Песня аб паходзе Ігаравым [без автора] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Песня аб паходзе Ігаравым

I


Ці не добра было бы нам, брацці,
Старадаўнымі словы пачаці
Сказ аб Ігара трудным паходзе,
Святаславіча-князя прыгодзе?
А пачацца сягачасным ладам
Песні той,— не Баянавым складам!
Бо Баян чарадзейны, як песняй
Захацеў каму пеці пачэсне,
Расцякаўся ён мысляй па дрэву,
Шэрым воўкам па полі-пасеву,
Сізакрылым арлом пад аблокі,—
Так захопліваў свет ён далёкі!
Помніў ён бо, як кажуць, старыны
I разрухі ўсе даўных часінаў.
Выпушчаў дзесяць сокалаў радам
Ды на белае лебедзяў стада,
А якая з ix сокалу упала,
Тая першая песню пяла
Ці старому тады Яраславу,
Ці харобраму князю Мсціславу,
Што у борцы зарэзаў, як згледзеў,
Перад войскам касожскім Радзедзю,
Або краснаму пела Раману
Святаславічу ўхвалу й пашану.
Але, брацці, не сокалаў дзесяць
Выпушчаў ў свет Баян з пералесіц
На лябяжае стада, бы ў байцы, —
А ён клаў свае вешчыя пальцы
На пявучыя струны, а тыя
Пелі славу князям, як жывыя.
Дык пачнем жа мы, брацці, сказ гэты
Ад старога Ўладзімера летаў
Да сучаснага Ігара-воя,
Што скуў розум свой сілаю ўдвое,
Навастрыў свае сэрца адвагай,
Барацьбянай напоўніў дух смагай
I павёў цераз сёлы i вёскі
Свае дужыя, храбрыя войскі
На зямлю палаўчан, на змаганне
Ды за Рускай зямлі бытаванне!

II


Як зірнуў тады Ігар на сонца,
Бачыць — цемра зацьмення бясконца
Яго войска пакрыла, як сажай.
Тут дружыне сваей ён i кажа:
"Ой вы, брацці мае i дружына!
Лепей будзе, каб кожны з нас згінуў,
Чымся быць усім нам у палоне.
Сядзьма ж, брацці, на быстрыя коні
Ды на Дон сінявокі паглянем!"
На вум князю залегла жаданне:
Не зважаючы з неба варожбаў,
Сягнуць Дона вялікага ложбаў.
"Вось хачу,— кажа,— вострую дзіду
Заламаць за бяду i абіду
Аб канец Палавецкага поля;
Хачу з вамі, русіны, за волю
Палажыць сваю голаў да скону
Ці напіціся шоламам Дону".
О, Баяне, часінаў мінулых
Салавейка! На струнах бы чулых
Ты апеў бы паход слаўны гэны,
Імкнучы, салавейча нязменны,
Па выдумнаму дрэву далёка,
Дасягаючы духам аблокаў,
Часаў даўных звіваючы й новых
Сваёй славай абедзве паловы,
След Траянавы сочачы, скоры,
Цераз поле, даліны, на горы!
Ты бы песню тады аб набегах
Спеў для Ігара, ўнука Алега:
"Ой, не сокалаў несла віхурай
Цераз поле шырокае бура!
A каціліся галіцы стадам
Да вялікага Дона з нападам..."
Цi запець было, вешчы Баяне,
Ўнуча Велеса, гэта пяянне:
"Коні рзуць за Сулою-ракою, —
Слава ў Кіеве звоніць з зарою!"
Чутны трубы з Навагрода,
Стаяць сцягі у Пуціўлі;
Ігар брата Ўсевалода,
Жджэ прыход у кожнай хвілі.
I прыйшоў брат i казаці
Стане буй тур Усяволад:
"Ты ў мяне адзін, мой браце,
Свет мой светлы, Ігар-волат!
Мы з табой абодва сённі
Святаслававыя дзеці,
Дык сядлай свае, брат, коні,
Коні быстрыя, бы ўспеці.
А мае напагатове
Ўжо, як знаеш, асядланы
Яшчэ ўперад у дуброве,
Каля Курска, раным-рана.
А мае ж куршчане любы
Табе ведамыя кметы:
Пад гудамі гулкіх трубаў
Спарадзіліся ў дасветы,
Гадавалі ix шаломы,
А канцом дзіды ўскармлёны,
Шляхі ім усе вядомы
I знаёмы яры, склоны.
Ў ix нацягнутыя лукі,
Нарыхтованыя стрэлы;
Шаблі вострыя у рукі
Пахапалі, дзержаць смела.
Як ваўкі сівыя ў полю,
Самі мчацца ў бой крывавы,
Каб здабыць сабе чэсць, волю,
Каб прыдбаці князю славы!"
Князь Ігар тады ў залатое сядло
Сеў i паехаў па чыстым разлогу,
А сонца на небе, згасіўшы святло,
Цемрай яму заступіла дарогу.
Ноч, стогнучы жудкія грозьбы яму,
У полі маркотным птушшо разбудзіла,
А выцце звярынае ў гэтую цьму
У стада пужлівае птахаў тых збіла.
Паверх лесу кліча ўжо чарамі Дзіў,
Слухаці кажа зямлі незнаёмай —
Корсунь, Памор'е i Сураж зацьміў,
Волзе, Пасуллю папутаў заломы.
Кажа й табе яго слухаць, балване,
Што разбаярыўся ў Тмутаракане!
A полаўцы шляхам пабеглі нябітым
К вялікаму Дону, як зверы, жудосна;
Калёсы у поўнач крычаць ix адны там,
Маўляў тыя лебедзі спуджаны сосну.
Вось Ігар-князь к Дону вядзе сваіх вояў,
A птахаў яго бяда сочыць па суччы;
Ваўкі па бярлогах варожаць благое,
I брэшуць лісіцы на шчыты бліскучы.
Арлы заклікаюць звяр'ё клекатаннем
Збіраць на пабоішчы косці людскія...
О Рускае племя! Далёкім сяганнем
Ты ўжо перайшло рубяжы палаўцкія.
Доўга ў мроку ноч танула,
Зараніца світ збліжала,
Поле мглою зацягнула,
Ранне жніва сваё жала.
Сціхнуў свергат салаўіны,
Узбудзіўся гоман галчы...
О харобрыя русіны!
Прад навалаю паганчай
Загародзілі шчытамі
Вялікае тое поле,
Здабываючы чэсць самі,
А для князя славы болей!

III


А во ў пятніцу рана стапталі
Палавецкае войска паганае;
Ў полі стрэламі там засвісталі,
Загулялі пабеду праслаўную.
Ўзялі красных дзяўчат палавецкіх
І папоны, аксаміты, золата —
Ўсё, што ўпала да рук удалецкіх,
Што бітвой не было ў попел змолата.
Палавецкім багаццем — плашчамі,
Кажухамі, тканінай залотнаю
Памасцілі масты пад нагамі,
Загацілі праходы балотныя.
Сцяг чырвоны, дзіда серабрана
I бунчук па абычаю добраму
Ў нагароду за славу, за раны
Святаславічу, князю харобраму!
Дрэмле Алега харобрае
Ў полі на шчытах гняздо.
Ой, заляцела адважнае,
Дужа далёка яно!
А не было ж яно зроджана
Ў крыўду нікому нідзе —
Ні быстракрыламу крэчату,
Ні сакалу, ні бядзе
I ні табе, палаўчаніне,
Чорны паганы груган.
Крыўдзе тваёй не спакорыцца
Вольны Алегавы стан.
Гза бяжыць шэрым воўкам
Там па полі па дзікаму,
А Канчак яму сцежку
Значыць к Дону вялікаму.
На другі дзень вельмі рана
Над зямлёй крывавы зоры
Світ усходні абвяшчаюць,
Хмары чорныя йдуць з мора.
Сонцы два прыкрыці хочуць,
Я к дзве ясныя заранкі,
А во ў хмарах гэных чорных
Ззяюць сінія маланкі.
Быці вялікаму грому
Над каласамі паспелымі;
Дожджу ісці каляному
3 Дона вялікага стрэламі.
Тут паламаціся дзідам
Па-над Каял-ракі доламі,
Тут пашчарбаціцца шаблям
Аб палавецкія шоламы.
О зямля Руская! 3 славай
Boi твае маладзецкія
Перасягнулі далёка
Ўжо рубяжы палавецкія.
Вось ветры, Стрыбожыя ўнукі,
Павеялі стрэламі з мора
На храбрае Ігара войска,
Ўзгадована ў долі і ў горы.
Зямля i дудніць і трасецца,
Цякуць памутнеўшыя рэкі;
Туман пакрывае ўсё поле,
A сцягі гамоняць: навекі!
Ідуць полаўцы ад Дона
I ад мора ўсплылі,
Войска рускае навокал
Нетрай абступілі.
Перагарадзілі поле
Шатанята клікам,
А харобрыя русіны —
Шчытамі i пікай.
Ой, ты яр тур Усяволад!
Стаў у боі забіякай:
Засыпаеш ты варожых
Стрэламі ваякаў.
І граміш аб ix шаломы
Стальнымі мячамі;
Дзе ўпадзеш, тур, залатымі
Свецячы шчытамі,
Там кладуцца ў рад галовы
Полаўцаў паганых,
I аварскія шаломы
Шабляй пашчапаны.
Якая цана ранам, брацці, таму,
Хто забыўся жыцця яснаты,
На горад Чарнігаў хто ў боях забыў
I на бацькаў пасад залаты?
На мілую любу, Глябоўну сваю,
Яснавокую краску-жану,
На звычай, абычай прадзедаў стары,—
Хто ўсё гэта забыў у вайну?

IV


Былі слаўныя, дзеяў
Траяна, вякі, Прамінулі гады Яраслава,
I паходы Алега былі-працяклі —
Ўсё Алега з сыноў Святаслава.
Той Алег бо мячамі разруху каваў,
Па зямлі сеяў стрэлы разгонам.
Калі ў горадзе Тмутаракані ступаў
Ў залатое страмя ён са звонам,
Чуў здалёку той даўны трывожлівы звон
Яраслававы сын, Усяволад,
A Ўладзімер шторання, пакінуўшы сон,
Зачыняўся ў Чарнігава-горад.
А Барыса таго Вячаславіча,
Маладога i храбрага князя,
На апошні суд слава паклікала,
За якою ганяўся ў адвазе,
I навекі пасцелю зялёную
У каяльным заценні паслала —
Ўсё за крыўды, абіды Алегавы,
Што загубства разводзіў нядбала.
3 той Каялы-ракі між угорскімі
Інаходцамі сам палялеяў
Яраполк свайго бацьку да Кіева,
Да сялібы святое Сафеі.
Пры Алегу тады Гарыславічу
Моц было міжусобіц, няладаў;
Жыццё гінула ўнука Дажджбожага,
Люд свой век скарачаў ў княжых звадах.
На зямлі тады Рускай узбуранай
Рэдка пеў аратай за сахою,
Груганнё зато часта пагрумквала,
Ў полі дзелячы труп між сабою.
А на ежу ляцелі збіраючысь,
Галкі гоман заводзілі й гулі.
Так было ў тыя войны й пабоішчы,
A такіх бітваў слухам не чулі!

V


Ад раніцы да вечара,
Ад вечара да раніцы
Лятуць стрэлы гартоўныя,
Грымяць мячы аб шоламы,
Трашчаць дзіды сталёвыя,
Шумяць харугві стружкамі
Сярод палёў няведамых,
Сярод зямель палоўцавых.
Зямля тая ўчарнелая,
Пабітая капытамі,
Касцямі ўся пасеяна,
Крывёю ўся палітая.
Вялікай абхапілася
Зямля тугою Руская.
Што гам шумщь, што там звініць
Рана йшчэ перад зарою? —
Ігар палкі ўводзіць свае:
Жаль яму Ўсеўлада-брата.
Біліся дзень, дзень i другі,
Трэцяга дня пад палудня
Сіла змагла, сіла лягла,
Рухнулі Ігара сцягі.
Тут два браты разлучыліся
На беразе быстрай Каялы,
Тут не хапіла крывавага
Віна ды ў гульні небывалай.
Тут пір дакончылі храбрыя
Русіны — недарма набеглі,—
Сватаў спаілі, a самі там
За Рускую землю палеглі.
Ў полі далёкім ад жаласці
Маркотна ные травіца,
А пад тугой цяжкай дзерава
К зямлі сірацінай хіліцца.

VI


Во, невясёлая, брацці, гадзіна настала!
Сілу пустыня прыкрыла ўжо грознай навалай:
Крыўда паўстала у ўнука Дажджбожага сілах,
Дзевай яна на Траянаву землю ўступіла,
Крыллем лябяжым па моры ўспляснула, a ў Доне
Плюскатам спудзіла шчасныя часы ў бяздонні.
Князевы споркі — людзям ад паганых загуба;
Стаў гаварыць брат да брата ca злосці, нялюба:
"Гэта i гэна маё!" Ды пачалі казаці
Князі аб малым: "Во гэта вялікае, браце!"
А на сябе самі згубства каваці няўстанне...
Скрозь жа на Русь набягалі з пабедай пагане.
О, як далёка сакол заляцеў ў гэну пору,
Птушак пужлівых збіваючы,— к сіняму мору!
A ўжо адважнага Ігара войска не ўскрэсіць!
Па ім Карына заклікала, гледзя на месяц.
Жэля па Рускай зямлі паняслася з трывогай,
Смагу наводзячы людзям у полымя рогу.
Жоны заплакалі рускія ў жальбах нябылых:
"Ўжо нам ні мысляй памысліць мужоў сваіх мілых,
A ні падумаці думай, ні вочмі сваімі
Ix азіраць на пуховай пасцелі жывымі.
Срэбрам i золатам тым пагатове ніколі
Нам не пацешыцца ў долі, самотнае долі!"
I застагнаў жа, о, брацці, грод Кіеў тугою,
А той багаты Чарнігаў — напасцю благою!
Журба па Рускай зямлі разлілася разводдзем,
Ды пацякла ненасытная жальба ў народзе.
А на сябе самі князі загубства кавалі,
А тут паганыя самі адны не чакалі,
Панаваліўшысь на Рускую землю з пабедай,
Дань вымагалі па белцы з двара даўным следам.
Тыя бо два Святаславічы, храбрыя воі — Ігар,
Ўсяволад, няпраўду збудзілі сабою,
Што быў прыспаў іхні бацька, той грозны, вялікі
Кіеўскі князь Святаслаў. Ён жа не для прылікі
Грозьбаю быў над варожымі сіламі злымі
З войскам харобрым сваім i мячамі стальнымі.
На Палавецкія землі нагой наступіўшы,
Ўзгоры i яры пакуль не стаптаў, стуль не выйшаў.
I замуціў там азёры i рэкі ў чаротах,
I засушыў там крыніцы i дрыгвы-балоты,
A паганага Кабяка з узлучыны морскай,
Як бураломнае віхрышча, выхапіў дзёрзка
Ад тых палкоў палавецкіх, жалезных, агромных,
Ажно зваліўся Кабяк ў Святаслава харомах!
Тут венедыйцы i немцы, тут грэкі й маравы
Славу вялікую дружна пяюць Святаславу.
Ігара каюць, нашто патапіў ён багацце —
Ў донні Каялы-ракі палавецкай загаціў,—
Золата рускага ўсыпаўшы там вельмі многа.
Там жа князь Ігар ссаджаўся з сядла залатога
Ды на сядло ўжо нявольніка ціха садзіўся.
Ў горадах сцены занылі, шум-гоман спыніўся.

VII


А на горах у Кіеве гэтае ночы
Святаславу прысніўся сон смутны, прарочы:
"Адзявалі мяне,— кажа,— звечара зморна
На цясовай краваці пасцілкаю чорнай;
Віно сіняе чэрпалі мне, бы ў вяселлі,
A ў віне тым благое намешана зелле.
А з пустых палавецкіх каўчанавых жэрлаў
Мне на грудзі там сыпалі буйныя пэрлы,
Ды так песцяць мяне. A ўжо дошкі ў праломах
I без скрэп на маіх златаверхіх харомах.
Усю звечара ноч груганнё грумкацела,
На балонь каля Плеснеска ўжо даляцела,
Пабыло на балоцістых нетрах Кісані
I да сіняга мора няслося на ранні!"
I казалі на гэты сон князю баяры:
"Ўжо туга, княжа, розум адзела твой хмарай!
Гэта з бацькава там залатога пасаду
Сакалы два зляцелі сачыці прынаду —
Горад Тмутаракань пашукаці з разгону
Або ўдоваль напіціся шоламам Дону.
I ўжо сокалам гэным шаблямі паганых
Пападсечана крылле на дзікіх палянах,
A саміх у жалезныя спуталі путы.
Ў трэці дзень патануў свет у цемрадзі лютай:
Сонцы два пацямнелі, слугты агнявыя
Згаслі два, з імі месяцы два маладыя —
Святаслаў i Алег апрануліся цьмою,
I на моры яны патанулі абое,
I вялікай буянасці хану дадалі.
Цьма пакрыла святло на рацэ на Каяле,
А па Рускай зямлі, як гняздо тое рысяў,
Чарадою скрозь полаўцы параспаўзліся.
Ўжо ўзнялася над хвалай благая пахула,
Ўжо насілле над воляй уссела-сагнула,
I ўжо рынуўся Дзіў на зямлю на прыселлі.
Вось бо гоцкія красныя дзевы запелі
На пахілістым беразе сіняга мора,
Рускім звонячы золатам, сочачы зоры.
Ўсё пяюць яны Бусавы часы i справы
Й Шараканавай помсты лялеюць праявы.
A ўжо мы во, твая маладая дружына,
Больш не знаем з табою вясёлых часінаў".
Тады вялікі Святаслаў
Азваўся словам залатым,
Змяшаным з горкімі слязьмі,
I так сказаў баярам тым:
"О сыны мае, Ігар i Ўсевалад!
Рана пачалі крышыці
Мячамі зямлю Палавецкую,
А сабе славу сачыці.
Але толькі не з чэсцяй уходалі,
Бо вы не ў чэсці i хвале
На тым полі далёкім паганскую
Кроў на зямлю вылівалі.
Вашы сэрцы ў сталь крэпка закованы —
Ўзброены гартам адвагі,
Але што ж натварылі сівізне вы
Тамка маёй без развагі?
Не даждалі багатага й сільнага
Брата майго Яраслава
На падмогу з яго мнагавоямі,
3 войскам чарнігаўскім бравым.
A ваякі яны ўсе сусветныя:
Там i магуты, й шальберы,
I татраны упобач з равугамі;
Там тапчакі і альберы.
А яны бо з нажмі захаляўнымі
I без шчытоў б'юцца жвава —
Пабяджаюць палкі толькі клікамі,
Звонячы прадзеднай славай.
Але вы там сказалі: мужаймася
Самі з сваімі мячамі!
Славу самі захопім пярэднюю
Й з задняй падзелімся самі.
A ці ж дзіва тут, брацці, вялікае
Памаладзеці й старому!
Калі сокал у годах — ён высака
Птушку ўзбівае ад дому;
Не папусце гнязда свайго роднага
Ў крыўду, як бача трывогу.
Але гора ўсё ў тым, што во буйныя
Князі ўжо мне ў непадмогу:
Тыя часы ў нішто абярнуліся.
Вось бо ля Рымава зрана
Пад шаблямі крычаць палавецкімі,
A Уладзімер — у ранах!
I туга i нуда сыну Глебаву,
A ўсё з таго, што крышыці
Не у час шлі зямлю Палавецкую,
А сабе славу сачыці!.."

Оглавление

  • Песня аб паходзе Ігаравым
  •   I
  •   II
  •   III
  •   IV
  •   V
  •   VI
  •   VII