На флейце самоты [Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка”] [Ніл Гілевіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Ніл Гілевіч НА ФЛЕЙЦЕ САМОТЫ


Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка” 


Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, На флейце самоты: Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка” — Мінск: Выдавецтва Про Хрысто, 2004. — 92 с. — (Бібліятэка часопіса «Наша вера»). 


Рэдактар: К. Лялько


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010 

Трыццаць адзін склад

Уціснуць у пяць радкоў

Строга па схеме:

Пяць-сем-пяць-сем-сем, — і ўсё!

Вось вам, сябры, і «танка».

А СВЯТЛО ЎСЁ ІДЗЕ

2002-2004

Што гэта ў цемры
Свеціцца там, дзе клады?
Ледзь здагадаўся:
Фасфарысцыруючы, 
Мова выходзіць з магіл.
Задыхаюся.
Не хапае паветра —
Бы ў душагубцы.
А стаю на пагорку,
Пад небам, сярод палёў.
Злуюцца, крычаць:
«Дакуль ты іх будзеш сніць —
Вершы аб волі?»
Злуюцца... А хіба ж я
Снам у сне загадаю?
Памяць маленства:
Над чорным полем — імжа.
Сагнуўшыся ў крук,
Грэбае мама раллю
I кідае ў кош бульбу.
Усё паспела
Адкрасаваць у пару,
Яшчэ за цяплом,
Толькі «бабіна лета»
Ізноў апаліў мароз.
Сядзіць і плача,
А чаго — не гаворыць.
I страшна спытаць —
Каб не пачуць такое,
Што й сам зальюся слязьмі.
Доўгі летні дзень
Зглуміў на прыіску слоў.
А ўвечары ў двор
Аднекуль прыплыў дымок —
Напомніў, што ёсць жыццё.
Дожджык уночы
Яблыньцы каля ганку
Штось шэпча. I мне
Не хочацца ў хату йсці —
Наўспамінаюся хоць.
Кветка за кветкай,
Адцвіў і пажух няўзнак
Мой агародчык.
Сумна, бо скора, відаць,
Адцвіце мне і сонца.
Музыка ночы!
Неба з зямлёй злучыла!..
А камертонам
Ёй паслужыў цвыркунок
Першы азваўся ў цішы.
Як магму вулкан,
Выварочвае памяць
Расплаўлены боль.
Куды ўцяку ад яго,
Каб не спапяліў ушчэнт?
Не ўгледзеў, калі
Стала радзейшым нашмат
Рэшата Бога,
А толькі бачу, што ўжо
Дзён засталася жменька.
Разлёталіся,
Размільгаліся думкі
Ні сабраць, ні ўняць.
I чаму на Купалле
Такая доўгая ноч?..
Спацелай спіной
Адкінуўся да камля
Старой бярозы —
Iвечнасці халадок
Адчуў у спякотны дзень.
Навошта я зноў
I зноў забіраюся
У глуш самоты?
Навошта трывожу цень?
Каб зведаць яшчэ раз боль?
Як вымерла ўсё —
Такая глухая ноч!
I раптам недзе —
Згадкай пра край маленства —
Далёкі сабачы брэх.
Сем тыдняў сухмень.
З лесу цераз дарогу
Вавёркі ў мой сад
Грызці ранеткі бягуць.
Піце, звярочкі, піце!
Грыб ля дарожкі.
Ах жа, які прыгажун!
Не трэба, а ўзяў.
Інстынкт паляўнічага.
Можа, каму падару?
Так, ты ўзвысіўся.
Бо часу на гэта меў.
А колькі ж яна
Табе аддала жыцця,
Каб самой не ўзвысіцца?
Прыйшла паглядзець,
Каго ж ён за жонку ўзяў,
I бачна было,
Як усё ў ёй крычала:
«Божа! За што Ты яго?..»
Лісток за лістком
Кідаў яе слёзы ў печ.
I думаў: спаліў,
I стане душы лягчэй.
Дзівак! Ці ж слёзы гараць?
Зімовая ноч.
Калянага неба стынь —
Ад зор да зямлі.
Мароз такі — што вусны
Ад вуснаў не адарваць.
Зняможаная
Палам любоўнай жарсці,
Адкінулася
На шырачэзным ложку
I выдыхае шчасце.
Паміраючы,
Маці сказала чамусь
Сыну-студэнту:
«Апрача твайго таты,
Я мужчыны не знала...»
Пачуўшы мяне,
Дразды шуганулі прэч
З чорнай рабіны.
Не знаюць, як люба мне
Бачыць іх баль асенні.
Нарэшце прайшлі
Дажджы — і ў лесе стаіць
Саладжавы дух
Падапрэлага лісця.
Нібы ў астылай лазні.
Як смачна яно
Смокча матчыны грудзі,
Красу й маладосць!
На пероне вакзала.
Перад першай дарогай.
Тонка-п'янлівы
Водар тваіх валасоў
Перагукнуўся
З водарам верасу — тым,
Што нас п'яніў на ўзлеску.
Вось і ў табе ўжо
Бачу адно дабрыню,
Ціхасць і стому.
Як моцна цяпер ты мне
Напамінаеш маму!
Ёсць водападзел
Рэчак і рэк на зямлі —
Воля прыроды!
А ёсць і водападзел
Душ. Чыя ж бы тут воля?
Якая цяплынь —
Якраз пасярод зімы!
Выйшаў на ганак —
I здалося: дыханне
Адталай раллі пачуў.
Зноў быў навёў я
Ідэальны парадак
На сваім стале —
I зноў, дзякаваць Богу,
Перамагае жыццё.
Сэрца не здрахла —
Яму не даюць драхлець
Добрыя людзі:
Раняць і раняць яго.
Дык мабілізуецца!
Як заспяваў ён —
Раптам, на сцежцы лясной,
Летнім світанкам!
Адкуль жа трэба ісці,
Каб гэтак шчасліва пець?
Падалі адвар.
Водар — родны, а чаго —
Пазнаць не магу.
Ці не гэта і ёсць лёс
Беларускай культуры?
Смецце ў космасе
Носіцца па арбітах —
Абломкі ракет...
Гляджу ў сінь нябёс: ну й ну!
I там насмецілі ўжо!
Самы высокі
I самы белы касцёл —
Наш быў, у Гайне.
Заглянеце мне ў душу —
Пераканаецеся.
Так страшна ўявіць,
Колькі я дам аднойчы
Клопату родным, —
Што хай бы я ўлёгся лепш
Дзесь у брацкай магіле.
Да дзеда ў госці
З мамай ідзем — ірвуся
Наперад хутчэй, —
Знаю: за трэцяй гарой
Будзе дзедава вёска.
А быў жа ён — час,
Калі мне здаваліся:
Рачулка — ракой,
Пагорачкі — горамі,
Дзедава слова — Божым.
Белая поўня.
Белы сувой дарогі.
Скора і дома!
Камашы ў адной руцэ,
Куфэрак кніг — у другой.
«Любіць — не любіць...»
Помню, абшчыпваў і я
Белы рамонак.
Забава, а як хацеў
Скончыць пялёсткам «любіць»!
Сон, а забыцца
Не хоча. Дзіўная рэч:
Праходзяць гады,
А ён, той сон пра яе,
Не-не ды і ўспомніцца.
Старыя кнігі...
Наважыў збыць — і не змог:
У кожнай — знакі
Алоўка... Вешкі пуцін,
Якімі ішла душа.
Праз колькі гадоў
Унук мой будзе юнак,
I нейкі мардач
Пагоніць яго ў Чачню...
Лепш сёння загіну я!..
Перад канчынай
Бацька мне скрушна сказаў:
«Вось, паміраю,
А тых, з кімі ўсё жыццё
Змагаўся, стала шчэ больш...»
Як добра было б,
Каб знік страшны цень вайны,
Каб рунь ажыла,
I каб шпакі занялі
Домік, што я ім зрабіў!
Родныя гукі...
З гукаў — родныя словы...
Са словаў — песні,
Казкі, паэмы, драмы,
Жыццё, Радзіма, Народ.
Той, хто праславіў
Бацькаўшчыну — папрасіў
Два метры зямлі,
Каб вярнуцца з чужыны...
З удзячнасці — не далі.
I я зразумеў:
Хоць кінься грудзьмі на дот
За волю Тваю —
I з амбразуры зняты
Не пераканаю іх.
Часцей і часцей
Апынаюся думкай
На тым пагорку,
Дзе мама, сястра і брат.
I камяні. I сосны.
Скора ўжо, скора
Пройдзе, я веру, Гасподзь
Па нашай зямлі.
Толькі патрапіць бы нам
Ступіць у Яго сляды.
Ужо холадна,
Ужо хочацца ў хату
Падацца з двара
I з напаленай грубкай
Павітацца далоньмі.
Гляджу на пусты,
Голы садок. А ў думках:
З кім я? I што я?..
На бязлістай галінцы
Склее забыты яблык.
Музыка лесу
Заўсёды ў душу спакой
Мне навявала.
Што ж гэта сёння так
Хвоі шумяць трывожна?
Між чорных ялін, —
Сонечна-жоўтыя спрэс,
Сям-там бярозы, —
Бы свечкі гараць, каб я
Не заблудзіўся ў нетры.
Вы — маеце ўсё,
А я — толькі вяргіняў
Кустоў дзесятак.
Што ж трэба вам ад мяне?
Даць на развод? Вазьміце!..
Зненавідзеўшы
I прадаўшы ў няволю
Родную мову,
Гэныя дочкі-сыны
Прададуць і Радзіму.
Аж не верыцца,
Гледзячы ў вочы жыццю,
Што колісь і мы
Мелі гонар дзяржаўных,
Свабодных душой, людзей.
Гэтыя возьмуць
Верх ва ўсім і заўсёды,
Бо ў іх вачох —
Тое, чаго не было
У вачох маіх продкаў.
Пад вечар набіў
I сяннік і падушку
Шэптам мурагу,
Водарам спелых зёлак.
Што сёння прысніцца мне?
Рэдкая ўдача —
Сонечны дзень пасярод
Восені чорнай.
Як узнагарода тым,
Хто чакае і верыць.
Уночы яна
Так сырадоем пахла,
Як быццам у ім
Выкупаная была.
Трыумфавала святасць.
Гронкі каліны
Ярка зырчаць на сонцы
Над снежным долам.
Занадта прыгожыя,
Каб не заўважылі іх.
Чаму ты, браток,
Гэтак крычэў на мяне —
Дзіка, сіберна?
Чаму не дае мне Бог
Забыць гэну злосць тваю?
Позна, брат, позна
За локаць сябе кусаць.
Хто ж вінаваты,
Што быў і сляпы, як крот,
I, як дзіця, наіўны.
Мне цяжка вельмі:
Я знаю, што зрабілі
За сотні гадоў
З нашай ліцьвінскай душой
Чужакі-акупанты.
Дзед мой казаў так:
«Якая розніца, хто —
Жандар ці гандляр —
Сядзе на галаву мне?
Скіну — хто б з іх ні ўсеўся!»
Па чым пазнаю,
Што ты — мой брат беларус?
У тваіх вачох —
Наша гісторыя ўся,
Усе дзесяць стагоддзяў.
Вы думаеце,
Што ў вас апраўданне ёсць?
Так думаў і я.
I гэта мой страшны грэх
Перад памяццю родных.
Усё замёрла:
Ні лісток, ні травінка —
Не шалахнуцца.
Бы ў чаканні прысуду,
Што зараз абвесціць гром.
Гадзюка ў дзічы
Скуру змяніла: такі —
Прыроды закон.
Выпаўзла з выпаўзіны
I папаўзла... гадзюкай.
Гэта не праўда
Крычыць у табе, о не!
У праўды, браток,
Вочы — як васілёчкі,
Вымытыя расою.

ПАМЯЦІ НІНЫ

2003-2004

Ведаю: гэта —
Толькі маё. Да скону.
Навошта ж пішу?
Ну, можа, знойдзецца хтось,
Хто зразумее нешта.
Ціха ляжала.
Думаў, што спіць. I раптам:
«Ты ж трымайся, Ніл!
Ты ж трымайся!..» — сказала.
Не адкрываючы воч.
«Падвядзі мяне
Да вакна, — папрасіла. —
Хачу паглядзець...»
Праз паўхвіліны цяжка,
Скрушна сказала: «Усё...»
«Я паміраю.
Ты разумееш гэта?
Я паміраю...»
Божа, за што ты судзіў
Мне перажыць такое?
Абарвалася...
Усё абарвалася...
Усё пагасла...
Усё, што свяціла мне
I абяцала свяціць.
Помню, сказала:
«Ой, як ты будзеш плакаць,
Калі я памру...»
Не, не ўяўляла яна
Плачу майго землятрус.
Божа, ты ж бачыў
Як ёй хацелася жыць!
Чаму ж так? За што?
Знаю адказ твой, Божа.
Даруй мне мой боль і страх.
Як ты прасіла:
«Дамоў! Хоцьнадзень дамоў!..»
I вось ты дома.
I толькі на дзень. Заўтра
Пакінеш свой дом навек.
З гэтага часу
На Кальварыйскіх кладах,
У ціхім кутку,
Будуць твой сон сцерагчы
Сплаканыя таполі.
Прыйшоў да цябе,
А далакопы наўзбоч
Яму капаюць...
Хто ляжа ўжо сёння тут?
Хай бы ўсё ж добры хтосьці.
Лісты прыходзяць.
Чамусьці кожны канверт
Я ўскрываю так,
Як быццам у ім знайду
Выслабленне ад болю.
Дзе ты, куды ты
Гэтак далёка пайшла,
Што не прыходзіш?
Вочы прагледзіў — няма.
Слухаю ціш — не чутно.
Плачу і плачу.
Я і не знаў, што ў мяне
Слёзы так блізка.
Як ні згадаю цябе —
Вочы да Бога плывуць.
Таго, што хацеў
Пачуць у апошні час, —
Ты не сказала.
Можа, і лепш, бо, можа,
Было б мне яшчэ цяжэй.
Вось і настала
Страшнай расплаты пара:
Курчуся ў муках
I праклінаю сябе —
I ратунку не бачу.
Перабіраю
У памяці тыя дні —
Тыя, што нашы...
Божа, які мізэрны
I жалкі я перад ёй.
Ты — вечным жыла:
Любоўю і дабрынёй.
I будзеш вечна.
А я — быў рабом часу.
Гэтым і пакараны.
Тымі ключамі,
Што я адмыкаў дзверы
У свет мілаты —
Цяпер адмыкаю ў стынь,
У пустату, у вусціш.
Я знаю, чаму
Мне так нясцерпна баліць
Даўні твой здымак.
Страшны быў першы твой боль.
З ім і сышла ў магілу.
Сто дзён я хадзіў
Высакародна хлусіць:
«Ты паправішся...»
I вочы ад воч хаваў,
Каб праўду не ўбачыла.
Сядзела моўчкі.
Як бы не чула мяне.
I я замаўкаў.
Пра што яна думала?
Ніколі не буду знаць.
Усё бачыла.
Пакутвала. Плакала.
I малілася:
«Божа, падтрымай яго!
Маіх сіл не хапае!..»
Гэта быў подзвіг
Твой чалавечы — каб я
Чуўся шчаслівым.
Чуўся, таму й не бачыў,
Таму й не цаніў, сляпы.
Помню, сказала:
«Хадзем, палюбуемся,
Як прамяніцца
Наш бел-чырвона-белы!..»
Быў Дзевяноста Другі.
«Што яны робяць
З Беларуссю! — плачучы,
Крычала яна. —
Я не стрываю й памру!..»
I — памерла. Ад гора.
Як мала тваіх
Выслухаў я ўспамінаў!
Усё адкладаў:
«Будзе на гэта старасць».
А старасці Бог не даў.
У кожнай кветцы —
Той, што ты пасадзіла,
Бачу, здаецца,
Твой, поўны суму, пагляд...
Можа, таму, што восень?
Знаю, якой ты
Ад Бога ка мне прыйшла —
Якой святлістай!
Знаю, што ўзяў у цябе.
А ці што даў — не знаю.
Ніводнай гронкі
Чорнай рабіны ў двары
Ніхто не сарваў.
Пакінута ўся драздам —
На дзяды. На памінкі.
Якую ўжо ноч —
Толькі пачну засынаць —
Боль працінае:
«Чаму ты крыўдзіў мяне?
Няўжо ты не знаў, хто я?»
Хаджу паплакаць...
Лепш, як побліз магілы
Нікога няма, —
Тады можна і ўголас.
Уголас не так баліць.
Кажуць і кажуць:
«Звыкнешся, боль ападзе,
Час, брат, — ён лечыць...»
Кажуць так шчыра, нібы
Вераць у гэта самі.
На фотаздымак
Гляджу, у вочы твае, —
Істолькі бачу!
Столькі крыўды і скрухі —
Што воўкам завыць хачу.
I чуецца мне
Ціхі журботны голас, —
Той, у палаце:
«А ружы ці зацвілі?
Праўда? То гэта добра...»
Нехта прыходзіў
I на курганок пад крыж
Цукеркі паклаў.
Выпадкова ці ведаў —
Тыя, што ты любіла.
Хмары зрадзелі,
I запылала сонца
На клёне ў вакне.
Так бывала, калі ты
Заходзіла ў мой пакой.
Божа, якою
Няшчаснай, пакрыўджанай
Ты ўранку была!
Хай бы я лепш не ўбачыў.
Хай бы я ноччу памёр.
Як ты трымцела
Над верай сваёй! I як
Змагалася ты —
З сабой і з цэлым светам, —
Каб той веры не страціць!
Радасці тыя,
Прагнуў якіх я, — былі
Д'ябла грымасы.
Знаў бы я, чым для мяне
Абернецца кожная!..
Ціха страсаю
З заледзянелых вянкоў
Шэрань і чую,
Як хутка ў нутро душы
Прабіраецца холад.
Наша з табою
Мы ўспаміналі разам.
Як люба было!
Успамінаць аднаму —
Цяжка, няўсцерп балюча.
«Паклёп іх і бруд
Ты не прымай да сэрца», —
Гэтак сказала
Мне на сустрэчы яна.
Сёння. У сне. У поўнач.
Вось і снег суздром
Укрыў магілу тваю.
Стаю і зябну.
I думаю пра сябе:
«Толькі каб не зімою...»
Сёння — паўгода...
Выйшаў на ганак у ноч.
Божа, якое
Чорнае неба ўгары!
Хоць бы адна дзе зорка!..
Ізноў і ізноў
Я вяртаюся ў тое,
Што не збылося.
Горка. Ды лепш, чым думаць
Аб тым, што не збудзецца.
Як кроплю расы
Долу баіцца праліць
Поўненькі венчык —
Гэтак баялася ты
Долю праліць няўмысна.
Ноччу пабачыў
Як ты ламала рукі —
Ад болю, ад мук —
Над цяжка хворым дзіцём...
I я зразумеў усё.
Што ты стрывала,
Сцярпела і вынесла —
Знаю адзін я.
Пэвен, што ў нашым краі
Святых жанчын больш, чым дзе.
З кім падзяліцца
Мне болем за родны край —
Так, як з табою?
Так — каб сляза у слязу.
Так — каб на клятву клятва.
Помню, спытаўся:
«Што ад мяне ім трэба?
Чаму так грызуць?»
I ты адказала мне:
«Душу не прадаў — таму».
«Ну й патрыёты! —
Балесна ўздыхнула ты. —
Няўжо ім няўцям,
Што гэтай хлуснёй яны
Б'юць Беларусі ў сэрца?»
Мама... I Ніна...
Як паміралі страшна!..
Вось і выходзіць:
Хто ў муках пражыў жыццё —
Ім і пакутная смерць.
«Глядзіце, прашу,
Каб у дворыку нашым
Прыгожа было...»
Успомніў просьбу тваю —
I так сорамна стала.
Годнасць і гонар
За свой чалавечы сан —
Годнасць і гонар.
У гэтым ты ўся была.
I на людзях і дома.
А радасць жыцця,
З якой ты прыйшла на свет, —
Гасла і гасла...
Усё радзей і слабей
Свяціўся ёю пагляд.
Любіць і цярпець.
I не прыніжаць сябе
Маладушнасцю.
Да апошняга ўздыху
Ты годна несла свой крыж.
У нашым садку —
Гняздзечка ў сівец-траве,
I птушачка ў ім.
Не хоча развітвацца
Са мною твая душа.
Ты плакала так
Жаласліва — як дзіця
Знясіленае,
Што ўжо не можа гукаць
Маму, а толькі плача.
Найстрашнейшая
Кара з усіх на зямлі —
Кара памяці.
О каб мог я забыцца
На гэны роспачны плач!
На што ні зірну —
На хатку, кветнік, садок —
Ва ўсім мне відзён
Запозна ўяснёны мной
Геній тваёй любові.
Усё, што магла,
Ты для мяне зрабіла.
Усё, што магла.
I нават намнога больш:
Выгнала д'ябла з душы.
Няма таго дня,
Каб не падступіла мне
Памяць да горла —
Жалем, балючым няўсцерп.
Ці не да Бога іду?
Пытаецеся,
Чаму не хаджу я ў храм
На пакаянне?
Чаму?.. Не хачу, каб Бог
Зменшыў пакуты мае.
Паэт Юрый Млынк,
Неўзабаве па смерці
Жонкі Марыі,
Кончыў з сабой. Здаецца,
Я разумею яго.
Кожны год вясной
Я загадваў, пачуўшы
Голас зязюлі:
Колькі ж мне накукуе?
Сёлета — не загадаў.
Да астатку дзён,
Па самы апошні ўздых,
На гэтай зямлі
Ты — светач душы маёй.
I там будзеш ім, і там...

Оглавление

  • Ніл Гілевіч НА ФЛЕЙЦЕ САМОТЫ
  • А СВЯТЛО ЎСЁ ІДЗЕ
  • ПАМЯЦІ НІНЫ