Хто смяецца апошнім [Кандрат Крапіва] (fb2) читать постранично, страница - 26


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ведаюць усе свінні — мамантавыя і немамантавыя: калі каторая з іх паспрабуе пакасціць у нашай савецкай навуцы, будзем біць проста па пятачку.


Гарлахвацкі раптам пачынае рагатаць. Усе глядзяць на яго са здзіўленнем.


Зіна. Які жах! Ён звар'яцеў!

Гарлахвацкі. Ха-ха-ха… Здорава ж я вас разыграў!

Туляга (да Чарнавуса). Як гэта разыграў? Што ён такое гаворыць?

Гарлахвацкі. Даклад жа я чытаў не свой, а вось гэтага дзянікінца. (Паказвае на Тулягу.) Цяпер вы пераканаліся, што гэта за вучоны!

Чарнавус. Што такое?

Зёлкін. Я так і думаў! Не можа быць, каб вы, Аляксандра Пятровіч, такую бязглуздзіцу напісалі.

Туляга. Таварыш Левановіч, гэта ж выходзіць зусім наадварот. Выходзіць, што я…

Левановіч. Не хвалюйцеся, таварышы. Я ведаю, што гэта не яго даклад. (Паказвае на Гарлахвацкага.)

Гарлахвацкі (асекся і звяў). Ах, ты гэта ведаеш.

Левановіч. Я яшэ не гэта ведаю. Я ведаю, як вы спрабавалі разлажыць на Украіне адзін наркамат. Вам гэта не ўдалося. I тады вашы прыяцелі перакінулі вас сюды з фальшывым пасведчаннем. Тут, праводзячы сваю подлую работу, вы ашальмавалі прафесара Чарнавуса, тэрарызавалі таварыша Тулягу…

Гарлахвацкі (гаворыць, каб прыкрыць сваю разгубленасць). Гэта паклёп! Я не дазволю, гэта паклёп!

Левановіч. Цяпер, таварышы, вам ясна, што гэта за чалавек! Аб ім прыйдзецца пагаварыць заўтра больш грунтоўна. (Позірк у бок Зёлкіна.) А таксама і пра некаторых яго памочнікаў.


Усе разыходзяцца, выражаючы жэстамі і асобнымі выкрыкамі сваё абурэнне. Гарлахвацкі стаіць, абапёршыся рукамі аб стол і ўтаропіўшыся ў злашчасную костку. Туляга з высока паднятай галавой праходзіць міма яго.


Нічыпар (падыходзіць да стала, паказвае пальцам на костку). Можна прыбраць?..

Гарлахвацкі (ачнуўшыся). Га?

Нічыпар. Я пытаюся, костка вам ужо не патрэбна?

Гарлахвацкі. К чорту!

Нічыпар (бярэ костку двума пальцамі і адчыняе фортку). Цюлік! ф'ю, ф'ю, ф'ю!.. На табе тваё дабро назад! (Кідае костку за акно.) Прывалок, воўчае мяса! Праз цябе толькі непрыемнасць чалавеку! (Хітра падморгвае цёці Каці, і абое выходзяць.)

Канец
1939