Байкі жыцьця [Васіль Быкаў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Васіль Быкаў Байкі жыцьця

1. Страх

Самай шаноўнай сьвятыняй у гэтай краіне з часоў векапомнай даўніны быў невялічкі, упрыгожаны маляўнічым росьпісам ды інкрустацыяй керамічны гаршчэчак, у якім захоўваўся Страх.

Страху таго з простых сьмяротных ня бачыў ніхто. Дзень і ноч яго ахоўвалі пяць чалавек сьвятароў і пяць ваяроў, і ўсе ведалі пра яго незвычайную страхавітую сілу. Менавіта з тае прычыны людзі тамтэйшага краю і зваліся страхавітамі. Некалі за керамічны гаршчэчак біліся ў двубоі галоўны сьвятар племя і ягоны супернік — ваяр. Ведама ж, перамог сьвятар, бо ён ужо валодаў Страхам, а ягоны супернік — толькі мячом. Але меч — слабы сродак перад магутным Страхам.

Імя галоўнага сьвятара, які ўзяў на сябе ўсю ўладу ў краіне, было Галабурдахам. Пасьля сваёй перамогі ён яшчэ больш, чым раней, усталяваў культ Страху. Зь ягонага загаду ў самым цэнтры сталічнага паселішча збудавалі мармуровы палац — для яго самога і для Страху. Была створана адмысловая сотня з ваяроў, сьвятароў і таемнікаў, якія дбалі пра бясьпеку Страху і Валадара заадно. Сярод улады і падуладных на той час запанавалі мір і згода, ніхто не адважваўся выступіць супраць Галабурдахама. Ніхто ня мог пра тое нават падумаць — такая вялікая была пераканаўчая сіла Страху. Калі здараліся якія непарадкі ў правінцыях, напрыклад, недабіралі падаткі, туды скіроўвалі ўзброеную каманду, вядома ж, у суправаджэньні магутнага Страху, і падаткаў зьбіралі нават больш, чым было патрэбна. Аднойчы ўзьнік памежны канфлікт з суседняй дзяржавай і пачаліся перамовы, якія трывалі чатырнаццаць тыдняў запар. І ўсё бяз выніку. Тады Валадар Галабурдахам скіраваў туды свайго сілавога міністра са Страхам у вазку. Перамовы хутка скончыліся з посьпехам для страхавітаў.

Правіцелі краіны на чале з мудрым Галабурдахамам вырашылі збудаваць для Страху яшчэ лепшы, надзвычайны архітэктурны ансамбаль побач з ранейшым, які цалкам заняў Валадар. У дзень пераносу Страху ў новую шыкоўную будыніну далі салют з 101 гарматы. Той дзень быў названы Днём Дзяржаўнага Страху — галоўным сьвятам дзяржавы.

Зь цягам часу сама сабою склалася адмысловая нацыянальная ідэалёгія, заснаваная на дактрыне Страху. Усе зьявы і ўчынкі ўспрымаліся і расцэньваліся цяпер паводле старажытных законаў Страху. У філязофіі запанаваў накірунак страхалёгіі, які неўзабаве саступіў месца страхафіліі. Ідэальным грамадзянінам стаў страхавіты грамадзянін, які ўсяго баяўся. Менавіта такі вобраз запанаваў у тэалягічнай літаратуры і мастацтве графіці. Рэлігія страхалюдзтва стала надзвычай папулярнай сярод вернікаў і займалася адкармленьнем іх у духу бязьмежнага, богададзенага Страху. Пабудавалі безьліч храмаў, малельняў і нават даволі добраўпарадкаваных на маляўнічай прыродзе летнішчаў-скітаў з саўнамі. Гэтыя апошнія былі вельмі папулярныя сярод вернікаў усіх саслоўяў ды асабліва — іерархаў. Казалі, з тае прычыны, што ў найбольшай меры адпавядалі патрабаваньням ідэі Страху.

Між тым, дзяржаўнае бытаваньне доўжылася; адзін за адным мільгалі гады ўладараньня дынастыі Галабурдахама. Прамільгнулі таксама дынастыі Парастурфуджына 1, 2 і 3. Парастурфуджын 4 перайменаваў сябе ў Страхалюда Першага, так было болей звыкла, а краіну — у Страхалюдыю. І слушна зрабіў, бо за шмат гадоў уладараньня пад эгідай страху людзі амаль страцілі ўсе ранейшыя антрапалягічныя рысы і набылі зусім новыя. Найперш у краіне даўно ўжо ніхто не сьмяяўся, нават перасталі ўсьміхацца; весялосьць успрымалася як блюзьнерства. Самым мілым выразам дзявочага твару стаў выраз спалоху. Старыя ж людзі за сваё доўгае жыцьцё выхавалі на тварах такі жахлівы выраз, які выклікаў дрыжыкі. Менавіта тое і патрабавалася. Самых лепшых у гэтым сэнсе ўзнагароджвалі і шанавалі. Узьнікла і пасьпяхова разьвівалася музычнае і пясьнярскае мастацтва ў стылі страх-мадэрн, — калі ад музыкі са сьпевамі ў слухачоў валасы на галаве станавіліся дыбарам. Гэта вельмі падабалася ўладам і вэтэранам-доўгажыхарам.

Навука таксама не стаяла на месцы, плённа разьвівалася пад узьдзеяньнем жыватворных страхавітых ідэяў. Пісаліся манаграфіі пра сакральную структуру Страху, ягоную мэтафізычную сутнасьць. Вучоныя ўпарта дасьледавалі таямнічы ўплыў славутага гаршчэчка на стан атмасфэры і стратасфэры, сувязь яго нябачных выпраменьваньняў з пэрыядычнасьцю плямаў на сонцы. Аграрыі вельмі дакладна ўстанавілі, як дабратворна ўзьдзейнічае Страх на вэгетацыю расьлінаў, асабліва такіх як кукуруза і бульба. Палітолягі вывелі залежнасьць палітыкі Валадара ад сакральнага ўплыву Страху. Было пераканаўча даказана, што ўсе пераможныя акцыі ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы цесна ўвязваліся ім зь інфэрнальным выпраменьваньнем Страху. Аднак жа сакрэт палягаў у тым, што сэнс тае інфэрнальнасьці быў даступны толькі Валадару, у якога меўся на тое маленькі чорны сакваяжык. У краіне знайшлі шырокае разьвіцьцё рознага кшталту навукі — парапсыхалёгія, кабалістыка і асабліва — астралёгія. Гэтая апошняя першай вывучыла астральную прыроду Страху і пачала рабіць самыя падрабязныя прагнозы ва ўсіх галінах жыцьця. Прагнозы былі заўжды спрыяльныя для краіны і асабліва для яе Валадара, якому наканавана было валадарыць сорак саракоў гадоў. Валадар быў задаволены і прызначыў Астроляга прэзыдэнтам Акадэміі паранавук, якая ў той год была адчынена. Першым актам Акадэміі стала распрацоўка новай канстытуцыі — Канстытуцыі Вялікага Страху, якую прынялі ў 996 годзе.

Але каб пачуцьцё страху перамагло ў масах канчаткова, трэба было выкараніць антыномнае пачуцьцё. І ў краіне быў прыняты новы крымінальны кодэкс аб адказнасьці грамадзянаў за ненарматыўныя паводзіны — сьмех, усьмешку, беспадстаўныя жарты. А таксама за ганебныя праявы адвагі. За адвагу ў абароне таварыша ад зьвяроў давалі тры гады турмы, ад жонкі — пяць гадоў. Але асаблівая кара прызначалася тым, хто адважваўся бараніць каго б там ні было ад замаху ўлады. Такія падлягалі пажыцьцёваму зьняволеньню. За абразу Яго Вялікасьці Страху, вядома ж, належала сьмяротная кара.

Натуральна, ня ўсё ішло гладка, часам у вялікай краіне ўзьнікалі непаслушэнствы і нават ерасі. У сярэдзіне стагодзьдзя ледзьве ня стаўся раскол. Гэта калі пэўная частка сьвятароў запрапанавала пашырыць ідэю страху і на адносіны да свойскай жывёлы. Каб шчанюкоў, ягнят, жарабят выхоўваць, жорстка караючы, у атмасфэры жывёльнага страху. Але тады аказалася, што ў гэткай атмасфэры козы, аслы ды сабакі або здыхаюць, або ўцякаюць у цёмны лес, дзе іх цяжка знайсьці. Мусіць, і праўда, жывёла — не чалавек, яе не перавыхаваеш страхам. Гаспадары і цэлыя гаспадаркі трывалі страты, некаторыя правінцыі нават спазналі голад. Гэта патрабавала ад вярхоўнай улады радыкальных мераў. У правінцыю Страх-Пут выехаў валадар Страхалюд XII зь вялікім аддзелам войска. Ён жа павёз з сабою і Страх. Страх везьлі на багата ўбранай калясьніцы, у якую было запрэжана 12 чорных коней пад залатымі накідкамі. І пасьля таго як бунтаўнікі былі абкружаныя войскам і перад імі вынесьлі Страх, тыя капітулявалі. Страхалюд XII вярнуўся ў сталіцу пераможцам і быў урачыста сустрэты ўдзячным народам. Канечне, грамадзяне шанавалі Валадара, яго розум і сілу, але ж разумелі, што сваёй перамогай ён найперш абавязаны Страху.

Яшчэ адну вялікую перамогу здабыла дзяржава ў яе застарэлым канфлікце з суседзямі — дурнымі сьмехавітамі, рэлігіяй якіх была весялосьць. Страхавіты хутка заваявалі гэтую невялікую, кепска арганізаваную краіну. Але неўзабаве было заўважана, што пераможаныя ня надта з таго турбуюцца, бо жывуць нашмат лепш за пераможцаў. І грошай у іх больш, і хлеба, і жывёлы. Яны нават п'юць віно, што было зусім незразумела. І ніхто ў іх нікога не прымушае набываць зь дзяцінства спалоханы выраз твару, кожны сьмяецца, колькі захоча. Нават мае права голасна рагатаць.

Не заўсёды ў жыцьці ўсё адбываецца, як хочацца, нават Валадару. Каб Страхалюд XII ведаў гэта, ён бы не заваёўваў тую бязладную краіну. Сталася так, што амаральныя ідэі пераможаных сьмехавітаў сталі пранікаць у краіну страхавітаў — сьпярша праз войска, а затым — праз гандлёвыя сувязі. Іх падхапіла найперш няўстойлівая частка грамадзтва, — недастаткова выхаваная ў страху моладзь. Раптам некаторыя зь яе ўпадабалі вясёлыя песьні суседзяў і нават пачалі іх сьпяваць. А тады ва ўжытак пайшло віно і тытунь, што ўвогуле было жахліва. І хоць на барацьбу з заганамі змабілізавалі ўсе сілы дзяржавы — ад войска да грамадзкіх памагатых — сексотаў, стукачоў, таптуноў — карысьці было мала. Нягледзячы на суды, затрыманьні, арышты і суровыя выракі, жахлівыя парушэньні прававернай маралі і этыкі не спыняліся. Патрабавалася яшчэ вышэй падняць ролю Страху, ягоных жыватворных ідэяў. Наблізіць іх да народу.

Тады Валадар краіны за кароткі тэрмін пабудаваў у сталіцы вялізны 50-сажневы ансамбаль, які завяршаўся ўгары мармуровым порцікам са зьмешчаным у ім пазалочаным гаршчэчкам Страху. У сонечны пагодны дзень ягоныя выпраменьваньні можна было бачыць далёка за межамі Страхалюдыі. Былі ўстаноўленыя сто прэміяў музыкам, мастакам і пісьменьнікам, якія з найбольшай сілаю ўвасобяць у творах залаты воблік Страху. Ужо праз паўгоду роўна сто творцаў былі ганараваныя прэміямі, іх мармуровыя бюсты выставілі ўздоўж алеі гарадзкога парку культуры і страхалюдзтва. Мяжу зь сьмехавітамі абсталявалі дванаццацімэтровай жалезнай заслонай. Перасякаць яе мелі права толькі асабліва ўстойлівыя да сьмеху людзі, якім перад паездкай рабілі ін'екцыю сыроваткі суму. І тым ня менш, падрыўная ідэалёгія і яе матэрыяльная культура шырока пранікалі ў краіну суму і страху. Празь недагляд цэнзараў у друку зьявілася публікацыя аднаго эканаміста, нібыта вясёлы працаўнік болей прадукцыйны за сумнага, — гэткай ерасі ў краіне не было ўжо амаль два стагодзьдзі. Аўтара публікацыі, натуральна, выслалі за мяжу, дзе яго хутка забілі ягоныя ж аднадумцы. Некаторыя, праўда, казалі, што забойства было справай рук страхавітых спэцслужбаў. Але то быў варожы паклёп.

Валадар краіны Страхалюдыі вельмі ўстрывожыўся і ўсе страхавіцкія сілы кінуў на барацьбу з падрыўной ідэалёгіяй. Каб ідэя страху дзейнічала больш эфэктыўна, ён увёў сьмяротную кару нават за самы дробны амаральны ўчынак, калі той выклікаў сьмех. Злачынцаў стала звыш усялякай меры. Асабліва калі ў краіне пачаўся эканамічны спад, а затым крыза, і ня стала чаго есьці. Дайшло да таго, што аднойчы ў сьвяточны дзень на галоўнай плошчы сталіцы сабралася дэманстрацыя за права есьці. (Гэтыя нечуваныя раней прэтэнзіі на нейкія там правы таксама былі кантрабандай увезеныя з краіны сьмехавітаў). Валадар абкружыў войскам плошчу і перад сьвятыняй Страху наладзіў дэманстрантам крывавую лазьню. Былі сотні забітых і яшчэ болей параненых. Улады той лік перабольшылі ў дзясяткі разоў — у адпаведнасьці зь сьвятой і непарушнай ідэяй Страху. І падзейнічала. Усе ўбачылі, што Страх па-ранейшаму мае сілу і не абы-якую. Пачаліся размовы, што ня варта супраць яго выступаць, што перамогі ўсё роўна ня будзе, што трэба шукаць кансэнсус з Валадаром. Страх непераможны, бо ў ім ёсьць нейкая неспазнаная сатанінская сіла. Гэта ўвогуле было падобна на праўду. І ўсё адно людзі хацелі есьці, а есьці не было чаго. Даведзеныя да адчаю, яны ўжо нікога ў краіне не баяліся — ні спэцфармаваньняў, ні тайнай паліцыі, ні Валадара, — яны толькі не маглі перамагчы ў сабе прыроджанае, геннае пачуцьцё Страху. Гэта, між іншым, выдатна разумеў і Валадар, які старанна ўдасканальваў сьвятыню. Група ляўрэатаў-інжынэраў спраектавала на плошчы цэлы інжынэрна-тэхнічны комплекс вакол п'едэсталу Страху. Порцік наверсе пакрылі бранявым каўпаком, наладзілі лазэрнае забесьпячэньне зь нябачным, але дужа эфэктыўным выпраменьваньнем — у інтарэсах бясьпекі. У космас запусьцілі адмысловы спадарожнік Страху, які дзень і ноч круціўся над плошчай, адганяючы ад яе нават вераб'ёў; тыя зь іх, што перасякалі па-дурному мяжу, адразу ж мёртвымі падалі на брук. У сутарэньнях на глыбіні ста і больш мэтраў сядзелі дзяжурныя апэратары, — утыкнуўшыся ў свае экраны, яны пільнавалі комплекс ад магчымай дывэрсіі.

І тады ў горадзе паявіўся Мірон.

Гэта быў малады хлапец родам з самай галоднай правінцыі, ён валодаў неверагоднымі здольнасьцямі. Вырасшы ў лесе, мог узьлезьці на самае высокае дрэва, нават на голы ствол пальмы. Як ён тое рабіў, ніхто ніколі ня бачыў. Звычайна яго заўважалі, калі ён ужо быў наверсе і шпурляў адтуль какосавыя гарэхі, якія вясёла падбірала дзятва. Характарам ён быў свавольнік.

І вось аднойчы па горадзе панесьліся чуткі, што на плошчы ў паўдзён адбудзецца штось неверагоднае. Людзі зранку пачалі зьбірацца да плошчы; блізка да ансамблю Страху не пушчала ахова. Здаля людзі назіралі, любаваліся зіхаценьнем залатога порціку, у якім зьзяў непераможны, сьвятарны Страх. Улады, вядома ж, не гублялі пільнасьці, узмацнілі ахову. Сотня закамуфляваных у жабскі колер «гарылаў» сачыла за публікай. Перад экранамі ў сутарэньнях гарбаціліся дзяжурныя. У дывэрсію ці сабатаж мала хто верыў — гісторыя краіны яшчэ ня мела выпадку, каб нехта пераадолеў вялікі татальны Страх або самохаць наблізіўся да яго.

Але во ў паўдзён, як гадзіньнік на крэпасьці адзваніў 12 разоў, усе зь перавулкаў, вуліц, дахаў і вокнаў згледзелі, што ля залатога порціку паявіўся чалавек. У сьветлай сарочцы, бяз шапкі, стаіць і штосьці махае ўсім унізе. І нават крычыць штось — зусім, аднак, ня сумнае.

Людзі не разумелі, што адбываецца. Не разумела ахова, якая замітусілася ў паніцы. З завулкаў, ад сквэру і палацу Валадара на злыдня нацэлілі рулі дывізіёны «Градаў», «Тунгузак», сотні руляў АК. Але ніхто не адважваўся пульнуць, бо там жа была сьвятыня — Страх. А хлопец тым часам штосьці там пакалупаўся, нахіліўся, і ўсе ўбачылі, як зьверху, куляючыся, бы какосавы арэх, ляціць уніз знаёмы кожнаму са школьных падручнікаў гаршчэчак Страху. Дапяўшы бруку, той з грамавым ляскатам разьбіўся на дробныя аскялёпкі.

Пасьля сэкундавага палярушу ўсе, хто быў блізка, кінуліся да тых аскялёпкаў — ці ацалеў хоць Страх? Ды дзе там — не аказалася ніякага Страху. Сярод груды аскепкаў ляжала на камянях жменька нейкай рудой зямлі — і ўсё. Калі, можа, гэта і быў некалі Страх, дык яго даўно стачылі мурашкі. А можа, ніколі й не было ніякага страху. Першы, умомант звар'яцеўшы, гучна зарагатаў, бы стары мул, начальнік валадарскай аховы, гарылападобны палкоўнік. За ім зьдзічэла, па-вар'яцку заіржалі яго падначаленыя — падпалкоўнікі, маёры, капітаны, лейтэнанты і прапаршчыкі, тайныя і яўныя сексоты, стукачы і таптуны, ахоўнікі. У дзікім істэрычным рогаце зайшоўся ўвесь зблытаны, перамяшаны, шматслоўны галодны люд. Людзі сьмяяліся, абдымаліся, рагаталі, сьцяміўшы, што доўгае валадарства страху скончылася.

Да пачатку новага валадарства — Сьмеху — заставалася небагата часу. Ды людзі ня ведалі пра тое.

2. Сьмех

На трэці дзень, калі грамадзяне больш-менш угаманіліся ад радасьці вялікай перамогі, было абвешчана, што кіраўніком дзяржавы робіцца той самы тоўсты палкоўнік, які першым засьмяяўся над паразай страху. Газэты пісалі пра «подзьвіг самага адважнага вайскоўца, грамадзяніна краіны». Першым дэкрэтам новага кіраўніка стала асуджэньне страху і запачаткаваньне барацьбы зь ягонымі наступствамі. У гарадах і вёсках выяўлялі плаксівых і напалоханых і бязьлітасна асуджалі іх. Упартых саджалі ў турмы — асабліва тых, хто не хацеў сьмяяцца, а тым болей, плакаў ад жалю па звыклым і любым страху. Мірона таксама пасадзілі, бо выявілася, што ён ня ўмеў сьмяяцца і нават адмовіўся вучыцца тое рабіць. Патомныя страхавіты ў масавым парадку пераходзілі ў стан сьмехавітаў. Самыя спрытныя зь іх сьцьвярджалі, што нават і ў змрочныя часы страху часьцяком сьмяяліся. Хто — зачыніўшыся ў прыбіральні, хто — на ўласнай кухні, хто — у сьне. І тое была праўда.

Сьмех паступова, але няўхільна рабіўся нацыянальнай ідэалёгіяй, урэшце абвешчанай у адмысловым дэкрэце кіраўніка дзяржавы. З нагоды абвяшчэньня на цэнтральнай плошчы адбыўся грандыёзны мітынг. Там жа на былым п'едэстале страху была ўстаноўленая постаць Сьмеху — мармуровая скульптура прывабнай дзяўчыны, якая аж кладзецца ад неспатольнага сьмеху-рогату. У горадзе адчыніўся ўнівэрсытэт сьмеху, дзе вывучаліся ягоныя аспэкты — псыхалягічны, фальклёрны, паліталягічны. У школах былі ўведзеныя ўрокі сьмеху (замест літаратуры і матэматыкі), якія вельмі падабаліся вучням. Зьявіліся першыя вучоныя — важныя профі ў галіне новай стваральнай навукі — сьмеху. Спакваля ў краіне распладзілася мноства ансамбляў сьмеху і весялосьці, якія, добра зарабляючы, езьдзілі па гарадах і электрамузыкай сьмяшылі публіку, асабліва моладзь. У іншых мясьцінах выступалі вучоныя-лектары, што распавядалі, як хутка добра будуць жыць людзі, што выклікала няспынны рогат у залі, і вучонаму добра плацілі. Усё тое надта падабалася, асабліва моладзі: канцэрты і лекцыі сьмеху часам доўжыліся да ранку. Вядомы пісьменьнік, патрыярх айчыннай літаратуры, нядаўні апалягет страху, стаў ня меншым апалягетам сьмеху і і напісаў новы раман, трохі гульліва названы «Хі-хі». Праўда, жаданы аптымізм аўтара ня спраўдзіўся: адмысловыя літаратуразнаўцы (вядома ж, у штацкім) знайшлі між радкоў замаскаваныя прыкметы страху, і аўтар быў падвергнуты грамадзкаму астракізму. Ён перастаў змушана ўсьміхацца і неўзабаве памёр. Па-людзку пахаваць яго не было за што.

Увогуле ж справа сьмеху ў дзяржаве разьвівалася добра. Арганізацыямі ды гурткамі была ахопленая ўся краіна — уся краіна заўзята сьмяялася.

Усё было б добра, калі б не адна неспадзяванка — стала не хапаць ежы. Сьпярша паасобныя грамадзяне, а затым гаспадаркі і цэлыя калектывы, захапіўшыся сьмехам і весялосьцю як асноўным спосабам існаваньня, амаль перасталі працаваць і адно — сьмяяліся. Але праваахоўныя органы супраць іх не маглі ўжыць аніякіх мераў, бо ўсё было законна. Незаконным быў страх і сум, супраць якіх міліцыянты, судзьдзі і пракуроры прымалі самыя жорсткія меры. Аднак парушэньняў закону ня менела, ад нялёгкага жыцьця нават стала большаць. З падачы органаў правапарадку кіраўнік дзяржавы ўгледзеў у гэтым небясьпеку для існаваньня дзяржавы і вырашыў узмацніць барацьбу зь перажыткамі страху. Але якім чынам? Было вызначана, што ў гэтай справе больш прыдатныя мэтады страху. Філёзафы пачалі казаць пра дыялектычнае разьвіцьцё папулярнай ідэі — дзеля аб'яднаньня нацыі, натхненьня яе на барацьбу за лепшае жыцьцё, калі нікога ня трэба будзе прымушаць сьмяяцца, а ўсе стануць сьмяяцца самахоць, ад душы. А пакуль што, сьцьвярджалася ў законе, трэба прымушаць сьмяяцца, не зважаючы ні на што, адно — у інтарэсах дзяржавы.

Тым ня менш, сьмяяцца людзям хацелася ўсё меней, часьцяком хацелася плакаць.

Уся рэч у тым, што жыцьцё сьмехавітаў катастрафічна пагаршалася — да недахопу харчу прыбавіўся недахоп адзеньня, абутку, паліва і гарэлкі. Зімой у кватэрах было надта халодна, купіць паліва ня мелі за што. З-за недахопу лекаў дактары пачалі шырока лячыць мэтадамі сьмехатэрапіі, але той мэтад чамусьці мала памагаў хворым, якія паміралі плачучы, што было недапушчальна. Ды й дактары перасталі сьмяяцца. Тады ўрад пайшоў на паслабку рэжыму сьмеху. Для некаторых катэгорыяў насельніцтва ўводзіліся прывілеі. Было дазволена плакаць тым з намэнклятуры, каго зьнімалі з пасады (адзін плач у месяц); жанчыны-вэтэраны органаў мелі права на 2–3 плачы ў квартал. Плач і нават публічны сум катэгарычна забараняўся працаўнікам праваахоўных органаў, міліцыі і вайскоўцам. Выключэньне рабілася толькі для бацькоў вайскоўцаў, якія атрымлівалі «груз-2000», і то на працягу аднаго дня з часу атрыманьня грузу.

Але харчу ўсё ня большала. Абставіны ўскладніліся яшчэ й тым, што заходнія высокаразьвітыя краіны перасталі даваць крэдыты. Замест крэдытаў яны разгарнулі ў сваіх СМІ паклёпніцкую кампанію, галоўным накірункам якой стала сьцьверджаньне, што ў краіне сьмехавітаў усе зьехалі з глузду. Гэта, вядома, было нечуванай абразай нацыі, кіраўніцтва, дыскрэдытацыяй вялікай сьмехатворнай ідэі. Урад угледзеў у тым непрыкрытую варожую вылазку і прыняў рашэньне ўзмацніць узброеныя сілы. Першай і галоўнай мерай стала прысваеньне вялікай групе афіцэраў званьня палкоўніка, а палкоўнікам — генэрал-палкоўніка. Усе іншыя, прамежкавыя званьні, былі зьліквідаваныя як непатрэбныя. Тое дужа спадабалася вайскоўцам. Па колькасьці генэрал-палкоўнікаў войска краіны пераўзышло арміі самых разьвітых краінаў Захаду. Гэта быў несумнеўны і вялікі посьпех!

Есьці яшчэ ўбавілася; ня стала хапаць жыльля — нават для генэрал-палкоўнікаў. А калі ў каго й было жытло, дык не ставала добраўпарадкаваных летнішчаў, што выклікала вялікае напружаньне ў грамадзтве, якое часам аж пераставала сьмяяцца. Не хапала таксама грошай, бэнзыну, транспарту. Ды сьмехавіты ня скардзіліся, адно сьмяяліся, разумеючы, што калі не задаволіць вайскоўцаў, дык тыя не абароняць ад ворагаў, якія ўсіх сьцяруць у парашок і панішчаць іхную самую жыватворную ідэю сьмеху.

Але так думалі, мабыць, ня ўсе. У сталічным горадзе пачалі ўтварацца падпольныя групы, названыя дысыдэнцкімі, якія выпрацоўвалі альтэрнатыўныя ідэі — таго ж сьмехатворнага кшталту, але не з вар'яцкім — з чалавечым тварам. Твар у некаторых падпольных выявах ужо не нагадваў ні чалавека спалоханага, ні чалавека-вар'ята, а меў нешта сярэдняе і па-навуковаму называўся гома-сапіенс. Гэта быў ідэал. А ідэал належала ўвасобіць, для чаго дысыдэнты сабраліся аднойчы ў сьвяточны адвячорак на прыватнай кухні і стварылі падпольны (ценевы) урад. Як кожную важную справу, тое належала абмыць, што і было неадкладна зроблена. У добрым настроі ўрадоўцы вярталіся дадому, але адзін зь іх (старшыня ценевага ўраду), што вёз сьпіс у кейсе, задрамаў у тралейбусе і згубіў кейс. На другі дзень урад у поўным складзе быў арыштаваны.

Падзеі ў краіне сьмехавітаў не на жарт затрывожылі суседзяў, якія ўсялякімі сродкамі пачалі падахвочваць сьмехавітаў да барацьбы за свае грамадзянскія правы. Сьпярша сьмехавіты надта зьдзівіліся, але паступова ўсьвядомілі сваё першае права — на сум. Натуральна, дамаганьне такога права ў краіне законнага канстытуцыйнага сьмеху было расцэненае ўрадоўцамі як крамола і прыроўнівалася да дзяржаўнага злачынства — замаху на галоўнага кіраўніка краіны ці да абрабаваньня банку. Шмат маласьвядомых грамадзянаў з праваабарончых арганізацыяў, творчых саюзаў і моладзі пацярпела за сваю крымінальную схільнасьць да суму. (Дарэчы, той сум яны здабылі ў часе галадоўкі ў карцары, дзе сум не прысякаўся — сумуй, колькі хочаш. Карцар быў адзіным дазволеным месцам суму ў дзяржаве, чым арыштаваныя ахвотна карысталіся.) Дзіўна, што нават сьмяшлівая моладзь часам стамлялася ад казённай весялосьці і час ад часу адчувала патрэбу пасумаваць. Але такіх хутка выключалі з унівэрсытэтаў, датэрмінова заганялі ў войска, дзе славуты «інстытут дзядоўства» хутка мяняў сьмех на сьлёзы. Пры адсутнасьці паліторганаў «дзяды» вельмі дапамагалі камандзірам выхоўваць падначаленых у атмасфэры аптымістычнага патрыятызму.

А тым часам есьці ў краіне зусім ня стала чаго. Было зразумела, што галоўная нацыянальная ідэя не працуе, што прыйдзецца шукаць новую. І тады вынайшлі ідэю часовую, якая мела выдатную пэрспэктыву стаць фундамэнтальнай. Яна ня толькі не адмяняла ранейшую, але ўзьнімала яе на новую вышыню — што было надта важна. І ўрад кінуў увесь дзяржаўны бюджэт на вытворчасьць гарэлкі.

Гэта сапраўды выклікала небывалы народны ўздым. Народ усё зразумеў і прыняў бяз словаў — што значыць навуковая беззаганнасьць ідэі. На мітынгах у гарадах і вёсках прамоўцы гаварылі пра новую культурна-псыхалягічную рэвалюцыю ў краіне, пра яе лёсавызначальны сэнс. Гарэлкай бясплатна забясьпечвалася кіраўніцтва, пасьля вэтэраны-пэнсіянэры (пры норме 1 бутэлька на 1 дзень), пасьля ўсе астатнія, уключаючы немаўлят. Сем'і, у якіх было шмат дзетак, раскашавалі як мае быць — і дарослыя, і дзеці ўвесь дзень пілі і рагаталі, астатні час спалі і пахмяляліся. І дзякавалі ўладзе, галоўнаму кіраўніку і мясцовым вэртыкальшчыкам, якія займелі адзіны пільны клопат — забясьпечыць самыя глухія куткі краіны сьвежай гарэлкай. Гэта належала рабіць без пасярэднікаў-злыдняў, якія нахабна заніжалі градус. Сацыялягічны інстытут, які правёў апытаньне (было ахоплена 100 % насельніцтва) выявіў небывалы паказчык тых, хто ўхваляў новую палітыку ўраду, — 100 %. Папулярнасьць кіраўніка-палкоўніка стала такая, што ўрад надаў яму чын Вялікага Каудыльё.

Але заставалася нявырашанай адна застарэлая праблема, якая вынікала з тае аксіёмы, што, выпіваючы, трэба закусваць. Закусваць не было чым; праўда, вучоныя пачалі прапагандаваць новы спосаб ужываньня алькаголю. Спасылаючыся на перадавыя заходнія краіны, яны даказвалі магчымасьць выпіваючы не закусваць; некаторыя даводзілі, што есьці наогул шкодна для здароўя. Але тыя рэкамэндацыі кепска ўспрымаліся насельніцтвам. Дайшло да таго, што некаторыя зь несьвядомых грамадзян (пераважна жанчыны) пакрысе пачалі адмаўляцца піць. Пачуліся нават размовы, нібыта малако было болей карыснае, асабліва для дзетак. Але калі б малако было болей карыснае, дык бы яно было і даражэй. А так з усіх харчовых тавараў гарэлка мела самы вялікі кошт. Вядома, то былі правакацыйныя размовы з мэтай дэстабілізацыі грамадзтва, і праваахоўныя органы, якія даўно і справядліва зрабіліся карнымі, сурова каралі адступнікаў ідэі. Як і тых вучоных, якія ўзяліся (вядома, беспадстаўна) прапагандаваць цьвярозасьць. Наперакор ім у прыклад ставілася сьвятое жыцьцё Вялікага Каудыльё, які піў з дня нараджэньня і давёў дзённую норму да аднаго літра чыстага алькаголю. Менавіта дзякуючы гэтаму, пісалі прыдворныя акадэмікі мэдыцыны, палітолягі, сацыёлягі ды іншыя, любы народам Каудыльё падарыў ім такую дасканалую ідэю. І калі яна ня ўсюды і не ва ўсім дае плён, дык у тым не ягоная віна — віна тых, хто недасканала авалодаў ёю. Значыць, трэба больш піць і лепш працаваць.

Супраць таго, каб больш працаваць, не пярэчыў ніхто — ні адна ўрадавая ці апазыцыйная партыя — з тым сапраўды былі згодныя ўсе. Але ніхто ў гэтай краіне ўжо даўно не працаваў, нашмат больш прыемна было піць. Паколькі гарэлкі на кожны дзень не хапала, пілі ўсё, што лілося: самагон, сусла, піва, воцат, клапамор, тармазную і мазольную вадкасьці, тасол, бэнзын, газу. Ніхто ў краіне не баяўся нікога, нікога ня слухаў — ні дактароў, ні міліцыянтаў, якія таксама пілі ня менш за астатніх.

Калі жыць зусім стала неяк, зрабіўся вялікі пераварот, які назвалі па-заходняму — дэмакратычны. Да ўлады прыйшлі тыя самыя людзі, што валадарылі раней. Толькі цяпер яны апранулі двухбартовыя гарнітуры і пачалі салодка ўсьміхацца перад народам. Калі ж ніхто ня бачыў, зубамі ірвалі адзін аднаму горла, дамагаючыся поўнай улады. Для таго патрэбныя былі асаблівыя здольнасьці, якімі з ранейшых ніхто не валодаў. Тады немаведама адкуль зьявіўся незвычайны чалавек, што перагрыз усіх і авалодаў уладай.

Пачалася новая эра — эра Вялікага Жаху.

Але тое — асобная гісторыя, пра якую летапісец раскажа наступным разам.

3. Жах

Пачалося ўсё нават прыстойна — здатна, па-людзку й дэмакратычна.

Сабраны ў залі бязладны, гаманкі, дужа амбітны парлямэнт тры дні біўся над велізарнай праблемай будучага кіраўніка дзяржавы. Сам парлямэнт кіраваць ня ўмеў, а галоўнае — не хацеў, бо хацеў толькі выступаць у тэлевізары ды езьдзіць па замежжы — прэзэнтаваць краіну, якую апроч мытнікаў ніхто болей ня ведаў. Вельмі складана было вызначыць назву кіраўніка, які б пад наглядам парлямэнту кіраваў краінай, — хто гэта будзе: цар, сакратар, загадчык, гаўляйтар? Дэпутаты зьнемагліся ў спрэчках. Дайшло да таго, што пачуліся прапановы: ня трэба ніякага кіраўніка, хай будзе анархія. Тое, вядома, было небясьпечна, і небясьпека недзе была ўчутая й перададзеная куды належыць. І вось позна ўвечары, калі парлямэнтары дарэшты стаміліся і ўжо кепска разумелі, у авальнай залі паседжаньняў згасла сьвятло, загрымеў нечуваны гром, будынак затросься, аднекуль з-пад купалу шуганула шэрым сьмярдзючым дымам, зь якога выскачыў ЁН. Ад яго сыпаліся іскры (такая зыходзіла энэргія), праменіла фіялетавае зьзяньне; постаць яго цьмяна нагадвала чалавечую і вібравала так, што нельга было сфакусаваць зрок і зразумець, што ж гэта — здань, цмок ці няўжо — чалавек? Сьпікер парлямэнту дрыготкім голасам запытаўся: «Хто вы?», ды, замест таго, каб атрымаць адказ, кулём паляцеў з застольля аж у славуты «задні праход». Грымотным голасам здань абвесьціла:

— Я — Жах!

Парлямэнтароў бы памялом вымела з залі, засталася адно жменька тых, каго жах спаралізаваў. Але й тыя да канца жыцьця не маглі вымавіць нічога, апроч «так-так», «не-не». Зрэшты, іншага ад іх і не патрабавалася. Да канца жыцьця.

Першым указам Жах аб'явіў, што нічога ранейшага не застанецца, усё ад сёньня ліквідоўваецца, бо нічога й не было ніколі: ні сьмехавітаў, ні дзяржавы, ні мовы. Ёсьць толькі — Жах, ягоныя людзі — жахліўцы. З тым і трэба лічыцца.

Народу было ўсё роўна, ёсьць ён, народ, ці няма й як ён называецца. Да рэгулярнага перайменаваньня людзі прывыклі даўно — заўжды пераймяноўвалі гарады, паселішчы, вуліцы, імёны. Шмат хто ўжо заблытаўся, як яго называць — Уладлен, Вілен, Матарызацыя, Эмансыпацыя. Іншыя маці ня ведалі, як клікаць каторага дзіцёнка, бо ўсе рэсурсы іхнай памяці са школьнай пары выдаткоўваліся на тое, каб запомніць імя чарговага сакратара — першага, другога, трэцяга — ЦК, абкаму, гаркаму, райкаму, сельсавету, саўгасу, калгасу… А было, што шэфа й гаўляйтара. Усё тое было добра знаёма народу. Сьпярша, праўда, цяжкавата было прывыкнуць да думкі, што яго, народу, няма й наагул не было ніколі. Тут трэ было мець асаблівую навуку, каб сьцяміць тое. Але й гэта ня надта важна, і да таго можна з часам прывыкнуць, калі сыстэматычна й па-навуковаму трэніраваць памяць. Вось толькі паўставала праблема: як трэніраваць яе, калі, як аб'явіў таварыш Жах, у людзей няма (і не было) мовы? Тая, на якой людзі восем стагодзьдзяў мовілі, была аб'яўлена трасянкай, нявартай чалавечага роту, і ліквідоўвалася, бы крамола. Усю літаратуру на ёй перапрацавалі на макулатуру, за тутэйшае слова, вымаўленае на вуліцы, паліцыянты білі даўжэзнымі гумавымі палкамі (дэмакратызатарамі) і цягнулі ў пастарунак. Людзі зьненавідзелі тыя «дэмакратызатары», а заадно — і дэмакратыю з дэмакратамі, якіх на загад Жаха перайменавалі ў «дзермакратаў». Таварыша Жаха, аднак, падабалі, бо ён, хоць і быў строгі, але справядлівы — саджаў у турму шмат, але ж ня ўсіх. Толькі тых, хто высоўваўся, засьвечваўся, не згаджаўся. А што забраў гісторыю — такой бяды! З гісторыі штаноў не пашыеш. Мову? Можна пражыць і бяз мовы. Вунь зьвяры ў лесе зусім не размаўляюць, а жывуць лепш за людзей. А тое, што людзей няма (не было й ня будзе), дык тое, можа, і лепей — будзе болей парадку.

Горш было тое, што не было чаго есьці, на краіну насоўваўся голад.

Сьпярша ня стала яек, пасьля малака, масла, сьмятаны. На тое Жах аб'явіў, што вінаватая пражэрлівая апазыцыя, якая ўсё зжарае сама, ні каліва не пакідаючы народу. Каб не зжарала, трэба яе зьліквідаваць, для чаго наёмнымі профі былі распрацаваныя адпаведныя праекты. Плянавалася гэта зрабіць у часе мітынгу, быццам бы рукамі сваіх жа абдзеленых на ежу функцыянэраў. Але дасканалы плян дачасу раскрылі, і галоўныя таўстапузыя аб'ядалы ўцяклі за мяжу. І тым ня менш, прадукты прападалі: зьнікла каўбаса, мяса, сыр і твораг. Мудры таварыш Жах і тут даў геніяльны адказ: прадукты вывозяць з краіны на паветраных балёнах, адзін зь іх ужо зьбіты, герояў-зьнішчальнікаў вітала краіна. Каб яна канчаткова адчула сябе ў бясьпецы, выкінулі з пасольстваў заходніх паслоў, — хай ня сочаць за інтымнымі сакрэтамі любага Жаха. Усё тое дужа падабалася жахліўцам і, мабыць, падабалася б яшчэ болей, калі б з продажу пакрысе ня зьнік і хлеб. Тады любы народам Жах абвясьціў новую стратэгічную дактрыну: ня трэба есьці. Бо гэтая старасьвецкая завядзёнка вельмі абыходзіцца дзяржаве, зьнясільвае бюджэт і скарачае асыгнаваньні на зброю, безь якой дзяржава абысьціся ня можа. На жаль, у адрозьненьне ад ранейшых кіраўнічых заклікаў, гэты ўспрымаўся слаба. Нягледзячы на вялікія растлумачальна-агітацыйна-прапагандовыя высілкі, жахліўцы працягвалі хацець есьці й дзе толькі можна шукалі ежу.

Выйсьця не было інакшага, як толькі ажаніцца з прынцэсай суседняй дзяржавы, якая (дзяржава) звалася Дзяржавай-Раем і ў якой паводле дакладаў сакрэтных агентаў было ўсё: і народ, і электарат, і культура, і мова. Паводле ня надта правераных зьвестак быў нават хлеб. Тая вестка надта абнадзеіла Жаха, які тут жа ўспомніў пра дзедаўскую практыку дынастычных шлюбаў, што зрабілі магутнымі валадарамі не аднаго захудалага князька дохлага княства. Жаніцца, жаніцца! Жах не любіў вагацца й на другі ж дзень паслаў сватоў.

У краіне Раю жахавітых сватоў спаткалі дужа прыветна, прынцэса адразу пагадзілася на шлюб, а яе бацька Валадар Гмах паслаў жаніху багатыя падарункі. У дзяржаве жахліўцаў усё закружылася ў радасным карагодзе шлюбных падрыхтаваньняў: тры тыдні мылі, шкрэблі й чысьцілі — фасады й падлогу, мараль і ідэалёгію. Жах, бы шалёны, насіўся па краіне, кантраляваў, спаганяў і снаваў пляны, як стане дужым і багатым, валадаром дзьвюх краінаў, галоўнакамандуючым дзьвюх арміяў (не, лепш іх аб'яднаць у адну, а ён стане й начальнікам генэральнага штабу — цяжкія пасады ён не любіў перадавяраць іншым). Ён стане генэрал-палкоўнікам (не, можа, лепш маршалам? Ці нават генэралісымусам?), прымусіць калаціцца «дзермакратычныя» краіны й першы абмые салдацкія кірзачы ў цёплай вадзе Паўднёвага мора. А якую магутную і ўсепраніклівую асабістую сэкурытату створыць ён — толькі пад уласным кантролем, не давяраючы нікому. Ён меў дасканалы аналітычны розум і ведаў, як той шлюб адаб'ецца на эканамічным стане краіны. Ужо гэты пражэрлівы электарат наесца.

Па краіне жахліўцаў пайшоў шырокі рух у падтрымку выдатнага пляну таварыша Жаха. На ўсіх гарадзкіх і вясковых скрыжаваньнях былі разьвешаныя партрэты Жаха й ягонай мілай нявесты — цудоўнай, вельмі сэксапільнай маладзіцы ў анфас і профіль, у строгіх вечаровых строях і ў гульлівым бікіні. Людзі з зацікаўленьнем абмяркоўвалі вартасьці таго ды другога, але да згоды не маглі прыйсьці. Звычайна мужчынам падабалася прынцэса, жанчыны ж гарой стаялі за звыклага Жаха, чый жахавіты арліны позірк быў увасабленьнем сапраўднага мужчыны, якія даўно ужо вывеліся ў краіне, і жанчыны дужа сумавалі па ім.

У мастацтве, якое яшчэ трошкі ліпела, запанавалі два стылёвыя напрамкі — стыль згаладнелай фантасмагорыі — гэта калі бясконца апісваліся ці маляваліся шыкоўныя стравы, якія мала хто памятаў у краіне жахліўцаў і якія быццам бы не пераводзіліся ў суседняй дзяржаве, і стыль бясхлебнага рэалізму, па сутнасьці, беспадстаўнага выяўленьня «чарнухі» жыцьця, ягонай бядоты. Першы стыль лічыўся афіцыйным і карыстаўся бязьмернай падтрымкай таварыша Жаха, няблага аплочваўся й даваў магчымасьць творцам кожны дзень есьці з хлебам. За другі ж часам саджалі ў пастарункі, дзе творцы падпісвалі пратаколы й каяліся. Але, выйшаўшы на волю, браліся за ранейшае, бо казалі, што хочуць заставацца вернымі праўдзе жыцьця. Толькі дзе тая праўда й дзе жыцьцё, ніхто зь іх ня ведаў. Прынамсі ў краіне Жаху іх не было. Казалі, шмат было ў краіне-Раі, і таму пісьменьнікі з мастакамі таксама з прагнасьцю чакалі доўгачаканага дзяржаўнага шлюбу.

Між тым, у паўсядзённым жыцьці справа дайшла да апошняй мяжы галечы. Жахліўцы зьелі ўсю жывёлу, нават кароваў. Узімку тых не было чым карміць, бо вынішчылі на корм увесь хвойнік, засталося адно голае альховае суччо, якога жывёла чамусьці не хацела есьці. Лепш здыхала, — мабыць, з неспазнанага каровінага прынцыпу. Людзі былі меней упартыя, елі траву, шчаўе і крапіву й надта суцяшаліся хуткім вясельлем, калі будзе хлеб і да хлеба. Ужо жаніх патурбуецца. Народ цяпер спрэс называўся электаратам, што дужа падабалася старым бабкам у вёсцы. Ведама ж, народ быў нікому не патрэбны, а да электарату калі-нікалі прыяжджалі начальнікі на чорных «Волгах», прывозілі невялікія скрыначкі й ласкава прасілі кінуць туды невялікія аркушыкі з прозьвішчам чарговага начальніка. Бабкі часам дзівіліся, чаму такую справу нельга зрабіць у райцэнтры, але ахвотна кідалі тыя аркушыкі, бо толькі тады начальнікі гаварылі зь імі ласкава й нават казалі дзякуй. Ну й само сабою распавядалі, як добра зажывецца пасьля доўгачаканага шлюбу. Праўда, тыя расповеды часам выклікалі сьлёзы — гэта калі бабкі думалі, што могуць не дажыць да шчасьлівага дня.

І вось, нарэшце, жаданы, шмат разоў адкладзены дзень настаў. На дванаццаці зьнішчальніках-усепагодніках шлюбны картэж узьвіўся ў неба. Праз пэўны час апусьціўся на нейкім ня надта сучасным, амаль захалусным лётнішчы, што стала першым, але ня самым вялікім засмучэньнем жаніха. Наступнымі былі: абдрапаныя фасады сталіцы Дзяржавы-Раю, калдобістыя вуліцы, спрэс злосныя твары людзей у даўжэзных чэргах, — рыхтык, як у ягонай краіне жахліўцаў. Але найбольшы гром-пярун грымнуў у палацы, калі жаніх сам-насам спаткаўся з прынцэсай. Аказалася, што то была зусім не прынцэса, а брыдкога выгляду прынц, яўна вычварнай сэксуальнай арыентаванасьці. З наступнай размовы высьветлілася, што на шлюб ён пагадзіўся з прычыны вялікай крызы, у якой апынулася краіна-Рай, і тым шлюбам меркавалася паправіць становішча ў эканоміцы, геапалітыцы, фінансах, войску, ідэалёгіі, культуры, мэдыцыне, адукацыі, міжнацыянальных і міжканфэсійных дачыненьнях і г.д. Даць жахліўцам ён нічога ня мог, мог толькі ўзяць і цынічна іржаў у напарфумлены твар Жаха, аскаляючы вялікія, пракураныя наркотай зубы.

Нешта сьцяміўшы, Жах тузануўся ўсім целам, ляпнуў аб паркет недапіты келіх з шампанскім і на тым жа усепагодніку-зьнішчальніку паімчаў дадому. Такога расчараваньня стрываць ён ня мог і над аблокамі прыняў рашэньне: вайна! Толькі пераможная вайна магла змыць ганьбу й пакараць краіну-зманшчыцу. Жах аддаў загад аб усеагульнай мабілізацыі.

Хутка, аднак, выявілася некаторая ў тым недарэчнасьць: мабілізоўваць не было каго. Зьнікла насельніцтва. Частка — з голаду й хваробаў, частка таму, што наіўна паверыла, быццам яго няма й не было ніколі. Тыя ж, што засталіся, лічылі сябе электаратам для галасаваньняў і плебысцытаў, але не для вайны й не разумелі Жаха, бо даўно адвучыліся ад якой-небудзь мовы. Урадоўцы ж і адміністратары, учуўшы пра мабілізацыю, адразу паўцякалі на ўсход, бо даўно таемна служылі ня Жаху, а валадару Райскай дзяржавы — таварышу Гмаху.

Тое было нечувана й нясьцерпна. Зараджаны велізарнай касьмічнай энэргіяй (1000 кілавольт), Жах стрываць такога ня мог і задрыжэў, закалаціўся, загуў, закруціўся (звыш 1000 абаротаў у хвіліну), — падобна, як і тады, калі першы раз аб'явіўся у парлямэнце. Сьледам раздаўся выбух, накшталт чарнобыльскага, якога яшчэ ня чула плянэта. У неба ўзьняўся віхор чорнага дыму, пылу й смуроду, у якім зьнікла ўсё разам з Жахам.

Калі праз стагодзьдзе той пыл-дым патроху разьвеяўся, дык людзі з Усходу й Захаду ўбачылі гіганцкае правальле ў сярэдзіне кантынэнту. Глыбіня правальля была такая, што да дна не дасягаў зрок, шырыня таксама хавалася за краявідам. Між берагоў заўжды курэў шызы сьмярдзючы дым, зь якога часам выскокваў бязногі хвастаты Цмок. Ён куляўся, крыўляўся й рабіў нейкія знакі цікаўным вандроўнікам, што заўсёды тоўпіліся на краёх правальля, затым на тыдні й месяцы зьнікаў у прадоньні.

Людзі казалі, што гэта — урок чалавецтву за ягоную зьнявагу чалавечых і боскіх законаў быцьця…


Оглавление

  • 1. Страх
  • 2. Сьмех
  • 3. Жах