Заходнікі [Генрых Вацлававіч Далідовіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Генрых Далідовіч Заходнікі

1

— Не ведаю, хлопча, добра я раблю ці не, але мушу сказаць, — прамовіў дзядзька Францішак, калі выбраліся з лесу і запыніліся каля пагонкі. — На тваю Марысю пазырквае Кураглядаў…

Гэта не была для Сцяпана навіна. Марыся расказвала яму — і ўжо не раз, — што той, за вочы Курашчуп, на пачатку года загаворваў гулліва ды непрыстойна, а цяпер пачаў нахабна заступаць дарогу, хапаць за рукі і абы-што шаптаць на вуха. Надоечы Марыся мусіла ўжо не толькі прыкрыкнуць, але нават і злосна адштурхнуць ды прыстрашыць, што паскардзіцца мужу.

Пачуўшы, што пра гэта пачалі ўжо вось гаварыць людзі, Сцяпан уздрыгнуў, але змаўчаў (як і ўсе ў радні, быў не пыхкі і не вельмі гаваркі). Сцяў губы, прыплюшчыў вочы, адвёў позірк ад недалёкай, за вярсту, сцішанай пад высокімі голымі ліпамі роднай вёскі і зірнуў убок: на блізенькі зялёна-цемнаваты акраек лесу і на цярушліва-хмарнае неба, каб, можа, туды — у сыр-бор ды ў халаднаватую высь — адпусціць свой раптоўны сардэчны боль ці адтуль, з вечнай мудрасці, узяць крыху супакаення для занылай душы.

— Я не хачу, нават баюся, каб ты, хлопча, што благое падумаў, а то, крый божа, распусціў дома рукі, — увесь светлы дзень, калі працавалі ў лесе, дзядзька амаль маўчаў, толькі зрэдку загадваў, што і як рабіць, а цяпер вось загаманіў і павёў гутарку асцярожна, не сваім гучным, цвёрдым, а нібы нясмелым ды не зусім шчырым голасам. — Каб было што, дык ужо ўсе паласкалі б зубы. Ды, кажуць, ён круціцца са сваёй сакратаркаю. Сцяпан зноў не абзыўнуўся.

— I з ім, хлопча, не гарачыся. Ён — улада… I, сам ведаеш, дурыла!

Што праўда — то праўда: гэты Кураглядаў паспеў за кароткі час уесціся ў печань усім Янкавінам. I сам, і са сваім фінагентам Клопікавым.

— Ну, не набірай абы-чаго ў галаву! Хоць ён і курашчуп, але твая Марыся лішняга не дазволіць! — усміхнуўся дзядзька, ляпнуў яго па плячах і, падперазаны пілой, з сякерай і з наламаным хваёвым памялом, пашкрэбаў на свой блізкі хутар Амшарок.

Сцяпан паглядзеў крыху ўслед высокаму, дужаму і мудраму бацькаваму брату — той, гэтак неспадзявана і балюча развярэдзіўшы душу, аддаляўся, меншаў, знікаў у прыцемках, — а потым крануў лейцамі каня і пакрочыў па тупкай ужо сцежачцы, слухаючы, як радасна фыркае, весела спяшаецца дадому Гняды, прыемна шапацяць колы па сырым жвірыстым пяску, знаёма рыпяць дуга і гужы, а заадно вабна ляжаць агромністыя валуны ўздоўж дарогі. Гэтыя камяні — а іх сем ад лесу да вёскі — тут здаўна, іх ніхто не чапае, яны быццам нейкія святыя істоты ці помнікі; калі трэба каменне на падмуроўку альбо ў склеп, дык людзі шукаюць яго на сваім альбо гуртавым полі, а калі трэба пазбавіцца ад дробнага камення, што ўсё выплывае і выплывае з зямлі, то яго падбіраюць, але не кідаюць абы-як тут, пры дарозе альбо ў лесе, а знаходзяць яму сваё месца. Раней, за палякамі, вазілі пад Налібакі, на дарогу-брукаванку, а цяпер звозяць у адно месца — вось сюды непадалёку ў лес, на Ваўкавеньку ці на Крушню.

Пасля лагчыны, на горцы, як на далоні сталі бачныя Янкавіны — з гэтага, паўночнага, крычатоўскага, боку ў адзін шнурок, уздоўж дарогі-вуліцы, пад старымі насадамі. Калі сюдой падыходзіў паджылы чалавек, то спачатку нібы бачыў старую вёску — тую, што адбудавалася пасля першай сусветнай і савецка-польскай войнаў і што была да самай нядаўняй блакады: цесную, прысадзістую, з невялікімі вокнамі, амаль спрэс саламяную, толькі сям-там, у Засценку, з высокімі аплазаванымі ці пашаляванымі дамамі, накрытымі гонтай і нават чарапіцаю, з вялікімі, хораша аздобленымі вокнамі, з верандамі. Але, апамятаўшыся ад былога малюнка, як вось цяпер Сцяпан, кожны мусіў бачыць тое, што ёсць наяве: тут і там свежыя накрытыя дахамі ці яшчэ ненакрытыя зрубы з аголенымі альбо забітымі аполкамі аконнымі прагаламі, паміж зрубамі — быццам пусткі, хоць на самай справе там — нізкія, заглыбленыя ў дол зямлянкі. I толькі зрэдку — новыя дамы з чырвонымі комінамі, з вокнамі на адну, а то ўжо і на дзве палавіны. Адным словам, пазалетась вярнуўшыся з бежанцаў і з Германіі, Янкавіны адбудоўваюцца, спрабуюць зноў, як і раней пасля ліхалецця, стаць на ногі. Што да Сцяпана, дык ён, першы яшчэ пазалетась зладзіўшы каля папялішча зямлянку, ужо здолеў абжыць домік на дзве палавіны і ўзбіцца на такую-сякую гаспадарку.

Каля плашкавай дрывотні Сцяпан падцялежыў калёсы і выкуліў з іх галлё, вярхоўе — усё тое, што можна паліць у лесе ці па дазволе леснікоў забіраць дадому, — распрог каня, уцягнуў калёсы ў гуменца, а пасля, не спяшаючыся, не заходзячы ў хату, пачаў ухаджацца ў хляве: даваў сена каню, карове, цялушачцы, авечцы з ягнятамі і з кожнай хвілінай усё больш і больш распаляўся ад незразумелай злосці. Калі выходзіў на двор, дык кідаў позірк на акно, што было каля сянец і глядзела сюды: там, на кухні, сядзела маці і трымала пад пахі яго двух-гадовага Юзіка. Сын — у мяккіх атопачках, у доўгай кашульцы і шапачцы, завязанай шнурочкамі на шыі, — як толькі бачыў яго, бацьку, імкнуўся на двор,