Вершы [Уладзімір Жылка] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Уладзімір Жылка Вершы

Згінь, нядоля

Згінь, нядоля. Ідзі, прападзі!

Хай адпадзе ланцуг твой ад нас.

Ветрам-бурай змяці, адыдзі!

Ўжо даволі накпіла ты з нас.

Дык ідзі ж, прападзі, каб цябе не было,

Ўжо даволі і так ўсё слязьмі заплыло!

Ох, даўно агонь шчасця пагас.

Дык жа згінь, не пануй ты між нас!

Янка Магутны

Многа мінула год,
Як завём свой народ,
Як мы клічам яго
Панам стаць сваяго.
Песням, казкам уняць,
Старадаўні тон ўзяць, —
Тую славу ўскрасіць,
Што ў капцах ціха спіць.
Путы, ёрмы пазбыць,
Вольна й шчасна зажыць.
Ды не ўчуў наш народ
Гэты кліч з году ў год.
А ў суседніх краёх
Падымаўся, хто мог:
І стары, і малы
Йшоў на зоў грамавы,
Новы шлях пракладаў,
Будучыню каваў,
Неумоўчна званіў,
Што не ўмёр, яшчэ — жыў!..
Чаму ж ты не ўстаеш,
К волі светлай не йдзеш?
Ці ты волю забыў?
Ці ўжо выбіўся з сіл?
Ці напасці цябе
Не завуць к барацьбе,
Што цярпіш многа год,
Мой гаротны народ?!
1918


Беларусь


Беларусь, Беларусь — гэты зык
Паліць душу маю, як агнём.
Я не ведаю, чым ён вялік,
Але думак не змог я аб ём.
Як пачую яго, задрыжыць
Маё сэрца, заные ў грудзях,
І балюча так робіцца жыць,
І шукаеш чагосьці ў людзях.
Беларусь, Беларусь… гэтых слоў
Пойме музыку, хто ўсёй душой
Іх магутны, тужлівы іх зоў
Зловіць думкай сваёю жывой, —
Затрапеча, бы ранены, ён,
Задрыжыць пад навалаю дум:
Гэткі страшна-пакутны іх стогн
І аб волі бязмерны іх сум.
Беларусь, Беларусь — гэта дзей
І разумных, і слаўных прыклад;
Край вялікіх і дум, і людзей,
І бяздольна схіліўшыхся хат,
Дзе нядоля і гора спрадвек
І бяднота сярмяжных жывуць,
Крыўда дзе, паняверка і здзек
Краскай макавай ярка цвітуць.
Беларусь — край замчышч, курганоў,
Дзе таяцца страхоцці і звод,
Дзе русалкі выходзяць з віроў
І начніцы вядуць карагод,
Дзе пад шум каласоў ведзьмары
На палетках заломы кладуць
І ў купальскую ноч у бары
Забабоны ў пацёмках снуюць.
1920


Покліч


Пад штандар бел-чырвона-белы
Гартуйся, раць, адважна, смела
Адважных, храбрых ваякоў!
І ўспомняцца старых вякоў
Паходы мужныя у славе,
Часы Альгерда, Ізяслава,
Грунвальдскі з немцам бой!
І боек даўні цяг з Масквой!
Пад знак Літоўскае Пагоні —
Абараняць краіны гоні,
Народ забраны вызваляць,
Ісці к святлу, святлом палаць —
Спяшайся той, хто к волі рвецца,
Ў кім беларуса сэрца б'ецца!
Збірайцесь — ўсе, як бы адзін, —
Арлы радзімых пушч, нізін!
Не плач, не плач па сыну, маці, —
Сягоння сорам быць у хаце,
Бо ўзнят за волю грозны меч,
Бо хутка будзе злая сеч,
Няхай і ён, юнак адважны,
Ідзе туды, дзе б'ецца кажны
За волю новую без слёз,
За лепшы Бацькаўшчыны лёс.
Пад штандар кожны здатны, гожы,
Досць нас наезнікам варожым
Трымаць ў прыгоне, беднаце,
Смяяцца нашай цемнаце,
Багацце краю нішчыць, пляжыць —
Чужынцу годзе намі княжыць
І карыстацца з нашых плеч!..
Мы к волі йдзем — з дарогі прэч!..
1920


Я кахаў


Я кахаў… Ах, калісьці даўно я кахаў!
Аж тады, калі моладасць ззяла ў вачах,
Калі гора і смутку я, дужы, не знаў
І адвага кіпела ў грудзях, —
Шчэ тады, аж тады я кахаў!..
Але збег і загінуў, як мара, той час:
Пагубляў я ўсе радасці год маладых
І сябе, і жыццё праклінаю не раз…
А цяпер, як у небе пас зор залатых,
На шляху маім свеціць той час.
1920


Матылі


Помню — хлопчыкам маленькім
Падабаў я зелень ніў
І на пожні, каля рэчкі,
Матылёў лавіць любіў.
Так у гульнях і забавах
Дзень за дзень міналі ўслед,
А у ночку на Купалле
Ў лес шукаць бег агняквет.
А цяпер, калі шукаю
Праўды, шчасця для людцоў,
Ці не тое ж дзіцяня я,
Што лавіла матылёў?
1920


«Мы любім даўнія паданні…»


Мы любім даўнія паданні,
Быліцы сівых песняроў.
Няхітры іх апавяданні
Аб справах мінулых часоў.
Нам даспадобы чэрпаць веду
Гісторыі з пажоўклых кніг;
З рукопісаў пра быт прадзедаў
Даведацца, што сведчыць мніх.
Прыемна нам дзядоў надзеі,
Іх тайны думы адзначаць,
Вялікія ў мінулым дзеі,
Дзе й як змагалась наша раць.
Шануем мы бацькоў імёны:
Навука й прыклад нам яны;
І помнім мы і веча звоны,
І вольнасць роднай стараны;
І нат мамэнты заняпаду —
Ў далёкім сумныя лісты —
Распазнаваць нас вучаць здраду
І родзяць помсты гнеў святы.
Але нам будуць ўсё ж мілейшы
Часы, калі з нізін, балот
З надзеяй ў шчаснасць дзён святлейшых
Устане ўзбуджаны народ.
Не відна йшчэ у завірусе,
Куды ляжыць ягоны шлях,
Але дух творчы ў Беларусі
Жыве й змагае долі жах.
І, можа, толькі той збаіцца
Падзей вялікіх нашых дзён,
У кім жыцця не б'е крыніца,
Хто спіць і здолець недуж сон.
1921


Замчышча


Наўкола роў, травой паросшы і шырокі,
За ім астача сцен зруйнованых замковых…
Тут князь калісьці жыў багаты, ганаровы,
І слава-чутка йшла аб ім у свет далёкі.
Цяпер жа сумна мур глядзіцца адзінокі,
Ў праходах вецер рве, здзьмухае пыл вяковы,
Ўначы стагнаннямі і плачам страшаць совы,
І кажаны лятуць на дзень ў цвілыя лёхі.
А ў вёсцы блізкай дзед старэнькі бае, сівы,
Пра страхі розныя, што там таяцца, й дзівы
Начніц, што пацеркі нанізваюць з расы
І на шляху снуюць і сеюць спеў жуды;
Ды аб княжне дзіўной, нябачанай красы,
Ў замковай вежы век згубіўшай малады.
1921


«Вельмі шаноўны пан Рэдактар!..»


Вельмі шаноўны пан Рэдактар!
Дару Вас крэйзаннем сваім.
А гэта досі важны фактар —
Павінны вы згадзіцца з тым, —
Каб не пісаць звычайнай прозай,
А ўціснуць думку ў гучны «мэтр»,
Хоць розум кажа мне з пагрозай —
Ад дурня я на сантыметр.
Ды ўсё ж хацеў бы мець надзею
(Мо шчырасць гэтка пану ўперш),
Што добрым будзе пан суддзею
І не асудзіць гэты верш.
А прачытаўшы ўважна тыя,
Што я пры гэтым дадаю,
І прысудзіўшы: «не благія»,
Ў газету змесціць іх сваю.
Калі ж і ў мілы панскі кошык
Перападзе якая рэч, —
Не будзе крыўдна ні на грошык,
Хоць стоража шкадую плеч.
А нумар з творам маім першым
Сюды дайшоў — прыемны яў.
Але пара мне кончыць з вершам.
Калі ж што лішняе сказаў,
Хай мне даруецца абмылка.
Затым з пашанай застаюсь
Ўладзімір, сын Адамаў, Жылка,
Па волі лёсу беларус.
1921


«Люблю, не знаючы пуціны…»


Люблю, не знаючы пуціны,
Ісці праз лес, балота, гаць,
Мінаць квяцістыя нізіны,
Пад грушай ў полі спачываць;
Спаткаць між жыта крыж пахілы
І старца з хлопчыкам малым,
Звычай шануючы мне мілы:
«Дабрыдзень!» — прывітацца з ім;
Прайсці ўздоўж вёскі беднай, шэрай
З панурым радам сумных хат,
І думаць: як ты тут ні мерай,
А ў беднаце гаруе брат;
І напаткаць руіны ў полі,
Дзе мох на рэшце сцен узрос,
І занудзіцца мімаволі,
Згадаць замчышча сумны лёс;
Не зразумець, чаму руіны
Ў сабе таёмны тояць жах,
І ці не светлы для Краіны
Відаць наперадзе ўжо шлях?
1921


Каханне


З'явілася, і чую сіл крыніцу,
І думы незвычайныя мае, —
То боль жыцця, то лёгкасць смерці сніцца,
І сэрца незнаёмае пяе.
Яна ж красой варожыць, чараўніца:
Як гады, віснуць косы з плеч яе,
А вочы з-пад павек — з-за хмар зарніца,
І тайнасць складак вопраткі заве.
Атручан хмельным соладам кахання,
На кліч таёмны йду без дум, пытанняў
Вітаці светлавокую Лауру.
А з вуснаў шчырых рвецца ўжо санет
Гучны, нібы віхор свавольны ў буру,
І радасны, бы ўлюблены паэт.
1921


Дзед


Патухшымі вачыма
Глядзіць на божы свет
Стары, у крук сагнуты
Як голуб, белы дзед.
Пражыў на свеце многа:
Без нечага сто год,
За век пабачыў гора,
Нямала вынес слот.
Калісьці, да паўстання,
Рабіў, цярпеў прыгон…
К нямцом не раз віціны
Ганяў па Нёмне ён.
Меў сілу непамерну,
Здаровы быў, як мур,
Таму так жыва, з песняй
Арэ сын родны шнур;
Таму так — шчыры ў працы —
Будуе Край унук,
Адважны і бясстрашны,
Не пакладае рук.
А дзед жыве мінулым,
Таемным і глухім,
Гаворыць-бае казкі
Аб даўнім і сівым:
Пра войны, панства, войтаў,
Русалак і начніц, —
І хараством чаруе
Няхітры склад быліц.
Ды часта паглядае
За вёску ён… туды,
Дзе між бяроз пад крыжам
Спачыне ад бяды.
Ды хоць стары, а думку
Гадуе ўсё адну:
Хоць перад смерцю ўбачыць
Свабоднай старану.
1921


Пралескі


Маці-зямля радзіла іх
Ад першых пацалункаў сонца.
Між зёлак леташніх, сухіх
Яны ў бары ўзышлі ў старонцы.
Шумяць шторазу весялей
Над імі хвоі аб прадвесні,
І вецер штодня ласкавей
Іх песціць і пяе ім песні.
І хоць зімы відаць сляды,
Яшчэ марозіць часам ночкай,
Ды больш не страшаць халады.
І верыш мілым сінім вочкам;
І любы так бясконца мне
Яны, з усмешкай ціхай дзеці…
Пара іх, кволых, праміне,
Прайдуць яны, як ўсё на свеце.
Але ўжо мкне душа мая
У сіню даль, за пералескі,
І ў сэрцы ўсходзяць — чую я —
Тугі вяснянае пралескі.
1921


Незразумелае

О, как убийственно мы любим…

Ф. Цютчаў

Як малой ты хапала агонь,
І казала з трывогаю маці:
«Гэта жыжа, дзіцятка маё!»
Ты спяшалася ручкі прыняці.
А цяпер вось кахання агню
Аддаеш пачуццё ты і сілы,
А заўважыць хто гэта табе —
У адказ ты смяешся так міла…
1921


Скажы


Гэтых вочак ясны свет,
Постаць і аблічча —
Ах, зрабілі, што няслед:
Мучаць, вабяць, клічуць.
Як русалка, ўся яна
Пераменна, квола:
Вось зіяе, як вясна,
Раптам — невясёла.
Часам гутарку зачне
Ці пяе няспехам,
Потым гляне на мяне
І абдорыць смехам.
Яе ж погляд, яе смех…
Дзе ад іх мне дзецца?
Любіць сэрца… як на грэх,
Птушкай б'ецца ў клетцы.
Чую, кажа: не блажы,
Пакінь, міла, кпіны,
Калі любіш, дык скажы,
А не муч хлапчыны.
1922


«Чырванее заход ад марозу…»


Чырванее заход ад марозу,
Пад нагамі парыпвае снег;
Быццам чорная думка, з пагрозай
Змрок паўзе, выглядае з-пад стрэх.
К ночы вецер падняўся у боры
І бушуе з канца у канец,
А на вокнах з'явіліся ўзоры…
Гэй, пара запаліць каганец!
Доўгі вечар зімовы, без меры,
Песням ветру ўважаць немага…
Слізкай гадзінай, вузкай і шэрай,
Аблягае ля сэрца туга…
1922


Палімпсест


Ёсць рукапісы, змест якіх сцярты, ледзь знаць,
Ці нат другі напісан сэнс бязбожна.
Іх палімпсестамі1 прынята здаўна зваць,
І першы іхні змысл пайме не кожны.
Краіна родная! Так сталася й з Табой.
Багацце й хараство твае прыроды
І прошласць слаўную змяшаў чужак з гразёй
І словы вывеў гідкія для зводу.
Але народны дух, разбіўшы мур турмы,
Здалеў вяковы бруд паганы змесці.
І з дзіўнай любасцю чытаем тое мы,
Што захавалася на палімпсесце.
1921


Віхор


Гасцём і мараю трывожнаю
Зляцеў да нас з-пад самых зор.
Краінай любаю разложнаю
Імкне, гудзе, шуміць віхор.
І не, не злы, але бушуючы,
Ў шалёным імпэце ўвесь ён,
Ваду азёр і рэк хвалюючы,
Пусціў па пушчах песню-звон.
Грыміць, гудзе ўсё недарэчнае,
Штораз віхор гучней, прудчэй.
Услухайся, паймі адвечнае —
І гімны вырвуцца з грудзей.
Пара, пара дазнацца, зверыцца
Сваіх магутных сонных сіл!
Адважны хто спыніць намерыцца
Размах жыцця і творчы пыл?..
Дзе йдзем? І дзе капцы канцовыя?
Дзе ходу нашаму мяжа?..
Ў адказ віхор пяе ўсё новае,
І лязіво блішчыць нажа!
1921


«Душа мая тужлівая…»


Душа мая тужлівая —
Лілея між балот.
Яна ўзрасла, маўклівая,
Між багны сонных вод.
Ёй сніцца неба сіняе,
Дзе сонечна вясна,
І песняй салаўінаю
Атручана яна.
І нешта патаёмнае
Шапоча родна ціш,
І ў ночы цёмна-цёмныя
Чаруе зорна выш.
Наўкол жа ціна брудная,
І плесня, й гідкі пах,
Чыесь уздыхі трудныя,
Нуда і нейкі жах.
І штось незразумелае
Шуміць-пяе чарот,
Чаго не пойме белая
Лілея між балот.
1921


Сёмуха


Начыста змецены і вуліца й двары,
Ля ганка і варот паўбітыя бярозкі —
Сягоння Сёмуха, сягоння свята вёскі,
І весялейшае не знойдзецца пары.
Пагодны, ясны дзень. У полі і ў бары
Паветра хмельны пах, смяюцца сонца коскі,
А ў хаце бел абрус, падходны блін — дар Боскі
І шчасцем свецяцца мужычыя твары.
І веру радасна я болей, чым калі,
Ў вялікі лёс і шлях Радзімае зямлі:
Абуджаны народ быліц дазнае сказ —
Узрушыць як адзін пры свеце бліскавіцы.
Прыйдзі хутчэй! Я жду цябе, жаданы час.
Дай думам сёмушным і казкам дай здзяйсніцца.
1921


«Як ўсё ў жыцці…»


Як ўсё ў жыцці, яшчэ вясна
Мінула ў вечнасць назаўсёды.
Памножыла тугу й нягоды,
Як ўсё ў жыцці, яшчэ вясна…
Душы ж як бы чагосьці шкода,
А думка за адной адна:
Ў тваім жыцці яшчэ вясна
Мінула ў вечнасць назаўсёды.
1921


Прадчуццё


Неба пахмурае… ймгліць невясёлае…
Нібы ў бяздоллі сумуе…
Нечым стрывожана сэрцайка кволае.
Чым? — адказаць не магу я.
Можа быць, гэтая даль непагожая
Крые у хмарах няшчасці?
Можа, збіраецца сіла варожая
Новы наслаці напасці?
1921


Вечарам


Вось і паў ужо змрок,
Ды заціх дзённы рух,
А агонь ў аблакох
Дагарэў і патух.
На лістох, на траве
Заблішчала раса,
І ўзышла, і жыве
Ў небе зораў краса.
Ціха ночка брыдзе —
Поўна чараў і сноў;
Смех чутны ў грамадзе,
Што вяртае з палёў.
Пасля працы цяжкой,
Дзень правёўшы ў касьбе,
Песняй сумнай такой
Нехта цешыць сябе.
І плыве яна ўдаль
Над разлогам палёў,
Чуцен гора ў ёй жаль
І надзея без слоў.
А ў адказ на яе
То цішэй, то мацней
Пяе песні свае
У гаі салавей.
Іх пачуеш, і ўраз
Дзіўны сум агарне,
І згадаеш ў той час
Аб сваёй ты вясне.
1921


Вецер


Вецер ўварваўся праз весніцы,
Пыл на дварэ крутануў.
«Вер, што жаданае здзейсніцца»
Ласцячы вуха, шапнуў.
Шпаркі і смелы ў захопленні,
Лёгка праскочыў праз плот,
Штось зашумеў між каноплямі,
Борзда мінуў агарод.
Там жа, дзе жыта з пшаніцаю
Спеляць свае каласы,
Блытаў, віхрыўся дурніцаю
І перабег на аўсы.
Лесу пабачыўшы цёмнага
Хмура-задумны аблік,
Быццам спужаўся таёмнага,
Сцішыўся, зменшыўся, знік…
1922


Туман


Навіс пасцілкаю туман,
З імглы сатканы густа-густа,
Заслаў лес, поле і курган,
Паўзе да хат, як смоўж той тлусты.
І, быццам цяжкі грэх жыцця,
На сэрца шэрай лёг жудою,
І яснасць дум і пачуцця
Прыкрыў, халодны, ён сабою.
1922


«Толькі той, чый вольны дух…»


Толькі той, чый вольны дух
Застаецца ў бойках квол,
Толькі той, хто творыць рух
Беларускіх мест і сёл,
Толькі той, хто вера ў цуд —
Лепшу долю курных хат,
Толькі той, хто любіць люд,
Толькі той — мой любы брат.
Брат — бо думкі ў нас адны
І адзін злучае лёс,
Бо для роднай стараны
Долі хочама без слёз.
Мы мацнеем што ні раз,
Чуюць моц чужы і свой.
Жджэм: надыдзе грозны час —
Будзе радасць, будзе бой.
Пагалоска здзівіць свет,
Заварожыць песняў тахт, —
Бо значон дзядоўскі след
І вядзе у далі шлях.
А мо спыніць які кат?
Мо спужаемся чагосць?
Калі трэба, ўмерці нат
Нам не страх, а шчасце ёсць.
1922


Раніцаю


Бывайце! Ізноў мне ўсміхаюцца далі,
І сонца ў крыві і пястуе валоссе.
Забыўся я дома нудоту і жалі,
І ў свеце — мне сніцца — ліхое звялося.
Чароўнасцю веюць хмурынак румянцы,
І з цішаю звонкасць цалуюцца ў губы.
О ветрыку свежы, скажы там каханцы,
Які гэты свет — і салодкі і любы!
Іду я па росным зялёным каберцы,
І песня ад шчасця ў знямозе нямее,
І сэрца, як сонца, і сонца, як сэрца,
Сусветнае сэрца гарыць, палымнее!
1922


«Ізноў пытанні…»


Ізноў пытанні… З глуму,
З бяды ўстаюць ў кляцьбе.
І не магу не думаць,
Край родны, аб Табе.
Дазнаў кахання й мушу
Дзяліці лёс благі,
І знак кладуць на душу
Твае мне ланцугі.
Я звону іх цяжкому
Склаў песню не адну —
І не аддам нікому
За ўсякую цану.
Выходжу з хаты рана,
Каб стаць за азярод
І першаму з туману
Пабачыць сонца ўсход.
Каб на ўзрунелых рытвах
Усцешыцца цяплу
І раннія малітвы
Паслаць яму — Святлу:
«Спалі, калі так трэба,
І пожні, і пале,
Пашлі грымоты з неба,
Віхор пашлі, але
Хай пройдзем праз напасці,
І дачакаю хай —
Убачыць ў новым шчасці
Мужычы Край».
1922


«Тваё пісьмо…»

Л.С.


Тваё пісьмо… Пасля даўгіх гадоў
Расстання, сноў благіх, надзей абманных.
З трывогаю ў радкі ўглядаю слоў,
Рукою пісаных каханай.
Абуджаны дзіўныя пачуцці,
Узрушаная мысль ўяўляе жвава,
І абразы, што зніклі ў забыцці,
Ўстаюць у памяці яскрава;
І твой аблік ласкавы, мілы,
Пастаць і пасмы светлыя валос,
І к перамогам з новай клічаш сілай
Мяне, знямогшага ад слёз;
І радасць светлая з радкоў цячэ
І абнаўлення чары ў сэрца сее…
Нібы не ўсё загублена яшчэ,
Нібы магчымы йшчэ надзеі…
1923


«Нікне ў імгле старана…»

Все поют и поют вдалеке…

А. Блок

Нікне ў імгле старана…
Пільна сачу праз туман…
Нечая песня чутна,
Нечы зыбаецца стан…
Лёс даручыў палашу,
Моўчкі, даўно сцерагу…
Песня трывожыць душу,
Слоў зразумець не магу…
Існасць не ўнятна праяў:
Загадкай дрэмле разлог,
Тайнасці лёс захаваў,
Далі сцяною аблёг…
Буры пара б нагадаць
Шэрасць дакучлівых хмар.
Сэрца прыстала жадаць,
Гасне паволі пажар.
Сны на павеках маіх:
Згіну без сіл, небарак…
Толькі вось спеў не заціх —
Словаў не ўцямлю ніяк.
1922


«Дарма, што значны раны…»


Дарма, што значны раны,
Праз небагаты ўбор
І тужны, праз туманы
Відаць вачэй дакор, —
Яе аблічча светла,
Узорны — тканы пас,
І летуценні ветлы
Аб недалёкі час.
Між пушч Яе сяліба,
Дзе хіліцца асець,
І там, дзе цьмяна скіба,
Прыходзіць песні пець;
І там, дзе над балотам
Кудлачыцца туман,
К густым рачным чаротам
Мільгае лёгкі стан;
І дзе над даўным сумна
У неба крыж ўстае,
Падгледзеў я задумнай,
Маркотнаю Яе.
Аддана, кім — не знаю,
Душа ў Яе палон,
Але няма адчаю
Ў марудным бегу дзён.
Надзеюся і веру
Патайнаму сляду, —
Нясе ў самотнасць шэру
Яна маю гвязду.
Малюся Ёй, упарты,
Палону тайна рад:
— Хай, верны, буду варты
Тваіх жабрачых лат.
Дазволь з Табою разам
Спаткаць нядзельны час,
Каб новай песні сказам
Хваліці Твой абраз!
1922


«Устае туман бялявы…»


Устае туман бялявы
Над балотным імшаром,
Дагарэўшы, дзень ласкавы
Змрок ахінвае крылом.
На заходзе ў шэрых клубах
Дагарае светлы пас.
Я цябе чакаю, люба,
Ў гэты ціхі змрочны час.
Я чакаю, я гатовы,
Слоў нанізываю ніць,
Каб істужкай брыльянтовай
Пасмы светлыя абвіць.
1922


«Нібы вялізны чорны птах…»


Нібы вялізны чорны птах,
Заслала хмара зорны шлях;
Ды не пасвежала прырода,
Не пала ў полі прахалода.
Ў паветры мляўка пасля спекі,
І душна, і трывожна ноч…
Вось хтось магутны ўзняў павекі —
І свет мільгнуў агніста з воч.
Ўрачыста-грозным, гулкім смехам
Загрукатаў пярун ў адказ,
І загукала згодна рэха,
Грымотны зразумеўшы сказ…
І змоўкла ўсё, на час знямела,
Прыціхла ноч і жджэ нясмела…
Ша! хтось застукацеў аб дах,
Нібы ў бяссіллі чорны птах.
1922


Дзіця


Са смехам па пожні так жвава
Бяжыць, матылька даганяе
І топча і кветкі, і травы
Дзяўчынка, нябога малая.
Дзіця, супыніся часіну!
Ў жыцці без патолі і ласкі,
Як злыдні й нягоды ахінуць,
Ці ўспомніш стаптаныя краскі?
Пад сонцам вясняным і шчасным,
Ў вясеннюю светлую пору
Стаптаныя, ссохнуць заўчасна
Яны без тугі і дакору…
. . . . . . . . . . . . . . . .
Дзіця, супыніся і далей
Бяжы па зялёнаму долу…
Такія блакітныя далі,
Так проста і ясна наўкола!
1922


На ростані


На ростані дарогаў многа,
А лучнасць іх — пахілы крыж.
І вецер лёгкі на разлогах,
І неба яснасць, шыр і выш.
Ранейшай працы дасяганні,
Наўкол — зялёныя жыта;
І свежасць росаў светлых рання,
І траў высокіх любата.
І так прывабны далі, далі
Ў задуме вечнай і смузе,
За той смугою думкі ў жалі,
Нязрадна, вечна у тузе.
І торба вось, і кій дарожны:
Пара ў пуціну мне даўно…
А я — нясмелы і трывожны,
А я — на ростані адно.
1923


«Бясспынна, глуха процьма часу…»


Бясспынна, глуха процьма часу
Глытае хараство і моц.
Заход бяздушным, светлым пасам
Адзначыў свежае дзярмо.
На могілках ўдыхаю цішу,
Адзін жывы паміж крыжоў,
А смутак дзіўны сэрца крышыць,
Без назвы смутак і без слоў…
І раптам стала зразумелым,
Што маладосць прайшла мая,
Што я астыў, калісьці смелы,
Калісь гарачы, яркі я.
Стаю разважны і халодны,
Як сутуняючая даль,
І толькі сум сябруе згодна,
І толькі жаль, балюча й жаль.
Вось крыж і новыя балясы,
Грудок, абложаны дзярмом…
Бязлітасная процьма часу,
Не я — пад тым крыжом!
1923


Напярэдадні


Ружовая стужка на ўсходзе,
Як сцяг пераможнага дня;
І мроіць аб светлым прыходзе
Пярэдадня змрок-цішыня.
Халодныя, светлыя росы,
Спакой, нерухомасць і сон;
Здаюцца траве ўжо пракосы
І косаў сярэбраны звон.
Ў амшарах, балотах, лагчыне
Бялявы, празрысты туман;
А неба — глыбока і сіне,
А неба — бязмежны дыван.
І лес у чаканні бязмоўным
Зялёнай жывою сцяной
Стаіць, маліцвеннасці поўны,
Ўрачыста, як на мшы святой.
Зацвіркала першая птушка,
І ветрык павеяў свяжэй.
Ружова-ядвабная стужка
Палае ярчэй і ярчэй.
1923


«Ляпей жабрачы лёс…»


Ляпей жабрачы лёс,
У рукі кій, за плечы торба;
Ляпей страха нябёс,
Бясконцы шлях і леры корба;
Ляпей чужыны золь,
Сцякаць ад чорнай працы потам;
Ляпей, не змогшы боль,
Сканаць самотнаму пад плотам, —
Але не лёс раба
З бязволля ўласнага й бяссілля;
Не гэтая жальба,
Не скутыя рабамі крыллі.
Хто волю верна сніць,
Працят лятункам аб вялікім,
Таго не спакусіць
Ні ўладай, ні дабром бязлікім.
І хай прысуд гняце
І нікнуць вербалозы ніца, —
Душы аб пекнаце
Непераможна-думных сніцца.
1923


Смяротны пах


Ёсць боль затоенай тугі
У кволым паху звялых кветак,
Нібы ў канання час благі
Ім родны марыцца палетак.
Нібы шчэ вераць — вось дыхне
Паветра хваляю гаючай
І з хаты верне іх вясне,
І знаюць — згуба немінуча.
Людская жорсткая рука
Іх, далікатных, ў поўным квету,
Там, дзе прастор, палі, рака,
Сабрала рупна да букету.
І на маім стале зямлі
Краса, найвысшая аздоба,
Яны цвілі і адцвілі —
І тайнай іх была жалоба.
Ў самотнасць невясёлых дзён
Яны ўвівалі летуценні
І згадкі лёгкія, як сон,
Аб сонца радасным праменні.
І раніц звонкіх галасы,
І чуласць ветру незвычайна,
І хараство густой расы
Прачыстай валадалі тайнай.
І не дазнаў ніхто б яе,
Калі б не гэты пах смяротны,
Што дымам кадзіва ўстае,
Такі тужлівы і маркотны…
1923


«Я люблю густыя шумы…»


Я люблю густыя шумы,
Перагуд высокіх хвой.
Ў цень і ціш лясной задумы
Я люблю прыйсці вясной.
Спачываючы ад болю,
Ад няпраўды і маны,
Пазнаваць чужую волю,
Дыхаць пахам сасніны.
І, спусціўшыся лагчынай
У заросшы дол сыры,
Між бяроз, густой ляшчынай
Заблудзіцца ў гушчары.
Дзе таёмна, сцішна, змрочна,
Дзе вільготны мяккі мох,
Дзе ўзіраецца ставочна
Збуджаны Перапалох.
1923


«Насоўвае пушча…»


Насоўвае пушча
Магутнай зялёнай сцяной.
Ўваходжу у гушчу
Высока узняўшыхся хвой.
Павага й зацішша,
Прасветы ў павеці жывой.
І вецер калыша
Страмкіх верхавін галавой.
Салодка паверыць
Ў разложысты шум над табой
І, сцішаным, мераць
Пуціну павольнай ступой.
І слухаць бязмоўна
Чароўнасць трывожнай душой,
Грудзямі да поўна
Ўдыхаці стыхіі спакой.
1923


«Векавечны хмуры бор…»


Векавечны хмуры бор
Горда ўзносіцца высокі.
Моцна пахне хвояў смоль
Ад пякучай ліпня спёкі.
Сонцам спалены чабор
І густыя смягнуць травы,
Гарачынню з блізкіх поль
Тхне ў паветры нерухавым.
Ў небе яснасць і прастор,
Даль празрыста і бясхмара;
Мляўкасць, парнасць і бязволь,
Думкі вялыя ад жару…
Ах, знайсці б між дрэў ля гор
Ручаінкі бег самотны,
Супыніць бы смагі боль
І спачыць на ймху вільготным.
1923


Зімовае


Снег, завея; вецер вее,
Круціць, дзьме.
Віхар гонкі, гучны, звонкі
Ў белай цьме.
Комам ліпка, снегам сыпка
Сее сеў.
Носіць тайны, спеў адчайны,
Смерці спеў.
Я трывожны… ў бездарожжы,
Ў беспуцці
Воля-вехаць. Як даехаць?
Як дайсці?
Сівер злосны, вее млосна,
Міма ймкне.
Дзе прыпынак, дзе спачынак?
Блукаць мне.
Холад, сцюжа… Сцежка вужай
І размах.
Стыне сэрца ў паняверцы,
Множыць жах…
Гнецца ніжай, к долу бліжай
Галава…
Лёс нямілы: крыж пахілы
І жарства!
1923


Марта


Апратка проста і будзённа,
Сабраны ў косу валасы,
Снуе задума звольна, сонна
Убор звычайнае красы.
Нібы ў гадзінніку пясковым,
Плыве цурок драбніц-клапот,
Жаданні цюцькаю вартовым
Не адбягуцца ад варот.
Бяздум'е броваў непрывабна,
І на твары спакой цяжкі,
Пастава пруткая нязграбна,
Нязграбны рух яе рухі.
Імя, як ноч, глухое — Марта
Не зачаруе чулы слух,
Пагляд прыцішаны, упарты
Лятункамі не ўскрыліць дух.
Вось гэткую, Хрысце, ў Бетане
Ты знаў, як я, ў сваю пару,
Марыі, ўзвышанай каханнем,
Затурбаваную сястру.
І Ты, калі ад воч Марыі
На Марце супыняў свой зрок,
Ты сілы знаў яе зямныя,
Няўдалы, цяжкі бачыў крок.
І Ты пад лёгкаю тканінай
Грудзей заўважваючы спель,
Ты чуў, як кроў стае няўпыннай,
Як захмяляе цела бель.
І дума здрадная самоты
Ўзнікала іскрай між другіх:
Ці гэткім аддаюць пяшчоты?
Ці льга кахаць такіх брыдкіх?..
Прайшлі вякі… Яна ж адвечна
Ўсё тою ж буднасцю цвіце,
І я на думцы недарэчнай
Лаўлю сябе, як Ты, Хрысце.
1923


«Крыху ўзрушаны і рады…»


Крыху ўзрушаны і рады,
Спатыкаюся з табой,
І цвітуць твае пагляды
І ўва мне і нада мной…
Ты варожыш, ты чаруеш,
О чароўная, бы світ,
Абяцала — падаруеш
Губ вясёлых аксаміт.
І вясною веюць пасмы
Хмелю светлага валос;
Уступаем ў светлы пас мы, —
З намі, з намі светлы лёс.
З намі кволасць, з намі казкі,
Летуценняў лёгкі лёт.
Пацалункаў плюскат, ласкі —
Ўсё ў адзіны карагод.
Толькі мовіць мне нясмела
Ўсё пабожна, што таю,
Толькі ўзяць рукой знямелай
Руку дробную тваю…
Ды, халодны і стрыманы,
Не скажу патрэбных слоў,
Адыду ў мае туманы,
Ў неазначнасць белых сноў.
І адтуль, як сказ балады,
Сутуняючай парой
Будуць згадвацца пагляды,
Дараваныя табой.
1923


«Зацвілі твае вочы між тлуму…»


Зацвілі твае вочы між тлуму,
І, здаецца, твой стан мільгануў,
Перарваліся ніткаю думы,
Даўны смутак ціхутка крануў.
Быццам ветрык, збудзіліся згадкі,
Ў жыце ветрык драмаўшы між хваль;
Закружыліся лёгка, без звадкі,
І памкнулі ў блакітную даль.
Стала дзіўна, што годы так шпарка
Прашумелі, бы ўвосень лісты,
Жоўтым лісцем алеямі парку
І ляглі, як смуга, на кусты.
Нагадалася даўняя казка…
Збаіў нехта дарэшты яе.
Але з попелу дзён кволай ласкай
Памяць даўняга міла ўстае.
Нібы сонцам зямля пасля буры,
Я асвечан маім пачуццём,
Нікне хмарнасць на твары панурым,
І вясёлкай я звязан з жыццём.
Як вясенняе ранне без суму,
Далікатны настрой агарнуў…
А ўсяго: твае вочы між тлуму
І твой стан, мне здалося, мільгнуў.
1923


«Не трывож мае самоты…»


Не трывож мае самоты,
Не збуджай пазбытых мук:
Не адкрыю я вароты
На твой позні, слабы стук.
Не скажу: «Ўвайдзі» — як раней,
Як даўней, калісь даўней,
Сэрца голас твой не кране,
Не абудзіць больш надзей.
Я забыўся слоў-любошчаў,
Далікатных кволых слоў,
Там, дзе вецер свішча, хвошча,
Я аселішча знайшоў.
Там, дзе ў горах снежных, стромых
Толькі песні завірух,
Дзе шляхі адно свядомых,
Там мацнее мужны дух.
І даведайся: салодка
Закаханасці палон
Замяніць на бур паводку,
На віхур свавольны звон.
1923


Хараство


Няясны і трывожны сны людства,
І блудны цёмныя яго дарогі,
Але па-над будзённыя трывогі
Узносіць нас туга да хараства.
Так дробная вясковая дзятва
З-пад курных стрэх (прытулак іх убогі)
Да рэчкі бег кіруе на разлогі,
Дзе яснасць вод і золата жарства.
І верым мы, што злучны дух і маса,
Гармонія ў жыцці і сэнс-акраса;
Прытулак ёсць, дзе адпачьць ільга,
Дзе дасканаласці чаруе ўсмешка.
Ды дзіўна неяк: хістка сцежка
І да яго вядзе людство туга.
1923


«Да Пятра зязюленька…»


Да Пятра зязюленька
Ў лесе кукавала;
Да шлюбу Гануленька
Весела спявала.
Ды гуляла, цешылась,
Не хапала ночы,
Ой, вячоркі-веселасць,
Ой, гады дзявочы!
Мінула зязюленькі
Ў лузе жыраванне.
Сцішала Гануленькі
Пры бацьках спяванне;
Не цвіці ты, зеллейка —
Рута-мята ў садзе;
Ўбралі Ганну ў беллейка,
Садзяць на пасадзе.
— Ой, каханы татачка,
Нашто ж рыеш яму —
Выдаеш дзіцятачка
За нялюба замуж?
— Ой, матуля родная,
Чым табе не міла,
Ці была нягодная,
Ці не дагадзіла?
Чула сэрца чулае,
Не паможаш просьбай…
Выдаюць патулае
Татка з мамкай грозьбай.
Пойдзе кветка польная
Ў свет чужы за светы
Праклінаць бяздольныя
Маладыя леты.
1923


«Я — грамнічная свечка прад Богам…»


Я — грамнічная свечка прад Богам.
Ціхай, ціхай згараю малітвай
За блакітную к небу дарогу,
За ўзрунелыя зелена рытвы.
Ўсемагутны! Вось сэрца паэты —
За народ Твой Крывіцкі ахвяра!
Дым кадзільны — жар вершаў — прад светам
Узнашу да Цябе па-над хмары.
Мы абвеяны злой сухавеяй,
І балотдушыць ліпкая плесня,
І дарма зацвіталі надзеяй,
І дарма снілі сны напрадвесні.
Ў бездарожжы зблудзілі глыбока,
Пацямнеў цёмны шлях наш цярновы…
Не адмоў нам паслаці прарока
З цвёрдай верай і словам агнёвым!
Цішу досвіткаў цьмяных
Абуджаю жальбою вялікай:
Расчашы ты сівізну туману,
Празіяй жыватворным Аблікам!
Да Цябе уздыхаюць са мною
Капытом здратаваныя нівы,
На аблогах — бадыльнік з лазою
І чарот па-над ставам шумлівы;
Уздыхае кароўка-худоба,
І авечка на голым папары,
А каняка схіляе з жалобай
Галаву пад нязмерным цяжарам.
Узгляніся!.. Злітуйся над ніцым!..
Маё гора усёды, усёды:
Мае слёзы — ў дажджах навальніцы,
Мае енкі — у стогне народу.
І туга мая — з ветрам на полі,
Мая смага — гаючай крыніцы:
Няхай будзе і праўда, і воля,
Твая Воля на роднай зямліцы!
1925


«Твае блакітнасці нязменны…»


Твае блакітнасці нязменны,
Нязменна хараство тваё.
А я атруты келіх пенны
Разліў якраз ў жыццё маё.
Душа, адданая прынадзе,
Цяжкой і горкай, як палын,
Забыўшыся ў карчомным чадзе,
Ўбірае пах густы нізін.
Мяцеліцы ў жмут паспляталі
Без падзялення ночы й дні;
І брудна-жоўтай плямай сталі
Святло й электрыкі агні.
І нецвярозы і распусны,
Забыўся я тваё імя,
І не адны галубіў вусны,
І не з адной схадзіўся я.
Хоць праўда (мо і выпадкова),
Ўстаюць няясна інады,
Як скарбы патаёмных сховаў,
Даўно забытыя гады.
Мільгне праз хмельныя туманы
Жыцця разбаенага сказ, —
І моладасць, і сны, і раны,
І любы, любы твой абраз.
І нагадаю маліцвенна,
Ў збавенне ўверыўшы сваё:
Твае блакітнасці нязменны,
Нязменна хараство тваё.
1924


Маёй маці

І


Выпраўляла маці сына
На чужую старану,
Бласлаўляла ладам-чынам,
Каб шчасліва павярнуў.
Ды наказвала хлапчыне:
«Доля прыйдзе ці міне —
Помні, сыне, на чужыне
Аб Айчыне, аба мне!
Не запамятай ніколі,
Будзеш бедны ці багат,
Нашай долі і нядолі,
Нашых пожняў, нашых хат».
«Ой, матуля, ой, кахана,
Не забыцца думкам, не!
Ці то позна, ці то рана
Люты смутак душу тне.
А ўспамянеш, бы ў тумане,
Бацькаўшчыну і цябе,
Сэрца звяне, сіл не стане
Біцца ў смутку і жальбе».

ІІ


Ты чакаеш сына, ведаю,
З гора, ведаю, з тугі
Ўпалі вочы, губы бледыя,
Старыць, сівіць лёс благі.
І нястрымнае, і лютае
Не пазбудзешся нуды;
І клапотамі, пакутаю
Гнуць суровыя гады.
Як бярозка тонкім веццейкам,
Ў сум прыбралася сама,
Бачыць сонца ясным лецейкам,
Што табе пацех няма.
І падслухвае пшанічанька,
Як на постаці адна
Ты ўздыхаеш, і крынічанька
Жалю ўскіпвае да дна.
А зімою ноч падглядае
Доўга, сцішна пад акном,
Як прадзеш, прадзеш, не радая,
Не пазбудзеш думак сном.
Як праз ветру спеў з трывогаю
Ловіш з снегавых далін,
Ці не едзе хто дарогаю,
Ці не стукне ў дзверы сын…
Маё сэрца поўна любасці
Да радзімае мае,
Паміж тлумам у загубнасці
Песні помняцца твае.
І калі лучыць нягодная
Доля згінуць ў чужыне,
Не ўздыхне душа ніводная,
Не ўспамяне пра мяне.
Толькі ты згаворыш пацеры
Над нядоляю маёй,
Толькі вочы мае мацеры
Затуманяцца слязой.
1925


«Ўзысці на вогнішча натхнення…»


Ўзысці на вогнішча натхнення,
Над тайнаю вякоў гадаць;
Валодаць воляй да здзяйснення
І ўмець, безмежна ўмець жадаць;
Перадбачаць далёкім вокам
І з нестрыванай яснатой;
Над хаосам і ночы змрокам
Ўладаць гармонні глыбінёй;
І немым быць, і быць бязгучным,
І не знайсці патрэбных слоў,
Ні абразоў, ні рыфмаў лучных,
Не выказаць тамячых слоў;
Чуць за плячыма пару крылляў
І сіл не мець зрабіць узмах…
О боль смяротны, боль бяссілля!
О жах бясплодства, бляды жах!
1924


Хлопчык


На дубец ускочыў конна:
«Косю, косю, стой жа, стой.
Вось удаўся конь нясонны —
Не пастоіць пада мной».
Хлопчык ладзіцца ў дарогу.
«Ты ж куды?» — «Далёка, проч!»
І, махнуўшы пугай строга,
Шпарка ён імчыцца ўскоч.
Ах, свавольнік мой, патвора,
Бегай, смейся і гуляй.
Не дакучу я дакорам —
З год дзіцячых карыстай.
Што ж, жывучы потым ў свеце,
Нагадаецца якраз,
Як скакаў к далёкай мэце
На дубцы вярхом падчас…
1924


Бяссонне


Смяротнае, глухой тугі
Зіяе чорнае бяздонне…
О час запынены, благі!
О ноч жахлівая бяссоння!
Не сплюшчыць высахшых вачэй
І пустаты не здолець немай.
Душа ў пацёмках, без надзей
Стаіць над нейкаю дылемай.
Тупы, халодны шчэміць боль,
Плывуць бязвольна думы ройма,
І жах цячэ праз сцены, столь
І песціць ў абцугах-абоймах…
Адна-аднюсенькая грань
Да новай, дзіўнае свабоды:
Ўстае у жоўтым, здрадным здань
І ледзянячы вее подых…
Рукой нячутнай Шал кране,
І вернай не мінуць загубы…
Малюся — выратуй мяне,
Спакой адвечны, мілы, любы!
1924


Меч


Яго ў зямлі знайшоў маёй разлогай,
Аручы прадзедаў вузкі загон.
Вясёлым звонам аказаўся ён,
Калі чапіў канцом майго нарога.
Абцёр набожна йржу часу благога,
І заблішчаў старых стагоддзяў сон,
І надпіс на клінку, нібы закон, —
«Дарэшты бой!» — зірнуў загадам строга.
І вось няма нясмеласці, разваг.
Для сэрца вернага — чужынцам страх:
Радзімы схоў вартуйце, маткі, сёстры!
Я з грамадой іду па шчасце нам.
Мой меч зіхціць, непераможны, востры.
Змагуся сам — дык сотням перадам!
1924


«Хто мужны, хто смелы, хто дужы…»


Хто мужны, хто смелы, хто дужы,
Хто цэлем працят залатым,
Над тым неўладарныя сцюжы,
І лёс не ўладарны над тым.
Хто к страху глухі, безразважны,
Хто з воляй каванай, як сталь,
Той хмелем трывогаў адважны,
І шлях яго толькі у даль.
Ёсць радасць у ярасці бою,
Ў змаганні скрыжованых сіл, —
Спаткаць сваю волю з чужою,
З гарачнасцю іншай свой пыл.
Не бледнуць, у час небяспекі
Стрымаць неслухмяную кроў;
Прад вокам упартым павекі
Не хінуць ганебна далоў.
І ведаць — у бойцы зацятай
Пагібельнасць жджэ ваяка,
Ледзь сумніў кранецца шурпата,
Ледзь крыху аслабне рука.
Так досць наракаць на нядужнасць,
На горкія долі свае.
О думнасць! О смеласць! О мужнасць!
Вам песні і песні мае!
1924


«Над нядоляй Тваёй не заплачу…»


Над нядоляй Тваёй не заплачу
І на свой не пажалюся лёс,
Хоць і ведаю — доля лядача
І балюча, часамі, да слёз.
Хоць і ведаю сум і утому
І не раз давяраўся мане,
Ды ці ж мне выгалошваць жывому,
Запяваць паніхіднае мне?
А ніколі, ніколі, ніколі:
Мы — не вецер распачны зімой;
Ты — застанешся верная волі,
Я — на варце нязменна з Табой.
Ні часіны не кінем змагання;
Не аслабне, не здрадзіць далонь:
Хто заквечаны кветам кахання,
Той нянавісці знае агонь.
Чым гусцей над Табой пацямнее,
Чым цяжэй будзе крыж Тваіх плеч, —
Тым запальней здымацца ўзмацнее
Мой кароткі караючы меч.
1924


Восень («Глухой, таёмнай сцежкай…»)


Глухой, таёмнай сцежкай
Падкралася за летам,
Уселася на ўзмежку
І занудзіла светам.
Няўпынна, безнадзейна,
Слязьмі, як мак, драбнютка
Заплакала нявейна,
Маркотна і няхутка.
І з ёю разам хмары
Заплакалі дажджамі,
Навіслі шопай чмархнай
Над вёскамі, палямі.
І то ж бо: неласкава,
Пустэльна поле, гола,
Ў стагах стаіць атава,
І пушча жоўта-квола.
Ў паветры мятульжыцца
Убор вясны раскошні,
Кружляючы, лажыцца
Бясшумны ліст апошні.
Рабіна ўжо чырвона,
Не чуць птушых спяванняў, —
І ў мяккіх шэрых тонах
Настрой ціхі канання.
І на кустах, на руні,
На йржанні-павуценні;
І за гумном, за пуняй
Дрыжаць даўжэй суцені.
І сонца слаба ўсмешка, —
Як хмара, небарача,
Бо восень вось на ўзмежку,
Бо восень плача, плача…
1924


«Нашы тайны й жаданні, як рэчы, як кветы…»


Нашы тайны й жаданні, як рэчы, як кветы,
Маюць водар і якасці фарб.
Іх багацці і тонкасць — цудоўныя светы,
Іх калёраў нязлічаны скарб…
І калі ты прыціхнеш, дзяўчына, няждана
І замысліцца воч ясната,
Хараство летуценняў тваіх незраўнана,
Незраўнаная іх любата.
І здаюцца мне раніцай снежныя горы,
Там нічый непракладзены шлях,
І альпійскай фіялкі ў празрыстым прасторы
Ледзьве чутны чаруючы пах.
Але ўсенька, сяброўка, усенька гавора:
І румянец, і грудзі, і стан —
Ап'яніць і ўзбунтуе галованьку скора
Ружаў вакхавых млявы туман.
1924


«Хто там паклікаў?..»


Хто там паклікаў? Спяшаю за кім?
Хто так ўладарна й нячутна?
Ты, незнаёмая, правам якім,
Сілай якою магутна?
Доўгі з пытаннем супынен пагляд,
Чорныя вочы — вуголлі.
Кроўю і крозай закляты — ўжо фат,
Следам імкну мімаволі.
Ўсё заўважаецца — шэрасць, туман,
Людзі, рух вуліцы хуткі.
Гнуткі, паветравы ўслізгвае стан,
Крок яе лёгкі і пруткі.
Вось азірнулася — полымя з воч,
Профіль спакойны ж і тонкі.
Профіль… І бегчы?.. як смешна!.. А, проч!
Боль, як і радасці, - звонкі!
Сэрца, замоўкні, ўзрушэнне, адрынь!
Дзіўна мне мерай ты мерыш.
Біцца, маё неразумнае, кінь!
Як немагчымаму верыш?
1924


На постаці


Сумнай песні голас,
Бы ў цудовым сне..
Жыта спелы колас
Жнейка хутка жне.
Сонца жар. Знямога.
Спёка, гарачынь…
Пачакай, нябога,
Крыху адпачынь!
Выпрастала спіну, —
Шчок палае мак,
Стала на часіну
І знямела так.
Задуменне пала,
Пазірае ўдаль.
Мо аб чым згадала?
Мо кагосьці жаль?
1924


«Месячыку-месяц…»


Месячыку-месяц,
Срэбненькія рожкі
З-за хмарынкі, месяц,
Выгляні хоць трошкі.
Бедная галоўка,
Што не мае долі:
Дажынаць свякроўка
Кінула на полі.
Супраць ночы цёмнай
Ледзь дамоў вяртаю,
Цішынёй таёмнай
Цемната пужае.
Мгліца ў вочы лезець,
Не відаць дарожкі,
Месячыку-месяц,
Срэбненькія рожкі.
1924


Віно звініць


Адно для нудных рэзанёраў
Віно разбаўліваць вадой.
Я светам недасяжных зораў
Гару іскрыста прад табой.
Я ў патаёмным церпкім хмелі
Падзіўна-весела таю
Табе, што завірухі пелі,
Надзею пэўную тваю.
У келіху, да краю поўным,
Чырвона-цёмнае, бы кроў,
Я клічу бачаннем чароўным
Да нездзяйснёных думных сноў.
Прыйдзі і пі!.. Ўваччу памершым
Зайграю бліскам маладым,
Каханнем незраўнана першым
Узрушу ў сэрцы залатым.
Праз лёс крывавы і лядачы
Я прывяду цябе к вясне…
О, ўсё згубіўшы да астачы,
Ты знойдзеш радасці ў віне!
1924


«Прытулі, сястра, слабога…»

Давно завидная мечтается мне доля…

А. Пушкін

Прытулі, сястра, слабога,
Прыгалуб, каханка-смерць.
З гэткай шчырасцю нікога
Не прасіці мне, не смець, —
Прытулі мяне, слабога.
Ўсё кахаў на гэтым свеце
І адбіў паэт ў сабе.
Пад далёкія павеці
Закаханы йду к табе, —
Ўсё кахаў на гэтым свеце.
Песні ўсе мае дапеты.
Да цябе апошні верш:
Абдары мяне прыветам,
Пашкадуй, як маці, перш…
Песні ўсе мае дапеты.
Ў ціхі, змрочны час змяркання
Заручы душу з сабой.
З тайнай радасцю спаткання
Жджэ нязрадны, верны твой,
Ў ціхі, змрочны час змяркання.
Ад цяжкіх нягод зямелькі,
Ад дакучных, крыўдных слоў
З ласкі смерці-збавіцелькі
Я прыйду ў палацы сноў —
Ад цяжкіх нягод зямелькі.
Будзе добра, лёгка, ціха,
Супакойна, люба мне.
Не стрывожыць цішы ліха,
Гора сэрца не пратне.
Будзе добра, лёгка, ціха…
1924


«Усе мы страчаныя…»


Усе мы страчаныя,
Нібы ў траве сляды.
Пражыць прызначаныя
Спяшаемся гады.
Шляхі нямераныя
Цярэбяць нам віхры,
А мы, знявераныя,
Пільнуемся нары.
Рабы прыгнечаныя,
Ледзь-ледзь мы жывямо,
Душой скамечаныя,
Валочыма ярмо.
Жыццё драбязгавае,
Нібы асенні дзень,
Мы перабразгаем
І пройдзем, быццам цень.
І нат успомінамі
Не ўцешымся падчас,
Вятры над комінамі
Не нагадаюць нас.
Ды вам, узрушаныя,
Што ўчулі звонаў медзь,
Душа не змушаная
Не кіне славу пець.
1924


Праметэй


О няволя… нясіла… Ды не!
З гордых вуснаў не вылеціць стогн!
Пакарацца, хіліцца не мне!
Гнеў, як полымя, мора імкне,
І ў вякі, і ў вякі мой праклён!
Мой праклён, мой пратэст — нібы гром,
Хай пачуюць, хто думаў, хто смеў,
Хто маім прасвятляўся агнём.
Ганьба! Вечная ганьба багом,
Чый магутны, няправедны гнеў!
1924


Экспрэс

Едуць, едуць паязджане.

Я. Купала
«Маладняку» да 3-х угодкаў яго існавання

Сёламі, доламі, борам, прасторам
Стукаты, грукаты, звон.
Збуджаны, знуджаны, змораны горам,
Зможаны змора і сон.
Скогатам, рогатам рэжа паветра.
Супраць карагі, ламы…
Бурнасцю ветра з панурага нетра, —
Хто гэта? Хто гэта? — Мы!
Ад спанку, з паўстанку мы рушыма ранкам,
Выраю высіцца зык.
Рэха, грымоты, разводдзе-заранка,
Наш бліскавіца-цягнік.
Мінуты міма жальба і жалоба,
Жорсткае джала жалю.
Радасць буялая, радасць-аздоба
Зяблую зябіць зямлю.
Верыма, верым вясёлаю верай,
Лёсам даверана нам:
Шлях нам — бясконцы, нямераны мерай,
Шлях нам заказаных брам.
Мкнем напярэсціг, навысціг удалей,
Вечнасці наперарэз…
У далі ўсё далей і далей для далей
Рушыць і крышыць экспрэс.
1925


Вершы аб Вільні

І


Калі сябры нас гудзяць згубаю
І ворагі прарочаць скон, —
Тады к Табе, о Вільня любая,
Прыводзяць згадкі у палон.
Ў маіх лятунках ты — ўладарная,
Пануеш ты, харашыня:
Завулкаў сон і ціш кляштарная,
Віллі празрыстай глыбіня;
Вялікай вуліцы экзотыка,
Тэатры, кіно, шпіталі:
І маліцвенна ўзносіць готыка
Да неба тонкія шпілі;
Святая Ганна — спеў, напеўнасцю
Салодка ўзрушаны ўсягды;
А поруч з бізантыйскай пэўнасцю
Царква прысела ля вады;
Увечар за гарой трохкрыжнаю
Палае захаду пажар,
Як знак, што веліччу аблыжнаю
Яна не выкліча ахвяр;
І плюск Вілейкі, хвалі ветрыка
Люляюць Бернардынскі сад;
І мільгаціць праз ноч электрыка
Ў зацёмкаў мескіх шалы чад;
Плыве па вулках пыха панская,
Распуста, блуднасць і мана;
І ярасць жорсткая, паганская
Бліскае ў вочах літвіна.
У жыдоўскім гета дробязь, клопаты
І аб Сіёне сны ў туман,
І гэткі ж сум, і тыя ж допыты
Вядуць таполі базыльян.
А там, па-над мурамі даўнымі,
Дзе места ўсенькае відно,
Руіна думамі дзяржаўнымі
Гадае нам: чыё яно?
Але ўжо лёс рукой няўхільнаю
Загад вызначвае з вякоў:
Усё магутней б'е пад Вільняю
Прыбой нямоўкнучы з палёў…
Ўсё пераможней нестрыманае
Стыхіі шум і бурны круг…
О, места роднае, каханае,
Цябе залье крывіцкі рух!

ІІ


О, Вільня, крывіцкая Мекка!
О, места, — ўсё цуд, хараство!
Дзяржаўная думнасць павекаў,
Узнята рашуча брыво!
Абліччам пад ветры і буры,
Туды — у разлогі палёў,
Дзе гоняў рунелыя суры,
Ўзіраешся, поўная сноў.
Чытай жа, чытай жа праз цемень,
Праз гэты бяздолля туман, —
Там дзеці жаданнем, бы крэмень,
Кляліся на новы каран.
Там дзеці (твае яны дзеці!)
З-пад слепых, закураных хат…
Вітай жа — ў часы ліхалецця
Змагарскі іх блішча пагляд.
Ім кажуць прапасці са свету,
Ў парожнасць рассеяцца, ў дым;
Ды думкай, бы выш мінарэту,
Стаяць яны ў ветрыску злым.
Ім доля дала паніжэнне,
Ды Бога крым Бога няма;
І Бог іх адзін — вызваленне,
І зненавісць іх да ярма.
Руіна замчышча — Кааба —
Ім прошча ўздыханняў і дум.
Салодкіх лятункаў — прываба,
Ў сваім запусценні — іх сум.
У крыўдзе і горы пякельным
Пагудкі, як клічы адны,
Чакаюць наўкол непадзельна,
Каб рушыць разводдзем вясны.
Ўжо ў песнях звініць перамога
І крокамі курыцца шлях…
Але ці там чуеш святога?
Ці вее прарокавы сцяг?
А ён, паганяты, няўзнаны,
Душой шчэ згарае між нас, —
Хоць месяц мінуў Рамадана,
І вызначан тэрмін і час.
Ці сэрца гартуе да чыну?
Ці ў модлах да Бога свайго?
Між тых, хто ўцяклі да Медыны,
Ці бачыш, ці бачыш яго?
І ты ці чакаеш пад здзекам,
Што бомкне ўрачыстая медзь?
О, Вільня, крывіцкая Мекка!
Ці варта прарока ты стрэць?
1925


«Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…»


Наш лёс, бы кат з рукой забойнай.
Бязлітасней рука каго?
Ды ўмее вой адзін спакойна,
Без роспачы прыняць яго.
І ўмее вой цвёрдакаленна
Ўстаяць перад навалай злой
І ўсё губляючы, нязменна,
Данесці абавязак свой.
Губляць жа болей немагчыма
І зносіць болей немага:
Народ, Свабода і Радзіма, —
На ўсё прыйшла адна чарга.
Найдаражэйшае, святое —
Ўсё, чым натхнялася душа,
Чужою збэшчана рукою,
Сваволяй скута палаша.
Але пад лобам хмурым гэтым,
У гэтай думнай галаве
Імкненне да апошняй мэты
Непераможнае жыве.
Непераможнай волі шалам,
Перамагаючым і лёс,
Звініць душа з былым запалам,
Звініць без сумніву і слёз.
І покі пруткі шчэ цягніцы,
І покі ў жылах точыць кроў, —
Ніхто не ўбачыць голаў ніцы,
Пакорлівых не ўчуе слоў.
І покі сэрца поўна гневам,
І гнеў драпежней крумкача, —
Вітаю бой ваяцкім спевам
І звонам вострага мяча.
Калі ж нараз ад лучнай раны
Звалюся, сходзячы крывёй,
І вораг, перамогай п'яны,
Накпіць нягожа нада мной, —
Я і тады здалею гарда
Стрымаць гадзін апошніх золь,
Мая нянавісць і пагарда
Не ўдасць, не здрадзіць люты боль.
1925


Летні вечар


Дзень хустачкай чырвонай захаду выцер пот.
Дзень утаміўся і ў клунак змроку
Звязаў неспакой, клапоты
І пазяхнуў ветрам — лёгка, летункова.
Сутунелым крылом
Туліцца к вёсцы ціша
І пахціць скошаным сенам
І кароўім сырадоем.
Зараз прыйдзе Матка-Ноч,
Добрая, такая пяшчотная,
Пакрые коўдзеркай-цемнатой,
Заплюшчыць дню вочы:
«Спі, натомлены!»
1925


Восень («О хараство асенніх дзён празрыстых…»)


О хараство асенніх дзён празрыстых,
Бязгутарнасць прыроды і спакой.
Ўрачыста полем з пушчаў залацістых
Прыйшла туга і пала над вадой.
А там застыла яснасць даляў чыстых
Над цёмнай рунню й чорнай цаліной,
І холад лёгкі ў косах прамяністых
Разліла сонца хваляй нежывой.
Наўкол сляды павольнага канання
І веліч нетутэйшага маўчання.
Прымаю корна сон зямлі азурны.
І летуціцца сцішанай душы
Такі ж спакой, халодны і бязбурны,
І адцвітанне яснае ў цішы.
1925


Гекзаметры


*
Смутак пахмуры чала не замрочыць спакушаных, мудрых,
Цяжкі панурасці грэх не зачэпіць ніколі разважных,
І абурэнне іх дух з раўнавагі не выведзе раптам —
Дзева Палада спакой іх і ціхую яснасць вартуе.
*
Сябра, зірні — вось палёў хараство праміне і загіне,
Але вясёлай вясной красаванне іх поўна і светла.
Можа, таму ты й жадаеш быць толькі малюсенькай кветкай,
Польнай сцяблінкай слабой, каб пражыць беспасрэдна і проста.
*
Звозячы ўвосень плады, што паспелі на дрэве і ў полі,
У тайны прыроды ўнікаючы, я памятаю няўхільна —
Яркіх маланак агні і грымотаў працяглыя гукі,
Рэху, ўздыханні зямлі, ім адгучную гулка і згодна,
І дабрадзейных зямельцы дажджоў, навальніцы і бачу
Мудрасць у гэтых праявах, у гэтым суладдзі адвечным.
1925


Пентаметры


Келіхі, сябры, паўней! Асыпаюцца яблыняў кветы,
Гіне вясны хараство — бела-ружовы убор,
Дзеці ўздыхаюць па ім, але мудрага яснасць няўзрушна;
Там, дзе распукваўся квет, к восені выспее плод.
Келіхі, сябры, паўней! Час прызначаны кожнай праяве:
Моладасць прочкі імкне. Сталасці прыйдзе чарга!
1925


Virelai


Я бачыў сум ваш і жалобу,
Ды сэрцу шкода не было.
Вачэй былі магутней чары
І хараство святлей на твары.
Тугу прымаю, як аздобу,
Мадонны ўбраўшую чало.
Я бачыў сум ваш і жалобу,
Ды сэрцу шкода не было.
1925


«Божа, не шмат засталося…»


Божа, не шмат засталося
Піць мне з келіху дзён.
Восень, як жменю калосся,
Скосіць жыцця майго сон.
Скосіць халодна, дазвання,
Ў сэрцы насмешлівы здзек:
Сумна тваё адцвітанне,
Квеце зямлі, чалавек!
Вось і згарэў даастатку
Ў вогнішчы горкім жыцця, —
Ўсё ж навакола — загадка,
Чым жа пацешуся я?
Цёмна светабудова,
Мгліста і глуха за мной.
Не чуўшы сапраўднага слова,
Польнай хілюся травой.
1925


«О, гэта аповесць звычайна й каротка…»


О, гэта аповесць звычайна й каротка
Аб долі жахлівага зместу.
Спавіла, залюляла салодка
І выйшла на места.
Дзіцятка? Хто вінны? — ды згадваць дарэмна,
Клясьці — яшчэ марней.
На вуліцы ночнай і дрэмнай
Спынілася, жджэ пад ліхтарняй.
Ў свядомасці горкай — гарчэйшая згадка,
І вочы блішчаць нехароша:
Выгналі з фабрыкі матку —
Ўбогім кахацца раскоша.
Бяздушны муры, і сірэнаў пагудка,
Дражняць убранні багатых.
Навошта ж спынілася тутка,
Ці не крыўду сваю прынясла ты?
Спяшаюцца людзі, у кожнага дзела.
— Чаго ж ты чакаеш, жанчына?
— Змяняць сваё цела
На хлеб для сябе і для сына…
1925


Вершы спадзявання

I


Ля ног тваіх маўчаць трывогі
І думкі маліцвенна-строгі,
Як мнішкі белыя гурбой
Ў цішы пуціны лесавой,
О, соладка ля ног тваіх,
У плашч чароўнасці адзеты,
Схіляюцца красою кветы.
І вецер сіверны заціх.
Бязбурны дзень — вачэй затокі,
Яны празрысты і глыбокі,
І ясны, як вясны палон,
Іх лёгкі, ціхамірны сон.
Мне люба сніць (бязбурны дні!)
Аб шчасці гэткім квола-крохкім
І веславаць лятункам лёгкім
Па крышталёвай глыбіні.
О мармур светлага чала
Пад пасмамі глухой завеі!
О тонкіх рук, о рук лілеі,
Што не чынілі справы зла!
О хараство зялёнай пальмы!
Ты ўся звініш напевам псальмы,
І росных траваў родны пах
Кадзіць на твой азурны шлях!
Якая слабасць і спакой,
Якая дзіўная суточнасць —
У свет нясці адну пяшчотнасць
І ўсё змагаць адною ёй.
А мне маліць — мая Марыя,
Прымі малітвы маладыя
І яснасцю душы тваёй
Маю пахмурую напой.

II

Яна пяе

Ах, што ведаю я, што змагу, —
Чую ў сэрцы вясёлку-дугу;
А дзявоцтва гады, як прадвесне, —
Як крыніца, звіняць на лугу,
Разліваюць вясёлыя песні.
Ах, што ведаю я, што пачну, —
Мляўкі пах ап'яняе вясну, —
А ў садку маладых летуценняў
Усё кветы, куды ні зірну,
Усе кветы ў вабоймах праменняў.
Ах, што ведаю я, што ільга, —
Гэта сэрца стрымаць немага,
Ў ім і кадзіва сноў, і ўздыханні,
А ружовая хмарка-туга
Росціць любыя ружы кахання.
Ах, што ведаю я, што зраблю,
Не схаваць мне таго, што люблю,
Не ўтаіць сарамязліва-квола,
І хацела б згубіць, не згублю…
Сэрца, сэрца, не біся вясёла!

III


Жыццём, жыццём, як хісткай кладкай,
Бурліцца, пеніцца вада…
Ты нада мною вееш згадкай,
Мая ж няроўная хада.
Як месяц, воблік гэны бледы,
І жах бязлітасна жане.
Куды? Навошта? — скуль мне ведаць?
Мой лёс злажылі без мяне.
Пусцілі — йдзі (жыццём, бы кладкай!),
Пакутуй гэтта, хоч не хоч.
І вось, нядужы над загадкай,
Я паклякаю ў цемру, ў ноч.
І каб не сны ў душы прапаснай,
Які б ён — сэнс таго быцця,
І каб не ты з усмешкай яснай,
Усмешна-ясная мая!

IV


Ты спыніла мяне каля дзвераў,
Ўзнікшы ў памяці зоркаю вернай.
Я ў збавенне маё не паверыў,
І спусціўся па сходах таверны.
На абрусах тут брудныя плямы,
І сумота ў піяцкім абліччы:
Мне не выпаўзці з гэтае ямы,
Не паслухаць далёкага клічу.
Ты жыццём, нібы жытняй мяжою,
Паступаеш свабодна і пэўна,
Я агорнуты снежнай імглою, —
На шляху маім вее завеўна.
Над табою блакітнасці келіх,
І ў вачах тваіх ціхая яснасць,
Я прыношу апошні мой шэлег,
Каб заліць гэту злую напаснасць.
Не схаваю свядомасці млоснай
Ад цябе, незраўнанага, баю:
Раскрыжованы доляю злоснай,
Як жа душу маю захаваю?

V


Памятаеш ты помны той вечар?
(Я яго захаваў назаўсёды.)
На трывогу здзічэла дзьмуў вецер,
І крывавілі раны заходу,
Нібы волата сэрца прабіта
І крывёй яго неба заліта.
Я казаў аб зямным бытаванні…
О, так горкай свядомасці мова!
О духота, глухія ўспрыманні!
Яно грукае, цяжкае слова,
Як віхура аб шыбы, завейна,
Як цвікі да труны, безнадзейна.
Вечар доўгі згараў хварабліва,
Доўга падалі словы-каменні,
Ты ўважала спакойна й маўкліва
І няўзрушна была у цярпенні.
І як сціх я, была бестрывожна,
Як шляху свайго пэўны дарожны.
Падышла і схілілася: «Годзе!
Супакойся, маё небарача,
Гэта толькі тваё ліхагоддзе
Усміхнулася дзіка й лядача».
Ціхамірнага часу над намі
Спеюць радасці светлымі днямі.

VI


Маіх надзей вясёлых кветы
Паталі з горыччу на дне
У бурным, як юнацтва леты,
Ў глухім віне.
І вось, здаволены сабою,
Здаволіў я маю душу,
І ні збавення, ні спакою
Я не прашу.
Няхай для іншых сны аб шчасці,
Няхай збаўляюцца, чым хоч,
Віно — мне ўцехай у няшчасці
І маткай — ноч.
Нашто ж хадой прыйшла ўрачыстай,
Нашто ты, светлая, прыйшла
Ў сваёй апратцы снежна-чыстай
Ў прытулак зла?
Ты ззяеш яснасцю і светам,
Тваё няўхільна хараство.
Нашто ж табе піяк адпеты
І гэткі во?
Нашто хвалюеш і трывожыш?
Нашто заве пагляд святы?
Ў жаноцкай кволасці што можаш,
Што можаш ты?
Нашто спяваеш так высока?
Аб недасяжным спеў нашто?
Перад прысуду страшным вокам
Ці ўстоіў хто?
Нашто спынілася на шляху
Маіх трывог, маіх завей?
Зямных загуб, зямнога жаху
Ці ты дужэй?

VII


Ледзь знаёмы пачуецца гук,
І туга, і хаўтурнае змоўкне галошанне.
О лілеі пяшчотныя рук,
Мая радасць і дзень уваскрошання!
Спадзяваннем апошнім ты так неспадзевана
Зазіяла ў маёй цішыні.
А я думаў, што ўсё пераспевана
І даспеваны гэтыя дні.
Варажы ж, варажы невымоўнае бачанне!
Мне звінець і звінеці мацней.
Будзе ноч немінучая — страчанне
Тваіх рук незраўнаных лілей!

VIII


Няма збавення
Апроч пекнаты.
Ў маім маленні
Адзіная ты.
Адной між дзеваў
І верных жанок
Высокіх спеваў
Адвечны зарок!
Прамень світання
І сонечны госць,
Людзей вітання
Ты вартая ёсць!
О, будзь хвалёна,
Вялічана будзь! —
Табой збавёны
Не вызнае жудзь.
Малю й гукаю
Ў няўхільную сінь:
— З тугой адчаю
Мяне не пакінь!
Ў баі жыццёвым
Адвагі прыдай,
Надзеі словам
Мяне прывітай.
Пакліч павеўна
І радасць разлі,
Дазволь мне пэўна
Ступаць па зямлі.

IX


Калі змрочнасць ахутвае цьмяная
Ціхавейнаю хусткай утомы
І рука яе, ў суцень прыбраная,
Зацірае ўсе рысы й зломы;
І калі цішыня нерухомая
Заплятае на сон свае косы
І на кветках красой невядомаю
Заблішчаць пераліўныя росы, —
Я хачу вам сказаць далікатнае,
Што, як вашы лятунні, - люботна
Уздыхнуць і згадаць невыдатнае,
Што гучыць без тугі, бесклапотна.
Як дзяцінства гады незваротныя,
Тыя гукі, што родзяцца ў цішы;
Як вады плюскатанні пяшчотныя,
Чараванне тых слоў закалыша.
І ушчэнт закаханасці поўныя
І таго, што не выкажаш мовай,
Мы пяройдзем мяжу ў невымоўнае,
За рубеж чалавечага слова.
Блізасць гэткая шчэ не запісана,
Хоць для сэрца ад веку радзіма.
Немагчымасцю сэрца ўкалысана,
Немагчымае блізка й магчыма;
Калі росы, як пэрлы срабрыстыя,
На лістках і на травах так густа;
Калі змрочнасці ціхай празрыстая,
Легкавейная, кволая хуста;
Калі мяккасцю фарб незвычайнаю
Задрамала лагоднасць над светам;
Калі сувяззю вечара тайнаю
Ноч суточана з днём яснакветым.

X


Апошнія косы,
Халодны — «бывай!»
Пасеялі росы
І зніклі за гай.
Як сум без імені,
Па твары зямлі
Пабеглі паўцені
І смугай ляглі.
А ноч, чараўніца,
За днём па сляду,
Далёкай зарніцай
Мільгнула — «іду».
Ад сонца цалункаў
Зямелька п'яна,
І змрок падарункам
Прыняла яна.
І радая ночы,
Што паліць агні,
Ледзь чутна шапоча:
«Вазьмі, палані!»
І тайнасць прасторы
Завесіць імглой,
І дальнія зоры
Засвецяць над ёй…

XI


Ў прыродзе так светлы
Змярканне й рассвіт,
Так просты, так ветлы
Спатканне й развіт.
А нам з табой смутна
Ў каханні сваім,
І радасць магутна
Не ўзлеціць над ім.
Палючы і хмуры
Агонь нас апёк,
І палкасць натуры
Хавае наш зрок.
«Умерці» — мы тоім
Ў глыбі нашых воч.
«Умерці абоім
У гэтую ноч».
І моцы жадання
Асіліць не нам;
Ахвяру змярканню
Людскую аддам.
Хоць спуджаным будзе
Крык з вуснаў тваіх,
Як любае грудзі
Прытуліць жаніх.
Зашэпча прастача
Шаўкоў тваіх бель,
І будзе гарачай
І душнай пасцель.
А белая рожа
У пасмах валос
Самоты не зможа
І звяне без слёз.
1924–1925


Да Персі Шэлі

I


Сваё жыццё паклаў на шалі,
А будучыня — цёмны лес.
Згадаўся думцы кволы Шэлі,
Ягоны светласпеўны лёс…
Іду няроўным, хібкім крокам,
За мной пануры іншых рад,
І боль на сэрцы крука крыкам,
І фарбіць горкім смехам рот.
Пажарам спаленыя далі,
І над мінулым чадны дым…
Хто ж верыць шчэ кахання долі?
Хто ж захаваў з нас яснасць дум?
Яго ж праз век нязменны белі,
Ён для народаў ясны сон.
І я ім палагоджваў болі,
Я — год жахліва-шалых сын…
Дзіцяча-мудры, кволы Шэлі,
Дажджом блакіту сэрца злі,
Майго жыцця гайдае шалі,
Рагочучы і мсціва-злы.

II


Як магло бы дзяўчо без люстэрка
Кволых вёснаў пазнаць хараство?
Што было б к параўнанню ёй мерка
І прыбрацца было б якаво?
Ці Нарцыс ганарыўся б з уроды,
Ці дазнаўся б ўладарства свайго,
Каб не светлыя ціхія воды,
Што адбілі ў глыбінях яго?
І струна, каб не роднае рэха,
Каб не гэты ўзрушаючы гук,
Ці дрыжала б салодкай уцехай,
Ці гаіла б нястрыманасць мук?
І ад багны, ад рудага зрэб'я
Ці лілея б цягнулася ўвыш,
Каб не сонца прыветнае ў небе,
Не святло яго ў зяблую ціш?
І куды б мае думкі ляцелі,
І над ставам схілялісь якім?
Што пазнаўбы ў нябесным касцеле,
Каб не ўверыўся песням тваім?
О, чароўнасць! О, сонца! О, Шэлі!
О, ні з кім не зраўнаны, ні з кім!
1923–1925


Альбігоец

Прыйшоў ка мне той, раскрыжованы, здань,
Што сном несмяротнасці мучыць стагоддзі,
Быў твар яго ясны, як летняя рань,
І йшоў ён, як дзень светлакосы прыходзе.
Пастукаў: «Каханнем сваім надары!»
Ды толькі стрывожыў у сэрцы дакуку.
Штурхнуў я праклёнам яго па твары
І высыпаў лаянку ў руку.
«Ізноў ты гукаеш? Манюка, ізноў?!
Ды маем тваіх абяцанак даволі.
Збавенне суліў ты, збавенне людзёў,
А ў нас, як адвеку, пакута і болі.
Пакінь, не дратуй мяне! Ў чорнай душы
Нянавісці келіх хвалюе няўпынны.
Ты зло — дабрадзейнасць маю — не глушы!
Хвалюся — я дрэнны, я злосны, злачынны!
Высокае праўды й збавення твайго
Дарожай зямля мне з грахом і аблудай.
І шчасней ад раю і ўцехаў яго
Мне ночы з апошняй паскудай.
Мой востры за працай не хібіць штылет,
І, славай крывавай, разбойствам вядомы,
Я ўсенькае нішчу, дзе толькі твой след,
І чыну свайго я свядомы!
Паслухай! Святое у справах тваіх
Даводзіць мой сум, маё гора к адчаю.
Дарэмныя ружы ад ранаў святых,
Дарэмны твой шлях крыжавы — пагарджаю!
Якая пацеха — другое жыццё?
Пацеха нябескай заплатай даброты?..
Як смерць, неадлучна мае пачуццё,
Мой рогат з авечае цноты.
Не хочу нябёсаў!.. Людскога ты — кат!
Ў цябе мая ярасць і злосці каменні,
Я — багна, смурод; я поўзаю — гад, —
Цябе ж праклінаю ў маім паніжэнні!
А можа, блюзнерства даруеш? А мо?..
Ты, поўны пакоры, кахання без зыску.
Ды толькі нашто мне здалося. Дармо!
Плюю табе ў ціхую пыску!»
А ён усё тут, і ўжо ява, не здань,
Што сном несмяротнасці мучыць стагоддзі,
І твар яго ясны, як летняя рань,
Як вечнасці дзень, што гарыць, не праходзе.
1925


«Не кляні, о анёл-абаронца!..»


Не кляні, о анёл-абаронца!
Вартаўнік маіх спраў, не кляні.
І самому мне нудна бясконца
Валачыць мае чорныя дні.
У змаганні ганебным няўзнаны
І самому прывабны не раз
Ў цьмяным дуле кавал алавяны, —
Як збавенне і пэўны адказ…
Твая ж мова спакусаю поўна,
Ты далей паглыбляеш адчай,
Але не — не патрэбна… ўсё роўна,
Але не — пачакай, пачакай!
Дачадзіць і сама гэта свечка,
Недалёка сумотны канец:
Скончыць смерць падрахунак і спрэчку
І задзьмухне жыцця каганец.
1926


Перайманне («Ледзь лятункі ўздыхнуць аб каханку…»)


Ледзь лятункі ўздыхнуць аб каханку
І да сэрца прылашчыцца сум,
Ў амазонцы вы выйдзеце з ганку,
І каня патрымае вам грум.
Прачакалі трывожнае ранне,
Не было і сягоння ліста.
Ах, што значыць даўгое маўчанне,
А на сэрцы такая слата.
І лягчэй у блакітнай паветцы,
Дзе жальбуе сумота цішэй,
Калі конь, нібы вецер, нясецца,
Калі вецер звініць ля вушэй.
Імчыцеся вы шпарка палямі,
Упіваецца далямі зрок,
А наводдалі скача за вамі
Тонкі грум, шчэ дзіця, дзецючок.
Нібы неба, ягоны пагляды,
І танчэй, чым у дзеўчыны, пас.
Ён пацешыць вас быў бы так рады,
Ён маліцца гатовы на вас.
Ды, як мовіць, малы неразумны,
Што на сэрцы салодка цяжыць.
Толькі бровы танклявыя думны
І нямота на вуснах ляжыць.
1926


Прыкляты


Нявесты вусны шчыльна сцяты.
Не пасміхнецца жаніху.
Але не лічыць сэрца страты
І верыць даўняму шляху.
Апошні тэрмін ўжо на сходзе,
І час здзяйснення настае,
Гадзіна вешчая надходзе,
І вось для верных знак яе.
Праз ноч жаніх мячом пазвоне —
Хвалёна будзь святое ймя! —
І ўчуўшы тупат ад пагоні
Здалёк, за рэчкамі дзвюма.
А ўсход ружова-светлы будзе,
Скудлачыць вецер пасмы хмар,
Калі пры звонаў перагудзе
Нявесты праяснее твар.
1926


Іронія


Аздобленае ў мудрасць сэрца
Стае, здаволена малым,
Дабро жыцця ў найменшай мерцы
Удзячнасцю сугучна ў ім.
Ды хто ляпей (хоць мо і люта)
Нас вучыць шанаваць дары,
Як не хвароба і пакута?
Як не блізняты — дзве сястры?
Шмат дзён ляжаў я непрытомны,
У цяжкай немачы слабы,
І варажыў мой лёс таёмны,
Паўнюткі горкае жальбы.
Знясілены, худы, без ежы
Чакаў я — стухне воч святло,
І дух слабеў на цёмным ўзмежжы, —
Але жыццё перамагло.
І як не правы ты, Дэкарт!
Далі мне есці, я каштую
І чуюся, што нешта варт:
Я ем, і я — ужо існую.
1926


На эміграцыі


Даўно ўжо тыя ж дні й не тыя,
І я, патрэпаны, не той.
Як жудасна вятрыска вые,
Нібы над згубаю маёй.
Там за акном глухая восень
І ноч лягла стаццём глухім.
Не ведаю, нашто здалося
І што пачну з жыццём сваім.
Якую дам сабе я раду
І накіруюся куды,
Калі віхор гудзе без ладу
І к радасці замёў сляды.
Мае пакрадзеныя скарбы —
І звонкі смех, і зрок жывы,
І дум вясёлкавыя фарбы,
І песні — дзе цяпер? Дзе вы?
Ад жахаў долі чалавечай,
Што не сціхалі на мамэнт,
Душа зрабілася старэчай
І апарожненай ушчэнт.
Няўтульны мой пакой, бы з дошчак
Непагаблёваных труна.
Застылым поглядам — нябожчык —
Дзіўлюся ў шчыліну акна.
Там душыць ноч, як камень муру,
Але тугі мацней цяжар.
А маладзік — плывец у буру —
Кіруе човен свой між хмар.
Мне ўсё часцей радзіма сніцца…
Там рух і песні аб вясне,
Там працы творчая крыніца,
Там мо знайшлося б месца й мне?
Дый там патрэбна маладое,
Ў кім гарту, палкасці не брак,
Нашто ж прыдамся, на якое,
Спарожнены, разбіты гляк?
Убогі стаў я, й страх за тое,
Што ўбогасць бачыць госць не госць,
І перад рэчамі ў пакоі
Сутулюся, дрыжу чагосць,
Нібы і ім вядомы страты,
І бачаць, глянуўшы ў душу,
Якой назолай я працяты,
Якія думы я нашу.
І нават месяц бледна-срэбны
Смяецца рогам за акном:
— Ты больш нікому не патрэбны,
І сам сабе ты цяжаром!
1926


«Летунковасць, нерашучасць…»


Летунковасць, нерашучасць,
Мая вясна, твае удаласці
Дзён плывучых немінучасць
Змяняе ў лета пэўнай сталасці.
Сёння я не той, калішні,
З вачыма- ціхімі заранкамі;
Вусны ўжо не тыя вішні,
Як некалі вясны світанкамі.
Юнаку было прынадна
Раскідваць звонка і не лічачы.
Сэрца мудрае ашчадна
Збірае, дробкамі вялічачы.
Дзе кахаў нацяк, павеўнасць,
Сугучнай збежнасці магутнасці,
Дзе шукаў адно напеўнасць, —
Шукаю сёння іншай сутнасці.
І дзе біўся, плакаў моўча,
Дарма вымольваў з малітоўнікам,
Там з мячом іду станоўча
Я — пераможны — заваёўнікам.
Думны з натаўпам на пляцы
Мой пруткі крок на стромасці,
Час упартай, жніўнай працы,
Вітаю час мае свядомасці.
А калі пяшчот прынадства
Мне блісне ў будняў сцюжнасці, —
Гэта васілёк юнацтва
На слуцкім пасе кутай мужнасці.
1926


Перайманне («Запытаў я морскі хвалі…»)


Запытаў я морскі хвалі:
— Дзе пазбыцца думак хмурых?
І ў прыбой яны сказалі
— Радасць — толькі ў бурах!
Запытаў я ветра ў полі:
— Адкажы мне, калі можаш,
Як пазбыць жыцця нядолі?
І пачуў: «Змагайся — зможаш!»
Запытаў я ў небе Сонца:
— Як рассеяць змрок імглісты?
Не прамовіла мне Сонца,
Ўчула ж сэрца: «Будзь агністы!»
1926


«Каму жыццё — атруты келіх…»


Каму жыццё — атруты келіх.
Хто спанявераны, як я,
Хто ўжо не сніць аб далях, белях
Пад ветру свіст і шум былля;
Каму спакой душы няшчаснай
Нездавальнення точыць крот;
Каму дакучыў жонкі ўласнай
На ўласным ложку пешчаў мёд.
Каму распачна ноч пустую
Спакусным смехам цешыць сук;
Каму ўсё роўна, бы якую
Сціскаць пярсцёнкам млявых рук;
Хто сэрца — поўную амфору —
Нясці стараўся й не данёс:
Хто патаёмных мукаў хвору
Гаіў расою ночных слёз;
Хто душу чорную, як вугаль,
Злачынствам цешыў і крывёй;
Хто п'яніца, разбой, зладзюга
З мізэрнай, дробнаю душой;
Каму распусты жах прынадны,
Хто гора топіць у віне, —
Маім абдоймам тыя жадны,
Прыходзяць тыя да мяне.
Я ўсіх вітаю ветла, рада, —
Хто б ён ні быў, хто ён ні ёсць, —
Мае жаночыя прынады
За плату мае ўсякі госць.
Я імітую ім каханне,
Ім не суджонае праз лёс,
Нясмелыя дзяцей спатканні
І палкасці глухі наркоз.
Змушаю верыць мімаволі
І жар збуджаю малады,
Сама няўзрушная ніколі,
Сама халодная заўжды.
Ў душы адзін, адзін лятунак,
Глыбока схованы на дне, —
Далёкі, любы мой пястунак, —
Той, хто кахаў калісь мяне.
Які не смеў, не смеў ні разу
Свае мне пешчы дараваць,
Якога мела за абразу
Ў дзявочых думках цалаваць.
Цяпер і ён такі ж прапашчы,
Ланцуг жыцця цягае ледзь;
Ніхто, ніхто яго не лашчыць, —
Лёс прысудзіў яму гібець.
Цяпер, як кожны ён, як кожны —
Будынак знішчаны, пусты;
Час папаліў усё, што можна,
З кута прыбраў абраз святы.
Ды сэрца сніць пад шум асенні,
І сну мне не мінуць таго,
Ў маім найбольшым паніжэнні
Сустрэну незнарок яго.
У сэрцы будзе боль і горыч,
І мы два целы, дзве труны,
Мы рукі сціснем, ляжам поруч.
І аб мінулым будуць сны.
Як вербалозы нікнуць веццем,
Так нізка схіліцца ўспамін
Над нашым страшным ліхалеццем
І над капцом далёкіх днін.
1926


«Не складаць мне болей песняў…»


Не складаць мне болей песняў,
Не будзіць у пушчы рэх,
Перад сонцам напрадвесні
Не рассыплю срэбрам смех.
Стала госця ля парогу,
Белым вабіць рукавом:
— Выйдзі, любы, у дарогу,
Новы дам начлег і дом.
Пашкадую дарагога,
Суніму ягоны боль,
Толькі слухацца дазволь,
Ледзь схіліцца мне дазволь.
Што ж, спакойны і гатовы,
Я й адклікнуўся на кліч,
Адчыню дзвярэй засовы
Я без радасці, без мук.
Ў невядомую пуціну
Немаведамы парог
Перайду…
Без клапот і без трывог.
Толькі, госця, няма веры,
Не мані, не абяцай:
Я зямныя бачыў меры
І зямны я ведаў рай.
1926


Цяжэй ланцугоў


Цяжэй ланцугоў летуценні,
Іх знішчыць мне сіл не прымець.
Як вязень у доўгім вязенні,
Ўтаміўся я песняй звінець,
Як горыч атруты пякучай,
Як тонкая злая страла,
Так горкая радасць сугуччаў
Смяротна мяне працяла.
І вось ужо блытана споведзь
Заўсёды хвалюе ў грудзях,
І нельга няшчыра прамовіць
У верша нязвязных радках.
І вось ужо ў дзеях, і чынах,
І справах будзённых, людскіх
Я ўзрушаным сэрцам няўпынна
Шукаць хараства не прыціх.
І сэрцу не ймецца, што трэба
Хаваць аб высокім тугу,
І родныя кветы і неба
Ніяк раскахаць не магу.
І блізкае гэтак далёка,
Са мной не па сіле цяжар, —
Як вецер дыхлівы, жарстока
Смяецца мне розум у твар.
1927


Максім Багдановіч


Так зайздрасна: насіць вянок паэты
І мець імя задумнае Максім,
Кахаць зямлю з яе жыццём глухім
І песняй перавіць юнацтва леты;
Ад хараства не ведаць іншай мэты
І адшукаць, што горда поўны ім,
І родны люд у руху маладым,
І зачарованых палеткаў кветы.
Ды тым цяжэй ў краі чужым заўжды
Счыняць павекі й ведаць, што сюды
Не даляціць зязюлі голас летам,
Ні песня беларуская ў жніво,
І прыгадаць няраз, што мо і ў гэтым
Трагічнае схавана хараство.
1927


Хвораму


У змаганні дзікім змогся ты
І выпляваў дарэшты грудзі.
Надзей няма ў цябе й не будзе,
І ў сэрцы холад пустаты.
Ляжыш худы — сухая жэрдзь, —
І шчокі — яркія півоні.
І вось у галавах на ўслоне
Яна — збаўляючая смерць.
Запамятаць ты быў бы рад
На ўсё, што сэрцу гэтак міла,
На ўсё, чым сэрца гэтта сніла,
На ўсё, што цешыла пагляд.
Ды памяці снавацьме ніць,
І розум яснасць не пакіне,
І караблямі ў далі сіняй
Ўспаміны будуць плыць і плыць.
Згадаеш цёплы сум начэй,
І светлы дзень, і дзень твой чорны,
І гэты свет наш непаўторны
Прынадней здасца і мілей.
Наўкола ж будзе той жа рух —
І слёзы, й смех жыцця зямнога,
І думка, што табе нічога
Не трэба болей, сцісне дух.
І зразумееш ты суздром,
Што ні адна людская немач
Не ззяе гэткай мукай немай,
Жахлівым гэткім хараством.
Таму ў апошні час цяжкі,
Ў тваю апошнюю часіну
Прысніш ты слодыч адпачыну
І пешчы добрае рукі.
1927


Антону Навіне


Так шукальнікі новых прастораў,
І знаходцы краёў невядомых,
З безжахліваю, мужнаю думкай
І нязломнай, сталёваю воляй;
Падарожныя ў тайнасці ведаў,
Неспакойны чый розум, як шруба,
Што без нехаці ў несыці вечнай
Зашрубоўвае ўдаль і глыбіні;
Заваёўнікі мечам і духам,
Для якіх у запале адвагі,
Падбіваючы сэрцы й дзяржавы,
Не існуе ні меж, ні запынаў.
Песняры, мастакі і музыкі,
Хараства і сугучнасці слугі,
Закаханыя ў буру і громы
І з душой, як збаночкі лілеяў;
Будаўнічыя вежаў і гмахаў,
Падпіраючых неба і неба;
Ўсе, хто прыйдуць па нас і за намі,
Каб тварыць, дасягаць і імкнуцца, —
Ўсе яны мімаволь пазайздросцяць
Нам, абветраным воляй прадвесня
У напоеным поўняй паводкай,
Крышталёвай вызвольнага руху,
Бо у кроку паўстаўшых працоўных
Свецяць новыя творчыя далі
І цвітуць невядомыя скарбы
У душы беларускага свету.
І музыкі не чулі матываў,
Задумёней і чулей ад нашых,
І збудованы чорнаю косцю
Непаўторны наш храм адраджэння.
Ды і кожны, паверыўшы казцы
І гартуючы сэрца да чыну,
Нагадае і нашу сучаснасць,
Уздыхне аб часах прамінулых.
І імя аднаго не забудуць,
Хто маяк быў і бераг далёкі —
Узрушаючай весткаю будзе,
Будзе вабіць заўжды Навіна.
1927


Песня дзесятых угодкаў

Спявайце, браты мае, нашае Ўчора:
У ім Рэвалюцыі полымя, ў ім мы
Спалілі азырклае, чорнае гора,
У працы свабоднай прапелі мы гімны.
Ніколі тых дзён не забыцца вялікіх,
І помнім: на зломе крывавым стагоддзяў
Як вецер туліў нас прарэзліва-дзікі,
Як золь рагатала: «Аслеплыя, годзе!
Куды вы?» І скаліўся голад пагана:
«Паноў ім не трэба, дык буду іх панам!»
А нас не стрымаў ані штык, ані холад,
Ішлі мы напорна і кожны быў волат.
Ўзняліся магутна ў віхрах непрыветных,
Каб скінуць вяковыя рабскія ёрмы.
Нянавісцю горкай, каханнем сусветным,
Запалам мяцежным сягалі да зор мы
І ў бойках дужэлі, хмялелі без хмелю
І гэткім агнём непаўторным гарэлі.
Спявайце, браты мае, нашае Сёння:
Ў ім творчыя высілкі, творчыя будні,
Вялікае спее ў ягоным узлонні!
Хоць крок наш павольней, хоць крок і марудней,
Ды пэўны і сталы, і поўны надзеі —
Хто змог руйнаваць — будавацца умее.
Будуем няўпынна і працу вялічым,
І ўсе мы і кожны — тварэц-будаўнічы.
Спявайце, браты мае, годы паўстання,
І працы пчалінай, плановай вітанне!
Радзіма нам — буры ўчарайшай паводка,
І сённяшнім трудным мы поўны да краю.
Але гэта песня дзесятых угодкаў
Няхай будучыні красу прывітае,
Няхай наша Заўтра вітае ўрачыста,
Дзе ззяе маяк перамогі агністай.
Бо веру ўсёй шчырасцю словаў паэты,
Ўсёй вольнасцю думкі пяснярскае веру:
За труднымі днямі — канцовая мэта
І бераг абецаны, родны наш бераг.
І там справядлівасцю сэрцы напоўнім,
Там сонца і кветы Камуны працоўных.
1927


«Свядомасці горач мацней алкаголю…»


Свядомасці горач мацней алкаголю,
Ўжо чарка распутала дзікую волю,
Ўжо мэрам бурштыны у чарцы налітай,
Няякавасць гіне, і гора пазбыта.
Свабодны — і згадкі няма аб ўстрыманні
Бяссорамней рухі, крыклівей жаданні,
І штосьці язык недарэчнае плешча, —
Чужая ж кватэра і куплены пешчы.
І хочаш апошнія сцерці румянцы,
Часцей і няпэўней схіляешся к шклянцы.
А памяць, знібеючай горычы поўна,
Заўважвае ўсенька, халодна й пунктоўна, —
І рух мой найменшы, і кожнае слова,
І голас сяброўкі мае прыпадковай,
І гэту бяздушнасць на згамтаных тварах,
І холад абоймаў разлічана-скнарых,
І наша ганебнае ложка супроці,
Як скрыню грахоў, уздыхаўшых па цноце.
І сэрца заныла смяротнаю ранай,
І крыкнуў я, крыкнуў у роспачы п'янай:
— Паслухай! Я слухаў аб дужым і мужным,
Я чуў аб цвярозым і думна-натужным,
І песні былі з незабыўнай адною,
Што песняй ўладала і доляй маёю.
Паслухай! Дык як жа? Дык як жа, калішні…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Спыніла каротка — ты выпіў залішне!
Пад чаркай усе вы героі ды палкі!
— Падай мне, вунь там — цыгарэты й запалкі.
1927


Курка-Рабка

З народнага

Жылі дзедка з бабкай.
Мелі курку Рабку
Слаўнага заводу,
Важную на ўроду.
Баю-байкай байка:
Знесла курка яйка
Не абы якое,
Але залатое.
Выняўшы з падпечка
Дзіўнае яечка,
Кажа бабцы дзедка:
— Гэта штука рэдка!
Трэба нам, канешне,
Зласаваць яешню!
Бабка не пярэча,
Тупае ля печы:
Радая, вядома,
Дагадзіць старому.
Вогнік на камінку
Развяла ў часінку,
Ўстанавіла спраўна
Дзве цаглінкі слаўных,
Зверху ж скавародку.
Узяла са сподку
Лыжку масла жыва,
Каб была пажыва.
Біць яечка стала,
Ды бяда спаткала,
Біла яго, біла,
Ніяк не разбіла.
Біў і дзедка ладна —
Няма рады жаднай.
Сталі — разважаюць,
Што рабіць, не знаюць.
Ў часе гэтых гадак
Здарыўся прыпадак.
Мышка — Доўгі Хвосцік,
Бегла шпарка штосьці,
Мо па важнай справе,
Просценька па лаве.
Ды нібы праз зводы,
Нарабіла шкоды.
Паспяшала трошку,
Паслізнула ножка,
Хвосцікам махнула,
Яйка паштаўхнула,
Незнарок скаціла
Вобземлю й разбіла.
Дзедку з бабкай страта:
Плачуць на ўсю хату,
Як дзіця якое,
Слёзы льюць абое:
— Гэткая прыгода!
— Вось яечка шкода!
Курачка ж кудахча:
— От старым няўдача!
Ды й бяды ўжо тое —
Плачуць, як малое.
Я ж знясу другое,
Хоць не залатое!
Гэту казку спатайку
У дзіцячым нейк садку
Прачытаў я, як на грэх,
Двум сябрам-кастрычаняткам,
І дастаў ад іх парадкам,
Паднялі мяне на смех:
— Тут павінна быць памылка,
Ці зманіў нам дзядзька Жылка.
Бо, як кажа нам навука,
Немагчыма гэта штука,
Хоць шукай у дзень са свечкай,
Курка каб знясла яечка
Не прастое, залатое,
Ды і моцнае такое,
Што і дзед, і бабка білі,
Білі-білі — не разбілі
І на лаву палажылі,
Мышцы страху нарабілі.
Гэткай рэчы з нас усяк
Не паверыць аніяк.
Гэтак мне сказаў Рыгорка,
Падтакнуў яму Зыдорка:
— Але знаем мы даўно,
Што з яечка, хоць прастога,
Для дзяцей пасілку многа,
Тым каштоўнае яно.
І таму вось залатое
І для дзетак дарагое!
І на гэты іхні сказ
Мой такі быў ім адказ:
— Ад пачатку да канца
Вы, браткі, казалі трапна.
Не што іншае, як вапна —
Лушпавінка ад яйца.
А ў яйцы спажытку шмат,
Таму кожны з'есці рад.
Дык прашу вас, калі ласка,
Прыгадаць, што гэта казка
І пра дзедку, і пра бабку,
І пра курку Рабку.
1928


«Млынар заставіў застаўкі…»


Млынар заставіў застаўкі,
І ледзь плюскочацца рака.
Стралой крыла чыркаюць ластаўкі
Люстранасць ясную стаўка.
Блакітнаплашчы з захаду
Дзень хіліць русу галаву
І ў спрат ссыпае скарбы-знахады —
Залатапромені ў ставу.
І вее яснавокаю,
Шыракакрылай цішынёй,
І ціш, як неба, безаблокая,
І ясна на душы маёй.
І ў душу палі знахады
(Залатапромені ў ставу).
Адрынь, пясняр, згрызоты, захады,
Ўзнясіся песняй к хараству.
1928


«Каханню нічога не трэба…»

Р. М.


Каханню нічога не трэба,
Каханне нічога не просе, —
Так радуе сіняе неба,
Так цешыць валошка ў калоссі.
Каханне, як песні пра зоры,
Лятункам заўсёды высока,
І шчасцем у свет, у прасторы
Каханкі расквітвае вока.
І нат у затоенай скрусе
Тваіх нераздзеленых пешчаў
К жалобе ніхто не прымусе
Надзею, што зрушана плешча.
Каханая, любая, квеце!
Ў палоне вясёлае долі
Ёсць песняй аб кім летуцеці,
І сэрцу даволі, даволі.
І сэрца бясхмарнае ясней
Схіляецца постаццю спелай,
Хоць сэрца яшчэ было б шчасней,
Каб дбаці аб кім яно мела.
1928


«Будзь бласлаўлёна, мая маладосць!..»


Будзь бласлаўлёна, мая маладосць!
Кроў неслухмяная, цьмяная млосць!
Радасці дужыя крылы
Кануць у сіні нябёс;
Песні ласкавае мілай,
Песні мае незабылай,
Поўныя снення і кроз.
Вецер разводдзем паводкі,
Як яе вусны, салодкі,
Вецер вясняны прынёс.
Сэрца ад млосці без сілы
Светлае штосьці прысніла,
Хоча і смеху і слёз.
Ў гэтым узрушаным сненні,
Ў сонечным гэтым праменні
Песень яе маладых —
Шчасны я шчасцем-маленнем
І, ад жыцця ў захапленні,
Хочу і паху й каджэння
Кветаў уцешных зямных,
Сцежкам паверыць вясеннім
І заблудзіцца на іх.
Будзь бласлаўлёна, мая маладосць!
Кроў неслухмяная, цьмяная млосць!
1928


Развітанне


Пара! Не моўкне хваль гамонка,
Спявае вецер свежа, гонка
І ветразь плешча — адплывай!
Цалуй ў апошні моцна, звонка —
Мой сум, як золата пярсцёнка,
На сэрца лёг і цісне ўкрай.
Але трывог не ўбачаць вонках,
Хоць вочы — светлая палонка, —
У іх адно, адно чытай.
Насупраць мне з імглы пялёнкай
Паўстане бур атхлань — прадонка
І бура выпесціць адчай.
Але хай машта квіліць тонка,
І ўспамінаецца старонка,
І мора пеніцца няхай, —
Затым, што мужны буду, жонка,
Вярнуся я, а ты ў ваконка
Цікуй і цноту ткліва дбай.
З далёкіх падарож, мая сасонка,
Я прывязу суровых вод звычай,
І сэрца вернае, і ў тронках
Вось гэтых — гэты нож… Бывай!
1928


Над калыскаю


Маё дзіця, маленькі мой…
Якое шчасце — маці ты
Сцяблінкі кволай і слабой
І воч нябеснай яснаты.
Заводзіць, зводзіць пачуццё,
І летуценні завялі,
Нялёгка жыць, гняце жыццё,
Гняце і хіліць да зямлі.
Згрызотамі аб чорны хлеб
І працай чорнай смычуць дні,
І на абліччы смутку крэп
Без глыбіні, без вышыні.
А я усцяж пяю — дармо,
Па-за дзвярыма сэрца — жах!
І ў паўнаце душы такая моц,
Мой сын — і зброя мне, і сцяг!
І хай не раз, нібы штылет,
Пратне душу ці злосць, ці ноч, —
Збавенне мне ласкавы свет
Дзіцячых ціхіх, ясных воч!
Надзей няздзейсненых з вякоў,
Усмешлівых маіх часін,
Ўсіх уздыханняў, гордых слоў
Вясёлы, гучны бераг — сын!
1928


Верш развітання

Феліксу Купцэвічу,

сэрцу, раздзертаму

болем па Бацькаўшчыне,

прысвячаю


О, мой Край, — раздарожжы з крыжамі,
І разоры разворвае жудзь!..
Люты боль працінае нажамі,
Што мне песень тваіх не пачуць.
О, мой Край, ў яснавейнае ранне,
Калі твой пахапляў я намер,
Быў ты першым, дзіцячым каханнем,
Мне й апошнім застанься цяпер.
Думаў я, што не будзе выбоін,
Не наважацца стрымваць хады,
Што мінуўшчыны крыўды загоім
Буйнай хваляй вясновай вады.
Але не… хмуры твар майго люду
Кажа зноў аб нядобрай сяўбе.
І мяне, як злачынцу-прыблуду,
Павядуць сумаваць без цябе.
Не спытаю, чаму і завошта
Адрываюць ад бацькаўскіх ніў —
Я юнацтва і радасцяў коштам
За каханне сваё заплаціў.
Што зраблю я вось з гэтакім сэрцам,
Яно зранена дзідай завей,
Мо затым, каб не быў спраняверцам,
Мо затым, каб любіў я мацней!
Мо затым, каб навек непарушна,
Каб навек зліўся з Краем мой дух,
Маё вернае сэрца, ты слушна
Закавана ў пакуты ланцуг!
О, мой Край, злога ветру пагудкам
Не заліць твайго шчасця зару!
Гэты верш развітання і смутку
Ты згадай ў залатую пару!
Дык бывай жа здаровы, каханы,
Зацвітай і красуй у вякох!
Скажуць людзі: як ліст адарваны,
Па табе я ў чужыне засох.
1931


Гімн беларускіх паўстанцаў


Час, Беларусы, ўжо час —
Маці-Краіна нас кліча.
Устанема дружна, ураз —
Сіл нашых вораг не зліча.
Рушыма ў бой
Усёй грамадой —
За люд працоўны,
За волю і роўнасць!
Грозны надходзіць мамэнт,
Бой пачынаем рашучы:
Скрышым старое ушчэнт,
К волі змагарна ідучы.
Рушыма ў бой
Усёй грамадой —
За люд працоўны,
За волю і роўнасць!
У песнях бязудзерж таім;
Вецер штандарамі вее.
Прысягу складаема ім
Родных не здрадзіць надзеі.
Рушыма ў бой
Усёй грамадой —
За люд працоўны,
За волю і роўнасць!
Бурны нас радуе дзень,
Кліч агалошвае полі,
Сонца вітайце прамень
Праўды мужыцкай і волі.
Рушыма ў бой
Усёй грамадой —
За люд працоўны,
За волю і роўнасць!
Дружная моц — грамада
І перамозе зарука,
Больш нас не чэпіць бяда,
Годзе напасцяў, прынукаў!
Рушыма ў бой
Усёй грамадой —
За люд працоўны,
За волю і роўнасць!
Край абаронім грудзьмі
Ад панавання палацаў.
Вольнай, працоўнай сям'і
Ўспор красаваціме праца!
Рушыма ў бой
Усёй грамадой —
За люд працоўны,
За волю і роўнасць!

Каваль


Горан мехам раздзьмухаю,
Палажу на горан сталь.
Што рабіць, я знаю, знаю,
Нездарма куе каваль!
Падзялілі чужаніцы,
У няволі старана.
Не скую у плуг паліцы —
Не прыдасца мне яна.
Закаваны люд мой, волат,
Крыўд нязлічаных цяжар.
Вышай, вышай, верны молат,
Нестрыманы ў сэрцы жар…
Хлопцы, хлопцы, — на змаганне!
Гэй, крыўдзіцель, вораг, — прэч!
Нездарма каваў я зрання,
Недарма навостран меч.

«У сэрцы нязрадна туга аб адной…»


У сэрцы нязрадна туга аб адной,
Нязнанай, адзінай, вяльможнай,
А колькі было іх у далі маёй,
І сэрца ўзрушалася кожнай.

«І ў сэрцы (Божа, якаво!)…»


І ў сэрцы (Божа, якаво!) —
Якія спевы і маленні.
О, як ні раніць хараство —
Яго туга, яго баленні,
Нібы празрыстых тайн пітво, —
Не весць хаўтур, а знак збавення.

«Ясната, пекната…»


Ясната, пекната,
Неба сінь — любата,
Вось дзянёк!
Цёмны гай, неўнарай,
Быццам казачны рай,
Вабіць нас у цянёк.
Згода, ціш, не ляціш
Вольнай думкаю ўвыш
Ад зямлі.
Добра тут. Верыш ў цуд.
Свет, цяпло — родны кут
Спавілі.

Безнадзейнасць


Ноч стушыла агні, пад акно
Падступіла й цікуе жахліва.
Што пачну выглядаць? Не відно,
Не відно — за акнамі маўкліва.
Без зары, без агню немага,
Немага, калі ноч — як магіла.
І чаго спадзявацца ільга,
Калі змроку крыло атуліла?
На душы пустата, немата,
Не ўзрушае ні песня, ні дзейнасць.
Толькі сум, як увосень слата,
І спакой, і спакой — безнадзейнасць.

«Падарожным, Божанька…»


Падарожным, Божанька,
Ды не легка йсці.
Не відаць дарожанька —
Цяжка ў беспуцці.
З тропу, сцежкі роднае
Збіліся дзяды,
І гады нягодныя
Замялі сляды.
А душа мужычая
І да гэтых пор
Па старому звычаю
Моліцца да зор.
Нашы сёстры, мацеркі
Сэрцам у жальбе,
Пацеры у пацеркі
Ніжуць да Цябе.
Над мінучай славаю,
Гучнаю, як звон,
Над вялікай справаю,
Кінутай ў палон.

«Нягоды твой не зменяць крок…»


Нягоды твой не зменяць крок,
І ты пяшчотная ўсё тая ж,
І радасці жыцця ў вянок,
Як і калісьці, завіваеш.
Я ж лёсу не асіліў жудзь
І небыцця спужаўся плоймы,
І страшны, палахнечы пуць
Мяне вядзе ў твае абоймы.
Прыходжу, як даўней, к табе,
Але ўжо з іншым, горкім сказам,
А ты уваж маёй жальбе
І пасядзі са мною разам.
Кажу, а голас мой, як брэх, —
Ну што, мы толькі снім аб шчасці,
Звініць дачасны рады смех,
Каб абарвацца і прапасці.
І мой жа праз вякі цяжар,
І свет нікім не перайначан,
І кожны новы людскі твар
Пячаткаю трагічнай значан.
А ты кажы, што любы хвор
Ці нейкім чорным спален сонцам,
І што адвечна ззянне зор,
І б'е жыццё цурком бясконцым.

Дзень і ноч


Ў раскошы пераможнай дня,
Ў святле і яснасці ўрачыстай,
Ў яго апратцы залацістай —
Жарстокая харашыня.
Праз сонечны яго пагляд
Душа заўважае халоднасць,
І дзіўную трывог нязгоднасць,
І у цвярозасці разлад.
Праходзіць ён па-над зямлёй,
І да зямлі самой бяспечнасць.
І ўсё ж глухая бессардэчнасць
Да працы й клопату людзей.
І, стомленым, здаецца нам:
Пад бліскам гэтага каберца
Другога свету б'ецца сэрца
І тайна бытавання там.
Завянуць, збледнуць фарбы дня,
Прысуд не знаючага, помсты, —
І невядомыя таёмствы
Уявіць цемры глыбіня.

«Маіх радасцяў лісце спадае…»


Маіх радасцяў лісце спадае,
Нібы лісце пажоўклае дрэў.
Эх, карчомная доля благая,
Патапіў бы цябе, каб прымеў.
Па-за воканню вецер галосе
І скавыча, паганы і злы,
Незадачная гэткая восень,
Незадачная радасць імглы.
І натрапіш на гэткую нетру,
Бы ў прадонную чорную цьму.
Не, я толькі ад лютага ветру,
Я ад ветру схаваўся ў карчму.
А калісь было неяк іначай
І хапала цяпла без таго,
Горкай памяці дробнай астачай
Да дзяцінства кульгаю свайго.
Але й тут жа на розум мужычы,
Як і ўсюды — жывыя людцы.
І ў маім мо чытаюць абліччы,
Што не звёў я з канцамі канцы.

«Ночка марозная…»


Ночка марозная,
Пад нагой сняжок.
Да цябе, няжданая,
Я прыйду здалёк.
І рукою, белая,
Стукну пад акном,
Гордая і смелая,
Увайду ў твой дом.
І цябе, слухмянага,
Павяду упроч,
Ад завеі п'янага,
Скрозь глухую ноч.

«На жвіровыя ставіў я карты…»


На жвіровыя ставіў я карты,
Хоць прыйшла рызыканту напасць,
Ды не брак рызыканцкага гарту,
Так і стаўлю на чорную масць.
І пад нос пасміхаюся крыва,
А кажу, каб не выдаць, што слаб, —
Што ж, на слодыч і шчасце мы хцівы, —
Вось з гарчэчай ужыцца патрап.

«А ты кажы, што радасць ёсць…»


А ты кажы, што радасць ёсць,
Што слодыч збаўчая ў пакоры,
Я толькі занядужаў штосьць,
Я толькі недаўменнем хворы.
А ты цалуй, сціскай мацней,
Ён людскі, немінучы жэраб,
З-пад тонкіх броў, з арбіт вачэй
Рагоча мне твой бледны чэрап.

«З дзяцінства фіялкавых раніц…»


З дзяцінства фіялкавых раніц
З юнацтва лілейнага дзён
Малітваў не знала, ружанец,
Нясла слугавання закон.
Ў вянкі завівала лятункі,
Аквечвала ж кроплямі слёз,
І ў ночы прыносіў дарункі
Ласкавы, салодкі Хрыстос.
Ні з кім не дзяліла пасцелі,
Нявехну туга праз гады,
Каб вернай дзявоцкасці белі
Нязгаматна ўзяў малады.

Прыкладзіны

Перайманне Гарацыя

Паставіў я сабе прыклад навек трывалы,
Выносісты вышэй за валатовак вал,
Не скрышаць мне яго ні ўлевы, ні навалы,
Ні часу, дзён і год бурлівы перавал.
Увесь я не памру, нястленнымі дарамі
Найлепшае з мяне запоўніць мой працяг,
Пакуль Пагоні меч зіхціць на Вострай Браме
І рух нясе наш бел-чырвона-белы сцяг.
І скажуць пра мяне, дзе ціхаводны Нёман
Абняць хутчэй імчыць вірлівая Вялля,
Што, цалкам кволы, я на духу быў нязломан
І ўсё насіў нашы да роднага вулля.
Бо быў між першых я, што летуцелі палка
Пабачыць, як муры залье крывіцкі рух.
Мае заслугі ўзваж, сялянская Купалка,
Валошкавым вянком аздоб чало сукрух.


Оглавление

  • Згінь, нядоля
  • Беларусь
  • Покліч
  • Я кахаў
  • Матылі
  • «Мы любім даўнія паданні…»
  • Замчышча
  • «Вельмі шаноўны пан Рэдактар!..»
  • «Люблю, не знаючы пуціны…»
  • Каханне
  • Дзед
  • Пралескі
  • Незразумелае
  • Скажы
  • «Чырванее заход ад марозу…»
  • Палімпсест
  • Віхор
  • «Душа мая тужлівая…»
  • Сёмуха
  • «Як ўсё ў жыцці…»
  • Прадчуццё
  • Вечарам
  • Вецер
  • Туман
  • «Толькі той, чый вольны дух…»
  • Раніцаю
  • «Ізноў пытанні…»
  • «Тваё пісьмо…»
  • «Нікне ў імгле старана…»
  • «Дарма, што значны раны…»
  • «Устае туман бялявы…»
  • href=#t32> «Нібы вялізны чорны птах…»
  • Дзіця
  • На ростані
  • «Бясспынна, глуха процьма часу…»
  • Напярэдадні
  • «Ляпей жабрачы лёс…»
  • Смяротны пах
  • «Я люблю густыя шумы…»
  • «Насоўвае пушча…»
  • «Векавечны хмуры бор…»
  • Зімовае
  • Марта
  • «Крыху ўзрушаны і рады…»
  • «Зацвілі твае вочы між тлуму…»
  • «Не трывож мае самоты…»
  • Хараство
  • «Да Пятра зязюленька…»
  • «Я — грамнічная свечка прад Богам…»
  • «Твае блакітнасці нязменны…»
  • Маёй маці
  •   І
  •   ІІ
  • «Ўзысці на вогнішча натхнення…»
  • Хлопчык
  • Бяссонне
  • Меч
  • «Хто мужны, хто смелы, хто дужы…»
  • «Над нядоляй Тваёй не заплачу…»
  • Восень («Глухой, таёмнай сцежкай…»)
  • «Нашы тайны й жаданні, як рэчы, як кветы…»
  • «Хто там паклікаў?..»
  • На постаці
  • «Месячыку-месяц…»
  • Віно звініць
  • «Прытулі, сястра, слабога…»
  • «Усе мы страчаныя…»
  • Праметэй
  • Экспрэс
  • Вершы аб Вільні
  •   І
  •   ІІ
  • «Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…»
  • Летні вечар
  • Восень («О хараство асенніх дзён празрыстых…»)
  • Гекзаметры
  • Пентаметры
  • Virelai
  • «Божа, не шмат засталося…»
  • «О, гэта аповесць звычайна й каротка…»
  • Вершы спадзявання
  •   I
  •   II
  •   III
  •   IV
  •   V
  •   VI
  •   VII
  •   VIII
  •   IX
  •   X
  •   XI
  • Да Персі Шэлі
  •   I
  •   II
  • Альбігоец
  • «Не кляні, о анёл-абаронца!..»
  • Перайманне («Ледзь лятункі ўздыхнуць аб каханку…»)
  • Прыкляты
  • Іронія
  • На эміграцыі
  • «Летунковасць, нерашучасць…»
  • Перайманне («Запытаў я морскі хвалі…»)
  • «Каму жыццё — атруты келіх…»
  • «Не складаць мне болей песняў…»
  • Цяжэй ланцугоў
  • Максім Багдановіч
  • Хвораму
  • Антону Навіне
  • Песня дзесятых угодкаў
  • «Свядомасці горач мацней алкаголю…»
  • Курка-Рабка
  • «Млынар заставіў застаўкі…»
  • «Каханню нічога не трэба…»
  • «Будзь бласлаўлёна, мая маладосць!..»
  • Развітанне
  • Над калыскаю
  • Верш развітання
  • Гімн беларускіх паўстанцаў
  • Каваль
  • «У сэрцы нязрадна туга аб адной…»
  • «І ў сэрцы (Божа, якаво!)…»
  • «Ясната, пекната…»
  • Безнадзейнасць
  • «Падарожным, Божанька…»
  • «Нягоды твой не зменяць крок…»
  • Дзень і ноч
  • «Маіх радасцяў лісце спадае…»
  • «Ночка марозная…»
  • «На жвіровыя ставіў я карты…»
  • «А ты кажы, што радасць ёсць…»
  • «З дзяцінства фіялкавых раніц…»
  • Прыкладзіны