Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства] [Ніл Гілевіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ніл Гілевіч РАЗУМНАЯ ДЗЕВАЧКА


Маленькая аповесць пра адно дзяцінства


Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, Разумная дзевачка: Маленькая аповесць пра адно дзяцінства. — Мн.: «Про Хрысто», 2005. — 124 с.


Рэдактар: М. Гіль


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

Светлай памяці Ніны Іванаўны,

поруч з якой мне пашчасціла

прайсці жыццё

Аўтар

Шчаслівы пачатак


Ніне ўжо амаль чатыры, і яна выглядае якраз на гэтыя гадкі. Ростам — не высочанькая, ці скажам так — не цыбаценькая, але і не малюпашачка-кнопачка, на цела — не тоўсценькая і не пухленькая, як піражок, але і не дробная мізурачка, а — самы раз, каб як надзене кашульку і сарафанік — удаваць сабой мілую паненачку. Асабліва зграбненькія ножкі. Баба Прося, прыехаўшы да сына і нявесткі ў госці, аднойчы сказала: «Мусіць, ты будзеш танцорачкай, Ніна. З такімі ножкамі толькі ў танок выходзіць — каб людзі любаваліся». I пры гэтым спела ўнучцы песеньку:

Мяне мамачка радзіла,
Шоўкам ножкі спавіла –
Каб я роўненька хадзіла
I танцорачкай была.
Валасы ў Ніны — цёмна-русыя, роўненькія, без аніякай нідзе кучаравінкі, і падстрыжана яна «пад хлопчыка». А вочкі ў Ніны — карыя, і глядзяць яны звычайна або ветліва і весела, радуючыся таму, што бачаць, або — сур'ёзна і пільна-ўважліва, калі яе моцна захапляе цікавасць да нечага такога, што ёй адкрываецца ўпершыню і што яна хоча зразумець. Як і ва ўсіх яшчэ малых дзяцей. іншы раз яе вочкі і плакалі, але здаралася гэта рэдка і толькі з вельмі важнай прычыны. Ну, напрыклад, тата купіў для яе чаравічак новыя шнуркі — у старых пазрываліся металёвыя наканечнікі і іх стала цяжка ўцягваць у «вочкі» на халяўках. Новыя то новыя, але не такія доўгія, як тыя, што былі. Канцы тых можна было завязаць двайным банцікам — і Ніне гэта дужа падабалася. Яна ўсё любіла рабіць сама — так і прасіла, і вельмі настойліва: «Дай! Я хачу сама! Я сама! Дай!» Узялася сама і новыя шнуркі ўцягваць. I сяк-так уцягнула, і ёй здалося, што канцы засталіся зусім кароткія, — на банцік не хопіць. Ад крыўды і засмучэння не заплакаць тут было проста немагчыма. I яна, з чаравічкам у руках, ціха зарумзала. Спачатку — зусім ціха, а тады і трохі мацней, каб пачулі. I тата пачуў.

— Чаго ты, Ніначка? Што здарылася? — спытаў ласкава.

— Цаго, цаго! Купіў снуркі, а яны кароткія! — крыўдліва-крыўдліва адказала, яшчэ галасней заплакаўшы, Ніна.

Мелі Нініны вочкі і яшчэ адну асаблівасць: вельмі любілі рана з вечара заплюшчвацца і засынаць. Яшчэ толькі-толькі схавалася за лес сонца, а Нініна галоўка ўжо хіліцца да сну. I заснула б — у адну пару з курамі на куросаднях, — калі б не ведала, не помніла, што вось-вось прыйдзе з поля кароўка Рабоня і прынясе свежае малачко. I мама будзе ў Ніны на вачах кароўку даіць, — не ў хлеве, а тут жа на падворку, дзе яшчэ відна, а падаіўшы — адразу ж налье ёй вялікі кубак сырадою. О, гэты цёплы, яшчэ пенны, смачна-духмяны сырадой! Як яна любіла піць гэту ні з чым не параўнаную смакату! Абхопіць кубак у дзве ручкі — і памалу, няспешна, лёгка пасапваючы, цэдзіць і цэдзіць, без пярэдыху, праз дробныя зубкі малачко. Куды ўвесь гэты час яна пазірае? Не здагадваецеся? На коціка, вядома. На чорнага, у белых «пантофліках» і з белым «гальштучкам» коціка. Пакуль Ніна засяроджана, моўчкі цягне смакату з кубка, ён, прыгажун-пястун Кіця, хлебча сырадой са сподка. Вядома ж, на Ніну ён пры гэтым — ніякай увагі. Калі мама, узяўшы даёнку, ішла даіць Рабоню — услед за ёй беглі двое: Ніна і Кіця. Кіця нават абганяў Ніну і ўсаджваўся трохі наўзбоч — за які метр ад гаспадыні. Ніна на дол не садзілася, а стаяла побач з мамай і сачыла за белымі цуркамі, якія ляцелі, няйначай з маміных жменяў, у даёнку — спачатку са звонам, а тады — з мяккім журчаннем, якое ачароўвала дзяўчынку, як боская музыка. Назад, у хату, і Ніна і Кіця вярталіся таксама разам з мамай, але каля парога Кіця абганяў і Ніну, і гаспадыню і, пакуль малако працэджвалася ў збаны, паводзіўся вельмі неспакойна, цёрся каля ног гаспадыні, ускокваў на ўслон і несціхана мяўкаў. Першай, вядома ж, мама налівала поўны кубак Ніне, а ўжо потым — поўны глыбокі сподак Кіцю.

Цяпер трэба сказаць і вось што. Вядома, што калі нехта вельмі рана звечара кладзецца спаць, то ён і ўстае назаўтра вельмі рана. Такіх людзей за гэту іх прыродную рысу называюць «жаўранкамі». А тых, што наадварот — вельмі позна кладуцца і позна ўстаюць — завуць «совамі». Ніна, такім чынам, была «жаўраначкай». Бывала, яшчэ толькі-толькі наступае раніца, яшчэ і сонейка не заглянула ў вокны і ў хаце ўсе спяць — і мама, і тата, і старэйшая сястра Ліпа, — а Ніна ўжо прачынаецца і пачынае варушыцца ў сваім невялічкім металёвым, з мяккім ватнім матрацам, ложку. Выслабаніўшы з-пад коўдры руку, яна водзіць пальчыкам па абклеенай шпалерамі сцяне — па вузенькай