды.

Але магілеўцы моцна памыліліся. Чужынцы абыходзіліся з імі, як з палоннымі. Яны нахабна адбіралі ў гараджанаў грошы і зброю, коней і хлеб, забіралі нават кухонны посуд.

У Магілеве жыло шмат габраяў. Захопнікі абвясцілі, што пастанавілі адправіць іх усіх у Польшчу. Ім загадалі ўзяць самыя каштоўныя рэчы і выйсці з горада. У полі ў габраяў забралі грошы, упрыгожанні ды іншае багацце і амаль усіх перарэзалі.

Магілеўцы рыхтаваліся адпомсціць крывадушным ворагам.

Царскія стральцы аднойчы абрабавалі на рынку жанчын, што прадавалі хлеб. Пасля гэтага цярпенне ў жыхароў скончылася. Загадам гарадскіх уладаў магілеўцы, у чыіх дамах жылі заваёўнікі, выкруцілі з іхніх стрэльбаў крэмні. Такія стрэльбы былі ўжо нікуды не вартыя.

Мужчыны даставалі прыхаваную зброю. У шматтысячным горадзе не знайшлося ніводнага здрадніка, і ворагі да апошняй хвіліны нічога не ведалі.

1 лютага 1661 года магілеўскі жыхар Язэп Левановіч, які кіраваў падрыхтоўкай паўстання, з крыкам “Парђ!” выхапіў шаблю і кінуўся на стральцоў. Над вуліцамі паплыў набатны звон.

Паўстанцам дапамагалі вызваленыя з палону жаўнеры нашага войска. За некалькі гадзін ад шабляў і куляў палеглі тысячы захопнікаў.

Паданне кажа, быццам жывы застаўся толькі адзін-аднюткі стралец, які схаваўся на печы. Яго адпусцілі дадому, наказаўшы перадаць цару і ягоным ваяводам, што беларусы не даруюць падману і здрады і ўмеюць бараніць свой гонар.


У царскім палоне
Вайна прынесла яшчэ адно страшнае гора. Цар пастанавіў перасяліць у Масковію трыста тысяч беларусаў (але ў сапраўднасці гэтых перасяленцаў было значна болей).

Шмат нашых продкаў сталі прыгоннымі сялянамі расейскіх памешчыкаў. У Астрахані ды іншых паўднёвых гарадах царскія стральцы гандлявалі палоннымі з-пад Полацка, Віцебска, Воршы і Амсціслава. Іх прадавалі персам і туркам у вечнае рабства па тры рублі за чалавека.

Вялікую частку палону цар пасяліў у сваёй сталіцы. Жыхары цёмнай, амаль цалкам непісьменнай Масквы вельмі здзіўляліся, што ледзь не палова перасяленцаў з Беларусі ўмела чытаць і пісаць. Нашыя землякі адчынялі там школы.

З гістарычных дакументаў вядома, што адну такую школу трымаў беларус Якуб Якаўлеў, а полацкі манах Варлаам вучыў маскоўскіх дзяцей лацінскай мове. З нашых здольных юнакоў і дзяўчат быў створаны першы ў Маскве і ва ўсёй расейскай дзяржаве тэатр.

Самымі каштоўнымі для цара і ягоных баяраў палоннікамі былі беларускія майстры.

З-пад Воршы перасялілі на чужыну друкароў з іхняй друкарняю. На ўсход гналі разьбяроў, ювеліраў, кафляроў, пераплётнікаў, збройнікаў... Яны аздаблялі саборы і царскія палацы, вучылі свайму рамяству мясцовых людзей.

Калі вы будзеце ў Маскве і трапіце ў багатыя крамлёўскія музеі, памятайце, што шмат якія скарбы Залатой, Срэбнай і Майстроўнай палатаў створаныя таленавітымі рукамі нашых суайчыннікаў.

У другой палове XVII стагоддзя беларускія майстры складалі пятую частку насельніцтва Масквы. Гістарычныя дакументы кажуць, што нашы землякі мелі болей за пяцьдзесят спецыяльнасцяў. Шмат якія рамёствы, добра асвоеныя ў Беларусі, расейцам былі зусім невядомыя.

Турыстаў з розных краін у Маскве часта прыводзяць у славуты Смаленскі сабор Новадзявочага манастыра. Кожны, хто трапляе туды, захапляецца дзівоснай пазалочанайразьбою, якая ўпрыгожвае храм. На жаль, мала хто ведае, што гэтае дзіва стварыла арцель выдатных беларускіх майстроў.


Цяжкія страты
Вайна з Расейскай дзяржавай доўжылася трынаццаць гадоў — ад 1654-га да 1667-га.

Гэта была самая страшная і крывавая вайна за ўсю гісторыю Беларусі. Бітвы, голад і хваробы скарацілі насельніцтва нашай Бацькаўшчыны ў два разы.

Загінуў кожны другі, а на ўсходзе Беларусі — кожныя восемдзесят чалавек з сотні. Напрыклад, у Полацку перад вайною было болей за 1500 дамоў, а засталося толькі сто, у Віцебску з 982 дамоў у попел і ў руіны ператварыліся 926. Захопнікі вынішчылі пад корань цэлыя беларускія роды.

Беларусь страціла Смаленскую зямлю.

Ад мора пралітай крыві летапісцы назвалі тыя гады не вайною, а патопам.

Велізарнай і незваротнаю стратай сталі для Беларусі не толькі палеглыя. Сотні тысяч беларусаў вайна назаўсёды адарвала ад родных дамоў і змусіла застацца на чужыне.

Сярод іх быў і знакаміты сын нашага народа Сімяон Полацкі, якому будзе прысвечанае наступнае апавяданне.


Пытанні і заданні
1. Чаму XVII стагоддзе называюць крывавым?

2. Раскажы, як адбывалася змаганне за Смаленск.   

3. За што цар пакараў смерцю свайго ваяводу Шэйна?

4. Раскажы, як паводзілі сябе на нашай зямлі расейскія войскі.

5. Навошта цар загадваў паліць і нішчыць беларускую зямлю?

6. Як беларусы змагаліся з захопнікамі?

7. Чаму магілеўцы падняліся на паўстанне супроць царскіх стральцоў?

8. Хто кіраваў паўстаннем у Магілеве? Раскажы, як яно адбывалася.

9. Колькі тысяч беларусаў цар хацеў перасяліць у сваю дзяржаву? 

10. Што рабілі нашы землякі на чужыне?

11. Які славуты маскоўскі сабор упрыгожылі беларускія майстры?

12. Чаму мы называем вайну 1654—1667 гадоў самай страшнай у гісторыі Беларусі? Раскажы пра цяжкія страты нашай зямлі.

Сімяон Полацкі


Шлях па навуку
Чалавек, пра якога мы пагаворым, заслужыў славу выдатнага пісьменніка, настаўніка і асветніка. Яго ведалі ў свеце далёка ад Беларусі. Але ён заўсёды з любасцю ўспамінаў яе і свой родны горад, у гонар якога ўзяў сабе прозвішча — Полацкі.

У дзяцінстве і юнацтве яго звалі Самойлам. Хлопчык нарадзіўся ў 1629 годзе ў сям’і заможных гараджанаў. Навуку ён пачаў спасцігаць у школцы пры полацкім Богаяўленскім манастыры. Тут не толькі вучылі чытаць, пісаць і лічыць, але і выкладалі лацінскую і грэцкую мовы, музыку і спевы.

Пасля школы Самойла паехаў вучыцца ў Кіеў, а потым у Вільню, дзе была акадэмія. Там чыталі лекцыі шмат якія знакамітыя вучоныя, добра вядомыя ва ўсёй Еўропе. На занятках Самойла, напрыклад, чуў, што не Сонца круціцца вакол Зямлі, як тады лічыла большасць людзей, а наадварот — Зямля з іншымі планетамі круціцца вакол Сонца.

У гэты час полацкага юнака ўжо ведалі як таленавітага паэта. Свае вершы ён, апрача роднай беларускай мовы, пісаў яшчэ на трох —  польскай, лацінскай і расейскай.

У Вільні Самойла стаў прыхільнікам вуніі. Вы памятаеце, што вунія — гэта  аб’яднанне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў.


Вяртанне дадому
Якраз тады, калі Самойла быў віленскім студэнтам, пачалася вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй. Вільню захапіла расейскае войска. Царскія стральцы і казакі рабавалі дамы і храмы. Яны здымалі званы, абдзіралі з абразоў каштоўныя аправы, мучылі і забівалі манашак з манахамі. У касцёле святога Міхала захопнікі разбурылі магілу канцлера Льва Сапегі. Заадно спалілі і некалькі праваслаўных цэркваў.

У раскошнай карэце па Вільні ехаў маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч. Дарогу перад ім засцілалі крывава-чырвонай тканінаю. Апрача войска, цара ніхто не сустракаў. Палова віленцаў загінула, астатнія ратавалі жыццё хто як мог.

Трэба было ратавацца і Самойлу. Ён падаўся ў Полацак.

Родны горад сустрэў падарожніка пажарышчамі і падазронымі позіркамі маскоўскіх стральцоў, якія гаспадарылі на вуліцах. Самым надзейным прытулкам для адукаванага чалавека быў у такое ліхалецце манастыр.

Самойла пастрыгся ў манахі і атрымаў новае імя — Сімяон. Ён пачаў працаваць у той самай школцы, дзе некалі вучыўся. Полацкія хлапчукі любілі манаха Сімяона за цікавыя ўрокі, на якіх ён часта чытаў свае вершы. Вучні з захапленнем ставілі спектаклі ў школьным тэатры, які стварыў іхні настаўнік. П’есы для тэатра таксама пісаў Сімяон.

Неўзабаве ў Полацак прыехаў цар Аляксей Міхайлавіч. Разам са сваімі вучнямі Сімяон выступіў перад ім з чытаннем вершаў.

Тады вучоны палачанін яшчэ не ведаў, што праз колькі гадоў ён пераселіцца ў Маскву і будзе выхоўваць царскіх дзяцей.


Ад’езд на чужыну
У Беларусі па-ранейшаму лілася кроў, гінулі людзі, зарасталі лесам палі. Страшная вайна здавалася бясконцаю, і Сімяон наважыўся пераехаць у Маскву.

Да ад’езду яго змушала і нянавісць полацкага праваслаўнага епіскапа Каліста. Гэтага святара Масква паставіла на пасаду ў абыход царкоўных законаў. Сімяон быў нязгодны і ў адным сваім вершы пасмяяўся з незаконнага епіскапа.

Тады Каліст прызначыў паэту ганебнае пакаранне працаю ў манастырскім хляве. Потым Сімяона наогул кінулі ў астрог і закавалі ў кайданы. Болей паэт не мог трываць такіх здзекаў.

Ён пакідаў бацькоўскую зямлю не таму, што любіў цара і хацеў яму служыць. Ён ведаў, што маскоўскія ўладары заўсёды былі ворагамі нашай дзяржавы. Але Сімяон хацеў, не баючыся за сваё жыццё, займацца навукаю і пісаць кнігі.

Адукаваных людзей у Расейскай дзяржаве было значна меней, чым у Беларусі. Таму палачаніна прынялі гасцінна. Цар часта запрашаў Сімяона ў свой палац і даваў яму розныя адказныя даручэнні. Ён быў перакладчыкам пры высокіх замежных гасцях. Стварыў для царскіх людзей лацінскую школу.

Прыдворныя здзіўляліся і захапляліся Сімяонавымі вершамі. Да розных урачыстых выпадкаў паэт пісаў вершаваныя віншаванні, прычым рабіў іх у выглядзе крыжа, зоркі, сэрца або стужкі серпанціну.

Хутка Сімяона прызначылі выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей, сярод якіх быў і будучы цар Пётр I.

Хоць паэт і быў пад царскаю абаронаю, жылося яму ў Маскве не надта соладка. Царкоўнікі лічылі ягоныя веды і мудрасць небяспечнымі і чынілі Полацкаму ўсялякія перашкоды. Прыгняталі Сімяона і бесчалавечна жорсткія маскоўскія парадкі. У Расейскай дзяржаве нязгодным часта выразалі языкі. Пасля аднаго з маскоўскіх бунтаў сямі тысячам чалавек на царскі загад адсеклі галаву, а яшчэ пятнаццаць тысяч засталіся без рукі ці нагі.

Сімяон пісаў у лісце да сябра, што, як толькі дазволяць абставіны, ён вернецца на радзіму. Але ягоныя мары так і не здзейсніліся.


Слуга навукі і мастацтва
Сапраўднае шчасце і адпачынак для душы Полацкі знаходзіў у працы. Ён адчыніў у царскім палацы друкарню і выдаў там буквар, а потым і іншыя кнігі. У друкарні працавалі беларускія майстры, вывезеныя ў царскі палон.

Адкрыццё Сімяонавай друкарні было для адсталай Масковіі вельмі важнай падзеяй. Колькасць друкарняў адразу павялічылася ў два разы: замест адной стала дзве. Тым часам ў Рэчы Паспалітай дзейнічалі ажно 134 друкарні.

Нашы землякі-беларусы, выведзеныя на чужыну царскімі заваёўнікамі, сталі акцёрамі створанага Сімяонам у Маскве першага расейскага тэатра.

Полацкі напісаў праект першай у Расеі найвышэйшай школы.

Але галоўным захапленнем асветніка, як і раней, заставалася паэзія. Штодня ён спісваў дробным почыркам па восем старонак. З-пад пяра ў Сімяона выходзілі вершы і байкі, вершаваныя апавяданні і загадкі, п’есы і пераклады з іншых моваў.

Ён шчодра дзяліўся з чытачамі сваімі глыбокімі ведамі. З Сімяонавых твораў можна было, напрыклад, даведацца пра асветніцу Еўфрасінню і пра сем цудаў свету, пра ўласцівасці магніту і крэменю або пра біблійнага асілка Самсона, які нібыта забіў аслінаю косткаю тысячу ворагаў...

У шмат якіх вершах Полацкі змагаўся з тагачаснымі расейскімі забабонамі. Як і ягоны знакаміты папярэднік Скарына, Сімяон быў добрым лекарам. Ён абураўся тымі маскоўцамі, якія мазалі дзяцей граззю, каб засцерагчы іх ад благога вока. Паэт высмейваў п’яніцаў і людзей, што верылі ў розныя кепскія прыкметы.

Не баяўся Сімяон павучаць і самога цара. Палачанін раіў маскоўскаму ўладару не абкружаць сябе крывадушнымі лісліўцамі, а слухаць парады разумных людзей. Ён пісаў у вершах пра тое, што людзей нельга караць смерцю без суда. Заклікаў цара кіраваць мудрасцю, а не жорсткасцю.

У Маскве наш зямляк напісаў болей за дзесяць кніг.

Ён не шкадаваў сябе, шмат хварэў і рана памёр. У свае апошнія дні Полацкі часта думаў пра Беларусь. Ён склаў запавет, у якім падзяліў свае грошы паміж беларускімі манастырамі ў Полацку, Віцебску, Воршы, Менску і Вільні.

Пасля Сімяона засталася найбагацейшая ў Маскве бібліятэка. Ён выхаваў некалькі расейскіх паэтаў. Створаная ім друкарня выдавала новыя кнігі.

Праз колькі гадоў пасля Сімяонавай смерці запарожскія казакі папрасілі прыслаць ім з Масквы кнігі знакамітага палачаніна. Іхняе просьбы ніхто не выканаў, бо творы Полацкага ўжо былі абвешчаныя шкоднымі. Царкоўныя ўлады нават забаранілі ўспамінаць пра іх.

Магіла асветніка не захавалася, але ён стварыў сабе вечны помнік у людской памяці. Перавыдаюцца ягоныя творы. Вучоныя і пісьменнікі пішуць пра Сімяона кнігі.

У Полацку плануецца адчыніць помнік нашаму выдатнаму земляку. Гэты помнік будзе стаяць побач з будынкамі колішняга Богаяўленскага манастыра, які ў цяжкія часы даў прытулак маладому паэту і асветніку.


Пытанні і заданні
1. Што ты ведаеш пра дзяцінства Сімяона Полацкага? 

2. Якое яго сапраўднае імя?

3. Дзе вучыўся Сімяон?

4. Чаму паэт вярнуўся з Вільні ў Полацак?

5. Чым займаўся Сімяон у родным горадзе?

6. Што прымусіла Сімяона Полацкага перасяліцца ў Маскву?

7. Раскажы, як жыў наш зямляк на чужыне.

8. Пра што пісаў Сімяон у сваіх вершах?

9.Што смелы паэт раіў маскоўскаму цару?

10. Якую спадчыну пакінуў Сімяон Полацкі?

Пётр I і Беларусь


Кожны з вас, вядома, чуў пра расейскага цара Пятра I. Ён шмат зрабіў, каб умацаваць сваю дзяржаву. Клапаціўся пра войска, пабудаваў флот. Далучыў да сваёй краіны новыя землі. Пятроўская дзяржава пачала называцца Расейскай імперыяй, а сам ён імператарам. У Расеі шануюць гэтага цара і лічаць яго выдатным дзяржаўным дзеячам. Але ці варта захапляцца Пятром I нам, беларусам? Што зрабіў ён для нашай зямлі?


Паўночная вайна
Сеўшы на расейскі трон, цар Пётр вырашыў, як ён сам казаў, прасекчы вакно ў Еўропу. Гэта значыць, ён хацеў адваяваць сабе бераг Балтыйскага мора і пабудаваць там свае крэпасці-фартэцы і порты для ваенных і гандлёвых караблёў. Дзеля гэтага ён пачаў вайну са Швецыяй, якой тады належалі прыбалтыйскія землі. Вайна атрымала назву Паўночная.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аўгуст II быў хаўруснікам Пятра. Але частка беларускіх магнатаў на чале з Сапегамі падтрымала шведскага караля Карла і дапамагла яму войскам. Пётр I паслаў на Беларусь 70-тысячную армію.

Так на пачатку XVIII стагоддзя нашу Бацькаўшчыну зноў напаткала вайна. Тут адбылося некалькі жорсткіх бітваў паміж расейцамі і шведамі. Самая вялікая з іх — бітва каля вёскі Лясная на Магілеўшчыне, дзе войскам Пятра ўдалося здабыць важную перамогу.


Цар у Полацку
Калі вы прыедзеце ў Полацак, вам пакажуць старадаўні мураваны дом, дзе ў гады Паўночнай вайны спыняўся расейскі цар. Ён пражыў у горадзе ўсяго месяц, але назаўсёды пакінуў па сабе страшную памяць, бо ўчыніў там крывавае злачынства. Прычым зрабіў гэта не дзе-небудзь, а ў святым для кожнага беларуса месцы — Сафійскім саборы.

Пётр ніколі не быў набожным. Заходзячы ў храм, ён, праўда, здымаў з галавы парык, але нават са сваімі расейскімі папђмі ніколі не цырымоніўся. Вуніятаў жа ён проста ненавідзеў, бо яны не падпарадкоўваліся маскоўскім царкоўным уладам. У Віцебску цар загадаў, напрыклад, пасекчы і спаліць вуніяцкія абразы.

Аднойчы Пётр з некалькімі прыдворнымі, перад тым добра выпіўшы, зайшоў у вуніяцкі Сафійскі сабор. Простых вернікаў такой парою не было, маліліся толькі шэсць святароў і манахаў. Цар гучна запатрабаваў зрабіць яму па храме экскурсію. Немалады святар айцец Канстанцін мусіў падпарадкавацца і пачаў апавядаць няпрошаным гасцям пра галоўны сабор беларускіх вуніятаў. Адзін з абразоў не спадабаўся цару, і ён ударыў святара сваім пудовым кулаком. Айцец Канстанцін упаў, і Пётр цяжка параніў яго шабляй. Беручы прыклад з раз’юшанага гаспадара, прыдворныя таксама выхапілі шаблі і распраўляліся з бяззбройнымі людзьмі. Па храме паплылі крывавыя ручаі. Уратавацца ад п’яных катаў удалося толькі аднаму святару, якога палічылі забітым. Старэнькага айца Якуба царовы служкі забралі з сабой і ўсю ноч катавалі, патрабуючы выдаць, дзе схаванае саборнае золата. Уранні айца Якуба і айца Канстанціна павесілі. Целы пяці забітых беларускіх святароў Пётр загадаў спаліць, а попел развеяць над Дзвіной, каб на іхняй магіле не маглі збірацца людзі.

Пра гэтае злачынства даведаліся ў іншых краінах. Каб спыніць непажаданыя размовы, цар Пётр I выдаў адмысловы загад. Там гаварылася, што полацкія святары самі напалі ў Сафійскім саборы на гасцей і тыя, каб адбараніцца, мусілі іх забіць. У Расейскай імперыі заўсёды ўмелі з чорнага рабіць белае.


Царская помста
За незалежнасць Пётр I жорстка пакараў не толькі полацкіх вуніятаў, але і іхні сабор. Спачатку храм святой Сафіі аддалі салдатам на рабаванне, а потым зрабілі на загад цара вайсковым складам. Там трымалі розныя прыпасы, а часам і коней.

У саборных сутарэннях расейцы захоўвалі порах. Досыць было іскрынкі, каб беларуская святыня ўзляцела ў паветра.

Такая іскра ўспыхнула якраз напярэдадні адыходу з Полацка царскіх войскаў. Вядома, здарылася гэта невыпадкова.

Сафійскі сабор ператварыўся ў куродымныя руіны. Трыццаць гадоў яны стаялі на высокім полацкім замчышчы, выклікаючы ў сэрцах палачанаў і тых, хто плыў па Дзвіне, глыбокі смутак, нагадваючы пра цяжкія раны роднай зямлі.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя вуніяты адбудавалі сабор.

Тады ён і набыў добра знаёмае нам сучаснае аблічча.


Саюзнікі ці захопнікі?
Расейскі імператар і ягоныя людзі трымаліся ў Беларусі не як хаўруснікі, а як захопнікі. Ад іх нашая краіна зазнала гора не меней, чым ад шведаў.

Так было не толькі ў Полацку.

Гістарычныя дакументы апавядаюць, як паводзіў сябе ў Магілеве сябар і паплечнік цара Аляксандр Меншыкаў. Заняўшы горад, ён запатрабаваў ад жыхароў карміць і паіць сваё вялікае войска. Кожны дзень магілеўцы былі абавязаныя дастаўляць “саюзнікам” некалькі бочак віна, мёду і піва, жывога вала, некалькі дзесяткаў бараноў, некалькі вазоў жывой і марожанай рыбы, цэлыя чароды гусей і курэй, сто булак і дзвесце калачоў, кадушкі масла і скрыні аліваў, а таксама цукар, разынкі, міндаль, мускатавыя арэхі ды іншыя прысмакі. Горад выконваў усе загады расейцаў, але, замест удзячнасці, быў падпалены.

Выгнаныя з горада жыхары выплакалі апошнія слёзы, бачачы, як ператвараюцца ў попел іхнія дамы і Божыя храмы. У агнявой віхуры царкоўныя званы самі пачалі званіць. Гэта быў хаўтурны звон па адным з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы.

Царскія казакі  падпалілі з чатырох бакоў і Віцебск. Горкія ўспаміны засталіся ад “саюзнікаў” таксама ў Менску. Там расейская кавалерыя абчысціла жаночы манастыр святой Тройцы, ад якога пайшла назва сённяшняга Траецкага прадмесця. Шукаючы золата, зладзеі паламалі ў манастырскім саборы алтар і ўзадралі падлогу. Потым надышла чарга Святадухаўскай царквы на Высокім рынку (там, дзе цяпер плошча Свабоды) ды іншых манастыроў і храмаў.

Менчукі ўзяліся за зброю, і на Нямізе далі рабаўнікам адпор.

За гады Паўночнай вайны беларускі народ страціў 800 тысяч чалавек. Загінуў амаль кожны трэці. Гэтая вайна і жорсткі расейскі цар Пётр не прынеслі Беларусі нічога, апрача крыві, пажараў і разбурэнняў.


Пытанні і заданні
1. Чаму Пётр I паслаў на Беларусь сваё войска?

2. Якое злачынства ўчыніў цар у Полацку?

3. Як цар адпомсціў Сафійскаму сабору?

4. Раскажы, як Пётр і ягоныя людзі паводзілі сябе на нашай беларускай зямлі.

5. Ці ёсць у беларусаў якія-небудзь падставы шанаваць памяць Пятра I?

Захоп Беларусі Расеяй


Доўгі час у школьных падручніках і ў іншых кніжках па гісторыі гаварылася, нібыта беларусы на працягу стагоддзяў імкнуліся ўз’яднацца з братнім расейскім народам і жыць з ім у адной дзяржаве. Гэта няпраўда.

Беларусы паважалі суседні народ, дапамагалі тым, хто перасяляўся з Масковіі ў Вялікае Княства Літоўскае, але жыць пад уладаю расейскіх цароў нашыя продкі ніколі не хацелі. 

Яны вельмі добра памяталі, як забіваў і гнаў у няволю палачанаў цар Iван Жахлівы. Памяталі, як праз сто гадоў пасля гэтага расейскія ваяводы загадалі перарэзаць усіх жыхароў беларускага горада Амсціслава. Народ не мог забыць, як царскія захопнікі ў розныя стагоддзі рабавалі і выпальвалі нашу зямлю, як прадавалі палонных у рабства туркам і персам. Назаўсёды ў памяці беларусаў засталося і тое, што салдаты цара Пятра I ўзарвалі галоўны храм нашай зямлі — полацкі Сафійскі сабор.


Парадкі ў суседняй краіне
Весткі, што даходзілі да Беларусі з Расеі, ніякай ахвоты “ўз’ядноўвацца” таксама не выклікалі. Дачка Пятра I імператрыца Лізавета, напрыклад, загадала вырываць язык таму, хто скажа пра яе непачцівае слова.

А хваліць царыцу не было за што. Вакол самой Масквы лютавалі разбойнікі. У краіне не хапала солі, але вельмі часта простыя людзі не мелі чаго і пасаліць, бо і хлеба было, як той казаў, на адшчык.

У расейскім войску панавала палачная дысцыпліна. За якую-небудзь дробную правіну салдат мог атрымаць дзве-тры тысячы ўдараў палкай і памерці на месцы.

Расейскія ўлады вялі сапраўдную вайну са стараверамі — людзьмі, якія хацелі захаваць у праваслаўных цэрквах старыя малітоўныя кнігі і абрады. Старавераў палілі, выкопвалі з магілаў і кідалі сабакам.

Памешчыкі ў Расеі мелі бязмежную ўладу над сваімі сялянамі. Сялянаў называлі рабамі. Іх ды іхніх дзяцей было забаронена вучыць грамаце. Гаспадары мелі права высылаць іх у Сібір, засякаць бізунамі да смерці, прадаваць, назаўсёды разлучаючы мужа з жонкаю, маці з дзецьмі. Пецярбургскія і маскоўскія газеты друкавалі аб’явы аб продажы, дзе людзі стаялі ў адным пераліку з пародзістымі сабакамі.

Ад царскага беззаконня, ад голаду і здзекаў у Вялікае Княства Літоўскае штогод уцякалі тысячы людзей. Цэлымі вёскамі на беларускія землі перасяляліся стараверы.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя расейскі ўрад патрабаваў ад Рэчы Паспалітай вярнуць мільён уцекачоў.


Чаму слабела наша дзяржава
Законы аб’яднанай дзяржавы Рэчы Паспалітай, куды, як мы памятаем, уваходзілі Польшча і Вялікае Княства Літоўскае, давалі чалавеку значна болей правоў і свабоды, чым у Расеі. Аднак правы гэтыя мелі пераважна толькі паны — шляхта. Праўда, шляхты ў Вялікім Княстве было шмат. Часам на шэсць-сем сялянаў прыпадаў адзін шляхціч. Шмат хто з такіх “паноў” адрозніваўся ад сялянаў толькі тым, што насіў шаблю ды ганарыўся сваім гербам. Тым не менш гэта былі незалежныя людзі. Яны вырашалі мясцовыя і агульнадзяржаўныя справы, засядаючы на соймах. Соймам называўся з’езд шляхецкіх дэпутатаў.

У нашай дзяржаве, як і раней, мірна жылі побач людзі рознай веры — вуніяты, праваслаўныя, каталікі, юдэі, мусульмане. Тут па-ранейшаму дзейнічаў Статут Вялікага Княства Літоўскага, пра які вы ўжо даведаліся з гэтай кнігі.

Але ладу і спакою не было і на нашай зямлі.

На сваіх землях багатыя і вяльможныя людзі — магнаты трымалі ўласныя войскі

і нярэдка вялі з асабістымі ворагамі сапраўдныя войны, ад чаго пакутаваў найперш просты народ.

На соймах абмяркоўвалі шмат карысных пастановаў, аднак зацвердзіць іх было вельмі цяжка. Існавала недарэчнае правіла, згодна з якім сойм мог прыняць пастанову толькі тады, калі за яе прагаласуюць усе дэпутаты. Які-небудзь падкуплены шляхціч мог крыкнуць са свайго месца “Забараняю!”, і патрэбны дзяржаве закон не праходзіў.

Нярэдка на соймах разгараліся такія спрэчкі, што шляхціцы хапаліся за шаблі і маглі проста ў зале пасяджэнняў адправіць праціўніка на той свет.

Усё гэта падрывала магутнасць нашай дзяржавы. Рэч Паспалітая слабела, а суседнія краіны набіралі сілу і ўмешваліся ў яе справы.


Падзелы Рэчы Паспалітай
Ужо з часоў Пятра I расейскія войскі вельмі часта без усялякага дазволу ўрываліся на беларускія землі. З дапамогаю сваіх салдатаў цары садзілі на трон нашай дзяржавы патрэбных ім людзей і рыхтаваліся да захопу Беларусі.

У 1772 годзе тры краіны — Расея, Аўстрыя і Прусія — дамовіліся паміж сабой падзяліць Рэч Паспалітую.

Кожная з гэтых дзяржаваў адарвала сабе частку чужой зямлі. Расея захапіла ўсходнюю Беларусь з гарадамі Віцебскам, Магілевам, Воршай, Мсціславам, Гомелем...

Новая мяжа, якая праходзіла па Дзвіне, разрэзала на дзве часткі Полацак. Сафійскі сабор апынуўся ў Расейскай імперыі, а старажытны Бельчыцкі манастыр, дзе некалі жылі полацкія князі, застаўся ў Рэчы Паспалітай.

Лепшыя людзі Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы спрабавалі выратаваць сваю дзяржаву ад пагібелі. Тут было створанае першае ў свеце міністэрства народнай асветы — Адукацыйная камісія, што адчыняла школы і навучальні.

Сойм зацвердзіў першую ў Еўропе канстытуцыю — асноўны закон краіны. Канстытуцыя забараняла магнацкія ўсобіцы і ўмацоўвала ў краіне парадак.

Але час быў страчаны.

На абшары Рэчы Паспалітай зноў уварваліся расейскія войскі. У 1793 годзе Расея захапіла цэнтральную Беларусь разам з Менскам, а яшчэ праз два гады — астатнія землі былога Вялікага Княства Літоўскага.

Так здзейснілася даўняя мара маскоўскіх уладароў. Наша Бацькаўшчына страціла сваю самастойнасць і надоўга трапіла ў расейскую няволю.


Пад прымусам чужынцаў
На захопленых землях царскія ўлады ўводзілі свае парадкі.

Імператрыца Кацярына II і яе сын Павел раздалі паўмільёна беларускіх сялянаў сваім памешчыкам. Прыгнёт у Расейскай імперыі быў больш цяжкі. Раней прыгонныя сяляне разлічваліся са сваімі гаспадарамі грашыма. Цяпер яны мусілі ледзь не кожны дзень ад світання да змяркання працаваць на панскім полі.

У беларускіх гарадоў адабралі ўсе даўнейшыя правы і вольнасці. Каб хутчэй сцерці памяць пра той час, калі наша Бацькаўшчына была незалежная, новая ўлада забараніла нават старадаўнія гербы.

Падаткі на беларускіх землях былі ў пяць разоў цяжэйшыя, чым на расейскіх. Маладых здаровых мужчынаў пад прымусам забіралі ў царскую армію. Родныя развітваліся з імі так, быццам праводзілі на той свет, бо салдаты павінны былі служыць цару ўсё жыццё. Потым гэты тэрмін зменшылі да дваццаці пяці гадоў, але пасля такой доўгай службы ўсё роўна амаль ніхто не вяртаўся дадому жывы.

Царскія ўлады не прызнавалі беларусаў за народ і змагаліся з нашай мовай. Вучыцца на ёй было забаронена. Нашых продкаў пазбаўлялі права нават на свае імёны і прозвішчы. Адразу пасля захопу ўсходніх беларускіх земляў царскія пісарчукі перарабілі Міхасёў у “Михаилов”, Язэпаў у “Иосифов”, а Тамашоў у “Фомы”. Жукі ператварыліся ў “Жуковых”, Кавалі — у “Ковалевых”...

Новыя гаспадары ўчынілі з паняволенага народа яшчэ адзін здзек. Большасць беларусаў была тады вуніятамі, якія добра ведалі, што яны не расейцы і не палякі. Каб хутчэй ператварыць беларусаў у расейцаў, царская ўлада забараніла народную вуніяцкую веру, якая была апірышчам беларускай мовы.

Тых, хто не хацеў ісці да праваслаўных царскіх папоў, усяляк каралі і часам збівалі да смерці. У адной з тагачасных газетаў расейскі пісьменнік Аляксандр Герцэн расказаў пра выпадак, калі хлопчыку-вуніяту, які адмаўляўся прыняць чужую веру, царская паліцыя загадала даць дзвесце бізуноў.

Трапіла пад забарону не толькі беларуская мова, але і сама назва Беларусь. Адмысловым указам цар загадаў ва ўсіх дзяржаўных дакументах называць нашую Бацькаўшчыну “Северо-Западным краем”. Расейскія ўлады хацелі, каб беларусы забылі пра сваю былую незалежнасць. Каб забылі нават найменне сваёй зямлі.

Але беларусы не змірыліся з чужынскім панаваннем.

На працягу няпоўных ста гадоў пасля захопу Беларусі нашы вальналюбныя продкі тройчы браліся за зброю, каб вырвацца са смяротных абдымкаў царскай імперыі.

Першым у гэтай барацьбе было паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, пра якое пойдзе гаворка ў наступным апавяданні.


Пытанні і заданні
1. Чаму беларусы не хацелі жыць пад уладаю маскоўскіх цароў?

2. Раскажы пра парадкі ў Расейскай дзяржаве.

3. Чаму слабела нашая краіна?

4. Што ты ведаеш пра падзелы Рэчы Паспалітай? Чым яны скончыліся?

5. Раскажы пра жыццё ў Беларусі пад царскім прыгнётам.

6. Як захопнікі ставіліся да нашай мовы? Як яны перакручвалі беларускія імёны і прозвішчы?

7. Чаму расейскія ўлады забаранілі вуніяцкую веру?

8. Дзеля чаго цар забараніў назву Беларусь?

Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі


Чалавек, які стаў правадыром паўстання нашых прадзедаў супраць расейскага панавання, добра вядомы ва ўсім свеце. Ён лічыцца нацыянальным героем не толькі Беларусі і Польшчы, але і Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэтаму чалавеку стаяць помнікі ў польскіх гарадах Кракаве і Лодзі, у швейцарскім горадзе Салюры, а таксама ў Вашынгтоне, Чыкага, Кліўлендзе ды іншых гарадах Амерыкі. Ягоным імем названыя самая высокая гара Аўстраліі, горад у адным з амерыканскіх штатаў і астравы на Алясцы. У Беларусі імя паўстанцкага камандзіра маюць вуліцы ў Берасці, Горадні і Косаве. Ягоная памяць ушанаваная некалькімі мемарыяльнымі знакамі. А вось помніка нашаму герою ў Беларусі дагэтуль няма. Напэўна, таму, што гэтага не хочуць ворагі нашай незалежнасці. У іх Касцюшка выклікае страх і праз дзвесце гадоў пасля паўстання.


Правадыр змагароў
Тадэвуш Касцюшка належаў да старажытнага беларускага роду. Ягонае дзяцінства прайшло ў бацькоўскім маёнтку Мерачоўшчына паблізу ад мястэчка Косава (цяпер Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці). Сям’я Касцюшкаў жыла ў сціплым драўляным доме пад саламянай страхой. Шмат вандруючы па свеце, Тадэвуш потым часта ўспамінаў прыгожыя беларускія краявіды вакол ракі Шчары, у якой у дзіцячыя гады любіў купацца і вудзіць рыбу.

Спачатку хлопчык засвойваў навуку ў недалёкай ад роднага дома навучальні манахаў-піяраў. Тут ён вывучаў гісторыю і лацінскую мову, матэматыку і фізіку, красамоўства і культуру паводзінаў.

Пасля вучэльні Касцюшка паступіў у Варшаўскі кадэцкі корпус. Такія корпусы рыхтавалі афіцэраў для войскаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. У тыя гады сябры празвалі Тадэвуша “Шведам з-пад Берасьця”.

Такую незвычайную мянушку ён атрымаў за тое, што хацеў быць падобным да выдатнага палкаводца — шведскага караля Карла XII. Беручы з яго прыклад, Касцюшка штодня падымаўся а чацвертай гадзіне раніцы. Каб не заснуць, ён апускаў ногі ў пастаўленую пры ложку балею з ледзяной вадой. Так ён загартоўваў сваю волю.

Вайсковую навуку Тадэвуш працягваў у Парыжы. Грошай ён меў мала, і часта сняданак і вячэра ў яго былі аднолькавыя — булка і шклянка кавы. І ў кадэцкім корпусе, і ў Парыжы Касцюшка займаўся яшчэ і маляваннем. З яго мог бы атрымацца добры мастак, але лёс склаўся іначай.


У Амерыцы
Сталася так, што, прыехаўшы з Парыжа, Тадэвуш пражыў на радзіме вельмі мала. Якраз у тыя гады Паўночная Амерыка ваявала з Англіяй за сваю незалежнасць. Касцюшка сеў на карабель і выправіўся за акіян. У Амерыцы ён стаў у шэрагі змагароў за свабоду і дзевяць гадоў ваяваў на іх баку. Ён удзельнічаў ва ўсіх буйных бітвах з англічанамі, атрымаў чын генерала і стаў ганаровым грамадзянінам Злучаных Штатаў Амерыкі.

У тым часе Тадэвуш Касцюшка найбольш праславіўся як таленавіты ваенны інжынер. Пад ягоным кіраўніцтвам былі пабудаваныя некалькі моцных фартэцаў. Яны дапамаглі амерыканцам атрымаць важныя перамогі.

Самая магутная з гэтых фартэцаў была ўзведзеная ў Вест-Пойнце. Яна стаяла на рацэ Гудзон. Каб англічане не здолелі падысці да Вест-Пойнта па вадзе, Касцюшка “замкнуў” раку велізарным жалезным ланцугом даўжынёю на паўкіламетра.

Наш знакаміты суайчыннік сябраваў з Томасам Джэферсанам, які склаў Дэкларацыю незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі. За выдатныя заслугі ў змаганні за свабоду Касцюшку ўзнагародзілі ордэнам Цынцыната. Гэтую высокую ўзнагароду нашаму земляку ўручыў сам Джордж Вашынгтон, першы амерыканскі прэзідэнт. Ордэн Цынцыната атрымалі ўсяго тры іншаземцы.

Амаль усю заробленую ім у Амерыцы маёмасць Касцюшка перадаў свайму сябру Джэферсану. Ён папрасіў, каб той пусціў грошы на выкуп чарнаскурых рабоў.

Калі Касцюшка вярнуўся дадому, у Беларусі адбываліся трывожныя падзеі. Расея, Аўстрыя і Прусія ўжо дзялілі Рэч Паспалітую і ўводзілі на захопленых землях свае парадкі. Беларусы, палякі, летувісы — усе, хто любіў Бацькаўшчыну, не маглі змірыцца з гэтым здзекам.


Пачатак паўстання
Збройнае змаганне за свабоду пачалося ў сакавіку 1794 года ў старажытнай сталіцы Польскага Каралеўства — Кракаве. Касцюшку абвясцілі начальнікам паўстання. Змагары хацелі выгнаць захопнікаў са сваёй зямлі і аднавіць незалежную Рэч Паспалітую ў яе ранейшых межах.

Неўзабаве ўзялася за зброю і Беларусь. У адну з красавіцкіх начэй паўстанцы вызвалілі ад расейскіх войскаў сталіцу Вялікага Княства Літоўскага Вільню.

Разам з іншымі змагарамі біліся з царскімі войскамі ўзброеныя косамі беларускія сяляне. Іх называлі касінерамі.

Паўстанцы спявалі «Песню беларускіх жаўнераў»:

Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Докуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы закавалі?
Дочкі, жонкі нам гвалцілі.
Трэ, каб мы ім заплацілі!
Коней нам пазаязджалі,
Што хацелі, то і бралі.
Пойдзем жыва да Касцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі!
Маскалюшкамі або маскалямі называлі звычайна расейскіх салдатаў-карнікаў.

Да паўстанцаў перайшла ўлада ў Горадні, Берасці, Наваградку, Слоніме, Пінску, Ваўкавыску, Браславе, Лідзе, Ашмяне ды іншых беларускіх гарадах і мястэчках. У сярэдзіне траўня былі вызваленыя ўжо амаль усе землі Вялікага Княства.


Якуб Ясінскі
У Беларусі паўстаннем кіраваў палкоўнік Якуб Ясінскі, якому тады было трыццаць тры гады. Ён хацеў вызваліць сялянаў ад прыгону, пісаў па-беларуску адозвы, дзе заклікаў змагацца за свабоду, роўнасць і братэрства. Ясінскаму верылі простыя людзі. Пад час бою з царскімі войскамі каля вёскі Паляны да яго далучыліся семсот сялянаў-касінераў.

Пад камандаваннем Якуба Ясінскага ў Беларусі дзейнічалі некалькі дзесяткаў

паўстанцкіх аддзелаў. На чале аднаго з іх стаяў наш зямляк кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. Кожны беларус ведае ягоны славуты паланез. Сярод твораў Агінскага ёсць  і «Марш паўстанцаў 1794 года».

Сам Ясінскі ўзначальваў аддзел з чатырох тысяч ваяроў. Ён атрымаў над расейскімі карнікамі некалькі важных перамогаў. Касцюшка прысвоіў паўстанцкаму камандзіру чын генерала.


Царскія карнікі
Расейская царыца Кацярына II паслала супроць паўстанцаў вялікае, добра вымуштраванае войска. Яго вёў генерал Аляксандр Сувораў.

Вы, напэўна ж, шмат чулі пра гэтага чалавека. Ён сапраўды быў здольны палкаводзец. Але ўсё сваё жыццё Сувораў аддана служыў расейскім царам. Ён не ўдзельнічаў ні ў воднай справядлівай вайне — толькі ў захопніцкіх.

Сувораў заліў беларускую зямлю крывёю. Ён загадваў расстрэльваць палонных паўстанцаў, паліць вёскі, якія ім дапамагалі. Таму для Беларусі Сувораў — карнік і камандзір захопнікаў. За здзейсненыя тут ягонымі салдатамі крывавыя подзвігі ён атрымаў ад царыцы 13 з лішнім тысяч беларускіх сялянаў.

Паўстанцы не маглі доўга змагацца з расейскай арміяй, якая была выдатна ўзброеная і загартаваная ў захопніцкіх паходах. Апрача таго, царскім генералам удалося падмануць беларускіх сялянаў, паабяцаўшы ім адабраную ў “паноў-бунтаўнікоў” зямлю.

Улада паплечнікаў Якуба Ясінскага пратрымалася ў Вільні ўсяго толькі тры месяцы. Беларускія паўстанцкія аддзелы пачалі адыходзіць у Польшчу. Быў разбіты і аддзел Міхала Клеафаса Агінскага.

Перад тым як надоўга пакінуць родныя мясціны, Агінскі напісаў у сваім маёнтку Залессе пад Смаргонню свой знакаміты паланез. Гэты музычны твор так і называецца — «Развітанне з Бацькаўшчынай».


Апошні бой Касцюшкі
У кастрычніку паўстанцкі камандзір прыняў свой апошні бой. Гэта здарылася ў Польшчы пад Мацяёвіцамі. Там калона паўстанцаў, якую Касцюшка вёў на Варшаву, сустрэлася з царскім войскам.

Бітва доўжылася цэлы дзень. Гарматны агонь ворагаў рассеяў паўстанцкую кавалерыю. Мужныя, але дрэнна абазнаныя ў вайсковай справе касінеры палеглі ад куляў і штыкоў царскай пяхоты.

Касцюшка ў роспачы ездзіў на кані сярод параненых і забітых. Ён таксама хацеў загінуць са сваімі паплечнікамі па барацьбе. Нейкі салдат стрэліў па ім, але трапіў у каня. Тадэвуш Касцюшка вылецеў з сядла на дол, і да яго кінуліся царскія казакі. Каб не трапіць у рукі ворагам, ён хацеў застрэліцца, аднак пісталет даў асечку. Расейскі афіцэр выцяў бяззбройнага паўстанца шабляю па галаве.

Непрытомнага паўстанцкага камандзіра захапілі ў палон, адвезлі ў Пецярбург і пасадзілі ў самую страшную расейскую турму, што знаходзілася ў Петрапаўлаўскай  фартэцы. Праз год у Пецярбурзе з’явіўся яшчэ адзін важны вязень — былы кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў. Ягонай дзяржавы ўжо не існавала.

Пасля паланення Касцюшкі камандаваць узброенымі сіламі паўстанцаў быў прызначаны таксама наш зямляк Тамаш Ваўжэцкі.

Аднак сілы змагароў слабелі. Расейскія войскі штурмам авалодалі Пражскім прадмесцем Варшавы. Загадам Суворава ягоныя салдаты вынішчылі ўсіх мясцовых жыхароў, не шкадуючы ні жанчын, ні старых, ні дзяцей.

За ўзяцце Варшавы, якую разам з палякамі абаранялі і беларускія паўстанцы, адданы царскі служака Сувораў атрымаў званне фельдмаршала.

Тадэвуш Касцюшка пасля вызвалення з царскай турмы да скону дзён жыў на чужыне.

Нават у старасці ён амаль кожны дзень выпраўляўся на конную прагулянку. Конік у былога паўстанцкага камандзіра быў рахманы і кемлівы. Калі па дарозе сустракаўся жабрак, конь сам спыняўся, бо ведаў, што ягоны гаспадар абавязкова дасць гэтаму няшчаснаму чалавеку грошай.


* * *
Пасля паўстання дзесяткі тысяч беларусаў мусілі пакінуць заняволеную чужынцамі Бацькаўшчыну.

Шукаючы прыстанку ў іншых краінах, яны думалі пра тое, як вярнуць роднай зямлі незалежнасць.

Шмат хто з іх запісваўся ў войска да маладога французскага генерала Напалеона.

Напалеон неўзабаве стаў імператарам Францыі. Ён рыхтаваўся да вайны з Расеяй.

Беларусы, якія апынуліся ў ягонай арміі, марылі пра тое, што Напалеон дапаможа вярнуць іх радзіме — Вялікаму Княству Літоўскаму — незалежнасць.

Але пра гэта пойдзе гаворка ўжо ў наступным апавяданні.


Пытанні і заданні
1. Раскажы пра дзіцячыя гады будучага правадыра паўстання.

2. Чаму сябры называлі Тадэвуша Касцюшку “Шведам з-пад Берасьця”?

3. За што Касцюшка атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Злучаных Штатаў Амерыкі?

4. Раскажы пра пачатак паўстання нашых продкаў супроць расейскага панавання.

5. За што змагаліся паўстанцы 1794 года? Пра што яны спявалі ў «Песні беларускіх жаўнераў»?

6. Хто кіраваў змагарамі ў Беларусі? Раскажы, што табе вядома пра Якуба Ясінскага.

7. Што ты даведаўся пра Міхала Клеафаса Агінскага?

8. Ці ваявалі паўстанцкія аддзелы каля твайго роднага горада або вёскі? Калі ваявалі, то хто імі камандаваў?

 9. Каго называлі касінерамі?

10. Раскажы пра апошні бой Касцюшкі. Як ён трапіў у палон?

11. Хто душыў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі?

12. Ці ёсць у тваім горадзе або пасёлку вуліца імя Суворава? Калі ёсць, дык ці згодны ты з гэтым?

13. Чаму беларусы не павінны шанаваць Суворава?

14. Як у Беларусі і ва ўсім свеце ўшанаваная памяць Тадэвуша Касцюшкі?

Беларусь і Напалеон


У 1812 годзе французскі імператар Напалеон пачаў вайну з царом Аляксандрам I. Расейскія гісторыкі называюць тую вайну Айчыннай, гэта значыць такой, калі, баронячы Радзіму, супроць захопнікаў падымаецца ўвесь народ. Але для Беларусі  вайна 1812 года была інакшаю. Нашыя продкі не лічылі Расейскую імперыю сваёй Айчынай. Яны не хацелі бараніць краіну, якая пазбавіла іх народ незалежнасці. Шмат хто з беларусаў спадзяваўся, што Напалеон дапаможа адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае.


Пачатак вайны
Для паходу на Расею французскі імператар падрыхтаваў велізарнае 600-тысячнае войска. Напалеон называў гэтую збройную сілу Вялікай арміяй. Хоць войска лічылася французскім, але французаў у ім было меней за палову. Астатнія жаўнеры паходзілі з розных іншых краінаў.

Напалеон быў выдатным палкаводцам і да вайны з расейскім царом Аляксандрам здолеў усталяваць сваю ўладу амаль над усёй Еўропай.

У купальскую ноч 1812 года Вялікая армія пераправілася цераз Нёман, па якім тады праходзіла расейская мяжа.

Праз чатыры дні Напалеон ужо ехаў па вуліцах Вільні. Былая сталіца Вялікага Княства сустракала французскага імператара  як вызвольніка. Жанчыны закідвалі яго кветкамі, юнакі пыталіся, як запісацца ў ягонае войска.

Першы пад сваімі бел-чырвона-белымі сцягамі ў горад увайшоў беларускі кавалерыйскі полк князя Дамініка Радзівіла.

У тыя дні ў сэрцах жыло шмат светлых надзеяў і спадзяванняў. Мала хто задумваўся, чаму адмовіўся ўдзельнічаць у вайне Тадэвуш Касцюшка, што жыў тады ў Францыі.


Першыя бітвы
Напалеон разлічваў паасобку разбіць расейскія арміі недалёка ад мяжы і прымусіць Расею падпісаць мір. Але царскія генералы вырашылі не ўступаць у вырашальную бітву, пакуль не аб’яднаюць свае войскі. Французы ж імкнуліся сарваць гэты план. Каля гарадоў Кобрына і Міра, блізу вёсак Гудзевічы на Гарадзеншчыне, Салтанаўка на Магілеўшчыне ды ў іншых мясцінах беларускай зямлі з першых дзён вайны ішлі крывавыя баі.

У ліпені вялікая бітва адбылася каля вёскі Клясціцы, што пад Полацкам. Сам Полацак французы занялі без цяжкасцяў. Адсюль адкрываўся шлях на расейскую сталіцу Санкт-Пецярбург. Дарогу туды абараняў корпус царскага генерала Вітгенштэйна.

У Вітгенштэйна было 18 тысяч салдатаў і 108 гарматаў, а ў французскага маршала Удзіно — 25 тысяч конніцы з пяхотай і 114 гарматаў. Тры дні на беразе ракі Дрысы кіпела бітва. Расейцам усё ж удалося спыніць наступ напалеонаўскіх палкоў на Пецярбург.

Пад Клясціцамі быў смяротна паранены таленавіты царскі генерал Якаў Кульнёў. Напалеон умеў высока цаніць мужнасць і адвагу праціўніка. Даведаўшыся пра геройскую смерць генерала, французскі імператар паслаў у Парыж адмысловага ганца з лістом, дзе называў Якава Кульнёва адным з найлепшых афіцэраў расейскай кавалерыі.

Сёння імем генерала Кульнёва называецца адна з полацкіх вуліцаў.

Роўна праз месяц пасля Вільні Напалеон уступіў у Віцебск. На падыходах да горада, каля мястэчка Астроўна, расейскія войскі зноў сустрэліся з французамі. Бой быў такі цяжкі, што на дзесяці вёрстах ад Астроўна да Лучосы забіты ці паранены ляжаў на кожным метры дарогі.


Дзень нараджэння імператара
У Віцебску французскі імператар рыхтаваўся да свайго дня нараджэння. Ён быў у гуморы. Нягледзячы на цяжкія страты, ягоныя войскі прайшлі ад Нёмана сотні вёрстаў і набылі яму пяць мільёнаў новых падданых.

У беларускіх гарадах вывешвалі партрэты французскага імператара. Газеты пісалі пра добраахвотнікаў, што запісваюцца ў Вялікую армію, і пра ахвяраванні на яе патрэбы. Князёўна Радзівіл ахвяравала дзесяць валоў і дванаццаць бараноў, а нейкі небагаты шляхціч з-пад Наваградка — рэшата яек і некалькі фунтаў масла. Такіх прыкладаў было шмат.

На пачатку вайны зычліва сустракалі напалеонаўскіх жаўнераў і беларускія сяляне. Яны марылі атрымаць свабоду ад прыгону, а таму дапамагалі французам, паказвалі  ім дарогу, разам нападалі на маёнткі верных цару памешчыкаў.

Гэтым часам у напалеонаўскім войску служылі прыкладна 25 тысяч беларусаў.

Вядома, што ў свой першы віцебскі дзень Напалеон адшпіліў шпагу, кінуў яе на завалены вайсковымі картамі стол і абвясціў: “У гэтым горадзе я спынюся, злучу карпусы маёй арміі, дам ёй адпачынак і займуся ўладкаваннем гэтай краіны. Паход 1812 года — закончаны!”

Хто ведае, што сталася б, каб французскі імператар сапраўды спыніўся? Аднак неўзабаве  ён перадумаў і тамсама, у Віцебску, пастанавіў ісці на Маскву.

Хоць прамінула ўсяго паўтара месяца вайны, прыхільнікі Напалеона ў нашай краіне адзначалі яго дзень нараджэння ўжо зусім не так радасна, як віталі пачатак паходу.


Няспраўджаныя надзеі
Заняўшы беларускія і летувіскія землі, Напалеон аб’явіў іх вызваленымі ад расейскага прыгнёту і не скупіўся на шчодрыя абяцанні.

Не ўсе разумелі, што французскі імператар вёў сваю гульню. Ён марыў пра панаванне над усім светам, а лёс таго ці іншага падуладнага народа мала хваляваў яго.

За абяцанне аднавіць Вялікае Княства Літоўскае Напалеон патрабаваў 100-тысячнае войска і велізарную колькасць харчовых прыпасаў для сваёй арміі. Часовы ўрад Княства не стаў гаспадаром краіны, а мусіў быў падпарадкоўвацца французскім камісарам.

Сяляне марна чакалі ад Напалеона адмены прыгоннага права. Замест гэтага ён падпісваў усё новыя і новыя загады пра паборы. Французскія аддзелы ездзілі па вёсках, пакідаючы за сабою пустыя каморы, хлявы і адрыны. Пад выглядам добраахвотных ахвяраванняў салдаты збіралі з кожнага двара па два пуды сена і саломы і па пяць пудоў жыта і аўса.

У жніўні Напалеон выдаў указ, згодна з якім яго Вялікая армія павінная была атрымаць ад беларускіх губерняў 53 тысячы кароў і 628 тысяч тон збожжа.

Надзеяў на Напалеона заставалася ўсё менш і менш. Сяляне браліся за косы ды сякеры і стваралі партызанскія аддзелы, каб бараніцца ад рабункаў.

Паспяховымі нападамі на французаў праславіліся беларускія партызаны з прыдзвінскай вёскі Жарцы. Сялянка Хадора Міронава некалькі разоўадважна выпраўлялася ў заняты французамі Полацак і прыносіла адтуль важныя звесткі для расейскага штаба.

Напярэдадні вядомай Барадзінскай бітвы французскі імператар вымушаны быў накіраваць ажно дзесяць тысяч жаўнераў на дапамогу свайму 12-тысячнаму віцебскаму гарнізону, які партызаны трымалі ў аблозе.


Бясслаўныя ўцёкі
Напалеонаўскаму войску ўдалося заняць Маскву, але разбіць царскую армію, якою камандаваў Кутузаў, ён так і не здолеў. У кастрычніку французы пачалі адступаць. Неўзабаве расейскія войскі з дапамогаю партызанаў выбілі іх з Полацка, Віцебска, Магілева, Менска ды іншых беларускіх гарадоў.

Недалёка ад Барысава французы з вялікімі стратамі пераправіліся цераз раку Бярэзіну. Іх адступленне ўсё больш нагадвала ўцёкі. Ад магутнай Вялікай арміі засталіся галодныя, абмарожаныя купкі жаўнераў, што панура брылі на захад, туды, адкуль прыйшлі.

У беларускім мястэчку Смаргонь Напалеон пераапрануўся ў чужы мундзір і пад чужым імем пакінуў войска, спяшаючыся ў Парыж. Ён казаў сваім прыдворным, што праз год прывядзе трыста тысяч жаўнераў і ўсё адно паставіць Расею на калені.

Гэтыя планы не здзейсніліся. Недзе на беларускай зямлі, магчыма на дне аднаго з нашых шматлікіх азёраў, застаўся ляжаць кінуты Напалеонам пад час уцёкаў яго залаты скарб.


*  *  *
У 1812 годзе Беларусь страціла мільён жыхароў, чвэрць усяго насельніцтва. Адны загінулі ў баях, другія памерлі ад голаду і пошасцяў. Тысячы нашых землякоў, што служылі ў напалеонаўскім войску, мусілі адступіць за мяжу і ваяваць на чужыне за чужыя інтарэсы.

Пасля вайны 1812 года тыя, хто марыў вызваліць Бацькаўшчыну, зразумелі, што трэба разлічваць толькі на ўласныя сілы.


Пытанні і заданні
1. Чаму для Беларусі вайна з Напалеонам не была Айчыннай?

2. Раскажы пра пачатак вайны і першыя бітвы на беларускай зямлі.

3. Чаму беларусы ішлі служыць да Напалеона? 

4. Колькі нашых землякоў служыла ў ягоным войску?

5. Якое рашэнне прыняў французскі імператар у Віцебску?

6. Чаму беларусы зразумелі, што Напалеону нельга верыць?

7. Як нашыя сяляне бараніліся ад рабункаў чужаземных жаўнераў?

8. Чым скончыўся напалеонаўскі паход?

9. Якія страты прынесла Беларусі вайна 1812 года?

Кастусь Каліноўскі


За нашу і вашу свабоду
Вальналюбны дух паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі і Якуба Ясінскага быў жывы. Як тлее пад попелам гарачае вуголле, так у душах беларусаў увесь час не патухала нянавісць да царскіх прыгнятальнікаў.

Увесну 1831 года Беларусь услед за Польшчаю зноў паўстала.

Найбольш чынная барацьба разгарнулася ў Ашмянскім, Браслаўскім, Дзісенскім і Віленскім паветах, а таксама ў наваколлі Белавежскай пушчы. Трохтысячны аддзел з сялянаў і шляхты ўзяў і некалькі дзён утрымліваў горад Дзісну.

На мяжы Віцебшчыны і Віленшчыны паспяхова дзейнічалі паўстанцы на чале з графіняй Эміліяй Плятэр. Гэтай адважнай жанчыне было ўсяго дваццаць пяць гадоў. У мірны час яна збірала беларускія песні і казкі, сама пісала вершы.

Калі Беларусь узялася за зброю, Эмілія пакінула багаты ўтульны дом, балі, вольнае жыццё і далучылася да змагароў. Вось калі ёй спатрэбіліся яшчэ дзіцячыя захапленні верхавой яздой і стральбою.

Графіня пераапранулася ў мужчынскае аддзенне і стала на чале аддзела з чатырох сотняў адважных ваяроў. За свой гераізм яна атрымала званне капітана. Вестка пра нашу мужную суайчынніцу шырока разляцелася па свеце. Свае вершы ёй прысвячалі паэты ў Францыі, Англіі, Італіі, Нямеччыне.

Паўстанцы заклікалі лепшых сыноў Расеі разам ваяваць супроць царызму “за нашу і вашу свабоду”, але гэты заклік застаўся непачуты.

Царскія войскі задушылі паўстанне. Улады адбіралі ў паўстанцаў маёнткі і шляхецкія правы. Быў зачынены Віленскі універсітэт ды іншыя навучальныя ўстановы. За тое, што беларускія вуніяцкія святары і манахі падтрымлівалі змагароў за свабоду, цар загадаў зачыняць іхнія манастыры, якія называў “вражескими крепостями”.

Але ніякія здзекі не паставілі народ на калені. Праз тры дзесяцігоддзі ён зноў узяў у рукі зброю.

Паўстанцаў вёў на барацьбу сын Беларусі Кастусь Каліноўскі.


Юнацтва героя
Кастусь Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 года ў вёсцы Мастаўляны недалёка ад Горадні (цяпер гэтая вёска знаходзіцца ў Польшчы) у сям’і беларускага шляхціча. Спачатку будучы герой вучыўся ў хатняга настаўніка-“дарэктара”, а потым у павятовай навучальні ў мястэчку Свіслач. Кастусь вельмі сябраваў са сваім старэйшым братам Віктарам. Той быў студэнтам Маскоўскага універсітэта, добра ведаў гісторыю, якую вывучаў па старадаўніх рукапісах і кнігах. Ад брата Кастусь шмат даведаўся пра слаўнае мінулае Беларусі, пра тыя часы, калі нашая зямля была свабодная. Кастусь ненавідзеў царскую ўладу і прыгоннае права, што трымала ў няволі сялянаў.

Пасля навучальні Каліноўскі паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта. З Масквы ў Пецярбург у гэтым часе пераехаў і брат Віктар. Разам з сябрамі Кастусь і Віктар стварылі падпольны гурток. Яны марылі пра вызваленне Бацькаўшчыны і рыхтаваліся да будучай барацьбы. Кастусь пакляўся прысвяціць гэтай справе ўсё сваё жыццё.

Скончыўшы універсітэт, ён вярнуўся ў родныя мясціны і пачаў дзейнічаць. У Горадні Кастусь заснаваў таемную рэвалюцыйную арганізацыю. Разам з таварышамі ён нястомна ездзіў па наваколлі і рыхтаваў людзей да паўстання.


«Мужыцкая праўда»
Улетку 1862 года ў беларускіх вёсках і мястэчках пачалі знаходзіць невялікія друкаваныя лісткі. Іх можна было разгладзіць на каленях у хвіліны адпачынку проста на полі, а пачытаўшы — лёгка схаваць.

Гэта была першая ў гісторыі беларуская газета — «Мужыцкая праўда».

Прачытаўшы яе назву, пісьменны селянін вадзіў пальцам па радках і здзіўлена адкрываў для сябе, што газета на простай і зразумелай мове сапраўды гаворыць пра мужыцкія клопаты.

«Мужыцкую праўду» выдаваў Кастусь Каліноўскі і яго паплечнікі Фелікс Ражанскі, Станіслаў Сангін і Валер Урублеўскі. Пад кожным нумарам газеты стаяў подпіс — “Яська-гаспадар з-пад Вільні”. Гэтым таямнічым Яськам быў Каліноўскі. Ён сам рыхтаваў для газеты артыкулы, сам развозіў яе потым па вёсках, раскідваў на дарогах.

«Мужыцкая праўда» тлумачыла беларусам, як царская ўлада іх падманвае і прыгнятае, як адбірае ў іх не толькі цяжка заробленыя грошы, але і родную мову ды бацькоўскую веру.

У першым нумары Яська-гаспадар пісаў: “Дзецюкі! Цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаць такую праўду справядлівую, як Бог на небе. Загрыміць нашая праўда і, як маланка, праляціць па свеце! Няхай спазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, але яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўдзе...”

Усяго выйшла сем нумароў газеты. Апошні пабачыў свет ужо тады, калі на беларускай зямлі грымела паўстанне. Каліноўскі заклікаў сялянаў браць у рукі косы ды вілы і далучацца да тых, хто ўжо б’ецца за вольнасць.


Беларусь узнялася
Першыя паўстанцы з’явіліся на захадзе Беларусі ў студзені 1863 года. Вясною паўстанцкія аддзелы пачалі стварацца па ўсім краі. У іх уступала шляхта, чыноўнікі, студэнты і навучэнцы. Кожны пяты паўстанец быў селянін. На чале аддзелаў стаялі мужныя і адданыя справе вызвалення камандзіры Валер Урублеўскі, Рамуальд Траўгут, Людвік Звяждоўскі, Людвік Нарбут, Ігнат Будзіловіч, Фелікс Віславух...

Змагары атрымалі некалькі значных перамогаў. Яны авалодалі горадам Горкі і мястэчкам Свіслач, напалі на Ружаны. У каліноўцаў не хапала зброі, вайсковага майстэрства, але іх вяла наперад вера ў справядлівасць. Сваіх баявых узнагародаў яны не мелі, і камандзіры пасля бою ўзнагароджвалі герояў проста кветкамі. Часта гэта былі белыя кветкі каліны.

Расейскім уладам удалося рознымі абяцанкамі падмануць значную частку беларускіх сялянаў. Шмат хто паверыў, нібыта “паны б’юцца з маскалямі, каб вярнуць адменены царом прыгон”. Не было згоды і сярод кіраўнікоў паўстання. Некаторым не падабалася, што Каліноўскі і яго таварышы хочуць аддаць зямлю сялянам і зрабіць усіх людзей роўнымі перад законам. Усё гэта моцна аслабляла сілы змагароў.

На ўсходзе Беларусі карнікі задушылі паўстанне ўжо ў траўні. Былі разбітыя і амаль усе нашы аддзелы ў Менскай губерні. Толькі на Гарадзеншчыне яны былі доўгі час недасягальныя для карнікаў, бо там паўстанцаў працягвалі падтрымліваць сяляне. Самы вялікі бой адбыўся каля вёскі Мілавіды, недалёка ад Слоніма. Нягледзячы на адвагу і гераізм, пад націскам выдатна вымуштраваных і ўзброеных расейскіх войскаў каліноўцы мусілі адступіць далей на захад.

На беларуска-польскім памежжы асобныя аддзелы вялі барацьбу да самага канца 1863 года.


Мураўёў Вешальнік
Царскімі карнікамі кіраваў граф Міхаіл Мураўёў. Калі не дапамагала ўзброеная сіла, ён дзейнічаў подкупамі і ашуканствам, не грэбаваў ніякімі сродкамі. За сваю жорсткасць і крывавыя расправы Мураўёў атрымаў мянушку Вешальнік.

128 паўстанцаў былі павешаныя або расстраляныя. 850 змагароў адправілі на катаргу,

11 500 — у ссылку. Шмат за кім царскія ўлады ўстанавілі таемны нагляд. Пасля паўстання ў Беларусі на ўсе дзяржаўныя пасады прызначалі толькі перасяленцаў з Расеі. Усе школы былі расейскія. Па-беларуску забаранялася не толькі вучыцца і выдаваць кнігі, але нават гаварыць у дзяржаўных установах. Царскія ўлады на чале з Мураўёвым рабілі ўсё, каб беларусы забыліся, хто яны, і ператварыліся з вальналюбнага народа ў зацюканае, бяспамятнае і абязмоўленае насельніцтва, якое можна бязлітасна прыгнятаць і рабаваць.

Мураўёў казаў, што той жыхар нашага краю, які не захоча ператварыцца у расейца, будзе лічыцца іншаземцам і павінен назаўсёды пакінуць радзіму.


Апошнія дні Каліноўскага
Хаваючыся ад царскіх жандараў, Кастусь Каліноўскі жыў у Вільні пад прыдуманым імем. Адзін з арыштаваных паўстанцаў на допыце выдаў расейцам свайго правадыра, і яго схапілі.

На следстве і на судзе Кастусь трымаўся надзвычай мужна. Калі яму прапанавалі аблегчыць свой лёс, назваўшы некаторыя адрасы і імёны таварышаў-паўстанцаў, Каліноўскі адказаў, што шпіёнства апаганьвае чалавека.

Расейскі суд вынес пастанову пакараць кіраўніка паўстання смерцю на шыбеніцы. Герой загінуў ад рук царскага ката 22 сакавіка 1864 года. На тым месцы, дзе гэта адбылося, у Вільні пастаўленая мемарыяльная пліта.

З турэмнай камеры Каліноўскі перадаў на волю свой напісаны па-беларуску запавет — «Лісты з-пад шыбеніцы». “Няма большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тады ён толькі зможа жыць у багацці і па праўдзе. Але як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзівая з няволяй маскоўскай. Тады толькі зажывеш шчасліва, народзе, калі над табою маскаля ўжо не будзе”,— гаварылася там.

Палымяныя словы Каліноўскага клікалі беларусаў на барацьбу за свабоду і пасля яго смерці.

Сваім ахвярным жыццём Кастусь Каліноўскі заслужыў вечную памяць. Пра яго напісаныя кнігі і гістарычныя даследаванні. Ягоным імем у гарадах і мястэчках Беларусі названыя вуліцы. Мастакі і скульптары стварылі дзесяткі партрэтаў правадыра паўстанцаў.

У гарадку Свіслач на Гарадзеншчыне, дзе некалі вучыўся Кастусь, яму пастаўлены помнік. Але дасюль няма помніка славутаму сыну беларускага народа ў сталіцы нашай дзяржавы. Значыцца, і сёння ёсць тыя, хто баіцца памяці пра Каліноўскага, які аддаў жыццё за свабоду Бацькаўшчыны.

За тое, што Кастусь Каліноўскі зрабіў для Беларусі, мы называем яго нашым нацыянальным героем. Ягоны прыклад натхняе нас і сёння, калі нашая краіна адстойвае сваю незалежнасць.


Пытанні і заданні
1. Што ты даведаўся пра паўстанне 1831 года? Чаму мы памятаем пра графіню Эмілію Плятэр?

2. Раскажы пра юначыя гады Кастуся Каліноўскага.

3. Пра што пісала газета «Мужыцкая праўда»? Хто такі Яська-гаспадар з-пад Вільні?

4. Як  Беларусь змагалася за сваю свабоду ў 1863 годзе?

5. Ці былі паўстанцкія аддзелы каліноўцаў у тых мясцінах, дзе ты жывеш? Хто імі кіраваў?

6. Чаму паўстанцы не змаглі перамагчы?

7. За што расейскага графа Мураўёва празвалі Вешальнікам?

8. Раскажы пра апошнія дні жыцця Каліноўскага.

 9. Які запавет свайму народу пакінуў правадыр паўстання?

10. Чаму мы называем Кастуся Каліноўскага нашым нацыянальным героем? 

11. Як ты думаеш, калі помнік Каліноўскаму з’явіцца ў сталіцы Беларусі?

Францішак Багушэвіч


Маладыя гады
Францiшак нарадзiўся ў 1840 годзе ў шляхецкай сям’i ў фальварку Свiраны паблізу Вiльні. Неўзабаве бацькi пераехалi ў свой маёнтак Кушляны непадалёку ад Ашмянаў. Там прайшло Францішкава дзяцiнства. Там у ягоным сэрцы назаўсёды пасялiлася любоў да роднай беларускай зямлi і роднай мовы.

Бацькi выправiлi сына вучыцца ў Вiленскую гiмназiю. Гiмназiчнымi сябрамi будучага паэта сталi разумныя i смелыя хлопцы Цiт i Кастусь Далеўскiя, Жыгімонт (Зыгмунт) Мiнейка, Юллян Чарноўскi. Яны ненавiдзелi расейскiя парадкi i марылi пра час, калi Бацькаўшчына здабудзе сабе незалежнасць. Надзейным Францiшкавым сябрам быў ягоны малодшы брат Валяр’ян, якi таксама вучыўся ў Вiльнi.

Гiмназiю Францiшак скончыў у лiку чатырох найлепшых вучняў. Добрыя веды дазволiлi яму паступiць у Пецярбургскі унiверсiтэт. Але вучыцца там Багушэвiчу не давялося.

Якраз тады царскiя ўлады ўвялi новыя унiверсiтэцкiя правiлы. Студэнтаў пазбавiлi шмат якiх правоў. Францiшак з таварышамi пастанавілі змагацца i адмовiлiся атрымаць свае залiковыя кнiжкi, куды выкладчыкi ставяць адзнакi. За гэта змагароў за справядлiвасць выключылi з унiверсiтэта.

Тым часам адзiн з першых беларускiх паэтаў XIX стагоддзя Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч заклiкаў адукаваных суайчыннiкаў несцi свайму народу веды. Вярнуўшыся з Пецярбурга ў Беларусь, Багушэвіч таксама пайшоў працаваць настаўнiкам у вясковую школку.


Сябры-паўстанцы
Калi пачалося паўстанне Кастуся Калiноўскага, Багушэвiч разам з братам Валяр’янам без ваганняў узяў у рукi зброю. Ён ваяваў за вызваленне Бацькаўшчыны ў аддзеле, якi ўзначальваў адважны паўстанцкi камандзiр Людвiк Нарбут. Гэты аддзел паспяхова змагаўся з расейскiмi карнiкамi ў наваколлi горада Лiды. Паўстанцаў падтрымлiвалi беларускiя сяляне. Разам з Багушэвiчам ваяваў мастак Мiхал Андрыёлi. Па нацыянальнасцi ён быў iтальянец, але сваёй радзiмай лiчыў Беларусь.

Паўстанцамi ў гераiчны 1863 год сталi i гімназічныя сябры Багушэвiча. За зброю ўзялiся тады ўсе лепшыя людзi нашага народа. Яны рызыкавалі сваiм жыццём, каб паказаць свету, што Беларусь не стала перад Расеяй на каленi i хоча быць свабоднай еўрапейскай краiнай. Пра гэта паўстанцы спявалi ў сваiх песнях. Некаторыя з тых песняў напiсаў Францiшак Багушэвiч, у якога ўжо абудзiўся паэтычны талент.

Цар кiнуў на паўстанцаў велiзарную, добра ўзброеную армiю. Супроць аднаго беларуса ваявала дзесяць, дваццаць, а часам i сто расейскiх салдатаў. У няроўным баi загiнуў Людвiк Нарбут. У Вiльнi карнiкi схапiлi i расстралялi сябра Багушэвiча Цiта Далеўскага.


У расстаннi з Беларуссю
У сутычцы з царскiмi карнiкамi Багушэвiч быў паранены. Яму ўдалося ўратавацца ад астрожнай камеры i кайданоў. Але за гэта Францiшак заплацiў доўгімі гадамi жыцця далёка ад роднай зямлі.

Былы паўстанец быў добрым канспiратарам. Ён пераехаў на Украiну i скончыў там юрыдычны лiцэй. Пасля гэтага Багушэвiч доўга працаваў судовым следчым на Украiне i ў Расеi.

Ён раскрыў шмат злачынстваў i дапамог многiм людзям. Францiшка паважалi, ён меў добрых сяброў і прыяцеляў.

Але сэрца клiкала яго  туды, дзе жыў ягоны народ, дзе гучала багатая i мiлагучная беларуская мова, якую расейскiя чыноўнiкi называлi «мужыцкай» i «хамскай».

Зноў прайсцi па дарагiх яму з юнацтва вiленскiх вулiцах Багушэвiч змог толькi праз дваццаць гадоў.


Мужыцкi адвакат
Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, Францiшак Багушэвiч уладкаваўся ў Вiльнi на пасаду адваката ў акруговым судзе. Адвакаты займалiся абаронаю абвiнавачаных i пацярпелых. Багушэвiч заўсёды найперш браўся за справы сялянаў і гарадскiх беднякоў. Простыя людзi паважалi яго i за тое, што з беларусамi ён заўсёды гаварыў па-беларуску.

Жыхары Вiльнi ды навакольных вёсак і мястэчкаў з любоўю называлi Францiшка Багушэвiча “мужыцкiм адвакатам”. Аднак яшчэ амаль нiхто не ведаў, што ён не толькi абараняў беларусаў у судах, але i складаў на беларускай мове вершы.


«Дудка беларуская»
Першыя вершы Францішак напiсаў па-польску. Але ён адчуваў сябе сынам не польскага, а беларускага народа. Свайму народу паэт i пастанавiў прысвяцiць жыццё і творчасць.

У 1891 годзе ўбачыла свет першая кнiга Францiшка Багушэвiча. Гэта быў зборнiк вершаў «Дудка беларуская». У царскай Расеi друкаваць кнiгi на нашай мове забаранялася. Таму «Дудка беларуская» была выдадзеная за мяжой, а на яе вокладцы замест сапраўднага прозвiшча аўтара стаяў псеўданiм. Псеўданiм — гэта прыдуманае iмя i прозвiшча, якiмі часам карыстаюцца пiсьменнiкi, артысты, мастакi ды iншыя творчыя людзi. Багушэвiч выбраў сабе псеўданiм Мацей Бурачок.

«Дудка беларуская» пачыналася з прадмовы, дзе Багушэвiч баранiў нашу родную мову, якую расейская ўлада забаранiла i ў школах, i ў друкарнях, i ў цэрквах ды касцёлах. Мацей Бурачок пiсаў, што толькi цёмныя людзi завуць беларускую мову “мужыцкай”. Ён раiў чытачам вывучаць суседскiя мовы, але найперш ведаць сваю. Народ, што забыў сваю родную мову, ён параўноўваў з чалавекам, якi хутка памрэ.

“Шмат было такiх народаў, — пiсаў Багушэвiч, — што страцiлi найперш мову сваю, як той чалавек перад скананнем, катораму мову займе, а потым i зусiм замёрлi. Не пакiдайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлi!..”

Тады дзейнічаў царскi ўказ, які забараняў ужываць назву Беларусь у кнiгах i дакументах. Паэт смела сцвярджаў, што, нягледзячы на расейскi прыгнёт, Беларусь жыве. “Там яна, братцы, — гаварылася ў «Дудцы беларускай», — дзе наша мова жыве: ад Вiльнi да Мазыра, ад Вiцебска за малым не да Чарнiгава; там, дзе Горадня, Менск, Магiлеў, Вiльня i шмат мястэчкаў i вёсак”.

Кнiгу адкрываў верш «Мая дудка»:

Эй, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсiм будзе чутка
Ад краю да краю!..

Забароненыя кнiгi
Праз год пасля «Дудкi беларускай» гэтаксама за мяжой выйшла асобнаю кнiжкай апавяданне Багушэвiча «Тралялёначка», а следам за iм новы зборнiк вершаў «Смык беларускі».

У тым часе паэт атрымаў ад сваяка спадчыну. Грошы дазволiлi Багушэвiчу разлiчыцца з пазыкамi i адбудаваць бацькоўскую сядзiбу ў Кушлянах. Ён звольнiўся са службы i цалкам аддаўся літаратурнай творчасцi.

Багушэвiч пiсаў новыя кнiгi, складаў слоўнiк беларускай мовы. Ягоныя вершы i апавяданнi вучылi людзей шанаваць родную мову, баранiць свой край ад чужынскай набрыдзі.

Пры жыццi Францiшка Багушэвiча яго творы былi забароненыя расейскімі чыноўнікамі. Дагэтуль невядома, дзе схавалi яны рукапiс ягонай трэцяй паэтычнай кнiжкi «Скрыпка беларуская». Знік з Віленскай друкарні і зборнік «Беларускія апавяданні Бурачка».

Але насуперак усяму гэтаму справа Багушэвіча засталася жыць. Творы паэта клiкалi на барацьбу за вызваленне нашай краiны ад расейскага панавання.

Запавет Францiшка Багушэвiча не забываць сваёй мовы, размаўляць на ёй, каб жыла Беларусь, мы павiнны памятаць i сёння. Бо калі не будзе беларускай мовы, знікне і нашая краіна.


Пытаннi i заданнi
1. Раскажы пра дзяцiнства i юнацтва Францiшка Багушэвiча.

2. Чаму Багушэвiч i ягоныя сябры сталi паўстанцамi? Дзе i разам з кiм ваяваў будучы паэт?

3. Што сталася з Багушэвiчам пасля паўстання 1863 года?

4. За што Францiшка Багушэвiча называлi “мужыцкiм адвакатам”?

5. Як называлася першая кнiга нашага знакамiтага паэта?

6. Пра што “Мацей Бурачок” пiсаў у прадмове да сваёй «Дудкi беларускай»?

7. Што ты даведаўся пра iншыя кнiгi Багушэвiча?

8. За што мы шануем Францiшка Багушэвiча сёння?

9. Якi верш Багушэвiча ты ведаеш? Прачытай яго на памяць.

10. Які галоўны запавет пакінуў нам Францішак Багушэвіч?

Максім Багдановіч


Дзяцiнства
Адным з найбольш таленавiтых прадаўжальнiкаў справы Францiшка Багушэвiча стаў выдатны беларускi паэт Максiм Багдановiч.

Максiм нарадзiўся ў 1891 годзе ў  Менску. Ягоны бацька Адам Багдановiч быў добра адукаваным чалавекам. Ён вывучаў звычаi i абрады старажытных беларусаў, надрукаваў некалькi сваiх працаў. Максiмава мацi Марыя таксама мела лiтаратурныя здольнасцi.

Пасля нараджэння Максiма сям’я пераехала з Менска ў Горадню. У гэтым горадзе прайшлi самыя раннiя i бесклапотныя гады будучага паэта. Але, калi Максiму iшоў шосты год, сям’ю напаткала вялiкае гора: раптоўна памерла ягоная мацi.

Неўзабаве Адама Багдановiча перавялi на службу ў расейскi горад Нiжнi Ноўгарад. Там Максiм пражыў дванаццаць гадоў. Ён рос здольным i дапытлiвым хлопчыкам, вельмi любiў чытаць. Максiмаў бацька меў багатую бiблiятэку. У ёй былі кнігі вядомых ва ўсім свеце пісьменнікаў, а таксама зборнікі беларускай народнай паэзіі.

У доме Багдановiчаў часта збiралiся пiсьменнiкi, артысты, мастакi ды iншыя творчыя людзi. Максiм не толькi прыслухоўваўся да iхнiх размоваў. Ён ужо i сам спрабаваў сiлы ў творчасцi.


Першыя вершы
Аднаго разу, калi Максiму споўнiлася дзесяць гадоў, ён паказаў бацьку свой верш на беларускай мове. Гэта было сапраўднае дзiва! Хлопчык жыў у расейскiм горадзе, у сям’i гаварылi па-расейску, а ён пачаў пiсаць на мове, якую чуў толькi ў першыя гады жыцця.

Вось якой моцнай аказалася дзiцячая памяць i любоў да роднай зямлi! Дапамаглi юнаму паэту таксама беларускiя кнiжкi з бацькавай бiблiятэкi, а потым i газета «Наша Нiва», якая выходзiла ў Вiльнi.

Адама Багдановiча сынавы беларускiя вершы не надта ўзрадавалi. Ён чамусьцi лiчыў, што родная мова будзе перашкаджаць Максiмавым поспехам у навучаннi.

Але Максiм не пагадзiўся з бацькам. Ён моцна любiў Беларусь i ўпарта iшоў сваёй дарогай. Неўзабаве юны творца перажыў шмат шчаслiвых хвiлiнаў. Віленская газета «Наша Нiва»  ў адным з нумароў надрукавала ягонае апавяданне «Музќка», а пазней i вершы.

Акрылены поспехам, Багдановiч пiсаў новыя, усё больш дасканалыя творы. Ён яшчэ не ведаў, што яго падпiльноўвала страшная i невылечная тады хвароба — сухоты (туберкулёз лёгкiх). Дактары паведамiлi пра яе, калi сям’я Багдановiчаў пераехала ў iншы расейскi горад — Яраслаўль.


Сустрэча з Беларуссю
Здаецца, нiчога ў сваiм жыццi Максiм не чакаў так, як паездкi ў Беларусь. Туды пасля заканчэння гiмназii яго запрасiлi супрацоўнiкi газеты «Наша Нiва» Iван i Антон Луцкевiчы. Гэтыя выдатныя дзеячы ўжо разумелi, што юнак з Яраслаўля надзелены вялікім лiтаратурным талентам i можа шмат зрабiць для адраджэння Беларусi.

Прыехаўшы на Бацькаўшчыну, Максiм  амаль два месяцы жыў у Ракуцёўшчыне, паблiзу Маладзечна. Там малады паэт упершыню сустрэўся з хараством беларускай прыроды. Нiбы чыстую ваду, ён пiў жывую беларускую мову. У Ракуцёўшчыне яго амаль не пакiдала паэтычнае натхненне. Там ён напiсаў дзве паэмы i шаснаццаць цудоўных вершаў.


Максiмаў «Вянок»
Максiм марыў вывучаць беларускую мову ва унiверсiтэце. Аднак ягоныя спадзяваннi перакрэслiла невылечная хвароба. Апрача таго, i бацька не ўхваляў сынавага намеру. Замест улюбёнай справы паэт мусiў паступiць у юрыдычны лiцэй. Пераехаць у Менск ён змог толькi ў 1916 годзе.

На Бацькаўшчыну Максiм Багдановiч вярнуўся ўжо знакамiтым паэтам. За тры гады да гэтага ў вiленскай друкарнi Марцiна Кухты выйшаў Максiмаў зборнiк «Вянок». Гэтая кнiга стала адной з найлепшых у беларускай паэзii XX стагоддзя.

Багдановiч пiсаў пра родную зямлю. Пра яе непаўторную прыроду, яе працавiтых людзей, яе найпрыгажэйшых у свеце жанчын. У нiзцы «Старая Беларусь» ён сабраў вершы, прысвечаныя беларускай гiсторыi. Iхнiмi героямi былi старажытныя летапiсцы i перапiсчыкi кнiг, славуты першадрукар i лекар Францiшак Скарына. Адзiн з гэтых вершаў ты, напэўна, даўно ведаеш. Ён называецца «Слуцкiя ткачыхi». Апавядаецца ў iм пра таленавiтых беларускiх майстрых, якiя ткуць славутыя слуцкiя паясы.

Цямнее край зубчаты бору…
I тчэ, забыўшыся, рука
Замiж персiдскага узору
Цвяток радзiмы васiлька.
Максiмавы вершы вельмi часта поўнiлiся болем за свой народ, што пакутаваў у велiзарнай “турме народаў”, як называлi Расейскую iмперыю. Але паэт верыў у будучыню Бацькаўшчыны, у яе незалежнасць. Ён пiсаў:

Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацiстага, яснага дня.
Багдановiч быў майстрам паэтычных перакладаў з еўрапейскiх моваў. Дзякуючы яму па-беларуску “загаварылi” знакамiтыя старажытныя i сучасныя паэты Авiдзiй, Гарацый, Фрыдрых Шылер, Поль Верлен. У сваiх перакладах Максiм паказваў чытачам прыгажосць i непаўторнае багацце беларускай мовы, на якой можна перадаць самыя тонкiя i патаемныя думкi i пачуццi чалавека.


Пагоня
Шмат хто найлепшым вершам Максіма Багдановіча лічыць ягоную «Пагоню»:

Толькi ў сэрцы трывожным пачую
За Краiну радзiмую жах, —
Ўспомню Вострую Браму святую
I ваякаў на грозных канях.
Ў белай пене праносяцца конi, —
Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць…
Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.
У бязмерную даль вы ляцiце,
А за вамi, прад вамi — гады.
Вы за кiм у пагоню спяшыце?
Дзе шляхi вашы йдуць i куды?
Мо яны, Беларусь, паняслiся
За Тваiмi дзяцьмi уздагон,
Што забылi Цябе, адраклiся,
Прадалi i аддалi ў палон?
Бiйце ў сэрцы iх — бiйце мячамi,
Не давайце чужынцамi быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамi
Аб радзiмай старонцы балiць…
Мацi родная, Мацi-Краiна!
Не усцiшыцца гэтакi боль…
Ты прабач, Ты прымi свайго сына,
За Цябе яму ўмерцi дазволь!..
Усё лятуць i лятуць тыя конi,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.
Ты памятаеш, што Лiтоўская Пагоня — гэта старажытны герб нашай беларускай дзяржавы — Вялiкага Княства Лiтоўскага.

Максiмава «Пагоня» стала адным з беларускiх гiмнаў. Гэты верш павiнен ведаць кожны беларус.


Ля сiняй бухты
Максiм з васемнаццацi гадоў пакутаваў ад сваёй цяжкай хваробы. У лютым 1917 года яго здароўе вельмi пагоршылася. Менскiя сябры выправiлi яго на лекi ў Крым.

У курортным горадзе Ялце ён наняў пакойчык у доме каля мора, расклаў на стале свае паперы. Але Максiмава жыццё дагарала, як свечка.

Вядома, што ў свае апошнiя днi Багдановiч займаўся складаннем буквара цi, як тады казалi, лемантара, каб беларускія дзеці маглі вучыцца на роднай мове.

На самай мяжы жыцця i смерцi слабая паэтава рука вывела апошнiя вершаваныя радкi:

Ў краiне светлай, дзе я ўмiраю,
У белым доме ля сiняй бухты,
Я не самотны, я кнiгу маю
З друкарнi пана Марцiна Кухты.

*  *  *
Прамiнула шмат дзесяцiгоддзяў, але вершы Максiма Багдановiча не састарэлi. Iмi захапляецца ўсё больш i больш людзей самага рознага веку. Багдановiчавы вершы «Зорка Венера» i «Слуцкiя ткачыхi» сталi народнымi песнямi.

У Менску i ў крымскiм горадзе Мiсхоры стаяць помнiкi Максiму. На ягонай магiле пад кiпарысамi ў Ялце часта бываюць падарожнiкi з Беларусi. Там, дзе скончыўся зямны шлях нашага славутага паэта, заўсёды кветкi i дзесяткi бел-чырвона-белых стужачак, якiя сiмвалiзуюць сцяг незалежнай Беларусi.

У Менску, у Траецкiм прадмесцi, недалёка ад таго месца, дзе нарадзiўся Максiм Багдановiч, створаны яго музей. А ў Ракуцёўшчыне, дзе ён жыў улетку 1911 года, праводзяцца штогадовыя святы паэзii.

Беларусь будзе вечна памятаць свайго генiяльнага паэта.


Пытаннi i заданнi
1. Дзе i калi нарадзiўся Максiм Багдановiч? Раскажы пра яго сям’ю i дзяцiнства.

2. Калi Максiм напiсаў першыя вершы па-беларуску? Адкуль ён ведаў беларускую мову, жывучы ў Расеi?

3. Якая газета першая надрукавала творы Багдановiча?

4. Хто запрасiў Максiма прыехаць у Беларусь? Дзе ён жыў i працаваў?

5. Як называецца першая кнiга Багдановiча? Раскажы пра яе.

6. Вывучы на памяць i прачытай верш «Пагоня».

7. Як ты думаеш, чаму ён стаў адным з беларускіх гімнаў? 

8. Раскажы пра апошнiя днi жыцця Максiма.

9. Дзе пахаваны наш выдатны паэт? Чаму каля ягонай магілы заўсёды можна пабачыць бел-чырвона-белыя стужкі?

9. Папрасi сваiх настаўнiкаў цi бацькоў звадзiць цябе ў Літаратурны музей Максiма Багдановiча.

10. Цi ёсць у цябе кнiгi Багдановiча? Калi няма, няхай бацькi абавязкова купяць iх.

Беларускае Адраджэнне


Людзей, што служылi Айчыне гэтаксама аддана i гераiчна, як Максiм Багдановiч, на пачатку XX стагоддзя было вельмi шмат. Яны мелi розныя таленты i прафесii, але iх аб’ядноўвала вера ў тое, што Беларусь вызвалiцца ад чужой расейскай улады i будзе незалежнай дзяржавай. Дзякуючы iхняй працы друкавалiся беларускiя кнiгi i газеты, адчынялiся тэатры, стваралiся беларускiя партыi. Беларусы хацелi быць сапраўднымi гаспадарамi на сваёй зямлi. Той час нашай гiсторыi называецца Беларускiм Адраджэннем.


Браты Луцкевiчы
Аднымi з першых за беларускую незалежнасць пачалi змагацца браты Iван i Антон Луцкевiчы, што нарадзiлiся ў сям’i паўстанца 1863 года. У юначыя гады яны чыталi кнiгi Францiшка Багушэвiча i Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча, якi быў бацькавым знаёмым i таксама ўдзельнiчаў у паўстаннi Кастуся Калiноўскага. Гэтыя кнiгi пераканалi братоў, што iхняя радзiма не Расея цi Польшча, а Беларусь.

Iван i маладзейшы Антон навучалiся ў Менскай гiмназii. Потым браты вучылiся ў некалькiх унiверсiтэтах i атрымалi добрую адукацыю.

Яшчэ ў гiмназiчныя гады Луцкевiчы заснавалi падпольны гурток. Яго ўдзельнiкi хацелi зрабiць жыццё ў Беларусi справядлiвым. Пазней браты разам з паплечнікамі стварылi першую беларускую партыю, выдавалi газету «Наша Нiва», адчынялi школы, дзе выкладанне iшло па-беларуску.

Iван Луцкевiч сабраў вялiкую калекцыю старажытных рэчаў. Там былi даўнейшыя беларускiя абразы, славутыя слуцкiя паясы, «Бiблiя» Францiшка Скарыны, Статут Вялiкага Княства Лiтоўскага, «Мужыцкая праўда» Кастуся Калiноўскага ды шмат iншых скарбаў нашага народа.

Агледзеўшы неацэнную Луцкевіцкую калекцыю, Максiм Багдановiч аднойчы захоплена сказаў: “Гэта фундамент нашага адраджэння. Гэта i праз тысячу гадоў будзе сведчыць, хто такiя беларусы”.

Iван Луцкевiч, як i Максiм Багдановiч, быў цяжка хворы на сухоты, аднак нiколi не шкадаваў сябе. У 1919 годзе сябры завезлi яго на курорт у Польшчу. Але ўжо было позна.

Братаву справу працягваў Антон. Ён быў кiраўнiком ураду Беларускай Народнай Рэспублiкi, займаўся навукай, працаваў у Вiленскай беларускай гiмназii.

Луцкевiчаў заслужана называюць бацькамi Беларускага Адраджэння.


Грамада
Прыгожае слова “грамадђ” азначае людзей, аб’яднаных адной справай.

Грамадой назвалi першую ў гiсторыi беларускую партыю, створаную ў 1903 годзе. Слова “партыя” паходзiць з лацiнскай мовы i значыць прыкладна тое самае, што i грамада. Партыя — гэта адданыя сваёй справе людзi, якiя вядуць за сабою iншых.

Разам з братамi Луцкевiчамi заснавальнiкамi Грамады былi Вацлаў Ластоўскi, Вацлаў Iваноўскi, Алаiза Пашкевiч (Цётка) ды iншыя беларускiя палiтыкi, вучоныя, пiсьменнiкi. Грамада хацела вызваліць нашу краіну з-пад улады расейскага цара, каб беларусы маглi самастойна будаваць сваё свабоднае i заможнае жыццё. У Грамады былi баявыя групы. Зброю для iх назапашвалi i хавалi ў доме Луцкевiчаў.

Грамада стала галоўнай сiлаю, дзякуючы якой была абвешчаная незалежная Беларуская Народная Рэспублiка.


Беларуская навука
Надзвычай шмат зрабiлi для Беларускага Адраджэння нашы вучоныя.

Мовазнаўца Яўхiм Карскi даказаў усяму свету самастойнасць i багацце беларускай мовы. Сваю вялiзную працу вучоны выдаў у сямi кнiгах. Ён склаў карту тых земляў, дзе гавораць па-беларуску.

Межы беларускай мовы на карце Карскага значна шырэйшыя за межы нашай Рэспублiкi Беларусь. Яўхiм Карскi ды iншыя вучоныя адносiлi да Беларусi ўсе землi, дзе жыла яе мова: Смаленшчыну, Дзвiншчыну, Вiленшчыну, Беласточчыну.

Сёння Вiльня, Смаленск, Беласток i Дзвiнск (цяпер ён называецца Даўгаўпiлс) знаходзяцца ў суседнiх дзяржавах, але мы павiнны памятаць, што гэта старажытныя беларускiя гарады.

Для Беларускага Адраджэння плённа працавалi і іншыя вучоныя. Яны збiралi i вывучалi казкi, легенды i паданнi, прыказкi i прымаўкi нашага народа. Дзякуючы iхняй працы было даказана, напрыклад, што беларускiя казкi адны з найцікавейшых у цэлым свеце.

На пачатку XX стагоддзя свае буйныя навуковыя працы надрукаваў таленавіты гiсторык Мiтрафан Доўнар-Запольскi. Ён глыбока вывучаў гiсторыю нашай старажытнай дзяржавы — Вялiкага Княства Лiтоўскага. Доўнар-Запольскi казаў, што народ, якi меў сваю дзяржаву ў мiнулым, абавязкова будзе мець яе i ў будучынi.

Выдатным дзеячам Адраджэння быў палiтык, гiсторык i пiсьменнiк Вацлаў Ластоўскi. Ён лiчыў, што беларусам найперш трэба вярнуць праўду пра iх слаўную гiсторыю. Вучоны не памыляўся, бо памяць пра знакамiтых продкаў, iхнiя справы i перамогi робiць кожны народ моцным i мужным. Ластоўскi надрукаваў у Вiльнi сваю кнiгу «Кароткая гiсторыя Беларусi».


Загляне сонца i ў наша ваконца
У Расейскай iмперыi, якую нездарма называлi “турмой народаў”, друкаваць кнiгi па-беларуску было забаронена. Але на пачатку XX стагоддзя беларусы дамаглiся права выдаваць кнiгi на роднай мове. У Пецярбурзе адразу ўтварылася беларускае выдавецтва, якое назвалi «Загляне сонца i ў наша ваконца».

Выдавецтва распачало сваю працу з выпуску беларускiх падручнiкаў. Потым да чытача прыйшлi першыя кнiжкi Янкi Купалы і Змiтрака Бядулi. Была перавыдадзеная «Дудка беларуская» Францiшка Багушэвiча. У Вiльнi, Полацку, Менску, Слуцку, па ўсёй Беларусi тады стваралiся музычна-тэатральныя гурткi. Для iх выдавецтва выпускала п’есы.

За час свайго iснавання выдавецкая суполка «Загляне сонца i ў наша ваконца» надрукавала болей за 100 тысяч кнiжак. Беларусы нарэшце змаглi свабодна набываць i чытаць кнiгi на сваёй роднай мове.


Беларускiя песняры
Найбольш моцна Адраджэнне паказала сябе ў нашай лiтаратуры. Якраз у гэты час загучалi галасы генiяльных беларускiх песняроў Янкi Купалы, Якуба Коласа i Максiма Багдановiча, пра якога ты ўжо ведаеш.

Янка Купала нарадзiўся ў 1882 годзе ў фальварку Вязынка, што памiж Менскам i Маладзечнам. Яго сапраўднае прозвiшча — Луцэвiч, а псеўданiм Купала ён узяў сабе, бо прыйшоў на свет якраз на старажытнае беларускае свята Купалле.

У будучага паэта рана памёр бацька, i малады Янук зведаў смак хлеба, заробленага сваiмi рукамi. Ён працаваў на гаспадарцы, быў хатнiм настаўнiкам, пiсарам. Купала вучыўся на радзiме, потым у Пецярбурзе i Маскве. Але ягоным галоўным “унiверсiтэтам” стала жыццё нашага народа. Купала з дзяцiнства захапляўся народнымi песнямi i казкамi, беларускiмi легендамi i паданнямi.

Янка пачаў пiсаць на польскай мове, якую добра ведаў. Але ён хутка зразумеў, што найлепей i найцiкавей выказаць сваю душу беларус можа на роднай мове. Бо гэтай моваю на беларускай зямлi гавораць не толькi людзi. Ёю шумяць лясы i пушчы, на ёй спявае вецер, яе разумеюць звяры i птушкi. Так лiчыў Купала, i беларуская мова стала для яго найвялiкшым скарбам.

Першы зборнiк паэзіі Янкi Купалы называўся «Жалейка». За iм з’явiлiся новыя — «Гусляр» i «Шляхам жыцця». Купала ў сваіх вершах і паэмах пiсаў пра Беларусь, якая абуджалася да новага жыцця.

Ён стварыў таксама выдатныя п’есы — «Паўлiнку» i «Раскiданае гняздо». Быў майстрам перакладаў з iншых моваў.  Напiсаў шмат артыкулаў, у якiх абараняў родную мову i нацыянальныя правы беларусаў.

У тым жа часе на поўную сiлу загучаў голас другога беларускага песняра — Якуба Коласа. Гэта псеўданiм, а ў сапраўднасцi яго клiкалi Кастусём Мiцкевiчам.

Ён з’явiўся на свет у 1882 годзе ў прынёманскай вёсцы побач са Стоўбцамі. Колас скончыў настаўнiцкую семiнарыю ў Нясвiжы. Ён працаваў настаўнiкам на Палессi, а потым пад Менскам. Малады паэт удзельнiчаў у з’ездзе беларускiх настаўнiкаў. З’езд быў нелегальны — гэта значыць не дазволены расейскiмi ўладамi. Таму Коласа спачатку звольнiлi з працы, а потым засудзiлі на тры гады турмы.

Пісаць вершы Якуб Колас пачаў па-расейску. Але, як і Янка Купала, неўзабаве перайшоў на родную мову. Першую кнiгу  вершаў Колас назваў «Песнi жальбы». Пасля яе ён узяўся пісаць паэмы «Новая зямля» i «Сымон-музыка». Яны сталi найлепшымi творамi паэта. Якуб Колас таксама пiсаў казкi, аповесцi, раманы. Ён быў аўтарам некалькiх падручнiкаў для школ.

Купалу i Коласа лiчаць аднымi з заснавальнiкаў нашай сучаснай лiтаратуры i беларускай лiтаратурнай мовы.

Побач з Максiмам Багдановiчам, Янкам Купалам i Якубам Коласам натхнёна i плённа працавалi iншыя таленавiтыя паэты i пiсьменнiкi: Цётка (Алаiза Пашкевiч), Максiм Гарэцкi, Змiтрок Бядуля, Алесь Гарун, Карусь Каганец. Дзякуючы iм беларуская паэзiя i проза хутка ўвайшла ў лiк найбольш багатых славянскiх лiтаратураў.


Iгнат Буйнiцкi
Беларускаму Адраджэнню спрыяла і тэатральнае мастацтва.

У 1910 годзе таленавiты актор i рэжысёр Iгнат Буйнiцкi стварыў беларускi нацыянальны тэатр. У ягоным тэатры былi не толькi акторы, якiя выконвалi п’есы, але таксама хор i танцоры. Разам са сваiмi артыстамi Буйнiцкi аб’ездзiў амаль усе беларускiя гарады i шмат якiя мястэчкi. Гледачы  паўсюль сустракалi свой тэатр з радасцю.

Справу Iгната Буйнiцкага працягваў яшчэ адзiн адданы тэатру творца — Алесь Бурбiс. Ён кiраваў «Беларускiм музычна-драматычным гуртком» у Вільні. Акторы гэтага гуртка ўпершыню паставiлi п’есу Янкi Купалы «Паўлiнка».


Газета «Наша Нiва»
Усіх людзей, якiя змагалiся за адраджэнне Бацькаўшчыны, аб’ядноўвала i гуртавала газета «Наша Нiва». Яе заснавальнiкамi былi браты Iван ды Антон Луцкевiчы i яшчэ адзiн сябар Грамады Аляксандр Уласаў.

«Наша Нiва» выдавалася ў Вiльнi i прыходзiла да чытачоў кожны тыдзень ад 1906 да 1915 года. Яна зрабiлася сапраўды народнай, агульнабеларускай газетай.

«Наша Нiва» змагалася за правы i свабоды беларусаў. На старонках газеты апавядалася пра падзеi ў нашых гарадах i вёсках, пра жыццё суайчыннікаў у iншых краiнах. «Нашу Нiву» выпiсвалi не толькі ў Беларусi. Яна iшла таксама ў Чэхiю, Украiну, Францыю, Бельгiю, Амерыку.

Надзвычай шмат зрабiла «Наша Нiва» для беларускай лiтаратуры. Дзякуючы газеце беларусы змаглi прачытаць мноства твораў нашых пісьменнікаў і паэтаў.

Апрача таго, рэдакцыя выдавала беларускiя кнiгi i календары. Супрацоўнiкi газеты лiчылi сваiм абавязкам вяртаць праўду пра гераiчную i слаўную мiнуўшчыну. Тут з нумара ў нумар друкавалася «Кароткая гiсторыя Беларусi» Вацлава Ластоўскага. «Наша Нiва» клапацiлася пра развiццё беларускага тэатру, музыкi, усёй нашай культуры.

Царскiя ўлады няраз канфiскоўвалi нумары газеты, але зачынiць яе не здолелi. «Наша Нiва» перамагала, а разам з ёю перамагала i Беларускае Адраджэнне.


Пытаннi i заданнi
1. Якi час нашай гiсторыi называецца Беларускiм Адраджэннем?

2. Што ты даведаўся пра Iвана i Антона Луцкевiчаў? Чаму iх называюць бацькамi нашага Адраджэння?

3. Як называлася першая беларуская партыя? За што яна змагалася?

4. Якiх беларускiх вучоных таго часу ты ведаеш? За што мы iх шануем?

5. Якую назву мела беларускае выдавецтва ў Пецярбурзе? Якiя кнiгi яно выпускала?

6. Раскажы пра жыццё i творчасць Янкi Купалы.

7. Што ты ведаеш пра Якуба Коласа?

8. Чаму мы памятаем пра Iгната Буйнiцкага?

9. Раскажы пра газету «Наша Нiва».

Беларуская Народная Рэспубліка


Першы Усебеларускi з’езд
У 1917 годзе ў Расеi была скiнутая царская ўлада. Вызвалiўшыся з “турмы народаў”, беларусы атрымалi магчымасць стварыць сваю дзяржаву. Каб вызначыць, як далей будзе жыць нашая Бацькаўшчына, у снежнi таго ж года ў Менску сабраўся Усебеларускi з’езд.

На з’езд прыехалi 1872 дэлегаты з усёй Беларусi — ад Смаленшчыны да Беласточчыны. Тады ў свеце iшла вайна. Таму на з’ездзе прысутнiчалi і пасланцы тых беларусаў, якiя служылi ў войску, на флоце, а таксама тых, хто пакiнуў родную зямлю, ратуючыся ад ліхалецця. Такога вялiкага сходу тады не змог сабраць нiводны прыгнечаны народ былой Расейскай iмперыi.

На з’ездзе прагучаў заклiк: “Няхай жыве Беларуская Народная Рэспублiка!”. Дэлегаты з абурэннем гаварылi, што расейскiя камунiсты-бальшавiкi вядуць з немцамi ў Берасцi перамовы пра мiр  i згодныя аддаць iм Беларусь. Бальшавікоў таксама запрасiлi на з’езд. Яны не з’явiлiся, але пiльна сачылi за тым, што там адбываецца.

Убачыўшы, што ўсё больш дэпутатаў хочуць, каб Беларусь была незалежная, камунiсты пастанавiлi разагнаць Усебеларускi з’езд. У залу ўварвалiся бальшавiцкiя салдаты. Яны арыштавалi частку дэлегатаў i не дазволiлi з’езду працаваць.

Але планы камунiстаў былi сарваныя. Прытулак з’езду далi менскiя чыгуначнiкi. Пад iх аховаю з’езд абраў кiраўнiцтва — Выканаўчы Камiтэт. На чале яго стаў адзiн з кiраўнiкоў Грамады Язэп Варонка.

Хутка пачаўся наступ нямецкiх войскаў, i камунiсты ўцяклi з Менска. Выканаўчы Камiтэт выйшаў з падполля. Ён абвясцiў, што бярэ ўладу ў свае рукi.


Устаўныя Граматы
Выканаўчы Камiтэт пачаў выдаваць Устаўныя Граматы. Яны паведамлялi жыхарам Беларусi, як будзе будавацца жыццё ў нашай дзяржаве. Быў створаны наш першы ўрад — Народны Сакратарыят.

Аднак неўзабаве Менск занялi немцы. Яны забралi ў Народнага Сакратарыята грашовую касу i скiнулi з ягонага будынку наш бел-чырвона-белы сцяг. Нямецкiя акупанты папярэдзiлi, што не дазволяць беларусам ствараць сваю дзяржаву.

Нягледзячы на гэта, наш урад працягваў працаваць. У новай Устаўнай Грамаце Беларусь была абвешчаная Народнай Рэспублiкай. Абвяшчалася свабода слова, друку, забастовак. Людзі ўсіх нацыянальнасцяў, што жылі ў Беларусi, атрымлiвалi роўныя правы. Зямлю перадавалi тым, хто на ёй працуе. Рабочы дзень у краiне не павiнен быў перавышаць 8 гадзiнаў.


Абвяшчэнне незалежнасцi
Прыхільнікаў беларускай незалежнасці з кожным днём станавілася ўсё болей. Браты  Луцкевiчы, Вацлаў Ластоўскi, iншыя нашы палiтыкi бачылi, што спадзявацца на Расею нельга. Не запытаўшыся ў беларусаў, Расея i Нямеччынападпiсалi ў Берасцi мiр i дзялiлi нашу зямлю памiж сабой.

Увечары 24 сакавiка 1918 года пачалося пасяджэнне Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi (БНР). Праца доўжылася ўсю ноч i завяршылася ўраннi прыняццем Трэцяй Устаўнай Граматы Рады БНР.

Беларуская Народная Рэспублiка была абвешчаная незалежнай i вольнай дзяржавай. Таму траціла сiлу падпiсаная расейцамi i немцамi ганебная для нас Берасцейская дамова.

Нашая дзяржава павiнна была аб’яднаць усе землi, дзе большасць жыхароў — беларусы: Магiлеўшчыну, Меншчыну, Вiленшчыну, Гарадзеншчыну, Вiцебшчыну, беларускiя часткi Смаленскай,Чарнiгаўскай ды iншых сумежных губерняў.

Беларуская Народная Рэспублiка зацвярджала ўсе дадзеныя раней грамадзянам Беларусi правы i вольнасцi.

Перад нашай Бацькаўшчынай адкрываўся шлях да самастойнага жыцця і ўмацавання сваёй дзяржаўнасці.

Трэцяя Устаўная Грамата, якая абвяшчала Беларусь незалежнай, была прынятая 25 сакавiка 1918 года. Гэты дзень — наша найвялiкшае дзяржаўнае свята. Калi б не Беларуская Народная Рэспублiка, не iснавала б i нашай цяперашняй дзяржавы — Рэспублiкi Беларусь.


Першыя крокi нашай дзяржавы
Усе беларускiя землi былi абвешчаныя адзiнай дэмакратычнай дзяржавай. Першы ўрад незалежнай Беларусi пачаў працаваць з новымi сiламi. У гэты ўрад, якi называўся Народным Сакратарыятам БНР, уваходзiлi самаадданыя людзi: Iван Серада, Васiль Захарка, Аркадзь Смолiч, Пётра Крэчэўскi, Кастусь Езавiтаў.… Вышэй за ўсё яны ставiлi iнтарэсы Беларусi i яе народа. Старшынёй ураду быў Язэп Варонка.

Народны Сакратарыят зацвердзiў дзяржаўную пячатку з нашым старажытным гербам «Пагоняй». Iшла падрыхтоўка да адкрыцця ў Менску Беларускага унiверсiтэта. Адчыніліся курсы беларусазнаўства для беларусаў i людзей iншых нацыянальнасцяў. Наладжваліся сувязi з суседнiмi краiнамi.

Незалежную Беларускую Народную Рэспублiку прызналi Арменiя, Аўстрыя, Грузiя, Латвiя, Польшча, Турцыя, Украiна, Фiнляндыя, Чэхаславакiя, Эстонiя. Ужо нiхто не мог казаць, што Беларусi i беларускага народа не iснуе.

Расейскiя камунiсты былi супроць існавання беларускай дзяржавы. Яны хацелi, каб Беларусь заставалася часткаю Расеi. Але воля нашага народа да самастойнасцi мацнела. Тады бальшавікі далі беларускiм камунiстам дазвол на стварэнне залежнай ад Масквы Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi (БССР).


Слуцкае паўстанне
Увосень 1920 года Расея і Польшча, якія тады ваявалі між сабой, падпiсалі дамову пра замірэнне. Расейцы прапанавалi палякам забраць сабе Заходнюю Беларусь. Хоць яна была часткаю БССР, кiраўнiкоў Савецкай Беларусi на перамовы з польскай дэлегацыяй нават не пусцiлi. Гэта паказвала, якой у сапраўднасцi была “незалежнасць” створанай камунiстамi БССР.

Але наш народ не хацеў мірыцца з тым, што родную зямлю дзеляць драпежныя суседзi. Беларусы са зброяй у руках баранiлi сваю незалежнасць. Прыклад змагання паказалi iншым жыхары горада Слуцка i ягоных ваколiцаў.

Напачатку сабраўся з’езд Случчыны. Ён праходзiў у вялiкай зале дома Эдварда

Вайнiловiча, багатага беларускага шляхцiча, якi за свае грошы пабудаваў Чырвоны касцёл у Менску. Зала з’езда была ўпрыгожаная нашымi нацыянальнымi бел-чырвона-белымi сцягамi.

Дэлегаты з’езда прагаласавалi за падтрымку Беларускай Народнай Рэспублiкi. Уладу расейскiх камунiстаў яны называлi чужынскай. З’езд пастанавiў узняць паўстанне за незалежную Беларусь. Улада ў горадзе i слуцкiх вёсках перайшла да Рады Случчыны. Ёю кiравалi смелыя змагары Уладзiмiр Пракулевiч i Павел Жаўрыд.

Рада за тры днi стварыла Слуцкую брыгаду стральцоў Беларускай Народнай Рэспублiкi. У брыгадзе было два палкi: Слуцкi i Грозаўскi, у якi ўваходзiлi жыхары мястэчка Грозаў i навакольных вёсак. 10 тысяч случакоў былi гатовыя баранiць беларускую свабоду i незалежнасць ад расейскiх бальшавiкоў.

Паўстанцы пачалi баявыя дзеяннi 27 лiстапада 1920 года. Камандаваў Слуцкай брыгадай капiтан Антон Сокал-Кутылоўскi. Паўстанцкiя аддзелы занялi мястэчкi Семежаў i Вызна i працягвалi наступаць на  бальшавiцкія войскі. Слуцкiя сяляне ўсім, чым маглі, дапамагалi змагарам. За гераiзм у баях Слуцкi полк атрымаў ад Рады сцяг залацiстага колеру з дзяржаўным гербам «Пагоня».

Бальшавiкi кiнулi супроць паўстанцаў свежыя добра ўзброеныя палкі, якія ў некалькi разоў пераважалі беларусаў сваёй колькасцю. Паўстанцы мусiлi з баямi адыходзiць на захад. Яны перайшлi раку Лань, за якой стаялi польскiя войскi.

Палякi, як i расейцы, былi супраць незалежнай Беларускай Народнай Рэспублiкi. Яны раззброiлi абаронцаў БНР і некалькi месяцаў трымалi iх пад аховаю ў лагеры. Але адзiн батальён змагароў разам са сваiмi афiцэрамi застаўся на Случчыне. Гэтыя 400 паўстанцаў яшчэ доўгi час не давалi спакою бальшавiкам.

Слуцкае паўстанне паказала ўсяму свету, што беларусы хочуць жыць у сваёй

незалежнай дзяржаве. Таму дзень 27 лiстапада, калi пачалося паўстанне, — гэта наша вялiкае нацыянальнае свята. Яго называюць Днём Герояў i штогод адзначаюць у Беларусi ды iншых краiнах.

Слуцкiя паўстанцы iшлi ў бой з воклiчам “Жыве Беларусь!” Сёння гэтыя словы дарагiя i блiзкiя кожнаму з нас. На святочных вечарынах, на мiтынгах i дэманстрацыях прыхiльнiкаў  незалежнасцi нашай дзяржавы зноў i зноў гучыць: “Жыве Беларусь!”

Беларусь абавязкова стане такой, пра якую марылi слуцкiя паўстанцы, — багатай i вольнай еўрапейскай краiнай.


Пытаннi i заданнi
1. Што ты ведаеш пра Першы Усебеларускi з’езд?

2. Чаму расейскiя бальшавiкi разагналi наш з’езд?

3. Пра што гаварылася ва Устаўных Граматах?

4. Калi была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублiкi?

5. Чаму дзень 25 сакавiка мы лiчым нашым галоўным нацыянальным святам?

6. Раскажы пра першыя крокi незалежнай Беларускай Народнай Рэспублiкi.

7. Як баранiлi нашу незалежнасць слуцкiя паўстанцы?

8. Якi дзень мы называем Днём Герояў?

9. Што ты, твае сябры i бацькi робiце, каб Беларусь была незалежнай еўрапейскай краiнай?


Оглавление

  • Уладзімір Арлоў АДКУЛЬ НАШ РОД
  • Да юнага сябра
  • Адкуль наш род
  • Рагвалод і Рагнеда
  • Ізяслаў і Брачыслаў
  • Усяслаў Чарадзей
  • Асветніца Еўфрасіння
  • Смаленскае Княства
  • Тураўская зямля
  • Князь Валодша і вайна з крыжакамі
  • Вялікае Княства Літоўскае
  • Нашы герб і сцяг
  • Вітаўт Вялікі і бітва пад Грунвальдам
  • Францішак Скарына
  • Гетман Астрожскі і перамога пад Воршай
  • Мікола Гусоўскі
  • Полацкая вайна
  • Канцлер Леў Сапега
  • Вялікі гетман Ян Кароль
  • Вынаходнік Казімір Семяновіч
  • Крывавае стагоддзе
  • Сімяон Полацкі
  • Пётр I і Беларусь
  • Захоп Беларусі Расеяй
  • Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі
  • Беларусь і Напалеон
  • Кастусь Каліноўскі
  • Францішак Багушэвіч
  • Максім Багдановіч
  • Беларускае Адраджэнне
  • Беларуская Народная Рэспубліка