У ноч на Пакровы [Ніл Гілевіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ніл Гілевіч У НОЧ НА ПАКРОВЫ


Новыя вершы


Падрыхтаванае на падставе: Гілевіч Ніл, У ноч на Пакровы: новыя вершы. — Мінск: Кнігазбор, 2008. — 88 с., Бібліятэчка часопіса «Куфэрак Віленшчыны» № 12

ISBN 978-985-6852-41-4

УДК 821.161.3-1


Рэдактар: Міхась Казлоўскі

© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

Трое маладых


Ясным,
чыстым ранкам велікодным,
у жытло маё, мой церам з кніг,
Завіталі
з добрым словам родным
трое маладых.
Трое, акрылёных светлай верай
у Хрыстовы дні.
Трое, не прыгнечаных хімерай
д'яблавай хлусні.
Што іх прывяло?
Яшчэ з парога
з трох сказаў адзін:
«Ведайце, мы гонару народа
сплюндрыць не дадзім!..»
Хростам сэрца і душы няўгледным
я на гэта бласлаўляю іх —
яснавокіх, гордых, непадлеглых
трое маладых.
2004-2007

Сурма Пузыні


Ізноў загучала над плошчай сурма —
Трывожна, бунтоўна, зазыўна.
Так, гэта Валодзька. Ён тут нездарма,
Славуты маэстра Пузыня.
Музыка ад Бога, ад роду крывіч,
Ён духам на крыўдах узрослы.
Пачуйце ж, пачуйце яго гзты кліч!
Збудзіцеся, брацці і сёетры!
Пачуйце й ідзіце — усёй грамадой,
Усім уваскрэслым народам —
Змагацца з усебеларускай бядой,
З пагібельным нашым разбродам!
2005-2006

Беларуская пастараль


Дрэмле рай пялёсткавы.
Пчол гудуць раі.
Рэчка грае ўсплёскамі.
Пара йдзе з раллі.
Чуеш промняў дотыкі?
За любоў прымі.
(А ў каго ж усё-такі
Рукі... у крыві?)
Колькі ў краі зёлкавым
Ласкі, дабрыні!
Неба п'е вясёлкамі
Чысціню крыніц.
Лепш любой экзотыкі —
Родны краявід.
(А ў каго ж усё-такі
Рукі... у крыві?)
Цеш душу над соткамі.
Галубоў кармі.
Выязджай прасёлкамі
На «свае кругі».
Думамі высокімі
Між жывых жыві.
(А ў каго ж усё-такі
Рукі... у крыві?)
2005-2006

Балада пра рогат пераможцы на бойным полі пад Шэгешварам 31 ліпеня 1849 года


Сцягою між ніў даспелых,
Дзе сонечны пыл дрыжыць,
Расхрыстаны, голагаловы,
Угорскі маёр бяжыць.
Ён уцякае ад смерці.
Яна — наўздагон ускач.
Яна — гэта збройны вершнік,
Двухжыльны казак-вусач.
Вышэй і вышэй дарожка.
Ячмень і авёс наўзмеж.
Да лесу яшчэ далёка,
А сілы ўсё менш і менш.
Не дабяжыць, нябога.
Выдыхся, змогся ўшчэнт.
Вось-вось разарвецца сэрца.
I ўсё ж ён бяжыць яшчэ.
Ды ўжо зусім за плячыма —
Раз'юшаны конскі храп.
I ён павярнуўся тварам
Да смерці. Не ў спіну каб...
Тады, тузануўшы повад,
Вусач асадзіў каня.
I выбухнуў страшны рогат
На сонечным схіле дня.
Так рагатаў раскатна,
З выдыхамі, казак —
Заходзіўся аж! — і доўга
Спьшіцца не мог ніяк.
Нарэшце спытаў са здзекам:
«Ну што? Хацеў ацалець?
Уцекчы ад смерці? Дудкі!
Прыйдзецца акалець!
Бяжы! Ну бяжы, мадзьярчык!
Стаячага — я не б'ю.
Мне трэба, як птушку ў лёце,
Душу ўпаляваць тваю».
I раптам такое ўбачыў
У цёмных, як ноч, вачах,
Што скалануўся ў жаху
I — пікай пырнуў з пляча.
I ўпаў афіцэр. І жменяй
Кашулю пад сэрцам згрэб...
Гэта быў Шандар Пецёфі —
Вялікі угорскі паэт.
2005-2006

Мне патрэбен цар


Сам я хто? Мізюрка!
Дробная казюрка!
Павучок. Жучок.
Мошка. Чарвячок.
Ні сабе й нікому —
Я не гаспадар.
Для парадку ў дому
Мне патрэбен цар.
Ён усё мпе скажа —
Як і што рабіць,
I куды, пакажа,
Бацькаўшчыну збыць.
2006

Марадзёры


I ўдзень і ўначы