Матчына душа [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Уладзімір Караткевіч Матчына душа

На пачатку дарог


Жанчыны сечкамі таўкуць бадзёра,
Як быццам спора выбіваюць такт
Для нейкай небывала хуткай полькі.
Ў распараныя глоткі цёмных бочак
Плыве капуста белаю гарой.
Яе засыплюць соллю з чорным кмінам
І зоркамі чырвонай смачнай морквы,
Там-сям антонаўку для духу кінуць
І зноўку пачынаюць дружна стукаць.
Пачатак лістапада.
Ноч глухая
Ляжыць за вокнамі самотнай хаты,
І плачацца на горкую нядолю
За мокрым шклом раздзеты чорны сад.
Бязмежная пустэча за акном.
Халодныя ад дожджыкаў вяргіні,
Халоднае ад кропляў дажджавых
Сумуе яблыка на голым дрэве:
Забылі.
А ў хаце добра, цёпла,
Ля комінка прыжмурылася котка,
Газніца цьмяна свеціць на шынкоўні:
Жанчыны тут сышліся "талакою"
Дапамагчы нашаткаваць капусты,
А каб сказаць па праўде, паспяваць,
Пажартаваць, забыўшы ноч і цемру,
Гарэлкі выпіць пасля працы лёгкай
І пачасаць нязлосна языкі.
Якая ноч!
Як непрытульна тым,
Хто ў гэту ноч ідзе у шлях далёкі
Пад зімны дождж, на лужыны рабыя,
Ад залатых агеньчыкаў прытульных...
О, як спяваюць! Вуха у дзіцёнка,
Які на зэдліку сядзіць ля печкі,
Упершыню жалобна ловіць гукі,
Упершыню ў жыцці. Чатыры леты
Прабеглі над бяляваю галоўкай,
Якая, быццам спелы адуванчык,
Качаецца пад ветрам вольных песень.
Ён шмат чаго яшчэ не разумее:
Чаму жаўнер паслаў дзяўчыне хустку,
Чаму не поўна рэчанька, чаму
Андрэеўна нажом сябе забіла,
Калі магла яна забіць султана?
Чаму плакун-трава зямлю ўкрывае?
Але нічога, гукі гэтых песень
Навекі застануцца жыць у сэрцы,
Як словы першых кніжак дарагіх.
Ён можа ўжо чытаць; занадта рана.
Вось кніжкі гэтыя ля тоўстых ножак:
"Савось-распуснік", "Пра сабаку Бума",
"Пра пана-жываглота", "Вярнідуб",
Старая чытанка ў пажоўклых корках
І казкі, казкі, казкі Беларусі,
Трапёткія, як першыя пралескі,
Пякучыя, як гнеўная маланка,
Загадкавыя, як агонь у лесе,
Багатыя, як жнівень залаты.
Калі ж ад літар адарвуцца вочы,
Ён бачыць белазубы рот Паўліны,
Вясёлай цёткі. Як яна жартуе!
Дарослым будзе ён чытаць Купалу,
І замест юнай, з'едлівай Паўлінкі
Паўстане гэты сталы добры твар:
Падобныя яны з іх весялосцю,
З іх голасам, з іх прыгажосцю яснай,
З іх шчырай беларускаю душой...
Але хутчэй, хутчэй ізноў да кніжак,
Бо доўга на дзяўчат глядзець не можна,
Яны дзівачкі: ледзь спаймаюць позірк -
Адразу падбягуць, ў ахапак возьмуць
І пачынаюць ціскаць да грудзей.
(О, каб дзіцяці год на дваццаць болей!
Наўрад ці асабліва б ён цураўся!)
А так ён тоўсты, пульхны, апетытны,
Яго цалуюць, ціскаюць, кусаюць,
Смяюцца неяк дзіўна, чырванеюць.
Авой! Якія моцныя абдоймы,
Як цёпла дыхаюць тугія грудзі!
Нядобра гэта ўсё! І асабліва
Настырная чарнявая Анежка.
Ну так і лезе. А ў вачах такое,
Што сумна робіцца і неспакойна,
Чаго цалуе? Хлапчуку здаецца,
Што хлопец той, цыбаты і няўдалы,
Васіль, што у кутку сядзіць маўкліва,
Ахвотна б з ім на месца памяняўся.
Аднойчы ў прастаце сваёй душэўнай
Ён гэта Васілю прапанаваў
І быў здзіўлёны, што вакол рагочуць.
Як добра Васілю! Яго не носяць,
Ён можа ля дзвярэй сядзець спакойна
І хрумстаць белыя тугія храпкі.
Ах, храпкі, храпкі! Ах, салодкі сок!
Як будзе ён дарослым - неадменна
Заўсёды будзе іх дасхочу хрумстаць,
А так, чамусьці, многа не даюць.
Глухая ноч слязіцца за акенцам.
Газніца. Ў печцы жоўтыя салдаты
Страляюць гулка і заўзята лезуць
На штурм драўлянай крэпасці. Утульна.
Вуркоча котка. Казкі набягаюць.
І зноў цячэ, цячэ, як рэчка, песня,
Плыве ў душу, у сэрца хлапчука,
І ён яе ніколі не забудзе.
Хто будзе ён? Кім стане у жыцці?
Не ведаю яшчэ, бо гэты хлопчык, -
То быў я сам.
І ветразем надзейным
На ўсё жыццё мне засталася песня.
Дапамажы мне, песня, ў лютых хвалях,
Ў затоцы ціхай, дзе вада цвіце,
Нясі мяне у мора. Я чакаю.

Спадарожніку Зямлі 


Шэпчуць лісцем пажоўклым таполі,
Зоры робяць за кругам круг.
Я не бачыў цябе ніколі,
Мой маленькі нябесны друг.
Узыдзі, мая зорка срэбная,
Над абшарамі нашых бароў,
У людзей жа на сёмым небе
Не было ніколі сяброў.
Не да неба ляцела іх сэрца,
А да ніў сваёй стараны.
Ўсе яны зямныя да смерці,
Але ты хіба не зямны?
Тут прыпала табе нарадзіцца,
Тут звычайныя людзі зямлі
Разгадалі тваю таямніцу
І сусвету цябе аддалі.
І, як многія, сэрцам чыстыя,
Што выходзяць з цемрай на бой,
Ты на працы згарыш калісьці,
Ўсё аддаўшы Радзіме сваёй.

Партызанская балада 

Памяці Арцём'евай


На нашай любай і чыстай, на нашай сіняй зямлі
Зяберам і асотам зараслі пустыя палі,
Зяберам і асотам, горкай пустой травой,
Бярозкаю і ваўчкамі, і павітухай тугой.
Вяжуць жанчын да танкаў, дзяцей з аўтаматаў б'юць.
Вёскі на выспы лясныя ад свастыкі чорнай бягуць.
Хаты стаяць пустыя, лісіцы спяць у хлявах,
Восы, стракатыя восы гнёзды звілі ў чарапах.
А ноччу па ўсёй краіне пад ветру халоднага спеў
На горам засеяных нівах расце небывалы гнеў.
Пахне згарэлым порахам нават старцоў рызман,
Ляжаць пад адхонам саставы з надпісам:
"Deutsche Reichsbahn".
Гэта было ў сорак першым на прыдняпроўскай зямлі
Ў звычайнай маленькай вёсцы з смешнаю назвай
"Казлы".
Чалавек пастукаў у шыбу і ў дзверы ўваліўся
як куль,
І сказаў: "Зачыні, Паўліна, непадалёку - патруль.
Я нарваўся на вартавога. Ён даў мне ў плячо штыхом,
Але ён не пабачыць таксама ў Нямеччыне родны дом.
Перавяжы мне рану - іначай не дабрыду".
- "Заставайся".
- "Нельга, Паўліна, хату тваю падвяду".
Мужчына быў год пад сорак -
 але моцны яшчэ чалавек.
У жанчыны сівелі скроні - канчаецца бабін век.
І яна непрыкметна пагладзіла рукаў яго кажуха,
І яна на нагах хіснулася,
Яна не ўпала траха.
І ўзяла сарочку жаночую з карункавым падалом,
І яе на бінты пакроіла вялікім сталовым нажом,
І калі рукаў разрэзала - кроў цякла па лязе цурком,
І калі зацягвала вузел - да раны прыпала крадком.
І мужчына сказаў ёй мякка: "Цябе ніхто не кране.
Я пайду, але ты, Паўліна, паслухай цяпер мяне:
Можа, мяне спаймаюць... пад дубам, што ведаеш ты,
Я закапаў узрыўчатку, прыблізна на два масты.
Масты неабходна знішчыць. Па іх да нашых брыгад
Немцы мяркуюць падвесці вялікі карны атрад.
Калі загіне мой сябра, калі загіну я,
То спавясціць пра гэта будзе справа твая.
Дашлі туды дзеда сымона, ён лёгкі яшчэ на хаду.
Дашлі неадменна, адразу ж... Дзякуй, Паўліна, пайду.
Жонцы, дзецям, таварышам прывітанне маё перадай...
Падрыўніка яны знойдуць - на мне не сышоўся край".
Ён пайшоў, і яго схапілі на выгане ля сяла,
А ўранку да каменданта тая ж жанчына прыйшла
І сказала з сухімі вачыма: "Паслухайце, пан капітан.
У вас сядзіць мой каханы. Вы сказалі,
што ён партызан.
Не ён забіў вартавога, рана не ад штыка.
Рану нажом зрабіла каханкі яго рука.
Вы павінны мяне даслухаць,
вы кахалі кагось у жыцці.
А мне без майго кахання дваццаць год давялося
брысці.
Я любіла, а ён ажаніўся, пакінуў наша сяло.
Спытайце ва ўсіх на вёсцы, што так яно і было.
Да мяне пяць дзён як вярнуўся і назваў каханаю ён.
О, каб ведалі вы, што такое каханне на схіле дзён,
Горкае і гарачае, не такое, як ранняй вясной!..
А ўчора сказаў ён,
што зноўку пойдзе да жонкі сваёй...
Без яго апусцелі б навекі сэрца маё і дом,
Яго за здраду, за здраду ўдарыла я нажом.
Для мяне нат слабым і хворым ён быў бы харош і гож.
Бачыце, вось кашуля. Бачыце, вось ён, нож".
І яе тапталі нагамі, яе катавалі пяць дзён,
А яна упарта казала: "Каханы, каханы ён".
Калі шосты дзень за лясамі, сплыўшы крывёй, сканаў,
Мужчыну штурхнулі ў свіран, дзе пластам ляжала яна.
Твар яе быў апечаны агнём пякучым свячы
І не гаіліся раны, якіх ніхто не лячыў.
Ён стаў ля яе на калені, пагладзіў рассечаны лоб,
І яна яму расказала пра свой свядомы паклёп:
"Ты маўчаў? Не сказаў, дзе паранены?
Ім самім давялося шукаць.
Мой разлік быў тонкі і верны.
Пра каханых заўсёды маўчаць.
Ты бачыш, я паміраю. Канец. Крычы не крычы.
Любы мой, любы мой, любы... Маўчы, неадменна маўчы.
Маўчы дзеля бедных дзетак, дзеля любай жонкі сваёй,
Дзеля вечнага, добрага шчасця,
што будзе над нашай зямлёй.
Даруй, што бруднай рукою ўспаміны кранулі яны.
Ты ведаеш, зерне праўды жыло ў гэтай хлусні.
Калі будзеш пад нашым дубам,
калі прыйдзеш туды адзін, -
Дакраніся хоць на імгненне
да яго каравых галін..."
Ціха-ціха ўздымаюцца да бінтоў, ад крыві рабых,
Чыстыя-чыстыя рукі - белыя галубы...
І калі яна праз імгненне пакінула гэту турму -
Мужчына ад плачу затросся,
як яна дваццаць год таму.
Перад тым, як жанчыны вочы заснаваў невядомага
дым,
Ён прыпаў да губ схаладзелых у пацалунку адным.
І ён зразумеў, нарэшце, што яна дачакала свайго...
І прыйшлі два зялёных салдаты, і ўзялі ад яе яго.
І твар яго, чорны і горкі, такі незвычайны быў,
Што афіцэр нямецкі вочы ўніз апусціў,
Паглядзеў на крыжы салдацкія,
што за вокнамі спалі ў імгле,
Паглядзеў на сталовы ножык,
што ляжаў на пісьмовым стале,
Паглядзеў на рукі мужчыны, што сціскаліся ў кулакі,
І загадаў салдатам ад дзвярэй адвесці штыкі.
І мужчына пайшоў ад вёскі па глыбокай асенняй гразі,
І мужчына сівы з узлесся назад кулаком пагразіў,
І наступны дзень над зямлёю скалечанаю ўставаў,
Чырвоны ад дальняга зарыва на патоках асенніх траў,
Чырвоны, як быццам мыўся ў крыві ад глыбокіх ран.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Назаўтра два дальніх выбухі скаланулі балотны туман.

Заяц варыць піва 


Туман плыве з нізіны сівы
Над нівай голай і пустой.
"Глядзіце, заяц варыць піва", -
Жартуюць людзі між сабой.
А я відушчым бачу зрокам,
Як ён прысеў каля агню,
Трыгубы, шэры, касавокі,
І піва варыць з ячмяню.
Яліна іскрамі страляе,
А ён прыладзіў кацялок
І трэскай варыва мяшае,
Каштуе, сплёўвае набок.
І піва заяц варыць густа,
А на закуску - бурачок,
Трава, заечая капуста,
Галін асінавых пучок.
З зайчыхай вып'юць па маленькай
І дзеткам трошкі паднясуць,
Пужлівым галаском таненькім
"Цвіцела морква" завядуць.
Пабачыш - не гані з абсады,
Дай хоць на гэты дзень спакой,
Павінна ж быць і ў зайца радасць
Перад халоднаю зімой.

Орша 


Яна не блішчыць красою,
А ў сэрца навек запала
З паркам сваім змарнелым,
З сваёй Кабыляцкай гарой,
З лянівай сястрой Аршыцай,
Што летам бруіцца памалу
Ў шырокі, як песня наша,
Магутны, сівы Дняпро.
Хаткі, што да абрыву,
Як ластавак гнёзды, туляцца -
Родныя і дарагія,
Як поціск сяброўскай рукі;
Брук, размыты дажджамі,
Пыльныя ўскраіны вуліцы,
Куродым на сценах будынкаў,
Дальнія цягнікі.
Далёка яна ад мяне,
Адзіная і дарагая,
Ў чорных істужках чыгунак,
Што ўсю яе абвілі,
З народам сваім, што ў бітвах
Ніколі не памірае:
Заслонава слава звоніць
На ўсіх перагонах зямлі.
Калісьці... Было і такое...
Хацелі пазбавіць крылляў...
Быдлам нас называлі,
А ўсё ж такі мы былі
Нязломнымі ў чорнай бядоце,
Гордымі і ў бяссіллі,
Бо род наш быў пралетарскі,
А рукі - у чорным вуглі.
Мы паціскалі плячыма,
Калі нам з пагардай казалі,
Жадаючы ў час вясёлы
Рабочы наш род абсмяяць:
"Знаёмяцца ў вас на вапне,
На вапне вы нараджаліся,
Вапна ўсіх вас карміла,
У вапне вам і ляжаць".
Паслухайце: наш ён, наш горад,
Няхай і суровы часам, -
Працоўнае гордае права
Здабыў у цяжкой барацьбе,
Гэта наш родны горад,
Яму не патрэбны прыкрасы,
Ён сам для сябе прыкраса
І гордасць - сам для сябе.
Мы цягнікі вадзілі,
Палотны на фабрыках ткалі,
Лес магутны валілі
І ўмелі плавіць метал,
У цёмных каменяломнях
Белы вапняк ламалі,
Гліну і торф здабывалі, -
Гарачы у нас запал!
Як толькі цёмнаю ноччу
Вочы свае закрываю,
Адразу я Оршу бачу
З яе няяркай красой,
З бярозамі над Аршыцай,
З вясёлым сонейкам мая,
З блакітам першых пралесак
У косах каханай маёй.
Тут нарадзіліся думкі,
Воля, імкненні, жаданні,
Тут стаў я сынам краіны,
Абпален яе агнём...
Таму і люблю я Оршу
Першым вялікім каханнем,
Якое не знікне, пэўна,
Нават з маім жыццём.

Вадарод 


Бы сарваўся вар'ят утрапёны і злосны:
Прах старых гарадоў дасягае нябёс,
З дзіркай у чэрапе гінуць дваццатыя вёсны,
Плывуць горкія рэкі жаночых слёз.
І над морам, як над жаралом вулкана,
Вырастае грыб і калечыць людзей,
І кунгасы мёртвыя плывуць акіянам
З поўным грузам разбітых людскіх надзей.
Наша маці-зямля, дарагая і светлая,
З дымам фабрык, з дзяцьмі і з мудрасцю слоў
Можа стаць назаўсёды, навекі праз гэта
Проста чорнай труною для ўласных сыноў.
Мог бы ты дараваць нам жыццё і квітненне,
Мог бы шчасцем навек увянчаць народ.
Хто ж зрабіў з цябе сродак зла і знішчэння,
О грымучы, бязлітасны кат-вадарод!
Скарпіёны, што бачаць кальцо агнявое
І кусаюць людзей, а потым сябе:
"Здохні! Згінь, чалавек! Хай сонца святое
Не цалуе, не лашчыць, не грэе цябе!"
Ўсім даўно астабрыдла стаяць над абрывам.
Што ж хаваеце, людзі, думкі свае?!
О, калі ж яны прыйдуць, гады алівы,
Што галінамі шар зямны абаўе?
Гэта ж проста, як рэпа: магутнай сілай,
Што дае чалавечай руцэ вадарод,
Растапіць навекі зямны халадзільнік,
Безнадзейнай Грэнландыі мёртвы лёд.
І растаў бы ён, і цёплыя плыні
Спарадзілі б дажджы над светам усім,
І прыйшло б да нас мора, сіняе-сіняе,
З цеплынёю, з прыбоем, з пяском залатым.
Над усёю зямлёю трапічныя зоры,
Адбіваюцца пальмы ў цёплай вадзе.
(Я, напрыклад, ніколі не бачыў мора,
Як мільёны іншых звычайных людзей.)
У паэтаў дрэнных шпурлялі б бананамі,
(Эстэтычней, ніж яек пратухлых пах),
І раслі б у Оршы маёй мангустаны
І альясы ў туманных лясных Лядaх.
І ад погані чыстая наша планета
Стала б вольнай, прыгожай, шчаслівай навек,
Стала б лепшым брыльянтам кароны сусвету,
Цёплым раем, якога чакаў чалавек.

Сырцовыя цагліны 


Гарадзішча старое на зліве рэк.
Больш як дзесяць стагоддзяў назад
Першы зруб паставіў тут чалавек
І дубовы ўзвёў палісад.
Ўсё даўно прамінула, і толькі вясной,
Калі повень схлыне далоў,
Аддае неахвотна абрыў над ракой
След даўно прамінуўшых гадоў.
Дагарае сонца на весняй рацэ,
Я прыйшоў на знаёмы плёс
І стаю са звычайнай цаглінай ў руцэ,
Ўсхваляваны амаль што да слёз.
На паверхні счарнелай цагліны старой,
Што адмыла рака на свет,
Бачу я адбітак лапэткі малой,
След дзіцёнка, забыты след.
Дзевяцьсот разоў май ішоў па зямлі,
Разліваючы ў рэках сінь,
З тых часоў, як на замчышчы вежы ўзвялі
З гэтых самых адменных цаглін.
Быў спякотны дзень. Пад ценем бяроз
Цэгла сохнула на траве.
Дойлід еў, а сын, што ежу прынёс,
З белым пухам на галаве,
Без штаноў, хадзіў на крывых нагах,
Еў груднічнік і розную дрэнь,
На жабінае племя наводзіў жах,
Даганяў свой уласны цень.
Калі б бацька на сына вочы ўзняў,
Ён бы мог пабачыць, што сын
З асалодаю босай нагою ступаў
На паверхні вільготных цаглін.
І адбітак малой дзіцячай нагі
У аснову крэпасці лёг.
Шмат разоў прыходзілі варагі
На краіны лясной парог,
Шмат разоў стагнала зямля ад тугі
І ўзрастаў на руінах палын...
Але быў непарушны адбітак нагі
На паверхні сырцовых цаглін.

"Стаю ўначы ў завіруху..." 


Стаю ўначы ў завіруху -
Аддаўся наплыву мар.
Ноч уважная слухае,
І вецер гайдае ліхтар.
Што са мною - не знаю.
Сэрца трывогу б'е.
Кахаю?
Здаецца, кахаю.
Напэўна, кахаю яе!
Клянуся зарою вяснянай
І тым, што міне зіма, -
Няма ў мяне іншай каханай,
Іншага друга няма.
Кахаю... у хустцы і ў косах,
Ў завею і летні гром,
Кахаю абутую й босую,
З кнігамі і з сярпом.
З ёй - радасць, адному - гора.
На гэтым цвёрда стаю.
Ноч крочыць,
І чуюць зоры
Клятву маю.

Песня шафёра 


Ноч спусцілася, згаснула сонца,
Свеціць зорамі каляя,
З-пад машыны дарога бясконцая
Адпаўзае назад, як змяя.
Ў смалянай вадзе межыточнай
Пралягла дрыжачая гаць.
Быццам мёдам намазалі вочы,
Хіліць стома, хочацца спаць.
Дарогі, дарогі,
Косці растрасуць,
Мёртвага разбудзяць,
Жывога ў дол звядуць.
Ад вясёлых сузор'яў вясковых
Да залітых святлом гарадоў
Возім дружна мы збожжа і дровы,
І "налева" падвозім "рабцоў".
Мы ляжым у гразі пад машынай,
Ўзімку корпаемся ля агню,
Нас пабачыш па ўсёй краіне,
Неўтаймоўную шафярню.
Дарогі, дарогі,
Косці растрасуць,
Мёртвага разбудзяць,
Жывога ў дол звядуць.
Ад напругі пад коламі крэкча
Над вадой спарахнелая гаць.
Тройчы стрэнеш ты аўтаінспекцыю
Перад тым, як жонку абняць.
Шлях бясконцы ляжыць наперадзе
Праз лясы, між балот і азёр.
Не, не трэба бяссонніцы верыць,
Закуры, заспявай, шафёр.
 "Дарогі, дарогі,
 Косці растрасуць,
 Мёртвага разбудзяць,
 Жывога ў дол звядуць".
- Закуры тытунцу, шафёр!

Як размаўляюць звяры і птушкі 


Закаханы ў жыццё і ў кожную мушку,
Я іду каля хат і росных садоў.
І са мной размаўляюць звяры і птушкі
На дзесятках і тысячах розных моў.
Ў валасы мае вішні свой снег завеялі,
Мне на вуха шэпчуць абшары ніў;
Маўляў, каго любіш, таго заўжды зразумееш,
У якой бы скуры ён ні хадзіў.
Галубы ў ліловых і сініх барвах,
На мяне паглядзеўшы, вуркочуць так:
- "Пр-роста вар-рвар, варвар, стр-рашэнны варвар.
Крыл не мае, а кр-рочыць, крочыць, дзівак".
Певень, палкай падбіты, скача, як конік,
І здзіўленым курам, як зрынуты бог,
Утрапёна крычыць ад болю і гонару:
- "Не па-паў! Не па-паў! Міма ног! Мі-ма ног!"
Калі ж ноч паплыве над зямлёю мілаю,
Размаўляюць дзве жабы ля соннай ракі:
- "Ку-ума, кума, а што ты явчэраць варыла?"
- "Боршч, боршч, буракі, бура-кі-кі-кі-кі".
Я, напэўна, таксама здаюся ім зверам,
І яны разважаюць у засені траў:
- "Вось ідзе двухногая птушка без пер'яў
Ці мядзведзь, што шубу ў ламбард заклаў".

У жніўны дзень 

Жарт 

Ў жніўны дзень на вуліцы бязлюдна.
Нават бэз заснуў каля дзвярэй.
Толькі певень, млявы і марудны,
Кліча частаваць сваіх курэй.
Бабка спіць ля хаты пад кустамі,
І цялё чырвонае усмак
Мокрымі ружовымі губамі
Ёй жуе стракаты андарак.
І старыя, і малыя ў полі,
Суха звоняць конікі ў траве,
І камбайн, як карабель вясёлы,
Паміж жытніх каласоў плыве.
Ну, а вёска цішынёй абнятая.
Толькі й чуць у гэтай цішыні,
Як храпуць у дзвюх суседніх хатах
Жонкі брыгадзіра й старшыні.

З падсветам 


Пад вербамі, што нахіляюць
У цемры над вірамі стан,
Над ціхаю вадой палае
Маленькі залаты вулкан.
Смаллё ў жароўні сыпле іскры,
І ціхай рэчкі глыбіня
Святлом няпэўным, алым, чыстым
Праніклася амаль да дна.
Ноч пахне радасна і смутна
Вярбовай горкаю карой,
І нос чаўна плыве нячутна
Над змрочным лесам пад вадой.
І ў гэтым лесе, дзіўным, сінім,
Стаяць забіўшыся углыб,
Шырокія тугія спіны
Заснуўшых пад вадою рыб.
Трапечуць багавіння струны,
Рыб клоніць бурштыновы сон...
Замры, падобны да Нептуна,
Трызубец сціснуўшы ў далонь!
Бліжэй! Бліжэй! Як слёзы цёплыя,
Ад жаркіх водбліскаў святла
Чырвоныя падвескі кропляў
Нячутна падаюць з вясла.
Адзін удар трызубай снасці,
І ў ходзе казачных падзей
Жывое, трапяткое шчасце
Само ў далоні упадзе.

Праменьчык 


Мокры водар белага бэзу,
Кветкі-гроны, як вінаград,
Ветрык весні, ветрык-гарэза
Ўсё трасе і тузае сад.
Ў гушчары аканіцы сінія,
Ты ўсё спіш, а дзень на нагах.
Сонца хітрае праз галіны
Да цябе адшукала шлях.
І праменьчык малы, пяшчотны,
Што праз лісце ў шчыліну ўпаў,
Руку голую цёплым ротам,
Крадучыся, пацалаваў.
Спі.
Прачнешся, і ў гэтым садзе
Шчасце будзе блукаць між траў.
Так мне радасна,
Радасна,
Радасна,
Што падскочыў і сонца б сарваў,
Каб не шкода было мне дзетак,
І бязмежнага шчасця, і сноў,
І дрыжачых спрасонку кветак,
І вільготных бэзу кустоў.
І садоў, цеплынёю настоеных,
І вясёлкавых хваль на рацэ,
І праменьчыка, што спакойна
На тваёй спачывае руцэ.

Паўлюк Багрым 


На гасцінцах бярозы
Зусім пачарнелі ад ветру.
Дзіч і глуш безнадзейная,
Бураломныя хвояў кражы,
На лясным раздарожжы
Капліца праткнулася ў нетрах,
І хрыстос сем стагоддзяў
Вісіць на пахілым крыжы.
Праз акенца сляпое
Шэры дожджык глядзіцца у хату,
У якой дагарае,
Бы ў небе асеннім зара,
Непатрэбная старасць
Адстаўнога паўстанца-салдата,
Невядомага генія,
Беларускага песняра.
Дагарае жыццё.
Хто на ўлонне старому прытуліцца?
Ні дзяцей, ні нашчадкаў,
Даўно праляцела вясна,
Прагрымела паўстаннем,
Прайшла праз зялёную вуліцу,
Згасла ў цяжкай салдатчыне...
Мусіць у рабстве сканаць.
Мог бы славай грымець
Сярод годных паэтаў Еўропы, -
Гвалтам спуталі ногі,
Трымалі ўвесь час за руку.
Што пакіне ён?
Вершык у памяці хлопаў,
Кандэлябру ў касцёле
Ды кроў на гарачым пяску.
А ў краіне так цяжка
(Асіны ад ганьбы палаюць),
І над ёй фанабэрыцца
П'яны, разбэшчаны гун.
Як пры князю Ўсяславе -
Дзень вялікі, а луста малая.
Як пры князю Ягайле -
На кожную спіну бізун.
Абжыраюць удоў,
П'юць з гарэлкай сірочыя слёзы,
Тлустым задам расселіся
На паднявольнай зямлі,
На шлагбаумы мёртвыя
Пассякалі жывыя бярозы
На шпіцрутэны гнуткія
Запаветныя вербы звялі.
Беларусь мая, сонца,
Дарагая і родная маці!
На якіх раздарожжах
Згубіла ты шчасце сваё?
Ці удасца хоць дзецям
Шчаслівага дня дачакаці
Пасля мужнасці гэткай,
Пасля столькіх крывавых баёў?
Цень паўстання народнага,
Дзень светлай волі Крашына!
Я таксама пакутваў
За гэту зямную юдоль...
О, чаму ты, кажан,
Не крануў мяне ў годы дзяцінства,
Каб не вырасла сэрца,
Каб вочы не бачылі боль?
Мы чакалі свабоды,
І касілі нас кулямі роты,
Ў ланцугі нас кавалі,
Каб пад палкай нам быў карачун.
Узялі мае вершы,
Ўзялі маіх дзетак гаротных.
Вершы, бедныя вершы
Пад чырванню сургучу!
Край сагнуўся ў спіне,
Край баіцца размовы пра волю,
Край згубіў сваю мову
І матчынай песні напеў...
Нельга верыць у бога,
Калі ён такое дазволіў.
Цяжка верыць у люд свой,
Калі ён такое сцярпеў.
І няўжо не ўваскрэсне
Забытая родная мова
Не на тое, каб енчыць,
А каб крыкнуць да ўсіх на зямлі:
"Ўстаньце, хлопы, да зброі!
Ліце кроў для вялікай любові,
Каб на гэтай крыві
Небывалыя кветкі ўзраслі!"
Не учуем адказу,
Усё больш нахіляюцца хаты,
Ўсе маўчаць ад пялёнак:
Мужыкі, дзецюкі і дзяды...
Пройдзе некалькі месяцаў -
Прах самотны старога салдата
Хапатліва знясуць
На глухія, старыя клады.
О, як хочацца волі!
Жаданая воля, ты чуеш?
Асвяці мне усмешкай
Апошнія дні у жыцці.
Ты маўчыш?
Ты не чуеш?
Можа, ў дзень, калі ты запануеш,
Верас будзе стагоддзі
З разбітага сэрца расці.
Беларусь,
прачынайся!
Я цябе абуджаю!
Ты павінна прачнуцца,
Не праспі сваё шчасце ўначы,
Я гукаю цябе,
Дарагая, святая!
Адкажы ж, мая родная,
Не маўчы!..
Паміраю і веру:
Калісьці над светлымі водамі,
Над свабоднай зямлёю
І над Белаю Руссю маёй
Шчасце сонцам заззяе,
І слова нашчадка свабоднага
Мае раны загоіць
Гаючай жывою вадой.

Цяга 


Вячэрні вечар на ўзлессі сінім.
Бярэзнічак. Іржавы мох балота.
За дальнімі халоднымі лясамі
Ірдзее сонным сонцам небакрай.
Зноў лужыны зацягвае лядок:
Зіма саслаблая шалёна хоча
Яшчэ хоць ноч падыхаць і пажыць.
Пад ботамі намокнуўшая глеба
Цалуе палка стомленыя ногі,
Бы кажа: "Любы, любы мой, каханы,
Не ўцякай. Пабудзь са мною трошкі".
Я не пайду. Са мною патранташ
І стрэльба на плячы. А ў сэрцы прага,
Што прашчура майго вяла калісьці
З сякераю на маманта.
Вядома,
Даўно заціхлі мамантавы крокі,
Што выгіналі пад сабою глебу...
Але у гэты час інстынкт крывавы
Зноў абуджаецца ў душы маёй,
І мне здаецца: вось пачую крокі,
Вось з-за бяроз на рыжую паляну
Праціснецца тупая галава,
І выйдзе ён, магутны, дзікі, рыжы,
Бы злеплены з балотных гэтых купін.
Як леташняя жоўклая трава,
Звісае поўсць. І я, ад захаплення
Не памятаючы сваіх пячор,
І вогнішча, і цяжкіх сківіц любай, -
Насустрач кінуся з вясёлым крыкам
І ў хобат кіну тручаную дзіду.
О, дзе ты, цяжкі мамантавы бег
Па сініх-сініх месячных раўнінах,
Дзе вогнішча ў закураных пячорах,
Малюнкі охрай на скляпеннях чорных
І дзіда у асілкавых руках?!
Мая здабыча - кулічок іржавы
З пярсцёнкам залатым каля вачэй
І з доўгай дзюбай, а сабой - кулак.
Ляцець далёка, ледзь вяслуюць крыллі,
Ён бачыць лес, начны перапачынак,
І з радасці не можа утрымаць
Свой крык: "Цыр-цыр! Хор-хор!" Вядома, подласць
Страляць па слонках, стомленых вясной,
Але ж інстынкт і прага, прага, прага.
Вось ён ляціць на жоўтым фоне неба,
І рукі цвёрда стрэльбу узнімаюць,
І вока пільнае шукае мушку...
Стрэл, як пярун!..
Вальдшнэп шугае ўгору...
Ён проста падымаецца над лесам...
Прамазаў я. І радасна чамусьці,
І горка мне. Ляці сабе далей,
Мая крылатая, святая радасць,
Жыві і хоркай, і выводзь дзяцей,
І, можа, я яшчэ цябе сустрэну
І будзе двойчы радасць у мяне.
Я, можа, мазануў зусім наўмысна,
(А мо брашу, няўмельства прыкрываю, -
Не ведаю.) Але нашто ён мне,
Вось гэты мой бізон, мядзведзь і мамант
З бяссільным і падвернутым крылом.
Люблю жыццё, і гэты лес вясенні,
І коцікі пушыстыя вярбы,
І "хорр" вальдшнэпа. О, дваякасць сэрца:
І прага ўбіць, і прага даць жыццё!
Не, я не прашчур. Можа, ў тыя дні
Я бараніў бы мамантаў ад згубы,
Хай на зямлі былі б яны і зараз
І скублі "сіні сон", нібы каровы,
На любых, весніх, залатых лугах.
Ляці ж далей, мая святая радасць,
Будзі лясы няўмелым, сціплым рыпам.
Не ўсім дано ў жыцці спяваць прыгожа,
А славяць ўсё жыццё!
Сляпое сонца
Скацілася за пушчу. Цішыня,
І першы-першы шум жывога лесу
Азваўся мне. Даўно-даўно на небе
Ірдзее стужка жоўтая зары,
І толькі на найбольшай верхавіне
Яшчэ ляжыць яе адбітак жоўты,
На дзвюх сароках, што балбочуць жвава
Пра тое, што мядзведзя не баяцца,
Наверсе седзячы.
Зноў шум жывы
Азваўся ў лесе. Цёмны змрок і вільгаць,
І цьмяна свеціцца вада балотцаў.
І цішыня. І ў сэрцы песня шчасця
Зліваецца з пяшчотным і любоўным
Сінічым галаском непадалёку:
"Цы-віць, цы-віць..." 

Ялінка 


Ялінку выкінулі за адрыну.
Яна ляжыць ва ўладзе ціхіх дум.
На голкі жоўтыя пушысты, сіні
Злятае снег і навявае сум.
Цяплілі ўчора свечкі ёй вітыя,
А сёння аддалі яе снягам...
Блішчаць дажджу віточкі залатыя,
Забытыя на голках тут і там.
Ляжаць, вядома, нудна за адрынай,
І сумны свет праз снежную імжу.
Адное засталіся успаміны:
Віточкі залацістага дажджу.
Але яна свядома ганарыцца
І доляй, і чарговасцю падзей:
Хай жоўтая, хай ападае гліца -
Яна жыве яшчэ ў душы дзяцей.

Дзеці 


О, якая залатая восень!
О, як стогне пад снапамі воз!
Павуцінне, "пража маткі боскай",
Заплятае халадок нябёс.
Да замілавання паўнакроўныя
Гарбузы, узятыя з грады,
Са страхі, як статак парсюковы,
Звесілі ружовыя зады.
Мышы з бадзякоў цягаюць воўну,
П'е зямля сухіх нябёс блакіт...
На гародах высахлы бульбоўнік,
Водар кропу, мята і ваўчкі.
Дні на гэтым водары настоены,
Сэрца поўняць сум і прага жыць...
Хлапчукі, на добры лад настроены,
Улягліся ціха на мяжы.
П'юць духмян паспелай жоўклай восені,
Падраслі шчаслівыя за нод,
А над імі серабрысты ў просіні -
Ледзь прыкметнай кропкай самалёт.
З-пад чубкоў бялявых, як салома,
За шчасліўцам сочаць гарачэй,
З зайздрасцю, з чаканнем невядомага
Дзесяць ясных зорачак-вачэй.
Дзень такі бязмерны і шчаслівы,
Самалёт ляціць у глыб нябёс...
Можна скокнуць наўздагон з абрыву -
І ўзляцеў бы, і ўхапіў за хвост!
Нам з гадамі ўжо не сняцца зоры,
Але мы, паспеўшы пасталець,
Не асудзім ў гэты дзень прасторны
Мудрае жаданне паляцець.

Жаданы госць 


У небе сузор'і такія сінія,
Сон над снягамі яшчэ плыве.
"Добрага ранку, ўдава-гаспадыня,
Мір клапатлівай тваёй галаве".
Полымя цёплы чалеснік ліжа.
Лёд на акне ад яго сышоў,
Проста ў акно, ад водбліску рыжы,
Звонку глядзіць і зайздросціць воўк.
"Ты як знаходка для ўсёй брыгады:
Сытыя ўсе, абшытыя ўсе...
Толькі жывеш не сабе на радасць...
Ведаеш?.. Не, пайду пакрысе".
 * * *
"Сонца якое, ўдава-гаспадыня,
Дзень які добры... сустрэліся зноў...
Што гэта села на скронях? Іней
Ці сівізна ад мінулых гадоў?
Ёсць ад чаго. І я гэта маю.
Цяжка было нам жыць на зямлі:
Мужа забілі твайго паліцаі,
Жонку маю пад расстрэл падвялі:
Боль абаім яшчэ сэрца паліць,
Ты яго несці дапамагла...
Тузіну год мы па іх сумавалі,
Пухам няхай ім будзе зямля.
Шкода глядзець на цябе, гаротная,
Так бы й пагладзіў па галаве.
Ці вінаватая ты ў адзіноцтве?
Ці вінаваты я ва ўдаўстве?
Ранак быў цяжкі. Стамілася, мусіць?
А выглядаеш, як сліва ў расе.
Добраю б жонкай была ты камусьці..."
"Дзякуй на слове" - "Я... пайду пакрысе".
 * * *
Ноч надыходзіць. За вокнамі сінія
Зноў заляглі бясконца снягі.
"Што ж ты сядзіш без святла, гаспадыня?
Пэўна, стамілася? Дзень даўгі...
Ведаеш... восень - цяжкая штука,
Але ж бывае і цёплай яна.
Калі трымаеш жончыны рукі -
Сэрцам адчуеш: зноўку вясна.
Што ж ты зрабіла такое са мною,
Што ад цябе мне дарогі няма,
Што на душы мне так неспакойна,
Што ў галаве маёй нейкі туман.
Снег замятае шляхі-дарогі.
Любая. Што ж ты? Не трэба, не плач..."
Падае,
Падае на падлогу
З рук гаспадыні чорны рагач.

Лісце 


Восень прайшла пералескамі,
Па няголеным ржышчы ніў,
Чырвонымі арабескамі
Лісце лес ураніў.
Глянь на зямлю залатую,
Пяшчотную, сумную, чыстую,
Нехта па ёй вандруе,
Ў паветра ўзнімаючы лісце.
Струменьчыкам тонкім лісце.
Медзь на азёрах сплывае,
Сум у небе імглістым...
Як песня, з галін злятае
Лісце, лісце,
Залацістае лісце,
Сто лісцяў,
Дзесяць лісцяў,
Ліст.

Бацькаўшчына 


Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц паміж воблачкаў плыве.
Выйду зноў, як у мінулы май,
Басанож прайдуся па траве.
Дымная, сцюдзёная раса,
Цёмныя ў траве ад ног сляды.
А такога рослага аўса
Я не бачыў доўгія гады.
Бач, хмызы спляліся, як павець,
Светлякі мігцяць, гараць святлей.
Перад тым як звонка ў лозах пець,
Прачышчае горла салавей.
Лашчыцца трава да босых ног.
З дальніх паплавоў плыве ракой
Ледзь прыкметны сумны халадок -
Подых юні ўходзячай маёй.
Паімчаць за ёю наўздагон? -
Хоць і схопіш - усё адно падман.
Дзе каханне тых мінулых дзён -
Весніх паркаў бэзавы туман?
Нават шкадаванне - дзе яно?
Зноў вясна, і жаль знікае зноў.
(Так губляюць пах перад вясной
Ссохлыя сцябліны палыноў.)
Ціха цмокае у сне рака.
О, як добра, як прыгожа жыць!
Раска, як русалчына луска,
На вадзе ад месяца гарыць.
А вакол травіцы роснай рай
І бярозак белая сям'я.
Мой чароўны беларускі край,
Бацькаўшчына светлая мая!

Балада пра паўстанца Ваўкалаку


Апошняя ноч над зямлёю.
Каля мяне, як цень,
Праходзіць да вадапою
Вольны лясны алень.
Заўтра нічога не будзе.
Ляжу ў яры ля ракі.
Куляю срэбнаю ў грудзі
Звалілі мяне паюкі.
У полі абшар шырокі,
А тут і вільгаць, і цень.
Няма прасторы для вока...
Лісце аб'еш, алень!
Біўся з панамі нямала,
На ўсіх наганяючы жах,
Часамі - і без кінжала,
З адною злосцю ў руках.
Дабрацца б да родных межаў,
Пабачыць бы новы дзень...
Дай глянуць на свет бязмежны,
Лісце аб'еш, алень!
Мне ж не зламаць рукамі,
Я ж не магу стаяць,
А там на гары, за кустамі,
Родная хата мая...
Сястра сядзіць пад калінай,
Абляпілі "маскалікі" пень...
Зрабі прасвет у галінах,
Лісце аб'еш, алень!
Каб хату пабачыць бедную
І неба, дзе бусел ляціць,
Каб могілкі мог я ўгледзець,
Дзе маці мая ляжыць.
Пад мядовыя гівала гукі,
Патаемны крык леляка
Склала каравыя рукі,
Чакаючы з пушчы сынка.
Апоўдзень над тымі капцамі
Сыта бубніць авадзень...
Зламай крушыну рагамі!
Лісце аб'еш, алень!
Знімі мяккімі губамі
Пярсцёнак з рукі маёй.
Там, пад старымі дубамі,
Хата пад новай страхой...
Ад пана адбіў дзяўчыну,
Ад пана на белым кані...
Схавалі мяне яліны,
Хмыз, лесавыя пні.
А ў сэрца другі ёй убіўся,
Пакорлівы, добры, святы.
Я бачыў і адступіўся, -
Што возьмеш з авечак ты?
Зрабіў я, што пан у іх новы
(Й таго "Кабыздохам" завуць),
Дапамог канём і каровай,
Няхай сабе ў міры жывуць...
Пярсцёнак жанчыне ў маністах
Аддай і пра смерць не крычы.
Хай будзе сумленне чыстым!
Хай спіць спакойна ўначы!
Цяпер і маніць не трэба,
Як слабасць да сэрца дайшла:
Больш солі,
больш хлеба, больш неба
Патрэбна яна была.
І толькі волі вялікай
Я б за яе не аддаў...
Зацкаваны... Магутны... Дзікі...
Як я яе кахаў!
Пабачыць бы любыя вочы,
Пакуль не пакрыў мяне цень.
Не абмінай!
Варочай!
Лісце...
Аб'еш...
Алень!

Машэка 


Лісце алае засыпае роў,
Пушчу чорную апавіў туман,
Атачон з усіх чатырох бакоў
Золкай восенню мой лясны будан.
Стогнуць пад дажджом старчакі альхі,
І ў будан з дрыгвы плыве золь-зіма, -
Ў ім карэнні - столь, ложак - ліст сухі,
Ні агню няма, ні святла няма.
Ад усіх я ўцёк, ад усіх я збег,
Буйным воласам да калень зарос.
Годы стаялі, быццам белы снег.
Горы панскіх цел мой Дняпро панёс.
Нішчу я паноў, замкі іх палю,
Я ламаю іх векавы бізун,
Помшчу за маю бедную зямлю,
За яе жальбу, за яе слязу,
За тваю красу, за маю любоў,
Што ў пакоях іх кветкай адцвіла...
Дзікі вецер гне раць сівых дубоў.
Ночка нас з нажом, як братоў, звяла...
Я стаю, як корч, ў воўчай скуры ўвесь,
Зліўся з дрэвамі і гляджу на шлях,
Цёмны я увесь, цёмны голы лес,
Толькі два агні свецяцца ў вачах.
Конскі тупат... Там... Бегма ў гушчыню...
Затрашчаць у ноч пад нагой лаўжы.
З дзікім свістам я коні супыню,
І спячэцца пан на маім нажы.
Ранкам на абрыў выцягну яго
І скажу рацэ, што бушуе тут:
"Ты прымі, Дняпро, ворага майго,
Змый з маёй зямлі гэты панскі бруд".
Лісце алае засыпае роў.
Пушчу чорную апавіў туман,
Атачон з усіх чатырох бакоў
Золкай восенню мой лясны будан.

"У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы..." 


У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы,
Разгайдалася хмурынак бель,
І спявае пад тугім вятрыскам
Лугавы вясёлы жаўтазель.
Ўсе шляхі прыводзяць не да Рыма,
А да родных вербаў і бяроз.
Любая, ў барах сівых радзіма,
Сын твой нарадзіўся тут і ўзрос. 

Дзед Цыпрук, вартаўнік калгаснага стаўка 


Рыжая ватоўка на плячах,
Ахінёна хусткай цёплай шыя...
Пад вадою ў глеістых вірах
Праплываюць карпы люстраныя.
Дзеду семдзесят. З худой рукі
Фузія старэнькая звісае.
Вочы кепска бачаць. Хлапчукі
Часам рыбу аж з-пад ног цягаюць.
Дзе з "манахаў" б'е уніз вада,
Дзед Цыпрук сваю паставіў базу:
Адмыслова сплёў з галін будан,
Што у спёку добра пахне лазняй.
Дзед глядзіць з яго, як з норкі рак,
На дзіцячыя забавы-гулі.
Шкода, што самому нельга так,
Маладосць у горы прамінула.
Добра помніць дзед, як тут раней
Ледзь цурчаў струмок праз глею глыбы,
І не хочацца ганяць дзяцей,
Што купаюцца і пудзяць рыбу.
Зяблыя, палягуць на пясок
І пясок сабе пад ногі мосцяць.
Спёка! Спёка! Вяне палынок.
Ныюць, ныюць к непагадзі косці.

"На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым..." 

А. І. Бялецкаму


На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым,
Дзе з пагардай цягнік двойчы ў дзень праляціць,
Ў простай хаце, пускаючы горкія слёзы,
У калысцы будучы Колас ляжыць.
Там, дзе хрыпла рыкаюць днём спякотным каровы,
Там, дзе ў прысаку хлопчыкі бульбу пякуць, -
Дваццаць першага веку галапузы Бетховен
Бацькаў кубак шпурляе, каб звон пачуць.
А ў вёсцы глухой, на траўцы зялёнай,
На задворках сядзібы, ля самай ракі,
Адсцябаны Шаляпін басам шалёным
Лямантуе з-пад матчынай жорсткай рукі.
О, як трэба шукаць на шляхах чалавека,
Як любіць, берагчы, не крыўдзіць яго,
Каб пабачыць славу наступнага века
Ў сэрцы сціплага сына суседа свайго! 

Рута ў халоднай расе 


Гармонік іграе за клубам.
Водар мурожнай травы.
Чамусьці няма маёй любай,
Чаму, ці не скажаце вы?
У полі, за дальняй брыгадай,
Агеньчыкі зніклі ўсе,
Адзеліся ценем прысады,
Рута ў халоднай расе.
Чакаю адзін да світання.
Нешта яна не ідзе.
Нават лілеі да рання
Заснулі ў цёплай вадзе.
У садах антонаўкай пахне,
І раптам, як гром з нябёс,
Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў,
Напэўна, соллю ў кагось.
Як цяжка мне тут чакаці.
Туман за ракою ўстае.
Стрэльні ты лепей, браце,
У дуб над акенцам яе,
Каб птушкі спрасонак крычалі,
Каб людзі пачулі ўсе,
Каб любая раптам згадала,
Што рута ў халоднай расе.

Эмігранты 


Двух зуброў ад нетраў Белавежы
На Каўказ завезлі, аддалі.
Там лугі зялёныя, бязмежныя,
Там багата сонца і зямлі...
Хмары над лясамі залатымі,
Соль, вада, травіцы смачнай жмут,
Лёгка дыхаць, так як на радзіме,
Але ў кожнага ёсць родны кут.
Дзеці гэтага не разумеюць,
Нарадзіўшыся ў чужым бары,
І на тое, як яны дурэюць,
Непахвальна дзівяцца зубры.
На празрыстых, светла-сініх водах
Сняцца ім айчыны берагі,
Папараць, імшаныя калоды,
Сінія пад месяцам лугі,
Сінія пралескі на сугрэве,
Мухамор чырвоны ля азёр
І калоны манументаў-дрэваў,
Што вярхамі дастаюць да зор.

Гісторыя з першым каханнем 


Шчасце былое ўяўляю
Дзяўчынкаю па вясне.
Загарэлая, кемная, злая,
Дражніла яна мяне.
Памятаю, год у шаснаццаць,
Дурны ад кахання і мук,
Цераз плот я глядзеў на шчасце,
Рамантычны, цыбаты хлапчук.
А шчасце гуляла ў садзе,
Апранутае ў паркаль,
Сабе і птушкам на радасць,
А мне на смутак і жаль.
Разявіўшы рот, як варона,
Гляджу я ў дзівосным сне
На шчасце, што садам зялёным
Ідзе бліжэй да мяне.
Уважна за мною сочыць,
І соладка, як салавей,
Просіць заплюшчыць вочы,
І гладзіць па галаве.
Раскошы цэлыя рэкі
Ў сэрца маё плывуць,
Моцна сціскаю павекі,
Чакаю... Нельга ўздыхнуць...
А дзяўчына з вачыма блакітнымі
Суседу, дурному, як бот,
Адуванчык тыцнула спрытна
Ў шырокі, як ступа, рот.

У тую ноч 


Кветка ў нетрах лясных распускалася,
Залатая, агністая, сіняя,
На купаллі, на росным купаллі,
Ў бураломнай лясной лагчыне.
У глушы, дзе туманы белыя,
Дзе жывуць лесуны і трасца,
Як заўсёды, шукалі смелыя
Кветку-папараць, кветку шчасця.
Як жадалі мець гэту кветку
Цёмных пушчаў глухія шаты,
Каласы на бедных палетках,
Людзі ў цёмных, закураных хатах!
Ўсё было ў тую ноч звычайным:
Над агнямі лёталі цені,
Пяткі "Янку" прывычна чаканілі,
Пахла мёдам мурожнае сена.
За вячэру скупую сядалі
Дзеці бедныя пры лучыне;
Загубіўшы вянок, рыдала
Панам збэшчаная дзяўчына.
У клапоўніку лаяўся п'яны,
За карчмою кагосьці білі,
Хтось на пузе ляжаў адшмаганы,
І кабета над ім галасіла.
З каліты салёнай, парожняй
Залатоўку узяўшы ў рукі,
Дзед шпурляў яе ў "божае вогнішча",
Каб сухоты пусцілі ўнука.
Ўся краіна над працай гарбела,
Ела бульбу, не бачыла сала,
Ўсе маліліся, ўсе цярпелі,
І ўсе, як нямыя, маўчалі.
І не ведалі вёскі ў дубровах,
Людзі хмурыя і палеткі,
Што ўсяму ўжо знайшлося Слова,
Што яно прагрыміць над светам,
Што язык залаты атрымалі
Ў гэту ноч пушчы цёмнай шаты,
Рэчак поўных лянівыя хвалі,
Занядбаныя, чорныя хаты.
Хоць нясцерпным ставала гора -
Наваколле пакуль што маўчала.
Ноч плыла агнямі і зорамі...
Нарадзіўся Янка Купала. 

Бабіна лета 


Над густа-сінім возерам чарот
З прыходам восені шуміць тужліва.
Здаволена гумно на поўны рот
Глытае дар багатай, спелай нівы.
Як шэрань на траве, палотнаў рад,
Ля хат вясёлыя гамоняць людзі,
Кабеты ў садзе кормяць немаўлят,
Сад засаромеўся і стаў аж рудым.
Чароды на зялёных берагах
Апошняю гадуюцца травою,
І слівы сыта луснулі ў баках,
Аб'еўшыся і сонцам, і зямлёю.
Жанчына ля іржэўніка сядзіць
(Мо сівізна ў касе, мо павуцінне)
І думае і ў далячынь глядзіць,
Дзе жоравы лятуць імклівым клінам.
Юнацтва шкода, сэрца хоча жыць,
А думкі нейкай цеплынёй сагрэты.
Далёка да зімы!
Як добра адпачыць!
Якое доўгае бывае лета! 

Начлег 


Мой край, ад крушыны горкі,
На беразе цёплы дымок,
Табун выпівае зоркі
З паверхні лясных межыток.
Конь цягне неба зялёнае
Ў гулкі пусты жывот,
Пакуль цеплыня ад сонейка
Туманам не знікне з балот.
Дзе вы, дзяцінства гукі?
Дзе ты, водар зямлі?
Здзіўлёна гляджу на рукі,
З якіх сышлі мазалі.
Не мне выхваляцца і ззаду
Скакаць на спіну каню,
Не мне, як да ціхай радасці,
Да начлежнага ехаць агню.
А мне ўсё здаецца, што бачу
Сябе і сваіх сяброў
У ліку тых, што на клячах
Імчаць з начлегаў дамоў.
Замест сядла - сярмяга,
Галовы ў пышных вянках,
З чырвоных і чорных ягад
Каралі на нашых грудзях.
Дзяцінства імчыць вясёлае
На мокрых конскіх гарбах,
Засмаглае, напаўголае,
З шыпшынаю ў белых чубах.

"У векавечнай Бацькаўшчыне клёны..." 


У векавечнай бацькаўшчыне клёны
Нячутна пачынаюць аблятаць
На рыжую траву, на мох зялёны,
На весніцы,
На ціхі стаў, на гаць.
Зямля глядзіць азёрамі-вачыма
На ясны свет, што стыне у красе.
Як чыста, бы святло абшары вымыла,
Як ціха - быццам зніклі людзі ўсе.
Адвечная мая! Ў сцюдзёных росах,
Як летась, як мільёны год таму...
Ляцяць на ветры косы рыжай восені,
І кліча лісцяў жоўты сум зіму.
На вуснах стыне горкі смак рабіны,
Цалую іх, халодныя як лёд.
О вы, што будзеце ісці з дзяўчынай
Пад тымі ж клёнамі праз сотню год,
Ці зразумееце, што мы кахалі,
Што зніклі так, як знікнеце і вы,
Што векавечны толькі край, і далеч,
І жоўты ліст на зелені травы,
Што ў векавечнай бацькаўшчыне клёны
Тысячагоддзі будуць аблятаць
На рыжую траву, на мох зялёны,
На весніцы, на ціхі стаў, на гаць,
Што нездарма яна з асінак рудых,
Калі ідзеш увосень па зямлі,
Раняе золата пад ногі людзям,
Каб мы яе любілі й бераглі.

Зімняя элегія 


Чамусьці сёння цішыня такая,
Што сесці хочацца і патужыць.
Самотна зорка над зямлёй згарае,
І ў гурбах ліпа з холаду дрыжыць.
І я усё - усё чамусьці забываю,
Што знік той дзень, загублены ў цішы,
Што час ляціць, што ты ужо не тая
І што даўно я знік з тваёй душы.
Часопіс на стале з тваім партрэтам -
Глядзіш з усмешкай ветлай на мяе,
І ўспамінаю я Дняпро, і лета,
І цень каштана на старой сцяне.
Як дзіўна, я зусім не памятаю
Той дзень, калі цябе пабачыў я
Упершыню. Мо восень залатая,
Мо весні дзень у дальніх тых краях.
Але затое так яскрава бачу:
Пакой, Чайкоўскі хмуры на сцяне,
Раяль пра нешта дарагое плача
І прывіды каштанаў у акне.
Ты памятаеш: восенню туманнай,
Калі уборы дрэў зляцяць далоў,
Ліст жоўты застаецца на каштанах
Стажочкамі ля цёплых ліхтароў.
Ліхтар - і жоўты шарык на каштане,
А ўсіх братоў яго мятла змяла.
Вось так і я цягнуўся да каханай
І толькі й жыў, што ля яе святла.
Былі ў яе нябачаныя вочы,
Падобныя на просінь у нябёс,
І сарамлівасць мілая, дзявочая,
І светлая была, як светлы лёс.
Ёсць дробязі, што поўныя значэння:
Каханне першае растопіць лёд
І нават палавік у цёмных сенях
Век памятны, як казкі першых год.
Мо толькі для таго яно прыходзіць,
Каб мы запамятавалі на вякі,
Як пахнуць рыбаю начныя воды,
Як у траве мігаюць светлякі;
Каб век сумленна памятала сэрца
Спакойны дым над цьмянай люстрай рэк,
Каб кожны быў да старасці, да смерці
Сапраўдны і сумленны чалавек.
Я памятаю ўсё: тугая раска
Заткала стаў. Мінуў наш першы май.
Якой здаваўся нам чароўнай казкай
Ў пустых бляшанках прыгарадны гай!
Хай зразумее кожны на хвіліну,
Як незлічоны светаў карагод,
Як лёгка размінуцца з той, адзінай,
Якой чакаеш, можа, сотні год!
Дні прабягаюць, і гады сплываюць,
Хвіліны шчасця часам прамігцяць,
А боль жыве, і сэрцам адчуваю,
Што жыць заўсёды будзе, да канца.
І ўсё ж на досвітку, і ў час змяркання,
І ў ясны дзень і ў час, як спяць палі,
Я дзякую жыццю за цень кахання,
За тое, што жывеш ты на зямлі.
Сяджу ў пакоі каля цёплай грубы.
Шыпіць пласцінка. Ў сэрцы многа дум.
Кручу: "Над домам флюгер ёсць у любай".
І Шуберт падзяляе ціхі сум.
О "Зімні шлях"! Забытыя будынкі,
Забыты водар ад каханых губ.
І хрыпне на марозе спеў катрынкі,
І мерзне ў гурбах прыдарожны слуп.
Я дзякую табе. Няхай чужая,
Няхай твой твар для іншага жыве,
Ты ёсць, ты недзе ёсць, і ты жывая,
Ты ходзіш веснім ранкам па траве!
Твае ў загары рукі бэз ламаюць.
Жыві і вечнай славай прамяней!
Рукой закрыўшы вочы, усміхаюся...
Ты ёсць на свеце. Досыць для мяне.

Размова з Кіева-Пячэрскім сланом 


У асеннім прысмерку над Дняпром
Замігцеў агеньчык сляпы.
Ад дажджу пачарнеў небарака-дом
І дубоў магутных слупы.
Ад дажджоў стаў зялёным стары паркан,
Парадзела лісце садоў.
Пабяжы на поўдзень, Дняпро-рака,
Панясі прывітанне з вадой.
Прынясі яго ў гарад юнацтва майго,
Дзе плылі тапаліныя дні,
Дзе чырвоныя паркі ля берагоў,
Дзе якраз запалілі агні.
Ў гэтым горадзе, дзе златабрамскі сквер
Зараз, пэўна, ад ветру пажоўк,
Ёсць любімы раён, што завецца "Пячэрск",
Ёсць каштаны ў імжацы дажджоў.
Колькі я недакуркаў там раскідаў
У начны нечапаны снег,
Колькі раз пад вокнамі ноччу стаяў,
Каб пабачыць цень у акне.
Дом вар'ята-дойліда. Сотні хімер
Прымасціліся ля акон,
З брамы дзіўнай вартуе сонны Пячэрск
Недарэчны каменны слон.
Я прыйду і, як лепшаму другу свайму,
Калі выйду на Банкаўскі брук,
Доўгі хобат каменны пацісну яму,
Накармлю апельсінамі з рук.
"Любы слон, ты стаяў тут ночы і дні
Перад гэтай каменнай сцяной.
Раскажы мне, як тут жылі яны,
Ўсе сябры, што ў разлуцы са мной?"
Ты заўсёды бачыў іх вокан агні,
Ты глытаў іхніх комінаў дым.
Пойдзем вулкай, дзе тысячы навальніц
Праляцела над сэрцам маім.
Ты пабудзь гэту ноч, як калісьці, са мной,
Пакідай старую турму.
Асцярожна. Дай падтрымаю рукой,
Дай пад хобат цябе вазьму.
Мы дамо па Пячэрску вялікі крук,
Я мясціны табе пакажу,
Дзе калісьці кранаўся каханых рук,
Дзе хаваўся з ёй ад дажджу,
Дзе сімфоніі слухаў улетку з ёй,
Дзе закусваў у склепах начных,
Дзе бяссонным крокам, часінай начной,
Падазроных будзіў вартавых.
Цытадэльны завулак. Старыя дамы.
Ў небе зоры, як кроплі слёз.
Тут калісьці у верасні бачылі мы,
Як кацілася знічка з нябёс.
Я такога не бачыў яшчэ на вяку,
Я не бачыў такога ў жыцці:
Затуліла павекі, працягнула руку
І сказала: "Ляці ж! Ляці!"
І чамусьці як толькі сказала: "Ляці!" -
Ліст кляновы ў сцюдзёнай расе,
Ўвесь чырвоны, лімонны і залаты
Ёй на пальцы, як мятлушак, сеў.
І яна падхапіла яго на ляту, -
Чуеш, сябра, чуеш, мой слон? -
І яна сказала, што гэта Арктур
Ёй зваліўся лістком у далонь.
Але вочы былі, як спынены спеў,
Як трывожнай ракі глыбіня...
Я быў вельмі дурны і не зразумеў,
Што за зорку чакала яна.
І прыйшла чарга невясёлым дням,
Паміж намі стала сцяна,
І не верыў ніхто, і не верыў я сам,
Што чакала зорку яна.
Тут, на сходах, што ад тэатра Франко
На любімы Пячэрск вядуць,
Я апошні раз махнуў ёй рукой
І ў начную знік каламуць.
Каб пасля зразумець, што на гэтай зямлі
Памяць дзён такіх берагуць,
Што куды б дарогі мяне ні вялі -
Я забыць яе не магу.
Колькі цяжкіх гадоў пайшло пад адхон,
Пад марознага ветру свіст,
Разумееш, мой сябра, мой любы слон,
Мне яна напісала ліст.
У сэрцы зноўку парасткі даўніх надзей
Пад вясеннім ветрам пяюць.
Можа, зоры ляцяць сапраўды да людзей?
Можа, я спаймаю сваю?
Мы раён абышлі з табою кругом.
Зноўку вулка твая і мая.
Ты, напэўна, ведаеш гэты дом?
І пад'езд, і акно, як маяк?
Перад ім гады замыкаюць круг
І спыняецца бег хвілін.
Ты прабач, прабач мне, мой любы друг,
Я далей пакрочу адзін. 

Матчына душа 


Ноч прыйшла да зямлі на спатканне,
Захад скончыў агнём палаць,
І дубы ў малочным тумане
Веліканамі ціха стаяць.
Бач, агеньчыкі вёскі далёкай,
Бач, на ростані ўзняўся курган.
Явар сумны і адзінокі
Пахіліў задумёны стан.
Кветка тут уначы расцвітае,
Водар мяккі пялёсткі льюць...
І яе па роднаму краю
"Кветкай матчынай" людзі завуць.
Я крануў яе ціха рукою -
І пялёсткі спеў завялі,
І паўсталі вакол чарадою
Ўсе паданні роднай зямлі.
Вось карона ў рацэ заблішчэла,
Хтось плыве, як туман, на вадзе,
Па дарозе, ад месяца белай,
Цар змяіны кудысьці паўзе.
Цені ў лесе бягуць. Цямнее.
І ў чароўнай лясной гушчыні
Праімчаўся кудысь, як завея,
Ян Прыгожы на белым кані.
Нехта зблытаў на росных палянках
Сцежкі ўсе ў недасяжны край.
Як далёка, далёка каханка!
Сто гадоў шукай ды шукай.
Недзе лье яна чыстыя слёзы,
Спавівае ўвесь замак сон,
І Буран на сухой бярозе
Сцеражэ яе ля акон.
Над зямлёю зарніцы мільгаюць,
І здаецца, што гэта не гром,
А нячыстую раць пабівае,
Пакаціла цудоўным мячом.
І не вецер раве-нарастае
І ламае галлё на дубах,
А асілкі дубы змятаюць,
Каб да сонца расчысціць шлях.
І пялёсткі гучаць трывожна,
Бо мінуўся спеў забыцця.
Казкі новыя, казкі грозныя,
Небывалыя казкі жыцця.
Ўспамінаю косы, і вілы,
І над замкамі жаркі агонь,
Безымянныя ў лесе магілы,
І няволі цяжкі палон,
Волі нашай крывавыя роды,
Катаванні і здзек варагоў,
Барацьбу і пакуты народа,
Неўміручую душу яго,
І паўстанні, паўстанні бясконцыя,
І замучаных кроў на раллі,
І, нарэшце, шчасце і сонца,
Што сышло на нашы палі.
Вы, што маці душу забылі,
Без яе пажадалі пражыць,
Што вы варты без гэтай магілы,
Без каліны на роднай мяжы?
Без дубоў, што ў тумане млеюць,
Без расы на роднай траве?
Павяртайцеся! Вецер мацнее!
Маці кліча, кветка заве!
Для яе я павінен, я мушу
Неўміручыя гукі схапіць,
Ўзяць у рукі "матчыну душу"
І на вершы яе пераліць.
Запісаць старыя паданні,
Усё, што думаў і што жадаў,
І легенды, што на кургане
Сумны явар мне праспяваў.
Цяжкі крыж, але вельмі пачэсны,
Пераліць на свае аркушы
Казку мудрую,
Простую песню,
Кветку матчынай чыстай душы. 


Оглавление

  • Уладзімір Караткевіч Матчына душа
  •   На пачатку дарог
  •   Спадарожніку Зямлі 
  •   Партызанская балада 
  •   Заяц варыць піва 
  •   Орша 
  •   Вадарод 
  •   Сырцовыя цагліны 
  •   "Стаю ўначы ў завіруху..." 
  •   Песня шафёра 
  •   Як размаўляюць звяры і птушкі 
  •   У жніўны дзень 
  •   З падсветам 
  •   Праменьчык 
  •   Паўлюк Багрым 
  •   Цяга 
  •   Ялінка 
  •   Дзеці 
  •   Жаданы госць 
  •   Лісце 
  •   Бацькаўшчына 
  •   Балада пра паўстанца Ваўкалаку
  •   Машэка 
  •   "У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы..." 
  •   Дзед Цыпрук, вартаўнік калгаснага стаўка 
  •   "На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым..." 
  •   Рута ў халоднай расе 
  •   Эмігранты 
  •   Гісторыя з першым каханнем 
  •   У тую ноч 
  •   Бабіна лета 
  •   Начлег 
  •   "У векавечнай Бацькаўшчыне клёны..." 
  •   Зімняя элегія 
  •   Размова з Кіева-Пячэрскім сланом 
  •   Матчына душа