Вершы для дзяцей [Агния Львовна Барто] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Агнія Барто Вершы для дзяцей

Бычок


Ідзе бычок, хістаецца,
Бядуе: «Ай-яй-я!
Вось дошчачка сканчаецца,
Звалюся зараз я!»

Дару табе сэрца


Дару табе сэрца
На чыстай старонцы,
Дару табе сэрца —
Маленькае сонца.
З даверам яго
Аддаю ў твае рукі,
Без страху і злосці,
Без нечай прынукі.
Ты толькі на ім
Не малюй, калі ласка,
Бо сэрца маё
Мусіць чыстым застацца.

Дзяўчынка-равушка


Хто завыў? Хто зароў?
Ці не чарада кароў?
Не цялушка Пяструшка?
Гэта — Ганя-равушка.
Плача, заліваецца,
Сукенкай уціраецца…
— У-у-у-у-у-у-у!
Выйшла мама з Ганяй у сад,
Ганя просіцца назад:
— Не хачу я ў сад ісці!
Ой, пусці! Пусці! Пусці!
А як толькі Ганя ў дом —
Слёзы з вочак ручайком:
— О-о-о-о-о!
Не хачу. Пусці назад.
Рвецца зноў яна у сад.
Малака далі у кубку —
Ганя ўжо скрывіла губку:
— Ён вялікі! Дайце ў тым!
Не, не ў гэтым! У маім!
У-у-у-у-у!
Далі плаксе у другім —
Раскрычалася зусім:
— Не хачу і ў гэтым! Не!
Дайце лепей з тога мне!
Э-э-э-э-э!
Палажылі Ганю спаць.
Ганя плача — хоча ўстаць.
— Дай сукенку! Ой, дай, дай!
Хоць ты з хаты
Уцякай.
          Ай!
Як на сход, народ плыве:
Хоча ведаць, хто раве,
Хто ўвесь час тут плача?
Што ўсё гэта значыць?
Бачаць — дзеўчынка стаіць,
Немым голасам крычыць,
А ў яе ад горкіх слёз
Усё распухла —
Твар і нос.
— О-о-о-о-о-о!
У-у-у-у-у-у!
Ой, не плач, Ганюшачка,
Дзяўчынка-равушачка,
Дзяўчынка-равёлачка,
Хліпалка-сапёлачка!
На табе ж ад сырасці
Плесня можа вырасці!

Дзяўчынка чарнамазая


— Ах, дзяўчынка
Чарнамазая,
Дзе ж ты рукі
Перамазала?
На далоньках
Плямы,
На локцях —
Таксама.
— Я на сонейку
Ляжала,
Рукі ўгору
Трымала,
Вось яны і загарэлі!
— Ах, дзяўчынка
Чарнамазая,
Дзе ж ты твар свой
Перамазала?
Чорны кончык носа,
На шчоках
Палосы.
— Я на сонейку
Ляжала,
Нос угору
Трымала,
Вось ён і загарэў.
— Ах, дзяўчынка
Чарнамазая,
Дзе ж ты пяткі
Перамазала?
— Я на сонейку
Ляжала,
Пяткі ўгору
Трымала,
Вось яны і загарэлі!
— Ой, ці праўда гэта?
Ці так ты рабіла?
Да кроплі ўсё адмыем.
Падавайце мыла!
Мы яе адшаруем.
Закрычала на ўсю глотку,
Як убачыла
Вяхотку.
Як кошка, упіралася, —
Мыць рукі
Не давалася:
— Яны не будуць
Белыя:
Яны ўсе
Загарэлыя!
А рукі і адмыліся.
Шаравалі
Губкай нос —
Раскрычалася
Да слёз:
— Ой, мой бедны носік
Мыла не выносіць!
Ён не будзе белы:
Ён жа загарэлы!
А нос таксама адмыўся.
— Вой, навошта пяткі церці?!
Можна з козыту памерці!
Не будуць пяткі белыя:
Яны ўсе загарэлыя!
А пяткі таксама адмыліся.
Вось цяпер ты белая,
Зусім не загарэлая.
Гэта ўсё быў бруд.

Зайка


Зайку кінулі на лаўку
І забыліся у парку.
Злезці долу ён не мог
І пад дожджыкам прамок.

Казляня


Гадаванец улюбёны —
Маладое казляня,
Я яго у сад зялёны
Пасвіцца ваджу штодня.
Калі раптам заблукае,
Я заўсёды адшукаю.

Конік


Коніка свайго люблю я,
Грыўку прычашу даўгую,
Шчотачкай прыгладжу хвосцік,
Паскачу да мамы ў госці.

Кот


Мы ката паспрабавалі
Пракаціць на самазвале.
Кот катацца не любіў,
Грузавік перакуліў.

Мішка


Мішку скінулі з канапы,
Мішку адарвалі лапу.
Я яго адрамантую
І цукеркай пачастую.

Мурзачка неслухмяная


— Ах ты мурзачка неслухмяная!
Рукі брудныя, локці з плямамі!
А пазногці чыста
Як у трубачыста!
— Я на сонейку ляжала,
Рукі дагары трымала,
Вось яны і загарэлі.
— Ах ты мурзачка неслухмяная!
Шчокі брудныя, носік з плямамі!
Вушы — проста гора,
Быццам у шахцёра!
— Я на сонейку ляжала,
Тварык дагары трымала,
Вось ён і загарэў.
— Ах ты мурзачка неслухмяная!
Ногі брудныя, пяткі з плямамі!
Быццам не ў дзіцяці,
А у парасяці!
— Я на сонейку ляжала,
Пяткі дагары трымала,
Вось яны і загарэлі.
— Вой, а мы не верым,
Можа нахлусіла?
Бруд увесь адмыем,
Дзе там наша мыла?
Як убачыла вяхотку,
Выдзіралася, як котка:
— Ды няма тут бруду,
Пальцы мыць не буду!
Не будуць рукі белыя,
Бо рукі загарэлыя!
А рукі ўзялі ды адмыліся!
Тупала нагамі:
— Не сябрую з вамі!
Вой, мой носік мілы,
Ён не любіць мыла!
Не будзе тварык белы,
Бо тварык загарэлы!
А тварык узяў ды адмыўся!
Тата губкай пяткі цёр —
Плакала, як той бабёр:
— Вой, не казычыце,
Шчоткі прыбярыце!
Не будуць пяткі белыя,
Бо пяткі загарэлыя!
А пяткі ўзялі ды адмыліся!
— Вось цяпер ты белая,
Зусім не загарэлая.
Гэта ўсё быў бруд.

Памочніца


Спраў у Танечкі багата.
Хто б управіцца паспеў?
Памагала ўранку брату —
Брат цукеркі ўранку еў.
Мыць хацела лыжкі ў місцы,
Ды да кухні не дайшла:
Адчыніла дзверы кісцы,
Мяўкаць кісцы памагла.
Малако піла і ела,
Заклапочана была:
Села, з мамай пасядзела,
Да бабулі падышла.
Перад сном сказала маме:
— Распраніце мяне самі,
Я ад стомы — не магу,
Я вам заўтра памагу!

Самалёт


Самалёт змайструем самі,
Паляцім па-над лясамі,
Паляцім па-над лясамі,
Памахаем ручкай маме!

Слон


Ноч прыйшла, заснуў бычок,
Павярнуўся на бачок.
Мішка сон салодкі сніць,
Толькі слон яшчэ не спіць.
Ён хітае галавой:
«Добрай ночы, дружа мой!»

Таня


Наша Таня гучна плача,
Упусціла ў рэчку мячык.
Ціха, Танечка, не плач,
Не патоне ў рэчцы мяч.


Оглавление

  • Бычок
  • Дару табе сэрца
  • Дзяўчынка-равушка
  • Дзяўчынка чарнамазая
  • Зайка
  • Казляня
  • Конік
  • Кот
  • Мішка
  • Мурзачка неслухмяная
  • Памочніца
  • Самалёт
  • Слон
  • Таня