Жураўліная пара [Генадзь Бураўкін] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Генадзь Бураўкін

Жураўліная пара


Вершы канца стагоддзя

Мінск 2004


***

О, як я хацеў бы
Скласці шчасцю оду,
Каб не мой панылы,
Непазбыўны одум!
Як бы я прыгожа
Поўніў струны звонам,
Каб не сумны клспат
Пра свой хлеб надзённы!
Як бы ўсім на свеце
Быў я даспадобы,
Каб не крыўда ў сэрцы
На свой лес нядобры!
О, які я быў бы
Дужы і раскуты,
Каб пазбыўся страху
Мой народ пакутны!
А пакуль не прыйдзе
Шчасце навасёлам,
Неяк пацярпіце
Спеў мой невясёлы...


***
Вечны клопат.
Вечная трывога.
Вечныя пытанні да сябе.
Вечная вясковая дарога.
Вечная задуха на сяўбе.
Вечны страх.
I вечная спакуса.
Вечны дух жытнёвы на жніве.
Вечная пакута беларуса.
Вечны Млечны Шлях у сіняве.
Вечны пошук.
Вечнае сумненне.
Вечны сон пакорнага раба.
Вечны сум.
I вечнае маленне.
Вечная за ўладу барацьба.
Вечнае старых лясоў дыханне.
Вечная калоссяў гамана.
Вечны боль.
І вечнае каханне.
Перад Богам вечная віна...
...I аднойчы
Трошкі недарэчна
У бацькоў спытаецца дзідя:
— Што, і сапраўды ўсё гэга вечна
Да канца нявечнага жыцця?

***
Ці збылося ўсё, ці  не збылося,
Ведае пра гэта тслькі Бог.
Нікне паламанае калоссе
Ля старых раз'езджаных дарог.
Што яго так злосна паламала —
Навальніца,
Вецер
Ці бяда?
Гэта ўсё людзей цікавіць мала.
Ім чужога жыта не шкада.
Хутка завіруха загалосіць,
Шэранню засцеле ўсё вакол...
Сыплецца з пажухлага калосся
Зерне пераспелае на дол...
Сірацее лапік недажаты
Ля старых раз'езджаных дарог.
I ці ўзыдуць тут вясной зярняты,
Ведае наперад толькі Бог...

***
Калі твая дарога ўніз збягае
I зарастае маладой травой,
Прысядзь на цёплы верас каля гаю,
Паслухай жураўля над галавой.
Зірні на ліст бярозавы зялёны,
Духмяны вецер вуснамі крані —
I праясніцца твой пагляд замглёны
Ад чыстага блакіту ў вышыні.
I ціха клікне васількамі ніва
Яшчэ адной сцяжынкаю прайсці.
I зразумееш проста і шчасліва:
Не ўсім і гэта выпала ў жыцці.

***
Іду да вершаў пешшу
Між красак і камлёў,
Нагледзецца паспеўшы
На слонак і чмялёў,
Глынуўшы ўсмак азону
Дажджоў і навальніц,
Наслухаўшыся звону
Рачулак і крыніц.
Ступаю асцярожна
I ціхну —
Балазе
Тўт намаўчацца можна
На мяккай дзеразе.
Губляецца дарога
То ў вербах,
То ўтрысці...
Хто ведае,
Як доўга
Да вершаў мне ісці?..

***
Куды б толькі ты ні пайшоў,
Сустрэне прырода жывая:
Бясконцы шнурок мурашоў
Са сцежкаю сцежку сшывае;
Разважлівы хітры павук
Свой нерат пляце штохвіліны;
Як доктар пушчанскіх навук
Выстуквае дзяцел хваіны;
За колкім ажынным кустом
Сарока падскоквае вёртка;
3 распушаным рыжым хвастом
Між сосен мільгае вавёрка;
Кузюркі кішаць у траве;
Цікуюць буслы за вужамі...
Усё, што жывое, —
Жыве,
Цябе быццам не заўважае.
Не стой жа нядбайна адзін —
3 усімі ў суседстве і згодзе
I ты сабе мудра знайдзі
Занятак і месца ў прыродзе...

***
Упоперак
I ўдоўж
Ідзе асенні дождж,
Усё імілою шэрай зацягнула..
Ужо няма ані
Лагоднай цеплыні,
Пагодлівае лета прамінула.
Няма ў цішы лясоў
Птушыных галасоў,
Раскіслая дарога сірацее.
Зляцелі журавы,
Чарнеюць паплавы,
I кожны дзень паволі карацее.
Над вымаклым галлём
У садзе за вуглом
Скуголіць вецер на шчымлівай ноце...
Прыходзіць і да нас
Несамавіты час
Падумаць на джыццём у адзіноце...

***
У дні няшчасцяў і згрызот,
Калі адчай душу дратуе,
Калі не верыш і ў народ,
Адно суцешыць і ўратуе:
Што прысак памяці не згас,
Не зараслі кустамі нівы,
Што прыйдуць лепшыя за нас
I сцвердзяць лад свой справядлівы,
I спаляць хцівасці лаўжы,
I збажыной напоўняць клеці....
Дык варта жыць.
I трэба жыць.
I будзем жыць на гэтым свеце!
Жыві і радуйся,
Што ты яшчэ жывеш,
Што на стале ў цябе —
I хлеб, і масла,
I ў сэрцы выспявае новы верш,
I кволая надзея не пагасла.
Ну што ж,
Калі не спраўдзіліся сны,
Калі ў душы ўсё новыя трывогі.
Ёсць крык жаўны,
I вечны шум лясны,
I над дарогай —
Месячык двурогі.
Наіўным летуценням больш не вер.
Падманлівасць —
Як рана нажавая...
Жыві і цешся,
Што яшчэ жывеш
I што твая душа яшчэ жывая.

***

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.

Максім Багдановіч
Я не дбаю пра ўласную славу,
Не чакаю сабе ўзнагарод.
Толькі крыўдна даўно за дзяржаву
I за свой цягавіты народ.
На здзіўленне суседняму люду,
Ён зусім не такі, як усе, —
То прыгрэе дурнога прыблуду,
То вар'ята высока ўзнясе.
I на лес свой пасля наракае
3 непазбыўнай святой прастатой,
Што і хата ў яго не такая,
I набытак чамусьці не той.
I ніяк не збярэцца
Краіну
I прыбраць, і дагледзець як след.
Уздыхае,
Што Бог яго кінуў
I адрокся багаты сусед...
Дык ці здольныя з поўнаю кайстрай
Мы па свеце ісці, як раўня,
Каб народ наш
Усё ж дачакаўся
Залацістага, яснага дня?..

***
Легенды час развенчвае,
Выпальвае датла.
Я думаю пра вечнае
(Мая пара прыйшла).
Пра тое непадманнае
I ў хаце, і ў царкве,
Што не дзяржаўнай маннаю,
А сухаром жыве.
Пра тое непараднае,
Што многім не відно.
Па тэле і па радыё
Не хваліцца яно.
Пра тое несмяротнае,
Што век не задушыць,
Што чыстай песняй роднаю
Струменіцца з душы.
Пра тое непаўторнае,
Што маем на зямлі,
Каб не з жабрацкай торбаю,
А горда ў свет ішлі.
Пра вечнае,
Пра вечнае,
Асноўнае з асноў,
Дзе Беларусь прасвечвае
3 усіх легенд і сноў...

***
За кармушкаю ўслед не бегаю
I не каркаю, як усе.
I таму варонаю белаю
Станаўлюся я пакрысе.
Чарадою крыклівай ходзячы,
Натапырыўшыся ў імгле,
Падазрона глядзяць суродзічы
На нязвыклыя крылы мае.
Не куваю,
Не кукарэкаю,
Не шукаю глушцовых сцяжын,
А здаюся ім недарэкаю,
Непатрэбным зусім і чужым.
Перад зграяй безабаронны,
Пад вятрамі трываючы ледзь,
I памру я белай варонай,
Не збіраючыся чарнець.

***
Сумна падлічваем страты.
У прэсе і ўлесе —
Прагалы...
Губяць прыроду нітраты.
Губяць народы нейтралы.
Зменены флагі на транты.
Мора прадэджваюць тралы...
Вецер разносіць нітраты.
Просяць спаксш нейтралы.
Сквапныя лічаць караты.
Спрытныя дягнуць каралы...
Выбух рыхтуюць нітраты.
Здраду не чуюць нейтралы.
Ніва чарнее ля хаты.
Душы адчужанасць сцяла...
Губяць прыроду нітраты.
Губяць свабоду нейтралы.

***
Мінаюць гады.
Адсяваюць яны
Усё выпадковае,
Дробнае.
Раней казалі:
«Было да вайны».
Цяпер ужо кажуць:
«Было да Чарнобыля».
Спалохана
3 неба глядзіць маладзік
На мёртвыя рэкі,
Пустыя выжарыны...
Няўжо ён не скончыцца
Чорны адлік
3 крыжамі,
Крывёй
I пажарамі?
Няўжо не сплыве
Сумнай памяці тло,
Каб з радасцю нам
I за межы ісці
I горда расказваць,
Калі што было:
«Пасля Адраджэння»,
«Пасля Незалежнасці»?
Няма на зямлі ў нас
Ніякай віны.
I край наш лагодны.
I людзі ў нас добрыя..
А ўсё паўтараем:
«Было да вайны...»
А ўсё паўтараем:
«Было да Чарнобыля...»

***
Дзядок ступаў хадою лёгкай,
Пускаў усмешку з-пад павек
I мне гукнуў яшчэ здалёку:
— Паклон вам,
Добры чалавек!
I стала мне на сэрцы светла,
Як жаўруку сярод атаў,
Бо гэтак проста,
Гэтак ветла
Даўно ніхто ўжо не вітаў.
Я крочыў сцежкаю надрэчнай
Паўз маўчуноў і прастарэк
І паўтараў
Усім сустрэчным:
— Паклон вам,
Добры чалавек!
I раптам гамана змаўкала,
I сонца ўспыхвала ў вачах...
О, як усім нам трэба мала,
Каб прысак ласкі не ачах!..
Таго дзядка няма ўжо з намі,
Ды ў наш суровы, жорсткі век
Я зноў кажу
I пад крыжамі:
— Паклон вам,
Добры чалавек!

***
Я помню той нядаўні час
У беднай вёсачцы ля гаці,
Калі пыталіся і ў нас:
— А колькі душ у вашай хаце?
Для будучых дзяржаўных спраў
У спісы ўносілі,
Дарэчы,
I тых,
Хто ў цеснай люльцы спаў,
I тых,
Хто грэў на печы плечы.
Хоць за спіной хаваўся страх,
Улік ішоў разважна дужа —
Не па галовах і руках,
А па жывых і мёртвых душах.
Той дзень я ў памяці нашу.
Трывожыць сны мне згадка тая.
Чаму ж сягоння
Пра душу
Ніхто нікога не пытае?
I думка лезе ў мозг сама
3 наіўнасцю неандэртальца:
Ці то ўжо душ у нас няма,
Ці некаму пра іх пытацца?..

***
Які б наш дзень ні быў убогі,
А словы і цяпер чутны,
Нібы адказ на ўсе трывогі:
«Каб толькі не было вайны!»
Паўвека адгуло над краем.
Дзядамі робяцца сыны.
А мы ўсё
Горка паўтараем:
«Каб толькі не было вайны!»
I на экране,
I з трыбуны
Не раз
Высокія чыны
Адводзяць крытыку любую:
«Але ж у нас няма вайны».
I з неўсвядомленай віною
Не моўкнуць памяці званы:
«Ну колькі ж можна жыць вайною?
Калі ж мы вернемся з вайны?»
Ды кожным вечарам
Матулі,
Як да калысак клічуць сны,
3 адной надзеяй
Дзетак туляць —
Каб толькі не было вайны.

ПУШЧАНСКАЯ ЛЕСНІЧОЎКА
Ці салоўка каля весніц шчоўкне,
Ці ўпадзе на ганак яблынь бель, —
I не варухнецца леснічоўка —
Сухапутны Ноеў карабель.
Тут усё ідзе адвечным ладам,
У суладдзі з небам і зямлёй:
Звоняць пчолы над прасторным лядам,
Пахне вецер цёплаю смалой.
Тут вавёрка ўранні на сасонцы
Правярае схованкі свае,
Гулка дзяцел
Тэлеграмы сонцу
Кожны божы дзень перадае.
А калі апошні філін змоўкне,
Загарацца зоркі ў сіняве,
У начным тумане
Леснічоўка
На сустрэчу з вечнасцю плыве.

***
За цёплы вецер верасовы,
За сіняву над галавой
Я б так хацеў
Зямлі суровай
Дабавіць радасці жывой.
За мірны гуд пушчанскай борці
Я падарыў бы
Па вясне
Сасонцы кожнай —
Па вавёрцы,
Ялінцы кожнай —
Па жаўне.
Я б кожным вечарам
3 дубровы
Настой палян асенніх піў
I баравік чорнагаловы
Старому вожыку ўстуггіў.
А на зіму
Зайцоў вушастых
Я пасяліў бы ў будане...
Ды ў гэтым свеце
Так нячаста
Залежыць нешта ад мяне!..

***
Простае жыццё.
Чаго прасцей —
Не зважаць на гучныя прамовы,
Думаць пра работу і дзяцей,
Пра жніво,
Пра сена
I пра дровы.
Ведаць і касу,
I серп,
I склюд.
Абрабіць і бервяно,
I чурку.
I любіць свой небагаты кут —
Пералесак,
Поле
I рачулку.
Выкапаць калодзеж у двары,
Каля хаты пасадзіць ігрушку,
Адшукаць баравіка ў бары,
Не пакрыўдзіць ні звярка, ні птушку.
I ў вячэрняй мудрай цішыні,
Як прымчыцца сын белагаловы,
3 лустай хлеба сесці пры агні,
Каб паслухаць гучныя прамовы...

ПЯШЧОТА
Кажуць,
Пра пяшчоту ўсё напісана.
Можа быць.
Ну і няхай сабе.
... Конік у плячо мне ўткнуўся пысаю
I ля вуха стрымана сапе.
Цёплымі вільготнымі губамі
Цягнецца нясмела да шчакі.
Падкаваным капытом зграбае
Перасохлай гліны камякі.
Косіць на мяне самотным вокам,
Апускае грыву да зямлі,
Быццам мы ў мінулым недалёкім
3 ім адну бяду перажылі.
У абдымку мы стаім ля плоту,
Пэўна, адчуваючы адно...
Ну, а вы казалі:
Пра пяшчоту
Выказана ўсё даўным-даўно...

***
Я веру,
Што і ў кветак ёсць душа,
Якая адгукаецца,
Жывая,
Калі іх нехта ад дажджу хавае
Ці палівае ў спёку з гладыша.
Яна ўсё добра помніць,
Што было
I ў сумны прыцемак,
I ў дзень вясёлы,
Пакуль да сонца цягнецца сцябло
I палісаднік абмінаюць пчолы.
А потым,
Як лісты напоўніць сок
I фарбамі суквецце набрыняе,
Яна рванецца ўверх
Над каранямі,
Пылок з пялёсткаў стросшы на пясок.
I расцвіце,
I здзівіцца сама
Сваёй пяшчотна-яркай прыгажосці.
I да яе злятуцца пчолы ў госці,
I ўспырхне побач матылёў гурма...
I ўсё ж
Ёй будзе, пэўна, адзінока
I крыўдна,
I пакутліва,
Калі
Хаця б на міг
Яна не ўсцешыць вока
Таму,
Хто з гладыша яе паліў.

***
Ты задаеш мне
Зноў і зноў
Наіўныя пытанні:
— На чым трымаецца жыццё?
— На працы і каханні.
На вечным клопаце зямным,
Што ў поле кліча ўранні,
I на цярплівасці тваёй,
I на маім чаканні.
На вернай дружбе,
На сям'і,
На юным парыванні,
На вейках стомленых тваіх
I на маім дыханні.
На аблачынцы ў сіняве,
На ветаху ў тумане,
I на тваёй скупой слязе,
I на маім маўчанні...
Такі няхітры мой адказ
На ўсе твае пытанні.
— На чым трымаецца жыццё?
— На працы і каханні.

***
Забываю звонкі вокліч «Тата!»,
Прывыкаю да звароту «Дзед!».
«Мілы» —
Як юначая цытата,
Так даўно не чуецца мне ўслед!
Новы час —
I новыя найменні,
Новая самота і журба.
У вачах гарэзнасці ўсё меней.
I ўсё больш гаркоты на губах.
У душы ні зайздрасць, ні нянавісць
Не хаваю нават у кутку,
Хоць мяне ўжо ўнукі абганяюць
На жыццёвым людным бальшаку.
Я спакойна памахаю маю —
Хай за небасхіл сплывае сінь...
Толькі аддзявочага
«Кахаю»
Адвыкаць не хочацца зусім.

***
У электрычцы пры вакне
Яна прымроілася мне,
Як прывід з даўняга стагоддзя,
Што раптам мімаходзь мільгне,
А з памяці ўсё не выходзіць.
Ці ўбачыў,
Ці прыдумаў сам
Я тое мілае аблічча:
Пагляд наіўна-таямнічы,
Кудзеркі светлыя,
Каса
I вусны вабнасці сунічнай...
Яна ўсміхнулася з-за шкла
Ці мне,
Ці радасці прывычнай.
I знікла.
Як і не была.
I змоўкла рэха электрычкі...

***
Я не шукаю прывіднага шчасця
У велічных заморскіхгарадах,
Каб вуснамі да рэк чужых прыпасці
I аж ля хмар займець надзейны дах.
Я не прашуся ні да кога ў прымы,
Аб крыўдах і спагадзе не крычу.
Hi ў Лондане,
Ні ў Мельбурне,
Hi ў Рыме
Прапіскі дабівацца не хачу.
Не прымяраю рускую ліўрэю.
Яна мне не да твару,
Далібог.
Мне хочацца,
Як ціхаму яўрэю,
Пацалаваць бацькоўскі свой парог.
3 усіх дарог,
3 усіх далёкіх станцый,
Як продак мой,
Як полацкі мужык,
Я буду ў хату родную вяртацца
Даскону дзён,
Да суджанай мяжы.

***
Справядліва ці не,
Толькі ўсюды сягоння
Бізнесмены ў цане,
А паэты ў загоне.
Без развагі цяпер
Нават мілыя дуры
3 самых розных папер
Выбіраюць —купюры.
Ля бухгалтарскіх кніг
Баль свой ладзяць фінансы.
Маладых і старых
Не цікавяць рамансы.
Людзі рвуцца да кас,
Дзе скарбонка цяжкая.
На паэмы заказ
Толькі смех выклікае.
Ім адно б —
Паспяваць
Грэбсці маркі і ліры...
А калі заспяваць
Раптам схочуць банкіры?
Што рабіць ім тады,
Дзе ўзяць песень няспетых?..
Ох, і будзе нуды
На зямлі без паэтаў!

***
Я не хачу мяняць свой лес,
Які ўжо мне наканаваны.
Хай дзён будзённых караваны
Знікаюць за смугой нябёс.
Ён не такі ўжо і паганы —
Без лішніх слоў і смешных кроз,
Без помсты і прытворных слёз...
Я крыж свой без папроку нёс
I бінтаваў спагадай раны.
I не хачу мяняць свой лёс,
Які ўжо мне наканаваны.

***
Ты і на чужыне
Сінім дымам
Спавіваеш мой трывожны сон.
Я цябе разгадваю,
Радзіма,
Ад калыскі
I да гэтых дзён.
Па рамонках
I па іван-чаю
Зноў і зноў,
Захмелены,
Хаджу,
I глядзець мне не надакучае
На твой чысты луг пасля дажджу.
Я люблю твае лясы і воды,
Бальшакі
I сцежкі між бяроз.
Для твайго спакою і свабоды
Я сяродлюдзей зычлівых рос.
Мне заранкі раннія
I знічкі
І сягоння
Свецяцца ўваччу.
Я цябе не помню ваяўнічай
І пакорнай
Ведаць не хачу.
Я цябе ад забыцця ўратую,
Ад чужой навалы адстаю,
Вечную,
Адзіную,
Святую
Беларусь пакутную маю...

***
Калі жыццё ідзе на заканчэнне
I дагарае свечка на стале,
Не надавай залішняга значэння
Hi лаянцы чужой,
Hi пахвале.
Ты можаш сам спакойна разабрацца,
Якія выбраў некалі шляхі,
Дзе да вышынь цябе ўзнімала праца,
Дзе ледзь не ў бездань кідалі грахі.
Ну а калі судзіць сябе не здатны,
А ўсе гады —
Як парахня і тло,
Не ўспамінай дарма былыя даты:
Лічы,
Пустым жыццё тваё было...

***
Як нашы караблі
Віхуры ні гайдалі,
Да ўстойлівай зямлі
Усё бліжэй з гадамі.
Злізала соль вада
На вуснах агрубелых.
I мне ўсіх тых шкада,
Што збеглі ў шторм на бераг.
Хоць дружбу прадалі,
Шчаслівымі не сталі.
Ім месца не далі
На цесным п'едэстале.
На беразе пустым
Стаяць яны ў адчаі.
Як Богавы лісты,
Над імі кружаць чайкі.
Ім з белых караблёў
Не прысылаюць позвы.
I да былых сяброў
Ужо вяртацца позна.

НАСЛЕДАВАННЕ ЯСЕНІНУ
Не шкадуй таго, што адбылося.
Не сумуй па тым, што не прыйшло.
Павуцінкаю звязала восень
3 маем
Жураўлінае крыло.
Вось яна, срабрыстая, віецца
У замоўклай чыстай сіняве.
I яе неасцярожны вецер,
Можа быць, навекі разарве.
Я яе, здаецца, не ўтрымаю.
Пальцы халаднеюць ад імглы.
I ляціць,
Як прывітанне маю,
Сумнае, апошняе «курлы»...

***
Глынуўшы ветру і прыволля,
Шукаў я мудрасць і спакой
У цёмным лесе,
Чысты мполі,
Над віратліваю ракой.
Ураз забыўшы ўсе навукі,
Як голас з космасу,
Лавіў
Старых гаёў начныя згукі
I шэпат вечаровых ніў.
Ці недзе піскнула палёўка,
Ці дзяцел грукнуў па сасне, —
А мне і жудасна,
I лёгка,
Як быццам у дзіцячым сне.
I небу хочацца маліцца,
I роднай сцішанай зямлі,
Што гэтак проста
Таямніцы
Душой спазнаць дапамаглі.
Як выкліканы боскай позвай,
Стаю ў сутонні над ракой.
Шчаслівы,
Што,
Хаця і позна,
Знайшоў і мудрасць, і спакой.

***
Калі ў маіх вершах знайсці
Вы раптам захочаце тое,
Чаго не бывае ў жыцці, —
Адкіньце жаданне пустое.
Я проста збярог між лістоў,
Як памяці светлай закладкі,
Засохльія кветкі гадоў
I мар незавялыя згадкі.
Я проста паклікаў з вясны
Наш бэзавы вецер ліловы,
Яшчэ не забытыя сны,
Яшчэ не сказаныя словы...
Я вас не абражу маной,
Не ўражу фантазіяй смелай.
Было гэта з вамі,
Са мной
Ці ў нашай душы набалелай...

***
Я ведаю адно:
Няма на свеце
Зямлі,
Дзе я хацеў бы вечна жыць,
Акрамя той,
Дзе сінія дасвецці
I чорныя пахілыя крыжы.
Яна даўно
Суседам абсмяяна
I моўчкі прыняла
Свой горкі лес.
Ды толькі тут я
Яблыкаў крамяных
На ўсе гады
Наследнікам натрос.
Хаця на ёй
Саманадзейны гіцаль
Збіраецца да скону цараваць,
Я буду ёй
Прыслужваць і маліцца.
I сцежкі ёй
Гатовы цалаваць...

***
Калі гэта скончыцца ўсё?
Адкажыце,
Калі гэта скончыцца?
Калі з нашых душ адплыве
Беспрасветная доўгая ноч?
А дні пралятаюць,
Нібы неўтаймоўная конніца.
I музыка грае.
I пыл асядае наўзбоч.
Калі развітаемся мы
3 безнадзейнасцю лютаю?
Калі ўжо
На шыях сваіх
Не адчуем ярма?..
А маршы грымяць.
I расквечана неба салютамі.
I весела пеніцца піва...
А шчасця — няма.
Няўжо ад нахабнай хлусні
Мы не зможам апомніцца?
Няўжо мы не змыем
3 вачэй нашых
Ліпкую ноч?..
А дні пралятаюць,
Нібы неўтаймоўная конніца.
I музыка грае.
I пыл асядае наўзбоч...

ЗДРАЙЦАМ БЕЛАРУСІ
Ну што ж,
Прыходзіць час
Ля новай дамавіны
I вам ужо
Дзяліць чыны і медалі
За тое,
Што даўно схілілі нізка спіны
I гонар свой былы
Так проста прадалі.
Вы думаеце,
Мы не чуем і не бачым,
Як прадзедам на здзек,
На радасць прыбышу
Вы з пенай на губах
I з віскатам сабачым
Ірвеце беларускую душу?
Забылі легка вы
I продкавы магілы,
I праведную кроў,
I матчын запавет,
Апосталаў сваіх
І нават —
Божа мілы! —
Гаворку землякоў,
3 якой пайшлі вы ў свет.
Нібы кашулю танную, старую,
Радзіму
Вы кідаеце ў лабаз...
Вы думаеце,
Мы вам некалі даруем?
Панове,
Вы ўсё ж дрэнна ведаеце нас...

***
У тупой базарнай даўцы
На нязжатай паласе
Занялі хрыстапрадаўцы
Месцы выгадныя ўсе.
I цяпер глядзі:
Нібыта
Не скародзяць,
Не куюць —
А агульны наш набытак
Вельмі бойка прадаюць.
Прадаюць і край свой горды
За суседскі мех дзярма,
Хто — за крэсла,
Хто — за ордэн,
А хто — проста задарма.
Ладзяць д'ябальскія гульні,
Лапяць зношаны хамут...
Што ім клопат наш агульны?
Што ім наш бацькоўскі кут?
Што ім матак галашэнне
I зусім пустая клець?..
Ім бы з поўнаю кішэняй
На чужы кірмаш паспець.
Знікнуць тлумным караванам
I акажамся мы ўсе
На збуцвелай,
Здратаванай,
Неўзаранай паласе...

ЧОРНЫ ЧАЛАВЕК
Нада мною
Чарнакрылым воранам
Вісне прадчуванне —
Быць бядзе:
Чорны чалавек
3 партфелем чорным
Назіркам за мною ўслед ідзе.
Кожны крок мой сочыць неадступна,
Цэліцца,
Як вопытны стралок.
Змрочна,
Недаверліва
I тупа
Акуляры бліскаюць здалёк.
Ухмыляецца прыблудным чортам,
Дыхае натужна за спіной...
Чорны чалавек
3 партфелем чорным
Цёмным ценем цягнецца за мной.
Стражнікам сгаіць над кожным словам,
На парог прыходзіць без ключа,
Нават ноччу за сталом пісьмовым
Зазірае хітра з-за пляча.
Што ты скажаш подламу прыблудзе?
Як яго прагоніш з хаты прэч?..
Тонкім пальцам тыцкае мне ў грудзі
I сіпіць пагрозна:
«Не пярэч!»
Каб я стаў
Лагодным і пакорным,
Сціплым і бяздумным,
Як усе,
Чорны чалавек
3 партфелем чорным
Варту сваю пільную нясе.

***
Задыхаюся ў пыле
I ў мыле,
3 ног валюся ад сумятні.
Ухайдокалі,
Надламілі
I мяне акаянныя дні.
Пазаблыталі ўжо ўсё чыста:
He ўяўляю,
Дзе я жыву.
Палітолагі,
Журналісты
Затлумілі зусім галаву.
Цягнуць злева
I клічуць справа,
Звон разгойдваюць вечавы...
Божа мой,
Ну якая справа
Мне да гэтай бойкай братвы?
Ну навошта мне
День вусаты
I стары акрываўлены сцяг?..
Хай мусоны ўсе і пасаты
Міма нас ляцяць у прасцяг.
Хай ля ўлады таўчэцца чэлядзь
I падбрыкваюць порстка панкі,
I зладзюжны набытак дзеляць,
I да славы бягуць нацянькі!..
Не па мне сёння ўсё такое.
Напрамілы Бог я прашу:
Ну пакіньце мяне ў спакоі!
Ну не лезьце пішчом у душу!

***
Душу сціскае стомленасць цяжкая,
I вецер сыпле жоўтыя лісты.
А я ўсё роўна цеплыні чакаю,
Шукаю ў лета тайныя масты.
Я не хачу паверыць,
Што на полі
Даўно адкрасавалі васількі,
I маладосць не вернецца ніколі,
I не парвуцца старасці сілкі.
Прагнаць імкнуся навалач адчаю,
Трымаю ўдачы кволую свячу,
I ўсё яшчэ шчаслівых дзён чакаю,
I з холадам змірыцца не хачу.
Быць можа,
У нябыт парыў мой кане
I дзіўны цуд прысніўся не ў пару,
Але пакуль жыве ўва мне чаканне,
Я не ўпаду,
Не знікну,
Не памру...


УСЁ НЕ ЗАТУХАЕ БОЙ...
Васілю Быкаву
Здаецца, мірныя часы
У Беларусі незалежнай —
Няма нейтральнай паласы
I акупацыі замежнай.
А ўсё не затухае бой
I ў ранах боль не дагарае,
I над тваёю галавой
Зноў кружыць крумкачова зграя.
I батарэя прыбышоў
Б'е па табе прамой наводкай, —
I той,
Хто з чорнаю душой,
I той,
Хто з луджанаю глоткай.
Ах, як карціць ім,
Бачыць Бог,
Каб да зямлі цябе прыгнулі
I неўсвядомлены спалох,
I ўладай пушчаныя кулі!
Іх злосць бярэ,
Што ты дажыў
Да пераможнай майскай кроплі
Не ў генеральскім бліндажы,
А ў цесным жвірыстым акопе...
Дык боль і роспач перасіль
I ў безаглядным парыванні
Устань на поўны рост,
Васіль, —
I ворагам хай страшна стане!..

***
Ніхто за нас не здзейсніць нашай долі
I не адорыць задарма дабром.
Хто ўласны дом не ўладкаваў,
Ніколі
Так і не зможа стаць гаспадаром.
Даволі жыць чужою галавою,
Цяплом суседскім грэцца ў чорны дзень.
Ці не пара ўжо
Воляю жывою
Узняцца над вуголлямі надзей,
Не гнацца за падманліваю казкай,
Не верыць у бяздонную дзяжу,
Калі ўжо нават і ад ласкі панскай
Паэты уцякаюць за мяжу?
Пакутліва
Мы самі
Адбядуем
Увесь свой лес —
Аж да шчаслівых дзён.
і дом свой сіратлівы адбудуем.
I песню сваю гучную складзём...

***
Калі ты жыў нямала на зямлі,
Дык у сябе пытаўся хоць аднойчы:
Навошта птушка пырхае ў галлі
I месяц з хмаркі выплывае ўночы,
Навошта вожык шастае ў кустах,
Міргаюць светлячкі ў смузе вячэрняй?..
Няўжо ўсё гэта ў свеце проста так —
Hi сэнсу,
Hi патрэбы,
Ні значэння?
А можа, гэта ўсё —
He каламуць,
Але падказ маўклівы, старасвецкі,
Каб ты паспеў
Пабачыць і пачуць,
Што да цябе ўжо ўсё было на свеце,
Што і табе таксама жыць лацвей,
Калі звысоку не прымружваць вока,
I што з табою вожыку цяплей
I зорцы ў вышыні не адзінока,
Што ты патрэбен
Птушкам і траве,
А калі клікне ў дол зямля сырая,
Ты будзеш ведаць,
Што твой свет жыве
I што нічогаў ім не памірае...


У МАЙСТЭРНІ ЛЕАНІДА ШЧАМЯЛЁВА
...А я ні пра Галгофу,
Hi пра церні
Не ўспомніў нават,
Калі з чорных рам
Святло святое
Хлынула ў майстэрні,
I я паверыў,
Што майстэрня —
Храм.
I я стаяў,
Шчаслівы і вясёлы,
Нібы паломнік пасярод зямлі.
I недзе блізка
Лёталі анёлы,
I побач
Шаты райскія цвілі!...
Я быў гатовы
Майстру памаліцца,
Паспавядацца,
Быццам святару,
Бо з дрэва спасціжэння таямніцаў
Счышчае ён будзёншчыны кару.
У грэшным свеце
Ён святлом
Патроху
Выводзіць цемры ліпкую паршу,
А церні ўсе
I вечную Галгофу
Забраў сабе ў збалелую душу.

ПАНIXIДА
Сон
Ну вось i мне ўжо ладзяць паніхіду.
Каля труны расстаўлены вянкі.
Стаіць начальства,
Сумнае для віду.
Маўчаць калегі.
Плачуць сваякі.
Непадалёк ад ганаровай варты
Пад сарамлівы перашэпт глухі
Зайздроснік малады
Зладзеявата
Прыпамінае ўсе мае грахі.
Разгублены і вінаваты нейкі
Сярод чужых цікаўных разявак
Былы мой сябра
Ціснецца да сценкі,
Бліжэй не можа падысці ніяк.
А ўзад і ўперад
Мой смяротны вораг —
Вось нечаканка дзе,
Вось дзіва з дзіў! —
Каля маіх сяброў,
Старых і хворых,
Унурана і згорблена хадзіў.
Ён гэтак шчыра гараваў па мне,
Ён гэтакім асірацелым чуўся,
Што я не змог улежаць у труне,
Умомант усхапіўся.
I — прачнуўся.

НАРОД
Пад засядальніцкі куродым
Каторы раз,
Каторы год
Клянуцца лідэры
Народам.
А хто ж ён гэтакі —
Народ?
Худы п'янчужка непрытомны,
Які падпёр падгнілы плот,
Ці гарадскі лайдак бяздомны,
Што за сабой нясе смурод,
Ці злодзей,
Што з завода цягне
Дубовы брус
I медны дрот,
Ці хлус,
Які пасады прагне,
Ці падхалімскі вершаплёт,
Ці подлы вопытны паклёпнік,
Што рые пад усіх,
Як крот,
Ці адстаўны штабіст без клёпак
Або сяржант-мардаварот?..
Няўжо ўсе гэтыя —
Народ?
Калі ад іх імя клянуцца,
I служаць ім,
I любяць іх,
Тады мне дужа страшна,
Людцы,
За родны край,
За нас усіх.
Во прывядуць у свет шырокі
I не дадуць сысці на звод
Паэты,
Сейбіты,
Прарокі —
Сапраўдны наш, святы народ.
Яны,
А не наадварот.

СТРАХ
Вы верыце прамовам,
Што на сваёй зямлі
Нарэшце канчаткова
Мы страх перамаглі
I што ніколі болей
Не ступіць на парог,
Не сцісне сэрца болем
Бязлітасны спалох?..
А за спіною глуха
Паузе зларадны шэпт,
Свідруе мозг і вуха:
— За ўсімі сочыць шэф.
Усе ўзнімайце лапкі,
Во на любога з вас
Есць у архівах папкі
I рапартаў запас.
Там вечар учарашні
I кожны цмок i глык,
I плёткі ўсе,
I шашні
Пастаўлены на ўлік.
I гэта ўсё аднойчы,
Як выбуховы тол,
He паглядзеўшы ў вочы,
Вам пакладуць на стол.
I колькі б ні лячылі,
А стрэс па сэрцы —
Трах!..
Ну вось.
А вы лічылі,
Што вас не возьме страх.

СТАРЫЯ РАДЫКАЛКІ
Вы бачылі іх самі
На мітынгах і ў краме —
Настойлівасць,
Рашучасць
I імпэт.
А за спіной —
Нястачы,
Ваенны снег гарачы
I ідала вусатага партрэт.
Старыя радыкалкі
Яшчэ ля рэчкі Калкі
Вялі інгэграцыйныя баі.
У іх у рэдыкюлі
Па тры ідэйных кулі
I «корачкі» інспектара ДАІ.
Яны ва ўсякім разе
Дадуць любой заразе
Суровы і бязлітасны адлуп.
Яны дакажуць сходу
Працоўнаму народу,
Дзе на зямлі марксісцкай думкі пуп.
А вечарам
Бабулі
Зачэрпнуць суп з каструлі
I чай пусты сагрэюць на пліце.
I сядуць да экрана
Прыслухацца старанна,
Што там чарговы правадыр пляце...

ЭЛЕКТАРАТ
Ён у нас рашае шмат,
Дарагі электарат,
На стале ў яго заўсёды —
Хлеба кус
І сала шмат.
Ён зусім не хоча звад,
Мудры наш электарат.
Кожны выбраны начальнік
Для яго —
I сват, і брат.
Мае наш электарат
Самагонны апарат.
Ён яму для прапаганды
Падыходзіць акурат.
А яшчэ электарат
Прызнаваць не хоча страт
і сябе невінаватым
Лічыць ён ва ўсім падрад.
Ды часамі сам не рад
Родны наш электарат,
Што загруз даўно ў балоце —
Hi наперад,
Hi назад...

ДЫЯЛОГ ПАЭТА 3 ФІНАНСІСТАМ
— Ад нястачы змізарнеўшы,
Запытаць хачу:
Чаму
Вы мне плоціце за вершы
Менш,
Чым дворніку свайму?
— Мы клапоцімся пры гэтым
Аб здароўі на зямлі:
Плоцім мы ўсё менш паэтам,
Каб яны ўсё менш пілі...

ПАКУЛЬ НАРОДСМЯЕЦЦА...
Мяціце з хаты смецце,
Трымайце ў галаве:
Пакуль народ смяецца,
Ён на зямлі жыве.
Надзеяй цепляць вочы
I жарт,
І анекдот.
Пакуль народ рагоча,
Не ўмёр яшчэ народ.
I хай чужынец цягне
Дурных прароцтваў мех,
Ён захлынецца ў багне
Пад наш агульны смех.
На мару залатую
I нам даў Бог правы...
Пакуль народ жартуе,
Датуль народ жывы...

***
Хоць, можа, я жыццю свайму не рады
I з далечы вярнуўся не ў пару,
Навошта мне чужыя далягляды?
Я тут і нарадзіўся, і памру.
Хай правакатар,
Падхалімскі,
Тонкі,
Ка мне не набіваецца ў сябры, —
Са мной мае бярозкі і сасонкі,
Са мной мае зязюлі і бары.
Ніхто мне волі злой не прадыктуе,
Ніхто не навядзе на сэрца жах.
Знайду заўсёды я сцяжынку тую,
Што сцішана хаваецца ў жытах.
I не бяда,
Калі мяне гасцінец
3 базарным шумным цугам абміне...
Не здрадзіў я матулінай хаціне.
Яна прытуліць, сумнага, мяне...

***
Я думаю,
Думаю,
Думаю,
Пытаюся «як?» і «чаму?»
Пра долю цяжкую і сумную,
Што выпала краю майму.
Ніколі ні подлым,
Hi хіжым
Не быў ён,
Калі ні вазьмі.
А вось
Ці то Богам пакрыўджан,
Ці то занядбаны людзьмі.
Як быццам нявольніцкай сеткай
Аблыталі крылы яму
I сілай і славай суседскай
Змушаюць скарыцца ярму.
Вякамі гібее ў знямозе
У смерці з жыццём на мяжы.
Скубуць,
Як гарох пры дарозе,
Яго і сваяк,
I чужы.
І поле ўзаранае зглумлена.
I красак няма ў мурагу...
Я думаю,
Думаю,
Думаю...
А выйсця знайсці не магу...

***
Калі б душа мая зусім прымоўкла,
Быць можа,
Я б спісаў свае грахі
На гэты свет,
Халодны і прамоклы,
На гэты час,
Бязладны і глухі.
I жыў бы я,
Як за Сцяною плачу,
Аддаўшы іншым і маю віну.
Ды ж не —
Сябе таксама вінавачу
Ва ўсім,
Што не прымаю і кляну.
Малюся,
Каб надзею ўваскрасілі,
Спагаду
На слабых руках нашу
I слухаю
Ў трывозе і бяссіллі
Балючую нямоўклую душу...

***
Хай робіцца наш свет усё люцей
I ў заўтра пазірае з недаверам,
Для беспрытульных, стомленых людзей
Не зачыняйце адвячоркам дзверы.
Ім сёння выпаў незайздросны лёс,
I доўгі шлях,
I золкі злосны вецер,
Што ў торбачку заплечную натрос
Не каласоў,
А палявога смецця.
Іх крыўдзіла балюча
Шмат разоў
Нядоля вераломная, цяжкая...
Не папракайце іх скупой слязой —
Хто ведае,
Што заўтра вас чакае.
Не прывыкайце да чужой бяды.
Для спачування,
Літасці
I веры
I ў навальнічны дождж,
I ў халады
Не зачыняйце ў вашай хаце дзверы!


***
3 бомбамі,
Здрадамі,
Бітвамі,
3 п'янствам,
Халуйствам
I кратамі
Час наш і праўда заблытаны,
Час наш і  праўда пракляты.
Хціўцы да ўлады прычалілі,
Плошчы заставілі крамамі.
Хамы палезлі ў начальнікі.
Сталі начальнікі хамамі.
Звыклі да новых павеваў,
Згодны з чужымі праявамі.
Правыя сталі левымі.
Левыя сталі правымі.
Монстры палохаюць ікламі.
Папы абдымаюцца з юдамі.
Цуды зрабіліся звыклымі.
Звыклае робіцца цудам.
Свет у нязведанасць коціцца,
Блытае выдумкі з яваю...
А мне ўсё звычайнага хочацца,
Што стане рэальнаю з'яваю...

***
Божа,
Як мы кінуліся ўсе
У вясновы сад перабудовы!
Верылі,
Што нам вось-вось страсе
Дрэва шчасця
Яблык свой ружовы.
Напрасткі да зараніц ішлі,
Блыталі,
Дзе казкі і дзе былі,
Нават не заўважылі,
Калі
Сад ад нас сцяной адгарадзілі.
Ну і што?
Мы не сцішалі крок,
Мы шапталі даўніх клятваў слова.
А на браме ўжо вісеў замок,
I затворам кляцала ахова.
Нам гразілі
Страшнаю цаной
За яшчэ не бачанае шчасце.
Яблыкі ж віселі за сцяной,
I не ўмелі мы да іх дапасці.
Выбіліся з сіл ад барацьбы,
I надзеі засталося мала.
Аб сцяну расквасілі ілбы.
А яна стаіць,
Як і стаяла.

***
I шум,
I грук,
I віск які
Аб лізінгу,
Аб бартэры!
Высвістваюць статыстыкі.
Такуюць агітатары.
Няўжо хапае ежы нам?
Няўжо хапае волі нам?
I кожны з нас дагледжаны?
I кожны задаволены?
Няма ніякай радасці,
Няма ніякай роўнасці
Ад нашай талерантнасці,
Ад нашай памяркоўнасці.
I гонар наш раздушаны,
Даведзены да крайнасці
У ціхай раўнадушнасці,
У хітрай прывыкальнасці.
I халуі з падлізамі
Сягоння —
Трыумфатары...
Дык сціхніце пра лізінгі!
Дык сціхніце пра бартэры!

***
Пара ўжо нам прасіць падмогі:
Далёка светлы небасхіл,
А мы
Ці збіліся з дарогі,
Ці проста выбіліся з сіл.
Ці воля д'яблава сляпая
Нам затуманіла мазгі,
Ці, можа, ўдачы не хапае
I адракліся ўсе багі.
Куды ні глянь,
Пануе шэрасць,
Паўзе чыноўніцкая раць...
Так мала тых,
Хто ўмее сеяць!
Так многа тых,
Хто хоча жаць!..

3 «АМЕРЫКАНСКАГА ДЗЁННІКА»


***
О, як мне хочацца дадому!
Вам гэта цяжка і ўявіць.
Гатовы ля аэрадрому
Я шчанюком бяздомным выць.
Я стаць гатовы на калені
I слёзна ў неба папрасіць
Сыпнуць мне родных зорак жменю
I скінуць каню пагасціць.
Сню кмен духмяны за платамі,
У росах ранішніх траву...
Прачнуся,
Сам сябе пытаю:
— Няўжо я ўсё яшчэ жыву?..

***
Калі на сцежку наплыве туман,
Усё ўва мне ўстрывожана бунтуе.
Ці глуха хвалю коціць акіян,
Ці зашуміць пад цёплым ветрам туя.
А недзе ж звонка булькае ручай,
Гарэзнасці і прахалоды повен.
Каб мог я дакрычацца, —
Закрычаў.
Каб мог даплысці —
Змайстраваў бы човен.
Ды так далёка мой любімы кут,
Чый лёгкі сон мая душа вартуе,
Куды вярнуцца хочацца...
А тут —
Ракоча хваля і шапоча туя...

***
Няўжо я буду дома?
Божа мой,
Як доўга-доўга марыў я аб гэтым:
Злавіць сняжынку вуснамі зімой
I назбіраць суніц у жменьку летам.
Збяруцца зноў адданыя сябры,
3 кім разам быў і ў радасці, і ў горы.
Зязюля закукуе мне ў бары.
Ускінецца касцёр на касагоры.
Мы будзем смажыць сала на агні,
Цягаючы ламачча з буралома,
I радасна маўчаць у цішыні,
Бо мне не трэба слоў,
Калі я дома...

***
Вы чаго спяшаецеся ўпрочкі,
Вас чаго так ветрам аднясло,
Ясньш асеннія дзянёчкі,
Позняе апошняе цяпло?
Хіба прасушылі вы тарпы ўсе,
Хіба ўсю смугу прагналі з ніў?
Я ж яшчэ прастору не напіўся.
Я яшчэ гарачы пыл не змыў.
Вы,
Нібы навыперадкі з летам,
Прамільгнулі ўмомант між прысад...
Можа б, я пабег за вамі следам,
Толькі ці ж вярнуся я назад?..

НА НАЧНЫМ БЕРАЗЕ
У затоенай цемры начной
Нізкі бераг праглядвае злёгку
I пагойдвае хваляй рачной
У трысці прыхаваную лодку.
Навакол мяне ціша і змрок.
Як я з прыстані цёмнай адчалю?
Кожны шолах глухі,
Кожны крок
Набліжае мяне да адчаю.
Зрэдку плёхае рыба ў рацэ.
Вісне нізкае хмарнае неба.
I вясло халаднее ў руцэ...
Плысці трэба!

***
Рыгору Барадуліну
Полаччыны мілае аблічча.
Як пароль дзяцінства,
Кожны гук:
Над лугамі кнігаўка кігіча
I звініць пад хмаркамі жаўрук.
Думалася,
Гэтак будзе вечна,
Покуль ідха коціцца Дзвіна:
Каля хаты ластаўка шчабеча,
Цінькае сініца ля вакна.
А сягоння
Даўняю разорай
У нязвыклай цішыні іду.
Толькі недзе ў небе
Крача воран,
На душу скідаючы жуду.
Плыткая аглухлая Ушача
Мерыцца ўцячы за касагор...
Крача воран.
Чуеш,
Воран крача?
Да чаго б яно,
Браток Рыгор?..


***
Адранку ў лесе поўна грыбнікоў —
Прастор гудзе,
Нібы святочны хорам.
На ўсіх не тое што баравікоў,
Але не хопіць нават мухамораў.
Вялізны кош бязлітасна пусты.
Хоць бы карэньчык зрэзаны — навокал...
Усе палянкі,
Сцежкі
І кусты
Прасвечаны старанна
Хцівым вокам.
Але няма радовішча грыбоў,
Што высыпалі шчодра ва ўспаміне, —
Hi пад бярозай,
Hi каля дубоў,
Hi на прыгорку,
Hi ў балацявіне.
I толькі недзе ўжо на схіле дня,
Як ордэн за настойлівасць,
На ўзмежку
Шчасліўчык зможа стомлена падняць
Крамяную старую сыраежку.

***
Цёплай ноччу вераснёваю
Прымасціўся на сучок —
Казку новую высноўвае
Працавіты павучок.
У цішы часінай светлаю
Цягне тоненькую ніць,
Каб пасля срабрыстай сеткаю
Зорку раннюю злавіць.
Марыць ён,
Нібы аб цудзе,
Як яна,
Прачнецца ледзь,
Каля лап ягоных будзе
Дзіўнай музыкай звінець.

***
Карычневага не люблю
Hi на палянах,
Hi ля плота,
Калі злятае на зямлю
Ужо аджылая лістота.
У завірусе залатой
Яно крадзецца непрыкметна
I нішчыць
Разам з чарнатой
Вясёлую раскошу лета.
Яно выстуджвае датла
Ружовыя кастры чабору.
I ў свеце менее святла.
I ў свеце менее прастору.
Услед старому жураўлю
Яно гразіцца сцюжай ранняй...
Кар ычне вага не люблю.
Яно —
Як метка вымірання.


***
Сяргею Законнікаву
Каля бяроз, таполяў і калінаў
За далягляд скіроўвае шаша...
Пасля Варшаў, Парыжаў і Берлінаў
У Глыбачку спяшаецца душа.
Ад плошчаў, сквераў, авеню і стрытаў
Ты паімчацца стрымгалоў гатоў
Да ўзмежкаў, крушняў, баравін і рытвін
I пачарнелых ад дажджоў платоў.
Засумаваў без сажалкі і рэчкі,
Без студні з камяністым цёмным дном,
Без шнура жыта і без поля грэчкі,
Без лугавых рамонкаў пад вакном.
Яшчэ ў вушах не ўспела сціхнуць скерца,
Гучаць салонных скрыпак галасы,
А ўжо табе жаўрук чаруе сэрца
I радасць дорыць ранні звон касы...
Здалёк цыгарка бацькі свеціць знічкай.
Бяжыць насустрач згорблены сусед...
Абмыеш вочы полацкай крынічкай —
I ўбачыш раптам іншым цэлы свет...

***
Я горка вінаваты,
Што рваўся так,
Прасцяк,
3 вясковай цеснай хаты
На гарадскі прасцяг.
Я так наіўна верыў,
Што толькі там
Знайду
У свет нязнаны дзверы —
На шчасце ці бяду.
Ну што ж —
Набыў вядомасць
I нейкі дабрабыт
I прыязджаў дадому
У госці ды ў грыбы.
Ішоў на луг нясмела,
Як нёс валун даўгоў.
I ўсё душа балела
Забытаю тугой.
I ўсё яе цягнула
На даўнія шляхі,
Да баравога гула
I ў цёмны сад глухі.
I ўсё яна шукала
Дзіцячы тайны след.
I ўсё было ёй мала
I згадак, і прыкмет.
Як быццам апраўдання
Хацела зноў і зноў
За боль расчаравання
I за нязбытнасць сноў...
Ды час мінаў —
Я марыў
Паехаць ад крыніц
Да плошчаў і бульвараў,
Да шэрых камяніц.
I зноў падслепавата
Мне пазіралі ўслед
Мая старая хата
I мой сівы сусед.
I рваў душу мне одум,
Што,
Як ні гамані,
Удрэва ёсць заўсёды
Не толькі карані...

***
Чакаю светлага наступства,
Як рэдкіх зорак уначы,
А навакол так многа глупства,
Хоць крыкам на ўвесь свет крычы.
Так многа хамства і паганства,
I балбатні,
I мітусні,
I п'янства дзікага,
I чванства,
I інтрыганства,
I хлусні...
I ўсё на самы верх імкнецца,
Да ўлады рвецца напрасткі,
У праўды вырывае лейцы
I страх наймае ў ямшчыкі...
Я ў гневе праведным згараю,
Бунтую ў нераце прычын,
А не магу ўсю гэту зграю
Хаця б на міг перамагчы...

***
Гэты свет, здаецца, збіўся з тропу:
Бляск рэкламы,
Мітульга машын...
Хочацца ўцячы хутчэй з натоўпу,
Адпачыць у векавой цішы.
Каб вакол —
Hi пляжаў,
Hi гатэляў,
Hi вакзалаў з шумнай мітуснёй,
Каб цябе
Hi радыё, ні тэле
He глушылі джазам і хлуснёй.
Дзе знайсці той астравок спакойны,
Той прытулак мудрай цішыні,
Дзе маўчаць
I зоркі,
I іконы
I праклёнаў не чуваць ані? ...
Ды навокал —
Крыкі і грымоты,
Танкі,
Самалёты,
Караблі...
I мы ўсё бліжэй да адзіноты —
Аж да той, апошняй,
Што ў зямлі...

***
Хоць навокал хамства расцвіло,
Не збірайце для душы атруту
I нікому не рабіце зло
Нават і ў адчайную мінуту.
Ворагу свайму ў труну не плюйце —
Ён ужо адваяваўся тут.
Хай ідзе ў апопші шлях па-людску.
Там яго чакае Страшны суд.
I якім бы ён ні быў увішным,
Як бы ні куражыўся сп'яна,
Там нарэшце
Перад Усявышнім
Ён за ўсё расплоціцца спаўна...

***
Так мне хочацца заўсёды,
Каб з фартунаю самою
Мы не толькі мелі згоду,
А жылі адной сям'ёю.
Каб сваю адметнасць неслі
Мы не толькі ў вымаўленні,
Перад матчынаю песняй
Стаўшы моўчкі на калені.
Каб мы ўсе не забывалі,
Як да светлага прычасця —
Да прадзедавых падвалін
Сэрцам стомленым прыпасці.
Не саромеліся ўскрыку
I скупой слязы гарачай,
Калі ў радасці вялікай
Ці ў бядзе
Душа заплача.
I каб выстаялі
Нават
Пад касмічнай перагрузкай
3 нашай доляй,
Нашай славай,
3 нашай мовай беларускай.

***
Паслухмяныя, мілыя дзеткі,
Акуратненькія, яку кіно.
Вас я ўсё ўспамінаю гэткіх,
Хоць і выраслі вы даўно.
Я ў сваёй мітусні і не ўгледзеў,
Як вы лёгка набралі разгон,
Маладыя мае суседзі,
Дзеці новых, няўтульных дзён.
Што ж вы сталі так хутка бякамі
I прыслужваеце рублю,
Засялілі горад сабакамі,
Утапталі кветкі ў зямлю?
Вундэркінды,
Акселераты —
Папрыладжваліся, аднак...
Дзе тут час,
Дзе тут мы вінаваты?..
Дзе тут заўтрашняй злыбеды знак?..

БІЛЬЯРД
Калі твой першы шар
Улёгся ў лузе,
Уверх не ўскідвай трыумфальна кій,
Бо,
Нібы статак неслухмяны ўлузе,
Разбегліся шары ва ўсе бакі.
А твой супернік спадылба цікуе,
Праходжваецца моўчкі ля бартоў.
Ты здагадацца паспрабуй,
Якую
Паставіць пастку ён табе гатоў.
Узваж усё спрактыкаваным вокам,
Прыберажы галоўны свой удар
I ўверх ускінь свой кій,
Калі з прыцмокам
Улузу ляжа
Пераможны шар...

НА СМЕРЦЬ МІКОЛЫ СЕЛЯШЧУКА
Як нам хочацца доўга жыць!
Як нам хочацца шмат пабачыць!..
А ўжо хваля да ног бяжыць,
Затаіўшыся па-сабачы.
І цямнее,
Як быццам хто ўкраў
На матулінай пскуці свечку.
I хаваецца за небакрай
Горад вечны
I мора вечнае.
Падкрадаецца са спіны,
Свой бязлітасны час вызначае
Хваля зай здрасці і маны,
Недаверу,
Бяссілля,
Адчаю...
Пены прывідны паясок.
Як прыбой,
Гамана салонная...
I ля вуснаў —
Пясок,
Пясок
I вада,
Як сляза,
Салёная...
На Палессе
Па сотнях дарог
Пакацілася сонца кола...
Што ж для нас ты сябе не збярог,
Мі-ко-ла?!

***
Каля шляхоў гаі палаюць жоўта.
Між лужынаў пятляе каляя...
Як добра,
Што на свеце ёсць Крыжоўка
I хата прыдарожная мая!
Сюды я ад сталічнага бедламу
Употайкі спяшаюся ўдячы,
Каб адшукаць каля дзвярэй пад лавай
Да адзіноты роздумнай ключы.
Тут
Мой вясковы клопат вечаровы
Стамлёна абапёрся аб вушак,
I весела гараць у печы дровы,
I аж звініць ад цішыні ў вушах.
I не злуе мяне ўжо вокрык нейчы,
Не кліча звадыяш у свой пакой.
Hi вэрхалу няма,
Hi калатнечы,
А толькі —
Вецер,
Неба
I спакой.
Забылася заморская вандроўка.
Не сыкае трывога,
Як змяя...
Як добра,
Што на свеце ёсць Крыжоўка
I хата прыдарожная мая!..

***
Як вяртаешся дадому,
Сустракае і ўначы
Незабыты пах знаёмы,
Што не выветрыць нічым.
Удвары,
На падыходзе,
Вецер радасна дыхне
Свежым кропам,
Што ў гародзе,
I смалой,
Што на сцяне.
I павее ад паветкі
Сена звезенага дух.
I настой мядовы ў кветкі
Разліе суседні луг...
Выкідай з душы ўсе страхі,
Прыпыніся
I пастой,
Каб адчуць,
Як домам пахне,
Пахне роднаю зямлёй...

ПАЭТ І КАТ
Яны прыйшлі з сялянскіх хат
I звычак гарадскіх не мелі —
Паэт затурканы
I кат,
Што быў заўсёды пры партфелі.
Адзін
Узносіў да нябёс
Прысады родныя
I ўзгоркі.
Другі ж
Вярнуў ад вёскі нос
I кпіў з матулінай гаворкі.
Іх сцежкі розныя вялі,
I розныя манілі былі.
Яны сустрэліся,
Калі
Іх па суседству пасялілі.
Паэт
Прывёў сваіх сяброў,
Спяваў
I рагатаў без меры.
А кат
Стаіўся між муроў,
Надзейна зачыніўшы дзверы.
Паэт
Чытаў пра шум атаў,
Пра кветкі,
Што цвітуць усюды.
А кат
У гэты час шаптаў
Свае смяротныя прысуды.
Паэт захмелены
Дзяўчат
Прыводзіў вечарамі ў госці.
I кожны раз
Паэту
Кат
3 тупой нянавісцю зайздросціў.
Ён быў гатоў маліцца сам
На вусны юныя і косы.
I на паэта
Зноў пісаў
Да самай раніцы даносы.
I ледзь стрымаў шчаслівы крык,
Калі даведаўся пра тэта —
Што сэрца
Ад згрызот і крыўд
Спынілася ў грудзях паэта.
3 журбой,
Узятай напракат,
3 яхіднай стоенаю ўсмешкай
Каля труны паэта
Кат
Стаяў сярод людзей няўцешных.
Валокся ён за імі ўслед
3 мужчынскаю слязой скупою
I ўсім расказваў,
Што сусед
Памёр,
Нябога,
3 перапою.
I цешыўся —
Усім на зло —
Сваёю ўдачай непадсуднай.
Ды толькі
На душы было
Чамусьці
Горка і паскудна.

***
... Нясуць дзяўчаты юбіляру краскі.
Прэм'ер схіляе нізка галаву...
А мне не трэба афіцыйнай ласкі.
Я без дзяржаўных кветак пражыву.
Жыццё мне дорыць простыя прэзенты
Шумлівы лес
I ціхую ваду.
Адыдуць рэзідэнты, прэзідэнты.
I сам я ў свет інакшы адыду.
Забудуцца праклёны і законы.
Мінецца мімалётная бяда.
I будзе лепшым дарам —
Лес зялёны
I ціхая блакітная вада...

***
Шаноўны дружа мой,
Калі ўсур'ёз
Прыняць усе твае самаўсхваленні,
Дык трэба тут жа,
Не схаваўшы слёз,
Перад табою ўпасці на калені.
Ты так сябе спасціг і ацаніў,
Што мы,
Дурныя,
Ўрэшце зразумелі:
Мы б ні густых гаёў,
Hi плодных ніў
У родным краі
Без цябе
Не мелі.
Пішы гісторыю свайго жыцця,
Пішы,
Бо ці даўмеюцца пасля
Нашчадкі
У лабірынтах скрыўджанай душы
Шукаць твае загадкі і пачаткі.
Каму ж,
Як не табе,
Вядомы лепш
Вышыні ўзлёту
I глыбіні цноты,
Тваёй самаахвярнасці ясноты,
I кожны гнеўны спіч,
I мудры верш?
Цытуй сябе,
Любімага,
Цытуй.
Хто ж,
Як не ты,
Збярог усе цытаты,
Дзе кожны юбілей і сабантуй
На строгі ўсенародны ўлік узяты?
Збяры свае прароцтвы
і гразьбу,
Надзеі
I няспраўджаныя мары
I падрыхтуй для вечнасці
«Грасбух»,
Хай нават і ў адзіным экземпляры.

***
I ў задуменні вечаровым,
I ў дзённым клопаце сваім
Заўсёды быў я з родным словам,
Нідзе не разлучаўся з ім.
Калі яно са мной дружыла,
Я шчаслівейшы быў з людзей,
I хмельна кроў бурліла ў жылах,
I песня рвалася з грудзей.
Калі ж яно ўва мне змаўкала
I адцалялася на міг,
Я халадзеў душой завялай
I быў няшчасны і нямы.
Яно,
Як сонца,
Без спачыну
Свяціла ўсім маім гадам.
Дык як жа я яго пакіну?
Дык хіба ж я яго прадам?..

***
На шырокім лузе,
На папары,
У затоцы ціхай,
У трысці
I буслы, і качкі ўсе —
Па пары.
Так ужо заведзена ў жыцці.
Пад дажджом,
Пад ветрам радыяцый,
Калі ўсё пастаўлена на кон,
Толькі ўдвух і можна пратрымацца
Гэтакі няпісаны закон.
У цяжкой мітрэнзе шматвяковай
Удваіх
Заўжды прасцей было
I гняздо ад ворагаў ахоўваць,
I падлёткаў ставіць на крыло.
Вось і чалавеку
Не да твару
Не захоўваць мудрасці ключы —
Вечна
Богам дадзеную пару,
Як жыцця заруку,
Берагчы.

***
Зноў наш сад вечаровы весніцца,
Сыпле з яблынь ружовы цвет.
Ты стамлёна ідзеш за весніцы,
За блакітным туманам услед.
3 хмарак першыя зоркі выцеклі,
За бярозкамі вецер прыціх.
Ты вось-вось схаваешся ў прыцемках,
Не пачуўшы крокаў маіх.
Пачакай мяне за варотамі,
Дзе буяе духмяны май.
Непаўторнае,
Незваротнае
Хоць на міг адзін затрымай.
Прыпыніся з журбой-вячэрніцай
На старых раздарожках нямых.
Можа, нешта ўсё-такі вернецца.
Хоць на міг.
На кароткі міг...

***
Пад маім акном
У ліпкім лісці,
Дзе ў пупышках дрэмле ранні цвет,
Цёплай майскай ноччу
Пасяліўся
Малады няўрымслівы сусед.
I ажно да ранку
Недарэчы
Рассыпав свой вясновы свіст
Над маёй бяссонніцай старэчай
Гэты закаханы скандаліст.
Ну а я сабе ўздыхаю цяжка
Адзабытай радасці наўзбоч...
Што ж ты, салавей,
Малая пташка,
Адпяваеш дні мае ўсю ноч?..

***
Жаночае цела чаруе таемнаю музыкай —
То скрыпка заплача,
То сумна пакліча габой...
У лёгкай, як ветрык, спаднічцы,
Кароткай і вузенькай,
Дзяўчына
Як быццам плыве
Над травой лугавой.
То ўскінецца прутка,
То раптам абвяне са скрухаю,
То вочы заплюшчыць,
То гляне гарэзна наўкруг...
А я ўсё гляджу закахана
I слухаю,
Слухаю,
Як поўняцца музыкай
Сэрца,
I неба,
I луг...

***
Я чытаў,
Як сляпы,
Тваё цела рукамі.
I збянтэжанасць піў
3 тваіх вуснаў глыткамі.
Ад пяшчоты хмялеў,
Блытаў яву і казку.
Ад спалоху смялеў
I хаваў сваю ласку.
Маё сэрца
Без сіл
Біла ў грудзі адчайна.
I свяціў небасхіл
Мне тваімі вачамі.
Быў гатовы
Да ног
Малітоўна прыпасці
I паверыць не мог
У няўлоўнае шчасце.

***
Што ты непастаянная такая,
Мне плётак пра цябе панаплялі.
А я цябе,
Як і кахаў,
Кахаю
Так,
Як ніхто не ўмее на зямлі.
Ты да маіх нясмелых слоў глухая.
Прызнанні скласці іншыя змаглі.
А я цябе,
Як і кахаў,
Кахаю
Так,
Як ніхто не ўмее на зямлі.
Напэўна,
Доля горкая, ліхая
Нас не звядзе,
Малі ці не малі.
А я цябе,
Як і кахаў,
Кахаю
Так,
Як ніхто не ўмее на зямлі.

***
Найвышэйшыя сілы
Нашы зоркі звялі
На святым небасхіле
I на грэшнай зямлі.
I сцяжынкаю зорнай
Лёсы побач пайшлі
I па небе прасторным,
I па цеснай зямлі.
Нам ніколі замнога
Не было на дваіх
Hi кахання зямнога,
Hi трывог незямных.
I жыцця прыбаўляе
Незычліўцам на зло
Таямніца былая —
Нашых зорак святло.

***
Як на сэрца ляжа горыч,
Пацямнеюць дні мае,
Дык цябе са мною поруч
Мне так часта не стае.
Я зусім не папракаю.
Проста я цябе прашу:
Клапатлівымі рукамі
Прытулі маю душу.
Паміж здрайцаў і прыблудаў
Захіні мяне ямчэй
Ад бязлітасных прысудаў,
Ад зайздрослівых вачэй.
I не дай з душы ўспаміну
Адляцець у сіняву.
I тады я не загіну.
I тады я аджыву.

ВЯСКОВАЯ ВЯСНА
Кожны раз вясна-красна
Сумны свет раскоўвае.
Ды сапраўдная вясна
Толькі ў нас —
Вясковая.
Тут
Журбу страсае лес
Шатамі намоклымі.
Тут
Такі пахучы бэз
У дзяўчат пад вокнамі.
Тут
У кожнай хаце кут
3 цешчамі нядрэмнымі.
Тут
Чаромху валакуць
Цэлымі бярэмамі.
Тут
Кляновік на сталы
Жонкі ставяць ранкамі.
I да вечара
Буслы
Кружаць над буслянкамі.
Кум на кумку
Адцямна
Салаўёў нацкоўвае...
Вось такая ў нас вясна —
Хмельная,
Вясковая.

***
Я раней задумваўся не часта
У штодзённай мітусні зямной:
А ці ёсць яно —
Людское шчасце,
Ці было яно калі са мной?
Меў, здаецца, я і хлеб і сала,
Роўным быў сярод гаспадароў.
Толькі вось часамі не хапала
Волі,
Грошай,
Ласкі
I сяброў.
3 нядобразычліўцамі спрачаўся,
Да высокіх спраў шукаў дарог,
А ці бачыў хоць здалёку шчасце,
Так я і не ўведаў,
Далібог.
А цяпер для шчасця мне даволі —
Каб пяро не выпадала з рук,
I ля ног шумела жытам поле,
I звінеў над галавой жаўрук.

***
Відаць, і супакоіцца пара.
Ужо нахваляваўся дастаткова.
I золата нясказанага слова
Не лепш няшчырай згоды серабра.
Стаміўся ў лабірынтах калатні,
Заблытаўся ў сілках чужой інгрыгі.
I засталіся мне
Сябры ды кнігі,
Ды адзіноты споведныя дні.
Наперадзе —
Бясконцы шлях глухі,
Што ўдачы і нажытку не пазычыць.
I праўды мне нямаў каго пазычыць.
I нечым расплаціцца за грахі...

***
Даруйце людзям таленавітым
Дзівацтвы,
Выдумку
I віно.
Ім за будзённасцю
I за бытам
Жыццё,
Нябачнае нам,
Відно.
Душой наіўнаю і раскутай
Яны адчулі раней за нас
I невядомыя нам пакуты,
I незнаёмы далёкі час.
Іх летуценнем
I азарэннем
Мы адкрываем дабро і зло:
Што ўсе лічылі пустым вярзеннем
Высокай ісіднаю ўзышло...
Дык не цягніце
Галля бярэмы
У той касцёр,
Што ля іхніх ног.
Грахі даруйце ім.
Недарэмна
Ім падарыў сваю ласку
Бог.


***
Які б нам лес ні выпаў горкі,
Стрываць патрэбна ўсё ў жыцці
I на святло высокай зоркі,
Не наракаючы, ісці.
На зло туманам і аблокам,
Узняць свой твар у вышыню,
Шукаючы бяссонным вокам
Крупінку боскага агню.
Паўзці,
Прастуючы без стомы,
Без хлеба нават і вады,
Праз гушчары і бураломы,
Праз багавінне і груды.
Ад злямчанай травы пажухлай,
Ад высахлых пахілых верб,
Каб толькі зорка не патухла,
Уверх карабкацца,
Уверх.
I ўрэшце,
Дыхаючы ледзьве,
Дапасці да крутой гары,
Упасці
I шчасліва ўгледзець,
Што зоркаўсё-такі гарыць...

***
Што ж такое дзееца на свеце? —
Здрада,
Як жыла,
Так і жыве
I вандруе весела ў карэце
3 залатым вянцом на галаве.
Ёй натхнёна ў бубны б'юць музыкі.
Ёй нясуць букеты гваздзікоў.
Разявакі,
Як на фэст вялікі,
Да яе бягуць з усіх бакоў.
У карэце,
Гружанай мяхамі,
Здрада ў свет імчыцца нацянькі,
і смяецца,
I рукой махае,
Раскідае шчодра медзякі.
Праляцела паўз натоўп імгненна,
Знікла з пылам за тарой крутой...
I стаіць наводшыбе
Сумленнасць,
Што ідзе па свеце пехатой...

3 КІРМАШУ
Паўз пералескі,
У паўдзённым пыле
Кіруемся з гравійкі на шашу.
Усё,
Што трэба,
Мы з табой купілі
I нетаропка едзем з кірмашу.
Не тузаем апушчаныя лейцы
I не вядзём старых пустых размоў.
Хай воз наш і няпоўны,
Ды не ўлегцы
Вяртаемся,
Стамлёныя,
Дамоў.
Далёка ззаду
Засталіся зыкі
Гандлярак,
Што крычаць на ўсе лады.
Чутно,
Што ўсё стараюцца музыкі.
Але ўжо не для нас —
Для маладых...

***
Прайшла, мінула маладосць.
Патушана агнёўе.
I мудрасць ёсць,
I хата ёсць,
Але няма здароўя.
I лёс ужо не б'е пад дых,
Не сыпле соль пагарды.
Але памкненняў маладых
Няма і за мільярды.
Прыгнута клопатам спіна.
Не спакушае брага...
Жыццём аплочаны спаўна
I воля,
I павага.
I колецца грахоў асцё.
I сэрца цісне стома...
Так і павінна быць усё.
Хоць і шкада,
Вядома...

***
Так бела за вакном,
Аж адбірае вочы.
Так ціха за вакном,
Як у дзіцячым сне.
На дрэвы і платы,
На сцежкі
Пасля ночы
Лёг
Мяккі і густы
Нячутны
Першы снег.
Па ім яшчэ
Ўдвары
Дзятва не прабягала.
I сад
Яшчэ не строс
Яго
3 галін сваіх.
Ён ахінуў зямлю
Пушыстым пакрывалам
Інавакольны свет
Загадкава заціх.
Надыхацца хачу
Гаю чай цішынёю,
Як найдаўжэй
Пабыць
У мройнай чысціні...
Дык дай сваю руку
I пасядзі са мною.
I хоць на міг
Вакно
Шырока расчыні!..

***
Калі з начных дарог прыходзіш
У бацькаў двор
Пасля бяды,
3 вадой крынічнаю калодзеж
Цябе сустрэне
Як заўжды.
I сонца выкаціць з-за гаю
Сваё чырвонае ядро.
I з неба зорка,
Хоць якая,
Зляціць у поўнае вядро.
Дык не дазволь,
Каб нехта іншы,
Хто пот не ліў
I гразь не тоўк,
Аб зорку вусны апаліўшы,
Зрабіў тут ранішні глыток...

***
Лугавіны.
Баравіны.
Дым асенняга кастра.
Журавіны.
Журавіны.
Жураўліная пара.
Зажурыліся рабіны
Каля голага бугра:
За вясновыя правіны
Чырванець прыйшла пара.
Віскатлівыя драбіны
Сонца вывезлі з двара...
Павуціны.
Журавіны.
Жураўліная пара.

***
Гэта так —
Мы ўсе там будзем.
Ну а тут
За шлях зямны
Богу дзякую
I людзям,
Што былі са мной яны
На парозе
I ў дарозе,
У застоллі
I ў бядзе,
I ў маёй жыццёвай прозе
Не падводзілі нідзе.
I ў мяне ўсяляк бывала,
Ды сказаць я не магу,
Што было мне ласкі мала,
Што я ў некага ў даўгу.
Я рупліўцам Беларусі
Давяраўся,
Як братам.
I таму я не баюся
3 імі ўбачыцца і там.

***
Да скону
Я б шчаслівы быў бясконца,
Каб на зямлі для ўсіх хапала сонца,
Каб кожнаму аддадзена была
Яго часцінка дзённага цяпла,
Каб ні на міг
Hi па чыім хаценні
Нідзе
Святла не засланялі цені.
Ды не бывае шчасця без памаркі.
I ўжо на неба
Выплываюць хмаркі,
I вецер іх збірае ў чараду,
Пагрозна гоніць цёмную граду,
I ўсё вакол імгненна спахмурнела,
I прыцемак насунуўся нясмела...
Чым я магу святлу дапамагчы,
Як адвяду халодны цень начы?
Hi ветру і ні хмар я не ўтаймую,
Да сонца не знайду сцягу прамую —
Хіба што толькі промень выпадковы
Схаваю ў выпакутваныя словы,
Каб перад тым,
Як грукне ў дзверы смерць,
Хаця б адну душу паспець сагрэць...

***
Мы ўсе праходзім поўны круг жыцця
Ад першых слёз
Да сціхлага дыхання,
Адпіўшы чашу хмельнага кахання,
Адчуўшы колкі холад забыцця.
У ранішняга неба на віду
Прымаем мы,
Што нам наканавана, —
Разгульнуювіхуру карнавала
Ці будных спраў валовую хаду.
Не разарве ніхто бясконцы круг,
Не перапыніць торную дарогу...
I мы павінны быць удзячны Богу
За гэты вечны, хуткацечны pyx...

***
Чакання час паўзе старым смаўжом.
Без шумнай грамады
I без прыстанку,
Пад дробным надакучлівым дажджом
Стаю адзін на восеньскім паўстанку.
Ну што ж,
Калі я ад жыцця адстаў,
Нямодны,
I нямоглы,
I нягеглы.
Адгрукатаў па рэйках мой састаў,
I ўдаль вагоны весела прабеглі.
Лісты злятаюць на мае сляды.
Ля ног маіх —
і хлюпатна,
I чорна...
Дарэмна так спяшаўся я сюды —
Былы расклад перамяніўся ўчора...

***
Асенні лес маўчыць,
Як земляроб стамлёны.
Пра што казаць,
Калі паніклі кроны,
А ля камлёў — апалыя лісты,
Калі на ўзлесках голых
Вецер свішча,
I выстыла пустое такавішча,
I павуцінне легла на кусты?
Паляны адцвілі,
Як быццам пастарэлі.
Замоўклі птушак ранішнія трэлі.
I вожыкі схаваліся...
Ну што ж?..
Ды хочацца і мне
Яшчэ хоць зрэдку
Натрапіць на нявыцвілую кветку
I перабыць пад хвояй
Цёплы дождж.
Ды гэты свет
Ніяк не пераробіш.
Ілес задумаўся,
Як пасівелы пробашч,
Сукном змяняе лёгкую парчу.
Ён бачыць ужо блізкую завею...
I я яго так добра разумею.
I я таксама стомлена маўчу.

***
Ну што,
Неўтаймаваны мой сябрук,
Каштанамі гады ляцяць на брук
I падае на сумнае чало
Чупрыны пасівелае крыло?
А так нядаўна,
Родны мой,
Было —
Ажно гуло
Цымбаламі сяло
І да чупрыны
Ў прыцемку садка
Цягнулася дзявочая рука.
Мінула,
Адплыло
I адцвіло.
I ўсё ж трымае
Памяці сіло
Зусім не попел —
Толькі лёгкі дым
Таго,
Што знікла
3 часам маладым.
Не,
Мы яшчэ з табой
Не ўсё ўзялі
На гэтай грэшнай
Веснавой зямлі.
I калі ў сэрца ўдарыць крыгалом,
I мы яшчэ ўзмахнём сівым крылом.

***
Як абрынецца ў зялёных шатах
Квецені чаромхавай абвал,
Майскімі начамі
Сняць дзяўчаты
Тайны свой мужчынскі ідэал.
I да ix
Калі не прынц,
Дык рыцар
Скача на запыленым кані,
Каб насупраць весніц прыпыніцца
I спытаць дарогу ў цішыні...
Як трапеча ўзрушанае сэрца —
Аж да горла коціцца адчай:
Што калі ён міма пранясецца,
Нават не зірнуўшы з-за пляча?!
I ў сталіцах,
I ў суседніх сёлах,
На развілках тысячы шляхоў
Так ix мала,
Дужых і вясёлых,
Стройных і прыгожых жаніхоў!
Так нячаста выпадае дзіва
Між жартаўнікоў і запявал
Напаткаць аднойчы
Свой адзіны,
Свой зямны мужчынскі ідэал!..
I ніколі,
Аж да самай смерці,
Да завейных адзінокіх дзён,
3 запаветнай памяці
Не сцерці
Той вясновы, той чароўны сон...

***
Калі пад зорным купалам высокім
I для мяне журботны звон праб'е,
Адкінуўшы і крыўды, і папрокі,
Я зноў цябе паклічу да сябе.
I прыпаду ў апошнім парыванні
Да дарагіх халаднаватых рук:
«Даруй мне ўсе грахі,
Даруй каханне.
I вернасць старадаўнюю даруй.
Сагрэй хаця б усмешкаю слабою,
Пакінь мне пацалунак на ілбе.
Калі мы там сустрэнемся з табою,
Я зноў навекі выберу цябе...»

***
Я ніколі наш сад не забуду,
Дзе сінічкі ўзляталі гурбой,
Дзе, як вечнаму весняму цуду,
Мы дзівіліся бэзу з табой,
Дзе аддаў табе ў рукі пастронкі
Ад свайго залатога ярма,
Дзе свае запаветныя гронкі
Раніцой для цябе адламаў...
Тое ўсё —
Як задальняй гарою.
Ды, знябыўшы і сум, і бяду,
Я аднойчы
Асенняй парою
Да забытага бэзу прыйду.
Будзе мокры лісток целяпацца.
Будзе стынуць пад ветрам шчака.
Будуць доўга азяблыя пальцы
Маладую галінку шукаць...

***
Першым у вёсцы ў цябе пад вакном
Бэз загарэўся ліловым агнём.
Быццам бы лёг на знаёмы паркан
Ранішні дым ці вячэрні туман...
Горка ўздыхаюць суседкі твае,
Ранняя квецень ім спаць не дае.
Бэзавым водарам вецер прапах.
Бэзу пялёсткі ў цябе на губах...

***
Не судзі мяне залішне строга,
Ад дурных спакус не зберагай.
Нас паміраць
Доўгая дарoгa
I зялёны салаўіны гай.
Нам даўно з табою даспадобы
На дваіх разлітая туга,
Вогнішча,
I цёплы дожджык дробны,
I вясёлкі чыстая дуга.
I няма чаго дзяліць адчайна
Hi крыніц,
Hi навальніц,
Hi слёз.
Стала боскаю зямная тайна,
Што тугім вузлом звязала лёс.
Што ж яшчэ
У гэтым свеце чорным
Можа нас з'яднаць і зберагчы
Разам з лесам,
Разам з небам зорным,
3 вогнішчам ля возера ўначы?..

***
Ты снішся мне,
Далёкая такая,
Як незваротнай маладосці знак.
Я зноў цябе здарожана гукаю
I дагукацца не магу ніяк.
Шукаю нашы даўнія сцяжыны,
Што зараслі высокаю травой.
I колецца мне кожны куст ажыны
Маёй віной.
А можа, і тваёй.
Hi злоснага дакору,
Hi праклёну,
Hi рэўнасці ў маёй душы няма...
Маўчаць табой пасаджаныя клёны.
I стыне на губах тваё імя.

***
Абцалую цябе,
Абшапчу,
Адагрэю,
Не пушчу ні на міг
У сівую зіму.
Над вяршынямі сосен,
Над вольным палётам барэю
На далонях прызнання
Да Бога самога ўзніму.
Я не дам табе слова сказаць —
Я ўсе іх разгадаю.
Я на вуснах тваіх
Прачытаю найлепшы свой верш.
Над шляхамі і снамі,
Над песнямі і над гадамі
Ты,
Як месячык ясны,
У казку маю паплывеш.
А на грэшнай зямлі
Мы прысядзем пад яблыняй белай, —
Я ўсе кветкі і травы
Пакладу табе моўчкі да ног,
Аднязнанага шчасця,
Ад удачы сваёй захмялелы,
Малады і наіўны,
I твой раб,
I твой бог...

***
Даўно забыў юначыя спакусы,
Вясновы шал,
Асеннюю тугу,
А вось забыць твае сухія вусны
I шэпат твой гарачы
Не магу.
Калі тваё наструненае цела
Цягнулася нястрымна да майго,
I ўсё ўва мне спявала і трымцела,
В кроў паліў рашучасці агонь,
I мне чаромхаю лясною пахлі
Распушчаныя валасы твае...
Дыхне ўспамін —
Як прысак неачахлы,
Мне гэта ўсё зноў сэрца саграе...

***
Патушы ў сваёй душы нянавісць,
Запалі ў сваёй душы любоў.
Чорныя часы бываюць нават
У бязгрэшных белых галубоў.
Роспачнасць і ім ламае крылле,
Кідае бязлітасна на брук.
Пазнавата мы з табой адкрылі,
Што няма кахання без разлук.
Верылі мы доўга, што заўсёды
Будзе з намі наш шчаслівы час,
Што расчараванні і нязгоды
Існуюць на свеце не для нас.
I прыгадваць сёння не дарэчы
Боль ранейшы і папрок любы...
Вунь і ў галубоў бываюць спрэчкі.
Ну а мы ж з табой — не галубы...

***
Твая прысутнасць у гэтым свеце
Дае стамлёнай душы надзею,
Што я спаймаю блакітньі вецер,
Што я аднойчы памаладзею.
I хай сустрэцца не давядзецца,
I хай не спраўдзіцца мара тая, —
Твая прысутнасць у гэтым свеце
Мяне ў юнацтва маё вяртае.
Не маладое шаленства мая
I не спайманы блакітны вецер —
Мяне на грэшнай зямлі трымае
Твая прысутнасць у гэтым свеце.

***
Калі на раздарожжах крыжавых
Дагоняць і мяне чужыя коні,
— Перажыві мяне,
Перажыві! —
Я папрашу каханую спакойна.
Хоць вусны зачарсцвеюць ад крыві
I мне ніхго не забінтуе раны,
— Перажыві мяне,
Перажыві! —
Як запавет,
Я прашапчу каханай.
Нявесела ўсміхнуся:
— Сэ ля ві, —
I апушчуся на прывялы верас.
— Перажыві мяне,
Перажыві! —
Я папрашу каханую яшчэ раз.

***
Тонкая рабіна,
Што ж ты нарабіла?
Лёгкаю хусцінкай
Мне акно закрыла.
Свет мне засланіла
Пышнымі лістамі.
Калі пойдзе мілы,
Мне махаць не стане.
Не зірне з паклонам
На маё аконца.
Ты зялёнай кронай
Патушыла сонца.
Як сустрэцца з любым
Думаю нясмела.
Ты ж таксама з дубам
Разам быць хацела...

***
Я толькі аднаго жадаю,
Каб
Закрасавала ніва маладая.
Я вам,
Сваім нашчадкам,
Пакідаю
Маю Радзіму —
Свой адзіны скарб,
Вы дыхайце маёю збажыной,
Глядзіце ў поўдзень
На мае аблокі.
Хоць я для вас загадкава далёкі,
Я буду з вамі.
Побач.
За спіной.
Я не прыйду на зыркі ваш агонь
Hi буркуном старым,
Hi скандалістам.
Я проста
Ападу кляновым лістам
На маладую цёплую далонь...

***
Я даўно жыву не па Карану:
П'ю жыццё,
Нібыта д'яблаў трунак.
Кожная зіма —
Як пакаранне.
Кожная вясна —
Як падарунак.
Я зусім не супраць гэткай долі
3 познім громам
I з паводкай ранняй.
Хоць грахоў і не пераадолеў,
А не маю ў сэрцы шкадавання.
Не было ніколі мне задужа
Рызьжі,
Адвагі
I спакусы...
Ну i што,
Калі часамі сцюжа
Мне раўніва ледзяніла вусны?
Мне яшчэ цікава,
Нібы змею,
Цікаваць за скрынкаю Пандоры...
Колькі зімаў я стрываць сумею?
Колькі вёснаў мне жыццё падорыць?..

***
Я не стану ўжо ні прынцам Дацкім,
Hi — тым больш — іспанскім каралём.
Мне б за ранг паэта апраўдацца
У сваёй Радзімы пад крылом,
Каб яна мяне не адпусціла
3 той дарогі,
На якой стаю,
I прыадчыніла літасціва
Мне душу збалелую сваю.
Я прашу ў яе зусім нямала —
Каб не праганяла з-пад крыла,
I маю ляноту даравала,
I маю няўмеласць не кляла.
А яшчэ
Разлічваю нясмела,
Каб яна ў бясконцай гамане
I мае ўсе словы зразумела,
I не пасмяялася з мяне...