Жалезныя жалуды [Леанід Дайнека] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Бачыла быў чалавек вельмі цікаўны, гаваркі. Нездарма новагараджане жартавалі, што калі меднік гаворыць, у яго агонь з рота скача. Бачыла аж працінаў калеку зялёнымі, як маладая трава, вачамі.

— Хто ты? — насядаў ён. — Скажы.

— Слізкі ж у цябе язык, — не вытрымала ўдавіца Мархва. Мужа яе, дружынніка Астаха, у мінулым сонцавароце забілі тэўтоны.

Бачыла, як шылам кальнуў, зірнуў на ўдавіцу, хацеў ударыць гняўлівым словам, але ў натоўпе прашумела:

— Далібор ідзе… Далібор…

Княжыча Далібора ўсе пабойваліся. Было яму толькі васемнаццаць сонцаваротаў, але постаць меў карчавітую, далоні каляныя, чэпкія, твар нахмурана-суровы, а вочы няўсмешлівыя. Чорныя валасы густой грываю спадалі на загарэлую да цемнаты шыю. Далібор уладным позіркам як бы рассунуў перад сабой натоўп, спытаўся, узяўшы рукі ў бокі, у прыхадня:

— Адкуль ты і што табе трэба ў Новагародку?

Ен заўсёды стараўся гаварыць «па-княжаму» — Наваградак называў Новагародкам.

Калека ўздрыгнуў, выгінаючыся ўсім тулавам, няўклюдна сеў на пясок. Хацеў устаць перад княжычам, але не змог, не хапіла сілы, і ён сказаў, седзячы:

— Як вада да вады, так і кроў да крыві дарогу знойдзе.

— Калі я цябе зразумеў, ты з Новагародскай зямлі? — строга звёў чорныя бровы Далібор.

— Сысунком-млекасосцам купала мяне маці ў Нёмане, а завуся я Валасачом. Нагу ж і шуйцу1 нямчыны мне адцялі,— хуценька адказаў калека. Ен пазіраў то на Далібора, то на людзей, што маўкліва абкружалі княжыча і яго. Страх ліпеў у самай глыбіні зрэнак. Нібы чакаў знявечаны Валасач, што вось зараз, праз міг, адбудзецца нешта дужа непажаданае, прыкрае. І сапраўды, удавіца Мархва (а яна па ўзросту была самай старэйшаю з новагараджан, што сабраліся тут) раптам войкнула і аж прыкрыла абсіверанай даланёю вочы.

— Дык гэта ж вяшчун з Цёмнай гары, — спалохана і разгублена прамовіла яна. — Як я яшчэ зялепухай-дзеўчынёхаю была, ён на Цёмнай гары сядзеў, святое вогнішча паліў. Бацька князя Ізяслава, князь Васілька, прагнаў яго за Нёман, у пушчу. І яго старцоў-ведуноў прагнаў. Дванаццаць старцоў жыло на гары. Праўда ж, ты — вяшчун?

Пры гэтых словах удавіцы Валасач з палёгкаю ўздыхнуў, нібы скінуў з плячэй і душы камень-жарнавік. Лагодная ўсмешка ўспыхнула на твары.

— Пазнала. Вяшчун я, — з нейкай задаволенасцю сказаў Валасач і глянуў на Далібора. — Твой дзед знішчыў наша капішча. Звер-зверам быў твой дзед. А зараз, княжыч, загадай мне прынесці кавалачак хлеба і жменьку вады. Чалавек датуль жыве, пакуль есці хоча.

Ен засмяяўся. І ўжо ні кропелькі страху не было ў позірку.

— Ты, — аж задыхнуўся ад гневу Далібор і нават узмахнуў кулаком. — Камар балотны. Чарвяк падземны. Як смееш майго дзеда, новагародскага князя, сваім брудным языком бэсціць?

— Загадай жа, княжыч, адсекчы мне астатнюю руку і нагу, — спакойна сказаў Валасач, — або загадай прынесці хлеба.

Далібор пры словах калекі гнеўна пачырванеў, крута павярнуўся, амаль пабег у бацькаў церам. Бачыла-меднік, што цікаўна стаяў у княжыча за спіною, не паспеў адскочыць убок і схапіў поўху. Меднік цёр вуха, а Далібор, шпарка крочачы ў церам, чуў, як былы вяшчун казаў новагараджанам:

— Прыпоўз паміраць на родную зямліцу. У кожнага з жывых такое будзе. Але не гэта страшна мне. Страшна тое, новагараджане, што сіла вялікая і злая ідзе на нас. Жамойту тэўтон падмяў пад сябе. Ідзе сюды. Нікога не шкадуе.

«Я загадаю кінуць яго ў вір галавою, — задыхаючыся, думаў Далібор. — Не, няхай цемрука раздзяруць на кавалачкі сабакі. У бацькавых пастухоў добрыя псяюхі».

Разгневаны княжыч пад адкрытай, засланай мядзведжымі і барсуковымі шкурамі галерэі, узбег на другі ярус церама і вока ў вока сутыкнуўся з маці і братам Някрасам.

— Глебачка, — ласкава сказала княгіня Мар'я і пагладзіла сына па чорнавалосай галаве, — чаму ты такі невясёлы?

Хрысціянскае імя ў яго было Глеб, ён не любіў гэта імя, але маці ўпарта называла яго толькі Глебам, Глебачкам, бо князь (а яна вельмі хацела, каб яе сын стаў некалі новагародскім князем) не можа не быць хрысціянінам.

— Дажыў да старых капытоў, а розуму не мае, — злосна выдыхнуў Далібор, усё яшчэ ўспамінаючы дзёрзкага калеку.

— Пра што ты гаворыш, Глеб? — не зразумела маці.

— Там, каля замкавай сцяны, ляжыць прыблуда-калека, — стомленым голасам адказаў Далібор. — Агідны, мокры… Мухі з усяго Новагародка зляцеліся да яго.

— Дык у яго ж адзін капыт, а не два, — весела выгукнуў Някрас, малодшы Далібораў брат, і кпліва, як падалося Далібору, засмяяўся. «Ужо быў там, бачыў», — здагадаўся Далібор, глянуўшы ў цёмна-арэхавыя шчаслівыя вочы свайго вельмі прыгожага брата. Сябе Далібор лічыў непрыгожым і не вельмі каб перажываў раней, ды на васемнаццатым сонцавароце жыцця пакутліва пачаў разумець, што ў мужчыне жанчына шукае не толькі сілу, багацце, знаны род, але і лепасць твару. Нашто ўжо маці — заўсёды ласкавая, усмешлівая з ім, Даліборам-Глебам, — але і яна больш