Выбраныя творы [Янка Брыль] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

як першааснове выхаду ў агульналюдскае. І не таму, што без гэтага мяне не будзе, а таму, што толькі так, толькі кожны ад свайго, ад сыноўняй любасці, ад мудрай пашаны да свае крыніцы, да свайго карэння па-сапраўднаму выходзіць да ўсіх людзей».

Словам гэтым нельга не верыць. За імі, у іх — не толькі творчасць, практыка слынных майстроў свету, за імі, у іх — жыццё і творчасць самога пісьменніка.

Сёння ў нас, трэба прызнаць, усё яшчэ мала, гаворыцца пра нацыянальны менталітэт беларусаў. Акрэсліваюцца асобныя рысы, вызначаюцца пэўныя якасці, асаблівасці. Зразумела, ёсць у гэтым глыбокая жыццёвая неабходнасць. Бо сапраўднае нацыянальнае адраджэнне можа адбыцца толькі на аснове глыбокай нацыянальнай ідэі, што каранямі ўваходзіць у мінулае, ідэі, якая б стала сваёй, унутрана блізкай і неабходнай для мільёнаў беларусаў, ідэі, якая для пачатку хоць бы авалодала свядомасцю мільёнаў. Пакуль што пра ментальнасць як узровень індывідуальнай і грамадскай свядомасці гаварыць не даводзіцца. Нацыянальная адметнасць, нацыянальныя асаблівасці, нацыянальны характар беларуса і народа ва ўсім іхнім аб'ёме (а не толькі ў якіхсьці сацыяльна-палітычных праявах, не толькі ў экстрэмісцка-выкрывыальным змесце ў адносінах да суседзяў і да негатыўных праяў мінулага) — гэта яшчэ амаль не вывучаецца, не асэнсоўваецца. Нешта адмаўляецца без замены больш значным, больш прымальным іншым.

У гэтым сэнсе нацыянальная пазіцыя Янкі Брыля на сённяшні дзень уяўляецца выключна важнай і актуальнай. Для самога ж пісьменніка яна і раней, і заўсёды была такою.

І яшчэ пра адзін момант творчай пазіцыі пісьменніка.

Ён піша: «Недастатковасць праўды. Жаданне як быццам збоку, як быццам зверху бачыць усё так, як яно выглядае па-сапраўднаму. Многа, калі не большасць, звестак ды плётак, карыслівай хлусні ў найцяжэйшыя чарнобыльскія дні, але з замежных перадач…»

І тут жа абгрунтаванне творчых прынцыпаў:

«А нам, каб пісаць хоць прыблізную праўду, трэба ж ведаць яе як найбольш, бо ўся яна — таксама не ўся! — прыйдзе значна пазней, тады, калі ўжо яе заслоніць праўда іншая, „больш патрэбная“, не гістарычная, а сучасная зноў жа».

Такі агульны суб'ектыўна-эстэтычны прынцып: імкнуцца як мага глыбей і паўней узнавіць жыццё. Выказаць сваё разуменне яго, разуменне сённяшняе, не баючыся быць да канца шчырым і адкрытым. Ведаць, што чытача, бо і сам чытач даўні, прыдзірлівы і спрактыкаваны, не ашукаеш, што ў творы ён заўсёды бачыць цябе, пісьменніка.

«Чытача не ашукаеш. Калі ты любіш, то любіш па-сапраўднаму, а ненавідзіш таксама на ўсю душу, калі ты ўкладваеш у тое, што пішаш, усё, што маеш найлепшага, калі робіш гэта натуральна, шчыра, без усякай задняй нізкай думкі, — чытач гэта бачыць, ён прымае тваю руку, працягнутую на дружбу.

Наколькі што будзе ў тэксце, наколькі ў падтэксце — гэта ўжо, здаецца, не заўсёды ў нашай уладзе. Але гэта павінна быць, гэтым павінен дыхаць твор, і гэтага не падробіш. Шчырасць — толькі яна будзе відаць, і толькі яна — галоўнае».

Без шчырасці не можа быць праўды. Слова праўды заўсёды слова шчырае. А яно патрабуе ад мастака бязлітаснасці ў самараскрыцці, самавыяўленні. Бо што такое ў канчатковым выніку мастацтва, як не выяўленне індывідуальна-непаўторнага бачання свету, як не выяўленне менавіта сваёй праўды.

Аднойчы Брыль заўважыў:

«Першым у пераліках я не быў ніколі. Але самім сабою — амаль заўсёды. І гэта самае надзейнае, маё». Дададзім: для літаратуры — самае галоўнае. Для чытача — самае цікавае, патрэбнае.

У адной мініяцюры Янка Брыль згадвае, як аднойчы сваё выступленне перад амерыканцамі ён пачаў з прывітання прадстаўнікам іхняй літаратуры, якую любіць, пачынаючы са старонак Бічэр Стоў і Марка Твэна. Потым думае, што такое можа каму-небудзь здацца правінцыйным.

«І можна было б адказаць, што перад абліччам сусвету — а гэта ўжо сучасна — усе мы па-свойму правінцыя».

Пісьменнік нідзе — ні ў сваіх творах, ні ў сваіх выступленнях-разважаннях — ніколі не баіцца быць правінцыйным, нязначным. Можа, нават «не баіцца» — не тое слова. Пра гэта ён проста не думае, бо тое, пра што ён піша, што гаворыць — для яго самае важнае, самае істотнае. Гэта тое, чым ён жыве, што жыве ў ім. Гэта — глыбока асабістае.

Брылёвы разважанні пра мастацтва, пра мастакоўскую шчырасць, аб праўдзе ў творчасці і ў жыцці, пра добрае і дрэннае далёкія ад самамэтнага голага тэарэтызавання, яны пазбаўлены і малой долі эстэцкай гульні. Яны падмацаваны творчасцю, увасоблены ў ёй ды і самі з'яўляюцца непасрэдна мастацкай творчасцю. Гэта чалавечая і мастакоўская пазіцыя. Прычым пазіцыя гэтая на працягу ўсяго творчага шляху пісьменніка прынцыпова нязменная. Яна толькі паглыбляецца, удакладняецца, пашыраецца (дастаткова нагадаць тут хоць бы аповесць «Ніжнія Байдуны»).

Любы творчы прынцып, любая мастацкая пазіцыя — і самі па сабе як тэорыя, і яшчэ ў большай ступені ўвасобленыя ў творах — заўсёды вывяраюцца жыццём: жыццём чалавека, жыццём народа і краіны. Вывяраюцца