Здубавецьця [Рыгор Барадулін] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

— Торбачку знайшлі?

— Знайшлі.

— Торбачка пок?

— Пок.

— Яначка хоп?

— Не.

І так да бясконцасьці.


Я ж казаў…

У бедную хату госьць, як пажар. З апошняга выстранчыла, вымадзіла гаспадыня яечню. Малому хочацца есьці. Маці яму тлумачыць, што госьць пакіне, ня ўсё зьесьць. Госьць пачынае частавацца. Малы цераз каптур сочыць за кожным рухам. І калі госьць падчапіў апошні кавалак сала, малы ня сьцярпеў і загукаў на ўсю хату:

— Я ж табе казаў, што ўсё зьесьць. І зьеў!

Гэта замест салодкага — малечая гаркота госьцю.


Рэпертуар

Старцы хадзілі ад вёскі да вёскі. Сьпявалі такімі галасамі й гэтак жаласна-набожна, што словаў і ня разабраць было. Аднак нехта ўсё-ткі расчуў тэкст сьпеваў. А быў ён дужа ўжо няхітры:

Ой, ня так жа мы селі, як летась сядзелі,
Ой, ня так жа нам далі, як летась давалі…
Сучасныя эстраднікі падчас нагадваюць сваім рэпертуарам памянёных старцаў.


У космас

Вушацкі Пяцюша тым і жыў, што чысьціў сральні. На досьвітку касьмічнае эры ці пад паўдзён яе вядомы сваімі жартамі ягоны цёзка Трафімаў з сур'ёзным выглядам параіў Пяцюшу кінуць вядро й чарпак і падацца ў касманаўты. І плоцяць добра, і слава на ўвесь сьвет. Пяцюша адно запытаўся, а як гэта зрабіць. Жартаўнік кажа, што запісваюцца ў пасялковым савеце. Пяцюша й падаўся ў савет. Ды ў космас ня ўзьляцеў, а ў яму ад роспачы ледзь ня ўляцеў.


А нашто мне

Бабылка хадзіла па жэбрах. Хто кавалак даваў, хто хвост каўбасы, хто локаць суравога. Ды ў аднае хаце насыпалі ў торбу мукі. Жабрачка й галосіць:

— А нашто ж мне гэта мучанька, а нашто ж мне гэта горанька?

Бывае, што пададзенае горай за крадзенае.


Гонар даражэй

Вушацкім рыбакам зь невялікае арцелі прапанавалі разводзіць і лавіць люгашак. Самалёт мусіў адвозіць жывы далікатэс аж у Францыю. У мокрым мосе. Сьвежанькіх. Цана была прапанавана добрая. Здавалася, што тыя, хто прапановы такое ня меў, пазелянеюць ад зайздрасьці зеляней за люгашак. Ды рыбакі сказалі савецкае «не», як тым падпальшчыкам вайны. Яшчэ аракаў куды ні йшло. І дзяды й прадзеды былі рыбакамі, а не жабаловамі. Гонар даражэй.


Калі ўжо сышчыць?

Прыязджаю дамоў. А мама пытаецца ў мяне, калі ўжо Броўка сышчыць прэмію. Перад Ленінскай прэміяй нашага земляка радыё амаль штодня, дакладней, штораніцы давала перадачы, вядома ж, па-расейску, з нязьменнай рубрыкай: «На соискание Ленинской премии…» Бо кніга вылучалася ў перакладзе на расейскую мову. А ў гутарковай мове сыскаць, значыць спагнаць нешта сваё, пазычанае ці ўкрадзенае некім. І, відаць, перадачы радыё гэтак знадакучылі маме, што яна й запыталася ў мяне каламбурна.


Слабы зрок

Унук паказвае бабулі сшытак:

— Ці добра я напісаў?

— Дрэнна.

— Цяпер, бабуля, я сапраўды бачу, што ў цябе слабы зрок.


Злаўлю!

Троху прыдуркаваты бегаў па даваенным мястэчку й крычаў:

— Янкель, купі шчупака.

— Дзе ён?

— Злаўл-лю-лю!


Развагі

Муж, які зьмяніў шмат жонак, бо паміралі, суцяшаў сябе:

— Бог узяў босую, а я ў чаравічках вазьму.

Другі муж, у якога таксама часта мерлі жонкі, даводзіў у рыфму:

— Чым мне Бог сагразіў, што я поўну клець скрыняў навазіў?


Можна таўчы

Сыны пажаніліся. Жывуць пры бацьку. Старэйшы брат нежанаты. Устае ды йдзе да стала сьнедаць. Жанацікі яму:

— Чаму рукі ня мыў. Можа, трымаўся.

— Маім яшчэ можна кашу таўчы, гэта ня вашыя…


Могуць на хаду

Мама казала:

— Што цяперашнія за танцы. Труцца перадамі, як рыба ў нораст. На хаду могуць дзіця зробіць.


А ці ўмее

Суседка старая да мамы, гледзячы на сынавую:

— Дачка ці нявестка. Драбненькая, маладзенькая. А ці ўмеіць яна жаць?


Матырынцы

Матырынцы трывала ўвайшлі ў показку: «Цалуй тата маме ў сраку, — матырынцы рог укралі». Што гэта быў за рог — у показцы ня тлумачыцца. Але па ёй можна пазнаць, ці карэнны вушацкі чалавек, ці наезджы. Неяк ехалі з «Прарыву» з Васілём Быкавым. Па дарозе вёска Вугрынкі. Васіль меркаваў, што маглі быць першапачаткова Бугрынкі. Прагаласавалі дзяўчаткі. Узялі іх у аўтобусік наш. Пытаюся, што зрабілі матырынцы? Толькі адна сарамяжліва заўсьміхалася.

Пра матырынцаў ёсьць яшчэ вушацкае паданьне, як яны архірэя прымалі. Вырашылі пабудаваць туалет, ды ня абы-які. Калі высокі госьць зробіць усё, што трэба, прылада накшталт сучаснай шчоткі для мыцьця падлогі з наматанай мяккай анучкай павінна адпаведнае месца выцерці. І ўсё адбылося, як задумана было. Але ўжо так упадабаў архірэй абслугоўваньне, што нагнуўся паглядзець, як жа гэта ўсё робіцца. Чалавек, які стаяў недзе ўнізе ў яме ці збоку, вырашыў, што нячыста выцер, і правёў гэтым, так бы мовіць, квачом архірэю па губах. І да сёньня ніводзін архірэй ня прыязджаў болей да матырынцаў, якія рог укралі. Праўда, ёсьць яшчэ прыгавор: прасіце, матырынцы, прыеду сьвянціць. Нібыта гэта сказаў усё ж на разьвітаньне