Рубаі [Амар Хаям] (fb2) читать постранично, страница - 9


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

язык, вочы, вушы,
Трэба быць і нямым, і сляпым, і глухім.
* * *
Піць ды з гожай бавіць час прыгожа
Лепш, чым крывадушнічаць варожа,
Як у пекла п’яных упякуць,
Дык скажы, хто рай убачыць можа?
* * *
Ты ў палоне духмянаў не будзеш калі?
Што табе прыгажосць і нягожасць далі?
Як ты нават Замзам ці жывая крыніца,
Усё роўна схаваешся ў сэрцы зямлі.
* * *
Цюльпан шторання ахінаецца расой,
Фіялка хіліцца ў лагодзе лугавой.
Клянуся, мне бутоны тыя даспадобы,
Што падбіраюць крыссе вопраткі сваёй.
* * *
Старасць — дрэва са слабымі каранямі,
Шчок маіх гранаты пасінелі самі,
Дзверы, дах, сцен чатырох падпоры
Заняпалі — і чакай, што рухнуць днямі.
* * *
Дзень мінуў — забудзь яго намер,
Дню, які не надышоў, не вер,
Не глядзі ні ў прошласць, ні ў наступнасць,
Не марнуй жыцця, жыві цяпер.
* * *
Прыйшоў ці выйшаў я — такой бяды.
І мой уток сцячэ, ўцячэ куды?
Ці ад агню нябеснага сумленна
На дым згараюць людзі, як гады?
* * *
Знайсці б гэта месца спакою ў жыцці.
Ці доўга дарогай бясконцай брысці?
Хоць мець бы за тысячы год спадзяванне
Травінкаю з сэрца зямлі прарасці.
* * *
Той чалавек, хто вуснам смех пачуты даў,
Гаротнікам адчай самоты люты даў,
Як шчасця нам не даў — маркоціцца не будзем,
Парадуемся — тысячам пакуты даў.
* * *
Законы вечнасці не разумеем ні ты, ні я,
Пісьмёны неба прачытаць не ўмеем ні ты, ні я,
Заслонай змрок сэнс таямніцы засланіў,
Калі ўпадзе заслона, не ўцалеем ні ты, ні я.
* * *
Шабан абразіш, кажуць, хмелем чаш,
Не пі ў Раджаб ты — месяц бога ўваж,
Шабан, Раджаб — цвярозасцю святыя,
Нап’ёмся ў Рамадан — ён месяц наш.
* * *
Вінар, мы п’ём, не прапіваем клёк,
Мы мокнем у віне, чаго ж ты ўзмок?
П’ём кроў лазы, ты смокчаш кроў людскую,
Разваж цвяроза, хто ж з нас крывасмок?
* * *
Дзе кумірні, як гурыі,— шлях мой туды,
Хай не ведае кубак абразы вады.
Кажуць: хай табе неба пашле пакаянне,
Як пашле, адашлю, каб не ведаць нуды.
* * *
Нягодаў, што ў часе цякуць хуткацечна, не бойся,
І лёсу, які пратрывае нявечна, не бойся,
Аддай весялосці адзіны свой міг
І дня, што прайшоў, што ідзе, недарэчна не бойся.
* * *
Раса застыла ў ружы на далоні — гожа,
Твар заравокай засвітаў на ўлонні — гожа,
Пра зніклы дзень што б ні казаў — нягожа,
Вясёлы будзь, забудзь той дзень, бо сёння — гожа.
* * *
А майстра той, які стварыў людзей, старанны
Навошта даў ім недахопы і заганы?
Як формы добрыя, нашто іх разбіваць,
Благія, дык чые правіны пакараны?
* * *
Як шчокі цюльпану абмые вясна,
З пашанай схіліся над чарай віна.
Зірні на траву і запомні сягоння,
Што з праху твайго заўтра ўзыдзе яна.
* * *
У кола нашай радасці, бяды
Пачатку і канца знайдзі сляды.
Ніхто дакладна не сказаў пра тое,
Адкуль прыйсці нам і пайсці куды.